Пётра САДОЎСКІ
УЛАДЗІМІР МАКЕЙ ЯКІМ Я ЯГО ВЕДАЎ: ЭПІЗОДЫ КАЗЁННАСЦІ І ЧАЛАВЕЧНАСЦІ
Першае, што падумалася, калі пачуў пра ягоную смерць: каб сышоў у жніўні 2020 г. у адстаўку, быў бы жывы і захаваў бы пра сябе неблагую памяць, не гледзячы на доўгія гады пасаднага хаўрусавання з першым прэзідэнтам. Калі Уладзімір Уладзіміравіч праартыкуляваў замежнікам волю свайго патрона як бы ад свайго імя пра рашучасць беларускай улады разагнаць няўрадавыя арганізацыі, я зразумеў, што Макей як асоба ўжо не існуе. З таго часу ягоная па-заходнему адкрытая ўсмешка ўжо была для мяне не белазубая…
Учора ўвечары я спецыяльна не чытаў тыя канспіралагічныя спекуляцыі наконт ягонай смерці , якімі запоўніўся інтэрнэт. Мая першая думка была – не вытрывалі нервы. Ён апошнім часам нічога не вырашаў. Быў запрошаны ў Польшчу. Нямецкія СМІ падкрэслівалі, што ён неяк аддзяліўся ад Лукашэнкі і выслаўляецца ў сваіх выказваннях адрозна ад прэзідэнта пра “ўвядзенне рэжыму пры падвышанай тэррарыстычнай небяспецы”, у чым супадае з выказваннямі прэсслужбы КДБ.
Паслухаў першы каментар Латушкі, які падаўся мне трошкі па-людзку халаднаватым і абсалютна палітычным. Мне ўспомніліся цалкам апраўданыя амбіцыі Латушкі ў свой час прэтэндаваць на пасаду, якую потым доўгія гады займаў Макей і публічнае пакаянне ў інтэрвію сп. Будкіну з нагоды сваіх мінулых грахоў.
“КАЗЁННЫ” ЧАЛАВЕК
У канцы жніўня-пачатку верасня 2020 г. я кантактаваў з Ул.М. праз ягонага памочніка з просьбай паспрыяць перадачы па электроннай пошце майго 6-старонкавага ліста на нямецкай мове на адрас канцылярыі Ангелы Мэркэль. Таму што лісты на агульны адрас канцылярыі разглядаюцца на працягу доўгага тэрміну.
Тэкст я паслаў Ул.М. на персанальны электронны адрас, які ён даў мне гады два таму. Я звяртаўся да нямецкай канцлеркі як першы амбасадар Беларусі ў ФРГ з просьбай узначаліць місію еўрапейскіх краін з удзелам Расеі для развязвання беларускага крызісу. Тады гэта было яшчэ лагічна: Пуцін збіраўся з візітам у Германію і яшчэ не быў зрабіўшы заяву, што пашле Расгвардыю на дапамогу Беларусі, “калі тут пачнуцца беспарадкі”.
Памочнік пазваніў мне, паведаміў, што садзейнічання не будзе. Прыйшлося мне скарыстацца дапамогай нямецкай Амбасады і для страхоўкі – знаёмствам у Еўрапейскай Акадэміі ў Берліне, што было з пункту гледжання дыпламатычнай этыкі не карэктна. Такое любая краіна магла трактаваць як несяброўскі учынак у адносінах да сваёй дзяржавы. Але быў форс-мажор. Заўважу, што Макей не даў ходу майму лісту ў пэўныя інстанцыі, і я не зведаў ніякага пераследу.
Калі я атрымаў адказ пра магчымасць такой місіі з канцылярыі Мэркэль ад галоўнага эксперта рэферату, што апекаваўся Усходняй Еўропай, я апублікаваў у ФБ пераклад на беларускую мову тэкст майго ліста і адказ Канцылярыі. Пазней быў зроблены відэазапіс майго звароту па-нямецку, які паглядзела некалькі тысяч нямецкамлоўных сяброў ФБ.
ТРОХІ АСОБНЫ ЧАЛАВЕК
Мы выйшлі з адной альма-матэр – Лінгвістычнага універсітэту. Я раней за Макея на 16 гадоў. Тады гэта быў “ін’яз”. Я нават працаваў пасля вяртання з Германіі кароткі час на кафедры перакладу, дзе ён вучыўся. Як вядома Ул. Макей даслужыўся да палкоўніка спецслужбы, стажыраваўся на працягу года (1992-1993) ў Дыпламатычнай акадэміі ў Вене. У нас мала хто ведае пра спецыфіку гэтай навучальнай установы. Можна пісаць на гэтую тэму цэлы артыкул. Акадэмія існуе яшчэ з часу кайзэркі Марыі Тэрэзіі (18 ст.), якая задумвалася як цэнтр моўнай падрыхтоўкі аўстра-венгерскіх дыпламатаў. Паступова мэты пашырыліся. Цяпер Акадэмія – цэнтр гуманітарнай падрыхтоўкі высокіх афіцэраў НАТО. І замежных стажораў. У брусэльскім прадстаўніцтве Аўстрыі (ÖV NATO Brüssel) ёсць спецыяльны амаль афіцыйны прадстаўнік Акадэміі. Усе былыя стажоры гэтай навучальнай установы – ужо “мечаныя”, Там няма традыцыі канфрантацыі з гледзішча ідэалогіі, гэта -- асветная установа з сваім карпаратыўным духам. Гэта – не установа спецслужбаў, якія традыцыйна кантактуюць ва ўсім свеце нават праз галовы ўрадаў. Але выпускнікі гэта навучальнай установы ведаюць сваіх калегаў і, сустракаючыся праз гады, усміхаюцца адно аднаму: “Маска, я цябе ведаю!”.
У гэтым сэнсе Макей – адзіны ў сістэме нашага МЗС, які, як бы масон, насіў у кішэні гальштук еўрапейскага скаўта. Праз гэта наш першы прэзідэнт раз-пораз спахопліваўся і распальваў свой недавер да “еўрапейца” Макея. І размовы пра тое, што Макей мог па даручэнні прэзідэнта весці нейкія канфідэнцыйныя перамовы з даверанымі асобамі “з таго боку” – небезпадстаўныя.
Сярод “сваіх” людзей у кіраўніка Беларусі Макей быў адзіны, хто мог узяць на сябе такую місію. Некалі падобнай асобай быў Урал Латыпаў, але, будучы абсалютна небеларусам у параўнанні з Макеем, народжаным у Некрашэвічах Гарадзенскай вобласці, Латыпаў быў закрытым і не хаваў сваёй абсалютнай расейскай самакаштоўнасці.
НАРМАЛЬНЫ РАЗВАЖЛІВЫ БЕЛАРУС ПОСТСАВЕЦКАЙ ПРАСТОРЫ
Сябрамі мы не былі. Мы былі добрыя знаёмыя, як бы калегі. У нас быў адзін блізкі знаёмы – кіраўнік Магілёўскага КДБ, які памёр гадоў 9 таму ад анкалогіі. Мой сябра з Мн СВУ, выпускнік 1959 г., залаты медаліст. Бліскучы розум. Пасля вяртання з Германіі (1995 г.) мне зрабілі нефіцыйную прапанову (магчыма з ведама высокага кіраўніцтва) паехаць у Аўстрыю дарадцам-пасланнікам ці першым сакратаром амбасады, на што я не мог пагадзіцца з розных прычын, галоўнай з якіх была б страта майго асабістага суверэнітэту і гонару. Чалавекам, які, магчыма, ініцыяваў гэта, гаварылі мне, быў Макей, які лічыў, што кантакты з Дыпламатычнай акадэміяй трэба працягваць і што я там магу быць карысны. Яшчэ і як добры знаўца нямецкамоўнага арэалу. Аднак я разумеў, што такім чынам я мог быць скампраметаваны, і ад мяне, неспакойнага, лёгка пазбавіліся б. Думаю, гэта быў не Макей.
Назаву некалькі эпізодаў, зусім дробных і даволі значных.
Хаця з гэтага эпізоду нічога практычнага не атрымалася, але мяне вельмі уразіла колішняя прыблізна гадзінная гутарка з Макеем, калі нарадзілася ідэя стварэння беларускага універсітэту. Мне здалося, што я бачу перад сабой яшчэ аднаго Генадзя Бураўкіна. Гутарка ішла пра сродкі. Ён нават гаварыў, што збіраецца перадаць з уласных кніжак частку ў фонд будучага універсітэту. (Я быў перадаўшы цэлы багажнік слоўнікаў у ТБМ). Ён быў беларус. Гаварыў на добрай беларускай мове. Думаю, Алег Трусаў можа сказаць больш пра гэта. Як старшыня ТБМ ён трымаў курс не на абвастрэнне адносінаў з уладамі, а на ўзаемаразуменне.
Ён быў чалавек не хамаваты. Сумленне не губляў, ва ўсякім разе ў адносінах да мяне я гэта адчуваў. Мы ўжо былі, як дэпутаты БНФ, у 1995 годзе збітыя людзьмі ў масках, большасць – беспрацоўныя, стыгматызаваныя ў СМІ як ворагі. Аднак, будучы ўжо міністрам, праз свайго памочніка, а потым асабіста па тэлефоне Уладзімі Уладзіміравіч раіў мне прыняць юбілейны медаль “100 гадоў беларускай дыпламатычнай службы”, якім узнагароджваліся загадам міністра, а не прэзідэнта. Гэта здарылася пасля майго інтэрвію з Міхасём Скоблам для “Народнай волі”. Я пагадзіўся. Медалі ўручаў беларускамоўны намеснік міністра сп. Дапкюнас. (Ягоная маці была ў свой час дырэктарам музея Янкі Купалы). Атрымліваў я медаль з БЧБ дэпутацкім значком. Дзяржаўная ахова міністэрства мяне не затрымала.
Амбасадарам мяне прызначаў Прэзідыум Вярхоўнага Савета, не прэзідэнт. Пры мне пры адкрыцці амбасады яшчэ ў Боне быў ўзняты БЧБ-сцяг, пакінуў я амбасаду, калі наш нацыянальны сцяг яшчэ развіваўся ва ўрадавым квартале Бона на Фрыц-Шэфер-штрасэ.
Я атрымаў запрашэнне ад імя міністра Макея на ўрачыстасць у оперным тэатры з нагоды стагоддзя дыпламатычнай службы толькі ў той дзень, калі урачыстасць адбывалася. Падобна, былі нейкія праблемы , але Макей зацвердзіў спіс узнагароджаных. З пратакольных меркаванняў (запрашэнні прысылаюцца за дзён 10-12) я адмовіўся пайсці на ўрачыстасць. Макей прыслаў свайго памочніка, які прывёз мне дадому сувеніры ад імя міністра, якімі узнагароджваліся ветэраны дыпламатычнай службы і перадаў запрашэнне на асабістую аўдыенцыю ў МЗС. Я адмовіўся, спаслаўшыся на здароўе. Было нягожа. Як бы бегчы да барскага стала, хоць і да прыстойнага чалавека.
Узгадваецца зусім дробны эпізод, калі Макей, будучы начальнікам Адміністрацыі прэзідэнта, за тры дні ўрэгуляваў праблему з падпіскай і распаўсюдам “Народнай волі”, пасля таго, як публічна пры вялікім зборы грамадзкасці ў вялікай зале “Нямецка-беларускага месца сустрэч імя Яганэса Раў” (IBB, прасп. Газеты Праўда) было паднятае гэтае пытанне. Макей сядзеў ў прэзідыюме сходу. Я ўжо не памятаю, які быў парадак дня. Я звярнуўся з трыбуны да начальніка Адміністрацыі Макея як калега па альма-матэр і проста жывы чалавек, абазначыўшы неразумнасць забароны на распаўсюд СМІ з розных пунктаў гледжання. Недзяржаўныя СМІ пісалі пра гэты эпізод, толькі надавалі гэтай падзеі не такі акцэнт, як гэта падавалася мне.
Прымаў міністр Макей з фармальным выказваннем падзякі і мае запіскі пра недапушчальнасць у беларускай кантраляванай дзяржавай інтэрнэт-прасторы адкрытага праслаўлення аўтара антысемтіцкіх “Нюрнберскіх законаў” і галоўнага гітлераўскага нацы-юрыста Карла Шміта як апалагета эфектыўнага мэнэджэрства пры дыктатуры. Гэта рабіў у некалькіх гутарках галоўны эксперт “Белай Русі” сп. Пятроўскі. Не ведаю, наколькі Макей кіраваўся маімі парадамі. Ніякія службы мяне непасрэдна з гэтай нагоды не трывожылі.
Шмат разоў ужылося слова “Я”. Як бы непрыстойна. Аднак, усё, што напісалася – гэта мае, магчыма. вельмі прыватныя уражанні і меркаванні. Не таму што mortuis nihil nisi bonum. Зрэшты, усё, што некалі было напісана людзьмі, пісалася ад імя таго, хто пісаў. Выключэнне хіба – летапісцы, якія паводле духу часу і загадаў высокіх суверэнаў падчышчалі мінулае.
Прадбачу пярэчлівыя меркаванні наконт майго рамантычнага і нестэрэатыпнага ўспрымання вядомых асобаў мінулага. Я пісаў пра Мітрапаліта Філарэта, Барыса Заборава, Аляксандра Падлужнага, Васіля Быкава, з якімі прыходзілася кантактаваць працяглы час.
Я не прыхільнік маніхейскіх чорна-белых разважанняў кшталту: “Даўно было вядома, што …” і далей – спасылка на руку Масквы. У дэталях хаваецца не толькі д’ябал, але і раскрываецца жывы чалавек з ягонымі слабасцямі і вартасцямі. Для мяне эталонам ацэнкі асобаў савецкага мінулага быў Генадзь Бураўкін.
Последние комментарии
43 секунд назад
18 минут 58 секунд назад
23 минут 43 секунд назад
28 минут 26 секунд назад
34 минут 55 секунд назад
1 час 1 минута назад