Любіць ноч — права пацукоў [Юры Станкевіч] (fb2) читать постранично, страница - 115

- Любіць ноч — права пацукоў 639 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Юры Станкевіч

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

як мухі на падлу, адразу кідаліся да тумбачак ды ложкаў. Усё нешта шукалі ды вынюхвалі, надта і не хаваючыся, быццам так і трэба.

Радавы Каляда страсянуў галавой, праганяючы трывожныя думкі, і скінуў пад ногі «паленпак». Адразу нібы выпала вата — у вушы ўварваліся ўзбуджаны смех, мацяршчына, кпіны. Кпілі і з яго. З тых, хто насіў «паленпак», заўсёды пасміхаліся, нібы з убогіх. Але ўрэшце зараўлі рухавікі, і машыны рушылі.

На акруговы палігон у раён вучэнняў прыбылі толькі пад вечар, пасля таго, як пераправіліся па пантонах цераз раку. Ротны злаваўся, нерваваўся і заразіў гэтым усіх. Ён сыпаў праклёнамі і аддаваў загады, каб праз нейкі час адмяняць іх і аддаваць новыя. Да таго ж згубілася палявая кухня, і ўсе знемагалі ад смагі — не было вады. Урэшце маёр разам з узводнымі распрацаваў картачкі агню і ўмоўнага бою і загадаў капаць акопы. Праз нейкі час, калі яны былі ўжо напалавіну гатовыя, аказалася, што іх капалі не там, дзе трэба, бо з'явіўся батальённы і аблажыў усіх мацюкамі.

— Дзе «паленпак»? — раптам успомніў і зароў ротны. — Чаму не разгорнуты?

І, унутрана сціскаючыся ад цяжкай, каламутнай непрыязнасці да маёра, да бязглуздзіцы вучэнняў, да брызентавага меха за спінай, радавы Сяргей Каляда пацягнуўся распакоўваць «паленпак».

Многія любілі армію ці, інакш кажучы, мірыліся з ёй. Афіцэры, прапаршчыкі, нават некаторыя сяржанты тэрміновай спужбы. Знаходзіліся і такія. Толькі не ён. Гэтая гульня дарослых была яму незразумелая. Што ж, ён не ваяр. Ён будучы мастак, дызайнер, а не салдат. Кожнаму сваё. Хутчэй бы назад! Ён лічыў дні, што заставаліся да загада. Паліна. Гарачая хваля ўспамінаў накацілася на яго, і ён знерухомеў, прагна зацягваючыся цыгарэтай.

Па-ранейшаму не сціхаў халодны, куслівы вецер. Тут, на залесным палігоне, ён працінаў шынель, халадзіў твар. На даляглядзе над лесам ужо збіралася цемра.

— Не курыць, маць вашу! — закрычаў паблізу ўзводны. — За кіламетр бачна!

Сяргей Каляда прыхінуў да ног аўтамат і выцягнуў з кішэні канверт. Не ад Паліны — размашысты почырк адразу кінуўся яму ў вочы. Пісьмо было ад Гадуна.

У слабым святле імкліва адыходзячага дня радавы Сяргей Каляда разгарнуў ліст і прачытаў наступнае:

«Стары! Пішу табе ад імя ўсіх хлопцаў з нашага пакоя. Служы, салага, бо мы сваё ўжо адслужылі і з гэтай нагоды вельмі спачуваем табе, але нічым дапамагчы не можам. У нас усё нармалёва. Рыхтуемся да сесіі, але на днях добра пабалдзелі — аж да гэтага часу рукі калоцяцца...»

Далей ішоў пералік выкладчыкаў, якіх Гадун лічыў небяспечнымі на час экзаменаў, якіх увогуле дурнаватымі, а якіх так сабе. Пасля гэтага пасажу ён зноў перайшоў да інтэрнацкіх спраў і на паўстаронкі распавядаў пра тое, як ім шанцуе апошнім часам з дзеўкамі, і жартаваў, што дзеўкі гарохам пасыпаліся замуж. «Дарэчы, — паведамляў ён, — твая акцёрка, ну Паліна, з якой ты, змей, апошнім разам, спадзяюся, не дарма займаў усю ноч цэлы пакой, — таксама туды ж. Выходзіць не за каго-небудзь, а за нашага выкладчыка Некрашэвіча, а ў яго, сам ведаеш, усяго хапае — ёсць і машына, і кватэра, і лецішча. Быццам ён ужо ёй і кінапробу дапамог зрабіць... Вяселле ў пятніцу, 18 кастрычніка...»

Радавы Сяргей Каляда дачытаў лісткі і прыпаліў цыгарэту ад цыгарэты.

Першыя зоркі слаба блішчэлі і пераліваліся ў небе. Поўня напалавіну выткнулася з-за лесу і павісла над далёкім цёмным даляглядам. Сяргей зірнуў на гадзіннік. Да прызначанай у пісьме даты было роўна два дні і яшчэ чатырнаццаць гадзін — усяго выходзіла шэсцьдзесят дзве.

Маёр Уразаў узнік за плячыма нячутна, як прывід.

— Чаму не выкананы загад? — зашыпеў ён. — Два нарады пасля вучэнняў! Паўтарыце!

— Ёсць два нарады.

— Каб праз пяць хвілін усё было гатова!

Радавы Сяргей Каляда моўчкі пачаў распакоўваць пухкі мех. Урэшце «паленпак», ці паходны ленінскі пакой, які ўвасабляў сабой усю ротную наглядную агітацыю, быў замацаваны. Ён нагадваў брызентавы прамакутнік пад такой жа павеццю два з паловай метры на паўтара, на якім месціліся партрэты сябраў Палітбюро, а таксама вышэйшага каманднага саставу арміі, дзеячаў марксізму-ленінізму. Глядзелі са сваіх месцаў армейскі статут, матэрыялы апошняга пленума, падшыўкі вайсковай акруговай газеты. Асобна размясцілася сям'я Ўльянавых у рэпрадукцыях з чорна-белых фотаздымкаў. Ніжэй вісела скрыня для пісем і заўваг. Над усім месціўся невялікі бронзавы бюста Ільіча.

Сяргей Каляда завяршыў справу ўжо ў цемры. Ён сеў на зямлю спінай да сасны і доўга сядзеў так, а потым заціснуў аўтамат між каленяў і пачаў шукаць па кішэнях. Ён знайшоў і пералічыў некалькі баявых патронаў — рэштку таго, што засталося пасля стрэльбішчаў. Запаслівы, як кажуць, лепш за багатага. Сяргей выцягнуў ражок і высыпаў адтуль на зямлю халастыя — іх выдалі ім раней. Замест іх ён уставіў баявыя патроны і схаваў ражок у кішэню галіфэ. Кароткі дэсантны варыянт свайго «калашнікава» ён закруціў у плашч-накідку. Потым сцягнуў з сябе і кінуў пад ногі шынель, падсумкі, процівагаз,