Што будзе сніцца [Міхась Стральцоў] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Што будзе сніцца 13 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Міхась Стральцоў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

раённых гасцініцах, у капе сена і ў палатцы на беразе якой-небудзь невядомай рачулкі. Так думалася тады, а потым жонка нагледзела недзе абсалютна сучасную мэблю, стала ўгаворваць яго купіць яе, бо, калі ўпусціш такі выпадак, будзеш пасля кусаць сабе локці, і ён нарэшце згадзіўся,— і ну яе к чорту цяпер усю гэту мэблю: плакалі ягоныя грошыкі, а разам з імі ціхія раённыя гасцініцы і начлегі ў капе сена і ў палатцы…

«Дзесяць год,— думаў ён,— малы і вялікі тэрмін».

Дзесяць год назад, упершыню выехаўшы з вёскі, ён убачыў яе. Як ён цяпер разумеў, нічога асаблівага не было ў ёй: звычайнае зялёнае дзяўчо з наіўна вытыркнутым тонкім носікам, з такімі ж наіўна вытыркнутымі прыпухлымі губамі. Праўда, была нейкая дзіўная мяккасць у паглядзе маладых круглых вачэй. Але як жа ён саромеўся яе, якім цельпукаватым, грубым адчуваў сябе побач з ёй! Яна, мусіць, была з горада, трохі паабілася ўжо каля людзей: і гаварыла, і хадзіла, і смяялася ўпэўнена, лёгка, нібы на цэлым свеце была толькі яна адна і нібы ніхто на гэтым цэлым свеце не мог за што-небудзь упікнуць яе.

Ехалі яны ў адным купэ: ён заняў верхнюю паліцу, паставіўшы туды свой чамадан, яна была на ніжняй, і, калі прыйшла пара спаць, ён саромеўся лезці пры ёй у свой высокі бярлог. Яшчэ ён думаў, што трэба было б зняць з паліцы, паставіць куды-небудзь чамадан, каб не замінаў спаць, але ведаў, што не зробіць гэтага, і нічога не рабіў, пакуль яна сама не прымусіла яго дастаць чамадан і паставіць побач са сваім у скрыню: ніжнюю паліцу, сказала яна, можна падняць, во, глядзіце, усё робіцца проста.

Першы ён баяўся загаворваць з ёй, яго злавала, што тыя, хто ехаў з імі, не заўважалі, не разумелі, што яна была яна,— смела загаворвалі з ёй, жартавалі, а яна,— таксама знайшла каму,— ахвотна адказвала ім — то сур’ёзна, то жартам. Назаўтра раніцай, калі спыніўся поезд, яны бегалі перакусіць у станцыйны буфет, і ён зноў саромеўся яе, саромеўся есці пры ёй — і так было ўсю дарогу, пакуль ехалі ў вялікі паўночны горад. У тым горадзе іх пасадзілі на цеплаходзік і павезлі па рацэ, і ён амаль усю ноч не спаў, думаў, як бы гэта хутчэй зарабіць вялікія грошы, купіць сабе касцюм, паліто, уставіць залаты зуб, як у Цімошыхінага Лёнькі, і, можа, ажаніцца з ёй. А раніцай, калі іх высаджвалі на бераг, ён дарэмна шукаў яе ў натоўпе: яна са сваёй групай, мусіць, сышла на бераг раней…

За акном стоена і ціха ўладарыла зімовая ноч, а ён сядзеў упоцемках, курыў, думаў: што сказаў бы ён, каб раптам на кухню прыйшла жонка, спытала, чаго сядзіць ён тут, успароўшыся сярод ночы?..

1964