І зноў, зноў горад [Міхась Стральцоў] (fb2) читать постранично

- І зноў, зноў горад 32 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Міхась Стральцоў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

I ЗНОЎ, ЗНОЎ ГОРАД

Травяніста-шорсткае, настылае ад лістападаўскіх нізкіх вятроў поле-аэрадром. Над ім шызае, як прамерзлая дарога, халоднае неба. Пахмурна. Дванаццаць гадзін дня. Самалёт адлятае ў трынаццаць дзесяць…

Ён дарэмна спяшаўся і трывожыўся: доктар, як і абяцаў, пазваніў ужо з мястэчка ў касу і заказаў сабе і яму білеты. Толькі самалёта яшчэ не было: спазняўся. Ды і доктар на бальнічнай машыне чамусьці не ехаў.

Доктара гэтага ён да сённяшняга дня наогул не ведаў.

Ён прагаласаваў на дарозе, аддыбаўшы кіламетраў дзесяць, грузавіку з будкай. Спыніцца — не спыніцца, яму было ўсё адно: да мястэчка аставалася кіламетры з чатыры. Машына спынілася. Шчуплаватае дзяўчо, што сядзела побач з шафёрам, паказала рукой на кузаў. Нехта адшчапіў дзверцы: ён, не прыглядаючыся, кінуў у будку старую сваю спартыўную сумку, напакаваную маткай нечым цяжкім,— ён здагадваўся, салам,— кульнуўся ў будку сам і прымасціўся там на мулкім аполку. Умомант зашчапілі дзверцы, паехалі. Ён не паспеў нават разгледзець тых, што былі ў будцы, затое нейкая жанчына пазнала яго, нібыта па тым, што ён «увесь у бацьку», і ўсё дзівілася з гэтага, і ўсё паўтарала сваё «ўвесь у бацьку», а яму было няёмка, сорамна, што жанчыны зусім не ведаў, здагадваўся толькі, што яна, мабыць, з блізкай ад ягонай вёскі. Загаварыў мужчына, які таксама нібыта ведаў ягонага бацьку, маці, нават малую сястру,— гэта і быў доктар.

Добра разгледзеў яго ён ужо ў мястэчку, калі машына спынілася ля раённай бальніцы. Доктар быў бадай аднагодак яму, чарнявы, галавасты, худы, у акулярах з шырокімі строгімі дужкамі, пацепваў высокімі плячмі, штораз папраўляў на носе акуляры і, жмурачыся, расціраў далонню падбародак.

— На самалёт? Я закажу білеты,— проста сказаў доктар.— Шыбека, так? А зваць як?

— Пятро.

— Мне таксама ў горад. Хочаш, пачакай мяне. Я зайду ў бальніцу, а потым нас падкінуць на машыне.

— Не, я лепш пайду.

Добра, што доктар не стаў упрошваць. Было горка, пагана ў роце: ад «Паміру» ледзь не блажыла. Яму мулялі вочы, а да шчок, адчуваў, часамі востра прылівала нездаровая гарачыня. Ад грошай на самалёт павінен астацца рубель з нечым. 3 іх трэба пакінуць на транспарт у горадзе і яшчэ капеек дваццаць на цыгарэты. Ён не хацеў прызнацца сабе, што выбраўся ў гэтую дарогу дарэмна.

У сталоўцы ён выпіў шклянку чырвонага віна і закусіў халаднавата-цвёрдымі біткамі. Гарнір быў вермішэлевы — такі ён не любіў.

Дарогу на аэрадром яму паказаў стрэчны дзядок. Пятро доўга ішоў раскоўзанай вуліцай паўз абшытыя шалёўкай прысадзістыя дамы — амаль кожны з блакітнымі аканіцамі, мінуў мост цераз незамерзлую рэчку з імклівай рудой вадой, што бубнела, булькала ля берага пад карункавай стрэшкай слаістага лёду. Пачаліся агароды, а потым неяк дзіўна ўразілі звезеныя ў адно месца і нечаканыя тут, ля мястэчка, стагі сена. Нарэшце злева, наводдаль ад дарогі, згледзеў ён драўляную будыніну, ля якой не было ні кала ні двара, толькі на высокай жэрдцы шкуматаў вецер паласатую «кішку». Пятро выправіўся туды.

У аэравакзале моцна і суха пахла застарэлым махорачным дымам, валяліся недакуркі ля грубкі. Пры акне стаялі пафарбаваныя ў белы колер вагі, на лаве і трымала кніжку перад вачмі шыракаватая ў стане, але яшчэ маладжавая тварам жанчына — няйначай, вясковая настаўніца, а побач з ёй, прыгорбіўшыся, не міргаючы вачмі, пакутліва-мякка ўсміхаўся нейкім сваім думкам даўганосы дзядзька ў неглыбокай, на самай макаўцы, зімовай шапцы. I было нешта такое разгубленае і разам з тым наіўна пэўнае ў гэтай усмешцы, што Пятро спагадліва-шчодра адразу пагарнуўся думкай да яе і падзівіўся з сябе, з гэтай нечакана вострай сваёй спагады, здагадаўся, што за колькі дзён у вёсцы, у бацькоў, ён стаміўся, знерваваўся, бо адчуў, як невядома чаго навярнуліся на вочы слёзы. Сеў ля дзядзькі на лаве, прыхінуўшыся плячмі да перагародкі, і стараўся ні пра што не думаць. За перагародкай нешта сіпела, патрэсквала, узрывалася шорганнем і піскам, а потым наплываў разгоніста моцны, але не вельмі выразны голас. Там, за перагародкай, была яшчэ і аператарская рубка.

Пятро дастаў цыгарэту і доўга лапаў сябе па кішэнях, шукаючы і не знаходзячы запалкі. Нешта прымусіла яго павярнуць галаву: яму ў твар спакойна, не міргаючы, глянулі трошкі выцвілыя, усмешліва мяккія знаёмыя вочы. Ён не вытрываў і таксама ўсміхнуўся ім, неспадзявана спакойна і добразычліва, і толькі тады заўважыў, што дзядзька трымае ў руках карабок.

— Цыгарэту даць? — спытаў, беручы запалкі, Пятро.

— Накурыўся, аж язык у роце зашэрх,— ціха, нібы хвалячыся, сказаў дзядзька, але тут жа адвярнуўся і зноў сцішыўся, можа, забыўся на Пятра. Пятро ўсміхнуўся, прыкурыў і не аддаў карабок, а палажыў асцярожна на лаву. «Шанцуе мне сёння на добрых людзей»,— падумаў ён.

Час ішоў, а доктар усё не ехаў. Часта званіў тэлефон, і праз акенца ў перагародцы было відаць, як