Любіць ноч — права пацукоў [Юры Станкевіч] (fb2) читать постранично

- Любіць ноч — права пацукоў 639 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Юры Станкевіч

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Юры Станкевіч Любіць ноч — права пацукоў

Любіць ноч — права пацукоў Раман

I. Уварванне

Цяпер, праз адфільтраваную ў часе памяць, мінулыя гады ўжо не ўспрымаліся нешчаслівымі, і ўсё было па-за парогам адчування, нават нараджэнне хворага хлопчыка і смерць мужа не здаваліся ёй катастрофамі, як тады, пакуль не з’явіліся тыя людзі, — раптоўна, быццам з іншага вымярэння, і яна не ведала, адкуль яны і чаму не тлумачылі свае з’яўленне, бо спачатку яны пасяліліся на ўскраіне ў канцы вуліцы, якраз за ўчасткам маёра Фралова, бо той русак выйшаў у адстаўку і пасля вайны асеў у іх мясцінах, тут яму пабудавалі дом, ён недзе служыў, але неўзабаве кінуў, і ў яго доме пачалі піць, і не так, як пілі суседзі ці ўвогуле мясцовыя, — у доме Фраловых пілі ўсе: ён, яго жонка і дарослыя дзеці — дачка Феня і сын Клім; маёр сядзеў штодня на лаўцы перад сваім домам, брывасты, з жабіным ротам, і па-дурному ўсміхаўся ці зрэдку пачынаў выкрыкваць нешта пагрозлівае

        так, маць вашу, так, уга-ха

яго і знайшлі неяк раніцай ля той лаўкі, а потым усё пацягнулася як і раней, пакуль дом не апусцеў — Феню звёз малады афіцэр, а апошнім знік маёрскі сын Клім: казалі, што яго асудзілі па «хуліганцы» — дзвесце першаму артыкулу — і ён хутка выйдзе на волю, але ён так і не вярнуўся, і тады, стаяла якраз лета, з’явіліся тыя людзі, з імі шмат крыклівых дзяцей — быццам сям’я, і ветліва віталіся

        зрасстэ, зрасстэ

а на якой мове яны размаўлялі паміж сабой, яна так і не здолела зразумець, і іх рабілася ўсё больш і больш: яны пакрысе асвоілі пуню і павець у маёрскім садзе, а потым быццам папрасілі дазволу (хутчэй за ўсё і не думалі прасіць — у каго, дарэчы?) пасяліцца ў яго кінутым доме, бо нашчадак (Клім), пэўна, згубіўся, ці то ў лагерах, ці то на расейскіх прасторах, але гэтага ніхто не ведаў; дык вось, яны ададралі неяк удзень дошкі з вокнаў маёрскай хаты і пачалі там жыць, і амаль адразу ж да іх панаехалі аднекуль здалёк, спачатку на машынах простых, на «капейках», а потым і на іншамарках, а затым да дома зрабілі прыбудову з цэглы і там пасяліліся яшчэ людзі, а потым за павеццю вырас перанесены аднекуль зблізу драўляны дом — усё гэта адбывалася хутка, амаль што імкліва, яна нават не паспявала заўважаць, але не заўважаць, быццам іх і не было, не даводзілася, бо яны ўжо не казал і пры сустрэчы

        зрасстэзрасстэзрасстэ

а не віталіся зусім, быццам яе тут не існавала, і тут якраз паваліўся плот, ці, можа, яны знарок гэта зрабілі, бо іх жанчыны пачалі карыстацца той яе дальняй часткай саду як прыбіральняй, выходзілі з раніцы, падбіралі спадніцы і гадзілі там, а дзеці іх ужо сноўдаліся па ўсім гародзе, выядалі ўсё, што спела, расло, і крычалі адно аднаму, здавалася, толькі адно зразумелае ёй слова

        дайдайдайдай

і вырывалі адно ў другога з рук, з рота, а потым яны раптам заўважылі хлопчыка, дакладней, заўважылі, што ў таго не ўсё ў згодзе з псіхікай, са здароўем; адкуль ім было ведаць, што хлопчык нарадзіўся з хваробай Даўна па той простай прычыне, што быў зачаты там, дзе дазіметры паказвалі больш як пятнаццаць кюры, да таго ж муж пачаў піць і не захацеў спыніцца, так яно і атрымалася — бяда адна ніколі не ходзіць, казалі ёй, яна і сама не раз упэўнівалася ў той вядомай усім ісціне, але штодня глядзець на хлопчыка ўсё роўна было балюча, хаця той быў такі рахманы і ціхі і размаўляў з птушкамі, пчоламі, восамі, чмялямі, жабамі, трусом у клетцы, якога зваў Піля (зменшанае ад Піліпа) і карміў таго дзьмухаўцамі, прыгаворваючы

        ПіляПіляПіля

Трус белага колеру, атлусцелы, як шар, хутка-хутка працаваў сківіцамі за дротавай рашоткай клеткі, паядаючы траву, і пазіраў на хлопчыка круглым чырвоным вокам, і калі што яму не падабалася, гучна грукаў аб падлогу заднімі лапамі

        трахбах

даўнёнак радасна ўсміхаўся і рабіў выгляд, што пужаецца, і гаварыў

        ешешешеш

вось дзеці тых перасяленцаў ці бежанцаў (як яны пра сябе казалі) пачалі падбірацца да яе Улі (так яго звалі ад сапраўднага, дадзенага пры нараджэнні, Юльян), бо даўнёнак сам казаў пра сябе

        Уля

і спачатку быццам жартавалі: шчыкалі, тузалі яго, але іх жарты набывалі ўсё больш садысцкае адценне, і даўнёнак пачаў іх баяцца, хаця ўвогуле любіў вазіцца з дзецьмі, пакуль яны, тыя дзеці прыхадняў, не пачалі піхаць і штурхаць яго, а потым і біць па твары, па руках, і даўнёнак не разумеў гэтага і хаваўся ў хаце і не хацеў потым выходзіць у сад, а затым з клеткі знік трус — ўвогуле гэтага трэба было чакаць, бо яго проста скралі і з’елі, нават косткі не пасаромеліся выкінуць за павалены плот, дзе ўтварылі сметнік, і яна каторы раз пайшла з імі сварыцца, але, як і першы, і другі, і трэці раз, з гэтага нічога не атрымалася — яе проста не заўважалі, і тады яна звярнулася да ўчастковага, былога вяскоўца, зухаватага, маладога яшчэ, гадоў трыццаці, вузкага ў плячах і ўжо аб’ёмнага ў паясніцы чалавека, які дасягнуў межавай