Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму [Алесь Зелімханаў] (fb2) читать постранично, страница - 3

- Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму 1.08 Мб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Алесь Зелімханаў - Андрэй Казакевіч - Андрэй Ляховіч - Пётра Натчык - Віталь Сіліцкі

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

скліканьня. Пануючая намэнклятура ня здолела знайсьці больш трывалых формаў самаарганізацыі, што рабіла немагчымым рэпрадукцыю палітычнага статус-кво (здавалася б, такога выгаднага для намэнклятуры). Нягледзячы на тое, што ў выніку наступных парлямэнцкіх выбараў (калі б ім, вядома, не папярэднічалі выбары прэзыдэнцкія) можна было чакаць прыкладна такую ж кампазыцыю новага парлямэнту, як і папярэдняга, лёс асобных прадстаўнікоў “партыі ўлады” быў не гарантаваны. Плюралізм “па змаўчаньні”, такім чынам, захоўваў мэханізм уласнага самавынішчэньня.

Парадаксальна, але дэфіцыт лідэрства не гарантаваў рэпрадукцыі ўладнай эліты і праз прэзыдэнцкія выбары. Беларусь заставалася парлямэнцкай (альбо “прэм’ерскай”) рэспублікай найдаўжэйшы час паміж краінаў былога СССР менавіта таму, што Вячаслаў Кебіч ніколі ня меў шанцу выйграць прэзыдэнцкія выбары. На апошнія партыя ўлады згадзілася толькі тады, калі яе апанавала ілюзія непераможнасьці — ілюзія, якая сама сабой была справакаваная стратай кантролю за палітычнымі і грамадзкімі працэсамі, гэтаксама як і падводнымі рухамі ў шэрагах самой намэнклятуры.

Гэтая ілюзія прывяла да радыкальнага зьмяненьня правілаў гульні праз прыняцьце новай Канстытуцыі 1994 г. і ўсталяваньне прэзыдэнцкай сыстэмы ўлады. Адначасова яна разгарнула сілы, якія стрымліваў парлямэнт 12-га скліканьня, — сілы ўладных амбіцыяў і палітычнага авантурызму новай палітычнай генэрацыі, што прыйшла ў палітыку праз выбары 1990 г., але не знайшла месца ў “партыі ўлады”. Калі б ня гэтая зьмена, А. Лукашэнка так і застаўся б дэпутатам і кіраўніком саўгасу, нягледзячы на імклівы рост яго папулярнасьці. Булахаў, Ганчар, Сініцын, Шэйман, Лябедзька і іншыя былі б вымушаныя задавальняць уласныя амбіцыі выключна шукаючы магчымасьці кааптацыі ў “партыю ўлады”. Па некалькіх галасаваньнях у Вярхоўнай Радзе ў беларускай палітыцы ўсё зьмянілася ўмэнт.

Новаўтвораны інстытут прэзыдэнцкай улады, памножаны на палітычную рэчаіснасьць пачатку 1994 г., азначаў зараджэньне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Адначасова парлямэнт набыў для сябе прынцыпова новую ролю: з галоўнага элемэнту сыстэмы ўлады ён ператварыўся, кажучы словамі самога Лукашэнкі, у “гняздо апазыцыі”. Рэч была нават не ў палітычных арыентацыях дэпутатаў — пасьля ліпеня 1994 г. яны імкліва страцілі вызначальную ролю ў паводзінах Вярхоўнай Рады. Палітычная прастора была рэструктурызаваная не па ідэалягічных падзелах (так, як гэта было ў “дапрэзыдэнцкі” пэрыяд), а паводле прынцыпу “за” ці “супраць” самога Лукашэнкі. Памкненьні апошняга набыць абсалютную ўладу спрычынілі пераход у апазыцыю значнай колькасьці тагачасных палітычных гульцоў, уключаючы значную частку лукашэнкаўскіх паплечнікаў. Выключэньне стваралі тыя, хто быў задаволены пэрспэктывай поўнага падпарадкаваньня прэзыдэнцкай волі альбо ня бачыў для сябе ніякай іншай пэрспэктывы. Аднак, намэнклятурная большасьць хутка ўсьвядоміла, што адзінай крыніцай яе ўлады было само знаходжаньне каля ўлады і што апошняе цяпер цалкам залежала ад Лукашэнкі. Як вынік, амаль не было аказана супраціву пабудове прэзыдэнцкай вэртыкалі ў кастрычніку 1994 г. (выключэньне склала толькі апазыцыя БНФ). Спробы атакаваць Лукашэнку яго ж зброяй, абвінавачаньнямі ў карупцыі, былі хутка заблякаваныя. Нарэшце, апошні эпізод супраціву, барацьба супраць першага лукашэнкаўскага рэфэрэндуму 1995 г., скончыўся з прадказальным вынікам. Залежнасьць намэнклятуры ад прэзыдэнцкай улады і волі была цалкам усталяваная падчас змаганьня ў красавіку 1995 г., і, пераасэнсоўваючы падзеі, міжволі можна зьдзівіцца хутчэй таму, што парлямэнт не здаваўся так доўга, а не што ён “зламаўся” так рана.

Рэпрадукцыя апазыцыйнага парлямэнту ў выглядзе Вярхоўнай Рады 13-га скліканьня стала магчымай дзякуючы таму, што новая прэзыдэнцкая ўлада яшчэ не засьведчыла падчас выбараў, што любы парлямэнт, які будзе абраны ў канкурэнтных выбарах і будзе мець пэўныя рэальныя паўнамоцтвы, стане ў апазыцыю да такой асобы, як Лукашэнка. Прэзыдэнт краіны дзесьці інстынктыўна гэта разумеў: няўдалыя спробы зрыву выбараў, нават калі яны прынесьлі відавочную паразу тагачасным галоўным апанэнтам Лукашэнкі, апазыцыі БНФ, яскрава сьведчылі аб яго доўгатэрміновых памкненьнях. Аднак палітычныя плыні, якія выйгралі выбары 1995 г. і ішлі ў Вярхоўную Раду, паводле словаў яе віцэ-сьпікера, камуніста Васіля Новікава, каб “дапамагчы прэзыдэнту”, хутка сутыкнуліся з фактам, што адзіная дапамога, якую яны здольныя аказаць Лукашэнку, гэта ліквідацыя (калі не дэ-юрэ, то дэ-факта) самога інстытуту парлямэнтарызму. Канчаткова камуністычна-аграрнай большасьці гэта стала зразумела толькі тады, калі пляны наконт канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 г. былі ўжо народжаныя і сфармуляваныя ў нетрах прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Нягледзячы на шырокую апазыцыю да Лукашэнкі ў Вярхоўнай Радзе 13-га скліканьня, парлямэнт (а разам зь ім і парлямэнтарызм і рэшткі палітычнага плюралізму ў Беларусі) быў