Прызнанне левага крайняга [Міхась Кацюшэнка] (fb2) читать постранично, страница - 60

- Прызнанне левага крайняга 937 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Міхась Кацюшэнка

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

хто ты на самой справе».

Прыбег Стас, прынёс грошы.

— Пайшоў адсюль разам з імі! Пайшоў прэч!

— Ты звар’яцеў, ты на самой справе звар’яцеў. Табе трэба да ўрача,— закрычаў збялелы Стас і знік.

Я ішоў пешшу па горадзе, не звяртаючы ўвагі на халодныя кроплі дажджу. Прыкладна праз гадзіну ўзяў таксі і памчаў на кватэру да Фалалеева. Спытаў у жонкі:

— Ён дома?

— Дома. Але... Як бы табе сказаць? Лепей не трэба да яго. Ён у дзіўным, вельмі дзіўным стане. Такім я яго ніколі не бачыла.

— Прабач, але мне ўсё роўна трэба яго ўбачыць,— сказаў я і прайшоў у пакой.

Фалалееў сядзеў у крэсле. Галава яго была апушчана, па твары цяклі слёзы.

— Падонкі, вакол адны падонкі! — гаварыў ён і глядзеў у нейкую нябачную кронку.

Я сеў побач. Ён раптам рэзка павярнуўся да мяне.

— Ты?! Ты змог прыйсці да мяне?.. Прыйсці пасля таго, як... Не, ты не чалавек, ты брудная жывёліна, без мазгоў і пачуццяў. Я ніколі, ніколі не разбіраўся ў людзях, мяне ашуквалі на кожным кроку.

Ён абхапіў галаву рукамі. Да мяне падышла Валянціна, ягоная жонка.

— Табе, Кастусь, лепей пайсці. Я казала, ён у кепскім стане.

Я надняўся і хутка пайшоў да дзвярэй. Зноў пранізлівы вецер, дождж. Мне не хапае паветра, я амаль бягу на вуліцах, бягу доўга, доўга... Я ведаю, куды мне трэба. Дамоў, а потым у аэрапорт, я павінен знікнуць, знікнуць назаўсёды.

***

Застаецца два дні да гульні, усяго два дні. Ад яе будзе залежыць лёс Фалалеева, лёс каманды. Мая галава наліваецца цяжарам, я ляжу вечарам у сваім пакоі, не магу паварушыцца... Станіслаў Пятровіч пазбягае сустрэчы са мной. Усё ясна — ён думае, што я шэрая, бязвольная амёба, якая не можа прыняць па-сапраўднаму мужчынскага рашэння. Я прыму яго, абавязкова, толькі сёння. Заўтра будзе позна. Я збягаю ўніз да дзяжурнай.

— Адчыніце кабінет Станіслава Пятровіча,— кажу я.— Тэрмінова трэба пазваніць...

Я рашуча набіраю нумар тэлефона.

— Добры вечар, вас турбуе Паўловіч,— кажу я дзяжурнай па спартыўнай гасцініцы.— Мне тэрмінова патрэбен Фалалееў...

— Ён папярэдзіў, што вы можаце пазваніць...

Цераз некалькі мінут чую ў трубцы голас Фалалеева:

— Слухаю, я слухаю цябе!

— Добры вечар, Эдгар, гэта я...

— Дзе ты, што з табой?

— Усё нармальна. Я хутка буду.

Я кідаю трубку, бягу ў свой нумар, збіраю рэчы. На парозе з'яўляецца Станіслаў Пятровіч.

— Вось і добра,— гаворыць ён.— А я амаль расчараваўся ў табе. Падумаў, што...

— Я пазваніў яму, мне трэба ехаць сёння.

— Я дам машыну. Праз гадзіну будзеш у камандзе.

Я кідаю спартыўную сумку ў машыну, гавару Станіславу Пятровічу:

— Я забягу. На адну хвіліну.

Заходжу ў пакой да Галі. Сустракаю яе запытальны позірк.

— Гэта ты?

— Я прыйшоў развітацца. Машына чакае, трэба тэрмінова ехаць. Вяртаюся ў каманду...

— Значыцца, ты знікаеш. Як і абяцаў...

— Ненадоўга. Я хутка пазваню табе, абавязкова.

Упершышо я цалую яе ў вусны.

Поціск рукі Станіслава Пятровіча, развітальныя словы:

— Я прыеду на матч. Мы прыйдзем разам з бацькам. Ты не падвядзі.

Машына зрываецца з месца.

Словы Веры: «Прабач, усё з-за мяне...»

Вясёлы твар Юркі: «У цябе ўсё наперадзе...»

Раве «тарсіда»...

Роўная стужка шашы, знаёмыя маскоўскія вуліцы, скурчаная фігура Фалалеева ля спартыўнай гасцініцы...



1986-1987