Буранны паўстанак [Чынгіз Айтматаў] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Буранны паўстанак (пер. Міхась Стральцоў) 954 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Чынгіз Айтматаў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

хвіліны, і гэтага было дастаткова, каб замітусіцца, закуляцца, нібы мятлушцы, бо раптоўна з павароту сцебанулі бліжнія і дальнія агні лакаматываў, і магутныя пражэктары, высвятляючы наперадзе і асляпляючы ўсё наўкол, імгненна расхінулі стэп, бязлітасна паказваючы яго мёртвую пустэчу. А цягнік напорна імкнуў па рэйках. У паветры запахла пякучым дымам і пылам, шугануў вецер…

Лісіца апантана кінулася прэч, час ад часу азіраючыся, прыпадаючы ў сполаху да зямлі. А пачвара са сляпучымі агнямі доўга лескатала і неслася, доўга яшчэ стукала коламі. Лісіца ўскочыла і зноў кінулася апантана бегчы…

Потым яна аддыхалася, і яе зноў пацягнула туды, да чыгункі, дзе можна было наталіць голад. Але наперадзе зноў мільгануліся агні, зноў лакаматывы цягнулі доўгі гружаны састаў.

Тады лісіца пабегла ў абход па стэпе, рашыўшы, што выйдзе да чыгункі ў такім месцы, дзе не ходзяць цягнікі…


Цягнікі тут ішлі з усходу на захад і з захаду на ўсход…

А па баках ад чыгункі ў гэтых мясцінах ляжала вялікая пустынная пространь — Сары-Азекі, Сярэдзінныя землі жоўтых стэпаў.

У гэтых мясцінах любая адлегласць вымяралася адносна чыгункі, нібы адносна якога Грынвічскага мерыдыяна…

А цягнікі ішлі з усходу на захад і з захаду на ўсход…


Апоўначы нехта доўга і настойліва дабіраўся да яго ў будку стрэлачніка, спачатку наўпрост па шпалах, потым, як паказаўся наперадзе стрэчны цягнік, скаціўшыся з адхону, прабіраўся, як у пургу, засланіўшыся рукамі ад ветру і пылу, якія выносіла шквалам з-пад хуткага таварняка (гэта ішоў зялёнай вуліцай ліцерны састаў — цягнік асобага прызначэння, ён паварочваў затым на асобную лінію ў закрытую зону Сары-Азек, там у іх свая, асобная чыгуначная служба, далей, на касмадром, карацей кажучы, таму цягнік ішоў увесь закрыты брызентам і з вайсковай аховай на платформах). Едыгей адразу здагадаўся, што гэта жонка спяшала да яго, што нездарма спяшаецца і што ёсць на тое нейкая надта сур'ёзная прычына. Так яно потым і пацвердзілася. Але паводле абавязку службы ён не меў права адлучацца з месца, пакуль не пракоціцца міма апошні хваставы вагон з кандуктарам на адкрытай пляцоўцы. Яны пасігналілі адзін аднаму ліхтарамі ў знак таго, што ўсё ў парадку, і толькі тады бадай аглохлы ад суцэльнага шуму Едыгей павярнуўся да задыханай жонкі:

— Ты чаго?

Яна трывожліва зірнула на яго і шавяльнула губамі. Едыгей не пачуў, але зразумеў — так і думаў.

— Хадзем сюды ад ветру. — Ён павёў яе ў будку.

Але перш чым пачуць з яе вуснаў тое, пра што сам здагадваўся, у тую хвіліну чамусьці здзівіла яго іншае. Хоць і раней ён прыкмячаў, што гады не маладзілі яе, але гэты раз, калі ўбачыў яе задыханую пасля цяжкай хадзьбы, тое, як страшна хрыпела і сіпела ў яе грудзях і як ненатуральна высока ўздымаліся яе схуднелыя плечы, яму стала балюча і крыўдна за яе. Моцнае электрычнае святло ў маленькай, чыста пабеленай чыгуначнай будцы яшчэ больш падкрэсліла застарэлыя змаршчакі на счарнелых шчоках Укубалы (а быў жа некалі твар смуглявы, роўнага пшанічнага адцення, і вочы заўжды ззялі чорным бляскам), і яшчэ гэты шчарбаты рот, які наводзіў на думку, што пажылай жанчыне хоць бы ўжо не быць бяззубай (даўно трэба звазіць яе на станцыю ўставіць гэтыя самыя металічныя зубы, цяпер усе, і стары і малы, ходзяць з такімі), а тут яшчэ гэтыя сівыя, белыя-белыя пасмы валасоў, рассыпаныя па твары, выбіўшыся з-пад хусткі, балюча рэзнулі па сэрцы. «Эх, як пастарэла ты ў мяне», — пашкадаваў ён яе ў душы з нейкім шчымлівым пачуццём уласнай віны. І таму яшчэ больш адчуў у сабе маўклівую ўдзячнасць за ўсё тое, што было перажыта разам многія гады, і асабліва за тое, што прыбегла вось па чыгунцы, сярод ночы, у самы дальні канец раз'езда з-за павагі і абавязку, бо ведала, што гэта важна для Едыгея, прыбегла сказаць пра смерць няшчаснага старога Казангапа, адзінюткага, — так і памёр адзін у пустой мазанцы, бо разумела — толькі Едыгей адзін на свеце блізка да сэрца прыме смерць усімі забытага чалавека, хоць нябожчык і не даводзіўся мужу ні братам, ні сватам.

— Садзіся, аддыхайся, — сказаў Едыгей, калі яны ўвайшлі ў будку.

— І ты садзіся, — сказала яна мужу.

Яны селі.

— Што здарылася?

— Казангап памёр.

— Калі?

— Ды вось толькі што забегла — як ён там, думаю, можа, што трэба. Уваходжу, святло гарыць, і ён сам на сваім месцы, і толькі барада стырчком неяк, задралася ўгору. Падыходжу. Казаке, кажу, Казаке, можа, вам чаго гарачага, а ён ужо… — яе голас перацяўся, слёзы нагарнуліся на вейкі, і, усхліпнуўшы, Укубала ціха заплакала. — Вось як яно выйшла пад канец. Які чалавек быў! А памёр — некаму, бач, вочы закрыць, — бедавала яна, плачучы. — Хто б мог падумаць? Так і памёр чалавек… — Яна хацела сказаць, — як сабака на дарозе, але змоўчала, не стала ўдакладняць, і без таго зразумела.

Слухаючы жонку, Буранны Едыгей, так звалі яго тут, змрочна сядзеў на прыстаўной лаве, паклаўшы цяжкія, як карчы, рукі на калені. Казырок чыгуначнай фуражкі, добра-такі