Прызнанне левага крайняга [Міхась Кацюшэнка] (fb2) читать постранично

- Прызнанне левага крайняга 937 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Міхась Кацюшэнка

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Міхась КАЦЮШЭНКА


ПРЫЗНАННЕ ЛЕВАГА КРАЙНЯГА


АПОВЕСЦЬ



1

Мусібыць, яшчэ ніколі ў жыцці ў мяне так шалёна не калацілася сэрца ў час чакання самалёта (акрамя таго моманту, калі мы прайгралі ў мінулым годзе з жахлівым лікам сярэдняй французскай камандзе і нейкія хлопцы з выбрытымі скронямі называлі нас у «Арлі» «чырвонымі шчанюкамі»). 3 вялікай асцярогай я ўглядаюся ў людзей, быццам яны могуць пазнаць мяне, аднак клопатаў у іх хапае і без мяне — летні сезон у самым разгары, і яны цягнуць свае чамаданы, дзяцей на Поўдзень, дзе натоўп стане натоўпішчам, дзе пра адпачынак можна забыць. Затое яны пабываюць на моры, а не паехаць на мора ў наш час проста сорамна. Гэтаксама як не абмеркаваць матч любімай каманды (нават калі ты яго і не бачыў), асабліва пралікі асобных ігракоў, памянтачыць языкамі пра розныя тэарэтычныя напрамкі сучаснага футбола. У спорце, асабліва ў футболе, разбіраюцца літаральна ўсе — студэнты і рабочыя, пенсіянеры, хатнія гаспадыні, салдаты і генералы, вучоныя і афіцыянты. Яны не абмінуць у размовах і тое, колькі футбалісты прывозяць апаратуры з замежных паездак, каго яны выбіраюць у жонкі, машынамі якіх марак карыстаюцца, па колькі гекталітраў шампанскага выпіваюць у час адпачынку. Можа, таму мяне амаль не засмучае мізэрная колькасць гледачоў на стадыёнах. Я ведаю, на матчы ходзяць сапраўдныя знаўцы футбола, яны лічаць нас сябрамі, а значыцца, могуць дараваць памылкі. Мой напарнік па нападзенні (ён правы крайні) Стас Прануза, наадварот, не можа гуляць на поўную сілу, калі стадыён не забіты да адказу, ён гаворыць: «Тарсіда раве, і я забіваю, калі тарсіды няма — у мяне знікае натхненне». Дарэчы, у гэтым самым аэрапорце (мы ляцелі ў той дзень на чвэрць фіналу кубка Саюза ў Тбілісі) Стас паспрачаўся з Санькам Картавенкам, што за ўзнагароду (прэміяльныя — сто рублёў!) будзе везці яго на тачцы да самага трапа самалёта, а той яшчэ пры гэтым павінен кожнае імгненне крычаць: «Я — Харытон. Я — Харытон. Я — Харытон...» Так і адбылося. Людзі здзіўлена глядзелі на хлопцаў са сваёй каманды (яны проста не маглі іх не пазнаць). Калі маладзенькі сяржанцік міліцыі падбег да таго месца, дзе заузята крычаў Санька, той яго супакоіў, сказаў, што вось так маральна ён рыхтуецца да чвэрцьфінальнага матча. Сяржант раптоўна пачырванеў ад ягоных слоў і спытаў: «Як вы думаеце, з якім лікам скончыцца матч?»

Нейкія блазенскія ўспаміны лезуць у галаву, бадай, ад таго, што сэрца калоціцца ў сваім шалёным рытме. Думкі блытаюцца. Мне трэба (калі я ўжо вырашыў) амаль непрыкметна знікнуць з гэтага горада, з аэрапорта, перад вачыма ў мяне туман, адчуванне такое, быццам мяне доўгі час білі баксёрскімі пальчаткамі, набітымі свінцом. Нейкія маладыя хлопцы ў джынсах і чорных куртках-варонках (яны вельмі падобныя на заходніх рокераў) з цікавасцю паглядаюць на мяне, яны нават аб нечым гавораць са сваімі моднымі сяброўкамі, тыя ўсміхаюцца мне пустымі, абмаляванымі вачыма (здаецца, гэткіх вялікім тыражом выпускаюць на бройлернай фабрыцы). Мяне яны не ведаюць, гэта ясна, але я, па інерцыі, адыходжу ўбок і мацней прыціскаю да сябе спартыўную сумку. У гэтых малайцоў ніхто не будзе распытваць пра мяне, яны знікнуць як мыльныя пухіры; самае небяспечнае далей — рэгістрацыя. Вось-вось яе аб’явяць. I тая бялявая дзяўчына ў блакітнай форме можа звярнуць увагу на маё прозвішча ў тым выпадку, вядома, калі яна цікавіцца футболам або калі ў сям’і ёсць мужчыны, а яны, вядома, неаднойчы пераціралі мае збітыя косці: я не забіў з выдатнай пазіцыі або своечасова не аддаў пас, зноў праявіў сябе абсалютным эгаістам і вырашыў сам абысці ўсю абарону, што скончылася праваламі атакі, а можа (бывала і такое), і ўсёй гульні... Паспрабавалі б яны самі хоць аднойчы адчуць, як мяч раптоўна ліпне да нагі, быццам прыцягнуты магнітам вялізнай сілы, з усіх бакоў чуецца перарывістае дыханне супернікаў, і ўся твая істота падпарадкоўваецца аднаму жаданню: забіць, забіць... Ты пачынаеш верыць, што заб’еш, табе бачацца свабодныя месцы на левым краі, і мяч ляціць, ляціць уздоўж лініі, мільгацяць побач твары фанатаў, пачынаецца страшэнны роў наўкола, і ты не бачыш нічога, акрамя мяча...

Стоп! Мае думкі рынуліся не ў той бок, мне не трэба пра гэта думаць, на душы робіцца дрэнна, я магу не дачакацца рэйса № 103 і зноў кінуся (як было нядаўна) на стаянку машын, дзе прыпаркавана мая «васьмёрка», памчу назад у горад і нараблю новых памылак. Мне б незауважаным праскочыць у самалёт! Але — як? Раптам мне ў галаву прыходзіць элементарная ідэя. I вось я імчу цераз усю залу чакання, спускаюся ў туалет, аказваюся перад круглым люстэркам, аглядваюся — нікога побач. Я зачэсваю валасы на лоб, амаль на самыя вочы, так лепей, я не падобны на сябе. Дастаю з сумкі акуляры. Цяпер я б сам сябе не пазнаў. Акуляры, нават сонечныя, я цярпець не магу, гэтыя прывёз з апошняй паездкі за мяжу па просьбе