Невядомая вайна: 1654-1667 [Генадзь Сагановiч] (fb2) читать постранично

- Невядомая вайна: 1654-1667 732 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Генадзь Сагановiч

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Генадзь Сагановіч Невядомая вайна: 1654-1667


Крыніца: Генадзь Сагановіч. Невядомая вайна: 1654-1667. Менск, Навука і тэхніка, 1995.


ПРАДМОВА


...Вайна крывавая, несправядлівая,

без прычыны і абвяшчэння.

Веспасіян Кахоўскі

Попел і чорнае вуголле, наверша стралы ў шкілеце і мноства магілаў - вось чым пазначаны для мяне пачатак непасрэднага вывучэння беларускага сярэднявечча. Перш быў Амсціслаў, археалагічная экспедыцыя А.Трусава. Пасля - даследванні ў Менску, раскопкі рэшткаў Дамініканскага касцёла пад кіраўніцтвам З.Пазняка. Ізноў тое ж ХVІІ ст.: расчыстка пахаванняў у лёхах былога храма, вялізных групавых магілаў, у якіх прабітыя, рассечаныя чарапы, а сярод цаглянага друзу - гарматнае ядро. Затым яшчэ былі Койданаў, Гарадок, раскопкі ў іншых гарадах і мястэчках, і паўсюль зноў і зноў уражвалі папялішчы ды чалавечыя косці, косці, косці...

Сляды якой трагедыі так неадступна спадарожнічаюць даследванням беларускага феадальнага горада? Базавыя гістарычныя веды, атрыманыя ў ВНУ, афіцыйна даступная літаратура не тлумачылі гэтага. Наадварот, яны ўсё заблытвалі. Бо, паводле прынятых уяўленняў, ХVІІ ст. на Беларусі не вылучалася асаблівым трагізмам, а самая доўгая трынаццацігадовая вайна - гэтак званая расейска-польская - была вызваленчай па характары. Нездарма, маўляў, жыхары беларускіх гарадоў і вёсак з радасцю сустракалі царскае войска, усяляк дапамагалі яму.

Але ў такім разе што гэта за жудасныя знішчэнні скрозь у археалагічных раскопах? Чаму ў Амсціславе на сцяне Кармяліцкага касцёла з правага боку каля хораў - фрэскавая выява гэтак званай «Трубяцкой разні»? І чаму, урэшце, звесткі пра тыя падзеі зацята ўтойваюцца?

Пошукам адказу на гэтыя пытанні колькі гадоў таму і пачалася мая даследчыцкая праца, вывучэнне матэрыялаў, непасрэдна ці ўскосна звязаных з вайной другой паловы ХVІІ ст. Што да завяршэння працы, дык яго, здаецца, не будзе ніколі, настолькі важнае і надзённае, з аднаго боку, і ў той жа час складанае і працаёмкае, з другога, поўнае даследванне гэтай тэмы.

Так, надзвычай важнае. Бо калі б у мяне спыталіся, што ў беларускай гісторыі я лічу найслаўнейшым, а што - самым трагічным, дык на першае пытанне адразу, бадай, і не знайшоў бы адказу, а на другое сказаў бы без сумневу: вайна 1654-1667 гг.

Так, вельмі складанае. Бо, здаецца, цяжка знайсці яшчэ нейкую гістарычную тэму, да такой жа ступені сфальсіфікаваную навуковай і папулярнай літаратурай ці проста ўтоеную ад народа. Цяпер ад гісторыка, паводле Ў.Пічэты, патрабуецца рэвізія па ўсім фронце. Але ў грамадстве пануюць даўно сцверджаныя стэрэатыпы, даўно складзеныя ўяўленні, у тым ліку і аб гісторыі дачыненняў паміж беларусамі ды расейцамі. І калі новая думка абвяргае раней прынятае, звыклае ўяўленне, яна сама амаль не ўспрымаецца.

Найчасцей можна пачуць папрокі, што ўсялякія размовы аб войнах маскоўскіх цароў на Беларусі пагражаюць «сапсаваць наша братэрства і добрасуседства», што яны - «выдумкі нацыяналістаў». Дык, можа, тады адмовіцца ад часткі сваёй гісторыі, ад гістарычнай навукі, ад гістарычнай памяці наогул? Але ў Эўропе веды пра даўнія войны немцаў, напрыклад, з французамі, чэхаў з немцамі, шведаў з палякамі не шкодзяць іх добрым узаемадачыненням.

Як тут не ўзгадаць славутага Нобеля, які калісьці слушна падкрэсліў, што з новых ведаў чалавецтва здабудзе больш карысці, чым шкоды. Сказанае цалкам тычыцца і гісторыі.

Пазнанне мінулага можа і павінна быць толькі незалежным ад палітычнай кан'юнктуры. Гэта першая і галоўная задача гістарычнай навукі. А знаходзіць у далёкіх падзеях надзённыя гістарычныя ўрокі - справа больш палітыкаў, чым гісторыкаў.

Цікавы парадокс: пры Савецкай уладзе да апошняга часу афіцыйная гістарыяграфія ніводнага разу не давала адмоўнай ацэнкі вайне 1654-1667 гг., не паказвала яе інтэрвенцыйную сутнасць - ні ў даследваннях, ні ў публікацыях матэрыялаў, тады як да 1917 г. пры выданні серыйных выпускаў актавых дакументаў, напрыклад, такой тэндэнцыйнасці не было. Выходзіць, Расейскую імперыю, спадкаемку Маскоўскай дзяржавы, якая і распачала тую вайну, задача паказваць яе толькі ў «патрэбным» святле займала менш, чым «краіну Саветаў».

У савецкай гістарычнай літаратуры падзеі 1654-1667 гг. вызначаюцца як «расейска-польская вайна», «вайна Расеі з Польшчай з-за Ўкраіны», «вайна паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай», «барацьба за Беларусь і Ўкраіну» - з малым выняткам ва ўсіх працах яны асвятляюцца як вайна «за ўз'яднанне Ўкраіны і Беларусі з Расеяй». Тлумачачы ваенныя падзеі, аўтары кіраваліся задачай апраўдання знешняй палітыкі маскоўскага ўрада нават тады, калі факты адкрыта пярэчылі гэтаму. Даходзіла да кур'ёзаў. Прыкладам, у манаграфіі А.М.Мальцава «Россия и Белоруссия в середине ХVІІ века» - працы, якую можна лічыць адной з найбольш аб'ектыўных у сучаснай расейскай гістарыяграфіі па гэтай праблеме, сцвярджаецца, што вайна