Каханне падчас халеры [Габриэль Гарсия Маркес] (epub) читать онлайн

-  Каханне падчас халеры  (пер. Карлос Шерман) (а.с. Noblesse Oblige) 697 Кб скачать: (epub 2) - (epub 2+fbd)  читать: (полностью) - (постранично) - Габриэль Гарсия Маркес

Книга в формате epub! Изображения и текст могут не отображаться!


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]


Каханне падчас халеры
Каханне падчас халеры
Зноскі
Падзякі

Gabriel García Márquez

EL AMOR EN LOS TIEMPOS
DEL CÓLERA

Серыя «Noblesse Oblige» 

Габрыель Гарсія Маркес

КАХАННЕ
ПАДЧАС ХАЛЕРЫ

Раман

Пераклад з іспанскай 

Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу праваўладальніка


Серыя заснавана ў 2017 годзе


Рэдактар серыі Сяргей Макарэвіч


Пераклад з іспанскай Карласа Шэрмана паводле выдання:

Gabriel Garsía Márquez. El amor en los tiempos de cо`lera. Barcelona: Bruguera, 1985.


У афармленні вокладкі выкарыстаны фрагмент карціны Віктора Браўнэра «Фрыка ў выглядзе страху» (1950 г.)


Маркес, Г. Г.

Каханне падчас халеры : раман / Габрыель Гарсія Мар­кеспер. з ісп. Карласа Шэрмана. — Мінск : А. М. Януш­кевіч, 2017. — 368 с. — (Cерыя «Noblesse Oblige»).


ISBN 978-985-7165-43-8.


«Каханне падчас халеры» — раман знакамітага калумбійскага пісь­мен­ні­ка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 1982 года Габрыеля Гарсія Маркеса (1927—2014).

Прыгажуня Фэрміна Даса адмовілася выйсці замуж за Флярэнтына Арысу, якога кахала. І пабралася шлюбам з іншым. Флярэнтына ж не траціў на­дзеі некалі падзяліць з каханай шчасце сумеснага жыцця. Праз пяцьдзясят тры гады, сем месяцаў і адзінаццаць дзён яго мара здзейснілася.

Самы аптымістычны твор Маркеса. Упершыню выдаецца па-беларуску.

© GABRIEL GARCÍA MÁRQUEZ, 1985 and Heirs of GABRIEL GARCÍA MÁRQUEZ
© К. Шэрман, пераклад на беларускую мову, 2005
© Афармленне. Выдавец А. М. Янушкевіч, 2017
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017

Прысвячаецца Мэрсэдэс, вядома ж

Прагрэс не абышоў гэтага месца —
яно нават мае каранаваную багіню.

Леандра Дыяс

Гэта было непазбежна: пах горкіх мігдалаў заўсёды змушаў доктара Хувэналя Урбіна думаць пра лёс тых, чыё каханне адрынулі. Ён улавіў злавесны пах, як толькі пераступіў парог яшчэ пагружанага ў змрок дома, куды накіраваўся з пільнай патрэбы, якая шмат гадоў таму перастала быць для яго пільнай. Антыльскі ўцякач Ерэмія дэ Сэнт-Амур, інвалід вайны, дзіцячы фатограф і самы паблажлівы спаборнік доктара ў шахматных баталіях, пазбавіўся ад пакутаў успамінаў пры дапамозе параў цыяніду золата.

Доктар Урбіна знайшоў труп пад коўдрай на паходным лож­ку, дзе ўцякач заўсёды спаў. Побач стаяў зэдлік, а на ім — фатаграфічная кювета: менавіта гэтая кювета і спатрэбілася яму напаследак, цяпер для атруты. На падлозе, прывязанае да ложка, ляжала нежывое цела вялікага дацкага дога — чорнага, са снежнай грудкай, а побач валяліся мыліцы. Той ранняй гадзінай у душны ды цесны пакой, які адначасова слу­жыў спальняй і лабараторыяй, праз адчыненае акно толькі пачало прабівацца святло, аднак і яго было досыць, каб тут жа распазнаць уладарку-смерць. Астатнія вокны, як і ўсялякія іншыя шчыліны ў пакоі, былі заткнутыя анучамі ды чорным кардонам, — таму гэтак адчувалася цяжкая духата. Вя­лі­кі стол быў завалены рознымі бутэлечкамі і цюбікамі без апазнавальных надпісаў. Дзве аблупленыя металёвыя кюветы стаялі пад звычайнай лямпай у чырвоным папяровым абажуры. Трэцяя ванначка — для фіксажу — знаходзілася каля нябожчыка. Наўкола валяліся старыя часопісы і газеты, стосы шкляных фотанегатываў, паламаная мэбля, але чыясьці старанная рука берагла ўсё гэта ад пылу. Хоць паветра, што трапіла ў пакой праз адчыненае акно, і ачысціла памяшканне ад пабочных пахаў, той, хто колісь зведаў пах горкіх мігдалаў, яшчэ мог адчуць ледзь улоўны павеў нешчаслівага кахання. Не аднойчы доктар Хувэналь Урбіна думаў пра жытло прыяцеля, што гэта не самае ўдалае месца для смерці з Божае лас­кі. Аднак змрочных прадчуванняў не было, і з цягам часу ён неяк прызвычаіўся ды вырашыў, што гэты гармідар усё-ткі падначалены загадкаваму наканаванню нябёсаў.

Камісар паліцыі апярэдзіў яго. Ён ужо быў тут разам з юнаком, які праходзіў практыку па судова-медыцынскай экспертызе ў дыспансеры муніцыпалітэта, і менавіта яны праветрылі пакой і ўкрылі нябожчыка, чакаючы доктара Урбіна. Абодва павіталіся з ім урачыста, і гэтым разам выказвалі, хутчэй, спачуванне, чымся пашану, бо не было чалавека, які б не ведаў пра доктарава сяброўства з нябожчыкам Сэнт-Амурам. Знакаміты мэтр падаў ім руку, як заўжды вітаўся з кожным са сваіх студэнтаў перад штодзённай лекцыяй па агульнай клініцы, пасля ўзяў край коўдры двума пальцамі, нібыта кветку, і ўзняў яе, агаляючы нябожчыка павольна, з рытуальнай маруднасцю. Цела было зусім голым, сутаргава скрыўленым і ссінелым, з расплюшчанымі вачыма. Нябожчык выглядаў на шмат гадоў старэйшым, чым мінулай ноччу. Зрэнкі былі празрыстыя, барада і валасы — пажоўклыя, а стары шнар перасякаў жывот. Ён быў калісьці зашыты простай грубай ніткай. Торс і рукі, напрацаваныя мыліцамі, выглядалі моцнымі, рыхтык як у галерніка, затое якімі кволымі былі ногі! Доктар Хувэналь Урбіна паглядзеў на яго і адчуў — сэрца сціснулася, як толькі зрэдчас бывала за доўгія гады бясплённай вайны са смерцю.

— Баязлівец, — шапнуў ён. — Самае страшнае ўжо мінулася.

Ён ахінуў яго коўдрай і зноў адчуў сваю акадэмічную год­насць. Летась доктар тры дні афіцыйна адзначаў сваё васьмідзесяцігоддзе і ў прамове ўдзячнасці ўжо не ўпершыню пераадолеў спакусу адысці ад справы. Ён сказаў: «У мяне будзе зашмат часу на адпачынак пасля смерці, але гэтае сумнае мерапрыемства пакуль не ўваходзіць у мае планы». Хоць правым вухам доктар чуў усё горш і карыстаўся кіем са срэбнай булдавешкай, каб хаваць няўпэўненасць хады, ён, як і ў маладосці, насіў ільняную тройку, камізэльку якой упрыгожваў залаты ланцужок гадзінніка. Пастэраўская бародка, што паблісквала перламутрам, і срэбныя валасы, акуратна зачасаныя на просты прабор, былі слушнымі паказнікамі ягонага характару. Усё больш трывожную эрозію памяці ён па мажлівасці кампенсаваў цыдулкамі на шматках паперкі, якія зрэшты блыталіся па кішэнях, як інструменты і флаконы з лекамі сярод рознай драбязы ў набітым партфелі. Ён быў не толькі найстарэйшым і найслыннейшым лекарам, але і найэлегантнейшым чалавекам у горадзе. Аднак праз неадольнае жаданне бліснуць эрудыцыяй і далёка не беззаганную манеру карыстацца сілай свайго імя яго паважалі менш, чым ён заслугоўваў.

Інструкцыі камісару і практыканту ён выдаў дакладна і шпар­ка. Не трэба губляць час на ўскрыццё. Паху ў доме досыць, каб вызначыць: прычынай смерці сталіся пары цыяністай солі. Каб выклікаць рэакцыю ў скрыні, фатограф выкарыстаў кіслату, якую меў для працы, а нешчаслівы выпадак выключаўся, бо Ерэмія дэ Сэнт-Амур выдатна ведаў хімію. Калі камісар завагаўся, доктар паразіў яго, нібыта ўдарам шпагі, тыловым для яго: «Не забудзьма, пасведчанне аб смерці падпісваю я». Практыкант быў расчараваны: яму ніколі не даводзілася бачыць на практыцы ўплыў цыяніду на арганізм чалавека. Доктар Хувэналь Урбіна здзівіўся, што раней не бачыў юнака ў Школе медыцыны, але, заўважыўшы сарамлівасць і андыйскае вымаўленне, уцяміў: ён, відаць, зусім нядаўна прыехаў у горад. І сказаў яму: «Хопіць яшчэ вар’ятаў ад кахання, праз дзён колькі і ў вас будзе мажлівасць». І толькі вымавіўшы гэта, схамянуўся, бо сярод безлічы самагубцаў, якія ўжывалі цыяністую соль, на ягонай памяці гэта быў першы, хто пакінуў свет не з прычыны нешчаслівага кахання. Штосьці змянілася ў ягоным голасе.

— Вось тады і звярніце ўвагу, — дадаў ён, — у іх зазвычай пясок у сэрцы.

Потым доктар Урбіна загаварыў з камісарам, нібыта з падначаленым. Ён загадаў абысці ўсялякія фармальнасці з тым, каб пахаванне адбылося сёння ж увечары і цалкам патаемна. І падкрэсліў: «Я пагутару з алькальдам[1] пазней». Доктар Урбіна ведаў, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур жыў надзвычай аскетычна, у найвышэйшай ступені сціпла, але сваім мастацтвам зараб­ляў шмат болей, чымся трэба для пражыцця, таму ў якой-­небудзь шуфлядзе мусяць быць грошы, на хаўтурныя выдаткі будзе досыць.

— А калі і не знойдзеце, не бяда, — удакладніў ён, — я бяру ўсё на сябе.

Ён загадаў сказаць журналістам, што фатограф памёр натуральнай смерцю, хоць і падумаў: навіна не зацікавіць іх ні з якога боку. І падкрэсліў: «Калі трэба, я пагутару з губернатарам». Камісар быў чыноўнікам сур’ёзным ды нешматслоўным, ён ведаў, што мэтр сваім грамадзянскім сумленнем раздражняў нават самых блізкіх і цярплівых сяброў, таму яго здзіўляла лёгкасць, з якой доктар, каб паскорыць пахаванне, абыходзіў законныя працэдуры. Камісар адно што не пагадзіўся на размову з арцыбіскупам, каб той дазволіў пахаваць Ерэмію дэ Сэнт-Амура ў святой зямлі гарадскіх могілак. Праўда, ён тут жа засмуціўся з-за сваёй дзёрзкасці і паспрабаваў неяк згладзіць няёмкую сітуацыю.

— Я так разумею, гэта быў святы чалавек, — сказаў ён.

— Не тое слова, — адказаў доктар Урбіна, — гэта быў святы атэіст. Але ў гэтых справах толькі Бог суддзя.

Здалёк, з іншага краю каланіяльнага горада, пачуліся званы кафедральнага сабора, якія склікалі да ўрачыстага набажэнства на Святую Сёмуху. Доктар Урбіна надзеў пенснэ са шкельцамі-палавінкамі ў залатой асадзе і зірнуў на гадзіннік, квадратны і тонкі, з вечкам на спружыне: яшчэ трошкі, і ён прапусціў бы святочную імшу.

У пакоі стаяла вялізная фотакамера на маленькіх колах, такая, як у парках; насупраць вісеў заднік з намаляваным самаробнымі фарбамі захадам сонца над морам. Сцены ж былі ўвешаныя дзіцячымі партрэтамі: першая камунія, першы карнавал, шчаслівы дзень нараджэння. Доктар Урбіна год за годам назіраў, як паступова пад фотапаперай знікалі сцены, меркаваў аб гэтым падчас засяроджаных вечаровых роздумаў і не раз думаў з адчаем прадчування, што ў гэтай галерэі выпадковых партрэтаў крыецца зародак будучага гора­да, якім будуць кіраваць, давядуць яго да распусты гэтыя незнаёмыя дзеці, і ў якім не застанецца і попелу ад ягонай, доктара Урбіна, славы.

На пісьмовым стале, каля шклянкі з курыльнымі люлькамі старога марскога ваўка, засталася шахматная дошка з незавершанай партыяй. Нягледзячы на спешку й змрочны настрой, доктар Урбіна не ўтрымаўся ад спакусы прааналізаваць партыю. Ён дакладна ведаў, што гэта была партыя мінулага вечара, бо Ерэмія дэ Сэнт-Амур гуляў штовечар і як мінімум з трыма рознымі партнёрамі, але заўжды, завяршаючы гульню, клаў фігуркі ў скрыню, а скрыню — у шуфлядку стала. Ведаў ён і тое, што нябожчык гуляў толькі белымі, і ў гэтай партыі, увачавідкі, яго чакала немінучая параза праз чатыры хады. «Калі б размова ішла пра забойства, вось дзе была б зачэпка, — сказаў ён сабе. — Толькі адзін чалавек у гора­дзе здолеў бы падвесці да такой геніяльнай пасткі». Для доктара Урбіна жыццё сталася б невыносным, калі б пазней ён не дазнаўся, чаму непакорлівы салдат, які звычайна змагаўся да апошняй кроплі крыві, пакінуў поле апошняй у жыцці бітвы дачасна.

А шостай ранку, падчас канчатковага абходу, вулічны вартаўнік заўважыў паперу, прыколатую да ўваходных дзвярэй: «Зайдзіце без стуку ды выклічце паліцыю». Неўзабаве з’явіўся камісар з практыкантам, і яны разам абыходзілі дом у пошуках абвяржэння недвухсэнсоўнага паху горкіх мігдалаў, але дарэмна. Аднак цяпер, за лічаныя хвіліны, што спатрэбіліся доктару для разбору незавершанай партыі, камісар знайшоў сярод папер на пісьмовым стале канверт, адрасаваны доктару Хувэналю Урбіна ды так запячатаны плямінамі сургуча, што давялося літаральна раздзерці яго, каб дастаць ліст. Доктар адвёў чорную фіранку з акна майстэрні, — інакш было цёмна, — потым шпарка прагледзеў усе адзінаццаць старонак, якія ўцякач напісаў з двух бакоў разборлівым почыркам, і як толькі прачытаў першы абзац, зразумеў, што давядзецца забыць пра прычасце на стольным свяце Сёмухі. Ён чытаў у вялікім хваляванні, вяртаючыся на некалькі старонак, каб знайсці страчаную нітку сэнсу, і калі завершыў чытанне, яму здавалася, што ён толькі што вярнуўся здалёк, праз перашкоды часу і прасторы. Прыгнечанасць была відавочнай, хоць ён старанна яе хаваў: на ягоныя вусны легла смяротная сінеча, ён не здолеў суняць дрыготку ў пальцах, калі складваў ліст і засоўваў яго ў кішэню камізэлькі. Тут ён узгадаў пра камісара з практыкантам і ўсміхнуўся ім праз туман смутку.

— Нічога асаблівага, — уздыхнуў ён, — тут апошнія даручэнні.

Гэта было праўдай толькі напалову, але яны паверылі яму, бо ён загадаў узняць адну з плітак падлогі, пад якой яны знайшлі старадаўні блакнот з запісамі прыбыткаў-выдаткаў і кодам сейфа. Там было менш грошай, чым яны чакалі, але цалкам хапала на хаўтурныя і іншыя выдаткі. Доктар Урбіна нарэшце ўцяміў, што не паспее ў кафедральны сабор нават да канца заключнага псалма.

— У трэці раз я прапускаю нядзельную імшу з тае пары, як помню сябе, — уздыхнуў ён. — Даруй мне Божа.

Ён затрымаўся яшчэ на колькі хвілін, распарадзіўся пра ўсё да драбязы, хоць ледзь стрымліваў жаданне як мага хутчэй падзяліцца з жонкай адкрыццямі ашаламляльнага ліста. Ён узяўся перадаць вестку пра смерць Ерэміі дэ Сэнт-Амура шматлікім карыбскім уцекачам, што жылі ў горадзе, бо яны, верагодна, захочуць развітацца з найбольш шаноўным, актыўным і непакорлівым з іх, хоць было відавочна, што з гадамі яго апанавала расчараванне. Акрамя таго, доктар Урбіна паведаміць сумную навіну прыяцелям па гульні ў шахматы, сярод якіх былі і вядомыя гораду людзі, і невядомыя рамеснікі; ён распавядзе пра сумнае здарэнне нават тым, хто зрэдчас заходзіў на партыю-другую, яны, магчыма, захочуць прыйсці на пахаванне. Яшчэ не прачытаўшы ліст, ён думаў, што быў самым лепшым сябрам нябожчыка, але пасля чытання страціў усялякую ўпэўненасць. Так ці іначай, ён прышле найлепшы вянок з гардэній, — хто ведае, а мо Ерэмія дэ Сэнт-Амур адчуў перад смерцю хоць хвіліннае каянне. Пахаванне прызначылі на пятую ўвечары — найлепшы час у спякотны сезон года. Калі будзе патрэба, доктара можна будзе знайсці апоўдні або пазней у загараднай сядзібе доктара Лясыдэса Алівэллі, яго ўлюбёнага вучня, які ў той жа дзень адзначаў срэбнае вяселле з медыцынскай прафесіяй урачыстым абедам.

Распарадак дня доктара Хувэналя Урбіна, які ён вызначыў раз і назаўсёды з тае пары, як засталіся ззаду гады першых баявых хрышчэнняў, і ён дасягнуў найвышэйшай пашаны ў правінцыі, быў надзвычай простым. Уздымаўся ён з першымі пеўнямі і адразу прымаў свае патаемныя лекі: броміс­ты калій для падняцця гумору, саліцылавы натар ад ламаты перад дажджом, колькі кропель выціску прарослага жыта ад кружэння галавы, беладонну для спакойнага сну. Лекі ён прымаў штогадзіны, заўжды ўпотайкі, бо цягам усёй сваёй лекарскай ды выкладчыцкай практыкі і ўслых выказваўся суп­роць прызначэння паліятыўных сродкаў ад старасці: чужы боль ён перажываў лягчэй, чым свой. У кішэні ў яго заўсёды была падушачка з камфарай, і, калі ніхто не бачыў, ён глыбока ўдыхаў яе пары, — гэта нібыта здымала страх, які ўнушала блытаніна з лекамі, што ён прымаў.

Гадзіну доктар бавіў у сваім кабінеце, рыхтуючы лекцыю па агульнай клініцы: ён выкладаў у Школе медыцыны ад восьмай ранку кожны дзень ад панядзелка да суботы да самага пярэдадня сваёй смерці. Ён таксама з ахвотай знаёміўся з новымі літаратурнымі творамі, якія дасылаў яму па пошце парыжскі бібліятэкар або замаўляў для яго ў Барселоне гаспадар мясцовай кнігарні, хоць за іспанамоўнай літаратурай не сачыў гэтак, як за французскай. Аднак ён ніколі не чытаў уранні — толькі гадзінку пасля сіесты[2], і ўначы, перад сном. Падрыхтаваўшыся да заняткаў, ён рабіў у ванным пакоі пятнаццаціхвілінную дыхальную зарадку перад адчыненым акном, — ён дыхаў толькі ў той бок, адкуль чуваць было спеў пеўняў; з таго боку ішло свежае паветра. Потым ён прымаў ванну, падпраўляў бародку, напамаджваў вусы, ахутаны сапраўдным адэкалонам ад Фарыны Гегенюбэр, надзяваў белую ільняную тройку, мяккі капялюш і саф’янавыя чаравікі. Ён размяняў восемдзесят другі год, захаваўшы зграбныя манеры і вясёлы нораў, з якімі колісь вярнуўся з Парыжа пасля страшэннай эпідэміі халеры, і валасы, якія ён старанна зачэсваў на просты прабор, заставаліся дакладна такімі, як у маладосці, хіба што набылі лёгкае металёвае адценне. Снедаў ён у сямейным атачэнні, але прытрымліваўся адметнай дыеты: адвар з кветак палыну, карысны для страўніка, і галоўка часныку, каб не было спазмаў сэрца, — ён чысціў кожны зубчык і жаваў яго старанна з лустаю хлеба. Пасля лекцыі доктар рэдка не быў заняты ажыццяўленнем якой-небудзь ініцыятывы агульнагарадскога маштабу, касцельным мерапрыемствам або якой іншай мастацкай ці сацыяльнай прыдумкай.

Абедаў ён амаль заўжды дома, пасля праводзіў сіесту хвілін на дзесяць, седзячы на тэрасе, што выходзіла ва ўнутраны дворык. Скрозь сон ён чуў спевы прыслужніц у ценю мангавых дрэў, воклічы вулічных гандляроў, шыпенне алею і трэск матораў з бухты, смурод з якой лунаў у доме ў гадзіны дзённай спякоты, бы анёл, асуджаны на гніенне. Пасля ён з гадзіну чытаў новыя кніжкі, перадусім раманы і гістарычныя доследы, вучыў французскай мове і песням хатняга папугая, які здаўна стаў мясцовай славутасцю. А чацвёртай выпіваў вялікі збан ліманаду з ільдом і выходзіў на візіты да хворых. Нягледзячы на паважны век, ён адмаўляўся прымаць пацыентаў у хатнім кабінеце і працягваў наведваць іх сам: горад усё ж заставаўся такім утульным, што можна было куды заўгодна зайсці пехатою.

Вярнуўшыся першы раз з Еўропы, ён стаў ездзіць у фамільным ландо з парай светла-гнядых коней, але ландо з гадамі стала непрыгодным, і ён замяніў яго на аднаконную пралётку, карыстаўся ёю ўвесь час, не зважаючы на моду, нават калі экіпажы пачалі знікаць з ужытку, а на тых, што засталіся, каталі турыстаў або вазілі развітальныя вянкі на пахаваннях.

Хаця ён адмаўляўся сыходзіць на адпачынак, ён разумеў, што яго выклікаюць толькі да безнадзейных пацыентаў, і лі­чыў гэта пэўнай формай спецыялізацыі. Ён мог вызначыць з першага погляду, што з хворым, і ўсё меней давяраў патэнтаваным лекам, а распаўсюджанне хірургіі непакоіла яго. «Скальпель — слушны доказ паразы медыцыны», — казаў ён. Доктар уважаў, што, па вялікім рахунку, любыя лекі ёсць атрутай, а семдзесят адсоткаў з паўсядзённых прадуктаў харчавання набліжаюць смерць. «Наогул, — казаў ён студэнтам, — тое нямногае, што вядома медыцыне, ведаюць толькі лічаныя лекары». Ад свайго маладога энтузіязму ён перайшоў да пазіцыі, якую сам вызначыў як фаталістычны гуманізм: «Кожны чалавек — гаспадар сваёй смерці, і калі надыхо­дзіць час, мы здольныя толькі дапамагчы памерці без страху і болю». Але, не зважаючы на гэтыя скрайнасці, якія сталіся часткай мясцовага медыцынскага фальклору, ягоныя былыя студэнты, ужо дактары са стажам, працягвалі кансультавацца з Хувэналем Урбіна, бо прызнавалі за ім тое, што завецца «вокам клініцыста». Як бы тое ні было, ён заўсёды быў лекарам дарагім і элітарным, ягоная кліентура жыла ў радавых сядзібах квартала Віцэ-каралёў.

Дзень быў так скрупулёзна распісаны, што ў тэрміновым выпадку жонка магла накіраваць яму цыдулку менавіта ў той дом, дзе ён у гэты час знаходзіўся з візітам. У маладосці, бывала, затрымліваўся ў прыходскай кавярні пасля абыходу пацыентаў і там удасканальваў шахматнае майстэрства з цесце­вымі знаёмцамі ды карыбскімі ўцекачамі. Але на пачатку новага стагоддзя ён кінуў хадзіць у кавярню і паспрабаваў арганізаваць нацыянальныя турніры пад эгідай мясцовага клуба. Якраз тады з’явіўся Ерэмія дэ Сэнт-Амур, ужо са змярцвелымі каленямі, але яшчэ без рамяства дзіцячага фатографа, і праз тры месяцы яго ведалі нават тыя, хто ледзь навучыўся рушыць слана па дошцы, бо ніхто не здолеў выйграць у яго ніводнай партыі. Для доктара Хувэналя Урбіна сустрэча тая была нібыта цуд, шахматы сталі яго неўтаймаванай жарсцю, і амаль не было спаборнікаў, якія б спатолілі яе.

Дзякуючы яму Ерэмія дэ Сэнт-Амур стаў тым, кім быў сярод нас. Доктар Урбіна апекаваўся ім без якойсьці ўмовы, зрабіўся ягоным асабістым і бясспрэчным крэдыторам, нават не паспрабаваўшы дазнацца, што гэта за чалавек, чым займаўся раней, якія зняслаўленыя войны прывялі яго да інваліднасці і выгнання. Нарэшце доктар пазычыў яму грошай на абсталяванне майстэрні, і з тае пары, як Ерэмія дэ Сэнт-­Амур зрабіў першы здымак спуджанага ад успышкі магнія немаўляці, ён вяртаў пазыку з дакладнасцю пазументніка, усё да апошняга шэлега.

А ўсё шахматы. Спачатку гулялі а сёмай пасля вячэры, са справядлівымі саступкамі для доктара, бо перавага ўцекача была відавочнай, але з кожным днём саступкі рабіліся ўсё меншымі, пакуль яны не пачалі гуляць нароўні. Пазней, калі дон Галілеа Даконтэ заснаваў першы ў горадзе кінематограф пад адкрытым небам, Ерэмія стаў найвярнейшым з яго кліентаў, і шахматныя партыі гуляліся толькі тады, калі не было кінапрэм’еры. Уцякач так пасябраваў з доктарам, што апошні хадзіў з ім у кіно, але заўжды без жонкі, бо, з аднаго боку, ёй бракавала цярплівасці адсочваць нітку складанага сюжэта, а з другога, Урбіна нібы падсвядома адчуваў, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур нікому б не мог скласці належнай кампаніі.

У нядзелю распарадак доктара быў іншым. Ён хадзіў на абед­ню ў кафедральны сабор, пасля вяртаўся дадому, адпачываў і чытаў на тэрасе. У дзень адпачынку ён вельмі рэдка выходзіў на візіт, хіба што ў тэрміновых выпадках, і шмат гадоў запар ён не браўся ні за якія грамадскія справы, калі яны не былі сапраўды абавязковымі. У той дзень Сёмухі па неверагодным супадзенні сышліся два надзвычай рэдкія здарэнні: смерць сябра і срэбны юбілей славутага вучня. Тым не менш, замест таго, каб тэрмінова вярнуцца дадому, як ён разлічваў, пасля засведчання смерці Ерэміі дэ Сэнт-Амура, доктар раптам вырашыў спатоліць неадольную цікаўнасць.

Сеўшы ў пралётку, ён яшчэ раз прабег вачыма перадсмяротны ліст і загадаў возніку везці яго да пэўнага дома ў былым квартале рабоў па даволі блытаным маршруце. Гэткае рашэнне настолькі не вязалася з ягонымі звычкамі, што вознік адважыўся перапытаць, ці так ён зразумеў. Памылкі не было, адрас быў паўтораны, а ў тым, што запісана дакладна, сумневы адпалі адразу. Па дарозе доктар Урбіна перачытаў ліст ад першай старонкі, наноў паглыбіўшыся ў крыніцу непрыемных адкрыццяў, якія маглі б перакуліць ягонае жыццё, нават нягледзячы на ўзрост, калі б ён здолеў пераканацца, што ліст — не трызненне вар’ята.

Нябёсы пачалі губляць гумор яшчэ ўранні, было хмарна і халаднавата, але дажджу да абеду не чакалася. Спрабуючы знайсці найкарацейшы шлях, вознік паглыбіўся ў брукаваны лабірынт каланіяльнага горада, і яму часам прыходзілася спыняць каня, каб яго не спудзілі гарэзлівыя школьнікі і паства, што вярталася з імшы. На вуліцах, упрыгожаных папяровымі гірляндамі ды кветкамі, гучала музыка, дзяўчаты з муслінавымі фальбонкамі на сукенках і рознакаляровымі парасонамі сачылі за святочным шэсцем з балконаў. На Кафедральным пляцы, дзе сярод афрыканскіх пальмаў і шароў новых ліхтароў ледзь праглядваўся помнік Вызваліцелю[3], надарыўся аўтамабільны затор, натоўп выходзіў з храма, і ў рэспектабельнай і шумнай прыходскай кавярні не было ніводнага вольнага месца. Адзіным конным экіпажам у заторы быў той, што належаў доктару Урбіна, і ён адрозніваўся ад тых нямногіх, што засталіся ў горадзе, бляскам лакаванага верху, бронзавай акоўкай, каб не зжэр яе салёны вецер, чырвона-залатымі вензелямі на колах і аглоблях, акурат як у венскіх карэтах для ўрачыстага наведвання оперы. Апрача таго, самыя манерныя сямействы здавольваліся тым, што іхныя вознікі апраналі чыстую кашулю, а доктар па-ранейшаму патрабаваў ад свайго, каб той з’яўляўся толькі ў старой аксамітнай ліўрэі і ў цыліндры цыркавога ўтаймавальніка, а гэта было не толькі анахранізмам, але, зважаючы на карыбскую спякоту, і адсутнасцю міласэрнасці.

Доктар Хувэналь Урбіна любіў горад фанатычна і ведаў яго лепш за ўсіх, але раней ён амаль не меў мажлівасці заехаць у нетры былога квартала рабоў. Возніку давялося нямала пакруціцца-панарэзаць ды колькі разоў спытаць дарогі, бо ён ніяк не мог знайсці патрэбны адрас. У глыбіні квартала доктар Урбіна адчуў чмур, спрадвечную балотную цішу з тапельным смуродам, які раніцой уздымаўся над горадам і ўвахо­дзіў з бессанню ў ягоную спальню, прымешваючыся ў палісадніку да водару язміну, і тады ён пераносіў пахі абыякава, нібы вецер, што мінуўся і не мае ніякіх адносінаў да яго жыцця. Але смурод, трохі ідэалізаваны настальгіяй старога месціча, стаў невыноснай рэальнасцю, калі пралётка пачала падскокваць па ямінах балоцістай вуліцы, дзе аўры[4] дзяўбліся за адкіды з мясабойні, што выносіў марскі прыліў. У адрозненне ад камяніцаў квартала Віцэ-каралёў, тут усе дамы былі драўлянымі і аблезлымі, а дахі цынкавымі. Большасць будынкаў стаялі на драўляных палях, — толькі гэта ратавала ад сцёкаў адкрытай каналізацыі, што была яшчэ іспанскаю спадчынай. Усё гэта мела жахлівы і беспрытульны выгляд, але з тавернаў далятала грымаценне бязбожнай святочнай музыкі, бо тут касцельных канонаў не прытрымліваліся — гэта была Сёмуха галечы. Калі, нарэшце, знайшлі патрэбны адрас, за пралёткай ужо гналася чарада аголеных дзяцей, якія кпілі з тэатральнага ўбрання возніка, і той мусіў адганяць малых пугай. Доктар Урбіна, падрыхтаваны да канфідэнцыйнай сустрэчы, зразумеў надта позна, што няма на свеце наіўнасці больш небяспечнай, чымся наіўнасць ягонага веку.

Звонку дом без нумару нічым не адрозніваўся ад іншых, меней шчаслівых, хіба што карункавымі фіранкамі на вокнах і цяжкімі дзвярыма — калісьці іх знялі, відаць, з нейкай старажытнай бажніцы. Вознік пагрукаў малаточкам, дазнаўся, што адрас супаў, дапамог доктару выйсці з пралёткі. Дзверы адчыніліся бязгучна, у цемры вітальні стаяла жанчына сталага веку, убраная ва ўсё чорнае, з чырвонай ружай за вухам. Нягледзячы на свае гады, а ёй было не менш за сорак, яна была статнай мулаткай з залацістымі калючымі вачыма і валасамі, прычасанымі да галавы так шчыльна, нібы каска з металічнай ваты. Доктар Урбіна не пазнаў яе, хоць бачыў неаднойчы, ахутаны туманам шахматнай гульні, у майстэрні фатографа, і колісь нават прапісаў ёй хінныя кроплі ад рэцыдываў малярыі. Ён працягнуў руку, і яна прыняла яе не так дзеля вітання, як дзеля таго, каб дапамагчы ўвайсці. У зале доктар адчуў свежыню і шапаценне нябачнага саду, ён азірнуўся і ўбачыў мэблю і мноства гожых рэчаў, кожная з якіх займала ўласнае, натуральнае месца. Доктар Урбіна без горычы прыгадаў антыкварную краму ў Парыжы, восеньскі панядзелак мінулага стагоддзя ў доме 26 на Манмартры. Між тым жанчына прысела насупраць і загаварыла з адчувальным акцэнтам:

— Будзьце як дома, доктар, — казала яна. — Я не чакала вас так хутка.

Доктар Урбіна пачуўся здраджаным. Ён паглядзеў са спагадай на яе, на яе жалобны строй, і на годнасць яе смутку, і тады ўцяміў — яго візіт не меў сэнсу, яна лепш за яго ведае ўсё, што напісаў і вытлумачыў у перадсмяротным лісце Ерэмія дэ Сэнт-Амур. Так яно і было. Яна знаходзілася пры ім ледзьве не да самае смерці, таксама, як і на працягу дваццаці гадоў з тым абагаўленнем і пакорлівай пяшчотай, якія надта ж нагадвалі чыстае каханне і пра якія ніхто не ведаў у санлівай сталіцы правінцыі, дзе ўсім былі вядомыя нават дзяржаўныя таямніцы. Яны пазнаёміліся ў прыдарожным шпіталі Порт-­а-Прэнсу, горада, дзе яна нарадзілася і дзе ён жыў першы час, калі стаў уцекачом, і яна прыехала да яго ўжо сюды, у гэты горад, праз год, як быццам ненадоўга, хоць абодва ведалі, што яна застанецца тут назаўжды. Яна прыбірала майстэрню штотыдзень, але нават самыя падазроныя суседзі не бачылі ўсёй праўды: яны, як усе, меркавалі, што інваліднасць Ерэміі тычылася не толькі хворых ног. Сам доктар Урбіна таксама лічыў так з вельмі грунтоўных прычын медыцынскага характару і ні за што не паверыў бы, што ў Ерэміі дэ Сэнт-Амура была жанчына, калі б той не прызнаў гэта ў лісце. Аднак ён не мог уцяміць, чаму двое дарослых і вольных людзей без грахоўнага мінулага, амаль падпадаючы пад прымхлівую падазронасць эгаістычнага грамадства, абралі рызыку забароненага кахання. Яна патлумачыла яму: «Так ён захацеў». Да таго ж, патаемнасць, раздзеленая з мужчынам, які ніколі не належаў ёй цалкам, патаемнасць, якая не аднойчы даравала ім імгненныя выбухі шчасця, не здавалася ёй чымсьці адмоўным. Наадварот: самое жыццё давяло, што іхная сувязь была прыгожай.

Напярэдадні ўвечары яны схадзілі ў кіно паасобку, з квіткамі ў розных месцах, як хадзілі не менш, чым двойчы на месяц з тае пары, як італьянскі імігрант дон Галілеа Даконтэ адчыніў свой салон пад адкрытым небам на руінах кляштара XVII стагоддзя. Глядзелі яны экранізацыю папулярнай летась кніжкі, якую доктар Урбіна чытаў з адчаем у сэрцы і ўсведамленнем варварства вайны, — «На Заходнім фронце без зменаў». Затым яны сустрэліся ў майстэрні, ён здаваўся сумным і разгубленым, але яна падумала, што на яго паўплывалі жудасныя сцэны, дзе параненыя салдаты паміралі ў дрыгве. Яна паспрабавала развеяць сум, запрасіла згуляць партыю ў шахматы, і ён пагадзіўся дзеля яе, але гуляў няўважліва, белымі, вядома ж, здагадаўся раней за яе, што праз чатыры хады ягоная параза немінучая, і бясслаўна здаўся. Доктар Урбіна ўцяміў, што спаборнікам апошняй партыі была яна, а не генерал Хероніма Арготэ, як ён меркаваў раней. Ён зачаравана шапнуў:

— Вы згулялі цудоўна!

Яна настаяла на тым, што тое была не яе заслуга, проста Ерэмія дэ Сэнт-Амур ужо блукаў у тумане смерці і рушыў фігуркі без імпэту. Калі ён перарваў партыю, прыблізна ў чвэрць на дванаццатую, бо было чуваць, што скончыліся музыка і танцы, ён папрасіў, каб яна пакінула яго аднаго, бо хацеў напісаць ліст доктару Хувэналю Урбіна, якога лічыў найбольш паважаным чалавекам з усіх, каго ведаў, і, апрача таго, задушэўным сябрам, як ён любіў казаць, нягледзячы на тое, што збліжала іх адно адданасць шахматнай гульні, якую яны ўспрымалі як дыялог розуму, а не як навуку. Тады яна і даведалася, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур добраахвотна патанаў у агоніі, і яму заставалася часу не больш, чым на напісанне ліста. Доктар Урбіна не мог ёй паверыць:

— Дык вы ўсё ведалі! — усклікнуў ён.

— Не толькі ведала, — пацвердзіла яна, — але і дапамагла перанесці агонію з тым жа каханнем, з якім дапамагала ад­крываць шчасце. Бо такімі былі яго апошнія адзінаццаць месяцаў: жорсткай агоніяй.

— Ваш абавязак быў паведаміць, — сказаў доктар.

— Я б не здолела, — адказала яна абурана, — я надта кахала яго.

Доктар Урбіна, які лічыў, што ўжо чуў што заўгодна на свеце, не прыгадваў нічога падобнага, да таго ж, сказанага з такой шчырасцю. Ён паглядзеў на яе, усмоктваючы вобраз усі­мі пачуццямі, каб прыгадаць яе менавіта такой, якой яна была ў той момант: яна здавалася яму ідалам на беразе ракі, без ценю страху, у чорнай вопратцы, са змяінымі вачыма і ружай за вухам. Даўно, калі яны абое ляжалі аголеныя пасля кахання на бязлюдным гаіцянскім пляжы, Ерэмія дэ Сэнт-Амур раптам уздыхнуў: «Ніколі не буду старым». У гэтых словах яна ўгледзела смелы намер бязлітасна змагацца са шкодай, якую прыносіць час, але ён удакладніў: у ім выспела непахісная рашучасць скончыць жыццё самагубствам у шэсцьдзесят гадоў.

I сапраўды, сёлета 23 студзеня ён дажыў да шасцідзесяці, вось тады ён прызначыў сабе апошні тэрмін — прысвятак Сёмухі, бо на яе прыпадаў фэст горада, чыім заступнікам уважаўся Святы Дух. Тады ўначы ў паводзінах любага чалавека не было аніводнае драбязы, якой бы яна не ведала загадзя, бо ж яны часцяком размаўлялі пра гэта, пакутавалі разам у няўрымслівай плыні дзён, якой ні ён, ні яна ўжо не маглі спыніць. Ерэмія дэ Сэнт-Амур любіў жыццё аддана і прагна, ён любіў мора і каханне, яе і свайго сабаку, і з набліжэннем прызначанага дня ён згасаў ад адчаю, нібыта смерць ішла да яго не па ягонай волі, а як непазбежнасць лёсу.

— Сыходзячы ўчора ўначы, я ведала, што ён ужо не на гэтым свеце, — уздыхнула яна.

Жанчына хацела забраць сабаку, але ён паглядзеў на жывёліну, што драмала каля ягоных мыліцаў, пагладзіў яе, ледзь крануўшы пальцамі, і сказаў: «Шкада, але містэр Вудра Уілсан[5] пойдзе са мною». Ерэмія папрасіў прывязаць сабаку да ложка, а сам узяўся за ліст, і жанчына зрабіла несапраўдны вузел, каб сабака мог вызваліцца. Гэта была яе адзіная праява нявернасці, якую яна апраўдвала тым, што хацела прыгадваць Ерэмію, гледзячы ў халодныя вочы ягонага сабакі. Доктар Урбіна перапыніў яе аповед і сказаў, што сабака не вызваліўся. Яна адказала: «Значыць, не захацеў». І ўзрадавалася, бо давядзецца прыгадваць каханага так, як ён прасіў мінулай ноччу, калі адарваўся ад пачатага ліста і паглядзеў на яе ў апошні раз.

— Згадвай мяне з ружай, — сказаў ён ёй на развітанне.

Яна вярнулася дадому за поўнач. Запаліла і легла ў вопратцы, падпальвала цыгарэту ад недакурка папярэдняй, нібыта даючы яму час на ліст, бо ведала, што пісаць ён мусіць доўга і цяжка; недзе а трэцяй, калі завылі сабакі, яна паставіла на пліту ваду для кавы, апранулася ў чорнае і на золку зрэзала ў палісадніку першую ранішнюю ружу. Доктар Урбіна адчуваў, што будзе ненавідзець вобраз гэтае разважлівае жанчыны, і, здавалася, ведаў на тое прычыну: толькі чалавек без прынцыпаў здольны прымаць боль так абыякава.

Перад тым як сысці доктар яшчэ болей упэўніўся ў гэтай думцы. Яна сказала, што не пойдзе на пахаванне, бо так абяцала каханаму, хоць доктар Урбіна быццам бы ўлавіў штосьці супрацьлеглае ў адным з абзацаў ліста. Яна не пралье ані слёзкі, не змарнуе рэшты гадоў жыцця і не давядзе сябе на марудным агні ў булёне ўласнай памяці, а таксама не пахавае сябе сярод гэтых сцен, каб шыць да скону асабісты саван, як гэта заведзена сярод мясцовых удоў. Яна думала прадаць дом Ерэміі дэ Сэнт-Амура, які з гэтага дня належаў ёй, і ўсё, што там было, згодна з пісьмовым тастаментам, а далей збіралася жыць, як і дасюль, без адзінай скаргі на лёс у гэтай марыльні для бедных, дзе яна некалі была шчаслівай.

Усю дарогу дахаты гэтая фраза не выходзіла з галавы доктара Хувэналя Урбіна: «марыльня для бедных». Гэта былі не пустыя словы. Ягоны горад працягваў жыць, як колісь, па-за часам, і быў такім жа — спякотна-бясплённым горадам яго начных жахаў і самотных радасцяў падлетка, дзе нават іржавелі кветкі і псавалася соль, але нічога не здарылася за апошнія чатыры стагоддзі, калі не лічыць павольнага старэння сярод даўно павялага лаўравага кустоўя і гнілое дрыгвы. Узімку імгненныя і разбуральныя навальніцы размывалі прыбіральні, тады вуліцы выглядалі, як смуродныя багны. Улетку нябачны і, нібыта распаленая вапна, шурпаты пыл працінаў нават заканапачаныя шчыліны ўяўлення, уздымаўся шалёнымі вятрамі, якія зрывалі дахі і зносілі паветрам дзяцей. У суботу бедныя мулаты гучна пакідалі свае кардонна-бляшаныя хаты на беразе багны, бралі з сабою быдла, нейкія старыя рэ­чы, ежу і пітво і радасна захоплівалі камяністыя пляжы кала­ні­яльнага раёна. Да нядаўняе пары яшчэ сустракаліся старыя з каралеўскім кляймом раба — след распаленага дабяла жалеза на грудзях. Напрыканцы тыдня яны таньчылі да знямо­гі, напіваліся ўшчэнт самагонкай, кахаліся ў кустах Ікакі і апоў­начы ў нядзелю псавалі ўласнае свята крывавымі бойкамі, у якіх біліся ўсе супроць усіх. Гэта быў той самы гаманлівы натоўп, які ў астатнія дні тыдня запаўняў завулкі і пляцы старых кварталаў, натоўп, які купляў і прадаваў што заўгодна, вяртаў жыццё мёртваму гораду, прыдаючы яму нястрымнасць гучнага базару, над якім заўжды лунаў пах смажанай рыбы.

Незалежнасць ад іспанскае кароны, а потым і адмена рабства спрыялі пашырэнню шляхетнага дэкадансу, у асяроддзі якога і нарадзіўся доктар Хувэналь Урбіна. Вялікія і магутныя роды таго часу гінулі ў цішы некалі багатых дамоў, што патроху развальваліся. На стромкіх брукаваных вулках, якія так дапамагалі хавацца ў часе войнаў ці высадак піратаў, пустазелле спадала з балконаў, прадзірала шчыліны ў каменных сценах нават найлепш дагледжаных палацаў, і адзіным знакам жыцця а другой гадзіне дня былі млявыя практыкаванні на піяніна ў прыценні сіесты. У прахалодзе спальняў, прапітаных пахам ладану, жанчыны хаваліся ад сонца, нібыта ад дурное заразы, і нават да ранішняй імшы надзявалі мантыллю, каб схаваць твар. Каханне іхнае было лянотна выпакутаванае, часцяком трывожнае ад баязлівых прадчуванняў, і жыццё ім здавалася бясконцым. На схіле дня, у гнятлівае імгненне, калі знікае святло, над балотамі ўздымаліся хмары маскітаў-жываедаў, і лёгкі смурод людскіх экскрэментаў, цёплы і сумны, варочаў у душы разуменне непазбежнай смерці.

Само жыццё каланіяльнага горада, якое часта ідэалізаваў ма­лады Хувэналь Урбіна падчас парыжскіх прыступаў меланхоліі, было ўсяго толькі ілюзіяй памяці. У гандлі горад дасягнуў вышыні і апярэдзіў іншыя гарады Карыбскага ўзбярэжжа ў XVIII стагоддзі, перадусім дзякуючы сумнеўнай перавазе быць найбуйнейшым у Амерыцы рынкам афрыканскіх рабоў. Да таго ж, тут была сталая рэзідэнцыя віцэ-каралёў Новай Гранады, якія лічылі за лепшае ўладарыць адсюль, з берагоў сусветнага акіяну, а не з далёкай і змерзлай сталіцы, дзе векавечныя залевы засцілі адчуванне рэальнасці. Некалькі разоў на год у бухце збіраліся флатыліі галеонаў з багаццямі Патасі, Кіта, Веракруса; менавіта тады горад перажываў часы сваёй славы. У пятніцу 8 чэрвеня 1708 года а чацвёртай папоўдні галеон «Сан-Хасэ», які толькі што адплыў у порт Кадыс з каштоўнымі камянямі і металамі на паўмільярда тагачасных песа, быў затоплены ан­г­ельскай эскадрай каля выхаду з гавані, і за доўгія дзвесце гадоў ніхто не здолеў падняць скарб. Ён ляжаў на каралавым дне, як і скрыўленае цела капітана, што нібыта дасюль калыхалася ад зрухаў вады на мосціку, і прыгадваўся толькі гісторыкамі ў якасці сімвала горада, прыдушанага цяжарам успамінаў.

На другім беразе бухты, у арыстакратычным квартале Ля-Ман­га, дом доктара Хувэналя Урбіна жыў нібы ў іншым часе. Ён быў вялікі і халодны, аздоблены порцікам і дарычнымі калонамі на знешняй тэрасе, адкуль відны былі міязматычныя воды бухты з рэшткамі разбітых караблёў. Падлогу склалі з белых і чорных плітаў у шахматным парадку ад уваходных дзвярэй да кухні, і гэта часта лічылі праявай асноўнай жарсці доктара Урбіна, бо людзі ўжо не помнілі пра такую самую слабасць каталонскіх архітэктараў, якія збудавалі гэты квартал нуварышаў на пачатку стагоддзя. Гасцёўня была прасторнай, з высокай, як і ва ўсім доме, столлю, мела шэсць вялікіх вокнаў, што выходзілі на вуліцу, і аддзялялася ад ядальні шклянымі дзвя­рыма з віньеткамі, якія адлюстроўвалі лазу з гронкамі вінаграду і дзяўчат, спакушаных жалейкамі фаўнаў у бронзавых гушчарах. Мэбля тут, як і гадзіннік з боем, нібыта вартаўнік з няўрымслівым сэрцам, уся была ангельская, канца XIX стагоддзя, а слёзкі на люстрах — з горнага крышталю; паўсюль упрыгожвалі залу падлогавыя і настольныя сеўраўскія вазы, алябастравыя статуэткі і карціны з паганскімі ідыліямі. Аднак у астатніх пакоях еўрапейскі дух знікаў, плеценыя крэс­лы суседнічалі з венскімі качалкамі і скуранымі зэдлікамі работы мясцовых рамеснікаў. У спальнях, акрамя ложкаў, былі выдатныя гамакі з Сан-Хасынта, з вышытым шаўковымі ніткамі і гатычным шрыфтам імем гаспадара. Меншая зала каля ядальні, якая першапачаткова задумвалася пад урачыстыя прыёмы, служыла музычным салонам, дзе прыезджыя слынныя выканаўцы давалі канцэрты для вузкага кола асоб. Таму там мазаічная падлога хавалася пад турэцкімі дыванамі: іх набылі на сусветнай выставе ў Парыжы, каб дасягнуць большай цішыні; тут жа, каля паліцы з раскладзенымі кружэлкамі, знаходзіўся артафон апошняй мадэлі, а ў кутку, пад манільскім покрывам, стаяла піяніна, на якім доктар Урбіна ўжо шмат гадоў не граў. У доме адчуваўся мудры дагляд жанчыны, якая цвёрда стаяла на зямлі.

Аднак не было ў доме ніводнага месца, такога да апошняй дробязі ўрачыстага, як бібліятэка, храм доктара Урбіна да глыбокай старасці. Бацькоўскі арэхавы пісьмовы стол і мяк­кія, як пярына, скураныя крэслы стаялі сярод шкляных паліц: ён загадаў заставіць імі сцены і нават вокны. На паліцах, у маніякальна ідэальным парадку месціліся тры тысячы кніжак у аднолькавым пераплёце з цялячай скуры, якія мелі залатую манаграму на карэньчыках. Астатнія пакоі пакутава­лі ад шуму і дурных пахаў з порту, бібліятэка ж хавала цішу і застойны дух абацтва. Доктар Урбіна з жонкай напачатку пачуваліся няўтульна ў замкнёнай прасторы, бо нарадзіліся і выраслі пад уплывам карыбскага забабону, які патрабаваў трымаць адчыненымі дзверы і вокны, каб пускаць у дом прахалоду, хоць яе насамрэч не было. Але з часам іх упэўнілі перавагі рымскага метаду абароны ад спякоты, згодна з якім удзень дом заставаўся зачыненым і пры жнівеньскай спякоце, каб у пакоі не лезла з вуліцы гарачае паветра, а ўначы вокны і дзверы расчыняліся насцеж. З тае пары іх дом быў самым прахалодным пад палючым сонцам Ля-Мангі, і шчасцем было бавіць сіесту ў паўзмроку спальні, а ўвечары — сядзець у порціку, назіраючы за нью-арлеанскімі грузавымі караблямі попельнага колеру і за калёснымі рачнымі параплавамі з ілюмі­нацыяй, якія свежымі ручайкамі музыкі ачышчалі бухту ад застойнага смуроду. Дом таксама лічыўся самым абароненым са снежня і да сакавіка ад паўночных пасатаў. Яны зрывалі дахі і ўсю ноч, быццам галодныя ваўкі, круціліся вакол кожнага будынка, шукаючы хоць дробненькую шчыліну, каб улезці ў пакоі. Нікому не прыходзіла да галавы, што для сямейнай пары, якая збудавала жыццё на такім грунтоўным фундаменце, магло існаваць штосьці, здольнае азмрочыць шчасце.

Але, ва ўсялякім выпадку, тым ранкам доктар Урбіна шчас­лівым сябе не адчуваў. Да дзясятай ён вярнуўся дадому ў дрэнным настроі пасля двух візітаў, з-за якіх не толькі прапусціў Сёмушную імшу, але над ім яшчэ навісла пагроза жыццёвых зменаў у тым веку, калі ўсё здавалася ўжо перажытым. Ён хацеў правесці сабачую, гэта значыць, няўчасную сіесту да ўрачыстага абеду ў доме доктара Лясыдэса Алівэллі, але прыслуга страшэнна мітусілася: усе спрабавалі злавіць папугая, які зляцеў, калі яго даставалі з клеткі, каб падрэзаць крылы, і цяпер сядзеў на самай высокай галіне мангавага дрэва. Папугай той быў паабскубаным вар’ятам: ён не размаўляў, калі яго прасілі, затое даваў волю языку ў самых нечаканых сітуацыях, прычым з такім чыстым вымаўленнем і здаровым сэнсам, на якія здольны не кожны чалавек. Яго выдрэсіраваў сам доктар Урбіна, і гэта надало папугаю такія прывілеі, якіх не меў ніхто ў сям’і, нават дзеці, калі былі малымі.

Папугай жыў з імі больш за дваццаць гадоў, і прадавец, калі яго набывалі, не ведаў ягонага веку. Штодня пасля сі­есты доктар Урбіна сядаў з ім на тэрасе — самымпрахалодным месцы ў доме — і цярпліва праяўляў неверагодныя мажлівасці свайго педагагічнага таленту, пакуль папугай не навучыўся размаўляць па-французску, як акадэмік. Потым, з чыстага энтузіязму, ён навучыў папугая паўтараць на памяць харальныя тэксты набажэнства на лаціне і выбраныя фрагменты з Евангелля ад Мацвея. Аднак спроба ўбіць птушцы ў голаў механічнае веданне чатырох арыфметычных дзеяў скончылася няўдала. З адной з апошніх вандровак у Еўропу доктар прывёз першы фанограф з трубой і мноства кружэлак з запісамі модных мелодый і твораў сваіх улюбёных класічных кампазітараў. Дзень пры дні на працягу некалькіх месяцаў ён пракручваў папугаю песні Івэты Гільбэр і Арыстыда Бруана, якія пакарылі французскую публіку мінулага стагоддзя, пакуль папугай не вывучыў іх на памяць. Ён спяваў жаночым голасам альбо тэнарам у залежнасці ад таго, хто спяваў на кру­жэлцы, і заканчваў спевы нахабным гогатам — люстэркавай копіяй смеху мясцовых прыслужніц, калі тыя слухалі ягоныя спевы па-французску. Слава пра папугаевы таленты зайшла так далёка, што часам пабачыць яго прасілі дазволу слынныя вандроўнікі, якія прыплывалі з цэнтральных раёнаў краіны на рачных караблях, а ангельскія турысты, якія шмат вандравалі на нью-арлеанскіх бананавых суднах, аднойчы паспрабавалі набыць папугая за любы кошт. Аднак самы слаўны для птушкі дзень настаў, калі дом адведаў прэзідэнт рэспублікі дон Марка Фідэль Суарэс з кабінетам міністраў у поўным складзе і таксама захацеў упэўніцца ў праўдзівасці чутак. Яны прыйшлі прыкладна а трэцяй, задыхаючыся ад палючага жнівеньскага паветра, бо былі ў сурдутах і цыліндрах — нябогі не здымалі іх на працягу трох дзён афіцыйнага візіту. Але з’ехалі яны такімі ж заінтрыгаванымі, як і прыехалі, бо папугай не выдаў ані слова, нягледзячы на мальбу, пагрозы і публічны сорам доктара Урбіна, які рызыкнуў запрасіць высокіх гасцей, не зважаючы на мудрыя папярэджанні жонкі.

Папугай захаваў свае прывілеі і пасля гістарычнага фі­яска, што канчаткова пацвердзіла ягоную суверэннасць. Ніякія іншыя жывёліны ў дом не дапушчаліся, за выключэннем хіба што земляной чарапахі, якая зноў з’явілася на кухні пасля трох альбо чатырох гадоў адсутнасці, калі ўсе лічылі, што яна знікла назаўжды. Але на чарапаху не глядзелі як на жывую істоту, а, хутчэй, як на скамянелы амулет на шчасце, і ніхто не мог сказаць дакладна, дзе яна поўзае. Доктар Урбіна не хацеў прызнацца ў гідлівасці да жывёлінаў, спасылаючыся на самыя розныя навуковыя байкі і філасофскія высновы, якія шмат каго ўпэўнілі, толькі не ягоную жонку. Ён тлумачыў, што аматары жывёлы здольныя на самую неверагодную жорсткасць у адносінах да людзей. Ён казаў, што сабакі не так адданыя, як паслужлівыя, каты — апартуністы і здраднікі, пава — вяшчун смерці, чырвоны ара — залішняе ўпрыгожанне, трусы даводзяць да хцівасці, малпы перадаюць гарачку юрлівасці, а на пеўнях — праклён, бо праз іх людзі тройчы выракліся Хрыста.

Але Фэрміна Даса, яго сямідзесяцідвухгадовая жонка, у якой тады ўжо знікла мінулая і надта жаноцкая хада аленіхі, да шаленства любіла трапічныя кветкі і хатнюю жывёлу, а ў першыя гады шлюбу, карыстаючыся з палкага кахання мужа, заводзіла жывёлінаў без усялякай меры і здаровага сэнсу. Спачатку набыла трох далмацінцаў, названых імёнамі рымскіх імператараў, — яны разадралі адзін аднаго з-за сучкі, якая цалкам апраўдала сваю мянушку — клікалі яе Месалінай, — бо яна яшчэ не паспявала ашчаніцца дзевяццю шчанюкамі, а ўжо была цяжарная дзесяццю іншымі. Затым у доме з’явіліся абісінскія коткі з арліным профілем і норавамі егіпецкіх фараонаў, касавурыя сіямцы, палацавыя персы з аранжавымі вачыма, якія блукалі па доме, як прывіды, і распуджвалі ноч віскатаннем падчас сваіх оргій. На ланцугу каля мангавага дрэва, што расло ў двары, некалькі гадоў трымалі амазонскую малпу-ўістыці, якую шкадавалі, бо з твару была падобная да сумнага арцыбіскупа Абдуліё-і-Рэя, з той жа цнатлівасцю ў вачах і красамоўем рук. Але не з гэтае прычыны Фэрміне Дасе давялося пазбыцца малпы: гэны самец меў дурную звычку спаталяць сваю прагу, пазіраючы на сеньёраў.

У калідорах віселі клеткі з рознымі гватэмальскімі птуш­ка­мі, бугаямі-вестунамі, балотнымі чаплямі з даўгімі жоў­ты­мі лапамі, а таксама жыло аленянё, якое савала пысу ў вок­ны і жэрла антурыі ў вазонах. Напярэдадні апошняй гра­мадзян­скай вайны, калі ўпершыню загаварылі пра мажлівы ві­зіт папы рымскага, з Гватэмалы выпісалі райскую птушку, якую вельмі доўга везлі. Потым дазналіся, што абвестка пра вандроўку папы была прыдумкай ураду, які меркаваў спудзіць змоўшчыкаў-лібералаў, і тады райскую птушку вярнулі на радзіму хутчэй, чымся даставілі адтуль. Іншым ра­зам у кантрабандыстаў з Курасао, якія дабіраліся да бухты пад вет­разямі, набылі драцяную клетку з шасцю спецыяльна надухмяненымі крумкачамі — такія ж мела Фэрміна Даса ў маленстве, у бацькоўскім доме, і яна захацела мець іх побач зноў. Аднак ніхто не здолеў цярпець іхнае бесперапын­нае пляскатанне крылаў, што разносіла пах пахавальных вянкоў. Была ў іх і чатырохметровая анаконда, чый свіст па начах трывожыў цемру спальняў, хоць ад яе была і карысць: ад смяротнага подыху анаконды паўцякалі з дому кажаны і саламандры, як і мноства шкодных насякомых, якія бралі дом штурмам у сезон дажджоў. Доктару Хувэналю Урбіна, тады звышзанятаму працай, паглыбленаму ў ажыццяўленне сваіх грамадскіх і культурных праектаў, было дастаткова думаць, што сярод гэтых мярзотных істот ягоная жонка была не толькі найпрыгажэйшай, але і найшчаслівейшай жанчынай на Карыбскім узбярэжжы. Але адным дажджлівым вечарам, пасля цяжкога працоўнага дня, доктар Урбіна прыехаў дамоў, і жахлівы разгром ашаламіў яго, змусіў павярнуцца тварам да рэчаіснасці. Ад гасцёўні і па ўсім доме, наколькі хапала вока, ляжалі і плавалі ў крыві забітыя жывёліны. Служанкі паўзлазілі на крэс­лы, не ведаючы, што рабіць і не ў сілах вызваліцца ад жаху гэтай бойні.

Здарылася так, што адзін з нямецкіх догаў у раптоўным прыступе шаленства разадраў на кавалкі ўсё жывое, што трапілася на ягоным шляху да таго, як суседскі садоўнік праявіў мужнасць і засек яго сваім мачэтэ. Было невядома, каго няшчасны дог пакусаў, а каго й заразіў зялёнай слінай, таму доктар Урбіна загадаў забіць пазасталых жывёлаў і спаліць целы ў полі як мага далей ад жытла, а затым ён папрасіў супрацоўнікаў шпіталя Міласэрнасці правесці ў доме грунтоў­ную дэзінфекцыю. I толькі шчаслівая чарапаха ўратавалася, бо ніхто пра яе ў тым вэрхале не прыгадаў.

Фэрміна Даса ўпершыню пагадзілася з мужам у справе, якая мела дачыненне да хатняе гаспадаркі, і доўгі час засцерагалася гаварыць пра меншых братоў чалавека. Яна цешыла сябе каляровымі ілюстрацыямі да Лінеевай «Гісторыі прыроды», уставіла іх у рамы і развесіла на сценах залы, — мажліва, з цягам часу яна б страціла надзею пабачыць жывёлу ў доме, але аднойчы на золку нейкія злодзеі выбілі акно прыбіральні, улезлі ў дом і вынеслі срэбныя прыборы — спадчыну пяці пакаленняў. Доктар Урбіна паставіў падвойныя замкі на вокнах, умацаваў дзверы жалезнымі засаўкамі, паклаў каштоўныя рэчы ў сейф і набыў запозненую вайсковую звычку — спаць з рэвальверам пад падушкай. Аднак ад набыцця сабакі-вартаўніка адмовіўся, няхай і з прышчэпкай ад шаленства, няхай і на ланцугу, сказаўшы, што не пойдзе на гэта, нават калі злодзеі пакінуць яго ў чым маці нарадзіла.

— Ніколі ў дом не ўвойдуць пазбаўленыя мовы істоты, — сцвердзіў ён, каб скончыць з хітрыкамі жонкі, якая зноў упарта схіляла яго да набыцця сабакі. Ён не мог сабе ўявіць, што за непрадуманыя словы можна паплаціцца жыццём. Фэрміна Даса, чый неўтаймаваны характар прымаў з гадамі нечаканыя адценні, імгненна злавіла мужа на словах: колькі месяцаў пасля пакражы яна зноўку падышла да караблёў кантрабандыстаў з Курасао і набыла каралеўскага папугая з Парамарыба. Папугай ведаў толькі адборную матроскую лаянку, але вымаўляў яе так па-чалавечы, што, далібог, каштаваў заплочаных за яго грошай — дваццаці сентава.

Папугай быў гожы, важыў менш, чымся здавалася на першы погляд, меў ярка-жоўтую галоўку і чорны язычок, мена­віта колер язычка адрозніваў яго вонкава ад мясцовых папу­гаяў з мангровых лясоў, якіх немагчыма было навучыць размаўляць нават з дапамогаю шкіпінарных свечак. Доктар Урбіна ўмеў прайграваць, ён схіліў голаў перад светлым розумам жонкі і здзівіўся таму, што яму прыемна адзначаць поспехі падахвочванага прыслужніцамі папугая. Увечары, ка­лі разгульвалася навальніца, папугай весяліўся, адчуваючы прахалоду, і гэта развязвала яму язык, ён паўтараў фразы з даўніх часоў, з-за чаго можна было падумаць, што ён выглядаў маладзейшым, чым быў насамрэч. Супраціў доктара Урбіна канчаткова праваліўся аднойчы ўначы, калі злодзеі зноў спрабавалі ўлезці ў дом праз дахавае акно, а папугай імгненна разагнаў іх бульдогавым брэхам, такім, якім не брахаў бы ніводзін сапраўдны злы сабака, а ўслед пракрычаў: «Злодзеі, злодзеі, злодзеі!» — такім штукам ён не мог навучыцца ў гэтым доме. Вось тады доктар Урбіна пачаў займацца птушкай, загадаў прыладзіць пад мангавым дрэвам жэрдку з дзвюма пасудзі­намі, адной — для свежай вады, а другой — для спелых бананаў; апрача таго, папугаю зрабілі трапецыю для заняткаў акрабатыкай. Са снежня і да сакавіка, калі ўночы халаднела і непагадзь рабіла жыццё невыносным, бо дзьмулі паўночныя вятры, папугая ўносілі ў дом, і ён спаў у клетцы з покрывам, хоць доктар Урбіна падазраваў, што яго хранічны сап мог стацца шкодным для нармальнага подыху людзей. На працягу многіх гадоў папугаю падрэзвалі крылы, выпускалі на волю, і ён тупаў, колькі заўгодна, хадою старога кавалерыста. Аднойчы папугай паказваў акрабатычныя эцюды на бэльках кухні, нечакана ўпаў у каструлю, у якой гатавалі поліўку з гародніны, і пачаў раўці розную матроскую бязглуздзіцу кшталту: «Ратуйся, хто можа!» Аднак абышлося: кухарка паспела злавіць яго чэрпалкай, абваранага і амаль без пер’я, аднак жывога. З тае пары ён жыў у клетцы нават днём, насуперак паўсюдным прымхам, нібыта папугай у клетцы забывае ўсё, чаму яго навучылі. Яго выпускалі толькі а чацвёртай пасля абеду, калі свяжэла, і доктар Урбіна пачынаў з ім заняткі на тэрасе. Ніхто своечасова не заўважыў, што крылы надта выраслі, і тым ранкам, калі збіраліся падразаць іх, ён зляцеў і апынуўся на вяршыні мангавага дрэва.

Тры гадзіны яго не маглі дастаць. Прыслужніцы і іхныя сяброўкі з суседніх дамоў прыдумвалі ўсялякія хітрыкі, каб папугай спусціўся, але ён упарта заставаўся на недасягальнай адлегласці, смяяўся як шалёны і крычаў: «Хай жыве ліберальная партыя, хай жыве ліберальная партыя, каб вас!», а гэты адважны вокліч ужо каштаваў жыцця не аднаму вясёламу п’янтосу. Ледзь бачачы папугая ў лістоце, доктар Урбіна спрабаваў угаварыць яго па-іспанску і па-французску, нават на лаціне, а папугай адказваў яму на тых самых мовах, з такою ж пыхай і тым жа тэмбрам голасу, але так і не паварушыўся. Доктар Урбіна ўпэўніўся, што ніхто папугая пераканаць не здолее, і загадаў паклікаць на дапамогу пажарную каманду, якая была апошнім ягоным захапленнем.

Фактычна, да нядаўняе пары, пажары гасілі добраахвот­нікі, у ход ішлі мулярскія лесвіцы, а вёдры з вадою цягнулі, адкуль маглі, і спосабы гашэння былі такія недарэчныя і прымітыўныя, што часам прыносілі больш шкоды, чым уласна пажар. Але з мінулага года, дзякуючы збору сродкаў, праведзенага Таварыствам грамадскага ўпарадкавання, ганаровым старшынёй якога быў сам Хувэналь Урбіна, горад меў прафесійную пажарную каманду, машыну з цыстэрнай, сірэнай і звонам, а таксама два брандспойты. Пажарныя сталі настолькі папулярнымі, што школы, калі ў цэрквах пачыналі біць трывогу, спынялі заняткі, каб дзеці пабачылі, як яны вядуць барацьбу з агнём. Напачатку яны толькі гэтым і займаліся. Але доктар Урбіна распавёў вышэйшым муніцыпальным чыноўнікам, што ў Гамбургу бачыў, як пажарныя вярталі да жыцця амаль змерзлае немаўля, якое знайшлі ў сутарэнні пасля трохдзённага снегападу. Ён таксама бачыў у адным неапалітанскім завулку, як яны спускалі труну з балкона дзясятага паверха, бо лесвіцы старога дома былі надта пакручастыя і сям’я не магла вынесці нябожчыка на вуліцу. Гэтак і тутэйшыя пажарныя пачалі рабіць іншыя тэрміновыя паслугі насельніцтву: узломвалі замкі або забівалі атрутную змяю, а Школа медыцыны наладзіла для іх адмысловыя курсы першай дапамогі пры лёгкіх траўмах. Так што нічога заганнага не было ў просьбе спусціць з дрэва знанага папугая з не меншымі заслугамі, чым у якога паважанага кабальера. Доктар Урбіна прамовіў: «Скажыце ім, што папрасіў я». І пайшоў у спальню пераапрануцца да святочнага абеду. Праўду кажучы, ён быў разбіты лістом Ерэміі дэ Сэнт-Амура, і лёс папугая не вельмі турбаваў яго.

Фэрміна Даса ўбралася ў шырокую шаўковую сукенку з падоўжанай таліяй, каралі з натуральных перлінаў у шэсць даўгіх, але няроўных нітак і атласныя чаравікі на высокіх абцасах, якія трымала для самых урачыстых выпадкаў — узрост не дазваляў ёй апранацца так без дай прычыны. Модны строй нібыта быў не да твару бабулі паважных гадоў, але ёй усё гэта пасавала: яна была высокай, яшчэ хударлявай і асаністай, на гнуткіх руках не было ніводнай старэчай радзімкі, валасы, падстрыжаныя пад вуглом на роўні шчакі, паблісквалі стальным блакітам. Адзінае, што заставалася ў ёй ад вясельнага партрэта, — гэта вочы колеру светлых мігдалаў і ўласцівая ёй годнасць, а тое, што адымаў узрост, кампенсавалася характарам і яшчэ стараннасцю. Яна пачувалася добра: далёка ззаду засталіся часы жалезных гарсэтаў, зацягнутай таліі і пры­ў­знятага хітрыкамі мадыстак азадка. Свабоднае цела цяпер дыхала, як хацела, і дэманстравалася такім, якім яно было. Няхай сабе і ў семдзесят два гады.

Доктар Урбіна знайшоў яе за туалетным столікам, яна ся­дзела пад лянотнымі лопасцямі электравентылятара, і якраз надзявала капялюш-звон, аздоблены пільсцёвымі фіялкамі. Спальня была вялікай і светлай, над ангельскім ложкам ружавеў тонкі полаг ад маскітаў, два адчыненыя акны выходзілі ў зеляніну двара, адкуль далятала цвырканне цыкадаў, ашалелых ад прадчування дажджу. Вопратку для мужа з тае пары, як яны вярнуліся з вясельнае вандроўкі, Фэрміна Даса абірала ў адпаведнасці з надвор’ем і выпадкам, каб усё было напагатове, калі ён выйдзе з ваннага пакоя. Яна не магла прыгадаць, калі пачала дапамагаць яму апранацца, і з якой пары цалкам апранала яго, і разумела, што напачатку рабіла гэта з кахання, а ў апошнія пяць гадоў так ці іначай змушаная была займацца ягоным гардэробам, бо сам ён ужо з гэтым не спраўляўся. Яны ўжо адзначылі залатое вяселле, і не маглі жыць адно без аднаго альбо не думаць адно пра аднаго, а з наступленнем жорсткае старасці заставацца ў самоце рабілася проста немагчыма. Hi ён, ні яна не маглі сказаць, на каханні ці на практычнай звычцы трымаецца іх узаемапрывязанасць, але яны ўсяляк унікалі задавацца гэтым пытаннем, бо абое лічылі за лепшае не ведаць сапраўднага адказу. Яна паступова адкрывала для сябе няўпэўненасць мужавага поступу, зменлівасць ягонага настрою, правалы памяці, а летась для яго стала звычкай плакаць у сне. Тым не менш, яна ўспрыняла гэта не як беспамылковыя адзнакі старэчае іржы, а як шчаслівае вяртанне ў маленства. Таму яна не ставілася да яго як да старога з мярзотным характарам, а, хутчэй, як да састарэлага дзіцяці, і гэты самападман быў для іх ласкай божай, бо ратаваў ад знявагі ўзаемнага шкадавання.

Зусім іншым было б жыццё, калі б яны своечасова дазналіся, што нашмат лягчэй унікнуць вялікіх сямейных катастроф, чым штодзённай непрыемнай драбязы. Але, калі яны чаму і навучыліся разам, дык гэта таму, што мудрасць прыходзіць да нас, калі яна ўжо ні на што не патрэбная. Фэрміна Даса шмат гадоў запар цярпела, як стрэмку ў сэрцы, шумнае абуджэнне мужа на золку. Яна чаплялася за апошнія ніткі сну, каб не сутыкацца з новым ранкам у прадчуванні бяды, а ён расплюшчваў вочы з нявіннасцю немаўляці: кожны новы дзень быў яшчэ адным днём, выйграным у лёсу. Яна чула, як ён прачынаўся з пеўнямі, і першай адзнакай жыцця быў натужны кашаль, нібыта ён кашляў знарок, каб і яна прачнулася. Затым яна чула ягонае бурчанне — ён рабіў гэта наўмысна, абы патурбаваць яе, калі шукаў навобмацак пантофлі, якія заўжды стаялі каля ложка. Яшчэ яна чула, як ён ішоў у прыбіральню, таксама навобмацак, у цемры. За га­дзіну, што ён пасля праводзіў у кабінеце, яна паспявала заснуць, але крыху пазней зноўку чула яго: ён вяртаўся ў спальню апранацца, хоць і не запальваў святла. Аднойчы, падчас адной салоннай гульні, на просьбу вызначыць сябе самога, ён адказаў: «Я чалавек, які апранаецца ў цемры». Яна чула яго і ведала, што ніводзін нібыта выпадковы шум не можа быць апраўданы, ён шумеў знарок, удаючы адваротнае, як і яна ўдавала сон. Яго матывы былі празрыстымі: ён ніколі так не адчуваў патрэбы ў ёй, у ейным жыватворным святле, як у хвіліны патаемнае трывогі.

Наўрад ці хто спаў прыгажэй за яе — яна ляжала ў позе грацыёзнага танца, прыціснуўшы далонь да ілба, — але таксама наўрад ці хто-кольвек быў больш раз’юшаным, калі ёй заміналі адчуваць сябе ў сне, хоць яна ўжо не спала. Доктар Урбіна ведаў, што яна нервуецца праз ледзь чутны шоргат і нават цешыцца, што можна на кагосьці ўзваліць віну за бяссонне ад пятай рання. Даходзіла да таго, што зрэдчас, калі яму насамрэч даводзілася шукаць пантофлі навобмацак, бо іх не было на месцы, яна раптам гаварыла нібы скрозь сон: «Учора ты пакінуў іх у ваннай». І тут жа злосна бадзёрым голасам дадавала:

— І самае горшае, што ў гэтым доме ніколі не даюць паспаць.

У такіх выпадках яна раптоўна варочалася ў ложку і, ужо не шкадуючы сябе, запальвала святло, задаволеная перамогай на пачатку дня. Па сутнасці, гэта была іхная гульня, злая містыфікацыя, але менавіта яна прыносіла задавальненне: гэта была небяспечная асалода ўтаймаванага кахання. Але аднойчы такая трывіяльная гульня ледзь не паклала канец трыццацігадоваму шлюбу, бо ў ваннай не аказалася мыла.

Пачалося, як заўжды, будзённа і проста. Доктар Хувэналь Урбіна вярнуўся ў спальню, а гэта былі яшчэ тыя часы, калі ён прымаў ванну без дапамогі, і стаў апранацца ў цемры. Яна, як вялося ў той час, знаходзілася ў цеплыні эмбрыянальнага стану: вочы заплюшчаныя, подых лёгкі, а рука паднятая над галавой, як у рытуальных скоках. Але ўсё ж яна драмала, так было заўжды, і ён гэта ведаў. Ладна пашоргаўшы ў цемры накрухмаленай ільняной вопраткай, доктар Урбіна сказаў нібыта сабе самому:

— Пэўна, ужо цэлы тыдзень мыюся без мыла, — так ён сказаў.

Вось тады яна прачнулася канчаткова, успомніла і задрыжэла ад злосці на ўвесь белы свет, бо сапраўды забылася пакласці мыла ў ваннай. Што мыла няма, яна заўважыла тры дні назад, калі ўжо стаяла пад душам, і вырашыла прынесці кавалак пазней, але потым забылася да наступнага дня. Тое ж здарылася і назаўтра. Насамрэч мінуў не тыдзень, як ён гэта сказаў, каб падкрэсліць яе вінаватасць, але тры недаравальныя дні — так, і злосць узнікла, бо яе выкрылі ў няўважлівасці, і гэта вывела яе з сябе. Як звычайна, яна пачала абараняцца на­падаючы:

— Але я мылася ўсе гэтыя дні, — закрычала яна, ужо не стрым­ліваючы сябе, — і мыла заўсёды было на месцы.

Хоць ён і ведаў ужо ейныя метады вядзення вайны, на гэты раз не змог стрымацца. Прыдумаўшы падставу, штосьці накшталт таго, што трэба, маўляў, паназіраць за станам хворых, доктар перабраўся жыць у інтэрнат пры шпіталі Міласэрнасці, дзе былі пакоі для персаналу, а дома з’яўляўся толькі пад вечар, каб пераапрануцца для візітаў. Толькі пачуўшы, што ён прыехаў, яна тут жа сыходзіла на кухню, прыкідвалася занятай, і заставалася там, пакуль з вуліцы не далятаў тупат капытоў, і мужава пралётка не аддалялася. Усе спробы пакончыць з разладам за тры месяцы толькі раздзьмулі полымя злосці. Ён не збіраўся вяртацца, пакуль жонка не прызнае, што мыла ў ваннай не было, а яна адмаўлялася прымаць яго, пакуль ён не пацвердзіць, што свядома схлусіў, каб насаліць ёй.

Інцыдэнт, безумоўна, даў ім мажлівасць прыгадаць мноства іншых дробных сутычак, якія здараліся раней у цьмяны перадзолкавы час. Адныя крыўды варушылі іншыя, раскрыліся старыя шнары, якія зноў прыносілі боль, і абое спужаліся, бо адчай падвёў да разумення: гэтулькі гадоў сумеснага жыцця яны адно што гадавалі прыкрыя крыўды. Ён нават прапанаваў разам пайсці на адкрытую споведзь, запрасіўшы найсвяцейшага арцыбіскупа, калі трэба, каб сам Бог у апошняй інстанцыі вырашыў, ці было мыла ў мыльніцы, ці яго не было. Тады яна, што выдатна ўмела стрымліваць сябе, страціла ўсялякі самакантроль, і з душы вырваўся покліч, які ўвайшоў у гісторыю сямейства:

— У сраку твайго найсвяцейшага арцыбіскупа!

Гэткая знявага скаланула ўвесь горад, спарадзіла самыя неверагодныя чуткі, якія цяжка было абвергнуць, і навечна ўвайшла ў простанародную мову: яе паўтаралі як падпеўку з Аперэт­кі: «У сраку твайго найсвяцейшага арцыбіскупа!» Яна ўцяміла, што гэтым разам перайшла ўсялякія межы, а та­му апярэдзіла рэакцыю мужа, прыгразіўшы яму, што пераедзе ў стары баць­коўскі дом, які яшчэ належаў ёй, хоць часова быў здадзены ў наём пад дзяржаўныя канторы. Гэта не было бравадаю: яна насамрэч хацела пераехаць, яе не турабавала магчымасць пуб­лічнага скандалу, і муж спахапіўся своечасова. У яго не хапіла мужнасці кінуць выклік сваім прымхам. Не ў тым сэнсе, каб пагадзіцца, было, маўляў, мыла ў ваннай, бо гэта было б абразай для праўды, а ў тым, каб жыць пад адным дахам, але ў асобных пакоях, не звяртаючыся адно да аднаго. Вось так і елі, упраўляючыся з такім зайздросным спрытам, што навучыліся перадаваць даручэнні з аднаго канца стала да другога праз дзяцей так, каб тыя і не здагадваліся, што бацькі не размаўляюць. Паколькі ў кабінеце ванны не было, новая формула іхных паво­дзінаў вырашыла ранішнія канфлікты: цяперака ён мыўся пасля падрыхтоўкі да лекцыі і сапраўды імкнуўся не будзіць жонкі. Часта яны падыходзілі да ваннай адначасова і па чарзе чысцілі зубы перад сном. Праз чатыры месяцы доктар лёг пачытаць у сужэнскі ложак, пакуль жонка яшчэ была ў ваннай, як бывала раней, і раптам заснуў. Яна легла побач даволі рэзка, каб ён прачнуўся і сышоў. Так і атрымалася, ён сапраўды прачнуўся, але замест таго, каб устаць, выключыў начнік і зручней прымасціўся на падушцы. Яна ўзяла яго за плячо і патрэсла, нагадваючы гэтым, што ён мусіць пайсці ў кабінет, але той так добра пачуўся на фамільнай пярыне, што вырашыў капітуляваць.

— Дазволь мне застацца, — сказаў ён. — Так, мыла было.

Прыгадваючы эпізод ужо на паваротцы да старасці, ні ён, ні яна не маглі паверыць, што ўсё гэта было, яны здзівіліся, але тая сварка была найстрашнейшай за паўстагоддзя сумеснага жыцця і адзінай, якая выклікала ў іх жаданне здацца і пачаць жыццё па-іншаму. Нават у глыбокай і паблажлівай старасці яны засцерагаліся прыгадваць той канфлікт, бо слаба загоеныя раны здольныя нанава краваточыць, нібыта іх нанеслі ўчора.

Хувэналь Урбіна быў першым мужчынам у жыцці Фэрміны Дасы, якога яна чула, як ён мочыцца. Была іх першая шлюбная ноч, і гэта здарылася ў каюце карабля, які вёз іх у Францыю. Яе змусіла легчы марская хвароба, і гук конскага струменя, што даносіўся праз тонкую перагародку з прыбіральні, падаўся ёй такім магутным і ўладным, што натуральная баязлівасць нявесты ператварылася ў жах. Менавіта ўспаміны пра гэта ажывалі ў памяці часцяком па меры таго, як гады аслаблялі той струмень, бо жонка ніколі не магла змірыцца з тым, што кожны раз пасля яго край унітаза заставаўся мокрым. Доктар Урбіна спрабаваў упэўніць яе даступнымі аргументамі — было б жаданне ўцяміць — што гэта паўтаралася з ім штодня не з неахай­насці, як яна вымаўляла яму, а з прыродных прычын. У маладосці ягоная крыніца біла так моцна і мэтанакіравана, што ў школе ён заўсёды выйграваў заклад на трапнасць — хутчэй і лепей за ўсіх напаўняў бутэлькі на адлегласці. Аднак з часам крыніца не толькі аслабла, цяпер струмень скрывіўся, непрадказальна дзяліўся на дробныя цуркі. Нарэшце, прыпадабняўся фантанчыку, які працуе з такім уяўленнем, што яго немажліва накіраваць нават коштам самых сумленных намаганняў. Ён яшчэ прыгаворваў: «Унітаз, відаць, вынайшаў той, хто нічога не ведаў пра мужчын». Ён зрабіў унёсак у хатні мір учынкам, у якім было болей самазнявагі, чым пакоры: стаў шторазу выціраць край унітаза гігіенічнай паперай. Жонка ведала пра гэта, але маўчала, пакуль аміячныя выпарэнні ў прыбіральні не сталі занадта надакучлівымі, і тады яна выкрывальна абвяшчала: «Тут трусятнікам патыхае». Напярэдадні канчатковага састарэння цялесная непрыемнасць падказала доктару Урбіна найлепшае рашэнне: наперад ён бруіў седзячы, як і яна. Унітаз заставаўся чыстым, а заадно скончыліся кпіны.

Ён ужо з цяжкасцю ўпраўляўся сам, аднойчы паслізнуўся ў ваннай, што магло для яго дрэнна скончыцца, і гэта выклікала засцярогу доктара ў адносінах да душа. Дом быў сучасным, але без металічнай ванны на львіных лапах, звычайнай ужо ў заможных дамах старога горада. Ён яшчэ раней загадаў вынесці яе і аргументаваў гэта прычынамі гігіены: ванна — дрэнь, якіх досыць у еўрапейцаў, яны мыюцца цалкам толькі ў апошнюю пятніцу месяца ў вадзе, бруднай тым брудам, якога яны намагаюцца пазбыцца. Ён жа загадаў замовіць ёмістыя, па ягоных мерках, масіўныя ночвы з гуаяканы[6], і ў іх Фэрміна Даса купала мужа, як зазвычай купаюць нованароджаных. Купанне доўжылася больш за гадзіну, у трох водах, куды падлівалі адвар з лісця мальвы і апельсінавай цэдры, і водар гэтак супакойваў яго, што часам ён засынаў у духмяным настоі. Пасля купання Фэрміна Даса тальчыла яму прамежнасць і змазвала какававым алеем апрэласці, насоўвала з вялікай любоўю шкарпэткі, бы якія пялюшкі, і далей — усю вопратку ад нагавіцаў да гальштука з тапазам на заціску. Шлюбныя золкі сталіся ціхамірнымі, бо ён вярнуўся ў маленства, адабранае ў свой час дзецьмі. Жонка, са свайго боку, прыстасавалася да сямейнага распарадку, бо і ейныя гады міналіся: яна спала ўсё меней, ёй яшчэ не было сямідзесяці, як яна ўжо ўставала раней за мужа.

У нядзелю на Сёмуху, калі доктар Урбіна прыўзняў коўдру і ўбачыў цела Ерэміі дэ Сэнт-Амура, яму адкрылася штосьці, чаго ён не мог знайсці ў часе сваіх вандраванняў па самых ясных сферах медыцыны і веры. Нібыта пасля доўгіх гадоў блізкіх стасункаў са смерцю — не дарэмна ж ён змагаўся і ўступаў у сутычкі з ёю — тое быў першы выпадак, калі ён наважыўся глянуць смерці ў твар, і яна, смерць, таксама на яго пазірала. Гэта не быў жах перад смерцю. Не, жах жыў у ім ужо шмат гадоў, суіснаваў з ім, быў ценем ягонага ценю. І гэта пачалося аднойчы ўначы, калі ён прачнуўся, спужаны дурным сном, і ўсвядоміў, што смерць — не толькі сталая верагоднасць, як ён уважаў раней, але яшчэ й неад’емная рэальнасць. Але ж у той дзень ён адчуў фізічную ўвасобленасць таго, што да тае пары адчувалася як уяўная сапраўднасць. Ён сумна ўсміхнуўся, — пасярэднікам нябёсаў для страшнага адкрыцця быў Ерэмія дэ Сэнт-Амур, якога ён заўсёды ўважаў за святога, што не ведае пра сваю святасць. Але ліст выявіў праўду пра ягоную асобу, жудаснае мінулае, неверагодную здольнасць Ерэміі да прытворства, і доктар адчуў: штосьці незваротнае і канчатковае здарылася ў ягоным жыцці.

Тым не менш, Фэрміна Даса не заразілася ягоным змрочным настроем. Ён спрабаваў, безумоўна, завесці яе, пакуль яна дапамагала трапіць нагамі ў калашыну штаноў і зашпільвала чараду гузікаў на кашулі. Аднак доктару гэта не ўдалося, бо Фэрміна Даса не была ўразлівай, да таго ж, размова ішла не пра смерць любага ёй чалавека. Яна толькі ведала, што Ерэмія дэ Сэнт-­Амур — інвалід на мыліцах, якога яна ніколі не бачыла. Ён уратаваўся ўцёкамі ад карнага аддзела, пазбег расстрэлу падчас аднаго з мноства паўстанняў на адной са шматлікіх Антыльскіх выспаў. Пасля ён стаў дзіцячым фатографам, бо трэба было неяк жыць, карыстаўся найвялікшым попытам ва ўсёй правінцыі і яшчэ выйграў шахматную партыю ў кагосьці, каго яна згадвала як Торэмалінаса, хоць насамрэч гэта быў Капаблянка[7].

— Ён быў толькі ўцекачом з Каены, яму вынеслі пажыццёвы прысуд за страшэннае злачынства! — усклікнуў доктар Урбіна. — Уяві сабе, ён нават еў чалавечыну.

Доктар Урбіна ўручыў ёй ліст з таямніцамі Ерэміі дэ Сэнт-­Амура, якія ўцякач думаў знесці ў іншы свет, але жонка, не пра­чы­таўшы, паклала складзеныя старонкі ў шуфлядку туалетнага століка і замкнула на ключ. Яна прызвычаілася да яго бяздоннай здольнасці здзіўляцца, да перабольшванняў у думках, якія з цягам часу рабіліся ўсё больш заблытанымі, да вузкасці крытэрыяў, якія не адпавядалі ягонай рэпутацыі ў грамадзе. Але тым разам ён перасягнуў сам сябе. Яна думала, што ейны муж паважаў Ерэмію дэ Сэнт-Амура не за яго мінулае, а за тое, кім ён стаў, прыехаўшы без маёмасці, калі не лічыць незаменнага для ўцекачоў заплечніка, і цяпер не магла зразумець, чаму муж так разгубіўся ад запозненага адкрыцця наконт сапраўднай асобы Ерэміі дэ Сэнт-Амура. Яна таксама не магла ўразумець, чаму мужу непрыемна, што ў таго была патаемная сувязь з жанчынай, хоць гэта было традыцыйным атавізмам у ягоным асяродку, нават у яго ў свой час была каханка, апрача таго, ёй здавалася кранальным доказам кахання тое, што жанчына дапамагла ажыццявіць рашэнне пайсці з жыцця. І Фэрміна Даса сказала мужу: «Калі б ты таксама рашыўся на такі крок, ды з такіх сур’ёзных прычын, як ён, маім абавязкам было б учыніць так сама, як яна». Доктар Урбіна нанава адчуў сябе на ростанях звычайнага непаразумення, якое ўжо паўстагоддзя раздражняла яго.

— Нічога ты не разумееш, — адказаў ён. — Мяне абурыла не тое, кім ён быў і што ён зрабіў, а падман, няведанне, у якім ён трымаў нас усіх столькі гадоў запар.

Ягоныя вочы засцілі раптам набеглыя слёзы, але яна прыкінулася, быццам нічога не заўважае.

— Ён учыніў слушна, — дадала яна. — Скажы вам праўду, і ні ты, ні тая бедная жанчына, словам, ніхто ў гэтым горадзе не палюбіў бы яго, як яго любілі.

Яна зашпіліла яму кішэнны гадзіннік, прасунула лан­цу­жок праз пельку камізэлькі, падцягнула вузел гальшту­ка і па­правіла заціск з тапазам. Пасля ўцерла слёзы, прамакнула заслёзненую бараду наадэкалоненай насоўкай і сунула яе ў верх­нюю кішэню, расправіўшы кончыкі, нібыта гэта не насоўка, а магнолія. Гадзіннік прабіў адзінаццатую, і рэха разарвала зацішша памяшкання.

— Хадзем, — сказала яна і ўзяла яго пад руку. — Інакш мы спознімся.

Амінта Дэшам, жонка доктара Лясыдэса Алівэллі, і яе сем старанных дачок прадугледзелі ўсё, каб абед у гонар срэбнага юбілею мужа і бацькі стаў сапраўднай падзеяй года. Іхны фамільны дом у гістарычнай частцы горада быў у старажытнасці памяшканнем Манетнага двара, і пазбавіў яго самабытнасці фларэнтыйскі дойлід, які прайшоўся па тутэйшых кварталах, як злы вецер абнаўлення, ды перайначыў не менш за чатыры рэліквіі XVII стагоддзя ў венецыянскія базілікі. Дом меў шэсць спальняў і дзве залы, адна служыла ядальняй, а другая — гасцёўняй, абедзьве былі вялікімі і добра праветрываліся, але не настолькі, каб збіраць гасцей з усяго горада і абраных з наваколля. Двор быў роўны ў памерах кляштарнай галерэі, з каменным фантанам, у якім цурчала вада, і кветнікамі, дзе буялі геліятропы, — увечары яны напаўнялі дом сваім водарам, — але раздзеленая каланадай прастора не дазваляла змясцідь столькіх славутасцяў. Так што яны вырашылі зладзіць абед у сваёй загараднай сядзі­бе, за дзесяць хвілін язды на аўто па каралеўскай дарозе, бо там двор займаў цэлую фанегаду[8], і на ім раслі вялізныя індыйскія лаўры, а ў ціхай рачулцы — крэольскія вадзяныя лілеі. Людзі з шынка дона Санча пад кіраўніцтвам спадарыні Алі­вэллі нацягнулі каляровыя тэнты ў сонечных месцах, саставілі са столікаў прастакутнік на сто дваццаць дзве персоны, накрылі льнянымі абрусамі, а ганаровы стол упрыгожылі букетамі свежых, толькі што зрэзаных ружаў. Акрамя таго, збудавалі эстраду для духавога аркестра з даволі абмежаваным рэпертуарам — яны выконвалі адно што кантрадансы і айчынныя вальсы, — а таксама для струннага квартэта Школы мастацтваў, гэга быў сюрпрыз спадарыні Алівэллі для вельмішаноўнага настаўніка мужа, які мусіў старшыняваць на абедзе. Хоць дата не зусім супадала з угодкамі атрымання лекарскага дыплома, Сёмуха была абраная, каб такім чынам падкрэсліць значнасць юбілею.

Падрыхтоўка пачалася за тры месяцы, бо баяліся, што праз брак часу ўпусцяць штосьці неабходнае. Загадалі прывезці жывых кур са Сьенага-дэ-Ора, вядомых на ўсё ўзбярэжжа не толькі памерамі і смакам, але яшчэ й тым, што ў каланіяльны перыяд яны жылі-падзёўбвалі сабе ў наносных землях, таму ў іхных валляках часам знаходзілі драбкі чыстага золата. Спадарыня Алівэлля, разам са старэйшай дачкой і прыслужніцамі, асабіста падымалася на борт раскошных трансатлан­тычных караблёў і набывала ўсё самае якаснае з кожнай краіны, каб адпаведна ўганараваць заслугі свайго мужа. Яна ўсё прадугледзела, за выключэннем таго, што свята супала з адной з нядзеляў чэрвеня, а сезон дажджоў сёлета зацягнуўся. Яна здагадалася пра гэта раніцой, калі выйшла на абедню і яе спужала надзвычайная вільготнасць паветра, яна ба­чыла — неба было густым і нізкім, а з боку мора гарызонт не відзён быў увогуле. Нягледзячы на відавочныя прыкметы, дырэктар мясцовай астранамічнай абсерваторыі, з якім яна сустрэлася ў касцёле, нагадаў ёй, што за ўсю бурлівую гісторыю горада нават у самыя лютыя зімы ніколі не ішоў дождж у Сёмухаў дзень. І ўсё ж а дванаццатай, калі адгулі званы і госці ўжо пілі аперытывы на вольным паветры, рокат самотнага грому скалануў зямлю, і моцны парыў ветру з мора перакуліў частку сталоў і знёс тэнты, а неба абрынулася на людзей жудаснай навальніцай.

Доктар Хувэналь Урбіна з цяжкасцю дабраўся ў навальнічнай віхуры разам з запозненымі гасцямі, з якімі сустрэўся па дарозе. Доктар хацеў, як яны, прайсці ад стаянкі для аўто да дома, скачучы з камяня на камень праз заліты плынямі вады двор, але ўсё-ткі прыняў зняважлівую прапанову лю­дзей дона Санча — яны панеслі яго на руках, трымаючы над ім кавалак жоўтага брызенту. Сталы наноў накрылі як маглі па ўсім доме, нават у спальнях, і госці зусім не імкнуліся схаваць таго, што з надвор’ем ім пашэнціла, як пасажырам патанулага карабля. Спякота стаяла, нібыта побач з карабельным катлом, таму што давялося зачыніць вокны, іначай касыя струмені дажджу залілі б увесь дом. У двары кожнае месца за сталом было абазначана карткай з імем госця. Акрамя таго, гаспадары думалі пасадзіць мужчын з аднаго боку стала, а жанчын — з другога, адпаведна традыцыі. Але візітныя карткі з імёнамі гасцей пераблыталіся, і праз вымушаную цеснату госці паселі, дзе змаглі, часта насуперак прымхам вышэйшага грамадства. У гэтым бязладдзі Амінта дэ Алівэлля была нібыта паўсюль адначасова, з мокрымі ўшчэнт валасамі, у заляпаным граззю пышным строі, аднак яна пераносіла няшчасце з нязменнай усмешкай, якой навучылася ад мужа, каб не скарацца перад горам. Ёй дапамагалі дочкі, загартаваныя ў горне матчыных традыцый, і Амінта дэ Алівэлля здолела, наколькі гэта было мажліва, прытрымаць месцы за ганаровым сталом — у цэнтры пасадзіла доктара Хувэналя Урбіна, а праваруч — арцыбіскупа Абдуліё-і-Рэя. Фэрміна Даса села каля мужа, яна звыкла баялася, што ён задрэмле падчас абеду альбо пралье сабе поліўку на штрыфель. Насупраць сеў сам доктар Лясыдэс Алівэлля, — пяцідзесяцігадовы, па-жаноцку манерны мужчына, які добра захаваўся, але яго вясёлы нораў ніяк не ўплываў на дакладнасць дыягназаў. За гэтым сталом селі прадстаўнікі правінцыйных і муніцыпальных уладаў ды яшчэ леташняя каралева прыгажосці, якую губернатар прывёў пад руку і пасадзіў ля сябе. Хоць традыцыі не патрабавалі, каб госці неяк адмыслова апраналіся, тым больш для загараднага абеду, жанчыны прыехалі ў вечаровых строях і з каштоўнымі ўпрыгожаннямі, а бальшыня мужчын — у цёмных строях з чорнымі гальштукамі, некаторыя ж нават у суконных сурдутах. Толькі самыя выбітныя, сярод іх і доктар Урбіна, дазволілі сабе прыехаць у звычайнай вопратцы. Кожны госць перад сабою знайшоў меню на французскай мове, упрыгожанае залатымі віньеткамі.

Спадарыня Алівэлля турбавалася з-за жахлівае спякоты і абышла ўвесь дом, просячы напрамілы Бог, каб мужчыны знялі пінжакі за сталом, але ніхто не асмельваўся падаць прыклад. Арцыбіскуп звярнуўся да доктара Урбіна і заўважыў, што ў пэўным сэнсе гэта быў абед гістарычны: упершыню за адным сталом сядзелі супрацьлеглыя бакі, якія ў бясконцай грамадзянскай вайне пралівалі кроў у краіне з часоў абвяшчэння незалежнасці, і абед нібыта даказваў, што раны зацягнуліся і крыўды развеяліся. Гэтая думка супала з энтузіязмам лібералаў, перадусім маладых, якія дамагліся абрання свайго прэ­зідэнта пасля сарака пяці гадоў гегемоніі кансерватараў. Але доктар Урбіна не быў згодны: прэзідэнт-ліберал здаваўся яму нічым не адрозным ад прэзідэнта-кансерватара, хіба што ліберал горш апранаўся. Аднак ён не стаў пярэчыць арцыбіскупу, хоць яго й падмывала заўважыць, што ніхто не быў запрошаны на абед з-за перакананняў, а выключна з прычыны прыналежнасці да слынных родаў, што заўсёды было вышэй за нязгоды палітыкі і жахі вайны. З гэтага пункту гледжання, сапраўды, ні на каго не забыліся.

Навальніца прайшла, як і пачалася, раптоўна, і тут жа ў чыстым небе заззяла сонца, але бура была такой суворай, што павырывала з карэннем дрэвы, а рачулка разлілася па двары і ператварыла яго ў сапраўднае балота. Найбольшая бяда напаткала кухню. Дзеля свята адмыслова абклалі цаглінамі некалькі вогнішчаў за домам, пад адкрытым небам, і кухары ледзь паспелі ўратаваць катлы ад дажджу. Яны згубілі каштоўны час, вычарэпваючы ваду на кухні і хуценька ладзячы новыя вогнішчы ў галерэі ззаду. Але а першай выйшлі з бядотнага становішча, не ставала толькі дэсерту — яго замовілі ў мнішак кляштара Святой Клары, і яны абяцалі прыслаць усё не пазней за адзінаццатую. Гаспадыня баялася, што рачулка, якая перасякала галоўную дарогу, выйшла з берагоў, як гэта заўжды здаралася ўзімку, а тады яна не зможа атрымаць дэсерт раней, чым праз дзве гадзіны. Як толькі мінулася навальніца, адчынілі вокны, і дом асвяжыўся навальнічным азонам. Затым загадалі духавому аркестру пачынаць праграму вальсамі на тэрасе порціку, але гэта толькі замінала гасцям, бо рэзананс ад медных інструментаў у доме прымушаў размаўляць крыкам. Стомленая ад чакання, з усмешкаю, праз якую праступалі слёзы, Амінта дэ Алівэлля загадала падаць абед.

Квартэт са Школы мастацтваў пачаў канцэрт сярод урачыстае цішыні, якая была перарваная першымі тактамі Моцартавага «Палявання». Нягледзячы на пошум галасоў, што нарастаў і заблытваў гукі, на беганіну мурынаў, што служылі ў дона Санча, а яны, разносячы гарачыя стравы, ледзь прадзі­раліся паміж сталамі, доктар Урбіна здолеў сканцэнтраваць сваю ўвагу на музыцы да канца праграмы. Ягоная здольнасць да засяроджання меншала з года ў год, дайшло да таго, што ён мусіў запісваць на паперцы кожны шахматны ход, каб ведаць, на чым спыніўся. Аднак ён яшчэ мог падтрымліваць сур’ёзную размову, не губляючы нітавіну канцэрта, хоць і ні­колі не дасягаў віртуознасці аднаго дырыжора нямецкага ар­кестра, яго вялікага сябра з Аўстрыі, які чытаў партытуру «Дона Джавані», слухаючы Вагнеравага «Тангейзера».

Другі твор праграмы, «Дзяўчына і смерць» Шуберта, быў выкананы, на думку доктара Урбіна, з залішнім драматызмам. З цяжкасцю разбіраючы музычныя гукі скрозь звон прыбораў і талерак, ён заўважыў ружовашчокага юнака, які прывітаў яго, схіліўшы голаў. Безумоўна, ён недзе бачыў яго, але не мог прыгадаць, дзе менавіта. Гэта здаралася з ім часцяком і перадусім з імёнамі нават самых блізкіх знаёмцаў ды мелодыямі даўніх часоў, і выклікала ў ім такі страшны адчай, што аднойчы ўначы ён злавіў сябе на тым, што хацеў бы памерці, толькі б не дачакацца золку. Ён ледзь не дайшоў да падобнага стану, калі міласэрны сполах прасвятліў памяць: гэты юнак летась вучыўся ў яго. Ён здзівіўся, што хлопец прысутнічае сярод вярхоў грамадства, але доктар Алівэлля нагадаў яму, што юнак быў сынам міністра гігіены і прыехаў, каб напісаць дысертацыю па судовай медыцыне. Доктар Хувэналь Урбіна весела махнуў маладому лекару рукой, а той прыўстаў і адказаў паклонам. Але ні тады, ні калі-небудзь пазней доктар Урбіна не прыгадаў, што гэта быў той самы практыкант, які чакаў яго раніцой у доме Ерэміі дэ Сэнт-Амура.

Супакоены яшчэ адной перамогай над старасцю, ён аддаўся празрыстай плыні лірызму апошняга твора, які так і не змог пазнаць. Пазней малады віяланчаліст, які толькі-толькі вярнуўся з Францыі, сказаў яму, што гэта быў твор для струннага квартэта Габрыеля Фарэ, імя якога доктар Урбіна ніколі не чуў, хоць уважліва сачыў за еўрапейскімі навінкамі. Фэрміна Даса, якая назірала за ім заўсёды, а цяпер бачыла такім засяроджаным на людзях, перастала есці і ўзяла яго за руку. Затым шапнула: «Не думай болей пра гэта». Доктар Урбіна ўсміхнуўся ёй з другога берага свайго экстазу і зноў падумаў пра тое, чаго яна пабойвалася. Ён прыгадаў Ерэмію дэ Сэнт-Амура, цела якога пад той час ужо ляжала ў стылізаванай вайсковай уніформе з бутафорскімі ўзнагародамі ў труне пад дакорлівымі поглядамі дзяцей з партрэтаў. Ён павярнуўся да арцыбіскупа, распавёў пра самагубства, але той ужо ведаў. Вельмі шмат гаварылі пра гэта пасля абедні і нават атрымалі прашэнне палкоўніка Хероніма Арготэ ад імя ўцекачоў Карыбскага басейна, каб ім дазволілі пахаваць паплечнікаў асвячонай зямлі. Арцыбіскуп сказаў: «Само прашэнне я ўспрыняў як поўную адсутнасць такту». Затым, у больш спакойным тоне, спытаў, ці вядомая прычына самагубства. Доктар Урбіна адказаў вельмі трапным словам, лічачы, што вынайшаў яго ў той самы момант: герантафобія. Доктар Алі­вэлля апекаваўся бліжэйшымі гасцямі, але на хвілю пакінуў іх, каб уставіць слова ў размову: «Вельмі сумна сутыкнуцца з суіцыдам, прычынай якога не ёсць каханне». Доктар Урбіна зусім не здзівіўся, паслухаўшы ўласную думку ў вуснах свайго найлепшага вучня.

— І што горай, — дадаў настаўнік, — ён атруціўся цыяні­дам золата.

Доктар Урбіна вымавіў гэта і адчуў, што шкадаванне сталася мацнейшым за горыч, якую выклікаў ліст, і быў удзячны за гэта не жонцы, а дзівоснай музыцы. І доктар Урбіна загаварыў з арцыбіскупам пра чалавека, які быў для яго свецкім святым і якога ён зведаў доўгімі шахматнымі вечарамі. Казаў пра тое, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур прысвяціў сваё мастацтва дзецям, што за жыццё дасягнуў рэдкай эрудыцыі і ведаў пра ўсё на свеце, а сам вёў спартанскі лад жыцця. Доктар здзі­віўся ўласнай душэўнай чысціні, з якой раптам аддзяліў нябожчыка ад ягонага мінулага. Затым сказаў алькальду, што добра было б набыць архіў негатываў, каб захаваць вобразы цэлага пакалення, бо, магчыма, толькі ў партрэтах яны бу­дуць шчаслівымі, а ў іх руках — будучыня горада.

Арцыбіскуп абурыўся тым, што інтэлігентны і ваяўнічы ка­талік дазволіў сабе думаць пра святасць самазабойцы, але не пярэчыў прапанове адносна архіва негатываў. Алькальд хацеў дазнацца, у каго трэба выкупіць архіў. Гарачае вуголле таямніцыабпаліла язык доктара Урбіна, але ён вытрываў, не выдаўшы падпольную спадкаемніцу Ерэміі дэ Сэнт-­Амура, і адказаў: «Я асабіста займуся гэтым». І адчуў, што загладзіў сваю віну перад жанчынай, якую за пяць гадзін да таго лічыў агідным мярзотным стварэннем. Фэрміна Даса заўважыла гэта і ціхім голасам папрасіла паабяцаць, што ён пойдзе на пахаванне. Ён шапнуў ёй з палёгкай у душы, што, вядома, пойдзе, абавязкова.

Юбілейныя прамовы былі кароткімі і ўспрымаліся лёгка. Духавы аркестр узяўся за простанародныя мелодыі, не прадугледжаныя праграмай, а госці сталі шпацыраваць па тэрасах, чакаючы, пакуль людзі з шынка дона Санча адвядуць ваду з двара — раптам хто-небудзь наважыцца танчыць. У зале засталіся толькі госці за ганаровым сталом, якія ў захапленні заўважылі, што доктар Урбіна, пачуўшы фінальны тост, залпам выпіў паўчаркі брэндзі. Ніхто не мог прыгадаць падобнага выпадку, за выключэннем калісьці прыгубленага кубка віна найвышэйшага гатунку, без якога ён не ацаніў бы вартасці далікатэснае стравы, але на гэты раз само сэрца прасіла здацца, і за слабасць, якую ён дапусціў, ён быў узнагароджаны: зноў, упершыню за столькі гадоў, яму захацелася спяваць. І ён бы заспяваў, безумоўна, балазе малады віяланчаліст настойліва прапаноўваў акампанемент, калі б не аўто апошняе мадэлі, якое нечакана ўзнікла, праехала цераз забалочаны двор, заляпаўшы музыкантаў граззю і спу­дзіўшы качак з блізкага загона аглушальным качыным крыкам клаксона, каб рэзка спыніцца каля ганка. З аўто выйшлі доктар Марка Аўрэліё Урбіна Даса і ягоная жонка, абое рагаталі, як ненармальныя, трымаючы ў руках па падносе, прыкрытым карункавай сурвэткай. Іншыя падносы ляжалі на фатэлях і нават на падлозе аўто, каля кіроўцы. Гэта быў запознены дэсерт. Калі госці перасталі пляскаць і весела свісцець, доктар Урбіна Даса ў сур’ёзным тоне патлумачыў, што мнішкі папрасілі яго адвезці дэсерт, пакуль не ўсчалася бура, але ён мусіў быў развярнуцца, бо хтосьці сказаў, што гарыць бацькоўскі дом. Доктар Хувэналь Урбіна перапужаўся яшчэ да таго, як сын завяршыў аповед. Але ягоная жонка своечасова нагадала яму, што ён сам распарадзіўся выклікаць пажарных, каб яны злавілі папугая. Амінта дэ Алівэлля ўздыхнула з палёгкай і вырашыла падаць дэсерт на тэрасах, не зважаючы на тое, што каву падалі раней. Аднак доктар Хувэналь Урбіна і ягоная жонка, не пакаштаваўшы салодкага, пайшлі, бо да пахавання амаль не заставалася часу для яго нязменнай сіесты.

Доктар паспеў трохі паспаць, але мала, бо, як вярнуўся дадому, ён сутыкнуўся з тым, што пажарныя нарабілі большае шкоды, чым пры сапраўдным пажары. Спрабуючы сагнаць папугая, яны струменямі з брандспойтаў збілі з дрэва ўсё лісце, а адзін няўдала накіраваны струмень прайшоў праз адчыненае акно вялікай спальні і непапраўна папсаваў мэблю і партрэты далёкіх продкаў. Суседзі пачулі сірэну пажарнай машыны і прыбеглі — падумалі, што дом гарыць. Большай шкоды не было нанесена толькі праз адсутнасць грамады школьнікаў-дапаможцаў, бо школы ў нядзелю зачыненыя. Калі пажарныя здагадаліся, што не дастануць папугая нават з дапамогай рухомай лесвіцы, яны ўзяліся за мачэтэ і пачалі ссякаць галіны, і толькі ўчасны прыход доктара Урбіна Дасы перапыніў знішчэнне дрэва. Тады пажарныя сказалі, што прыедуць зноў а пятай, на выпадак, калі гаспадар дазволіць ссекчы дрэва, загадзілі бруднымі ботамі ўнутраную тэрасу і залу ды падралі турэцкі дыван, які так любіла Фэрміна Даса. І ўсё гэта — без аніякага сэнсу, бо, хутчэй за ўсё, папугай, скарыстаўшы з бязладдзя, зляцеў у суседскія двары. І праўда, як доктар Урбіна ні шукаў папугая ў лістоце, той не адказваў ні на якой мове, ні свістам, ні спевам, так што гаспадар палічыў, што птушка згінула, і пайшоў спаць а трэцяй. Перад тым, як легчы, ён адчуў хвілінную асалоду ў прыбіральні — ягоная мача ачысцілася і набыла пах патаемнага саду, бо ў той дзень ён паеў цёплае спаржы.

Прачнуўся ён ад суму. Гэта быў не той сум, які адолеў яго, калі раніцой пабачыў цела свайго сябра, а нябачны туман, якім набрыняла душа пасля сіесты, і доктар успрыняў яго як нябесную вестку пра тое, што ён дажывае апошнія дні. Да пяцідзесяці гадоў ён не адчуваў памераў, вагі і стану сваіх унутраных органаў. З гадамі, лежачы з заплюшчанымі вачыма пасля штодзённай сіесты, доктар пачаў адчуваць іх у сабе, асобна адзін ад аднаго. Ён спазнаў форму ўласнага бяссоннага сэрца, таямніцы печані, замкнёнасць падстраўнікавай залозы, і раптам адкрыў, што найстарэйшыя людзі былі маладзейшыя за яго, а ён, адзін з тых, хто здымаўся на легендарных групавых партрэтах яго пакалення, перажыў усіх астатніх. Адчуўшы ўпершыню, што страчвае памяць, доктар звярнуўся да сродку, пра які распавёў калісьці нехта з ягоных настаўнікаў у Школе медыцыны: «Хто згубіў звычайную памяць, зробіць сабе папяровую». Аднак гэта была ілюзія, бо ён дайшоў да таго, што забываў сэнс кароткіх цыдулак, якія валяліся ў кішэнях. Ён абыходзіў дом і шукаў акуляры, якія былі ў яго на пераноссі, зноў круціў ключ у замку пасля таго, як ужо зачыніў дзверы, губляў нітавіну чытанага, бо забываў зыходныя моманты сюжэту ці ступень сваяцтва герояў. Але больш за ўсё яго трывожыў недавер да ўласнага розуму: спакваля, набліжаючыся да немінучага крушэння, ён здагадваўся, што страчвае пачуццё справядлівасці.

Уласны досвед, хоць і не абгрунтаваны навукова, падказваў доктару Хувэналю Урбіна, што бальшыня смяротных хваробаў мае свой пах, але ніводзін з іх не быў такім спецыфічным, як пах старасці. Ён адчуваў яго ва ўскрытых целах на рэзекцыйным стале, пазнаваў у пацыентах, што выдатна хавалі свой век, а таксама ў поце ўласнай адзежы і ў ціхамірным подыху жонкі, калі яна спала. Каб ён не быў тым, кім ёсць, а менавіта — старамодным хрысціянінам, верагодна, пага­дзіўся б з Ерэміем дэ Сэнт-Амурам у тым, што старасць — гэта стан ганебны і яе трэба прадухіліць своечасова. Адзінае суцяшэнне для яго, у мінулым моцнага ў ложку мужчыны, было павольнае і міласэрнае знікненне пажадлівага апетыту. У восемдзесят адзін год у яго была ясная галава, і ён ведаў, што на зямлі яго трымаюць адно тонкія ніткі, здольныя абарвацца без болю нават ад змены позы ў сне, і калі ён імкнуўся захаваць тыя ніткі цэлымі, дык толькі ад жаху, што не знойдзе Бога ў сутонні смерці.

Фэрміна Даса занялася ўратаваннем спаскуджанай пажарнымі спальні, і крыху раней за чацвёртую папрасіла аднесці мужу штодзённы кубак ліманаду са здрабнёным лёдам і нагадаць, што ён мусіць апранацца і ісці на пахаванне. У той вечар доктар Урбіна меў пад рукою дзве кніжкі: «Таямніцы чалавека» Алексіса Карэля і «Гісторыю Святога Мішэля» Ак­сэля Мунтэ[9]. Апошняя яшчэ не была разрэзаная, і ён папрасіў Дыгну Парда, кухарку, прынесці забыты ім у спальні нож са слановай косткі. Але, калі яна прынесла нож, ён ужо раскрыў «Таямніцы чалавека», знайшоў патрэбнае месца па канверце, які служыў закладкай, і чытаў: заставалася колькі старонак да канца. Чытаў ён марудна, прабіраючыся па радках хісткай увагай, якая выслізгвала з выгінаў памяці, ён адчуваў востры галаўны боль, які звязваў з фінальным тостам і выпітай тады паловай келіху брэндзі. Перарываўся ён і каб сербануць ліманаду, затрымліваўся, пасмоктваючы кавалачак лёду. Сядзеў у шкарпэтках, у кашулі без устаўнога каўнерыка, з апушчанымі па баках шлейкамі ў зялёную палоску, і сама думка пра тое, што трэба пераапранацца на пахаванне, раздражняла яго. Неўзабаве ён кінуў чытанне, паклаў адну кніжку на другую і стаў павольна гушкацца ў лазовым крэсле, аглядаючы з сумам бананавае кустоўе ў мокрым двары, абадранае дрэва манга, мошак, якія з’яўляліся пасля дажджу, — эфемерны бляск яшчэ аднаго дня, які сыходзіў назаўжды. Ён забыўся ўжо на тое, што меў папугая з Парамарыба, якога любіў, як чалавека, калі раптам пачуў яго. «Каралеўскі папугайчык», — сказаў уцякач. Па голасе доктар Урбіна здагадаўся, што папугай дзесьці надта блізка, амаль побач з ім, і тут жа заўважыў яго на самай нізкай галінцы мангавага дрэва.

— Ах ты нахабнік! — сказаў ён яму.

Папугай адказаў голасам гаспадара:

— А ты, пэўна, яшчэ большы нахабнік, доктар.

Доктар працягваў гамонку з папугаем, не спускаючы з яго вачэй, пакуль насоўваў чаравікі, вельмі асцярожна, абы толькі не спужаць птушку. Затым падняў шлейкі і выйшаў на гразкі ад дажджу двор, намацваючы перад сабой шлях кіем: не хапала яшчэ спатыкнуцца на трох прыступках тэрасы. Папугай не варухнуўся. Ён быў так нізка, што доктар працягнуў яму кій, каб папугай сеў на срэбнай булдавешцы, як звычайна рабіў, але той упарціўся. Ён скокнуў на суседнюю галінку, трохі вышэй, але тое месца было нават лепш дасягальным, бо на галіну абапіралася лесвіца, якую прыставілі да прыходу пажарных. Доктар Урбіна прыкінуў вышыню на вока і падумаў, што варта падняцца на дзве прыступкі, і ён дацягнецца да папугая. Вось ён адолеў першую прыступку, напяваючы песню, каб адцягнуць увагу капрызлівай птушкі, якая паўтарала словы без мелодыі, але адыходзіла па галінцы бака­вы­мі крокамі. Доктар Урбіна ўзняўся на другую прыступку без цяжкасці, трымаючыся за лесвіцу рукамі, і папугай пачаў паўтараць усю песню цалкам, але не варушыўся. Гаспадар узняўся на трэцюю прыступку і адразу на чацвёртую, бо ён блага разлічыў вышыню галінкі. Тады, трымаючыся за лесвіцу левай рукой, паспрабаваў узяць папугая правай. Дыгна Парда, старая кухарка, ішла папярэдзіць, што доктар ужо спазняецца на пахаванне, убачыла чалавека на лесвіцы са спіны і не пазнала б Хувэналя Урбіна, калі б не знаёмыя эластычныя шлейкі ў зялёную палоску.

— А Божа ж мой! — закрычала яна. — Ён жа заб’ецца!

Доктар Урбіна схапіў папугая за глотку з пераможным уздыхам: «А во як!» Аднак тут жа адпусціў яго, бо лесвіца выслізнула з-пад ног, і ён на хвілю павіс у паветры, уцяміўшы, што памірае без прычасця, не маючы часу на каянне і развітанне з блізкімі, у чатыры гадзіны і сем хвілін у дзень святое нядзелі, на Сёмуху.

Фэрміна Даса каштавала на кухні суп для вячэры, калі пачула лямант Дыгны Парда, тупат хатняй прыслугі і тут жа — галасы суседзяў. Яна кінула лыжку і пабегла, як мага хутчэй, адчуваючы непазбежны цяжар сваіх гадоў, і раўла, нібыта ашалелая, не ведаючы яшчэ, што здарылася пад ценем мангавага дрэва, і сэрца абарвалася, калі ўбачыла мужа, які ляжаў тварам дагары ў непралазнай гразі, ужо амаль мёртвы. Ён яшчэ супраціўляўся апошняму ўдару смерці, каб жонка паспела прыбегчы, і пазнаў яе ў натоўпе скрозь слёзы гора, бо паміраў ён у ейнай адсутнасці. Доктар паглядзеў на яе ў навечна апошні раз, і ў ягоных вачах было столькі святла, суму і ўдзячнасці, колькі яна не бачыла ў іх за паўстагоддзя сужыцця, і ён паспеў шапнуць ёй апошнім сваім подыхам:

— Толькі Бог ведае, як я цябе кахаў!

Гэтая смерць засталася ў памяці люду, і небеспадстаўна. Толькі скончыўшы сваю спецыялізацыю ў Францыі, доктар Хувэналь Урбіна стаў вядомым у краіне тым, што своечасова спыніў апошнюю эпідэмію халеры, якая ўспыхнула ў правінцыі, спыніў новымі і рашучымі метадамі. Папярэдняя эпідэ­мія, якая надарылася, калі ён яшчэ быў у Еўропе, скасіла чвэрць гарадскога насельніцтва менш чым за тры месяцы, смерць забрала нават ягонага бацьку, таксама вельмі паважанага лекара. Карыстаючыся набытай павагай і тым, што ён удала ўклаў сямейныя сродкі, доктар заснаваў Медыцынскае таварыства, першае і адзінае ў прыбярэжных правінцыях на працягу многіх гадоў, і стаўся ягоным пажыццёвым старшынёй. Ён дамогся, каб збудавалі першы водаправод, першую каналізацыйную сістэму і крыты гарадскі рынак, што дазволіла палепшыць стан смуроднае бухты Прывідаў. Апрача таго, ён быў прэзідэнтам Моўнай і Гістарычнай акадэмій. Рымска-каталіцкі патрыярх Ерусаліма ўганараваў яго тытулам кавалера Ордэна Труны Гасподняй за ягоныя заслугі перад касцёлам, а ўрад Францыі надаў яму Ордэн Ганаровага Легіёна і прысвоіў ступень камандора. Ён быў душою ўсіх рэлігійных і грамадскіх таварыстваў, якія існавалі ў гора­дзе, і асабліва — Патрыятычнага аб’яднання, куды ўваходзілі ўплывовыя грамадзяне без пэўных палітычных інтарэсаў, якія рабілі ціск на ўрад і на мясцовых камерсантаў прагрэсіўнымі ініцыятывамі, вельмі смелымі для тых часоў. Сярод іх яшчэ сёння прыгадваюць спробу выкарыстаць для горада паветраны шар, які ў першым сваім урачыстым палёце павёз ліст у Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенага, нашмат раней, чым людзі пачалі думаць пра рэальныя перавагі авіяпошты. Іншымі ініцыятывамі сталіся стварэнне Цэнтра мастацтваў, які пазней арганізаваў Школу мастацтваў у тым будынку, дзе яна існуе і сёння, і ладжанне штогадовых красавіцкіх паэтычных чытанняў.

Толькі ён дасягнуў таго, што здавалася немагчымым на пра­цягу стагоддзя: рэстаўрацыі Тэатра камедыі, які з часоў калоніі ператварыўся ў арэну пеўневых баёў і гадавальнік для байцовых пеўняў. Гэта была кульмінацыя каласальнай грамадскай кампаніі, у шэрагі якой былі ўцягнутыя ўсе пласты насельніцтва без выключэння. Удзельнікаў кампаніі было дужа багата, і многія ўважалі, што ейная мэта мелася б быць больш годнай. Але ўсё ж новы Тэатр камедыі быў адкрыты, хоць яшчэ не было ні крэслаў, ні лямпаў, і гледачы мусілі прыносіць самі, на чым сядзець і чым асвятляць залу ў антрактах. Быў уведзены этыкет, уласцівы вялікім прэм’ерам Еўропы, — дамы дэманстравалі пад карыбскай спякотай доўгія вечаровыя строі і футры ад найлепшых кушняроў. Праўда, спатрэбіўся дазвол на ўваход прыслузе: хтосьці ж мусіў несці крэслы, лямпы і ўсялякую ежу, інакш як вытрываць бяс­концыя п’есы — аднойчы праграма зацягнулася да ранішняе імшы. Сезон адкрыла французская оперная трупа, якая здзівіла публіку навінкай у аркестры — арфай. Слыннасць трупы трымалася на бездакорна чыстым сапрана і драматычным таленце турчанкі, якая спявала басанож, і на кожным пальцы ейных ног ззялі пярсцёнкі з каштоўнымі камянямі. Ужо ў першым акце сцэну было ледзь відаць, а ў спевакоў прападаў голас з-за дыму ад шматлікіх лямпаў на алеі дзікае пальмы кароса. Але гарадскія хранікёры ніякім чынам не згадалі гэтай дробнай непрыемнасці, затое дэталёва распісалі самае векапомнае. Безумоўна, тое была самая заразлівая ініцыятыва доктара Урбіна, бо на оперную ліхаманку нечакана захва­рэлі самыя шырокія пласты насельнікаў горада — так узнікла цэлае пакаленне Ізольдаў і Атэлаў, Аідаў і Зігфрыдаў. Аднак ніколі не даходзіла да скрайнасцяў, пра якія марыў доктар Урбіна: яму так і не давялося ўбачыць, як прыхільнікі італьянскай опернай традыцыі біліся б кіямі ў антрактах з аматарамі вагнераўскага стылю.

Доктар Хувэналь Урбіна ніколі не займаў афіцыйных пасад, якія прапаноўвалі яму даволі часта і без якіх-кольвек умоў, і бязлітасна крытыкаваў лекараў, што выкарыстоўвалі свой аўтарытэт дзеля палітычнай кар’еры. Хоць яго лічылі лібералам, і на выбарах ён галасаваў за іх партыю, рабіў ён гэта, хутчэй, па звычцы, чым з перакананняў, і, верагодна, быў адзіным нашчадкам вялікага роду, які дасюль кленчыў, калі бачыў парадную карэту арцыбіскупа. Ён лічыў сябе прыроджаным пацыфістам, прыхільнікам канчатковага замірэння лібералаў і кансерватараў на карысць радзіме. Але ягоная грама­дзянская пазіцыя была такой незалежнай, што ніхто не прымаў яго за паплечніка: лібералы запісалі доктара Урбіна да пячорных арыстакратаў, кансерватары казалі, што яму і да масона недалёка, а масоны пагарджалі ім як патаемным клерыкалам, які перадусім служыў Святому Прастолу. Менш крыважэрныя крытыкі меркавалі, што ён усяго толькі зачараваны Паэтычнымі спаборніцтвамі арыстакрат, які не заўважае, што нацыя патанае ў крыві бясконцай грамадзянскай вайны.

Толькі два ўчынкі не вязаліся з гэтым вобразам. Першым быў пераезд у новы дом квартала нуварышаў са старажытнага палаца маркіза Касальдуэра, дзе больш за стагоддзе жыў ягоны род. Другім быў шлюб з мясцовай прыгажуняй без імя і маёмасці, з якой употайкі смяяліся дамы з доўгімі прозвішчамі[10], пакуль насуперак амбітнасці не ўпэўніліся, што яна была ў сем разоў вышэйшай за іх годнасцю і характарам. Доктар Урбіна заўжды меў на ўвазе гэтыя ды іншыя заганы свайго грамадскага аблічча, і ніхто так, як ён, не ўсведамляў, што застаўся апошнім дзейным нашчадкам згасаючага роду. Ягоныя дзеці былі толькі бляклым тупіком. Марка Аўрэліё, ягоны сын, таксама лекар, як бацька і ўсе першынцы кожнага пакалення, не зрабіў за пяцьдзясят гадоў жыцця нічога вартага — нават сына. Адзіная дачка Афэлія пайшла за працавітага банкаўскага клерка з Нью-Арлеана і да клімаксу нарадзіла трох дачок і ніводнага сына. Аднак, нягледзячы на шкадаванне, што яго кроў не будзе сілкаваць хаду гісторыі, смерць больш за ўсё трывожыла доктара Урбіна тым, што Фэрміне Дасе давядзецца жыць у самоце.

Так ці інакш, трагічнае здарэнне скаланула не толькі блізкіх, але перадалося і на просты люд, што выходзіў на вуліцу, спадзеючыся ўбачыць хоць водбліск вялікасці паважнага нябожчыка. Была абвешчаная трохдзённая жалоба, дзяржаўныя ўстановы прыспусцілі сцягі, званы ўсіх храмаў званілі, пакуль не зачынілі грабніцу ў сямейным склепе. Майстры са Школы мастацтваў знялі пасмяротную маску, якая мусіла служыць формай для бюста ў натуральную велічыню, але ад праекта адмовіліся, ніхто не палічыў годным памяці нябожчыка той жах апошняга імгнення, які адбіў злепак. Знакаміты мастак, які выпадкова знаходзіўся ў горадзе праездам у Еўропу, напісаў вялікае палатно, поўнае патэтычнага рэалізму, дзе паказаў доктара Урбіна на лесвіцы ў наканаваны момант, калі ён працягнуў руку, каб злавіць папугая. Адзінае адхіленне мастака ад жорсткае праўды здарэння было ў тым, што ён напісаў яго не ў кашулі без устаўнога каўнерыка і са шлейкамі ў зялё­ную палоску, а ў капелюшы і чорным сурдуце, як на партрэце, што змясцілі газеты часоў эпідэміі халеры. Праз колькі месяцаў пасля трагедыі, каб людзі маглі пабачыць твор, карціну выставілі ў «Залатым дроце», прасторнай галерэі, дзе гандлявалі імпартнымі таварамі і праз якую праходзіў увесь горад. Затым карціна была паказаная ва ўсіх дзяржаўных і прыватных установах, якія лічылі сваім абавязкам схіліцца перад памяццю слыннага суайчынніка, і нарэшце на ўгодкі павесілі ў Школе мастацваў, адкуль шмат гадоў пазней студэнты жывапісу знялі яе, каб спаліць на ўніверсітэцкім пляцы як сімвал агіднай эстэтыкі і ненавісных часоў.

З першага моманту стала відавочным, што ўдава Фэрміна Даса не бездапаможная істота, як баяўся памерлы муж. Яна была рашуча настроеная не дазваляць аніякім чынам выкарыстоўваць труп ейнага мужа, пагрэбаваўшы нават гана­ро­вай тэлеграмай прэзідэнта рэспублікі, які загадаў ушанаваць нябожчыка і наладзіць доступ да цела ў актавай зале правінцыяльнага ўрада. З такой жа годнасцю адмовілася яна ад таго, каб штось падобнае адбылося ў кафедральным саборы, як прасіў яе асабіста арцыбіскуп, і толькі дазволіла ненадоўга прывезці нябожчыка ў сабор для адпявання. Нават на просьбы агаломшанага рознымі прапановамі сына Фэрміна Даса адказвала стойкасцю і сялянскім перакананнем, што мёртвы не належаць нікому, акрамя ўласнай сям’і, і развітвацца з ім будуць дома, п’ючы каву з хатнім пірагом і маючы поўную свабоду аплакваць яго, каму як заўгодна. Традыцыйныя дзевяць дзён жалобы яна не ладзіла: дзверы зачыніліся пасля пахавання і адчыняліся толькі перад самымі блізкімі.

Дом быў ва ўладзе смерці. Каштоўныя рэчы прыбралі ў на­дзейнае месца, і на голых сценах можна было ўбачыць сляды ад знятых карцін. Крэслы — свае і пазычаныя ад суседзяў — стаялі ўздоўж сцен ад залы да спальні, і пустыя месцы здава­ліся велізарнымі, а галасы гучалі прывідна, бо грувасткую мэблю таксама павыносілі, толькі раяль застаўся ў сваім куце пад белым покрывам. У цэнтры кабінета-бібліятэкі, на бацькоўскім пісьмовым стале, яшчэ без труны, ляжала цела таго, хто яшчэ нядаўна быў Хувэналем Урбіна дэ ля Калье, з засты­лым выразам апошняга жаху на твары, у чорным плашчы і з баявой шпагай кавалера Ордэна Труны Гасподняй. Побач, у глыбокай жалобе, трапяткая, але цалкам валодаючы сабой, Фэрміна Даса прымала спачуванні без драматызму, нават без лішніх рухаў да адзінаццатай раніцы наступнага дня, калі раз­віталася з мужам, махнуўшы з порціку хусткай.

Няпроста было ёй узяць сябе ў рукі з таго моманту, як яна пачула кліч Дыгны Парда ў двары, і ўбачыла так любага ёй старога чалавека пры смерці ў мешаніне ліпкае гразі. Першай рэакцыяй была надзея, бо ягоныя вочы былі расплюшчанымі і выпраменьвалі такое святло, як ніколі ў жыцці. Яна прасіла Бога даць ёй хоць імгненне, каб ён не сышоў без упэўненасці ў тым, што яна кахала яго, нягледзячы на прыкрыя сумневы, і адчула нястрымнае жаданне наладзіць сумеснае жыццё наноў, каб яны маглі сказаць тое, чаго не здолелі сказаць адзін аднаму, і каб маглі перарабіць тое, што не атрымалася раней. Аднак ёй давялося скарыцца перад непазбежнасцю смерці. Ейнае гора ператварылася ў сляпую злосць да ўсяго свету і нават да сябе, і гэта надало ёй сілу і мужнасць для сустрэчы з адзі­нотай сам-насам. З таго моманту яна не ведала ні хвілі спакою, але засцерагалася, каб які-кольвечы жэст не зразумелі як праяву паказнога гора. Толькі аднойчы, далібог міжволі, дапусціла яна патэтычную ноту, і гэта здарылася ў нядзелю аб адзінаццатай ночы, калі прывезлі біскупскую труну, якая пахла гонкім кедрам, з меднымі ручкамі і шаўковай, сцёганай абіўкай. Доктар Урбіна Даса адразу загадаў зачыніць труну, бо ў доме не было чым дыхаць з-за водару безлічы кветак у невыноснай спякоце, да таго ж яму падалося, што на бацькавай шыі праступілі першыя цёмна-лілейныя плямы. Хтосьці разгублена сказаў у цішы: «У такім веку чалавек і жывы напалову згнівае». І вось тады, перад тым, як зачынілі труну, Фэрміна Даса зняла шлюбны пярсцёнак і надзела яго нябожчыку мужу, затым прыкрыла яго руку сваёй, як рабіла заўсёды, калі бачыла, што ён паглыбляецца ў летуценні на людзях.

— Хутка пабачымся, — вымавіла яна.

Флярэнтына Арыса, нябачны ў натоўпе выбітных асоб, ад­чуў, нібыта яму працялі бок шпагаю. Фэрміна Даса не заў­важыла яго ў мітусні першых спачуванняў, хоць ніхто так, як ён, не заставаўся ў доме практычна да канца і не быў гэтак карысным у клопатах цяжкой ночы. Менавіта ён навёў парадак на кухні, каб кавы хапала ўсім. Ён дастаў крэслы, калі не стала хапаць нават суседскіх, і падказаў ставіць да сцяны двара вянкі, бо ў доме яны ўжо не змяшчаліся. Дзякуючы яму хапіла брэндзі для гасцей доктара Лясыдэса Алівэллі, якія, даведаўшыся пра трагедыю падчас яго срэбнага юбілею, адразу прыехалі, так бы мовіць, на працяг, пасеўшы ўкола мангавага дрэва. Ён адзіны своечасова зрэагаваў, калі папугай-уцякач з’явіўся апоўначы ў ядальні з узнятай галавой і раскінутымі крыламі, ад чаго ўсе прысутныя здранцвелі, бо з’яўленне папугая нагадвала абрад пакаяння. Флярэнтына Арыса схапіў яго за глотку, не даўшы яму часу выкрыкнуць якое глупства, і ў клетцы пад покрывам вынес у стайню. Ён усё зрабіў настолькі дыхтоўна і талкова, што нікому не прыйшло да галавы падумаць, нібыта гэта ўмяшальніцтва ў чужыя справы, — наадварот, людзі ўспрынялі яго паводзіны як бясцэнную дапамогу ў гадзіну сямейнага гора.

Флярэнтына Арыса быў такім, якім здаваўся: сур’ёзным і пас­лужлівым старым. Ён быў хударлявы, але не ссутулены, са скурай смуглявай і безвалосай, прагныя вочы пазіралі скрозь круглыя акуляры ў асадзе з белага металу, а рамантычныя вусы з напамаджанымі канцамі здаваліся трохі старамоднымі. Апошнія пасмы валасоў ён прычэсваў ззаду і ўкладваў лакам пасярэдзіне бліскучага чэрапа — адзінае мажлівае вырашэнне пры поўнай аблыселасці. Яго прыроджаная ветлівасць і разняволеныя манеры скаралі адразу, але, як у заўзятага халасцяка, адначасова выглядалі падазрона. Ён выдаткаваў шмат грошай, хітрамудрасці і сілы волі, каб не так заўважаліся ягоныя сем­дзесят шэсць гадоў, якія ён адзначыў у сакавіку, і быў упэўнены ў тым, што сам-насам са сваёй душою ён кахаў моўчкі і нашмат мацней, чым хто-кольвек на белым свеце.

У ноч развітання з доктарам Урбіна ён быў у тым жа, у чым яго заспела сумная вестка і, дарэчы, як заўсёды, нягледзячы на чэрвеньскую спёку: у тройцы з цёмнай тканіны, з шаўковым бантам замест гальштука, з цэлюлоідным каўнерыкам, у пільсцёвым капелюшы і з парасонам з чорнага атласу, які служыў яму адначасна і кіем. Але на золку ён на пару гадзін знік з жалобнага дому, а з першымі промнямі сонца, свежы, старанна паголены, вярнуўся, прынёсшы з сабою водар ласьёну. Ён пераапрануўся ў чорны старамодны сурдут, які ап­ра­налі хіба што на хаўтуры альбо да імшы перадвелікоднага тыдня; строй завяршаў цвёрды каўнерык са стужкай, якую насілі мастакі замест гальштука, і лёгкі капялюш. Ён зноў­ку прыйшоў з парасонам, на гэты раз не толькі па завя­дзёнцы, але й таму, што быў упэўнены: да дванаццатай прой­дзе дождж, пра што сказаў доктару Урбіна Дасу на выпадак, калі той надумае перанесці хаўтуры на больш ранні час. І сапраўды, доктар Урбіна Даса паспрабаваў гэта зрабіць, бо Флярэнтына Арыса належаў да сямейства карабельнікаў і сам з’яўляўся прэзідэнтам Карыбскай параходнай кампаніі, а гэта дазваляла меркаваць, што ён разбіраецца ў капрызах надвор’я. Але доктар Урбіна Даса не здолеў узгадніць змены своечасова, бо напярэдадні прадстаўнікі цывільных і вайсковых уладаў, грамадскіх і прыватных устаноў, вучэльняў і рэлігійных супольнасцяў, вайсковы духавы аркестр і аркестр Школы мастацтваў былі запрошаныя да адзінаццатай, так што пахавальная працэсія, што мела ўвайсці ў гісторыю, была разагнаная жудаснай навальніцай. Толькі некаторыя з іх да­хлюпалі па гразі да фамільнага склепа, побач з якім ад кала­ніяльных часоў расла сэйба, галіны якой раскінуліся па-над му­рамі цвінтара. У ценю гэтай самай сэйбы, але за сцяной, на дзялянцы для самагубцаў, карыбскія ўцекачы напярэдадні пахавалі Ерэмію дэ Сэнт-Амура разам з ягоным сабакам, адпаведна апошняй волі нябожчыка.

Флярэнтына Арыса быў сярод тых, хто дайшоў да склепа і адбыў да самага канца пахавання. Ён прамок да сподняга і паспяшаўся дадому, баючыся захварэць на пнеўманію пас­ля столькіх гадоў выключнай перасцярогі і празмернай пра­філактыкі. Ён загадаў, каб яму зрабілі гарачага ліманаду з брэндзі, выпіў шклянку з дзвюма пілюлямі фенаспірыну, лёг і доўга пацеў, захутаны ў коўдру з воўны, пакуль цела не прыйшло ў норму. Вярнуўшыся на хаўтуры, ён ужо пачуваўся вельмі добра. Фэрміна Даса зноў узяла ў свае рукі ўладныя лейцы, дом ужо быў прыбраны да прыёму людзей. У чыр­воным покуце кабінета яна паставіла пастэльны партрэт нябожчыка мужа з жалобнай стужкай на рамцы. А восьмай увечары набілася шмат людзей, і было спякотна, як напярэдадні, але адразу пасля малітвы за спачын душы хтосьці запусціў шэптам просьбу не затрымлівацца доўга, маўляў, няхай удава адпачне першы раз пасля ліхой хвілі.

Фэрміна Даса развітвалася з бальшынёю гасцей, стоячы ка­ля по­куці, але апошнюю групу блізкіх сяброў праводзіла да дзвя­рэй, каб зачыніць за імі, як яна рабіла заўсёды. Яна ўжо збіралася гэта зрабіць, калі заўважыла: Флярэнтына Арыса ў жалобе стаяў сярод ужо пустой залы. Яна нават узрадавалася: шмат гадоў таму яна выкрасліла гэтага чалавека са свайго жыцця, і цяпер, калі адбылося ачышчэнне часам, упершыню толкам бачыла яго. Але яшчэ да таго, як яна паспела вымавіць словы ўдзячнасці, ён з трымценнем і годнасцю прыклаў капялюш да сэрца і выціснуў нарыў, з якім пражыў амаль усё жыццё.

— Фэрміна, — сказаў ён, — я чакаў выпадку больш за паў­стагоддзя, каб зноў паўтарыць клятву вечнай адданасці і кахання. Фэрміна Даса магла б вырашыць, што перад ёю — ва­р’­ят, калі б не мела падстаў думаць, што ў гэтае імгненне ім кіраваў Святы Дух. Адразу ўзнікла жаданне кінуць яму праклён за блюзнерства: гэта ж трэба сказаць такое, калі нябожчык муж яшчэ не паспеў астыць у труне. Але гэтаму супраціўлялася годнасць, якую яна захоўвала ў хвіліны шаленства. «Прэч адсюль, — сказала Фэрміна. — І ніколі болей да самае магілы не лезь мне ў вочы». Яна адчыніла дзверы насцеж і дадала:

— Спадзяюся, няшмат табе засталося.

Калі ягоныя крокі на пустой вуліцы сціхлі, яна павольна за­чыніла дзверы на засаўку і замкі, і самотна сустрэла лёс. Да гэтага моманту ніколі ў жыцці яна не ўсведамляла ўсёй глыбі­ні той драмы, якую сама спарадзіла, калі ёй толькі споўнілася васямнаццаць, і якая будзе пераследаваць яе ажно да самае смерці. Яна заплакала ўпершыню з моманту няшчасця і без сведак — толькі так яна і ўмела. Аплакала смерць мужа, сваю самоту і сваю злосць, а калі ўвайшла ў пустую спальню, аплакала і сябе, бо амаль ніколі не спала адна ў гэтай пасцелі з тае пары, як стала жанчынай. Усё, што належала мужу, выклікала слёзы: хатнія пантофлі з пампонамі, піжама пад падушкай, прастора без яго ў люстэрку туалетнага століка, асаблівы пах ягонай скуры. Раптам яна скаланулася ад няяснае думкі: «Любыя людзі мусяць паміраць разам з іхнымі рэчамі». Яна не прыняла дапамогі прыслугі, каб легчы, і нічога не стала есці перад сном. Разбітая горам, яна маліла Бога паслаць ёй смерць гэтай жа ноччу ўва сне і легла з надзеяй, што так яно й будзе. Яна імгненна заснула, нават не распранаючыся, а толькі скінуўшы чаравікі. Спала як забітая, ведаючы, аднак, што ў сне працягвае жыць, што палова ложка раптоўна аказалася залішняй; яна ляжала бокам на левай палове, як заўсёды, але з другога боку не хапала мужа для раўнавагі. Скрозь сон яна падумала, што больш ніколі не здолее спаць, як раней, і пачала енчыць у сне, і далей спала ў слязах, ні разу не мяняючы позы. Праспаўшы ўсіх пеўняў, яна прачнулася ад нялюбага без яго ранішняга сонца. Толькі тады яна зразумела, што спала зашмат, але не памерла, і пакуль спала, плачучы, больш думала пра Флярэнтына Арысу, чым пра нябожчыка мужа.

Са свайго боку, Флярэнтына Арыса не пераставаў думаць пра яе ні на хвіліну з тае пары, як Фэрміна Даса безапеляцыйна адмовіла яму пасля доўгага і супярэчлівага кахання, а здарылася гэта пяцьдзясят адзін год, дзевяць месяцаў і чатыры дні назад. Яму не трэба было весці лік дням без яе, драпаючы крэскі, нібыта на сценах турэмнае камеры, бо не было дня без таго, каб нешта не змушала прыгадаць яе. Калі яна парвала з ім, яму было дваццаць два гады і ён жыў з маці, Трансытай Арысай, якая арандавала паўдома на вуліцы Вэнтанас, дзе з маладосці трымала галантарэйную краму і яшчэ распускала рваныя кашулі і старыя анучы — шчыпала корпію, якую набывалі лазарэты для параненых. Ён быў яе адзіны сын, плён выпадковай сувязі з вядомым карабельнікам донам Піем Пятым Ляайсам і — усе ведалі — старэйшым з трох братоў, што заснавалі Карыбскую параходную кампанію і далі першы штуршок паравой навігацыі па рацэ Магдалене.

Дон Пій Пяты Ляайса памёр, калі сыну было дзесяць гадоў. Хоць бацька патаемна падтрымліваў хлопца, ён і не думаў прызнаваць яго перад законам, а таксама не забяспечыў яму будучыні, так што Флярэнтына Арыса насіў адзіна матчына прозвішча, але народ ведаў, чый насамрэч ён сын. Пасля баць­кавай смерці Флярэнтына Арысу давялося кінуць вучобу, ён уладкаваўся вучнем на пошце, дзе яму даручылі ўскрыц­цё мяхоў і разбор карэспандэнцыі; ён таксама абвяшчаў пра прыбыццё параходаў з поштай, уздымаючы сцяг адпаведнай краіны над дзвярыма канторы.

Ягоная кемлівасць не засталася па-за ўвагай тэлеграфіста, нямецкага імігранта Лятарыя Тугута, які, акрамя асноўнае службы, граў на аргане падчас вялікіх святаў у кафедральным саборы і даваў прыватныя заняткі музыкі. Лятары Тугут навучыў яго карыстацца азбукай Морзэ і тэлеграфічным апаратам; некалькі заняткаў ігры на скрыпцы хапіла, каб Флярэнтына Арыса зайграў на слых, як прафесіянал. Калі васямнаццацігадовы Флярэнтына Арыса ўпершыню ўбачыў Фэрміну Дасу, ён ужо лічыўся самым цікавым маладым чалавекам свайго кола, лепш за ўсіх танчыў пад модную музыку, чытаў на памяць сентыментальныя вершы і заўсёды быў гатовы далучыцца да сваіх сяброў, каб граць сольныя скрыпічныя серэнады іхным каханкам. Ужо тады ён быў хударлявым, індзейскія валасы скараліся толькі духмянаму фіксатару, акуляры ад блізарукасці падкрэслівалі бездапаможны выгляд. Дэфект зроку не быў адзіным, яшчэ ён усё жыццё пакутаваў ад хранічных запораў і карыстаўся рознымі паслабляльнымі сродкамі. У яго быў адзіны выходны строй, які дастаўся ад нябожчыка бацькі, але Трансыта Арыса так сачыла за ім, што кожную нядзелю ён выглядаў, як новы. Нягледзячы на чэзлы выгляд Флярэнтына, на яго замкнёнасць і змрочнае адзенне, дзяўчаты яго кола патаемна разыгрывалі латарэю на права застацца з ім сам-насам, ды і ён не быў супраць такіх гульняў, пакуль не ўбачыў Фэрміну Дасу: тады час гульняў скончыўся.

Упершыню ён убачыў яе аднойчы днём, калі Лятары Тугут даручыў яму аднесці тэлеграму чалавеку без дакладнага адраса, якога звалі Лярэнса Даса. Флярэнтына Арыса адшукаў яго ў раёне Евангельскага скверыка, у самым старажытным, амаль разваленым доме, унутраны дворык якога быў падобны да галерэі абацтва, з той розніцай, што тут у кветніках расло адно пустазелле і стаяў фантан без вады. Флярэнтына Арыса не пачуў ні гуку, які б выдаў прысутнасць чалавека, пакуль ішоў за босай прыслужніцай пад зводамі калідора, дзе бачыў яшчэ не распакаваныя пасля пераезду скрыні, мулярскія інструменты, кучы вапны і наваленыя мяхі з цэментам, бо дом сур’ёзна рэстаўравалі. У глыбіні дворыка месцілася часовая кантора, дзе вельмі тоўсты чалавек з кучаравымі бакенбардамі і закручанымі вусамі бавіў сіесту, седзячы за пісьмовым сталом. Яго сапраўды звалі Лярэнса Дасам, яго мала хто ведаў у горадзе, бо ён прыехаў аднекуль менш чым два гады таму і, апрача таго, сыходзіўся з людзьмі не надта проста.

Лярэнса Даса ўзяў тэлеграму, нібыта гэта быў працяг кашмарнага сну. Флярэнтына Арыса з пэўным прафесійным спачуваннем глянуў у ягоныя бляклыя вочы, заўважыў няўпэўненасць у пальцах, калі той ірваў налепку на складзенай тэ­леграме, — гэта быў жах, які сціскаў сэрца, жах, часцяком заўважны ў адрасатаў, якія ўсё яшчэ звязвалі тэлеграмы са смерцю. Лярэнса Даса прачытаў тэкст і акрыяў. Уздыхнуў: «Добрыя навіны» — , і ўручыў Флярэнтына Арысу пяць рэалаў[11], даўшы зразумець усмешкай палёгкі, што не відаць бы яму манеты, калі б навіны былі благія. Пасля паціснуў руку на развітанне, што не было прынята рабіць у дачыненні да кур’ераў, і прыслужніца правяла Флярэнтына да ўваходнае брамы, але не каб правесці, а каб прасачыць за ім. Яны вярталіся тым жа шляхам, пад скляпеннямі калідора, але цяпер Флярэнтына Арыса дазнаўся, што ў доме жыве хтосьці яшчэ, бо заліты святлом дворык напаўняўся жаночым голасам, які паўтараў урок чытання. Праходзячы каля пакоя для шытва, ён убачыў праз акно дарослую жанчыну і дзяўчыну, якія сядзелі ў састаўленых ушчыльную крэслах і разам сачылі па кнізе, якую дарослая жанчына трымала на прыполе. Яму падалося дзіўным, што дачка вучыць чытаць маці. Ён памыліўся толькі ў адным, бо старэйшая была цёткай, хоць выхоўвала дзяўчыну як маці. Заняткі не спыніліся, але дзяўчына ўзняла вочы, каб пагля­дзець, хто праходзіць каля акна, і гэты выпадковы погляд спарадзіў такі катаклізм кахання, які не згас і праз паўстагоддзя.

Флярэнтына Арыса дазнаўся пра Лярэнса Дасу толькі тое, што ён пераехаў з Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенага з адзінай дачкою і незамужняй сястрой, як толькі мінулася эпідэмія халеры, і тыя, хто бачыў, як яны сыходзілі з парахода, не сумняваліся, што сям’я прыехала назаўсёды, бо прывезла ўсё неабходнае, каб добра абсталяваць дом. Жонка Лярэнса Дасы памерла, калі дзяўчынка была зусім маленькай. Сястру звалі Эскалястыка, ёй было сорак гадоў, і яна дала зарок насіць вопратку францішканкі па-за домам і паясны шнур — на вачах у сям’і. Дзяўчынцы было трынаццаць гадоў, і яе звалі, як нябожчыцу маці, — Фэрмінай.

Людзі меркавалі, што Лярэнса Даса быў чалавекам заможным, бо ён нічым не займаўся, але жыў добра ды гатоўкай аддаў дзвесце песа золатам за дом у Евангельскім скверыку, рэстаўрацыя якога мусіла абысціся яму, прынамсі, удвая даражэй. Дачка вучылася ў школе З’яўлення Святой Дзевы, дзе паненкі з найзаможнейшых дамоў ужо цягам двух стагоддзяў засвойвалі мастацтва прыстойнага і пакорлівага жыцця ў шлюбе. Падчас калоніі і ў першыя гады Рэспублікі туды прымалі толькі дачок са знакамітых родаў. Але незалежнасць прынесла і заняпад арыстакратычных дынастый, якія мусілі падпарадкавацца рэаліям новых часоў, і школа адчыніла дзверы для ўсіх, нягледзячы на наяўнасць ці адсутнасць радаводаў на пергаменце, абы толькі плацілі, але з адной абавязковай умовай: паступаць мелі права толькі законный дочкі з каталіцкіх сем’яў. Ва ўсялякім выпадку, гэта была дарагая школа, і той факт, што Фэрміна Даса вучылася там, вызначаў эканамічнае становішча сям’і ў вачах люду, хоць і не меў дачынення да яе сацыяльнага статусу. Гэта ўзрадавала Флярэнтына, бо факты пацвердзілі тое, што гожая дзяўчына з мігдалавымі вачыма цалкам магла быць рэальным аб’ектам ягоных мараў. Аднак вельмі хутка суворы рэжым, усталяваны ейным бацькам, паўстаў перад ім неадольнай перашкодай. Яе аднагодкі хадзілі ў школу групкамі альбо з дарослай прыслужніцай, а Фэрміна Даса заўсёды ішла з цёткай, і яе паводзіны гаварылі пра тое, што забаўкі ёй не дазволены.

Вось такім нявінным чынам Флярэнтына Арыса пачаў патаемнае жыццё самотнага паляўнічага. А сёмай раніцы ён ужо сядаў на лаўцы ў скверыку пад мігдалавым дрэвам і рабіў выгляд, нібыта чытае зборнік вершаў, пакуль не з’яўлялася непрыступная дзяўчына ў школьнай форме з сінімі палоскамі, у панчохах на гумачцы да каленяў, у строгіх чаравіках, зашнураваных крыж-накрыж, з цяжкою касой, звязанай сціплаю стужкай, — каса спадала па спіне да самае таліі. Ішла яна ганарліва, што выглядала зусім натуральна, з прыўзнятай галавой і нерухомым позіркам, вастраносая, са школьным партфелем, прыціснутым да грудзей скрыжаванымі рукамі, ішла хадою газелі, нібы не падначаленая сіле гравітацыі. Цётка ў бурай вопратцы з францішканскім паясным шнурком ледзь паспявала за ёю, і прысутнасць цёткі выключала магчымасць падысці да дзяўчыны. Флярэнтына Арыса назіраў, як яны ішлі і вярталіся чатыры разы на дзень ды яшчэ раз у нядзелю пасля імшы, і пакуль што яму было дастаткова толькі назіраць за дзяўчынай. Паступова ён стаў ідэалізаваць яе, прыпісваючы ёй неверагодныя дабрадзейнасці, уяўныя пачуцці, і праз два тыдні ўсе ягоныя думкі былі толькі пра яе. Ён вырашыў даслаць каханай просты допіс — адзін аркуш, запоўнены з абодвух бакоў каліграфічным пісарскім почыркам. Аднак некалькі дзён допіс заставаўся ў кішэні, бо ён абдумваў, як яго перадаць, а пакуль тое, дапісаў яшчэ колькі старонак перад сном, і такім чынам першапачатковы допіс ператварыўся ў слоўнік кампліментаў, на якія яго натхнялі кнігі, завучаныя на памяць, — гэтулькі разоў ён іх перачытаў, чакаючы яе ў скверыку.

Прыкідваючы, як перадаць ліст, Флярэнтына Арыса паспрабаваў пазнаёміцца з іншымі дзяўчатамі з яе школы, але яны былі надта далёкія ад яго свету. Апрача таго, пасля шпацыраў з імі яму здалося неразумным дзяліцца з кімсьці сваімі памкненнямі. Аднак ён дазнаўся, што праз некалькі дзён пасля прыезду Фэрміну Дасу запрасілі на суботні баль, але бацька забараніў ёй ісці даволі рэзка: «На ўсё свой час». Ліст ужо займаў шэсцьдзесят з нечым старонак, калі Флярэнтына Арыса больш не здолеў супраціўляцца ціску ўласнае таямніцы і без астачы адкрыўся маці, адзінаму чалавеку, з якім зрэдчас дазваляў сабе хоць якую шчырасць. Трансыта Арыса расхвалявалася да слёз ад наіўнасці сына ў любоўных справах і паспрабавала накіраваць яго святлом свайго ўласнага досведу. Перадусім яна пераканала сына не ўручаць каханай стоса лірычных паперак, бо так можна спудзіць дзяўчыну ягонае мары: тая магла быць такой жа недасведчанай у амурных справах, як і яе сын. Перш за ўсё, сказала Трансыта Арыса, трэба даць ёй зразумець, што ён цікавіцца ёю, тады прызнанне не заспее яе знянацку, у яе будзе час падумаць.

— Але галоўнае, — тлумачыла маці, — ты мусіш заваяваць спачатку не яе, а цётку.

Парады, безумоўна, былі мудрымі, але, на жаль, запозненымі, бо менавіта ў той дзень, калі Фэрміна Даса адарвалася ад чытання і ўзняла вочы, каб паглядзець, хто праходзіць пад скляпеннямі галерэі, Флярэнтына Арыса ўразіў яе сваёй аўрай безабароннасці. Увечары, падчас вячэры, бацька гаварыў пра тэлеграму, і такім чынам яна дазналася, навошта прыходзіў Флярэнтына Арыса ў дом і якая ў яго прафесія. Гэта падштурхнула яе цікавасць, бо для яе, як і для многіх людзей таго часу, вынаходніцтва тэлеграфа мела пэўную сувязь з магіяй. Так што яна пазнала яго, угледзеўшы ў скверыку, калі ён нібыта чытаў пад ценем мігдалавага дрэва, аднак і знаку не падала, пакуль цётка не заўважыла, што ён тырчыць на адным месцы ўжо не першы тыдзень. Пазней, калі яны ўбачылі яго і пасля нядзельнай імшы, цётка канчаткова пераканалася ў тым, што такія частыя сустрэчы не могуць быць выпадковымі. І сказала пляменніцы: «Не дзеля мяне ён гэтак выпінаецца». Нягледзячы на суворыя паводзіны і манаскую вопратку, цётка Эскалястыка Даса адчувала ў сабе лішку жыццёвае моцы і пакліканне да саўдзелу, што былі яе найлепшыя якасці. Адна думка пра тое, што мужчына праяўляе зацікаўленасць пляменніцай, выклікала ў яе буру пачуццяў. Аднак Фэрміна Даса была яшчэ далёкая нават ад простай цікаўнасці да праяў кахання, і Флярэнтына Арыса адно абудзіў пэўнае шкадаванне — ёй здавалася, што ён хворы. Але цётка патлумачыла, што трэба жыць і жыць, каб спасцігнуць сапраўдную сутнасць мужчыны, і што яна не сумняецца: ён прыходзіць у скверык, каб пабачыць яе, і дыягназ у яго адзін — каханне.

Цётка Эскалястыка была крыніцаю разуменне й пяшчоты для самотнай дзяўчыны, чые бацькі пражылі разам без любо­ві. Цётка гадавала дзяўчыну са дня смерці маці, а ў дачыненні да свайго брата Лярэнса паводзілася, хутчэй, як старэйшая сяброўка, чым сястра. Так што зяўленне Флярэнтына Арысы сталася для іх адной з тых патаемных забаў, якія яны прыдумлялі, каб аздобіць жыццё застылага ў часе дома. Чатыры разы ў дзень, прахо­дзячы ўздоўж Евангельскага скверыка, яны неўпрыкмет кі­да­лі позірк у бок бледнага і сціплага, каб не сказаць вартага жалю, вартаўніка кахання, які амаль заўжды быў у чорным строі, нягледзячы на спякоту, і засяроджана рабіў выгляд, што чытае. «Вунь ён», — гаварыла тая з іх, якая заўважала яго першай, і тады яны душыліся са смеху. А ён уздымаў вочы і бачыў дзвюх суворых асоб, далёкіх ад ягонага жыцця, — яны рушылі ўздоўж скверыка, нібы не заўважаючы яго.

— Ах ты, гаротнік, — сказала аднойчы цётка. — Ён не адважваецца падысці, бо з табою я, але прыйдзе дзень і, калі ў яго сур’ёзныя намеры, дык ён неяк перадасць табе ліст.

Цётка прадбачыла мажлівыя перашкоды і навучыла дзяў­чыну патаемнай сувязі на мове жэстаў — незаменнаму сродку для забароненага кахання. Нечаканую цётчыну гарэзлівасць, што межавала з дзяцінасцю, Фэрміна Даса ўспрымала цікаўна, усё было ёй у навіну, але яна ніколі не падумала б, што за колькі месяцаў гульня зойдзе так далёка. Яна і не заўважыла, як забава ператварылася ў жарсную патрэбу, кроў пенілася ад прагі яго ўбачыць, а аднойчы ўначы дзяўчына прачнулася пераляканая: ёй прымроілася, што ён стаіць у цемры каля ложка і разглядае яе. Тады яна ўсёй душой пажадала, каб цётчыныпрагнозы спраўдзіліся, і ў сваіх малітвах прасіла Бога даць юнаку смеласці, каб ён перадаў ёй ліст, — толькі б дазнацца, што там напісана.

Аднак ейная просьба не была пачутая. Якраз наадварот. Гэтак супала, што Флярэнтына Арыса якраз адкрыўся маці, і яна ўгаворвала яго пакінуць пры сабе семдзесят старонак з прызнаннямі і кампліментамі. Карацей кажучы, Фэрміна Даса чакала да канца года. Само чаканне давяло яе да адчаю: набліжаліся снежаньскія вакацыі, і яна ўзрушана пыталася ў сябе, што рабіць, каб бачыць яго і каб ён яе бачыў на працягу трохмесячных школьных вакацый. Сумневы грызлі яе да самае ночы перад Раством, калі яна задрыжэла ад прадчування, што ён побач, у натоўпе вернікаў, якія сабраліся ў кафедральным саборы, і не зводзіць з яе вачэй, — вось тады трывожна ды няўрымсліва забілася сэрца. Яна не адважылася павярнуць голаў, бо сядзела паміж бацькам і цёткай, ёй давялося трымаць сябе ў руках, каб родныя не заўважылі, што з ёй адбываецца. Але ў натоўпе каля выхаду з храма яна адчула яго прысутнасць так блізка, што непераадольная сіла змусіла зірнуць цераз плячо, калі яны выходзілі з храма праз цэнтральны выхад, і тады ў дзвюх пядзях ад сябе пабачыла зледзянелыя вочы, бледны твар і скамянелыя ад жаху й кахання вусны. З перапуду за ўласную дзёрзкасць яна схапілася за руку цёткі Эскалястыкі, каб не ўпасці, а цётка ўлавіла, што рука пляменніцы схаладнела і праз карункавыя пульсэткі прыдала ёй смеласці ледзь прыкметным знакам саўдзелу. Сярод выбухаў петардаў і барабаннага дробату, сярод бляску каляровых ліхтарыкаў над кожнымі дзвярыма і гулу натоўпу людзей, што прагнулі міру, Флярэнтына Арыса бадзяўся да золку, бы самнамбула, і бачыў свята скрозь слёзы, агаломшаны шалёнай думкай пра тое, што менавіта ён, а не Бог, нарадзіўся той ноччу.

Шаленства разгарэлася яшчэ мацней на наступным тыдні падчас сіесты, калі без асаблівай надзеі ён падыходзіў да дома Фэрміны Дасы і ўгледзеў, што яна з цёткай сядзіць пад мігдалавым дрэвам каля ўвахода ў дом. Гэта быў паўтор над адкрытым небам карціны, якую ён бачыў аднойчы днём у пакоі для шытва: дзяўчына вучыла цётку чытаць. Але Фэрміна Даса без школьнае формы выглядала інакш: яна была ў ільняной сукенцы з мноствам складак, якія збягалі з плячэй і нагадвалі грэцкі хітон, а галоўку ўпрыгожваў вянок са свежых гардэній, які надаваў ёй выгляд каранаванай багіні. Флярэнтына Арыса сеў на сваёй заўсёднай лаўцы ў скверыку, у полі ейнага зроку, і на гэты раз не стаў удаваць, нібыта зачытаўся, а паклаў на калені раскрытую кніжку і глядзеў на дзяўчыну сваёй мары, якая не адказала яму ніводным літасцівым позіркам.

Напачатку ён вырашыў, што чытанне пад мігдалавым дрэвам — выпадковая змена, звязаная, верагодна, з бясконцым рамонтам дома, але ў наступныя дні ён зразумеў, што Фэрміна Даса збіралася сядзець тут штодня ў аднолькавы час на працягу ўсіх трох месяцаў школьных вакацый. У яго адкрылася другое дыханне. Ён не ўлавіў аніводнага позірку, не заўважыў ані мізэрнага знаку цікаўнасці альбо знявагі, аднак ейная абыякавасць свяцілася зусім інакш, нібыта падбадзёрваючы ягоную настойлівасць. І вось аднойчы ўдзень пры канцы студзеня цётка пакінула вязанне на крэсле і пляменніца засталася адна каля брамы, сярод зжаўцелага апалага лісця мігдалавага дрэва. Асмялеўшы ад шалёнай здагадкі, што цётка пайшла не проста так, Флярэнтына Арыса перайшоў вуліцу і стаў, рыхтык як слуп, перад Фэрмінай Дасай гэтак блізка, што адчуваў ейны подых і кветкавы водар, паводле якога пазнаваў яе, дзе б яна ні была, да самага скону. З паднятаю галавою ён загаварыў рашуча, як асмеліўся гаварыць зноўку аднойчы толькі праз паўстагоддзя.

— Я толькі прашу пра адно, — вымавіў ён, — прыміце ад мяне ліст.

Фэрміна Даса не чакала пачуць такі дакладны і ўпэўнены голас, ён ніяк не вязаўся з ягонымі млявымі манерамі. Яна, не адрываючы вачэй ад вышыўкі, адказала: «Я не магу прыняць яго без бацькавага дазволу». Флярэнтына Арыса задрыжэў, пачуўшы прыглушаны тэмбр ейнага цёплага голасу, які ўтрымае ў памяці на ўсё жыццё. Аднак ён захаваў рашучасць і тут жа сказаў ёй: «Тады папрасіце дазволу». Потым змяніў жорсткі тон на мальбу: «Гэта пытанне жыцця і смерці». Фэрміна Даса не зірнула на яго, не адклала вышыванне, але ягоная рашучасць прыадчыніла дзверы ейнае душы, якая магла ўвабраць увесь белы свет.

— Прыходзьце штодня, — завяршыла яна, — і дачакайцеся, пакуль я не перасяду на другое крэсла.

Флярэнтына Арыса не мог зразумець, што яна мела на ўвазе, да наступнага панядзелка, калі, седзячы на сваёй лаўцы, убачыў заўсёдную карціну, адно што ў іншым варыянце: цётка Эскалястыка ўвайшла ў дом, і тады Фэрміна Даса ўстала ды перасела на другое крэсла. Флярэнтына Арыса з белай камеліяй на штрыфелі сурдута перасёк вуліцу, стаў перад ёю і сказаў: «Гэта найвялікшы шанец майго жыцця». Фэрміна Даса, як і раней, не зірнула на яго, а агледзелася вакол, убачыўшы пустыя вуліцы пад сухой спякотай і віраванне мёртвай лістоты, устрывожанай ветрам.

— Давайце ліст, — сказала яна.

Флярэнтына Арыса думаў аднесці ёй усе семдзесят старонак, якія змог бы паўтарыць на памяць пасля столькіх перачытванняў, але ў апошні момант вырашыў напісаць няпоўную старонку ў стрыманым і ясным тоне, дзе абяцаў самае галоўнае: адданасць перад усялякім выпрабаваннем і вечнае каханне. Ён дастаў ліст з унутранае кішэні сурдута і працягнуў засмучанай вышывальніцы, якая не адважылася нават зірнуць на яго. Яна ўбачыла блакітны канверт, што дрыжэў у скамянелай ад страху руцэ, і ўзняла пяльцы, каб ён паклаў ліст: яшчэ не хапала, каб ён заўважыў, што і яе рукі дрыжаць. І тут здарылася вось што: на галінцы мігдалавага дрэва пыр­хнула птушка і нешта белае шмякнулася роўна на вышыўку. Фэрміна Даса хутка прыняла пяльцы, схаваўшы іх за крэслам, каб ён не заўважыў прыкрага здарэння, і ўпершыню ўзня­ла на яго вочы, што палалі ад сораму. Флярэнтына Арыса з лістом у руцэ вымавіў зусім спакойна: «Гэта добры знак». Яна падзякавала яму першай усмешкай, літаральна схапіла ліст, склала і сунула яго за ліф. Ён працягнуў ёй камелію, якая ўпрыгожвала штрыфель. Яна не прыняла яе: «Камелія — кветка заручынаў». Тут жа спахапілася, бо ў яе не было ўжо часу, і зноў замкнулася ў сваёй стрыманасці.

— А цяпер ідзіце, — сказала яна яму, — і не падыходзце, па­куль я не паведамлю.

На пачатку ўсёй гэтай гісторыі маці здагадалася пра пачуцці сына яшчэ да таго, як ён адкрыўся, бо ён зусім не размаўляў і страціў апетыт, не спаў начамі, бясконца варочаўся ў ложку. Але калі пацягнуліся дні чакання адказу на першы ліст, пакутлівае ўзрушэнне ўскладнілася жудаснымі паносамі і зялёнымі ванітамі, ён страціў арыентацыю ў прасторы, ён раптоўна губляў прытомнасць, і маці страшэнна спалохалася: ягоны стан не быў падобны на пакуты ад кахання, гэта былі, безумоўна, сімптомы халеры. Флярэнтынаў хросны, ста­ры гамеапат, якому Трансыта Арыса давярала ўсё з часоў яе патаемнага кахання, таксама ўстрывожыўся станам хворага, як толькі паглядзеў яго, бо пульс быў слабы, дыханне няроўнае, хлопец збялеў з твару і пацеў, як перад сконам. Аднак агляд паказаў, што жару, як і болю, не было, адно што канкрэтна ён адчуваў — гэта жаданне хуткае смерці. Гамеапат кемліва распытаў спачатку яго, а потым маці, каб яшчэ раз упэўніцца ў тым, што сімптомы кахання нічым не адрозніваюцца ад сімптомаў халеры. Ён прапісаў хвораму адвар ліпавага цвету, каб суняць нервы, і падказаў, што вельмі карыснай была б змена асяроддзя, каб знайсці суцяшэнне на адлегласці. Аднак Флярэнтына Арыса жадаў зусім іншага — смакавання пакутаў.

Трансыта Арыса была вольналюбівай метыскай з інстынктыўнай цягай да шчасця, якое абмежавалася нястачай, і яна перажывала любоўныя пакуты сына як уласныя. Яна падавала яму адвар, калі чула стогны, і ўхутвала ў коўдры, каб суняць ліхаманку, але адначасова яна не замінала пакутам кахання.

— Кахай, пакуль ты малады, і пакутуй ад кахання, пакуль ты можаш, — гаварыла яна, — бо гэтак не будзе ўсё жыццё.

На пошце, зразумела, думалі іначай. Флярэнтына Арыса аддаўся чаканню ўсёй душой, таму забываўся і стаў блытаць сцягі, з дапамогай якіх абвяшчаў пра прыбыццё пошты, і ў сераду ўзняў нямецкі сцяг, калі параход кампаніі «Лэйлэнд» прывёз пошту з Ліверпуля, а іншым разам узняў сцяг Злучаных Штатаў, калі карабель французскай Галоўнай Трансатлантычнай кампаніі даставіў паштовыя мяхі з Сэн-Назэра. Нядбайнасць, выкліканая хваробай кахання, стварала перашкоды з дастаўкай і выклікала шматлікія скаргі кліентаў, і Флярэнтына Арыса не застаўся без працы адно таму, што Лятары Тугут пакінуў яго працаваць на тэлеграфе і, да таго ж, уладкаваў граць на скрыпцы пры хоры кафедральнага сабора. Іх паразуменне цяжка было асэнсаваць праз розніцу ў гадах: яны б маглі быць дзедам і ўнукам, аднак ім было добра разам як на працы, так і ў партовых тавернах, дзе збіраліся начныя валацугі рознай класавай прыналежнасці, ад п’янчугаў і жабракоў да панічоў, апранутых па этыкеце, якія ўпотайкі збягалі з урачыстых святаў у Грамадскім клубе, каб паесці ўволю смажанай рыбы-лебранча і рыса з какосавай падлівай. Лятары Тугут часцяком бываў у гэтых месцах пасля вечаровай змены на тэлеграфе і не аднойчы сустракаў золак, папіваючы ямайскі пунш і граючы на акардэоне сярод ашалелых матросаў з антыльсісіх шхунаў. Ён быў мажным, падобным да чарапахі, з залацістай бародкай, і для начных прыгодаў любіў апранаць фрыгійскі каўпак; калі б яму яшчэ звязку палявых званочкаў, дык якраз атрымаўся б святы Мікола. Мінімум штотыдзень ён разбаўляў самоту з якой начной птушкай, як сам называў тых, хто за грошы рабіў неадкладную сэкс-дапамогу ў гатэлі для матросаў. Калі Тугут пазнаёміўся з Флярэнтына, ён адразу з пэўнай асалодай настаўніка ўвёў яго ў таямніцу свайго раю і нават абіраў для яго найлепшых, як на яго густ, птушак, гандляваўся з імі, абумоўліваў спосабы і нават прапаноўваў ім грошы наперад — свае крэўныя — за яго. Але Флярэнтына Арыса адмаўляўся ад гэтых прапаноў: ён яшчэ не зведаў жанчыны і цвёрда вырашыў не рабіць гэтага без кахання.

Гатэль месціўся ў занядбаным палацы каланіяльных часоў, дзе вялікія залы і мармуровыя пакоі былі раздзеленыя на маленькія спальні, і кардонныя перагародкі мелі шмат дзірак, зробленых шпількамі, бо нумары здаваліся і для кахання, і для падглядання. Флярэнтына Арыса чуў пра аднаго аматара такіх вострых пачуццяў, якому выкалалі вока прутком для вязання, а другі такім чынам пазнаў сярод крутляў уласную жонку. А часам у гатэль наведваліся пераапранутыя ў дробных гандлярак арыстакраткі, якія кідаліся ў ложак да якога заезджага боцмана, — карацей кажучы, Флярэнтына Арыса наслухаўся пра шмат якія нягоды, якія адбываліся з тымі, хто падглядаў і за кім падглядалі, таму сама думка пра тое, каб хоць аднойчы зірнуць у суседні пакой, здавалася яму жахлівай. Так што Лятары Тугут не здолеў упэўніць яго ў тым, што гэтыя нявінныя забавы — толькі праява вытанчанага густу еўрапейскіх каралевічаў.

Мажнасць Лятарыя Тугута была на рэдкасць падманлівай, ягоная мужчынская годнасць не была большай, чым у херувіма, і нагадвала пупышку перадзолкавай ружы, але гэты дэфект, верагодна, нечым кампенсаваўся, бо найлепшыя птушкі аспрэчвалі права пераспаць з ім, а тая, што перамагала, вішчэла, як рэзаная, і ад гучных стогнаў дрыжэлі старажытныя падпоры палаца ды хаваліся з пераляку прывіды. Казалі, нібыта ён націраў жанчынам скроні крэмам на змяінай атруце, і гэта так заводзіла іх, але ён прысягаў, што не ведаў ніякіх падобных сродкаў, апрача таго, што яму было дадзена Богам. Лятары Тугут смяяўся да слёз, прыгаворваючы: «Гэта чыста каханне». Спатрэбілася шмат гадоў, каб Флярэнтына Арыса зразумеў, што ягоны настаўнік меў paцыю, але гэта адбылося значна пазней, калі ён ужо штосьці засвоіў у жыцці, і сустрэў чалавека, які жыў, як кароль, бо трое жанчын працавалі на яго адначасова. Яны трымалі справаздачу перад ім на золку, цалавалі ногі, каб ён дараваў ім невялікі заробак. Яны хацелі адну ўзнагароду — пераспаць з ім, што ён рабіў з жанчынай, якая прыносіла больш грошай. Флярэнтына Арыса тады падумаў, што толькі жах здольны падштурхнуць да такой гнюснасці. Але адна з гэтых трох жанчын засведчыла яму зусім іншае.

— Прычынай усяго гэтага, — сказала яна, — можа быць толькі каханне.

З цягам часу Лятары Тугут стаўся самым пажаданым клі­ентам гатэля, і не столькі таму, што ён быў выдатны каханак, колькі з прычыны вялікай асабістай абаяльнасці. Маўклівы і ваўкаваты Флярэнтына Арыса таксама карыстаўся павагай гаспадара і ў самы жорсткі перыяд любоўных пакутаў знайшоў тут сабе прытулак, зачыняючыся ў душным нумары, чытаючы вершы ды слязлівыя раманы з працягам, і ў ягоных мроях гнездаваліся на балконах цёмныя ластаўкі, гукі ад пацалункаў і плясканне крылаў у дрымотным бяссіллі сіесты. Увечары, калі сыходзіла спякота, немажліва было не па­чуць размовы мужчын, якія забягалі сюды адвесці душу пасля працоўнага дня. Так Флярэнтына Арыса дазнаўся пра чыюсьці нявернасць і нават пра дзяржаўныя таямніцы, якія паважныя кліенты і мясцовыя чыны давяралі часовым палюбоўніцам, не думаючы, што з суседніх пакояў усё было чутно. Такім чынам аднойчы ён дазнаўся пра тое, што ў чатырох марскіх лігах на поўнач ад архіпелагу Сатавэнта на дне мора ляжыць яшчэ з XVII стагоддзя іспанскі галеон з грузам чыстага золата і каштоўных камянёў на пяцьсот мільярдаў песа. Ён быў узрушаны, але сур’ёзна падумаў пра гэта праз колькі месяцаў, калі шаленства кахання выклікала ў ім жарснае жаданне дастаць з марскога дна скарб, каб Фэрміна Даса магла купацца ў золаце.

Нашмат пазней, спрабуючы ажывіць у памяці сапраўдны вобраз каханай, ідэалізаваны алхіміяй паэзіі, ён не здолеў разгледзець яго скрозь успаміны аб тых ірваных вечарах. Нават цікуючы яе ў жарсныя дні чакання адказу на першы ліст, ён бачыў яе праз пасляабедзеннае іскрыстае мроіва, пад дажджом ападалых кветах мігдалавых дрэў, і для яго заўжды быў красавік, у любую пару года. Яму падабалася граць на скрыпцы з хорам кафедральнага сабора толькі таму, што з узвышэння ён бачыў, як у такт спеваў ледзь прыкметна калыхалася яе туніка. Але яго ўласнае шаленства пазбавіла яго тае асалоды, бо містычная музыка здавалася яму надта безгустоўнай як для стану ягонай душы, і ён спрабаваў запаліць яе любоўнымі вальсамі. Лятары Тугут быў вымушаны звольніць яго з хору. Гэта здарылася пад той час, калі ім апанавала дзіўнае жаданне з’есці гардэніі, якія Трансыта Арыса вырошчвала ў кветніку ўнутранага дворыку, і, зрабіўшы гэта, ён зведаў смак Фэрміны Дасы. Якраз тады ён зусім выпадкова ў матчыным куфры знайшоў літровую бутэльку кантрабанднага адэкалону, які прадавалі матросы, што працавалі на караблях кампаніі «Гамбург Амерыкан Лайн», не ўтрымаўся і адпіў з яе, шукаючы новых адценняў водару любай дзяўчыны. Ён прагна жлукціў адэкалон усю ноч, п’янеючы ад Фэрміны Дасы спачатку ў партовых тавернах, а потым, замкнёны ў сабе, на стромкім беразе мора, дзе аддаваліся ўцехам кахання беспрытульныя пары, пакуль не страціў прытомнасць. Трансыта Арыса з абарваным сэрцам чакала сына да шостай раніцы, потым у адчаі шукала яго паўсюль, і знайшла пасля поўдня ў лужыне з ванітаў са страшэнным пахам адэкалону — каля затокі, дзе звычайна знаходзілі тапельцаў.

Маці скарысталася са змушанага перапынку ў шаленстве сына, пакуль ён прыходзіў да памяці, і лаяла яго за пасіўнасць, з якой ён чакае адказу на ліст. Яна нагадала яму, што слабыя ніколі не ўвойдуць у царства кахання, бо гэта бязлітас­нае і ненажэрнае царства, а жанчыны аддаюцца смелым і рашучым мужчынам, здольным даць пачуццё бяспекі, якога жанчынам так не стае ў жыцці. Флярэнтына Арыса, відаць, засвоіў ад маці больш, чым трэба. Трансыта Арыса не магла схаваць ганарлівасці, хутчэй жаноцкай, чым матчынай, калі пабачыла, як сын выходзіць з галантарэйнай крамы ў чорным строі, капелюшы і з рамантычнай стужкай пад цэлюлоідным каўнерыкам, і яна жартам спытала, ці не ідзе ён на хаўтуры. У яго зачырванелі вушы, і ён адказаў: «Бадай што так». Яна зразумела, што сын ледзь дыхаў ад жаху, але ягоная рашучасць была непераадольнай. Яна дала апошнія настаўленні, блаславіла яго і затым, смеючыся, абяцала яшчэ адну літровую бутэльку адэкалону, каб разам адзначыць перамогу.

З тае пары, як Флярэнтына Арыса ўручыў ліст, мінуў месяц; часам ён парушаў абяцанне і з’яўляўся ў скверыку, імкнучыся адно не трапіць ёй на вочы. Таго дня ўсё ішло, як раней. Урок чытання пад дрэвамі скончыўся недзе а другой, горад ужо прачынаўся ад сіесты, і Фэрміна Даса засталася вышываць з цёткай, пакуль не сыдзе спякота. Флярэнтына Арыса не дачакаўся, калі цётка пойдзе ў дом, ён перасёк вуліцу ў некалькі ваяўнічых скокаў, што дазволіла яму перамагчы слабасць у каленях. Але звярнуўся ён не да Фэрміны Дасы, а да цёткі.

— Вельмі прашу пакінуць мяне ненадоўга з дзяўчынай сам-­насам, — сказаў ён, — мне трэба сказаць ёй штось важнае.

— Нахабнік! — сказала цётка. — Няма такіх слоў для яе, якіх бы я не магла чуць.

— Тады я нічога не скажу, — знайшоўся ён, — але папярэджваю: за наступствы будзеце адказваць вы.

Эскалястыка Даса не чакала такіх паводзінаў ад ідэаль­нага кавалера, але з перапуду ўзнялася, бо ўпершыню адчула, што Флярэнтына Арыса размаўляе, натхнёны Святым Духам. Так што цётка ўвайшла ўсё-ткі ў дом, нібы каб памяняць іголкі, і пакінула маладых сам-насам пад мігдалавым дрэвам, каля варотаў.

Трэба сказаць, што Фэрміна Даса няшмат ведала пра гэтага маўклівага юнака, які з’явіўся ў ейным жыцці, нібы ластаўка ўзімку, нават імя яго засталося б таямніцай, калі б не подпіс пад лістом. Але з часам адкрылася, што ён рос без бацькі, што ён сын сур’ёзнай і працавітай жанчыны, безнадзейна адзначанай распаленым кляймом адзінай дзявоцкай памылкі. Ёй паведамілі, што юнак не проста разносіў тэлеграмы, як яна меркавала, а быў кваліфікаваны малодшы тэлеграфіст з перспектывамі на будучыню. Яна ўсхвалявана падумала, што ён прынёс бацькаву тэлеграму знарок, каб пабачыць яе. Яшчэ яна дазналася, што ён быў музыкам саборнага хору, і хоць ёй ніколі не ставала смеласці ўзняць вочы ды паглядзець на яго падчас набажэнства, аднойчы ў нядзелю яна ўцяміла, што іншыя музыкі гралі для ўсёй паствы, а скрыпка гучала толькі для яе. Яна не такім уяўляла свайго абранніка. Сіроцкія акуляры, па-манаску сціплая вопратка, загадкавыя паводзіны выклікалі ў ёй цікаўнасць, але хіба яна магла ўявіць, што цікаўнасць і ёсць адна з многіх пастак, каля якой каханне пільнуе чалавека? Фэрміна Даса сама не магла патлумачыць, чаму прыняла ліст. Яе гэта не турбавала, але ўсё больш настойлівы абавязак адказаць неяк замінаў жыць. Кожнае слова бацькі, кожны ягоны выпадковы позірк альбо трывіяльны жэст здаваліся ёй пасткай, якая бязлітасна выкрывала ейную таямніцу. Дзяўчына так баялася, што за сталом імкнулася маўчаць, нібыта міжволі магла сябе выдаць, і нават стала пазбягаць цёткі Эскалястыкі, хоць тая падзяляла пачуцці пляменніцы, быццам уласныя. Фэрміна Даса магла раптам зачыніцца ў прыбіральні без патрэбы ды перачытаць ліст, спрабуючы знайсці ў ім патаемны шыфр, чарадзейную формулу, схаваную ў адной з трохсот чатырнаццаці літар, у адным з пяцідзесяці васьмі слоў, спадзеючыся, што яны адкрыюць ёй штосьці большае, чым тое, што было напісана. Але нічога не знайшла звыш таго, што зразумела пры першым чытанні, калі пабегла ў прыбіральню і разадрала канверт са спадзевам на доўгі ўзрушальны ліст, а знайшла толькі духмяны допіс, рашучасць якога яе спужала.

Напачатку Фэрміна Даса і не падумала неяк пра тое, што ўсё гэта яе да нечага абавязвае, але тэкст ліста быў занадта дакладным і недвухсэнсоўным, немажліва было пакінуць яго без адказу. А пакуль, у навальніцы сумневаў, яна здзіўлялася таму, што думае пра Флярэнтына Арысу часцей і больш зацікаўлена, чым жадала б сабе дазволіць, і нават занервавалася, калі не ўбачыла яго ў звыклы час у скверыку, забыўшыся на тое, што сама прасіла не прыходзіць, пакуль яна не прадумае адказ. Вось так гэта і пачалося. Яна б ніколі не здолела ўявіць, што можна думаць пра кагосьці з такім трымценнем, адчуваючы прысутнасць асобы там, дзе яе не было, жадаючы бачыць там, дзе юнак не мог быць, прачынаючыся раптоўна з фізічным адчуваннем, што ён разглядвае яе ў цемры пакоя, калі яна спіць. І таму, аднойчы днём пачуўшы яго рашучыя крокі, шоргат лісця пад яго нагамі ў скверыку, ёй цяжка было паверыць, што гэта не чарговы здзек яе ўяўлення. Але калі Флярэнтына Арыса патрабаваў адказу з уладнасцю, якая не ме­ла нічога агульнага з ягонымі млявымі манерамі, яна пераадолела свой страх і паспрабавала адмаўчацца: не ведала, што яму адказаць. Аднак ён не дазволіў сабе яшчэ раз адступіць, хоць сэрца нібыта падала ў бездань.

— Калі вы прынялі ліст, — сказаў ён, — выхаванасць патрабуе адказу.

Гэта было выйсце з лабірынту. Фэрміна Даса ўжо больш спакойна перапрасіла за маруднасць і фармальна дала яму слова, што ён атрымае адказ да завяршэння школьных вакацый. І стрымала слова. У апошнюю пятніцу лютага, за тры дні да пачатку навучальнага года, цётка Эскалястыка зазірнула ў тэлеграф спытаць, колькі каштуе тэлеграма ў вёску П’едрас-дэ-Малер, якой наагул не было ў спісе тэлеграфных пунктаў краіны, але ж для гэтага падыйшла да Флярэнтына з такім выглядам, нібыта ніколі раней не бачыла яго, і, сыходзячы, наўмысна забыла на прылаўку пераплецены скураю яшчаркі малітоўнік, у якім ляжаў канверт з каштоўнай валакністай паперы з залатымі віньеткамі. Ашалелы ад шчасця, Флярэнтына Арыса правёў рэшту дня з лістом, ён жаваў пялёсткі ружаў і перачытваў словы па літарах зноўку і зноўку, і чым болей чытаў, тым больш пялёсткаў з’ядаў, да поўначы ён з’еў цэлы кветнік, і маці давялося ўгаварыць яго, каб ён, цялё дурное, выпіў адвар з зёлак на касторавым алеі.

Вось і настаў год палымянае ўлюбёнасці. Hi ён, ні яна не жылі нічым іншым, думалі толькі адзін пра аднаго, жарсна чакалі лістоў і адказвалі на іх не менш жарсна. Hi ў тую шалёную вясну, ні ўвесь наступны год яны не мелі магчымасці пагутарыць, як ім хацелася, пачуць жывы голас любага чалавека. Больш за тое, ад першай сваёй сустрэчы ажно да пацвярджэння ім кахання паўстагоддзя пазней, яны ні разу не бачыліся сам-насам і не здолелі сказаць ні слова пра свае пачуцці. Але ж за першыя тры месяцы не было дня без ліста, а не, дык і двох за дзень, пакуль цётка Эскалястыка не спалохалася ненажэрнасці вогнішча, якое сама дапамагла распаліць.

Пасля першага ліста, дастаўленага ў тэлеграфную кантору, нібы помсцячы за ўласны лёс, цётка штодня дазваляла ім абменьвацца пасланнямі падчас быццам бы выпадковых сустрэч, але не хапіла ёй смеласці на тое, каб паспрыяць размове, нават банальнай і мімалётнай. Аднак праз тры месяцы цётка ўцяміла, што ў пляменніцы не лёгкі рамантычны ветрык у галаве, як здавалася напачатку, і што пажар кахання ставіць пад пагрозу яе ж, цётчына, жыццё. Эскалястыка Даса не мела іншай крыніцы сродкаў на існаванне, акрамя міласэр­насці брата, яна ведала, што пры яго тыранічным характары ён не даруе падобнага злоўжывання даверам. Але калі настаў момант прыняць канчатковае рашэнне, яна не змагла стацца чыннікам гора пляменніцы, гора, адбітак якога сама несла з юнацкіх гадоў, таму вырашыла скарыстацца спосабам, які нібы вызваляў яе ад ролі саўдзельніцы. А спосаб быў просты: Фэрміна Даса штодня пакідала свой ліст у патаемным месцы па дарозе з дома ў школу, і ў лісце падказвала каханаму, дзе б яна жадала знайсці адказ. Флярэнтына Арыса рабіў такім самым чынам. І вось лісты — прадметы канфлікту цёткі Эскаляс­тыкі з сумленнем — хаваліся ў царкоўных хрысцільнях, у дуплах старых дрэў, у шчылінах напаўразваленых каланіяльных фартэцый. Часцяком закаханыя знаходзілі лісты, зусім мокрыя ад даж­джу, запэцканыя граззю, разадраныя злым чалавекам, а некаторыя наагул прапалі з невядомых прычын, але яны заўсёды ўзнаўлялі кантакты з зайздроснаю вынаходлівасцю.

Флярэнтына Арыса пісаў Фэрміне Дасе штоноч, ён не шка­даваў сябе дзеля гэтага, труцячыся дымам какосавага алею ад лямпы за перагародкай галантарэйнай крамы, і ягоныя лісты рабіліся ўсё больш доўгімі і самнамбулічнымі, бо ён спрабаваў імітаваць сваіх улюбёных паэтаў, чые кнігі выходзі­лі ў серыі «Народная бібліятэка», што тады ўжо налічвала восемдзесят тамоў. Маці, якая дагэтуль усяляк спрыяла каханню сына, цяпер трывожылася за яго здароўе. «Ты ж так звар’яцееш, — крычала яна са спальні, калі пачыналі спяваць першыя пеўні. — Няма жанчыны, якая б была вартая такога». Яна і сапраўды не ведала нікога, хто дайшоў бы да такога жарснага адчаю. Але Флярэнтына яе не слухаў. Часам ён прыходзіў на працу, не паспаўшы ні хвіліны, з заблытанымі ад перажыванняў валасамі, пасля таго, як пакідаў ліст там, дзе Фэрміна Даса знойдзе яго па дарозе ў школу. Яна ж, жывучы пад нястомным наглядам бацькі і бессаромным віжаваннем манашак у школе, ледзь паспявала напісаць паўстаронкі школьнага сшытку, зачыніўшыся ў прыбіральні або на ўроках, удаючы, што піша канспект. Лісты Фэрміны Дасы абыходзілі ўся­лякія сентыментальныя рыфы і фактычна пераказвалі жыццёвыя акалічнасці ў службовым стылі навігацыйнага журнала, але не толькі праз спешку ці боязь быць выкрытай, а яшчэ і праз уласцівасці характару. Для яе ліставанне было забавай, абы толькі падтрымліваць жар вуголля, не рызыкуючы лезці рукамі ў полымя, тым часам Флярэнтына Арыса спапяляў сябе ў кожным радку. Ён хацеў заразіць яе сваім шаленствам і дасылаў ёй вершы, якія пісаў шпількай на пялёстках камеліі, як спрактыкаваны мініятурыст. Менавіта ён адважыўся паслаць ёй у лісце пасму сваіх валасоў, але ніколі не атрымаў жаданага адказу ў выглядзе хоць бы аднаго воласа з ейнае касы. Тым не менш, ён дамогся ад Фэрміны Дасы яшчэ аднаго кроку насустрач, і з тае пары яна пасылала яму засушанае ў слоўніку лісце з пухкімі атожылкамі, крылы матылькоў, пер’е чарадзейных птушак, а ў ягоны дзень нараджэння падаравала яму кавалачак сутаны святога Пэдра Клявэра, з тых, што ў тыя часы таемна прадавалі па цане, недасяжнай для большасці шкалярак. Аднойчы ўначы Фэрміна Даса раптам прачнулася, бо пачула серэнаду — самотная скрыпка выводзіла адзін і той жа вальс. Яе страсянула ад думкі, што кожная нота — гэта па­дзяка за пялёсткі з гербарыяў, за скрадзены ў арыфметыкі час на напісанне ліста, за жах на іспытах, калі яна больш думала пра яго, чым пра прыродазнаўства. Яна ўзрушылася, але не пасмела паверыць, што Флярэнтына Арыса здольны на падобную неасцярожнасць.

На наступны дзень, падчас сняданку, Лярэнса Даса ледзь стрымліваў цікаўнасць. Па-першае, таму што не ведаў, што азначае на мове серэнадаў, калі граюць толькі адзін твор, а па-­другое, таму, што, як уважліва ён ні слухаў, усё ж не здолеў вызначыць, перад чыім домам гралі. Цётка Эскалястыка спакойна зазначыла, вяртаючы пляменніцы душэўную раўнавагу, што гля­нула была за фіранкі спальні і ўбачыла самотнага музыку ў дальнім кутку скверыка. Да таго ж, выкананне адзінага твора — гэта азнака канчатковага расстання. У лісце таго дня Флярэнтына Арыса пацвердзіў, што гэта ён граў серэнаду, і вальс склаў ён жа, і назваў твор яе імем, з якім Фэрміна Даса жыла ў ягоным сэрцы: «Каранаваная багіня». Пазней ён больш не граў ля скверыка, абіраючы месяцовымі начамі іншыя месцы — так, каб яна магла чуць яго са спальні. Яго ўлюбёным месцам сталі адкрытыя вятрам і навальніцам могілкі для бедных на схіле прыгорка, дзе спалі аўры, а рэзананс быў звышнатуральным. З цягам часу ён навучыўся ўлічваць напрамак ветру і мог быць упэўнены — голас ягонай скрыпкі далятаў да дзяўчыны.

У жніўні таго ж года разгарэлася новая грамадзянская вайна — з роду тых, што спусташалі краіну ўжо больш за паўстагоддзя, і ўрад увёў законы ваеннага часу і каменданцкую га­дзіну ад шостай вечара ў штатах Карыбскага ўзбярэжжа. Хоць ужо здараліся беспарадкі і войска ўсяляк злоўжывала ўладай, здзяйсняючы карныя акцыі, Флярэнтына Арыса жыў сваімі мроямі і не ведаў, што робіцца ў свеце; аднойчы вайсковы патруль заспеў яго на золку, калі ён парушаў спрадвечны сон ня­божчыкаў дзёрзкай п’есай пра каханне. Ён цудам пазбег імгненнага пакарання паводле абвінавачвання ў шпегаванні і перадачы пасланняў караблям лібералаў, што баразнілі прыбярэжныя воды.

— Які, да д’ябла, шпіён! — узрушана пратэставаў Флярэнтына Арыса. — Я просты закаханы!

Тры ночы ён спаў у кайданах у карцары мясцовага гарнізона. Але калі Флярэнтына выпусцілі на волю, ён адчуў пагарду з-за замалога тэрміну зняволення, і нават у старасці, блытаючы ў памяці шматлікія мінулыя войны, працягваў думаць, што ён быў адзіным чалавекам у горадзе, а мо і ў краіне, што цягаў пяціфунтовыя кайданы за каханне.

Ужо набліжаўся да канца другі год палкае перапіскі, калі Флярэнтына Арыса ў адным кароткім лісце зрабіў Фэрміне Дасе афіцыйную прапанову. За шэсць папярэдніх месяцаў некалькі разоў ён дасылаў ёй белую камелію, але яна вяртала яе разам з адказам, каб ён не сумняваўся — яна мае перапісвацца з ім і наперад, аднак не можа абяцаць нічога сур’ёзнага. Насамрэч Фэрміна Даса ўспрымала перасылку камеліяў адно аднаму як гарэзлівую гульню, бо не лічыла кветку за вызначальны знак лёсу. Але, атрымаўшы афіцыйную прапанову, яна ўпершыню адчула дыханне смерці. Запанікаваўшы, яна ўсё распавяла цётцы Эскалястыцы, і тая параіла ёй з такой смеласцю і яснасцю розуму, якімі не валодала ў дваццаць гадоў, калі сама паўстала перад такім самым рашэннем.

— Скажы яму «так», — вымавіла яна цвёрда. — Няхай ты і паміраеш зараз ад жаху, але інакш потым будзеш раскайвацца, усё жыццё шкадавацьмеш, калі яму адмовіш.

Аднак Фэрміна Даса патанала ў блытаніне пачуццяў, і ёй спатрэбілася адтэрміноўка для прадумвання адказу. Спачатку папрасіла месяц, затым яшчэ адзін і яшчэ, і калі сыходзіў чацвёрты месяц, яна зноўку атрымала белую камелію разам з рашучай заявай пра тое, што гэтая камелія апошняя: зараз альбо ніколі. Цяпер ужо Флярэнтына Арыса адчуў подых смерці, пакуль чакаў адказу ўвечары, і, нарэшце, атрымаў канверт з палоскай старонкі, адарванай ад школьнага сшытка, адказ займаў адзін радок і быў напісаны простым алоўкам: «Добра, я выйду за вас замуж, толькі абяцайце, што не прымусіце мяне есці баклажаны».

Флярэнтына Арыса не быў гатовы да такога адказу, але ягоная маці — так. З тае пары, як ён упершыню загаварыў пра намер ажаніцца, а здарылася гэта шэсць месяцаў таму, Трансыта Арыса распачала адпаведныя клопаты: яна вырашыла на будучыню зняць увесь дом, які датуль дзяліла з дзвюма сем’ямі. Гэта быў двухпавярховы будынак XVII стагоддзя, дзе падчас іспанскае ўлады месцілася тытунёвая фабрыка, — гаспадары збанкрутавалі і здавалі будынак па частках, бо не мелі сродкаў на яго ўтрыманне.

Дом складалі дзве часткі: адна, адкуль калісьці вёўся гандаль цыгарамі, выходзіла на вуліцу, а другая знаходзілася ў глыбіні двара, там месціліся сама фабрыка ды вялікая стайня, якой цяперашнія жыхары карысталіся для прання і сушкі бялізны. Трансыта Арыса займала першую частку, найбольш зручную дый у лепшым стане, хоць яна і саступала другой па плошчы. У зале, проста каля варотаў, дзе раней гандлявалі цыгарамі, знаходзілася ейная галантарэйная крама, а побач, у кладоўцы, якая праветрывалася адно праз маленькае акенца, спала Трансыта Арыса. Ад крамы драўлянай перагародкай аддзялілі памяшканне, дзе стаяў стол і чатыры крэслы, якое служыла для ежы і пісання, і там Флярэнтына Арыса нацягваў свой гамак, калі золак не заспяваў яго за крэмзаннем чарговага ліста. Месца хапала на дваіх, але не на траіх, тым больш, калі трэцяй будзе дзяўчына, якая вучылася ў школе З’яўлення Святое Дзевы, чый бацька адрадзіў набыты ім дом з руінаў, зрабіў яго зусім новым, у той час як сем’і з сямю тытуламі клаліся спаць у жаху, бо столь магла абваліцца на іх падчас сну. Так што Трансыта Арыса дамовілася з гаспадаром дома, каб той дазволіў заняць таксама галерэю ўздоўж двара, за што яна абавязалася ўтрымліваць дом у парадку на працягу пяці гадоў.

Сродкаў на гэта хапала. Апроч рэальных прыбыткаў ад галантарэйнай крамы і ад продажу корпіі лякарням, дастатковых на сціплае жыццё, яна множыла прыбыткі, даючы пазыкі вялікай кліентуры сарамлівых новых жабракоў, якія гатовыя былі плаціць значныя працэнты ў абмен на захаванне таямніцы. Пані з выглядам каралеўнаў, але без залішняй у такіх выпадках прыслугі, выходзілі з экіпажаў каля дзвярэй крамы, нібыта для набыцця галандскіх карункаў ці ўзорыстай аблямоўкі і ледзь не ў слязах закладвалі апошнюю мішуру страчанага раю. Трансыта Арыса выручала іх з такой павагай да паходжання кліентак, што многія з іх сыходзілі з большай падзякай за пашану, чым за паслугу. Яна займалася гэтым на працягу амаль дзесяці гадоў і ведала як свае фамільныя каштоўнасці, выкупленыя і са слязьмі наноў закладзеныя шмат разоў, а калі сын вырашыў, нарэшце, ажаніцца, то прыбытак, за які яна набывала золата найвышэйшай пробы, быў схаваны ў гліняным збане пад ложкам. Тады яна ўсё прыкінула і зразумела, што здольная не толькі ўтрымліваць дом цягам пяці гадоў, але, калі ёй не здрадзіць вёрткасць дый крыху пашанцуе, мо і набыць дом да таго, як памрэ, дзеля тузіна ўнукаў, пра якіх вельмі марыла.

Флярэнтына Арыса, са свайго боку, атрымаў прызначэнне першага асістэнта тэлеграфіста з выпрабавальным тэрмінам, і Лятары Тугут збіраўся ўладкаваць яго кіраўніком канторы, як толькі сам пяройдзе кіраваць Школаю тэлеграфнай сувязі і магнетызму, якую меліся адчыніць у наступным годзе.

Такім чынам, практычны бок шлюбу знайшоў сваё выра­шэнне. Аднак Трансыта Арыса была разважлівай жанчы­най, таму яна паставіла сыну дзве ўмовы. Першая: дазнацца дак­ладна, хто такі насамрэч Лярэнса Даса, чый акцэнт не пакідаў сумневу адносна яго паходжання, але пра ягоную асобу і крыніцы сродкаў для існавання ніхто нічога не ведаў канкрэтна. Другая: яны мусяць сустракацца з нявестай доўга, каб дасканала зведаць адзін аднаго асабіста і пры гэтым захоўваць таямніцу, пакуль яны не будуць упэўненыя ў грунтоўнасці ўзаемных пачуццяў. Яна давяла, што добра было б дачакацца канца вайны. Флярэнтына Арыса лёгка пагадзіўся з тым, што трэба трымаць усё ў таямніцы — тут адыграла ролю замкнёнасць ягонага характару. Ён таксама пагадзіўся з тым, што трэба пачакаць, але тэрмін падаўся яму надта няпэўным, бо за паўстагоддзя незалежнасці краіна не ведала ні аднаго дня грамадзянскага міру.

— Мы ссівеем, чакаючы, — запярэчыў ён.

Ягоны хросны, гамеапат, што выпадкова браў удзел у гамонцы, не думаў, што войны могуць быць перашкодай. Ён лічыў, што гэта ўсяго толькі канфлікт жабракоў, падганяных, як быдла, гаспадарамі зямлі, супраць босых салдатаў, падганяных урадам.

— Вайна ідзе ў гарах, — тлумачыў ён. — З тае пары, як я пом­ню сябе, у горадзе нас забіваюць не кулямі, а ўказамі.

Зрэшты, маладыя самі вырашылі гэтыя асобныя пытанні ў лістах на наступным тыдні. Фэрміна Даса паслухалася парады цёткі Эскалястыкі — пагадзілася на двухгадовы тэрмін, як і на ўмову абсалютнае таямніцы, і падказала Флярэнтына, што лепей будзе прасіць яе рукі, калі яна скончыць сярэднюю школу, падчас калядных вакацый. Прыйдзе час, і яны дамовяцца пра тое, як афіцыйна абвясціць пра заручыны, праўда, гэта будзе залежаць ад бацькі, але яна даб’ецца ягонай згоды. А пакуль яны працягвалі ліставанне з той жарсцю і частатой, што і раней, толькі без ранейшай трывогі, і лісты паступова прымалі сямейны тон, яны ўжо перапісваліся, як муж з жонкаю. Нічога не парушала іхныя мары.

Флярэнтынава жыццё змянілася. Раздзеленае каханне надало яму датуль нязведанай упэўненасці і моцы, што паўплывала і на ягоную працу. У выніку Лятары Тугут без асаблівых намаганняў прабіў яму прызначэнне — ён стаўся Тугутавым намеснікам, але ўжо без выпрабавальнага тэрміну. Тады праект стварэння Школы тэлеграфнае сувязі і магнетызму праваліўся, і немец прысвяціў вольны час тым справам, якія сапраўды любіў, — ён граў на акардэоне і піў піва з маракамі ў порце, а вечары заканчваў у матроскім гатэлі. Прайшло шмат часу, пакуль Флярэнтына Арыса здагадаўся, што ўплыў Лятарыя Тугута ў публічным доме меў вось якую прычыну: з гадамі ён стаўся ягоным гаспадаром і, апроч таго, імпрэсарыё ўсіх партовых птушак. Ён шмат гадоў запар назапашваў грошай, каб набыць гэтую ўстанову, хоць даверанай асобай быў хударлявы аднавокі чалавечак з валасамі шчоткай і такім добрым сэрцам, што ніхто не мог уцяміць, як ён спраўляецца з абавязкамі адміністратара. Але адміністратарам ён быў добрым. Прынамсі, так здавалася Флярэнтына, калі той сказаў яму без якойсьці папярэдняй просьбы, што ў гатэлі ёсць вольны пакой не толькі для вырашэння праблем з пожаддзю, калі ён захоча іх вырашыць, а таксама каб у яго было ціхае месца, дзе ён мог бы чытаць і пісаць амурныя лісты. Так што пакуль цягнуліся доўгія месяцы, якія заставаліся да абвяшчэння заручын, Флярэнтына Арыса бываў больш там, чым у паштовай канторы альбо дома, і былі перыяды, калі Трансыта Арыса бачыла яго толькі ў тыя хвіліны, калі ён з’яўляўся, каб пераапрануцца.

Ён стаў праглынаць кнігі адну за адной. З тае пары, як ён навучыўся чытаць, маці набывала яму ілюстраваныя кніжкі скандынаўскіх аўтараў, якія прадаваліся як дзіцячыя казкі, але насамрэч былі жорсткімі і юрлівымі, што больш падыхо­дзіла для іншага ўзросту. Флярэнтына Арыса ведаў іх на памяць з пяці гадоў, чытаў іх падчас заняткаў і школьных вечарын. Але гэта не пазбаўляла яго страху перад гэтымі кнігамі. Зусім наадварот. Таму пераход да паэзіі адкрыў яму ціхую гавань. У юнацтве ён праглынаў усе тамы «Народнае бібліятэкі», як толькі тыя з’яўляліся ў продажы: маці набывала іх у прадаўцоў танных кніжак каля Натарыяльнае брамы, і там было ўсё, што заўгодна — ад Гамера да самага сціплага мясцовага паэта. Але Флярэнтына было ўсё адно: ён прачытваў чарговы том, нібыта па наканаванні лёсу, і ўсіх гадоў чытання выявілася замала, каб разабрацца ў тым, якая кніга сапраўды добрая, а якая не. Адно толькі было ясна: ён перадусім аддаваў перавагу паэзіі, а дакладней, вершам пра каханне; Флярэнтына запамінаў іх міжволі, варта было пару разоў перачытаць іх, а лягчэй гнездаваліся ў памяці найбольш дакладныя што да рыфмы і рытму, а таксама найбольш драматычныя.

Яны і былі першакрыніцай першых лістоў да Фэрміны Дасы, у якіх паўтараліся слова ў слова не ператраўленыя ім тэксты іспанскіх паслядоўнікаў рамантызму; яны і заставаліся першакрыніцай, пакуль рэальнае жыццё не прымусіла яго звярнуцца да спраў больш зямных, чымся пакуты сэрца. Ужо тады ён зрабіў крок у бок слязлівых чытанак і іншай, не менш нізкапробнай прозы таго часу. Ён навучыўся плакаць разам з маці, чытаючы мясцовых паэтаў, чые кніжкі прадаваліся на пляцах і каля гарадской брамы ў выглядзе брашур за два сентава. Але адначасна ён мог чытаць на памяць самую вытанчаную кастыльскую паэзію Залатога веку. Наагул, ён чытаў усё, што трапляла ў рукі, і гэтак дайшоў да такой скрайнасці, што пасля цяжкіх гадоў свайго першага кахання, ужо немаладым, ён прачытаў ад першай старонкі і да апошняй усе дваццаць тамоў «Скарбонкі юнацтва», поўны збор класікаў выдання братоў Гарнье ў перакладзе, а таксама самыя лёгкія рэчы, што выдаваў дон Вісэнтэ Бляска Ібаньес у серыі «Праметэй». І ўсё ж яго юнацкія гады ў матроскім гатэлі не зводзіліся да чытання і рэдагавання палкіх лістоў, ён зведаў і таямніцы кахання без кахання. Жыццё ўстановы пачыналася апоўдні, калі сяброўкі-птушкі ўставалі, у чым маці іх нарадзіла, а Флярэнтына Арыса заканчваў працу на пошце; ён трапляў у палац, населены голымі німфамі, якія голасна абмяркоўвалі гарадскія таямніцы, што давяралі ім надта балбатлівыя кліенты. На іх голых целах віднеліся сляды мінулага: шнары ад удару стылетам у жывот, шнары-зоркі ад кулі, барозны ад нажа раўнівага каханка, мясніцкія швы ад кесаравага сячэння. Удзень да некаторых прыводзілі дзяцей — горкі плён падману альбо маладой бесклапотнасці, і птушкі распраналі іх, толькі тыя пераступалі парог, каб не адчувалася розніцы з жыхаркамі раю ў стылі ню. Кожная птушка гатавала сабе ежу асобна, і ніхто не еў лепей за Флярэнтына Арысу, бо ён выбіраў самае смачнае ад кожнай стравы. Гэта было штодзённае свята, якое цягнулася да вечара, калі ўсё мянялася: голыя птушкі чародкай цягнуліся да прыбіральні, пазычалі ў сябровак мыла, зубную шчотку, нажніцы, рабілі адна адной прычоскі, апраналіся ў пазычаныя адна ад адной рэчы, размалёўваліся, нібыта змрочныя паяцы, і выходзілі на начное паляванне. Тады гатэль станавіўся безасабовым, пазбаўленым чалавечнасці, якую цяпер можна было набыць толькі за грошы.

Не было іншага месца, дзе б Флярэнтына Арысу жылося лепш з дня знаёмства з Фэрмінай Дасай, таму што адно там ён не звяртаў увагі на самоту. Толькі там ён адчуваў сябе так, нібыта быў з ёю. Мажліва, з той самай прычыны жыла ў гатэлі элегантная немаладая жанчына з гожымі срэбнымі валасамі, якая не ўдзельнічала ў будзённым жыцці голых птушак, што свята яе шанавалі. Заўчасны жаніх прывёў яе маладзенькай у гатэль, салодка жыў з ёю пэўны час, а потым кінуў на волю лёсу. Аднак, нягледзячы на кляймо, яна здолела ўдала выйсці замуж. Калі ж яна засталася адна, два сыны і тры дачкі аспрэчвалі шчасце забраць яе жыць да сябе, але яна не знайшла больш годнага месца, чым гэтае жытло пяшчотных грэшніц. Асобны пакой тамака быў яе адзіным домам, і гэта раптам неяк зблізіла яе з Флярэнтына, пра якога яна паўтарала, што ён будзе вядомым на ўвесь свет навукоўцам, бо ведае, як узбагачаць душу чытаннем нават у раі пожадзі. Флярэнтына Арыса, са свайго боку, настолькі прывязаўся да яе, што хадзіў з ёй на рынак, і ўвечары часам гаманіў з ёю. Ён думаў, што яна была жанчынай мудрай у пытаннях кахання, — яна дала яму шмат выдатных парад, хоць ён і не раскрыў ёй сваёй таямніцы.

I да знаёмства з Фэрмінай Дасай ён не спакушаўся на блуд, а цяпер пагатоў не адступіў бы ад уласных прынцыпаў, бо быў заручаны з ёю. Флярэнтына Арыса жыў пад адным дахам з птушкамі, перажываў іхныя радасці і злыбеды, але ні ён, ні яны і не думалі пайсці далей. Нечаканая акалічнасць умацавала ягоную пазіцыю. Аднойчы а шостай увечары, калі птушкі апраналіся, каб прыняць першых вечаровых кліентаў, да яго ў пакой увайшла прыбіральшчыца паверха — маладая, аднак дачасна састарэлая і бледная жанчына, бы апранутая грэшніца на пакаянні сярод голых птушак. Ён бачыў яе штодня, хоць жанчына нікога не заўважала, абыходзячы пакойчыкі з венікам, вядром для смецця і анучай для збірання ўжываных кандомаў. Яна ўвайшла ў закуток, дзе Флярэнтына Арыса чытаў, і, як заўсёды, асцярожна, каб не замінаць яму, падмяла падлогу. Раптам яна падышла да ложка, і ён адчуў ейную цёплую і пяшчотную руку ў сябе на жываце, унізе, яна знайшла, што шукала, і стала расшпільваць гузікі. Ейны подых нібы запаўняў увесь пакойчык. Ён доўга ўдаваў, што чытае, але ў пэўны момант не здолеў трываць болей і рэзка адхіліўся ў бок.

Яна спужалася, бо, прымаючы яе на працу прыбіральшчыцай, яе сур’ёзна папярэдзілі, каб і не спрабавала заляцацца да кліентаў. Гэта было залішняе папярэджанне, бо яна была з тых, хто думаў, што прастытуцыя — гэта калі кладуцца ў ложак не за грошы, а з незнаёмцамі. У яе было двое дзетак ад розныхмужоў, і прычынаю былі не выпадковыя прыгоды, проста жанчына не здолела знайсці чалавека, які вяртаўся б да яе пасля трэцяй ночы. І да таго дня яна нібыта не адчувала неадольных жаданняў, быццам бы прырода навучыла яе чакаць без адчаю. Аднак жыццё ў гэтым доме падточвала ейны нораў і цярплівасць. Яна пачынала працу а шостай увечары і ўсю ноч хадзіла з пакоя ў пакой, падмятаючы падлогу чатыр­ма ўзмахамі веніка, збіраючы кандомы, мяняючы прасціны. Цяжка было ўявіць тое, што пакідалі мужчыны пасля кахання. Гэта былі зразумелыя ёй ваніты і слёзы, але яны пакідалі і досыць загадкавыя рэчы: лужыны крыві, кучкі экскрэментаў, шкляныя вочы, залатыя гадзіннікі, зубныя пратэзы, медальёны з залацістымі пасмамі, лісты кахання і спачування, камерцыйныя дакументы. Некаторыя вярталіся па забытае, але бальшыня рэчаў заставалася незапатрабаванай, і Лятары Тугут трымаў іх пад замком, разлічваючы, што рана ці позна пакінуты Богам палац з тысячамі забытых рэчаў станецца музеем кахання.

Праца жанчыны была цяжкой, дый плацілі ёй замала, але яна выконвала свае абавязкі сумленна. Толькі не магла цяр­пець стогнаў, ляманту, спружыннага скрыгату ложкаў, якія пранікалі ў ейную кроў з такім жарам і такім болем, што на золку яна ледзь стрымлівала жаданне пераспаць з кім трапіла, хоць з вулічным жабраком альбо з заблукалым п’яніцам, які зрабіў бы ёй ласку без прэтэнзій і залішніх пытанняў. З’яўленне самотнага мужчыны, якім быў Флярэнтына, маладога ды чыстага, было для яе міласцю нябёсаў, бо яна ад самага пачатку здагадалася, што яму, як і ёй, не стае кахання. Але іхныя жаданні не супалі. Ён захоўваў сябе ў цноце дзеля Фэрміны Дасы, і не было на белым свеце нічога, што б прымусіла яго збочыць з абранага шляху.

Гэтак ён жыў да таго дня, калі за чатыры месяцы да прызначанай даты публічных заручын Лярэнса Даса прыйшоў а сёмай раніцы ў кантору пошты і спытаў, дзе ён. Яго яшчэ не было, і Лярэнса Даса пачакаў, седзячы на лаўцы да дзесяці хвілін на дзявятую, здымаючы з аднаго пальца і насоўваючы на іншы цяжкі залаты пярсцёнак з высакародным апалам, а калі заўважыў Флярэнтына каля ўвахода, адразу здагадаўся, што гэта менавіта ён, і ўзяў яго за руку.

— Хадзем, юнача, — сказаў ён. — Нам з вамі трэба пагутарыць пяць хвілін, як мужчына з мужчынам.

Флярэнтына Арыса, пазелянелы як нябожчык, пайшоў за ім. Ён не быў падрыхтаваны да гэтай сустрэчы, бо Фэрміне Дасе не было як папярэдзіць яго. Рэч была ў тым, што ў мінулую суботу сястра Франка дэ ля Люс, настаяцельніца школы З’яўлення Святой Дзевы, увайшла ў клас падчас заняткаў касмагоніі цішэй за вужаку і, віжуючы за вучаніцамі ззаду, выявіла, што Фэрміна Даса зусім не канспектуе ўрок, а піша ліст каханаму. Паводле статута школы гэткі ўчынак караўся выключэннем. Лярэнса Даса, тэрмінова выкліканы ў рэктарат, угледзеў нарэшце прабоіну, праз якую кропля за кропляй выцякаў ягоны жалезны рэжым. Фэрміна Даса з уласцівай ёй годнасцю прызнала вінаватасць, але адмовілася выдаць асобу патаемнага жаніха, не зрабіўшы гэтага нават перад трыбуналам Святога Ордэна, чым канчаткова вынесла сабе прысуд. Аднак бацька абшукаў спальню, якая да тае пары лічылася месцам недатыкальным, і ў падвойным дне куфра знайшоў пакункі з лістамі за тры гады, якія былі гэтак любоўна захаваныя, як і напісаныя. Подпіс не выклікаў сумневу, але Лярэнса Даса не здолеў паверыць ні тады, ні калі-небудзь пазней, што дачка ведала пра патаемнага жаніха ўсяго толькі тое, што ён працуе на тэлеграфе і грае на скрыпцы.

Упэўнены ў тым, што падобная сувязь была мажлівай толькі пры саўдзеле сястры, Лярэнса Даса нават не захацеў слухаць ейных выбачэнняў і тэрмінова пасадзіў на шхуну, што адплывала ў Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенага. Фэрміна Даса ўсё жыццё несла цяжар апошняга ўспаміну пра цётку: як яна развітвалася з ёю каля брамы, згараючы ад ліхаманкі ў бурай сутане, кастлявая, з попельным колерам твару, як знікала пад імжою ў скверыку, трымаючы ўсё, што заставалася ёй у жыцці: вузел з адзежай і грошай на месяц, што былі загорнутыя ў насоўку, якую яна сціскала ў руцэ. Адразу пасля вызвалення ад бацькавай улады Фэрміна Даса стала шукаць цётку па ўсіх правінцыях Карыбскага ўзбярэжжа, пытаючыся ва ўсіх, хто мог яе ведаць, але не знайшла ані вестачкі, ані следу на працягу трыццаці гадоў, пакуль не атрымала ліст, які прайшоў праз шмат якія рукі, дзе паведамлялася, што цётка Эскалястыка памерла ў лазарэце мястэчка Агуа-дэ-Д’ёс. Лярэнса Даса не думаў, што дачка так зацята зрэагуе на несправядлівае пакаранне, чыёй ахвярай сталася цётка Эскалястыка, хоць і ведаў, што дзяўчына заўсёды атаясамлівала яе з маці, якую наўрад ці памятала. Фэрміна Даса зачынілася на засаўку ў спальні, не ела й не піла, і калі бацька, спачатку пагрозамі, а потым дрэнна прыхаванай мальбою, дабіўся, нарэшце, каб яна адчыніла яму, ён убачыў параненую пантэру, якой ніколі ўжо не будзе пятнаццаць гадоў.

Бацька ўсяляк спрабаваў супакоіць дзяўчыну, тлумачыў ёй, што каханне ў ейным узросце — міраж, запэўніваў па-доб­раму ў тым, што яна мусіць вярнуць лісты, вярнуцца ў школу і, укленчыўшы, папрасіць прабачэння, даваў слова гонару, што дапаможа ёй знайсці шчасце з годным прэтэндэнтам. Але ён нібы размаўляў са сценкай. Адчуўшы паразу, ён выйшаў, нарэш­це, з сябе падчас абеду ў панядзелак і зайшоўся лаянкай ды праклёнамі, і ў адказ на гэта яна прыставіла мясны нож сабе да горла, без драматызму, але ўпэўнена, — рука не дрыжэла, адно зрэнкі пашырыліся, — і бацька не адва­жыўся кінуць выклік яе рашучаму погляду. Вось тады ён і рызыкнуў пагаманіць, як мужчына з мужчынам, з нахабным малойцам, якога не ўяўляў з твару і які ў нядобры час паўстаў на ягоным шляху. Перад выхадам ён, як звычайна, узяў з сабой рэвальвер, але здагадаўся схаваць яго пад кашуляй.

Флярэнтына Арыса не паспеў перавесці дух, як Лярэнса Даса правёў яго пад руку праз Кафедральны пляц да арачнай галерэі прыходскай кавярні, і прапанаваў прысесці за столікам на тэрасе. Іншых кліентаў не было, і старая мурынка мыла кафляную падлогу вялікае залы з пыльнымі, сям-там пабітымі вітражамі, дзе перагорнутыя крэслы яшчэ стаялі на мармуровых століках. Флярэнтына Арыса часта бачыў там дона Лярэнса, дзе той гуляў у косці і піў віно з бочкі разам з астурыйцамі, што гандлявалі на гарадскім рынку, сварыўся з імі да хрыпаты з-за хранічных войнаў, якія не мелі аніякага дачынення да краіны, у якой яны жылі. Усведамляючы, да чаго ўрэшце прывядзе яго каханне, Флярэнтына Арыса часцяком думаў пра тое, якой будзе сустрэча з бацькам дзяўчыны, калі яна ўсё ж рана ці позна адбудзецца, бо ніхто ў свеце не мог ад яе пазбавіць, яна была наканаваная лёсам. Ён прадбачыў няроўную спрэчку, і не толькі таму, што Фэрміна Даса папярэджвала ў лістах пра бацькаву неўраўнаважа­насць, а таму што і сам заўважыў — ягоныя вочы гатовыя былі ўспыхнуць гневам, нават калі ён рагатаў за столікам падчас гульні. Абліччам Лярэнса Даса ўвасабляў грубасць: непрыстойна вялікі жывот, загучная мова, бакенбарды, як у рысі, грубыя рукі і тут жа масіўны пярсцёнак з апалам на безыменным пальцы. І толькі адну прыемную рысу заўважыў у ім Флярэнтына Арыса, калі ўпершыню ўбачыў яго на шпацыры, — гэта была тая ж паходка газелі, што і ў дачкі. Аднак, калі Лярэнса Даса паказаў на крэсла каля сябе за столікам, Флярэнтына Арыса не знайшоў яго такім грубым, якім ён падаваўся, і наагул ён адчуў сябе лепш, калі Лярэнса Даса прапанаваў выпіць па чарцы анісавай. Флярэнтына Арыса ніколі раней не піў а вось­май раніцы, але пагадзіўся з удзячнасцю, бо гэта было яму неабходна, і як мага хутчэй.

Сапраўды, Лярэнса Дасу хапіла і пяці хвілін на тлумачэнне, ён зрабіў гэта з такой шчырасцю, што Флярэнтына Арыса, абяззброены, быў агаломшаны. Пасля заўчаснай смерці жонкі, Лярэнса Даса паставіў перад сабой адну-адзіную мэту: зрабіць з дачкі даму вышэйшага грамадства. Шлях быў доўгі і няясны. Бо хто ж яе бацька? Колішні гандляр муламі, які не ўмее ні чытаць, ні пісаць, з рэпутацыяй канакрада, праўда, не так даказанай, як распаўсюджанай у правінцыі Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенага. Лярэнса Даса запаліў танную цыгару — такія паляць пагоншчыкі мулаў — і паскардзіўся: «Горш за дрэннае здароўе толькі дурная слава». Аднак, сказаў ён, сапраўдная таямніца ягонага багацця крылася ў іншым: ніводзін мул не працаваў гэтак самаахвярна і мэтанакіравана, як ён сам, нават у самыя горкія часіны грамадзянскае вайны, калі вёскі прачыналіся зруйнаваныя, а палі — разрабаваныя. Хоць дачка ніколі не рушыла ў такт з прадвызначэннем свайго лёсу, яна быццам спрыяла памкненням бацькі. Яна была разумнай і стараннай да такой ступені, што навучыла бацьку чытаць, як толькі навучылася сама, а ў дванаццаць гадоў ужо так шмат ведала пра жыццё, што свабодна і проста змагла б кіраваць хатняй гаспадаркай без дапамогі цёткі Эскалястыкі. Ён уздыхнуў: «Залатая мулачка». Калі дачка скончыла пачатковую школу на «выдатна» па ўсіх прадметах ды з ганаровай граматай, якая была ўручаная ёй на выпускной вечарыне, бацька зразумеў, што асяроддзе Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенага цеснае для ягонай мары. Тады ён прадаў землі, быдла, і пераехаў, поўны энтузіязму, трымаючы ў валізцы семдзесят тысяч песа золатам, у гэты напаўразвалены горад, чыю славу даўно зжэрла моль, але дзе жанчына, гожая ды адукаваная на стары манер, яшчэ мела мажлівасць наноў нарадзіцца праз багаты шлюб. Умяшальніцтва юнака было непрадбачанай пера­шкодай на шляху дзёрзкага плана. «Так што я прыйшоў да вас з вялікай просьбай», — сказаў Лярэнса Даса. Ён знячэўку згасіў цыгару ў чарцы з анісаўкай, зацягнуўся без дыму і сумным голасам падвёў рысу:

— Сыдзіце з нашага шляху.

Флярэнтына Арыса слухаў яго, адпіваючы паціху анісаўку, і так засяродзіўся на адкрыцці мінулага Фэрміны Дасы, што не паспеў прыдумаць, што адказаць. Але калі надышоў час, ён зразумеў, што ад ягоных слоў залежыць ягоны ж лёс.

— Вы размаўлялі з ёю?

— Гэта не вашая справа, — адказаў Лярэнса Даса. Я пытаюся, — працягваў Флярэнтына Арыса, — бо мне падаецца, што вырашаць мусіць яна.

— Яшчэ чаго, — запярэчыў Лярэнса Даса, — гэта справа мужчынская і вырашаецца паміж мужчынамі.

Тон быў пагрозлівы, адзін з кліентаў за суседнім столікам нават павярнуўся на голас і зірнуў на іх. Флярэнтына Арыса загаварыў цішэй, але з усёй рашучасцю, на якую быў здольны.

— Так ці інакш, — сказаў Флярэнтына, — я не магу адказаць, не ведаючы, што думае яна. Гэта было б здрадай.

Тады Лярэнса Даса, у якога імгненна пачырванелі вільготныя павекі, адкінуўся на спінку крэсла, пры гэтым левае вока нейк крутанулася і ледзь не выскачыла з арбіты. Ён таксама панізіў голас.

— Не прымушайце мяне застрэліць вас, — дадаў ён.

Юнак адчуў, як ягоныя кішкі напоўніліся сцюдзёнай пенай. Аднак голас не задрыжэў з перапуду, больш за тое, ён адчуў, што яго натхняе Святы Дух.

— Застрэльце, — сказаў ён, кладучы руку на сэрца, — няма большага гонару, чым памерці за каханне.

Лярэнса Даса быў змушаны глядзець на яго бокам, бы папугай, каб засяродзіць на ім сваё касое вока. Ён не вымавіў, а быццам бы выплюнуў словы склад за складам:

— Су-чын-ты-сын!

На тым самым тыдні ён павёз дачку ў вандроўку, каб расстанне дапамагло ёй забыць Флярэнтына. Бацька нічога не тлу­мачыў, а раптам заляцеў у спальню з бруднымі ад жаванага тытуню і раз’юшанасці вусамі і загадаў ёй збірацца. Яна спытала, куды яны едуць, на што ён адказаў: «Па смерць». Яна спужалася, бо адказ быў дужа падобны на праўду, і паспрабавала супраціўляцца рашуча, як мінулымі днямі, але ён зняў дзягу з вялікай меднай спражкай, наматаў яе на руку і так ляснуў па стале, што гук працяў дом, бы вінтовачны стрэл. Фэрміна Даса добра суразмервала ўласныя сілы, так што паспяшалася сабраць торбу — дзве цыноўкі і гамак — і дзве валізы з усёй вопраткай, упэўненая ў тым, што гэтае падарожжа будзе без вяртання. Перад тым, як апрануцца ў дарогу, яна зачынілася ў прыбіральні і паспела напісаць каханаму кароткі развітальны ліст на шматку туалетнай паперы. Затым садовымі нажніцамі адрэзала касу, уклада яе ў футарал з расшытага залатымі ніткамі аксаміту і паслала яму ўсё разам з лістом.

Вандроўка была вар’яцтвам. Толькі першы этап з караванам андыйскіх паганятых доўжыўся адзінаццаць дзён — вершнікі ехалі на мулах па стромкіх сцежках Сьера-Нэвады, мазгі варыліся ад пякельнага сонца ці размякалі пад жудаснымі кастрычніцкімі навальніцамі, ледзь прытомныя ад жаху перад ледзяным подыхам бездані ўнізе. На трэці дзень шляху адзін мул, ашалеўшы ад аваднёў, кінуўся ў бездань разам з вершнікам і пацягнуў за сабою цэлую звязку жывёлін: лямант чалавека і гронка з сямі звязаных міжсобку мулаў біліся аб звонкія стромы ўступаў і шчылінаў некалькі гадзін запар, і рэха тое гучала доўгія гады ў памяці Фэрміны Дасы. Увесь ейны багаж грымнуўся ў бездань разам з муламі, але ў момант здарэння, што доўжыўся стагоддзямі, пакуль дзесь далёка ўнізе не заглух крык жаху, яна не думала пра беднага паганятага альбо пра звязку сканалых мулаў — яна кляла лёс за тое, што ейны мул не быў у той звязцы. Яна ехала верхам упершыню, аднак жах і мноства цяжкасцяў вандроўкі не здаваліся б ёй гэтак горкімі, калі б не ўпэўненасць у тым, што яна больш ніколі не пабачыць каханага і назаўсёды пазбаўленая таго, што магло яе суцешыць, — ягоных лістоў. З самага пачатку шляху яна ні разу не звярнулася да бацькі, і ён быў такім засмучаным, што гаварыў з ёю толькі ў непазбежных выпадках альбо перадаваў, што трэба, праз паганятых. Калі шанцавала, ім траплялася прыдарожная таверна з горскай кухняй, ад якой яна адмаўлялася, і давалі напракат брызентавыя ложкі, прапітаныя потам і мачою. Часцей за ўсё, аднак, яны праводзілі ноч у індзейскіх паселішчах, дарожных начлежках пад адкрытым небам, якія былі абсталяваныя наўзбоч шляху і выглядалі, як шэрагі падпорак, крытых лісцем горкае пальмы, дзе кожны вандроўнік меў права прыпыніцца да золку. Фэрміне Дасе не ўдалося паспаць ніводнай ночы, яе прабіваў пот, калі яна чула ў цемры мітусню таямнічых вандроўнікаў, якія прывязвалі сваіх мулаў да падпорак і вешалі гамак, дзе было вольнае месца.

Увечары, калі падыходзілі першыя караваны, месца было спакойнае, і ніхто не замінаў, але бліжэй да золку здавалася, што яна на кірмашовым пляцы: скручаныя гамакі віселі на розных узроўнях, горцы-аруакі спалі, седзячы на кукішках, прывязаныя козы бляялі, байцовыя пеўні спявалі ў вялізных кашах, а мясцовыя сабакі пагрозліва маўчалі, адвучаныя бра­хаць з-за ваеннага становішча. Такія цяжкасці былі звычныя для дона Лярэнса, які прагандляваў у гэтым раёне паўжыцця і на золку заўжды сустракаў старых сяброў. Для Фэрміны гэта было бясконцае катаванне. Нясцерпны смурод салёнай зубаткі, якую ўсё везлі і везлі, ды яшчэ і страта апетыту ад расстання змусілі забыцца на нармальны рытм харчаван­ня, і яна не звар’яцела ад адчаю толькі таму, што прыгадвала любага Флярэнтына і ў тым знаходзіла палёгку. Яна не сумнявалася — гэта была сапраўды зямля спрадвечнага расстання, дзе ўсё забываецца.

Вайна таксама была крыніцай бясконцага жаху. З самага пачатку шляху яна чула размовы пра небяспеку сутыкнення з патрулямі, і паганятыя мулаў навучылі іх розным спосабам дазнавацца, да якога боку яны належаць, каб паводзіць сябе адпаведна. Часцяком сустракаліся аддзелы коннікаў на чале з афіцэрам, якія займаліся папаўненнем асабістага складу і бралі рэкрутаў, накідваючы на скаку на чалавека ласо, нібы на якога бычка. Прыгнечаная жахам, Фэрміна Даса сапраўды ўжо забылася на таго, хто цяпер здаваўся ёй, хутчэй, легендарным, чым блізкім чалавекам, а аднойчы ноччу патруль невядомай прыналежнасці захапіў двух вандроўнікаў з іхнага каравана і павесіў іх на дрэве кампана[12] за два кіламетры ад сялібы. Лярэнса Даса не меў да іх ніякага дачынення, але загадаў зняць і пахаваць па-хрысціянску ў знак падзякі за тое, што яго абмінуў страшны лёс. Як жа не быць удзячным. Раніцой бандыты абудзілі яго, тыцнуўшы руляй стрэльбы ў жывот, і каман­дзір у лахманах, са счарнелым ад копаці тварам, асвяціў яго ліхтаром і спытаў, ліберал ён альбо кансерватар.

— Hi адно, ні другое, — адказаў Лярэнса Даса. — Я іспанскі падданы.

— Табе шанцуе! — усклікнуў правадыр і развітаўся, жартам узняўшы руку. — Няхай жыве кароль!

Праз два дні яны сышлі з гор у светлую даліну, дзе знахо­дзіўся вясёлы пасёлак Вальедупар. У дварах ішлі баі пеўняў, на скрыжаваннях гучалі акардэоны, вершнікі гарцавалі на пародзістых конях, званілі званы, бахалі петарды. Але Фэрміна Даса нават не заўважыла святочнага настрою. Яны спыніліся ў доме Лісымака Санчаса, які даводзіўся ёй дзядзькам па маці. Ён выйшаў сустракаць іх на дарогу на чале шумнай кавалькады маладых сваякоў на лепшых на ўсю правінцыю конях, і іх правялі па вуліцах пасёлка сярод святочных феерверкаў. Дзядзькаў дом стаяў на Вялікім пляцы, побач з каланіяльнай, шмат разоў перабудаванай царквою, і больш быў падобны на каланіяльную факторыю праз свае прасторныя і прыцененыя пакоі ды калідор, што пах цёплым сокам з цукровага трыснягу і выходзіў у вялізны фруктовы сад.

Як толькі яны спешыліся каля стайні і ўвайшлі ў дом, гасцёўні напоўніліся мноствам незнаёмых сваякоў, якія абрынулі на Фэрміну Дасу вадаспад цёплых пачуццяў, але яна не хацела бачыць нікога на свеце, бо пакутавала ад сядла, не ела і не спала столькі дзён і марыла застацца на самоце ў якім ціхім месцы, каб выплакацца. Толькі стрыечная сястра Ільдэбранда Санчас, старэйшая за яе на два гады і такая ж па-каралеўску ганарлівая, адразу зразумела ейны стан, бо сама таксама гарэла полымем патаемнага кахання. Калі звечарэла, Ільдэбранда завяла Фэрміну ў спальню, падрыхтаваную для іх дваіх, і не змагла зразумець, як Фэрміна яшчэ жывая з такімі пухірамі на клубах. З дапамогаю маці, вельмі пяшчотнай жанчыны, падобнай да мужа, нібыта да блізнюка, Ільдэбранда падрыхтавала ёй ванну і сцішыла боль, прыклаўшы да язваў кампрэсы з адварам купальніка, а дом у гэты час здрыгаўся ад піратэхнічнае кананады.

Апоўначы госці сышлі, гулянне рассыпалася на мноства вясёлых групак, і кузіна Ільдэбранда дала Фэрміне Дасе сваю міткалевую начнушку, дапамагла ёй легчы; тады Фэрміна Даса адчула пяшчоту прасціны, мяккасць пуховае падушкі, і ёй стала раптам страшна ад прыліву шчасця. Нарэшце яны засталіся ў спальні сам-насам. Кузіна зачыніла дзверы на засаўку і дастала з-пад матраца свайго ложка запячатаны сургучом канверт з манільскай паперы і эмблемай Нацыянальнага тэлеграфа. Фэрміне Дасе досыць было ўгледзець хітраватыя і радасныя іскрынкі ў вачах кузіны, каб зноўку прарос у памяці сэрца задумлівы водар белых гардэній, — яна тут жа разадрала сургучную пячатку зубамі і да золку патанала ў моры слёз, перачытваючы адзінаццаць няўрымслівых тэлеграм.

Тады яна даведалася пра ўсё. Да пачатку вандроўкі Лярэнса Даса зрабіў памылку, тэлеграфам паведаміўшы пра свае намеры швагру Лісымака Санчасу, а той перадаў вестку шырокай і заблытанай чарадзе сваякоў, раскіданай па розных вёсках і хутарах правінцыі. Так што Флярэнтына Арыса не толькі даведаўся пра дакладны маршрут вандроўкі, але яшчэ й скарыстаўся з пачуцця братэрства тэлеграфістаў, якія трымалі след Фэрміны Дасы крок за крокам да апошняга хутара на яе шляху каля мыса Вала. Гэта дазволіла закаханаму Флярэнтына падтрымліваць з ёю інтэнсіўнае ліставанне з моманту яе прыезду ў Вальедупар, дзе яна гасцявала тры месяцы, і да канца вандроўкі ў горадзе Рыёача паўтара года пазней, калі Лярэнса Даса вырашыў, што дачка пра ўсё забылася, і разважыў вярнуцца дадому. Мажліва, ён сам не ўсвядоміў, як паслабіў пільнаванне за дачкою, яму заміналі ганаровыя прыёмы, якія ла­дзілі сваякі па лініі нябожчыцы жонкі, якія пасля доўгіх гадоў варожасці адкінулі ў бок свае кланавыя прымхі і прынялі яго з адкрытым сэрцам, як свайго. Візіт прынёс позняе замірэнне, хоць не дзеля гэтага ладзілася вандроўка. Насамрэч, сям’я нябожчыцы жонкі, Фэрміны Санчас, была катэгарычна супраць яе шлюбу з гаманкім, грубым і бязродным імігрантам, які заўжды быў у раз’ездах, гандлюючы звычайнымі муламі, — такі бізнэс здаваўся ім занадта простым, каб уважаць яго чыстым. Лярэнса Даса ставіў на карту ўсё, бо ён хацеў ажаніцца з самай віднай нявестай тыповага для тых краёў роду, да якога належалі гожыя жанчыны і лёгкія на руку, у сэнсе пусціць у справу зброю, мужчыны з пяшчотным сэрцам і да шаленства развітым пачуццём годнасці. Аднак нябожчыца Фэрміна Санчас, слепа верачы ў прадвызначэнне кахання, якому заміналі ажыццявіцца, капрызна настаяла на сваім і пайшла за яго замуж насуперак сям’і гэтак паспешліва і патаемна, што, здавалася, пайшла не па любові, а таму што нібыта трэба было схаваць пад шлюбным покрывам дачасную незасцярогу.

Праз дваццаць пяць гадоў Лярэнса Даса нават і не падумаў, што ягоная ўпартасць у дачыненні да кахання дачкі была грэшным паўторам яго ўласнай гісторыі, і скардзіўся на сваю бяду ўсім шваграм, якія калісьці не прымалі яго і гэтаксама скардзіліся на яго. Але час, які ён марнаваў на скаргі, дачка выкарыстоўвала дзеля свайго кахання. Так, пакуль бацька лягчаў бычкоў і аб’езджваў мустангаў на ўрадлівых землях сваіх шваграў, дачка вольна гуляла з чародкай сясцёр, на чале якіх стаяла Ільдэбранда Санчас, самая гожая і спрытная з іх, чыё палкае і пазбаўленае будучыні каханне да чалавека, які быў старэйшы за яе на дваццаць гадоў, жанаты і шматдзетны, задавальнялася адно што патаемнымі позіркамі.

Пасля доўгага перабывання ў Вальедупары яны працягнулі шлях прыгор’ем, па квітнеючых далінах і казачных плато, і ўва ўсіх паселішчах іх прымалі, як у першым, — з музыкай і феерверкамі, з новымі кузінамі-саўдзельніцамі і пунктуальнымі тэлеграфнымі пасланнямі. Неўзабаве Фэрміна Даса зразумела, што дзень прыезду ў Вальедупар не быў чымсьці выключ­ным, — у гэтай багатай правінцыі жылі так, нібыта кожны дзень тыдня быў святам. Госці спалі, дзе заспявала іх ноч, і елі, калі было патрэбна, бо дамы ніколі не зачыняліся, заўсёды можна было знайсці павешаны для госця гамак і зборную, з трыма відамі мяса, поліўку на выпадак, калі хто з’яўляўся без папярэдняй тэлеграмы, як здаралася амаль заўжды. Ільдэбранда Санчас суправаджала кузіну да канца вандроўкі, весела ведучы яе скрозь гушчар крэўных сваякоў да каранёў радавога дрэва. Фэрміна Даса ўсвядоміла сябе, упершыню адчула, што яна сама сабе гаспадыня, якую паўсюль суправа­джаюць сябры і якую шануюць, і напоўніцу дыхала паветрам свабоды, якое вярнула ёй супакой і волю да жыцця. Нават у старасці яна прыгадвала гэтую вандроўку, якая з гадамі ўсё больш праяснялася ў памяці ў бліскучым ззянні настальгіі.

Аднойчы ўвечары Фэрміна Даса вярнулася пасля традыцыйнага шпацыру, агаломшаная адкрыццём: усё-такі можна быць шчаслівай без кахання і нават насуперак каханню. Адкрыццё збянтэжыла яе; менавіта тады нейкая чарговая кузіна выпадкова пачула гамонку сваіх бацькоў з Лярэнса Дасам, у якой апошні выказаў ідэю аддаць дачку за адзінага спадкаемца казачнага багацця Клеафаса Маскотэ. Фэрміна Даса ведала яго. Бачыла яго на пляцы, калі той гарцаваў на гожым кані з выдатнымі гунямі, падобнымі на царкоўныя аздабленні; ён быў элегантным і спрытным, ад яго рамантычных веек млелі нават камяні, але яна параўнала яго ў памяці з Флярэнтына Арысам пад мігдалавымі дрэвамі скверыка, бледным і хударлявым, з кніжкаю вершаў на каленках, і не знайшла ў сваім сэрцы ні ценю сумневу.

Ільдэбранда Санчас была поўная спадзеваў пад уражаннем ад наведвання варажбіткі, якая здзівіла яе сілаю прадбачання. Спужаная намерамі бацькі Фэрміна Даса таксама пайшла да той жанчыны. Карты паказалі, што ў будучыні няма перашкодаў для доўгага і шчаслівага шлюбу, і гэты прагноз вярнуў ёй спакой і сілу, бо яна не магла ўявіць сабе, што такі ўдалы лёс можа скласціся з некім іншым, апроч таго, каго яна кахала. Акрыленая вераю, яна зноў набыла ўладу над сабой і волю да свабоды. Менавіта тады тэлеграфная перапіска з Флярэнтына Арысам перастала быць выказваннем намераў і ілюзорных абяцанак, набыўшы метадычны, практычны характар, пачасціўшыся, як ніколі раней. Яны вызначылі тэрміны і спосабы далейшых дзеянняў, прысягнулі жыццём у сумесным рашэнні ажаніцца, ні ў кога не пытаючыся дазволу, дзе б тое ні было, чаго б ні каштавала, як толькі яны зноўку сустрэнуцца. Фэрміна Даса так сур’ёзна паставілася да свайго слова, што аднойчы, калі бацька дазволіў ёй пайсці на першы ў жыцці дарослы баль у мястэчку Фансэка, яна палічыла несумленным ісці на баль без згоды свайго нарачонага. Флярэнтына Арыса тым вечарам знаходзіўся ў матроскім гатэлі ды граў у карты з Лятарыем Тугутам, калі паведамілі, што да яго прыйшло тэрміновае тэлеграфнае пасланне.

Да яго звярнуўся тэлеграфіст з Фансэкі, які злучыў ланцуг з сямі мясцовых станцый, каб Фэрміна Даса здолела спытаць пра згоду на першы баль. Але, атрымаўшы згоду, яна не задаволілася проста станоўчым адказам і папрасіла доказу, што менавіта Флярэнтына Арыса стукаў ключом тэлеграфа на другім канцы лініі. Хутчэй здзіўлены, чым улагоджаны, ён прыдумаў і перадаў фразу для пасведчання ягонай асобы: «Скажэце ёй, што клянуся каранаванай багіняй». Фэрміна Даса пазнала пароль і прабалявала ўпершыню ў жыцці ажно да сёмай раніцы — ёй давялося наспех пераапранацца, каб не спазніцца на імшу. Да таго часу ў глыбінях ейнага куфра назбіралася больш лістоў і тэлеграм, чым бацька калісьці знайшоў, і яна навучылася паводзіць сябе, як замужняя жанчына. Лярэнса Даса ўспрыняў перамену ў паводзінах дачкі як знак таго, што адлегласць і час вылечылі яе ад дзявочага фантазёрства, але не падзяліўся з ёю праектам шлюбнай дамовы. Іх адносіны крыху палепшыліся, не выходзячы за фармальныя рамкі, вызначаныя ёю, калі ён выгнаў цётку Эскалястыку, і гэта давала месца зручнаму суіснаванню, ва ўсялякім разе, ніхто з блізкага асяродку не сумняваўся ў тым, што іхныя адносіны заснаваныя на пяшчоце.

Тым часам Флярэнтына Арыса вырашыў распавесці ёй у лістах, што ён робіць спробы адшукаць скарб затопленага галеона дзеля яе. Гэта была чыстая праўда, ідэя ўзнікла ў імгненні натхнення светлым вечарам, калі мора было быццам бы выбрукаванае алюмінем з-за безлічы рыб, прыспаных травою дзіванны. З усяго неба зляцеліся птушкі і біліся за спажыву, і рыбакі адганялі іх вёсламі, каб не аспрэчвалі права на забаронены цуд. Выкарыстанне дзіванны, якая толькі прысыпляе рыбу, было забаронена законам яшчэ за часамі калоніі, але карыбскія рыбакі пускалі расліну ў ход сярод белага дня ажно да з’яўлення дынаміту. Доўга цягнулася вандроўка Фэрміны Дасы, і ў ейную адсутнасць Флярэнтына Арыса бавіў час, гле­дзячы з высокіх стромаў, як рыбакі грузілі ў свае індзейскія лодкі вялікія нераты з соннаю рыбай. Там жа чародкі хлопчыкаў, што плавалі не горш за акул, прапаноўвалі разявакам кінуць манеты на дно і хутка іх даставалі. Гэта былі тыя ж хлопчыкі, якія з той самай мэтаю плылі насустрач трансатлантычным караблям і таксама вярталіся са здабычай, пра іхны спрыт нямала напісана ў падарожных нататках, якія выходзілі ў Злучаных Штатах і Еўропе. Флярэнтына Арыса ведаў хлопчыкаў здаўна, яшчэ да таго, як закахаўся, але ніколі не думаў пра тое, што яны здольныя падняць скарб, затоплены разам з галеонам. Гэта прыйшло яму да галавы тым светлым вечарам, і з наступнай нядзелі, калі да вяртання Фэрміны Дасы заставаўся цэлы год, у яго з’явілася яшчэ адна мара.

Эўклідэс, адзін з тых хлопчыкаў, загарэўся, як і ён, ідэяй падводнай выведкі. Флярэнтына Арыса не адкрыў яму праўды пра мэты вышуку, затое падрабязна распытаў пра ягоныя здольнасці як мараплаўца і нырца. Ён спытаў, ці здолеў бы той без запасу паветра нырнуць на дваццаціметровую глыбіню, і Эўклідэс адказаў, што так. Ён спытаў, ці мог бы ён сам весці рыбацкі човен па адкрытым моры падчас шторму без прыбораў, пры дапамозе адно ўласнага інстынкту, і Эўклідэс адказаў, што так. Ён спытаў, ці здолеў бы ён знайсці дакладнае месца на адлегласці шаснаццаці марскіх міляў на паўночны захад ад вялікай выспы архіпелагу Сатавэнта, і Эўклідэс адказаў, што так. Ён спытаў, ці змог бы ён грэбці ўначы, па зорках, і Эўклі­дэс адказаў, што так. Ён спытаў, ці згодны ён справіцца з такой працай і атрымаць за гэта грошы, якія ён атрымлівае ад рыбакоў за дапамогу, і Эўклідэс адказаў, што так, толькі з дадаткам у пяць рэалаў па нядзелях. Ён спытаў, ці ўмее хлапчук бараніцца ад акулы, і Эўклідэс адказаў, што так, бо валодае чарадзейнымі таямніцамі, якія іх адпуджваюць. Ён спытаў, ці здольны хлапец захоўваць таямніцу нават пад катавальнымі машынамі інквізіцыі, і Эўклідэс сказаў, што так, бо ніколі не адказваў «не» і ўмеў казаць «так» гэтак натуральна, што немажліва было засумнявацца. Нарэшце, яны падлічылі выдаткі: пракат чоўна, пракат вясла, пракат рыбацкіх прыладаў, каб ніхто не здагадаўся пра сапраўдныя мэты вылазкі. Да таго ж, трэба было ўзяць харч, бочачку пітной вады, алейную лямпу, пакунак свечак і, на экстранны выпадак, паляўнічы рог, каб была магчымасць падаць сігнал бедства.

Хлапчуку было недзе дванаццаць гадоў, ён гаманіў без пярэдыху, быў рухавым ды спрытным, як вугор, — менавіта такім, якім трэба быць, каб праслізнуць праз цесны ілюмінатар карабля пад вадою. Вятры так прадубілі яго, што цяжка было ўявіць колішняе, натуральнае адценне ягонае скуры, што рабіла ягоныя вялікія жоўтыя вочы яшчэ больш прамяністымі. Флярэнтына Арыса вырашыў, што гэта ідэальны саўдзельнік задуманае прыгоды, і яны ўзяліся за справу адразу, як толькі надышла нядзеля.

Адплылі яны з рыбацкага порта на золку, маючы ўсё, што трэба, і ў добрым гуморы. Эўклідэс — амаль голы, у насцёгнавай павязцы, якую насіў заўсёды, а Флярэнтына Арыса — у сурдуце і цёмным капелюшы, лакаваных чаравіках і са стужкай, якую завязваюць паэты замест гальштука; ён узяў з сабою кнігу, каб бавіць час, пакуль яны дабяруцца да выспаў. З першага дня Флярэнтына Арыса зразумеў, што Эўклідэс гэтакі спрытны мараход, як і нырэц, хлапчук валодаў дзівоснымі ведамі пра прыроду мора і размаітае ламачча на дне бухты. Ён мог апавядаць з нечаканымі падрабязнасцямі пра кожную карабельную шкарлупіну, якую раз’ядала іржа, ведаў век кожнага буйка, колькасць звёнаў у ланцугу, з дапамогай якога іспанцы зачынялі ўваход у бухту. Баючыся, што ён таксама можа ведаць і пра мэту патаемнай экспедыцыі, Флярэнтына Арыса задаў яму некалькі хітрых пытанняў і такім чынам упэўніўся, што Эўклідэс нават не падазрае пра існаванне патопленага галеона.

Упершыню пачуўшы аповед пра скарб у матроскім гатэлі, Флярэнтына Арыса назбіраў рознае інфармацыі пра галеоны тае эпохі. Ён высветліў, што не адзін «Сан Хасэ» ляжыць на каралавым дне. Насамрэч, гэта быў флагманскі карабель Кантынентальнага флотн, які прыбыў у бухту пасля траўня 1708 года з легендарнага кірмашу Партабэльё ў Панаме, дзе пагрузілі частку ягонага скарбу: трыста куфраў са срэбрам Пэру і Вэракруса ды сто дзесяць куфраў перлінаў, назбіраных і падлічаных на выспе Кантадора. За доўгі месяц у бухце, дзе штодня і штоночы ішло народнае гулянне, пагрузілі рэшту скарбу, якая была здольная выцягнуць з бядноты Іспанскае каралеўства: сто шаснаццаць куфраў са смарагдамі з Мусы і Самандокі і трыццаць мільёнаў залатых манет.

Кантынентальны флот складалі дванаццаць караблёў розных памераў, яны пакінулі порт з суправаджэннем выдатна ўзброенай французскай эскадры, якая ўсё ж не здолела ўратаваць флот ад трапных гарматных залпаў ангельцаў з Чарлзам Уэйджэрам на чале, што чакалі іх у раёне архіпелага Сатавэнта, каля выйсця з бухты. Так што патануў не толькі «Сан Хасэ», хоць дакладных, дакументальных сведчанняў пра тое, колькі караблёў патанула і колькі пазбегла агню ангельцаў, не было. І ў чым ніхто не сумняваўся, дык толькі ў тым, што флагманскі карабель патануў адным з першых, з экіпажам у поўным складзе і нерухомым у сваёй рубцы капітанам. Толькі гэты карабель вёз асноўны груз.

Флярэнтына Арыса вывучыў шлях галеонаў паводле навігацыйных мапаў тае эпохі і думаў, што вылічыў месца катастрофы. Яны выйшлі з бухты, прайшлі паміж дзвюма фартэцыямі Бока-Чыкі, і праз чатыры гадзіны човен аказаўся ва ўнутра­ных водах архіпелага, на каралавым дне якога можна было лавіць сонных лангустаў проста рукою. Паветра было лёгкім, а мора такім ціхім і празрыстым, што Флярэнтына Арыса адчуў, нібыта ён — уласны адбітак у вадзе. Пры канцы затокі, за дзве га­дзіны ходу ад вялікай выспы, і было месца крушэння карабля.

Флярэнтына Арыса, ледзь жывы ў сваёй хаўтурнай вопратцы ад пякельнага сонца, папрасіў Эўклідэса, каб ён паспрабаваў нырнуць на дваццаціметровую глыбіню і дастаць любую рэч з дна. Вада была празрыстая, ён бачыў, як хлапчук плыў на глыбіні, нібыта бруднага колеру акула сярод блакітных акулаў, якія перасякалі ягоны шлях, але не чапалі яго. Потым хлапчук знік у каралавых зарасцях, і калі Флярэнтына Арыса ўжо думаў, што ўсё набранае ў лёгкія паветра скончылася, ён пачуў голас за спінай. Эўклідэс стаяў на дне з паднятымі рукамі, і вада даходзіла яму да таліі. Так што яны сталі шу­каць больш глыбокія мясціны далей на поўнач, плывучы па-над цёплымі скатамі, сарамлівымі кальмарамі, цёмна-ружовымі караламі, пакуль Эўклідэс не зразумеў, што яны проста губляюць час.

— Калі вы не скажаце, што я мушу шукаць, я нічога і не знай­ду, — сказаў хлапчук.

Але Флярэнтына Арыса не сказаў. Тады Эўклідэс прапанаваў яму распрануцца і нырнуць з ім, хоць бы для таго, каб пабачыць неба іншага свету — свету каралаў. Аднак Флярэнтына Арыса звычайна гаварыў, што мора было прыдуманае Богам з адной мэтай — каб людзі бачылі яго праз акно, таму ён так і не навучыўся плаваць. Калі пачало вечарэць, неба схавалася за аблокамі, паветра сталася сцюдзёным і вільготным, і так хутка сцямнела, што давялося арыентавацца на маяк, каб трапіць у порт. Ужо каля ўваходу ў бухту яны вельмі блізка мінуліся з вялізным белым трансатлантычным караблём пад французскім сцягам і з поўнай ілюмінацыяй, які пакідаў за сабою водар далікатнага смажанага мяса і квяцістай капусты.

Вось так яны згубілі тры нядзельныя дні дый змарнавалі б яшчэ, калі б Флярэнтына Арыса не вырашыў падзяліцца таямніцай з Эўклідэсам, які адразу змяніў увесь план пошукаў, і яны накіраваліся да старажытнага фарватару для галеонаў, які знаходзіўся на адлегласці дваццаці з лішкам міляў на ўсход ад вызначанага Флярэнтына Арысам месца. Месяцы праз два, дажджлівым днём, Эўклідэс доўга заставаўся пад вадою, і човен так аднесла, што давялося плыць амаль паўгадзіны, каб нагнаць яго, бо Флярэнтына Арыса не здолеў наблізіцца да яго на вёслах. Калі, нарэшце, хлапчук падняўся на борт, ён дастаў з рота і паказаў як знак перамогі і ўзнагароду за ўпартасць пару жаночых упрыгожанняў.

Хлопчыкаў аповед гэтак зачараваў Флярэнтына, што той пакляўся навучыцца плаваць і ныраць на глыбіні, толькі каб пабачыць усё на свае вочы. Эўклідэс сказаў, што на тым месцы, на глыбіні якіх васямнаццаці метраў, ляжыць на каралах столькі старажытных ветразнікаў, што немажліва нават падлічыць альбо прыкінуць іхную колькасць, і што яны раскіданыя па прасторы — вокам не ахапіць. Ён сказаў, што яго больш за ўсё здзівіла: ніводная шкарлупіна з бухты не была ў такім добрым стане, як патопленыя караблі. Ён дадаў, што бачыў каравэлы, іх было некалькі, і ўсе — з некранутымі ветразямі, а караблі відны былі на дне выдатна, нібыта патанулі разам са сваімі прасторай і часам, быццам бы над імі тое самае сонца, што стаяла ў небе аб адзінаццатай раніцы ў суботу 9 чэрвеня, калі яны і пайшлі на дно. Ён паведаміў, задыхаючыся пад напорам уласнага ўяўлення, што найлягчэй было разглядзець галеон «Сан Хасэ», чыя назва свяцілася на карме залатымі літарамі, але адначасова гэта самы пашкоджаны ангельскай артылерыяй карабель. Ён сказаў, што на караблі бачыў старога васьмінога, якому не менш за трыста гадоў, ягоныя мацкі выходзілі праз гарматныя адтуліны, і ён так вырас у карабельнай ядальні, што цяперака можна было выслабаніць яго, толькі разабраўшы корпус. Ён працягваў, кажучы, што бачыў цела капітана, якое плавала бокам на мосціку, нібыта ў акварыуме, і што не спусціўся ў трумы са скарбам адно таму, што не хапіла паветра ў лёгкіх. І вось доказы: завушніца са смарагдам і медальён з выявай Святое Дзевы, ланцужок якога раз’ела соль.

Гэтая навіна пра скарб была першай, якую Флярэнтына Арыса згадаў у лісце да Фэрміны Дасы, накіраваным ёй у Фансэку незадоўга да яе вяртання. Легенду пра патанулы галеон яна чула, пра гэта неаднойчы распавядаў Лярэнса Даса, які змарнаваў час і грошы, спрабуючы дамовіцца з нямецкай кампаніяй падводных даследаванняў пра сумесную арганізацыю вышуку зніклага скарбу. Ён бы настаяў на сваім, калі б некалькі сяброў Акадэміі гісторыі не пераканалі яго ў тым, што легенда пра затоплены галеон насамрэч была прыдуманая якім-небудзь віцэ-каралём, каб такім чынам прыўласціць маёмасць іспанскай кароны. Ва ўсялякім выпадку, Фэрміна Даса ведала, што галеон ляжаў на глыбіні двухсот метраў, цалкам недасяжнай для чалавека, але ніяк не дваццаці, як пісаў Флярэнтына Арыса. Аднак яна настолькі прызвычаілася да яго паэтычных перабольшанняў, што ўспрыняла прыгоды з галеонам як адно з іх. Тым не менш, яна і далей атрымлівала лісты з новымі, усё больш фантастычнымі падрабязнасцямі, і напісаныя яны былі не менш сур’ёзна, чымся ягоныя палюбоўныя пасланні, так што яна прызналася Ільдэбрандзе, што, маўляў, пабойваецца, што ейны летуценны жаніх страціў розум.

Эўклідэс даставаў з дна столькі доказаў поспеху іхных пошукаў, што ўжо бяздумна было збіраць завушніцы ды пярсцёнкі сярод каралаў, — трэба было ствараць моцнае прадпрыемства дзеля пад’ёму паўсотні караблёў з іхнымі вавілонскімі скарбамі. Тады і здарылася тое, што рана ці позна мусіла здарыцца, бо Флярэнтына Арыса не мог не звярнуцца да маці па дапамогу на завяршэнне распачатае справы. А ёй досыць было паспрабаваць метал упрыгожанняў на зуб і паглядзець на святло праз шкляныя каменьчыкі, каб зразумець: хтосьці нажываўся на наіўнасці ейнага сына. Эўклідэс на каленях пакляўся Флярэнтына Арысу, што ў ягоных паводзінах не было ніякага падману, але ў наступную нядзелю ён не з’явіўся ў рыбацкі порт, а надалей — нідзе і ніколі.

Ад гэтага шваху Флярэнтына Арысу застаўся толькі адзіны прытулак — маяк. Ён дабраўся да яго аднойчы ўначы на чоўне Эўклідэса, калі шторм заспеў іх у адкрытым моры, і з тае пары хадзіў вечарамі гаманіць з даглядчыкам маяка, слу­хаць аповеды пра незлічоныя і адно што яму вядомыя дзівосы мора і сушы. Гэта быў пачатак сяброўства, якое перажыло мност­ва катаклізмаў у свеце. Флярэнтына Арыса навучыўся пад­трым­ліваць святло маяка, спачатку бярэмамі дроваў, а потым, пакуль не працягнулі да маяка электрычнасць, цэлымі збанамі алею. Ён навучыўся накіроўваць прамень і павяліч­ваць яго люстрамі, а час ад часу, калі даглядчык чамусьці не мог, дзяжурыў уначы на маяку. Ён навучыўся пазнаваць караблі паводле гудкоў, паводле памеру святла на лініі далягляду і адчуваў, нібы нешта ад іх вярталася да яго з водбліскамі маяка.

Удзень, асабліва ў нядзелі, ён знаходзіў задавальненне ў ін­шым. У нетрах квартала Віцэ-каралёў, дзе жылі багатыры старога горада, жаночы пляж аддзяляўся ад мужчынскага тынкаванай агароджай: адзін пляж знаходзіўся справа ад маяка, а другі — злева. Так што даглядчык прыладзіў падзорную трубу, з дапамогаю якой можна было паназіраць за жаночым пляжам за плату ў адзін сентава. Дзяўчаты з вышэйшага свету не ведалі пра гэта, але ўсё роўна хадзілі па пляжы ў сваіх купальніках з вялікімі фальбонкамі, у пляжным абутку і шыракаполых капелюшах, якія хавалі цела не горш за звычайную вопратку, і да таго ж адбаўлялі прыгажосці. Маці пільнавалі іх, седзячы на беразе ў лазовых крэслах-гушкалках пад страшэнным сонцам і ў такой самай вопратцы, у такіх самых капелюшах з пёрамі, з такімі самымі муслінавымі парасонамі, з якімі хадзілі на імшу. Яны пабойваліся, што мужчыны з суседняга пляжа маглі спакусіць іхных дачок пад вадою. Карацей кажучы, праз марскі бінокль нельга было ўбачыць нічога больш пікантнага, чым на вуліцы, але нядзельных кліентаў, якія аспрэчвалі адзін у аднаго права на бінокль дзеля таго, каб адведаць горкіх яблыкаў з чужога саду, было шмат.

Флярэнтына Арыса заставаўся сярод іх, хутчэй ад нудоты, і не бінокль стаўся чыннікам ягонага сяброўства з даглядчыкам маяка. Сапраўдная прычына тоілася ў тым, што пасля разлукі з Фэрмінай Дасай, калі ім авалодала ліхаманка бязладных любоўных сувязяў у спробе забыць яе, менавіта на маяку, а не дзе яшчэ, ён пражыў найшчаслівейшыя са сваіх гадзін і знайшоў суцяшэнне. Гэта было яго ўлюбёнае месца, прычым настолькі, што шмат гадоў ён рабіў спробы ўпэўніць маці, а затым і дзядзьку Леона XII, каб тыя дапамаглі выкупіць яго. Маякі Карыбскага мора былі ў тыя часы прыватнай маёмасцю, іх гаспадары атрымлівалі плату за права праходу да порта адпаведна памерам судна. Флярэнтына Арыса думаў, што гэта адзіная высакародная мажлівасць спалучэння выгоднае справы з паэзіяй, але ні маці, ні дзядзька гэтак не думалі, а калі ён займеў патрэбныя сродкі, маякі ўжо перайшлі ва ўласнасць дзяржавы.

Мары, аднак, не былі дарэмнымі. Гісторыя з галеонам, а пазней і новая зацікаўленасць маяком прынеслі палёгку пакутам ад расстання з Фэрмінай Дасай, і тут у самы нечаканы момант прыйшла вестка пра яе вяртанне. Пасля доўгай пабыўкі ў Рыёачы Лярэнса Даса вырашыў вярнуцца. Гэта быў не найлепшы час для вандроўкі морам, бо дзьмулі снежаньскія пасаты, і шхуна, якая адважылася на падобны пераход, магла апынуцца на золку ў порце адпраўкі з-за сустрэчнага ветру. Дарэчы, так і здарылася. Фэрміна Даса правяла ноч, нібыта ў агоніі, яна ванітавала жоўцю, прывязаная да ложка ў каюце, якая была падобная да тавернавай прыбіральні не толькі праз сваю невыносную цеснату, але таксама праз тое, што там жудасна смярдзела і парыла. Мора ўсхадзілася так, што часцяком здавалася, нібыта ірваліся пасы бяспекі ейнага ложка, з палубы чуўся лямант, быццам бы пры крушэнні, і тыгровы храп бацькі побач даводзіў яе да жаху. Упершыню за тры гады яна правяла ноч у бяссонні, не думаючы ніводнае хвілі пра Флярэнтына Арысу. Ён жа, насупраць, ляжаў таксама ў бессані ў сваім гамаку за перагародкай і лічыў бясконцыя хвілі да яе вяртання. На золку вецер раптам суняўся, мора супакоілася, і Фэрміна Даса зразумела, што заснула насуперак жахліваму гойданню, і толькі металічнае скрыпенне якарнага ланцуга абудзіла яе. Тады яна расперазала пасы, пагля­дзела ў ілюмінатар са спадзевам убачыць Флярэнтына Арысу ў натоўпе тых, хто сустракаў карабель, але ўгледзела адно мытныя склады сярод пазалочаных першымі промнямі сонца пальмаў і падгнілы пірс Рыёачы, скуль шхуна адплыла мінулай ноччу.

Дзень прайшоў, рыхтык як галюцынацыя, у тым жа доме, дзе яна была напярэдадні адплыцця, і зноўку яна прымала людзей, якія развіталіся з ёю ўчора, і гаманілі яны пра тое самае, і яе аглушыла адчуванне, што яна нанава перажывала пражыты фрагмент жыцця. Паўтор быў такім яўным, што яе трэсла ад аднае думкі — а раптам паўторыцца і ноч на шхуне, успамін пра якую выклікаў адно жах. Аднак альтэрнатыўны спосаб вяртання дамоў патрабаваў бы двух тыдняў вярхом на муле па горных карнізах і ваўмовах больш небяспечных, чымся першы раз, бо новая грамадзянская вайна, што ўспыхнула ў андыйскім штаце Каўка, ужо ахапіла й карыбскія правінцыі. Так што а восьмай увечары яе зноўку праводзіў да порта той самы картэж шумных сваякоў, які праліваў тыя ж развітальныя слёзы і ўручаў тыя ж пакункі з правізіяй на дарогу, якія не пралазілі праз дзверы каюты. У момант адплыцця мужчыны клану развіталіся са шхунай залпам з асабістае зброі, і Лярэнса Даса адказаў з борта пяццю рэвальвэрнымі стрэламі. Трывога Фэрміны Дасы хутка развеялася, бо ўначы яны плылі са спадарожным ветрам, і мора пахла кветкамі, так што яна выдатна заснула і спала без пасаў бяспекі. Ёй снілася, што яна зноўку бачыць Флярэнтына Арысу, і ён зняў з сябе твар, які насамрэч быў маскаю, але сапраўдны твар пад маскай быў такім самым. Яна прачнулася на золку, заінтрыгаваная таямніцай сну, і знайшла бацьку ў капітанскім бары — ён піў моцную горкую каву з брэндзі і трохі ўжо касавурыў вокам ад выпітага, а шхуна між тым упэўнена набліжалася да дому.

Яны ўваходзілі ў порт. Шхуна бясшумна ішла па лабірынце з ветразнікаў, што стаялі на якары каля пірса гарадскога рынку, чый смурод адчуваўся за некалькі міляў ад берага, і золак нібы набрыняў лёгкім мроівам дажджу, які неўзабаве перарос у навальніцу. Флярэнтына Арыса, які чакаў на балконе тэлеграфнай канторы, пазнаў шхуну, як толькі яна з намоклымі ветразямі перасекла бухту Прывідаў і кінула якар насупраць рыначнага пірса. Напярэдадні ён чакаў да адзінаццатай ранку, калі, дзякуючы выпадковай тэлеграме, дазнаўся пра затрымку шхуны праз сустрэчны вецер, і на наступны дзень чакаў ад чацвёртай раніцы. Ён чакаў, не адрываючы вачэй ад шлюпак, якімі везлі да берага рэдкіх пасажыраў, што наважыліся высадзіцца нягледзячы на навальніцу. Бальшыня з іх мусіла пакінуць шлюпку, што села на мель на паўшляху да пірса, і чэпаць па балоцістым дне ўзбярэжжа. А восьмай, пасля дарэмнага чакання, пакуль распагодзіцца, мурын-грузчык, стоячы па пояс у вадзе, зняў Фэрміну Дасу з борта шхуны і данёс яе на руках да самага берага, але яна так вымакла, што Флярэнтына Арыса не пазнаў яе.

Яна сама не ўсведамляла, як пасталела за час вандроўкі, пакуль не ўвайшла ў забыты дом і не занялася геройскай справай — вяртаннем дому да жыцця з дапамогай мурынкі Галы Плясыдыі, прыслужніцы, якая вярнулася з былога рабскага гета, дзе яна жыла, толькі пачуўшы навіну пра прыбыццё сям’і. Фэрміна Даса ўжо была не проста адзінай дачкою, якую бацька адначасна любіў і прыгнятаў, а паўнаўладнай гаспадыняй імперыі пылу і павуціння, якую можна было аднавіць толькі непераможнай сілай кахання. Яна не спужалася, яе натхняла сіла волі, здольная зрушыць горы і нават зямны шар, калі б спатрэбілася. Увечары пасля вяртання, калі яны пілі гарачы шакалад з сырным пірагом, бацька перадаў ёй усю паўнату ўлады ў доме, і зрабіў гэта з рытуальнай урачыстасцю.

— Я ўручаю табе ключы ад твайго жыцця, — сказаў ён.

Ёй ішоў васямнаццаты год, яна прыняла ўладу цвёрдай рукой, усведамляючы, што кожны крок набытай свабоды спрацуе на карысць кахання. Уначы ёй сніліся жахлівыя сны. Раніцой у яе было адчуванне, блізкае да адчаю, упершыню пасля вяртання дамоў, калі яна адчыніла балконнае акно і зноўку ўбачыла нудны тонкі дождж над скверыкам, статую нейкага героя без галавы, мармуровую лаўку, на якой звычайна Флярэнтына Арыса сядзеў з кніжкаю вершаў у руках. Яна ўжо не думала пра яго, як пра патаемнага нарачонага, а рыхтык як пра мужа. Яна адчувала цяжар змарнаванага часу, і ўцяміла, чаго вартае жыццё і якая энергія душы спатрэбіцца ёй, каб кахаць яго, згодна Божаму запавету. Яна здзівілася таму, што яго не было ў скверыку (бо ён ніколі не зважаў на дождж), што не атрымала ад яго ніякай весткі ні нават знаку на мове інтуіцыі, і раптам яе ўзрушыла дзікая думка пра тое, што ён памёр. Але яна тут жа адкінула гэтую думку, бо прыгадала: у жарсных тэлеграмах апошніх дзён перад вяртаннем яны забыліся вызначыць спосаб сувязі ў горадзе.

Тым часам Флярэнтына Арыса быў упэўнены, што яна не вярнулася, пакуль тэлеграфіст з Рыёачы не пацвердзіў: у пятніцу яна села на тую самую шхуну, што вярнулася напярэдадні з-за сустрэчнага ветру. Адным словам, напрыканцы тыдня ён палка лавіў прыкметы жыцця ў знаёмым доме і ў панядзелак увечары заўважыў праз акно трапяткое святло лямпы, якое згасла пасля дзявятай у спальні з балконам. Ён не спаў, ад жарсці мутнела ў галаве, як у першыя ночы ягонага кахання. Трансыта Арыса ўзнялася з пеўнямі, устрывожаная тым, што сын выйшаў на двор апоўначы ды не вярнуўся. У доме яго не было. Ён хадзіў па берагавых скалах, чытаў вершы пра каханне тварам да ветру, і плакаў ад шчасця, пакуль не надышоў золак. А восьмай раніцы ён ужо сядзеў пад аркаю прыходскай кавярні, прымроены бессанню, і рабіў спробы прыдумаць спосаб, як перадаць Фэрміне Дасе сваё ўзрушэнне ад ейнага вяртання. І раптам яго сэрца скаланула з неверагоднай моцай.

Гэта была яна. Яна перасякала Кафедральны пляц разам з Галай Плясыдыяй, якая несла кошыкі для пакупак, і ўпершыню ён бачыў яе не ў школьнай вопратцы. Яна сталася вышэйшая ростам, рысы твару набылі дакладнасць, а прыгажосць — ачышчэнне даросласцю. Яна зноў адгадавала касу, але несла яе не за спінай, а перакінула наперад цераз левае плячо, і гэтая простая перамена здымала з твару ўсялякую дзіцячасць. Флярэнтына Арыса стаяў, як слуп, пакуль дзяўчына пераходзіла пляц, гледзячы проста перад сабой. Але ж тая непераадольная сіла, што спаралізавала Флярэнтына Арысу, змусіла яго кінуцца ўслед, як толькі яна павярнула за сабор ды знікла ў шумным натоўпе гандлёвага лабірынта.

Упершыню ён бачыў яе ў звычайным паходзе па прадукты. Не паказваючы сябе, ён адкрываў невядомыя яму жэсты, выспелую грацыёзнасць, раннюю даросласць самай любай на свеце істоты. Яго здзіўляла лёгкасць, з якой яна ішла праз натоўп. Гала Плясыдыя натыкалася, чапляла кошыкамі мінакоў і мусіла ўвесь час бегчы, а Фэрміна Даса ішла сярод вулічнага натоўпу адасоблена і нібыта ў іншым часе, ні з кім не сутыкаючыся, як кажан уначы. Яна часам рабіла такія паходы з цёткай Эскалястыкай. Але тое заўсёды былі дробныя пакупкі, бо бацька асабіста забяспечваў дом не толькі рэчамі ды прадуктамі, але нават жаночай вопраткай. Так што першы самастойны выхад быў для яе дзівоснай прыгодай ейных дзіцячых мараў.

Яна не звяртала ўвагі ні на воклічы змеяловаў і траўнікаў, якія прапаноўвалі ёй эліксір вечнага кахання, ні на мольбы жабракоў, што на кожным кроку выстаўлялі свае пакрытыя сукровіцай язвы, ні на несапраўднага індзейца, які спрабаваў прадаць ёй прыручанага каймана. Яна ішла доўга без канкрэтнага кірунку, затрымваючыся, каб толькі без мітусні зведаць асалоду ад пранікнення ў сутнасць рэчаў. Яна падыхо­дзіла да кожнага месца, дзе штосьці прадавалі, і паўсюль што-кольвечы знаходзіла, і гэтыя знаходкі нібыта сілкавалі ейную прагу да жыцця. Яна радасна ўдыхала пах абівачнае тканіны, якую даставалі з вялізных куфраў, накідвала на плечы каляровы шоўк, смяялася, угледзеўшы сябе ў строі мадрыдскай дзяўчыны з грэбенем і распісаным веерам каля вялікага люстэрка гандлёвае галерэі «Залаты дроцік». Яна ўвайшла ў бакалейную краму, прыадчыніла бочку з марынаваным селядцом і ўзгадала паўночна-ўсходнія ночы далёкага маленства, у Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенага. Ёй далі пакаштаваць крывянку з Алікантэ са смакам лакрычніку, яна набыла яе для суботняга сняданку ды яшчэ траску і чвэртку настоеных на самагоне парэчак. У краме са спецыямі яна расцірала пальцамі лісце шалфею і маярану ды ўдыхала водар з відочнай асалодай, потым набыла жменьку гваздзікі, молатага анісу і яшчэ імбіру і ядлоўцу ды выйшла на вуліцу, чхаючы ад каенскага перцу. У французскай аптэцы, пакуль яна набывала рэйтэрскае мыла і росны ладан, яе надушылі за вушкам моднай у Парыжы парфумай і падаравалі пілюлю, якою карысталіся пасля палення, каб пазбавіцца непрыемнага паху.

Што праўда, яна грала ў паход за пакупкамі, але патрэбнае набывала без сумневу, з уладнасцю, якая не дапускала думкі пра тое, што гэта ўпершыню, і яна ўсвядоміла, што бярэ што-небудзь не толькі сабе, а і яму: дванаццаць ярдаў ільнянога палатна на сямейныя абрусы, тонкі паркаль на прасціны, якія прымуць іхную цеплыню штоноч, найлепшыя, чароўныя рэчы, каб раздзяліць з ім асалоду ў доме іхнага кахання. Яна ўмела патрабавала зніжкі, збіваючы кошт грацыёзна і годна, пакуль не дамагалася свайго, і плаціла залатымі: крамнікі правяралі іх на гук толькі дзеля таго, каб адчуць асалоду ад звону на мармуровых прылаўках.

Флярэнтына Арыса зачаравана сачыў за ёю, пераследаваў яе, стаіўшы дыханне, некалькі разоў натыкнуўся на кошыкі прыслужніцы, якая адказвала на ягонае перапрашэнне ўсмешкай, і аднойчы Фэрміна Даса прайшла так блізка, што ён паспеў адчуць павевы ейнага водару, і калі яна не пабачыла яго, дык толькі праз ганарлівую хаду. Яна здавалася яму такой прыгожай, такой спакуслівай, не падобнай да простых лю­дзей, што ён не мог уцяміць, чаму гэта ніхто з глузду не з’ехаў, як ён, ад перастуку ейных абцасікаў-кастаньетаў па брукаванцы, ні ў кога не спынілася сэрца ад уздыхаў-шаргацення спадніцы з фальбонкамі, чаму не ашалеў ад кахання ўвесь свет, чуючы шэпт ейнай касы, бачачы ўзлёт рукі, прымаючы залаты звон ейнага смеху. Ён не ўпусціў ніводнага жэсту, ані самай дробнай праявы характару, але не адважваўся падысці, каб не парушыць зачаравання. Аднак, калі яна нырнула ў мітусню Натарыяльнае брамы, ён зразумеў, што рызыка ўзрас­ла, — ён мог згубіць мажлівасць, якую столькі гадоў чакаў.

Фэрміна Даса падзяляла са школьнымі сяброўкамі вядомую думку пра тое, што Натарыяльная брама была месцам для згубленых людзей, безумоўна, забароненым для прыстой­ных дзяўчатак. Гэта была галерэя з аркамі перад невялікім пляцам, дзе знаходзіўся прыпынак вознікаў і гужавых калёсаў і дзе таксама густа ды шумна ішоў дробны гандаль. Назву брама атрымала за часоў калоніі, тамака яшчэ тады ся­дзелі маўклівыя пісары ў камізэльках і нарукаўніках, якія пісалі на замову ўсялякія дакументы па цэнах, прымальных для беднага люду: скаргі й прашэнні, пазоўныя лісты, віншавальныя паштоўкі і спачуванні, любоўныя лісты для любога веку. І не ад іх, зразумела, ішла дурная слава бойкага кірмашу, але ад сучасных гандляроў, якія прапаноўвалі з-пад прылаўка ўсялякія рэчы цёмнага паходжання, прывезеныя на караблях кантрабандай з Еўропы, — ад юрлівых паштовак і ўзбуджальных мазяў да слынных каталонскіх кандомаў з плаўніком ігуаны, які варушыўся ў патрэбны момант, альбо з пупышкай, чые пялёсткі раскрываліся, калі жадаў карыстальнік. Фэрміна Даса не ведала вуліцы і праскочыла праз браму, не здагадваючыся, дзе знаходзіцца, з адным жаданнем — трапіць на ценевы бок вуліцы, схавацца ад сонца, якое, як звычайна, шалела аб адзінаццатай ранку.

Яна трапіла ў спякотны вір, слухаючы воклічы чысцільшчыкаў абутку, гандляроў птушкамі і старымі кнігамі, чараўнікоў і жанчын, якія рэкламавалі свае ласункі гучней за ўсіх, прапаноўваючы пакаштаваць ананасавыя цукеркі, якіх свет не бачыў, а вось какосавая пасціла, якой нідзе няма, а гэтыя прысмакі паела б нават сама Мікаэла. Але Фэрміна Даса ішла, абыякавая да кірмашовага гармідару, раптоўна зачараваная прапановамі гандляра канцылярскімі вырабамі, які паказваў чарадзейнае чарніла, чырвонае і цёплае, як кроў, сумных адценняў для хаўтурных паведамленняў, люмінісцэнтнае для чытання ў цемры, нябачнае, якое праяўляецца над агнём. Яна хацела была набыць усе гатункі, каб пагуляць з Флярэнтына Арысам, здзівіць яго мудрагелістай прыдумкай, але пасля пары спробаў усё ж набыла толькі флакончык залатога чарніла. Затым яна падышла да жанчын, якія сядзелі за вялікімі шклянымі колбамі, і набыла па паўтузіна прысмакаў кожнага гатунку, паказваючы на іх пальцам, бо ў пошуме ніхто не чуў яе: шэсць з гарбузовым сіропам, шэсць — малочнае пасцілы, шэсць — кунжутных, шэсць мядовых пернікаў з юкай, шэсць шакаладных батончыкаў у пакунку, шэсць рулецікаў з бялковым крэмам, шэсць каралеўскіх, шэсць такіх і гэтакіх, па шэсць усіх, і яна клала іх у кошык з чароўнай грацыёзнасцю, зусім абыякавая да чорнай хмары мух, што кружлялі над сіропам, абыякавая да валтузні натоўпу, да пахаў горкага поту, што праціналі смяротна спякотнае паветра. Парушыла ідылію шчаслівая мурынка з пярэстай хусцінай на галаве, круглявая і гожая, якая прапанавала ёй трохкутнічак ананасу, насаджаны на вялізны нож. Яна ўзяла кавалачак, цалкам уклала яго ў рот і смакавала, смакавала сакавіты ласунак, пакуль аглядала натоўп. І раптам ад узрушэння замерла на месцы. За яе спінай раздаўся голас, і так блізка ад яе, што толькі яго яна й пачула ў гуле натоўпу:

— Гэта не найлепшае месца для каранаванай багіні.

Яна павярнулася на голас і за дзве пядзі ад сябе ўбачыла яго халодныя вочы, бледны твар, скамянелыя ад жаху вусны, як калісьці ў натоўпе падчас начное імшы, ён быў блізка ад яе, але з той розніцай, што гэтым разам яна адчула не шаленства ад кахання, а бездань расчаравання. На імгненне перад ёй паўстала ўся веліч самападману, яна спытала сябе ў жаху, як магла мілаваць у сэрцы столькі часу ды з такой упартасцю гэткую хімеру. Яна ледзь паспела падумаць: «Божа мой, гаротны чалавеча!» Флярэнтына Арыса ўсміхнуўся, паспрабаваў штосьці сказаць, пайсці за ёю, але яна выкрасліла яго са свайго жыцця адным узмахам рукі.

— Прашу вас, не трэба, — сказала яна, — забудзьцеся.

Удзень, пакуль бацька спаў падчас сіесты, яна накіравала яму ліст з двух радкоў праз Галу Плясыдыю: «Сёння, убачыўшы вас, я зразумела, што нашая сувязь — толькі ілюзія». Прыслужніца таксама аднесла яму тэлеграмы, вершы, засушаныя камеліі і папрасіла вярнуць лісты і падарункі, атрыманыя ад яе: малітоўнік цёткі Эскалястыкі, лісточкі з пухкімі атожылкамі з яе гербарыя, квадратны сантыметр сутаны святога Пэдра Клявэра, медальёны са святымі, касу, адрэзаную ў пятнаццаць гадоў, з шаўковым бантам ад школьнае формы. У наступныя дні, знаходзячыся на мяжы шаленства, ён напісаў ёй мноства адчайных лістоў і даймаў прыслужніцу, каб яна перадала іх, але яна выканала суворы загад гаспадыні: не прымаць нічога, акрамя вернутых падарункаў. І яна была гэтак настойлівай, што Флярэнтына Арыса вярнуў ёй усё, акрамя касы, якую вяртаць адмовіўся, калі Фэрміна Даса не сустрэнецца з ім асабіста хоць на хвілю, каб выслухаць яго. Але марна. Баючыся фатальнага памкненне сына, Трансыта Арыса здушыла свой гонар і папрасіла Фэрміну Дасу літасціва прыняць яе на пяць хвілін, і Фэрміна Даса выйшла да яе ў калідор свайго дома ненадоўга, не запрасіла яе ані сесці, ані ўвайсці, не выказала ані дробкі сумневу ў сваіх паводзінах. Праз два дні, пасля спрэчкі з маці, Флярэнтына Арыса зняў са сцяны сваёй спальні пыльны шкляны футарал, у якім, бы святая рэліквія, была выстаўленая каса, і Трансыта Арыса сама вярнула яе ў аксамітнай, расшытай залатымі ніткамі шкатулцы. Флярэнтына Арыса больш ніколі не меў мажлівасці пабыць, паразмаўляць сам-насам з Фэрмінай Дасай падчас імгненных сустрэч за іх доўгія гады жыцця — яны засталіся сам-насам толькі праз пяцьдзясят адзін год, дзевяць месяцаў і чатыры дні, калі ён зноў пакляўся ёй у вечнай вернасці і каханні ў яе першую ўдовіну ноч.

У свае дваццаць восем гадоў Хувэналь Урбіна ўважаўся за самага віднага халасцяка. Ён вярнуўся дамоў пасля доўгага перабывання ў Парыжы, дзе атрымаў вышэйшую медыцынскую, у тым ліку й хірургічную адукацыю, і, ледзь ступіўшы на родную зямлю, выдатна даказаў, што не страціў у Еўропе ніводнае хвілі часу. Ён вярнуўся беззаганна адукаваным, з вялікім самавалоданнем і годнасцю, і ні адзін аднагодак не быў такім скрупулёзным і дыхтоўным у навуцы, як ён, але таксама ніхто не ўмеў танчыць модныя танцы альбо імправізаваць за раялем лепш за яго. Зачараваныя яго асобай, а таксама ўсведамляючы яго сямейную заможнасць, дзяўчаты ягонага кола патаемна разыгрывалі права сустракацца з ім; і ён таксама гуляў з агнём, калі ішоў на такія сустрэчы, здолеўшы, аднак, захаваць незалежнасць вольнага, спакуслівага халасцяка, пакуль без якога-кольвечы супраціву не скарыўся перад плебейскімі чарамі Фэрміны Дасы.

Яму падабалася паўтараць, што гэтае каханне было вынікам клінічнай памылкі. Ён сам не мог паверыць у тое, што здарылася, тым болей у той час, калі ўсе эмацыйныя рэзервы былі падначаленыя толькі справе ўратавання горада, пра які ён размаўляў, мажліва, занадта часта, але толькі таму, што не сумняваўся: падобнага горада няма ва ўсім свеце. У Парыжы, калі ён позняй восенню шпацыраваў пад руку з чарговаю спадарожніцай, яму здавалася, што не было большага шчасця, чым гэтыя залатыя вечары з рэзкім водарам смажаных на вуліцы каштанаў, з млявымі гукамі акардэонаў, з ненажэрнымі парамі каханкаў, якія паўсюдна цалаваліся на адкрытых тэрасах, і ўсё-ткі, паклаўшы руку на сэрца, ён сказаў сабе, што ні за што не прамяняў бы адно-адзінае імгненне карыбскага красавіка на ўсе гэныя парыжскія радасці. Ён быў яшчэ надта малады, каб ведаць, што памяць сэрца вынішчае кепскія ўспаміны і высоўвае на першы план прыемныя, дзякуючы чаму нам лягчэй даць рады мінуламу. Але калі з палубы карабля ён зноў убачыў белы прыгорак каланіяльнага квартала, нерухомых аўраў на дахах, бялізну бедных, якая сушыцца на балконах, тады толькі зразумеў, што стаўся лёгкай ахвярай міласэрнага самападману, імя якому — настальгія.

Карабель пракладаў сабе шлях у бухце праз суцэльнае покрыва з тушак патанулых жывёлінаў, і ад смуроду амаль усе пасажыры збеглі ў свае каюты да прыбыцця ў порт. Малады лекар Хувэналь Урбіна спусціўся па сходнях карабля ў бездакорным альпакавым строі з камізэлькай і ў плашчы, з бародкаю, як у маладога Пастэра, і прычоскай на просты прабор, якая адкрывала бледную і дакладную лінію раздзелу валасоў. Вытрымка ледзь дазваляла яму прыхаваць узрушанне не так ад суму, як ад жаху. На амаль бязлюдным прычале, які вартавалі босыя ўзброеныя салдаты без формы, чакалі ягоныя сёстры з маці і блізкія сябры. Яны падаліся яму бляклымі ад яўнай адсутнасці перспектывы на будучыню, нягледзячы на свецкі выгляд, і размаўлялі пра крызіс і грамадзянскую вайну, як пра штосьці далёкае і чужое, але ўсё ж не маглі схаваць дрыжыкаў у голасе і разгубленасці ў вачах, якія супярэчылі словам. Больш за ўсіх збянтэжыла маці, яшчэ не старая жанчына, якая дасягнула шмат чаго ў жыцці прыроднай элегантнасцю і мэтанакіраванасцю, а цяперака звядала на марудным агні старасці ў камфарным водары крэпавай удовінай вопраткі. Яна, верагодна, зразумела трывогу сына, бо паспяшалася абараніцца пытаннем, чаму ён бледны, як воск.

— Жыццё такое, маці, — адказаў ён. — У Парыжы ўсе зелянеюць.

Трохі пазней, задыхаючыся ад спякоты ў закрытым экіпажы каля маці, ён ужо не мог трываць сутыкнення з бязлітаснай рэчаіснасцю, якую бачыў праз акенца і якая захлынала яго. Мора выглядала так, нібыта было пасыпанае попелам. Старажытныя палацы маркізаў ледзь трывалі, аблепленыя жабракамі, і праз смяротны смурод адкрытых сцёкаў немагчыма было адчуць цёплага духу язміну. Усё здавалася драбнейшым, чым да ад’езду, бяднейшым і змрачнейшым, і па гразкіх вуліцах бегала столькі галодных пацукоў, што пужаліся коні. За доўгі шлях ад порта да роднага дома ў самым сэрцы квартала Віцэ-каралёў ён не знайшоў нічога, што б перагукалася з ягонай настальгіяй. Узрушаны, ён адвярнуўся, каб маці не заўважыла, і бязгучна заплакаў.

Старажытны палац маркіза Касальдуэры, гістарычнае гняз­до сямейства Урбіна дэ ля Калье, не быў узорам найвы­шэйшага дастатку ў асяродку агульнай спустошанасці. Доктар Хувэналь Урбіна адкрыў гэта, і сэрца разрывалася, калі ён увайшоў у змрочны калідор, а пасля ва ўнутраным дворыку ўгледзеў запылены фантан ды здзічэлыя, густыя зарасці без кветак, сярод якіх поўзалі ігуаны, ён заўважыў адсут­насць шмат якіх мармуровых плітаў, шчыліны ў прыступках шырокай мармуровай лесвіцы з меднымі парэнчамі, якая вяла ў галоўныя пакоі дома. Бацька, лекар, хутчэй, самаахвярны, чым слынны, памёр падчас эпідэміі халеры, якая навалілася на горад шэсць гадоў таму, а з ім знік і дух гэтага дома. Донна Блянка, ягоная жонка, пагружаная ў жалобу на ўсё астатняе жыццё, замяніла вечаровымі малітвамі знакамітыя лірычныя вечарыны і камерныя канцэрты, ладжаныя пры жыцці мужа. Абедзве сястры Хувэналя Урбіна, нягледзячы на свае выдатныя знешнія дадзеныя і пакліканне да зямных радасцяў, былі асуджаныя на манаскае існаванне.

Той ноччу доктар Хувэналь Урбіна не спаў ні хвіліны ад страшэннае непрагляднае цемры і мёртвае цішы, ён адчытаў тры ружанцы Святому Духу, а затым паўтарыў вядомыя яму малітвы для прадухілення бедаў, крушэнняў і розных начных няшчасцяў. Тым часам праз дрэнна зачыненыя дзверы ў спальню пралезла аўдотка і пачала спевам дакладна адзначаць надыход кожнай новай гадзіны. Ён пакутаваў ад жахлівых енкаў жанчын з недалёкай псіхіятрычнай клінікі «Боская пастырка», ад бязлітасных кропляў, што падалі са зба­на ў таз і напаўнялі гулам увесь дом, ад кульгавае хады аўдоткі, ад прыроджанай боязі цемры, ад нябачнай прысутнасці нябожчыка бацькі ў вялізным сонным доме. Калі аўдотка заспявала а пятай ва ўнісон з суседскімі пеўнямі, доктар Хувэналь Урбіна душой і целам аддаўся на волю Бога, бо яго пакінулі сілы, і ён не ведаў, як пражыць хоць бы дзень на зруйнаванай радзіме. Аднак ласка родных, нядзельныя паездкі ў вёску, ліслівыя дзяўчаты ягонага асяродку ўсё-ткі падсала­дзілі горыч першага ўражання. Паступова ён зноў прызвычайваўся да кастрычніцкай спякоты, да рэзкіх пахаў, да няўзважаных высноў сяброў, да «заўтра будзе відаць, доктар, не хвалюйцеся!», пакуль не здаўся канчаткова перад чароўнай сілай звычак. Неўзабаве ён прыдумаў апраўданне сваёй пазіцыі. Гэта быў ягоны свет, сказаў ён сабе, сумны і цяжкі, але такі ён створаны Богам, і ён, Хувэналь Урбіна, мусіць служыць яму.

Перадусім, ён авалодаў бацькавым кабінетам і лекарскай практыкай. Ён пакінуў на месцы грунтоўную ды паважную ангельскую мэблю, якая дыхала золкавай прахалодай, але занёс на гарышча трактаты часоў віцэ-каралеўства і рамантычнае медыцыны ды запоўніў зашклёныя паліцы творамі новай французскай школы. Ён зняў са сцяны клятву Гіпакрата ўрачыстай готыкай і бляклыя хромалітаграфіі, за выключэннем адной, дзе лекар змагаецца са смерцю за жыццё аголенай хворай, а замест іх, каля адзінага бацькоўскага дыплома, павесіў разнастайныя дыпломы з найвышэйшымі адзнакамі, атрыманыя ім у розных еўрапейскіх школах.

Ён спрабаваў увесці шпіталь Міласэрнасці ў адпаведнасць з наватарскімі крытэрыямі, але зрабіць гэта было не так лёгка, як яму, маладому энтузіясту, здавалася. Эскулапы старога дома здароўя ўпарта трымаліся сваіх атавістычных поглядаў, там па-ранейшаму ставілі ножкі шпітальных ложкаў у посуд з вадою, каб перашкодзіць хваробам падлезці да хворага, і патрабавалі, каб хірургі ўваходзілі ў аперацыйную адпаведна салоннаму этыкету, у касцюме і ў замшавых пальчатках, бо былі ўпэўненыя: элегантнасць — істотная ўмова асептыкі. Яны не маглі выносіць, як малады лекар, што толькі прыехаў, каштаваў мачу хворага, вызначаючы наяўнасць цукру, як ён цытаваў Шарко і Трусо, нібыта яны былі ягоныя суседзі па пакоі, як ён на лекцыях сувора папярэджваў слухачоў пра смяротную небяспеку прышчэпак, і выказваў падазроную веру ў найноўшае вынаходніцтва — медыцынскія свечкі. Сутычкі здараліся на кожным кроку: уласцівы яму дух абнаўлення, ма­ніякальнае пачуццё грамадзянскай адказнасці, замару­дж­а­нае пачуццё гумару ў краіне бессмяротных смехуноў, — усе яго на­самрэч найлепшыя якасці выклікалі падазронасць з боку ста­рэйшых калег і крывадушныя кпіны з боку маладых.

Ім авалодаў клопат пра небяспечнае санітарнае станові­шча ў горадзе. Ён звярнуўся ў найвышэйшыя інстанцыі з пра­па­новаю зліквідаваць адкрытую каналізацыю, пабудаваную яшчэ іспанцамі, якая нагадвала віварыум для пацукоў, і патрабаваў замяніць яе падземнай сістэмай, сцёк якой не выходзіў бы да рынкавай бухты, як дасюль, а быў бы далёка за горадам. Добра ўладкаваныя каланіяльныя дамы мелі септычныя яміны пад прыбіральняй, але дзве траціны люду жылі ў бараках каля самых балотаў, спраўляючы патрэбы пад адкрытым небам. Фекаліі высыхалі пад сонцам, ператвараліся ў пыл, і люд радасна дыхаў імі, калі на Каляды дзьмуў свежы і шчаслівы снежаньскі брыз. Доктар Хувэналь Урбіна паспрабаваў арганізаваць праз мясцовыя ўлады абавязковы курс для бедных, каб навучыць іх будаваць сабе прыбіральні. Ён змагаўся за тое, каб не выкідвалі смецце ў дзікія мангровыя зарасці, якія за стагоддзе ператварыліся ў смярдзючую дрыгву, каб не менш за два разы на тыдзень вывозілі смецце і палілі ў бязлюдных месцах. Але ўсё дарэмна.

Ён усведамляў смяротную небяспеку пітной вады. Нават думка пра будаўніцтва водазабору здавалася фантастычнай, бо тыя, ад каго залежала рэалізацыя падобнае думкі, мелі ўласныя падземныя рэзервуары, дзе пад густою зялёнаю цвіллю гадамі назапашвалася дажджавая вада. Сярод найкаштоўнейшых рэчаў тае эпохі быў выдатны драўляны посуд разбярскай работы з каменным фільтрам, — цераз гэтыя фільтры ўдзень і ўначы капала вада ў збан. Каб ніхто не піў з алюмініевага вядзерца, з дапамогаю якога даставалі ваду з вадаёма, яно мела зубчасты край, рыхтык як карона жартаўлівага караля. Вада ў цемры глінянага збана была празрыстая і свежая і аддавала лесам. Аднак доктар Хувэналь Урбіна не давяраў такому спосабу ачысткі, ён ведаў, што насуперак перасцярогам дно збана было прытулкам для розных казюрак. Малым ён гадзі­намі глядзеў на іх з ледзь не містычным здзіў­леннем, упэўнены, як людзі таго часу, што істоты — гэта звышнатуральныя прывіды, яны заляцаюцца да дзяўчатак адтуль, са дна збана, і здольныя на жорсткую помсту з-за кахання. У маленстве ён бачыў, як пацярпеў дом Лясары Кондэ, школьнай настаўніцы, якая адважылася ўгнявіць іх, ён бачыў бітыя шыбы на вуліцы і купу камянёў, якія ёй кідалі ў вокны тры дні і тры ночы запар. Мінула шмат часу, пакуль ён зразумеў, што мае справу з лічынкамі даўганогіх маскітаў, і, зразумеўшы, назаўжды засвоіў, што не толькі гэтыя, але і іншыя хваробатворныя істоты здольныя лёгка прасачыцца праз недасканалыя каменныя фільтры.

Доўгі час уважалася, што вада з рэзервуараў была чынні­кам машонкавай кілы, ад якой мужчыны цярпелі — чаго ж саромецца! — нават з пэўнай патрыятычнай фанабэрлівасцю. Калі Хувэналь Урбіна хадзіў у пачатковую школу, ён са страхам глядзеў на мужчынаў, якія спякотнымі днямі сядзелі ля сваіх дамоў і абмахвалі веерам вялізную кілу, як якое немаўля, што заснула паміж ног. Казалі, што кіла перад начной навальніцай свісціць, нібыта змрочная птушка, і даводзіць да нясцерпнага болю, калі побач спальвалі пяро аўры, але ніхто не скардзіўся, бо найбольшая і з годнасцю выпакутаваная кіла ўважалася перадусім за адзнаку мужнасці. Калі доктар Хувэналь Урбіна вярнуўся з Еўропы, ён ужо добра ведаў пра навуковую неабгрунтаванасць мясцовага забабону, аднак ён быў так распаўсюджаны, што бальшыня адмаўлялася ад мінеральнага ўзбагачэння пітной вады, бо людзі бая­ліся, што яна страціць чарадзейную ўласцівасць уплываць на ўтварэнне рэспектабельнае кілы.

Доктара Хувэналя Урбіна непакоілі забруджванне пітное вады і антысанітарны стан гарадскога рынку, які займаў вялізную плошчу на адкрытым месцы каля самай бухты Прывідаў, дзе кідалі якар антыльскія ветразнікі. Знакаміты вандроўнік таго часу пісаў, што гэта адзін з самых багатых рынкаў свету. Ён і насамрэч быў заможным, вялікім ды шумным, таму, верагодна, і непакоіў больш за іншых. Рынак стаяў на звалцы адкідаў, якія назбіраліся за доўгія гады, і залежалі ад нораву марскога прыліву, менавіта там адрыжка бухты вяртала на зямлю мярзоцце гарадской каналізацыі. Туды ж траплялі і адкіды старой мясабойні: адсечаныя галовы, гнілыя вантробы, лайно жывёлы, — і ўсё гэта плыло пад сонцам у крывавым месіве. Аўры бясконца біліся за іх з пацукамі і сабакамі сярод свежае аляніны і выдатнага на смак мяса бычкоў з Сатавэнты, якія віселі пад паветкай крам, дзе гандлявалі вясновай гароднінай з Архоны, вываленай на цыноўках пад нагамі пакупнікоў. Доктар Хувэналь Урбіна хацеў ажыццявіць санацыю мясцовасці, перавесці мясабойню ў іншае месца, збудаваць крыты рынак з вітражным купалам — падобнае ён бачыў у старой частцы Барселоны, дзе прадукты былі настолькі свежыя і чыстыя, што шкада было іх есці. Але нават самыя зычлівыя і блізкія сябры шкадавалі доктара, бо ягоная цяга да санітарыі здавалася ім ілюзорнай. Такімі яны былі: усё жыццё нагадвалі пра высакароднасць свайго паходжання, гістарычныя вартасці горада, каштоўнасць ягоных рэліквій, гераізм і прыгажосць, заплюшчваючы, аднак, вочы на бязлітаснасць часу. Доктар Хувэналь Урбіна, наадварот, надта любіў горад і не мог глядзець на яго, крывячы душой.

— Якім высакародным мусіць быць гэты горад, — сказаў ён, — калі ўжо чатырыста гадоў запар мы спрабуем яго даканаць, але марна. Горад быў на мяжы катастрофы. Эпідэмія халеры, чые першыя ахвяры зваліліся, нібы збітыя бліскавіцай, проста ў лужыны рынку, за адзінаццаць дзён забрала столькі людскіх жыццяў, як ніколі ў гісторыі горада. Да пачатку навалы слынных нябожчыкаў хавалі пад плітамі касцёлаў, побач з суворымі арцыбіскупамі і чальцамі капітула, а меней заможных — на падворках кляштараў. Галота трапляла на ка­ланіяльныя могілкі — гэта быў прыгорак на сямі вятрах, аддзелены ад горада каналам з мёртвай вадою, цераз які перакінулі патынкаваны мост з шыльдай, на якой, на загад нейкага алькальда, быў выбіты прарочы надпіс: «Lasciate ogni speranza, voi ch’entrate»[13]. За першыя два тыдні халеры могілкі былі перапоўненыя, не засталося ніводнага вольнага месца і ў касцёлах, хоць рэшткі шмат якіх невядомых герояў перавялі на агульнаграмадзянскае пахаванне. У кафедральным саборы не было чым дыхаць з-за выпарэнняў ад кепска запячатаных склепаў, і дзверы адчыніліся для вернікаў толькі праз тры гады, пад той час, калі Фэрміна Даса ўпершыню ўбачыла Флярэнтына Арысу пасля каляднай імшы. Падворак кляштара Святой Клары быў таксама перапоўнены магіламі ажно да таполевае алеі, і праз тры тыдні эпідэміі пад могілкі давялося выкарыстаць гарод, што быў удвая большы. Там выкапалі глыбокія яміны, каб хаваць на трох узроўнях, наспех ды без трунаў, але ўрэшце адмовіліся ад гэтага, бо зямля сталася, як губка, — варта было зрабіць па ёй хоць крок, як з зямлі плюхала страшэнна смуродная крываўка. Тады вырашылі працягваць пахаванні ў Ля-Мана-дэ-Д’ёс — маёнтку для адкорму быдла за адну лігу[14] ад горада, які пазней асвяцілі як гарадскія могілкі.

Як толькі абвясцілі пра эпідэмію халеры і выдалі адпаведны ўказ, гармата ў замку пачала страляць кожныя пятнаццаць хвілін удзень і ўначы, дзеля народнае веры ў тое, што порах ачышчае паветра. Халера была больш жорсткай да мурынскага насельніцтва, шматлікага і найбяднейшага, але, наагул, не вызначала ахвяры ні паводле колеру скуры, ні паводле грамадскага становішча. Яна знікла раптоўна, як і з’явілася, і людзі ніколі не дазналіся пра колькасць ахвяраў, не таму, што нельга было падлічыць, рэч у іншым: адна з самых распаўсюджаных рысаў нашага характару палягае ў тым, каб саромецца ўласнай бяды.

Доктар Марка Аўрэліё Урбіна, Хувэналеў бацька, стаўся народным героем тых трагічных дзён, а таксама іх самай значнай ахвярай. Афіцыйным распараджэннем яму даручылі прадумаць санітарную стратэгію і кіраваць яе ажыццяўленнем, але з уласнай ініцыятывы ён пачаў умешвацца ва ўсе справы сацыяльнага характару, і ў найкрытычнейшыя моманты эпідэміі халеры нібыта не было аніякай улады, апрача ягонай. Шмат гадоў пазней, праглядаючы хроніку тых дзён, доктар Хувэналь Урбіна зразумеў, што бацькавыя метады былі, хутчэй, міласэрнымі, чым навуковымі, і шмат у чым супярэчылі логіцы, так што ў вялікай ступені спрыялі ненажэрнай халеры. Ён адчуў спагаду, уласцівую дзецям, паступова ператвораным самім жыццём у бацькоў сваіх бацькоў, і ўпершыню пашкадаваў, што не раздзяліў з бацькам самоту ягоных памылак. Аднак ён прызнаў яго заслугі: стараннасць, самаахвяр­насць і, перадусім, асабістую мужнасць, за якія яго ганаравалі як след, калі ад горада адышла навала, — бо шанавалі яго імя, і яно справядліва стала побач з імёнамі герояў іншых, менш шляхетных войнаў.

Ён не дажыў да дня славы. Знайшоўшы ў сябе незваротныя адзнакі, сумна вядомыя па іншых хворых, ён не прыняў бессэнсоўнага бою, а зачыніўся ад свету, каб нікога не заразіць, у службовым пакоі шпіталя Міласэрнасці, глухі да галасоў сваіх калег і да маленняў сваякоў, чужы да жаху іншых хворых, што паміралі ў маруднай агоніі на падлозе перапоўненага калідора; ён напісаў жонцы і дзецям ліст, поўны любові і ўдзячнасці за існаванне, і ліст паказаў, як апантана ён любіў жыццё. Гэта было развітанне на дваццаці вырваных аднекуль старонках, дзе змены почырку давалі мажлівасць меркаваць, як прагрэсавала хвароба; не трэба было ведаць яго, каб здагадацца: ён ставіў свой подпіс на апошнім уздыху. Згодна з ягоным тастаментам, яго попельнага колеру цела пахавалі ў агульнай магіле, і ніхто з тых, хто любіў доктара, не пабачыў яго.

Доктар Хувэналь Урбіна атрымаў тэлеграму праз тры дні ў Парыжы, падчас сяброўскай вячэры, і ўзняў шампанскае за бацьку: «Гэта быў добры чалавек». Пазней ён вінаваціў сябе за тое, што стрымліваў сябе, каб не заплакаць. Праз тры тыдні Хувэналь Урбіна атрымаў копію перадсмяротнага ліста і нарэшце цалкам усвядоміў, што бацькі няма. Раптоўна перад ім паўстаў глыбінны вобраз чалавека, якога ён спазнаў раней за ўсіх. Ён выхаваў яго і даў яму адукацыю, жыў і любіўся з ягонай маці трыццаць два гады, але ніколі да гэтага ліста не адкрыў, кім быў насамрэч. І толькі таму, што яму замінала чыстая і незвычайная сарамлівасць. Датуль Хувэналь Урбіна і ягоная сям’я ўспрымалі смерць як няшчасце, якое здаралася з іншымі, з бацькамі іншых, з братамі і мужамі чужых людзей, але не сваімі. Гэта былі людзі, чыё жыццё працякала павольна, ніхто не бачыў іх старымі, хворымі альбо ўжо нябожчыкамі, яны неяк знікалі паступова, кожны ў свой тэрмін, ставаліся ўспамінамі, падобнымі на туман іншай эпохі, пакуль іх не праглынала забыццё. Бацькаў перадсмяротны ліст куды болей, чым тэлеграма з сумнаю навіной, надаў яму ўпэўненасці ў смяротнасці чалавека. Аднак вельмі стары ўспамін, калі яму было, напэўна, гадоў дзевяць альбо найбольш адзі­наццаць, быў, у пэўным сэнсе, першай весткай пра смерць і быў звязаны з бацькам. Яны ўдвох сядзелі ў хатнім кабінеце дажджлівым днём, сын маляваў каляровымі крэйдамі на плітах падлогі жаўрукоў і сланечнікі, а бацька чытаў каля акна ў расшпіленай камізэльцы, з гумкамі, што перапярэзвалі рукавы ягонай кашулі. Раптам ён перапыніў чытанне, каб пачасаць сабе спіну доўгім скрабком са срэбнай ручкай. Але, не дастаўшы, ён папрасіў сына пачасаць яго, што той і зрабіў, са здзіўленнем усвядоміўшы, што хаця ягоная рука чэша, ягонае цела нічога не адчувае. Бацька зірнуў на сына цераз плячо з сумнай усмешкай на вуснах.

— Калі я зараз памру, — сказаў ён, — ты наўрад ці прыгадаеш мяне, як дажывеш да маіх гадоў.

Ён сказаў гэта без дай прычыны, і анёл смерці раптам праплыў, перасёк халодны паўзмрок кабінета і вылецеў праз акно, пакінуўшы пасля сябе пер’е, але хлапчук яго не ўбачыў. Прайшло больш за дваццаць гадоў з тае пары, і вельмі хутка Хувэналю Урбіна будзе столькі гадоў, колькі было бацьку тым дажджлівым днём. Ён ведаў, што з твару падобны да яго, і да таго ж цяперака дадалося ўсхваляванае разуменне таго, што і ён смяротны. Халера сталася ягонай маніяй. Ён ведаў не нашмат больш за тое, што вывучыў на звычайным факультатыўным курсе, і яму здавалася неверагодным, што толькі трыццаць гадоў таму ў Францыі, у самым Парыжы халера забрала сто сорак тысяч жыццяў, калі не болей. Але пасля бацькавай смерці ён вывучыў усё, што можна было, пра розныя формы халеры, і гэта сталася для яго ледзь не пакаяннем, учынкам дзеля памяці бацькі. Больш за тое, ён стаўся вучнем слыннага эпідэміёлага і вынаходцы санітарных кардонаў прафесара Адрыяна Пруста, бацькі вялікага раманіста. I, вяртаючыся на радзіму, яшчэ на караблі ён адчуў смурод рынку, потым угледзеў, як пацукі сноўдаюць у адкрытых каналізацыйных канавах, а голыя дзеці валяюцца на вуліцы ў лужынах, і не толькі зразумеў чыннікі ранейшай бяды, але ўпэўніўся ў тым, што яна здольная паўтарыцца ў любы момант.

Доўга чакаць не давялося. Менш за год. Ягоныя студэнты са шпіталя Міласэрнасці папрасілі агледзець хворага, які паступіў з жахлівай сінюшнасцю па ўсім целе. Доктару Хувэналю Урбіна варта было толькі зірнуць з парога, каб пазнаць ворага. Усё ж шанцавала: хворы прыбыў тры дні таму на шхуне з Курасао і сам прыйшоў па кансультацыю, так што здавалася малаверагодным, каб ён каго-небудзь заразіў. На ўсялякі выпадак доктар Хувэналь Урбіна папярэдзіў сваіх калег. Ён дамовіўся, каб улады паднялі трывогу ў суседніх партах і даў дакладную інструкцыю: знайсці небяспечную шхуну і ўсталяваць каранцін. Да таго ж, яму давялося супакоіць ачольніка вайсковага гарнізона, які ўжо хацеў выдаваць загад аб асадным становішчы і адразу ўжыць тэрапію гарматных стрэлаў кожную чвэрць гадзіны.

— Ашчаджайце порах да наступу лібералаў, — параіў доктар. — Сярэднявечча ўжо мінула.

Хворы памёр праз чатыры дні, задушаны белымі зярністымі ванітамі, але за наступныя тыдні не выявілі ніводнага выпадку, хоць назіранне не перапынялася. Трохі пазней «Камерцыйная газета» надрукавала навіну пра тое, што двое дзетак памерлі ад халеры ў розных раёнах горада. Удалося высветліць, што насамрэч адзін хлапчук памёр ад звычайнай дызентэрыі, але пяцігадовая дзяўчынка сапраўды сталася ахвяраю халеры. Яе бацькі і тры браты былі раздзеленыя для індывідуальнага каранціну, і ўвесь раён стаўся аб’ектам суворага медыцынскага кантролю. Адзін з братоў дзяўчынкі захварэў, але неўзабаве паправіўся, і сям’я вярнулася дадому, калі мінула небяспека. Яшчэ адзінаццаць выпадкаў былі зарэгістраваныя на працягу трох месяцаў, на пяты ж месяц становішча трывожна абваст­рылася, але праз год можна было цвёрда сказаць, што горад пазбавіўся ад небяспекі эпідэміі. Ніхто не сумняваўся ў тым, што жорсткія санітарныя захады доктара Хувэналя Урбіна больш за ягоныя ўгаворы зрабілі мажлівым нечуваны раней цуд. З тае пары і ледзь не да сярэдзіны новага стагоддзя халера набыла эндэмічны характар не толькі ў горадзе, але па ўсім Карыбскім узбярэжжы і ў басейне ракі Магдалены, але ніколі не даходзіла да эпідэмій. Трывога адыграла сваю ролю ў тым, што папярэджанні доктара Хувэналя Урбіна былі разгледжаныя ўладамі як след. Адкрылі кафедру для абавязковага вывучэння халеры і жоўтае ліхаманкі ў Школе медыцыны, была прынятая прапанова аб тэрміновай ліквідацыі адкрытай каналізацыі, вырашылі збудаваць новы рынак у іншым месцы, чым гарадскі сметнік. Аднак доктар Урбіна не заўважаў прызнання ягонае перамогі і не адчуваў прыліву сіл на ўвасабленне свайго грамадскага паклікання, бо сам тады жыў нібы з пад­бітым крылом: агаломшаны і разгублены, ён вырашыў за­кінуць усё на свеце і пра ўсё забыць, уражаны бліскавіцай кахання да Фэрміны Дасы.

Гэта і насамрэч сталася вынікам клінічнай памылкі. Яго сяб­ру-лекару прымроіліся папярэднія сімптомы халеры ў васямнаццацігадовай пацыенткі, і ён папрасіў доктара Хувэналя Урбіна агледзець яе. Доктар не стаў марудзіць, спалоханы тым, што выпадак паказваў на мажлівасць пранікнення халеры ў заможны раён старога горада, бо ўсе папярэднія факты захворвання былі зарэгістраваныя ў маргінальных раёнах і амаль усе — сярод мурыкаў, але падчас візіту ён сутыкнуўся з іншымі, менш сумнымі неспадзяванкамі. Дом пад ценем мігдалавых дрэў Евангельскага скверыка звонку здаваўся напаўразбураным, як астатнія пабудовы каланіяльнага квартала, але ўнутры ён знайшоў незвычайны парадак, чысціню і дзівоснае святло, якое выпраменьвалася нібы з іншай эпохі. Вітальня выходзіла наўпрост на дворык севільскага тылу, квадратны, з пабеленымі апельсінавымі дрэ­вамі ў квецені; падлога і сцены былі аздобленыя кафляй. Цурчала нябачная крыніца, на карнізах стаялі вазоны з гваздзікамі, у кожнай арцы вісела клетка з рэдкімі птушкамі. Самымі дзіўнымі былі тры крумкачы ў вялізнай клетцы, якія часам шумна ўзмахвалі крыллем, напаўняючы паветра падманлівым пахам. Раптам дзесьці забрахалі прывязаныя сабакі, ашалелыя ад паху чужога чалавека, але жаночы вокліч змусіў іх змоўкнуць. Аднекуль павыскоквалі каты і пабеглі хавацца сярод кветак, спужаўшыся ўладнасці голасу. I тады настала такая празрыстая ціша, што скрозь птушыныя спевы і шэпт вады на камянях адчуваўся адчайны подых мора.

Усхваляваны ўпэўненасцю ў фізічнай прысутнасці Бога, доктар Хувэналь Урбіна падумаў, што такі дом не падуладны халеры. Ён пайшоў услед за Галай Плясыдыяй па галерэі, мінуў пакой для шытва, дзе Флярэнтына Арыса ўпершыню ўгледзеў Фэрміну Дасу, калі дом яшчэ рамантаваўся, узняўся па новай мармуровай лесвіцы на другі паверх і пачакаў перад дзвярыма спальні, пакуль прыслужніца паведаміла хворай пра ягоны прыход. Гала Плясыдыя выйшла са словамі:

— Сеньярыта сказала, што зараз прыняць вас не можа, бо бацькі няма дома.

Ён зноў прыйшоў а пятай увечары, як казала прыслужніца, і Лярэнса Даса асабіста адчыніў яму дзверы і правёў у спальню дачкі. Бацька застаўся сядзець у зацемненым кутку, скрыжаваўшы рукі і робячы спробы суцішыць сваё цяжкое дыханне да канца агляду. Нялёгка было б вызначыць, хто больш саромеўся, — лекар са сваімі нясмелымі дотыкамі альбо хворая дзяўчына — сама цнота — у шаўковай начной кашулі, але яны не глядзелі адзін аднаму ў вочы, доктар толькі задаваў пытанні адчужаным голасам, а яна адказвала яму голасам трапяткім: абое адчувалі прысутнасць бацькі ў паўцемры. Потым доктар Хувэналь Урбіна папрасіў хворую сесці і далікатным рухам апусціў на ёй начную кашулю да таліі: ганарлівыя нечапаныя грудзі з дзіцячымі яшчэ смочкамі раптам успыхнулі ў сутонні спальні, нібыта сполахі стрэлаў, і яна тут жа паспешліва схавала іх за скрыжаванымі рукамі. Лекар, нягледзячы на яе, развёў яе рукі і быццам бы абыякава распачаў простае праслухванне: прыклаў вуха спачатку да грудзей, а потым да спіны.

Пазней доктар Хувэналь Урбіна часта казаў, што калі па­знаёміўся з жанчынай, з якой потым пражыве жыццё ажно да скону, ён не адчуў ніякіх эмоцый. Доктар згадваў блакітную начную кашулю з карункамі, ліхаманкавыя вочы, даўгія валасы, якія збягалі з плячэй, але ён быў так узрушаны тым, што халера ўварвалася ў каланіяльны раён, што не звяртаў ніякай увагі на прыгажосць дзяўчыны, а толькі шукаў хоць найменшую адзнаку, якая магла б пацвердзіць меркаванне калегі. Яе ж думкі былі больш акрэсленымі: малады доктар, пра якога яна столькі чула ў сувязі з халерай, падаўся ёй педантам, няздольным любіць нікога, акрамя сябе самога. Ён паставіў дыягназ: кішэчная інфекцыя стрававага паходжання, якую адолелі пасля трох дзён лекавання ў хатніх умовах. Супакоены тым, што дачка ўсё ж не захварэла на халеру, Лярэнса Даса праводзіў доктара Хувэналя Урбіна да пралёткі і заплаціў яму адзін песа золатам за візіт. Трэба сказаць, што цана здаласяяму завысокай, няхай перад ім стаяў лекар для багацеяў, але развітваўся шчаслівы бацька, не стрымліваючы слоў удзячнасці. Ён быў аслеплены бляскам прозвішча доктара і не толькі не хаваў свайго стаўлення да яго, а гатовы быў зрабіць што заўгодна, каб сустрэцца зноў і пры менш фармальных абставінах.

Справу можна было лічыць завершанай. Аднак у аўторак на наступным тыдні без выкліку альбо якога-кольвек папярэджання доктар Хувэналь Урбіна вярнуўся ў той самы дом пад даволі нязручны час — у абед а трэцяй гадзіне. Фэрміна Даса з дзвюма сяброўкамі знаходзілася ў пакоі для шытва, дзе ішоў урок алейнага жывапісу, калі ён з’явіўся каля акна ў бездакорным белым сурдуце, у белым цыліндры і зрабіў знак, каб яна наблізілася да яго. Яна пакінула палітру на крэсле і на дыбачках падышла да акна, прыўздымаючы сукенку з фальбонкамі, каб яна не цягнулася па падлозе. На дзяўчыне была дыядэма, галоўны камень упрыгожваў лоб, і адтуль ішло святло такога нявызначанага адцення, як ад ейных вачэй, а ўкола лунаў водар свежасці. Доктар звярнуў увагу на тое, што яна была апранутая святочна, хоць проста займалася жывапісам. Ён праверыў праз акно пульс, папрасіў паказаць язык, агле­дзеў горла з дапамогаю алюмініевай лапатачкі, апусціў ніжняе павека і кожны раз рабіў ухвальны жэст. Ён быў не такім сарамлівым, як падчас мінулага візіту, затое яна — так, бо не разумела прычыны нечаканага агляду, ён жа сам сказаў, што не вернецца, хіба што яго выклічуць. Да таго ж, яна казала сабе, што наперад не жадае яго бачыць. Завяршыўшы агляд, ён паклаў лапатачку ў партфель з мноствам інструментаў і нейкіх флакончыкаў ды зачыніў яго.

— Вы — як нованароджаная ружа, — сказаў ён.

— Дзякуй.

— Богу аддзячце, — паправіў ён і тут жа, адступаючы ад тэк­сту, працытаваў Святога Тамаша. — Прыгадайма: «Дабро, скуль бы яно ні з’явілася, ідзе ад Святога Духа». Ці вы любіце музыку?

Ён спытаў пра гэта з чароўнай усмешкай, нібыта выпадкова, тым не менш, яна не прыняла ягонага тону.

— Дзеля чаго вы пытаецеся? — пазбегла яна прамога адказу.

— Музыка спрыяе здароўю, — патлумачыў ён.

Доктар насамрэч верыў у гэта, а крыху пазней яна даведаецца і запомніць на ўсё жыццё, што тэма музыкі была для яго чарадзейнай формулай прапановы сяброўства, але тады яна ўспрыняла яго словы як жарт. Акрамя таго, яе сяброўкі, якія да пары ўдавалі, нібы працягваюць пісаць свае эцюды, раптам у адзін голас хіхікнулі, а дакладней, піскнулі, як мышы, і тут жа схавалі твары за эцюднікамі, што засмуціла Фэрміну Дасу яшчэ болей. Аслепленая гневам, яна рэзка зацягнула акно. Ашаломлены доктар убачыў перад сабою карункавыя фіранкі і паспяшаўся знайсці дарогу да выхаду, але пераблытаў кірунак і натрапіў на клетку, у якой сядзелі крумкачы. Яны глуха закрумкалі, з перапуду замахалі крыламі, і вопратка доктара набралася пахамі жаночай парфумы. Грымотны голас Лярэнса Дасы змусіў яго спыніцца на месцы:

— Доктар, пачакайце мяне.

Ларэнса Даса ўсё бачыў з другога паверха і цяпер спускаўся, зашпільваючы кашулю. У яго быў ацёчны й пачырванелы твар, а бакенбарды яшчэ тырчэлі пасля трывожнага сну сіесты. Доктар паспрабаваў суцішыць засмучанасць:

— Я сказаў вашай дачцэ, што яна — як ружа.

— Гэта так, — адказаў Лярэнса Даса, — але ў гэтае ружы зашмат шыпоў.

Ён прайшоў каля доктара, хоць і не павітаўся з ім, адкінуў фіранку і груба запатрабаваў ад дачкі:

— Зараз жа папрасі прабачэння ў доктара!

Доктар хацеў было спыніць спрэчку, але Лярэнса Даса нават не звярнуў увагі на ягоны шэпт і патрабавальна дадаў: «Паспяшайся!» Фэрміна Даса паглядзела на сябровак з прыхаванай просьбай разумення і сказала бацьку, што ёй няма за што перапрашаць, яна ж зацягнула акно толькі таму, што сонца замінала іх заняткам. Доктар Урбіна хацеў пацвердзіць яе тлумачэнні, аднак Лярэнса Даса настояў на сваім. Тады Фэрміна Даса, бледная ад шаленства, вярнулася да акна, высунула правую ножку наперад, прыўздымаючы прыпол кончыкамі пальцаў, і зрабіла доктару тэатральны рэверанс.

— Прыношу вам мае самыя глыбокія прабачэнні, сеньёр, — сказала яна.

Доктар Хувэналь Урбіна з радасцю падыграў ёй, прыпадняўшы цыліндр са спрытам мушкецёра, але так і не дачакаўся міласэрнай усмешкі, якой чакаў. Затым Лярэнса Даса запрасіў яго ў кантору на кубачак кавы, што сімвалізавала б поўнае замірэнне, і ён пагадзіўся з асалодай, каб не пакінуць аніякага сумневу ў тым, што ў душы не засталося гарачых вуголляў крыўды.

Папраўдзе, доктар Хувэналь Урбіна не піў кавы ўдзень — толькі адзіны кубачак раніцой, нашча. Ён таксама не ўжываў алкаголю, хіба што келіх віна на ўрачыстых абедах, але ён выпіў не толькі каву, прапанаваную Лярэнса Дасам, але яшчэ і кілішак анісаўкі. Затым паўтарыў і каву, і кілішак, а крыху пазней — зноўку, хаця яшчэ не завяршыў візіты. Напачатку ён слухаў перапрашэнні, што Лярэнса Даса прыносіў ад імя дачкі, якую характарызаваў як дзяўчыну разумную і сур’ёзную, годную мясцовага альбо прышлага прынца; адзіная загана, сказаў ён, гэта характар муліцы. Аднак пасля другога кілішка доктару прымроіўся голас Фэрміны Дасы з боку двара. Яго ўяўленне памкнулася за ёю па звечарэлым доме і пераследавала яе, пакуль яна запаліла святло ў калідоры, выгнала маскітаў са спальняў інсектыцыдным куродымам, падышла да пліты і адкрыла каструлю з поліўкай, якую мелася есці з бацькам на вячэру, удваіх — ён і яна. І ўсё гэта — не ўзды­маючы вачэй, ціха, каб не разбіць люстэрка крыўды да тае пары, пакуль бацька не прызнае залішнюю суворасць.

Доктар Урбіна ведаў жаночую псіхалогію і здагадваўся, што Фэрміна Даса не зазірне ў кантору, пакуль ён не пойдзе, але адцягваў развітанне: напэўна, ужо адчуваў, што прышчымлены ёю гонар не дае яму спакою. Лярэнса Даса, ужо амаль п’яны, нібыта і не прыкмеціў, што доктар яго не слухае, бо і так знаходзіў ужытак сваёй няспыннай гаварлівасці — слухаў сябе сам. Гаварыў ён галопам, бясконца жуючы патухлую цыгару, модна кашляў і злосна пляваўся, ёрзаў на крэсле-вярцёлцы, спружыны пад ім вылі, бы жывёлы ў перыяд цечкі. Ён выпіў па тры кілішкі на кожны кілішак госця, і толькі калі заўважыў, што яны ўжо не бачаць адзін аднаго, зрабіў паўзу, каб узняцца і запаліць лямпу. Доктар Хувэналь Урбіна разгледзеў ягоны твар пры святле лямпы, убачыў вылупленае, як у рыбіны, вока, і заўважыў, што ягоныя словы не адпавядаюць варушэнню вуснаў, і вырашыў: гэта ўжо алкагольныя галюцынацыі. Тады ён узняўся з чароўным адчуваннем: ён — унутры чужога цела, і яно, гэтае цела, засталося сядзець, калі ён ужо стаяў, і яму давялося высіліцца, каб не з’ехаць з глузду.

А сёмай з нечым ён выйшаў з канторы ўслед за Лярэнса Дасам. Ім свяціла поўня. Двор, які здаваўся нерэальным з-за анісаўкі, гойдаўся, як расліны на дне акварыума, і клеткі, якія ахінулі покрывамі, выглядалі як сонныя прывіды ў цёплым водары квецені. Акно пакоя для шытва было адчыненым, над сталом свяціла лямпа, і няскончаныя карціны засталіся на эцюдніках, нібы на выставе. «Дзе ж ты, калі цябе няма?» — спытаўся доктар Урбіна, праходзячы каля акна, але Фэрміна Даса не чула яго, не магла чуць, бо яна плакала ад гневу ў спальні, лежачы ніцма на ложку і чакаючы бацькі, каб расквітацца за знявагі гэтага дня. Доктар не пакідаў спадзеваў на тое, каб развітацца з ёю, але Лярэнса Даса нічога такога не прапанаваў. Доктар прыгадаў яе ясны пульс, язык, як у коткі, пяшчотныя міндаліны, аднак яго браў адчай ад аднае думкі пра тое, што яна не хацела ўбачыць яго і нават дазволіць найменшага збліжэння. Калі Лярэнса Даса ўвайшоў у вітальню, крумкачы пад покрывам прачнуліся, і доктар пачуў іх жалобны кліч. «Узгадуй крумкачоў, і яны выдзяўбуць табе вочы», — вымавіў ён услых, думаючы пра дзяўчыну, і Лярэнса Даса павярнуўся, каб спытаць:

— Што вы сказалі?

— Гэта не я, — адказаў доктар, — гэта анісаўка.

Лярэнса Даса правёў яго да пралёткі, паспрабаваў усунуць яму яшчэ адзін песа золатам за паўторны візіт, але доктар не ўзяў грошай. Ён загадаў возніку, каб той вёз яго яшчэ да двух пацыентаў, і падняўся ў экіпаж без старонняй дапамогі. Аднак калі экіпаж заскакаў па ямінах бруку, ён адчуў сябе кепска і загадаў возніку змяніць кірунак. На імгненне ён паглядзеў на сябе ў люстэрка пралёткі і ўбачыў, што яго адлюстраванне працягвае думаць пра Фэрміну Дасу. Паціснуў плячыма. Затым адрыгнулася анісаўкай, ён схіліў голаў на грудзі і заснуў, а ў сне пачуў, што званы б’юць за спачын душы. Спачатку званілі ў кафедральным саборы, а потым далучыліся званы ўсіх бажніцаў адзін за адным, ажно да бітых гаршчкоў касцёла Святога Юліяна Гасціннага.

— Д’ябал, — шапнуў ён скрозь сон, — памерлі ўсе нябожчыкі.

Маці і сёстры вячэралі за сталом для ўрачыстасцяў у вялікай гасцёўні. Ім падалі, як заўсёды, каву з малаком і мядовыя пернікі, калі ён узнік на парозе з вартым жалю тварам, і з ім увайшоў у гасцёўню блядскі пах крумкачоў. Звон з кафедральнага сабора аддаваўся рэхам у вялікім фантане двара. Маці ўстрывожана запыталася, дзе ён цягаўся, бо шукалі яго паўсюль — быў тэрміновы выклік да генерала Ігнасіё Марыі, апошняга ўнука маркіза Хараіса дэ ля Вэры, па кім ужо званілі званы: удзень у яго адбылося кровазліццё ў мозг. Доктар Хувэналь Урбіна слухаў маці, не чуючы, трымаючыся за вушак, потым павярнуўся, робячы спробу дайсці да спальні, але ўпаў ніцма, ванітуючы анісаўкай.

— Святая Марыя! — ускрыкнула маці. — Штосьці сапраўды незвычайнае здарылася, калі ты дазволіў сабе вярнуцца дамоў у такім стане.

Самае незвычайнае, аднак, было наперадзе. Ён выкарыстаў прыезд слыннага піяніста Рамэа Лусічы, які сыграў цыкл санатаў Моцарта, як толькі горад спыніў жалобу па генералу Ігнасіё Марыі, і загадаў пагрузіць раяль Музычнае школы на калёсы, мулы даставілі інструмент на адрас. Такім чынам, доктар Хувэналь Урбіна арганізаваў для Фэрміны Дасы незабыўную серэнаду. Яна прачнулася з першымі тактамі, ёй не трэба было выглядаць праз карункавыя фіранкі балконнага акна, каб зразумець, хто зладзіў нечуваную імпрэзу. Яна толькі шкадавала, што не пасмела, як іншыя ўгневаныя дзяўчаты, выліць на голаў непажаданага кавалера змесціва начнога гаршчка. Лярэнса Даса, наадварот, хутка апрануўся, пакуль гучала серэнада, пасля чаго запрасіў доктара Хувэналя Урбіна і піяніста, яшчэ ў канцэртным фраку, у гасцёўню, дзе аддзячыў за серэнаду кілішкам выдатнага брэндзі.

Неўзабаве Фэрміна Даса здагадалася, што бацька спрабуе ўлагодзіць ейнае сэрца. На наступны дзень пасля серэнады ён сказаў ёй, быццам бы незнарок: «Уяві, што б адчула маці, калі б дазналася, што да цябе заляцаецца нашчадак Урбіна дэ ля Калле». Яна суха адказала: «Перавярнулася б у труне». Сяброўкі, з якімі яна займалася жывапісам, распавялі ёй, што Лярэнса Даса быў запрошаны на абед у Грамадскі клуб, і запрасіў яго доктар Хувэналь Урбіна, за што атрымаў суворае папярэджанне, бо парушыў правілы клубнага рэгламенту. Потым яна даведалася, што бацька ўжо некалькі разоў падаваў заяву на прыём у клуб, і яны былі адхіленыя з такой колькасцю чорных шароў, якая рабіла немажлівай новую спробу. Аднак Лярэнса Даса прапускаў знявагі праз сваю загартаваную алкаголем печань, і зноўку ішоў на ўсялякія хітрыкі, каб зноў пабачыцца з Хувэналем Урбіна, не здагадваючыся, што і сам Хувэналь Урбіна імкнуўся, каб новая сустрэча адбылася. Часам яны гаманілі ў канторы, і ў доме нібыта спыняўся час: гэтак Фэрміна Даса паскарала сыход нежаданага госця. Добрым прытулкам для будучых цесця й зяця сталася прыходская кавярня. Менавіта там Лярэнса Даса даў Хувэналю Урбіна пачатковыя ўрокі гульні ў шахматы. Вучань так стараўся, што шахматы сталіся яго невылечнай хваробай, на якую ён хварэў да апошняга дня жыцця.

Адным з вечароў пасля імпрэзы з серэнадай Лярэнса Даса знайшоў пад дзвярыма свайго дома ліст, запячатаны сургучом. Ліст быў адрасаваны дачцэ, і на сургучнай пячатцы лёгка прачытвалася доктарава манаграма. Праходзячы каля спальні Фэрміны, ён падсунуў ліст пад дзверы, і яна не здолела зразумець, як ліст з’явіўся ў яе: нельга ж было ўявіць, што бацька змяніўся так, што ўжо прыносіць ёй лісты кавалераў. Яна пакінула ліст на начным століку, насамрэч не ведаючы, што з ім рабіць, і ліст заставаўся запячатаны колькі дзён, да таго дажджлівага вечара, калі Фэрміне Дасе прыснілася, што Хувэ­наль Урбіна прыйшоў да іх і падараваў ёй лапатачку, з дапамогаю якой аглядаў ейныя гланды. Лапатачка ў сне была не алюмініевая, а з нейкага апетытнага металу, смак якога захапляў яе падчас наступных сноў, і яна ў сне паламала лапатачку і вярнула яму меншы кавалак. Прачнуўшыся, яна распячатала ліст. Ён быў кароткім і стрыманым, пра адно толькі прасіў Хувэналь Урбіна: каб яна дазволіла прасіць згоды ейнага бацькі на прыватныя візіты. Яе ўразілі сціпласць і сур’ёз­насць, і тады раздражнёнасць, якую яна песціла ў душы на працягу многіх дзён, раптам знікла. Яна паклала ліст у пустую скрынку на дне куфра, але прыгадала, што менавіта туды яна складвала духмяныя пасланні Флярэнтына Арысы, таму, раптам адчуўшы сорам, зноў дастала ліст, каб перакласці яго ў іншае месца. Потым падумала, што лепш будзе, калі яна зро­біць выгляд, што нічога не атрымала, і спаліла ліст над лямпай, назіраючы, як кроплі сургуча выбухаюць сінімі пырскамі над агнём. Яна ўздыхнула: «Гаротны чалавеча!» І раптоўна ёй прыйшло да галавы, што яна вымавіла ў думках тыя словы год з лішкам таму, на імгненне падумала пра Флярэнтына Арысу і сама здзівілася, як і ён далёкі ад яе жыцця: гаротны чалавеча.

У кастрычніку, з апошнімі дажджамі сезона, яна атрымала яшчэ тры лісты, першы — разам са скрыначкай фіялкавых цукерак, якія вырабляла абацтва Флавінні. Два лісты перадаў ка­ля ўвахода фурман доктара Хувэналя Урбіна, і сам ён пры гэ­­тым павітаўся з Галай Плясыдыяй праз акенца пралёткі, па-першае, каб не было сумневу ў тым, што гэта лісты ад яго, а па-другое, каб ніхто не здолеў сцвердзіць, што лісты не былі ўручаныя. Апрача таго, тыя лісты мелі сургучную манаграму і былі напісаныя неразборлівымі каракулямі, Фэрміна Даса іх пазнала — гэта быў доктарскі почырк. Яны, па сутнасці, паўтаралі першае пасланне і былі складзеныя ў тым самым пакорлівым духу, але скрозь іх прыстойнасць ўжо праглядала пакутлівае хваляванне, якога ніколі не мелі асцярожныя пасланні Флярэнтына Арысы. Фэрміна Даса прачытала іх адразу ж, як толькі яны, з двухтыднёвай паўзай, былі дастаўленыя, і без тлумачэння для сябе захавала абодва лісты, хоць у першую хвіліну збіралася кінуць іх у полымя. Аднак і не падумала адказваць.

Трэці кастрычніцкі ліст быў падсунуты пад уваходныя дзве­ры і ўва ўсім адрозніваўся ад папярэдніх. Почырк аказаўся дзіцячым, бо пісалі яго, верагодна, левай рукою, але Фэрміна Даса нічога не зразумела, пакуль сам тэкст не праявіў, што прыслалі ёй гнюсную ананімку. Аўтар сцвярджаў, што Фэрміна Даса свядома спакусіла сваімі чарамі доктара Хувэналя Урбіна, і, зыходзячы з гэтага меркавання, ананімшчык рабіў жудасныя высновы. Ліст завяршаўся пагрозай: калі Фэрміна Даса не адмовіцца ад прэтэнзій у адносінах да самага вяльможнага ў горадзе чалавека, будзе пакараная праз публічную ганьбу.

Яна адчула сябе ахвярай жорсткай несправядлівасці, але й не падумала помсціць за няпраўду, наадварот, яна жадала б даведацца, хто аўтар ананімкі, каб давесці яму пра памылку вычарпальнымі тлумачэннямі, бо яна была ўпэўненая ў тым, што ніколі і ні пры якіх абставінах не адкажа на заляцанні Хувэналя Урбіна. Наступнымі днямі яна атрымала яшчэ два лісты без подпісу, гэтак жа беспардонныя, як і першы, але ў іх не паўтараўся почырк першага ліста. Альбо яна ахвяра змовы, альбо прыдуманы сакрэт уяўнага таямнічага кахання распаўсюдзіўся ўжо надта далёка, ва ўсякім разе, далей за найсмялейшыя меркаванні. Яе непакоіла думка пра тое, што гэта вынік звычайнай бездыхтоўнасці Хувэналя Урбіна. Яна нават падумала, што, мажліва, ён не такі высакародны, як выглядае, і, мусібыць, даваў волю языку падчас візітаў, хваліўся ўяўнымі перамогамі, як шмат якія мужчыны яго класа. Яна збіралася напісаць яму, як след вылаяць за грубую абразу яе годнасці, але потым адмовілася ад свайго намеру, падумаўшы, што, верагодна, гэтага ён і чакаў. Яна спрабавала дазнацца пра тое, што адбывалася, цераз сябровак, якія прыходзілі да яе займацца жывапісам у пакоі для шытва, але тыя толькі чулі добрыя водгукі пра сольную серэнаду на раялі. Яна адчула прыліў злосці, бездапаможнасці і знявагі. У адрозненне ад першай рэакцыі, калі яна гатовая была сустрэцца з невядомым ворагам, давесці, што ён памыляецца, цяперака яна мела іншы намер — пусціць яго на шматкі з дапамогай садовых нажніцаў. Яна праводзіла ночы без сну, аналізавала асобныя выразы ў ананімных лістах са спадзевам на тое, што знойдзе хоць нейкі след. Але ілюзіі былі марнымі: Фэрміне Дасе ад прыроды быў чужы ўнутраны свет такіх сямействаў, як Урбіна дэ ля Калле, яна была ўзброеная для абароны ад іх добрых, але не ад злых намераў.

Яшчэ больш засмуціла яе, нагнала на яе жах чорная лялька, дасланая ёй пад тыя дні без суправаджальнага ліста, хоць няцяжка было зразумець, хто яе падараваў: гэта мог быць толькі доктар Хувэналь Урбіна. Лялька была набытая на Мартыніцы, як абвяшчала арыгінальная бірка, яе вопратка выглядала цудоўна, пасмы валасоў паблісквалі золатам, яна нават умела заплюшчваць вочы. Фэрміне Дасе лялька здалася такой пацешнай, што яна перамагла сябе і ўдзень клала на сваю падушку, а ўначы спала з ёю. Праз некаторы час, аднак, адыходзячы ад цяжкога, стамляльнага сну, яна прыкмеціла, што лялька расце: гожая сукенка ўжо не хавала сцёгнаў, а чаравічкі трэс­нулі пад ціскам ножак. Раней Фэрміне Дасе даводзілася чуць пра розныя віды афрыканскага вядзьмарства, але страшнейшага за гэта яна не прыгадвала. З іншага боку, яна не магла ўявіць сабе, каб такі чалавек, як Хувэналь Урбіна, быў здольны на такую нялюдскасць. Яна мела рацыю: ляльку прынёс не доктараў фурман, а вулічны гандляр крэветкамі, пра якога ніхто не змог сказаць нічога ўцямнага. Спрабуючы разгадаць таямніцу, Фэрміна Даса нейкі час думала на Флярэнтына Арысу, бо ягоная змрочнасць заўсёды наводзіла страх, але жыццё само адкінула яе міжвольную памылку. Таямніца так і засталася таямніцай, раптоўны ўспамін пра якую ўзрушаў яе нават шмат пазней, калі яна жыла ў шлюбе, нарадзіла дзяцей і лічыла сябе выбранніцай лёсу, найшчаслівейшай з жанчын у свеце.

Апошнюю спробу доктар Урбіна зрабіў праз пасярэдніцу — сястру Франку дэ ля Люс, што ачольвала школу З’яўлення Святое Дзевы і не магла адмовіцьу просьбе сям’і, што спрыяла ўмацаванню рэлігійнага прыхода з часоў свайго пераезду на сталае жыхарства ў Паўднёвую Амерыку. Яна з’явілася ў суправаджэнні паслушніцы а дзявятай раніцы, і ім прыйшлося прабавіць з паўгадзіны каля птушыных клетак, пакуль Фэрміна Даса мылася. Манахіня была мужападобнай немкай з металічным акцэнтам і загадным позіркам, якія не мелі нічога агульнага з яе інфантыльнымі жарсцямі. Нішто і нікога ў свеце Фэрміна Даса не прыгадвала з такой нянавісцю, як яе і ўсё, што было з ёю звязанае, адзін толькі ўспамін пра крывадушную міласэрнасць выклікаў у ёй сверб, нібыта скарпіёны завяліся ў вантробах. Досыць было пазнаць яе з парога ваннай, каб наноў перажыць, як удар, школьныя пакуты, нудоту штодзённай імшы, жах іспытаў, рабскую пакору паслушніц, жыццё, скажонае ў прызме беднасці духу. Манахіня Франка дэ ля Люс, наадварот, вітала былую вучаніцу з радасцю, якая магла падацца шчырай, і здзівілася таму, што яна гэтак вырасла і стала дарослай, ухваліла за тое, што разумна вяла дом, за добры густ, з якім аздобілі двор, ахоплены пажарам квецені. Яна загадала паслушніцы чакаць, не надта набліжаючыся да крумкачоў, — за няўважлівасць яны здольныя выдзеў­бці вочы, і вачыма шукала ціхае месца, каб пагутарыць з Фэрмінай сам-насам. Тая запрасіла мнішку ў гасцёўню.

Візіт быў кароткім і рэзкім. Манахіня Франка дэ ля Люс, не губляючы часу на прэамбулы, прапанавала Фэрміне Дасе ганаровую рэабілітацыю. Прычына яе выключэння будзе сцёр­тая не толькі з кнігі актаў, але таксама з памяці прыхода, і гэта дазволіць ёй завершыць вучобу і атрымаць дыплом бакалаўра гуманітарных навук. Фэрміна Даса, агаломшаная, пажадала даведацца пра матывы такога павароту.

— Гэта просьба чалавека, які заслугоўвае ўсялякай пашаны, і адзінае яго жаданне — гэта зрабіць цябе шчаслівай, — сказала манахіня. — Ці ведаеш, пра каго я кажу?

Тады Фэрміна Даса ўцяміла. Яна спытала сябе, якім чынам аказалася палюбоўным пасланцом жанчына, якая скамечыла яе жыццё з-за наіўнага ліста, але не адважылася сказаць пра гэта ўслых. І адказала яна інакш, сцвердзіла, што так, ведае гэтага чалавека і менавіта таму разумее, што ён не мае ніякага права ўмешвацца ў яе жыццё.

— Ён толькі просіць цябе аб сустрэчы на пяць хвілін, — настойліва тлумачыла манахіня. — Я ўпэўненая, твой бацька не будзе пярэчыць.

Фэрміна Даса яшчэ больш узлавалася ад аднае думкі, што бацька мог быць саўдзельнікам і пагадзіцца на падобны візіт.

— Мы бачыліся двойчы, калі я хварэла, — адказала яна манахіні. — Цяпер неабходнасці няма.

— Для любой жанчыны з ілбом вышынёю хоць бы ў два пальцы гэты чалавек — дарунак нябёсаў, — безапеляцыйна настойвала манахіня.

Яна ўзнёсла ўзялася расхвальваць ягоныя чалавечыя дабрадзейнасці, адданасць веры, яго высокае прадвызначэнне служыць пакутнікам. З гэтымі словамі яна дастала з рукава залаты ружанец з Хрыстом са слановае косці, пакруціла перад вачыма Фэрміны Дасы. Гэта была сямейная рэліквія больш чым стогадовае даўніны работы сіенскага майстра, яе нават блаславіў папа Клімент IV.

— Гэта табе.

Фэрміна Даса адчула нястрымны прыліў крыві і раптам адважылася.

— Даруйце, — прамовіла яна, — але як вы можаце спры­яць яму, калі ўважаеце, што каханне — грэх?

Манахіня Франка дэ ля Люс зрабіла выгляд, нібыта не зразумела яе, але ейныя павекі ўсё ж звузіліся. Яна працягвала круціць перад вачыма залаты ружанец.

— Лепш пагадзіся са мною, — сказала яна, — інакш пасля мяне можа прыйсці сеньёр арцыбіскуп, а з ім не пажартуеш.

— Няхай прыходзіць, — адказала Фэрміна Даса.

Манахіня Франка дэ ля Люс схавала залаты ружанец у рукаве. Потым дастала з другога скамечаную насоўку і сціснула ў руцэ, разглядаючы Фэрміну нібыта здалёк і з усмешкаю спагады.

— Бедная мая дачушка, — уздыхнула яна, — ты ўсё яшчэ думаеш пра таго чалавека.

Фэрміна Даса праглынула дзёрзкасць і нават не міргнула, гледзячы ў вочы манахіні, не выдала ніводнага слова, пакуль не прыкмеціла з бясконцай злараднасцю, што ейныя мужчынскія вочы напоўніліся слязьмі. Манахіня Франка дэ ля Люс уцерла іх скамечанаю насоўкай і ўзнялася.

— Слушна кажа твой бацька: у цябе характар муліцы, — скончыла яна размову.

Арцыбіскуп не прыйшоў. Так што асада была б знятая, калі б не Ільдэбранда Санчас, якая прыехала правесці да кузіны Каляды, што паўплывала на далейшае жыццё абедзвюх. Сустрэлі яе а пятай раніцы, калі падплыла шхуна з Рыёачы, сярод натоўпу напаўмёртвых ад гойданкі пасажыраў, але яна ступіла на зямлю радасная, вельмі жаноцкая, хіба што адчуваўся пэўны тлум праз цяжкую ноч у моры. Ільдэбранда прывезла шмат кошыкаў з жывымі індыкамі і іншымі дарамі багатых родных земляў, каб хапіла ўсім на працягу ейнага перабывання. Лісымака Санчас, ейны бацька, загадаў спытаць, ці патрэбны музыкі на святкаванне Вялікадня, у яго, маўляў, ёсць на прыкмеце найлепшыя, і абяцаў неўзабаве даслаць груз з гатовымі феерверкамі. Яшчэ ён перадаў, што не зможа прыехаць па дачку да сакавіка, так што ў дзяўчат ставала часу.

Кузіны адразу сталіся неадлучнымі. Яны купаліся разам з першага дня, запырскваючы вадою адна другую. Яны намыльвалі адна адну, дапамагалі даставаць гніды, мераліся сцёгнамі, грудзямі, — адна глядзелася ў люстэрку другой, каб ацаніць жорсткасць часу з таго дня, калі яны ў апошні раз бачыліся голымі. Ільдэбранда была мажнай і моцнай, з зала­цістай скурай, але расліннасць на целе была мулацкай — кароткай і кучаравай, як тонкая стальная стружка. Фэрміна Даса, насупраць, была бледнацелай, з падоўжанымі лініямі рук і ног, з пяшчотнай скурай і гладкімі валасамі. Гала Плясыдыя распарадзілася, каб ім у спальні паставілі два аднолькавыя ложкі, аднак часам яны клаліся разам, гасілі святло і гаманілі да світання. Употай яны разам палілі тонкія доўгія цыгары, што прывезла Ільдэбранда, схаваўшы за абіўкай куфра, а потым спальвалі лісткі араматызаванай паперы, каб ачысціць паветра ў спальні ад моцнага паху. Фэрміна Даса запаліла ўпершыню ў Вальедупары і працягвала ў Фансэцы, у Рыёачы, дзе з тузін кузінаў збіраўся ў адным пакоі, каб пагаманіць пра мужчын і папаліць употайкі ад дарослых. Яна навучылася паліць з канца цыгаркі, як гэта рабілі мужчыны ўначы на вайне, інакш агеньчык выдаваў іх ворагам. Але ніколі Фэрміна не паліла адна. Цяперака з Ільдэбрандай зноўку пачала дыміць у спальні перад сном і з тае пары прывыкла да палення, хоць і рабіла гэта не навідавоку, хаваючыся нават ад мужа і дзяцей, не толькі таму што на жанчыну, якая дазваляла сабе паліць на людзях, глядзелі скоса, а, хутчэй, дзеля асалоды, што прыносіла таямніца.

Ільдэбрандаву вандроўку таксама зладзілі бацькі, каб аддаліць дзяўчыну ад прадмета безнадзейнага кахання, хоць і пераканалі, што яна мусіць дапамагчы Фэрміне і ўгаварыць яе на бліскучую партыю. Ільдэбранда прыняла прапанову са спадзевам, што зможа падмануць само забыццё, як ейная кузіна ў свой час, і дамовілася з тэлеграфістам з Фансэкі, каб ён накіроўваў ейныя пасланні з асаблівай засцярогай. Таму яна так расчаравалася, дазнаўшыся, што Фэрміна Даса парвала з Флярэнтына Арысам. Апрача таго, Ільдэбранда разумела каханне як феномен універсальнага характару, і нават лічыла, што любоўныя цяжкасці аднае асобы адбіваюцца на каханні кожнай істоты ўва ўсім свеце. Аднак яна не адмовілася ад ажыццяўлення сваёй задумы. З адвагаю, якая выклікала ў Фэрміны Дасы жах, яна адна пайшла ў тэлеграфную кантору з намерам схіліць Флярэнтына Арысу да саўдзелу.

Ільдэбранда не знайшла ў ім ніводнае рысы, якая б супала з вобразам, створаным аповедамі Фэрміны Дасы. З першага погляду яна вырашыла: немагчыма, каб Фэрміна аказалася на мяжы шаленства з-за гэтага нягеглага чалавека з выглядам пабітага сабакі, чыя вопратка, як у беднага рабіна, і ўрачыстыя манеры наўрад ці змаглі б усхваляваць жанчыну. Аднак неўзабаве яна выраклася першага ўражання. Флярэнтына Арыса прапанаваў ёй свае паслугі без усялякіх умоў, нават не ведаючы, хто яна. Ніхто не зразумеў яе так, як Флярэнтына Арыса, таму ад яе не патрабавалася ні імя, ні якога-кольвек адраса. Ягоны план быў самым простым: яна будзе зазіраць да яго ў тэлеграфную кантору штотыднёва ў другой палове дня, каб атрымаць у рукі адказы каханага чалавека, вось і ўсё. З іншага боку, калі Флярэнтына Арыса прачытаў першае пасланне, што прынесла Ільдэбранда, ён спытаў, ці не можа ён даць ёй параду, і яна пагадзілася. Флярэнтына Арыса спачатку ўнёс праўку паміж радкамі, выкрасліў яе, перапісаў, але яму не хапала месца, і ўрэшце ён парваў старонку ды наноў напісаў зусім іншы тэкст, які ёй падаўся ўзрушальным. Яна выйшла з тэлеграфнай канторы, ледзь стрымліваючы слёзы ўдзячнасці.

— Ён непрыгожы ды сумны, — сказала яна Фэрміне Да­се, — але ён само каханне.

Больш за ўсё выклікала здзіўленне Ільдэбранды самота кузіны.

— Ты, — сказала яна, — нібыта старая дзеўка ў дваццаць гадоў.

Звыклая да шматлікіх ды раскіданых паўсюль сваякоў, да да­моў, дзе ніхто не мог сказаць дакладна, колькі чалавек у дадзены момант знаходзіцца і колькі яшчэ зазірне на абед, Ільдэбранда не магла ўявіць, што дзяўчына яе веку можа жыць у адзіноце, па-за грамадскім жыццём. А Фэрміна Даса гэтак і жыла: ад абуджэння а шостай ранку і да таго, як яна клалася спаць, яна займалася адно марнаваннем часу. Жыццё ўрывалася ў дом звонку. Напачатку, з першымі пеўнямі, малочнік будзіў яе дзвярным малатком. Затым грукалі гандлярка рыбай са скрыняй парга, мажныя зяленшчыцы, якія прыносілі гародніну з Марыі-ля-Бахі і садавіну з Сан-Хасынта. А пазней увесь дзень грукалі жабракі, дзяўчаты, якія гандлявалі латарэйнымі білетамі, сёстры міласэрнасці, тачыльшчык са сваёй жалейкай, скупшчыкі пустых бутэлек, старых упрыгожанняў, газетнай паперы, несапраўдныя цыганкі, якія прапаноўвалі прачытаць лёс па картах, па лініях рукі, па кававай гушчы, у патаемнай вадзе. І Гала Плясыдыя марнавала ўвесь тыдзень на тое, каб адчыняць і зачыняць дзверы і казаць, што не трэба, прыходзьце іншым разам, альбо раз’юшана крычала з балкона, маўляў, не дакучайце, Божа, ужо набылі ўсё, што патрэбна. Яна замяніла цётку Эскалястыку з такім жаданнем і такім поспехам, што Фэрміна ўжо аднолькава іх паважала, а часам і блытала. Гала Плясыдыя мела навязлівыя звычкі рабыні. Ледзь выдаваўся вольны час, яна бралася прасаваць бялізну ды рабіла гэта бездакорна, складвала напрасаванае ў шафу з кветкамі лаванды, прычым прасавала і складвала не толькі тое, што прала, але і тое, што заляжалася і страціла выгляд. Таксама беражліва яна ўтрымлівала гардэроб Фэрміны Санчас, Фэрмінавай маці, якая памерла шмат гадоў таму. Аднак рашэнні ў доме прымала Фэрміна Даса. Яна загадвала, што гатаваць на абед, якія прадукты набываць, што рабіць у любым выпадку, і такім чынам нібыта вызначала хатняе жыццё, хоць сапраўды ўжо нічога не трэба было вызначаць. З таго моманту, як былі чыста памытыя клеткі, накормленыя птушкі і дагледжаныя кветкі, у яе не заставалася ніякіх спраў. Пасля выключэння са школы яна часта клалася спаць падчас сіесты, а прачыналася на наступную раніцу. Заняткі жывапісам былі для яе самым займальным спосабам баўлення часу. Адносіны з бацькам пазбавіліся адзнак любові з дня выгнання цёткі Эскалястыкі, хоць здавалася, што яны прыйшлі да такога ладу жыцця, каб не замінаць адно аднаму. Калі яна ўставала, ён ужо займаўся дзесьці сваімі справамі. Амаль заўсёды ён вяртаўся да рытуальнага сямейнага абеду, але еў толькі зрэдчас, звычайна яму было досыць аперытыву з галісійскімі перакускамі прыходскай кавярні. Ён і не вячэраў: яму пакідалі стравы на стале ў адной талерцы, накрытай другой, але ведалі, што гэта ён з’есць разагрэтым толькі на сняданак. Раз на тыдзень ён выдаваў дачцэ грошы на бягучыя выдаткі, ведаючы, што яна абыдзецца з імі ашчадна, аднак з задавальненнем выконваў усялякія яе просьбы, калі размова заходзіла пра непрадбачаныя пакупкі. І ніколі не патрабаваў ад яе рахункаў, але яна паводзіла сябе так, нібыта рабіла справаздачу перад судом Святой Інквізіцыі. Ён ніколі не размаўляў з ёю пра характар і стан сваіх спраў, нават ні разу не паказаў сваю кантору ў порце — месцы, забароненым для сумленных дзяўчатак нават у суправаджэнні бацькоў. Лярэнса Даса не вяртаўся дамоў раней за дзясятую ўвечары, калі пачыналася каменданцкая гадзіна ў найменш крытычныя перыяды бясконцых войнаў. Да дзясятай жа ён заставаўся ў прыходскай кавярні, гуляючы ўва што заўгодна, бо ведаў да тонкасцяў салонныя гульні. Ён прыходзіў заўжды з яснаю галавой, не турбуючы дачкі, нягледзячы на тое, што першы кілішак анісаўкі выпіваў, ледзь расплюшчыўшы вочы, а затым жаваў патухлую цыгару і піў час ад часу на працягу дня. Аднойчы ўначы, аднак, ён абудзіў Фэрміну. Яна пачула яго цяжкія крокі на лесвіцы, шумнае дыханне ў калідоры другога паверха, грук далонню ў дзверы спальні. Яна адчыніла яму і ўпершыню спалохалася касога вока і замаруджанага вымаўлення.

— Мы разарыліся, — сказаў ён. — Гэта канец, вось так.

Ён толькі гэта й сказаў і ніколі болей не паўтарыўся, аднак пасля тае ночы Фэрміна Даса ўсвядоміла, што засталася адна на белым свеце. Бо жыла яна па-за соцыумам. Яе былыя аднакласніцы луналі ў забароненых для яе сферах, тым больш пасля яе ганебнага выключэння са школы. Яна не была суседкай для суседзяў, якія ведалі яе з выгляду як дзяўчыну без мінулага ў форме школы З’яўлення Святое Дзевы. Бацькаў свет уяўляў сабою зборню купцоў і партовых грузчыкаў, вайсковых дэзерціраў і самотных мужчын, якія збіраліся ў публічным берлагу прыходскай кавярні. Апошнім часам заняткі жывапісам сталіся палёгкай: настаўніца звыклася даваць калектыўныя ўрокі і прыводзіла іншых вучаніц у пакой для шытва. Аднак гэта былі дзяўчаты нявызначанага сацыяльнага становішча, і для Фэрміны Дасы яны заставаліся часовымі сяброўкамі, іх прывязанасць завяршалася з кожным урокам. Ільдэбранда хацела парасчыняць вокны і дзверы дома, імкнулася праветрыць яго, прывесці музыкаў, зладзіць святочныя феерверкі з бацькавых цюкоў, зладзіць карнавал, каб скразнякі знеслі паедзены моллю настрой кузіны, але хутка і канчаткова зразумела — яе намер дарэмны, бо весяліцца няма з кім.

Аднак менавіта Ільдэбранда ўдыхнула ў Фэрміну Дасу жыц­цё. Удзень, пасля заняткаў жывапісам, Ільдэбранда цягнула яе на шпацыр, нібыта з тым, каб азнаёміцца з горадам. Фэрміна Даса паказала ёй свой штодзённы маршрут з цёткай Эскалястыкай, лаўку ў скверыку, дзе Флярэнтына Арыса рабіў выгляд, што чытае, каб дачакацца яе, завулкі, па якіх ён прадзі­раўся ўслед за ёю, патаемныя месцы для лістоў, змрочны палац, які служыў турмою Святой Інквізыцыі, а пазней быў рэстаўраваны і перададзены ненавіснай школе З’яўлення Святой Дзевы. Яны ўзняліся на прыгорак, дзе знаходзіліся могілкі для бедных, скуль Флярэнтына Арыса граў для яе на скрыпцы, ловячы спадарожны вецер, адтуль цалкам убачылі гістарычны цэнтр, бітую дахоўку і раз’едзеныя часам сцены, руіны замкавых муроў у зарасцях, чараду выспаў у бухце, жабрацкія баракі вокал багнаў, агромністае Карыбскае мора.

Уначы на Раство яны пайшлі ў кафедральны сабор на ўсяночную. Фэрміна заняла месца, дзе найлепш было чуваць лірычную музыку Флярэнтына Арысы, і паказала кузіне дакладнае месца, дзе аднойчы ў такую ж ноч яна ўпершыню ўбачыла зблізку яго спалоханыя вочы. Яны адважыліся і пайшлі без суправаджэння да Натарыяльнае брамы, набылі прысмакі, пабывалі каля незабыўнай канцылярскай крамы, і Фэрміна Даса паказала кузіне месца, дзе раптам адкрыла, што ейнае каханне — міраж. Яна сама не здагадвалася пра тое, што кожны крок з дома ў школу, кожнае месца ў горадзе, кожнае імгненне яе нядаўняга мінулага існавалі дзякуючы Флярэнтына Арысу. Ільдэбранда сказала ёй пра гэта, але яна не пагадзілася, бо ніколі б не замірылася з рэальнасцю, з тым, што Флярэнтына Арыса, добра гэта ці не, уяўляў сабою адзінае, што здарылася ў ейным жыцці.

Пад тыя дні нейкі бельгіец абсталяваў фотастудыю каля Натарыяльнае брамы, і кожны, хто мог заплаціць, карыстаўся аказіяй, каб замовіць свой партрэт. Фэрміна з Ільдэбрандай бы­лі сярод першых кліентаў. Яны напачатку перавярнулі ўсю шафу Фэрміны, падзялілі паміж сабою самую ўрачыстую вопратку, парасоны, выходныя чаравікі, капелюшы і пе­раапрануліся, рых­тык як дамы па пяцьдзясят гадоў. Гала Плясыдыя дапамагла ім зацягнуць гарсэты, навучыла хадзіць у крыналінавых сукенках з дротавым каркасам, надзяваць пальчаткі, зашнуроўваць чаравікі на высокіх абцасах. Ільдэбранда абрала шыракаполы капялюш са страусавым пе­р’ем, што спадала ёй на плечы. Фэрміна надзела капялюш не такога старога фасону, аздоблены бутафорскай садавіной і крыналінавымі кветкамі. Затым яны пасмяяліся як след перад люстэркам, пабачылі сябе ў ролі баб­цяў, якімі іх адлюстроўвалі на дагератыпах, і пайшлі, шчаслівыя, заліваючыся гучным смехам, здымацца. Гала Плясыдыя прасачыла з балкона, як яны з раскрытымі парасонамі перасякалі скверык, трымаючыся з апошніх сіл на абцасах і штурхаючы дротавыя каркасы сукенак целам, нібыта дзіцячыя хадункі, і блаславіла іх, — няхай Бог дапаможа з гэтымі партрэтамі.

Перад фотастудыяй бельгійца стаяў пошум, бо ён якраз зды­маў Бэні Сэнтэна, які напярэдадні выйграў чэмпіянат па бок­се ў Панаме. Ён стаяў у баксёрскіх шортах, у пальчатках і з чэмпіёнскай каронай на галаве. І не так проста было здымаць яго, бо паспрабуй прастаяць у позе атакі і не дыхаць на працягу хвіліны. А тут яшчэ, як толькі ён прымаў байцоўскую стойку, прыхільнікі ладзілі яму авацыю, і ён, не ў сілах стрымліваць сябе, пачынаў рухацца, нібыта на рынгу. Калі дайшла чарга да кузінаў, неба паспела зацягнуцца аблокамі, і дождж падступіў ушчыльную. Яны дазволілі прыпудрыць сабе твары крухмалам і сталі, так натуральна абапіраючыся на алебастравую калону, што здолелі заставацца нерухомымі нават болей, чым патрабавалася для фота. Партрэт аказаўся сапраўды незабыўным. Калі Ільдэбранда памерла ледзь не ў стогадовым веку ў родавым маёнтку Флёрэс-дэ-Марыя, там знайшлі адзін са здымкаў у замкнёнай на ключ шафе яе спальні, — партрэт быў схаваны сярод духмянай бялізны побач з лістом, які ўтрымліваў адну скамянелую думку, сцёртую гадамі, — усё пра таго ж недасяжнага каханага. Фэрміна Даса доўгія гады трымала свой партрэт на першай старонцы сямейнага альбома, скуль ён знік пры невядомых абставінах і апынуўся ў руках Флярэнтына Арысы цераз ланцуг неверагодных выпадковасцяў, калі ім было ўжо за шэсцьдзесят.

Пляц каля Натарыяльнае брамы быў перапоўнены ажно да балконаў, калі Фэрміна з Ільдэбрандай пакінулі фотастудыю бельгійца. Яны забыліся на тое, што твары ў іх прыпудраныя крухмалам, вусны нафарбаваныя памадай шакаладнага колеру, а іхная вопратка не адпавядала ні часу, ні эпосе. Натоўп на вуліцы сустрэў іх здзеклівым свістам. Іх загналі ў кут, яны дарэмна спрабавалі пазбегнуць публічнага сораму, калі раптам пад’ехала пралётка, запрэжаная гнядымі. Свіст спыніўся, варожа настроеныя людзі разышліся. У Ільдэбранды на ўсё жыццё засталося першае ўражанне пра чалавека, што з’явіўся на падножцы ў атласным цыліндры і расшытай золатам камізэльцы, з гожымі жэстамі і пяшчотай у вачах.

Хоць Ільдэбранда ніколі раней не бачыла доктара, яна адразу пазнала яго. Фэрміна Даса апавядала пра яго мімаходзь і без якога-кольвек інтарэсу. Неяк месяц таму яна не захацела прайсці перад домам маркіза дэ Касальдуэра, бо каля ўвахода стаяла вядомая пралётка. Тады яна распавяла, хто гаспадар пралёткі, і спрабавала патлумачыць кузіне прычыны сваёй антыпатыі да яго, але ні словам не прыгадала ягоныя заляцанні. Ільдэбранда забылася на гэта. Аднак, пазнаўшы яго, нібыта казачнага прынца, яна адразу адкінула блытаныя тлумачэнні Фэрміны.

— Сядайце, калі ласка, — сказаў доктар Хувэналь Урбіна. — Я адвязу вас, куды скажаце.

Фэрміна Даса спрабавала адмовіцца, але Ільдэбранда пры­няла прапанову. Доктар Хувэналь Урбіна спусціўся і кончыкамі пальцаў, ледзь датыкаючыся, дапамог ёй узняцца ў пралётку. Фэрміна ўзнялася ўслед за кузінай, і яе твар гарэў ад сораму.

Дом знаходзіўся за тры кварталы ад месца іх сустрэчы. Дзяўчаты не адразу здагадаліся, што доктар Урбіна дамовіўся з вознікам, хутчэй за ўсё, так і было, бо пралётцы на дарогу спатрэбілася больш за паўгадзіны. Яны ехалі на галоўным ся­дзенні, а ён — насупраць, спінай да фурмана. Фэрміна адвярнулася да акенца і замкнулася ў сабе. Ільдэбранда, наадварот, была зачараваная, а доктар Урбіна — яшчэ больш, але ўжо тым, што яго прапанова была прынятая. Як толькі пралётка зрушылася з месца, Ільдэбранда ўлавіла цёплы пах натуральнае скуры сядзення, адчула ўтульнасць абіўкі інтэр’ера і сказала, што гэта зусім неблагое месца і тут можна было б заставацца жыць. Неўзабаве яны ўжо смяяліся, абменьваліся жартамі, як даўнія знаёмыя, і дайшлі да дзіцячай гульні — устаўлялі паміж кожным складам слова яшчэ адзін вызначаны склад, і так нібы размаўлялі на нейкай варварскай мове. Яны рабілі выгляд, нібыта мяркуюць, што Фэрміна не разумее іх, хоць ведалі, што яна не толькі разумее, але яшчэ і напружана прыслухоўваецца. Праз некаторы час яны насмяяліся, і Ільдэбранда прызналася, што больш не здольная цярпець пакуты ад старамодных чаравікаў.

— Няма нічога прасцейшага, — адказаў доктар Урбіна. — Я, напэўна, таксама скіну свае, каб пазбавіць вас ад няёмкага становішча. Паглядзім толькі, хто хутчэй выслабаніцца.

Ён пачаў разбэрсваць матузкі сваіх ботаў, а Ільдэбранда прыняла выклік. Ёй было нялёгка, гарсэт са спіцамі не даваў нагнуцца, але доктар Урбіна знарок цягнуў, пакуль яна з пераможным смехам не дастала чаравікі з-пад сукенкі, нібыта вылавіла толькі што ў сажалцы. Тады абое зірнулі на Фэрміну і ўбачылі ейны дасканалы профіль івалгі, тонкі, як ніколі, у святле захаду сонца. Яна ўся кіпела з трох прычын: бязглуздае становішча, у якім яна апынулася, легкадумныя паводзіны Ільдэбранды і, нарэшце, упэўненасць, што пралётка кружляла на месцы, каб зацягнуць час. Аднак Ільдэбранда разышлася не на жарт.

— Цяпер я ўцяміла, — сказала яна, — мне заміналі не гэтыя чаравікі, а дротавая клетка.

Доктар Урбіна адразу здагадаўся — размова ішла пра каркас старажытнае вопраткі, і з лёту зразумеў, што трэба выкарыстаць і гэтую магчымасць.

— Няма нічога прасцейшага, — адказаў ён, — здыміце гэтую клетку.

Хуткім жэстам ілюзіяніста ён дастаў з кішэні насоўку і завязаў сабе вочы. — Я не гляджу.

Павязка падкрэслівала чысціню ягоных вуснаў паміж чорнай круглявай бародкай і вострымі вусамі. Ільдэбранда засмуцілася і ў паніцы кінула позірк на Фэрміну. Гэтым разам заўважыла на яе твары не злосць, а жах ад думкі, што кузіна здольная зняць спадніцу пры доктары. Ільдэбранда ўсхвалявана спытала на мове жэстаў: «Што рабіць?» Фэрміна Даса адказала тым жа чынам, што, маўляў, калі яны зараз жа не накіруюцца дамоў, яна саскочыць з пралёткі на хадзе.

— Я чакаю, — сказаў доктар.

— Можаце глядзець, — адказала Ільдэбранда.

Доктар Хувэналь Урбіна зняў павязку, прыкмеціўшы змены ў Ільдэбрандзіным настроі і ўцяміў, што гульня скончылася, прытым скончылася не найлепшым чынам. Ён падаў знак фурману, які адразу развярнуўся і заехаў у Евангельскі скверык, якраз калі ліхтарнік запальваў вулічныя ліхтары. Званы склікалі на вечаровую малітву. Ільдэбранда шпарка выйшла з пралёткі, прысаромленая тым, што засмуціла сястру, і развіталася з лекарам бесцырымонна, падаўшы яму руку. Фэрміна зрабіла гэтаксама, але калі паспрабавала выслабаніць руку ў атласнай пальчатцы, доктар Урбіна моцна сціснуў ейны безы­мянны палец, палец сэрца.

— Я ўсё яшчэ чакаю ад вас адказу, — шапнуў ён.

Тады Фэрміна пацягнула руку з сілай, і пальчатка засталася ў руцэ лекара, але яна і не падумала чакаць, калі ён яе верне. Дома, не павячэраўшы, Фэрміна легла спаць. Ільдэбранда, нібыта нічога не здарылася, увайшла ў спальню пасля вячэры на кухні з Галай Плясыдыяй і з натуральнай гуллівасцю загаманіла пра падзеі дня. Яна не хавала сваіх пачуццяў, выказвала захапленне доктарам Урбіна, яго элегантнасцю і абаяльнасцю, а тым часам Фэрміна, хоць не сказала ні слова, ледзь спраўлялася з хваляваннем. Надышоў момант, і Ільдэбранда прызналася: калі доктар Хувэналь Урбіна завязаў сабе вочы, і яна зірнула на бляск яго роўных зубоў і ружовыя вусны, дык адчула неадольнае жаданне кінуцца яго цалаваць. Фэрміна Даса адвярнулася да сцяны і паклала канец размове без намеру пакрыўдзіць кузіну, хутчэй, з усмешкай, але ад сэрца:

— Ну і курва ты!

Фэрміна спала ўрыўкамі і ў сне бачыла доктара Хувэналя Урбіна паўсюль: ён смяяўся, спяваў, сыпаў з зубоў сярністымі іскрамі, бо вочы былі завязаныя, ён здзекаваўся з яе на варварскай мове без вызначаных правілаў, іпрацягваў сваё катаванне ўжо ў іншым экіпажы, які вёз іх у бок могілак для бедных. Яна прачнулася на досвітку, знясіленая, і ўжо не заснула, а ляжала з расплюшчанымі вачыма і думала пра тыя незлічоныя гады, якія яшчэ давядзецца пражыць. Раніцой, пакуль Ільдэбранда мылася, яна паспешліва накрэмзала ліст, уклала яго ў канверт і да таго, як Ільдэбранда выйшла з ваннага пакоя, накіравала ліст доктару Хувэналю Урбіна праз Галу Плясыдыю. Гэта быў ліст у яе стылі, без адзінай лішняй літары, у якім яна напісала, што так, доктар, можаце пагутарыць з маім бацькам.

Калі Флярэнтына Арыса дазнаўся, што Фэрміна Даса бярэ шлюб з радавітым і багатым доктарам, які атрымаў адукацыю ў Еўропе і карыстаўся незвычайнай, як на ягоны век, рэпутацыяй, ён упаў у прастрацыю, і не было сілы, здольнай вывесці яго з гэтага стану. Трансыта Арыса рабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб суцешыць яго, калі заўважыла, што ён страціў мову і апетыт, душачыся ўначы слязьмі. Толькі праз тыдзень яна здолела накарміць яго. Тады яна звярнулася да дона Леона XII Ляайсы, адзінага з трох братоў, які яшчэ жыў на белым свеце; без тлумачэння прычын яна папрасіла яго ўладкаваць пляменніка на працу, каб той займаўся чым заўгодна ў параходнай кампаніі, абы толькі ў якім-небудзь порце, забытым у гушчарах ракі Магдалены, дзе не было б ні пошты, ні тэлеграфа, дзе ён не ўбачыў бы ніводнага чалавека, здольнага распавесці пра здарэнні ў гэтым нягодным горадзе. Дзядзька не ўладкаваў яго да сябе з павагі да братавай удавы, якая жахалася нават факта існавання пазашлюбнага сына ейнага мужа, але ўсё ж знайшоў яму працу тэлеграфіста ў Вілья-дэ-Лейвэ, санлівым мястэчку на вышыні трох тысяч метраў над роўнем вуліцы Вэнтанас, да якога трэба было плыць дваццаць дзён па рацэ.

Флярэнтына Арыса не надта ўсведамляў, што ад’язджае ў аздараўленчую вандроўку. Ён пазіраў на гэта праз туманныя акуляры свайго няшчасця. Атрымаўшы тэлеграму пра новую пасаду, ён нават не ўспрыняў яе ўсур’ёз, аднак Лятары Тугут упэўніў яго сваімі нямецкімі аргументамі ў тым, што яго чакае светлая будучыня на адміністрацыйнай службе. Тугут сказаў яму: «Тэлеграф — прафесія будучыні». І падараваў яму пару пальчатак, падбітых трусіным мехам, шапку на выпадак высакагорнае сцюжы і паліто, выпрабаванае студзеньскімі маразамі Баварыі. Дзядзька Леон XII дадаў яму два строі і пару гумовых ботаў, якія належалі старэйшаму брату, і ўручыў яму білет на спальнае месца ў каюце найбліжэйшага карабля. Трансыта Арыса перашыла вопратку пад сына, бо ён быў не такім мажным, як бацька, і ніжэйшым за немца ростам, купіла яму шкарпэткі з воўны і сподняе на зіму. Такім чынам, у яго было ўсё на суворыя ўмовы высакагор’я. Флярэнтына Арыса, які стаў жорсткім ад пакутаў, прысутнічаў пры зборах, як мог прысутнічаць нябожчык на ўласных хаўтурах. Ён нікому не сказаў пра свой ад’езд, ні з кім не развітаўся, наглуха замкнуўся, як тады, калі толькі адкрыў маці таямніцу нешчаслівага кахання, але напярэдадні вандроўкі Флярэнтына Арыса свядома паддаўся апошняму шалу свайго сэрца, што папросту магло каштаваць яму жыцця. Апоўначы ён апрануў выходны строй і адзін сыграў пад балконам Фэрміны Дасы складзены для яе вальс пра каханне, які ведалі толькі ён і яна: на працягу трох гадоў вальс быў іх сумесным сімвалам. Ён граў і шаптаў словы, абліваючы скрыпку слязьмі, і ягонае натхненне было такім, што за першымі акордамі забрахалі сабакі на той вуліцы, а потым і сабакі ўсяго горада, але яны паступова змоўклі, зачараваныя музыкай, і ён дайграў вальс у ненатуральнай цішыні. Ніхто не адчыніў балконнага акна, ніхто не зірнуў на вуліцу, нават вартаўнік, які заўсёды з’яўляўся з ліхтаром у руцэ, каб падзарабіць на чужым каханні. Учынак стаўся заклёнам, што прынёс палёгку Флярэнтына Арысу, калі ён паклаў скрыпку ў футарал і пайшоў мёртвымі вуліцамі, не аглядваючыся назад, ён ужо амаль забыўся, што ад’язджае наступнай раніцай, бо здаўна ў яго саспела гэтае неабарачальнае рашэнне — не вярнуцца сюды ніколі.

Адзін з трох аднолькавых караблёў Карыбскай параходнай кампаніі быў перайменаваны ў гонар заснавальніка фірмы і называўся «Пій V Ляайса». Гэта быў плыткі двухпавярховы дом на металічным каркасе, шырокі ды пляскаты, максімальная яго асадка складала пяць футаў, што дазваляла пераадолець мелі, якія падсоўвала зменлівае дно ракі. Найстарэйшыя караблі былі збудаваныя ў Цынцынаці ў сярэдзіне стагоддзя на ўзор легендарнай мадэлі тых, што курсавалі па Агаё і Місісіпі на двух бакавых колах, якія прыводзіліся ў рух катлом на дровах. Як і іхныя папярэднікі, караблі Карыбскай параходнай кампаніі мелі на ніжняй палубе, амаль на роўні вады, паравую машыну й кухні, а таксама вялізныя загоны для кур, дзе чальцы экіпажа вешалі свае гамакі, перакрыжаваныя на розных роўнях. На верхняй палубе знаходзіліся мосцік, каюты капітана і ягоных памочнікаў, зала адпачынку і ядальня, куды хоць аднойчы за рэйс запрашалі слынных пасажыраў павячэраць і пагуляць у карты. Паміж дзвюма палубамі была сярэдняя, з шасцю каютамі першага класа па баках ад агульнай ядальні, а ў насавой частцы — крытая палуба адпачынку з драўлянымі парэнчамі і металічнымі стойкамі, да якіх прывязвалі гамакі пасажыры агульнага класа. Але ў адрозненне ад старых караблёў, гэтыя не мелі рухавых лопасцяў па баках, а адно вялізнае кола з гарызантальнымі лопасцямі на карме пад душнымі прыбіральнямі пасажырскае палубы. Калі Флярэнтына Арыса ўзняўся на борт у адну з нядзеляў ліпеня а сёмай раніцы, у яго не было ніякага жадання агледзець карабель, як гэта ледзь не інстынктыўна рабілі пасажыры, якія плылі на караблі ўпершыню. Флярэнтына Арыса ўсвядоміў сваё новае становішча, толькі калі звечарэла і яны праплывалі ўздоўж сялібы Калямар. Ён прайшоў на карму, каб адліць, і ўгледзеў праз дзірку прыбіральні велізарнае драўлянае кола, якое круцілася пад ягонымі нагамі з вулка­нічным гулам пеністае вады і гарачай пары.

Дагэтуль Флярэнтына Арыса ніколі не выязджаў са свайго горада. Ён узяў бляшаны куфар з вопраткай для ўмоў высакагор’я, раманы з ілюстрацыямі, што выходзілі з працягам штомесяц, і ён іх сам пераплятаў у цвёрдую вокладку, а таксама зборнікі вершаў пра каханне. Гэтыя зборнікі былі настолькі зачытаныя, што вось-вось маглі рассыпацца ў пыл. Ён пакінуў скрыпку, бо яна надта атаясамлівалася з ягоным горам. Маці змусіла яго ўзяць з сабою ношу са спальнымі рэчамі, што ўлучала падушку, прасціну, ацынкаваны тазік і вязаны полаг ад маскітаў, і ўсё гэта было загорнутае ў цыноўку з дзвюма вяроўкамі, каб павесіць, як гамак, у непрадбачаным выпадку. Флярэнтына Арыса не хацеў вазіцца з ношкай: думаў, што ўсё гэта ніяк не спатрэбіцца ў каюце з нармальным ложкам, аднак у першую ж ноч у думках падзякаваў маці за дзівосную інтуіцыю. Насамрэч у апошнюю хвіліну на борт карабля ўзняўся пасажыр у фраку, які прыбыў на золку з Еўропы, і яго суправаджаў асабіста губернатар правінцыі. Пасажыр пажадаў, не адкладваючы, працягнуць вандроўку з жонкай, дачкой, лёкаем у ліўрэі ды сямю куфрамі з залачонай абіўкай, якія з цяжкасцю праходзілі па вузкіх карабельных лесвіцах. Капітан, волат з Курасао, здолеў закрануць патрыятычныя пачуцці крэолаў, каб уладкаваць нечаканых гасцей. Флярэнты­на Арысу ён патлумачыў на сумесі іспанскай і піджыну пап’ямэнта, што чалавек у фраку — новы паўнамоцны амбасадар з Англіі, які накіроўваецца ў сталіцу рэспублікі. Капітан нагадаў яму пра вырашальную ролю Злучанага Каралеўства ў справе здабычы незалежнасці ад іспанскага прыгнёту, і было відавочна, што ўсялякая ахвяра з боку патрыётаў будзе нішчымнай, толькі б годнае сямейства адчувала сябе ў нашым доме лепш, чым ва ўласным. Флярэнтына Арыса, вядома ж, адмовіўся ад свайго спальнага месца ў каюце.

Напачатку ён не шкадаваў пра гэта, бо рака пад тую пару года была шматводная, і карабель плыў без перашкодаў на працягу першых дзвюх начэй. Пасля вячэры, а шостай, матросы раздавалі пасажырам брызентавыя раскладушкі, і кожны ставіў сваю, дзе ўдавалася, слаў тое, што захапіў з дому, і ратаваўся полагам ад маскітаў. Раскладушак на ўсіх не хапала. У каго быў гамак, той вешаў яго ў салоне, а тыя, у каго нічога не было, начавалі на сталах у агульнай ядальні, ахінаючыся абрусамі, што мяняліся не больш, чым два разы за вандроўку. Флярэнтына Арыса большую частку ночы не спаў. Ён чуў пругкі пошум свежага рачнога брызу, і яму мроіўся голас Фэрміны Дасы, ён сілкаваў самоту ўспамінамі, чуў яе спевы ў подыху карабля, што рушыў скрозь туман крокамі вялізнага драпежніка, пакуль не з’яўляліся першыя ружовыя палосы на даляглядзе, і новы дзень раптам не выбухаў святлом над пустэльнымі пашамі і затуманенымі багнамі. Тады вандроўка здавалася яму яшчэ адным доказам мудрасці маці, ён адчуваў прыліў сіл і гатоўнасць неяк забыць мінулае.

Глыбакаводдзя хапіла на тры дні, далей навігацыя стала цяжкой праз пясчаныя мелі і ліхія віры, што ўзнікалі раптоўна. Рака замуцілася, усё больш звужалася, яе цясніла густая сэльва з вялізнымі дрэвамі, дзе толькі час ад часу трапляўся саламяны будан са складзенымі побач дровамі для карабельных катлоў. Тарабаршчына папугаяў і віскат нябачных малпаў нібы яшчэ больш павялічвалі паўдзённую спякоту. Але ўначы, калі трэба было спаць, карабель спынілі, і тады само жыццё здавалася нясцерпным катаваннем. Да спякоты і амерыканскіх маскітаў дадавалася выпрабаванне смуродам ад салёнага мяса, якое сушылася на парэнчах палубы. Бальшыня пасажыраў, і перадусім еўрапейцы, пакідалі смуродныя каюты і начамі шпацыравалі па адкрытай палубе, адганяючы розных інсектаў тымі ж ручнікамі, якімі выціралі няспынны пот, і на золку былі стомленыя ды апухлыя ад укусаў.

Апрача таго, у той год распачаўся яшчэ адзін эпізод бясконцай грамадзянскае вайны паміж лібераламі і кансерватарамі, і капітан прыняў суворыя меры засцярогі дзеля аховы парадку і бяспекі пасажыраў на караблі. Каб пазбегнуць памылак і правакацый, ён забараніў любімую ў вандроўках таго часу забаўку — стральбу па кайманах, што грэліся на сонцы на берагах ракі. Пазней, калі частка пасажыраў у выніку агульнай дыскусіі раздзялілася на два варожыя бакі, ён адабраў зброю ўва ўсіх і даў слова вярнуць яе напрыканцы вандроўкі. Ён быў непахісным нават у дачыненні да брытанскага амбасадара, які на золку другога дня з’явіўся на палубе ў вопратцы паляўнічага, узброены карабінам з аптычным прыцэлам і дубальтоўкай для палявання на тыграў. Абмежаванні сталі больш жорсткімі за портам Тэнэрыфэ, калі яны размінуліся з караблём пад жоўтым сцягам, які азначаў, што на борце былі хворыя на халеру. Капітан не атрымаў ніякай дадатковай інфармацыі, бо сустрэчны карабель не адказаў на ягоныя сігнальныя запыты. Але ў той жа дзень сустрэлі іншы карабель з грузам быдла для Ямайкі, і ягоны капітан перадаў, што на караблі пад халерным сцягам везлі двух хворых, а эпідэмія лютавала на ўчастку ракі, у які яны толькі ўвайшлі. Тады пасажырам забаранілі сыходзіць на бераг не толькі ў партах, але і ў бязлюдных мясцінах, куды яны падыходзілі загружацца дровамі. Так што за астатнія шэсць дзён вандроўкі пасажыры набылі турэмныя звычкі. Сярод іх — такую брыдкую, як разгляданне пакунка галандскіх парнаграфічных паштовак, што перадаваўся з рук у рукі. Ніхто не падазраваў нават, адкуль яны ўзяліся, хоць усе ветэраны навігацыі ведалі, што гэта была мізэрная частка з капітанавай калекцыі. Аднак гэтая забаўка, зрэшты, толькі падкрэслівала нуду.

Флярэнтына Арыса трываў цяжкасці вандроўкі з каменнай цярплівасцю, якая зазвычай прыводзіла ў адчай ягоную маці і раздражняла сяброў. За ўвесь шлях ён ні з кім не пагутарыў. Ён не нудзіўся, днямі седзячы каля парэнчаў палубы, скуль глядзеў на нерухомых кайманаў пад сонцам на беразе ракі, якія адкрывалі пашчу, каб лавіць матылькоў, бачыў чароды чапляў, якія раптам узляталі, зляканыя, над багнай, ламанцінаў, што кармілі сваіх малых вялізнымі цыцкамі і пужалі пасажыраў жаночым лямантам. За адзін дзень міма праплылі распухлыя і ззелянелыя рэшткі трох нябожчыкаў, на якіх сядзелі грыфы. Напачатку праплылі целы двух мужчынаў, адзін — без галавы, а пасля — рэшткі малое дзяўчынкі, ейныя валасы, бы медуза, калыхаліся ў кільватэрным струмені карабля. Як заўсёды, ніхто не ведаў, чые гэта ахвяры, халеры альбо вайны, але агідны смурод засціў нават Флярэнтынавы згадкі пра Фэрміну Дасу.

Заўсёды было так: усё, што б ні здарылася, добрае альбо дрэннае, было нейк звязанае з ёю. Уначы, калі карабель стаяў і бальшыня пасажыраў шпацыравала па палубах, ён перачытваў раманы пад святлом адзінай карбіднай лямпы, якая гарэла ў ядальні ажно да золку. І столькі разоў выпакутаваныя ім у думках драмы набывалі своеасаблівую чароўнасць, калі ён падмяняў прыдуманых аўтарам персанажаў знаёмымі з яго сапраўднага жыцця ды пакідаў за сабою і Фэрмінай Дасай ролі змагароў за каханне. Часам уначы ён пісаў ёй лісты адчаю, а потым ірваў іх і кідаў абрыўкі ў ваду, якая бясконца цякла ў бок горада, дзе яна засталася. Вось так ён пакутаваў у самыя жорсткія хвіліны — у абліччы засмучанага прынца альбо закаханага паладзіна, а часам — ва ўласнай скуры, абваранай кіпнем яе абыякавасці, пакуль не ўздымаўся першы перадзолкавы брыз, — тады ён сядаў у крэсла каля парэнчаў палубы і драмаў.

Аднойчы ўначы ён перарваў чытанне раней, чым заўсёды, і рассеяна накіраваўся да прыбіральні паўз пустую ядальню, калі наперадзе раптам адчыніліся дзверы, чыясьці рука каршуком схапіла яго за рукаў кашулі, уцягнула ў каюту і за­чыніла дзверы. У цемры ён ледзь паспеў адчуць голае цела. Жанчына няпэўных гадоў, моцна дыхаючы, нечакана кінула яго на ложак, адпусціла яму пас, расшпіліла ўсе гузікі, легла над ім, нібыта распятая, і бясслаўна пазбавіла яго цнатлівасці. Яны абое абрынуліся ў бездань, дзе, як на беразе мора, пахла крэветкамі. Яна крыху паляжала на ім, спрабуючы аддыхацца, і растварылася ў цемры.

— А зараз ідзіце і забудзьцеся на мяне, — сказала яна, — тут нічога не было.

Штурм быў такім імгненным і пераможным, што яго нельга было разумець як праяву раптоўнага шаленства ад нуды, гэта быў плён прадуманага да драбязы плана. Ухвальная ўпэў­ненасць распаліла ненажэрнае хваляванне Флярэнтына Арысы, які зрабіў важнае адкрыццё на вяршыні асалоды і не мог паверыць, адмаўляўся нават усвядоміць, што ілюзорнае каханне да Фэрміны Дасы магло быць замененае зямной жарсцю. Вось тады ён пажадаў зняць покрыў таямніцы і знайсці жанчыну, якая па-майстэрску згвалціла яго, у чыім інстынкце пантэры ён, магчыма, знайшоў бы сродак ад няшчасця. Але яму гэтага не ўдавалася. Наадварот, чым больш ён паглыбляў вышук, тым далей адчуваў сябе ад ісціны.

Ён стаўся яе ахвярай у апошняй каюце, але яна спалучалася з перадапошняй праходнымі дзвярыма, так што каюты ператвараліся ў сямейную спальню з чатырма ложкамі. Займалі каюты дзве маладыя кабеты і трэцяя, што выглядала выдатна, але была старэйшая за іх, а таксама немаўля, якому было некалькі месяцаў. Яны селі на карабель у Баранка-дэ-Лёбе, мясцовы порт абслугоўваў грузы і пасажыраў з Мампоксу[15] ад тае пары, як гэты горад застаўся ўбаку ад параходных маршрутаў з-за капрызаў ракі, і Флярэнтына Арыса тады звярнуў увагу на іх толькі таму, што яны неслі соннае немаўля ў вялізнай пту­шынай клетцы.

Яны былі апранутыя, як на наймаднейшых трансатлантычных караблях, з турнюрамі пад шаўковымі спадніцамі і карункавымі каўнярамі на старажытны лад. Насілі яны шырокаполыя капелюшы, аздобленыя крыналінавымі кветкамі, а маладыя кабеты пераапраналіся з ног да галавы колькі разоў на дзень, так што яны выпраменьвалі вясновую све­жасць, калі астатнія пасажыры задыхаліся ад спякоты. Усе тры спрыт­на карысталіся парасонамі і веерамі з пёраў, аднак мелі нейкія загадкавыя намеры, як усе жыхаркі Мампоксу тых часоў. Флярэнтына Арысу не ўдалося высветліць нават сваяцкіх сувязяў паміж імі, хоць, без сумневу, яны належалі да адной сям’і. Напачатку ён падумаў, што старэйшая магла б быць маці маладых, але потым здагадаўся, што розніца ў гадах была не такой і вялікай. Апрача таго, яна яшчэ насіла адзнакі жалобы, якой не падзялялі астатнія. Ён не ўяўляў, каб адна з іх магла наважыцца на такі адчайны ўчынак, калі астатнія спалі на суседніх ложках; адзіна лагічнае меркаванне таілася ў тым, што яна выкарыстала выпадковы альбо дамоўлены з імі момант і засталася адна ў каюце. Ён праверыў: часцяком дзве з іх дыхалі свежым паветрам на палубе да ночы, пакуль трэцяя прыглядала за дзіцём у каюце, але аднойчы ўначы пры невыноснай спякоце яны выйшлі разам, нават узялі соннае немаўля ў клетцы, ахінутай лёгкім полагам.

Нягледзячы на поўную нявызначанасць прыкмет, Флярэнтына Арыса паспяшаўся адкінуць меркаванне, што аўтаркай нападу была старэйшая з іх, і адразу зняў таксама віну з малодшай, самай гожай і, напэўна, дзёрзкай. Ён думаў так беспадстаўна, толькі таму, што пільнае віжаванне за імі падвяло яго да жарснага жадання, а не да ісціны, і ён вырашыў, што яго маланкавай палюбоўніцай была маці немаўляткі. Гэтая версія была такой прынаднай, што ён стаў думаць пра яе часцей, чым пра Фэрміну Дасу. Яго не турбаваў відавочны факт — маладая маці жыла толькі дзеля дзіцяці. Ёй было не больш за дваццаць пяць гадоў, і яна была ладнай ды светлай, даўгія партугальскія вейкі рабілі яе яшчэ больш далёкай, і ўсялякі мужчына быў бы шчаслівы нават ад драбніцы тае пяшчоты, з якой яна лашчыла сына. Ад самага сняданку да ночы яна займалася дзіцём у салоне, пакуль астатнія гулялі ў кітайскія шашкі, і як толькі ўдавалася ўлюляць яго, яна вешала клетку каля парэнчаў, на самым свежым месцы. Але яна не пакідала дзіця, нават калі яно спала, а гушкала клетку, ціха спяваючы дзявочыя песні, і яе думкі луналі ў аблоках. Флярэнтына Арыса ўхапіўся за саломінку ілюзорнае думкі, маўляў, рана ці позна яна мусіла выдаць сябе хоць бы адным жэстам. Ён сачыў за яе дыханнем па рухах медальёна над батыставай блузкай, разглядваў яе з-за стосу кніжак, якія нібыта збіраўся чытаць, і адважыўся перасесці ў ядальні на іншае месца, каб апынуцца насупраць яе. Аднак ён нічога не высветліў, не дазнаўся, ці валодае яна другою паловай ягонае таямніцы. Ад яе засталося толькі імя, і тое таму, што маладзейшая дзяўчына звярнулася да яе: Расальба.

Ішоў восьмы дзень падарожжа. Карабель з цяжкасцю прасоўваўся па вузкай ды мутнай цясніне паміж мармуровымі ўступамі і да абеду прышвартаваўся ў Пуэрта-Нарэ. Там мусілі высадзіцца пасажыры, якія накіроўваліся ўглыб Антыёцкай правінцыі, што найбольш пакутавала ад новай грама­дзянскай вайны. Порт складаўся з паўтузіна пальмавых хацін і харчовага склада з цынкавым дахам, а ахоўвалі яго некалькі патрулёў — босыя і кепска ўзброеныя салдаты, — бо прасачылася вестка пра намер паўстанцаў рабаваць мінаючыя караблі. За хаткамі да самых нябёсаў уздымаўся неадольны горны ланцуг з падковападобным карнізам, выбітым каля краю бездані. Ніхто на борце карабля не здолеў заснуць, аднак уначы нападу не было, і на золку людзі пачалі збірацца на нядзельны кірмаш — індзейцы гандлявалі амулетамі з какосавых пладоў і эліксірам кахання, вокал стаялі нагружаныя мулы, падрыхтаваныя да шасцідзённага пад’ёму ў архідэйныя сельвы цэнтральнага горнага ланцуга.

Флярэнтына Арыса глядзеў, як мурыны разгружалі карабель — яны выносілі на бераг кашы з кітайскаю парцалянай, раялі для старых дзевак з Энвігада, — і надта позна заўважыў, што сярод пасажыраў, што заставаліся, былі Расальба і яе спадарожніцы. Ён убачыў іх, калі жанчыны ўжо ад’язджалі ад порта верхам, седзячы ў сёдлах на адзін бок, у амазонскіх ботах і з парасонамі экватарыяльных колераў. Тады ён пайшоў на ўчынак, на які не асмельваўся ў папярэднія дні: памахаў Расальбе рукой на развітанне, і раптам усе тры жанчыны адказалі яму тым жа, прычым нейк па-свойску, і ў душы зашчыміла за надта познюю адвагу. Ён убачыў, як яны паварочвалі за складам, за імі ішлі мулы, нагружаныя куфрамі, скрынямі для капелюшоў, тамсама была і клетка немаўляці, а крыху пазней ён угледзеў, як яны караскаліся чародкай мурашак па краі бездані і знікалі з ягонага жыцця. Тады ён адчуў нясцерпную самоту, і ўспамін пра Фэрміну Дасу, які стаіўся апошнімі днямі, намёртва ўчапіўся ў яго.

Ён ведаў, што яна пойдзе пад шлюб у наступную суботу, што вяселле будзе шыкоўным, а чалавек, які больш за ўсё кахаў яе і будзе кахаць вечна, пазбаўлены нават права памерці за яе. Рэўнасць, якая да тае пары патанала ў слязах, завалодала ягонай душой. Ён маліў Бога, каб бліскавіца нябеснай справядлівасці пацэліла ў Фэрміну Дасу ў той час, калі яна паклянецца ў каханні і пакоры чалавеку, які бярэ яе як упрыгожанне ўласнага грамадскага становішча. Ён істэрычна ра­даваўся, уяўляючы, як нявеста — ягоная або нічыйная — упадзе тварам дагары на пліты кафедральнага сабора сярод белых кветак, зледзянелых ад расы смерці, а белапенны вэлюм раскінецца на мармуровых плітах, пад якімі былі пахаваныя перад галоўным алтаром чатырнаццаць біскупаў. Аднак, як толькі помста вычарпалася, ён горка каяўся, праклінаў сябе за злосць і ўяўляў, як Фэрміна Даса ўставала і дыхала роўна, чужая, але жывая, бо свет не мог існаваць без яе. Ён больш не спаў, і калі часам сядаў што-кольвек паесці, дык толькі таму, што яму мроілася, нібыта Фэрміна Даса сядзіць за сталом альбо насупраць, каб не галадаць разам з ёю. Часам ён суцяшаў сябе думкай, што на п’яным вяселлі альбо нават у шалёныя ночы мядовага месяца Фэрміна Даса перажыве імгненне, няхай толькі адно, адно дык напэўна, калі ў яе свядомасці з’явіцца прывід падманутага, зняважанага і апляванага жаніха — прывід, які азмрочыць ейнае шчасце.

Напярэдадні прыбыцця ў порт Караколі, канцавы пункт вандроўкі, капітан зладзіў традыцыйнае развітальнае свята з духавым аркестрам з чальцоў экіпажа і рознакаляровым феерверкам з капітанскага мосціка. Амбасадар Вялікабрыта­ніі перажыў адысею з узорнай вытрымкай, палюючы на жывёлу фотакамерай замест стрэльбы, і не было вячэры, калі б ён не з’яўляўся апрануты не па пратаколе. Але на развітальнае свята ён прыйшоў у шатландскай вопратцы клана Мактэйвіш, граў з асалодаю на валынцы і вучыў усіх, хто пажадаў, нацыянальным скокам, і недзе на золку яго давялося амаль што несці ў каюту. Флярэнтына Арыса, знясілены пакутамі, адышоў у самы аддалены кут палубы, куды не даходзіў шум гульбы, накінуўшы паліто Лятарыя Тугута, бо дрыжыкі прабіралі яго да касцей. Ён прачнуўся а пятай раніцы, як прачынаецца вырачаны на смерць на золку ў дзень пакарання, і ўсю суботу толькі й рабіў, што ўяўляў сабе кожную драбніцу вяселля Фэрміны Дасы. Пазней, вярнуўшыся дамоў, ён зразумеў, што пераблытаў час і ўсё было не так, як яму ўяўлялася, і яму нават хапіла пачуцця гумару, каб пасмяяцца са сваёй няўрымслівай фантазіі.

Аднак тая жарсная субота скончылася прыступам жару, ка­лі яму падалося, нібыта маладыя ўпотайкі збеглі праз патаем­ныя дзверы, каб паскорыць асалоду першае ночы. Хтосьці заўважыў, што ён увесь дрыжыць, і паведаміў капітану, а той тэрмінова з бартавым лекарам пакінуў гулянне, баючыся, што гэта халера, і лекар накіраваў Флярэнтына Арысу ў карантынную каюту, накачаўшы яго брамідамі. На наступны дзень, аднак, калі паказаўся стромкі бераг Караколі, жар спаў, да Арысы вярнуўся бадзёры настрой, бо ў зацьменні свядомасці, выкліканым заспакаяльнымі, ён вырашыў раз і назаўсёды, што пашле да д’ябла светлую будучыню тэлеграфа і вернецца гэтым самым караблём на сваю старую вуліцу Вэнтанас.

Было няцяжка дамовіцца, каб яго завезлі назад у знак па­дзякі за каюту, якую ён саступіў прадстаўніку каралевы Вікторыі. Хаця капітан таксама паспрабаваў разупэўніць яго, даво­дзячы, што телеграф — тэхніка будучыні. Да такой ступені, сказаў ён, што ўжо ствараюць адмысловую сістэму для караблёў. Аднак Флярэнтына Арыса не даў сябе ўгаварыць, і, нарэшце, капітан павёз яго, ды не так дзеля кампенсацыі за нескарыстаную каюту, як дзеля таго, што ведаў праўду пра Флярэнтынава дачыненне да Карыбскай параходнай кампаніі.

Зваротны шлях па рацэ ўніз заняў менш за шэсць дзён, і Флярэнтына Арыса адчуў сябе зноў дома, як толькі параход увайшоў на золку ў лагуну Міласэрнасці і ён угледзеў ланцужок агнёў з рыбацкіх каноэ, што калыхаліся на хвалях ад іхнага карабля. Яшчэ ў цемры яны кінулі якар за дзевяць марскіх ліг ад бухты ў лагуне Заблукалага Дзіцяці, якая была апошнім прыпынкам рачных параходаў, пакуль не прачысцілі драгамі дно былога іспанскага фарватэру. Пасажыры мусілі да шостай чакаць флатылію шлюпак, якія за грошы перапраўлялі на прычал. Але Флярэнтына Арыса быў так усхваляваны, што паплыў раней у паштовай лодцы, бо паштары прызналі ў ім свайго чалавека. Да таго, як пакінуць карабель, ён не ўстрымаўся ад сімвалічнага ўчынку — кінуў у ваду сваю ношку з пасцеллю і доўга сачыў за ёю: напачатку яна асвятлялася паходнямі рыбацкіх лодак, затым выплыла з лагуны і знікла ў акіяне. Флярэнтына Арыса верыў, што ношка тая не спатрэбіцца яму да скону, бо ён ніколі не з’едзе з горада Фэрміны Дасы.

Бухта на золку была ўвасабленнем спакою. Па-над туманам Флярэнтына Арыса ўбачыў купал кафедральнага сабора, пазалачоны першымі прамянямі сонца, галубятні на тэрасах, і, узяўшы іх за арыенцір, знайшоў балкон палаца маркіза Касальдуэры, дзе, як ён меркаваў, жанчына яго няшчасця яшчэ драмала, паклаўшы голаў на плячо спатоленага мужа. Гэтыя думкі ранілі душу, але ён не адганяў іх, а наадварот, атрымліваў асалоду ад болю. Сонца ўжо прыгравала, калі паштовая лодка праклала сабе шлях у лабірынце ветразнікаў, што стаялі на якары, дзе смурод ад гарадскога рынку змяшаўся ў адно з доннай цвіллю. Толькі што прыбыла шхуна з Рыёачы, і каманды грузчыкаў, стоячы па пояс у вадзе, прымалі пасажыраў з борта і неслі на руках да самага берага. Флярэнтына Арыса першым скочыў на зямлю з паштовай лодкі, і з тае пары больш не адчуваў смуроду бухты, а толькі непаўторны водар Фэрміны Дасы, дзе б ён ні быў у горадзе. Усё мела яе водар.

Ён не вярнуўся ў тэлеграфую кантору. Адзіным яго заняткам стала чытанне раманаў пра каханне і тамоў «Народнае бібліятэкі», якія маці працягвала набываць. Флярэнтына Арыса чытаў іх і перачытваў, лежачы ў гамаку, пакуль не вывучыў на памяць. Ён нават не спытаў, дзе скрыпка. Ён узнавіў кантакты з былымі прыяцелямі, часам гуляў у більярд альбо гутарыў з імі ў адкрытых кавярнях пад аркамі Кафедральнага пляца, але на суботнія танцы больш не хадзіў: не мог уявіць іх без яе.

У раніцу вяртання з няўдалай вандроўкі ён даведаўся, што Фэрміна Даса бавіць мядовы месяц у Еўропе, і яго агаломшанае сэрца нашэптвала яму, што яна застанецца жыць там, калі не назаўжды, дык на шмат гадоў. Гэтая ўпэўне­насць выклікала першыя водбліскі спадзеву на забыццё. Ён думаў пра Расальбу, і гэты ўспамін гарэў у душы ўсё мацней, сцішаючы ўсе астатнія. Якраз пад той час ён адпусціў даўгія вусы з напамаджанымі закручанымі кончыкамі, і не расстаўся з імі да скону, вусы нібыта змянілі не толькі яго знешнасць, але і манеры, а думка пра замену кахання штурхнула яго ў нечаканым кірунку. Паступова водар Фэрміны Дасы развейваўся і, нарэшце, застаўся адно што ў белых гардэніях.

Ён жыў без мэты, не ведаючы, якім чынам працягваць жыццё, як аднойчы ўначы падчас вайны знакамітая Назарэцкая ўдава прыбегла, зляканая, і схавалася ў матчыным доме, бо ейны дом быў зруйнаваны гарматным стрэлам, калі генерал паўстанцаў Рыкарда Гайтан Абэса распачаў аблогу горада. Трансыта Арыса адразу скарысталася з сітуацыі і накіравала ўдаву ў спальню да сына, маўляў, у ейным пакоі няма месца, а насамрэч са спадзевам на тое, што каханне іншага кшталту вылечыць сына. Флярэнтына Арыса ні з кім не спаў пасля таго, як страціў цнатлівасць з Расальбай у каюце караб­ля, і яму здалося натуральным, каб у такую страшэнную ноч удава спала на ложку, а ён — у гамаку. Аднак яна вырашыла за яго. Прысеўшы на край ложка, дзе Флярэнтына Арыса ляжаў і ламаў голаў, куды б яму падзецца, яна распавяла пра несуцешнае гора па мужы, які памёр тры гады таму, і адначасова здымала з сябе і раскідвала ўкола сваю ўдовіну вопратку, пакуль не засталася нават без вясельнага пярсцёнка. Яна зняла блузку з тафты, вышытую бісерам, і кінула яе праз пакой на крэсла ў кутку. Яна адным рухам зняла доўгую сукенку з фальбонкамі, атласны пас з падвязкамі і шаўковыя панчохі жалобнага колеру, раскідаўшы ўсё па падлозе так, што пакой ператварыўся ў сапраўдны музей жалобнай вопраткі. Яна рабіла гэта з такім размахам, з такімі добра адмеранымі перапынкамі, што кож­ны яе рух супадаў з гарматнымі залпамі войска паўстанцаў, ад якіх трэсся ўвесь горад. Флярэнтына Арыса паспрабаваў дапамагчы з зачэпкай станіка, але яна апярэдзіла яго, бо за пяць гадоў шлюбнай вернасці навучылася абыходзіцца сама ў любоўных справах, нават падчас прэлюдыі. Нарэшце яна сцягнула з сябе карункавыя панталоны, і ад спрытнага апошняга руху, як у плаўчыхі, яны леглі каля ейных ног.

Ёй было дваццаць восем, нараджала яна тройчы, але яе цела заставалася бы некранутым, як у дзяўчыны. Флярэнтына так ніколі й не зразумеў, як гэтая пакаянная вопратка магла схаваць няўрымслівую сілу незацуглянай маладой кабылкі, якая распранула яго, задыхаючыся ад уласнага запалу, чаго ніколі не дазваляла сабе з мужам, каб ён не ўважаў яе за крутлю. Тут жа яна паспрабавала адзіным прыступам спатоліць прагу ад жалобнага ўстрымання і доўгіх пяці гадоў бездакорнае шлюбнае вернасці. З таго моманту, як маці яе нарадзіла, і да гэтае ночы яна ніколі не ляжала побач ні з адным мужчынам, за выняткам нябожчыка мужа.

Яна не дазволіла сабе крывадушнага каяння. Наадварот. Вогненныя снарады бзычэлі над дахамі і не давалі спаць, таму яна да самага золку ўзгадвала добрым словам незабыўнага мужа, і толькі за адну здраду яна наракала на яго — за тое, што памёр адзін, не з ёю, — і яна даравала яму гэта, бо ніколі муж так не належаў ёй, як з тае пары, калі апынуўся ў забітай дванаццацю трохцалевымі цвікамі труне на глыбіні двух метраў пад зямлёю.

— Я шчаслівая, — сказала яна, — бо толькі цяпер я дакладна ведаю, дзе ён, калі яго няма дома.

Той ноччу яна скінула з сябе жалобу адным махам, без нудных пераходных перыядаў з блузкамі ў шэрую кветку, і жыццё падхапіла яе спевамі пра каханне ды пярэстай вопраткай з папугаямі ды матылькамі, і яна аддавалася ўсім, хто не ленаваўся папрасіць. Пасля шасцідзесяці трох дзён аблогі войска генерала Гайтана Абэса было разбітае, тады яна аднавіла зруйнаваны гарматным стрэлам дом і збудавала гожую тэрасу над берагавымі стромамі, каля якіх падчас шторму асабліва шалелі марскія хвалі. Гэта было яе любоўнае гняздо, так яна без дробкі іроніі называла тэрасу, дзе прымала толькі тых, хто быў ёй даспадобы, калі хацела і як хацела, ні ад каго не брала ані шэлегу, бо лічыла, што гэта мужчыны рабілі ёй ласку. Адно што ў выключных выпадках яна прымала які-небудзь падарунак, абы толькі не золата, і абстаўляла ўсё так, што ніхто не змог бы абвінаваціць яе ў непрыстойных паводзінах. Толькі аднойчы яна апынулася на мяжы публічнага скандалу. Тады прайшлі чуткі пра тое, што арцыбіскуп Дантэ дэ Люна памёр не выпадкова, з’еўшы порцыю атрутных грыбоў, а з’еў іх наўмысна, бо яна, маўляў, прыгразіла, што перарэжа сабе горла, калі ён не спыніць свае святатацкія заляцанні. Ніхто не спытаў яе, ці праўда гэта, ніколі больш яна не ўздымала гэтае тэмы, нічога яна не змяніла ў сваім жыцці. Коцячыся ад смеху, яна казала, што з’яўляецца адзінай вольнай жанчынай ва ўсёй правінцыі.

Назарэцкая ўдава заўжды прыходзіла на нячастыя сустрэ­чы з Флярэнтына Арысам, нават калі была дужа занятая, і не прэтэндавала на тое, каб кахаць альбо быць каханай, хоць штораз спадзявалася знайсці штосьці падобнае на каханне, але без праблем, якія спадарожнічалі каханню. Часам ён прыходзіў да яе дамоў, і ім падабалася сядзець разам на тэрасе, каб мора абдавала іх салёнай пенай, пакуль яны глядзелі на золак над светам каля далёкага гарызонту. Ён намагаўся навучыць яе тым рэчам, якія назіраў праз замочныя шчыліны ў матроскім гатэлі, а таксама пра якіх даведаўся праз тэарэтычныя настаўленні Лятарыя Тугута. Ён прывучыў яе не саромецца кахання, мяняць абрыдлую місіянерскую позу на позу марскога ровара, альбо куркі на верцяле, альбо чацвертаванага анёла, і яны ледзь не разбіліся ўшчэнт, калі лопнулі мацавальныя вяроўкі гамака, у якім яны спрабавалі прыдумаць штосьці новае. Але гэтыя заняткі не прыносілі плёну. Яна была адважнай вучаніцай, аднак была цалкам пазбаўленая здольнасці накіроўваць свае эратычныя фантазіі ў неабходнае рэчышча. Яна так і не ўцяміла, як можна сур’ёзна ставіцца да сэксуальных практыкаванняў, не ведала натхнення, яе аргазмы былі заўчаснымі і кволымі: адным словам, вартая жалю валтузня. Флярэнтына Арыса вельмі доўга жыў у падмане, упэўнены, што ён у яе адзін, і ёй была прыемная гэтая вера, пакуль аднойчы яна не загаварыла ў сне. Паступова, прыслухоўваючыся да ейнага мармытання, ён збіраў па фрагментах навігацыйную мапу яе сноў, каб плаваць сярод мноства выспаў яе патаемнага жыцця. Тады ён дазнаўся, што яна і не мела намеру выйсці за яго замуж, але адчувала сябе звязанай з ім бязмернай удзячнасцю за тое, што ён яе разбэсціў. Часцяком яна паўтарала:

— Я люблю цябе, бо ты зрабіў з мяне курву.

Папраўдзе, яна не была далёкая ад праўды. Флярэнтына Арыса пазбавіў яе цнатлівасці бязрадаснага шлюбу, больш шкоднага, чым прыродная цнота альбо ўдовіна ўстрыманне. Ад яго яна засвоіла, што ў ложку няма чаго саромецца, калі гэта падсілкоўвае каханне. І яшчэ тое, што сталася сэнсам яе жыцця: ён пераканаў яе, што чалавеку лёсам наканавана вызначаная колькасць жыццёвай энергіі, а не ажыццёўленая з уласнай ці чужой віны любоў губляецца назаўсёды. Ейная заслуга палягала ў тым, што яна зразумела яго літаральна. Флярэнтына Арыса думаў, што ведае яе лепш за ўсіх, і таму не мог уцяміць, скуль такі вялікі попыт на жанчыну з інфантыльным норавам, якая, да таго ж, у ложку няспынна жаліла­ся, як яна гаруе па мужу-нябожчыку. Ён знайшоў толькі адно тлумачэнне, якога ніхто не здолеў аспрэчыць: Назарэцкая ўдава назапасіла зашмат пяшчоты, што кампенсавала брак баявога запалу. Яны сталі сустракацца ўсё радзей з цягам таго, як яна пашырала кола палюбоўнікаў, а ён выведваў сваё, прагнучы пазбавіцца пакутаў у іншых разбітых сэрцах, і, нарэшце, яны забылі адно аднаго без болю.

Гэта была першая фізічная любоў Флярэнтына Арысы. Аднак замест таго, каб імкнуцца да трывалае сувязі, як марыла маці, абое скарысталіся момантам інакш: адштурхнуліся і ныр­нулі ў жыццё. Флярэнтына Арыса стварыў метады, якія здаваліся неверагоднымі для такога чалавека, як ён, замкнёнага ды хударлявага, ды, апрача таго, апранутага, як старасвецкі дзед. Але ён карыстаўся дзвюма перавагамі. Адна з іх — трапнае вока: ён адразу распазнаваў жанчыну, якая чакала яго, няхай сабе ў натоўпе, ён не зважаў на гэта, заляцаючыся да яе з асцярогай, бо ведаў, нішто не спрычыняе большага сораму і знявагі, чым адмова. Другой перавагай было тое, што распазнаныя трапным вокам жанчыны імгненна вызначалі яго як самотнага чалавека, якому бракуе любові, як вулічнага шукальніка кахання, які мог любіць іх бязмежна, з пакораю бітага сабакі, што нічога не прасіў, жанчыны нічога не чакалі ад яго і былі задаволеныя тым, што зрабілі яму прыемную ласку. Ён быў узброены толькі гэтым, з гэтай зброяй ён і ўступаў у гістарычныя баталіі, захоўваючы абсалютную таямніцу праз скрупулёзную шыфраваную рэгістрацыю ў сшытку, які адрозніваўся ад іншых сваім красамоўным назовам: «Яны». Першы запіс ён зрабіў пасля сустрэчы з Назарэцкай удавой. Цераз пяцьдзясят гадоў, калі Фэрміна Даса вызвалілася ад святых шлюбных абавязкаў, у яго назапасілася дваццаць пяць сшыткаў, якія ўтрымлівалі шэсцьсот дваццаць два запісы пра ўстойлівыя любоўныя прыгоды, і гэта без заліку мноства імгненных эпізодаў, якія не заслужылі і кароткага спагадлівага запісу.

Пасля шасці месяцаў неўтаймоўнай любові да Назарэцкай удавы сам Флярэнтына Арыса прыйшоў да высновы, што ён дасягнуў мэты — пазбыўся разбуральнае тугі па Фэрміне Дасе. Флярэнтына Арыса нават неаднойчы казаў пра гэта маці за тыя амаль два гады, што доўжылася вясельная вандроўка. Ён працягваў верыць у гэта з пачуццём бязмежнай свабоды, пакуль раптоўна не заўважыў каханай адной нешчаслівай нядзеляй без якога-кольвек прадчування ў сэрцы. Яна выхо­дзіла з кафедральнага сабора пасля імшы пад руку з мужам сярод ухвальных водгукаў новага асяроддзя і пад цікаўнымі позіркамі натоўпу. Тыя самыя высакародныя дамы, што напачатку зневажалі і кпілі з яе, як з бязроднае выскачкі, цяпер са скуры вылузваліся, каб яна адчувала сябе сваім чалавекам сярод іх, і проста п’янелі ад яе чараў. Яна прыняла становішча велікасвецкае жонкі з такой годнасцю, што Флярэнтына Арысу давялося на імгненне засяродзіцца, бо з першага погляду ён не пазнаў яе. Яна была іншай: манеры дарослай жанчыны, высокія абцасы, капялюш з вэлюмам і каляровым пяром якойсьці ўсходняй птушкі, — усё ў ёй было іншым і адначасна натуральным, нібыта такой яна нарадзілася. Ён знайшоў яе прыгожай і маладой, але далёкай ад яго, як ніколі, і не ўцяміў прычыны, пакуль не прасачыў лінію жывата пад шаўковай тунікай: яна была на шостым месяцы цяжарнасці. Аднак галоўнае ўражанне прынесла тое, што яны з мужам складалі цудоўную пару, абое трымаліся на людзях з лёгкасцю, нібыта плылі па-над рыфамі рэальнасці. Флярэнтына Арыса не адчуў рэўнасці ці злосці, а толькі глыбокую пагарду да сябе самога. Ён адчуў, што сам — бедны, брыдкі, нізкі і нягодны ні для яе, ні для любой іншай жанчыны на свеце.

Такім чынам, яна вярнулася. І вярнулася без аніводнай прычыны, каб скардзіцца на паварот лёсу, асабліва пасля та­го, як быў адолены цяжкі шлях першых гадоў сужыцця. І гэта было тым больш ухвальна таму, што яна дажыла да вясельнае ночы ў тумане цнатлівасці. Фэрміна Даса пачала губ­ляць яе падчас вандроўкі па роднай правінцыі з кузінай Ільдэбрандай. У Вальедупары яна, нарэшце, уцяміла, чаму пеўні ганяюцца за курамі, прысутнічала пры жорсткай злучцы аслоў, бачыла, як нараджаюцца цяляты, а яшчэ чула, як кузіны без сарамлівасці размаўлялі пра тое, якія пары ў вялізным сямействе яшчэ займаюцца любоўю, а якія калі і чаму перасталі, хоць працягвалі жыць разам. Вось тады яна зведала задавальненне ад любові ў самоце з дзіўным адчуваннем, што нібыта адкрывае тое, што інстынктыўна ведала заўжды. Напачатку ў пасцелі, стаіўшы подых, каб пра гэта не здагадваліся ў спальні, дзе начавалі з паўтузіна кузінаў, а затым — у дзве рукі, раскінуўшыся з распушчанымі валасамі на падлозе ваннага пакоя і выпальваючы пасля першыя тонкія цыгаркі. Яна заўжды займалася гэтым са згрызотамі сумлення, якія пакінулі яе толькі пасля шлюбу, і заўжды ўпотайкі, а ейныя кузіны выхваляліся не толькі тым, колькі разоў за дзень яны займаліся гэтым, а й дзяліліся, якою была форма і працягласць аргазмаў. Аднак, нягледзячы на чароўнасць тых пачатковых рытуалаў, яна працягвала ўпарта верыць, што страта цнатлівасці — гэта жудасная крывавая ахвяра.

Такім чынам, яе вяселле, адно з самых шумных пры канцы мінулага стагоддзя, мінулася для яе як пярэдадзень жаху. Адчай перад шлюбнай вандроўкай яна перажыла вастрэй за скандал у грамадстве праз шлюб з першым па рангу жаніхом тых гадоў. З тае пары, як падчас імшы ў кафедральным саборы было абвешчана пра іх шлюб, Фэрміна Даса зноў пачала атрымліваць ананімныя допісы, у якіх пагражалі смерцю, але амаль не заўважала іх, бо ўвесь жах, на які яна была здольная, засяродзіўся на немінучай перспектыве быць згвал­чанай. Гэта была слушная, хоць і міжвольная рэакцыя на ананімкі ў асяродку, звыклым схіляць галаву перад здзейсненымі фактамі. Так што ўсё, што было супраць яе, пераходзі­ла на ейны бок, калі стала вядомым, што вяселле адбудзецца і што гэта непазбежна. Яна прыкмеціла паступовыя змены ў стаўленні бледных жанчын, што пакутавалі ад артрытаў і крыўдаў, яны раптам пераконваліся ў марнасці ўласных фанабэрлівых інтрыг і з’яўляліся без папярэджання ў доме каля Евангельскага скверыка з перадвясельнымі падарункамі і кучай кулінарных рэцэптаў. Трансыта Арыса добра ведала той свет, хоць упершыню пакутавала з-за яго асабіста. Яна ведала, што яе кліенткі пачыналі прыходзіць да яе напярэдадні вялікіх святаў, і ласкава прасілі, каб яна адкапала свае збаны і выдала ім закладзеныя каштоўнасці ўсяго на дваццаць чатыры гадзіны за дадатковыя працэнты. Аднак даўно такога не здаралася. Збаны пусцелі адзін за адным, і дамы з доўгімі арыстакратычнымі прозвішчамі пакідалі свае змрочныя церамы, каб вярнуцца ў бляску ўласных, але закладзеных каштоўнасцяў, бо былі запрошаныя на самае слыннае вяселле канца стагоддзя. Самай галоўнай навіной было тое, што пасаджаным бацькам меўся стаць доктар Рафаэль Нуньес, тройчы абраны прэзідэнт рэспублікі, філосаф, паэт і аўтар тэксту нацыянальнага гімна, як пра яго можна было прачытаць на старонках новых энцыклапедый. Фэрміна Даса падышла да алтара пад руку з бацькам, якому ўрачысты гарнітур надаў на адзін дзень зманліва рэспектабельны выгляд. Яна пайшла пад вянец навечна перад галоўным алтаром кафедральнага сабора на імшы, якую правілі тры біскупы аб адзінаццатай раніцы ў пятніцу перад Сёмухай, пайшла без адзінае думкі пра Флярэнтына Арысу, які ў той час пакутаваў ад жару, паміраючы праз яе, бо так і не здолеў дасягнуць забыцця. Падчас цырымоніі і потым, на вяселлі, яна захоўвала ўсмешку, нібыта намаляваную свінцовымі бяліламі, у якой не было і ценю душэўнай радасці, што некаторыя госці зразумелі як кплі­вы выраз перамогі. Насамрэч гэта быў бездапаможны спосаб, як схаваць жах перад тым, што чакае толькі што пашлюбаваную дзяўчыну. На шчасце, нечаканыя абставіны ды разуменне з боку мужа дазволілі ёй правесці першыя тры ночы без болю. Лёс быў літасцівы да яе. Камандзір карабля Генеральнай Трансатлантычнай кампаніі, выбітага з графіку дрэнным надвор’ем у Карыбскім моры, толькі за тры дні абвясціў, што паскарае адплыццё на дваццаць чатыры гадзіны. Так што яны адплывалі ў Ля-Рашэль не на наступны дзень пасля вяселля, як было прадугледжана за шэсць месяцаў, а ў святочную ноч. Усе госці паверылі, што паскоранае адплыццё — усяго толькі адна з мноства экстравагантных неспадзяванак слыннага вяселля, бо свята завершылася апоўначы на борце трансатлантычнага карабля пры поўнай ілюмінацыі, з венскім аркестрам, які выконваў у часе вандроўкі найноўшыя вальсы Ёгана Штрауса. Вось і некаторых гасцей, што перабралі шампанскага, пацягнулі да пірса раззлаваныя жонкі, калі яны пачалі распытваць афіцыянтаў, ці няма вольных кают, каб гульнуць да самага Парыжа. Апошнім выса­дзіўся Лярэнса Даса ў разадраным фраку. Ён плакаў на ўвесь голас, як арабы аплакваюць сваіх нябожчыкаў, седзячы каля партовых тавернаў проста пасярод вуліцы ў вялізнай смуроднай лужыне, якая магла б быць лужынай ягоных слёз.

Hi ў першую, штармавую, ноч, ні ў наступныя, ужо пры ціхім моры, ні калі-небудзь пазней за вельмі доўгае шлюбнае жыццё Фэрміны Дасы, не здарылася тых брыдкіх рэчаў, якіх яна баялася. Першая ноч, нягледзячы на памеры карабля і раскошу каюты, сталася жахлівым паўторам ночы на шхуне з Рыёачы, і муж выявіўся паслужлівым доктарам — ён неспаў ні хвіліны, суцяшаючы яе, бо толькі гэта мог зрабіць знакаміты лекар супраць марской гойданкі. Але шторм сціх на трэці дзень, калі прайшлі порт Гуайра, і ўжо тады яны правялі столькі часу разам у бясконцых размовах, што адчулі сябе старымі сябрамі. На чацвёртую ноч, калі яны рыхтаваліся да сну, доктар Хувэналь Урбіна быў здзіўлены, заўважыўшы, што маладая жонка не памалілася. Яна адказала шчыра: кры­вадушнасць мнішак адвярнула яе ад царкоўных абрадаў, але вера яе непераможная і яна навучылася верыць моўчкі. І дадала: «Лепш разумецца з Богам непасрэдна». Ён прыняў ейныя аргументы, і з тае пары абое верылі кожны па-свойму. Жаніханне было нядоўгім, але даволі нефармальным для таго часу, бо доктар Урбіна наведваў яе дома, без трэціх асоб і ўсялякі раз увечары. Яна б не дазволіла яму дакрануцца да яе нават пальцам да блаславення біскупа, але ён і не спрабаваў. Менавіта ў першую ноч пры спакойным моры, ужо ў ложку, ён упершыню пачаў лашчыць яе, і так далікатна, што ёй здалося натуральным ягонае жаданне, каб яна апранула начную кашулю. Яна накіравалася ў прыбіральню, але папярэдне згасіла святло ў каюце, а калі выйшла ў начной кашулі, дык спярша заткнула шчыліну ў дзвярах анучамі й пайшла да ложка ў суцэльнай цемры. І пакуль ішла, сказала жартам:

— Чаго ж ты хочаш, доктар. Я ж упершыню кладуся з незнаёмым мужчынам.

Доктар Хувэналь Урбіна адчуў, як яна асцярожна слізганула каля яго, спрабуючы легчы як мага далей на вузкі каютны ложак, дзе дваім цяжка было абысціся без дотыкаў. Ён узяў яе за руку, халодную і напружаную ад жаху, сплёў з ёю пальцы і амаль шэптам распавёў успаміны пра іншыя марскія вандроўкі. Яна зноўку сціснулася, бо ўцяміла, кладучыся, што ён распрануўся нагола, пакуль яна пераапраналася ў прыбіральні. І гэта адрадзіла ейны страх перад наступным крокам. Аднак наступны крок затрымаўся на некалькі гадзін — доктар Урбіна працягваў ціхую гамонку, дабіваючыся даверу яе цела міліметр за міліметрам. Ён апавядаў пра Парыж, пра парыжскіх закаханых, што цалаваліся проста на вуліцы, у амнібусах, на тэрасах кавярняў пад адкрытым небам, і пра сентыментальныя акардэоны парыжскага лета, і пра тых, хто любіўся, стоячы на набярэжных Сены, — і ніхто ім не замінаў. Ён гаманіў у цемры і лашчыў кончыкамі пальцаў выгін шыі, шаўковы пушок рук, ухілісты жывот, і калі адчуў, што яе напруга спала, упершыню паспрабаваў узняць начную кашулю, але яна заўпарцілася і не дазволіла. Сказала: «Я ўмею распранацца сама». Яна сапраўды скінула з сябе кашулю і потым засталася ляжаць нерухома. Доктар Урбіна нават паверыў бы, што яе няма побач, калі б не жар дзявочага цела ў цемры.

Крыху пазней ён зноў узяў яе за руку і адчуў яе цеплыню і разняволенасць, але яшчэ вільготную, нібы ад пяшчотнае расы. Вось так праляжалі трошкі, моўчкі, у спакоі, ён — чакаючы моманту для наступнага кроку, і яна таксама, не ведаючы, скуль чакаць, пакуль цемра не напоўнілася яго ўсё больш напружаным подыхам. Ён раптам выслабаніў ейную руку і рэз­ка адхінуўся: паслініў сярэдні палец і нечакана ледзь-ледзь прылашчыў смочкі. Яна адчула смяротны разрад, быццам бы ён зачапіў аголены нерв. Яна ўзрадавалася цемры, праз якую ён не ўгледзеў, што яна ўспыхнула гарачым сорамам, які ўзру­шыў яе да карэньчыкаў валасоў. «Супакойся, — шапнуў ён вельмі ўпэўнена. — Не забывай, што я іх ведаю». І адчуў, што яна ўсміхнулася, голас стаў зноў пяшчотным у змроку каюты.

— Дзе ж тут забудзешся, — адказала яна, — я дасюль злую на цябе.

Тады доктар Хувэналь Урбіна зразумеў, што яны разам нібыта абмінулі мыс Добрай Надзеі, ён зноўку ўзяў яе мяккую руку і стаў пакрываць лёгкімі пацалункамі: напачатку тугое запясце, доўгія пальцы прадракальніцы, празрыстыя пазногці, а потым — іерогліфы яе лёсу на потнай далоні. Яна сама не ведала, як яе рука апынулася на ягоных грудзях і натрапіла на штосьці, але не магла ўцяміць, што. Ён сказаў ёй: «Гэ­та ладанка». Яна пачала лашчыць ягоныя валасатыя грудзі, потым схапіла зарасці рукой, нібыта хацела вырваць іх. «Мацней», — прапанаваў ён. Яна спрабавала, хоць усведамляла, што не здолее раніць яго, а затым ейная рука ўжо шукала ягоную, нябачную ў цемры. Але ён не даў ёй сплесці пальцы, а ўзяў яе за запясце і павёў яе руку ўздоўж свайго цела з няўважнай, але кіруючай сілай, пакуль яна не адчула гарачы подых драпежніка, невядомага, але жарснага ў сваёй напрузе. Насуперак таму, што ён меркаваў і што Фэрміна сама магла прадбачыць, яна не адвяла руку і не пакінула яе інертна там, дзе ён яе паклаў. Імгненна яна даверыла сябе душой і целам Святой Дзеве, сціснула зубы, баючыся смеху ад уласнага шаленства, і пачала абмацваць ворага, што стаяў дыбам, спазнаючы яго памеры, моц камля, размах крылаў, лякаючыся яго рашучасці, але спачуваючы яго самоце. Яна пранікала ў падрабязнасці з прагнай цікаўнасцю, якую чалавек з меншым досведам, чым яе муж, мог бы ўспрыняць як ласку. Ён сабраў апошнія сілы, каб вытрываць нясцерпнае выпрабаванне, але раптам яна кінула яго, як дзіця — нялюбую цацку, нібыта штосьці непатрэбнае — у смецце.

— Ніяк не магу ўцяміць, як дзейнічае гэтая штука, — сказала яна.

Тады ён растлумачыў ёй, метадычна і сур’ёзна, як настаўнік, і вёў ейную руку па месцах, якія называў, а яна дазваляла яму рабіць гэта з пакораю ўзорнай школьніцы. У дарэчны момант ён падказаў, што ўсё гэта лягчэй засвойваецца пры святле. Ён ужо хацеў запаліць яго, але яна спыніла: «Я лепш бачу рукамі». Насамрэч яна хацела запаліць святло, але прагнула зрабіць гэта сама. Так яна і зрабіла. Ён убачыў, што яна ляжыць у позе эмбрыёна, ахінутая прасцінай. Але яна зноў без сораму, з цікаўнасцю ўзяла драпежніка, павярнула яго так і гэтак, як даследчык, і зрабіла выснову: «Які ён брыдкі, больш брыдкі, чым у жанчын». Ён пагадзіўся з ёю і ўказаў на іншыя непрыемныя абставіны, больш важкія, чым брыдкі выгляд. Ён сказаў ёй: «Гэта — нібы старэйшы сын: усё жыццё працуеш на яго, усім ахвяруеш дзеля яго, а ў вырашальны момант ён паступае так, як яму заманецца». Яна яшчэ разглядвала яго, пытаючыся, навошта гэта ды тое, а потым, калі вырашыла, што ўжо ўсё ведае, прыкінула рукамі вагу, быццам бы даво­дзячы сама сабе, што і вагою гэта нішчымная штука, і кінула яго са зневажальным жэстам.

— Да таго ж, мне здаецца, што тут шмат лішняга, — дадала яна.

Ён зірнуў на яе разгублена. Менавіта такой была тэма яго дысертацыі — мэтазгоднасць спрашчэння чалавечага ар­га­ніз­ма. Ён, арганізм, здаваўся яму архаічным, меў шмат бяздумных альбо дубляжных функцый, якія былі патрэбныя ў бы­лыя эпохі жыцця людскога роду, але не цяпер. Так, цела магло быць больш простым і менавіта таму — менш даступным. Ён зрабіў выснову: «На гэта, зразумела, здольны толькі Бог, аднак, так ці інакш, было б карысна абгрунтаваць гэта тэарэтычна». Яна весела засмяялася, ды так натуральна, што ён скарыстаўся выпадкам, — абняў яе і ўпершыню пацалаваў у вусны. Яна адказала яму, і ён не спыніўся, пяшчотна цалаваў ейныя шчокі, нос, павекі, рука, тым часам, слізганула пад прасцінаю і знайшла круглы і гладкі, нібыта ў японкі, узгорак. Яна не адвяла руку, але трымала сваю напагатове, каб адбіць, на ўсялякі выпадак, іншы, наступны крок.

— Нешта зацягнулася твая лекцыя па медыцыне, — сказала яна.

— Слушна, — адказаў ён. — Зараз будзе лекцыя любові.

Ён сцягнуў з яе прасціну, і яна не толькі не супрацівілася, але і адкінула яе далей ад ложка шпаркім зрухам нагі, бо спякота была нясцерпнай. Яе цела, акруглае і пругкае, было нашмат прыгажэйшым, чым гэта здавалася ў вопратцы, яно мела спецыфічны водар горнага звера, што дазваляў пазнаць яе сярод усіх жанчын свету. Безабаронная пад моцным святлом, яна адчула хвалю гарачай крыві, што ўдарыла ў твар, і адзінае, што ёй прыйшло да галавы і дазваляла схаваць гэта ад мужа, было павіснуць у яго на шыі ды цалаваць яго аддана і моцна, пакуль хапала паветра.

Ён ведаў, што не кахае яе. Ажаніўся, бо яму былі даспадобы яе ганарлівасць, сур’ёзнасць, моц, і яшчэ з-за долі фанабэрыі ў ім самім. Але калі яна ўпершыню пацалавала яго, ён быў пэўны, што наперадзе не будзе ніякіх перашкодаў, і можна будзе будаваць моцнае каханне. Яны не гаварылі пра гэта ў тую першую ноч, хоць пра шмат чаго гаманілі ажно да золку. Уласна кажучы, ніколі пра гэта не гаварылі. Але час паказаў, што яны не памыліліся.

Калі яны на світанні заснулі, яна яшчэ была цнатлівай, але цяпер ненадоўга. Насамрэч, наступнай ноччу, пасля та­го, як ён навучыў яе танчыць венскія вальсы пад зорным небам Карыбскага мора, ён пайшоў у прыбіральню пасля яе, а калі вярнуўся ў каюту, убачыў, што яна чакае яго ў ложку аголеная. Тады яна ўзяла ініцыятыву на сябе і аддалася яму без жаху і болю, з радасцю ад прыгоды ў адкрытым моры і не большымі адзнакамі крывавага абраду, чым ружа гонару на прасціне. Яны любіліся цудоўна, так было і ўначы, і ўдзень, усё лепш ды лепш, так што да прыбыцця ў Ля-Рашэль паміж імі ўсталявалася разуменне, нібыта яны былі даўнімі каханкамі. Прабылі яны ў Еўропе шаснаццаць месяцаў, жылі ў Парыжы і рабілі кароткія вандроўкі ў суседнія краіны. Увесь гэты час яны аддаваліся любоўным асалодам штодня, а часцей — зімовымі нядзельнымі днямі, калі заставаліся ў ложку да абеду. Ён быў мужчынам моцнага тэмпераменту, да таго ж, фізічна натрэніраваным, а яна не была створана для таго, каб хто-кольвек апярэдзіў яе, так што ім давялося раздзяліць лідарства і ў ложку. Пасля трох месяцаў гарачай любові ён западозрыў, што хтосьці з іх няплодны, і яны абое прайшлі дэталёвае абследаванне ў клініцы Сальпэтрыэр, дзе ён колісь праходзіў інтэрнатуру. Абследаванне было надзвычай пільным, але цалкам бясплённым. Аднак, калі яны менш за ўсё таго ча­калі, і без усялякага пасярэдніцтва навукі, адбыўся цуд. Напрыканцы наступнага года, калі яны вярталіся дамоў, Фэрміна Даса была на шостым месяцы цяжарнасці і ўважала сябе самай шчаслівай жанчынай на свеце. Сын, якога яны так жадалі, нарадзіўся без ускладненняў пад знакам Вадаліва, і яго назвалі імем дзядулі, які памёр ад халеры.

Немажліва было дакладна вызначыць, ці то Еўропа, ці то каханне змянілі іх, бо абедзве рэчы супалі па часе. Адбыліся глыбокія змены не толькі ў дачыненні адно да аднаго, але і ў дачыненні да ўсяго, і гэта адчуў Флярэнтына Арыса, калі ўбачыў іх каля выхаду з сабора праз два тыдні пасля вяртання, у тую нядзелю ягонага няшчасця. Яны прыехалі з новай канцэпцыяй жыцця, перапоўненыя заморскімі ведамі і гатовыя камандаваць парадам у грамадстве. Ён — з навінкамі літаратуры, музыкі і, галоўнае, навукі. Прывёз падпіску на Le Figaro, каб не губляць сувязі з рэчаіснасцю, а таксама на Revue des Mondes, каб не губляць сувязі з паэзіяй. Апрача таго, ён дамовіўся са сваім парыжскім бібліятэкарам, што бу­дзе атрымліваць кніжкі самых чытаных пісьменнікаў. Сярод іх былі Анатоль Франс і П’ер Ляці і найбольш любыя яму Рэмі дэ Гурмон і Поль Буржэ, але ні ў якім разе не Эміль Заля. Ён цярпець не мог Заля, нягледзячы на яго адважны выступ на працэсе Дрэйфуса. Сам кнігар узяўся дасылаць яму па пошце найбольш грунтоўныя партытуры, якія з’явяцца ў каталогу фірмы Рыкордзі, галоўным чынам — камернай музыкі, каб ён пераняў заваяваную бацькам славу быць першым у горадзе арганізатарам канцэртаў.

Фэрміна Даса, якая негатыўна ставілася да сляпога пераймання моды, прывезла шэсць куфраў са строямі для розных сезонаў, бо яе не вабілі рэчы знакамітых марак. Пасярод зімы яна з’ездзіла ў Цюільры на прагляд калекцыі Уорта, гэтага тырана высокай моды, і адзінае, што прывезла адтуль, — бранхіт, пасля чаго пяць дзён не ўздымалася з ложка. Ляфэр’ер здаваўся ёй менш прэтэнцыёзным і саманадзейным, але яна мудра вырашыла аббегчы крамы распродажаў, хоць пераляканы муж кляўся, што там прадаюць рэчы нябожчыкаў. Яшчэ яна накупляла шмат італьянскіх чаравікаў без маркі, аддаючы ім перавагу перад экстравагантным абуткам ад Фэры, і яшчэ набыла чырвоны, як полымя апраметнай, парасон ад Дзюпуі, які даў багата матэрыялу для абсмоктвання рэпарцёрам з раздзела свецкае хронікі. Яна набыла толькі адзін капялюш ад мадам Рэбу, але затое запоўніла цэлы куфар гронкамі штучных вішань, галінкамі ўсялякіх пільсцёвых кветак, звязкамі стравусіных пёраў, хвастамі паўлінаў і азіяцкіх пеўняў, фазанаў і калібры, муляжамі экзатычных птушак, якія застылі на ляту альбо ў момант спеву ці агоніі, — адным словам, усімі рэчамі, якія на працягу наступных дваццаці гадоў былі патрэбныя для таго, каб адныя і тыя ж капелюшы здаваліся рознымі. Яна прывезла калекцыю веераў з розных краін і адзін адметны веер, прыдатны на ўсе выпадкі жыцця. Прывезла ўзрушальную эсенцыю, абраную сярод шмат якіх іншых у парфумерыі Bazar de la Charite да таго, як веснавыя вятры разнеслі попел пагарэлага будынка, але карысталася ёю толькі аднойчы, бо, змяніўшы пах, яна не пазнавала саму сябе. Яна таксама набыла касметычны набор, апошнюю навінку на рынку спакусы, і стала першай жанчынай, якая карысталася ім на святочных вечарынах, калі проста прыпудрыцца на людзях разглядалася як непрыстойнасць.

Акрамя ўсяго, яны прывезлі тры незабыўныя ўспаміны: пра беспрэцэдэнтную прэм’еру «Казак Гофмана» ў Парыжы, пра жахлівы пажар, што знішчыў усе венецыянскія гандолы насупраць пляца Святога Марка, — яны з болем у сэрцы назіралі яго праз акно гатэля, і пра імгненную сустрэчу з Оскарам Уайлдам пад першым студзеньскім снегападам. Але сярод гэтых ды іншых успамінаў доктар Хувэналь Урбіна захаваў адзін і заўсёды шкадаваў, што не раздзяліў яго з жонкаю, бо ўспамін адносіўся да часоў халасцяцкага студэнцтва ў Парыжы. Гэта быў успамін пра Віктора Гюго, які карыстаўся кранальнай славай. Пагаворвалі (хоць гэтага ніхто не чуў), быццам пісьменнік сказаў, што нашая канстытуцыя — для краіны, дзе жывуць не людзі, а анёлы. З тае пары ён стаўся прадметам асаблівага культу, і бальшыня шматлікіх суайчыннікаў доктара, якія ездзілі ў Францыю, са скуры лезлі, толькі б пабачыць яго. З паўтузін студэнтаў, сярод якіх быў Хувэналь Урбіна, падчэквалі пісьменніка насупраць ягонай рэзідэнцыі на авеню Эйлё, у кавярнях, дзе, па чутках, ён абавязкова мусіў з’явіцца, але так і не з’явіўся, і яны пісьмова папрасілі, нарэшце, асабістай аўдыенцыі ад імя анёлаў Рыёнеграўскай Канстытуцыі. Адказу яны так і не атрымалі. Аднойчы ўдзень Хувэналь Урбіна праходзіў каля Люксембурскага саду і ўгле­дзеў яго — ён выходзіў з Сената з маладой жанчынай, якая вяла яго пад руку. Ён быў зусім стары, з цяжкасцю перасоўваўся, валасы і барада не былі такімі бліскучымі, як на партрэтах, і апрануты ён быў у паліто, быццам бы з чужога, больш мажнага пляча. Хувэналь Урбіна не хацеў псаваць незабыўнае ўражанне дзёрзкім вітаннем: таго ледзь не ірэальнага спаткання хапіла яму на ўсё астатняе жыццё. Калі доктар апынуўся ў Парыжы пасля вяселля і мог бы сустрэцца з пісьменнікам, Віктора Гюго ўжо не было сярод жывых.

Хувэналь і Фэрміна суцешыліся тым, што прывезлі сумесны ўспамін пра снежны вечар, калі іх заінтрыгавала група людзей, што стаяла насуперак непагодзе каля маленькай кнігарні на бульвары Капуцынаў, — выявілася, што ў краме знаходзіўся Оскар Уайлд. Калі, зрэшты, ён выйшаў з падкрэсленай элегантнасцю, людзі акружылі яго і сталі прасіць аўтографы, падсоўваючы аўтару яго кнігі. Доктар Урбіна спыніўся, каб проста паглядзець, аднак яго імпульсіўная жонка схацела перайсці вуліцу і атрымаць аўтограф на тым, што, як ёй здалося, падыходзіла замест кнігі: на выдатнай пальчатцы са скуры газелі, доўгай, гладкай, мяккай, аднаго колеру са скурай маладой пашлюбёнкі. Яна была ўпэўненая, што такі вытанчаны чалавек ацэніць жэст. Але муж рашуча запярэчыў, і, калі яна ўсё ж паспрабавала гэта зрабіць, не звяртаючы ўвагі на яго довады, ён адчуў, што не перажыве падобнага сораму.

— Калі ты толькі пяройдзеш вуліцу, — сказаў ён, — дык, вярнуўшыся, знойдзеш мяне мёртвым.

Такімі былі яе натуральныя паводзіны. Мінула менш за год пасля шлюбу, і яна ўжо паводзіла сябе ў свеце са спрытам, з якім яшчэ дзяўчынкай царавала ў глухой глыбінцы Сан-­Хуан-дэ-ля-Сіенага. Паводзіла сябе, нібыта нарадзілася з велікасвецкімі звычкамі. Яна свабодна стасавалася з незнаёмцамі, што дужа дзівіла мужа, і мела талент таямнічага паходжання — разумецца па-кастыльску з кім заўгодна і дзе заўгодна. «Мовамі трэба валодаць, калі мусіш штосьці прадаць, — гаварыла яна ўсмешліва. — А калі ідзеш набываць, усялякі ця­бе зразумее, на якой бы мове ты ні звяртаўся». Цяжка было ўявіць сабе чалавека, які б так хутка і радасна засвоіў што­дзённае жыццё Парыжа, яна з любоўю прыгадвала гэты горад, нягле­дзячы на яго няспынны дождж. Аднак, калі Фэрміна Даса вярнулася дамоў, поўная ўражанняў, стомленая дарогай, напаўсонная ад цяжарнасці, і яе ў порце найперш спыталі, як ёй еўрапейскія дзівосы, яна адказала сцісла, з непераможным карыбскім акцэнтам:

— Шмат шуму з нічога.

Удзень, калі Флярэнтына Арыса ўбачыў Фэрміну Дасу на ба­бінцы кафедральнага сабора ды заўважыў, што яна прыкладна на шостым месяцы цяжарнасці і цалкам асвоілася з новым абліччам велікасвецкай жанчыны, ён канчаткова вырашыў зрабіць сабе імя й стаць заможным з тым, каб заслужыць яе каханне. Ён нават не падумаў пра відавочную перашкоду — шлюб, бо адначасна вырашыў, нібыта гэта залежала ад яго, што доктар Хувэналь Урбіна мусіць памерці. Ён не ўяўляў, калі і як, галоўным было тое, што падзея, якую ён прымеркаваў, непазбежная, вось ён і будзе цярпліва чакаць хоць да сканчэння вякоў.

Ён пачаў з таго, што без папярэдняй дамовы з’явіўся ў канторы Леона XII, старшыні Рады дырэктараў і генеральнага дырэктара Карыбскай параходнай кампаніі, і сказаў яму, што гатовы скарыцца і прыме любую прапанову. Дзядзька быў пакрыўджаны на яго за тое, што пляменнік адмовіўся ад добрай пасады тэлеграфіста ў Вілья-дэ-Лейвэ, але ўсё ж паддаўся, бо быў упэўнены, што людзі не нараджаюцца раз і назаўсёды ў дзень, калі маці прыносіць іх у свет, — жыццё змушае іх не аднойчы перанараджаць саміх сябе. Апрача таго, удава ягонага брата памерла летась, так і не дараваўшы мужавай ня­вернасці, але і не пакінуўшы нашчадкаў. Адным словам, ён уладкаваў прыблуднага пляменніка на працу.

Гэта было тыповае для дона Леона XII Ляайсы рашэнне. Пад панцырам бяздушнага камерсанта хаваўся геніяльны летуценнік, які быў здольны заснаваць крыніцу ліманаду ў пустэльні Гуахіра і патапіць у слязах шматлюдныя пахаванні душараздзіральным спевам «In questa tomba oscura»[16].

Ён быў кучаравым і губатым, рыхтык як фаўн, адно што не хапала ліры ды лаўровага вянка, каб стаць дакладна па­доб­ным да вобраза падпальшчыка Нерона ў хрысціянскай міфалогіі. Вольны ад кіраўніцтва кампаніяй і адвечных праб­лем з навігацыяй, ён прысвяціў час папаўненню свайго лірычнага рэпертуару. Больш за ўсё ён любіў спяваць на пахаваннях. У яго быў голас галерніка, не пастаўлены, але з уразлівым дыяпазонам. Хтосьці распавёў яму, што Энрыка Каруза[17] мог разбіваць ушчэнт крышталёвыя вазы сілаю свайго голасу, і тады на працягу многіх гадоў ён спрабаваў рабіць тое ж самае нават з аконнымі шыбамі. Сябры, вяртаючыся з далёкіх вандровак па белым свеце, прывозілі яму найтанчэйшыя ва­зы і ладзілі адмысловыя святы, каб ён, урэшце, ажыццявіў сваю мару. Усё было дарэмна. Але ў глыбіні грымотнага го­ласу паблісквала кволае святло пяшчоты, ад якога ўзнікалі расколіны ў сэрцах слухачоў, нібыта ў крышталёвых вазах вялікага Каруза.

Менавіта таму ён быў так чаканы на пахаваннях. Толькі аднойчы, калі яму прыйшла да галавы думка заспяваць «When wake up in Glory»[18], гожую i кранальную пахавальную песню з Луізіяны, капелан загадаў яму змоўкнуць, бо не мог трываць лютаранскага пранікнення ў ягоны каталіцкі касцёл.

Так, між справаю спяваючы оперныя партыі і неапалітанскія серэнады, ён праявіў камерцыйны талент і непераможны прадпрымальніцкі дух, якія ў эпоху найвышэйшага росквіту зрабілі з яго магната рачнога суднаходства. Ён узняўся з нічога, як і ягоныя нябожчыкі браты, і ўсе яны дасягнулі, чаго хацелі, насуперак сораму, пячатку якога неслі як пазашлюбныя, і, апрача таго, непрызнаныя і пазней сыны. Гэта былі вяршкі гэтак званай тады «арыстакратыі прылаўка», свяцілішчам якой стаў Камерцыйны клуб. Аднак, ужо маючы сродкі і мажлівасць жыць, як той рымскі імператар, на якога ён быў падобны, дзядзька Леон XII не пакінуў старога горада. Гэта было зручна для працы; ён жыў з жонкай і трыма дзецьмі так сціпла і ў такім простым доме, што ніколі не здолеў пазбыцца славы скнары. Адзіная раскоша, якую ён сабе дазволіў, была, па сутнасці, яшчэ прасцейшай: дамок ля мора, за дзве лігі ад канторы, усю мэблю якога складалі шэсць самаробных крэслаў, суднік і гамак на тэрасе, каб паляжаць і падумаць у нядзелю. Лепш за ўсіх ён сам назваў сябе, калі хтосьці кінуў яму ў твар, што ён багаты.

— Я не багаты, — адказаў ён. — Я жабрак пры грашах, а гэта зусім іншае.

Гэты дзіўны спосаб мыслення, які аднойчы пахвалілі ў пуб­лічнай прамове, назваўшы вельмі мудрым вар’яцтвам, дазволіў Леону XII адразу разгледзець у Флярэнтына Арысу тое, што ніхто ў ім не бачыў ні да таго, ні пасля. З таго дня, як пляменнік з’явіўся ў канторы прасіць працу са сваім жалобным выглядам і дваццацю сямю бессэнсоўна пражытымі гадамі, дзядзька пачаў выпрабоўваць яго з казарменнай суворасцю, якая магла зламаць самага нязломнага. Але пляменніка застрашыць не ўдалося. І ніколі не падазраваў дзядзька Леон XII, што Флярэнтынава стойкасць ішла не ад неабходнасці выжыць, не ад плебейскай упартасці, перададзенай яму бацькам, а ад жарснага кахання, і што ні адна перашкода на свеце не здолела б збіць яго з абранага шляху.

Найцяжэйшымі былі першыя гады, калі яго прызначылі пісарам Генеральнай дырэкцыі, на пасаду, нібыта знарок прыдуманую пад яго. Лятары Тугут, які калісьці вучыў Леона XII музыцы, якраз і параіў яму прызначыць пляменніка на працу, звязаную з пісаннем, бо малады чалавек быў нястомным спажыўцом літаратуры, праўда, хутчэй, дрэннай, чым добрай. Дзядзька Леон XII не звярнуў увагі на ўдакладненне пра катэгорыі чытанак, якія праглынаў пляменнік, бо пра яго асабіста Лятары Тугут колісь таксама сказаў, што ў яго, маўляў, не было горшага вучня на спеў, а пры тым ён пазней змушаў плакаць нават надмагільныя камяні. Так ці інакш, немец меў рацыю менавіта ў тым, што Флярэнтына Арыса пісаў любую паперу з такой жарсцю, што нават афіцыйныя дакументы ў яго былі падобнымі да любоўных лістоў. Як ён ні стараўся, дэкларацыі пагрузкі атрымліваліся рыфмаваныя, а звычайныя камерцыйныя лісты дыхалі лірызмам, праз які ім бракавала аўтарытэтнасці. Аднойчы дзядзька з’явіўся ў канторы са стосам карэспандэнцыі, якую ён не адважыўся падпісаць сваім імем, і даў пляменніку апошнюю мажлівасць для выратавання душы.

— Калі ты не здольны напісаць звычайны камерцыйны ліст, дык пойдзеш прыбіраць смецце на прыстані, — сказаў ён.

Флярэнтына Арыса прыняў выклік. Ён высіліўся адужаць самога сябе, каб засвоіць зямную прастату камерцыйнае прозы, пераймаючы ўзоры з натарыяльных архіваў з такім дбаннем, з якім колісь пераймаў стыль улюбёных паэтаў. У тыя дні ён бавіў вольны час каля Натарыяльнае брамы: дапамагаў непісьменным закаханым пісаць духмяныя лісты, каб разгрузіць уласнае сэрца ад слоў кахання, якія нельга было ўпісаць у мытныя справаздачы. Але праз шэсць месяцаў ён, як ні круці, усё ж не здолеў скруціць шыю свайму ўпартаму лебедзю. Так што, калі дзядзька Леон XII зноў прыйшоў з нараканнямі, ён усё-ткі здаўся, але з пэўным гонарам.

— Мяне цікавіць толькі каханне, — сказаў ён.

— Бяда ў тым, — адказаў дзядзька, — што без рачной навігацыі няма і кахання.

Ён выканаў пагрозлівае абяцанне і паслаў пляменніка пры­біраць смецце на прыстані, але даў слова, што будзе прасоўваць яго крок за крокам па службовай лесвіцы, пакуль той не зной­дзе сябе. Так і здарылася. Не было працы, здольнай яго зламіць, якая б цяжкая альбо зневажальная яна ні была: ён не адчайваўся праз мізэрны заробак, ніколі не губляў сваёй непарушнай спакойнасці перад грубасцю кіраўніцтва. Аднак нельга сказаць, каб усё гэта рабілася ад наіўнасці: хто перахо­дзіў яму дарогу, той атрымліваў па заслугах, бо ён быў здольны на ўсё і дзейнічаў з разбуральнай рашучасцю, нягледзячы на свой бездапаможны выгляд. Як прадбачыў і хацеў дзядзька Леон XII, ён зведаў усе таямніцы прадпрыемства, прайшоў праз усялякія пасады за трыццаць гадоў адданай і настойлівай працы, праз мажлівыя і немажлівыя выпрабаванні. На ўсялякай пасадзе ён выяўляў выдатныя здольнасці, вывучаючы кожную дэталь патаемнага механізма гэтак адмыслова, як паэзію, але ніколі не перамог у барацьбе за жаданы трафей, — ён так і не склаў добра ніводнага камерцыйнага ліста. Ён не ставіў перад сабою такой мэты і нават не думаў пра гэта, але давёў сваім жыццём, што ягоны бацька меў рацыю, калі паўтараў да апошняга ўздыху: няма людзей з больш ясным мысленнем, няма больш упартых каменячосаў ці небяспечных і практычных адміністратараў, чымся паэты. Так, прынамсі, апавядаў яму дзядзь­ка Леон XII, які почасту размаўляў з пляменнікам пра бацьку ў хвіліны сардэчнае блізіні, ствараючы перад ім вобраз чалавека, які нагадваў не прадпрымальніка, а летуценніка.

Дзядзька апавядаў, што Пій V Ляайса карыстаўся канто­раю не так для нястомнае працы, як для ўцехі, і заўсёды сыхо­дзіў з дома па нядзелях, нібыта дзеля таго, каб прыняць груз альбо выправіць карабель. Больш за тое, на складскім двары ён загадаў уладкаваць спісаны кацёл з параходным гудком, і хто-небудзь гудзеў, калі яму было патрэбна, навігацыйным кодам на выпадак, калі б жонка раптам стала прыслухоўвацца, каб праверыць яго. Дзядзька Леон XII быў упэўнены, што Флярэнтына Арысу зачалі на пісьмовым стале ў дрэнна зачыненым пакоі параходнай канторы спякотным нядзельным днём, пакуль жонка ягонага бацькі чула развітальныя гудкі карабля, які ніколі і нікуды не адплыў. Калі жонка дазналася пра гэта, ужо было позна, бо муж да таго часу памёр. Яна намнога яго перажыла, атручаная горыччу сваёй бяздзетнасці, і ў сваіх малітвах яна прасіла Бога пра вечны праклён пазашлюбнаму сыну.

Бацькаў вобраз хваляваў Флярэнтына Арысу. Маці распавядала пра яго як пра чалавека без камерцыйнага паклікання, які ўцягнуўся ў рачныя справы толькі таму, што яго большы брат быў вельмі блізкім супрацоўнікам нямецкага камандора Егана Б. Эльбэрса, заснавальніка рачной навігацыі. Браты былі пазашлюбнымі дзецьмі аднае маці, што працавала кухаркай і нарадзіла іх ад розных мужчын, і яны захавалі прозвішча маці і былі названыя імем рымскага папы, абранага наўздагад у царкоўным календары, акрамя дзядзькі Леона XII, — яго назвалі імем апостальскага намесніка, які ачольваў касцёл, калі ён нарадзіўся. Флярэнтына звалі дзядулю братоў па матчынай лініі, так што сын Трансыты Арысы атрымаў гэтае імя праз цэлае пакаленне першасвятароў.

Флярэнтына захоўваў сшытак, дзе бацька запісваў вершы пра каханне, на якія яго натхніла Трансыта Арыса. Старонкі былі аздобленыя працятымі стралой сэрцамі. Дзве акалічнасці здзівілі Флярэнтына. Першай быў бацькаў почырк, ідэнтычны почырку Флярэнтына, хоць апошні абраў яго на ўласны густ са шматлікіх шрыфтоў, прадстаўленых у падручніку па каліграфіі. Другая праявілася, калі ён знайшоў у бацькавых допісах фразу, якую ўважаў за сваю, а напісаная яна была баць­кам задоўга да таго, як сын нарадзіўся: «Балюча паміраць толькі тады, калі гэта смерць не ад кахання».

Флярэнтына таксама бачыў два бацькавыя партрэты. Пер­шы здымак быў зроблены ў Санта-Фэ, калі бацька яшчэ быў таго самага, як ён, узросту, калі ўпершыню яго ўбачыў. Стаяў бацька ў футры, нібыта на яго насунулі скуру карнавальнага мядзведзя, ён прыхінуўся да п’едэстала помніка, ад якога на фота быў бачны адно што край, і тое не да канца. Побач з ім стаяў хлапчук — гэта быў Леон XII у фуражцы капітана караб­ля. На другім здымку бацька стаяў з групаю байцоў, няведама, праўда, якой па ліку вайны, яго вінтоўка была даўжэйшая за астатнія, а парахавы пах ад вусоў можна было адчуць нават праз фота. Ён быў лібералам і масонам, як і ягоныя браты, аднак хацеў, каб сын пайшоў у семінарыю. Флярэнтына Арыса не знаходзіў падабенства да бацькі, як яму казалі, але, паводле слоў дзядзькі Леона XII, Пію V таксама вымаўлялі за лі­рызм у дакументах. Як бы там ні было, вонкавага падабенства не ад­чувалася ані на здымках, ані ў захаваным вобразе, ані ў скажоным праз каханне партрэце, што малявала маці і выпраўляў з грацыёзнай жорсткасцю Леон XII. Аднак Флярэнтына Арыса выявіў, што ён падобны да бацькі, праз шмат гадоў, прычэсваючыся перад люстэркам, і толькі тады ўцяміў: чалавек разумее, што пачынае старэць, калі знаходзіць падабенства з бацькам.

Ён не прыгадваў яго на вуліцы Вэнтанас. Ён нібыта ведаў, што пэўны час бацька заставаўся там начаваць на пачатку яго кахання да Трансыты Арысы, але пасля родаў больш не захо­дзіў. На працягу многіх гадоў пасведчанне аб нараджэнні было нашым адзіным дакументам для вызначэння асобы, дакумент жа Флярэнтына Арысы, згодна з запісам прыходскага касцёла Святога Тарыбіё, цвердзіў, што ён — пазашлюбны сын пазашлюбнае дачкі, бязмужняе грамадзянкі Трансыты Арысы. У паперы не фігуравала імя бацькі, які, аднак, прыняў на сябе ўтрыманне сына і ўпотайкі выконваў свой доўг да апошняга дня жыцця. Сацыяльнае становішча зачыніла перад Флярэнтына Арысам дзверы семінарыі, але таксама пазбавіла яго ад вайсковае службы ў самую крывавую эпоху войнаў, бо ён быў адзіным сынам самотнай жанчыны.

Штопятніцы пасля школы ён сядаў ля канторы Карыбскай параходнай кампаніі і праглядаў кніжку з карцінкамі жывёльнага свету, прытым гэта паўтаралася так часта, што яна ўжо проста развальвалася. Бацька ўваходзіў у кантору, не гледзя­чы на яго, заўсёды ў сурдуце — пазней Трансыта Арыса перашывала гэтыя сурдуты пад сынавы памеры, — а з твару ён быў дакладнай копіяй Яна Багаслова на алтары. Калі праз колькі гадзін ён выходзіў, дык даваў хлапчуку грошай на тыднёвыя выдаткі, але так, каб не заўважыў нават вознік. Яны не размаўлялі не толькі таму, што бацька і не спрабаваў завесці размову, а яшчэ з-за страху, які адчуваў перад ім сын. Аднойчы, пасля доўгага, як ніколі, чакання, бацька даў яму некалькі манет і сказаў:

— Вазьміце і больш не прыходзьце.

Так Флярэнтына Арыса бачыў яго апошні раз. Але з часам ён дазнаўся, што дзядзька Леон XII, дзесь на дзесяць гадоў маладзейшы за бацьку, і надалей прыносіў грошы маці; ён дапамагаў яшчэ і пазней, калі Пій V памёр ад дрэнна залечаных колікаў, не пакінуўшы пісьмовых распараджэнняў і не паспеўшы пакінуць тастамента нават вусна на карысць адзінага сына, сына вуліцы.

Флярэнтынава драма падчас ягонай працы пісарам у Карыбскай параходнай кампаніі палягала ў тым, што ён не здолеў пазбегнуць лірызму ў лістах, бо бясконца думаў пра Фэрміну Дасу ды так і не навучыўся пісаць, не думаючы пра яе. Пазней, калі яго пераводзілі на іншыя пасады, каханне так поўніла душу, што ён не ведаў, куды яго падзець, і дарыў яго непісьменным каханым, — бясплатна выводзіў за іх любоўныя пасланні каля Натарыяльнае брамы. Ён ішоў туды пасля працы. Скідаў сурдут і акуратна вешаў яго на спінцы крэсла, насоўваў нарукаўнікі, каб не запэцкаць кашулю, расшпільваў камізэльку, каб лягчэй думаць, і часам да глыбокае ночы ўздымаў дух бездапаможным людзям звышкранальнымі лістамі. Часцяком падыходзілі да яго ці то бедная жанчына, у якой былі праблемы з сынам, ці то ветэран вайны, які настойліва патрабаваў выплаты пенсіі, ці то чалавек, якога абакралі і які хацеў паскардзіцца ўладам, але як ні імкнуўся Флярэнтына Арыса, ён не здолеў дапамагчы ім — ён умеў выкарыстоўваць у мэтах пераканання каго-кольвек толькі форму любоўнага ліста. Ён нават нічога не пытаўся ў новых кліентаў, яму досыць было пабачыць бялкі іхных вачэй, каб пранікнуцца іх станам і пачаць запаўняць аркуш за аркушам неўтаймаваным каханнем, прытрымліваючыся вернай формулы: пісаць, думаючы пра Фэрміну Дасу, і толькі пра яе. Дзесьці праз месяц яму давялося ўвесці папярэдні запіс, інакш ён бы патануў у замовах на лісты.

Найпрыемнейшы ўспамін тае пары застаўся ад вельмі ба­язлівай, зусім маладзенькай дзяўчыны — яна, дрыжучы ад страху, папрасіла напісаць адказ на толькі што атрыманы ліст, які нельга было пакінуць без адказу, і Флярэнтына Арыса пазнаў па почырку, што ён сам склаў гэты ліст напярэдадні ўвечары. Ён адказаў у іншым стылі, сугучна эмоцыям і веку дзяўчыны, а таксама патрэбным почыркам, бо навучыўся мяняць почырк адпаведна сітуацыі і характару кожнага кліента. Ён склаў ёй ліст, уяўляючы, што гэтак бы адказвала Фэрміна Даса, калі б кахала яго так, як кахае свайго кавалера гэтая безабаронная дзяўчына. Праз два дні, зразумела, ён мусіў складаць ліст жаніха з почыркам, стылем і той ступенню кахання, якія ён яму прыпісаў у першым лісце, і вось так ён аказаўся ўцягнутым у палкую перапіску з самім сабой. Не мінуў і месяц, як абое паасобку прыйшлі аддзячыць яму за прапанову ў лісце жаніха, якая была прынятая з радасцю ў адказе дзяўчыны: яны збіраліся ажаніцца.

Толькі калі ў іх нарадзілася дзіця, у выпадковай гутарцы яны выявілі, што іхныя лісты былі напісаны адным пісарам, і ўпершыню прыйшлі разам да Натарыяльнае брамы, каб прасіць яго стацца хросным бацькам немаўляці. Флярэнтына Арыса прыйшоў у такое захапленне ад практычнай рэалізацыі ягонай мары, што знайшоў неяк час і напісаў «Дапаможнік для закаханых». Вядома, ён напісаў больш паэтычна і дэталёва за тыя брашуры, якія тады прадавалі на кожным рагу за дваццаць сентава, і якія амаль увесь горад ужо ведаў на памяць. Ён прывёў да ладу ўяўныя сітуацыі, у якіх маглі аказацца Фэрміна Даса і ён, і для кожнай з іх напісаў некалькі ўзораў і мажлівыя альтэрнатыўныя адказы. Нарэшце, ён сабраў каля трох тысяч аркушаў у трох тамах, таўстых, як слоўнік Каваруб’яса, але ніводзін выдавец горада не рызыкнуў іх надрукаваць, так што твор апынуўся недзе на гарышчы з іншымі паперамі былых часоў. Трансыта Арыса рашуча адмовілася адкопваць збаны і пусціць на вецер тое, што ашчаджала ўсё жыццё, дзеля недарэчнага выдавецкага шаленства. Шмат гадоў пазней, калі Флярэнтына Арыса меў уласныя сродкі на выданне трохтомніка, ён з горыччу даведаўся, што лісты кахання ўжо выйшлі з моды.

Пакуль ён рабіў першыя крокі ў Карыбскай параходнай кампаніі ды задарма пісаў лісты каля Натарыяльнае брамы, сябры юнацтва ўжо былі ўпэўненыя, што гублялі яго паступова, але беззваротна. Так яно і было. Па вяртанні з незабыўнай рачной вандроўкі ён яшчэ бачыўся з некаторымі сяб­рамі са спадзевам, што неяк з іх дапамогай згасіць успамін пра Фэрміну Дасу. Ён гуляў з імі ў більярд, хадзіў на свае апошнія танцы, аддаваўся азарту, калі дзяўчаты разыгрывалі яго ў латарэю, займаўся ўсім, што здавалася добрым сродкам, каб зноўку стацца тым, кім ён быў. Пазней, калі дзядзька Леон XII прызначыў яго на пасаду працаўніка кампаніі, ён стаў гуляць у даміно з калегамі па працы ў Камерцыйным клубе, і яны пачалі прызнаваць у ім свайго чалавека, — ён ужо гаварыў толькі пра справы навігацыйнага прадпрыемства і называў яго не поўнай назвай, а толькі абрэвіятурай: КПК. Ён змяніў нават рэжым харчавання. Да тае пары за сталом ён быў абыякавым і неразборлівым, а тут стаў прытрымлівацца ўмеранай і суворай дыеты, і не парушыў яе ажно да скону: кубак кавы на сняданак, порцыя рыбы з рысам на абед, кава з малаком і кавалкам сыру на вячэру. Каву піў ён у любы час, у любым месцы і пры розных абставінах, да трыццаці філіжанак за дзень: гэта быў настой, падобны на сырую нафту, ён гатаваў яе асабіста і трымаў пад рукою ў тэрмасе. Ён змяніўся, насуперак свайму намеру і жаданню захавацца такім, якім быў да смяротнага правалу ў каханні.

I сапраўды, ніколі ўжо яму не было суджана вярнуцца да та­го нявіннага стану. Фэрміна Даса так і заставалася адзі­най мэтай яго жыцця, і ён быў так упэўнены, што рана ці позна яны будуць разам, што падгаварыў Трансыту Арысу працягваць узнаўленне дома, каб ён быў гатовы да таго, каб прыняць яе ў любы момант, як толькі адбудзецца цуд. І маці зрэагавала не так, як на прапанову выдання «Дапаможніка для закаханых», тут Трансыта Арыса зайшла вельмі далёка: набыла дом у растэрміноўку і пачала поўную рэканструкцыю. Яны зрабілі гасцёўню там, дзе была спальня, збудавалі на другім паверсе адну спальню для шлюбнае пары і другую — для меркаваных дзяцей, абедзве даволі вялікія і светлыя, а на тым месцы, дзе колісь месцілася тытунёвая фабрыка, разбілі вя­лізны сад з рознымі відамі ружаў — ім Флярэнтына Арыса прысвячаў свой час на золку. У знак пашаны да мінулага рамонтам не зачапілі памяшканне галантарэйнай крамы. За перагародкай, дзе спаў Флярэнтына Арыса, захавалі назаўсёды нацягнуты гамак і вялікі стол, завалены кніжкамі, але ён перасяліўся на другі паверх, у пакой, які меркаваўся пад шлюбную спальню. Гэта быў найвялікшы і найсвяжэйшы пакой у доме, з выхадам на ўнутраную тэрасу, дзе было прыемна бавіць час увечары, бо там адчуваліся ласкавы марскі брыз і водар ружаў, пакой таксама адпавядаў суворым адносінам Флярэнтына Арысы да рэчаў. Шурпатыя сцены былі пабеленыя, з мэблі ён пакінуў турэмную койку, начны столік са свечкай у бутэльцы, старую шафу і рукамыйнік са збанам і тазам.

Работы па аднаўленні цягнуліся амаль тры гады, а іх заканчэнне супала з бурлівым эканамічным уздымам горада, які адбыўся, дзякуючы пашырэнню рачнога руху і транзітнага гандлю, фактараў, якія падтрымлівалі яго веліч у каланіяльныя часы, і праз больш чым два стагоддзі ператварылі яго ў браму Амерыкі. Але менавіта тады Трансыта Арыса адчула першыя сімптомы невылечнай хваробы. Яе даўнія кліенткі састарэлі, пабляклі, сталі з гадамі больш слізкімі, і Трансыта Арыса, якая мела справы з імі паўжыцця, не пазнавала іх альбо блытала разлікі з імі. Гэта стала важкай перашкодай для іх адносінаў, якія складаліся гадамі, бо, захоўваючы ўласны і чужы гонар, яны не падпісвалі ніякіх папер, давалі і прымалі слова гонару як дастатковую гарантыю. Напачатку ёй здалося, нібыта яна глухне, аднак неўзабаве высветлілася, што гэта кропля за кропляй выцякае памяць. Так што яна спыніла прадпрымальніцтва, а грошай у збанах хапіла, каб скон­чыць рамонт дома і набыць мэблю, апрача таго, у яе захаваліся найдаражэйшыя антыкварныя каштоўнасці горада, бо іх уладальнікі не мелі сродкаў, каб іх выкупіць.

Флярэнтына Арысу давялося тады вырашаць шмат праблем, якія накінуліся на яго адначасна, аднак ён не спыніў, а, хутчэй, памножыў прыгоды патаемнага паляўнічага. Пасля досведу з Назарэцкай удавой, якая адкрыла яму шлях да блуднай любові, ён працягваў паляваць на сіроцкіх начных птушак на працягу некалькі гадоў, усё яшчэ сілкуючы спадзеў на суцяшэнне без каханай Фэрміны Дасы. Аднак з часам ён ужо не мог сказаць пра сваю звычку, што яна склалася як безвыходная патрэба душы ў нудоце. Ён усё радзей наведваў матроскі гатэль, не столькі таму, што той яго больш не вабіў, як праз усведамленне, што рызыкуе быць пазнаным пры пікантных абставінах. Аднак у трох тэрміновых выпадках ён звярнуўся да сродку, так ужыванага ў іншай, не пражытай ім эпосе: пераапранаў у мужчынскае сябровак, якія баяліся трапіць каму-кольвек на вочы, і ўваходзіў з імі ў гатэль, удаючы начных гулякаў. Аднак, прынамсі, двойчы хтосьці заўважыў, што ён з прыяцелем ішоў не ў бар, а ў асобны пакой, і ўжо даволі падарваная рэпутацыя Флярэнтына Арысы атрымала апошні ўдар. Нарэшце, ён кінуў хадзіць у гатэль, і калі зрэдчас гэта здаралася, дык не дзеля таго, каб адвесці душу, а наадварот, каб знайсці прытулак і адпачыць ад шалёных амураў.

Ледзь пакінуўшы кантору а пятай вечара, ён пачынаў аб­лётваць тэрыторыю, як ястраб-куракрад. Напачатку задаваль­няўся тым, што прапаноўвала ноч. Ён знаёміўся з прыслужніцамі ў парках, мурынкамі на рынку, франтаватымі модніцамі на пляжах, амерыканкамі з нью-арлеанскіх параходаў. Ён вёў іх да прыбярэжных скал, дзе з заходам сонца паўгорада займалася тым жа, вёў іх куды мог, а часам і куды не мог, бо нярэдка выпадала забягаць у змрочны пад’езд і рабіць гэта як-небудзь за дзвярыма.

Маяк заўсёды заставаўся надзейным прытулкам, ён з настальгіяй згадваў яго ўжо ў старасці, калі падобныя праблемы засталіся ззаду, бо тое было месца, нібы знарок створанае для шчасця, асабліва ўначы, і ён нават думаў тады, што пэўная эманацыя ягонага кахання абавязкова мусіла перадавацца маракам з кожнай успышкай маяка. Так што ён па-ранейшаму з’яўляўся на маяку часцей, чым дзе-кольвек, і ягоны сябра, даглядчык маяка, прымаў яго з задавальненнем і пры гэтым рабіў выгляд апошняга дурня, што больш за ўсё супайковала пужлівых птушак. Каля маяка стаяла хаціна, літаральна на краю скалы, аб якую біліся і з грукатам разбіваліся хвалі. Там любошчы былі больш працінальнымі, бо прымалі адценне крушэння ў адкрытым моры. Аднак пасля першае ночы Флярэнтына Арыса аддаў перавагу вежы маяка, бо адтуль быў відзён увесь горад, агні рыбацкіх лодак у моры і нават святло аддаленых багнаў.

Да тае эпохі адносяцца спрошчаныя Флярэнтынавы тэорыі пра сувязь фізічных дадзеных жанчыны з яе любоўнымі здольнасцямі. Ён пазбягаў жанчын пачуццёвага тыпу, якія нібыта былі гатовыя праглынуць жыўцом хоць каймана, але ў ложку зазвычай былі найбольш пасіўнымі. Ягоны тып быў супрацьлеглы: ён любіў хударлявых жабак, якім ніхто з мужчын не глядзеў услед. Ад іх нічога не заставалася, калі яны распраналіся, і аж слёзы прабіралі — так храбусцелі іхныя косці пры першым кантакце, аднак яны якраз і маглі вытрыбушыць ушчэнт ды выкінуць у сметніцу вантробы любога балбатуна, што хваліўся сваімі перамогамі. Флярэнтына Арыса пачаў было запісваць свае папярэднія назіранні дзеля таго, каб скласці практычны дадатак да «Дапаможніка для закаханых», але праект напаткаў лёс асноўнага рукапісу, калі Аўсэнсія Сантандар, якая, бы старая мудрая сучка, раздзерла яго, расшкуматала, паставіла дагары нагамі, падкінула, апусціла ды наноў нарадзіла, рыхтык як немаўля, разбіла ўшчэнт усе тэарэтычныя высновы і навучыла Флярэнтына толькі та­му, што трэба ведаць для кахання: мудрэй за жыццё нічога не прыдумаеш.

Аўсэнсія Сантандар жыла ў шлюбе дваццаць гадоў, нарадзі­ла трох дзетак, якія таксама перажаніліся і займелі дзяцей, так што яна ганарліва лічыла сябе найлепшай у ложку бабуляй. Ніхто дакладна не ведаў, ці яна кінула мужа, ці ён кінуў яе, а мо абое кінулі адно аднаго, калі ён сышоў да сваёй сталай палюбоўніцы, а яна адчула свабоду прымаць адкрыта, праз парадныя дзверы капітана рачнога парахода, якога звалі Расэнда дэ ля Роса, — датуль яна шмат разоў пускала яго ўначы праз чорны ход. Якраз капітан і прывёў да яе Флярэнтына Арысу.

Капітан запрасіў яго на абед і прынёс з сабою абплеценую бутлю самагонкі і інгрэдыенты найвышэйшага гатунку для славутага санкоча[19], якое магчыма было прыгатаваць толькі з тлустай кураціны, пяшчотнай цяляціны, мяса вепрука, які добра паваляўся ў сялянскім хляве, і цудоўнай гародніны з надрэчных сёлаў. Аднак Флярэнтына Арыса з першага моманту быў не ў такім захапленні ад выдатных страў ці ад пышных формаў гаспадыні, як ад прыгажосці яе дома. Яму даспадобы быў дом, светлы і свежы, з чатырма вялізнымі вокнамі, якія выходзілі да мора і, з двара, на старое места. Спадабаліся дзівосныя рэчы, якія надавалі гасцёўні незвычайны і адначасна суворы выгляд, з усімі рамеснымісувенірамі, якія капітан Расэнда дэ ля Роса прывозіў з кожнай вандроўкі да тае пары, пакуль у доме заставалася вольнае месца. На тэрасе з краявідам на мора сядзеў на абручы малайскі какаду з неверагодна белым пер’ем і такім засяроджаным спакоем, што было над чым задумацца. Гэта была найпрыгажэйшая птушка, якую калі-небудзь бачыў Флярэнтына Арыса.

Капітан Расэнда дэ ля Роса ўзрадаваўся радасці свайго госця і падрабязна распавёў яму гісторыю кожнае рэчы. Апавядаючы, ён піў самагон маленькімі, але частымі глыткамі. Стваралася ўражанне, што гэты гігант быў створаны з жалезабетона: вялізны, увесь пакрыты валасамі, за выключэннем галавы, з вялікім, як пэндзаль маляра, вусам, непаўторным голасам партовае лябёдкі і надзвычайнай ветлівасцю. Але не было чалавека на свеце, здольнага піць, як ён. Да таго, як сесці за стол, ён выжлукціў палову бутлі і раптам з грукатам абрынуўся ніцма на паднос, на якім Аўсэнсія Сантандар падавала напоі і кубкі. Аўсэнсія Сантандар была вымушаная папрасіць дапамогі, і яны разам пацягнулі нерухомае цела кі­та-­небаракі ды распранулі яго, бо ён ужо спаў. Потым, у парыве натхнення, за які Аўсэнсія Сантандар і Флярэнтына Арыса былі ўдзячныя ўдаламу раскладу зораў нябесных, яны распрануліся ў суседнім пакоі, не дамаўляючыся, без найменшага намёку на што-кольвек альбо намеру, і працягвалі распранацца на працягу доўгіх сямі гадоў і калі толькі маглі, то бок, калі капітан быў у плаванні. Рызыкі раптоўных прыходаў не было, бо капітан меў добрую марацкую звычку і заўсёды папярэджваў пра вяртанне ў родны порт гудком парахода, нават на золку: напачатку трыма доўгімі рыкамі для жонкі з дзевяццю дзецьмі, а потым двума перарывіста меланхалічнымі — для палюбоўніцы.

Аўсэнсіі Сантандар было пад пяцьдзясят, і гэта заўважалася, але ў яе быў развіты выдатны любоўны інстынкт, і не існавала ні саматужных, ні навуковых тэорый, каб прытупіць яго. Паводле графіка руху караблёў Флярэнтына Арыса ведаў, калі мог яе праведаць, і з’яўляўся без папярэджання ў любы час удзень ці ўначы, і не было выпадку, каб яна яго не чакала. Яна адчыняла яму дзверы, як бегала ў матчыным доме да сямі гадоў: зусім аголенай і з газавым банцікам на галаве. Яна не давала яму ступіць ні кроку, пакуль не здымала з яго вопратку, бо цвёрда верыла, што апрануты мужчына ў доме прыносіць няшчасце. Гэта выклікала частыя спрэчкі з капітанам Расэнда дэ ля Росам, бо той верыў прымхам і быў упэўнены — паліць аголеным не да дабра, таму любіў пачакаць з мілаваннем, толькі б не затушыць нязменную кубінскую цыгару. Флярэнтына Арыса аддаўся радасцям аголенасці. Яна здымала з яго вопратку з вялікім задавальненнем. Толькі зачыніўшы дзверы, яна не давала яму часу нават для вітання, для таго, каб зняць капялюш і акуляры, пачынала цалаваць яго ўсюды, прымаючы шпаркія пацалункі ў адказ, расшпільваючы гузікі знізу ўгору. Напачатку — гузікі прарэхі, за кожны гузік — пацалунак, потым — папругу, а пры канцы — камізэльку і кашулю, пакуль ён не заставаўся, як жывая растрыбушаная рыбіна. Потым яна саджала яго ў залі і здымала з яго боты, цягнула за калашыны, каб скінуць штаны разам з кальсонамі, што даходзілі да шчыкалатак, вызваляла эластычныя падвязкі на лытках і скідала шкарпэткі. Тады Флярэнтына Арыса спыняў пацалункі, каб зрабіць адзінае, што заставалася пры традыцыйнай цырымоніі: здымаў ланцужок кішэннага гадзінніка з камізэлькі, здымаў акуляры і клаў гэтыя рэчы ў боты, каб быць упэўненым, што не забудзе іх. Ён заўсёды без выключэння рабіў так, калі распранаўся ў чужым доме.

Як толькі ён завяршаў цырымонію, яна накідвалася на яго без секунды чакання на той самай канапе, дзе толькі што распранала, і толькі зрэдчас — на ложку. Яна падкладвалася пад яго, авалодвала ім для сябе, замкнёная ў сваіх пачуццях, рухаючыся навобмацак па ўнутранай цемры, наступала, адступала, мяняла нябачны курс у пошуках іншага, больш слушнага шляху, каб не пацярпець крушэння на беразе ўласнага ўлоння. Яна пыталася сама ў сябе і адказвала чмяліным палётам мясцовага дыялекту дзесьці ў змроку. Так, яна ўсё гэта ведала і хацела толькі для сябе, пакуль не падала, не дачакаўшы ягонае асалоды. Яна правальвалася адна ва ўласную бездань урачыстым выбухам поўнае перамогі, падобнай да сусветнага землятрусу. Флярэнтына Арыса, знясілены і спустошаны, плаваў у лужыне поту з такім уражаннем, што ён толькі інструмент яе асалоды, і казаў ёй: «Ты паводзіш сябе так, нібыта я яшчэ адзін у цябе». Яна доўга смяялася смехам вольнае самкі і адказвала яму: «Наадварот, нібыта адным менш». А ў ім заставаўся нядобры асадак, які шэптам падказваў, што яна ненажэрна і прагна праглынае яго. Гэта закранала ягоны гонар, і ён сыходзіў з цвёрдым намерам ніколі больш не вяртацца. Аднак раптам ён прачынаўся без дай прычыны з жахліва светлым адчуваннем самоты ўначы і згадваў эгаістычную любоў Аўсэнсіі Сантандар, усведамляючы яе сутнасць: гэта пастка шчасця, якую ён ненавідзеў і якой прагнуў, з якой нельга было вызваліцца.

Неяк у нядзелю днём, пасля двух гадоў знаёмства, адчы­ніў­шы дзверы, яна замест традыцыйнага распранання зняла з яго акуляры, каб лепей пацалаваць. Такім чынам Флярэнтына Ары­са дазнаўся, што яна ўжо пакахала яго. Нягледзячы на тое, што з першага дня ён адчуваў сябе выдатна ва ўжо любімым, нібы ўласным, доме, ён ніколі не заставаўся больш за дзве га­дзіны, ніколі не начаваў і толькі аднойчы там паабедаў, бо яна афіцыйна запрасіла яго на абед. Насамрэч ён ішоў туды з адной мэтай і заўсёды прыносіў як падарунак адну ружу, а затым знікаў да наступнага непрадбачанага візіту. Аднак калі яна зняла з яго акуляры для пацалунку, мо праз кранальнасць учынку, мо таму, што заснулі разам пасля спакойнага кахання, яны правялі дзень у вялізным капітанскім ложку.

Прачнуўшыся пасля сіесты, Флярэнтына Арыса яшчэ захоўваў у памяці крыкі какаду, чый пранізлівы віск супярэчыў прыгажосці пёраў. Але спякотная ціша а чацвёртай дня была празрыстай, і праз акно спальні вымалёўваўся профіль старажытнага горада з сонцам на плячах і з бліскучым морам да самай Ямайкі. Аўсэнсія Сантандар працягнула юрлівую руку, намацваючы прыспанага драпежніка, аднак Флярэнтына Арыса адвёў яе і сказаў: «Не трэба, у мяне дзіўнае адчуванне, быццам на нас глядзяць». Яна зноўку спудзіла какаду сваім шчаслівым смехам і адказала: «Такія адгаворкі для Хомкавай жонкі». Яна не прыняла ягоных тлумачэнняў, аднак падначалілася яму, што тут скажаш, і яны доўгі час лашчылі адно аднаго ў цішыні, у асалодзе спакою. А пятай, калі сонца стаяла яшчэ высока, яна саскочыла з ложка, як заўжды, аголеная, з банцікам на галаве, і пайшла на кухню, каб прынесці чаго папіць, аднак ледзь яна пераступіла парог спальні, як з ейнага горла вырваўся пранізлівы енк.

Яна не магла даць веры вачам. У доме засталіся адно падвясныя лямпы. Астатняе: фірмовая мэбля, індыйскія дываны, статуі і габелены, незлічоныя рэчы з каштоўных камянёў і шляхетных металаў — усё, што ператварала дом у найпрыемнейшае і найгустоўнейшае жытло горада, літаральна ўсё знікла, нават недатыкальны какаду. Маёмасць вынеслі праз тэрасу з краявідам на мора, не перашкаджаючы іхным любоўным уцехам. Засталіся толькі пустыя пакоі з чатырма адчыненымі вокнамі і надпіс малярным пэндзлем на сцяне: «Ну што, датрахаліся?» Капітан Расэнда дэ ля Роса так і не здолеў зра­зумець, чаму Аўсэнсія Сантандэр не заявіла пра пакражу, не спрабавала наладзіць кантактаў з гандлярамі крадзеным і не дазваляла нават згадваць пра той выпадак.

Флярэнтына Арыса працягваў наведваць абкрадзены дом, дзе мэблю складалі тры скураныя табурэты, забытыя злодзеямі на кухні, і спальня, дзе яны знаходзіліся ў дзень здарэння. Але наведванні ўжо не былі такімі частымі, як раней, і не праз спустошанасць, як яна меркавала і казала яму, а праз навінкі пачатку новага стагоддзя — трамвай на мулах, які стаў шчодрым і арыгінальным гняздом вольных птушак. Ён ездзіў трамваем чатыры разы на дзень, двойчы ў кантору і двойчы — дамоў, і почасту, пакуль чытаў альбо рабіў выгляд, што чытае, яму ўдавалася наладзіць першы кантакт для далейшай сустрэчы. Пазней, калі на распараджэнне дзядзькі Леона XII яму выдзелілі экіпаж з параю бурых мулаў у пазалочаных гунях, як у прэзідэнта Рафаэля Нуньеса, ён пакутаваў ад настальгіі па часах трамвая — самых плённых у ягоных прыгодах паляўнічага. Ён меў рацыю: няма горшага ворага для патаемнай любові, чым экіпаж, што чакае цябе ля дзвярэй. Каб пазбавіцца ад гэтае перашкоды, ён амаль заўсёды пакідаў экіпаж каля дома і ўпотайкі ішоў пешшу на паляванне, кружляў па горадзе, толькі б не пакінуць у пыле слядоў ад колаў. Таму ён з такім замілаваннем прыгадваў стары трамвай са змучанымі пляшывымі муламі, бо ў ім дастаткова было акінуць салон позіркам, каб даведацца, дзе цябе чакае каханне. Аднак сярод мноства пяшчотных успамінаў ён не мог абмінуць безабаронную птушачку, імя якой так і не спытаў, бо давялося пражыць з ёю толькі палову бурлівае ночы, чаго хапіла, каб азмрочыць да скону наіўна-бязладную радасць карнавалу.

Яна звярнула на сябе ўвагу абыякавасцю сярод агульнага святочнага ўзбуджэння. Ёй было гадоў дваццаць, і па ёй нельга было сказаць, што ў горадзе адбываецца карнавал, хіба што адмыслова ўбралася пад нябогу: вельмі светлыя і даўгія валасы натуральна спадалі на плечы, а апранутая яна была ў белую туніку з простае тканіны без упрыгожанняў. Яе зусім не цікавіла музыка, што тарабаніла па вуліцах горада, рысавая пудра і цуркі вады, якімі вясела абпырсквалі пасажыраў трамвая, мулы якога, белыя ад крухмалу, працягвалі свой шлях з кветкавымі капелюшамі ўсе тры дні радаснага шаленства. Карыстаючыся з гармідару, Флярэнтына Арыса запрасіў яе на марозіва, бо не думаў, што яна пойдзе на большае. Яна паглядзела на яго без здзіўлення і сказала: «З задавальненнем, але папярэджваю — я вар’ятка». Ён прыняў жарт, пасмяяўся і павёў яе глядзець парад карнавальных карэт з балкона кавярні. Потым апрануў узятае напракат кароткае даміно, і яны зліліся з натоўпам, што танчыў на Мытным пляцы, і весяліліся разам, нібыта толькі што заручоныя, бо ейная абыякавасць з наступай шумнае ночы абярнулася вялікай радасцю: яна танчыла, як прафесіяналка, праяўляючы багатае ўяўленне і вясёлую адвагу, адным словам, была самім зачараваннем.

— Ты не ўяўляеш, у якую гісторыю ты са мной уліпнуў, — крычала яна, паміраючы ад смеху ў пякельным гармідары карнавалу. — Я ж хворая з вар’ятні.

Флярэнтына Арыса адчуваў, што гэта была ноч вяртання да нявінных хлапчуковых авантураў, калі каханне яшчэ не спрычыніла няшчасця. Аднак ён ведаў, хутчэй інтуітыўна, чым з досведу, што такое лёгкае шчасце не магло трываць доўга, так што да таго, як весялосць пачала згасаць, калі толькі пачалі ўручаць прызы за найлепшыя строі, ён прапанаваў дзяўчыне пайсці сустракаць золак на маяку. Яна адразу ж пагадзілася, але толькі пасля ўручэння прызоў. Флярэнтына Арыса быў цалкам пэўны, што затрымка ўратавала яму жыццё. Насамрэч, дзяўчына падала яму знак, маўляў, хадзем, калі два санітары і медсястра псіхіятрычнае клінікі «Боская пастырка» накінуліся на яе. Яе шукалі з моманту ўцёкаў а трэцяй дня, і не толькі яны, а ўсе сілы грамадскага парадку. Яна адсекла галаву вартаўніку і цяжка параніла яшчэ двух супрацоўнікаў клінікі мачэтэ, якое выхапіла ў садоўніка, бо ёй дужа хацелася патанчыць на карнавале. Але нікому з пагоні ні разу не прыйшло да галавы, што яна пусціцца ў скокі проста на вуліцы, думалі, што яна стаілася і святкуе карнавал у адным з дамоў, дзе бывала раней, і паліцыя абшукала тыя дамы літаральна да цыстэрнаў для пітное вады.

Скруціць яе выявілася няпростай справай. Яна баранілася садовымі нажніцамі, якія хавала пад вопраткай на грудзях, і спатрэбілася шасцёра мужчын, каб нацягнуць на яе ўтаймоўную кашулю, а натоўп на Мытным пляцы ў гэты час пляскаў у далоні і свісцеў ад радасці, бо людзі падумалі, што крывавая бойка была адной з карнавальных пастановак. Фля­рэнтына Арыса стаяў, і сэрца ў яго шчымела ад спагады, таму ад Попельнай серады[20] ён стаў хадзіць на вуліцу, дзе месцілася клініка, са скрыначкай шакаладных цукерак для яе. Ён раз­глядаў хворых, што сыпалі на яго з высокіх вокнаў адборнай лаянкай ці кампліментамі, і дражніў іх цукеркамі ў спадзеве, што на пошум у закратаванае акно выгляне і яна. Але ён больш ніколі яе не бачыў. Калі праз колькі месяцаў пасля здарэння ён выходзіў з трамвая, маленькая дзяўчынка, што шпацыравала з бацькам, папрасіла ў яго цукерку. Бацька штосьці буркнуў дзяўчынцы і перапрасіў у Флярэнтына Арысы, але той аддаў усю скрынку, падумаўшы, што ўчынак пазбавіць яго ад горычы, і супакоіў бацьку, паляпаўшы яго па плячы.

— Цукеркі былі для маёй каханкі, каб ёй бакі парвала, — патлумачыў ён.

Кампенсацыяй, быццам дасланай лёсам, зрабілася для Фля­рэнтына Арысы сустрэча ў трамваі з Леонай Касіяні, якая сталася адзінай сапраўднай жанчынай у ягоным жыцці, хоць ні ён, ні яна так і не даведаліся пра гэта: яны ніколі не кахаліся. Ён адчуў яе раней, чым убачыў, вяртаючыся дамоў трамваем а пятай гадзіне: матэрыялізаваны позірк мурынкі крануў яго, нібы тыцнуў пальцам. Ён узняў вочы і заўважыў яе ў супраць­леглым канцы вагона, адразу адзначыўшы яе сярод іншых пасажыраў. Яна не адвяла вачэй, наадварот, глядзела на яго так нахабна, што ён мог падумаць адно тое, што і падумаў: мурынка, маладая ды гожая, але прастытутка, няма сумневу. І выкрасліў яе са свайго жыцця, бо не ўяўляў сабе нічога больш гнюснага, чым каханне за грошы: ён не рабіў гэтага ніколі.

Флярэнтына Арыса выйшаў на Карэтным пляцы, канцавым прыпынку трамвая, і шпарка нырнуў у гандлёвы лабірынт. Маці чакала яго а шостай, але калі ён прашыў натоўп і аказаўся ў другім баку, дык пачуў вясёлы перастук жаночых абцасаў па брукаванцы і павярнуўся, каб упэўніцца ў тым, у чым ужо быў упэўнены: гэта была яна. Мурынка была апранутая, нібыта рабыні на гравюрах, — сукенка з фальбонкамі, якую яна ўскідвала, бы ў танцы, калі пераскоквала вулічныя лужыны, дэкальтэ, што агаляла ейныя плечы і шыю ў каляровых каралях, ды белы турбан. Ён ведаў такіх па матроскім гатэлі. Почасту з самага ранку і да шостай вечара яны сядзелі галодныя, і ім не заставалася нічога іншага, як карыстацца сваёй адзінай зброяй — сэксам, як дарожны рабаўнік карыстаецца фінкай: яны хапалі за горла першага сустрэчнага і патрабавалі: чэлес альбо смерць. Каб канчаткова пераканацца, Флярэнтына Арыса змяніў напрамак, звярнуўшы ў пусты Ліхтарны завулак, і яна пайшла за ім, набліжаючыся з кожным крокам. Тады ён спыніўся, павярнуўся і загарадзіў ходнік, аба­піраючыся рукамі на парасон. Яна стала перад ім.

— Ты памылілася, прыгажуня, — сказаў ён, — я не твой кліент.

— Само сабой, — адказала яна, — на тваім твары гэта напісана.

Тут Флярэнтына Арыса прыгадаў фразу, пачутую ў маленстве ад сямейнага доктара, яго хроснага бацькі, з нагоды хранічнага запору: «Чалавецтва дзеліцца на тых, хто сярэ добра, і тых, хто сярэ дрэнна». На гэтай выснове доктар пабудаваў цэлую тэорыю пра характары і ўважаў яе больш дакладнай, чым астралогія. Але пазней дасведчаны ўжо Флярэнтына Арыса перайначыў фразу: «Чалавецтва дзеліцца на тых, хто трахаецца, і тых, хто не трахаецца». Да апошніх ён ставіўся з недаверам: калі яны выбіваліся з наезджанай каляіны, гэта было для іх такой навіною, што яны выхваляліся сваёй любоўю, нібыта самі вынайшлі яе. Тыя, хто займаўся ёю звычайна, наадварот, жылі адно для любові. Яны адчувалі сябе так добра, што маўчалі, як магілы, бо ведалі, што ад уласнае стрыманасці залежыць іх жыццё. Яны ніколі не распавядалі пра свае подзвігі, не давяраліся нікому, і іх уяўная абыякавасць дасягала такой ступені, што да іх прыліпала слава імпатэнтаў, недаробкаў, а то і сарамлівых педэрастаў, як у выпадку з Флярэнтына Арысам. Аднак яны радаваліся падобным памылковым чуткам, і памылка таксама іх бараніла. Яны складалі закрытую ложу, сябры якой пазнавалі адзін аднаго ва ўсім свеце надта проста, хоць і размаўлялі на розных мовах. Вось чаму Флярэнтына Арыса не здзівіўся, пачуўшы адказ жанчыны: яна была свая і, адпаведна, ведала, што ён гэта разумее.

Але тады ён памыліўся, і свядомасць будзе нагадваць яму пра гэта няўмольна, штогадзіны ажно да скону. Яна хацела не любові, і тым больш — не аплачванае любові, ёй патрэбна была праца, любая, за любыя грошы, у Карыбскай параходнай кампаніі. Флярэнтына Арысе зрабілася гэтак сорамна за свае паводзіны, што ён павёў яе да кіраўніка аддзела кадраў, і той даў ёй стаўку найніжэйшай катэгорыі ў агульным аддзеле, і яна выконвала службовыя абавязкі сур’ёзна, сціпла і старанна на працягу трох гадоў.

Кантора КПК з дня заснавання знаходзілася каля рачнога прычала, які нічога агульнага не меў з марскім портам альбо з рынкавым прычалам на беразе бухты Прывідаў і месціўся на супрацьлеглым беразе бухты. Будынак быў драўляны, з двухсхільным цынкавым дахам, адным доўгім балконам на слупах з боку фасада і некалькімі вокнамі, забранымі металічнаю сеткай, праз якія было відаць караблі ля прычала, нібыта карціны, што віселі на сценах. Калі немцы, заснавальнікі фірмы, збудавалі дом, дык пафарбавалі дах чырвонай фарбай, а драўляныя перагародкі — блішчастымі бяліламі, так што будынак чымсьці нагадваў рачны карабель. Пазней яго цалкам перафарбавалі ў сіні колер, і да таго часу, калі Флярэнтына Арыса паступіў на працу ў кампанію, дом ператварыўся ў пыльны барак няпэўнай афарбоўкі, а на ржавым даху віднеліся латы з новых лістоў гонты. За будынкам, у патынкаваным дворыку, які абнеслі сеткай, нібы загарадзь для курэй, знаходзіліся два склады пазнейшае пабудовы. У глыбіні двара праходзіў закрыты смуродны канал, дзе гнілі адкіды рачнога суднаходства, што назбіраліся за паўстагоддзя. Гэта былі парэшткі гістарычных параходаў ад самых прымітыўных, аднатрубных, пры ўрачыстым спуску на ваду якіх прысутнічаў Сімон Балівар, і да пазнейшых, што мелі ўжо электрычныя вентылятары ў каютах. Бальшыню з іх паспелі разабраць, каб выкарыстаць матэрыялы на іншых караблях, але шмат з іх былі ў такім добрым стане, што, здавалася, варта іх пафарбаваць, і льга было зноўку пускаць у навігацыю. Толькі разам з ігуанамі і з зарасцямі вялізных жоўтых кветак, якія надавалі годным караблям налёт настальгіі.

На другім паверсе будынка знаходзіўся адміністрацыйны аддзел — у памяшканнях маленькіх, але ўтульных і добра абстаўленых, падобных на карабельныя каюты: дом збудавалі не звычайныя дойліды, а інжынеры-карабельнікі. Пры канцы калідора, нароўні з усімі, у такім жа малым кабінеце працаваў дзядзька Леон XII. Розніца была толькі ў тым, што раніцай на ягоным пісьмовым стале заўжды з’яўлялася шкляная вазачка з духмянымі кветкамі, якія ён любіў. На першым паверсе змяшчаўся пасажырскі аддзел з пачакальняй, абсталяванай простымі лавамі і прылаўкам для продажу квіткоў і прыёму багажу. У самым канцы месціўся няпэўны агульны аддзел, назва якога сама наводзіла на думку пра няяснасць яго прызначэння, туды сцякаліся на павольную смерць праблемы, якія не вырашаліся ў іншых аддзелах прадпрыемства. Там і сядзела за школьнай партай Леона Касіяні, забытая сярод мяхоў з маісам, заваленая рознымі бязглуздымі паперамі, у той дзень, калі дзядзька Леон XII вырашыў асабіста разабрацца і хоць штосьці прыдумаць, — на што ж можа згадзіцца агульны аддзел. Пасля трох гадзін падрабязных запытаў, абстрактных прапаноў і канкрэтнага разбору з усімі супрацоўнікамі ў поўным складзе ён вярнуўся да сябе, з горыччу прызнаўшыся ў тым, што ён усё-ткі не знайшоў вырашэння праблем, а наадварот, выявіў новыя пытанні, якія не паддаваліся вырашэнню.

На наступны дзень Флярэнтына Арыса ўвайшоў у свой ка­бінет і ўбачыў на стале справаздачу Леоны Касіяні, якая пакорліва прасіла азнаёміцца са зместам дакумента і пасля паказаць дзядзьку, калі яму гэта падасца мэтазгодным. Яна адна не вымавіла ні слова падчас рэвізійнага сходу наконадні. Яна свядома і з годнасцю прытрымлівалася рамак свайго становішча, бо працавала з чужой ласкі, але змаўчала не таму, што ёй не было чаго сказаць, а дзеля захавання службовае іерархіі ў аддзеле. Яе высновы ўразілі яго. Дзядзь­ка Леон XII вырашыў правесці глыбокую рэарганізацыю, але Леона Касіяні думала інакш: паводле элементарнай логікі, агульнага аддзела, у сутнасці, не існавала, ён быў толькі месцам звальвання запушчаных, але нязначных спраў, якіх пазбываліся астатнія аддзелы. Слушным рашэннем, адпаведна, было б закрыццё агульнага аддзела і вяртанне спраў для вырашэння ў аддзелы, якія іх і спарадзілі.

Дзядзька Леон XII зусім не ведаў, хто такая Леона Касіяні, і нават не прыгадваў, ці бачыў яе наагул падчас учорашняга сходу, але, толькі прачытаўшы справаздачу, выклікаў яе ў свой кабінет і прагаварыў з ёю сам-насам на працягу дзвюх гадзін. Яны размаўлялі аб усім патроху, такім быў яго спосаб пазнання людзей. Справаздача была адметнай сваім здаровым сэнсам, і рашэнне, якое яна прапанавала, насамрэч прывяло да пажаданых вынікаў. Аднак гэта ўжо Леона XII не цікавіла: яго зацікавіла яна. Больш за ўсё выклікала ўвагу тое, што пасля пачатковай школы яна вучылася толькі на мадыстку. Апрача таго, яна без настаўніка вывучала ангельскую мову паскораным метадам і ўжо тры месяцы займалася на вечаровых курсах машыністак, гэта было новае рамяство з вялікай перспектывай, як казалі раней пра тэлеграф і — яшчэ да тэлеграфу — пра паравую машыну.

Калі яна пакінула кабінет, дзядзька Леон XII ужо клікаў яе — ды так ужо надалей і называў, — цёзка Леона. Адным рос­чыркам пяра ён зліквідаваў канфліктны аддзел і размеркаваў справы сярод тых, хто тыя справы стварыў, адпаведна прапанове Леоны Касіяні, а таксама прыдумаў для яе пасаду без наз­вы і пэўных функцый — фактычна яна сталася ягоным асабістым дарадцам. Удзень, пасля бясслаўнага пахавання агульнага аддзела, дзядзька Леон XII спытаўся ў Флярэнтына Арысы, дзе ён выкапаў Леону Касіяні, і той распавёў яму праўду.

— Дык вярніся ў трамвай і прывядзі мне яшчэ дзвюх-трох вось такіх жа, — адказаў дзядзька. — Тады, спадзяюся, мы дастанем з марскога дна твой патанулы галеон.

Флярэнтына Арыса ўспрыняў гэта як тыповы жарт дзядзькі, аднак на наступны дзень дазнаўся, што яго пазбавілі персанальнага экіпажа, які быў замацаваны за ім шэсць месяцаў назад, і зрабілі гэта дзеля таго, каб ён працягваў пошук прытоеных талентаў у трамваі. Леона Касіяні, дарэчы, надта хутка пазбавілася былое сціпласці і праявіла ўсё, што так умела хавала цягам першых трох гадоў працы. Яшчэ праз тры гады яна кантралявала ўсё прадпрыемства, а за чатыры наступныя падступіла да дзвярэй агульнай управы, але ўвайсці адмовілася, бо ўжо стаяла толькі на адну прыступку ніжэй за Флярэнтына Арысу. Да тае пары яна працавала пад ягоным ачоль­ніцтвам і хацела, каб так было і наперад, хоць насамрэч справы складваліся інакш: сам Флярэнтына Арыса не здагадваўся, што гэта ён падначалены ёй. Ён толькі выконваў ва ўправе тое, што яна падказвала, каб дапамагчы яму прасоўвацца на працы насуперак хітрыкам патаемных супраціўнікаў.

У Леоны Касіяні быў д’ябальскі талент зведваць таямніцы, і яна заўсёды апыналася там, дзе мусіла быць, менавіта ў патрэбны момант. Яна была дынамічнай, нешматслоўнай, мудрай і пяшчотнай. Але калі ўзнікала неабходнасць, з болем у сэрцы давала волю сталёваму характару. Аднак ніколі не карысталася гэтым дзеля сябе. Яе адзінай мэтай было любой цаной, цаною крыві, калі не праходзілі іншыя спосабы, расчысціць лесвіцу, каб Флярэнтына Арыса ўздымаўся па ёй, як ён колісь задумаў, не разлічыўшы ўласных сіл. Яна б зрабіла гэта так ці інакш, зразумела, нібыта з-за неўтаймаванага памкнення да ўлады, але насамрэч з пачуцця сардэчнае ўдзячнасці. Яна ішла да мэты гэтак няўрымсліва, што Флярэнтына Арыса сам заблытаўся ў ейных камбінацыях. У пэўны цяжкі момант ён спрабаваў перакрыць ёй хаду, мяркуючы, што яна імкнецца скінуць яго. Леона Касіяні паставіла яго на месца.

— Узважце ўсё добра, — сказала яна. — Я магу ўвогуле сысці, як толькі вы пажадаеце, але ўсё ж вы як след падумайце.

Флярэнтына Арыса тады абмазгаваў становішча, як толькі мог, і склаў зброю. Справа ў тым, што ў гнюснай вайне ўнут­ры прадпрыемства, якое пакутавала ад хранічнага крызісу, у паразах неўтаймаванага паляўнічага, у ягоных усё менш пэўных ілюзіях, звязаных з Фэрмінай Дасай, вонкава непарушны Флярэнтына Арыса не ведаў ніводнага імгнення ўнутранага спакою. Ён бачыў чароўную і адважную мурынку, якая, захраснуўшы ў мярзоцці й каханні, працягвала сваё змаганне. Почасту ён употайкі шкадаваў, што яна не аказалася такой, якой ён уявіў яе ў дзень знаёмства, каб можна было плюнуць на прынцыпы і кахаць яе, нават калі б давялося плаціць залатымі самародкамі. Бо Леона Касіяні была такой самай, як тады ў трамваі. Насіла тую ж вопратку няўрымслівай мурынкі, тыя ж шалёныя турбаны, завушніцы з падвескамі і касцяныя бранзалеты, каляровыя каралі і пярсцёнкі з фальшывымі камянямі на ўсіх пальцах, — адным словам, гэта была тая самая вулічная львіца[21]. Усё тое, што дадалося да яе з гадамі, якраз ёй вельмі пасавала. Яна плыла ў асляпляльнай спеласці, ейныя жаночыя чары хвалявалі, цела афрыканкі сталася ядраным. Флярэнтына Арыса і намёкам не выдаваў свайго стаўлення да яе цягам дзесяці гадоў, нібы гэтак плацячы за пачатковую памылку, і яна дапамагала яму ва ўсім, толькі не ў гэтым.

Аднойчы ўвечары ён застаўся працаваць запозна, як рабіў усё часцей пасля смерці маці, і, сыходзячы, заўважыў, што ў кабінеце Леоны Касіяні гарыць святло. Ён адчыніў дзверы без стуку, — яна была там, засяроджаная, сур’ёзная, у новых акулярах, якія надавалі яе твару выгляд прафесаркі. Флярэнтына Арыса здагадаўся з трапяткой радасцю, што яны ў канторы адны, прычалы былі пустыя, спрадвечная ноч ахінала змрочнае мора, сумны рык карабля чуўся здалёк, да ягонага прыбыцця міне больш за гадзіну. Флярэнтына Арыса абапёрся рукамі на парасон, як зрабіў тады ў Ліхтарным завулку, загарадзіўшы ёй дарогу, толькі цяпер ён зрабіў так, каб схаваць дрыжыкі ў каленях.

— Скажы мне, ільвіца маёй душы, — сказаў ён, — калі ж мы выйдзем з гэтага становішча?

Яна зняла акуляры без здзіўлення, не збянтэжылася і асляпіла яго сваім сонечным смехам. Яна ніколі не была з ім на «ты».

— Ай, Флярэнтына Арыса, — усклікнула яна, — я дзесяць гадоў сяджу тут і чакаю гэтага пытання.

Так, ён безнадзейна спазніўся: мажлівасць збліжэння была ў трамваі, потым у тым жа кабінеце, дзе яна сядзела, але цяпер усё мінулася без следу. Прайшлі незлічоныя і прытоеныя спрэчкі, жорсткія гнюснасці, да якіх яна прыбягала дзеля яго, узмацнілася адчуванне дваццацігадовае розніцы ў гадах, і Лео­на таксама састарылася. Яна так яго кахала, што вырашыла не падманваць, а сказаць праўду, няхай і жорсткую.

— Не, — дадала яна. — Гэта было б, нібыта я пераспала з уласным сынам, якога Бог мне не даў.

Флярэнтына Арыса застаўся са стрэмкаю ў душы, бо не ягонае слова было апошнім. Ён думаў, што калі жанчына кажа «не», дык чакае, каб настойвалі, і толькі потым прымае канчатковае рашэнне, але з ёю было інакш: ён не мог рызыкаваць, каб не памыліцца другі раз. Так і сышоў, нібыта нават у добрым гуморы, што далося яму нялёгка. З тае ночы ўсялякі цень, які пралягаў паміж імі, адразу рассейваўся без горычы, і Флярэнтына Арыса, нарэшце, уцяміў, што можна быць сяб­рам жанчыны без фізічнае блізкасці.

Леона Касіяні была адзіным чалавекам у свеце, якому Флярэнтына Арысу карцела адкрыць таямніцу пра Фэрміну Дасу. Малое кола людзей, якія ўсё ведалі, за прамінулы час паспелі на тое забыцца. Трое з іх знеслі таямніцу ў магілу: маці, якая задоўга да смерці страціла памяць; Гала Плясыдыя, якая сканала ў глыбокай старасці на службе ў Фэрміны Дасы, што была для яе амаль дачкою, дый незабыўная Эскалястыка Даса, якая занесла яму ў малітоўніку першы любоўны ліст, наўрад ці была жывой, бо прайшло зашмат гадоў. Лярэнса Даса, пра якога ён здаўна нічога не чуў, мог распавесці ўсё манашцы Францы дэ ля Люс, спрабуючы ўратаваць дачку ад выключэння са школы, але далейшае распаўсюджанне таямніцы было малаверагодным. Заставалася ў спісе адзінаццаць тэлеграфістаў далёкае правінцыі, дзе жыла Ільдэбранда Санчас, якія ў тэлеграмах пазначалі іхныя імёны цалкам і дакладныя адрасы кожнага, і, зрэшты, сама Ільдэбранда Санчас са сваім картэжам няўрымслівых кузін.

Чаго не ведаў Флярэнтына Арыса, дык гэта таго, што доктара Хувэналя Урбіна таксама трэба было ўключыць у спіс. Ільдэбранда Санчас адкрыла яму таямніцу падчас аднаго з пер­шых візітаў у горад. Але яна зрабіла гэта так выпадкова і недарэчна, што доктару Урбіна нават не тое, каб заляцела ў адно вуха, а ў другое вылецела, як яна думала, а проста не заляцела ў ніводнае. Ільдэбранда насамрэч назвала Флярэнтына Арысу невядомым паэтам, які, на яе погляд, меў шанец стацца лаўрэатам Паэтычных гульняў. Доктар Урбіна з цяжкасцю прыгадаў, пра каго ішла размова, і яна дадала яму без усялякай неабходнасці, але й без злога намеру, што гэта быў адзіны кавалер Фэрміны Дасы да яго. Яна была ўпэўненая ў тым, што наіўны, імгненны сказ мог выклікаць адно што замілаванне. Доктар Урбіна адказаў, не гледзячы на яе: «Я не ведаў, што гэты тып — паэт». І сцёр яго з памяці. Між іншым, праз прафесійную здольнасць забывацца на многае дзеля этыкі.

Флярэнтына Арыса адзначыў, што ахоўнікі ягонае таям­ніцы, за выняткам маці, належалі да свету Фэрміны Дасы. У ягоным свеце ён быў адзін, сам-насам з гэтым невыносным цяжарам, якім яму не раз карцела падзяліцца, але да тае пары ніхто не заслугоўваў такога даверу. Леона Касіяні была адзіным магчымым кандыдатам, і яму трэба было знайсці спосаб і спрыяльны выпадак. Ён абдумваў гэта менавіта ў той спякотны дзень, калі доктар Хувэналь Урбіна ўзняўся па стромкай лесвіцы КПК, прыпыняючыся на кожнай прыступцы праз дзённую спякоту, а потым з’явіўся, задыхаючыся, у кабінеце Флярэнтына Арысы, прапацелы з галавы да ног, і сказаў, ледзь дыхаючы: «Здаецца, на нас насоўваецца цыклон». Флярэнтына Арыса бачыў яго часта, ён прыходзіў да дзядзькі Леона XII, але ніколі раней не ўзнікала такога яснага ўражання, што гэтым разам нежаданы візіт меў нейкае дачыненне да яго жыцця.

Гэта здарылася ўжо той парой, калі доктар Хувэналь Урбіна таксама пераадолеў усялякія рыфы на шляху да прызнання па прафесійнай частцы і абыходзіў горад дом за домам, нібыта жабрак, просячы ўнёскаў на мастацкія імпрэзы. Адзін з самых частых і шчодрых мецэнатаў быў дзядзька Леон XII, які менавіта ў момант прыходу госця пачаў сваю штодзённую дзесяціхвілінную сіесту, седзячы ў мяккім крэсле кабінета. Флярэнтына Арыса ветліва папрасіў доктара Хувэналя Урбіна пачакаць у яго кабінеце, што месціўся побач з дзядзькавым і быў, у прынцыпе, чымсьці накшталт прыёмнага пакоя.

Яны сустракаліся пры розных акалічнасцях, але ніколі не ся­дзелі сам-насам, і Флярэнтына Арыса зноў стала моташна ад адчування чужой перавагі. Гэта былі дзесяць бясконца доўгіх хвілін, на працягу якіх ён тройчы падымаўся са спадзе­вам на тое, што дзядзька прачнуўся да пары, і за гэты час выпіў цэлы тэрмас кавы. Доктар Урбіна ад кавы адмовіўся. Ён сказаў: «Кава — гэта атрута». І працягваў гамонку, чапляў ад­ну тэму за другую, не думаючы пра тое, слухаюць яго ці не. Флярэнтына Арыса не мог трываць натуральнай шляхетнасці доктара, красамоўнасці і трапнасці ягоных слоў, загадкавага камфарнага духу, абаяльнасці, дзякуючы якім найбанальнейшыя фразы здаваліся сутнаснымі толькі таму, што выказваў іх ён. Раптам доктар рэзка змяніў тэму:

— Ці любіце вы музыку?

I гэтым заспеў яго знянацку. Флярэнтына Арыса не прапускаў ніводнага канцэрта або опернага выступу ў горадзе, але не адчуваў сябе здольным падтрымаць размову з дэталёва інфармаваным эрудытам. Ён вельмі любіў модную музыку, асабліва сентыментальныя вальсы, безумоўна блізкія да ўласных твораў юнацтва, да яго патаемных вершаў. Даволі было пачуць такі вальс аднойчы, быццам бы між іншым, — і потым на працягу многіх бяссонных начэй гучала ў ім няхітрая мелодыя, і не знайшлося б сілы нябеснай, здольнай яе спыніць. Але гэта не магло быць сур’ёзным адказам на пытанне дасведчанага чалавека.

— Мне падабаецца Гардэль[22], — вымавіў Флярэнтына Арыса.

Доктар Урбіна зразумеў. «Безумоўна, — сказаў ён. — Гар­дэль цяпер модны». І адышоў ад размовы, пагрузіўшыся ў доўгае пералічэнне сваіх новых праектаў. Ён меў намер ажыццявіць іх, як заўсёды, без дзяржаўнай датацыі, і між іншым заўважыў, што яго прыводзіць у адчай узровень сучасных спектакляў, асабліва ў параўнанні з бляскам паказаў мінулага стагоддзя. Так яно і было. Ён ужо год прапаноўваў абанементы ў Тэатр камедыі на трыа Карто — Касальс — Тыбо[23], і не было чалавека ва ўрадзе, які б ведаў, хто яны такія. Аднак у тым жа месяцы расхапалі ўсе квіткі на спектакль трупы дэтэктыўных драм Рамона Каральта. Тое ж здарылася з Тэатрам аперэты і сарсуэлы[24] дона Манолы дэ ля Прэ­сы, а таксама з братамі Сантанэла — ілюзіяністамі-мімамі, якія пераапраналіся на вачах у публікі за час аднае ўспышкі фасфа­рэсцэнтнага святла. Пайшлі і на Даніз Д’Альтэн, якая называла сябе былой танцоркай Фалі-Бержэру[25], і нават на мярзотнага Урсуса, шалёнага баска, які змагаўся ўрукапашную з магутным быком, якога гадавалі для карыдаў. Скардзіцца, аднак, не было чаго, бо самі еўрапейцы зноўку давалі дрэнны прыклад сваёй жудаснай вайной, ледзь мы дасягнулі міру пасля дзевяці грамадзянскіх войнаў за паўстагоддзя, якія, калі добра падумаць, былі адной бясконцай вайной. У чароўнай плыні размовы доктара Флярэнтына Арыса для сябе вылучыў перадусім мажлівае адраджэнне Паэтычных гульняў, самай вядомай і трывалай ініцыятывы Хувэналя Урбіна з ажыццёўленых у мінулым. Флярэнтына Арыса змаўчаў, не хацеў казаць, што сам быў заўзятым удзельнікам штогадовых конкурсаў, якія выклікалі зацікаўленне слынных паэтаў не толькі з усёй краіны, але і з іншых дзяржаў Карыбскага басейна. Як толькі завязалася гамонка, спякотнае паветра раптам стала сцюдзёным, і бура з перакрыжаванымі вятрамі страсянула дзверы і вокны моцнымі парывамі, будынак канторы ўвесь зарыпеў, як ветразнік у шторм. Доктар Хувэналь Урбіна нібыта і не заўважыў нічога. Быццам выпадкова ён згадаў месяцовыя чэрвеньскія цыклоны і зусім нечакана, нават недарэчы, загаварыў пра ўласную жонку. Яна была не толькі памочніцай, але і душой ягоных ініцыятыў. Ён сказаў: «Мяне б не было без яе». Флярэнтына Арыса слухаў, не выдаючы эмоцый, выказваў згоду галавою, і не адважыўся вымавіць ані слова з боязі, каб ягоны голас не здрадзіў яму. Аднак дзвюх альбо трох фраз выявілася даволі, каб уцяміць: у доктара Хувэналя Урбіна, не зважаючы на вялікую занятасць, часу было ўдосталь, і ён кахаў жонку, амаль як Флярэнтына Арыса. Усведамленне гэтага агаломшыла Флярэнтына. Але ён не змог адрэагаваць, як хацеў бы, бо сэрца па-блядску здрадзіла яму, як гэта можа зрабіць толькі чалавечае сэрца: яно адкрыла, што ён і доктар, якога Флярэнтына заўсёды ўважаў за асабістага ворага, былі ах­вярамі аднаго лёсу і сплачвалі мыта агульнаму каханню, нібыта пара валоў пад адным ярмом. Упершыню за дваццаць сем гадоў бясконцага чакання Флярэнтына Арыса адчуў нясцерпна пякельны боль, бо гэты выдатны чалавек мусіць памерці дзеля ягонага шчасця.

Цыклон прамінуў раптоўна, як і прыйшоў, але за пятнаццаць хвілін паўночна-заходнія парывы спляжылі цэлыя кварталы каля багнаў і зруйнавалі паўгорада. Доктар Хувэналь Урбіна, задаволены не першы раз шчодрасцю дзядзькі Леона XII, не дачакаўся поўнага праяснення і няўцям знёс парасон Фля­рэнтына Арысы, які той даў яму, каб дайсці да пралёткі. Але Флярэнтына не шкадаваў. Наадварот, яго ўзрадавала думка: Фэрміна Даса мусіць задумацца, калі дазнаецца, чый гэта парасон. Ён яшчэ быў усхваляваны, узрушаны сустрэчай, калі Леона Касіяні праходзіла каля яго кабінета, і, натуральна, вырашыў, што вось ён — чаканы выпадак; ён адкрые ёй таямніцу, нібы разаб’е гняздо ластавак, што не давалі жыць, — зараз альбо ніколі. Ён спыніў яе і напачатку спытаў, што яна думае пра доктара Хувэналя Урбіна. Яна адказала адразу ж: «Чалавек, заклапочаны мноствам спраў, мажліва, надта заклапочаны, але, хутчэй за ўсё, ніхто не ведае, пра што ён думае». Затым пагрызла ласцік алоўка вострымі, буйнымі зубамі вя­лікае мурынкі і нарэшце паціснула плячыма, нібыта закрываючы пытанне, якое яе не хвалявала.

— Мажліва, ён выдумляе сабе заняткі, — сказала яна, — каб не думаць.

Флярэнтына Арыса паспрабаваў затрымаць Леону.

— Мне баліць, што ён мусіць памерці, — выказаў ён.

— Усім наканавана памерці, — адказала яна.

— Зразумела, але яму больш, як каму, — настойваў Фля­рэнтына.

Яна нічога не ўцяміла, зноўку паціснула плячыма ды моўчкі пайшла. Тады Флярэнтына Арыса на перспектыву выра­шыў, што аднойчы ў будучыні, уначы, ён распавядзе Фэрміне Дасе ў шчаслівым ложку, што нікому не адкрыў таямніцы іх кахання, нават адзінаму чалавеку, які заслугоўваў права ведаць пра гэта. Не, ён не адкрыецца ніколі, нават самой Леоне Касіяні, і не таму, што не хацеў ёй адчыніць куфар, дзе так надзейна хаваў таямніцу на працягу паўжыцця. Рэч у іншым: толькі тады ён здагадаўся, што сам згубіў ключ.

Аднак не гэта стала самай узрушальнай падзеяй дня. Ён адчуў настальгію па часах далёкага юнацтва, наноў ажыў успамін пра Паэтычныя гульні, якія мелі моцны водгук што­год пятнаццатага красавіка ва ўсім Антыльскім свеце. Флярэнтына Арыса быў іх абавязковым удзельнікам, але заўсёды, як амаль ва ўсім, заставаўся ўдзельнікам патаемным. З дня першага конкурсу, дваццаць чатыры гады таму, ён так і не атрымаў нават заахвочвальнага прыза. Але гэта не хвалявала, бо ўдзельнічаў ён не дзеля амбіцыйнага жадання атрымаць прэмію, а таму што спаборніцтва мела для яго дадатковую вартасць. У першым конкурсе менавіта Фэрміне Дасе даручылі ўскрыць запячатаныя сургучом канверты і абвясціць імёны пераможцаў, і яшчэ тады пастанавілі, што падобны гонар належыць ёй і на наступныя гады.

Уначы першага конкурсу Флярэнтына Арыса, схаваўшыся ў прыцемках партэра, з жывой камеліяй, што ўсхвалявана трапятала ў пятліцы пінжака, глядзеў, як Фэрміна Даса распячатвала тры канверты на сцэне старажытнага Нацыянальнага тэатра. Ён спытаўся ў сябе, што адбудзецца ў ейным сэрцы, калі яна раптам высветліць, што менавіта ён ганаруецца Залатой архідэяй. Ён быў упэўнены, што яна пазнае ягоны почырк і імгненна згадае вечары з вышыўкай пад мігдалавымі дрэвамі скверыка, пах засушаных гардэній у канвертах, вальс каранаванай багіні, прынесены ветрам на зол­ку. Але гэтага не здарылася. Горш за ўсё тое, што Залатой архідэяй, самай вялікай паэтычнай узнагародай, уганаравалі кітайскага імігранта. Публічны скандал, выкліканы неверагодным рашэннем, паставіў пад сумнеў сур’ёзнасць спабор­ніцтва. Але вердыкт быў слушным, і аднадушнасць журы была апраўданая цудоўным санетам пераможцы.

Ніхто не паверыў, што кітайскі лаўрэат — сапраўдны аўтар санета. Ён прыехаў на сыходзе мінулага стагоддзя, гнаны эпідэміяй жоўтае ліхаманкі, якая знішчала насельніцтва Панамы падчас будаўніцтва міжакіянскай чыгункі, прыехаў разам са шматлікімі імігрантамі, якія засталіся ў краіне да самага свайго скону, — яны жылі па-кітайску, памнажаліся па-кітайску і былі гэтак падобныя адзін да аднаго, што ніхто не мог іх адрозніць. Напачатку іх было не больш за дзясятак, некаторыя з іх — з жонкамі, дзецьмі ды сабакамі, якіх яны елі, але за колькі гадоў чатыры вулкі партовага прадмесця перапоўніліся новымі і новымі кітайцамі, якія прыязджалі ў краіну, не пакідаючы следу ў мытных рэгістрах. Маладзёны ператварыліся ў шаноўных патрыярхаў гэтак хутка, што ні­хто не мог уцяміць, калі яны паспелі састарыцца. Народная інтуіцыя раздзяліла іх на два класы: дрэнныя кітайцы і добрыя кітайцы. Дрэнныя трымалі змрочныя партовыя таверны, дзе аднолькава можна было паесці па-каралеўску альбо раптоўна памерці ад стравы з пацучынага мяса з праснакамі са сланечнікавай макухі, і людзі падазравалі, што гэтыя таверны служылі адно што шырмаю для гандлю белымі жанчынамі і ўсялякага іншага цёмнага набыцця-продажу. Добрымі былі кітайцы, якія заснавалі пральні, спадкаемцы святое мудрасці, што вярталі кашулі чысцейшымі за новыя, каўнерыкі і манжэткі нагадвалі толькі што спрасаваныя аплаткі. Якраз адзін з гэтых добрых кітайцаў перамог на Паэтычных гульнях, і семдзесят два спаборнікі перажывалі паразу.

Фэрміна Даса, сумеўшыся, зачытала імя, аднак ніхто яго не разабраў. Не толькі праз тое, што імя было чужым іхнаму слыху, а таму што так ці інакш ніхто пэўна не ведаў, як увогуле могуць зваць кітайца. Але доўга думаць не давялося, бо лаўрэат вынырнуў з глыбіні партэра з нябеснай усмешкай, што бывае ў кітайцаў, калі яны рана вяртаюцца дамоў. Ён быў настолькі ўпэўнены ў перамозе, што прыйшоў у тэатр у жоўтай кашулі для вясновых абрадаў, каб узняцца на сцэну. Ён атрымаў Залатую архідэю 750-й пробы і радасна пацалаваў яе пад кпіны недавяркаў. Лаўрэат не засмуціўся. Ён чакаў на сцэне, акамянелы, нібы апостал з нябёсаў, не драматызуючы ад відавочнай негатыўнай рэакцыі, і пры першай паўзе прачытаў верш, які ўганаравалі прэміяй. Ніхто не зразумеў ні слова. Але пасля новага залпа свісту Фэрміна Даса спакойна паўтарыла санет ціхім, пяшчотным голасам, і здзіўленне авалодала публікай з першага радка. Гэта быў санет высакароднага парнаскага паходжання, дасканалы, прасякнуты налётам натхнення, якое магло кіраваць рукой толькі сапраўднага віртуоза. Факт мог мець толькі адно тлумачэнне: хтосьці з вялікіх паэтаў стварыў санет жартам, каб паздзекавацца з Паэтычных гульняў, і кітаец пагадзіўся на саўдзел, але вырашыў захаваць таямніцу да самае смерці. «Камерцыйная газета», тыднёвік традыцыйнага кшталту, спрабавала залатаць грамадзянскі гонар эрудаваным, але, хутчэй, сырым эсэ пра старажытны культурны ўплыў кітайцаў у краінах Карыбскага басейна і іх заслужанае права ўдзельнічаць у Паэтычных гульнях. Эсэ не выклікала сумневу ў тым, што аўтар санета і ёсць названы лаўрэат, і прызнавала гэта ўжо назвай: «Кожны кітаец — паэт». Арганізатары змовы, калі яна мела месца, згнілі ў сваіх магілах разам з таямніцай. Са свайго боку, лаўрэат памёр без споведзі ў цалкам усходнім веку і быў пахаваны з Залатой архідэяй, але ён знёс і горыч, бо пры жыцці яму так і не ўдалося дабіцца прызнання таго, што ён сапраўды паэт. З прычыны ягонай смерці прэса згадала забыты інцыдэнт першых Паэтычных гульняў. Газеты перадрукавалі санет з віньеткай у мадэрновым духу, якая адлюстроўвала пухкіх дзеў з залатымі рагамі заможнасці, а багі-ахоўнікі паэзіі скарысталіся аказіяй, каб расставіць усё па месцах — санет быў так стрымана ўспрыняты новым пакаленнем, што ўжо ніхто не сумняваўся: насамрэч напісаў яго нябожчык кітаец.

Флярэнтына Арыса заўсёды звязваў той скандал з успамінам пра пышную незнаёмку, што сядзела побач з ім. Ён заў­важыў яе напачатку, але тут жа адвёў позірк, бо страшна хваляваўся, чакаючы вынікаў. Яна выклікала ўвагу перламутравай скурай, шчаслівым водарам пышнасці, бязмежнымі гру­дзямі спявачкі-сапрана са штучнай кветкай магноліі. Яна была ў цеснай вопратцы з чорнага аксаміту, чорнага, як яе прагныя, цёплыя вочы, а валасы былі яшчэчарнейшыя, сабраныя ззаду цыганскім грабеньчыкам. Кінуліся ў вочы завушніцы-падвескі, каралі ў такім жа стылі і аднолькавыя пярсцёнкі на пальцах, усе як адзін з бліскучымі штучнымі камянямі, а правую шчаку ўпрыгожвала намаляваная алоўкам радзімка. У мітусні фінальнай авацыі яна паглядзела на Флярэнтына Арысу са шчырай горыччу.

— Паверце мне, я ад душы шкадую, — шапнула яна.

Флярэнтына Арыса ўсхваляваўся, але не сутнасці сказанага, а таму, што хтосьці, выяўляецца, ведаў ягоную таямніцу. Яна ўдакладніла: «Я здагадалася, вельмі дрыжэла кветка ў вас на штрыфелі, калі ўскрывалі канверты». Яна паказала плюшавую магнолію, якую трымала ў руцэ, і адкрыла яму сэрца:

— Таму я і зняла сваю кветку.

Яна ледзь не плакала ад горычы паразы, але Флярэнтына Арыса, начны паляўнічы, вырашыў змяніць ейны настрой.

— Хадземце куды-небудзь, паплачам разам, — прапанаваў ён. І правёў яе дамоў. Ужо ля парога, паўтарыўшы, што блізіцца поўнач і на вуліцы ні душы, ён угаварыў даму і быў запрошаны на кілішак брэндзі ды прагляд альбомаў з выразкамі і фотаздымкамі з розных імпрэзаў апошніх дзесяці гадоў. Фокус ужо тады быў стары, але на гэты раз узнік міжволі, бо яна сама апавядала пра свае альбомы, пакуль яны ішлі пешшу ад Нацыянальнага тэатра. Першае, што прыкмеціў Флярэнтына Арыса, уваходзячы ў гасцёўню, былі адчыненыя дзверы ў спальню і ложак з расшытай золатам капай — вялікі ды раскошны, аздоблены бронзавай лістотай. Выгляд спальні, як ні дзіўна, засмуціў яго. Яна, верагодна, здагадалася, бо апярэдзіла Флярэнтына Арысу, шпарка перасекла пакой і зачыніла дзверы. Потым запрасіла яго заняць месца на канапе, абабітай пярэстым крэтонам, на якой спаў кот, і паклала перад ім на стол калекцыю альбомаў. Флярэнтына Арыса гартаў іх няспешна, больш думаў пра наступныя крокі, чым пра тое, што бачыў, раптам узняў позірк і заўважыў, што вочы дамы поўныя слёз. Флярэнтына параіў ёй плакаць, колькі заўгодна, без засмучэння, бо нішто так не палягчае душу, як слёзы, толькі ён намякнуў, каб яна разняволіла гарсэт: ён замінае вольнаму плачу. І паспяшаўся ёй на дапамогу, бо гарсэт быў зацягнуты ўздоўж спіны крыжаванымі шнуркамі. Яму не давялося расшнуроўваць яе да канца, гарсэт, зрэшты, расслабіўся сам ад унутранага ціску, і яна задыхала ўволю сваімі, неабдымнымі для вачэй, грудзьмі.

Флярэнтына Арыса так ніколі і не пазбыўся страху першае ночы нават у самых мімалётных выпадках і не адразу адважыўся на лёгкую ласку шыі пальцамі; яна здрыганулася з жалобным стогнам распешчанае дзяўчыны, не спыняючы плачу. Тады Флярэнтына Арыса пацалаваў яе ў тое самае месца вельмі пяшчотна, нібыта зноўку датыкаўся пальцамі, і ўжо не змог паўтарыць пацалунак, бо яна прагна павярнулася да яго ўсім сваім манументальным корпусам і абодва пакаціліся ў абдымках па падлозе. Кот прачнуўся на канапе і з віскатам скочыў на іх. Яны шукалі адно аднаго навобмацак, паспешліва, нібыта падлеткі, і знаходзілі, перакатваліся цераз раскінутыя альбомы, апранутыя, потныя, звяртаючы ўвагу больш на бязлітасныя лапы ашалелага ката, чым на вэрхал, які яны ўтваралі сваімі любошчамі. Але ад наступнае ночы, нягледзячы на крывавыя драпіны, яны працягнулі сустрэчы, і лёс пажадаў, каб сустрэчы доўжыліся некалькі гадоў.

Калі Флярэнтына Арысу прыйшло да галавы, што ён прывязаўся да яе і нават пачынае кахаць, яна была ў поўным росквіце сарака гадоў, а яму было ўжо амаль трыццаць. Яе звалі Сара Нар’eгa, яна дасягнула пятнаццаці хвілін славы ў юнацтве, перамогшы на паэтычным конкурсе зборнікам вершаў пра каханне жабракоў, які так і застаўся нявыдадзеным. Працавала яна настаўніцай добрых манераў і грамадазнаўства ў дзяржаўных школах. Жыла з заробку і здымала кватэру ў маляўнічым праездзе Закаханых старажытнага Гефсеманскага квартала. Яна мела некалькі палюбоўнікаў, аднак без сур’ёзных намераў. Наўрад ці чалавек таго асяродку і таго часу ажаніўся б з жанчынай, з якой пераспаў. Яна таксама не цешыла сябе ілюзіямі з тае пары, як першы афіцыйны жаніх, якога яна сапраўды кахала, як гэта толькі можна ў васямнаццаць гадоў, уцёк, парушыўшы заручыны за тыдзень да вяселля, і яна засталася з рэпутацыяй падманутае нявесты. Або скарыстанае дзеўкі, як тады казалі. Аднак той першы досвед, горкі і мімалётны, пакінуў ёй не след горычы, а асляпляльную ўпэўненасць у тым, што ў шлюбе альбо па-за шлюбам, без Бога і па-за законам, жыць варта толькі ў тым выпадку, калі маеш мужчыну ў ложку. Больш за ўсё Флярэнтына Арысу займала тое, што ў момант любові ёй было неабходна смактаць дзіцячую соску, каб дасягнуць найвялікшай асалоды. Яны сабралі цэлую вязку сосак рознай велічыні, формы і колеру, якія толькі можна было набыць на рынку, і Capa Hap’eгa вешала соскі над ложкам, каб можна было знайсці навобмацак у патрэбны момант.

Хоць яна была свабоднай, як і ён, і, верагодна, не была б супраць, калі б іх сувязь не хавалася ад людзей, Флярэнтына Арыса з самага пачатку настаяў на захаванні канспірацыі. Ён праслізгваў у дом цераз чорны ход і заўсёды вельмі позна, глыбокай ноччу, а знікаў на дыбачках на досвітку. І ён, і яна разумелі, што ў цесным і густанаселеным доме суседзі ведаюць шмат больш за тое, што ўдаюць. Аднак няхай канспірацыя застанецца толькі простай фармальнасцю, Флярэнтына Арыса быў такім, і такім ён будзе з любой жанчынай да скону. Ён ні разу не дазволіў сабе ў гэтых адносінах ніводнага правалу, ні з ёю, ні з іншымі, выкрыць яго было немажліва. Гэта не было перабольшаннем: толькі аднойчы ён пакінуў па сабе здрадлівы след — ліст, і гэта магло каштаваць яму жыцця. Насамрэч ён заўсёды паводзіў сябе, як вечны муж Фэрміны Дасы, муж ня­верны, але ўпарты, які нястомна змагаўся за вызваленне ад сваёй залежнасці, не здраджваючы, аднак, сваім пачуццям.

Такая замкнёнасць не магла не спарадзіць чутак. Сама Трансыта Арыса памерла з упэўненасцю, што яе сын, зачаты ў каханні і выхаваны для кахання, меў стойкі імунітэт да ўсялякіх праяў пачуцця з-за першай юнацкай няўдачы. Аднак менш зычлівыя людзі з яго блізкага кола, знаёмыя з яго загадкавым характарам і цягай да містычнай вопраткі ды дзіўных парфумаў, падзялялі падазрэнне ў тым, што імунітэт тычыцца не любові, а жанчын. Флярэнтына Арыса ведаў пра гэта і ніколі нічога не зрабіў дзеля абвяржэння. Гэта не турбавала і Сару Нар’егу. Яна прымала яго, як усе незлічоныя жанчыны, якія задавальнялі яго, не разлічваючы на асаблівыя пачуцці, як мужчыну часовага. Урэшце, Флярэнтына стаў з’яўляцца ў ейным доме а любой гадзіне дня і ночы, часцей за ўсё — у нядзелю зрання, у самы спакойны час. Яна адразу кідала тое, чым займалася, і аддавала сябе дарэшты, каб зрабіць яго шчаслівым на вялізным размаляваным ложку, які заўжды чакаў яго і на якім не было месца царкоўным абмежаванням. Флярэнтына Арыса не мог зразумець, як незамужняя жанчына з такім малым досведам магла столькі ведаць пра жаданні мужчын і як яна давала рады свайму салодкаму целу, якое рухалася ў ложку так лёгка, бы рыбіна ў вадзе. Яна адказвала яму, што майстэрства кахаць, перадусім, ёсць прыроджаным талентам: «Ты альбо нараджаешся з гэтай ведай, альбо так і памрэш невукам». Флярэнтына Арысу ажно круціла ад думкі, што яна, магчыма, была больш дасведчанай, чым удавала, але ён мусіў суцішваць сваю рэўнасць, бо і сам сказаў ёй, як казаў усім сваім жанчынам, што яна была ягонай адзінай каханкай. Акрамя шмат чаго іншага, што было яму не даспадобы, Флярэнтына мусіў змірыцца з прысутнасцю ў ложку раз’юшанага ката, якому Сара Нар’ега сточвала кіпцюры, каб ён іх не раздзёр, пакуль яны кахаліся.

Аднак акрамя заўсёднае прагі давесці сябе ў ложку да знямогі, яна аддавала сябе ўсю пакутам паэзіі. І не толькі мела дзівосную памяць на сентыментальныя вершы таго часу, што прадаваліся ўсё новымі двухграшовымі брашурамі на вуліцах горада, але і прыколвала да сцен шпількамі самыя кранальныя з іх, каб чытаць уголас у любы час. Яна пераклала тэксты падручніка па добрых манерах і лекцыі грамадазнаўства на мову класічнай паэзіі паўнагучнай рыфмай, але не дамаглася афіцыйнага прызнання. Часам яе так даводзіў дэкламатарскі сверб, што яна працягвала выкрык­ваць радкі падчас любоўных уцехаў, і Флярэнтына Арыса змушаны быў усоўваць ёй у рот соску гвалтам, як робяць з дзецьмі, каб перасталі плакаць.

У разгар іхнай сувязі Флярэнтына Арыса спытаўся ў сябе, які з двух станаў льга лічыць любоўю — стан буйных любоўных уцехаў альбо спакой вечарамі ў нядзелю, і Сара Нар’ега супакоіла яго простым аргументам, маўляў, што б мы ні рабілі аголенымі, гэта і будзе любоў. І дадала: «Для любові душэўнай — вышэй за талію, для любові цялеснай — ніжэй». Гэтае ўласнае вызначэнне здалося ёй удалай тэмай для паэмы пра шчаслівае каханне, яны напісалі паэму ў чатыры рукі, і Сара Нар’ега прадставіла яе на V Паэтычных гульнях, упэўненая ў тым, што ніхто такой арыгінальнай паэмы ніколі не абіраў. І зноўку прайграла.

Флярэнтына Арыса правёў яе дамоў, і ўсю дарогу яна гня­вілася. Не могучы таго патлумачыць, яна была ўпэўненая ў тым, што ёй не далі прэміі праз інтрыгі Фэрміны Дасы. Фля­рэнтына Арыса не звяртаў на яе ўвагі, ён пагрузіўся ў змрочны настрой з моманту ўручэння ўзнагароды, бо вельмі даўно не бачыў Фэрміны Дасы, і той ноччу ў яго склалася ўражанне, што яна глыбока змянілася: упершыню няўзброеным вокам можна было заўважыць, што, як ні круці, яна маці. Гэта не было навіной для яго, бо ён ведаў, што яе сын ужо ходзіць у школу. Аднак мацярынскі век раней не здаваўся яму такім відавочным, як цяпер, мяркуючы не адно па памерах таліі, зменах у хадзе, а й па тым, што ёй не ставала паветра пры чытанні вынікаў конкурсу.

Каб дакументальна падмацаваць свае ўражанні, ён наноў перагледзеў альбомы, прысвечаныя Паэтычным гульням, пакуль Сара Нар’ега гатавала вячэру. Ён разглядаў хромалітаграфіі з часопісаў, зжаўцелыя паштоўкі, што прадаваліся, як сувеніры, ля Натарыяльнае брамы, і гэта было нібыта прывідным пераглядам фальшу ягонага жыцця. Да тае пары ён трымаўся ілюзіі, што ўвесь свет старэе, мяняюцца звычаі, моды, толькі не яна. Але цяпер ён упершыню свядома ўгледзеў, што і жыццё Фэрміны Дасы мінае, і ягонае жыццё збягае, а ён толькі і робіць, што чакае. Ніколі ён не гаварыў пра яе ні з кім, бо разумеў, што не здольны вымавіць ейнае імя так, каб людзі не заўважылі, як ён хвалюецца, — нават вусны збялелі б. Але ў той вечар, калі ён разглядаў альбомы ўжо соты раз вечарамі падчас нядзельнай нудоты, Сара Нар’ега чарговым разам выпадкова ўжыла тое трапнае вызначэнне, ад якіх стыла кроў.

— Яна сапраўдная прастытутка, — сказала яна.

Яна выказала гэта мімаходзь, убачыўшы здымак, на якім Фэрміна Даса на маскарадным балі была ў вопратцы чорнай пантэры, і Сары не давялося называць імя, каб Флярэнтына Арыса здагадаўся, пра каго яна сказала. Баючыся выкрыцця, якога страшыўся ўсё сваё жыццё, ён паспрабаваў быў асцярожна бараніць Фэрміну. Адзначыў толькі, што ён амаль не ведаў Фэрміны Дасы — знаёмства зводзілася да фармальных вітанняў — і нічога не ведаў пра яе асабістае жыццё, але думаў, што гэта цудоўная жанчына, якая стварыла сябе з нічога, дзякуючы ўласным вартасцям.

— Дзякуючы шлюбу па разліку з чалавекам, якога не кахае, — перарвала яго Сара Нар’ега. — Гэта самы агідны ўзор прастытуцыі. Не такімі рэзкімі словамі, але таксама ў тоне суворай маралі маці казала Флярэнтына Арысу тое самае, спрабуючы сцішыць ягонае гора. Узрушаны, ён не знайшоў адпаведнага адказу на словы бязлітаснай Сары Нар’егі і вырашыў змяніць тэму. Аднак Сара Нар’ега не паддалася і працягвала паліваць брудам Фэрміну Дасу, пакуль не адвяла душу. Усплёск інтуіцыі, які Сара Нар’ега не здолела б вытлумачыць, падказваў: Фэрміна Даса зладзіла змову, каб не даваць ёй прэміі. Прычын для такога сцверджання не было: яны не былі знаёмыя, не ведалі адна адну ў твар, і Фэрміна Даса не мела ніякага дачынення да конкурснага вердыкту, хоць была ў курсе спраў журы. Сара Нар’ега дадала безапеляцыйным тонам: «Мы, жанчыны, — празарлівіцы». І гэтым спыніла спрэчкі.

Тады Флярэнтына Арыса і яе ўбачыў іншымі вачыма. Для яе таксама міналі гады. Няўрымслівая натура бясслаўна марнела, гадамі стрымванае каханне вымушала яе ўсхліпваць, на павекі ўжо леглі цені мінулай горычы. Гэта была ўчорашняя кветка. Апрача таго, ад гневу паразы яна страціла лік кілішкам брэндзі. Гэта не была ейная ноч: пакуль елі падагрэты рыс з какосам, яна спрабавала высветліць унёсак кожнага ў стварэнне паэмы, каб дазнацца, колькі пялёсткаў Залатой архідэі яны маглі атрымаць паасобку. Не ўпершыню яны пускаліся ў беспрадметныя дыскусіі, але ён скарыстаўся выпадкам, каб гаварыць, вярэдзячы адкрытую рану, абразы. Вось так яны схапіліся ў бязглуздай спрэчцы і прыгадалі ўсе дробныя крыўды, што назапасіліся за пяць гадоў любоўнае сувязі.

Заставалася дзесяць хвілін да поўначы, калі Сара Нар’ега стала на крэсла, завяла насценны гадзіннік і паправіла стрэл­ку на вока, верагодна, з намерам сказаць яму без слоў, што час сыходзіць. Тады Флярэнтына Арыса адчуў тэрміновую неабходнасць вырваць з карэннем гэтую сувязь без любові і стаў шукаць зачэпку, каб узяць ініцыятыву ў свае рукі, — так ён дзейнічаў заўсёды. Ён маліў Бога, каб Сара Нар’ега паклікала ў ложак — вось тады ён бы сказаў ёй, што не, усё скончана, — ён папрасіў яе, калі яна спусцілася з крэсла, прысесці побач. Аднак яна вырашыла трымацца на адлегласці і села ў крэсла для гасцей. Тады Флярэнтына Арыса працягнуў ёй указальны палец, абмакнуўшы яго ў брэндзі, — Сара Нар’ега любіла смактаць яго ў прэлюдыях любові. Яна адвярнулася.

— Не трэба, — сказала яна, — я чакаю чалавека.

З тае пары, як яму адмовіла Фэрміна Даса, Флярэнтына Арыса навучыўся пакідаць за сабой апошняе слова. Пры менш горкіх абставінах ён бы дабіўся згоды Сары Нар’егі і завяршыў бы ноч з ёю ў раскошным ложку, бо ён быў упэўнены ў тым, што жанчына, якая аднойчы легла з мужчынам, і надалей будзе спаць з ім, толькі б мужчына таго захацеў ды здолеў абудзіць пяшчоту. Ён напакутаваўся дзеля ўласнае ўпэўненасці, ішоў на што заўгодна нават пры самых цёмных прыгодах, толькі б не даваць аніводнай жанчыне мажлівасці сказаць апошняе слова. Але тае ночы ён адчуў сябе гэтакім зняважаным, што ўраз выпіў брэндзі, паказваючы, як толькі мог, сваю крыўду, і пайшоў моўчкі, нават не развітаўшыся. Яны больш ніколі не бачыліся.

Сувязь Флярэнтына Арысы з Сарай Нар’егай была адной з найдаўжэйшых і найстабільнейшых, хоць і не адзінай за тыя пяць гадоў. Калі ён зразумеў, што яму з ёю добра, перадусім у ложку, але што яна ніколі не заменіць яму Фэрміны Дасы, ягоныя ночы самотнага паляўнічага зноў пачасціліся, і ён даваў рады часу і сілам, дзе толькі мог. Аднак Сара Нар'ега сталася на пэўны час цудам палёгкі. Ва ўсялякім разе на той час ён здолеў жыць, не бачачы Фэрміны Дасы, чаго раней не ўдавалася: ён у любы момант мог кінуць свае справы, каб выйсці шукаць яе там, дзе падказвала ягонае прадчуванне. Шукаў ён яе на самых невергодных вулках, у месцах, дзе яе быць не магло, бяздумна хадзіў з такою нудой у душы, што не мог знайсці спакою, пакуль не ўгледжваў яе хоць на хвілю. Расстанне з Сарай Нар’егай зноў патрывожыла яго прыспаныя летуценні, і ён зноўку адчуў сябе, як у тыя вечары бясконцага чытання ў скверыку, але гэтым разам усё стала складанейшым праз думку, што доктар Хувэналь Урбіна мусіць памерці.

Здаўна Флярэнтына Арыса ведаў, што ягоны лёс — ашчаслівіць удаву, якая ашчаслівіць і яго, але гэта ніяк не турбавала яго. Наадварот, ён быў да гэтага падрыхтаваны. Ён так добра ведаў іх па сваіх прыгодах, што ўрэшце ўпэўніўся: свет поўны шчаслівых удоў. Ён бачыў, як яны шалелі ад гора, калі хавалі мужа, як малілі, каб іх пахавалі жыўцом у той жа труне і пазбавілі такім чынам ад бядотаў змрочнае будучыні, але паступова прыходзіла замірэнне з рэальнасцю новага становішча, і яны адраджаліся з попелу, праяўлячы маладую жывучасць. Яны пачыналі жыць, нібыта інсекты ў цені вялізных пустых дамоў, выслухоўвалі споведзі прыслужніц, лашчылі пустыя падушкі і пакутавалі ад адсутнасці клопату пасля мноства гадоў бясплённага рабства. Яны марнавалі час, прышываючы гузікі да вопраткі нябожчыка, чаго раней ніколі не паспявалі зрабіць, бясконца прасавалі кашулі з накрухмаленымі каўнерыкамі і манжэткамі, каб яны віселі ў ідэальным парадку. Працягвалі класці ў прыбіральні мыла, якое ён любіў, мянялі навалочкі з ягонай манаграмай у ложку, ставілі прыбор там, дзе ён звычайна сядаў за стол, на выпадак, калі ён раптам вернецца адтуль без папярэджання, як рабіў пры жыцці. Але ў тых рытуалах самоты яны пачыналі ўсведамляць, што зноў атрымалі свабоду пасля таго, як адмовіліся не толькі ад свайго прозвішча, але і ад сваёй самасці, і ўсё — замест жыццёвай трываласці, якая насамрэч была адной са шматлікіх нявесціных ілюзій. Толькі яны ведалі, як цяжка было з чалавекам, якога шалёна кахалі і які, мажліва, іх таксама кахаў. Але яго ж даводзілася даглядаць да апошняга ўздыху, карміць грудзьмі, мяняць яму запэцканыя пялюшкі, адцягваючы ўвагу матчынымі прыгаворкамі, каб зменшыць страх, які ён адчуваў перад ранішнім выхадам на вуліцу і сутыкненнем з рэчаіснасцю. Аднак варта было мужу выйсці з дома пад жончыны падбухторванні скарыць свет, і ўжо яна заставалася сам-насам з жахам, ці вернецца ён калі. Такім было жыццё. Каханне, калі яно існавала, было нечым асобным, нечым у іншым жыцці.

Тым часам, узнаўляючы жыццёвыя сілы ў самоце, удовы знаходзілі, што адзіна сумленны спосаб жыцця патрабуе падначалення целу, калі ясі, калі хочаш есці, кахаеш без маны, спіш без патрэбы ўдаваць, што ты заснула, каб пазбегнуць ганебнасці кахання паводле раскладу, калі маеш, нарэшце, поўнае права на ложак толькі для сябе, і ніхто не аспрэчвае паловы прасціны, паловы паветра, паловы ночы, каб цела насыцілася ў сне, каб прачнуцца самотнай. Падчас сваіх золкаў патаемнага паляўнічага Флярэнтына Арыса сустракаў іх каля выхада з храма пасля ранішняе імшы а пятай, апранутых у чорную жалобную вопратку і з крумкачом лёсу на плячы. Ледзь заўважыўшы яго ў першых промнях золку, яны пераходзі­лі вуліцу і ішлі па ходніку на супрацьлеглым баку дробнымі нервовымі крокамі, крокамі птушкі, бо нават проста прайсці паўз мужчыну на ходніку азначала запляміць сваю годнасць. Аднак ён быў упэўнены, што роспачная ўдава куды болей, чымся якая іншая жанчына, магла несці ў сабе зерне шчасця.

Колькі ўдоў у ягоным жыцці, пачынаючы ад Назарэцкай удавы, дазволілі яму дазнацца, якімі стаюцца шчаслівыя пашлюбёнкі пасля смерці мужа! Toe, што для яго датуль было марнай ілюзіяй, дзякуючы ім ператварылася ў рэальную магчымасць. Ён не знаходзіў прычын, з якіх Фэрміна Даса не магла б быць такой самай удавой, падрыхтаванай самім жыццём, каб прыняць яго, якім ён быў, без прывіднае віны перад нябожчыкам мужам, гатовай адкрыць з ім другое шчасце ў другім каханні, здольнай зрабіць з кожнае хвілі цуд жыцця, які належаў бы толькі ёй і які прышчэплены самой смерцю ад любое заразы.

Мабыць, ён не быў бы такім аптымістам, калі б хоць падазраваў, як далёка была Фэрміна Даса ад ягоных ілюзорных разлікаў, калі яна толькі ўваходзіла ў свет, дзе для яе было прадугледжана ўсё, акрамя няшчасця. Быць заможным тады азначала мець мноства пераваг — зразумела, і мноства невыгодаў таксама, але паўсвету прагла заможнасці, бачачы ў ёй спосаб дасягнуць несмяротнасці. Фэрміна Даса адмовіла Флярэнтына Арысу, калі якраз пачынала сталець, і тут жа расплацілася пакутамі шкадавання, але ніколі не сумнявалася ў слушнасці свайго ўчынку. У свой час яна не магла патлумачыць сабе, якія патаемныя прычыны прывялі да працінальнага прадбачання, аднак шмат гадоў пазней, ужо на парозе старасці, яна раптоўна, не ведаючы, якім чынам, знайшла тыя прычыны падчас выпадковай размовы пра Флярэнтына Арысу. Прысутныя ведалі, што ён быў спадкаемцам Карыбскай параходнай кампаніі ў эпоху росквіту, усе былі ўпэўненыя, што бачыліся з ім шмат разоў, вялі з ім нейкія справы, аднак ніхто не мог узнавіць ягонага аблічча ў памяці. Вось тады Фэрміна Даса адкрыла падсвядомыя прычыны, якія заміналі кахаць яго. І яна вымавіла: «Гэта нібы не чалавек, а цень». Так, цень чалавека, якога ніхто ніколі не спазнаў. Але пакуль яна супраціўлялася заляцанням доктара Хувэналя Урбіна, які быў чалавекам сапраўды супрацьлеглага кшталту, яна пакутавала ад прывіду вінаватасці: адно што гэтае пачуццё яна не здолела сабе падначаліць. Калі Фэрміна Даса адчувала, што вінаватасць звальваецца на яе, жанчыну ахоплівала невытлумачальная паніка, і ёй удавалася кантраляваць сябе, толькі калі побач знаходзіўся чалавек, які яе суцяшаў. Яшчэ зусім малой, разбіўшы талерку на кухні, прышчаміўшы палец у дзвярах, уба­чыўшы, як нехта ўпаў, Фэрміна Даса паварочвалася ў жаху да дарослага, які знаходзіўся бліжэй за іншых, і адразу казала яму: «Гэта ты вінаваты». Хоць насамрэч яе не турбавала, хто вінаваты, альбо ці вінаватая яна сама, — ёй досыць было кагосьці звінаваціць.

Комплекс быў настолькі відавочным, што доктар Урбіна своечасова здагадаўся, да якой ступені гэта пагражае гармоніі ў сям’і, і як толькі заўважаў ягоную прысутнасць, спяшаўся сказаць жонцы: «Не хвалюйся, мая каханая, ва ўсім вінаваты я». Ён больш за ўсё пабойваўся раптоўных і незваротных рашэнняў жонкі і ведаў, што прычына ўсяго хавалася ў пачуцці вінаватасці. Аднак унутраны канфлікт, выкліканы тым, што яна адмовіла Флярэнтына Арысу, не мог вырашыцца адной суцяшальнай фразай. Фэрміна Даса па-ранейшаму адчыняла балкон раніцой цягам некалькіх месяцаў, і заўсёды сумавала па самотным прывідзе, які мусіў чакаць на лаўцы пустэльнага скверыка, яна бачыла ягонае дрэва, самую непрыкметную лаўку, дзе ён сядаў чытаць, думаючы пра яе, пакутуючы праз яе, і яна мусіла зачыняць балкон, уздыхаючы: «Няшчасны, няшчасны». Яна нават перажыла расчараванне, што ён выявіўся не такім упартым, як яна меркавала, калі было запозна цыраваць мінулае, і часам жадала прачытаць запознены ліст, які ёй ужо ніколі было не прачытаць. Але калі давялося наважыцца на шлюб з Хувэналем Урбіна, яе напаткаў яшчэ большы крызіс, бо яна ўцяміла, што няма істотных падстаў, каб аддаваць перавагу яму, калі яна адмовіла Флярэнтына Арысу. Насамрэч яна амаль не кахала доктара, як і папярэдняга прэтэндэнта, да таго ж ледзь яго ведала, і яго лісты былі пазбаўленыя палкасці тых, папярэдніх, не ўтрымлівалі ўзрушальных доказаў кахання. Па праўдзе, памкненні Хувэналя Урбіна ніколі не былі сфармуляваныя моваю кахання, і ва ўсялякім разе было дзіўна, што такі ваяўнічы каталік, як ён, прапаноўваў ёй толькі зямныя даброты: упэўненасць у будучыні, лад, шчасце, — нібыта лічбы, падсумаванне якіх, мажліва, магло быць падобным на каханне, амаль каханнем. Але гэта не было ім, і сумневы множылі разгубленасць, бо яна таксама не была ўпэўненая, што для сапраўднага жыцця ёй бракавала менавіта кахання.

Галоўны факт супраць доктара Хувэналя Урбіна тоіўся ў яго падазронай падобнасці да ідэальнага мужчыны, пра якога Лярэнса Даса марыў для дачкі. Немажліва было не бачыць у доктары дзіця бацькоўскае змовы — хоць гэта было і не так, — і Фэрміна Даса паверыла ў гэтую версію тады, калі ён увайшоў у дом другім разам, з лекарскім візітам без выкліку. Размовы з кузінай Ільдэбрандай заблыталі яе ўшчэнт. Быўшы сама ахвяраю нешчаслівага кахання, там яна ледзь не атаясамлівала сябе з Флярэнтына Арысам, забываючыся на тое, што Лярэнса Даса зладзіў яе прыезд менавіта дзеля таго, каб яна паўплывала на Фэрміну Дасу на карысць доктара Урбіна. Толькі Бог ведае, якіх высілкаў каштавала Фэрміне Дасе не скласці кампанію кузіне, калі тая пайшла ў тэлеграфную кантору, каб пабачыць Флярэнтына Арысу. Фэрміна Даса таксама хацела б пабачыць Флярэнтына Арысу зноўку, супаставіць ягоны воблік з успамінам і пазбыцца сумневу. Яна б пагутарыла з ім сам-насам, зведала б яго дарэшты. Толькі так яна магла ўпэўніцца ў тым, што імгненнае рашэнне не штурхне да іншага, больш цяжкога, якім сталася б капі­туляцыя ў асабістай вайне супраць бацькі. Але яна прыняла рашэнне ў крытычны момант свайго жыцця, не зважаючы ні на мужчынскую гожасць прэтэндэнта, ні на легендарную заможнасць, ні на яго раннюю славу, ні на іншую рэальную годнасць, а толькі праз жах таго, што можа ўпусціць такі шанец і праз немінучасць дваццаці аднаго года, скрайняе рысы, якую яна сабе ўпотайкі прызначыла, каб скарыцца перад лёсам. І адзінай хвілі выявілася досыць, каб прыняць рашэнне, як Бог загадаў і як чалавечыя законы таго патрабуюць, — да самага скону. Тады развеяліся ўсе сумневы, і Фэрміна Даса магла зрабіць без згрызотаў сумлення тое, што розум абраў: яна годна, без слёз цалкам сцерла ўспаміны пра Флярэнтына Арысу, і на тым месцы памяці, дзе ён раней жыў, пасеяла макавы дол. І толькі дазволіла сабе больш глыбокі, чым звычайна, апошні ўздых: «Няшчасны, няшчасны!»

Найстрашнейшыя сумневы, аднак, пачаліся, як толькі Фэрміна Даса вярнулася з вясельнай вандроўкі. Ледзь яны паспелі адчыніць куфры, распакаваць мэблю і разабраць адзінаццаць скрыняў, прывезеных ёю дзеля таго, каб належным чынам прыняць лейцы кіравання ў якасці гаспадыні старажытнага палаца маркіза Касальдуэра, яна ледзь не страціла прытомнасць, бо ўсвядоміла: яна стала зняволенай у чужым доме і, што яшчэ горай, не з тым мужам, пра якога марыла. І шэсць гадоў пайшло на тое, каб выбрацца адтуль. Шэсць найгоршых гадоў жыцця і адчаю ад горкага сумы донны Блянкі, ейнай свякрухі, і ад разумовае недаразвітасці заловак, якія не згнілі жыўцом у кляштарным зняволенні толькі таму, што іхныя душы здаўна існавалі ў нябачных, унутраных келлях.

Доктар Урбіна, з пакорай аддаючы даніну прыналежнасці да ўласнага роду, стаўся глухім да ейнага малення і спадзяваўся на Боскую мудрасць і на жончыну здольнасць прыстасоўвацца да чужога асяродку; з часам, маўляў, усё стане на месца. Яму балюча было бачыць, што маці, чыя прага да жыцця колісь давала моцы жыць нават самым разгубленым, зламалася. Гожая ды разумная жанчына з незвычайнай для яе асяродку пяшчотай у сэрцы на працягу амаль сарака гадоў была душою і целам свецкага раю. Смерць мужа кінула яе ў бездань горычы да такое ступені, што ад колішняе аптымісткі не засталося нічога, бо яна сталася ў душы змрочнай і калючай, увесь свет нібы стаў супраць яе. Адзіна мажлівае тлумачэнне дэградацыі маці хавалася ў крыўдзе за тое, што муж свядома ахвяраваў жыццём дзеля зграі мурынаў, як яна казала, бо адзі­ным апраўданнем ягонай смерці для яе магло быць самаахвяраванне дзеля яе. Так ці іначай, шчаслівы шлюб Фэрміны Дасы доўжыўся столькі, колькі доўжылася вясельная вандроўка, а побач быў муж, які мог бы ўратаваць яе ад канчатковага крушэння спадзеваў, але быў паралізаваны страхам перад матчынай уладай. Менавіта яго, а не дэбільных заловак альбо напаўзвар’яцелую свякруху Фэрміна Даса вінаваціла за прыгатаваную для яе смяротную пастку. Яна вельмі позна зразумела, што за прафесійным аўтарытэтам і вялікасвецкай прывабнасцю чалавека, які стаў яе мужам, хаваліся бездапаможнасць і слабасць, — адным словам, убоства, якое харобрылася грамадскаю вагою яго імёнаў і прозвішчаў.

Фэрміна Даса знайшла суцяшэнне ў нованароджаным сы­не. Яна нарадзіла яго з такой палёгкай, нібы вызвалілася ад чагосьці чужога, і перажыла страх ад самое сябе, калі зразумела, што не адчувае аніякае пяшчоты да той маленечкай істоты са свайго ўласнага жывата, якую павітуха паказала ёй. Ён быў голы, бы засалены і заляпаны крывёю, з абматанай укола шыі пупавінай. Але ў самоце палаца яна зведвала яго ўсё болей і болей, яны пазналі адно аднаго, і Фэрміна Даса з вялікай радасцю адкрыла, што дзяцей любяць не таму, што яны нашыя дзеці, а з-за блізкасці, якая ўзнікае, пакуль іх гадуеш. З часам яна ўжо нікога і нічога не магла трываць у тым доме ейнай нягоды, акрамя сына. Яе душылі самота, сад, падобны да могілак, застаяласць часу ў агромністых пакоях без вокнаў. Яна адчувала, што шалее доўгімі начамі, калі чуліся крыкі вар’ятак з суседняй псіхіятрычнай клінікі. Ёй было зусім няёмка ад звычаю штодня накрываць банкетны стол, з вышываным абрусам, срэбнымі прыборамі і хаўтурнымі кандэлябрамі, каб пяць прывідаў вячэралі нязменным кубкам кавы з малаком і мядовымі пернікамі. Яна зненаві­дзела вечаровыя малітвы, застольную манернасць, бясконцую крытыку таго, як яна ўпраўляецца са сталовымі прыборамі, як шпарка яна ходзіць — бы якая вулічная дзеўка, як апранаецца — бы ў цырку, яе крытыкавалі нават за тое, што яна абыходзіцца з мужам, бы якая сялянка, за тое, што карміла сына, не прыкрываючы грудзей мантылляй. Калі яна ўпершыню самастойна запрасіла сяброў на гарбату а пятай са здобным печывам і кветкавым канфітурам згодна з апошняй ангельскай модай, донне Блянка стала колам напярок таго, каб у ейным доме падавалі людзям патагоннае замест кубка шакаладу і юкавых хлябцоў з расплаўленым сырам. Свякруха не абышла пры­дзірлівай увагай нават яе сны. Аднойчы раніцой Фэрміна Даса распавяла, што бачыла ў сне, нібыта незнаёмец шпацыруе аголеным, раскідваючы жменькі попелу па залах палаца, і тады донна Блянка рэзка перарвала яе:

— Прыстойнай жанчыне не могуць сніцца такія сны.

Да непарыўнага адчування таго, што яна ў чужым доме, дадаліся дзве вялікія бяды. Першая — гэта амаль штодзённая баклажанная дыета на ўсе спосабы, якую донна Блянка адмаўлялася адмяняць з павагі да нябожчыка мужа, а Фэрміна Даса цярпець не магла баклажаны. Яна іх зненавідзела з маленства, яшчэ не пакаштаваўшы, таму што ёй заўсёды здавалася, што яны маюць колер атруты. Праўда, на гэты раз ёй давялося прызнаць, што так ці іначай штосьці змянілася ў жыцці, цяпер яе не прымусіш гэта есці, а калі ў пяць гадоў яна вымавіла нешта пра колер атруты за сталом, бацька змусіў яе з’есці цэлы рондаль на шэсць персон. Яна думала, што памрэ, спачатку праз тое, што яе званітавала здрабнёнымі баклажанамі, а потым праз кубак з касторкай, якую ўлілі ў яе гвалтам, каб вылечыць ад бацькавага пакарання. Гэтыя два моманты змяшаліся ў памяці, ператварыліся ў адно паслабляльнае, як ад згадак пра смак, так і з перапуду перад атрутай, і падчас мярзотных абедаў у палацы маркіза Касальдуэра ёй даводзілася адводзіць вочы, каб не вывернуць вонкі ежу — такія сцюдзёныя касторавыя ваніты падступалі да горла.

Другой бядой была арфа. Аднойчы, цалкам усведамляючы вагу сваіх слоў, донна Блянка сказала: «Я не веру ў прыстойнасць жанчын, якія не ўмеюць граць на піяніна». Гэта быў загад, якому паспрабаваў запярэчыць нават сын, бо найлепшыя га­ды ягонага маленства прайшлі ў галерным рабстве ўрокаў грання на фартэпіяна, хоць у спелым веку ён быў удзячны баць­кам за іхную настойлівасць. Ён не мог сабе ўявіць, як можна прымусіць займацца гэтым чалавека ў дваццаць пяць гадоў ды яшчэ з такім характарам, як у ягонай жонкі. Але ад маці ён дамогся толькі згоды на замену піяніна арфай, па-дзіцячы давёўшы ёй, што гэта інструмент анёлаў. З Вены выпісалі для іх цудоўную арфу, якая здавалася залатой выглядам і гучаннем: пазней арфа станецца бясцэннай рэліквіяй гарадскога музея, пакуль знакаміты пажар не знішчыць літаральна ўсіх экспанаты. Фэрміна Даса скарылася, спрабуючы зрабіць апошні высілак, каб прадухіліць развал сям’і. Яна пачала займацца ў слыннага педагога, якога адмыслова прывезлі з Мампокса, але ён праз пятнаццаць дзён нечакана памёр, і яна некалькі гадоў працягвала заняткі з галоўным музыкам семінарыі, які сваім настроем далакопа скажаў любое арпеджыа.

Фэрміна Даса сама дзівілася сваёй пакоры. Не пагаджаючыся ў думках і ў глухіх спрэчках з мужам у гадзіны, якія раней прысвячалі любові, Фэрміна Даса хутчэй, чым сама магла падумаць, заблыталася ў зарасцях умоўнасцяў і прымхаў свайго новага свету. Напачатку яна карысталася рытуальнай фразай для сцверджання свабоды думкі: «Да чорта веер, вее вецер». Аднак пазней яна пачала даражыць атрыманымі шлюбам прывілеямі, баялася сораму і кпінаў, і была гатовая трываць нават знявагі, спадзеючыся на тое, што Бог, нарэшце, пашкадуе донну Блянку, якая ў малітвах нястомна прасіла паслаць ёй смерць. Доктар Урбіна апраўдваў уласную слабасць крызісам стаўлення да жонкі, нават не спытаўшы сябе, ці не супярэчыць ягоная думка ўстанаўленням касцёла. Ён не дапускаў, што канфлікты з жонкаю ўзнікаюць з прычыны напружанай атмасферы ва ўсім доме, і верыў: прычына закладзена ў самой прыродзе шлюбу — абсурднай вынаходцы, якая існуе толькі дзякуючы бясконцаму цярпенню Бога. Шлюб не меў аніякага навуковага абгрунтавання: чаму дзве ледзь знаёмыя асобы рознага полу без звязкі роднасці, з розным культурным узроўнем раптам прымаюць абавязак жыць разам, спаць разам, падзяляць лёс, які, магчыма, быў прадвызначаны зусім іначай. Ён казаў: «Праблема ў тым, што шлюб завяршаецца штоночы пасля мілавання, і штораніцы трэба ўзнаўляць яго да сняданку». Яшчэ горш складваліся стасункі ў межах іх шлюбу, тлумачыў ён, бо яны былі прадстаўнікамі двух антаганістычных класаў, ды яшчэ ў горадзе, які па-ранейшаму марыў пра вяртанне віцэ-каралёў. Адзіным магчымым матэрыялам, які мог звязаць іх, было ўяўнае і зменлівае каханне, калі яно ўвогуле існавала, а ў іх выпадку яго дакладна не было падчас вяселля, а надалей лёс толькі балюча сутыкнуў іх ілбамі ў той час, калі яны ледзь не прыдумалі сабе сваю гісторыю кахання.

Вось так яны і жылі ў арфавы перыяд. Засталіся ззаду гожыя выпадковасці, калі, напрыклад, яна магла ўвайсці ў ванны пакой, дзе ён мыўся, і, не зважаючы на спрэчкі, на атрутныя бак­лажаны, на сясцёр-вар’ятак і на такую ж вар’ятку свякруху, у ім яшчэ было досыць пяшчоты, і ён прасіў, каб яна пацерла яму спіну. Яна намыльвала яго, трымаючыся тых дробак кахання, якія засталіся пасля Еўропы, і яны абое паддаваліся мане ўспамінаў, міжволі расслабляліся, кахаліся моўчкі, пакуль не паміралі ад любові на падлозе ваннага пакоя, запырсканыя водарнай пенай, чуючы гамонку прыслужніц, якія пралі бялізну за сценкай: «У іх няма больш дзяцей, бо яны не трахаюцца». Час ад часу, калі яны вярталіся дамоў пасля якой шалёнай вечарыны, нуда, што вычэквала іх за дзвярыма, раптам валіла іх долу, і тады адбываўся дзівосны выбух, калі ўсё адраджалася наноў, рабілася, як раней, і на працягу пяці хвілін яны былі тымі неўтаймаванымі каханкамі, як падчас вясельнае вандроўкі.

Але за выключэннем тых рэдкіх аказій, адзін з іх заўсёды быў страшэнна стомленым у час, калі яны клаліся ў ложак. Яна затрымлівалася ў прыбіральні, круцячы цыгаркі з араматызаванае паперы, паліла на самоце, зноўку аддавалася ўцехам юнацтва, калі яна жыла ў сваім доме і ейнае цела належала ёй адной. У яе заўсёды балела галава альбо было надта спякотна, заўсёды, ці яна ўдавала, што ўжо спіць альбо зноў пачалася менструацыя, менструацыя, заўсёды менструацыя. І так часта, што доктар Урбіна наважыўся сказаць на лекцыі, каб палегчыць душу без намёкаў на асабістае жыццё, што пасля дзесяці гадоў шлюбу ў жанчын менструацыя можа быць да трох разоў на тыдзень.

Бяда адна не ходзіць. Фэрміне Дасе давялося перажыць у найгоршы год свайго жыцця тое, што яна мусіла зведаць раней ці пазней: праўду пра звышпрыбытковыя і патаемныя справы бацькі. Губернатар правінцыі выклікаў Хувэналя Урбіна ў свой кабінет, каб увесці яго ў курс злачынстваў цесця, і падсумаваў адной фразай: «Няма такога боскага альбо чалавечага закона, цераз які б гэты тып не пераступіў». Найбольш цяжкія злачынствы былі ажыццёўленыя ў цені зяцевага аўтарытэту, і было цяжка паверыць, каб зяць і ягоная жонка не ведалі пра гэта. Разумеючы, што толькі яго рэпутацыя магла іх уратаваць, бо іншай такой сілы не было, доктар Хувэналь Урбіна зрушыў усе спружыны і важкасць уласнага становішча, каб згасіць скандал, даўшы слова гонару. У выніку, Лярэнса Даса выехаў з краіны на першым караблі, каб больш ніколі не вярнуцца. Шлях ён трымаў на радзіму, нібыта кіруючыся ў адну з тых вандровак, на якія пускаўся час ад часу, каб замарыць чарвяка настальгіі, і ва ўсім гэтым была доля праўды: ён ужо здаўна меў звычку ўздымацца на караблі, што прыходзілі з ягонай радзімы, каб проста выпіць шклянку вады, набранай у яго родным мястэчку. Лярэнса Даса з’ехаў, хоць і не здаўся, бо ўпарта працягваў цвердзіць, што ён не вінаваты, імкнучыся ўпэўніць зяця ў тым, што ён стаў ахвярай палітычнае змовы. Ад’яжджаючы, ён плакаў па сваёй дзяўчынцы, як ён называў Фэрміну Дасу ад дня вяселля, плакаў па ўнуку, па зямлі, дзе стаў заможным і незалежным чалавекам, дзе ўчыніў бацькоўскі подзвіг, ператварыўшы дачку ў вытанчаную даму, дзякуючы сваім цёмным справам. З’ехаў ён састарэлым ды хворым, але пражыў нашмат болей, чым жадалі яму ахвяры ягоных махінацый. Фэрміна Даса не здолела стрымаць уздыху палёгкі, калі да яе дайшла вестка пра бацькаву смерць, і яна не прытрымлівалася канонаў жалобы, каб пазбегнуць пытанняў, але цягам колькіх месяцаў зачынялася ў прыбіральні, каб папаліць-паплакаць з глухой злосцю, не ведаючы прычын, — насамрэч, гэтак яна плакала па бацьку.

Самым абсурдным у іх становішчы было тое, што ніколі яны не здаваліся такімі шчаслівымі на людзях, як у тыя нешчаслівыя гады. Напраўду, гэта быў час іх вялікіх перамог над стоенай варожасцю асяроддзя, якое не хацела іх прымаць такімі, якімі яны былі, — адрознымі ды сучаснымі, адпаведна, і парушальнікамі заведзенага ладу. Аднак гэтаму Фэрміна Даса давала раду лёгка. Свецкае жыццё, што дагэтуль здавалася ёй чымсьці няпэўным, было ўсяго сістэмай атавістычных пактаў, банальных цырымоній, прадвызначаных шаблонаў, з дапамогай якіх бамонд забаўляўся, каб не пазабіваць адно аднаго. Галоўнай азнакай у гэтым раі правінцыйнае легкадумнасці быў жах перад невядомым. Яна вызначыла гэта даволі простым чынам: «Праблема жыцця ў грамадстве — навучыцца стрымліваць страх, а праблема сямейнага жыцця — навучыцца адольваць нуду». Ёй адкрылася гэта, як нейкае пасланне з нябёсаў, калі яна ўвайшла, цягнучы за сабой бясконцы шлейф вясельнага строю, у вялізны салон Грамадскага клуба. Там атмасфера была зусім іншай, чым заўсёды, ад змяшанага водару мноства кветак, бляску вальсаў, вальяжнае гаманы ўспацелых мужчын і неўрастэнічных жанчын, якія разглядвалі яе, яшчэ не ведаючы, што б такога змысліць з гэтай асляпляльнай пагрозай, пасланай ім вонкавым светам. Ёй толькі споўніўся дваццаць адзін год, і датуль яна выходзіла з дома толькі дзеля таго, каб дайсці да школы, але досыць было зірнуць на прысутных, каб уцяміць: яны не былі ахопленыя нянавісцю — іх паралізаваў жах. Яна, таксама з перапуду, раптам міласэр­на зрабіла крок насустрач. Яны выявіліся такімі, якімі яна меркавала іх бачыць, так здаралася і з гарадамі, не горшымі і не лепшымі за іх вобраз у яе сэрцы. Парыж, не зважаючы на бесперапынны дождж, жміндаў-крамнікаў ды гамерычную грубасць вознікаў, заўсёды прыгадваўся як найпрыгажэйшы горад свету, не таму, што ён быў альбо не быў такім, а таму, што яна звязвала яго з настальгіяй па гадах шчасця. Доктар Урбіна, са свайго боку, вёў змаганне той зброяй, якую выкарыстоўвалі супраць яго, але ён рабіў гэта з дыхтоўным розумам і разлічанай урачыстасцю. Нічога не адбывалася без іх удзелу: ці то публічныя гулянні, ці то Паэтычныя гульні, культурныя імпрэзы, дабрачынныя латарэі, патрыятычныя сходы, першы палёт на паветраным шары. Паўсюль былі яны, і амаль заўсёды — каля вытокаў і на грэбені справы. Ніхто не мог і ўявіць сабе, каб нехта быў шчаслівейшы за іх, каб недзе ў свеце існавала такая сямейная гармонія.

Кінуты бацькам дом даў Фэрміне Дасе ўласны прытулак ад задушлівай атмасферы родавага палаца. Пры першай магчымасці схавацца ад вачэй свету яна ўпотайкі збягала ў дом перад Евангельскім скверыкам і там прымала новых сябровак і некаторых былых — па школе альбо па ўроках жывапісу: гэта быў нявінны сурагат шлюбнай нявернасці. Яна бавіла свае гадзіны самотнае маці ва ўспамінах пра насычанае падзеямі дзяцінства. Зноўку набыла крумкачоў, пазбірала вулічных катоў, якіх даглядала Гала Плясыдыя, ужо старая і абмежаваная ў рухах з-за раматусу, але ў якой яшчэ ставала сіл, каб адрадзіць дом. Фэрміна Даса зноў адчыніла пакой для шытва, дзе Флярэнтына Арыса ўбачыў яе ўпершыню, дзе доктар Хувэналь Урбіна загадаў ёй паказаць язык, спадзеючыся ўгледзець ейнае сэрца, і ператварыла пакой у свяцілішча мінулага. Адным зімовым вечарам Фэрміна Даса ішла зачыняць балкон, бо набліжалася бура, і ўбачыла Флярэнтына Арысу на ягонай нізенькай лаўцы пад мігдалавым дрэвам скверыка, у перашытым пад яго бацькавым строі і з раскрытай кніжкай на каленях. Але не такім, якім бачыла яго выпадкова ды не раз, а ў тым веку, у якім ён застаўся ў яе памяці. Яна спужалася, што гэтая мара магла быць прадвесцем смерці, і ёй зрабілася балюча. Яна адважылася сказаць сабе, што, магчыма, яна была б шчаслівай з ім у доме, які з такім каханнем рэстаўравала дзеля яго, як і ён узнаўляў свой дзеля яе. Ад гэтага простага дапушчэння яе ажно страсянула, бо яна ўцяміла, да якіх скрайнасцяў няшчасця яна дайшла. Тады яна сабрала рэшткі сіл і змусіла мужа размаўляць адкрыта, твар да твару. Яны спрачалася да слёз ад гневу за страчаны рай, спрачаліся да трэціх пеўняў, і святло прабралася да іх цераз палацавыя карункі, і ўзышло сонца, і муж, хрыплы ад доўгай гамонкі, стомлены ад бяссоннае ночы, з умацаваным ад пралітых слёз сэрцам завязаў шнуркі на чаравіках, зацягнуў пас, патужэй зацягнуў тое з мужчынскага, што заставалася ў ім, і сказаў: «Так, любая, мы зноў адшукаем каханне, якое пакінулі ў Еўропе, — і ўжо назаўжды». Рашэнне было незваротным. Ён дамовіўся са Скарбовым банкам, сваім паўнамоцным прадстаўніком, пра неадкладны продаж саліднай фамільнай маёмасці, здаўна раскіданай па розных бізнэсах, капіталаўкладаннях, недатыкальных каштоўных паперах, якія марудна назапашвалі прыбытак. Гэта быў скарб, пра які толькі ён сапраўды ведаў, што ён не быў бязмерным, як сцвярджала легенда. Скарб быў рыхтык такім, каб пра яго не думаць. І грошы, абмененыя на золата найвышэйшае пробы, мусілі паступова пераводзіцца на ягоныя замежныя рахункі, пакуль для яго і жонкі не застанецца ў гэтым неміласэрным краі нават цалі зямлі, каб быць тут пахаванымі.

А Флярэнтына Арыса ўсё ж існаваў, хоць да тае пары яна спрабавала верыць у адваротнае. Ён быў на пірсе, куды прычаліў трансатлантычны карабель з Францыі, калі яна пад’ехала з мужам і сынам у ландо, запрэжаным залацістымі коньмі, ён бачыў, як яны выйшлі з экіпажа такімі, як гэта было неаднойчы на грамадскіх урачыстасцях, — беззаганнымі. Яны ішлі з сынам, выхаванне якога ўжо дазваляла здагадвацца, якім ён станецца з гадамі. Хувэналь Урбіна павітаў Флярэнтына Арысу, весела прыўзняўшы капялюш: «Едзем на заваёву Фландрыі». Фэрміна Даса ледзь схіліла галаву ў знак вітання. Флярэнтына Арыса тут жа зняў капялюш, адказаў лёгкім рэверансам, і яна паглядзела на яго без ценю спачування яго заўчаснаму палысенню. Так, гэта быў ён, якім яна і бачыла яго. Гэта быў цень чалавека, якога яна так і не спазнала.

Флярэнтына Арыса таксама перажываў не найлепшыя ча­сіны. Да ўсё больш напружанай працы, да злыбедаў патаемнага паляўнічага, да мёртвага штылю ягоных гадоў дадаўся фінальны крыз Трансыты Арысы, чыя памяць ужо не захоўвала ўспамінаў і сцерлася дабяла. Дайшло да таго, што часам яна паварочвалася да яго, калі ён чытаў, як заўсёды, у сваімфатэлі, і здзіўлена пыталася: «А ты чый будзеш?» Ён заўжды адказваў сур’ёзна, але яна тут жа перарывала:

— А скажы мне, сынку, — казала яна, — а хто я такая?

Трансыта Арыса растаўсцела настолькі, што ледзьве рухалася, і таму бавіла цэлы дзень у галантарэйнай краме, дзе ўжо нічога не заставалася для продажу. Яна амаль не спала. Клалася позна, прачыналася з першымі пеўнямі і пачынала ўпрыгожвацца: насоўвала нейкія вянкі на голаў, фарбавала вусны, пудрыла твар і рукі, пасля чаго пытала ў таго, хто быў побач, як яна выглядае. Суседзі ведалі, чаго яна чакала, і заўсёды адказвалі: «Ты Прусачка Мартынэс». Толькі гэтае імя, запазычанае ў персанажа дзіцячае казкі, задавальняла яе. Яна гойдалася, абмахваючы сябе звязкай вялізных ружовых пёраў, пакуль не пачынала ўсё спачатку: насоўвала вянок з папяровых кветак на голаў, намазвала мускусам павекі, кармінам — вусны, бяліламі — твар. І зноўку пыталася ў таго, хто быў бліжэй: «Як я выглядаю?» Калі з яе стаў смяяцца ўвесь квартал, Флярэнтына Арыса загадаў разабраць за адну ноч прылавак і секцыі са скрынямі былой галантарэі, зачыніў назаўсёды дзверы з вуліцы, абсталяваў памяшканне так, як яна ўяўляла сабе спальню Прусачкі Мартынэс, і наперад Трансыта Арыса больш ніколі не пыталася, хто яна такая.

Як падказаў яму дзядзька Леон XII, для догляду за маці Флярэнтына Арыса знайшоў жанчыну ў гадах, але тая, няшчасная, больш спала, чым займалася маці, а часам стваралася ўражанне, што і сама забывалася ўласнае імя. Так што Флярэнтына Арыса кіраваўся наўпрост дамоў, як толькі выходзіў з канторы, і заставаўся пры маці, пакуль тая не засынала. Ён ужо не гуляў у даміно ў Камерцыйным клубе і падоўгу не бачыўся з былымі сяброўкамі, бо нешта ў ягоным сэрцы зламалася пасля жахлівай сустрэчы з Алімпіяй Сулетай.

Сустрэча была фатальнай. Флярэнтына Арыса адвёз дзядзь­ку Леона XII дамоў у разгар кастрычніцкай буры — з разраду тых, ад якіх доўга адыходзіш. І на зваротным шляху раптам заўважыў з экіпажа невысокую і вельмі спрытную дзяўчыну ў адзенні з мноствам фальбонак, больш падобным на ўбранне нявесты. Яна мітусілася туды і сюды, бо вецер вырваў з рук ейны парасон і знёс у бок мора. Ён выратаваў дзяўчыну ад буры, прапанаваўшы месца ў экіпажы, і збочыў з кірунку, каб падвезці яе дамоў, у старажытную, уладкаваную для жытла капліцу на беразе мора, на двары якой было поўна клетак з галубамі, — іх відаць было з вуліцы. Па дарозе яна распавяла яму, што менш за год таму выйшла замуж за гандляра, што прадаваў на рынку ганчарныя вырабы. Флярэнтына Арыса часта бачыў, як той сыходзіў з караблёў ягонай кампаніі, цягнучы скрыні з рознымі збанамі для продажу альбо несучы цэлы свет галубоў у лазовых клетках, якімі карысталіся маці на рачных караблях для правозу немаўлятак. Алімпія Сулета, верагодна, належала да сямейства асіных, і не толькі праз доўгія лыткі ды невыразны бюст — яна ўся была нейкая такая: валасы нібы з меднага дроту, на твары — сонечнае рабацінне, вочы — круглявыя і жывыя, расстаўленыя шырэй, чым у іншых людзей, галасок — танклявы, да таго ж яна гаварыла зрэдчас і выказвала адно што слушныя і вясёлыя думкі. Флярэнтына Арысу яна падалася больш пацешнай, чым прыцягальнай, і ён забыўся пра яе, толькі высадзіў ля дома, дзе яна жыла з мужам, цесцем і іншымі мужавымі сваякамі.

Колькі дзён пазней ён зноўку заўважыў ейнага мужа ў порце — той не згружаў скрыні, а наадварот — загружаў іх, і калі карабель адплыў, Флярэнтына Арыса дакладна пачуў каля самага вуха голас д’ябла. Увечары ён адвёз дзядзьку Леона XII дамоў, затым праехаў нібыта выпадкова побач з жытлом Алім­піі Сулеты і ўгледзеў яе праз паркан: яна карміла неспакойных галубоў. Не выходзячы з экіпажа, ён крыкнуў ёй праз агароджу: «Колькі каштуе адна галубка?» Яна пазнала яго і весела адказала: «Яны не прадаюцца». Тады ён зноў спытаў: «Што ж мне рабіць, каб займець галубку?» Не перапыняючы свайго занятку, яна адказала: «Досыць уратаваць галубятніцу ад навальніцы, як у мінулую пятніцу». Гэтак, Флярэнтына Арыса вярнуўся ўвечары дамоў з падарункам ад Алімпіі Сулеты ў знак падзякі — паштовым голубам з металічым колцам на лапцы.

Наступным днём, якраз падчас абеду, гожая галубятніца ўбачыла падораную птушку ў сябе на двары і падумала, што тая зляцела ад новага гаспадара. Яна ўзяла яе ў рукі, каб разглядзець, і знайшла пад бляшаным пярсцёнкам паперку — гэта было прызнанне ў каханні. Флярэнтына Арыса пакінуў пісьмовы след у першы раз, але не ў апошні, хоць жа тады ён меў пільнасць не падпісацца. Назаўтра, у сераду, ён ужо ўваходзіў у дом, калі нейкі хлапчук з вуліцы ўручыў яму тую ж птушку ў клетцы з вусным наказам, маўляў, што вось галубятніца прасіла ўручыць і яшчэ перадаць: трымайце птушку, калі ласка, у зачыненай клетцы, каб не злятала, бо яна вяртае яе вам у апошні раз. Флярэнтына Арыса не мог уцяміць: ці то птушка, летучы, згубіла ліст, ці то галубятніца вырашыла прыкінуцца дурніцай, ці то вяртала птушку для таго, каб ён зноўку перадаў ліст. Аднак у гэтым разе натуральна было б вярнуць птушку з адказам.

У суботу раніцой, пасля доўгага роздуму, Флярэнтына Арыса накіраваў галубку з чарговым лістом без подпісу. І ўжо ўвечары той самы хлапчук зноў прынёс птушку ў іншай клетцы і сказаў, што вось яшчэ раз вяртаюць вам птушку, што зляцела, тры дні назад вярнулі яе пану з выхаванасці, а сёння з-за шкадавання, але цяперака вы сапраўды не пабачыце яе, калі зноў адпусціце. Трансыта Арыса дапазна забаўлялася з птушкай, даставала яе з клеткі, трымала ў руках, як немаўля, люляла яе пад калыханку, і раптам заўважыла, што за пярсцёнкам была паперка, а ў ёй толькі тры словы: «Не прымаю ананімак». Калі Флярэнтына Арыса прачытаў гэтыя словы, сэрца забілася так, нібыта тое была кульмінацыя першай у жыцці любоўнай прыгоды, і ўначы спалося яму кепска, ён усё круціўся ў ложку ад нецярплівасці. Раніцой, да таго, як сысці на працу, ён зноў адпусціў птушку з амурным пасланнем, пад якім паставіў выразны подпіс і, да таго ж, прычапіў да пярсцёнка самую свежую, яркую ды духмяную ружу са свайго саду.

Не ўсё было так проста. Нават пасля трох месяцаў заляцанняў гожая галубятніца адказвала аднолькава: «Я не з тых». Але яна не пераставала прымаць цыдулкі і прыходзіць на сустрэчы, якія Флярэнтына Арыса ладзіў так, нібыта яны сустракаліся выпадкова. Яго было не пазнаць: палюбоўнік, які ніколі не дзейнічаў адкрыта, самы прагны, але й самы сквапны ў справах кахання, які нічога не даваў, але браў, ён, які ніколі не дазваляў сабе захаваць у сэрцы нават бліскавічнага следу, патаемны паляўнічы раптам выйшаў на свет боскі з плынню падпісаных лістоў, галантных падарункаў, недарэчных шпацыраў каля хаты галубятніцы, у двух выпадках нават ведаючы, што ейны муж не ў вандроўцы і не на рынку. Toe быў першы выпадак, калі ён адчуў стралу Амура ў самым сэрцы.

Праз шэсць месяцаў, нарэшце, адбылася першая інтымная сустрэча ў каюце рачнога карабля, які стаяў ля прычала для пафарбоўкі. Вечар быў цудоўным, Алімпія Сулета любіла весела, сапраўды з душою шумлівай галубятніцы, потым доўга ляжала распранутая ў млявым спакоі, напаўняючы прастору адпачынкам, ад якога атрымлівала такую самую асалоду, як ад мілавання. Каюта была напаўразабраная, яе толькі пачалі фарбаваць, і доўгія гады пах шкіпінару выклікаў у памяці згадкі пра шчаслівы вечар. Раптам, у парыве нахабнага натхнення, Флярэнтына Арыса адкрыў бляшанку з чырвонай фарбай, што стаяла пад ложкам, абмакнуў указальны палец і намаляваў на лабку гожае галубятніцы крывавую стралу з накірункам на поўдзень, а над стралою вывеў словы: «Гэтая птушка — мая». Уначы Алімпія Сулета распранулася перад мужам, забыўшыся на гэта, і ён не вымавіў ані слова, толькі пайшоў у ванны пакой па лязо, пакуль яна апранала начную кашулю, і з аднаго ўзмаху перарэзаў ёй горла.

Флярэнтына Арыса дазнаўся пра гэта шмат дзён пазней, калі схапілі мужа, што кінуўся наўцёкі, і той распавёў журналістам аб прычынах і спосабе забойства. Цягам многіх гадоў Флярэнтына Арыса з жахам думаў пра лісты з подпісам, ведучы рахунак гадам зняволення забойцы, які добра ведаў яго па справах, бо ён жа карыстаўся караблямі кампаніі. Ён не так баяўся ўдару лязом па шыі альбо публічнага скандалу, як фатальнасці таго, што Фэрміна Даса можа дазнацца пра ягоную нявернасць. Адным з тых дзён прыдушанага чакання жанчына, якая даглядала Трансыту Арысу, затрымалася на рынку даўжэй, чым заўсёды, праз раптоўную навальніцу, і калі вярнулася дамоў, знайшла Трансыту Арысу мёртвай. Яна сядзела на гушкалцы з вянком з папяровых кветак на галаве, нафарбаваная, як заўжды, але з вачыма такімі жывымі і з такой хітраватай усмешкай на вуснах, што жанчына толькі праз дзве гадзіны заўважыла, што Трансыта была нежывая. Незадоўга да смерці Трансыта Арыса раздала суседскім дзецям каштоўныя камяні і залатыя рэчы са збаноў, што датуль перахоўваліся пад ложкам, прыгаворваючы, што гэта цукеркі, іх можна есці, і некаторыя найкаштоўнейшыя рэчы вярнуць не ўдалося. Флярэнтына Арыса пахаваў маці ў старажытным маёнтку Ля-Мана-дэ-Д’ёс, які быў вядомы як Халерныя могілкі, і над магілкай пасадзіў ружовы куст.

У часе самых першых наведванняў могілак Флярэнтына Арыса выявіў, што непадалёк пахаваная і Алімпія Суле­та, без помніка, але імя і дата былі выведзеныя пальцам па свежым бетоне надмагільнай пліты, і Флярэнтына Арыса ў жаху падумаў, што тое была крывавая кпіна ейнага мужа. Калі ружовы куст квітнеў, ён употай пакідаў адну ружу на магілцы Алімпіі Сулеты, а пазней пасадзіў чаранок ад матчынага куста. Кусты так забуялі, што Флярэнтына Арыса мусіў браць з сабою садовыя нажніцы ды іншыя інструменты, каб іх парадкаваць. Але гэта было вышэй за ягоныя сілы, — праз пару гадоў кусты распаўзліся, як пустазелле, сярод магіл, і людзі перайменавалі былыя Халерныя могілкі ў Ружовыя, пакуль нейкі алькальд, які сваім здаровым сэнсам саступаў народнай мудрасці, не загадаў выкарчаваць за ноч усе ружы і павесіць на ўваходнай арцы новую назву ў рэспубліканскім стылі: Універсальныя могілкі.

Матчына смерць зноўку прысудзіла Флярэнтына Арысу да су­ворага распарадку: кантора, сустрэчы з чарговымі каханкамі па жорсткім графіку, партыі даміно ў Камерцыйным клубе, тыя ж кніжкі пра каханне, нядзельныя наведванні могілак. Гэта была іржа руціны, ганебная і страшная, якая, аднак, ратавала яго ад усведамлення свайго веку. Але неяк ня­дзельным снежаньскім днём, калі садовыя нажніцы ўжо не дапамагалі ў барацьбе супраць ружовага кустоўя, ён заўважыў, што ластаўкі сядзяць на толькі што працягнутых электрычных лініях. Ён раптоўна ўцяміў, колькі часу мінула пасля матчынай смерці, і колькі — з дня забойства Алімпіі Сулеты, а яшчэ колькі — з іншага, далёкага снежаньскага вечара, калі Фэрміна Даса даслала яму ліст, у якім пісала, што так, што будзе кахаць яго вечна. Да гэтага дня ён жыў так, нібы час мінае толькі для іншых. А вось на мінулым тыдні ён сустрэў на вуліцы адну са шматлікіх параў, якія злучыліся дзякуючы напісаным ім лістам, і не пазнаў першынца, свайго хрэсніка. Ён выйшаў з няёмкага становішча пры дапамозе гучнай дзяжурнай фразы: «О, дык ён ужо сапраўдны мужчына!» Флярэнтына Арыса застаўся, якім быў раней, і пасля першых сігналаў трывогі ягонага цела, бо датуль здароўе ў яго было бы каменным, як ва ўсіх знешне хваравітых людзей. Трансыта Арыса часта казала: «Мой сын хварэў толькі на халеру». Яна блытала халеру з каханнем, зразумела, яшчэ задоўга да таго, як страціла памяць. Але так ці інакш, яна памылялася, бо яе сын патаемна перажыў шэсць трыпераў, хоць лекар сцвярджаў, што іх было не шэсць, а адзін — усё той самы, які чапляўся зноў пасля кожнага прайгранага двубою. Апрача таго, у яго быў аднойчы бубон, чатыры разы чыры і шэсць разоў экзэмы, аднак ні яму, ні якому-кольвек іншаму мужчыну не прыйшло б да галавы лічыць гэта нечым іншым, чым баявымі трафеямі.

Толькі-толькі адзначыўшы саракагоддзе, яму давялося звярнуцца да лекара са скаргай на незразумелы боль у розных частках цела. Пасля некалькіх аглядаў лекар зрабіў выснову: «Гэта праблемы веку». Ён заўсёды вяртаўся дамоў і нават не пытаўся ў сябе, ці сапраўды ўсё гэта мае дачыненне да яго. Адзіная кропка адліку яго мінулага была ў каханні да Фэрміны Дасы, і толькі тое, што адносілася да яе, тычылася і пражытага жыцця. Так што ў дзень, калі Флярэнтына Арыса бачыў ластавак на электрычных лініях, ён перабіраў мінулае з самага далёкага ўспаміну. Ён прыгадваў выпадковых каханак, незлічоныя рыфы, якія абыходзіў, каб здабыць пасаду загадчыка кампаніі. На памяць прыйшло мноства інцыдэнтаў, спра­вакаваных бязлітасным рашэннем пра тое, што Фэрміна Даса будзе з ім і ён з ёю, што б ні здарылася, насуперак перашкодам. І толькі тады ён уцяміў, што жыццё мінае. Яго ўсхваляваў глыбінны жар, які ішоў з нетраў цела, у вачах сцямнела, і яму давялося кінуць на зямлю садовыя інструменты і абаперціся аб глухую сцяну могілак, каб яго не кінуў на зямлю першы ўдар драпежнай лапы смерці.

— Каб яго чэрці, — ускрыкнуў ён у жаху, — усё гэта — дваццаць гадоў таму! Так яно і было. Дваццаць гадоў мінула таксама, зразумела, і для Фэрміны Дасы, але для яе гэтыя гады былі самымі прыемнымі і плённымі ў жыцці. Страшныя дні ў палацы Касальдуэра засталіся на сметніку яе памяці. Яна жыла ў новым доме, у раёне Ля-Манга, будучы поўнай гаспадыняй свайго лёсу. Жыла з мужам, якога абрала б сярод усіх мужчын свету, калі б давялося абіраць зноў. З ёю былі сын, які працягваў сямейную традыцыю ў Школе медыцыны, і так падобная да яе дачка, што часам яе трывожыла адчуванне паўторанасці. Тройчы яна ездзіла ў Еўропу пасля трагічнай вандроўкі, з якой вырашыла не вяртацца ніколі, каб пазбавіцца ад няспыннага жаху жыцця ў родавым палацы з сям’ёю мужа.

Напэўна, Бог пачуў, нарэшце, ейныя малітвы: праз два гады жыцця ў Парыжы, калі Фэрміна Даса і Хувэналь Урбіна ледзь намацвалі рэшткі кахання сярод руінаў мінулага жыцця, начная тэлеграма страсянула іх весткай пра тое, што донна Блянка дэ Урбіна ў цяжкім стане, а затым амаль адразу прыйшло паведамленне пра яе смерць. Яны тут жа вярнуліся. Фэрміна Даса сышла з карабля, апранутая ў чорную туніку, свабодны пакрой якой не здолеў схаваць яе стану. Насамрэч, яна зноўку зацяжарала, і чуткі пра гэта спарадзілі ананімную песеньку, не зласлівую, хутчэй, хітраватую, чый рэфрэн застаўся модным да канца года: «I што гэта робіць прыгажуня ў Парыжы, што заўжды вяртаецца дамоў, каб нарадзіць?» Нягледзячы на грубасць тэксту, доктар Хувэналь Урбіна замаўляў гэтую песню і шмат гадоў пазней на святах у Грамадскім клубе як знак добрага настрою.

Палац маркіза Касальдуэра і ягонага роду, пра паходжанне і пра геральдыку якога не было дакладных сведчанняў, напачатку быў прададзены муніцыпалітэту за разумную цану, а пасля, калі галандскі даследчык правёў раскопкі і даказаў, што там знаходзілася сапраўдная магіла Хрыстафора Калумба — пятая па ліку, — дом перапрадалі за вялізныя грошы цэнтральнаму ўраду. Сёстры доктара Урбіна засталіся без воты ў кляштары салесіянак, і Фэрміна Даса жыла ў старым бацькавым доме, пакуль не скончылі будоўлю вілы ў раёне Ля-Манга. Яна ўвайшла ў новы дом цвёрдым крокам, увайшла гаспадыняй, з ангельскай мэбляй, прывезенай з вясельнай вандроўкі і дадаткова купленай падчас ваколсветнага круізу. З першага дня яна ўзялася напаўняць дом рознымі відамі трапічных жывёлінаў, якіх сама набывала на шхунах з Антыльскіх выспаў. Яна ўвайшла з адваяваным мужам, з добра выгадаваным сынам і з дачкою, якая нарадзілася праз чатыры месяцы пасля вяртання, і яе ахрысцілі імем Афэлія. Доктар Урбіна, са свайго боку, зразумеў, што не зможа вярнуць сабе жонку цалкам, каб яна была настолькі ягонай, як падчас вясельнай вандроўкі, бо частка любові, якой яму так не ставала і па якой ён сумаваў, была аддадзена дзецям разам з большаю часткай яе часу, але доктар навучыўся жыць і быць задаволеным рэшткамі ейнага кахання. Жаданая гармонія дасягнула кульмінацыі, калі менш за ўсё чакалі, — падчас аднае ўрачыстай вячэры падалі вельмі смачную страву, якую Фэрміна Даса не здолела апазнаць. Яна з’ела вялікую порцыю, але ёй так спадабалася, што яна тут жа ўзяла яшчэ і ўжо шкадавала, што нельга замовіць яшчэ праз прымхі добрага тону, калі дазналася, што з’ела з вялізнай асалодай дзве поўныя талеркі баклажаннага пюрэ. І прайграла яна з годнасцю: з тае пары ў віле, якая ўпрыгожвала раён Ля-Манга, падавалі баклажаны на ўсе спосабы амаль гэтак сама часта, як гэта рабілі ў палацы Касальдуэра. І ўсе елі іх, ды так, што доктар Хувэналь Урбіна жартаваў на старасці гадоў, прыгаворваючы, што хацеў бы мець яшчэ адну дачку, каб назваць яе самым любімым у доме імем: Бэрэнхэна[26] Урбіна.

Фэрміна Даса ведала, што прыватнае жыццё, у адрозненне ад грамадскага, зменлівае і непрадказальнае. Не проста было вызначыць істотную розніцу паміж дзецьмі і дарослымі, аднак, добра падумаўшы, яна аддавала перавагу дзецям, бо іх крытэрыі выяўляліся больш слушнымі. Ледзь яна абагнула мыс спеласці і пазбавілася, нарэшце, усялякіх міражоў, перад ёй замаячыла расчараванне, бо яна ніколі не была такой, якой марыла быць у маладосці, у Евангельскім скверыку, а сталася — хоць ніколі раней не асмельвалася прызнацца ў гэтым — прывілеяванай прыслужніцай. У грамадстве з часам яе палюбілі, і яна трымалася вольна, таму яе баяліся больш за ўсё, але ні ў чым не патрабавалі больш і не прабачалі менш, чым у кіраванні домам. Заўсёды яна адчувала, што жыве жыццём, якое міласэрна пазычыў ёй муж — паўнаўладная каралева бязмежнай дзяржавы шчасця, якое збудаваў ён і толькі для сябе самога. Яна ведала, што ён кахае яе больш за ўсё на свеце, але кахае толькі для сябе, найлепшага ў свеце.

Але ад чаго ўсур’ёз пакутавала яна, дык гэта ад пажыццёвага прысуду гатавання штодзённых абедаў. Яны не толькі мусілі падавацца своечасова — ад іх патрабавалася дасканаласць, да таго ж, гэта мусіла быць менавіта тое, чаго яму ў дадзены момант хацелася, без папярэдніх узгадненняў. Ка­лі яна часам звярталася да яго з пытаннем на гэты конт, захоўваючы бяздумную цырымонію хатняга рытуалу, дык ён нават не адводзіў вачэй ад газеты для адказу: «Што заўгодна». І ён казаў праўду, і тон яго быў прыемным, бо цяжка было ўявіць сабе менш дэспатычнага мужа. Але падчас абеду трэба было падаваць не што заўгодна, а менавіта тое, што ён жадаў, і без наймізэрнейшых адхіленняў: каб мяса не пахла мясам, рыба — рыбай, свініна — скурай, а птушка пёрамі. Яшчэ да наступу сезона спаржы трэба было даставаць яе за любыя грошы, каб ён мог суцешыцца выпарэннямі сваёй уласнай мачы ў прыбіральні. Яна не вінаваціла яго — вінаваціла сваё жыццё. Досыць было яму толькі засумнявацца, як ён адсоўваў талерку са словамі: «Ежа прыгатаваная без любові». У гэтым ён праяўляў фантастычнае натхненне. Аднойчы, ледзь пакаштаваўшы рамонкавы настой, ён вярнуў кубак з фразай: «Гэтае пойла аддае акном». Фэрміна Даса з усёй прыслугай здзі­віліся, яны не ведалі чалавека, які мог бы выпіць адвар акна, але толькі пакаштаваўшы яго, яны зразумелі: так, менавіта такі быў смак старога падгнілага акна.

Гэта быў узорны муж: ніколі не падымаў нічога з падлогі, не гасіў святла, не зачыняў дзвярэй. У змроку раніцы, калі ў вопратцы не ставала аднаго гузіка, яна чула ягоныя словы: «Добра было б мець дзвюх жонак, — адну для кахання, а другую — прышываць гузікі». Штодня, толькі пачаўшы піць каву альбо ўзяўшы першую лыжку поліўкі, ён раптам пачынаў раўці, нікога ўжо не пужаючы, і тут жа следавалі словы палёгкі: «Калі я сыду з гэтага дома, ведайце, што мне абрыдла жыць з абпаленым ротам». Ён казаў, што ў доме ніколі не гатавалі такіх смачных і разнастайных абедаў, як у тыя дні, калі ён не мог есці з-за разгрузкі з выкарыстаннем паслабляльнага, і верыў, што гэта — жончыны хітрыкі, і ўрэшце ён адмовіўся ад прымання паслабляльнага, калі яна не прымала яго разам з ім. Ён дапёк яе сваім бяздушшам, і аднойчы Фэрміна Даса сказала, што на дзень нараджэння хоча атрымаць нязвыклы падарунак: каб ён адзін дзень пазаймаўся хатнімі справамі. Ён радасна пагадзіўся і на золку насамрэч прыняў лейцы кіравання домам. І загадаў падаць сапраўды выдатны сняданак, але забыўся на тое, што яна не магла есці яечню, да таго ж, не піла каву з малаком. Потым распарадзіўся гатаваць урачысты абед на восем персон і загадаў накрываць святочны стол, — словам, так імкнуўся гаспадарыць лепш за яе, што апоўдні яму давялося капітуляваць без адзінай адзнакі сораму. З першага моманту ён здагадаўся, што не ведае, дзе што знаходзіцца, асабліва на кухні, і прыслужніцы дазволілі яму перавярнуць усё ў пошуках кожнае драбязы, бо яны таксама ўвайшлі ў гульню. А дзясятай ён не паспеў вырашыць адносна дэталяў абеду, бо не была скончаная ўборка ў доме і не прыбраная спальня. Ванны пакой застаўся нявымытым, ён забыўся папоўніць запас гігіенічнай паперы, памяняць прасціны і накіраваць возніка па дзяцей. Заадно пераблытаў ролі прыслужніц, то бок загадаў кухарцы перасцілаць пасцелі, а пакаё­вак накіраваў на кухню. Аб адзінаццатай, калі вось-вось мусілі прыйсці госці, у доме быў такі хаос, што Фэрміна Даса зноўку прыняла лейцы кіравання, душачыся са смеху. Але не з пераможным выглядам, як меркавала, а ўзрушаная шкадобаю пры выглядзе бездапаможнасці мужа ў хатніх справах. Ён уздыхнуў з сумам і выказаў спрадвечны аргумент: «Прынамсі, я справіўся не горш, чымся ты б лекавала людзей». Але навука была карыснай, і не толькі для яго. Праз шмат гадоў кожны сваім шляхам прыйшоў да мудрай высновы, што яны не маглі жыць разам і кахаць адно аднаго інакш: на гэтым свеце няма нічога складанейшага за каханне.

У зеніце свайго новага жыцця Фэрміна Даса бачыла Фля­рэнтына Арысу на розных грамадскіх мерапрыемствах, і тым часцей, чым вышэй уздымаўся ён па службовай лесвіцы, але яна навучылася паводзіць сябе пры гэтым так натуральна, што з рассеянасці не аднойчы забывалася вітаць яго. Яна чула пра яго часта, бо ў дзелавым свеце стала агучвалася тэма ягонага асцярожнага, але нястомнага руху ўгару па адміністрацыйнай лесвіцы Карыбскай параходнай кампаніі. Яна заўважыла, што ягоныя манеры мяняліся ў лепшы бок, а нясмеласць прымала выгляд загадкавага аддалення, яму пасавала лёгкая дабаўка вагі, і была да твару нетаропкасць сталага чалавека, ён нават здолеў годна вырашыць праблему падступнага аблысення. Адным толькі Флярэнтына Арыса кідаў выклік часу і модзе — змрочнай вопраткай, анахранічнымі сурдутамі, адзіным капелюшом, страшным парасонам, гальштукамі ў выглядзе стужкі з матчынай крамы, якія насілі хіба што паэты. Фэрміна Даса павольна звыклася глядзець на Флярэнтына Арысу іншымі вачыма і, зрэшты, перастала атаясамліваць яго з млявым юнаком, які сядзеў і ўздыхаў па ёй пад парывамі ветру ў пажоўклым лістападзе Евангельскага скверыка. Ва ўсялякім разе, яна ніколі не пазірала на яго абыякава і заўсёды радавалася добрым весткам пра яго, бо гэтыя весткі паступова аблягчалі цяжар яе віны.

Аднак калі яна паверыла ўжо самой сабе, што сцерла яго назаўсёды з памяці, ён зноў з’явіўся там, дзе яна менш за ўсё чакала, прывідам яе настальгіі. Гэта супала з першымі знакамі старасці і праявілася так, нібыта ў ейным жыцці здарылася непапраўнае, і адчуванне гэтае абвастралася, калі яна чула грымоты перад дажджом. Самотны гром, каменны і пунктуальны, грымеў у кастрычніку штодня роўна а трэцяй за абедам недзе ў гарах Вільянуэвы, і, як стала нагадвае пра сябе невылечная рана, успаміны з гадамі сталіся яшчэ больш натуральнымі. Новыя падзеі блыталіся ў памяці праз некалькі дзён, а легендарная вандроўка па правінцыі кузіны Ільдэбранды прыгадвалася так дэталёва, нібыта ездзіла яна ўчора, і ўсё — праз вусцішную дакладнасць настальгічных успамінаў. Яна прыгадвала горны Манаўрэ, адзіную вуліцу ў ім, роўную і зялёную, з птушкамі шчасця, з домам жахаў, дзе яна прачыналася ў кашулі, мокрай ад слёз Пэтры Маралес, што памерла ад кахання шмат гадоў таму ў тым самым ложку, дзе Фэрміна Даса тады спала. Яна згадвала смак гуаявы, які больш ніколі не быў такім, свае прадчуванні, такія моцныя, што іхны шэпт заглушаў пошум дажджу, тапазавы бляск вечароў у Сан-Хуан-дэль-Сэсары, калі яна выходзіла на шпацыр з чародкаю шумных кузін і сціскала зубы, каб не выскачыла сэрца, калі яны праходзілі паўз тэлеграфную кантору. Яна, не гандлюючыся, прадала дом бацькі. Ёй балюча было прыгадваць юнацтва, бачыць з гаўбца пусты скверык, адчуваць прарочы водар гардэній душнымі начамі і зноў перажываць страх перад старасвецкім дамскім партрэтам таго лютаўскага дня, калі вырашыўся ейны лёс, і куды б ні павярнула памяць тых часоў, яна абавязкова сутыкала яе з Флярэнтына Арысам. Аднак яна заўсёды цвяроза ацэньвала сітуацыю і разумела, што гэта не былі ўспаміны пра каханне альбо каянне, а толькі памяць пра горкі сум, які пакідаў па сабе доўгі след слёз. Яна не ведала, што і ёй пагражала тая самая пастка спагады, у якую траплялі выпадковыя ахвяры Флярэнтына Арысы.

Фэрміна Даса трымалася за мужа. Тым часам і муж усё больш адчуваў патрэбу ў ёй, бо апярэджваў яе ў веку на дзесяць гадоў, хістаючыся самотна ў тумане старасці і слабеючы як мужчына. Зрэшты яны настолькі спазналі адно аднаго, што, дасягнуўшы трыццацігоддзя сумеснага жыцця, сталіся нібыта адной істотай з двума тварамі і пачуваліся няёмка, калі часта ненаўмысна ўгадвалі думкі адно аднаго альбо калі прылюдна незнарок вымаўлялі тое, што мусіў сказаць другі. Яны разам пераадолелі будзённыя непаразуменні, раптоўныя пыханні гневу на ўзаемныя гідоты і казачныя бліскавіцы шлюбнае блізкасці. Пад той час яны кахалі адно аднаго без спеху, не перагінаючы палкі, і абое былі свядома ўдзячныя адно аднаму за невераемныя перамогі над злыбедамі. Жыццё, зразумела, гатавала ім і іншыя смяротныя выпрабаванні, але гэта ўжо не было такім важным: яны былі на другім беразе жыцця.

З прычыны наступлення новага стагоддзя была падрыхтаваная незвычайная праграма ўрачыстасцяў, сярод якіх самай незабыўнай сталася першая вандроўка на паветраным шары, плён невычэрпнай ініцыятывы доктара Урбіна. Паўгорада сабралася на Арсенальным пляцы, каб палюбавацца вялізным шарам з тафты колераў нацыянальнага сцяга, які павёз першую паветраную пошту ў Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагу — трыццаць ліг на паўночны ўсход напрасткі. Доктар Хувэналь Урбіна з жонкаю, якія зведалі хваляванні палёту на Сусветнай выставе ў Парыжы, першымі ўзняліся ў лазовую гандолу, за імі рушыў бартавы інжынер і шэсць ганаровых гасцей. Яны везлі муніцыпальным уладам Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагі ліст губерна­тара правінцыі, у якім фіксаваўся гістарычны факт першай перасылкі пошты паветраным шляхам. Рэпарцёр з «Камерцыйнай газеты» спытаў у доктара Хувэналя Урбіна, якія былі б ягоныя развітальныя словы ў выпадку, калі ён загіне ў палёце, і доктар, не задумваючыся, выдаў адказ, за які пасля многія яго лаялі. “На мой погляд, — сказаў ён, — XIX стагоддзе скончылася для ўсяго свету, але толькі не для нас”.

Згублены сярод наіўнага натоўпу, які заспяваў нацыяналь­ны гімн, калі паветраны шар пачаў набіраць вышыню, Фля­рэнтына Арыса пагадзіўся з чалавекам, які каментаваў у натоўпе, што падобная авантура не пасуе жанчыне, тым больш, у веку Фэрміны Дасы. Дарэчы, вандроўка выявілася не такой ужо небяспечнай. Прынамсі, было болей прыгнечанасці, чым небяспекі. Паветраны шар даляцеў да пункту прызначэння без перашкодаў, палёт быў спакойным, неба — неверагодна сінім. Яны ляцелі добра і вельмі нізка з прыемным спадарожным ветрам, спачатку над заснежанымі вяршынямі ўзгор’я, а пасля над бясконцаю багнай Сіенагі-Грандэ.

З нябёсаў яны бачылі, як бачыць іх Бог, руіны старажытнага і гераічнага горада Картахэна-дэ-Інд’яс; гэта быў найпрыгажэйшы горад у свеце, пакінуты жыхарамі ў паніцы перад халерай, хоць да таго яны цягам трох стагоддзяў трывалі блакады ангельцаў ды флібусцьерскія набегі. Яны бачылі некранутыя муры фартэцыі, пустазелле на вуліцах, умацаванні, ахінутыя дываном з братак, мармуровыя палацы і залатыя алтары, віцэ-каралёў, што згнілі жыўцом ад халеры ў сваіх даспехах.

Яны ляцелі над старажытнымі забудовамі на палях Трохас-­дэ-Катакі, пафарбаванымі ў вар’яцкія колеры, угледзелі фермы, дзе разводзілі ігуанаў на мяса, гронкі бальзаміну і ва­дзяныя астры ў садовых сажалках. Сотні голых дзяцей кідаліся ў ваду. Яны былі радасна ўзбуджаныя ад азартных выклікаў і скакалі з вокнаў, ляцелі ў ваду з дахаў дамоў, а таксама з лодак, якімі яны кіравалі з дзівосным спрытам. Яны сноўдалі ў вадзе, нібыта рыбіны-шалёнкі, каб злавіць торбу з вопраткай, флакон з пілюлямі ад кашлю, харчы — гожая жанчына ў капелюшы з плюмажам кідала ім усё гэта з гандолы паветранага шара.

Яны ляцелі, пакідаючы за сабой бананавыя плантацыі, падобныя да акіяна, поўнага таямніцаў і ценяў, і ціша ўздымала­ся да іх выпарэннямі смерці. Фэрміна Даса прыгадала сябе малой дзяўчынкай — ёй было тры, сама больш чатыры гады, калі яна шпацыравала па змрочным лясным гушчары за руку з маці. Маці таксама выглядала зусім маладой сярод дам у муслінавых строях, як і яна, у газавых капелюшах і з белымі парасончыкамі. Аэранаўт, які кіраваў паветраным шарам, праз бінокль разглядаў наваколле. «Яны як мёртвыя», — раптам сказаў ён. І перадаў бінокль доктару Хувэналю Урбіна, і той убачыў калёсы сярод раллі з упрэжанымі валамі, межавыя слупы ўздоўж чыгункі, застылыя ірыгацыйныя каналы, і паўсюль, дзе толькі спыняўся позірк, ён бачыў раскінутыя целы людзей. Хтосьці сказаў, што зноў халера спусташае паселішчы ў раёне Сіенагі-Грандэ. Доктар Урбіна адказаў, не адводзячы вачэй ад бінокля:

— Гэта мусіць быць вельмі спецыфічны від халеры, бо ў кож­нага чалавека ў патыліцы — след ад «кулі міласэрнасці».

Трохі пазней яны праляцелі над успененым морам і без асаблівых прыгодаў завершылі пасадку на спякотным пляжы, які паліў жывым полымем: уся зямля наўкола была раз’едзеная салетраю. Там іх сустрэлі прадстаўнікі мясцовых уладаў, што бараніліся ад сонца адно звычайнымі парасонамі. Вучні пачатковых школ размахвалі сцяжкамі ў такт гімна. Каралевы прыгажосці, з упрыгожаннямі з павялых красак і ў залатых каронах з кардону, пакутавалі ў чаканні, а побач стаяла гаспадыня папаевай плантацыі з заможнай сялібы Гайра, якая ў тыя часы была найлепшай на Карыбскім узбярэжжы. Фэрміна Даса хацела толькі пабываць яшчэ раз у роднай вёсцы, каб параўнаць існае з самымі даўнімі сваімі згадкамі, аднак ім не дазволілі гэтага зрабіць з-за халеры. Доктар Хувэналь Урбіна ўручыў гістарычнае пасланне губернатара, якое пазней назаўсёды згубілася сярод нікому не патрэбных паперак, а дэлегацыя ў поўным складзе ледзь не задыхнулася ад спякоты ды манатоннасці прамоў. Пры канцы ўрачыстасці гасцей павезлі на мулах да самае прыстані ў Пуэбла-Б’еха, дзе багна сыходзілася з морам, бо бартавы інжынер не здолеў зноў узняць паветраны шар. Фэрміна Даса была ўпэўненая, што зусім малой яна з маці праязджала па гэтым шляху ў фурманцы, запрэжанай валамі. Калі Фэрміна падрасла, яна неаднойчы распавядала бацьку пра гэта, але бацька так і памёр, перакананы, што яна ніяк не магла прыгадаць штосьці падобнае.

— Я насамрэч згадваю тую вандроўку, — сказаў ён, — але гэта было, найменей, за пяць гадоў да твайго нараджэння.

Удзельнікі экспедыцыі на паветраным шары вярнуліся ў род­ны порт праз тры дні, адпакутаваўшы ад жорсткага начнога шторму, і былі сустрэтыя, як героі. У натоўпе, зразумела, стаяў і Флярэнтына Арыса, які на твары Фэрміны Дасы ўгледзеў сляды змучанасці. Аднак крыху пазней, удзень, калі ён зноўку назіраў за ёю на выставе ровараў, таксама арганізаванай яе мужам, Фэрміна Даса выглядала так, нібыта стому рукой зняло. Яна праехала на неверагодным ровары, які б больш падыходзіў для цыркавых відовішчаў, з задужа высокім пярэднім колам, над якім яна сядзела, і з маленькім заднім, якое ледзьве спраўлялася з роляй апоры. З гэтай нагоды яна апранула шаравары з разрэзам і чырвонай аблямоўкай, што выклікала асуджэнне старэйшых дам і канфуз сярод мужчын, аднак ніхто не застаўся абыякавым да ейнага спрыту.

Гэты вобраз любай жанчыны, як і мноства іншых, якія рап­тоўна ўзнікалі цягам столькіх гадоў у памяці Флярэнтына Арыса, калі тое было заўгодна лёсу, ды гэтак жа раптоўна знікалі, развярэдзіў ягонае сэрца. Аднак успаміны тыя сталіся тычкамі на яго жыццёвым шляху, бо ён зведваў жорсткасць часу не гэтак праз старэнне ўласнага цела, як праз незаўважныя змены, якія ён адкрываў у Фэрміне Дасе пры кожнай сустрэчы.

Аднойчы ўвечары Флярэнтына Арыса зайшоў у «Шынок дона Санча» — рэстарацыю найвышэйшага кшталту ў каланіяльным стылі — і сеў за самы аддалены столік, як звычайна рабіў, калі самотна заходзіў сюды, каб з’есці яшчэ адзін птушыны падвячорак. І тут раптам ён убачыў Фэрміну Дасу ў вялікім люстры на задняй сцяне залы — яна сядзела за сталом з мужам і яшчэ дзвюма парамі, ды пад такім вуглом, што ён мог любавацца адлюстраваннем Фэрміны Дасы ва ўсёй яе прыгажосці. Яна вяла застольную гамонку грацыёзна, ейны смех выбухаў, нібы святочны феерверк, а гожасць здавалася ярчэйшай пад вялікай крышталёвай люстрай: Аліса зноў прайшла скрозь казачнае люстэрка.

Флярэнтына Арыса любаваўся ёю — глядзеў, стаіўшы подых, як яна ела, як ледзь пакаштавала віно, як жартавала з праўнукам дона Санча, заснавальніка рэстарацыі; Флярэнтына Арыса пражыў разам з ёю імгненне яе жыцця за сваім самотным столікам, тое імгненне, якое цягнулася цэлую га­дзіну, ён няспешна прайшоўся, бы нябачны прывід, па запаветным краі яе прыватнага жыцця. Пасля выпіў яшчэ чатыры філіжанкі кавы, каб расцягнуць час, пакуль не заўважыў, што Фэрміна Даса са сваёй кампаніяй выходзіць з рэстарацыі. Яны прайшлі так блізка ад яго, што ён вылучыў водар парфумы Фэрміны Дасы сярод парфумаў ейных сябровак.

З гэтага вечара і амаль на працягу года Флярэнтына Арыса ўпарта трымаў у асадзе ўладальніка рэстарацыі, прапаноўваючы яму, што заўгодна, гатоўкай альбо ў іншым выглядзе на выбар, толькі б той прадаў яму люстэрка. Гэта было не так проста, бо чацвёрты ў радаводзе ўладальнікаў рэстарацыі стары дон Санча верыў у легенду пра тое, што нібыта разбяная рама, справа рук венскіх чырванадрэўшчыкаў, была ідэнтычнай раме, якая належала Марыі Антуанэце і знікла бясследна: размова ішла пра дзве ўнікальныя каштоўнасці. Калі ўладар рэстарацыі нарэшце здаўся, Флярэнтына Арыса павесіў люс­тэрка ў зале свайго дома, але не з прычыны непераўзыдзенай гожасці рамы — яго скарыла ўнутраная прастора люстэрка, якую любы вобраз займаў цягам цэлых дзвюх гадзін.

Амаль заўсёды, калі Флярэнтына бачыў Фэрміну Дасу, яна ішла пад руку з мужам у поўнай гармоніі, яны нібыта рушылі ў асаблівым полі у дзівоснай звязцы, уласцівай хіба што сіямскім блізнятам, якая парушалася, толькі калі віталі Флярэнтына. Сапраўды, доктар Хувэналь Урбіна паціскаў яму руку з сардэчнай цеплынёй і нават часамі дазваляў сабе папляскаць яго па плячы. Затое Фэрміна Даса прысудзіла яго да абыякавага рэжыму прынятых фармальнасцяў і ніколі не зра­біла ні найменшага жэсту, які дазволіў бы падазраваць жанчыну ва ўспамінах часоў яе дзявоцтва. Яны жылі ў адрозных сусветах, аднак калі ён спрабаваў скарачаць адлегласць паміж імі, яна не рабіла ніводнага кроку насустрач. Прайшло шмат часу перад тым, як ён насмеліўся падумаць, што абыякавасць Фэрміны Дасы магла быць толькі ахоўнай бранёй ад пачуццяў, якія яе пужалі. Гэтая думка ўзнікла раптам на цырымоніі хрышчэння першага рачнога карабля, які быў збудаваны на мясцовай верфі. З нагоды афіцыйнай цырымоніі Флярэнтына Арыса таксама ўпершыню прадстаўляў дзядзьку Леона XII у якасці першага віцэ-прэзідэнта параходнай кампаніі. Гэтае супадзенне надало святу асаблівую ўрачыстасць, і на караблі прысутнічалі ўсе, хто хоць нешта значыў у жыцці горада.

Флярэнтына Арыса прымаў гасцей у галоўным салоне карабля, які яшчэ захоўваў пахі свежае фарбы і бітуму, калі прычал выбухнуў воплескамі і духавы аркестр зайграў трыумфальны марш. Ён з цяжкасцю схаваў даўнія пачуцці, якія былі з ім амаль аднаго ўзросту, калі пабачыў жанчыну сваёй мары пад руку з мужам, гожую ў сваёй спеласці, якая праходзіла, нібыта каралева іншых часоў сярод ганаровага каравула ў параднай форме, пад яркімі стужкамі серпанціну і дажджом з жывых пялёсткаў, якія кідалі з вокнаў. Яны салютавалі ў адказ, аднак Фэрміна Даса была настолькі асляпляльнай, што, здавалася, стаіць адна перад натоўпам у залацістай вопратцы, якую насілі толькі манархі, у чаравіках на высокіх абцасах, з чарнабуркай на шыі і ў модным капелюшы, падобным да звона.

Флярэнтына Арыса чакаў іх на мастку побач з уладамі правінцыі, пад гукі музыкі, выбухаў феерверку і трох моцных гудкоў карабля, якія абдалі парай увесь прычал. Хувэналь Урбіна павітаў уладных асоб з толькі яму ўласцівай натуральнасцю, якая кожнага прымушала думаць, што доктар шануе яго неяк асабліва. Першым стаяў капітан карабля ў параднай форме, за ім паказаўся арцыбіскуп, далей былі губернатар з жонкай, алькальд, таксама з жонкай, і вайсковы камендант горада, які толькі што прыехаў з андыйскай правінцыі. Апошнім стаяў Флярэнтына Арыса ў строі цёмнага колеру, амаль непрыкметны сярод такіх вядомых асоб. Павітаўшы вайсковага каменданта, Фэрміна нібыта завагалася перад працягнутай рукой Флярэнтына. Вайсковец ужо быў гатовы іх прадставіць адно аднаму, і спытаў яе, ці яны знаёмыя. Яна не адказала ні так, ні не, але падала руку Флярэнтына з салоннай усмешкай. Тое ж самае здаралася двойчы ў мінулым і мусіла здарацца наперад, і Флярэнтына Арыса прымаў гэта як паводзі­ны, уласцівыя характару Фэрміны. Аднак на караблі ён раптам спытаў сябе, паддаючыся сіле свайго запаленага ўяўлення: ці не ёсць жорсткая абыякавасць папросту ўлоўкай, каб схаваць ад яго любоўныя пакуты?

Сама ідэя гэтага абудзіла ягоныя жарсці. Ён зноўку бадзяўся каля дома Фэрміны Дасы ў такім жа рамантычным парыве, як і шмат гадоў таму ў Евангельскім скверыку, аднак намер быў іншым: не прайсці, каб яна запрыкмеціла яго, а проста ўбачыць каханую, каб ведаць, што яна яшчэ жыве на белым свеце. Аднак пад тыя часы там цяжка было заставацца незаўважным. Квартал Ля-Манга быў ледзь не паўпустэльным востравам, аддзеленым ад гістарычнага цэнтра горада каналам, па якім цяклі пазелянелыя воды, з кустоўем ікака па берагах, дзе ў каланіяльныя гады па нядзелях знаходзілі прытулак закаханыя пары. Апошнім часам там разабралі каменны мост, збудаваны яшчэ іспанцамі, паставілі новы з бетону з шарападобнымі ліхтарамі і запусцілі па ім трамвай на мулах. Напачатку жыхарам Ля-Мангі давялося цярпець пакуты, не прадугле­джаныя праектам, — яны спалі паблізу першае ў горадзе электрастанцыі, — яе вібрацыя нагадвала няспынны землятрус. Нават доктар Хувэналь Урбіна з усёй ягонай уладай не здолеў дабіцца, каб станцыю перанеслі ў такое месца, дзе б яна нікому не замінала, пакуль не ўмяшалася Воля Нябёсаў, спрычыненасць доктара да якой была агульнавядомым фактам. Аднойчы ўначы кацёл станцыі выбухнуў, праляцеў са страшнай сілай над новымі дамамі, перасёк паўгорада і разваліў вялікую галерэю старажытнага манастыра Святога Юліяна Гасціннага. Стары будынак быў закінуты яшчэ да выбуху і пуставаў цэлы год, але кацёл забіў адразу чатырох вязняў, якія той ноччу ўцяклі з мясцовай турмы і хаваліся ў капліцы.

Ціхае прадмесце з добрымі традыцыямі кахання перастала быць прывабным для закаханых з таго часу, як ператварылася ў квартал багацеяў. Вуліцы пыліліся ўлетку, ператвараліся ў багну ўзімку і былі пустэльнымі круглы год, рэдкія дамы патаналі ў зеляніне садоў, мазаічныя тэрасы, нібыта зробленыя наўмысна, каб патаемныя закаханыя ўпадалі ў адчай, замянілі сабой лёгкія балконы з каванай аздобай. На шчасце, тады сталася модным наймаць старажытны экіпаж, перароблены пад аднаго каня, і катацца ўвечары. Маршрут завяршаўся на ўзгорку, адкуль можна было назіраць нібыта разадраны кастрычніцкі захад сонца лепш, чым з вежы маяка, і людзі бачылі асцярожных акул, якія сачылі за пляжам семінарыстаў, а ў чацвер — аграмадны белы трансатлантычны карабель, да якога можна было амаль дакрануцца, калі ён праходзіў па канале порта. Звычайна Флярэнтына Арыса наймаў экіпаж пасля працоўнага дня ў канторы, але ён не апускаў верх, як было прынята ў сезон спякоты, а заставаўся ў глыбіні сядзення, нябачны ў цяні, заўсёды самотны, заўжды мяняючы маршрут, каб не ўзбудзіць дурных думак у рамізніка. Насамрэч шпацыры цікавілі Флярэнтына адным: партэнонам з ружовага мармуру, які хаваўся сярод густой зеляніны платанавых дрэў і кустоўя манга, партэнонам, які бездапаможна паўтараў ідылічныя палацы сярод бавоўнавых плантацый Луізіяны. Дзеці Фэрміны Дасы вярталіся дамоў а пятай альбо крыху раней. Флярэнтына Арыса назіраў, як яны набліжаліся да дома ў фамільнай пралётцы, потым бачыў, як доктар Хувэналь Урбіна выязджаў на штодзённыя візіты да хворых, але амаль за год ягоных назіранняў ні разу не ўгледзеў вобраз, пра які марыў.

Аднойчы ўвечары ён настаяў на самотным катанні, нягле­дзячы на чэрвеньскую навальніцу, якая вось-вось мусіла пачацца. Тады конь паслізнуўся ў гразі ды ўпаў. Флярэнтына Арыса з жахам усвядоміў, што яны знаходзяцца дакладна перад домам Фэрміны Дасы, і маліў рамізніка прыдумаць што-кольвек, упусціўшы, што яго адчай мог выдаць сапраўдную мэту шпацыру.

— Толькі не тут, малю вас, — усклікнуў ён, — дзе заўгодна, толькі не тут!

Здзіўлены трывожным голасам кліента, рамізнік спрабаваў узняць кабылу, не расперазаўшы яе, і колавы стрыжань экіпажа трэснуў. Флярэнтына Арыса выйшаў, як мог, церпячы сорам пад моцным дажджом, і людзі з іншых экіпажаў прапаноўвалі адвезці яго дамоў. Пакуль ён чакаў, пакаёўка сям’і Урбіна ўгледзела чалавека ў мокрай вопратцы, які боўтаўся па калена ў вадзе, і вынесла яму парасон, каб ён перачакаў на тэрасе. Флярэнтына Арыса не мог і марыць пра такую ўдачу ў сваіх неўтаймаваных мроях, аднак тады лепш было б памерці, чым паказацца Фэрміне Дасе ў гэткім выглядзе.

Калі яны жылі ў старой частцы горада, кожную нядзелю Хувэналь Урбіна з сям’ёю хадзілі пешшу ў кафедральны сабор на ранішнюю імшу а восьмай. Гэта была, хутчэй, свецкая, чым рэлігійная звычка. Пазней, калі яны пераехалі ў новы дом, то ездзілі на экіпажы некалькі гадоў запар, і часам затрымліваліся з сябрамі пад пальмамі парку. Але праз нейкі час у межах квартала Ля-Манга семінарыя збудавала храм з закрытым пляжам і ўласнымі могілкамі, і сям’я ўжо ездзіла ў кафедральны сабор толькі ў асабліва ўрачыстых выпадках. Не ведаючы пра гэта, Флярэнтына Арыса чакаў некалькі нядзеляў на тэрасе Прыходскай кавярні і назіраў за выхадам паствы з кожнай імшы. Урэшце ён зразумеў сваю памылку і з’ездзіў у новы касцёл, які доўга заставаўся ў модзе, і там знайшоў доктара Хувэналя Урбіна з дзецьмі, яны прыходзілі дакладна а восьмай усе чатыры нядзелі жніўня, але Фэрміны Дасы з імі не было. У адну з нядзеляў ён наведаў новыя могілкі, якія месціліся побач, дзе жыхары Ля-Мангі будавалі свае шыкоўныя пантэоны, і ягонае сэрца здрыганулася, калі ён угледзеў найлепшы з пантэонаў пад раскідзістымі сейбамі, ужо завершаны. Флярэнтына Арыса бачыў гатычныя вітражы і мармуровых анёлаў, надмагільныя камяні ўсёй сям’і з надпісамі золатам. Сяродіх, зразумела, было і надмагілле донны Фэрміны Дасы дэ Урбіна дэ ля Калле, а затым і ейнага мужа, але з агульнай эпітафіяй: «Разам і ў Божым спачыне».

Да канца года Фэрміна Даса не з’явілася ні на адной з грамадскіх урачыстасцяў. Не з’явілася і на калядных святкаваннях, на якіх яна разам са сваім мужам зазвычай былі ганаровымі галоўнымі ўдзельнікамі. Але асабліва заўважнай стала яе адсутнасць на інаўгурацыі опернага сезона. Падчас антракту Флярэнтына Арыса заспеў людзей, якія, безумоўна, гаварылі пра Фэрміну Дасу, не называючы яе. Гаварылі, што хтосьці бачыў, як апоўначы аднаго з дзён чэрвеня мінулага года яна паднялася на борт трансатлантычнага карабля фірмы Кунард, які накіроўваўся ў Панаму, што на ёй быў цёмны вэлюм, каб ніхто не заўважыў псоты ад саромнае хваробы, што жэрла яе. Другі спытаў, якая страшная хвароба асмелілася прыстаць да жанчыны з такой уладай, на што атрымаў злосны адказ:

— Слынная дама здольная захварэць толькі на сухоты.

Флярэнтына Арыса ведаў, што багацеі ягонай зямлі не хва­рэлі па дробязях. Яны альбо раптоўна паміралі, амаль заўсёды напярэдадні вялікага свята, якое адмянялася з прычыны жалобы, альбо згасалі ад доўгіх і мярзотных захворванняў, інтымныя падрабязнасці якіх, зрэшты, даходзілі да публікі. Зняволенне ў Панаме было амаль абавязковым пакаяннем у жыцці багацеяў. Яны скараліся Божай волі ў Адвентысцкай лякарні, у вялізным белым бараку, забытым сярод дагістарычных навальніц Дар’ена, дзе хворыя гублялі лік дням рэшты жыцця; у самотных пакоях з зацягнутымі фіранкамі ніхто не мог ведаць пэўна, сімвалам чаго з’яўляецца пах карболавае кіслаты — жыцця альбо смерці. Тыя, хто паправіўся, вярталіся з цяжарам выдатных падарункаў і раздавалі іх шчодра, нават з адчаем, нібыта перапрашаючы за тое, што засталіся жывыя. Некаторыя вярталіся з жахлівымі шрамамі на жываце, нібыта іх зашыў шавец. У гасцях яны ўздымалі кашулі, паказвалі швы на целе, параўновалі са шнарамі тых, хто памёр у тумане наркозу, стойваючы подых ад шчасця. І да смерці бяс­конца распавядалі пра з’яўленні анёлаў, якіх яны ўгледзелі пад уздзеяннем хлараформу. Аднак ніхто ніколі не апавядаў пра бачанне тых, хто не вярнуўся, хто памёр выгнаннікам у аддзяленнях для сухотнікаў, хутчэй ад суму, што наганяў дождж, чым ад непрыемнасцяў хваробы.

Флярэнтына Арыса не ведаў, якая бяда зачапіла Фэрміну Дасу. Аднак перадусім ён хацеў праўды, якой бы яна ні была невыноснай, і ён яе шукаў, але дарэмна. Было неверагодна, што ніхто не можа падказаць хоць след у сцверджанні пачутае версіі. У свеце рачных караблёў, то бок у ягоным свеце, не было таямніцаў альбо канфідэнцыйных ведаў, якія надоўга заставаліся такімі. Тым не менш, ніхто не пачуў ні слова пра жанчыну пад чорным вэлюмам. Ніхто нічога не ведаў у горадзе, дзе ўсё заўсёды было вядомым, дзе часцяком даведваліся пра падзеі нават раней, чым яны адбываліся. Асабліва, калі справа тычылася вышэйшага грамадства. Аднак ніхто не здолеў вытлумачыць знікненне Фэрміны Дасы. Флярэнтына Арыса, як і раней, бадзяўся па квартале Ля-Манга, як чужы слухаў імшу ў базыліцы семінарыі, прысутнічаў на грамадскіх мерапрыемствах, якія б ніколі не зацікавілі яго, будзь ён у іншым душэўным стане, але з цягам часу ў яго толькі расла вера ў версію пра хваробу каханай. У доме Урбіна ўсё выглядала нармальна, калі не лічыць адсутнасці Фэрміны Дасы.

У сваіх пошуках Флярэнтына Арыса сутыкаўся з невядомымі яму раней фактамі, і сярод іх была вестка пра смерць Лярэнса Дасы ў роднай кантабрыйскай сялібе. Зяць, які не адбыўся, згадваў, што доўгія гады сустракаў яго падчас шумных шахматных баталій у Прыходскай кавярні, дон Лярэнса ахрып ад бясконцай балбатні, ён стаўся мажным і ўсё больш грубым, пагружаючыся ў зыбкія пяскі нешчаслівай старасці. Яны ні разу не размаўлялі пасля кілішка анісавай падчас незабыўнага сняданку яшчэ ў мінулым стагоддзі, і Флярэнтына Арыса быў упэўнены: Лярэнса Даса ўсё яшчэ памінаў яго ліхам, як і ён — цесця, які таксама не адбыўся, нават пасля таго, як дон Лярэнса дабіўся жаданага — багатай партыі для дачкі, што было адзіным сэнсам яго жыцця. Аднак Флярэнтына Арыса так хацеў знайсці беспамылковую інфармацыю пра здароўе Фэрміны Дасы, што зноў наведваў Прыходскую кавярню, каб спытацца ў бацькі, і гэта мела месца пад той час, калі разыгрывалі гістарычны турнір, у якім Ерэмія дэ Сэнт-Амур змагаўся адзін супраць сарака двух шахматыстаў. Менавіта тады Флярэнтына Арыса дазнаўся, што Лярэнса Да­са памёр, дазнаўся і ледзь не ўзрадаваўся, нават разумеючы, што цаной ягонай радасці можа быць жыццё без праўды пра Фэрміну Дасу. З цягам часу ён усё ж паверыў у варыянт пра лякарню і несуцешна паўтараў выслоўе: «Хворая жанчына— вечная жанчына». У дні адчаю ён задавальняўся думкаю пра тое, што вестка пра смерць Фэрміны Дасы, калі такі ейны лёс, крый Божа, так ці інакш дойдзе да яго без асаблівых перашкодаў.

Але гэтая вестка ніколі да яго не прыйшла, бо Фэрміна Даса была здаровая і жыла ў маёнтку кузіны Ільдэбранды Санчас, забытая, як яна думала, усім светам за паўлігі ад сялібы Флёрэс-­дэ-Марыя. Фэрміна Даса з’ехала без скандалу і са згодаю мужа, бо яны з ім заблыталіся, як юнакі, у адзіным сур’ёзным крызісе, які ўзнік за дваццаць пяць гадоў стабільнага сямейнага жыцця. Бяда заспела іх неспадзявана падчас спакою і спеласці, калі яны ўжо лічылі, што мінулі ўсе рыфы і засады лёсу, а дзеці былі дарослыя і атрымалі добрае выхаванне, будучыня вымалёўвалася без хмараў, і яны маглі цалкам засвоіць навуку старасці без горычы. Гэта было так нечакана для іх, што яны не схацелі выпраўляць становішча крыкамі, слязьмі і пасярэднікамі, як гэта было прынята ў Карыбскім басейне. Яны аддалі перавагу мудрасці еўрапейскіх нацый, але будучы не зусім карыбцамі ды не зусім еўрапейцамі, яны загрузлі ў стане, хутчэй, інфантыльным і не звязаным з характарам людзей якога-кольвек рэгіёна. Зрэшты, яна вырашыла сысці, нават не ведаючы, чаму і навошта, яна кіпела ад чыстае злосці, і ён не здолеў яе адгаварыць, бо замінала ўсведамленне ўласнай вінаватасці.

Фэрміна Даса сапраўды ступіла на борт карабля апоўначы з усімі перасцярогамі для захавання інкогніта, схаваўшы твар жалобным вэлюмам. Аднак гэта не быў трансатлантычны карабель фірмы Кунард, які трымаў шлях на Панаму, а толькі рэйсавы караблік у Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагу, сялібу, дзе яна нарадзілася, жыла ў маленстве, і куды вяла настальгія па родных мясцінах, якая з гадамі рабілася невыноснай. Супроць волі мужа і звычак эпохі яе суправаджала толькі адна пятнаццацігадовая дзяўчына, якую яна ўдачарыла, яна выхоўвалася разам са служкамі, але капітаны рачных караблікаў і ўлады ўсіх портаў следавання былі папярэджаныя пра вандроўку сеньёры. Калі Фэрміна Даса прыняла неабдуманае рашэнне, яна абвясціла дзецям, што збіраецца адпачыць у цёткі Ільдэбранды, аднак сама мела намер застацца ў сялібе назаўсёды. Доктар Хувэналь Урбіна добра ведаў цвёрдасць яе характару і пакутаваў за тое, што прыняў ад’езд Фэрміны Дасы з пакорай, нібыта Божую кару за цяжкі грэх. Аднак яшчэ не паспелі растаць у змроку агні рэйсавага карабліка, як абое ўжо каяліся і кідалі праклёны ўласным слабасцям.

Нягледзячы на фармальную перапіску, якая тычылася дзяцей і іншых хатніх спраў, прайшло амаль два гады, але ні яна, ні ён не знаходзілі шляху да яе вяртання, які б не быў замінаваны ганарлівасцю. Дзеці паехалі ў Флёрэс-дэ-Марыя на другія ў жыцці школьныя вакацыі. Фэрміна Даса зрабіла немажлівае, каб паказацца задаволенай новым жыццём. Ва ўсялякім разе, так зразумеў Хувэналь Урбіна, які меркаваў пра стан жонкі па лістах сына. Апрача таго, у тыя дні праехаў праз сялібу біскуп Рыёачы, які выязджаў да паствы пад паліюмам на слыннай белай муліцы з вышытай золатам папонай. За ім валам сыпалі паломнікі з самых далёкіх сялібаў, музыкі, што гралі на акардэоне, бадзяжныя гандляры ежай і амулетамі. На працягу трох дзён маёнтак быў набіты калекамі і цяжка хворымі, якія насамрэч ішлі за біскупам не з тым, каб слухаць мудрыя казанні і прасіць пра адпушчэнне грахоў, а каб дабіцца міласці ад муліцы, пра якую гаварылі, што яна творыць цуды ўпотайкі ад гаспадара. Біскуп быў блізкі да дому Урбіна дэ ля Калье з тае пары, калі пачаў службу шараговым ксяндзом, і вось аднойчы апоўдні ён уцёк ад цэлага кірмашу, што сачыў за ім, каб паабедаць у маёнтку Ільдэбранды. Пасля абеду, калі гаварылі толькі пра зямныя справы, біскуп адклікаў Фэрміну Дасу і прапанаваў ёй споведзь. Яна адмовілася далікатна, але цвёрда і аргументавала адмову тым, што ёй няма ў чым каяцца. Хоць яна не надумала канкрэтнае мэты, прынамсі, свядома, усё ж засталася з думкаю, што яе адказ абавязкова дойдзе да адпаведнага адрасата.

Доктар Хувэналь Урбіна звычайна гаварыў не без долі цы­нізму, што тыя два гады жыцця аказаліся надта горкімі не з яго віны. Усё здарылася праз дурную звычку жонкі, якая нюхала вопратку ўсёй сям’і і нават уласную, каб вызначыць па пахах, ці не час іх аддаць у пральню, хоць на першы погляд вопратка выглядала чыстай. Яна рабіла так з маленства і ніколі не думала, што гэта заганна, пакуль муж не заўважыў за ёю гэтай звычкі ў першую шлюбную ноч. Ён таксама ведаў, што жонка паліла не менш як тройчы на дзень, замыкаючыся ў ванным пакоі, але не звяртаў увагі на гэта, бо жанчыны ягонага кола зазвычай паводзілі сябе так у кампаніі, каб пагаманіць аб мужчынах, а часамі нават распівалі бутэльку ці дзве вінаграднай гарэлкі і валяліся на падлозе, п’яныя, бы муляры. Аднак манера абнюхваць любую вопратку, якая трапляла ёй пад руку, здавалася доктару не толькі недарэчнай, але і небяспечнай для здароўя. Яна прымала яго заўвагі за жарт, як усё, што не жадала абмяркоўваць, і гаварыла, што Бог уганараваў яе выдатным носам івалгі не для аздобы твару. Аднойчы раніцой, калі яна выйшла купіць чагосьці, хатняя прыслуга падняла на ногі ўвесь квартал у пошуках яе трохгадовага сына, бо не здолела знайсці яго ў доме. Фэрміна Даса прыйшла, дазналася аб прычыне панікі, пакружляла трохі па доме, нібыта натрэніраваны сабака, і знайшла сына, які заснуў у шафе, дзе ніхто і не дадумаўся шукаць. Здзіўлены муж спытаўся ў яе, якім чынам яна яго знайшла, і жонка адказала:

— Па паху серункоў.

Насамрэч нюх служыў ёй не толькі для вызначэння ступені чысціні вопраткі і пошуку зніклых дзяцей: гэта быў сродак каар­дынацыі ва ўсіх аспектах жыцця, і перадусім у свецкіх справах. Хувэналь Урбіна назіраў феномен з моманту нараджэння іх сям’і, і найбольш яскрава яго ўздзеянне праяўлялася на самым пачатку. Фэрміна Даса была чужынкай у коле, якое было настроенае супраць яе, — яна плыла сярод вострых, як нож, густых каралаў непрыязі, не сутыкаючыся ні з кім, і трымалася перад арыстакратыяй з такім самавалоданнем, што прычынай мог быць толькі звышнатуральны інстынкт. Страшэнны талент, вытокамі якога маглі быць тысячагадовая мудрасць продкаў альбо хіба што каменнае сэр­ца, успыхнуў бядой аднойчы ў нешчаслівую нядзелю перад імшой, калі Фэрміна Даса панюхала па звычцы вопратку, што муж надзяваў напярэдадні ўдзень, і перажыла трывожнае адчуванне, нібыта ён спаў з іншай жанчынай. Напачатку яна абнюхала пінжак і камізэльку. Выцягнула са штрыфеля кішэнны гадзін­нік, дастала асадку, партманет і некалькі дробных манетак з кішэняў. Потым склала ўсё на начным століку: кашулю, зняўшы заціск для гальштука і запінкі з тапазамі, а таксама залаты гузік і ўстаўны каўнерык. Пазней — штаны, дастаўшы бірульку з адзінаццаццю ключамі і ножычак з перламутравай ручкай. Нарэшце ўзялася за сподняе, шкарпэткі з чыстай бавоўны і з вышытай манаграмай. Ужо не заставалася ні ценю сумневу: кожная рэч выдавала пах, якога яна ні разу не адчула за гады і гады сумеснага жыцця. Гэта быў пах, які не паддаваўся вызначэнню, бо не меў нічога агульнага з кветкамі альбо штучнымі эсэнцыямі і быў больш блізкі да чалавечай прыроды. Яна нічога не сказала, пах сустракаўся ёй не кожны дзень, але Фэрміна Даса ўжо нюхала вопратку мужа не дзеля таго, каб ведаць, ці час яе праць, — яе мучыў непакой, які нібыта грыз душу.

Пакутліва было тое, што Фэрміна Даса не магла апазнаць гэты пах і суаднесці яго з распарадкам дня мужа. Паміж ранішняй лекцыяй і абедам гэтага быць не магло, бо, як яна лічыла, ні адна жанчына ў здаровым розуме не пойдзе на паспеш­лівую сувязь у той час, калі трэба прыбраць дом, заправіць ложкі, схадзіць на кірмаш ды згатаваць абед. А тут яшчэ страх, што раптам прывядуць дзіця са школы раней, напрык­лад, праз тое, што хтосьці параніў яго кінутым у галаву каменем, і недарэка заспее маму аголенай аб адзінаццатай раніцы, у непрыбраным пакоі ды яшчэ ў абдымках доктара. З іншага боку, Фэрміна Даса ведала, што доктар Хувэналь Урбіна аддаваў перавагу любові ўначы, у поўнай цемры, у крайнім выпадку перад сняданкам пад першае птушынае буркаванне. Пазней за гэтую гадзіну, як ён казаў, цяжэй за ўсё распранацца і нанава цалкам апранацца, і гэта знішчала асалоду ад любові ўдзень. Так што вопратка магла насыціцца пахамі толькі падчас наведвання хворага альбо ўвечары, калі ён нібыта хадзіў у кіно альбо гуляць у шахматы. Гэта было цяжкавата высветліць, бо ў адрозненне ад іншых жонак Фэрміна Даса была надта ганарлівай, каб шпіёніць за мужам альбо прасіць каго-кольвек займацца гэтым для яе. Час наведвання хворых здаваўся найбольш прыдатным для здрады, і гэта было найлягчэй адсачыць, бо доктар Хувэналь Урбіна вёў падрабязныя нататкі пра стан кожнага кліента і сумы ганарару за лекаванне з першага агляду і да развітання з ім на гэтым свеце апошнім жагнаннем і кароткаю малітваю за спачын душы.

Праз тры тыдні Фэрміна Даса не выявіла чужога паху ў вопратцы мужа. Пах адсутнічаў некалькі дзён. Пах вярнуўся тады, калі яна менш за ўсё чакала, прычым цяпер ён быў больш яскравы, чым калі раней, і трымаўся цягам некалькіх дзён запар, хоць адзін з тых дзён, якраз нядзеля, супаў з сямейным святам, падчас якога яна і ён не адлучаліся ні на імгненне. Неяк удзень яна аказалася ў кабінеце мужа супраць сваёй волі і нават уласнага жадання, нібыта не яна, а іншая рабіла тое, чаго ніколі сабе не дазваляла, — разабрала нататкі пра візіты апошніх месяцаў скрозь зграбную бенгальскую лупу. Упершыню яна ўвайшла адна ў кабінет, насычаны парамі крэазоту, поўны кніг у пераплётах са скуры невядомых жывёлаў, з выцвілымі гравюрамі, якія адлюстроўвалі школьныя групавыя партрэты, з ганаровымі граматамі з пергаменту, са старажытнымі астралабіямі і фантастычнымі кінжаламі, якія ён калекцыянаваў здаўна. Яна ўлезла ў патаемнае свяцілішча, якое заўсёды заставалася адзінай сферай прыватнага жыцця яе мужа, куды ўваход ёй быў забаронены, бо гэта не вязалася з сямейным жыццём, яны бывалі там толькі разам, і тое зрэдчас, па мімалётных і нязначных справах. Яна адчувала, што не мае права ўваходзіць у кабінет адна, тым больш для патаемнай праверкі, якую сама ж лічыла несумленнай. Аднак яна была там. Хацела знайсці праўду і шукала яе з неўтаймаваным імпэтам, які можна было параўнаць хіба што з жахлівым страхам перад тым, што яна, крый Божа, знойдзе. Фэрмінай Дасай кіраваў бескантрольны парыў, больш патрабавальны, чым яе прыроджаная ганарлівасць і нават годнасць: гэта была захапляльная пакута.

Фэрміна Даса нічога не выявіла, бо пацыенты мужа, за выключэннем агульных сяброў, былі таксама часткаю манапольнага ўладання, неапазнанымі людзьмі, якія адрозніваліся не тварамі, а болем, не колерам вачэй альбо сардэчнымі справамі, а павялічанай печанню, налётам на языку, пяском у мачы і галюцынацыямі ад начнога жару. Гэта былі людзі, якія верылі яе мужу, верылі, што яны яшчэ жывыя, дзякуючы яму. Насамрэч яны жылі для яго, і апошняя нататка, якую муж дадаваў у гісторыю хваробы, сведчыла пра гэта: «Вечны спачын, Бог чакае цябе за парогам». Фэрміна Даса кінула пошук пасля дзвюх бяздумных гадзін з такім адчуваннем, нібыта яна спакусілася на згубу годнасці.

Фэрміну Дасу штурхала ўяўленне, і яна пачала адкрываць змены ў характары мужа. Хувэналь Урбіна здаваўся ўхілістым, страціў апетыт за сталом і жаданне ў ложку, часцяком упадаў у раздражненне, дазваляў сабе іранічныя рэплікі на яе адрас; знаходзячыся дома, ён ужо не быў былым спакойна-разважлівым чалавекам, а хутчэй, ільвом у клетцы. Упершыню з моманту іхнага шлюбу яна пачала адсочваць спазненні, кантралявала час ажно да хвіліны, ілгала, каб выцягнуць з яго праўду, але потым адчувала сябе смяротна параненай ад новых супярэчнасцяў. Аднойчы ўначы прачнулася з перапуду, нібыта ў прывідным стане, — муж разглядаў яе ў цемры, як ёй здалося, з нянавісцю. Фэрміна Даса здрыганулася, як колісь у квецені дзявоцтва, калі ёй прымроілася, нібыта Флярэнтына Арыса стаяў каля ложка. Але паміж імі была і розніца: тое з’яўленне несла ў сабе не нянавісць, а каханне. Апрача таго, на гэты раз размова не ішла пра гульню ўяўлення. Муж прачнуўся а другой ночы, прысеў на ложак і глядзеў на яе ўва сне. Калі яна спытала, у чым справа, ён нанава паклаў голаў на падушку і адказаў:

— Пэўна, табе гэта прыснілася.

Пасля тае ночы былі і іншыя падобныя эпізоды, і Фэрміна Даса ўжо не магла вызначыць, дзе завяршаецца рэальнасць і дзе пачынаецца мроіва. Раптам яе асляпіла думка, што яна паціху вар’яцее. Нарэшце Фэрміна Даса згадала, што яе муж не прычасціўся ў чацвер целам Хрыстовым, як не зрабіў гэтага ані ў адну з некалькіх апошніх нядзеляў, і ніводнага разу ў гэтым годзе ён не адвёў сабе часу для адасаблення з мэтаю духоўнага самаачышчэння. Калі яна спытала, што выклікала небывалы пералом у ягоным духоўным здароўі, дык атрымала няўцямны, змрочна-раздражнёны адказ, які здымаў усялякі сумнеў, бо муж ні разу не абышоўся без важкага касцельнага абраду з моманту першага прычасця ў восем гадоў, а тым больш у святочныя дні. Такім чынам Фэрміна Даса зразумела: муж не толькі ўпаў у смяротны грэх, але яшчэ і ўпарціцца ў ім, не звяртаючыся па дапамогу да свайго спаведніка. Яна ніколі не ўяўляла, што пройдзе пякельныя пакуты праз тое, што, па сутнасці, з’яўляецца антыподам кахання. Што ж, нічога не зробіш, у такім выпадку найлепшы сродак ад маруднае смерці — спаліць змяінае кубло, якое атручвала душу. Так яна і зрабіла. Аднойчы ўдзень яна цыравала шкарпэткі на тэрасе, якраз калі муж завяршаў штодзённае чытанне пасля сіесты. Раптам яна адклала працу, узняла акуляры да ілба і звярнулася да яго без найменшай адзнакі жорсткасці:

— Доктар!

Муж быў заглыблены ў чытанне «Вострава пінгвінаў», рамана, які ўвесь свет чытаў у тыя дні[27], і адказаў ёй, не выплываючы на паверхню: «Так». Яна патрабавала:

— Паглядзі мне ў твар.

Ён гэта зрабіў, зірнуў, не бачачы яе ў тумане ад акуляраў для чытання, аднак і не было патрэбы іх здымаць, каб абпаліцца вуголлем яе позірку.

— Што здарылася? — спытаў ён.

— Ты гэта ведаеш лепш за мяне, — парыравала яна.

I больш нічога не вымавіла. Зноўку апусціла акуляры і працягвала цыраваць. Тады доктар Хувэналь Урбіна ўцяміў, што доўгія дні пакутлівае трывогі засталіся ззаду. Ён уяўляў сабе гэты момант зусім інакш, сейсмічнага ўздрыгу сэрца не было, ён перанёс толькі разлічаны ўдар і вялікую палёгку, бо здарылася гэта рана, а не позна, і гэта ўсё роўна мусіла здарыцца: прывід сеньярыты Барбары Лінч увайшоў, нарэшце, у дом.

Доктар Хувэналь Урбіна быў знаёмы з ёю чатыры месяцы, з тае пары, калі ўгледзеў яе ў чарзе па кансультацыю ў шпіталі Міласэрнасці і імгненна ўцяміў: штосьці непапраўнае здарыцца ў ягоным лёсе. Яна была высокая элегантная мулатка шырокае косці, са скураю таго самага колеру і прыроды, што й мёд; той раніцай на ёй быў чырвоны строй у белы гарошак і капялюш з тае самае тканіны з шырокімі палямі, якія зацянялі нават вейкі. Стваралася ўражанне, што яна больш акрэсленага полу, чым якая-кольвек іншая чалавечая істота. Доктар Хувэналь Урбіна не прымаў хворых у клініцы, хоць калі праходзіў побач і не дужа спяшаўся, зазірнуў, каб старэйшыя студэнты не забываліся: няма лепшых лекаў за добра пастаўлены дыягназ. Так што ён умудрыўся папрысутнічаць на лекарскім аглядзе мулаткі і паводзіў сябе з засцярогай, каб вучні не заўважылі нават жэста, які мог бы быць зразуметы як невыпадковы, ён амаль не глядзеў на яе, аднак добра запомніў звесткі пра яе. Удзень, пасля хатніх візітаў, загадаў спыніць пралётку ля дома па адрасе, які яна называла ў клініцы, і неўзабаве ўжо сядзеў на тэрасе і радаваўся сакавіцкай свежасці.

Дом быў тыпова антыльскі, афарбаваны ў жоўты колер да цынкавага даху, — жалюзі на вокнах, папараць і гваздзікі ў гліняных гаршчках, што віселі на сценах порціка. Дом стаяў на драўляных палях каля багны заліва Дурнога Выхавання. У порціку таксама вісела клетка, а ў ёй спявала івалга. Якраз насупраць дома Барбары Лінч месцілася пачатковая школа, і на той момант, калі доктар загадаў спыніцца, школьнікі выбеглі чародкай, рамізнік ледзь стрымаў спуджаную кабылу, нацягнуўшы лейцы да ўпору. Усё складвалася ладна, сеньярыта Барбара Лінч паспела пазнаць доктара. Яна павітала яго фамільярным жэстам, нібыта старога знаёмага, запрасіла, уважыўшы ягонае засмучэнне, на кубак кавы, і ён выпіў тую каву з задавальненнем насуперак уласнай завядзёнцы, слухаў яе аповед пра сябе, — адзінае, што яго цікавіла з тае раніцы і што не пакіне яму ні хвілі спакою ў бліжэйшыя месяцы. Неяк неўзабаве пасля шлюбу з Фэрмінай Дасай адзін з сяброў сказаў яму ў прысутнасці маладой жонкі, што рана ці позна ім прыйдзецца мець справу з вар’яцкай жарсцю, здольнай паставіць пад удар стабільнасць шлюбу. Доктар, які верыў у тое, што ведае сябе, як і ў моц сваіх маральных прынцыпаў, засмяяўся, пачуўшы падобны прагноз. І вось адбылося.

Сеньярыта Барбара Лінч займалася тэалогіяй і была адзі­най дачкой негрыцянскага святара Джонатана Б. Лінча, хударлявага пратэстанцкага пастара, які аб’язджаў на муле бедныя хутары заліва, прапаведаваў слова аднаго са шматлікіх багоў, імёны якіх Хувэналь Урбіна пісаў з прапісной літары, каб адрозніць ад свайго. Яна гаварыла на добрай кастыльскай мове, але часцяком спатыкалася аб каменьчыкі сінтаксісу, што надавала яе мове асаблівую грацыёзнасць. У снежні ёй будзе дваццаць восем гадоў, незадоўга да сустрэчы з доктарам Барбара Лінч скасавала шлюб з пастарам, вучнем яе бацькі, з якім пражыла два гады не найлепшым чынам, таму не гарэла жаданнем рэцыдыву. Яна сказала: «Нікога не люблю, апрача маёй івалгі». Але доктар Урбіна быў надта сур’ёзным, каб падумаць, што яна сапраўды мела гэта на ўвазе. Наадварот, доктар спытаў сябе ашалела, а раптам такая лёгкая ўдача — толькі Божая пастка, пасля якой наступіць жорсткая расплата, але тут жа ён адкінуў думку, як тэалагічную драбязу, народжаную засмучэннем.

Ужо развітваючыся, доктар Хувэналь Урбіна нібыта выпадкова завёў гаворку пра ранішнюю кансультацыю, ён ведаў, што хворыя схільныя гаварыць пра ўласныя пакуты з асалодаю, і яна так міла распавяла дэталі хваробы, што ён абяцаў вярнуцца заўтра а чацвёртай для больш падрабязнага агляду. Яна спужалася, ведаючы, што лекар такой катэгорыі вышэй за яе мажлівасці, але ён яе супакоіў: «Мы ў нашай прафесіі імкнёмся да таго, каб багацеі плацілі і за бедных». Затым ён занатаваў: «Сеньярыта Барбара Лінч. Заліў Дурнога Выхавання, субота а чацвёртай». Праз некалькі месяцаў Фэрміна Даса прачытала гісторыю хваробы з дэталямі дыягназу, прадпісанняў і развіцця хваробы. Яна звярнула ўвагу на імя, нечакана вырашыла, што гаворка ідзе пра адну з распусных артыстак з караблёў, якія везлі садавіну ў Нью-Арлеан, аднак адрас падказаў, што, хутчэй за ўсё, гэта жанчына з Ямайкі, да таго ж, само сабой, негрыцянка, і Фэрміна Даса без сумневу вывела яе з кола магчымых прыхільнасцяў мужа.

Доктар Хувэналь Урбіна прыбыў на суботнюю сустрэчу хві­лін на дзесяць раней за прызначаны час, і сеньярыта Лінч не паспела апрануцца. Яшчэ са студэнцтва ў Парыжы, калі ён неаднойчы абміраў пры думцы пра неабходнасць здачы вусных іспытаў, доктар не адчуваў падобнай напругі. Сеньярыта Лінч ляжала ў пасцелі, засланай бялюткай прасцінай, у тонкай шаўковай камбінацыі, і была бясконца гожай. Усё ў ёй было дакладным і працінальным: буйныя сцёгны сірэны, скура, пры выглядзе якой доктар гарэў на марудным агні юрлівасці, дзівосныя грудзі, тачоныя зубы, — словам, усё цела выпраменьвала здароўе, і менавіта пах здаровага цела знаходзі­ла ў вопратцы мужа Фэрміна Даса. Барбара Лінч звярнулася ў кансультацыю, бо пакутавала на нейкую хваробу, якую яна трапна назвала «кучаравымі колікамі», і доктар Урбіна лічыў, што да падобных сімптомаў нельга ставіцца бесклапотна. Так што доктар абмацваў яе ўнутраныя органы, не спяшаючыся, хутчэй, мэтанакіравана, чым проста ўважліва. Ён паступова забываўся на ўласную мудрасць, адкрываючы ў поўным здзіўленні, што цудоўнае стварэнне было гэтак прыгожым знутры, як і звонку, і тады ён аддаўся ўцехам мацання. Ужо не як лекар найвышэйшай кваліфікацыі на ўсім Карыбскім узбярэжжы, а як бедны боскі чалавек, які пакутаваў ад бязладдзя пачуццяў. Толькі аднойчы здарылася штосьці падобнае ў суворым прафесійным жыцці, і тое быў дзень яго найбольшага сораму, бо абураная пацыентка адвяла ягоную руку, села на ложак і сказала яму: «Тое, чаго вы жадаеце — магчыма, але толькі не з вамі». Сеньярыта Лінч, наадварот, даверылася ягоным рукам, і калі не заставалася сумневу, што лекар ужо не думае пра дыягназ, раптам сказала:

— Я думаю, што гэта не вітаецца этыкай.

Доктар, мокры ад поту, нібыта залез у сажалку апрануты і пасля выйшаў на бераг, выцер рукі і твар ручніком.

— Этыка, — адказаў ён, — мяркуе, што дактары драўляныя.

Яна ўдзячна працягнула яму руку.

— Мала што я падумала, гэта не азначае, што нельга, — шапнула яна. — Уяві сабе, што такое для беднай негрыцянкі, як я, быць даспадобы чалавеку з такой шумнай славай.

— Я не пераставаў думаць пра вас ні на імгненне, — прызнаўся ён.

Прызнанне было гэтак трапяткім, як і вартым жалю. Аднак яна ўратавала яго ад збянтэжанасці гучным шчырым смехам, ад якога стала светла ў спальні.

— Я зразумела гэта, калі зірнула на цябе ў шпіталі, доктар, — патлумачыла яна. — Я негрыцянка, але ж не пачвара.

Іхныя адносіны складаліся далёка не проста. Сеньярыта Лінч хацела мець незаплямленую годнасць, хацела ўпэўненасці ў каханні, і лічыла, што цалкам гэтага заслугоўвае. Доктару Урбіна яна дазваляла ўсяляк спакушаць яе, але не захо­дзячы, аднак, у спальню нават у тых выпадках, калі яна была адна ў доме. Самае большае, што яна дазваляла яму, быў паўтор цырымоніі агляду, мацанне і праслухоўванне, як ён хацеў, з этычнымі парушэннямі, але не здымаючы з яе вопраткі. Са свайго боку, праглынуўшы кручок, ён не мог выпусціць нажыўку і таму не спыняўся, круціўся ля яе штодня. З прычын чыста практычнага плана працяглая сувязь з сеньярытай была амаль немажліваю, аднак доктар выявіўся занадта слабавольным, каб спыніцца своечасова, таксама як пазней яму не хапіла духу працягваць. Ён проста дайшоў да межаў мажлівасці.

Пастар Лінч жыў даволі неўпарадкаваным жыццём. Ён мог з’ехаць з дому ў любы момант на муле, нагружаным бібліямі і брашурамі Евангелічнай царквы з аднаго боку, і з прадуктовымі прыпасамі з другога, а вяртаўся, калі гэтага менш за ўсё чакалі. Яшчэ адной перашкодай была школа насупраць, бо дзеці распявалі на занятках, гледзячы ў акно на вуліцу. І лепш за ўсё бачылі дом насупраць, яго адчыненыя з шасці гадзін раніцы дзверы і вокны, сеньярыту Лінч, калі яна вешала клетку пад навесам даху, каб івалга таксама засвойвала ўрокі спеваў, бачылі яе ў адмысловым пярэстым турбане, і яна таксама спявала сваім бліскучым карыбскім голасам, зай­маючыся хатнімі справамі. Пазней, седзячы пад порцікам, яна спявала вечаровыя псальмы на ангельскай мове сола.

Доктар Хувэналь Урбіна і сеньярыта Барбара Лінч мусілі аб­раць час, калі школа пуставала, а таму мелі дзве мажлівасці: у перапынку на абед, паміж дванаццаццю і дзвюма, але ў гэты час доктар абедаў дома, альбо напрыканцы дня, калі дзеці разыходзіліся па дамах. Апошні варыянт быў лепшым, але да гэтага часу доктар ужо завяршаў візіты і неўзабаве мусіў вяртацца дамоў, бо там па традыцыі ўвечары збіраліся разам. Трэцяя і найцяжэйшая праблема хавалася ва ўласным сацыяльным становішчы, якое змушала ездзіць на візіты ў пралётцы, даволі вядомай у горадзе, якая мусіла заўсёды чакаць яго каля дзвярэй. Зразумела, ён мог адкрыць таямніцу рамізніку, як рабілі амаль усе ягоныя сябры па клубе, аднак гэта выходзіла за межы яго звычаяў. Калі візіты да сеньярыты Лінч сталіся надта відавочнымі, дайшло да таго, што фамільны ліўрэйны рамізнік асмеліўся спытаць, ці не лепш для яго вяртацца па доктара пазней, каб не стаяць так доўга каля дзвярэй. Доктар Урбіна адрэагаваў дзіўным чынам: адказаў рамізніку, як адрэзаў:

— З тае пары, як я цябе ведаю, упершыню чую ад цябе не тое, што трэба, — рэзка сказаў ён. — Будзем лічыць, што я не пачуў.

Выйсця не было. У такім горадзе здавалася немажлівым хаваць ад людзей хваробу, калі пралётка доктара стаяла каля дзвярэй. Часамі сам лекар браў ініцыятыву на сябе і ішоў пешшу, калі адлегласць дазваляла, альбо наймаў экіпаж, каб пазбегнуць наўмысна злых альбо дачасных меркаванняў. Аднак падман практычна нічога не даваў, бо рэцэпты, якія траплялі ў аптэку, заўсёды дазвалялі дазнацца праўду. Даходзіла да таго, што доктар Хувэналь Урбіна прапісваў уяўныя лекі разам з патрэбнымі, каб абараніць святое права хворых на ціхую смерць і на тое, каб знесці таямніцу хваробы ў магілу. Доктар таксама меў мажлівасць апраўдваць прысутнасць пра­лёткі каля дома сеньярыты Лінч рознымі сумленнымі спосабамі, але гэта не магло доўжыцца доўга. Тым больш столькі, колькі б ён хацеў: усё жыццё.

Свет ператварыўся ў апраметную. Як толькі доктар Ху­вэналь Урбіна задаволіў першаснае шаленства, абое ўсвядомілі рызыку, але доктар ніколі не адважыўся пайсці на скандал. У фебрыльных трызненнях ён абяцаў сабе што заўгодна, але потым усё праходзіла і нанава вярталася на заганнае кола. Аднак паступова, як расло жаданне быць з ёю, рос і страх страціць яе, і сустрэчы сталіся больш паспешлівымі і цяжкімі. Hi пра што іншае ён не думаў. Доктар Урбіна чакаў на свой час з невыноснаю жарсцю, ён забываўся на іншыя абавязкі, забываўся на ўсё, але калі пралётка набліжалася да заліва Дурнога Выхавання, ён маліў Госпада Бога, каб у апошнюю хвілю непрадбачаная перашкода не змусіла яго прамінуць яе дом. Ён ездзіў да яе ў такім стане адчаю, што часам нават радаваўся, угледзеўшы з перакрыжавання вуліц сівую, як бавоўна, галаву пастара Лінча, схіленую над кніжкай на тэрасе, у той час як дачка ў зале навучала катэхізісу дзяцей квартала і спявала з імі евангельскія псальмы. Тады доктар ад’язджаў дамоў на вяршыні шчасця, пазбаўлены неабходнасці выпрабоўваць лёс, але пазней страчваў розум ад жарснага жадання, каб тут жа настаў заўтрашні дзень і гадзіна, і гэта паўтаралася штодня а пятай па абедзе.

Любоўныя сустрэчы зрабіліся для яго цяжарам, калі пралётка ля дзвярэй стала ўжо занадта заўважнай, і праз тры месяцы ператварыліся ў суцэльную пакуту. Яны не паспявалі нават пагаманіць, сеньярыта Лінч бегла ў спальню, як толькі яе пякельны палюбоўнік уваходзіў у дом. Яна пускала ў ход розныя хітрыкі, у дні чакання апранала шырокую, вельмі гожую ямайскую сукенку з чырвонымі кветкамі на фальбонках, але без сподняй, на аголенае цела, думаючы, што лёгкасць задачы дапаможа яму пазбавіцца страху. Аднак доктар зво­дзіў на нішто ўсе яе намаганні, накіраваныя на тое, каб зрабіць яго шчаслівым. Ён ішоў за ёю, задыхаючыся, да спальні, кідаючы на хадзе куды заўгодна кій, партфель лекара, панаму, — словам, усё, і аддаваўся панічнай любові. Спушчаныя штаны блыталіся ля каленяў, пінжак заставаўся зашпіленым, каб менш замінаў, залаты ланцужок з гадзіннікам боўталіся між імі не да месца, нават чаравікі ён не здымаў, напружана думаючы больш пра тое, як бы хутчэй пайсці, чым пра ўцеху. Яна заставалася незадаволенай, нанава ўваходзячы ў тунэль уласнай самоты. А ён ужо зноўку зашпільваўся на ўсе гузікі, знясілены, быццам бы любіў яе ўсімі пачуццямі на мяжы жыцця і смерці, у той час калі насамрэч рабіў немалаварты, але скамечаны фізічны подзвіг. Аднак доктар захоўваў распарадак: подзвіг займаў роўна столькі, колькі трэба было для шараговай унутрывеннай ін’екцыі. Пасля гэтага доктар вяртаўся дамоў, саромеючыся сваёй слабасці, з жаданнем памерці, кідаючы праклёны сабе за адсутнасць мужнасці пра­сіць Фэрміну Дасу, каб тая зняла з яго штаны і ўсадзіла голым азадкам на патэльню. Ён не вячэраў, маліўся няўпэўнена, прыкідваўся, нібыта ў ложку працягвае чытанне, пачатае падчас сіесты, пакуль жонка завіхалася па доме, прыводзячы свой свет у парадак перад сном. Неўзабаве ён дзюбаў носам над кніжкай і патанаў у немінучых мангавых зарасцях трызненняў пра сеньярыту Лінч, у выпарэнні ляснога гушчара, у ложку ягонае смерці. Тады ён не мог думаць больш ні пра што, апрача як пра тую хвіліну наступнага дня, калі ягоны гадзіннік пакажа без пяці хвілін пяць, і яна будзе чакаць яго ў пасцелі, адкінуўшы вар’яцкую ямайскую сукенку, агаляючы пяшчотны ды цёмны ўзгорак, які замыкаў апраметнае кола яго жарснага прыцягнення.

У апошнія гады доктар Хувэналь Урбіна пачаў адчуваць вагу ўласнага цела. Ён ведаў гэтыя сімптомы, чытаў пра іх у спецыяльных тэкстах, бачыў, як яны пацвярджаліся ў рэальным жыцці ў пацыентаў, якія былі старэйшыя за яго, і раптам у іх пачыналі праяўляцца дакладныя, нібыта скапіяваныя з медыцынскіх кніжак сіндромы, якія пазней выяўляліся ўяўнымі. Ягоны настаўнік па дзіцячай клініцы Ля Сальпетрыер рэкамендаваў яму педыятрыю як самую сумленную спецыяльнасць, бо толькі дзеці хварэюць, калі насамрэч хворыя, і не гавораць доктару ўмоўных слоў, а дэманструюць канкрэтныя сімптомы рэальных хваробаў. Затое людзі сталага веку альбо знаходзілі ў сябе сімптомы, але не хварэлі, альбо, што яшчэ горш, пакутавалі на цяжкія хваробы, якія праяўляліся праз сімптомы іншых, бяскрыўдных хваробаў. Доктар Урбіна адводзіў іх, сцішаючы боль сродкамі, спасылкамі на ўзрост, і паступова яны вучыліся не звяртаць увагі на недамаганні, суіснаваць з імі на сметніку старасці. Але доктар Урбіна ніколі б не падумаў, што лекар ягоных гадоў, які нібыта ўсялякае бачыў у жыцці, не здольны пераадолець трывожнага пачуцця хваробы, сапраўды не хварэючы. Альбо горш: не лічыць сябе хворым, кіруючыся навуковымі прымхамі, будучы насамрэч хворым. У веку сарака гадоў доктар напаўжартам сказаў сваім студэнтам: «Адзінае, што мне патрэбна ў гэтым жыцці — чалавек, які б мяне разумеў». Але калі ён заблытаўся ў лабірынце пачуццяў да сеньярыты Лінч, ён ужо думаў пра гэта не на жарт.

Рэальныя і ўяўныя сімптомы старэйшых пацыентаў акумуляваліся ў целе доктара Урбіна. Ён адчуваў форму ўласнай печані з такой яснасцю, што мог вызначыць яе памеры, не мацаючы яе. Ён адчуў буркатанне санлівага ката ў сваіх нырках, нібыта сваімі вачыма бачыў пераліўчаты бляск жоўцевага пухіра, да яго даходзіла цурчанне крыві ў артэрыях. Часам доктар прачынаўся на золку, задыхаючыся, як рыбіна на сушы. Ён адчуваў ваду ў сэрцы. Бывала, што здараўся імгненны збой у сардэчным рытме, быццам бы затрымка на адзін удар, — так часамі фальшывілі ягоныя аднакласнікі ў школе, граючы вайсковы марш, — і гэта паўтаралася, але затым ён адчуваў, што рытм узнаўляецца, бо Бог вялікі. Але замест таго, каб карыстацца тымі самымі паліятыўнымі сродкамі, якія ён прапісваў сваім хворым, доктар апускаўся ў бездань жаху. Праўда ж таілася ў тым, што доктар Урбіна ў сваіх пяцьдзясят восем гадоў сапраўды адчуваў патрэбу ў чалавеку, які б яго зразумеў. У выніку ён звярнуўся да Фэрміны Дасы, якая яго кахала як мае быць, і якую ён кахаў больш за ўсё на свеце, з ёю ён знаходзіў спакой, і праз яе здолеў нарэшце супакоіць сваё сумленне.

Гэта здарылася пасля таго, як Фэрміна Даса перапыніла яго­нае дзённае чытанне і загадала зірнуць ёй у вочы, а ён адчуў першы сігнал: апраметнае кола выяўлена. Доктар, аднак, не зразумеў, як гэта здарылася, бо немажліва было ўявіць, каб Фэрміна Даса магла адкрыць праўду адно сваім выключным нюхам. Як бы тое ні было, гэты горад ніколі не быў прыдат­ным для захоўвання таямніцы. Неўзабаве пасля ўсталявання першых хатніх тэлефонаў некалькі сямейных пар разышліся праз ананімныя намовы. Шмат якія спужаныя сем’і адключылі свае тэлефоны альбо наагул адмовіліся ад паслуг тэлефоннай кампаніі на доўгія гады. Доктар Урбіна ведаў, што яго жонка надта паважала сябе, каб паверыць у ананімную намову па тэлефоне, і не мог уявіць сабе настолькі дзёрзкага чалавека, які б адважыўся зрабіць гэта ад уласнага імя, не хаваючыся. Аднак ён баяўся класічнага метаду: паперы, якую прасоўвалі пад дзверы незнаёмыя рукі. Гэты спосаб мог быць эфектыўным, бо гарантаваў не толькі падвойную ананімнасць — та­го, хто накіроўваў, і таго, хто атрымліваў паперу, але і надан­не гэтаму здарэнню метафізічнай афарбоўкі з прычыны знака­мі­тас­ці і легендарнасці яго роду. Маўляў, усё, што адбываецца з дэ ля Калье — адбываецца праз Боскую Волю.

Дом доктара Хувэналя Урбіна не ведаў рэўнасці: на працягу трыццаці гадоў сямейнага спакою лекар хваліўся ўслых, і да тае пары было праўдай, што ён, як шведская запалка, запальваўся толькі ад уласнае скрыні. Аднак ён не ведаў, якая магла быць рэакцыя ганарлівай і годнай жанчыны з цвёрдым характарам перад відавочнай нявернасцю. Словам, пасля та­го, як лекар на яе загад паглядзеў ёй у вочы, ён толькі засмуціўся і зрабіў выгляд, нібыта ўсё яшчэ блукае па прыгожых абрысах выспы Алька, пакуль прыдумваў, што рабіць. Са свайго боку, Фэрміна Даса таксама больш нічога не сказала. Яна скончыла цыраваць шкарпэткі, кінула ўсё бязладна ў кошык, распарадзілася на кухні наконт вячэры і пайшла ў спальню.

Тады доктар Хувэналь Урбіна адважыўся настолькі, што без пяці хвілін пяць ён не з’явіўся ў доме сеньярыты Лінч. Словы пра спрадвечнае каханне, пра сціплы дом для яе, дзе б ён мог бываць без страху, пра няспешнае шчасце да самае смерці, — усё, што ён наабяцаў у полымі любові, было адмененае адразу і назаўжды. Апошняе, што сеньярыта Лінч атрымала ад яго, была смарагдавая дыядэма, якую рамізнік уручыў ёй без слоў і без допісу ў скрыні, якую доктар абгарнуў аптэчнай фірмовай паперай, каб нават рамізнік паверыў: гаспадар тэрмінова перадаў лекі. Ён больш не сустрэў яе нават выпадкова да канца сваіх дзён, і аднаму Богу вядома, які боль ён адчуў ад геройскага рашэння, колькі горкіх слёз праліў, зачыняючыся ў прыбіральні, каб перажыць крушэнне інтымнага жыцця. А пятай, замест сустрэчы з ёю, ён пайшоў на споведзь, несучы ў сабе словы найглыбейшага раскаяння, а ў наступную нядзелю прыняў прычасце з разадраным на кавалкі сэрцам, але са спакойнай душой.

Уначы канчатковай адмовы ад каханкі, пакуль доктар ук­ладваўся спаць, ён паўтарыў Фэрміне Дасе горкі аповед пра ягоную перадзолкавую бессань, пра раптоўны калючы боль, пра жаданне плакаць на захадзе сонца, пра зашыфраваныя сімптомы прытоенай любові, якія ён тады выдаваў за прыкметы старасці. Яму трэба было выгаварыцца, каб не памерці, і заадно распавесці праўду, і, нарэшце, ягоная душэўная палёгка перайшла б у хатні рытуал любові. Фэрміна Даса слухала яго ўважліва, але не глядзела на яго, нічога не казала, прымаючы вопратку, якую ён з сябе здымаў. Яна нюхала кожную рэч без адзінага жэсту, які б выдаў яе злосць, клала рэчы абы-як, і не знайшла вядомага паху, але ёй было ўсё роўна: у Бога дзён многа. Перад тым, як стаць на калені для малітвы каля маленькага алтара ў самой спальні, ён завершыў спіс сваіх бедаў сумным і шчырым уздыхам, і заключыў: «Я, напэўна, хутка памру». Яна нават не міргнула вокам.

— Гэта было б лепш, — сказала яна, — так для абаіх будзе спакайней.

За некалькі гадоў да гэтых падзей доктар, падчас крызісу небяспечнай хваробы, таксама загаварыў пра мажлівую смерць, на што яна кінула аднолькава жорсткую рэпліку. Доктар Урбіна аднёс яе словы да натуральнай жаночай неміласэрнасці, на якой зямля трымаецца. Тады ён не ведаў, што жонка заўсёды ўзводзіла перашкоду злосці, каб пераадолець страх. У тым, даўнім выпадку — страх застацца без яго.

Той ноччу яна, наадварот, пажадала ягонай смерці ўсёй душой, і пэўнасць гэтага яе пачуцця яго ўстрывожыла. Пазней ён пачуў, як яна ўсхліпвала ў цемры, плакала ціха, кусаючы падушку, каб ён не пачуў. Гэта канчаткова заблытала доктара, ён ведаў, што яна амаль ніколі не плакала з-за цялесных альбо душэўных боляў. Яна плакала толькі ад вялікае злосці, асабліва, калі прычынаю служыў страх уласнае вінаватасці, — тады яна яшчэ больш злавала ад сваіх слёз, бо не магла дараваць сабе падобнай слабасці. Доктар не асмеліўся суцешыць жонку, ведаючы, што немажліва суцешыць тыгрыцу, працятую дзідай, ён таксама не знайшоў у сабе адвагі сказаць ёй, што чыннік яе слёз знік сёння ўдзень, што ён быў выдраны з каранямі назаўсёды, як з ягонай душы, так і з ягонай памяці.

Стома ненадоўга перамагла доктара. Калі ён прачнуўся, яна ляжала з расплюшчанымі вачыма, без слёз, пры святле матавага начніка. Штосьці канчаткова выспела ў ёй, пакуль ён спаў: асадак, назапашаны ў глыбінях яе душы цягам доўгіх гадоў, ускіпеў ад пакут рэўнасці, выйшаў на паверхню і састарыў яе імгненна. Усхваляваны раптоўна ўзніклымі змор­шчынкамі, завялымі вуснамі, попелам яе сівізны, ён рызыкнуў сказаць ёй, каб яна паспрабавала заснуць: гэта было амаль а трэцяй ночы. Яна загаварыла, не зірнуўшы на яго, але ўжо без следу злосці ў голасе, амаль спакойна.

— Я маю права ведаць, хто яна, — вымавіла Фэрміна Даса.

I тады доктар Урбіна распавёў ёй усё, адчуваючы, што здымае з сябе сусветны цяжар, бо ён быў упэўнены, што жонка ўсё ведала загадзя і яму толькі заставалася пацвердзіць дэталі. Аднак гэта было, зразумела, не так. Таму, пакуль ён гаварыў, яна зноўку заплакала, але тое не былі сарамлівыя ўсхліпы, як напачатку. Яна заплакала буйнымі салёнымі слязьмі, якія цяклі па твары, гарэлі на начной кашулі і спальвалі яе жыццё. Бо ён не зрабіў таго, чаго яна чакала з душою на валаску, ён не адмовіў усё ўшчэнт, не раз’юшыўся ад паклёпу, не крычаў, што сраць хацеў на праклятае грамадства, якое без згрызотаў сумлення топча чужую годнасць. Ён не захаваў, як мусіў мужчына, непарушны спакой перад неабвержнымі доказамі ягонай нявернасці. Потым, калі доктар распавёў ёй, што ўдзень быў на споведзі, яна ледзь не аслепла ад нянавісці. Яшчэ са школы Фэрміна Даса была ўпэўненая, што святары пазбаўленыя якой-кольвек боскай святасці. Гэта была істотная расколіна ў хатняй гармоніі, якую яны дагэтуль абыходзі­лі без спрэчак. Але тое, што муж дазволіў сабе да такой ступені пасвяціць святара ў інтымныя справы, якія тычыліся не толькі яго, а таксама і яе, пераўзышло ўсялякія межы.

— Гэта ўсё роўна, што апавядаць пра гэта першаму стрэчнаму ашуканцу каля гарадской брамы.

Для яе гэта быў канец. Яна ўпэўнілася, што яе годнасць безнадзейна растапталі яшчэ да таго, як муж завяршыў споведзь раскаяння, і пачуццё знявагі было невыносна большым за сорам, злосць і боль ад здрады мужа. І горш за ўсё, чорт бы яго пабраў, што ён зблытаўся з негрыцянкай. Доктар яе паправіў: «Яна мулатка». Але ўдакладненне было залішнім, Фэрміна Да­са ўжо скончыла размову.

— Адна халера, — сказала яна, — цяпер я ўцяміла:гэта быў пах чарнамазай.

Гэта здарылася ў панядзелак. У пятніцу а сёмай вечара Фэр­міна Даса ступіла на борт рэйсавага карабліка, які вёз яе ў Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагу, з адным куфрам, у суправаджэнні падчаркі, хаваючы пад вэлюмам твар, каб пазбавіць сябе і мужа ад увагі цікаўных. Доктар Хувэналь Урбіна не з’явіўся ў порт праз іх дамову, якая была дасягнутая ў выніку стамляльнай гаворкі, што доўжылася тры дні. Падчас гаворкі яны вырашылі, што яна паедзе ў маёнтак стрыечнай сястры Ільдэбранды Санчас, у сялібу Флёрэс-дэ-Марыя, і пабудзе там, колькі трэба, каб падумаць, перад тым як прыняць канчатко­вае рашэнне. Не ведаючы аб чынніках, дзеці ўспрынялі расстанне як неаднойчы адкладаную вандроўку, да якой самі імкну­ліся здаўна. Доктар Урбіна ўладкаваў усё так, каб ніхто з пляткарскага свету не здолеў скарыстаць іх няшчасце, і гэта яму ўдалося. Так што Флярэнтына Арыса не знайшоў і следу, які б падказаў, куды і як знікла Фэрміна Даса, і не праз адсутнасць сродкаў і спосабаў дакапацца да ісціны, а выключна ў сілу таго, што слядоў не засталося. Муж не сумняваўся: яна вернецца, як толькі пройдзе злосць. Аднак яна была пэўнаю ў тым, што злосць не пройдзе ніколі.

Тым не менш, вельмі хутка яна зразумела, што яе нястрымная рашучасць не столькі плён крыўды, як наступства застарэлае настальгіі. Пасля вясельнай вандроўкі Фэрміна Даса неад­нойчы наведвала Еўропу, нягледзячы на тое, што трэба было плыць дзесяць дзён, і заўсёды знаходзіла час для шчасця. Яна бачыла свет, навучылася жыць і думаць інакш, але ніколі не вярталася ў Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагу пасля няўдалага палёту на паветраным шары. Вандроўка ў правінцыю да стрыечнай сястры Ільдэбранды была няхай познім, але збавеннем. Яна падумала пра гэта не ў сувязі з сямейнай катастрофай: патрэба ў такой разрадцы жыла ў ёй здаўна. Так што адна думка пра адраджэнне юнацкіх пачуццяў суцяшала яе ад сямейнага няшчасця.

Фэрміна Даса з падчаркай выйшла на прычал Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагі, прывяла ў дзеянне немалыя рэзервы свайго характару і пазнала сялібу насуперак найгоршым чаканням. Грамадзянскі і вайсковы каменданты гарнізона, да якіх яна мела рэкамендацыйныя лісты, запрасілі яе на шпацыр у афіцыйнай карэце да адыходу цягніка на Сан-Пэдра-Алехандрына, дзе ёй схацелася пабываць, каб праверыць чуткі, нібыта ложак, на якім памёр Вызваліцель, быў маленькі, амаль што дзіцячы[28]. Тады Фэрміна Даса нанава пабачыла сваю вялізную сялібу ў спякоце — было роўна дзве гадзіны папаўдні. Яна зноўку бачыла вуліцы, хутчэй, падобныя на долы з пазелянелымі лужынамі; заможныя дамы партугальцаў з разнымі родавымі гербамі на порціках і бронзавымі жалюзі на вокнах; дамы, у змрочных салонах якіх бязлітасна паўтараліся адны і тыя ж трапяткія і сумныя практыкаванні на піяніна, так яе маладая мама вучыла граць дзяўчатак з заможных дамоў. Яна глядзела на пустэльны пляц без адзінага дрэва ў патэльні каменнае глебы, шэраг хаўтурных экіпажаў і кабыл, якія спалі стоячы, жоўты цягнік на Сан-Пэдра-Алехандрына, а за рагом вялікага касцёла стаяў найлепшы, найпрыгажэйшы дом з арачным калідорам з пазелянелага камення, з кляштарнымі варотамі. Яна ўгледзела акно спальні, дзе шмат гадоў пазней народзіцца Альвара, калі ў яе не будзе ўжо і памяці, каб прыгадаць пра гэта. Фэрміна Даса падумала пра цётку Эскалястыку, якую безнадзейна працягвала шукаць на небе і на зямлі, і, думаючы пра яе, яна раптам згадала вобраз Флярэнтына з ягонай кніжкай вершаў пад мігдалавымі дрэвамі скверыка, як згадвала яго зрэдчас, калі на памяць прыходзілі ўспаміны пра цяжкія школьныя гады. Афіцыйная карэта зрабіла некалькі колаў, аднак Фэрміна Даса так і не здолела пазнаць стары фамільны дом, бо там, дзе, як ёй здавалася, ён стаяў, месцілася свінаферма, а за рагом пачыналася вуліца бардэляў, і путаны ўсяго свету спраўлялі сіесту ў порціках на выпадак, калі раптам пройдзе паштар ды прынясе ім ліст з дому. Гэта ўжо не было сялібай яе дзяцінства. Напачатку шпацыру Фэрміна Даса схавала паўтвару мантылляй, не таму што баялася быць пазнанай — не, тут ніхто не мог ведаць яе, — а каб не бачыць нябожчыкаў, якія пухлі на сонцы паўсюль ад чыгуначнай станцыі да могілак. Грамадзянскі і вайсковы каменданты гарнізона сказалі ёй: «Гэта халера». Яна здагадалася, што так і было, угледзеўшы белую пену каля рота абпаленых сонцам целаў, але таксама заўважыла, што ні ў кога не было следу ад кулі ў патыліцы, як падчас вандроўкі на паветраным шары.

— Гэта так — сказаў афіцэр, — Бог таксама ўдасканальвае свае метады.

Адлегласць ад Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагі да старажытнай сялібы цукровага завода Сан-Пэдра-Алехандрына складала ўсяго дзевяць ліг. Жоўтаму цягніку, каб пераадолець іх, патрабаваўся ажно цэлы дзень, бо машыніст сябраваў з заўсёднымі пасажырамі, і яны часам прасілі яго спыніцца, каб размяць ногі, шпацыруючы па палях для гольфа, якія належалі бананавай кампаніі. Мужчыны купаліся аголеныя ў празрыстых і сцюдзёных рэках, што сцякалі з гор; праехаўшы яшчэ адну ці дзве лігі і адчуўшы голад, некаторыя выходзілі з вагонаў і даілі кароў, што пасвіліся побач. Фэрміна Даса даехала ў жаху, і ў яе ледзь хапіла часу, каб палюбавацца велічнымі тамарындамі, на галінках якіх Вызваліцель вешаў гамак ужо на мяжы смерці, і пабачыла ложак, на якім ён памёр, і, як ёй і казалі, ён быў малы не толькі для такога слыннага чалавека, але і для неданошанага дзіцяці. Аднак другі наведнік, які нібыта ўсё добра ведаў, патлумачыў, што ложак — толькі падробка, бо, на самай справе, паплечнікі Айца Радзімы кінулі яго аднаго паміраць на падлозе. Фэрміна Даса была прыгнечаная тым, што пабачыла і пачула з моманту адплыцця з дому. На зваротным шляху, які яна праехала ў экіпажы, ужо не адчувалася асалода ўспамінаў аб той даўняй вандроўцы, як да гэтага марылася. Наадварот, яна старалася абмінаць сялібы, з якімі была звязаная яе настальгія, ратуючы сябе ад расчаравання. Яна чула акардэоны са сцежак, па якіх уцякала ад нудоты, чула спевы байцовых пеўняў у загонах, вінтовачныя і рэвальвэрныя стрэлы, якія маглі аднолькава сведчыць пра бойку і пра свята, і калі мусіла перасекчы сялібу, хавала твар за мантылляй і заплюшчвала вочы, каб прыгадаць усё такім, якім яно было раней.

Аднойчы ўвечары Фэрміна Даса, якая пазбягала сустрэч з мінулым, усё ж прыбыла ў маёнтак стрыечнай сястры Ільдэбранды. Яна пабачыла яе і ледзь не страціла прытомнасць: гэта было як глядзець на сябе ў люстэрка праўды. Кузіна стала мажнай і пастарэла. Нарадзіла некалькі неўтаймаваных дзяцей, прычым не ад чалавека, якога па-ранейшаму кахала безнадзейна, а ад вайсковага адстаўніка, з якім пайшла пад вянец з прычыны расчаравання і крыўды, хоць вайсковец кахаў яе да шаленства. Але ў душы, у глыбінях старога цела кузіна заставалася такой жа, як у юнацтве. За некалькі дзён на шпацырах з Ільдэбрандай Фэрміна Даса прыйшла ў сябе ад уражанняў, якія яе прыгняталі. Яна патанала ў прыем­ных успамінах, але імкнулася не выходзіць далей за паркан маёнтка, калі не лічыць традыцыйных паходаў у касцёл на нядзельную імшу. Туды Фэрміна накіроўвалася з унукамі незацугляных сябровак юнацтва, з увішнымі хлапцамі на выдатных конях, з гожымі і добра апранутымі, як колісь іхныя маці, дзяўчатамі. Яны ехалі стоячы на пралётках, запрэжаных валамі, і спявалі хорам ажно да місіянерскага касцёла ў глыбіні даліны. Фэрміна Даса прайшлася толькі па сялібе Флёрэс-дэ-Марыя, дзе не была з часоў папярэдняй вандроўкі, бо і не падумала, што сяліба можа ёй спадабацца, але там адчула захапланне. Яе бяда альбо бяда сялібы была ў тым, што раней ёй ніяк не ўдавалася прыгадаць, якой была сяліба сапраўды, а ўяўленне прадстаўляла яе ў скажоным выглядзе.

Доктар Хувэналь Урбіна вырашыў ехаць за жонкай пасля паведамлення біскупа Рыёачы. Выснова была такой: жонка затрымлівалася наагул не таму, што не хацела вярнуцца, а таму што не ведала, як адолець перашкоды ўласнае ганарлівасці. Так што доктар Урбіна пусціўся ў шлях без папярэ­джання, абмяняўшыся з Ільдэбрандай лістамі, з якіх высветліў, што жончына настальгія нібыта вывернулася, цяпер яна думала толькі пра дом. Аб адзінаццатай раніцы Фэрміна Даса была на кухні, гатавала фаршаваныя баклажаны, калі пачула радасныя выкрыкі сялян, іржанне коней, стрэлы ў паветра, а затым — рашучыя крокі ў вітальні і голас мужа:

— Лепш самому прыехаць своечасова, чымся быць запрошаным запозна.

Фэрміна Даса думала, што памрэ ад радасці. Неяк памыла рукі і шапнула: «Дзякуй, Божа мой, дзякуй за тваю дабрыню», шкадуючы, што яшчэ не прыняла ванну праз клятыя баклажаны; іх замовіла Ільдэбранда, якая, дарэчы, не сказала, хто запрошаны на абед. Фэрміна пакутавала ад думкі, што яна старая і непрыгожая, з аблезлым ад сонца тварам і што муж пашкадуе аб сваім прыездзе, калі пабачыць яе ў такім нядобрым стане. Але яна зноў жа выцерла рукі фартухом, крыху прывяла сябе ў парадак, сабрала ўсю ганарлівасць, з якой маці нарадзіла яе на свет, каб суняць ашалелае сэрца, і пайшла насустрач мужу салодкай паходкай аленіхі. Ішла з паднятай галавой і светлым позіркам, з кірпатым носам івалгі, і дзякавала лёсу за аграмадную палёгку, якую ёй давала вяртанне дамоў. Усё гэта муж, зразумела, прыняў за чыстую манету. Тым часам яна для сябе вырашыла абавязкова разлічыцца за горкія пакуты, якія ледзь не пазбавілі яе жыцця.

Амаль праз два гады, якраз пасля вяртання Фэрміны Дасы, адбылася адна з неверагодных выпадковасцяў, якую Трансыта Арыса назвала б Божымі жартамі. Флярэнтына Арыса не надта цікавіўся такім вынаходніцтвам, як кіно, але Леона Касіяні адвяла яго без супраціву на нашумелую прэм’еру «Кабірыі», чыя слава трымалася на дыялогах, напісаных паэтам Габрые­лем д’Анунцыё. Вялікае патыё пад адкрытым небам у дона Галілеа Даконтэ, дзе ўначы больш захапляла прыгажосць зорак у небе, чым нямая любоў на экране, было перапоўнена гледачамі з найвышэйшага грамадства. Леона Касіяні сачыла за акалічнасцямі сюжэта, амаль не дыхала. Флярэнтына Арыса, наадварот, драмаў, усыплёны кіношнай драмай. За ягонай спінай нейкая жанчына нібыта разгадала ягоныя думкі і ўскрыкнула:

— Божа мой, гэта цягнецца даўжэй за любы боль!

Яна сказала толькі гэта, бо яшчэ не прышчапіўся звычай суправаджаць нямыя кінастужкі п’есамі на піяніне, а з цёмнае залы толькі чулі, быццам шэпт дажджу, пошум праектара. Флярэнтына Арыса прыгадваў Бога толькі ў найцяжэйшых сітуацыях, але на гэты раз ён дзякаваў Яму ад усёй душы. Бо нават у дваццаці пядзях пад зямлёй ён адразу ж пазнаў бы гэты голас з глухім металічным тэмбрам, які хаваў у душы з таго дня, калі, гледзячы на пажоўклую лістоту ў пустэльным скверыку, яна сказала яму: «Цяпер ідзіце і не вяртайцеся, пакуль я не паведамлю». Флярэнтына Арыса ўцяміў, што яна сядзіць за спінай, побач з непазбежным мужам, ён адчуў яе цёплы ды роўны подых і дыхаў адным з ёю паветрам, нібыта ўзбагачаным, поўным здароўя, кахання. Ён адчуваў, што яе не зжэрла моль смерці, як часцяком уяўлялася яму за апошнія месяцы яе адсутнасці, і зноўку прыгадаў Фэрміну Дасу ў светлым і шчаслівым узросце, акругленую цяжарнасцю першынцам пад тунікай Мінервы. Ён уяўляў яе так, нібыта глядзеў ёй у твар, і ўсе жарсці, якія мелі месца на экране, былі яму зусім чужымі. Ён адчуваў асалоду ад водару мігдальнай парфумы, якая вяртала яму інтымнае жыццё, і хацеў зведаць яе думку адносна таго, як улюбляюцца жанчыны ў кіно, каб іх каханне прыносіла менш пакутаў, чым у сапраўдным жыцці. Яшчэ да канца фільма ён раптам здагадаўся ў пробліску радасці, што ніколі не быў так доўга і блізка да жанчыны, якую кахаў спрадвечна.

Калі запалілі святло, Флярэнтына Арыса даў час падняцца іншым гледачам. Затым павольна ўстаў, рассеяна павярнуўся, звыкла зашпільваючы камізэльку, і ўсе чацвёра аказаліся твар да твару, ды так блізка, што міжволі мусілі павітаць адно аднаго, няхай нават хтосьці з іх і не хацеў гэтага. Хувэналь Урбіна павітаў спачатку Леону Касіяні, якую добра ведаў, а потым са звычайнай вытанчанасцю працягнуў руку Флярэнтына Арысу. Фэрміна Даса накіравала ім усмешку ветлівасці. Ва ўсялякім разе, гэта была ўсмешка жанчыны, якая часцяком бачыла іх, ведала, хто яны такія, і ёй не трэба было, каб іх ёй прадставілі. Леона Касіяні адказала з грацыёзнасцю мулаткі. Затое Флярэнтына Арыса не ведаў, як паводзіць сябе, ашаломлены выглядам Фэрміны Дасы.

Гэта была іншая жанчына. Флярэнтына Арыса не знайшоў ні следу ад страшнай і моднай хваробы на яе твары, ні слядочку ад іншых і яму вядомых захворванняў, цела Фэрміны Дасы захоўвала прыкметы прыгажосці лепшых часоў, але было віда­вочна, што апошнія два гады даліся ёй за дзесяць. Ёй была да твару кароткая стрыжка з выгінам крыла каля шчакі, але колішні мядовы колер валасоў ужо стаўся алюмініевым, гожыя пранізлівыя вочы страцілі палову свайго святла праз бабульчыны акуляры. Флярэнтына Арыса бачыў, як яна аддалялася пад руку з мужам у натоўпе, што пакідаў залу кінематографа, і здзівіўся, што Фэрміна Даса з’явілася на вачах у публікі ў старой хустцы і хатніх чаравіках. Аднак больш за ўсё яго ўсхвалявала, што мужу трэба было трымаць яе за локцік, каб накіраваць да выхаду, і нават так яна не разлічыла вышыні прыступак перад дзвярыма і ледзь не ўпала.

Флярэнтына Арыса быў вельмі чулы да гэтых цяжкасцяў сталага веку. Яшчэ ў маладосці ён перапыняў чытанне вершаў у скверыках горада і назіраў за парамі старых людзей, за тым, як яны дапамагалі адно аднаму перайсці вуліцу, і гэта была навука жыцця, якая дазваляла яму спрычыняцца да законаў немінучай уласнай старасці. Ён падумаў, што ва ўзросце доктара Хувэналя Урбіна, якім ён бачыў яго ў кіно, мужчыны нібыта квітнелі восеньскай маладосцю. Яны здаваліся больш высакароднымі з першай сівізной, выпраменьвалі спакуслівасць дасведчаных мужчын. Асабліва ў вачах маладых жанчын, а іх завялыя жонкі шукалі апору ў руцэ мужа, каб не спатыкацца нават аб уласны цень. Праз некалькі гадоў, аднак, перад мужамі раптоўна раскрывалася бездань жахлівай старасці цела і душы. Тады ачунялыя жонкі вялі іх за руку, як сляпцоў, што стаяць на цвінтары, і шапталі ім на вуха, каб не раніць іх мужчынскую годнасць, просячы быць уважлівым, маўляў, наперадзе — тры прыступкі, а не дзве, пасярод вуліцы вялізная лужына, а той пак, што ляжыць на ходніку, гэта памерлы жабрак. І жанчыны, няхай з цяжкасцю, дапамагалі ім перайсці вуліцу, нібыта знаходзілі адзіны брод у апошняй рацэ жыцця. Флярэнтына Арыса неаднойчы глядзеў на сябе ў тым люстэрку, ён больш за ўсё баяўся страшнага ўзросту, калі жанчына вяла б яго пад руку. Ён ведаў, што тады і толькі тады мусіць адмовіцца ад надзеі, імя якой Фэрміна Даса.

Сустрэча ў кіно яго абудзіла. Замест таго, каб адвезці Леону Касіяні на пралётцы, ён праводзіў яе пешшу праз старажытную частку горада, дзе крокі гучалі, нібыта капыты па брукаванцы. Часам з адчыненых балконаў даносіліся абрыўкі фраз, алькоўныя шчырасці, усхліпы любові, перабольшаныя прывіднай акустыкай і цёплым водарам язміну ў сонных завулках. Яшчэ раз Флярэнтына Арыса мусіў сабраць усе сілы, каб не распавесці Леоне Касіяні пра каханне да Фэрміны Дасы. Яны ішлі пад руку марудным крокам, нібыта здаўна заручаныя, яна думала пра пякноты Кабірыі, ён — пра ўласнае няшчасце. На адным з балконаў Мытнага Пляца спяваў мужчына, і песня паўтаралася ў прасторы ланцугом адгалоскаў: «Калі я прайшоў па хвалях бязмежнага мора...» На вуліцы Каменных Святых, якраз перад развітаннем на парозе яе дома, Флярэнтына Арыса папрасіў Леону Касіяні, каб яна запрасіла яго на кілішак брэндзі. Ён прасіў пра гэта ў падобнай сітуацыі двойчы. Упершыню, дзесяць гадоў таму, яна адказала: «Калі ты ўвойдзеш зараз, мусіш застацца назаўсёды». Тады ён не ўвайшоў. Аднак на гэты раз ён так ці інакш выкарыстаў бы прапанову, нават калі б давялося парушыць дадзенае слова. Аднак Леона Касіяні запрасіла яго без якіх-кольвек умоў.

Вось так ён зусім нечакана апынуўся ў свяцілішчы любові, якая была знішчаная яшчэ да свайго нараджэння. Яе бацькі памерлі, адзіны брат стаў багацеем на Курасао, і яна жыла адна ў старажытным фамільным доме. За некалькі гадоў да гэтага, калі Флярэнтына Арыса яшчэ не адмовіўся ад спадзеваў стацца яе палюбоўнікам, ён зазвычай наведваў яе па нядзелях са згоды бацькоў, часам заходзіў позна ўначы. Ён так часта рабіў унёскі ў падтрыманне састарэлага дома, што ўрэшце лічыў яго ледзь не сваім. Але гэтай ноччу пасля кіно адчуў, што гасцёўня ўжо не тая, якая жыла ў ягоных успамінах. Мэбля была расстаўленая інакш, на сценах віселі іншыя хромалітаграфіі, і ён падумаў, што такія каардынальныя змены не адбыліся самі па сабе, яны былі здзейсненыя, каб замацаваць упэўненасць у тым, што яго ніколі не існавала. Кот не пазнаў яго. Спужаны жорсткасцю гэтага забыцця, ён сказаў: «Ён ужо мяне не памятае». Але яна адказала, стоячы спінай да яго і наліваючы брэндзі: «Калі гэта цябе хвалюе, можаш спаць спакойна, каты не здольныя прыгадваць нікога».

Адкінуўшыся на спінку канапы, седзячы побач, яны гаварылі пра тое, якімі былі абое да таго дня Бог ведае якога года, калі сустрэліся ў трамваі, які цягнулі пакорлівыя мулы. Іх жыццё працякала ў суседніх службовых пакоях, і да гэтае пары яны ніколі не гаманілі адно з адным ні пра што, што не датычылася б звычайнай працы.

Пакуль ішла гамонка, Флярэнтына Арыса паклаў ёй руку на калена, стаў лашчыць яе пяшчотна, як дасведчаны спакуснік, і яна не замінала яму, але не адказала нават лёгкім знакам узаемнасці. Толькі калі ён зайшоў занадта далёка, яна ўзяла ягоную руку і пацалавала далонь.

— Паводзь сябе добра, — сказала яна, — я даўно здагадалася, што ты не той, каго я шукаю.

У раннім юнацтве дужы ды спрытны чалавек, твару якога яна так і не разгледзела, раптам паваліў яе на хвалярэзе, распрануў, нібыта ўдарамі драпежных лап, і авалодаў ёю імгненна і жарсна. Кінутая на камянёх з драпінамі па ўсім целе, яна хацела аднаго: каб мужчына застаўся з ёю назаўсёды і дазволіў ёй памерці ад кахання ў ягоных руках. Леона не разгледзела твару, не пачула і голасу, але верыла, — яна пазнае яго сярод тысяч па фігуры, росце і моцы любові. З тае пары яна гаварыла ўсім, хто згаджаўся яе слухаць: «Калі ты раптам пазнаеш вялікага ды моцнага чалавека, які згвалціў бедную негрыцянку на вуліцы Хвалярэза Тапельцаў аднойчы а палове на дванаццатую ночы 15 кастрычніка, скажы яму, дзе ён зможа мяне знайсці». Яна казала гэта звычайна, і столькім людзям, што ўрэшце засталася без надзеі. Флярэнтына Арыса слухаў яе кароткі аповед столькі разоў, колькі чуў па начах развітальныя гудкі параходаў. Да другой гадзіны па поўначы яны выпілі па тры кілішкі брэндзі, і ён ужо ведаў напэўна, што не ёсць тым доўгачаканым мужчынам, і гэта яго ўзрадавала.

— Малайчына, ільвіца, — сказаў ён, сыходзячы, — нарэш­це мы забілі тыгра.

На гэтым ноч не скончылася. Злыя плёткі пра лякарню для сухотнікаў спудзілі ягоныя мроі, бо пасеялі ў ім падазрэнне, што Фэрміна Даса таксама смяротная і ёй нішто не замінае памерці раней за свайго мужа. Але калі ён убачыў, як яна спатыкнулася каля выхаду з кіно, Флярэнтына Арыса зрабіў яшчэ адзін крок насустрач бездані, адкрыўшы раптам, што не яна, а ён сам можа сысці ў іншы свет першым. Гэта і быў жахлівы знак, бо пацвярджаўся рэальнасцю. Ззаду засталіся гады бязглуздага чакання, спадзеваў на шчасце, але на гарызонце бачылася толькі бяздонная багна ўяўных хваробаў, супакаяльныя кроплі ў перадзолкавай бессані, штодзённая смерць увечары. Флярэнтына Арыса падумаў, што кожнае пражытае імгненне, якое раней здавалася сябрам і абавязковым саюзнікам, цяпер уступала ў змову са смерцю супраць яго. Пару гадоў назад ён ішоў на сустрэчы з бояззю перад лёсам, дзверы былі не зачыненыя, каб ён увайшоў бязгучна, але ў апошнюю хвілю ён раскаяўся, збаяўшыся спрычыніць лагоднай чужой жанчыне непапраўную шкоду, памершы ў ейным ложку. Так што ён меў права думаць, што самая каханая на зямлі жанчына, якую ён чакаў яшчэ з мінулага стагоддзя без адзінага ўздыху расчаравання, ледзь паспела б узяць яго пад руку на вуліцы пад поўняй, дзе вецер заблытвае сцяблінкі макаў на клумбах, каб дапамагчы яму без трывогі перайсці на той бок да ягонае смерці.

Праўда хавалася ў тым, што паводле крытэрыяў тае эпохі Флярэнтына Арыса ўжо ўступіў у межы старасці. Яму было пяць­дзясят шэсць гадоў, і ён лічыў, што пражыў іх добра, бо гэта былі гады любові. Аднак тады не было мужчыны, які б згадзіўся выклікаць агульны смех, выглядаючы маладзей за свой узрост, нават калі гэта было так, альбо калі ён верыў, што гэта так; і ніхто б не адважыўся прызнаць без сораму, што ён яшчэ плача ўпотайкі праз сваю зняважаную любоў, якая мела месца ў мінулым стагоддзі. Гэта былі не лепшыя часы для маладых: кожны ўзрост меў уласны стыль вопраткі, але старэчы стыль пачынаўся адразу пасля юнацтва і захоўваўся да скону. Гаворка ішла не столькі пра ўзрост, колькі пра грамадскую годнасць. Юнакі апраналіся, як іхныя дзяды, дачасна надзя­валі на пераноссе акуляры, якія надавалі ім рэспектабельнасць, кій выглядаў салідна ўжо ў трыццаць гадоў. Для жанчын існавалі толькі два ўзросты: шлюбны, які ніколі не сягаў за дваццаць два гады, і ўзрост вечных незамужак, незапатрабаваных. Першыя з іх — жонкі, маці, удовы, бабулі — складалі асаблівы від, які звязваў уласны век не з пражытымі гадамі, а з набліжэннем смерці.

Флярэнтына Арыса, са свайго боку, сутыкнуўся з хітрыкамі старасці жорстка і дзёрзка, хоць ён ведаў, што дзіўны лёс зрабіў яго падобным да старога ўжо з маленства. Напачатку гэта было неабходна. Трансыта Арыса разбірала вопратку, падкінутую ягоным бацькам, і перашывала сыну, так што ён хадзіў у пачатковую школу ў сурдутах, якія падмяталі падлогу, калі ён садзіўся, у міністэрскіх капелюшах, якія спаўзалі на вушы нягледзячы на тое, што маці змяншала іх памер, набіваючы вату пад падкладку. Апрача таго, ён насіў акуляры ад блізарукасці з пяці гадоў, а яго валасы былі непаслухмяныя, як у маці, грубыя, як конскі волас; выгляд Флярэнтына Арысы ні аб чым не казаў. На шчасце, пасля неверагоднага вэрхалу ў калідорах улады з прычыны шматлікіх грамадзянскіх войнаў, якія ішлі адна за адной, школьныя крытэрыі былі не асабліва суворымі, дзеці розных сацыяльных становішчаў перамяшаліся ў дзяржаўных школах. Яшчэ зусім зялёныя малыя прыходзілі ў клас з пахам барыкаднага пораху, у форме паўстанцкіх афіцэраў са знакамі адрознення, якія былі заробленыя пад свінцовымі кулямі ў сумнеўных баях, з уласнай зброяй, якая тырчала з-пад пасу. На перапынках яны ладзілі перастрэлкі пры самай малой спрэчцы, пагражалі настаўнікам за благія вынікі на іспытах. Адзін з іх, вучань трэцяга класа ў школе Ля-Салье, ён жа палкоўнік апалчэнцаў у адстаўцы, лоўкім стрэлам забіў пробашча Хуана Эрэміта за тое, што на занятках катэхізіса той сказаў, нібыта Бог быў дзейсным сябрам кансерватыўнае партыі. Аднак дзеці збяднелых слынных сямей апраналіся, нібыта старажытныя прынцы, а найбяднейшыя з іх хадзілі босымі. На фоне ўсіх гэтых дзівосаў Флярэнтына Арыса займаў месца ўсё ж у трупе найбольш экстравагантных школьнікаў, хоць не настолькі, каб звяртаць на сябе чыюсьці пільную ўвагу. Самае крыўднае, што ён чуў на свой адрас, было кімсьці кінутае на вуліцы: «Бедны, брыдкі, да салодкага кідкі». Так ці інакш, вопратка магільшчыка ўжо тады і да канца жыцця найбольш пасавала да яго загадкавай натуры і змрочнага характару. Калі Флярэнтына Арыса ўпершыню ўступіў на высокую пасаду ў параходнай кампаніі, ён замовіў строі ў тым жа стылі, што і бацька, які яму згадваўся старым чалавекам, хоць памер у ганаровым узросце Хрыстовым — трыццаці трох гадоў ад нараджэння. Флярэнтына Арыса заўсёды выглядаў старэйшым, чым быў насамрэч. Настолькі, што языкастая Брыхіда Сулета, мімалётная каханка, якая заўжды гаварыла праўду, сказала яму, не задумваючыся, што з першага дня ён больш падабаўся ёй, калі распранаўся, бо аголеным Флярэнтына Арыса скідваў дваццаць гадоў. Аднак ён не здолеў пазбавіцца ад старой звычкі, па-першае, праз свой густ, які не дазваляў апранацца інакш, а па-другое, праз тое, што ніхто толкам не ведаў, які стыль вопраткі патрабуецца, каб выглядаць маладзейшым у дваццаць гадоў, хоць адкрый шафу і апрані кароткія штонікі, дзіцячую бесказырку. Да таго ж, ён сам не мог абыходзіцца без усведамлення свайго ўзросту, так што калі ён заўважыў, што Фэрміна Даса спатыкнулася каля выхаду з кіно, яго ўзрушыла цалкам натуральная думка, нібыта бліскавіца жаху, — гэтая блядская смерць немінуча пераможа ў жорсткай вайне за каханне.

Якраз тады Флярэнтына Арыса ўжо завершыў другую баталію не за жыццё, а за смерць, і ён прайграў яе бясслаўна, бо змагаўся ні з чым іншым, як з аблысеннем. Ён упершыню прыкмеціў зблытаныя валасы на грабеньчыку, і ўсвядоміў, што асуджаны на пекла, пакутаў якога не разумеюць тыя, хто гэтага не перажываў. Флярэнтына супраціўляўся гадамі. Не было мазяў і супрацьгрыбковых сродкаў, якіх бы ён не выпрабаваў і ў якія б ён не верыў, не было пакутаў, якіх бы ён не перажыў, абараняючы кожную цалю галавы ад ненажэрнага спусташэння. Ён вывучыў на памяць інструкцыі «Брыстальскага альманаха сельскай гаспадаркі», бо аднойчы чуў ад кагосьці, што рост валасоў непасрэдна залежыць ад тых самых цыклаў, што і ў збожжавых раслін. Ён перастаў хадзіць да свайго сталага цырульніка, валадара шыкоўнае лысіны, і памяняў яго на замежніка, які нядаўна прыехаў у горад і стрыг толькі ў тыя дні, калі месяц уваходзіў у чвэрць маладзіка. Новы цырульнік ужо давёў выдатнае ўздзеянне сваёй рукі, як раптам высветлілася, што яго шукае паліцыя некалькіх антыльскіх краін за згвалтаванне паслушніцы. Яго звезлі ў кайданах.

Флярэнтына Арыса выразаў усялякія абвесткі, якія друка­ва­ліся ў газетах Карыбскага басейна: побач два партрэты аднаго і таго ж чалавека, у першым выпадку ён быў лысым, як дыня, а ў другім — з густой капной ільва: пасля прыёму надзейных лекаў. На працягу шасці гадоў ён выпрабаваў сто семдзесят два такія сродкі, калі не лічыць дадатковых метадаў, якія рэкламаваліся на бірках кожнага флакона. З дапамогай аднаго з гэтых сродкаў ён абзавёўся толькі экзэмай на галаве. Яна выклікала сверб і смярдзела. Святошы з Мартынікі назвалі гэтую хваробу паўночным ззяннем, бо ў цемры чэрап выпраменьваў фасфарычны бляск. Флярэнтына Арыса звярнуўся, нарэшце, да зёлак, якімі індзейцы гандлявалі на кірмашы, да магічных сродкаў і ўсходніх напояў, якія прадаваліся каля Натарыяльнай брамы. Але калі ён усё ж упэўніўся, што яго падманваюць, на макаўцы ўжо ззяла манашая танзура. У нулявым годзе, калі Тысячадзённая грамадзянская вайна паспела як след абяскровіць краіну, па горадзе прайшоў італьянец, які на замову рабіў парыкі з натуральных валасоў. Парык каштаваў зашмат, а майстра не адказваў за сваю працу пасля трох месяцаў нос­кі, аднак мала хто з лысых багацеяў устаяў перад спакусай. Флярэнтына Арыса быў адным з першых. Ён прымерыў парык настолькі блізкі па колеры да яго натуральнага, што баяўся, а раптам гэты парык заварушыцца на ім ад змены настрою, але ўсё-ткі не здолеў змірыцца з думкай пра тое, што носіць на галаве валасы нябожчыка. Натуральным суцяшэннем сталася ненажэрнасць лысіны, яна не да­ла яму часу пазнаць колер уласнае сівізны. Аднойчы вясёлы п’янтос, які сустракаўся яму і раней на рачной прыстані, але гэтым разам быў у стане раскрыцця пачуццяў больш, чым зазвычай, абняў Флярэнтына Арысу, калі той выходзіў з канторы, зняў з яго капялюш, выклікаўшы смех грузчыкаў, і звонка пацалаваў у лоб.

— Лысы прыгажун! — крыкнуў весялун яму следам.

Тады Флярэнтына Арыса, якому было сорак восем гадоў, загадаў выстрыгаць слабы пушок, які заставаўся на скронях і патыліцы, і цалкам прыняў лёс абсалютна лысага чалавека. Да такой ступені, што ўранку перад душам намазваў пенай не толькі падбародак, але і тыя часткі чэрапа, дзе зноўку з’яўляўся пушок, і здымаў яго небяспечнай брытвай, ператвараючы галаву у азадак немаўляці. Да тае пары ён не здымаў капялюш нават у канторы, бо лысіна выклікала ў ім пачуццё амаральнай аголенасці. Аднак, усвядоміўшы становішча, ён прыпісаў гэтую аголенасць да ліку мужчынскіх годнасцяў, пра што раней чуў са знявагай, бачачы ў падобных высновах плён уяўлення ўжо аблыселых фантазёраў. Пазней ён успрыняў новы звычай, не стрыг валасы каля правай скроні і перачэсваў іх цераз лоб улева. На гэтым Флярэнтына Арыса спыніўся. Аднак ён працягваў насіць капялюш, заў­сёды ў хаўтурным стылі, нават пасля таго, як увайшлі ў моду капелюшы тартарыта — такой была мясцовая назва французскіх канацье.

Страта ж зубоў не была звязаная з натуральнай хваробай, наадварот, чыннікам паслужыла бязладная памылка прышлага дантыста, які надумаў выразаць жыўцом элементарную інфекцыю. Страх перад борам, які круціўся нажной педаллю, не дазваляў яму наведаць зубнога лекара, нягледзячы на стабільны боль, пакуль той не стаўся невыносным. Маці спужалася, пачуўшы ўначы несуцешныя стогны з суседняга пакоя, ёй здавалася, што паўтараюцца развеяныя туманом памяці часы яго першага кахання, аднак, загадаўшы яму адкрыць рот, каб зірнуць, скуль гэты боль, яны знайшла, што ўсе дзясны былі пакрытыя гнайнікамі. Дзядзька Леон XII накіраваў яго да доктара Франсіса Аданая, негрыцянскага волата ў ботах і галіфэ, які плаваў на рачных параходах з поўным зубным кабінетам у дарожнай сумцы і больш быў падобным на коміваяжора, што наводзіў жах у прырэчных сялібах. Доктар зазірнуў у рот і адразу вызначыў, што Флярэнтына Арысу трэба выдаліць нават здаровыя зубы, каб уратаваць яго ад наступстваў запушчанасці. У параўнанні з воляй на змаганне з аблысеннем, аслінае лекаванне далося яму лёгка, калі не лічыць натуральнага страху перад катаваннем без анестэзіі. Яго таксама не палохала думка пра зубныя пратэзы, перадусім праз настальгію па маленстве. Ён часцяком згадваў кірмашовага штукара, які здымаў сківіцы, клаў іх на стол, і яны працягвалі размаўляць самі; апрача таго, ён уцяміў, што аперацыя пакладзе канец зубному болю, ад якога ён пакутаваў з дзяцінства, амаль такога ж жорсткага, як пакуты ад кахання. Гэта не падавалася яму такім страшным ударам старасці, як аблысенне. Флярэнтына Арыса быў пэўны, што, нягледзячы на рэзкі пах вульканізаванага каўчука ад устаўной сківіцы, ён будзе выглядаць лепш з артапедычнай усмешкай. Такім чынам, ён без супраціву скарыўся абцугамі доктара Аданая і перанёс выздараўленне з аслінай цярплівасцю.

Дзядзька Леон XII займаўся дэталямі аперацыі, нібыта рэ­заць збіраліся яго. Ён меў асаблівую цікавасць да зубных пратэзаў, якая ўзнікла падчас яго першых вандровак па рацэ Магдалене, праз яго маніякальнае захапленне бэльканта. Аднойчы пад поўняй на падыходзе да порта Тамары дзядзька Леон XII пайшоў у заклад з нямецкім каморнікам, маўляў, ён абудзіць жыхароў сельвы неапалітанскім рамансам з капітанскага мастка. І ледзь не выйграў. У рачным змроку ўзляцелі чаплі над багнай, раздаліся ўдары каймана хвастом па вадзе, з перапуду біліся рыбіны-шалёнкі, нібыта спрабавалі скочыць на бераг, аднак на самай высокай ноце, калі пасажыры баяліся, што ў яго ад напругі лопнуць артэрыі, зубны пратэз быў выкінуты з рота сілай заключнага выдыху і патануў у вадзе.

Карабель затрымаўся ў порце Тэнэрыфэ на тры дні, пакуль яму тэрмінова рабілі другі пратэз. Ён падышоў выдатна. Аднак на зваротным шляху, спрабуючы патлумачыць капітану, як ён згубіў папярэдні пратэз, дзядзька Леон XII набраў поўныя лёгкія гарачага паветра сельвы і выдаў найвышэйшую ноту, на якую быў здольны, зноўку нагнаўшы страх на кайманаў, якія загаралі, гледзячы неміргаючымі вачыма на карабель, што праходзіў міма, і... зноў плынь аднесла новенькі пратэз. З тае пары ён трымаў дублікаты пратэза паўсюль — у розных месцах дома, у скрыні пісьмовага стала і на борце кожнага з трох караблёў кампаніі. Апрача таго, калі абедаў дзе-кольвек па-за домам, запасныя зубы заўсёды былі пры ім у скрыні з-пад таблетак ад кашлю, бо аднойчы пратэз трэснуў, калі ён спрабаваў разжаваць скварку на пікніку. Баючыся, што пляменнік стане ахвярай падобных непрыемнасцяў, дзядзька Леон XII загадаў доктару Аданаю зрабіць адразу два пратэзы: адзін з таннейшых матэрыялаў на кожны дзень і другі для выхадных і святаў — з залатымі іскрынкамі на карэнных зубах, якія б упрыгожвалі ўсмешку і прыдавалі твару пляменніка выраз шчырасці. У вербную нядзелю, усхваляваны святочнымі перазовамі званоў, Флярэнтына Арыса нарэшце выйшаў на вуліцу ў новым абліччы, і беззаганная ўсмешка пакідала ў яго пачуццё, нібыта яго месца заняў нехта іншы.

Якраз у той час памерла маці, і Флярэнтына Арыса застаўся адзін у доме, у кутку, які як найлепш падыходзіў для кахання, бо хаця вуліца і была досыць далікатная, мноства вокнаў усё ж змушала думаць пра лішнія вочы за фіранкамі. Аднак у доме ўсё было зроблена дзеля шчасця Фэрміны Дасы, і толькі яна дачакаецца яго, так што Флярэнтына Арыса палічыў за лепшае страчваць шматлікія мажлівасці на працягу самых плённых гадоў, але не запляміў дом іншай любоўю. На шчасце, кожная новая прыступка у параходнай кампаніі прымяркоўвала новыя прывілеі, перадусім негалосныя, і самая карысная з іх была ў мажлівасці выкарыстоўваць офіс уначы альбо ў выхадныя і святочныя дні з маўклівае згоды вартаўніка. Аднойчы, калі Флярэнтына Арыса быў ужо віцэ-прэзідэнтам, ён любіўся з дзяўчынай, якая дзяжурыла ў нядзелю, на канторскім крэсле, калі раптам адчыніліся дзверы. Дзядзька Леон XII зазірнуў, нібыта пераблытаўшы офісы, і паглядзеў на спужанага пляменніка паўзверх акуляраў. «Карамба, — сказаў дзядзька без здзіўлення, — ты такі ж, як твой бацька! — І перад тым, як зачыніць дзверы, дадаў з рассеяным паглядам: — А вы, дзяўчына, працягвайце. Клянуся сумленнем, я не бачыў вашага твару».

Пра гэта больш не гаманілі, але ўвесь наступны тыдзень у кабінеце Флярэнтына Арысы немажліва было працаваць. У панядзелак з’явіліся чародкай электрыкі, каб прыладзіць лопасны вентылятар да столі. Слесары прыйшлі без папярэ­джання і нарабілі шуму, уразаючы новы замок, каб дзверы за­чыняліся знутры. Сталяры знялі меркі, не тлумачачы, навошта, мэбляры прынеслі ўзоры тканіны і праверылі, ці пасуюць яны да шпалераў кабінета, а праз тыдзень даставілі аграмадную дзвюхспальную канапу, абіўку якой упрыгожвалі пыш­ныя кветкі. Канапа ўсё-ткі не ўлезла ў дзверы, і давялося зацягваць яе праз акно. Людзі працавалі ў самы нечаканы час, паводзілі сябе нахабна, як здалося Флярэнтына Арысу, — на любы яго пратэст адказ быў адзіны: «Гэта загад генеральнай дырэкцыі». Ён губляўся ў здагадках, ці было падобнае ўмяшальніцтва ветлівасцю дзядзькі і паблажлівага стаўлення да яго бурлівых любоўных прыгодаў, альбо ва ўласцівай яму манеры ён даваў зразумець, што не ўхваляе легкадумных паводзінаў. Флярэнтына Арысу нават да галавы не прыйшло, што дзядзька Леон XII заахвочваў яго, бо да яго таксама дайшлі чуткі, што пляменнік не падобны да бальшыні мужчын у сваіх сэксуальных звычках, і гэта наганяла сум на дзядзьку, перашкаджаючы пляменніку на шляху да лёсу адзінага пераемніка.

Леон XII Ляайса быў супрацьлеглым свайму брату, пражыў шэсцьдзесят гадоў у стабільным шлюбе і вельмі ганарыўся тым, што ніколі не працаваў у нядзелю. Ён меў чацвёра сыноў і дачку. Усіх ён рыхтаваў да атрымання высокіх пасадаў ва ўласнай імперыі, але жыццё падкінула шэраг выпадковасцяў, звычайных для раманаў таго часу, хаця ніхто не верыў у мажлівасць падобнага ў сапраўдным жыцці. Сыны памерлі адзін за адным па меры таго, як прызначаліся на новыя ўладныя пасады, а дачка была цалкам пазбаўленая рачнога прызвання і адышла ў іншы свет, назіраючы за чужымі караблямі на Гудзоне праз акно на вышыні пяцідзесяці метраў. Гэта настолькі ўразіла людзей, што нават пайшлі чуткі, нібыта Флярэнтына Арыса, заўсёды змрочна апрануты, з чорным парасонам у руцэ — вампір дый годзе — штосьці такое нарабіў і справакаваў ланцуг выпадковасцяў.

Калі дзядзька насуперак уласнай волі адышоў ад спраў, скарыўшыся дактарам, Флярэнтына Арыса ахвотна ахвяраваў любоўю па нядзелях дзеля яго. Ездзіў у ягоны прытулак на адным з першых аўто, якія з’явіліся ў горадзе, чый стартэр меў такую аддачу, што адарваў руку першаму кіроўцу. Яны гаманілі гадзі­намі, стары ляжаў у гамаку са сваімі ініцыяламі, вышытымі шоўкам, спінай да мора, далёкі ад сусветнай мітусні, у старажытным рабаўладальніцкім маёнтку, дзе з тэрасы, што патанала ў астрах, на заходзе сонца бачыліся заснежаныя горныя вяршыні. Флярэнтына Арыса і ягоны дзядзька ніколі не гаварылі пра штосьці іншае, акрамя рачнога параходства, і так было і ў тыя доўгія вечары, калі смерць прысутнічала ў доме нябачнай госцяй. Дзядзьку Леона XII хвалявала адно: каб рачная гаспадарка не апынулася ў руках прадпрымальнікаў з унутраных правінцый, звязаных з еўрапейскімі канцэрнамі. «Гэта заўсёды было нашай справай з часоў гандлю рабамі, — сказаў ён. — Калі гэтым завалодаюць франты са сталіцы, усё дастанецца задарам немцам». Такі быў ягоны заўсёдны клопат, які падтрымліваўся і палітычнымі перакананнямі, і ён любіў паўтараць гэта пры ўсякай нагодзе альбо без яе.

— Мне хутка будзе сто гадоў, я бачыў перамены ва ўсім, нават у зрухах нябесных целаў, але яшчэ нічога не змянілася ў нашай краіне. Мы тут маем новыя канстытуцыі, новыя законы, новыя войны кожныя тры месяцы, аднак мы па-ранейшаму жывём, як у каланіяльныя часы.

Братам, прыхільнікам масонаў, якія лічылі, што ўсе беды маюць месца з-за паразы федэралізму, ён заўсёды пярэчыў: «Тысячадзённая вайна прайграная за дваццаць тры гады да яе пачатку, у вайне семдзесят шостага года». Флярэнтына Арыса, бязмежна абыякавы да палітыкі, слухаў усё больш частыя тырады, нібыта пошум марскіх хваляў. Аднак ён жорстка аспрэчваў палітыку самога прадпрыемства. Насуперак крытэрыям дзядзькі, Флярэнтына Арыса думаў, што адсталасць рачнога параходства, якое заўсёды было на мяжы катастрофы, можна было пераадолець толькі добраахвотнай адмовай ад манаполіі на эксплуатацыю параходаў, дараванай Карыбскай параходнай кампаніі Нацыянальным кангрэсам на дзевяноста дзевяць гадоў і адзін дзень. Дзядзька пратэставаў: «Гэта мая цёзка Леона з яе анархісцкімі замашкамі ўнушае табе такія думкі». Але гэта было слушна толькі часткова. Флярэнтына Арыса абгрунтоўваў стратэгію адмоўным досведам нямецкага камандора Егана Б. Эльбэрса, які звёў высакародную справу на нішто празмернымі ўласнымі амбіцыямі. Дзядзька лічыў, са свайго боку, што параза Эльбэрса была звязаная не з ягонымі манапольнымі правамі, а з нерэальнымі абавязальніцтвамі, якія ён прыняў на сябе ўвадначас, нібыта цяжар поўнай адказнасці за ўсю нацыянальную геаграфію. Ён адказваў за ўтрыманне ракі ў прыдатным для навігацыі стане, за партовыя забудовы і абсталяванне, за транспартныя сродкі. Апрача таго, як сцвярджаў дзядзька, рашучы супраціў гэтаму прэзідэнта Сімона Балівара не належаў да шэрагу дробных перашкодаў.

Большасць партнёраў успрымалі гэтыя дэбаты як сямейныя спрэчкі, у якіх абодва бакі мелі рацыю. Упартасць старога здавалася цалкам натуральнай, і не таму, што старасць пазбавіла яго заўсёднай дальнабачнасці, як лічылі легкадумцы, — адмовіцца ад манаполіі азначала выкінуць на сметнік трафеі гістарычнае бітвы, выйгранай ім і ягонымі братамі ў магутных супраціўнікаў з усяго свету. Так што дзядзька аформіў свае правы такім чынам, што ніхто не мог аспрэчваць іх да законнага завяршэння тэрміну. Аднак раптам, калі Флярэнтына Арыса ўжо склаў зброю ў тыя вечары роздуму на тэрасе маёнтка, дзядзька Леон XII пагадзіўся на адмову ад стогадовых прывілеяў з адзінай умовай: каб яны захоўваліся да ягонай смерці.

Гэта было яго апошняе рашэнне. Ён больш не гаварыў пра справы, не раздаваў парадаў, не страціў ніводнага воласа з сваёй густой шавялюры, ні кроплі яснасці розуму, але зрабіў усё мажлівае, каб пазбегнуць сустрэчы з тымі, хто мог глядзець на яго са шкадаваннем. Ён праводзіў дні ў назіранні спрадвечных снягоў з тэрасы, марудна гойдаўся ў венскім гамаку каля століка, на якім служанкі заўсёды трымалі гарачай каву і шклянку содавага раствору з двума зубнымі пратэзамі, якімі ён карыстаўся толькі для прыёму наведнікаў. Ён зрэдчас бачыўся з сябрамі і гаварыў адно што пра далёкае мінулае, задоўга да пачатку рачной навігацыі. Аднак у яго ўзнікла новая тэма: ён пажадаў, каб Флярэнтына Арыса ажаніўся. Стары выказваў гэтую думку заўсёды ў аднолькавай форме.

— Мне б скінуць з сябе пяцьдзясят гадоў, — паўтараў ён, — я б пайшоў пад вянец са сваёй цёзкай Леонай. Уявіць сабе не магу лепшай жонкі.

Флярэнтына Арыса дрыжаў ад аднае думкі, што намаган­ні ўсяго жыцця могуць быць змарнаваныя ў апошнюю хвілю праз нечаканую ўмову старога. Ён, хутчэй, адмовіўся б ад спадчыны, выкінуў бы ўсё за борт, памёр бы, чым здрадзіў Фэрміне Дасе. На шчасце, дзядзька Леон XII так і не настаяў на сваім. Калі яму стукнула дзевяноста два гады, ён прызнаў пляменніка адзіным нашчадкам і здаў свае паўнамоцтвы.

Праз шэсць месяцаў партнёры аднадушна прызначылі Фля­рэнтына Арысу прэзідэнтам рады прадпрыемства і генеральным дырэктарам. У дзень уступлення пляменніка на пасаду стары адстаўны леў узняў кубак шампанскага, перапрасіў за тое, што выступае, седзячы ў гамаку, і зымправізаваў кароткую прамову, блізкую да элегіі. Ён сказаў, што ягонае жыццё пачалося і завяршаецца поўнымі сэнсу падзеямі. Напачатку Вызваліцель узяў яго на рукі ў сялібе Турбака, калі завяршаў нешчаслівую вандроўку, якая прывяла яго да смерці. Другая падзея адзначалася тым, што, нягледзячы на ўсе супярэчлівасці лёсу, ён знайшоў годнага паслядоўніка і нашчадка. Напрыканцы прамовы, спрабуючы адвесці напругу ад ягонай асабістай драмы, ён дадаў:

— Адзінай няўдачай у маім жыцці я лічу тое, што, праспяваўшы за сваё доўгае жыццё на шмат чыіх пахаваннях, я, пэўна, не здолею праспяваць на ўласным.

На фінал цырымоніі ён заспяваў арыю Тоскі «Бывай, жыццё». Спяваў а капэла, як яму больш падабалася, і ягоны голас быў яшчэ моцны. Флярэнтына Арыса ўсхваляваўся, але наў­рад ці хто заўважыў дрыжыкі ў ягоным голасе, калі ён дзякаваў дзядзьку. У адпаведнасці з ягонымі намаганнямі і задумаю жыцця, Флярэнтына Арыса дасягнуў вяршыні ў жорсткай барацьбе з адзінай мэтай — дажыць здаровым да моманту, калі Фэрміна Даса раздзеліць з ім лёс.

Аднак успаміны не толькі пра яе суправаджалі яго ўначы на свята, якое зладзіла Леона Касіяні. Ён прыгадаў усіх: і тых, хто знайшоў спачын на могілках пад кустоўем пасаджаных ім ружаў, і тых, хто яшчэ дзяліў падушку са сваімі мужамі, чые рогі прыгожа залаціліся пры святле поўні. У адсутнасць адной-адзінай ён хацеў быць з усімі адначасна, як бывала ў моманты перапуду і хвалявання. Нават у найцяжэйшыя часы, у горшыя хвіліны ён падтрымліваў хоць слабую сувязь са шматлікімі палюбоўніцамі на працягу многіх гадоў: заўсёды сачыў за ніткаю іх жыцця.

Так што той ноччу ён згадаў Расальбу, самую першую, якая знесла ў якасці трафея ягоную нявіннасць, і памяць выклікала боль, як у першы дзень расстання. Досыць было заплюшчыць вочы, і ён бачыў яе ў муслінавым строі і капелюшы з доўгімі шаўковымі стужкамі, яна пакалыхвала клетку-зыбку з малым на борце карабля. Некалькі разоў за доўгія гады жыцця ён гатовы быў пусціцца ў пошукі, не ведаючы, дзе яе шукаць, не ведаючы яепрозвішча, не будучы ўпэўненым, што зной­дзе яе хоць недзе ў зарасцях архідэй. Штораз праз рэальную перашкоду ў апошнюю хвілю альбо праз нечаканую асечку волі ён адкладваў вандроўку, калі вось-вось мусілі прыбраць сходні карабля, і заўсёды прычыны былі так ці інакш звязаныя з Фэрмінай Дасай.

Ён згадаў Назарэцкую ўдаву, адзіную, з кім ён апаганіў матчын дом на вуліцы Вэнтанас, хоць якраз не ён, а Трансыта Арыса запрасіла яе. Ён разумеў яе лепш за каго іншага. Толькі яна, нягледзячы на яе ляноту ў ложку, выпраменьвала столькі пяшчоты, што нават магла б замяніць яму Фэрміну Дасу. Аднак яе пакліканне спрадвечнае коткі, больш неўтаймоўнае, чым сіла яе пяшчоты, асудзіла іх на нявернасць. Тым не менш, яны кахалі адно аднаго з перапынкамі на працягу трыццаці гадоў, паводле мушкецёрскага дэвіза: «Не верныя, але не вераломныя». Апрача таго, толькі пры ёй Флярэнтына Арыса дарэшты выканаў свой абавязак: калі яму перадалі, што яна памерла, што яе няма каму пахаваць, і гэтым зоймецца служба міласэрнасці, ён узяў усе выдаткі на сябе і адзін прысутнічаў на хаўтурах.

Ён прыгадаў і іншых, некалі каханых удоў: Прудэнсію Пі­трэ, найстарэйшую з тых, хто яшчэ жыў, вядомую як Удаву Двух, бо яна ўдавела двойчы, і другую Прудэнсію, удаву Арэляны, якая з любові да Флярэнтына пускалася на самыя мудрагелістыя хітрыкі: напрыклад, зрывала ўсе гузікі ягонага строю, каб ён затрымаўся, пакуль яна прышые іх нанава; і Хасэфу, удаву Суннігі, — тая настолькі шалела ад кахання, што ледзь не пазбавіла яго мужчынскай годнасці падчас сну пры дапамозе садовых нажніцаў, каб ён нікому не належаў, калі не належаў ёй.

У ягонай памяці ўзнікла Анхелес Альфара, эфемерная і любая, якая прыехала на шэсць месяцаў вучыць дзяцей граць на смычковых інструментах у Музычнай школе. Яна право­дзіла з ім ночы пад поўняй на тэрасе яго дома, у чым маці нара­дзіла, граючы найгажэйшыя сюіты на віяланчэлі. Голас зграбнага інструмента набываў мужчынскі тэмбр у абдымках яе залацістых сцёгнаў. З першай ночы пад месяцам яны жорстка паранілі сабе сэрцы любоўю, нібыта звар’яцелыя навічкі. Аднак Анхелес Альфара з’ехала, з чым і з’явілася — з пяшчотаю ў сэксуальных забавах і віяланчэллю, якая гучала грэшна, — на трансатлантычным караблі пад сцягам расстання, пакінуўшы на тэрасе пад промнямі поўні толькі развітальныя ўзмахі белае хусткі, якая замаячыла самотнай і сумнай галубкай на гарызонце, нібыта ў вершах Паэтычных гульняў. З ёю Флярэнтына Арыса засвоіў тое, ад чаго пакутаваў не аднойчы, сам таго не разумеючы: можна кахаць некалькіх жанчын адначасна з аднолькавай жарсцю, не здрадзіўшы ніводнай з іх. Самотны ў натоўпе на прыстані, ён сказаў сабе ў парыве злосці: «У сэрцы столькі ж пакояў, колькі ў бардэлі». Ён абліваўся слязьмі ад болю расстання. Але як толькі карабель знік за лініяй гарызонту, думкі пра Фэрміну Дасу зноўку запоўнілі ягонае сэрца дарэшты.

Ён згадаў Андрэ Барон, перад домам якой прайшоў на мінулым тыдні, але аранжавы колер анучы з акна ваннага пакоя і запаленае святло падказалі, што да яе нельга: хтосьці апярэ­дзіў яго. Хтосьці, мужчына альбо жанчына, бо Андрэ Варон не спынялася перад падобнымі дробязямі ў любоўных справах. З усіх жанчын ягонага спіса толькі яна зарабляла сваім целам, але больш па ахвоце і не прыбягаючы ў сваім прадпрыемстве да паслуг сутэнёра. За немалыя гады яна зрабіла галавакружную кар’еру падпольнай куртызанкі і заслужыла баявую мянушку: Святая Дзева Усіх Прагных. Яна зводзіла з глузду губернатараў і адміралаў, яна бачыла слёзы на вачах у некаторых герояў вайны і пісьменнікаў, не такіх, дарэчы, знакамітых, як яны самі думалі. Але ў яе бывалі і слынныя асобы. Скажам, прэзідэнт Рафаэль Рэес за паўгадзіны ў спешцы паміж двума выпадковымі візітамі ў горад прызначыў ёй пажыццёвую пенсію за выдатную службу ў Міністэрстве фінансаў, дзе яна не прарабіла ані дня. Яна міласэрна, да поўнае стомы раздавала ўцехі любові, і хоць людзі ведалі пра яе паводзіны, ніхто не здолеў прад’явіць бездакорных доказаў супраць яе, бо слынныя саўдзельнікі абаранялі яе, як баранілі б уласнае жыццё, яны ж разумелі, што страцілі б ад скандалу больш, чым яна. Праз яе Флярэнтына Арыса парушыў свой святы прынцып — не плаціць, і яна парушыла правіла — не любіць задарма нават уласнага мужа. Яны пагадзіліся на сімвалічнай плаце, адзін песа за раз, але яна не прымала грошай і ён не даваў іх ёй на рукі, а кідаў у скарбонку ў выглядзе смешнага парасяці, якая поўнілася, пакуль не набіралася сума, дастатковая для набыцця якой-кольвек заморскай рэчы каля Натарыяльнай брамы. Менавіта яна прыпісвала асаблівую пажадлівасць клізмам, да якіх прыбягала пры моцных запорах, і ўпэўніла яго раздзяліць слодыч працэдуры — прымаць яе адначасна шалёнымі вечарамі і тым самым знайсці яшчэ больш любові ў самой любові.

Ён лічыў, што яму пашанцавала, бо сярод безлічы ўдалых сустрэч толькі адна жанчына змусіла яго зведаць кроплю горычы, і гэта была замкнёная Сара Нар’ега, якая скончыла свае дні ў вар’яцкім доме Боскае Пастаркі, чытаючы старэчыя вершы з такімі нахабнымі непрыстойнасцямі, што прыйшлося ізаляваць яе, каб канчаткова не звесці з глузду астатніх пацыентак. Аднак калі Флярэнтына Арыса прыняў на сябе поўную адказнасць за лёс параходнай кампаніі і ўжо не было ні часу, ні жадання замяніць Фэрміну Дасу кім-кольвек, ён ведаў, што ніхто яе не заменіць. Паступова ён упадаў у звычку наведваць старых палюбоўніц, і тыя дарылі яму любоў, наколькі гэта было магчыма, наколькі хапала ім жыцця. У нядзелю Святой Сёмухі, калі памёр Хувэналь Урбіна, з ім заставалася толькі адна, чатырнаццаці гадоў ад нараджэння, якая мела ўсё, што ніводная з яе папярэдніц у поўнай меры не магла мець, каб ён звар’яцеў ад любові.

Яе звалі Амэрыка Вікунне. Яна прыбыла два гады назад з прыморскай сялібы Пуэрта Падрэ, накіраваная ўласнай ся­м’ёй да яе апекуна Флярэнтына Арысы, з якім мела прызнаныя сваяцкія сувязі. Яна атрымала ўрадавую стыпендыю на пе­дагагічную адукацыю і прыехала з невялічкім клункам адзення і маленькім, рыхтык лялечным, бляшаным куфрам. Ледзь яна спусцілася з борта карабля ў белых чаравіках і з залатой коскаю, Флярэнтына Арысу працяла прадчуванне, што яны будуць бавіць разам шмат якія нядзельныя сіесты. Яна была яшчэ дзяўчынкай ва ўсіх адносінах, з няроўнымі зубкамі і драпанымі каленкамі. Але ён адразу здагадаўся, якая гэта будзе неўзабаве жанчына. Ён выхоўваў яе для сябе доўгі год з суботамі ў цырку, з нядзелямі ў парках з марозівам, з вечарамі, падчас якіх ён дабіваўся яе даверу і пяшчоты. Ён пяшчотна вёў яе за руку да свайго патаемнага халасцяцкага пакоя з хітрасцю добранькага дзядулі. Для яе ўсё здарылася раптоўна: нібыта перад ёю адчынілася нябесная брама. Яна быццам бы разарвалася ў буйной квецені, ад якой лунала ў німбе шчасця, і гэта эфектыўна стымулявала вучобу, бо яна заўсёды імкнулася быць першай на курсе, каб не пазбавіцца права пакідаць інтэрнат напрыканцы тыдня. Для яго гэта быў найцяплейшы прытулак у бухце старасці. Пасля доўгіх гадоў разлічаных любоўных спраў прэсны смак цнатлівасці прынёс яму дзівосы абноўленай распусты.

Усё супала. Яна паводзіла сябе натуральна, як дзяўчынка, гатовая адкрываць жыццё пад апекай шаноўнага чалавека, які нічому не здзіўляўся, а ён свядома паводзіў сябе, як састарэлы жаніх, хоць усё жыццё больш за ўсё баяўся гэтага. Ён ніколі не атаясамліваў яе з Фэрмінай Дасай, нягледзячы на тое, што параўнанне міжволі напрошвалася: узрост, школьная форма, каса, паходка аленіхі і, нарэшце, ганарлівы і непрадказальны характар. Так, нягледзячы на гэта, сама думка пра падмену, якая так падагравала яго ў пошуках міласэрнай любові, знікла ўшчэнт. Яна яму падабалася, якой была, і, нарэшце, ён пакахаў яе з нейкай трапяткой змрочнасцю. З ёю ён упершыню прыняў жорсткія меры прадухілення выпадковай цяжарнасці. Пасля паўтузіна сустрэч яны ўжо толькі і марылі пра сумесныя нядзельныя вечары.

Адзін Флярэнтына Арыса меў права забіраць яе з інтэрната. Ён ездзіў па яе ў шасціцыліндравым «Гудзоне» Карыбскай параходнай кампаніі, і часам, калі не было сонца, яны каталіся на аўто з апушчаным верхам уздоўж пляжа. Ён, як звычайна, у змрочным капелюшы, — і яна, смеючыся ад шчырае радасці, і прытрымліваючы рукамі шапачку школьнае формы, каб яе не здзьмула ветрам. Хтосьці сказаў ёй, каб яна не заставалася даўжэй чым трэба з апекуном, каб не ела ежу, якую ён пакаштаваў, і трымалася на адлегласці ад яго дыхання, бо старасць заразная. Але яна не звяртала ніякай ўвагі на гэтыя парады. Яна ставілася абыякава да таго, што маглі падумаць пра іх, бо ўсе ведалі пра сваяцтва, да таго ж, крайняя розніца ва ўзросце ратавала ад усялякай падазронасці.

У нядзелю Святое Сёмухі, толькі яны скончылі займацца любоўю, калі а чацвёртай па абедзе званы зазванілі па нябожчыку. Флярэнтына Арыса ледзь стрымаў хваляванне. У яго маладосці рытуал уключаўся ў цану пахавання і адмаў­лялі ў ім хіба што самым бедным і невядомым. Аднак да завяршэння апошняй вайны ў краіне, якраз на мяжы двух стагоддзяў, рэжым кансерватараў падмацаваў каланіяльныя звы­чаі, і хаўтуры з ганараваннем сталіся настолькі дарагімі, што былі даступныя толькі багацеям. Калі памёр арцыбіскуп Дантэ дэ ля Люна, званы ўсёй правінцыі званілі безупынна дзевяць дзён і дзевяць начэй, і так давялі народ, што спадкаемца нябожчыка зусім адмяніў хаўтуры са званамі, зрабіўшы выключэнне толькі для самых знакамітых і слынных. Таму, ледзь Флярэнтына Арыса пачуў званы кафедральнага сабора а чацвёртай па абедзе ў нядзелю Святое Сёмухі, ён адчуў, нібыта яго наведаў прывід страчанай маладосці. Флярэнтына Арыса не здолеў уявіць, што гэта быў той самы звон, які ён так жадаў пачуць на працягу доўгіх гадоў з тае нядзелі, калі ўгледзеў Фэрміну Дасу на шостым месяцы цяжарнасці пры выхадзе з абедні.

— Хай яго чэрці, — сказаў ён у цемры, — гэта мусіць быць надта вялізная акула, калі б’юць у званы на кафедральным саборы.

Аголеная Амэрыка Вікунне канчаткова прачнулася.

— Пэўна, у гонар Святое Сёмухі, — адказала яна.

Флярэнтына Арыса не быў знаўцам альбо хоць бы крыху азнаёмленым са справамі касцёла, ён не наведваў імшы з тае пары, як граў на скрыпцы ў хоры з немцам, які да таго ж навучыў яго тэлеграфнай навуцы, альбо калі шукаў звесткі пра Фэр­міну Дасу. Пра лёс немца ён не ведаў нічога дакладнага. Але, безумоўна, ён ведаў, што званы не звоняць у гонар Святое Сёмухі. Гэта быў сапраўды жалобны звон. Раніцой камісія карыбскіх уцекачоў наведала ягоны дом і паведаміла, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур быў знойдзены мёртвым на золку ў сваёй фотамайстэрні. Флярэнтына Арыса не быў блізкім сябрам нябожчыка, але ведаў шмат каго з уцекачоў, якія заўсёды запрашалі яго на ўрачыстыя сходы і перадусім на хаўтуры. Аднак ён быў упэўнены, што званы званілі не па Ерэмію дэ Сэнт-Амуру, які быў ваяўнічым бязбожнікам і зацятым анар­хістам, да таго ж, ён скончыў жыццё самагубствам.

— Не, — запярэчыў ён, — так звоняць па губернатары альбо вышэй.

Амэрыка Вікунне, на целе якой чаргаваліся светлыя і цёмныя палосы з-за не да канца зачыненых жалюзі, была не ў тым узросце, калі думаюць пра смерць. Яны займаліся любоўю пасля абеду і адпачывалі ў спякоце сіесты, аголеныя, пад лопасным вентылятарам, гудзенне якога не маглі заглушыць гулкія, нібыта град, крокі аўраў па распаленым жалезным даху. Флярэнтына Арыса кахаў Амэрыку Вікунне, як і шмат выпадковых жанчын у ягоным доўгім жыцці, але яе ён кахаў адчайна, бо быў упэўнены, што памрэ ад старасці, ледзь яна скончыць школу.

Пакой, хутчэй, нагадваў карабельную каюту, сцены з вагонкі былі афарбаваныя паслойна некалькі разоў, як на ка­раблях, а спякота а чацвёртай па абедзе была больш невыноснай, чым у каюце любога рачнога карабля, нягледзячы на намаганні электрычнага вентылятара над ложкам, — жалезны дах назапашваў спякоту. Фармальна гэта не была спальня, а наземная каюта, якую Флярэнтына Арыса загадаў збудаваць за канторай параходнай кампаніі з адзінай мэтай — знайсці добры прытулак для старэчага кахання. У працоўныя дні тут, праўда, не далі б паспаць крыкі партовых грузчыкаў, грукат кранаў і караблёў каля самай прыстані. Аднак у нядзелю для дзяўчынкі гэта быў рай.

У дзень Святое Сёмухі, яшчэ за пяць хвілін да вечаровага звону, яны думалі заставацца разам да яе вяртання ў інтэрнат, але звон па нябожчыку нагадаў Флярэнтына Арысу, што ён абяцаў прысутнічаць на пахаванні Ерэміі дэ Сэнт-Амура, і ён апрануўся шпарчэй звычайнага. Але перад тым, як заўсёды, заплёў дзяўчынцы касу, якую ён сам распускаў перад любоўнымі ўцехамі, пасадзіў яе на стол і завязаў ёй матузкі форменных чаравікаў, што яна заўжды рабіла кепска. Ён дапамагаў ёй без хітрыкаў, а яна прымала гэта як належнае: абое страцілі ўсведамленне свайго ўзросту з першых сустрэч і ставіліся адно да аднаго з даверлівасцю шлюбнае пары, якая столькі адкрыла ў жыцці, што амаль не заставалася слоў.

У выхадны дзень кантора была зачыненая, і каля прычала стаяў толькі адзін карабель з патухлымі катламі. Спякота прадракала дажджы, першыя ў гэтым годзе, але празрыстае паветра і нядзельная ціша порта нагадвалі прыемны сухі сезон. На вуліцы святло было больш жорсткім, чым ў змроку каюты, больш сумна гучалі званы, хоць Флярэнтына Арыса не ведаў, па кім яны званілі. Яны з дзяўчынкай спусціліся ў салетравы двор, які калісьці служыў іспанцам у якасці рабагандлёвага порта, — тут яшчэ захаваліся рэшткі шаляў і іншае ржавыя жалеззе, звязанае з эпохай. Аўто чакала пад ценем пакгаўза, яны не пабудзілі кіроўцу, які спаў за стырном, пакуль не ўладкаваліся на заднім сядзенні. Аўто развярнулася за пакгаўзам, абведзеным металічнай сеткай, нібы пішклятня, яны мінулі стары базар каля бухты Прывідаў, дзе напаў­аголеныя дарослыя гулялі ў мяч, і выехалі з рачнога порта, уздымаючы аблокі гарачага пылу. Флярэнтына Арыса думаў, што пасмяротнае ганараванне не мела адносінаў да Ерэміі дэ Сэнт-Амура, але ўпартасць званоў змусіла яго засумнявацца. Ён паклаў руку на плячо кіроўцы і спытаў яго голасна каля самага вуха, па кім звоняць званы.

— Па тым доктары, што з вострай бародкай, — адказаў кіроўца. — Як гэта яго звалі?

Флярэнтына Арысу не давялося ламаць галаву, каб зразумець, пра каго гаворка. Аднак калі кіроўца распавёў, як той памёр, імгненная ілюзія развеялася, настолькі ўсё выглядала непраўдападобным. Нішто так не адпавядае сапраўднаму абліччу чалавека, як спосаб ягонай смерці, але гэтая смерць не мела нічога агульнага з асобай, пра якую казалі. Тым не менш, гэта быў ён, нягледзячы на поўны абсурд: доктар з найвялікшым стажам і найлепшай кваліфікацыяй у горадзе, знакаміты заслугамі, памёр з разбітым ушчэнт храбетнікам васьмідзесяці аднаго года ад нараджэння — зваліўся з мангавага дрэва, спрабуючы злавіць папугая.

Усё, што Флярэнтына Арыса рабіў з тае пары, як Фэрміна Даса пайшла пад шлюб, было звязана з надзеяй пачуць гэтую навіну. Аднак прабіла гадзіна, і ён адчуў не пераможнае ўзрушэнне, якое прадбачыў у начах бессані, а ўдар страху: фантастычную яснасць ва ўсведамленні таго, што яны маглі памяняцца месцамі і званы маглі быць вестунамі ягонай смерці. Седзячы побач у аўто, якое падскоквала на брукаванцы, Амэрыка Вікунне спужалася ягонай бледнасці і спытала, што з ім. Флярэнтына Арыса ўзяў яе ручку сцюдзёнай рукой.

— О, мая дзяўчынка, — уздыхнуў ён, — трэба б яшчэ пяцьдзясят гадоў, каб распавесці табе пра ўсё.

Ён забыўся аб пахаванні Ерэміі дэ Сэнт-Амура. Пакінуўшы дзяўчынку каля дзвярэй інтэрната з таропкім абяцаннем, што прыедзе па яе ў наступную суботу, ён загадаў кіроўцу ехаць да дома доктара Хувэналя Урбіна. Яны сутыкнуліся з мноствам аўто і наёмных экіпажаў на прылеглых вуліцах, з натоўпам разявакаў каля дома. Госці Лясыдэса Алівэллі дазналіся пра сумную вестку ў разгары свята і прыбылі разам. У доме было цяжка прасунуцца з-за натоўту людзей, але Флярэнтына Арыса прабіў сабе шлях да спальні, выцягнуў голаў над групай, якая блакавала дзверы, і пабачыў Хувэналя Урбіна на шлюбным ложку так, як хацеў бачыць з тае пары, калі пачуў пра яго ўпершыню: доктар патанаў у гнюсоце смерці. Сталяр зняў меркі для труны. Побач з нябожчыкам, яшчэ ў вопратцы, у якой ездзіла на свята, Фэрміна Даса была засяро­джанай і сумнай.

Флярэнтына Арыса ўяўляў сабе гэты момант да самай малой драбязы з дзён далёкага юнацтва, калі ён прысвяціў сябе без астачы свайму адважнаму каханню. Праз яе ён зрабіў сабе імя і багацце, не дужа разборліва ставячыся да сродкаў на шляху да мэты. Праз яе бярог здароўе і сачыў за сваім выглядам, што ніяк не лічылася адзнакаю мужнасці ў ягоным коле. І ён чакаў гэтага дня, як ніхто ніколі не чакаў на белым свеце: без якіх-кольвек знакаў нуды. Ён упэўніўся, што смерць заступілася за яго, і гэта надало яму смеласці паўтарыць Фэрміне Дасе ў першую ўдовіну ноч клятву спрадвечнай вернасці і кахання.

Ён не адмаўляў перад сваім сумленнем, што ўчыніў бяздумна, што момант быў абраны не лепшым чынам, — загаварыў ад страху, што аказія ніколі не паўторыцца. Ён хацеў, і не раз да гэтага планаваў, каб размова адбылася не ў такіх жорсткіх абставінах, але лёс не даў яму іншай магчымасці.

Ён выйшаў з жалобнага дома з болем: яна засталася ўзрушаная ад пачутага, як і ён, аднак не ў ягоных сілах было змяніць хаду падзей, бо ён адчуваў, што жахлівая ноч запісаная назаўсёды на старонках іх лёсаў. На працягу двух апошніх тыдняў ён амаль не спаў. Ён пытаўся ў сябе ў адчаі, як там Фэрміна Даса без яго, пра што думае, што збіраецца рабіць у астатнія гады са страшным цяжарам свайго няшчасця. Нервовае напружанне справакавала невядомы раней запор, жывот надзьмуўся як бубен, і давялося звярнуцца да малапрыемных сродкаў. Старэчае недамаганне, з якім ён спраўляўся лягчэй за сваіх сучаснікаў, бо яно было вядомае яму з маладосці, падступала з усіх бакоў. Ён з’явіўся ў канторы ў сераду пасля тыднёвай адсутнасці, і Леона Касіяні спужалася, пабачыўшы яго бледным і млявым. Але ён яе супакоіў: маўляў, зноў, як заўсёды, давяла яго бессань. І змоўк, каб праўда не прасачылася праз шматлікія адтуліны яго знявечанага сэрца. Дождж даў сонцу перадых для роздуму. Яшчэ адзін тыдзень мінуў, нібы ў тумане, ён не мог засяродзіцца, еў дрэнна, спаў яшчэ горш, спрабуючы ўлавіць зашыфраваныя сігналы, якія б паказалі шлях да паратунку. Але ў пятніцу без вядомай прычыны на яго раптам напаў спакой, і ён тлумачыў яго як знак таго, што нічога новага не адбудзецца, усё, што ён зрабіў у жыцці, было бессэнсоўным і не мела працягу: усяму прыходзіць канец. У панядзелак, аднак, ён прыйшоў дамоў на вуліцу Вэнтанас, угле­дзеў ліст, які плаваў у лужыне, што ўзнікла ў вітальні, і на мокрым канверце адразу пазнаў ганарлівы почырк, які не змаглі змяніць павароты жыцця, яму нават прымроіўся начны водар завялых гардэній, сэрца ўжо ўсё падказала з першага погляду. Гэта быў ліст, якога ён чакаў, не ведаючы ні імгнення спакою, на працягу паўстагоддзя.

Фэрміна Даса і ўявіць не магла, што яе ліст, прадыктаваны сляпой злосцю, будзе ўспрыняты Флярэнтына Арысам як любоўнае пасланне. Яна ўклала ў яго ўсю жорсткасць, на якую была здольная, напісала самыя прыкрыя словы і пякельныя праклёны, няхай няслушныя, але мізэрныя ў параўнанні з перанесенай абразай. Гэта было на зыходзе двух тыдняў горкіх заклінанняў, сілаю якіх яна спрабавала замірыцца са сваім новым становішчам. Яна зноў хацела стаць сабой, жадала вярнуць тое, ад чаго была вымушаная адмовіцца за паўстагоддзя рабства, якое несумнеўна рабіла яе шчаслівай, але як толькі памёр муж, не пакінула ёй і следу ўласнай індывідуальнасці. Яна была прывідам у чужым доме, які раптоўна стаў аграмадным, поўным самоты, яна бадзялася па доме без мэты, у адчаі пыталася ў сябе, хто з іх сапраўды мёртвы: ён, насамрэч памерлы, альбо яна, што засталася без яго?

Яна не магла пазбавіцца ад падсвядомага пачуцця крыўды на мужа, што кінуў яе на прыхамаць лёсу ў акіяне жыцця. Усё, што належала яму, выклікала слёзы: піжама пад падушкай, хатнія тапачкі, якія чамусьці здаваліся ёй шпітальнымі, успамін пра тое, як ён распранаўся ў глыбіні люстэрка, пакуль яна расчэсвала валасы перад сном, пах ягонай скуры, які застанецца з ёй доўгі час пасля яго смерці. Часам яна перапыняла хатнія справы лёгкім плясканнем даланёй па ілбе, бо нечакана згадвала — штосьці забыла яму сказаць. На кожным кроку ўзнікалі пытанні, на якія мог адказаць толькі ён. Аднойчы ён распавёў ёй, што хворыя пасля ампутацыі адчуваюць боль, сутаргі, казытанні ў назе альбо руцэ, якой ужо не было. Так яна цяпер адчувала сябе і прысутнасць мужа там, дзе яго не было.

Яна прачнулася ў сваю першую ўдовіну раніцу, круцілася ў ложку яшчэ з заплюшчанымі вачыма ў пошуках больш зручнай позы, каб нанава аддацца сну, і менавіта тады ён для яе памёр. Яна зразумела, што ўпершыню ён начаваў па-за домам. Другое падобнае ўражанне ўзнікла за сталом, і не ад болю, што выклікала самота, а ад дзіўнай упэўненасці, што яна снедае з чалавекам, якога ўжо няма. Яна дачакалася прыезду дачкі Афэліі з мужам і трыма дочкамі з Нью-Арлеана і зноў села за стол, але не за звычайны, — яна загадала паставіць другі, меншы, у калідоры. Да тае пары, дарэчы, яна ніколі не ела своечасова. Зазірала на кухню ў любую хвілю, як толькі адчувала, што хацела есці, лезла відэльцам у кожную каструлю і перакусвала пакрысе без талеркі, стоячы перад плітою, размаўляючы з жанчынамі, якія служылі ў доме, адзі­нымі людзьмі, з якімі яна пачувалася добра. Аднак, як Фэрміна Даса ні імкнулася, яна не магла пазбавіцца ад пераследу нябожчыка мужа: куды б ні ішла, у кожным кутку дома сутыкалася з рэчамі, якія нагадвалі пра яго. На яе погляд, боль быў натуральны і слушны, але страшыла пагроза замкнуцца ў жалобных пачуццях. Так што яна прыняла жорсткае рашэнне выдаліць з дома ўсё, што нагадвала пра нябожчыка, угледзеўшы ў гэтым адзіны спосаб працягу жыцця без яго.

Яна пачала цырымонію знішчэння. Сын пагадзіўся ўзяць бібліятэку, каб маці магла ўладкаваць у кабінеце мужа пакой для шытва, якога ніколі не мела пры ягоным жыцці. Дачка, у сваю чаргу, звезла якуюсьці мэблю і шматлікія рэчы, якія ёй здаліся прыдатнымі для аўкцыёнаў антыкварыяту ў Нью-Арлеане. Гэта прынесла палёгку Фэрміне Дасе, хоць было не вельмі прыемна даведацца, што рэчы, набытыя ёю падчас вясельнай вандроўкі, ужо ўяўлялі цікавасць для антыквараў. Насуперак маўкліваму здзіўленню служанак, суседзяў і блізкіх сябровак, якія бывалі з ёю, яна загадала раскласці вогнішча на заднімі двары за домам і там спаліла тое, што нагадвала пра мужа. Яна спаліла самую каштоўную і элегантную вопратку, якую бачылі ў горадзе з мінулага стагоддзя, самы зграбны абутак, капелюшы, больш здольныя прэтэндаваць на падабенства з ім, чым яго маляваныя партрэты, гамак для сіесты, з якога ён падняўся ў апошні раз насустрач смерці, — словам, шматлікія рэчы, настолькі звязаныя з ім, што ўжо складалі частку яго асобы. Яна зрабіла гэта без ценю сумневу, у поўнай упэўненасці, што муж ухваліў бы ўчынак, ды не толькі з гігіенічных прычын. Неаднойчы ён выказаў жаданне быць крэміраваным, а не закратаваным у цемры кедравай труны без адзінай шчыліны. Рэлігія не дазваляла, зразумела. Ён адважыўся выведаць погляды арцыбіскупа на гэты конт, але той запратэставаў катэгарычна. Дый не магло быць інакш: касцёл не дазваляў будаваць крэматорыі на могілках нават для людзей іншых канфесій, не кажучы ўжо пра каталікоў. І трэба ж было здарыцца, каб самому Хувэналю Урбіна прыйшла думка пра мэтазгоднасць іх будоўлі. Фэрміна Даса не забылася на страхі мужа і нават у мітусні першых гадзін загадала сталяру пакінуць яму суцяшэнне — шчыліну, якая б прапускала святло да яго ў труну.

Так ці інакш, ахвярапрынашэнне выявілася дарэмным. Памяць пра мужа-нябожчыка была трывала гарачай, не гарэла ў полымі вогнішча, не пераўтвалася ў попел з хадой дзён. Горш за тое, пасля спалення вопраткі Фэрміна Даса не толькі працягвала сумаваць па ўсім, што любіла ў ім, але таксама па тым, што больш за ўсё раздражняла: па шуме, які ён заўсёды рабіў, калі ўставаў раніцой. Гэтыя ўспаміны дапамаглі ёй выйсці з мангавага кустоўя яе жалобы. Перадусім яна прыняла цвёрдае рашэнне працягваць жыць, прыгадваючы мужа, нібыта ён быў жывы. Фэрміна Даса ведала, што ёй будзе цяжка прачынацца штораніцы без яго, але з кожным днём яна адчувала гэта менш і менш.

Напрыканцы трэцяга тыдня яна пачала бачыць першыя праменьчыкі святла. Але паступова, як нарастала яснасць, яна ўсвядоміла, што шлях яе жыцця перайшоў прывід, які не пакідаў ёй ні хвіліны спакою. Гэта быў не той прывід, варты жалю, які сачыў за ёю ў Евангельскім скверыку, якога яна, бывала, згадвала нават з пяшчотай на схіле гадоў, — гэта быў мярзотны прывід у сурдуце ката, які прыціскаў капялюш да грудзей, чыё нягеглае нахабства так яе раз’юшыла, што ўжо немажліва было не думаць пра яго. Здаўна, з моманту адмовы яму ў васямнаццаць гадоў, яна была ўпэўненая, што пасеяла ў ім зярняткі нянавісці, якія з часам прараслі і разрасталіся. Яна адчувала ягоную нянавісць у паветры, калі прывід узнікаў паблізу, адзін ягоны выгляд прыгнятаў яе, страшыў да такой ступені, што яна страчвала натуральнасць паводзі­наў, калі ён прысутнічаў. Той ноччу, калі ён зноўку пакляўся ў каханні амаль каля ложка нябожчыка мужа пры яе завялых кветках, якія напаўнялі дом сваім водарам, яна не здолела ўцяміць, што гэтая дзёрзкі выбрык наагул не быў першым крокам д’ябальскага намеру, звязанага з жахлівай помстай.

Упартасць успамінаў аб ім узмацняла яе гнеў. Калі на наступны дзень пасля хаўтураў яна прачнулася, думаючы пра яго, яна здолела выгнаць яго з памяці простым рухам во­лі. Але ён нанава вяртаўся, і неўзабаве Фэрміна Даса ўсвядоміла, што жаданне забыць яго стала наймацнейшым стымулам да адваротнага — да згадак пра яго. Тады яна, адоленая настальгіяй, упершыню адважылася скарыцца ўспамінам пра далёкія часы яе ірэальнага кахання. Фэрміна Даса спрабавала прыгадаць дакладней, як тады выглядалі скверык, мігдалавыя дрэвы з паламанымі галінкамі, лава, дзе ён ся­дзеў, закаханы, бо там нічога не захавалася ў былым выгля­дзе. Усё змянілася: спілавалі і вывезлі дрэвы, так што не відаць ёй больш дывана з пажоўклай мігдалавай лістоты. Замест помніка абезгалоўленаму герою паставілі манумент іншаму чалавеку ў параднай форме без імя і жыццёвых дат, якія б апраўдвалі само існаванне помніка на вялізным і пышным пастаменце. Унутры пастамента змантавалі электрашчыт, які абслугоўваў квартал. Стары дом Фэрміны Дасы, прададзены шмат гадоў таму, ператвараўся ў руіны ў руках урада правінцыі. Ёй цяжка было ўявіць, якім быў тады Флярэнтына Арыса. Тым больш, яна не здолела зразумець, што сумны юнак, які выклікаў шкадобу тым, што дзеля адзінага погляду на яе га­дзінамі мок пад дажджом, і спарахнелы стары, з’едзены моллю, які ўзнік перад ёю без усялякай павагі да яе стану, без пашаны і разумення яе болю, які абпаліў ёй душу пякельнай абразай, — што гэтыя двое былі адной і той жа асобай.

Неяк кузіна Ільдэбранда Санчас прыехала да яе пагасця­ваць. Гэта было пасля вяртання Фэрміны Дасы з маёнтка Флёрэс-дэ-Марыя. Якраз перад прыездам Ільдэбранды Фэрмі­на Да­са сустрэла Флярэнтына Арысу ў кіно з сеньярытай Касіяні. Кузіна стала мажнай, пастарэла, але была шчаслівая, яе суправаджаў старэйшы сын, вайсковы палкоўнік, як і ягоны бацька, але якога сын асуджаў за бессаромны ўдзел у расстрэле рабочых на бананавай плантацыі Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагі. Стрыечныя сёстры сустракаліся не раз і заўсёды бавілі час ва ўспамінах эпохі іх першага знаёмства. Апошнім разам Ільдэбранда аддалася настальгіі, як ніколі, і ўсё ж адчувала цяжар уласнага ўзросту. Каб зведаць большую асалоду ад успамінаў, яна прывезла копію даўняга партрэта дзвюх старасвецкіх дам, якіх здымаў фатограф-бельгіец, калі малады Хувэналь Урбіна ўразіў вольналюбівую Фэрміну Дасу. У Фэрмінавым доме фота знікла, Ільдэбрандава копія была не з удалых, аднак яны здолелі разгледзець сябе: маладыя і гожыя, якімі яны ўжо ніколі не будуць.

Ільдэбранда не магла не гаманіць пра Флярэнтына Арысу, бо заўсёды атаясамлівала ягоны лёс з асабістым. Яна згадала дзень, калі Флярэнтына Арыса даў сваю першую тэлеграму следам за Фэрмінай Дасай, — такім ён застаўся ў сэрцы Ільдэбранды: нібыта сумная птушка, якую прысудзілі да забыцця. Фэрміна, са свайго боку, бачыла Флярэнтына час ад часу, але, зразумела, не загаворвала з ім і не магла ўявіць, што гэта той самы юнак першага кахання. Да яе даходзілі весткі пра яго, бо рана ці позна яна ведала ўсё, што тычылася хоць крыху значных людзей горада. Гаварылі, што ён не ажаніўся, быў іншай арыентацыі, але яна не ўважала на гэта, часткова таму, што не прыслухоўвалася да ўсялякіх чутак, а часткова праз тое, што падобнае гаварылі пра шмат якіх мужчын, якія былі па-за падазронасцю. Аднак ёй здалося дзіўным, што Флярэнтына Арыса ўпарта працягваў насіць старамодную містычную вопратку, карыстаўся дзіўнымі ласьёнамі, заставаўся таямнічым чалавекам і пасля таго, як праклаў сабе шлях у жыцці сенсацыйным, але сумленным чынам. Яна не магла паверыць, што гэта адзін і той жа чалавек, і заўсёды здзіўлялася, чуючы ўздыхі Ільдэбранды: «Бедны, бедны, як ён напакутаваўся!» Фэрміна Даса глядзела на яго, не адчуваючы болю ўжо здаўна: для яе гэта быў выкраслены з жыцця цень.

Аднак увечары, калі яна сутыкнулася з ім у кіно, а гэта было неўзабаве пасля вяртання з Флёрэс-дэ-Марыя, штосьці дзіўнае адбылося ў яе сэрцы. Яе не здзівіла, што ён быў з жанчынай, да таго ж, негрыцянкай. Здзівіла, што ён так добра захаваўся, што паводзіў сябе даволі натуральна. Ёй не прыйшло да галавы, што гэта, напэўна, не ён, а яна сама змянілася з разбуральным уваходжаннем у асабістае жыццё сеньярыты Лінч. З тае пары і на працягу дваццаці гадоў яна гля­дзела на яго больш міласэрнымі вачыма. Уначы напярэдадні хаўтураў мужа ёй не толькі была зразумелая ягоная прысутнасць, але яна нават успрыняла гэта як натуральную прапанову міру, як акт даравання, калі забываюцца абразы і крыўды. Таму здалося такім нечаканым меладраматычнае сцверджанне ягонага кахання, якога для яе ніколі не існавала, ды яшчэ ў такім узросце, калі ні Флярэнтына Арыса, ні яна сама ўжо нічога не маглі чакаць ад жыцця.

Лютая злосць не прайшла пасля сімвалічнай крэмацыі му­жа, яна тым больш расла і разгаліноўвалася, чым менш Фэрміна Даса была здольная авалодаць сабою. Горш за тое, прастора памяці, якая вызвалілася ёю ад мужа, паступова і неадольна займалася макавым долам, дзе калісьці яна пахавала ўспаміны пра Флярэнтына Арысу. Яна думала пра яго міжволі, і чым больш думала, тым мацней злавалася, і ўжо сама злосць змушала абярнуць думкі на яго. Гэта стала настолькі невыносным, што яна ледзь не страціла розуму. Тады яна і села за пісьмовы стол нябожчыка-мужа і напісала Флярэнтына Арысу ліст на трох шалёных старонках, дзе абсыпала яго лаянкай і подлымі інсінуацыямі, якімі аблегчыла душу, хоць і ўсведамляла, што пайшла на самы нягодны ўчынак у сваім доўгім жыцці.

Флярэнтына Арыса таксама пражыў тры тыдні ў пакутах, нібыта ў агоніі. Пацвердзіўшы сваё каханне да Фэрміны Дасы, ён выйшаў з яе дома і бадзяўся ўначы без мэты па вуліцах, якія патаналі ў вечаровай навальніцы, і пытаў сябе ў жаху, што рабіць са шкураю тыгра, забітага ім пасля паўстагоддзя аблогі. Горад, які згвалціла навальніца, жыў у стане трывогі. У некаторых дамах напаўаголеныя мужчыны і жанчыны спрабавалі ўратаваць ад патопу хоць бы тое, на што будзе Божая воля, і ў Флярэнтына Арысы ўзнікла такое ўражанне, што ўсеагульная бяда нейкім чынам звязана з ягонай бядою. Але паветра стала ціхім, і карыбскія зоркі ззялі спакойна. Нечакана ў поўнай цішы Флярэнтына пазнаў голас чалавека, які ён і Леона Касіяні чулі шмат гадоў таму, ён спяваў на тым жа перакрыжаванні вуліц: «Ад моста я вярнуўся, абліты слязьмі». Песня нейкім дзіўным чынам — уначы і толькі для яго — мела адносіны да смерці.

Як ніколі, яму была патрэбная Трансыта Арыса, ён жадаў яе мудрых слоў, хацеў бачыць яе галаву, заўсёды поўную каралеўскіх досціпаў, якую ўпрыгожвалі папяровыя кветкі. З гэ­тым нічога нельга было зрабіць: кожны раз, калі ён знаходзіўся на мяжы катаклізму, яму трэба было знайсці прытулак у жанчыны. Так што ён дайшоў да педагагічнай школы ў пошуках даступнай сустрэчы і ўгледзеў святло ў доўгай чарадзе вокнаў, а менавіта — у спальні Амэрыкі Вікунне. Яму прыйшлося сабраць усю сілу волі, каб не ўпасці ў шаленства і не забраць яе а другой ночы, цёплую ад сну, у начной кашулі ды яшчэ з пахам дзіцячага ложка.

У супрацьлеглым баку горада жыла Леона Касіяні, самотная і свабодная, гатовая, зразумела, прытуліць яго і а другой ночы, і а трэцяй — у любы час і пры любых абставінах. Гэта быў не першы раз, калі ён званіў у яе дзверы, пакутуючы ў пустэльні бессані, аднак ён уцяміў, што яна надта разумная, і што яны надта любілі адно аднаго, каб плакацца ёй у камі­зэльку, не адкрываючы прычын свайго стану. Ён доўга раздумваў, бадзяўся, як самнамбул, па пустэльным горадзе, пакуль не прыйшоў да думкі, што ні з кім не адчуе сябе лепш, чымся з Прудэнсіяй Пітрэ, Удавою Двух. Яна была на дзесяць гадоў маладзейшая за яго. Пазнаёміліся яны ў мінулым стагоддзі і перасталі сустракацца толькі таму, што яна ўпарцілася, не дазваляла бачыць сябе, якой яна стала, напаўсляпой і напаўразбуранай старасцю. Як толькі Флярэнтына Арыса згадаў Прудэнсію Пітрэ, ён вярнуўся дамоў на вуліцу Вэнтанас, кінуў у торбу дзве бутэлькі партвейна і слоік марынаванай гародніны і пайшоў да яе, нават не ведаючы, ці знойдзе яе ў яе старым доме, ці адна яна, ці наагул жывая.

Прудэнсія Пітрэ не забылася на ўмоўны сігнал — два ра­зы драпнуць пазногцем па дзвярах, — якім ён абвяшчаў пра свой прыход, калі яны лічылі сябе маладымі, хоць такімі ўжо не былі, і адчыніла без слоў. Вуліца была ў цемры, яго цяжка было заўважыць у чорнай вопратцы, цыліндры і з парасонам-кажаном у руцэ. Яна магла бачыць яго толькі пры поўным асвятленні, але пазнала па водбліску металічнай асады акуляраў. Ён быў падобны да забойцы з яшчэ крывавымі рукамі.

— Патрабуецца прытулак для беднага сіраты, — сказаў ён.

Толькі гэта прыйшло яму да галавы, каб сказаць хоць што-небудзь. Ён здзівіўся, як моцна яна пастарэла з часоў іх апошняй сустрэчы, але тут жа ўцяміў, што і яна глядзіць на яго такім жа чынам. Яны суцешыліся тым, што пройдзе момант, і абое адыдуць ад першага ўдару, а затым менш будуць уважаць на хібы, нанесеныя жыццём, і зноў пабачаць адно аднаго маладымі, якімі яны пазнаёміліся сорак гадоў таму.

— Ты нібыта на пахаванне, — сказала яна.

Ён якраз і быў на хаўтурах. Яна таксама прастаяла каля акна з адзінаццатай, як амаль увесь горад, каб паназіраць за самым шматлюдным і багатым пахавальным картэжам з часоў спачыну арцыбіскупа дэ Люна. Падчас сіесты яна прачнулася ад артылерыйскіх грымотаў, што трэслі зямлю, ад дысанансу вайсковых аркестраў, ад блытаніны хаўтурных спеваў, ад званоў усіх касцёлаў, якія званілі па нябожчыку безупынна з мінулага дня. З балкону яна бачыла вершнікаў у параднай форме, рэлігійныя прыходы, школы ў поўным складзе, доўгія чорныя лімузіны з танаванымі вокнамі, за якімі хавалася ўлада. Яна бачыла жалобны экіпаж, коней з плюмажамі на загрыўках і папоны, што паблісквалі золатам, жоўтую труну на лафеце гістарычнай гарматы, якую ахінулі нацыянальным сцягам, і, нарэшце, — чараду старажытных адкрытых пралётак, якія захоўваліся толькі для сумнага цяжару жалобных вянкоў. Яны прайшлі пад балконам Прудэнсіі Пітрэ апоўдні альбо крыху пазней. Адразу ж з нябёсаў рынуўся патоп, і картэж разбегся шпарчэй за бліскавіцу.

— Як бязглузда ён памёр, — сказала яна.

— Смерць не ведае, што такое бязглуздасць, — адказаў ён, і дадаў: — Асабліва ў нашым узросце.

Яны сядзелі на тэрасе каля самага мора, назіраючы за поўняй з арэолам, які займаў паўнеба, і бачылі рознакаляровыя агні караблёў каля лініі гарызонту, адчувалі асалоду ад цёплага і духмянага брызу, як заўсёды пасля буры. Яны пілі партвейн і елі гародніну з горным хлебам, які Прудэнсія Пітрэ накроіла на кухні. Разам яны пражылі шмат такіх начэй, як гэтая, пасля таго, як яна аўдавела, не нарадзіўшы дзяцей, у трыццаць пяць гадоў. Флярэнтына Арыса сустракаўся з ёю, калі яна была гатовая прымаць любога мужчыну, які гэтага хацеў, нават калі б прыйшлося плаціць яму пагадзінны тарыф. Ім удалося наладзіць больш сур’ёзную і працяглую сувязь, чым ёй здавалася мажлівым.

Не дазваляючы сабе і намёку, Прудэнсія Пітрэ тады была гатовая пайсці з ім пад вянец трэцім разам. Яна ведала, што будзе няпроста падначаліцца ягонай сквапнасці, крыўдлівасці дачаснага старога, маніякальнай жарсці да парадку, звыч­цы браць усё, не аддаючы нічога. Але затое не было мужчыны, які б дазволіў так сябе апякаць, як ён, бо не было на свеце іншага чалавека, якому так патрэбна было каханне. Але не было й больш слізкага за яго, у тым сэнсе, што ён не дазваляў каханню з кім-кольвек пераходзіць тую мяжу, за якой адчувалася б небяспека ягонай свабодзе дзеля Фэрміны Дасы. Тым не менш, іх сувязь доўжылася шмат гадоў. Нават пасля таго, як Флярэнтына ўсё ўладкаваў, каб яна змагла пайсці ў шлюб з камерцыйным агентам, які прыязджаў да яе на тры месяцы, а потым знікаў на такі ж тэрмін. Яна нарадзіла таму агенту дзяўчынку і чацвёра сыноў, прычым адзін з іх, як яна клялася, быў ад Флярэнтына Арысы.

Яны гаманілі, не думаючы пра час, бо абое прызвычаіліся раздзяляць бессань змоладу, і таму ў старасці гэта не было для іх надта цяжка. Флярэнтына Арыса, які амаль ніколі не дазваляў сабе больш за два келіхі, нават не перавёў дух пасля трэцяга. Пот па ім струменіў, і Удава Двух сказала, каб ён зняў пінжак, камізэльку, штаны, што захоча, чорт пабяры, бо ўрэшце яны лепш ведалі адно аднаго аголенымі, чым у вопратцы. Ён адказаў, што згодны, калі яна зробіць тое самае, але яна не захацела, бо ўжо даўно, убачыўшы сябе аголенай у люстэрку шафы, зразумела, што ёй не хопіць смеласці паказацца аголенай ні перад ім, ні перад кім-кольвек іншым.

Флярэнтына Арыса, у стане экзальтацыі, не здолеў супакоіцца нават пасля чатырох келіхаў партвейну, і працягваў гамонку пра мінулае, аддаўшыся ўспамінам, якія здаўна складалі яго адзіную тэму, бо ён жадаў і шукаў у мінулым патаемны шлях да палёгкі. Менавіта гэта яму патрабавалася: выгаварыцца. Калі Флярэнтына Арыса заўважыў першыя водбліскі золку на гарызонце, ён паспрабаваў падысці да галоўнага і спытаў, нібыта зусім выпадкова: «Што б ты зрабіла, калі б табе раптам прапанавалі пайсці пад вянец сёння — удавой і ў тваіх гадах?» Яна засмяялася зморшчаным старэчым смехам і раптоўна адказала пытаннем:

— Ты маеш на ўвазе ўдаву Урбіна?

Флярэнтына Арыса забываўся, калі гэтага ніяк нельга было рабіць, што жанчыны думаюць больш пра патаемны сэнс пытанняў, чымся пра іх просты сэнс, а Прудэнсія Пітрэ — больш за каго-кольвек. Агаломшаны яе кемлівасцю, ён ажно здрыгануўся і вырашыў выйсці са становішча праз несапраўдныя дзверы: «Я кажу пра цябе». Яна зноў засмяялася: «Ідзі, жартуй з сучкай, якая цябе нарадзіла, пухам ёй зямля». Затым яна настаяла на тым, каб ён сказаў, што меў на ўвазе, бо добра ведала: ні ён, ні любы іншы мужчына не падняў бы яе а трэцяй ночы толькі дзеля таго, каб выпіць партвейну і закусіць горным хлебам з гароднінай у марынадзе. Яна дадала: «Так паводзяць сябе, калі шукаюць, каму б паплакацца». Флярэнтына Арыса вырашыў неяк збіць яе з тропу.

— У першыню ты памыляешся, — адказаў ён. — Гэтая ночка, хутчэй, схіляе мяне да спеваў.

— Тады давай заспяваем, — падтрымала яна.

Добрым, цёплым голасам яна заспявала модную песню: «Рамона, без цябе я не магу жыць». Гэта было заканчэнне ночы, ён не адважыўся гуляць у забароненыя гульні з жанчынай, якая вымоўна давяла, што ад яе не схаваеш адваротнага боку поўні. Ад яе ён выйшаў ужо ў зусім іншы горад, ад апошніх чэрвеньскіх вяргіняў паветра здавалася разрэджаным, па вуліцы яго юнацтва ўдовы ішлі скрозь туман на пяцігадзінную імшу. Але не яны, а ён перайшоў на другі бок вуліцы, каб тыя не бачылі ягоных слёз, якіх ён ужо не мог стрымаць, і гэта не былі слёзы, якія душылі яго апоўначы, як яму напачатку здалося, а зусім іншыя, якія заселі ў горле пяцьдзясят адзін год, дзевяць месяцаў і чатыры дні таму...

Флярэнтына Арыса страціў адчуванне часу і раптам прачнуўся, не разумеючы, дзе ён знаходзіцца, каля асляпляльна вялізнага акна. Голас Амэрыкі Вікунні, якая гуляла ў мяч са служанкамі ў садзе, вярнуў яго да рэальнасці: ён ляжаў на ложку маці, чыю спальню захоўваў без зменаў, дакладна, як пры яе жыцці, дзе звычайна спаў, каб адчуваць сябе менш самотным у тых рэдкіх выпадках, калі пакутаваў ад адзіноты. Насупраць ложка вісела вялікае люстэрка з карчмы дона Санча, дастаткова было зірнуць, калі ён прачынаўся, каб угледзець Фэрміну Дасу, адлюстраваную ў глыбіні. Ён здагадаўся, што была субота, бо ў гэты дзень кіроўца забіраў Амэрыку Вікунню з інтэрната і прывозіў яе дамоў. Ён усвядоміў, што спаў, не здагадваючыся пра гэта, бо яму снілася, што ён не можа заснуць, усхваляваны гнеўным тварам Фэрміны Дасы. Ён памыўся, абдумваючы свой наступны крок, няспешна надзеў найлепшую вопратку, надухмяніўся, намазаў сівыя, з вострымі кончыкамі вусы фіксатарам, выйшаў са спальні і ўгледзеў на калідоры другога паверха гожую істоту ў школьнай форме: дзяўчына лавіла мяч з грацыёзнасцю, якая хвалявала яго штосуботы, але толькі не той раніцой. Ён сказаў, каб яна ішла з ім, і, седзячы ў аўто, дадаў без асаблівай патрэбы: «Сёння мы не будзем займацца гэтымі штучкамі». Ён павёз яе ў кавярню «Амерыкана», у той час перапоўненую бацькамі, якія елі марозіва з дзецьмі пад вялікім стольным веэнтылятарам. Амэрыка Вікунне замовіла слаёнае ў вялікай крэманцы, усе слаі былі рознага колеру, яна любіла гэты гатунак, бо ад яго ішлі якіясьці чарадзейныя выпарэнні. Флярэнтына Арыса выпіў кавы, гледзячы моўчкі на дзяўчыну, пакуль яна ела марозіва доўгаю лыжкай, што даставала да дна крэманкі. Не адводзячы вачэй, раптам сказаў ёй:

— Я збіраюся ажаніцца.

Яна вылупілася на яго з бляскам недаверу ў вачах, затрымаўшы лыжку ў паветры, але тут жа ачомалася і ўсміхнулася.

— Падманваеш, — вывела яна, — старыя не ідуць да шлюбу.

Увечары ён адвёз яе ў інтэрнат да званоў пад моцнай навальніцай. Да гэтага яны схадзілі на лялечнае прадстаўленне ў парку і паабедалі ля кіёскаў над хвалярэзамі, дзе пакаштавалі смажанай рыбы. Затым глядзелі на драпежнікаў у клетках цырку, які толькі-толькі з’явіўся ў горадзе. Каля брамы набылі ўсялякія прысмакі, каб яна ўзяла іх з сабой у інтэрнат. Праехалі некалькі разоў па горадзе ў аўто з апушчаным верхам, каб яна прызвычаілася да думкі, што ён яе апякун, а не каханак. У нядзелю ён накіраваў ёй аўто — раптам яна пажадае пакатацца з сяброўкамі, але сам не захацеў яе бачыць, бо з мінулага тыдня цалкам усвядоміў розніцу ва ўзросце. Уначы ён вырашыў напісаць Фэрміне Дасе ліст і прасіць прабачэння хоць бы дзеля таго, каб не капітуляваць, але, падумаўшы, пакінуў мерапрыемства на наступны дзень. У паня­дзелак, да зыходу трэцяга тыдня пакут, ён увайшоў у дом, мок­ры ад дажджу, і за парогам знайшоў ліст.

Гэта было а восьмай вечара. Служанкі ўжо адпачывалі, пакінуўшы ў калідоры, як заўсёды, лямпу, якая дазвалялаФлярэнтына Арысу дайсці да спальні. Ён ведаў, што сціплая вячэра чакае яго на стале ў ядальні, што было вельмі дарэчы пасля выпадковай ежы апошніх дзён, але голад адступіў перад хваляваннем ад ліста. Флярэнтына Арыса ледзьве запа­ліў агульнае святло ў спальні, — так дрыжэлі ягоныя рукі. Ён паклаў мокры ліст на ложак, уключыў начнік на століку і, прыкідваючыся спакойным, што было яго асабістым спосабам не трывожыцца, зняў мокрую камізэльку і павесіў яе на спінку крэсла. Затым зняў пінжак і склаў яго акуратна паверх камізэлькі, зняў стужку з чорнага шоўку і цэлулоідны каўнерык, які здаўна выйшаў з моды ва ўсім свеце, расшпіліў кашулю да пояса, каб лягчэй дыхалася, і, на­рэшце, павесіў сушыць капялюш ля акна. Раптам ён спужаўся, бо забыў, куды паклаў ліст, ён быў настолькі знерваваны, што вельмі здзівіўся, знайшоўшы яго на ложку, але пры гэтым не памятаў, як яго туды паклаў. Перад тым як распячатаць, ён абсушыў канверт сваёй насоўкай, імкнучыся не размазаць атрамант, якім яна напісала ягонае імя. Пакуль Флярэнтына Арыса рабіў гэта, ён здагадаўся, што ўжо не існуе таямніцы двух людзей. Прынамсі, цяпер гэта была таямніца траіх. Хто б ні прынёс ліст, ён абавязкова звярнуў увагу, што ўдава Урбіна напісала чалавеку яе свету, ледзьве мінулі тры тыдні пасля смерці мужа. Напісала ў такой спешцы, што не накіравала ліст поштай, а паслала з кімсьці. Прычым, відаць, загадала засцерагацца і не аддаваць ліст у рукі, лепш пакінуць пад дзвярыма, як ананімку. Яму не давялося распячатаць канверт — клейстар распусціўся дажджом, але ліст захаваўся сухі: тры шчыльна спісаныя старонкі, без загалоўка, падпісаныя шлюбным прозвішчам.

Флярэнтына Арыса прачытаў ліст шпарка, седзячы на ложку, заінтрыгаваны, хутчэй, тонам, чым зместам, і перад тым, як пачаць чытанне зноў, ён ужо ведаў, — гэта быў той абразлівы ліст, якога ён чакаў. Ён паклаў разгорнутыя старонкі на начным століку пад святлом начніка, сцягнуў мокрыя чаравікі і шкарпэткі, падышоў да выключальніка каля дзвярэй і патушыў агульнае святло, затым насунуў замшавыя тапачкі і прылёг у штанах і кашулі — дзве вялізныя падушкі дазвалялі чытаць у вельмі зручным становішчы. Ён перачытваў ліст слова за словам, разглядваючы кожную літару, каб пранікнуць у тое, што было за радкамі, потым прачытаў ад пачатку і да канца яшчэ чатыры разы, ды так пранікнёна, што словы паслання пачалі страчваць сэнс. Нарэшце паклаў ліст у скрыню начнога століка, лёг на спіну, сашчапіў рукі пад галавой, і на працягу чатырох гадзін безупынна глядзеў, стаіўшы дыханне, на прастору вялікага люстэрка, у якім калісьці пабывала яна. Роўна апоўначы схадзіў на кухню, згатаваў каву, густую, як сырая нафта, і пераліў яе ў тэрмас. Потым вярнуўся ў спальню і кінуў зубны пратэз у шклянку з растворам борнае кіслаты, якая заўсёды была напагатове ля ложка. Зноў прылёг і ляжаў у позе мармуровай скульптуры, час ад часу адпіваючы каву, пакуль служанка не ўвайшла да яго а шостай раніцы з другім, поўным тэрмасам.

У тую гадзіну Флярэнтына Арыса ўжо ведаў, якія будуць яго наступныя крокі. Насамрэч яе абразы не прынеслі болю, ён і не думаў аспрэчваць незаслужаныя абвінавачанні, яны маглі быць больш жорсткімі, калі ўлічыць характар Фэрміны Дасы і істотнасць матыву. Ліст зацікавіў яго тым, што сам па сабе дапускаў мажлівасць, прызнаваў ягонае права на адказ. Больш за тое, ліст патрабаваў адказу. Так што жыццё ўваходзіла ў рэчышча, у якое ён і хацеў яго ўвесці. Астатняе залежала ад яго, і ён быў абсалютна ўпэўнены, што пекла на паўстагоддзя яшчэ рыхтуе яму шмат смяротных выпрабаванняў, і быў гатовы супрацьстаяць ім з большай жарсцю, болем і каханнем, чым папярэднім іспытам, бо гэтыя будуць апошнія.

Праз пяць дзён пасля атрымання ліста ад Фэрміны Дасы Флярэнтына Арыса прыйшоў у кантору і адчуў, нібыта лунае ў нязвыклай пустэчы друкарак, гук якіх, падобны да гуку дажджу, быў менш прыкметны за іхнае маўчанне. Адбылася кароткая паўза. Калі пошум усчаўся зноў, Флярэнтына Арыса зазірнуў у кабінет Леоны Касіяні, яна сядзела за персанальнай друкаркай, якая слухалася падушачак яе пальцаў, нібыта жывая. Яна адчула ягоны погляд, павярнулася да дзвярэй, усміхнулася яму гожай сонечнай усмешкай, але не дадрукавала абзац да канца.

— Скажы мне, ільвіца маёй душы, — пачаў Флярэнтына Арыса, — як бы ты паставілася да любоўнага ліста, надрукаванага на гэным ламаччы?

Яе нішто ўжо не магло здзівіць, і, тым не менш, жэст у адказ быў поўным шчырага здзіўлення.

— Карамба! — усклікнула яна. — Я б ні за што не даду­малася!

Яна не магла адказаць інакш. Флярэнтына Арыса таксама не думаў пра гэта дасюль, і вырашыў рызыкнуць да канца — павёз дамоў адну з канторскіх друкарак пад зычлівыя жарты падначаленых: «Стары папугай гаварыць не навучыцца». Леона Касіяні, энтузіяст у любой справе, прапанавала хат­нія заняткі машынапісу. Аднак ён быў супраць метадычнага вучнёўства з тае пары, як Лятары Тугут імкнуўся навучыць яго граць на скрыпцы па нотах, пагрозліва сцвярджаючы, што трэба адзін год дзеля засваення асноў, пяць, каб граць у больш-менш прафесійным аркестры, і шэсць гадзін штодня цягам усяго жыцця, каб граць добра. Тым не менш, Флярэнтына Арыса ўгаварыў маці, каб набыла яму скрыпку з тых, якімі карысталіся сляпыя, і, засвоіўшы пяць асноўных правілаў, якія выдаў яму Лятары Тугут, менш чым за год набраўся смеласці граць у кафедральным хоры і пасылаць серэнады Фэрміне Дасе з могілак для бедных, карыстаючыся спадарожным ветрам. Калі гэта было магчыма ў дваццаць гадоў з такім складаным інструментам, як скрыпка, ён не бачыў прычын, якія маглі б перашкодзіць яму паўтарыць подзвіг у семдзесят шэсць, але з інструментам, на якім ён мог граць адным пальцам, — з друкаркай.

Так яно і атрымалася. За тры дні ён вывучыў расклад літар, за шэсць навучыўся думаць і друкаваць адначасова, а яшчэ тры дні спатрэбіліся, каб скончыць першы ліст без памылак, папярэдне звёўшы паўстоса паперы. Ліст пачынаўся ўрачыстым зваротам: «Сеньёра». Ён падпісаўся адным ініцыялам, літарай «Ф», як зазвычай падпісваў духмяныя допісы ў юнацтве. Ён накіраваў ліст поштай у канверце з жалобнымі віньеткамі, як трэба, калі ліст адрасаваўся нядаўна аўдавелай жанчыне, і без імя адпраўніка на адвароце.

Ліст быў на шасці старонках і не меў нічога агульнага з тым, што ён пісаў калісьці. Ён быў пазбаўлены тону, стылю і рытарычнага подыху першых гадоў кахання, яго аргументы былі такімі рацыянальнымі і памяркоўнымі, што водар гардэніі быў бы зусім недарэчы. Пэўным чынам ліст набліжаўся да камерцыйных пасланняў, якія ў яго раней ніколі не атрымліваліся. Некалькі гадоў пазней надрукаваны ліст успрыняўся б як абраза, але тады яшчэ друкарка лічылася выключна канторскай жывёлінай, пазбаўленай этыкі, утаймаванне якой для прыватнага ліставання не было прадугледжана, а значыць, не было асуджана ў падручніках добрага тону. Мабыць, больш за ўсё ліст быў падобны да твора смелага мадэрнізму. Відаць, менавіта так быў зразуметы ліст Фэрмінай Дасай, бо ў другім лісце да Флярэнтына Арысы пасля атрымання ста сарака з лішнім ягоных пасланняў яна пачала з прабачэнняў за заганы свайго почырку; яна, маўляў, не мае больш прасунутых прыладаў для пісьма, чым простае сталёвае пёрка.

Флярэнтына Арыса нават не згадваў у сваім пасланні пра яе першы жахлівы ліст, а з самага пачатку выбраў іншы метад спакусы, без якой-кольвек згадкі пра мінулае каханне, наагул пра мінулае: ён нібыта падвёў рысу і адкрыў новы рахунак. Гэта быў перадусім доўгі роздум пра жыццё на падставе ягоных думак і вопыту ў адносінах паміж мужчынам і жанчынай, які аднойчы ён задумаў напісаць як дадатак да «Дапаможніка для закаханых». Толькі гэтым разам ён усё ахінуў аўрай патрыярхальнага стылю, уласцівага ўспамінам старога чалавека, каб не надта прыкметнае было тое, што насамрэч ліст быў сведчаннем ягонага кахання. Спярша ён накрэмзаў шмат чарнавікоў на стары манер, якія доўга, нібыта чужым чалавекам, перачытваліся і затым бязлітасна спальваліся. Ён ведаў, што любая неасцярожнасць, любая нядбайная настальгічная ўзгадка можа выклікаць раздражненне мінулым, і, хоць прадбачыў, што яна верне яму сто лістоў перад тым, як асмеліцца распячатаць першы, ён жадаў, каб гэтага не здарылася ніколі. Так што ён прадумаў ліст да апошняе драбязы, як план фінальнага бою: усё мусіць быць іншым, каб запаліць новую цікаўнасць, задумацца пра но­выя крокі жыцця, абу­дзіць новыя спадзевы ў жанчыне, якая пражыла ўжо амаль усё жыццё шчасліва і ў дабрабыце. Ён мусіць наладаваць яе шалёнай ілюзіяй, здольнай ускружыць ёй голаў адвагай, каб яна кінула на звалку прымхі таго класа, да якога першапачаткова не належала, хоць за мінулыя гады і сталася першай дамай грамадства. Ён мусіць навучыць яе думаць пра каханне як пра найвышэйшую міласць, якая не была б сродкам для дасягнення якіх-кольвек мэтаў, а сама была б крыніцай і мэтай у сваёй сутнасці.

Яму хапіла розуму не чакаць хуткага адказу і задавальняцца тым, што Фэрміна Даса не вяртае ягоных лістоў. Яна, насамрэч, не вярнула ні першы ліст, ні пазнейшыя. Дні ішлі, і ягонае хваляванне, якое сілкавалася чаканнем, узмацнялася, бо чым больш дзён мінала без вернутых лістоў, тым больш расла надзея, што адказ ён атрымае. Частата ягоных лістоў была звязаная са спрытам пальцаў: напачатку адзін ліст штотыднёва, потым два, а пазней — ліст штодня. Ён узрадаваўся прагрэсу пошты з тых часоў, калі ўздымаў сцяг, абвяшчаючы людзям, адкуль прыйшлі лісты, бо не мог рызыкаваць і паказ­вацца штодня ў паштовай канторы, каб кінуць ліст, адрасаваны адной і той жа асобе, як і не мог карыстацца кур’ерам, які б усё разнёс па ваколіцы. Затое лёгка было накіраваць клерка па маркі на цэлы месяц, і затым кідаць лісты ў любую з трох паштовых скрыняў у старой частцы горада. Неўзабаве рытуал стаўся звычайным: ён выкарыстоўваў бессань, каб напісаць ліст, а на наступны дзень, па дарозе ў кантору, прасіў кіроўцу спыніцца на хвілю каля паштовае скрыні на перакрыжаванні вуліц і сам апускаў ліст, ні разу не дазволіўшы кіроўцу зрабіць гэта за яго, як той аднойчы дажджлівай раніцой прапанаваў. Час ад часу Флярэнтына Арыса прыбягаў да канспірацыі і накіроўваў некалькі лістоў адначасна, каб усё выглядала больш натуральна. Кіроўца не ведаў, зразумела, што ў гэтых дадатковых лістах былі пустыя аркушы, якія Флярэнтына Арыса накіроўваў сабе самому. Бо ён ніколі не перапісваўся ў асабістых справах ні з кім, калі не лічыць справаздачы, якую ён пісаў як апякун напрыканцы кожнага месяца бацькам Амэрыкі Вікунні. Гэта былі асабістыя ўражанні пра здароўе, паводзіны і настроі дзяўчыны і пра яе поспехі ў навучанні.

Флярэнтына Арыса пачаў нумараваць лісты праз месяц, і кожны новы ліст меў сціплае рэзюмэ папярэдняга, як газетныя раманы з працягам, каб Фэрміна Даса не блыталася ў іх паслядоўнасці. Калі лісты сталіся штодзённымі, ён замяніў канверты з жалобнымі віньеткамі на іншыя, белыя і даўгія, што, зрэшты, надавала ім нейтральнасць камерцыйных лістоў. На самым пачатку перапіскі Флярэнтына Арыса быў гатовы набрацца цярплівасці, прынамсі, да поўнае яснасці, што ён проста губляе час арыгінальным спосабам, які сам прыдумаў. Насамрэч Флярэнтына Арыса чакаў. Чакаў без жахлівых пакутаў, што маюць за чыннік мроі маладосці, але з жалезабетоннай упартасцю старога, якому не было пра што думаць альбо штосьці рабіць у параходнай кампаніі, бо яна ў той час плыла сама са спадарожным ветрам. Флярэнтына Арыса чакаў і верыў, што будзе жывы і захавае сваю мужчынскую годнасць і заўтра. У кожным разе, пакуль Фэрміна Даса дарэшты не ўпэўніцца, што яе трызненням самотнай удавы няма іншага выйсця, як апусціць перад ім пад’ёмны мост яе замка.

Тым часам Флярэнтына Арыса працягваў жыць. Рана ці позна ён прадбачыў станоўчы адказ Фэрміны Дасы, і таму распачаў другую рэканструкцыю ўжо выкупленага дома, каб надаць яму выгляд, варты будучай гаспадыні і сеньёры. Ён нанава наведаў некалькі разоў Прудэнсію Пітрэ, як абяцаў, каб давесці, што кахае яе насуперак бязлітасным адбіткам узросту, і пад пякельным сонцам, і пры адчыненых дзвярах, а не толь­кі начамі адчаю. Ён бываў і ў доме Андрэ Барон, пакуль не прыкмеціў, што ў ваннай патушанае святло, і спрабаваў давесці сябе да грубага шаленства ў яе ложку дзеля таго, каб не страціць форму ў адпаведнасці з даўнім ягоным перакананнем, якое ніхто не абверг і дагэтуль: цела годнае, пакуль чалавек карыстаецца ім.

Адзінай складанасцю быў стан ягоных адносінаў з Амэрыкай Вікунняй. Кіроўцу ён даў сталы загад — забіраць яе з інтэрната штосуботы а дзясятай раніцы, але сам, на жаль, не ведаў, што рабіць з ёю на працягу двух выхадных дзён. Упершыню ён не займаўся ёю, і гэтая змена яе злавала. Флярэнтына Арыса даручаў служанкам, каб адвялі яе ў кіно на дзённы сеанс, на канцэрт у дзіцячым парку, на розыгрыш дабрачыннай латарэі. Ён прыдумваў нядзельныя праграмы для яе і дзяўчат яе курса, каб не трэба было везці ў патаемны рай за кантораю, куды яна марыла вярнуцца з тае самае пары, як пабывала там упершыню. Флярэнтына Арыса не здагадваўся ў тумане новай ілюзіі, што жанчыны здольныя сталець за некалькі дзён, а з таго моманту, як ён сустрэў яе, калі яна прыбыла на карабліку з Пуэрта-Падрэ, мінула тры гады. Як ён ні імкнуўся падсалоджваць пілюлю, змены для яе былі надта жорсткімі, але яна не магла ўцяміць прычыну растання. У дзень, калі ён сказаў, седзячы ў кавярні, што збіраецца ажаніцца, і гэтым адкрыў праўду, дзяўчына перажыла страшэнны ўдар, але потым сама мажлівасць ягонага шлюбу здалася ёй настолькі абсурднай, што яна ўшчэнт забылася на тое, што пачула. Аднак вельмі хутка паверыла, што ён паводзіць сябе так, нібыта тыя словы былі праўдай, без дай прычыны пазбягаючы яе, нібыта не ён старэйшы за яе на цэлых шэсцьдзесят гадоў, а наадварот.

Аднойчы ў суботу Флярэнтына Арыса сустрэў яе ў сваёй спальні, яна рабіла спробу друкаваць, і гэта атрымлівалася даволі прыстойна, бо ў школе выкладалі і ма­шынапіс. Яна надрукавала больш за паўстаронкі тэксту, у пэўных месцах якога лёгка выдзяляліся фразы, што выяўлялі яе настрой. Флярэнтына Арыса схіліўся над плячом Амэрыкі Вікунні, каб прачытаць тое, што на дадзены момант выходзіла з друкаркі. Яна ўсхвалявалася ад цеплыні ягонага цела, ад няроўнага подыху, ад духмянае вопраткі, што мела водар ягонай падушкі. Яна ўжо не была той навапрышлай дзяўчынкай, якую ён распранаў, нібыта гадавалую малую, з хітрыкамі, разлічанымі на дзяцей: напачатку гэтыя чаравікі — для мядзведзя, потым кашульку для сабачкі, затым майточкі ў кветачкі для труса, а цяперака я пацалую салодкую вульвачку. Не, і фармальна, і па сутнасці яна ўжо была жанчынай, гатовай браць ініцыятыву ў свае рукі. Працягваючы друкаваць адным пальцам правай рукі, левай яна прайшлася навобмацак угору па назе Флярэнтына Арысы, знайшла тое, што шукала, адчула, як драпежнік чакае, расце, заходзіцца ад жадання; подых Флярэнтына Арысы стаўся перарывістым, цяжкім. Яна ведала: з гэтага імгнення ён пераставаў валодаць сабой, у яго раздвойваўся розум, ён ужо залежаў ад яе і не знаходзіў шляхоў вяртання да сябе самога, пакуль не дабіраўся да фіналу. Яна павяла яго за руку ў ложак, як вядуць сляпога цераз вуліцу, і нібыта разадрала яго на кавалкі мудрагелістай пяшчотай, пасаліла яго колькі трэба, пасыпала духмяным перцам, дадала зубчык часнаку, нарэзаную цыбулю, лімонны сок, лаўровы ліст, словам, прыправіла яго на патэльні ўласнай пяшчоты. І запаліла ў печы. У доме нікога не было. Служанкі кудысьці выйшлі, цесляры і сталяры, якія рэканструявалі дом, не працавалі па суботах, — так што ўвесь свет належаў ім дваім. Але раптоўна ён выйшаў з экстазу на мяжы бездані, адвёў яе руку, прысеў і сказаў дрыготкім голасам:

— Асцярожна, у нас няма гумкі.

Амэрыка Вікунне праляжала ў ложку нерухома доўгі час, раздумваючы, што ж гэта здарылася, і калі вярнулася ў інтэрнат на гадзіну раней, чым зазвычай, яна была вельмі далёкая ад жадання плакаць, яна напяла нюх і навастрыла кіпцюры, каб знайсці след тае, што ўлезла ў яе жыццё. Тым часам Флярэнтына Арыса яшчэ раз дапусціў вядомую мужчынскую памылку, думаючы, што яна ўпэўнілася ў бессэнсоўнасці сваіх намераў і вырашыла забыць яго.

Флярэнтына Арыса стаяў на сваім. Калі прайшло шэсць месяцаў без якогасьці сігналу ад Фэрміны Дасы, ён зноў праварочаўся ў ложку да золку, блукаючы ў пустэльні ўжо падзабытай ім бессані. Ён думаў, што Фэрміна Даса распячатала ліст з-за бяскрыўднага выгляду канверта, заўважыла знаёмы ініцыял, як у лістах мінулага, і кінула яго ў полымя разам са смеццем, нават не ўзяўшы на сябе цяжар разарваць старонкі. Ёй было дастаткова зірнуць на наступныя канверты, каб рабіць тое самае, не распячатваючы іх, і так да таго часу, пакуль ён не завершыць свой пісьмовы роздум. Яму не верылася, што хоць адна жанчына здольная супраціўляцца цікаўнасці паўгода, не ведаючы нават, атрамантам якога колеру напісаныя лісты. Але калі б і знайшлася такая жанчына, гэта магла быць толькі яна.

Флярэнтына Арыса адчуваў, што ў старасці час падобны не да бурлівай плыні, якая цячэ ў гарызантальнай плоскасці, а да бяздоннай цыстэрны, праз якую памяць сцякае ў нікуды. Ягоныя выдумкі былі на зыходзе. Ён бадзяўся некалькі дзён запар паблізу яе дома ў квартале Ля-Манга і зразумеў: падобным юнацкім спосабам не адчыніць клятыя дзверы яе жалобы. Аднойчы раніцой ён шукаў чыйсьці нумар у тэлефонным даведніку і выпадкова сутыкнуўся з яе каардынатамі. Патэлефанаваў. Апарат званіў доўга, нарэшце ўзялі слухаўку, і ён пазнаў яе голас, засяроджаны і хрыплы: «Слухаю». Ён паклаў слухаўку, не вымавіўшы ні слова, але бясконцая адлегласць паміж ім і аддаленым голасам Фэрміны Дасы пазбавіла яго спакою надоўга.

Між тым Леона Касіяні запрасіла вузкае кола сяброў, каб адзначыць свае народзіны. Флярэнтына Арыса па няўважлівасці праліў на сябе соус, якім была прыпраўлена курыца. Яна замыла ягоны штрыфель, макаючы край сурвэткі ў шклянку з вадою, і затым начапіла яму сурвэтку, як слінючку, каб пазбегнуць новых непрыемнасцяў: ён сядзеў, нібыта старое немаўля. Падчас абеду Леона Касіяні некалькі разоў заўважала, што ён працірае акуляры насоўкай, бо вочы бясконца слязіліся. Калі падалі каву, ён заснуў з кубкам у руцэ, і яна спрабавала ўзяць кубак, не пабудзіўшы яго, але ён зрэагаваў збянтэжана: «Я толькі даў адпачыць вачам». Пазней, кладучыся спаць, Леона Касіяні здзіўлена думала пра тое, як шпарка праявілася старасць.

Да першых угодкаў смерці Хувэналя Урбіна сям’я разаслала пісьмовыя запрашэнні на памінальную імшу, якая мусіла адбыцца ў кафедральным саборы. Да таго часу Флярэнтына Арыса паслаў Фэрміне Дасе сто трыццаць два лісты і ні на адзін з іх не атрымаў адказу, што пацягнула яго на адважнае рашэнне: пайсці на імшу без запрашэння. Грамадзе ўчынак падаўся, хутчэй, фанабэрыстым, чым кранальным. Флярэнтына Арыса прыйшоў сярод першых, каб заняць месца там, дзе Фэрміна Даса не магла б не бачыць яго. Лавы, рэзерваваныя пажыццёва з правам спадкавання, пазначаліся меднай шыльдачкай з імем уладальніка. Ён падумаў, што ягонай задуме лепш за ўсё адпавядаюць месцы ў цэнтральным нефе, за імяннымі лавамі, але ўжо набілася столькі людзей, што ён не знайшоў свабоднага кутка. Прыйшлося ўладкавацца ў нефе, дзе зазвычай сядзелі бедныя сваякі. Адтуль ён бачыў, як увайшла Фэрміна Даса пад руку з сынам, апранутая ў чорны аксаміт да манжэтак без упрыгожанняў, з шэрагам гузікаў ад шыі да ног, як на сутане біскупа, і пад шалем з кастыльскіх карункаў замест капелюша з вэлюмам, якія насілі ўдовы і іншыя дамы, што марылі аўдавець. Адкрыты твар пабліскваў, як алебастр, стрэлападобныя вочы жылі сваім жыццём пад вялізнымі жырандолямі цэнтральнага нефа, і ішла яна так роўна, так ганарліва, так незалежна, што здавалася не старэйшай за сына. Флярэнтына Арыса стаяў, паклаўшы руку на спінку пярэдняе лавы, пакуль не перастала кружыцца галава, што здарылася таму, што ён адчуў: яны знаходзяцца не за сем крокаў адно ад аднаго, а ў розных днях.

Фэрміна Даса вытрывала цырымонію каля фамільнай ла­вы супраць галоўнага алтара з тым жа выразам велічы, з якім наведвала оперу. Аднак напрыканцы яна парушыла нормы паводзінаў, не засталася на месцы, каб выслухаць спачуванні, як гэта было прынята, а рушыла па праходзе і дзякавала кожнаму запрошанаму: абнаўленчы жэст, які быў вельмі тыповым для яе характару. Вітаючы адных і другіх, яна нарэшце абышла лавы для бедных сваякоў і напаследак азірнулася, каб упэўніцца, ці не забылася на кагосьці са знаёмых. Тады Флярэнтына Арыса адчуў, нібыта звышнатуральны вецер збі­вае яго з ног: яна ўгледзела яго. Сапраўды, Фэрміна Даса адышла ад асобаў, якія суправаджалі яе, вельмі лёгка, так нязмушана яна заўсёды паводзіла сябе ў грамадстве, тады працягнула яму руку і сказала з салодкай усмешкай:

— Дзякуй, што прыйшлі.

Рэч, зразумела, у тым, што Фэрміна Даса не толькі атрымала ягоныя лісты, але і прачытала іх са шчырай цікавасцю, і знайшла ў іх далёка не банальны роздум пра тое, як жыць далей. Яна сядзела за сталом, снедала з дачкою, калі атрымала першы ліст; разгарнула яго са зразумелай цікаўнасцю — ліст быў надрукаваны, і раптам пачырванела: яна пазнала подпіс. Але Фэрміна Даса адразу апамяталася і, паклаўшы ліст у кішэню фартуха, сказала: «Гэта спачуванне ад урада». Дачка здзівілася: «Усе спачуванні ўжо прыйшлі». Яна не змянілася з твару: «Акрамя гэтага». Яна мела намер спаліць ліст, каб пазбегнуць пытанняў дачкі, але як было ўтрымацца ад спакусы і не зазірнуць у тэкст?

Фэрміна Даса чакала годнага адказу на яе абразлівае пас­ланне, пра якое пачала шкадаваць з моманту яго адпраўкі, але паважлівы зварот Флярэнтына Арысы і сутнасць ягоных намераў, выкладзеных у першым абзацы, збянтэжылі: сапраўды, штосьці змянілася ў гэтым свеце. Фэрміна Даса была так заінтрыгаваная, што зачынілася ў спальні, каб перачытаць ліст спакойна, перад тым як спаліць, і перачытвала не раз, а тройчы, не пераводзячы дыханне.

Гэта быў роздум пра жыццё і каханне, старасць і смерць, думкі, якія часцяком праляталі, нібыта начныя птушкі, над яе галавой, але яна не здолела зачапіцца за іх, яны знікалі, пакідаючы ёй толькі жменьку пёраў. Вось яны, дакладныя, простыя, выказаныя тымі словамі, якія чамусьці не даваліся ёй, і зноўку яна шкадавала, што ўжо не абмяркуе іх з мужам, як яны, бывала, абмяркоўвалі падзеі мінулага дня перад сном. Такім чынам, перад ёю праяўляўся невядомы Флярэнтына Арыса, яснасць думак якога не адпавядала як ліхаманкавым допісам юнацтва, так і змрочным паводзінам ягонага жыцця. Гэта былі, хутчэй, словы чалавека, пра якога цётка Эскалястыка думала, што яго натхняе Святы Дух, і гэтая думка спужала яе таксама, як і ў маладосці. Аднак спакою душы спрыяла ўпэўненасць, што ліст старога мудраца не ўтрымлівае спробы паўтарыць нахабную выхадку, якую ён дазволіў сабе ў жалобную ноч, а было прадыктавана вельмі высакародным памкненнем — сцерці мінулае.

Наступныя лісты канчаткова супакоілі яе. Фэрміна Даса ўсё роўна іх спальвала пасля чытання, хоць пры гэтым адчу­вала віну, якую ніяк не магла развеяць. Так што калі яна пачала атрымліваць нумараваныя пасланні, яна стала шукаць і знайшла для сябе маральнае апраўданне, каб не знішчаць іх. Яе аргументы, прынамсі напачатку, былі звязаныя не з захаваннем лістоў, а з чаканнем аказіі, каб вярнуць іх Флярэнтына Арысу, — яна не магла ўзяць на сябе віну за страту таго, што было, як ёй здавалася, сапраўды карысным. На вялікі жаль, час ішоў, лісты працягвалі прыходзіць праз тры альбо чатыры дні на працягу года, і яна ўсё не ведала, як іх вярнуць, каб гэта не выглядала як неіснуючая ўжо знявага і каб ёй не прыйшлося тлумачыць гэта ў лісце, бо гонар не дазваляў яго напісаць.

Ёй хапіла першага года, каб прыняць удовін лёс. Памяць пра мужа, якая нібыта ачысцілася часам, перастала замінаць у будзённых учынках, патаемных думках, у самых простых намерах, і ператварылася ў сталую прысутнасць, якая накіроўвала яе, не прыгнятаючы. Часам яна знаходзіла яго — і не як прывід, а як жывога чалавека — менавіта там, дзе ў ім была патрэба. Ён быў з ёю, але без мужчынскіх капрызаў, патрыярхальнай патрабавальнасці, напамінаў пра тое, што яна абавязаная кахаць яго з рытуалам недарэчных пацалункаў і пяшчотных слоў, якімі ён кахаў яе. Цяпер яна разумела яго лепш, чым пры жыцці: ведала, як ён жадаў кахання, у якім шукаў упэўненасці, апірышча ва ўласных грамадскіх справах, чаго насамрэч так і не знайшоў. Аднойчы на мяжы адчаю яна крыкнула яму: «Ты не здагадваешся, што я нешчаслівая жанчына». Хувэналь Урбіна ўласцівым яму жэстам без хвалявання зняў акуляры, абвёў яе празрыстасцю сваіх хлапечых вачэй, і адной фразай раздушыў яе невыносным цяжарам сваёй мудрасці: «Помні заўсёды: галоўнае ў шлюбе не шчасце, а стабільнасць». З першых дзён удовінае самоты яна засвоіла: тая фраза не хавала ў сабе сур’ёзнай пагрозы, пра якую яна тады падумала, а была месяцавым каменьчыкам, які прынёс ім шмат шчаслівых гадзін.

Падчас вандровак па свеце Фэрміна Даса набывала ўсё, што прыцягвала яе ўвагу. Яе цягнула да гэтых рэчаў нейкім першасным парывам, якому Хувэналь Урбіна не пярэчыў, каб зрабіць жонцы прыемнасць. Размова ішла пра рэчы гожыя і карысныя, пакуль яны знаходзіліся ў натуральным асяродку, на вітрынах Рыма, Парыжа, Лондана, Нью-Ёрка, які ліхаманіла ад чарлстону, дзе пачыналі расці хмарачосы. Але рэчы страчвалі гожасць і карыснасць у іншых абставінах, не выносячы, напрыклад, вальсаў Штрауса з цыкадамі і паэтычнымі гульнямі пад саракаградуснай спякотай у ценю. Так ці інакш, на адваротным шляху яна везла паўтузіна вялізных вертыкальных баулаў з храмаванага металу, з абабітымі меддзю куткамі, падобнымі да фантастычных трунаў. Яна рабілася гаспадыняй найноўшых цудаў свету, якія, тым не менш, адпавядалі цане, заплачанай за іх золатам толькі ў той момант, калі нехта з сяброў ці суседзяў бачыў іх упершыню. Яна ўсвядоміла бязглуздасць вобразу, які яна стварыла ў вачах грамадства задоўга да парога старасці, і ў доме часцяком чулі яе словы: «Трэба вызваліцца ад гэтага смецця, нам ужо няма дзе жыць». Доктар Урбіна смяяўся з яе добрых намераў, ён ведаў, што пустыя месцы зноў будуць запоўненыя новым смеццем. Але яна настойвала, бо іх зжывалі з дома рэчы, якім ужо ніколі не знайшлі б выкарыстанне, нібыта кашулі, што віселі на клямках кожных дзвярэй, альбо еўрапейскія зімовыя паліто, складзеныя нават у шафках на кухні. Так што наступала раніца, і яна ў добрым настроі спусташала шафы і баулы, пераварочвала каморы, уздымала гвалт, нібыта пры вайсковых дзеях. Яна навальвала вакол сябе купы няношанай вопраткі, новенькіх капелюшоў, якія здаўна выйшлі з моды, а таксама чаравікаў, якія з’яўляліся копіямі тых, што імператрыцы абувалі ў дзень каранацыі. Гэта былі копіі, зробленыя еўрапейскімі майстрамі, але дзяўчаты са шляхетных сямей пагарджалі імі, бо чаравікі такога самага фасону набывалі негрыцянкі на базары, дзе яны прадаваліся як хатнія тапкі. Усю раніцу ўнутраная тэраса заставалася нібыта ў абложным становішчы, у доме было цяжка дыхаць з-за паху ад нафталінавых шарыкаў. Аднак спакой узнаўляўся за некалькі га­дзін, бо ўрэшце ёй рабілася шкада ўсяго гэтага шоўку, што валяўся на падлозе, парчы, стужак і махроў, хвастоў чарнабуркі, якія былі асуджаныя на вогнішча.

— Спаліць усё гэта — грэх, — гаварыла яна, — калі шмат тых, у каго няма нават чаго паесці.

Такім чынам, выкананне прысуду адкладвалася на неак­рэслены час, і рэчы толькі пераносіліся з месца на месца, па­кідалі прывілеяваныя куткі дома і траплялі ў стайню, якая пе­ратваралася ў склад нерухомых рэштак. Тым часам вызваленая прастора, як гаварыў муж, нанава напаўнялася, забівалася рэчамі, якія жылі хіба што імгненне, каб затым памерці ў шафах. Яна часцяком паўтарала: «Дзе ж тыя вынаходцы, няхай бы прыдумалі, што рабіць з рэчамі, якія ўжо не патрэбныя, калі шкада выкінуць». Яе і насамрэч палохала ненажэрнасць, з якой рэчы, як агрэсары, займалі ўсю жыццёвую прастору, адштурхоўваючы людзей, заганяючы іх у кут. Фэрміна Даса не была акуратнай, але выпрацавала ўласны адчайны метад, што дапамагаў ёй здавацца такой: яна хавала беспарадак. Калі памёр Хувэналь Урбіна, прыйшлося вызваліць палову кабінета і неяк скласці рэчы ў спальнях, інакш не было б нават мажлівасці пасядзець ля труны.

Прыход смерці ў дом вырашыў і гэтую праблему. Як толькі Фэрміна Даса спаліла вопратку мужа і выявіла, што пульс пры гэтым у яе не пачасціўся, у адным парыве яна загадала час ад часу раскладваць вогнішча і наперад. Яна кідала ў агонь усё старое і нават сёе-тое новае, не думаючы пра зайздрасць багацеяў альбо помсту нябогаў, якія паміралі з голаду. Нарэш­це яна загадала выкарчаваць мангавае дрэва, каб не засталося і следу ад няшчасця, і падаравала жывога папугая новаму гарадскому музею. Толькі пасля гэтага яна ўздыхнула з палёгкай у доме сваёй мары: прасторным, зручным, сваім.

Афэлія, яе дачка, пабыла з ёю тры месяцы і вярнулася ў Нью-Арлеан. Сын прыводзіў сваю сям’ю на нядзельныя абеды, а час ад часу і сярод тыдня. Найбліжэйшыя сяброўкі Фэрміны Дасы зноў пачалі яе наведваць, як толькі яна перажыла крызіс жалобы. Яны гулялі ў карты, спрабавалі новыя стравы, гатаваныя па рэцэптах, уводзілі яе ў курс падзей патаемнага жыцця ненажэрнага свету, які працягваў існаваць без яе. Адной з самых блізкіх была Люкрэсія дэль Рэаль дэль Абіспа, арыстакратка на стары манер, з якой Фэрміна Даса заўсёды падтрымлівала сяброўскія адносіны, але асабліва зблізілася пасля смерці Хувэналя Урбіна. Маларухомая праз жорсткі артрыт, Люкрэсія дэль Рэаль сама прайшла праз немалыя беды ў жыцці і складала Фэрміне Дасе добрую кампанію ў сумны час. Яны абмяркоўвалі розныя грамадскія праекты, якія рыхтаваліся ў горадзе, а таксама свецкія навіны, і ад гэтага Фэрміна Даса адчувала грамадзянскую карыснасць незалежна ад патранажу магутнага мужа. Тым не менш, ніколі раней Фэрміну Дасу так упарта не звязвалі з ім, бо цяпер апускалі дзявочае прозвішча, з якім звярталіся да яе пры жыцці мужа, і яна сталася проста ўдавой Урбіна.

Паступова, як набліжаліся першыя ўгодкі смерці мужа, Фэрміна Даса ўваходзіла ў заценены, поўны свежасці і цішы асяродак, нібыта ў гушчар непазбежнасці. Да пары яна не ўсведамляла да канца, наколькі дапамаглі ёй знайсці ду­шэў­ны спакой пісьмовыя развагі Флярэнтына Арысы. Менавіта яны, прыкладзеныя да яе вопыту, дазволілі ёй зразумець уласнае жыццё і з вытрымкай чакаць таго, што наканавала ёй старасць. Сустрэча падчас імшы, якую прысвяцілі памяці мужа, сталася шчаслівай аказіяй: яна дала Флярэнтына Арысу зразумець, што дзякуючы ягоным узнёслым лістам, яна таксама гатовая сцерці з памяці мінулае.

Праз два дні яна атрымала ад яго іншы ліст: напісаны ад рукі на шыкоўнай паперы і з поўным разборлівым подпісам на адвароце канверта. Усё тым жа зграбным почыркам першых юнацкіх лістоў, з лірычнай свабодай ён дзякаваў за ветлівасць яе слоў у кафедральным саборы. Фэрміна Даса думала пра гэты ліст некалькі дзён запар, усхваляваная ўспамінамі пра юнацтва, якія былі такімі добрымі, што ў наступны чац­вер яна без дай прычыны спытала ў Люкрэсіі дэль Рэаль дэль Абіспа, ці не ведае яна Флярэнтына Арысу, уладальніка рачных караблёў. Люкрэсія адказала сцвярджальна: «Відаць, гэта прапашчы чалавек». Яна паўтарыла вядомую версію пра тое, нібыта ён не ведаў у жыцці жанчын, хоць мог бы скласці добрую партыю, і завёў сабе патаемнае жытло, куды прыводзіў хлапчукоў, за якімі ўначы ганяўся па прычалах. Фэрміна Даса чула гэтую легенду з даўніх часоў, але ніколі ў яе не верыла, як і наагул не надавала значэння чуткам. Аднак тая ж легенда, паўтораная Люкрэсіяй дэль Рэаль дэль Абіспа, пра якую таксама пляткарылі, нібыта ў яе дзіўныя густы, гучала ўжо інакш, і Фэрміна Даса захацела дакапацца да ісціны. Яна распавяла, што ведала Флярэнтына Арысу з маленства. Нагадала, што ягоная маці трымала галантарэйную краму на вуліцы Вэнтанас і, апрача таго, выкупала старую бялізну, дзерла з яе корпію і прадавала як заменнік ваты для першае дапамогі параненым падчас грамадзянскіх войнаў. Тыраду яна завяршыла ўпэўнена: «Ён рос у сумленнай сям’і і ўзняў сябе сумленнай працай». Гэта было выказана з такім пафасам, што Люкрэсія ўзяла свае словы назад: «Зрэшты, і пра мяне кажуць амаль тое самае». Фэрміна Даса не праявіла цікаўнасці, не спытала сябе, чаму яна так моцна абараняла чалавека, які быў адно ценем яе жыцця. Яна працягвала думаць пра яго, асабліва калі пошта не прыносіла чарговага ліста. Прайшло два тыдні без вестак, і раптам служанка абудзіла яе падчас сіесты трывожным шэптам.

— Сеньёра, — ледзь вымавіла служанка, — прыйшоў дон Флярэнтына.

Вось ён і з’явіўся. Першая рэакцыя Фэрміны Дасы была панічнай. Яна паспела падумаць, што не, няхай прыходзіць іншым разам, у больш зручны час, яна не ў стане прымаць яго і не ведае, пра што з ім гаварыць. Аднак узяла сябе ў рукі і загадала, каб госця праводзілі ў залу і прынеслі яму кавы, пакуль яна прывядзе сябе да ладу.

Перад гэтым Флярэнтына Арыса стаяў ля дзвярэй, спальваючы сябе пад пякельным паабедзенным сонцам, у жахлівай напрузе. Ён быў гатовы да адмовы з якойсьці прычыны, і гэтая гатоўнасць хоць часткова падтрымлівала яго. Аднак адказ Фэрміны Дасы, перададзены праз служанку, скалануў яго да вантробаў, ён увайшоў у прахалодны цень залы і ледзь паспеў назваць пра сябе ўсё гэта цудам, як раптоўна ягоныя вантробы ўспушыла ад пеннага выбуху, і гэта выклікала моц­ны боль. Ён прысеў, прытаіў дыханне, пакутуючы ад клятага ўспаміну пра птушыны памёт на першым любоўным лісце, і сядзеў нерухома ў паўзмроку, адчуваючы першы прыступ дрыжыкаў, гатовы прыняць любое няшчасце, толькі не гэты злосны боль.

Флярэнтына Арыса ведаў сябе: нягледзячы на запоры ад на­раджэння, чэрава здраджвала яму публічна тройчы альбо і болей за доўгае жыццё, і кожнага разу ён мусіў ратавацца ўцёкамі. Менавіта гэты выпадак ды яшчэ некалькі іншых, не менш ганебных, вымусілі Флярэнтына зразумець глыбінны сэнс фразы, якую ён раней паўтараў не інакш, як жартам: «Не веру ў Бога, але баюся Яго». Ён стаў ліхаманкава шукаць у памяці любую малітву, каб памаліцца, але нічога не згадвалася. У маленстве нейкі хлапчук навучыў яго чарадзейным словам, каб дакладна трапіць каменем у птушку: «Цінаціна, натраплю альбо стрэльну міма». Ён спрабаваў дзейнасць гэтых слоў пры першым паходзе ў горы з новенькай рагаткай, і птушка ўпала, нібыта яе паразіла бліскавіца. Ён зачапіўся за гэтую саломінку і паўтарыў формулу, як малітву, але — ніякага эфекту. Кішкі так закруціла ў спіраль, што ён змушаны быў прыўстаць. Пена ў вантробах, усё больш густая, выдала балючы стогн, ён адчуў сцюдзёны пот па целе. Служанка прынесла каву і спужалася, пабачыўшы перад сабою твар мерцвяка. Ён уздыхнуў: «Гэта ад спякоты». Яна адчыніла акно, але сонца біла ў твар, і акно давялося тут жа зачыніць. Ён уцяміў, што не вытрывае больш ніводнае хвілі, і тут з’явілася Фэрміна Даса, амаль нябачная ў паўзмроку зацемненага пакоя, і таксама спужалася, пабачыўшы яго ў такім стане.

— Можаце зняць пінжак.

Флярэнтына Арысу не так страшыў смяротны боль, колькі тое, што яна магла пачуць здрадніцкае буркатанне. Аднак ён знайшоў у сабе сілы сказаць слабым голасам, што не, дзякуй, ён толькі прыйшоў спытаць, калі яна можа прыняць яго. Агаломшаная, яна адказала: «Але вы ўжо тут!» І прапанавала яму прайсці на тэрасу над патыё, дзе было не так спякотна. Ён адмовіўся такім слабым голасам, што ёй здалося, нібы гэта быў уздых шкадавання:

— Я вас малю... заўтра...

Яна згадала, што заўтра будзе чацвер, дзень візіту пунктуальнай Люкрэсіі дэль Рэаль дэль Абіспа, таму вырашыла са звычайнай цвёрдасцю: «Паслязаўтра а пятай». Флярэнтына Арыса падзякаваў, тут жа развітаўся, прыціснуўшы капялюш да сэрца, і пайшоў, пакінуўшы нечапаны кубак кавы. Яна здзіўлена стаяла пасярод залы, не разумеючы, што ж усё-ткі здарылася, пакуль гудзенне аўто не растала на тым канцы вуліцы.

Між тым Флярэнтына Арыса знайшоў найменш балючую позу на заднім сядзенні, заплюшчыў вочы, расслабіўся і аддаўся на волю цела. Боль адразу адпусціў. Кіроўца, які працаваў з ім шмат гадоў і ўжо нічому не здзіўляўся, сядзеў непарушна. Але калі адчыніў дзверцы каля парога ягонага дома, усё ж сказаў:

— Асцярожна, дон Флярэнтына, гэта падобна да халеры.

Аднак халерай тут, зразумела, і не пахла. Флярэнтына Арыса падзякаваў Богу ў пятніцу а пятай, калі служанка правяла яго цераз паўзмрок залы на тэрасу над патыё і там ён пабачыў Фэрміну Дасу за столікам на дзве персоны. Яна прапанавала гарбату, шакалад альбо каву. Флярэнтына Арыса папрасіў гарачую і вельмі моцную каву, і яна загадала служанцы: «Мне як заўсёды». Фэрміна Даса піла густы напой з розных усходніх траў, які ўздымаў тонус пасля сіесты. Пакуль яна скончыла сваю гарбату, а ён — свой кубак кавы, абое паспелі закрануць нязначныя тэмы, тактоўна абыходзячы галоўнае, пра што не наважваліся загаварыць. Абое былі крыху засмучаныя, не разумелі, што яны робяць так далёка ад юнацтва на шахматнай дошцы тэрасы нічыйнага дома, які дасюль хаваў пах жалобных кветак. Яны сядзелі так, што маглі б дацягнуцца адно да аднаго, і ў іх быў час на тое, каб спакойна пагаманіць упершыню за паўстагоддзя. Абое бачылі сябе такімі, якімі яны былі: старымі, якіх высочвае смерць, яны не захавалі нічога агульнага, калі не лічыць памяці пра мінулае, што належала ўжо не ім, а дваім маладым, якія маглі быць іхнымі ўнукамі. Яна падумала, што Флярэнтына Арыса нарэшце зразумее ўсю бязглуздасць ягонай мары і гэтым выкупіць сваю недаравальную дзёрзкасць.

Яна абыходзіла рыфы цяжкіх паўзаў альбо нежаданых тэм з дапамогай трывіяльных пытанняў пра рачныя параходы. Гучала дзіўна, што ён, уладальнік параходнай кампаніі, толькі аднойчы пусціўся ў вандроўку — шмат гадоў таму, калі яшчэ не меў ніякіх адносінаў да прадпрыемства. Яна не ведала, што тады паклікала яго ў дарогу; ён прадаў бы душу, каб распавесці ёй пра гэта. Яна таксама не ведала ракі. Муж падзяляў яе непрыязнасць да паветра Андаў, але ён меў свае прычыны: тут і небяспека вышыні для сэрца, і рызыка падхапіць пнеўманію, і двудушнасць людзей, і несправядлівасці цэнтралізму. Так што яны ведалі паўсвету, але не ведалі ўласнай краіны. Падчас сустрэчы Флярэнтына Арысы з Фэрмінай Дасай у яе доме гідрасамалёт «Юнкерс» лётаў з сялібы ў сялібу па басейне ракі Магдалены, нібыта алюмініевы конік, які браў на борт апрача двух членаў экіпажа шэсць пасажыраў і мяхі з поштай. Флярэнтына Арыса пракаментаваў: «Лятучая труна». Яна ўдзельнічала ў першым пералёце на паветраным шары і не перажыла ніякай трывогі, хоць цяпер наўрад ці магла паверыць, што сама асмелілася на падобныя прыгоды. Яна ўдакладніла: «Усё змянілася». Але хацела сказаць, што змянілася яна, а не спосабы вандравання.

Часам да яе далятала гудзенне самалётаў. Яна бачыла, як яны праляталі вельмі нізка і выконвалі акрабатычныя манеўры да сотых угодкаў смерці Вызваліцеля. Адзін з іх, чорны, як вялізны грыф-аура, праляцеў, чапляючы дахі квартала Ля-Манга і пакінуўшы кавалак крыла на галінах суседняга дрэва, і сам павіс на электрычных правадах. Але нават пасля гэтага Фэрміна Даса не схацела ўсвядоміць, што самалёты насамрэч існуюць. Яна нават не ездзіла разам з іншымі цікаўнымі знаёмымі ў бухту Мансанілля, дзе гідрасамалёты сядалі на ваду пасля таго, як караблі аховы разганялі рыбацкія і шпацырныя лодкі, бо іх кожным разам збіралася ўсё больш. Нягледзячы на сталы ўзрост, менавіта яе абралі для прыёму Чарлза Ліндбэрга з букетам ружаў, калі ён выконваў палёт добрай волі. Але яна так і не зразумела, як мог такі вялізны, светлавалосы і гожы мужчына ўзняцца ў паветра на апараце, зробленым нібыта з мятай бляшанкі, яго нават два механікі штурхалі з хваста, дапамагаючы яму ўзлятаць. Думка пра тое, што ў такім маленькім самалёце можна ўзняць у паветра восем чалавек, не змяшчалася ў галаве. Тым часам яна чула, што рачныя караблі выдатныя, бо на іх не адчуваецца гойданка, як на марскіх караблях, хоць чалавек мусіць перажыць іншую небяспеку: рачнікі траплялі на мелі, на пасажыраў нападалі бандыты.

Флярэнтына Арыса патлумачыў ёй, што гэта міфы даўніх часоў: на сучасных караблях ёсць залы для танцаў, прасторныя і раскошныя, каюты, нібыта нумары ў гатэлі, з асобнай ваннай і электрычным вентылятарам, а з часоў грамадзянскай вайны не было ўзброеных нападаў. Ён таксама сказаў не без задавальнення ад уласнае перамогі, што прагрэс вызначаны больш за ўсё свабодаю навігацыі, за якую ён выступаў, бо гэта стымулявала канкурэнцыю: замест адзінай кампаніі, як раней, іх было тры, вельмі актыўныя і грунтоўныя. Аднак хуткі прагрэс авіяцыі стаў рэальнай небяспекай для ўсіх. Яна спрабавала суцешыць яго, маўляў, караблі будуць існаваць заўсёды, бо не так шмат знойдзецца вар’ятаў, гатовых лезці ў апарат, які здаваўся ёй вяршыняй ненатуральнасці. Нарэш­це, Флярэнтына Арыса загаманіў пра прагрэс як у галіне транспарту, так і ў дастаўцы пошты, спрабуючы падвесці яе да размовы пра ягоныя лісты. Але — безвынікова.

Пазней, аднак, аказія прадставілася сама. Яны адышлі далёка ад тэмы, калі служанка перарвала гамонку, каб уручыць Фэрміне Дасе ліст, толькі што дастаўлены спецыяльнай гарадской поштай, якая выкарыстоўвала такую самую сістэму, як пры дастаўцы тэлеграм. Яна не магла знайсці акуляры для чытання, як здаралася з ёю амаль заўсёды. Флярэнтына Арыса сядзеў спакойна.

— Няма патрэбы, — сказаў ён, — ліст ад мяне.

Ён напісаў ліст напярэдадні ў стане жахлівай дэпрэсіі, бо не мог пераадолець сораму за свой першы, так бы мовіць, візіт. У лісце ён перапрашаў за дзёрзкую спробу наведаць яе, не атрымаўшы папярэдняе згоды, і адмаўляўся ад далейшых намераў на гэты конт. Ён кінуў ліст у скрыню, не раздумваючы, а калі спахапіўся, ужо было позна. Аднак ён лічыў непатрэбнымі гэтыя тлумачэнні і папрасіў Фэрміну Дасу аб ласцы — не чытаць ліст.

— Добра, — адказала яна. — Зрэшты, лісты належаць таму, хто іх напісаў, ці не так?

Ён зрабіў цвёрды крок насустрач.

— Сапраўды, — пацвердзіў ён. — Таму іх вяртаюць перадусім пры скасаванні адносінаў.

Яна прапусціла міма вушэй ягоныя словы і аддала яму ліст, але дадала: «Шкада, што не прачытаю, астатнія лісты вельмі дапамаглі мне». Ён набраў у грудзі паветра, здзіўлены спантанным прызнаннем, якое пераўзыходзіла ягоныя чаканні, і ўздыхнуў: «Вы не ўяўляеце, якое шчасце для мяне дазнацца пра гэта». Але яна змяніла тэму, і яму не ўдалося разгаварыць яе да канца вечара. Ён развітаўся пасля шостай, калі пачалі запальваць святло ў дамах. Ён адчуваў сябе больш упэўнена, але без лішніх ілюзій, бо не забываў, які зменлівы быў характар і нечаканыя рэакцыі Фэрміны Дасы ў дваццаць гадоў, і не было прычын думаць, што яна перамянілася. Таму толькі асмеліўся спытаць са шчырай пакорай, ці можна зазірнуць да яе іншым разам, і адказ зноў здзівіў яго.

— Прыходзьце калі заўгодна, — сказала яна. — Я амаль заўсёды адна.

Праз чатыры дні, у аўторак, ён прыйшоў без папярэдняга паведамлення, і яна, не дачакаўшыся кубка гарбаты, паспешліва распавяла, як дапамаглі ёй ягоныя лісты. Ён удакладніў, што гэта не былі лісты ў прамым сэнсе слова, а асобныя старонкі кнігі, якую ён хацеў бынапісаць. Так, яна так і зразумела, і збіралася вярнуць пасланні, калі толькі гэта не будзе ўспрынята за абразу, каб ён распарадзіўся імі па прызначэнні. Яна працягнула гамонку, сказаўшы, як лісты падтрымалі яе падчас цяжкіх выпрабаванняў, і прамовіла гэта з такім энтузіязмам, удзячнасцю і нават яўнай сімпатыяй да яго, што Флярэнтына Арыса адважыўся ўжо не на цвёрды крок, а на смяротны піруэт.

— Раней мы былі на «ты», — сказаў ён.

«Раней» было забароненым словам. Яна адчула набліжэнне хімерычнага анёла мінуўшчыны, і паспрабавала пазбавіцца ад наслання. Аднак ён удакладніў думку: «Я хацеў сказаць, у нашых колішніх лістах». Яна засмуцілася, ёй давялося праявіць волю, каб ён не прыкмеціў. Але ён і без таго ўцяміў: трэба прасоўвацца больш асцярожна, хоць інцыдэнт паказаў — яна была неўтаймаваная, як у маладосці, але з гадамі навучылася змякчаць уражанне пяшчотай.

— Я хацеў сказаць, — паправіўся ён зноўку, — што гэтыя лісты — зусім іншая рэч.

— Усё змянілася ў свеце, — адказала яна.

— Я не, — дадаў ён. — А вы?

Яна спыніла ўзняты кубак гарбаты на паўдарозе і паглядзела на яго дакорліва, вачыма, якія ўжо перажылі жорсткасць.

— Якая розніца, — сказала яна ціха. — Мне семдзесят два гады.

Флярэнтына Арыса прыняў удар, які прыйшоўся ў самае сэрца. Ён хацеў знайсці рэпліку з хуткасцю і трапнасцю стралы, але адчуў сябе пераможаным цяжарам узросту: ніколі ён не адчуваў сябе такім стомленым пасля кароткай гаворкі, балела сэрца, і кожная хваля крыві аддавалася металічным рэзанансам у сасудах. Ён адчуў сябе старым, сумным і бессэнсоўным чалавекам, раптам так захацелася плакаць, што ён не здолеў вымавіць ні слова. Яны дапілі другі кубак у цішы, поўнай прадчуванняў. Першай загаварыла Фэрміна Даса: папрасіла служанку, каб тая прынесла тэчку з лістамі. Ён ледзь не сказаў, што яна можа пакінуць іх сабе, бо ён пісаў кожны ліст пад капірку, але ўсё ж падумаў, што гэтая перасцярога падасца ёй невысакароднай. Гаманіць больш не было пра што.

Перад тым, як развітацца, ён папрасіў пра сустрэчу ў наступны аўторак і ўдакладніў, ці падыходзіць гэты самы час.

— Я не бачу сэнсу ў гэтых візітах, — сказала яна.

— І я не надаю ім асаблівай значнасці, — супакоіў ён.

Тым не менш, ён прыйшоў да яе ў аўторак а пятай вечара, а потым і ва ўсе наступныя аўторкі, а на зыходзе другога месяца гэтыя візіты сталіся іхнаю завядзёнкай. Флярэнтына Арыса прыносіў ангельскае печыва да гарбаты, глазураваныя каштаны, грэцкія масліны, маленькія прысмакі, здабытыя ім на трансатлантычных караблях. Аднойчы ён прынёс копію партрэта Фэрміны Дасы і Ільдэбранды Санчас, які зрабіў бельгійскі фатограф больш за паўстагоддзя таму, ён набыў яго за пятнаццаць сентава на распродажы паштовак каля Натарыяльнай брамы. Фэрміна Даса не здолела зразумець, як копія трапіла туды, і ён не мог гэта зразумець іначай, як цуд кахання. Аднойчы раніцой, зразаючы ружы ў садзе, Флярэнтына Арыса не ўтрымаўся ад спакусы і вырашыў наступным разам падараваць ёй ружу. З улікам мовы кветак, гэта была складаная справа ў дачыненні да нядаўна аўдавелай жанчыны. Чырвоная ружа, сімвал палымянае жарсці, пры гэтых абставінах магла быць прынятая як абраза яе жалобы. Ружы жоўтыя, якія разумеліся на мудрагелістай мове як кветкі ўдачы, папросту азначалі рэўнасць. Калісьці яму казалі пра чорныя ружы з Турцыі, гэта, мажліва, было б лепшым рашэннем, але ён не змог дастаць іх для акліматызацыі ў сваім садку. Пасля доўгага роздуму ён рызыкнуў паднесці ёй белую ружу, якая пасавала нявіннасцю і нематой: ні пра што не гаварыла. У апошнюю хвілю, каб Фэрміна Даса не надала кветцы ў сваёй хітрадумнасці пэўнага сэнсу, ён адрэзаў усе шыпы.

Белая ружа была ўспрынятая належным чынам, як падарунак без патаемнага сэнсу, і тым самым ён узбагаціў рытуал кожнага аўторка. Гэта настолькі ўвайшло ў звычай, што калі ён прыходзіў з белай ружай, кожнага разу ўжо была падрыхтаваная ваза з вадою ў цэнтры століка, за якім пілі гарбату. Пры чарговым візіце, ставячы ружу, ён нібыта выпадкова сказаў:

— У наш час прыносілі не ружы, а камеліі.

— Вы маеце рацыю, — пацвердзіла яна, — але за гэтым стаяла іншае, вы добра ведаеце.

Так было заўсёды: ён спрабаваў рабіць крок насустрач, а яна выслізгвала. Але на гэты раз, нягледзячы на дакладны адказ, Флярэнтына Арыса здагадаўся, што трапіў у дзясятку, бо ёй прыйшлося адвярнуцца, каб ён не заўважыў чырвані, якая заліла яе шчокі. Гарачая юнацкая чырвань, якая нахлынула нахабна і выключна з уласнае волі, выклікаўшы ў яе незадаволенасць сабой. Флярэнтына Арыса засцерагаўся пераходзіць да больш далікатных тэм, але ягоная ветлівасць бы­ла такой відавочнай, перайгранай, і гэта абурыла яе. Той аўторак выдаўся няўдалым. Яна ледзь не папрасіла яго спы­ніць візіты назаўсёды, але думка пра спрэчкі, якія бываюць паміж жаніхом і нявестай, былі ў іх узросце і становішчы такім абсурднымі, што яна толькі нервова засмяялася і доўга не магла спыніцца. У наступны аўторак, калі Флярэнтына Арыса ставіў кветку ў вазу, яна пільна перагледзела свае пачуцці і радасна ўпэўнілася: з мінулага тыдня не засталося ні следу горычы!

Неўзабаве візіты набылі даволі двухсэнсоўны характар ся­мейных сустрэч, бо час ад часу сын Фэрміны, доктар Урбіна Даса, і ягоная жонка з’яўляліся нібыта выпадкова і заставаліся гуляць у карты. Флярэнтына Арыса гуляць не ўмеў, але Фэрміна Даса навучыла яго за адзін візіт, і яны накіравалі Урбіна Дасу пісьмовы выклік на наступны аўторак. Турніры былі прыемныя ўсім і ўвайшлі ў звычай гэтак сама хутка, як і ягоныя візіты. Яны вызначылі нормы ўнёскаў кожнага ўдзельніка. Доктар Урбіна Даса і ягоная жонка, якая выдатна выпякала, прыносілі арыгінальныя, штораз новыя торты. Флярэнтына Арыса працягваў частаваць далікатэсамі, якія знаходзіў на борце еўрапейскіх караблёў, а Фэрміна Даса заўсёды прыдумвала новы сюрпрыз. Турніры праводзіліся ў трэці аўторак штомесяц, яны не рабілі грашовых ставак, але ад таго, хто прайграваў, патрабаваўся спецыяльны ўнёсак на наступную партыю.

Доктар Урбіна Даса цалкам адпавядаў свайму грамадскаму вобразу: быў не надта разумным, нягеглым, пакутаваў ад раптоўных узрушэнняў, ці то падзея радасная, ці то якая-­кольвек непрыемнасць, без дай прычыны чырванеў, што змушала задумацца пра яго душэўнае здароўе. Аднак ён быў добрым чалавекам, ягоная дабрыня відавочна прыкмячалася з першага погляду, хоць Флярэнтына Арыса якраз не хацеў бы, каб пра яго самога гаварылі як пра добрага чалавека. Доктарава жонка, наадварот, адрознівалася хітрым норавам і вельмі дарэчнай іскаркай плебейства, што надавала яе элегантнасці вельмі чалавечнае адценне. Нельга было пажадаць лепшае пары для гульні ў карты, і неспатольная прага да кахання Флярэнтына Арысы спатольвалася ілюзіяй прыналежнасці да сям’і.

Аднойчы ўначы, калі яны выходзілі з дома Фэрміны Дасы, доктар запрасіў яго на абед: «Заўтра а палове на першую ў Грамадскім клубе». У Флярэнтына было адчуванне, нібыта яму падалі вытанчаную страву, якую прапаноўвалася запіць атручаным віном: у клубе дзейнічалі забароны на ўваход з розных прычын, адно з важкіх правілаў, у прыватнасці, абвяшчала, што ўваход забаронены незаконнанароджаным. Дзядзька Леон XII у гэтым сэнсе меў некаторы раздражняльны вопыт, дый сам Флярэнтына Арыса перажыў аднойчы абразу: яму ўказалі на дзверы, калі ён ужо сядзеў за сталом, запрошаны адным з заснавальнікаў клуба. Флярэнтына Арыса рабіў таму чалавеку неацэнныя паслугі, звязаныя з рачным гандлем, і чалавек не знайшоў лепшага выйсця, як адвесці яго на абед у іншае месца.

— Мы, хто стварае рэгламэнт, больш за іншых абавязаныя выконваць ягоныя патрабаванні, — сказаў ён.

Аднак з доктарам Урбіна Дасам Флярэнтына Арыса рызыкнуў прыйсці і быў прыняты з падкрэсленай ветлівасцю, хоць яму і не прапанавалі распісацца ў залатой кнізе ганаровых гасцей. Абед быў нядоўгім, прысутнічалі яны ўдвух, і ўсё прайшло ў мінорным тоне. Страх, які непакоіў Флярэнтына Арысу з папярэдняга вечара ў сувязі з гэтай сустрэчай, развеяўся ад выпітага на аперытыў келіха белага віна. Доктар Урбіна Даса хацеў пагаманіць з ім пра маці. Флярэнтына Арыса здагадаўся, што яна распавяла сыну пра яго. Да таго ж нахлусіла ў ягоную карысць. Сказала, што сябравала з ім з маленства, што яны гулялі разам з тае пары, як яна прыехала з Сан-Хуандэ-ля-Сіенагі, што менавіта ён прышчапіў ёй густ да чытання. За гэта яна захоўвала да яго даўнюю ўдзячнасць. І яшчэ сказала сыну, што часцяком, выходзячы са школы, бавіла час з Трансытай Арысай, якая тварыла вышываныя цуды ў галантарэйнай краме, бо была выдатнай майстрыхай, і што не бачыла Флярэнтына Арысу так часта, як хацела б, не па ўласнай волі, а толькі таму, што іх раздзяліла само жыццё.

Перад тым, як дайсці да галоўнага, дзеля чаго ладзілася сустрэча, доктар Урбіна Даса падзяліўся роздумам пра старасць. Ён лічыў, што прагрэс у свеце прасоўваўся б шпарчэй, калі б не старыя: «Чалавецтва, як пяхота, рушыць з хуткасцю самых павольных». Ён прадбачыў, што свет будзе больш чалавечым і цывілізаваным, калі пагадзіцца на будоўлю селішчаў для сталых людзей у гарадах-спадарожніках, дзе яны маглі б жыць па-свойму, пазбягаючы сораму, пакутаў і жахлівай самоты на старасці гадоў. Але пакуль грамадства не дайшло да падобнай ступені міласэрнасці, адзінае рашэнне — гэта інтэрнаты, дзе старыя суцяшалі б адно аднаго, жывучы са сваімі густамі і агідамі, крыўдамі і сумам, вольныя ад натуральнае розніцы з наступнымі пакаленнямі. Ён сказаў: «Старыя сярод старых былі б менш старымі». Так доктар Урбіна Даса хацеў падзякаваць Флярэнтына Арысу за тое, што ён складаў добрую кампанію маці, пазбаўляючы яе ад удовінай самоты, і маліў яго, каб ён працягваў наведваць яе на карысць і дзеля зручнасці сям’і і не звяртаў увагі на яе старэчы настрой і нязносны характар. Флярэнтына Арыса ўздыхнуў з палёгкай. «Будзьце спакойны, — адказаў ён. — Я на чатыры гады старэйшы за яе, і гэтая розніца ўзнікла не цяпер, а існавала нават у тую пару, калі вас яшчэ не было на свеце». Затым ён паддаўся спакусе і адвёў душу іранічным выбрыкам.

— У тым грамадстве, пра якое вы казалі, — падкрэсліў ён, — вам давялося б рабіць шпацыры на могілкі штодня з кветкамі ёй і мне.

Дагэтуль доктар Урбіна Даса не ўсведамляў бязглуздасці ўласных сацыяльных праектаў. Цяпер жа ён, апраўдваючыся, трапіў у цясніну малазразумелых тлумачэнняў, у якіх заблытаўся ўшчэнт. Аднак Флярэнтына Арыса дапамог яму выбрацца з няёмкага становішча. Ён выпраменьваў радасць, бо ведаў, што рана ці позна мусіць сустрэцца з доктарам, каб выканаць непазбежнае патрабаванне этыкету: фармальна прасіць рукі ягонай матулі. Абед абнадзейваў тым, што паказаў, як лёгка будзе прынятая незвычайная просьба. Калі б ён загадзя заручыўся згодаю Фэрміны Дасы, не было б больш зручнага выпадку. Між іншым, пасля такой размовы за гістарычным абедам фармальная просьба магла быць нават залішняй.

Флярэнтына Арыса заўсёды ўздымаўся і спускаўся па лесвіцы з асаблівай засцярогай нават маладым, бо лічыў, што старасць пачынаецца з першага, няхай нават бяскрыўднага падзення, а смерць прыходзіць з другім. Самай небяспечнай здавалася яму лесвіца ягонай канторы, стромая і вузкая, і задоўга да таго, як ён заспеў сябе на тым, што мусіць рабіць дадатковыя высілкі, каб не шоргаць нагамі, ён уздымаўся, гледзячы, куды ступаць, і трымаўся за парэнчы з двух бакоў. Часам яму прапаноўвалі перарабіць лесвіцу, зрабіць яе менш небяспечнай, але рашэнне кожнага разу адкладалася на наступны месяц, бо згода на рамонт для яго была роўнай прызнанню ўласнай старасці.

Ішлі гады, ён пераадольваў лесвіцу ўсё марудней, але не та­му, што рабіў гэта з большай цяжкасцю, а таму, як ён сам тлумачыў, што з часам рабіўся больш асцярожным. Аднак увечары, калі вяртаўся з слыннага абеду, падчас якога выпіў келіх белага віна для апетыту і палову чырвонага за ежай, а галоўнае — пасля пераможнай размовы з сынам Фэрміны Дасы, ён паспрабаваў дасягнуць адразу трэцяй прыступкі нібыта танцуючы, з такім юнацкім запалам, што вывіхнуў левую шчыкалатку, упаў на спіну і цудам не разбіўся насмерць. Калі падаў, паспеў падумаць, што ён не памрэ, логіка жыцця не дазволіць, каб два чалавекі, якія так доўга і моц­на кахалі адну жанчыну, загінулі падобным чынам з розніцай адзін год. І ён меў рацыю. Яго нагу закратавалі ў гіпсавы панцыр ад пяткі амаль да калена і абавязалі яго ляжаць без руху. Але ў ім было больш жыцця, чым да падзення. Калі доктар прадпісаў яму шэсцьдзесят дзён поўнага спакою, ён не мог пагадзіцца.

— Так нельга, доктар, — выгукнуў ён, — для мяне два месяцы — гэта як для вас дзесяць гадоў.

Некалькі разоў Флярэнтына Арыса спрабаваў устаць, падымаючы нагу — нагу статуі — дзвюма рукамі, і заўсёды адступаў перад рэальнасцю. Але калі ўрэшце пачаў хадзіць, адчуваючы боль у шчыкалатцы і ў пабітай спіне, ахвотна паверыў, што выпадак быў знакам лёсу, узнагародай за шматгадовую ўпартасць.

Горшым днём стаўся першы панядзелак. Боль адступіў, доктараў прагноз абнадзейваў, але ён не мог прыняць фатальную відавочнасць: упершыню за чатыры месяцы ў прызначаны аўторак ён не пабачыць Фэрміну Дасу. Аднак пасля мірнай сіесты скарыўся перад рэчаіснасцю і напісаў ёй ліст з прабачэннямі. Напісаў яго ад рукі, на духмянай паперы і атрамантам, які свяціўся ў цемры, у допісе ён без згрызотаў сумлення драматычна перабольшыў нешчаслівасць выпадку, жадаючы выклікаць яе шкадобу. Яна адказала праз два дні, усхвалявана, ветліва, але без адзінага лішняга слова, як падчас іх вялікага кахання. Ён схапіў мажлівасць з лёту і зноў напісаў. Калі яна адказала другі раз, ён вырашыў прасунуцца далей шыфраваных размоў па аўторках і загадаў устанавіць тэлефон каля ягонага ложка на той падставе, што яму трэба штодня сачыць за справамі прадпрыемства. Ён папрасіў тэлефаністку цэнтральнага камутатара злучыць яго з трохзначным нумарам, які яна, зразумела, тут жа запомніла з першага званка. Голас прыглушанага тэмбру, напружаны ад таямніцы адлегласці, любы голас адказаў. Яна таксама пазнала ягоны голас, але развіталася пасля трох агульнапрынятых фразаў вітання. Флярэнтына Арысу засмуціла яе абыякавасць: яны зноў вярнуліся туды, адкуль пачыналі.

Аднак прайшло яшчэ два дні, і Флярэнтына Арыса атрымаў ад Фэрміны Дасы ліст, у якім яна маліла яго больш не званіць. Матывы прыводзіліся важкія. У горадзе было так мала тэлефонаў, што сувязь праз тэлефаністку, якая ведала ўсіх абанентаў, абарочвалася шырокай галоснасцю: усе былі навідавоку. Нават калі абанент выходзіў з дома, усё роўна тэлефаністка яго знаходзіла, дзе б ён ні быў. Да таго ж яна была ў курсе ўсіх размоў, ведала таямніцы асабістага жыцця людзей, драмы, якія як след ахоўваліся, і нярэдка раптам улазіла ў дыялог, каб выказаць уласны пункт погляду альбо супакоіць тых, хто занадта разыходзіўся. З іншага боку, у тым годзе заснавалі вячэрнюю газету «Справядлівасць», адзінай мэтай якой было ўдарыць па шляхетных сем’ях, указваючы імёны без літасці: уладальнік газеты помсціў за тое, што ягоныя дзеці не былі дапушчаныя ў Грамадскі клуб. Нягледзячы на чысціню свайго жыцця, Фэрміна Даса больш чым калі засцерагалася размоў, таілася нават перад блізкімі сяброўкамі. Такім чынам, яны абралі ліставанне. Карэспандэнцыя ў той ці іншы бок стала такой частай і працінальнай, што ён забыўся пра нагу, пра прысуд пасцельнага рэжыму, пра ўсё — і цалкам аддаўся эпісталярнаму жанру за партатыўным столікам, якімі карысталіся для харчавання пацыентаў.

Яны нарэшце перайшлі на «ты», абменьваліся каментарыямі пра жыццё, як у лістах маладосці, але Флярэнтына Арыса праявіў паспешлівасць, надрапаў шпількай яе імя на пялёстках камеліі і паслаў яе разам з лістом. Праз два дні ён быў вернуты без якіх-кольвек тлумачэнняў. Фэрміна Даса не магла інакш, гэта занадта нагадвала ягоныя дзіцячыя забаўкі з меланхалічнымі вершамі ў Евангельскім скверыку, з тайнікамі па дарозе ў школу, з урокамі вышывання пад мігдалавымі дрэвамі. Не без болю ў душы яна паставіла яго на месца нібыта выпадковым пытаннем сярод іншых трывіяльных рэплік: «Чаму ты ўпарцішся і ўсё гаворыш пра тое, чаго ўжо няма?» Пазней яна назвала бясплённай упартасць, з якой ён намагаўся супрацьпаставіць сябе натуральнай старасці. На яе погляд, адсюль выцякалі ягоная паспешлівасць, няўмераная прыхільнасць да ўспамінаў пра мінулае. Яна не магла ўцяміць, як чалавек, здатны да разважанняў і высноў, якія так дапамаглі ёй перанесці ўдовіну самоту, блукаў, як немаўля, не ў стане ўжыць іх у жыцці ўласным. Ролі памяняліся. Тады яна зрабіла спробу ўзняць яму настрой з дапамогай шматабяцальнай фразы: «Няхай час сабе ідзе, а мы пабачым, што ён прынясе». Ён у недальнабачнай спешцы не здолеў расшыфраваць фразу, бо не быў такім добрым вучнем, як яна. Прымусовая нерухомасць, усё большая ўпэўненасць у хуткаплыннасці часу, шалёнае жаданне бачыць яе, — усё даказвала, што страх, перажыты пры падзенні, быў больш абгрунтаваны і трагічны, чым яму здавалася. Упершыню ён пачаў думаць сур’ёзна пра рэальнасць смерці.

Леона Касіяні дапамагала яму прымаць ванну і праз дзень мяняць піжаму, ставіла клізмы, падавала гаршчок, клала арніковыя кампрэсы на спіну, пакрытую язвамі ад удару, масажавала яго на параду лекара, каб пазбавіць ад ускладненняў, звязаных з нерухомасцю. Па суботах і нядзелях яе замяняла Амэрыка Вікунне, якая ў снежні таго года мусіла атрымаць дыплом настаўніцы. Ён абяцаў, што накіруе яе на вышэйшыя курсы ў Алабаму за кошт параходнай кампаніі, часткова дзеля таго, каб сунуць кляп у глотку ўласнаму сумленню, але, перадусім, каб не чуць яе папрокаў, якія яна не ведала, як выказаць, і адтэрмінаваць уласныя тлумачэнні, без якіх, ён адчуваў, не абыдзецца. Ён не ўяўляў, як яна пакутавала ў інтэрнаце бяссоннымі начамі, у выхадныя дні без яго, у жыцці без яго, бо ведаць не ведаў, як яна яго кахала. Са школы паведамілі афіцыйным лістом, што з першага месца ў паспяховасці яна дакацілася да апошняга і была на мяжы правалу выпускных іспытаў. Але ён не выканаў апякунскага абавязку, не напісаў пра гэта бацькам Амэрыкі Вікунні: замінала пачуццё вінаватасці, якога ён не здолеў утаймаваць; ён і ёй нічога не сказаў, маючы падставы баяцца, што яна назаве сапраўдную прычыну сваёй паразы. Падсвядома ён пачаў адкладваць рашэнні праблем са спадзевам на тое, што іх вырашыць смерць.

Не толькі жанчыны, якія займаліся ім, здзіўляліся таму, як ён перамяніўся. Здзіўляўся і сам Флярэнтына Арыса. Усяго дзесяць гадоў таму ён узяў служанку пад параднай лесвіцай дома, узяў як стаяла, і, нават не распрануўшы яе, хутчэй за філіпінскага пеўня пакінуў яе з жыватом. Прыйшлося падараваць ёй цалкам абстаўлены дом, і яна паклялася, што аўтарам яе сораму быў нейкі нядзельны жаніх, які ні разу не пацалаваў яе, і бацька з роднымі дзядзькамі служанкі, здаровыя мачэтэра[29], што працавалі на сафры[30], прымусілі небараку ажаніцца. Не, не верылася, што гэта быў той самы чалавек, якога цяпер абмацвалі і пераварочвалі з боку на бок дзве жанчыны, якія зусім нядаўна змушалі яго дрыжаць ад любові. Яны мылі яго з галавы да ног, выціралі ручнікамі з егіпецкай бавоўны і рабілі яму агульны масаж цела, але ў яго гэта не выклікала ніякага хвалявання. Кожная з іх тлумачыла страту ім жыццёвага апетыту па-свойму. Леона Касіяні думала, што гэта была прэлюдыя смерці. Амэрыка Вікунне лічыла яго становішча з’явай, якую ёй не дадзена разгадаць. Адзін ён ведаў праўду, і праўда мела ўласнае імя. Адно было так ці інакш няслушна: больш пакутавалі яны, калі прыслужвалі яму, чым ён, прымаючы іх клопаты.

Трох аўторкаў хапіла Фэрміне Дасе, каб зразумець, як ёй не хапае візітаў Флярэнтына Арысы. Яна бавіла час з найбліжэйшымі сяброўкамі вельмі добра, усё лепш па меры таго, як аддалялася ад звычаяў нябожчыка мужа. Люкрэсія дэль Рэаль дэль Абіспа з’езділа ў Панаму праверыцца з прычыны вушнога болю, які ніяк не адступаў, і вярнулася праз месяц у значна лепшым стане, але чула яна горш, чым перад вандроўкай, і тое з дапамогаю слухаўкі, якую прыкладвала да вуха. Фэрміна Даса звыклася да канфузаў, звязаных з гэтым, хутчэй за іншых сябровак, і гэта так стымулявала Люк­рэсію, што амаль не было дня, калі б яна не з’яўлялася ў доме. Але Фэрміна Даса нікім не здолела замяніць Флярэнтына Арысу і спакой, які прыносілі вечары з ім.

Памяць пра мінулае не вызваляла ад будучыні, як ён быў схільны думаць. Затое ўзмацняла заўсёдную ўпэўненасць Фэрміны Дасы ў тым, што і пякельныя пакуты ў дваццаць гадоў былі чым заўгодна, няхай самымі высакароднымі і гожымі, толькі не каханнем. Насуперак сваёй жорсткай шчырасці, яна не мела намеру выказаць яму гэта ні поштай, ні асабіста. Ёй не хапала смеласці давесці Флярэнтына, як фальшыва гучалі сантыменты ў ягоных лістах у параўнанні з чарадзейным суцяшэннем, якое прыносіў ягоны эпісталярны роздум, і як ён шкодзіў сабе гэтай лірычнай лухтой, маніякальна настойваючы на вяртанні да мінулага. Не, не было радка ў ягоных даўніх лістах, не было ніводнага моманту ў яе мізэрным юнацтве, якія змусілі б яе адчуваць тое, што яна адчула цяпер: вечар кожнага аўторка быў такім доўгім без яго, так пакутліва самотным без яго.

У адным з парываў навядзення парадку ў доме яна сплавіла на стайню радыёлу, падараваную мужам на першыя альбо другія ўгодкі іхнага шлюбу, і якую яны думалі падараваць музею, бо гэта была першая радыёла, што з’явілася ў гора­дзе. У змроку жалобы яна вырашыла не карыстацца радыёлай: удава з яе прозвішчам не магла нават у адзіноце слухаць музыку, якая б яна ні была, не апаганіўшы памяці нябожчыка. Але на трэці аўторак пасля расстання з Флярэнтына Арысам яна загадала прынесці радыёлу ў залу, і не для таго, каб атрымаць асалоду ад сентыментальных спеваў, што перадавала радыё Рыёбамба, як раней, а каб ажывіць мёртвы час, які амаль не цягнуўся, слязлівымі радыёнавеламі з Сант’яга-дэ-Кубы. Гэта было ўдалым рашэннем, бо калі яна нарадзіла дачку, пачала губляць прагу да чытання, што муж старанна прышчапіў ёй з часоў вясельнай вандроўкі, а ад прагрэсуючай стомленасці зроку яна наагул перастала чытаць, часам месяцамі не ведала, дзе паклала акуляры.

Фэрміна Даса так звыклася да радыёнавелаў з Сант’яга-­дэ-Кубы, што чакала штодзённыя перадачы з нецярплівасцю. Час ад часу яна слухала навіны, каб ведаць, што робіцца ў свеце, і калі зрэдчас яна заставалася ў доме адна, яна лавіла далёкія мэрэнгесы[31] з Санта-Дамінга і плэнасы[32] з Пуэрта-Рыка. Аднойчы ўвечары на нейкай незнаёмай радыёстанцыі, якая раптам загучала так моцна і ясна, нібыта перадавала з суседняга дома, яна пачула жахлівую навіну: пара вельмі сталага ўзросту, якая паўтарала вясельнае падарожжа там жа, дзе праводзіла яго сорак гадоў таму, была забітая лодачнікам, які веславаў падчас марской прагулкі; забойства было здзейснена ўдарамі вясла, і мэтаю быў рабунак — лодачнік забраў у забітых усю гатоўку, што яны мелі, — чатырнаццаць даляраў. Жахлівае ўражанне ўзмацнілася, калі Люкрэсія дэль Рэаль распавяла гэты выпадак цалкам па публікацыі ў мясцовай газеце. Паліцыя высветліла, што забітыя вяслом старыя — ёй было семдзесят восем гадоў, а яму — восемдзесят чатыры, — былі насамрэч патаемнымі каханкамі, яны бавілі адпачынак разам сорак гадоў запар, хоць кожны з іх жыў у стабільным і шчаслівым шлюбе і меў вялікую сям’ю. Фэрміна Даса ніколі не плакала, слухаючы радыёнавелы, але ад гэтага аповеду ледзь стрымала слёзы, якія падступілі да горла. У наступным лісце Флярэнтына Арыса даслаў выразку з газеты, што ўтрымлівала навіну, без каментарыя.

Але гэта былі не апошнія слёзы, якія Фэрміна Даса мусіла стрымаць. Яшчэ не скончылася шасьцідзесяцідзённае пасцельнае зняволенне Флярэнтына, як газета «Справядлівасць» апублікавала на ўсю шырыню першай паласы і з фатаздымкамі дзейных асоб артыкул пра меркаваную любоўную сувязь Хувэналя Урбіна і Люкрэсіі дэль Рэаль дэль Абіспа. Газета спекулявала на падрабязнасцях іх сувязі, частаце і характары сустрэч, прыгадвала і іншыя доктаравы забаўкі, — садамію з неграмі на ўласным цукровым заводзе. Аповед, надрукаваны буйным шрыфтам крывавага колеру, раскаціўся катастрафічнай маланкай у пратрухлым асяродку мясцовай арыстакратыі. Аднак у ім не было ніводнага праўдзівага радка: Хувэналь Урбіна і Люкрэсія дэль Рэаль сябравалі з халасцяцкай пары і працягвалі сяброўства пасля, але ніколі не былі каханкамі. У цэлым жа стваралася ўражанне, што публікацыя толькі міжволі зачапіла імя доктара Хувэналя Урбіна, чыя памяць шанавалася аднадушна, а мела іншую мэту: нашко­дзіць мужу Люкрэсіі дэль Рэаль, абранаму прэзідэнтам Грамадскага клуба на мінулым тыдні. Скандал сцішылі за некалькі гадзін, але Люкрэсія дэль Рэаль больш не наведвала Фэрміну Дасу, і тая ўспрыняла гэта як прызнанне вінаватасці.

Неўзабаве, аднак, стала ясна, што Фэрміна Даса таксама не была застрахаваная ад падобнай рызыкі. «Справядлівасць» здзекавалася з яе са слабога фланга: па лініі спраў бацькі. Калі бацька ў сілу невядомых абставінаў быў вымушаны з’ехаць у выгнанне, Фэрміна Даса дазналася пра эпізод яго цёмнай камерцыі са слоў Галы Плясыдыі. Пазней, калі доктар Урбіна пацвердзіў пасля сустрэчы з губернатарам, што саромны факт меў месца, яна засталася пры сваёй думцы: бацька стаўся ахвярай подласці. Рэч была ў тым, што два ўрадавыя агенты прыйшлі ў дом каля Евангельскага скверыка з ордэрам на ператрус, агледзелі памяшканні ад столі да падлогі, але не знайшлі таго, што шукалі, і ўрэшце загадалі адчыніць шафу з люстэркам у былой спальні Фэрміны Дасы. Гала Плясыдыя была ў доме адна і, не маючы мажлівасці папярэ­дзіць сям’ю, адмовілася адамкнуць шафу з прычыны, што ў яе, маўляў, няма ключоў. Тады адзін з агентаў разбіў люстэрка рэвальверам і паміж люстэркам і драўлянай панэллю дзверцаў выявілі прастору, набітую фальшывымі купюрамі ў сто даляраў. Так завяршыўся ланцуг слядоў, якія вялі да Лярэнса Дасы — апошняга звяна разгалінаванай міжнароднай аперацыі. Гэта было махлярства майстэрскае, бо махляры захавалі вадзяныя знакі банкаўскай паперы: яны часткова сцерлі фарбу на купюрах у адзін даляр хімічным спосабам, блізкім да чарадзейства, і дадрукавалі толькі нулі, ператварыўшы іх у сотні. Лярэнса Даса даказваў, што шафа, набытая не так даўно, мусібыць, з’явілася ў доме ўжо са схаванымі купюрамі, але паліцыя здолела абвергнуць ягоныя сцверджанні. Апрача яго самога, ніхто не мог хаваць фальшывы скарб за люстэркам. Доктар Урбіна, калі дамовіўся з губернатарам, што накіруе цесця на радзіму, каб не дапусціць скандалу, распавёў жонцы толькі гэта. Аднак у газеце напісалі шмат болей.

Артыкул распавёў пра тое, што падчас адной са шматлікіх войнаў мінулага стагоддзя Лярэнса Даса быў пасярэднікам паміж ліберальным урадам Ахілеса Пары і невядомым польскага паходжання, якога звалі Юзаф К. Каржанеўскі. Ён затрымаўся ў горадзе на некалькі месяцаў з экіпажам гандлё­вага карабля «Сэнт-Антуан», які быў пад французскім сцягам, спрабуючы завяршыць цёмную ўгоду са зброяй. Каржанеўскі, пазней стаўшы знакамітым у свеце пад імем Джозэф Конрад, невядома як усталяваў кантакт з Лярэнса Дасам, і той набыў у яго партыю зброі за кошт урада, карыстаючыся паўнамоцтвамі, якія законна аформілі дакументамі і аплацілі высакапробным золатам. У далейшым, адпаведна версіі газеты, Лярэнса Даса абвясціў, што зброя знікла ў выніку малаверагоднага нападу, а пасля прадаў партыю за падвойную цану кансерватарам, якія вялі вайну супраць урада.

«Справядлівасць» таксама апавядала, што калі генерал Рафаэль Рэес заснаваў ваенна-марскі флот, Лярэнса Даса набыў зусім танна цэлае судна ботаў — ангельская армія распрадавала лішкі — і толькі гэтай аперацыяй падвоіў свой скарб за шэсць месяцаў. Паводле артыкула, калі груз прыбыў у порт, Лярэнса Даса адмовіўся яго прымаць, бо ўсе боты былі на правую нагу, але калі мытня распрадавала тавар на аўкцыёне ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам, у яго не знайшлося канкурэнтаў, і ён выкупіў груз за сімвалічную суму — сто песа. У той самы час ягоны саўдзельнік набыў боты на левую нагу, якія паступілі ў порт Рыёача, і таксама амаль задарам. Калі ўсё было прыведзена да ладу, Лярэнса Даса выкарыстаў сваяцтва з сям’ёю Урбіна дэ ля Калье і прадаў іх новаму ваеннаму флоту з дзвюма тысячамі адсоткаў прыбытку.

Інфармацыя «Справядлівасці» завяршалася тлумачэннем, што Лярэнса Даса пакінуў Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагу напрыканцы мінулага стагоддзя не ў пошуках лепшага асяродку для сваёй дачкі, як ён любіў паўтараць. Ён гэта зрабіў таму, што папаўся на прыбытковай справе змешвання імпартнага тытуню з драблёнай паперай, якая вялася так хітра, што нават заўзятыя курцы не заўважылі падману. Таксама выявілі ягоныя сувязі з падпольным міжнародным прадпрыемствам, чыя найбольш плённая дзейнасць напрыканцы мінулага стагоддзя крылася ў ажыццяўленні нелегальнага ўезду кітайцаў з Панамы. Так што падазроны гандаль муламі, які так нашкодзіў ягонай рэпутацыі, выявіўся адзінай сумленнай справай, якой ён калі займаўся.

Калі Флярэнтына Арыса падняўся з ложка, хоць спіна яшчэ гарэла полымем і ён упершыню вымушаны быў карыстацца кіем замест парасона, першы выхад з дома прывёў яго да Фэрміны Дасы. Яе цяжка было пазнаць праз больш відавочныя прыкметы старасці і крыўды, якія пазбавілі яе прагі да жыцця. Доктар Урбіна Даса, які двойчы наведаў Флярэнтына Арысу за час яго вымушанага арышту, распавёў яму пра прыгнечаны стан маці, выкліканы публікацыямі ў «Справядлівасці». Першы артыкул справакаваў такі гнеў на мужа за ягонае вераломства, што яна адмовілася ад наведвання сямейнага маўзалея штомесяц: яе выводзіла з сябе, што ён не здольны чуць са сваёй труны тых абразлівых слоў, якія яна хацела выкрыкнуць: інакш кажучы, Фэрміна Даса змагалася з нябожчыкам. Не даравала і сяброўцы. Яна загадала перадаць Люкрэсіі дэль Рэаль адкрыта: няхай, маўляў, нарадуецца суцяшэннем, што, прынамсі, мела аднаго мужчыну сярод мноства тых, хто прайшоў праз яе ложак. Што тычыцца публікацыі пра Лярэнса Дасу, невядома было, што больш параніла яе: ці то сам артырул, ці то спозненае выкрыццё праўды пра сапраўднае аблічча бацькі. Але артыкул зніштожыў яе. Валасы колеру чыстае сталі, якія надавалі высакароднасць яе твару, здаваліся цяпер пажоўклымі валокнамі маісу, гожыя вочы пантэры не мелі былога бляску, нават калі яна гневалася. Фэрміна Даса вырашыла, што жыць не мае сэнсу, і гэта было відаць у кожным яе жэсце. Яна здаўна адмовілася ад палення ў ваннай, але цяпер узнавіла дурную звычку публічна і з нястрымнай ненажэрнасцю. Напачатку сама рабіла самакруткі, як заўжды ёй падабалася. Затым паліла самыя звычайныя цыгарэты, якія можна было набыць у крамах, бо не хапала ўжо ні часу, ні цярплівасці вазіцца з тытунём і папяроснай паперай. Не будучы Флярэнтына Арысам, любы чалавек запытаў бы ў сябе, што можа прынесці будучыня такому, як ён, старому, кульгаваму, з параненай спінай, і жанчыне, якая не хацела ўжо іншага шчасця, акрамя смерці. Аднак Флярэнтына Арыса думаў інакш. Ён ратаваў агеньчык надзеі сярод руінаў бедства, бо яму здавалася, што няшчасце ўзвышала Фэрміну Дасу, гнеў упрыгожваў яе, злосць на ўвесь свет вяртала ёй неўтаймаваны характар, якім ён быў у дваццаць гадоў.

Яна мела прычыны дзякаваць Флярэнтына Арысу, бо ў сувязі з мярзотнымі артыкуламі ён накіраваў у «Справядлівасць» гнеўны ліст пра этычную адказнасць прэсы і павагу да гонару і годнасці ўсялякага чалавека. Ліст не быў надрукаваны, але аўтар перадаў копію ў «Камерцыйную газету», найстарэйшую і найсур’ёзнейшую на Карыбскім узбярэжжы, і тая надрукавала ліст на першай паласе. Ён падпісаў ліст псеўданімам «Юпітэр», тэкст быў настолькі зграбным, колкім і поўным здаровага сэнсу, што яго нават прыпісвалі знакамітым пісьменнікам правінцыі. Гэта быў самотны голас сярод акіяна, але разышоўся ён глыбока і шырока. Фэрміна Даса здагадалася, хто быў аўтарам ліста, без усялякай падказкі, бо пазнала пэўныя думкі і нават цэлую фразу з разважанняў Флярэнтына Арысы на маральную тэматыку. Так што яна прыняла яго з адноўленым пачуццём прыхільнасці ў беспарадку яе закінутасці.

У той самы час аднойчы ў суботу Амэрыка Вікунне аказалася адна ў спальні на вуліцы Вэнтанас і чыста выпадкова знайшла ў шафцы, якая не зачынялася на ключ, машынапісныя копіі роздуму Флярэнтына Арысы і адказы Фэрміны Дасы, напісаныя ад рукі.

Доктар Урбіна Даса ўзрадаваўся ўзнаўленню візітаў, якія так натхнялі маці. Наадварот, ягоная сястра Афэлія вярнулася першым гандлёвым караблём з Нью-Арлеана, які прыбыў з грузам садавіны, як толькі дазналася, што Фэрміна Даса падтрымлівае старое сяброўства з чалавекам, чыё маральнае аблічча было небездакорным. Яе трывога дасягнула крытычнай мяжы з першых дзён, калі яна шмат пра што здагадалася па ступені фамільярнасці, па ўпэўненасці, з якой трымаўся Флярэнтына Арыса ў доме маці, заўважыла шэпт і спрэчкі па дробязях, нібыта паміж жаніхом і нявестай, на працягу ўсяго візіту, то бок да глыбокае ночы. Toe, што для доктара Урбіна Дасы было здаровым сваяцтвам душ двух самотных людзей на схіле гадоў, для яе выглядала грахоўнай формай патаемнага сужыцця. Такой была заўсёды Афэлія Урбіна, больш, чым да маці, падобная да донні Блянкі, бабулі па бацьку, нібыта яна была яе дачкой. Зграбная і ганарлівая, як бабуля, яна жыла ва ўладзе прымхаў, была няздольная ўявіць сабе цнатлівага сяброўства між мужчынам і жанчынай ні ў пяць гадоў, ні тым больш у восемдзесят. У ваяўнічай спрэчцы з братам яна сказала, што для поўнага суцяшэння маці толькі і не хапае, каб Флярэнтына Арыса залез ў ложак удавы. Доктару Урбіна Дасу не ставала мужнасці, каб супрацьстаяць сястры, але ягоная жонка ўмяшалася, спакойна заступіўшыся за каханне, якому пакорныя ўсе ўзросты. Афэлія страціла цярплівасць.

— Каханне абсурднае нават у нашым узросце, — крыкнула яна, — але ў іхным узросце — гэта свінства.

Яна так раз’юшана патрабавала выгнаць Флярэнтына Арысу з дома, што гэта дайшло да вушэй Фэрміны Дасы. Яна паклікала Афэлію ў спальню, дзе звычайна вяла размовы, якіх служанкі не мусілі чуць, і папрасіла паўтарыць яе абвінавачанне. Афэлія паўтарыла, не падсалоджваючы, яна была ўпэўненая, што Флярэнтына Арыса, чыя слава дэгенерата агульнавядомая, пераследаваў двухсэнсоўныя мэты гэтай сувяззю, больш шкоднай для добрага імя сям’і, чым ўсе махлярскія выхадкі Лярэнса Дасы і ўсе наіўныя прыгоды Хувэналя Урбіна. Фэрміна Даса выслухала яе моўчкі, нават не міргнуўшы, але калі дачка скончыла гаварыць, яна ўжо была іншай жанчынай, якая вярнулася да жыцця.

— Адно мне балюча, што няма сіл адлупцаваць цябе па заслугах за дзёрзкасць і абразлівую падазронасць, — сказала яна. — Але ты зараз пойдзеш з гэтага дома і, клянуся касцьмі сваёй маці, не пераступіш парог пакуль я жывая.

Не было сілы, здольнай пераканаць яе ў іншым. Афэлія перабралася ў дом брата і адтуль пасылала ўсялякія мольбы праз высокапастаўленых эмісараў. Але марна. Нават пасярэдніцтва сына і ўмяшальніцтва сябровак нічога не далі. Нявестцы, да якой Фэрміна Даса заўсёды ставілася паблажліва, раптам выдала шчырасць трапнымі словамі лепшых яе часоў: «У мі­нулым стагоддзі мне спаскудзілі жыццё з гэтым бедным чалавекам, бо мы былі занадта маладыя, а зараз вы хочаце ўсё паўтарыць, бо мы занадта старыя». Яна запаліла цыгарэту ад папярэдняй і выліла ўсю атруту, якая раз’ядала душу.

— Ды пайшлі яны ў сраку, — сказала Фэрміна Даса. — Калі мы, удовы, маем хоць якуюсьці перавагу, яна ў тым, што ўжо няма каму намі камандаваць.

Ніхто нічога не здолеў зрабіць. Калі ўрэшце Афэлія ўпэўні­лася ў бясплённасці сваіх намаганняў, яна вярнулася ў Нью-­Арлеан. Толькі таго і дабілася, што маці развіталася з ёю, а Фэр­міна Даса пагадзілася на гэта пасля слёзных просьбаў, але не дазволіла ёй прайсці ў дом: яна паклялася касцьмі маці, а ў тыя змрочныя дні для яе толькі яны заставаліся чыстымі.

Падчас аднаго з першых візітаў, кажучы пра караблі, Фля­рэнтына Арыса зрабіў Фэрміне Дасе фармальныя запросіны на вандроўку па рацэ. Яшчэ адзін дзень цягніком, і яны дабраліся б да сталіцы рэспублікі, якая называлася імі, як і бальшынёй карэнных карыбцаў іхнага пакалення, імем, якое горад насіў у мінулым стагоддзі: Санта-Фэ. Але яна яшчэ захоўвала антыпатыі, перанятыя ад мужа, і не хацела бачыць сцюдзёны і змрочны горад, дзе жанчыны выходзілі на вуліцу хіба што дзеля таго, каб наведаць імшу а пятай. Жанчыны не мелі права ўваходзіць у кавярні альбо ў дзяржаўныя ўстановы. Таксама, як гаварылі, у горадзе часцяком узнікалі жахлівыя заторы на вуліцах ад пахавальных працэсій. Там ішоў дробны нудны дождж з тае пары, як іспанцы падкавалі першага мясцовага мула, і дождж быў пакутлівым, горшым, чым у Парыжы. З іншага боку, Фэрміна Даса адчувала моцную цягу да ракі, хацела бачыць, як кайманы грэюцца пад сонцам на вялізных пясчаных адхонах берага, прачнуцца ўначы ад жаночага плачу ламанцінаў. Але сама думка пра такую вандроўку ў яе гады, да таго ж, з улікам яе ўдовінага стану, была нерэальнай.

Флярэнтына Арыса паўтарыў запросіны пазней, калі Фэрміна Даса ўжо разважыла працягваць жыццё без мужа, і тады думка падалася ёй усё ж мажлівай. Пасля разладу з дачкой, засмучаная абразамі ў бок бацькі, двудушнай ліслівасцю Люкрэсіі дэль Рэаль, якую столькі гадоў лічыла сваёй найлепшай сяброўкай, яна адчула сябе лішняй ва ўласным доме. Аднойчы ўвечары яна піла свой універсальны настой, глядзела на вя­лізную лужыну ў двары, дзе ніколі больш не будзе расці дрэва яе няшчасця, і раптоўна сказала яму:

— Я больш за ўсё хацела б пакінуць гэты дом, пайсці проста наперад і ніколі не вяртацца.

— Чаму б не на караблі? — рызыкнуў Флярэнтына Арыса.

Фэрміна Даса зірнула на яго задумліва.

— Што ж, цалкам мажліва, — адказала яна.

За імгненне да гэтага яна і не думала ні пра што падобнае, але варта было ёй усвядоміць рэальнасць прапановы, каб вырашыць: сказана — зроблена. Сын і нявестка сустрэлі яе рашучасць з захапленнем. Флярэнтына Арыса паспяшаўся патлумачыць, што Фэрміна Даса будзе ганаровай госцяй на адным з ягоных караблёў са спецыяльнай каютай, дзе яна будзе як дома, з выключным сэрвісам, і капітан асабіста зоймецца яе бяспекай і дабрабытам. Ён прынёс мапы маршрутаў, каб падтрымаць яе энтузіязм, прапанаваў паштоўкі з неверагоднымі захадамі сонца, паэмы, што апявалі першародны рай на рацэ Магдалене, якія напісалі слынныя вандроўнікі альбо тыя, хто стаўся слынным дзякуючы выдатнай паэзіі. Яна праглядала іх, калі была ў добрым настроі.

— Не трэба падманваць мяне, як немаўля, — казала яна. — Калі я паеду, гэта таму, што я так вырашыла, а не праз ціка­васць да краявідаў.

Калі сын прапанаваў, каб з маці паехала ягоная жонка, Фэрміна Даса адрэзала, як па-жывому: «Я ўжо не маленькая, і пільнаваць мяне не трэба». Яна сама рыхтавала для вандроўкі ўсё да драбязы і адчувала вялізную палёгку ад думкі, што пажыве восем дзён на караблі, пакуль ён пойдзе ўверх па рацэ, і яшчэ пяць дзён, якія трэба на адваротны шлях. Узяла з сабою толькі самае неабходнае: паўтузіна строяў з бавоўны, рэчы туалету і гігіены, пару чаравікаў для пасадкі і высадкі, хатнія тапачкі на дарогу і больш нічога: гэта была мара яе жыцця.

У студзені 1824 года камандор Еган Бэрнард Эльбэрс, піянер рачной навігацыі, узняў сцяг над першым параходам, які накіраваўся па рацэ Магдалене, — гэта была прымітыўная пасудзінка на сорак конскіх сілаў, якая мела назву «Вернасць». Больш за стагоддзе пазней, сёмага ліпеня а шостай вечара, доктар Урбіна Даса і ягоная жонка праводзілі Фэрміну Дасу да сходняў карабля, на якім яна ўпершыню ад’язджала ў вандроўку па рацэ, і гэта быў першы карабель, збудаваны на мясцовай верфі, Флярэнтына Арыса назваў яго ў гонар слыннага папярэдніка «Новая Вернасць». Фэрміна Даса не магла паверыць, што шматзначная для іх назва была насамрэч гістарычнай выпадковасцю, а не новай праявай хранічнага рамантыз­му Флярэнтына Арысы.

У кожным разе, у адрозненне ад іншых рачных караблёў, старажытных і сучасных, «Новая Вернасць» мела дадатковую каюту, даволі прасторную і камфартабельную, побач з жытлом капітана. Каюта складалася з гасцёўні, у якой была бамбукавая мэбля вясёлага колеру, шлюбнай спальні, дэкараванай кітайскімі матывамі, ванны і душа, і вельмі ўтульнай крытай веранды, аздобленай папараццю. З каюты адкрываўся краявід па хадзе і абодвух бартах карабля. Яна мела сістэму бясшумнага ахалоджвання паветра, якая аберагала вушы ад вонкавага грукату і стварала ў каюце вечную вясну. Гэтая каюта люкс, вядомая як прэзідэнцкая, бо ў ёй да таго часу ўжо вандравалі тры прэзідэнты рэспублікі, не пераследавала камерцыйных мэтаў і рэзервавалася для прадстаўнікоў найвышэйшай улады і асаблівых гасцей. Флярэнтына Арыса задумаў гэтую навінку для падняцця ўласнага іміджу, як толькі быў прызначаны прэзідэнтам параходнай кампаніі, аднак з патаемнай упэўненасцю, што рана ці позна каюта станецца шчаслівым прытулкам для ягонай вясельнае вандроўкі з Фэрмінай Дасай.

Настаў дзень, і Фэрміна Даса насамрэч прыняла прэзідэнцкую каюту на правах гаспадыні. Капітан карабля прыняў на борт Урбіна Дасу з жонкай і Флярэнтына Арысу як ганаровых гасцей — з шампанскім і вэнджаным ласосем. Яго звалі Дыега Самарытана, ён быў у белай форме, бездакорнай фуражцы з эмблемай кампаніі, вышытай золатам, і, як большасць капітанаў рачнога флоту, ён вылучаўся ўмеранай паўнатой, уладным голасам і манерамі фларэнтыйскага кардынала.

А сёмай вечара далі першы сігнал да адплыцця, такі гучны, што ён выклікаў у Фэрміны востры боль левага вуха. Мінулай ноччу яна бачыла сны, поўныя дрэнных знакаў, якія яна не адважылася расшыфраваць. Раніцой яна загадала адвезці яе да пантэона духоўнай семінарыі, які знаходзіўся блізка, і які называлі могілкамі Ля-Мангі, і замірылася з нябожчыкам мужам; стоячы перад крыптай, яна выліла ў маналогу слушныя папрокі, якія сядзелі ў горле. Затым распавяла яму падрабязнасці вандроўкі і развіталася з ім ненадоўга. Яна больш нікому не сказала пра вандроўку, бо амаль заўсёды рабіла так, калі накіроўвалася ў Еўропу, каб пазбегнуць пакутлівых развітанняў. Нягледзячы на тое, што Фэрміна Даса шмат ез­дзіла, яна была ўсхваляваная так, нібыта выпраўлялася ў дарогу ўпершыню, прычым з сыходам дня неспакой павялічваўся. Калі яна паднялася на борт, то адчула такі прыступ самоты і суму, што ёй захацелася пабыць адной і выплакацца.

Прагучаў апошні сігнал. Доктар Урбіна Даса з жонкай развіталіся з Фэрмінай Дасай без драматызму, і Флярэнтына Арыса праводзіў іх да сходаў. Доктар Урбіна Даса хацеў прапусціць яго следам за жонкай і толькі тут здагадаўся, што Флярэнтына Арыса таксама ўдзельнічае ў вандроўцы. Доктар не здолеў схаваць занепакоенасці.

— Але ж мы так не дамаўляліся, — сказаў ён збянтэжана.

Флярэнтына Арыса шматзначна паказаў яму ключ ад сваёй шараговай каюты, якая месцілася на палубе агульнага класа. Але гэта не падалося доктару Урбіна Дасу дастатковым доказам цнатлівасці ягоных намераў. Ён паглядзеў на жонку по­г­лядам чалавека, які перажывае крушэнне карабля ў адкрытым моры, ён шукаў хоць якісьці пункт апоры, але сутыкнуўся з яе ледзянымі вачыма.Жонка сказала яму ціха-ціха, суво­рым голасам: «Ты таксама?» Так, ён таксама, як і ягоная сястра Афэлія, думаў, што ў вельмі сталым узросце каханне мяжуе з непрыстойнасцю. Аднак доктар праявіў своечасовую рэакцыю і на развітанне паціснуў руку Флярэнтына Арысу, хутчэй, з замірэннем, чым з удзячнасцю.

Флярэнтына Арыса бачыў, што яны ўжо на беразе, з веранды салона. Як ён чакаў і жадаў, доктар Урбіна Даса з жонкай павярнуліся для развітальнага пагляду, адчыняючы дзверцы аўто, і ён махнуў ім рукой на развітанне. Яны адказалі яму тым самым. Ён заставаўся на верандзе, пакуль аўто не знікла ў пыле грузавога двара, і затым накіраваўся ў каюту, каб пераапрануцца ў больш адпаведную вопратку для першай вя­чэры на борце ў прыватнай гасцёўні капітана.

Капітан Дыега Самарытана прыправіў знамянальную ноч цікавымі аповедамі пра ягоныя сорак гадоў на рацэ, але Фэрміне Дасе давялося прыкласці немалыя намаганні, каб выглядаць вясёлай. Нягледзячы на тое, што апошні сігнал да адплыцця быў дадзены а восьмай вечара, калі тыя, хто суправаджаў пасажыраў, сышлі на бераг і трап быў падняты, карабель не зрушыўся з месца, пакуль капітан не павячэраў і не ўзняўся на мосцік, адкуль кіраваў манеўрам. Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса засталіся на верандзе агульнага салона сярод шумных пасажыраў, якія спрабавалі пазнаць месцы горада паводле агнёў, што паступова аддаляліся. Потым карабель пакінуў бухту, увайшоў у нябачнае рэчышча ракі, мінаючы мелі і агні рыбацкіх лодак, што гойдаліся на хвалях, і задыхаў на поўныя грудзі на вольным паветры вялізнай ракі Магдалены. Тады духавы аркестр грымнуў моднай народнай песняй, і пасля выбуху радасці пасажыраў пачаліся скокі.

Фэрміна Даса сказала, што хацела б застацца адна. За вечар яна не вымавіла ні слова. Флярэнтына Арыса дазволіў ёй заглыбіцца ў роздум і перарваў яго толькі дзеля таго, каб развітацца каля ўвахода ў яе каюту. Але яна не жадала спаць, ёй проста было холадна, і яна прапанавала пасядзець крыху на адкрытай верандзе каюты і палюбавацца ракой. Фля­рэн­тына Арыса выкаціў на веранду два лазовыя крэслы, патушыў святло, накінуў ёй на плечы плед з воўны і прысеў побач. Яна скруціла цыгарку з тытуню, які ён ёй падараваў, прычым зрабіла гэта дужа спрытна, запаліла з расцяжкай і моўчкі, нібыта дым быў надта гарачы, затым скруціла яшчэ дзве і паліла іх без перапынку. Флярэнтына Арыса паступова выпіў два тэрмасы горкай кавы.

Агні горада зніклі за гарызонтам. З цёмнай веранды пя­шчотная ды ціхая рака, а таксама пашы ўздоўж берагоў пад поўняй ператварыліся ў даліну, якая свяцілася сама па са­бе. Час ад часу паказваўся саламяны будан каля вогнішча, там прадавалі дровы для параходных катлоў. Флярэнтына Арыса захоўваў цьмяныя ўспаміны пра вандроўку ў маладыя гады, і вобразы ракі ажывалі ў ім асляпляльнымі парывамі памяці, нібыта гэта было толькі ўчора. Ён сёе-тое прыгадваў услых, спрабуючы ўплываць на настрой Фэрміны Дасы. Яна адстаронена паліла з такім выглядам, нібыта жыла ў іншым вымярэнні. Флярэнтына Арыса спыніў успаміны і пакінуў Фэрміну Да­су сам-насам з сабой. Яна запальвала цыгарэты адну ад адной, пакуль тыя не скончыліся. Музыка спынілася апоўначы, шум на танцавальнай пляцоўцы сціх, распаў­ся, перайшоў у паўсонны шэпт, і два сэрцы засталіся ў цем­ры ве­ранды, адлічваючы ўдары ў такт уздыхам карабельнай машыны.

Праз пэўны час Флярэнтына Арыса зірнуў на Фэрміну Дасу і праз ззянне ракі ўбачыў яе прывіднай, профілем падобнай да статуі, якая сама выпраменьвала ледзь заўважнае блакітнае святло. Ён здагадаўся, што яна бязгучна плача. Але замест таго, каб вымавіць суцяшальныя словы альбо чакаць, пакуль яна выплача ўсе слёзы, паддаўся паніцы.

— Хочаш, каб я пайшоў? — спытаў ён.

— Калі б я гэтага хацела, то не запрасіла б цябе, — ціха адказала Фэрміна Даса.

Тады ён працягнуў у цемры сцюдзёныя пальцы, пачаў шу­каць навобмацак яе руку, знайшоў і знерухомеў у чаканні. Абое былі досыць цвярозыя і зразумелі імгненна, што рукі, на жаль, не тыя, якія жылі ў іхным уяўленні, а рукі старыя і кашчавыя. Аднак тут жа абое абудзіліся. Яна загаманіла пра нябожчыка мужа не ў мінулым, а ў цяперашнім часе, нібыта ён яшчэ жыў, і Флярэнтына Арыса тут жа ўсвядоміў: для яе таксама настаў час спытаць сябе годна, велічна і з нястрымнаю прагай жыцця, што рабіць з каханнем, якое засталося без гаспадара.

Фэрміна Даса кінула пагаслую самакрутку, каб не адпускаць ягонай рукі. Яна разгубілася, не ў змозе нешта разумець. Нельга было ўявіць лепшага мужа, чым нябожчык, але яна знаходзіла больш цяжкога, чым светлага ва ўспамінах аб пражытым: занадта было ўзаеманепаразуменняў, бессэнсоўных сварак, незабытых крыўдаў. Раптам яна ўздыхнула: «Неверагодна, адкуль такое шчасце цягам столькіх гадоў сярод незлічоных сварак і калатнечы, халера на яго. І я не ведаю, ці было гэта сапраўдным каханнем, ці не». Ледзь яна аблегчыла сваю душу, як хтосьці патушыў поўню. Карабель ішоў, нібыта робячы крок за крокам, ставячы спярша адну нагу, і толькі потым другую, як драпежнік, які высочвае ахвяру. Фэрміна Даса нібыта вярнулася з краіны жаданняў.

— А зараз ідзі, — сказала яна.

Флярэнтына Арыса сціснуў яе руку, нахіліўся, спрабуючы пацалаваць яе ў шчаку. Аднак яна адвяла яго пяшчотным хрыплаватым голасам:

— Ужо не трэба — ад мяне патыхае старасцю.

Яна чула, як ён выйшаў у цемры, як крокі аддаляліся па лес­віцы — да наступнага дня. Запаліла яшчэ адну самакрутку, і пакуль яе паліла, ёй бачыўся доктар Хувэналь Урбіна ў бездакорным лёгкім строі, прафесійна суворы, вельмі сімпатычны, закаханы, — ён махнуў ёй на развітанне белым капелюшом з іншага карабля мінулага. «Мужчыны — гэта вартыя жалю рабы прымхаў, — колісь сказаў ён. — Але калі жанчына вырашыла пераспаць з мужчынам, няма перашкодаў, якія яна не можа пераадолець. Няма крэпасці, якую яна не возьме. Няма маральных установак, якія не зруйнуе дашчэнту. Адным словам, няма для яе Бога». Фэрміна Даса праседзела нерухома да золку, думаючы пра Флярэнтына Ары­су не як пра нязменнага вартаўніка Евангельскага скверыка, бо ў памяці ён не запальваў ужо ні найменшага промня настальгіі, а як пра старога і кульгавага, але рэальнага чалавека, які заўсёды быў побач і якога яна здолела распазнаць. Пакуль карабель вёз яе, задыхаючыся, да ружовага золку, яна маліла Бога толькі пра адно: няхай бы Флярэнтына Арыса здолеў пачаць наступны дзень як трэба.

Ён здолеў. Фэрміна Даса загадала прыслузе не турбаваць яе, пакуль яна не выспіцца як след, і калі прачнулася, на начным століку ўгледзела вазу са свежай белай ружай, яшчэ з кроплямі расы, а побач — ліст Флярэнтына Арысы, які меў столькі старонак, колькі ён паспеў напісаць з моманту іх расстання. Гэта быў спакойны ліст — ён толькі спрабаваў выказаць настрой, які ахапіў яго ўначы, — і лірычны, як папярэднія, і рытарычны, як усе ягоныя пасланні, але ён грунтаваўся на рэчаіснасці. Фэрміна Даса прачытала тэкст, саромеючыся за неўтаймоўны галоп свайго сэрца. Ліст завяршаўся просьбай перадаць праз слугу, калі яна будзе гатовая, бо капітан чакае іх на мастку, каб паказаць, як функцыянуе карабель.

Фэрміна Даса была гатовая аб адзінаццатай. Выходзячы з ваннага пакоя, яна пахла кветкавым мылам і апранула вельмі просты ўдовін строй з шэрай бавоўны. Адчуваючы, што цалкам узнавілася пасля начных пакут, яна папрасіла слугу ў бездакорнай белай уніформе, які абслугоўваў асабіста капітана, прынесці лёгкі сняданак, і ні слова пра тое, каб па яе прыйшлі. Яна паднялася сама пад асляпляльна чыстым небам і знайшла Флярэнтына Арысу, які гаманіў з капітанам на мастку. Ён выглядаў інакш, чым зазвычай, не толькі таму, што яна пазірала на яго іншымі вачыма, — ён і насамрэч перамяніўся. Замест заўсёднай хаўтурнай вопраткі ён надзеў вельмі зручныя белыя чаравікі, лёгкія штаны і кашулю з чыстай бавоўны з расшпіленым каўняром, кароткімі рукавамі і манаграмай на нагруднай кішэні. Апрача таго, ён насіў берэт белага колеру і мудрагелістую прыладу з цёмнымі шкельцамі ад сонца паўзверх спрадвечных акуляраў блізарукага чалавека. Вопратка была новая, напэўна, набытая спецыяльна для вандроўкі, за выключэннем старога бурага рэменя: Фэрміна Даса прыкмеціла яго з першага погляду, нібыта муху ў талерцы поліўкі. Пабачыўшы Флярэнтына Арысу такім прыбраным, прычым, зразумела, ап­ранутым дзеля яе, яна не здолела стрымаць чырвань. Яна па­вітала яго сарамліва, і ён засаромеўся яшчэ больш, адчуўшы яе стан. Яны ўсведамлялі, што паводзяць сябе, як жаніх з нявестай, і гэта давяло іх да такога стану, што капітан Самарытана глядзеў на іх са шкадобай. Выйсце са становішча ён знайшоў у тым, што на працягу дзвюх гадзін тлумачыў, як кіраваць і карыстаццамеханізмамі карабля. Яны марудна плылі па бязмежнай рацэ, якая залівала пустэльныя долы да гарызонту. Вада каля бухтаў была каламутнай, а на адкрытай рацэ плынь была маруднай і празрыстай, з металічным бляскам пад неміласэрным сонцам. У Фэрміны Дасы склалася ўражанне, што яны праплываюць па дэльце з пясчанымі астравамі.

— Гэта ўсё, што застаецца ад нашай ракі, — пацвердзіў капітан.

I Флярэнтына Арыса быў здзіўлены пераменамі, і яшчэ больш здзівіўся на наступны дзень, калі плыць стала цяжэй. Ён зразумеў: рака Магдалена, адна з самых вялікіх рэк у свеце, за­сталася ўсяго толькі ілюзіяй, часткай ягонай памяці. Як тлумачыў ім капітан Самарытана, гэта варварскае знішчэнне лясоў пакончыла з ракой за пяцьдзясят гадоў. Карабельныя катлы зжэрлі непралазныя сельвы і каласальныя дрэвы па берагах, якія прыгняталі Флярэнтына Арысу памерамі падчас першай ванд­роўкі. Фэрміна Даса не пабачыць звяроў, пра якіх марыла: паляўнічыя, якія прадавалі шкуры ў Нью-Арлеан, перабілі кай­манаў, якія некалі заміралі на доўгія гадзіны з разяўленымі па­шчамі ля берагавых адхонаў, каб злавіць якога матыля; шумныя папугаі і шалёна крыклівыя малпы гінулі па меры таго, як вы­сякаліся спрадвечныя гушчары; ламанціны з вялікімі жа­ночымі грудз­ямі, якія кармілі малых і плакалі голасам самот­най жанчыны на водмелях, сталіся ахвярамі аматараў палявання.

Капітан Самарытана любіў ламанцінаў амаль па-мацярынску, ён лічыў іх жанчынамі, якія пакутуюць праз нераздзеленае каханне. І верыў у легенду, паводле якой ламанціны былі адзінымі самкамі без самцоў у жывёльным свеце. Ён ніколі не дазваляў страляць з борта карабля, што звычайна рабілі паляўнічыя насуперак закону. Аднойчы паляўнічы з Паўночнай Караліны, які меў сапраўдную ліцэнзію, не паслухаўся яго і разнёс галаву самцы ламанціна, што ляжала на беразе з дзіцем, адным трапным стрэлам з свайго «Спрынгфілда». Малая, ашалелая ад болю, лямантавала каля цела забітай маці. Капітан загадаў падняць сірату на борт, стаў яе апекуном, а паляўнічага кінуў на пустэльным беразе каля рэштак ламанціна. Шэсць месяцаў правёў капітан за кратамі ў выніку дыпламатычнай ноты пратэсту і ледзь не пазбавіўся правоў навігацыі і звання, але выйшаў з турмы з рашучасцю рабіць надалей гэтак сама, як толькі гэта спатрэбіцца. Аднак эпізод увайшоў у гісторыю: малеча вырасла і жыла шмат гадоў у заапарку для рэдкіх жывёлаў у Сан-Нікаляс-дэ-ляс-Баранкас і стала апошнім ламанцінам, якога бачылі на рацэ.

— Штораз, калі мой карабель праплывае ўздоўж гэтага адхону, — сказаў ён, — я малю Бога, каб той грынга[33] зноў захацеў павандраваць з намі. Навошта? Каб з задавальненнем яшчэ раз пакінуць яго на беразе.

Нельга сказаць, каб Фэрміна Даса так ужо сімпатызавала капітану, але ўсхваляваны волат так узрушыў яе сваім аповедам, што з тае раніцы заняў прывілеяванае месца ў яе сэрцы. Вандроўка толькі пачыналася, і было колькі заўгодна часу, каб сцвердзіцца ў думцы: яна не памылілася ў ім.

Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса заставаліся на капітанскім мастку да абеду, незадоўга да якога яны мінулі сялібу Калямар, дзе да нядаўняй пары жыццё было спрадвечным святам, а цяпер там засталіся толькі порт у руінах ды пустэльныя вуліцы. Адзінай жывой істотай, якую яны заўважылі з караб­ля, была жанчына ў белым, якая махала хусткай. Фэрміна Да­са не зразумела, чаму яе не хочуць падабраць, але капітан патлумачыў, што гэта прывід тапеліцы, уяўная дзяўчына падавала зманлівыя сігналы, каб караблі збіваліся з курсу і траплялі ў небяспечныя віры ля супрацьлеглага берага. Карабель праходзіў так блізка, што Фэрміна Даса добра разгледзела яе пад промнямі сонца, але ні на хвілю не засумнявалася, што перад ёю сапраўды прывід, хоць твар здаўся ёй знаёмым.

Дзень быў доўгім, спякота знясільвала. Пасля абеду Фэрміна Даса вярнулася ў каюту, каб там правесці абавязковую сіесту, але не магла спаць ад болю ў вушах, які ўзмацняўся, калі «Новая Вернасць» абменьвалася вітальнымі гудкамі з іншым караблём кампаніі, з якім сустрэлася за некалькі лігаў вышэй ад паселішча Баранка-Віеха. Флярэнтына Арыса заснуў ім­г­ненна, седзячы ў галоўным салоне, дзе бальшыня пасажыраў, якія не мелі месца ў каютах, спала, нібыта апоўначы. Яму снілася Расальба, а дзея адбывалася якраз непадалёк ад таго месца, дзе яна колісь узнялася на борт. У сне Расальба вандравала адна ў старамоднай вопратцы мінулага стагоддзя, і менавіта яна, а не немаўля, спала падчас сіесты ў лазовай клетцы, што вісела пад столлю. Сон Флярэнтына Арысы, таямнічы і цікавы, пакінуў у ім асаблівы прысмак на цэлы дзень, пакуль ён гуляў у даміно з капітанам і двума знаёмымі пасажырамі.

Спякота спала з захадам сонца, і карабель ажыў. Пасажыры з’яўляліся, нібыта пасля летаргічнага сну, умытыя, пераапранутыя, і займалі салонныя крэслы, чакаючы на вячэру: кухар абвесціў яе а пятай, пад воплескі і жарты ён абыходзіў палубу з капеланскім званочкам. Падчас ежы духавы аркестр граў народныя мелодыі, і вячэра ператварылася ў прэлюдыю да скокаў, якія завяршаліся апоўначы. Фэрміна Даса не захацела вячэраць праз боль у вушах і прысутнічала пры першай загрузцы дроў для карабельных катлоў каля голае стромы, дзе не было нічога, акрамя нагрувашчання ствалоў ды старога, які кіраваў пагрузкай. Здавалася, нікога няма ў акрузе на адлегласці безлічы лігаў. Для Фэрміны Дасы пагрузка зацягнулася і выклікала нуду: на еўрапейскіх трансатлантычных волатах падобнае немагчыма было б і ўявіць; спякота рабілася невыноснай і адчувалася нават на закрытай верандзе. Але карабель паплыў, зноў падзьмуў свежы вецер сельвы, і музыка ўжо здавалася весялейшай. У сялібе Сытыё-Нуэва гарэла святло толькі ў адным акне, з партовай канторы не падалі ўмоўнага сігналу пра наяўнасць грузаў альбо пасажыраў, так што карабель праплыў без гудкоў. Увесь дзень Фэрміна Даса спрабавала здагадацца, да якіх сродкаў звернецца Флярэнтына Арыса, каб сустрэцца з ёю, не грукаючы ў дзверы яе каюты, і дзесьці а восьмай вечара ўжо не магла стрымаць жаданне быць з ім. Яна выйшла ў калідор са спадзевам сустрэць яго быццам бы выпадкова, і яе разлік тут жа апраўдаўся: Флярэнтына Арыса сядзеў на лаве ў калідоры, маўклівы і сумны, як калісьці ў Евангельскім скверыку, пытаючы ў сябе другую гадзіну запар, што рабіць, каб яе пабачыць. Яны выказалі здзіўленне аднолькавымі жэстамі, абое разумеючы іх няшчырасць. Яны прайшліся разам па палубе першага класа, перапоўненай маладзёнамі, у асноўным студэнтамі, якія балявалі, каб як след адзначыць апошнія дні вакацый.

У бары Флярэнтына Арыса і Фэрміна Даса выпілі па бутэлечцы прахаладжальнага напою, седзячы за стойкай, як студэнты, і раптам яна ўбачыла сябе ў страшнай сітуацыі. Яна ўсклікнула: «Які жах!» Флярэнтына Арыса спытаў, чым выклікана падобнае ўзрушэнне.

— Я прыгадала тых бедных старых, — шапнула яна, — забітых ударамі вясла.

Абое пайшлі спаць, ледзь скончылася музыка, пасля доўгай гутаркі, якая вялася без перашкодаў у цемры веранды. Уначы не выйшла поўня, неба схавалася за густымі аблокамі, недзе каля гарызонту выбухалі бліскавіцы без грому, яны асвятлялі карабель на кароткія імгненні. Флярэнтына Арыса скручваў ёй цыгаркі, але яна не выпаліла і чатырох, пакутуючы ад болю, які часам знікаў, каб узмацніцца, калі карабель рыкаў пры сустрэчах з іншым караблём альбо плыў уздоўж соннай сялібы ці сцішаў хаду, зандуючы рачное дно. Флярэнтына Арыса распавёў Фэрміне Дасе, з якою любоўю глядзеў на яе падчас Паэтычных гульняў, перад палётам на паветраным шары, калі яна каталася на ровары для акрабатаў, і як палка чакаў вялікіх святаў, толькі б пабачыць яе. Яна таксама бачыла яго часцяком, але ні разу ёй і да галавы не прыйшло, што ён з’яўляўся на людзях толькі дзеля яе. Аднак год назад, чытаючы ягоныя лісты, яна раптам спытала сябе, як здарылася, што ён ніколі не ўдзельнічаў у Паэтычных гульнях: безумоўна, ён бы перамог. Флярэнтына Арыса схітрыў: ён, маўляў, пісаў толькі для яе і ні для каго іншага. Тады яна пашукала ў цемры ягоную руку, якая не чакала сустрэчы, як мінулай ноччу не чакала яе, — цяпер яго заспелі знянацку.

— Якімі дзіўнымі бываюць жанчыны, — ціха сказаў ён.

Яна засмяялася грудным пяшчотным смехам і зноў паду­мала пра старых у лодцы. Так ёй было наканавана ад нараджэння: той вобраз будзе пераследаваць яе заўсёды. Фэрміна Даса, мабыць, збляднела, але схавала гэта ў цемры веранды, бо адчувала сябе добра і спакойна, як зрэдчас здаралася ў жыцці, — яна была чыстая ад усялякай вінаватасці. Так бы і прасядзела да золку моўчкі, трымаючы ягоную руку, што звільгатнела ад сцюдзёнага поту, калі б не боль у вушах. Скончылася музыка, і сціхлі пасажыры агульнага класа, якія нацягвалі гамакі ў салоне. Фэрміна Даса ўцяміла, што боль мацнейшы за жаданне быць з ім. І ведала: варта сказаць яму пра боль, і боль адступіць, але не сказала нічога, каб не трывожыць яго. Яна ўжо ведала яго, нібыта пражыла з ім усё жыццё, і верыла, што ён здольны загадаць вярнуцца ў порт адплыцця, калі б гэта магло суцішыць боль.

Флярэнтына Арыса прадбачыў, што ўначы ўсё складзецца менавіта так, як склалася, вырашыў пайсці да сябе. Ужо каля дзвярэй каюты ён вырашыў развітацца пацалункам, але яна сама падставіла левую шчаку з такой какетлівасцю, якой ён не ведаў за ёю, нават калі яна была школьніцай. Тады ён пайшоў далей, і яна, з хваляваннем да глыбіні душы, прыняла ягоныя вусны, а затым паспрабавала схаваць трымценне за смехам, забытым ёю з шлюбнае начы.

— Божа мой, — выгукнула яна, — я вар’яцею на караблях!

Флярэнтына Арыса здрыгануўся: насамрэч, як яна папя­рэ­дзіла, адчуваўся горкі пах старасці. Аднак пакуль ён прабіраўся да сваёй каюты па лабірынце сонных гамакоў, ён суцяшаў сябе думкай, што сам, напэўна, мае такі самы пах, ён жа старэйшы за яе на чатыры гады, і яна мусіла адчуць гэты ягоны пах з такім самым уражаннем. Гэта быў пах чалавечага старэння, які ён таксама адчуваў у сваіх старых палюбоўніц, і які яны адчувалі ад яго. Назарэцкая ўдава, якая нічога не замоўчвала ў жыцці, сказала пра гэта даволі жорстка: «Смярдзім ужо, як грыфы». Абое цярпелі, бо былі нароўні ў спаборніцтве дурных пахаў. Наадварот, ён засцерагаўся Амэрыкі Вікунні, яна пахла пялюшкамі, узбуджала ў ім бацькоўскія пачуцці, але яго непакоіла думка, што дзяўчыну калісьці адштурхне смурод старога распусніка. Але ўсё ў мінулым. Галоўнае, што ўпершыню з таго дня, як цётка Эскалястыка пакінула малітоўнік у тэлеграфнай канторы, Флярэнтына Арыса не адчуў такога шчасця, як гэтай ноччу на караблі, настолькі працінальнае было шчасце, што яно выклікала страх. Пад раніцу Флярэнтына Арыса ўжо засынаў, калі на рэйдзе каля порта Самбрана карабельны бухгалтар пагрукаў у дзверы і ўручыў тэрміновую тэлеграму. Яна была падпісаная Леонай Касіяні напярэдадні, і ўвесь яе жах месціўся ў адным радку: «Амэрыка Вікунне памерла ўчора. Матывы невядомыя». Аб адзінаццатай ён дазнаўся ад тае ж Леоны Касіяні падрабязнасці шляхам тэлеграфнага дыялога, падчас якога Флярэнтына Арыса асабіста сядзеў за перадатчыкам упершыню за шмат гадоў, якія аддалялі яго ад службы. Амэрыка Вікунне ўпала ў смяротную дэпрэсію з-за правалу на выпускных іспытах і выпіла цэлы флакон опіуму, скрадзены ёю ў школьным медпункце. Флярэнтына Арыса ў глыбіні душы адчуў, што сведчанні былі няпоўнымі. Але не, Амэрыка Вікунне не пакінула нават допісу, які б дазволіў вінаваціць кагосьці ў яе самагубстве. Да гэтага часу, атрымаўшы звестку ад Леоны Касіяні, яе блізкія ўжо выехалі з Пуэрта-Падрэ. Пахаванне адбудзецца сёння а пятай вечара. Флярэнтына Арыса ўздыхнуў. Адзінае, што ён мог зрабіць, каб не памерці ад пачуццяў, што нахлынулі на яго, гэта адрынуць пакуты ўспамінаў. Так ён і зрабіў. Сцёр яе вобраз назаўсёды, хоць да канца жыцця яна часам раптам ажывала без дай прычыны, нібыта імгненны кінжальны боль ад старой раны.

Потым надышлі бясконцыя спякотныя дні. Рака зрабілася вузкай і каламутнай, замест гушчароў і дрэў-волатаў, якія здзівілі Флярэнтына Арысу падчас першай вандроўкі, яны бачылі спаленыя долы, вартыя жалю рэшткі сельвы, зжэртай катламі караблёў, руіны забытых Богам сялібаў, чые вуліцы заставаліся пад вадой нават у сезоны самых жорсткіх засух. Уначы людзі прачыналіся не ад русалчыных спеваў ламанцінаў, якія колісь ляжалі на адхонах, а ад мярзотнага смуроду трупаў, якія праплывалі ў бок мора. Ужо не было войнаў і халеры, але надзьмутыя целы плылі па рацэ, як і раней. Капітан стрымана шапнуў Флярэнтына Арысу: «Нам загадана даводзіць пасажырам, што гэта выпадковыя тапельцы». І ўжо не было нястрымнага базару папугаяў і вісклівай свары нябачных з карабля малпаў, якія ў былыя часы памнажалі паў­дзённую спякоту сваім балаганам, — толькі злоснае маўчанне ссохлай зямлі.

Было так мала месцаў, дзе прадавалі дровы, і яны знахо­дзіліся так далёка адно ад аднаго, што «Новая Вернасць» засталася без паліва на чацвёрты дзень шляху. Карабель стаяў на якары амаль тыдзень, пакуль матросы паглыбляліся ў спапялелыя багны далей ад берага ў пошуках апошніх забытых ствалоў. Але іх не было: дрывасекі кінулі дзялянкі і ўцяклі ад драпежных уладальнікаў зямлі, ад нябачнай халеры, ад вой­наў, якія ўтойваліся ўладамі за шырмай указаў, што толькі адцягвалі ўвагу. Тым часам пасажыры нудзіліся, ладзілі спаборніцтвы ў плаванні, арганізоўвалі паляўнічыя экспедыцыі і вярталіся з жывымі ігуанамі, а потым рэзалі іх, даставалі з іх гронкі празрыстых і мяккіх яек, і нанава зашывалі вялізнымі ігламі, а яйкі потым вялілі проста на борце. Вартыя жалю прастытуткі з блізкіх пасёлкаў ішлі за экспедыцыямі, ставілі імправізаваныя намёты на беразе ракі, прыводзілі музыкаў і гандляроў гарэлкай, ладзілі гулянкі каля карабля, які міжволі спыніў хаду.

Задоўга да таго, як Флярэнтына Арыса стаў прэзідэнтам параходнай кампаніі, ён атрымліваў трывожныя паведамленні пра стан ракі, але амаль не чытаў іх. Кампаньёнаў жа ён супакойваў: «Не хвалюйцеся, пакуль дровы скончацца, у нас будуць караблі на бензіне». Ён ніколі не пакутаваў ад гэтага, затуманены жарсным каханнем да Фэрміны Дасы, і калі ўцяміў усю глыбіню праўды, ужо нічога не заставалася рабіць, хіба што прывезці сюды новую раку. Уначы нават у лепшыя часы трэба было ставіць карабель на якар. І тады жыццё рабілася невыносным. Пасажыры, перадусім еўрапейцы, выходзі­лі з прапахлых гніллю каютаў і бавілі ноч на палубе, усімі сродкамі адганяючы заедзь ручнікамі, золак жа сустракалі знясіленымі, з апухлымі ад пакусаў тварамі. Англійскі ванд­роўнік пачатку XIX стагоддзя пісаў пра камбінаваны маршрут — на лодцы, а потым на муле, — які доўжыўся пяцьдзясят дзён, што гэта «найгоршая і самая нязручная пілігрымка па пакутах, якую чалавек здольны сабе ўявіць». Гэта перастала быць праўдай за восемдзесят гадоў рачной навігацыі, а потым зноў ёй сталася, і ўжо назаўсёды, калі кайманы з’елі апошняга матылька, былі выбітыя ламанціны, вымерлі альбо ўцяклі кудысьці папугаі, малпы, а сялібы апусцелі — калі прыйшоў канец усяму.

— Няма праблем, — смяяўся капітан, — пройдзе некалькі гадоў, і мы паедзем па сухім рэчышчы на шыкоўных аўто.

Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса ратаваліся ў пяшчотнай вясне закрытай веранды, але калі ўзнікла праблема з дровамі і веранда перастала абдуваць, прэзідэнцкая каюта ператварылася ў кававарку. Фэрміна Даса вытрымлівала начныя стаянкі дзякуючы ветру, які праходзіў праз адчыненыя вокны, і адганяла камароў ручніком, бо помпа для распылення інсектыцыду на нерухомым караблі не працавала. Вушы зноў балелі невыносна, але аднойчы раніцой яна прачнулася і заўважыла, што боль раптам знік, як спеў цыкады, якую раструшчылі ботам. Да самае ночы яна не здагадвалася, што левым вухам зусім не чуе, пакуль Флярэнтына Арыса не сеў побач і ёй не прыйшлося павярнуць галаву, каб пачуць, што ён кажа. Яна нікому не распавяла пра гэта і ўспрыняла глухату як адзін з непазбежных дэфектаў, выкліканых узростам.

Аднак затрымка карабля стала для іх ратавальнай. Флярэнтына Арыса аднойчы прачытаў: «Каханне робіцца больш ве­лічным і высакародным у бядзе». Вільгаць прэзідэнцкай каюты пагрузіла іх у ірэальную летаргію, у якой лягчэй было кахаць без лішніх пытанняў і слоў. Яны перажылі неверагодна прыгожыя гадзіны ў мяккіх крэслах веранды, трымаючы адно аднаго за рукі, і цалаваліся яны няспешліва, адчувалі асалоду ад пяшчотаў напоўніцу. У трэцюю ноч задушлівай спякоты яна чакала яго з бутэлькай анісавай гарэлкі, якую папівала калісьці ўпотайкі з сяброўкамі стрыечнай сястры Ільдэбранды, а пазней, у шлюбе ужо, — з прыяцелькамі, якія незаўважна з’явіліся ў тым новым для яе свеце, што нібыта не належаў ёй, а быў проста часова пазычаны. Яна вырашыла крыху выпіць, заглушыць думкі, якія страшылі яе залішняй яснасцю, але Флярэнтына Арыса падумаў, што яна п’е дзеля храбрасці, каб наважыцца на апошні крок. Натхнёны ілюзіямі, ён адважыўся, намацаў пальцамі вялую шыю, грудзі ў панцыры з кітовага вуса ад гарсэта, кашчавыя клубы, сцёгны старой аленіхі. Яна прыняла яго пяшчоты спакойна, без здрыготы, толькі заплюшчыла вочы. Час ад часу яна марудна ўцягвала дым цыгарэты альбо адпівала анісаўку. Калі ўрэшце ягоная рука слізганула ніжэй, анісаўка перапоўніла яе сэрца.

— Калі ўжо дурэць, дык давай, — сказала яна, — але ўсё ж як дарослыя людзі.

Яна павяла яго ў спальню без фальшывага сораму, пры святле стала распранацца.

Флярэнтына Арыса лёг на ложак, разглядаючы столь, спрабуючы ўзяць сябе ў рукі, зноў не ведаючы, што рабіць са шкурай тыгрыцы, якую ён толькі што дабіў. Яна сказала: «Не падглядай». Ён спытаў: «Чаму?» — не адрываючы вачэй ад столі.

— Таму што табе не спадабаецца ўбачанае, — адказала яна.

Потым усё ж павярнуў галаву, убачыў яе, аголеную да таліі, і ўпэўніўся: яна была менавіта такой, якой ён яе ўяўляў. Плечы ў зморшчынках, грудзі — вялыя, бледная скура аддавала жабіным холадам. Яна прыхавала грудзі блузкай і патушыла святло. Тады і ён устаў і распрануўся ў цемры, шпурляючы ў яе адзеннем, што здымаў з сябе, і яна ўсё яму вяртала, ціхенька смеючыся.

Яны ляжалі доўга: ён адчуваў сябе аглушаным па меры таго, як да яго вярталася цвярозасць, яна была спакойна разняволеная, але малілася Богу, каб не засмяяцца нават у думках, што здаралася з ёю часта пад уздзеяннем анісаўкі. Яны цягнулі час. Пагаманілі пра сябе, пра тое, наколькі па-рознаму склалася іхнае жыццё. Пра неверагодную выпадковасць таго, што яны ляжалі, у чым маці іх нарадзіла, у цемры каюты караб­ля, што стаяў на якары, і думалі бог ведае пра што, калі час быў падумаць пра смерць. Раней яна ніколі не чула, каб у яго была жанчына, хоць адна, і гэта ў горадзе, дзе ўсё было вядома нават раней, чым адбывалася ў сапраўднасці. Яна сказала пра гэта знянацку, і тут жа ён адказаў, не міргнуўшы вокам:

— Я захоўваў цнатлівасць для цябе.

Яна б яму не паверыла, нават калі б гэта было чыстай праўдай: ягоныя любоўныя лісты цаніліся ёй не за сэнс, не за спрытнасць спляцення выразаў, а за моц асляпляльнай шчырасці. Аднак ёй падабалася смеласць, з якой ён гэта сцвер­дзіў. Са свайго боку, Флярэнтына Арыса раптам злавіў сябе на тым, што ніколі б не адважыўся спытаць, ці была ў яе патаемная сувязь па-за шлюбам. Здзівіць яго было немажліва, ён ведаў, што жанчыны і мужчыны аднолькавыя ў сваіх патаемных прыгодах: тыя ж хітрыкі, тое ж нечаканае натхненне, тая ж здрада без згрызотаў сумлення. Але ён зрабіў слушна, не задаўшы пытання. У даўнія часы, калі яе адносіны з касцёлам былі ўжо даволі сапсаваныя, святара на споведзі раптоў­на спытаў яе, ці здраджвала яна калі-небудзь мужу, і яна ўстала моўчкі, пайшла, нават не развіталася, і больш ніколі не спавядалася перад тым духоўнікам. Стрыманасць Флярэнтына Арысы нечакана была ўшанаваная: яна працягнула ў цемры руку, ласкава прайшлася па ягоным жываце, амаль безвалосым лабку і шапнула: «У цябе скура, як у немаўляці». Потым яна зрабіла апошні крок: пацягнулася ніжэй, пашаравала там і, развітваючыся з ілюзіямі, знайшла тое, што шукала, без прыкметаў жыцця.

— Ён мёртвы, — ціха сказаў Флярэнтына Арыса.

Гэта здаралася ў яго на самым пачатку з усімі і заўсёды, так што ён навучыўся суіснаваць з гэтай заганай: штораз прахо­дзіў вучобу нанава, нібыта ўпершыню. Ён узяў руку Фэрміны Дасы і паклаў яе сабе на грудзі, яна адчула старое нястомнае сэрца, яго моц, паспешлівасць і хаатычны юнацкі пульс. Ён сказаў: «Зашмат любові таксама шкодна, як і адсутнасць любові». Але вымавіў гэта не вельмі ўпэўнена: насамрэч ён перажываў сорам, злосць на сябе самога і жадаў знайсці прычыну, каб абвінаваціць яе ва ўласнай паразе. Яна гэта ведала, пачала ўзбуджаць безабароннае цела жартаўлівымі ласкамі — так пяшчотная котка атрымлівае асалоду ад уласнай жорсткасці. Скончылася тым, што ён не здолеў вытрываць пакутаў і сышоў у сваю каюту. Яна думала пра яго да золку, упэўненая, нарэшце, у сваім каханні, па меры таго, як анісаўка вытыхалася лянотнымі хвалямі, яна з усё большай трывогай думала, што ён пакрыўджаны і больш не вернецца ніколі.

Але ён вярнуўся на наступную раніцу нечакана, аб адзінаццатай, свежы і бадзёры, і тут жа распрануўся перад ёю, праявіўшы штосьці накшталт самахвальства. Яна, задаволеная, разглядала яго пры натуральным святле дня і пабачыла менавіта тое, што ўяўляла ў цемры: пасярод пакоя стаяў мужчына няпэўнага ўзросту, чыя смуглявая скура гладка паблісквала, як раскрыты парасон, пазбаўленая валасоў, за выключэннем рэдкага пушку пад пахамі і на лабку. Ён быў напагатове, і яна здагадалася, што ён агаліў зброю зусім не выпадкова, а наадварот, выставіў яе на паказ, нібыта вайсковы трафей, дзеля смеласці. Ён нават не даў ёй часу зняць начную кашулю, якую яна апранула, калі падзьмуў золкавы брыз, і ягоная таропкасць навічка змусіла яе дрыжэць ад шкадобы. Але яна не перашкодзіла яму, у такім стане ёй цяжка было адрозніць шкадобу ад кахання. Зрэшты, аднак, яна пачувалася пустою.

Упершыню за дваццаць з лішнім гадоў Фэрміна Даса кахалася, і яна гадала, ахопленая цікаўнасцю: як гэта будзе пасля такога доўгага перапынку? Але ён не даў ёй часу вызначыць, ці сапраўды хацела гэтага яе цела. Ён быў хуткім і сумным, і яна падумала: «Мы ўсё спляжылі». Аднак гэта была памылка: нягледзячы на расчараванне, на ягонае раскаянне за тое, што быў такі няспрытны, і на яе шкадаванне, выкліканае анісавым шаленствам, яны больш не расставаліся ні на імгненне. Яны пакідалі каюту, толькі каб схадзіць на абед. Капітан Самарытана, які інстынктыўна пранікаў у любую таямніцу з тых, што завяліся на караблі, штораніцы пасылаў ім белую ружу, ладзіў серэнады з вальсамі іх маладосці, загадаў гатаваць ім жартаўлівыя стравы з прыправамі, якія б падбадзёрвалі. Яны больш не спрабавалі кахацца, да таго моманту, пакуль натхненне не прыйшло да іх знянацку, а ўвогуле ім хапала простага шчасця быць разам.

I той дзень яны б правялі ў каюце, калі б не капітан, які абвясціў у дасланым допісе, што яны прыбываюць у Ля-Дараду, то бок у канцавы порт, пасля адзінаццаці дзён вандроўкі. Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса бачылі з каюты вялізны прыгорак і дамы пад цьмяным сонцам, і ім падалося зразумелым, чаму паселішча назвалі менавіта так, але назва падалася менш трапнай, калі яны адчулі спякоту, якая нібыта сапла ў паветры, як пара ў катлах, і ўбачылі расплаўлены асфальт вуліц. Апрача таго, карабель кінуў якар не каля схілу прыгорка, а на супрацьлеглым беразе, дзе знаходзілася апошняя чыгуначная станцыя ў кірунку на Санта-Фэ.

Як толькі пасажыры сышлі на бераг, яны пакінулі свой прытулак. Фэрміна Даса падыхала вольным паветрам беспакаранасці ў пустым салоне, і потым абое назіралі з борта, як шумны натоўп разбіраў валізкі, пакі і баулы проста каля вагонаў цягніка, які з борта выглядаў лялечным. Здавалася, што пасажыры прыбылі з Еўропы, асабліва жанчыны, чые цёплыя футры і капелюшы мінулага стагоддзя выглядалі бязглузда ў пыле і спякоце. У некаторых валасы былі ўпрыгожаны кветкамі батату, якія тут жа вялі ад спякоты. Яны толькі што прыехалі з прыандыйскай раўніны пасля доўгай язды цераз саванну, поўную трызненняў, і яшчэ не паспелі пераапрануцца з улікам клімату Карыбскага басейна.

Сярод базарнага шуму надта стары чалавек з несуцешным выглядам даставаў куранят з кішэняў жабрацкага паліто. Ён з’явіўся нечакана, прабіўшы сабе шлях у натоўпе, і было відаць, што ягонае паліто колісь належала камусьці іншаму, больш высокаму і мажнаму. Ён зняў капялюш, паставіў перад сабой на прычале на выпадак, калі хтосьці пажадае кі­нуць яму манету, і працягваў даставаць з кішэняў пяшчотных і яшчэ шэрых куранят жменькамі — яны нібыта памнажаліся проста ў яго на руках. Неўзабаве прычал апынуўся пад дываном з мітуслівых куранят — яны пішчэлі, бегалі пад нагамі таропкіх пасажыраў, якія трушчылі іх, не заўважаючы. Зачараваная выключным відовішчам, нібыта яго давалі ў яе гонар, бо яна адна глядзела, Фэрміна Даса прапусціла момант, калі пачалася пасадка на карабель для адваротнага рэйса. Свята для яе скончылася: сярод новых пасажыраў яна пазнала ў твар знаёмых і нават сяброў, якія да нядаўняй пары спачувалі ёй і наведвалі яе ў жалобе. Яна паспяшалася ў каюту — адзінае ціхае месца на караблі. Флярэнтына Арыса знайшоў яе ў прыгнечаным стане, яна была гатовая памерці, толькі б не трапляць на вочы знаёмым, якія, канечне ж, асудзяць яе за забаўляльныя вандроўкі ўсяго толькі праз год пасля смерці мужа. Флярэнтына Арыса так блізка прыняў да сэрца яе занепакоенасць, што паабяцаў прыдумаць спосаб укрыцця ад любых вачэй і ад незаслужанага зняволення ў каюце.

Ідэя ўзнікла нечакана, калі яны вячэралі ў капітанскай ядальні. Капітана хвалявала праблема, якая здаўна патраба­вала абмеркавання з Флярэнтына Арысам, але прэзідэнт кам­паніі заўсёды пазбягаў дыскусій, высоўваючы звыклы аргу­мент: «У гэтых дробязях Леона Касіяні разбіраецца лепш за мяне». Гэтым разам, аднак, Флярэнтына Арыса выслухаў капітана. Размова ішла пра тое, што караблі, як правіла, везлі груз да вярхоўяў ракі, але вярталіся без яго, а пасажырская плынь была адваротнай. «Між тым выгадней мець справу з грузам, які больш плаціць і не просіць есці», — сказаў капітан. Фэрміна Даса вячэрала неахвотна, ёй надакучыла нер­вовая спрэчка двух мужчын пра мэтазгоднасць дыферэнцыяцыі тарыфаў. Але Флярэнтына Арыса давёў дзелавую размову да канца і толькі потым падкінуў пытанне, якое здалося капітану вестуном ратавальнай думкі:

— Прыміце гэта як гіпотэзу, — сказаў ён. — Ці мажлівая простая вандроўка без грузу і пасажыраў, без прыпынкаў у портах па дарозе?

Капітан адказаў, што гэта сапраўды мажліва толькі як гі­потэза. Параходная кампанія мела абавязкі перад супрацоў­нікамі, і Флярэнтына Арыса ведаў пра гэта лепш за ўсіх, былі кантракты па фрахце, пасажырскіх перавозках, паштовых мяхах, і многія з іх, калі не бальшыня, прадугледжвалі жорсткія санкцыі. Адзіным, што дазволіла б абысці ўсе абавязкі і законы, было надзвычайнае здарэнне: халера на борце. На караблі абвяшчалі каранцін, уздымалі жоўты сцяг і пераходзілі на рэжым надзвычайнага плавання без заходу ў порты. Капітану Самарытана давялося ўчыніць гэтак некалькі разоў у сувязі з сапраўднымі ўспышкамі халеры ў прырэчных сялібах альбо на караблі, хоць у выніку санітарныя ўлады вымушалі дактароў пісаць даведкі пра звычайную дызэнтэрыю. Апрача таго, часта ў гісторыі ракі ўздымалі жоўты сцяг, каб абысці падаткі, не прымаць на борт непажаданага пасажыра ці пазбегнуць непажаданых інспекцый. Флярэнтына Арыса знайшоў пад сталом руку Фэрміны Даса.

— Вось і добра, — сказаў ён. — Так і зробім.

Капітан здзівіўся, але дзякуючы праніклівасці старога ліса, імгненна зразумеў сітуацыю.

— Я камандую караблём, але вы камандуеце намі, — адказаў ён. — Так што, калі вы не жартуеце, дайце мне пісьмовы загад, і мы выходзім зараз жа.

Зразумела, Флярэнтына Арыса гаварыў сур’ёзна, і загад быў падпісаны. Зрэшты, людзі ведалі, што часы халеры не прайшлі, нягледзячы на салодкія казкі санітарных уладаў. Што тычыцца карабля, тут праблем не было. Нейкі груз быў перавезены на іншы карабель, пасажырам сказалі, што выяўлены тэхнічныя непаладкі, і на золку накіравалі іх караблём іншай кампаніі. Калі ў іншых выпадках гэта рабілася з амаральных і нягодных прычын, Флярэнтына Арыса не бачыў сур’ёзных падстаў супраць таго, каб спрычыніць гэта ў імя кахання. Капітан маліў толькі пра адно: пра кароткі прыпынак у Пуэрта-Нарэ, каб прыняць на борт пасажыра, які раздзеліць цяжкасці вандроўкі асабіста з ім: у яго таксама была сардэчная таямніца.

Так што «Новая Вернасць» узняла якар на золку наступнага дня без грузу і пасажыраў, з жоўтым сцягам халеры, які радасна лунаў над караблём. Увечары падышлі да Пуэрта-Нарэ і падабралі жанчыну, яшчэ больш высокую і мажную, чым сам капітан, вычварна прыгожую, якой не хапала толькі барады, каб атрымаць кантракт у цырку. Яе звалі Зэнайда Ньевэс, але капітан называў яе «мая Волатка», гэта была даўняя сяброўка, якую ён браў на борт у адным порце і вёз да наступнага; калі яна падымалася на борт, то прыцягвала за сабою вецер удачы. Над тым сумным царствам смерці, дзе Флярэнтына Арыса настальгічна прыгадваў Расальбу, пабачыўшы цягнік на Энвігада, які цяжка поўз па старым карнізе для мулаў над безданню, на «Новую Вернасць» накінулася амазонская навальніца, якая з невялікімі паўзамі суправаджала іх да канца вандроўкі. Але гэта нікога не турбавала: для свята на вадзе меўся добры дах. Уначы Фэрміна Даса зрабіла асабісты ўнёсак у агульную гулянку, бо спусцілася на кухню пад воплескі экіпажа і нагатавала для ўсіх прыдуманую ёю страву, якую Флярэнтына Арыса назваў «Баклажаны кахання».

Удзень гулялі ў карты, елі як след, падчас сіесты спалі, нібыта глыбы граніту, да знясілення, і як толькі сонца схілялася да захаду, аркестр выходзіў на палубу, і яны пілі анісаўку да поўнай спатолі смагі, закусваючы вэнджаным ласосем. Плылі шпарка, карабель без грузу быў лёгкім. Узровень вады ўзняўся з-за навальніцы ў вярхоўях ракі, дзе за тыдзень выпала больш дажджу, чым калі. На падыходзе да некаторых сялібаў карабель сустракалі гарматным стрэлам міласэрнасці, каб выгнаць халеру, і яны дзякавалі сумным гудком. Караблі іншых кампаній, якія сустракаліся на шляху, пасылалі ім сіг­налы спачування. У сялібе Малянгэ, дзе нарадзілася Мэрсэ­дэс[34], пагрузілі дровы на рэшту дарогі.

Фэрміна Даса напачатку чула гудок карабля толькі здаровым вухам, але на другі дзень з дапамогай анісаўкі яна ўжо чула лепш абодвума вушамі. Яна адчула таксама, што ружы былі больш духмяныя, чым раней, што птушкі спявалі на зол­ку званчэй, і што Бог наноў сатварыў ламанціна і пасадзіў яго на адхоне Тамалямэкі толькі дзеля таго, каб своечасова яго абудзіць. Капітан спыніў карабель, і яны бачылі вялізную самку, якая карміла малых. Hi Флярэнтына, ні Фэрміна не заўважылі, як зайшлі ў сваёй блізкасці так далёка. Яна дапамагала яму ставіць клізму, падымалася раней за яго, каб пачысціць яму зубныя пратэзы, якія ён пакідаў у шклянцы перад сном. Да таго ж, вырашыла праблему з акулярамі, бо ягоныя падыходзілі ёй для чытання і цыравання. Аднойчы яна прачнулася і, заўважыўшы ў паўцемры, што ён прышывае гузік да кашулі, адразу ўзялася за гэтую справу, апярэ­дзіўшы рытуальную фразу пра тое, што яму, маўляў, патрэбныя дзве жонкі. У сваю чаргу, Фэрміне спатрэбілася толькі, каб ён паставіў ёй аднаго разу банькі ад болю ў спіне.

Са свайго боку, Флярэнтына Арыса натхніўся аркестравай скрыпкай, і праз паўдня ўжо змог сыграць для яе «Вальс Каранаванай багіні», і ён іграў гэты вальс некалькі гадзін запар, пакуль яго не спынілі сілай. Аднойчы ўначы, упершыню за ўсё жыццё, Фэрміна Даса раптам прачнулася, абліваючыся слязьмі, і гэта былі слёзы не злосці, а суму, — яна прыгадала старых, забітых у лодцы ўдарамі вясла. Бясконцая навальніца ніколькі не ўзрушала яе, і яна запознена падумала, што, напэўна, Парыж не быў такім змрочным, як ёй здавалася, і ў Санта-Фэ не было столькі пахаванняў на вуліцах. Мара пра наступныя вандроўкі з Флярэнтына Арысам замаячыла на гарызонце: пра шалёныя вандроўкі без лішніх баулаў і грамадскіх кампрамісаў, пра вандроўкі кахання.

Напярэдадні прыбыцця яны ладзілі свята з папяровымі гірляндамі і рознакаляровым асвятленнем. Неба ачысцілася ўвечары. Капітан і Зэнайда танчылі, прыціснуўшыся адно да аднаго, першыя балеро, якія ў тыя гады пачалі ўваходзіць у моду. Флярэнтына Арыса адважыўся шапнуць Фэрміне Дасе, што час ужо танчыць вальс для дваіх, але яна адмовілася. Аднак ківала галавой, грукала абцасамі і нават раптам затанчыла, седзячы, пакуль капітан распускаўся ў абдымках сваёй пяшчотнай волаткі ў паўзмроку балеро. Яна выпіла столькі анісаўкі, што без дапамогі не здолела ўзняцца па лесвіцы, і яе ахапіў прыступ смеху скрозь слёзы, які выклікаў трывогу. Аднак калі яна суняла смех у духмянай затоцы каюты, яны заняліся каханнем з маладой сілай, як старыя ва ўсплёску эмоцый, і тая ноч засталася ў яе памяці найлепшым успамінам пра самнамбулічную вандроўку. Яны ўжо не адчувалі сябе жаніхом і нявестай, як меркавалі капітан з Зэнайдай, а тым больш — познімі палюбоўнікамі. Абое нібыта мінулі галгофу шлюбнага жыцця і прасунуліся шмат далей — да самой сутнасці кахання. Яны маглі сядзець моўчкі, нібыта даўнія муж з жонкаю, якія прайшлі ўсе жыццёвыя выпрабаванні. Яны былі ўжо па той бок жарсці, па той бок горычы ад нязбыўных ілюзій і расчараванняў, усё гэта было для іх прымітыўнасцю, бо яны пражылі разам досыць, каб уцяміць: каханне было каханнем ва ўсе часы і паўсюль, але заўсёды яно больш працінальнае з набліжэннем смерці.

Прачнуліся а шостай. Яна з галаўным болем, смакам анісаўкі ў роце і аглушальным пульсам ад уражання, што доктар Хувэналь Урбіна вярнуўся, больш мажны і малады, чым ў той дзень, калі ўпаў з дрэва, і ён сядзеў у крэсле-гушкалцы, чакаючы жонку каля парога іхнага дома. Аднак яе думкі былі яснымі, і яна разумела, што гэта не было цяжкім пахмеллем, што рэч у іншым — немінучасці вяртання дадому.

— Вярнуцца дамоў будзе як памерці, — сказала яна.

Флярэнтына Арыса здзівіўся: яна нібыта прачытала думку, якая яму не давала спакою з таго моманту, як яны пусціліся ў адваротны шлях. Hi ён, ні яна не маглі ўявіць, як яны будуць спаць у іншым доме, акрамя каюты, есці інакш, чымся на караблі, жыць жыццём, якое заўсёды будзе чужым. Гэта і сапраўды было падобна на смерць. Ён ужо не заснуў, ляжаў са сплеценымі пад галавой рукамі. Раптам кінжальны ўспамін пра Амэрыку Вікунню вымусіў яго скурчыцца ад болю, ён ужо не мог адмахвацца адпраўды, зачыніўшыся ў ваннай, выплакаўся няспешліва, да апошняй слязінкі. Толькі пасля гэтага адважыўся прызнацца сабе самому, як яе кахаў.

Яны апрануліся, каб сысці на бераг. Між тым, карабель пакінуў за сабой апошні адрэзак рэчышча Магдалены — забалочаны старажытны іспанскі канал — і плыў сярод карабельных парэштак і мёртвых затокаў ужо ў бухце. Пачынаўся сонечны чац­вер над залатымі купаламі горада віцэ-каралёў, але Фэрміна Даса стаяла на верандзе і кляла ў думках смурод старажытнай славы, ганарлівасць цвярдыняў, апаганеных ігуанамі, увесь жах рэальнага жыцця. Яны абое не хацелі і не маглі здацца проста так.

У ядальні сустрэлі капітана. Ён меў жахлівы выгляд, які ніяк не спалучаўся са звыклай акуратнасцю: няголены, з па­чырванелымі ад бессані вачыма, у потнай вопратцы мінулай ночы. Гарэлкавая адрыжка часам перарывала ягоныя словы. Зэнайда спала. Яны моўчкі снедалі, калі катар санітарнай службы порта загадаў іх караблю спыніцца. Капітан узняўся на масток і сваім грымотным голасам адказаў на пытанні ўзброенага патруля. Яны захацелі ведаць, якім від халеры ў пасажыраў, колькі іх на караблі, колькі з іх хворыя, ці ёсць рызыка далейшага заражэння. Капітан адказаў, што ён вязе трох пасажыраў і ўсе трое інфікаваныя халерай, але знаходзяцца ў поўнай ізаляцыі. Hi пасажыры, што ўзняліся на борт у порце Ля-Дарада, ні экіпаж кантактаў з імі не мелі. Але камендант патруля не задаволіўся гэтым і загадаў вывесці карабель з бухты і чакаць у забалочаным канале Ляс-Мэрсэдэс да другой папаўдні, пакуль будуць уладкаваныя фармальнасці для дэкларацыі каранціну на борце. Капітан выбухнуў лаянкай рамізніка, але ўзмахам рукі загадаў лоцману развярнуцца і выйсці зноў да канала.

Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса ўсё пачулі, седзячы за ста­лом, але капітан нібыта не надаў гэтаму значэння. Ён еў моўчкі, кепскі настрой праявіўся толькі ў парушэннях правілаў этыкету, на якіх трымалася легендарная рэпутацыя рачных капітанаў. Ён прабіў кончыкам нажа жаўткі чатырох смажаных яек, макаў у яечню кавалкі банана, браў жаўткі ў рот цалкам і жаваў з дзікунскай асалодай. Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса глядзелі на яго моўчкі, нібыта вучні за партай, якія чакалі, калі будуць зачытаныя гадавыя адзнакі. Яны не абменьваліся ні словам, нават пакуль ішоў дыялог з санітарным патрулём, не мелі ні найменшага панятку пра тое, што ім наканавана, але паводле пульсацыі сасудаў капітанавых скроняў абое ведалі, што ён думае менавіта пра гэта.

Пакуль ён распраўляўся з яечняй, з цэлым падносам смажаных бананаў і вялізным кубкам кавы з малаком, карабель на малой хадзе выйшаў з бухты, праклаў сабе шлях цераз покрыва гнілой зеляніны і рачнога лотаса з ліловага колеру кветкамі і вялізнымі сэрцападобнымі лістамі, вяртаючыся да багнаў. Вада пералівалася мірыядамі рыбін, што плылі на баку, забітыя браканьерскім дынамітам, і птушкі, якія ляталі над вадой і над зямлёй, насіліся кругамі над імі з рэзкімі металічнымі крыкамі. Карыбскі вецер біў у акно шумам птушынага базару, і Фэрміна Даса адчула ў крыві хаатычны пульс сваёй свабоды. Справа ад іх каламутнае ды маруднае вусце вялікай ракі Магдалены цягнулася да другога канца свету.

Калі талеркі былі спустошаныя, капітан выцер ражком абруса вусны і загаварыў груба, раз і назаўсёды ставячы крыж на ўсіх міфах пра культурную мову рачных капітанаў. Ён гаварыў не для іх, а проста спрабуючы суцішыць гнеў. Нарэшце ён рассеяна сцвердзіў, што не бачыць спосабу, як выйсці з дурнога становішча, у якое яны трапілі з гэтым халерным сцягам.

Флярэнтына Арыса выслухаў яго, не міргнуўшы. Затым агледзеў вокны, прабег вачыма поўны круг квадранта ружы вятроў, выразную лінію гарызонту, бясхмарнае снежаньскае неба, воды, якія нібыта абяцалі надзейную навігацыю да сканчэння вякоў, і сказаў:

— Пойдзем проста наперад, зноў да порта Ля-Дарада.

Фэрміна Даса здрыганулася, бо пазнала даўні голас, адзначаны знакам Святога Духу, і кінула ўчэпісты позірк на капітана. Але капітан не бачыў яе, ашаломлены моцнай сілай натхнення Флярэнтына Арысы.

— Вы кажаце гэта сур’ёзна?

— Ад самага свайго нараджэння, — адказаў Флярэнтына Арыса, — я не прамовіў нічога несур’ёзнага.

Капітан паглядзеў на Фэрміну Дасу і заўважыў першыя водбліскі зімовай шэрані на яе вейках. Потым ён перавёў позірк на Флярэнтына Арысу, адчуў яго непераможную ўладарнасць, непахіснасць ягонага кахання, і быў працяты запозненай здагадкай, што не смерць бязмежная, а жыццё.

— І да якое пары, вы думаеце, мы будзем матляцца туды і назад? — зноў спытаў капітан.

Адказ Флярэнтына Арысы быў гатовы ўжо пяцьдзясят тры гады, сем месяцаў і адзінаццаць дзён і начэй таму.

— Усё жыццё, — адказаў ён.

Пераклаў з іспанскай Карлас Шэрман

Выдадзена пры падтрымцы Дабрачыннага фонду «Вяртанне»




Выданне кнігі стала магчымым дзякуючы краўдфандынгавай кампаніі на платформе Ulej



Дзякуем Рэдакцыі часопіса «Arche-Пачатак» за дапамогу ў падрыхтоўцы рамана да публікацыі





Асобная падзяка за падтрымку Паўлу Капарыху і Рэдакцыі газеты «Наша Ніва»





Падзяка за падтрымку выдання

Поўны спіс фундатараў кнігі, якія падтрымалі яе выданне праз краўдфандынг, налічвае 109 імёнаў. Вялікі вам дзякуй!


Будкін Сяргей

Павел Радына

Алесь Плотка

Ігар Кулікоў

Настасся Карнацкая

Марыя Мартысевіч

Алена Гурыновіч

Наталля Мацевасян

Алег Зелянкевіч

Вікторыя Папкова

Таццяна Кавалёва

Даша Новікава

Анастасія Бардачова

Ірына Бык

Павел Мінютка

Андрэй Шчарбіцкі

Юлія Казбяровіч

Аляксандр Драздоў

Мікалай Міхнікаў

Павел Бераговіч

Павел Тысляцкі

Андрэй Аква

Ігар Кудраўцаў

Яўген Бараноўскі

Аляксандр Сяргееў

Цімур Варанцоў

Вольга Пручкоўская

Ірына Маркелава

Аляксандр Хінько

Аляксандр Нямцоў

Аляксандр Сасноўскі

Павел Баярка

Уладзімір Трубілаў

Надзея ***

Таццяна Кардашына

Ганна Шаламіцкая

Ігар Горбач

Кацярына Жураўлёва

Таццяна Жураўлёва

Сяргей Лось

Аляксандр Галоўчыц

Іна Насовіч

Андрэй Трусаў

Эмілія Скарабагатая

Анастасія Андрэйчанка

Андрэй Лазук

Ірына Мартыновіч

Шаціла Галіна Уладзіміраўна

Сняжана Зелянкевіч

Аляксандр Маркевіч

Ганна Холад

Аляксей Калымага

Віталь Батурчык

Таццяна Кур’ян

Марыя Грыбаедава

Сяргей Макрэнка

Павел Магілін

Вольга Казакова

Аляксей Казлоўскі

Аляксей Аніська

Таццяна Жалдакова

Аляксей Федарэнка

Марыя Шуманская

Сяргей Матырка

Дар’я Гладун

Арцём Давыдаў

Валерый Васiлевiч

Марыя Дзешчанка

Лідзія Аліхвер

Цімафей Сакалоў

Алена Рыбко

Эльвiра Бурчык

Кацярына Савеня

Эдуард Бабарыка

Ціхан Чарнякевіч

Наталля Кольчына

Алег Латышаў

Ганна Янкута

Антон Саўчык

Аляксандр Асташонак

Іна Хоміч

Аляксандр Бялян

Марыя Грыгор’ева

Віталь Рагойша

Мікалай Галабародзька

Вольга Антоні

Андрэй Паганько

Пётр Ляхавец

Алена Манкевіч

Аляксандра Марцюшкова

Мiкалай Тоўсцiк

Марына Чарнякевіч

Наталля Ладуцька

Аляксандр Нямцоў

Wulfimini Wuf-wuf

Даша Пальчыкава

Кацярына Маціеўская

Уладзіслаў Казлякоўскі

Адэля Дубавец

Аляксей Кліндзюк

Алесь Яўдаха

Вадзім Алькенаў

Ягор Жукоўскі

Воля Сянькова

Алена Ляснеўская

Антон Трафімовіч

Максім Вайда

Андрэй Новікаў

Дзмітрый Захарка


Зноскі

[1] Кіраўнік гарадской адміністрацыі (тут і далей — заўвагі перакладчыка).

[2] Адпачынак пасля абеду.

[3] Маецца на ўвазе Сімон Балівар (1783–1830), адзін з кіраўнікоў у вайне за незалежнасць іспанскіх калоній у Лацінскай Амерыцы.

[4] Грыфы-ўрубу, вядуцца ў Лацінскай Амерыцы.

[5] Вудра Уілсан (1856—1924) — прэзідэнт ЗША з 191З па 1921 гг.

[6] Дзікарослае дрэва трапічнай Амерыкі, вядомае надзвычайнай цвёрдасцю.

[7] Хасэ Рауль Капаблянка (1888–1942) — кубінскі шахматыст, чэмпіён свету ў 1921–1927 гг.

[8] Мера зямлі (64,5 га).

[9] Алексіс Карэль (1873—1944) — французскі хірург і патафізіёлаг, лаў­рэат Нобелеўскай прэміі (1912); Аксэль Мунтэ (1857—1949) — шведскі лекар і пісьменнік.

[10] Прозвішчы іспанскіх арыстакратаў складаюцца з вялікай колькасці элементаў.

[11] Рэал — манета, роўная дзясятай долі песа.

[12] Від чырвонага дрэва.

[13] «Пакінь надзею ўсялякі, хто сюды ўвойдзе» («Боская камедыя» Дантэ Аліг’еры).

[14] 1 ліга — 5572 метры.

[15] Мампокс — сталіца правінцыі Балівара ў Калумбіі.

[16] «У гэтай цёмнай магіле» — італьянская жалобная песня.

[17] Энрыка Каруза (1873–1921) — італьянскі оперны спявак.

[18] «Калі прачнешся ў ззянні» (ангельск.).

[19] Рагу з мяса і гародніны.

[20] Попельная серада — у каталікоў першы дзень пасля карнавалу, пачатак Вялікага посту.

[21] Гульня слоў: Леона ў перакладзе з лацінскай — ільвіца.

[22] Карлас Гардэль (1887–1935) — слынны аргенцінскі спявак, найлеп­шы выканаўца танга.

[23] Альфрэд Дэні Карто (1877–1962) — вядомы піяніст і дырыжор; Жак Тыбо (1880–1953) — знакаміты французскі скрыпач; Пабла Касальс (1876–1973) — вялікі іспанскі віяланчэліст, дырыжор і кампазітар, склалі выдатнае трыа ў 1905 годзе.

[24] Сарсуэла — від іспанскае аперэты.

[25] Фалі-Бержэр — знакаміты тэатр-вар’етэ ў Парыжы.

[26] Бэрэнхэна — баклажан (па-іспанску жаночага роду).

[27] Вядомы раман Анатоля Франса (1844—1924) быў выдадзены ўпершыню ў 1908 годзе.

[28] Маецца на ўвазе Сімон Балівар.

[29] Мачэтэра — зборшчык цукровага трыснягу, узброены мачэтэ.

[30] Сафра — уборка цукровага трыснягу.

[31] Мэрэнгес — папулярныя спевы.

[32] Плэнас — песня, якая суправаджаецца скокамі.

[33] Так здзекліва называюць прыхадняў, пераважна амерыканцаў і ангельцаў, у Лацінскай Амерыцы.

[34] Аўтарава жонка.