Буранны паўстанак [Чынгіз Айтматаў] (fb2) читать постранично

- Буранны паўстанак (пер. Міхась Стральцоў) 954 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Чынгіз Айтматаў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Чынгіз Айтматаў Буранны паўстанак

І гэта кніга — нібы маё цела,

І гэта слова — на замен душы…

Грыгор Наракацы,
«Кніга скрухі», Х ст.

I


Трэ было багата цярплівасці дзеля пошуку здабычы ў скамянелых равах і аблыселых лагах. Дзеля таго, каб чытаць заблытаныя аж да кружэння галавы мітуслівыя пошвы на жвіры, пакінутыя рознай дробнай істотай, што жыла ў зямлі, дзеля таго, каб ліхаманкава разгрэбці суслікавую нару або прычакаць, калі стоены пад стрэшкай старой прамоіны малюсенькі тушканчык выскачыць нарэшце на гальнае месца, дзе яго можна было б прыдушыць у адзін дых; дзеля той галоднай лісы, якая выйшла на мышкаванне і паволі, няўхільна набліжалася здаля да чыгункі, што цямнела роўным гарбячком у стэпе, які лісу і завабліваў і палохаў адначасова, па якім то ў адзін, то ў другі бок, цяжка скаланаючы зямлю наўкол, праносіліся грымотныя цягнікі — пакідалі за сабой з дымам і куродымам моцныя, тхлівыя пахі, якія слаліся па зямлі разам з ветрам.

Пад вечар лісіца залегла збоч тэлеграфнай лініі на дне раўка, у густым і высокім лапіку шчаўевага бадылля і, згарнуўшыся рудым камячком каля цёмна-рудых, абсыпаных насеннем сцяблін, цярпліва чакала ночы, нервова торгаючы вушамі, увесь час прыслухоўваючыся да тонкага посвісту панізовага ветру ў каляных, памярцвелых ужо травах. Тэлеграфныя слупы гэтаксама нудна гулі. Ліса, аднак, іх не баялася. Слупы заўжды застаюцца на месцы, яны не могуць даганяць.

Ды аглушальны шум цягнікоў раз-пораз прымушаў яе напружана ўздрыгваць і яшчэ больш сціскацца. Праз гэты шырока-дрыготкі дол усім сваім кволым целам, рэбрамі яна адчувала пачварную моц таго, што прыгнятала зямлю, адчувала яраснасць руху саставаў і ўсё-ткі, перамагаючы страх і гідоту да чужых пахаў, не ішла з яру, чакала той пары, калі прыцемкамі на чыгунцы стане спакайней.

Яна прыбягала сюды не так і часта, толькі ў выключна галодных выпадках…

У перапынках паміж цягнікамі ў стэпе наставала раптоўная цішыня, як пасля абвалу, і ў той выключнай цішыні лісіца вылучыла ў наваколлі насцярожліва-няпэўны, аддалены вышынёй гук, што лунаў над сутонлівым стэпам, — ледзь чутна, не прыналежна нікому. То было трымценне паветраных струменяў, то быў знак на скорую перамену надвор'я. Яна падсвядома адчувала гэта і горасна сціналася, застываючы ў нерухомасці, ёй хацелася завыць уголас, зацяўкаць ад няпэўнага прадчування нейкай агульнай бяды.

Але голад заглушаў нават гэты трывожлівы напамінак прыроды.

Залізваючы час ад часу натруджаныя мазалі лап, ліса адно ціхутка скуголіла.

Тымі днямі вечаровай парой ужо халаднела, бралася на восень. Начамі ж глеба хутка настывала, і на світанні стэп крыўся шараватым, як саланчак, налётам недаўгавечнага інею.

Скупая, невясёлая пара наставала для стэпавага звера. Нячастая дзічына, што была тут летам, знікала — хто ў цёплыя краі, хто ў норы, хто зашываўся на зіму ў пясок. Цяпер кожная лісіца дбала аб сабе, шнырачы па стэпе на адзіноце, быццам нікога не засталося ад родзічаў. Маладняк таго году падрос ужо і разбегся кожны хто куды, а шлюбная пара была яшчэ наперадзе, калі лісы пачнуць збягацца зімой адусюль для новых стрэч, калі самцы будуць сыходзіцца ў бойцы з такой прагай, якой надзелена жыццё ад пачатку свету…

З надыходам начы лісіца выйшла з яру. Чакала, услухоўваючыся, а потым патрухала да чыгуначнага насыпу, нячутна перабягаючы то на адзін, то на другі бок палатна. Тут ёй трапіліся аб'едкі, выкінутыя пасажырамі з акон вагонаў. Доўга ёй давялося бегчы ўздоўж адхонаў, абнюхваючы дол, пакуль не патрапіла на нешта больш-менш вартае. Усё наўсцяж палатна было забруджана абрыўкамі паперы і скамечаных газет, бітымі бутэлькамі, недакуркамі, пагнутымі бляшанкамі і іншым непатрэбным смеццем. Асабліва брыдка пахла з гарлавін ацалелых бутэлек — тхнула дурманам. Пасля таго як колькі разоў закружылася ў галаве, лісіца ўжо асцерагалася ўдыхаць тое цяжкое паветра. Фыркала, адскоквала адразу ўбок.

А таго, што ёй трэба было, дзеля чаго яна так доўга рыхтавалася, перасільваючы ўласны страх, як на тое, не траплялася.

І ў надзеі, што яшчэ ўдасца чым-небудзь падсілкаваць сябе, лісіца нястомна бегла па чыгунцы, гайсаючы з аднаго яе боку на другі.

Але раптам яна запыніла бег, прыўзняўшы пярэднія лапы, нібы аглушаная чым. Нявідная ў хісткім святле высокага імглістага месяца, яна стаяла паміж рэйкамі як прывід, не выдаючы сябе нічым.

Насцярожліва далёкі гул усё яшчэ няўхільна набліжаўся. Пакуль ён быў надта далёка. Усё гэтак жа прутка трымаючы хвост, ліса нерашуча перастаўляла ногі, мяркуючы, пэўна, падацца адсюль. Але раптам яна заспяшалася, пачала шпарыць наўзбоч, відаць, спадзеючыся патрапіць на нешта такое, чым можна было б паласавацца. Чула — вось-вось будзе знаходка, хоць аднекуль насоўваўся грозным наступам жалезны лязгат і перастук соцень колаў. Ліса замарудзіла ўсяго на нейкую долю