Шчаслівай долю назаві... [Нiна Мацяш] (fb2) читать постранично, страница - 3

- Шчаслівай долю назаві... 149 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Нiна Мацяш

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

мне ты: «Не кляніся!»
«Адзіны мой!»
А ты: «Не прысягай!»
О як ты, непаўторны мой, баішся,
Што раптам страціш спознены свой май!..
Табе ўсё роўна ўжо, што скажуць людзі —
Адно самому б толькі не здрабнець, —
Бо людзі перш апошляць ды асудзяць,
Пакуль сумеюць нешта ўразумець.
Каханы мой, о не, я не клянуся,
Адзіны мой, не прысягаю я:
Да вусцішнасці ж і сама баюся,
Што згіне, быццам здань, вясна мая.
Цалую распрамененыя вочы,
Гарнуся ўсёй істотай пад крыло
Ўзаемнасці, якую не сурочыць
Прызнаннямі — ўсім ростаням назло!
Ёсць толькі жыццяў нашых берагі...
Саколік мой,
Жаданы,
Дарагі...
1984


ЛАСТАЎЧЫНЫ БЕРАГ
О гэта ззянне спадзявання,
Што будзем, будзем разам мы,
Што лета нашага кахання
Навек нас выбавіць з зімы!..
Як доўга, цяжка мы блукалі
У зглухлых, ледзяных снягах,
Пакуль сябе не адшукалі
На ластаўчыных берагах.
Яшчэ між намі яр абставін,
Ды промень кладачкай пралёг,
Каб мы перамаглі расстанне,
Каб смутак знішчыць нас не змог.
Парыў і чысціня ў паглядзе —
Бяссмертны выклік небыццю.
Не здрадзім, родны мой, не здрадзім
Велікадушнаму жыццю!..
1987


* * *
Не люблю тэлефонных размоў.
Але ў свет мой званок уварвецца —
І зруйнуе спакой да асноў,
I на голас твой сэрца сарвецца,
Як зрываецца птушка ў палёт,
I, як птушка, ў блакіце крыляе
У бяздонных нябёсах пяшчот,
Дзе душа да душы прамаўляе.
Любы мой, любы мой, любы мой!
I часовае — з намі навечна.
Знае доля, якою цаной
Выкуплялі ў яе мы сустрэчу.
Жаваронкавы міг светлыні,
Барані нас цяпер, барані!..
1988


* * *
Мой муж, мой вечны падарожнік,
Мой найраднейшы чалавеча!
Жывём — як на чужым парозе:
То зоркі сыплюцца на плечы,
То гром настрашвае, то замець
Рагоча, што — не маем кута...
Усё абвалачэ няпамяць —
I мілаванне, і пакуты.
Але ж і ў радасці, і ў скрусе
Наяве зліты мы і ў мроі.
Два целы возьме смерць, а мусіць
Здаволіцца душой адною.
1988


ПАВУЧОК
Сшалець ад радасці — як недарэчна,
Як гэта жалю варта, сапраўды,
Аслепнуць і забыць, што вечна, вечна
Ты тут на павуцінку ад жуды.
Падцяты ў самым сонцы, і не сцяміш,
Як апынешся зноў у чорнай яме...
«Няхай не трызніцца, што ты тут — волат!
Не блюзніцца ўсёўладдзе ўласных рук!
А вось пабач, які ты босы-голы!
Паслухай вось, бяссілы, сык гадзюк!..»
Цябе шкадуюць проста адмыслова!
А з ямы выбавіць хоць хто гатовы?
Варушыцца надзеі павучок...
Зноў выштукуеш залаты гачок?..
1988


АДКАЖЫ
Сонца любові — за чорнай тугою,
Боль над усім:
Дзеля чаго я, дзеля чаго
У лёсе тваім?..
Так палымяна цягнуцца настрэчу —
Каб даказаць:
Блытаць каханне і лёс — недарэчы,
Іх не ўвязаць?..
Ты ці жартуеш на гэта як-небудзь,
Ці прамаўчыш...
Бо знаеш: адкрыта дарога на неба
Толькі праз крыж?..
Бо згодны: заманліва стаць крылатым,
Ды, што ні кажы,
Распятасць — нязмерна вялікая плата
За ззянне душы?..
1988


РОСПАЧ У ВЯЧЭРНІМ АЎТОБУСЕ
Уздрыгваюць ссутуленыя плечы...
Сутоніцца, і лівень на двары
Панура, утрапёна ў шыбы плешча,
Зняверыўшы пагодныя дары, —
I ты —
Рыдаеш, змоглы і стары...
Удаль дарога ўпоцемках пралегла,
Бяжыць аўтобус па дарозе ўдаль,
Дзе ўсё ў вузёл раздратавання збегла:
Рух, і лятунак, і нясцерпны жаль...
Бяжыць аўтобус,
I жыццё прабегла.