Добрае неба [Міхась Стральцоў] (fb2) читать постранично

- Добрае неба 36 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Міхась Стральцоў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

ДОБРАЕ НЕБА

— Ну, дык глядзі ўжо тут сам, Максімка, а я пайду,— сказала сястра.— Я ўжо думала, што ты не прыедзеш. Прыходзіў стары Нічыпар, казаў, што яны адбудуць чаргу толькі за карову. Цёлку яшчэ на пашу не пускаюць — кульгае… Навязваюць на лагу. Дык заўтра твая двароўка — добра, што ты прыехаў…

— Я ведаў. Старшыня на луг прыязджаў — Нічыпар і яму наказваў… А мы сёння пастараліся ўранку і вунь які клін на расцяробах дабілі: ведаеш, там, дзе летась Аўдзея секанула маланка.

— Дык ты глядзі ўжо цяпер, Максімка, сам… Я табе хлеба спякла. Учора масла збіла. Што гэта яшчэ хацела сказаць?.. Парсюку не мяшай надта мукі — лета… Ён і бацвінку вунь як есць — цялёпкае, аж вушы трасуцца… Квактуха твая нейкая дурная: з хаты не выгнаць. Кураняты ўжо вялікія, навошта трымаць у хаце…

— Ідзі, Насця, ідзі, цяпер я ўжо сам. Дзякуй, што гэтыя дні пабыла.

— Варка ўчора праходзіла. Убачыла мяне ў цябе на двары — зайшла. Пагаварылі мы… Хоць бы ты жаніўся ўжо…

Яна ўздыхнула, паправіла пад хусткан зляжалыя, прыліплыя да шчок валасы, глянула на свае босыя ногі і, зноў уздыхнуўшы, пайшла ў агарод. Ён маўчаў. Бачыў, як у агародзе яна падвязвала фартух, нагнуўшыся, падбірала з узмежка траву — трава, нагрэтая сонцам за дзень, упрэла і цяпер патыхала аж сюды, на двор, саладкава і горача. Насця пайшла мяжой паўз грады: зноў нечага нагнулася, зашамацела гуркоўнікам. «Укрывае гуркі-насеннікі,— падумаў ён,— каб куры не падзяўблі». Яна выйшла агародам у поле, ні разу не аглянуўшыся,— драбнаватая, у паркалёвай выцвілай кофце, у шырокай доўгай спадніцы,— ішла да сценкі, і не вельмі ўжо высокае сонца ружовіла яе, надавала ёй сярод поля нейкай сцішанай, журботнай самоты.

I тады ў яго на душы таксама нечага стала журботна, ціха — і гэта было горш, чым каб ён ведаў, пра што і чаго смуткуе.

На двары было ціха, ціха было і на суседскім, у старога Нічыпара: адно ціўкалі там, пад акном за ліштвай, маладыя вераб’і. Сонца грэла шэры пакарабачаны дах Нічыпаравай хаты, стаяла цішыня, і ўсё было наўкол такое выразнае, сапраўднае, што хацелася сысці куды, каб нічога не бачыць.

Ён пайшоў у канец двара, пад пограб, па-старому крыты саломай. Тут быў цень, была прахалода, пахла бульбай і сырой зямлёй. Бульба прарастала з-пад падруб пограба, гнала на двор бледна-ружовыя кволыя стрэлкі. Максім адчыніў у пограб дзверы, прыгнуўшыся ступіў у халаднаваты паўзмрок, пастаяў, прывыкаючы да цемені, потым знайшоў ля сцяны халодную цяжкую конаўку, зробленую са снараднай гільзы, і пачаў боўтаць ёю ў бочцы з бярозавікам. У пограбе пасвятлела: сталі відаць абкураныя сцены, засек пад бульбу, жалезная трынога пад вуголле: зімою грэў ім пограб, каб не памерзла бульба. Яму стала лепш, калі ён, заплюшчыўшы вочы, піў кіславаты, даўкі бярозавік, думаў, што трэба не забыцца сказаць Насці, каб узяла колькі вёдзер сабе: гэтага квасу яму аднаму замнога.

Ён зачарпнуў яшчэ конаўку і панёс яе ў хату.

Ужо ступаючы на ганак, ён падумаў раптам, што тое невыразнае, што мучыла яго, было, мусіць, бояззю пустой хаты, і цяпер, падумаўшы пра гэта, ён ужо ведаў усё наперад: там, у хаце, больш чым дзе апануе яго адзінота, зноў і зноў нахлынуць успаміны пра жонку. Але не ісці ж было назад, і ён таргануў дзверы — задрыжалі сцены, у твар патыхнула настоенай цеплынёй жытла, а на вокнах, патрывожаныя стукам дзвярэй, зазвінелі, забзымкалі мухі.

Было непазбежнае і невясёлае яго вяртанне.

Ён ішоў да стала, стараючыся не ступіць нагой на пакрышаны куранятам хлеб на падлозе. Кінуў на куфар шапку, паставіў на стол конаўку з бярозавікам, пайшоў у сенцы і, дастаўшы з торбы прывезены з лугу акрайчык хлеба, зноў вярнуўся ў хату. Пра спечаны Насцяй хлеб ён не ўспомніў. Сядзеў за сталом і нехаця піў квас, заядаючы яго хлебам і вялікай, цеплаватай цыбулінай, знойдзенай на падаконні. Яму здавалася, што ён ні пра што не думае, але, мусіць, увесь час ён проста шкадаваў сябе — гэта было падобна на боль і не падобна на думку.

Потым, перакусіўшы, ён непрыкмет задрамаў за сталом. Такое стала ў яго ўжо звычкай: варта было яму сцішыцца, як ён пачынаў драмаць. Але драмаў ён заўсёды чуйна. Вось і цяпер чуў, як нехта з некім гаварыў на вуліцы, як ціўкалі ў хаце пад квактухай кураняты, як недзе праляскаталі калёсы. Пасля змарыў сон. Снілася жонка: стаяла над ім і будзіла, і такая цеплыня да яе, пяшчота поўнілі ўсяго яго, што ён знарок не абзываўся, думаў, што гэта яму заўсёды толькі здавалася, нібыта памерла жонка: яна з ім, ён вось, калі захоча, устане і дакранецца да яе…

Заціўкалі кураняты, заквохкала курыца, і ён прахапіўся. Акно залівала чырвань, шумеў каля хаты ільмак, і раней чым ён што-небудзь падумаў, сэрца сціснула туга. О, гэта чырвонае, халоднае святло! Нічога не іначылася, заўсёды быў усё той жа летні надвячорак, як і пяць год назад, калі памірала жонка, і ён нечага выбег з хаты на двор. Чырвонае садзілася тады сонца, халодны вецер мёў пясок