Невядомая вайна: 1654-1667 [Генадзь Сагановiч] (fb2) читать постранично, страница - 5

- Невядомая вайна: 1654-1667 732 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Генадзь Сагановiч

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

смаленскія ўмацаванні доўга яшчэ мелі сумны выгляд. З 34 вежаў толькі 10 былі ў нармальным стане. Патрабавалі рамонту муры і валы. Вось што адзначалася ў складзеным тады інвентары Смаленска: «Гэтая памежная цвердзя на працягу амаль 20 гадоў заставалася без усялякага догляду; абодва валы былі цалкам зрытыя; мур у многіх месцах да зямлі меў расколіны такія вялікія, што праз некаторыя мог свабодна прайсці чалавек. Два кавалкі сцяны забітыя глінай, залеплены граззю і зверху паваплены» [7, т.14, с.40]. Замак выглядаў так, быццам і праз вякі не чакаў непрыяцельскага штурму...

Між тым на Ўкраіне ўжо адбылася Пераяслаўская Рада. У прысутнасці вялікага маскоўскага пасольства 8 студзеня 1654 г. сход прадстаўнікоў Запарожскага войска і насельніцтва Ўкраіны прыняў афіцыйную пастанову пра далучэнне іхнага краю да Маскоўскае дзяржавы. Гетман Хмяльніцкі ў прамове падкрэсліў, што далучэнне да Масквы зробіць магчымай перамогу над палякамі. Цяпер вайна была непазбежная. А ў Вялікім Княстве яшчэ нават вялікага гетмана не прызначылі...

Пытанне аб гетманскай булаве ўрэшце вынеслі на Варшаўскі сойм, што засядаў з 11 лютага да 28 сакавіка 1654 г. Сімпатыі большасці былі на баку Януша Радзівіла, які з 1646 г. быў гетман палявы і паказаў сябе таленавітым правадыром войска. З тактычнага боку ён бліскуча правёў бітву з казакамі пад Лоевам у 1649 г., здолеў выйграць у іншых сечах і ў жніўні 1651 г. пераможна ўвайшоў у Кіеў. Зусім не беспадстаўна адзначаў тады ў адным са сваіх лістоў ленчыцкі ваявода Ян Ляшчынскі, што за Радзівіла «ў вядзенні вайны і дасягненні міру ніхто не можа быць здольнейшы», і дадаваў: «хацеў бы пасля Батога*, каб гетманіў ён сам» [106, s.92]. Але найпапулярнейшы ва ўсёй краіне князь быў у каралеўскай няласцы. І не дзіва. Яшчэ задоўга да вайны Януш Радзівіл паказаў сябе зацятым сепаратыстам. Гэта ён калісьці ў Вільні ў прысутнасці караля абразіў каронных сенатараў, выгукнуўшы: «Прыйдзе час, калі палякі да дзвярэй не патрапяць, - праз вокны іх выкідваць будзем!» А чаго вартае было буянства князя! Прыкладам, бойка, учыненая ягонымі людзьмі ў 1652 г. у Варшаве, зрыў сойму праз «liberum veto». Вось таму кароль і вялікі князь Ян Казімір ні за што не хацеў аддаваць яму булавы вялікага гетмана. Калі Радзівіл прыехаў у Варшаву, сойм неўзабаве наагул спыніў працу, так і не прыняўшы патрэбнае ўхвалы. Палявы гетман абураўся, злаваў, пісаў, што сойм сарвалі «на зло Вялікаму Княству Літоўскаму...»

* Пад Батогам 2-3 чэрвеня 1652 г. украінскія казакі дазвання разграмілі армію Кароны Польскае. Палеглі лепшыя польскія харугвы, загінуў сам палявы гетман Марцін Каліноўскі, мноства палкоўнікаў і ротмістраў. Польшча яшчэ не ведала такое паразы.

І ўсё ж Януш Радзівіл як мог сам рыхтаваўся да вайны. Хацеў апярэдзіць Маскву і яшчэ 16 лютага выдаў універсал аб зборы войска (і найманага, і рушання), у якім гаварыў: «Паколькі да мяне даходзяць пэўныя звесткі аб набліжэнні магутных маскоўскіх войскаў да межаў дзяржаваў Рэчы Паспалітае, задумаўшы як найхутчэй збіць той непрыяцельскі імпэт, нагадваю... і з улады сваёй сурова загадваю, каб вашыя міласці харугваў і камандаў сваіх трымаліся і ад іх ні на крок ад'язджаць не мерыліся... бо я на сойме... дзень другі толькі затрымаюся і... удзень і ўночы пабягу да Воршы» [3, т.34, с.8]. Казакам на Ўкраіну ён напісаў, каб тыя «ярма царскага, горшага ад няволі паганскай, на сябе не бралі», а лепей далучыліся б да яго. Аднак Хмяльніцкі адаслаў гэты зварот у Маскву. А шляхта не спяшалася да гетманскага абозу. Баялася пакідаць межы сваіх паветаў. На наваградскім сойміку так і было сказана, што шляхцічы «на каня сядаць і бараніць Айчыну» гатовы, ды «не паспалітым рушаннем, але толькі для абароны саміх сябе» [106, s.91].

Чарговы сойм Рэчы Паспалітай, які прыме ўхвалу аб 18-тысячным войску для Вялікага Княства Літоўскага і вырашыць нарэшце гетманскае пытанне, збярэцца ў Варшаве толькі 9 чэрвеня. Тады, калі маскоўскае войска будзе ўжо імкліва наступаць на Беларусь.

НАШЭСЦЕ


У нашего великого государя против

его недругов рать собирается

многая и несчетная...

Царскі пасол Чамаданаў

...Стрымаць такое вялікае войскаў

нашэсце няма ніякай магчымасці.

Вялікі гетман Радзівіл

Усе тры царскія арміі павінны былі ўдарыць адначасова. Галоўныя сілы пачалі рухацца з Масквы 15 траўня 1654 г. Тады ў бок мяжы Вялікага Княства Літоўскага выйшлі перадавы полк ваяводаў Мікіты Адоеўскага, Хведара Хварасціна і Дзімітра Львова ды ертавульны Васіля Шарамецева і Цімафея Шчарбатава. На другі дзень туды ж накіраваліся вялікі полк Якава Чаркаскага і старажавы Міхайлы Цёмкіна-Растоўскага. Дарэчы, калі выязджалі гусары палкоўніка Рыльскага, здарылася неспадзяванка: частка коннікаў пад брамай забылася своечасова апусціць даўжэзныя дзіды і адразу ж паламала іх [81, s.217].

18 траўня ў паход выпраўляўся сам цар з рэштаю палкоў. У Маскве цэлы дзень білі ў