Шчаслівай долю назаві... [Нiна Мацяш] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Шчаслівай долю назаві... 149 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Нiна Мацяш

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

не ару, не сею і не жну я,
I не праду, не тку і не будую —
Выводжу толькі думкі на папас,
Над словам праўды зболенай шчырую.
Ці дарасту, ахвярнікі, да вас?
1987


I ТЫ — РАДЗІМА
Башкірыя! Зноў раннія снягі
Імкнуць з нябёсаў на твае разлогі,
А ты зычліва сцелеш мне пад ногі
Кілім гасціннасці найдарагі.
Башкірыя! Не бачыла яшчэ
Ні гор-лясоў тваіх, ні Агідэлі[1],
Ды ўжо мяне так шчодра абагрэлі
Агні твае ў імзе маіх начэй.
Башкірыя! Калі яшчэ вясна
З яе магутнай, жыватворнай ласкай?!.
Але цвіце дзівоснейшая краска
Душы тваёй, і мне цвіце яна!
Услухваюся ў песню: о, як шмат
У ёй журбы!.. Нібы ў бярозы ніцай...
Башкірыя! Мы ўжо не чужаніцы.
I ты — Радзіма. Дзякую. Рахмат.
1985


НЕ ТРЭБА ПЫТАЦЦА
Не трэба пытацца, што можа
Любоў наша, еднасць людская:
Не ўсё ўзяць нам тут на аброжак,
Вось справа якая.
Ды ўсё ж узаемныя смуткі
Мы здольны хоць трошкі ўтаймоўваць —
Пакуль не змялела ціхутка
Сардэчная мова.
Купаным у гэтым вытоку
Найгодных людскіх парыванняў,
I сам ён кладзецца пад крокі —
Шлях да ратавання.
1984


МАТЫЛЁК
З прыватнага ліста


Нахалолі шыбы з ночы, затуманелі,
Па-асенняму глядзяцца ў мокры сад.
Не забавілася слота, хмурай паняю
На пачэсны самы просіцца пасад.
З ёю жарты, з ёю сваркі - надарэмныя,
Гаспадарліва шчыруе ад душы:
Носіць жухлую лістоту абярэмкамі,
Носіць суткамі дажджы ў гнілым кашы.
Ды бывае - неба гляне так падсінена!
І тады, нібы дзівосны госць здалёк,
У акно, што па нагоду зноў расчынена,
Трапятліва залятае матылёк.
Ах ты, госць мой! Рэха лета - выпадковае!
Аж вачам уласным веры не даю...
Як жа хораша замовай каляроваю
Ты няўтульнасць заварожваеш маю!
Матылёчак, летуценнейка дзіцячае...
І лагодзяцца маршчынкі на ілбе,
І шчэ гэтулькі пяшчоты нерастрачанай:
Знік ты - я ж усё ўсміхаюся табе!..
1984


ОДА ДЗІВОСНА ПРЫГОЖАМУ ЧАЛАВЕКУ
Сымону

Існуе ж хараство!.. Як на ікону,
Так і глядзела б на цябе да скону,
Не заўважаючы ваколля, часу -
Ва ўладзе неўгаданейшага шчасця
Наяве анынуцца раптам сведкай
Гармоніі невераемнай гэткай
Духоўнага і вонкавага, -
мусіць,
Такі адзіны ты на Беларусі!
Бо цуд, каб часты быў, не зваўся б цудам.
Відаць, ніколі з памяці не збуду
Прадоннай, засяроджанае плыні
З вачэй тваіх, нібы валошкі, сініх,
Такіх сінюткіх - аж безабаронных
Пры смолі валасоў рассераброных!
Нібы крынічку, не стамлюся слухаць
Бянтэжлівасць усмешкі, годнасць рухаў,
Усё тваё прыўкраснае аблічча,
Сагрэтае, ажыўленае знічам
Душ волелюбных нашага народу,
Якім -
ты - знак таго -
не будзе зводу!
1985


* * *
Я ўсё жыццё Цябе шукала,
Гадамі йшла праз морак і праз боль,
Як быццам верыла, як быццам знала,
Што немінуча стрэнуся з Табой.
Аж дзіўна, скуль было той веры брацца
Пры ўсведамленні: рады тут няма...
Ды нешта ўсё загадвала: трымацца!
Ды нешта цвердзіла ўсё: недарма!
Я акіян тугі правеславала,
Я тысячу пустынь перабрыла
I тысячу надзей там пахавала.
I вось — знайшла... Я ўсё ж Цябе знайшла?!
О, толькі не пакінь, не адступіся!
Пазнай мяне, прызнай, не абміні!
Цяпер Ты ўсё мне: і мой дол, і высі, —
Вясёлку свету белага вярні!
Падломваюцца ад дарог калені,
Вось-вось лісточкам сэрца абляціць, —
Не адвярніся!..
Больш з такім маленнем
Ужо няма мне да каго ісці.
1985


СТРАХ
«Каханы мой!»
А