Сьнег капітана Мантгомэры [Сяргей Балахонаў] (fb2) читать онлайн

- Сьнег капітана Мантгомэры 121 Кб, 37с. скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Сяргей Балахонаў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


Сяргей Балахонаў


Сьнег капітана Мантгомэры


Ахвярую Н.Ц., якая здрадзіла надзеям


1.

Капітан Мантгомэры страпянуў плячыма. Вецер, што падзьмуў з боку Сажа, быў па летняму лёгкім, але ненатуральна, як для гэтай пары года, сьцюдзёным. Няпроста было пераключаць прызвычаены да сьпёкі арганізм на змаганьне з раптоўнай халадэчай. Камандзір наймітаў надта не любіў тутэйшых халадоў. Асабліва асьцерагаўся надыходу зімы спасярод лета. Тут, яму распавядалі, за апошняе стагодзьдзе такое надаралася колькі разоў. “Мала ня ўсё лета былі маразы”, – прамармытаў капітан штосьці зь мясцовых кронік. Фіялетавыя аблокі павольна ахутвалі Месяц. У навакольлі не аціхалі канцэрты цвыркуноў, раз-пораз перамяжоўваючыся покрыкамі размаітых начных птахаў. Прымхлівыя мяшчане балакалі, што ля Гомея вядзецца цмок, то бок дракон, які нібыта часьцяком крычыць па начох. Мантгомэры з падобных балачак адно насьміхаўся, бо быў перакананы, што ўсе драконы Эўропы перабітыя яшчэ за часы Зыгфрыда. Гэта крычэлі птушкі. Птушкі зь няўцямнымі дзікунскімі назвамі: пугач, барадач, крук, хрусьцель… Дый ці магло быць іначай на гэтай зямлі – узьмежку Эўропы і Азіі! Тут жа ўсё дагары дрыкам! Яго, капітана Мантгомэры, наймалі для вайны ў Польшчы. Але неўвамнозе выявілася, што пад нагамі ня Польшча, а Літва – Гомей жа літоўскі замак. Аднак і апошняе не выявілася дакладным: адзін дабрадзей намякнуў, што Гомей гэта бадай што Русь. “Ці ня Белая?” – пацікавіўся тады капітан. Успаміналася сямейная легенда, паводле якой яго дзядуля (бацька маці) ліставаўся пэўны час з вучоным мужам леўкарусусам, то бок беларусцам. “Белая Русь, сірэч Масковія”, – катэгарычна пераконвалі яго. “Тым лепей”, – думаў найміт, не жадаючы мець да гэтых земляў ані кроплі добрай схільнасьці. Перашкаджала б ваяваць.

Для вайны, а не для партрэтаў ці балетаў, ён апынуўся за тысячу літоўскіх вёрстаў ад родных ніў, ад райнскіх хваляў. Як ваяк Мантгомэры мусіў бы абмежаваць свае веды пра гэтую вайну толькі патрэбнымі зьвесткамі пра моц і хібы праціўніка, не заглыбляючыся  ў гісторыю. Але ад вышпаменаванага дзеда засталася дзіўная дасьледніцкая прага. Калі ліцьвіны (ці ўсё ж русіны?) зьдзіўлена крывіліся зь ягоных пытаньняў пра сутнасьць процістаяньня, даводзілася спасылацца на выдуманага кніжніка і цьвердзіць: “Хто ўведаець боле а ворагі свае, тому паложаны будуць пад ногі варагове яго”. Уменьне трапна спасылацца на кніжнікаў тутэйшыя дужа паважалі. Так па пяшчынках, то хітрасьцю, то прыкрасьцю, Мантгомэры выбудаваў для сябе дужа няўцямную карціну адбыванага на Русі (ці мо ўсё ж у Літве?).

Высьвятлялася, што недзе зусім недалёка на поўдні, там, куды свае воды нясе рака Барыстэн (а па-тутэйшаму – Дняпро), ляжаў нейкі стэп, немінуча абзываны дзікім. Гаварылі, дзей то цэлы травяны лес, якому на многія вёрсты аж да самага мора Татарскага няма ні рубу, ні крэсу. І вось жа ў стэп з усіх куткоў гэтай недарэчнай краіны уцякаў кожны, хто быў здатны марыць пра свабоду. “Гарадзкое паветра робіць чалавека свабодным”, – выслаўляліся некалі ў Эўропе. “Лепш у стэпе казакам, чым пры пане ракам”, – існавала перакананьне тут сярод адбытых ды імаверных ўцекачоў. На радзіме – між лясоў і палёў, пустак і балот – яны пад’ярэмнае быдла, трыманае ў Leibeigenschaft [1]. Там жа ў моры траваў яны непадлеглая вольніца, казакі.

Жывучы блізу крымскіх татараў, казакі спанатрыліся ў ваяцкіх рэчах. Трасілы, Налівайка, Гуня, Лабада… Барбарскія мянушкі, што й дасюль скаланаюць шляхецкі спакой. Апошні закалот, што ўшчаўся тры гады таму пад зьверхнасьцю якогасьці Хмеля (півавар ці півахлёб ён з такою празыванкай?), меўся зацьміць усе ранейшыя ростыркі і няснаскі. Выклік усёй тутэйшай Res Publica! Імкненьне сваю вольніцу, сваю анархію над цэлым панствам узвысіць! Гэты Хмель схацеў валадараньня плебсу па абодва бакі Барыстэна наўсьцяж яго плыні. Дзеля таго ў барыстэнаўскае вярхоўе ён насылаў пільных і спраўных казакоў, якія з тутэйшым людам добра зналіся і лягчэй маглі падбухторыць проціўка шляхты рушыць. Што за муць зрабілася! Бунтаўнікі забівалі шляхту, сьціналі юдэяў, не шкадуючы ані жонак, ні дзетак іхных. Увачавідкі вялікае разьліяньне крыві і зьнішчэньні з унутранай вайны дзеюцца. Рэдкі чалавек у той крыві рук сваіх не ўмачыў і грабленьня добраў не чыніў. Туга вялікая людзям кожнага значнага стану была. Не абмінала іх наруга і зьдзекі праклятых галцяёў. Гомей між многіх местаў таксама казацкім ставаўся: казакі колькікроць прыходзілі і зыходзілі, маючы падтрымку мяшчан, каторыя мала ня ўсе паказачыліся. І многа, многа было з тым бяды.

Такой трывожню часінай Мантгомэры і быў закліканы на ўспамогу войску, як высьвятлілася, ня ў Regni Polonie, а ў Magni ducatus Lithuaniae. “Дапамога грошай гатовых варта” – заўсёды выслаўляўся ён. За плячыма ляжаў не адзін год найміцкае службы. Грошы кладзі ў каліту, і пан Мантгомэры вырушыць нават у Афрыку біцца з андрагінамі ці паляваць на таўсматых чорных аднарогаў. А тут усяго толькі Гомей, які ляжыць ад роднага Утрэхта значна бліжэй, чым Александрыя Эгіпецкая, а пагатоў таямнічы афрыцкія прасторы за пятым парогам Вялікага Ніла. Зрэшты ў гэтым Magni ducatus часьцей прыгадвалі парогі Барыстэна: адтуль супраць рачное плыні і кацілася казацкая валва – хваля, што ад ветру падымаецца сьцяной…

Былі  агонь і рабунак Пінска, быў штурм Мазыра ад сьвітаньня да зьмярканьня, была колькітыднёвая аблога Бабруйска. Па кожнай бітве даводзілася папраўляць дасьпехі. Пад Бабруйскам грубая хамская страла (мушкетаў ня ўсе зь іх, дзякуй Навышняму, маюць!) адцяла капітану кавалак левага вуха. Папомсьціцца за гэта ён так і ня змог, бо гетман Януш Радзівіл гварантаваў бабруйчанам-капітулянтам недатычнасьць, дзеля чаго ваякаў нават за ўзятую ў месьцічаў хустачку маглі ўзьвесіць на шыбеніцы. Пакінуўшы вушны адцятак за талісман, найміт напоўніцу адыграўся за гэтую рану ў Чачэрску, адсякаючы па запясьці рукі палонным казакам. Гомей тады ўзяць не змаглі. У хмурай сечы пад Лоеваю Гарою пашчасьціла выжыць: мо’ сапраўды дапамагаў талісман, а можа анёл-абаронца не зракаўся свайго падапечнага – прафэсійнага носьбіта сьмерці. Панежа казакі ў валчэньні лоеўскім, каторае року 1649-га месяца юля, па-просту ліпца, паражку пацярпелі, то шляхта а найміты абнялі Гомей аблогай. І ўрэшце ўвайшлі ў тое места акрутна і люта, як гвалтаўнік уваходзіць да ахвяры сваёй…


2.

Капітан яшчэ раз узірнуўся ў цямрэчу, а пасьля адхінуўся ў бок горада і запаліў піпку. Страшная рэч – эўрапеец прыахвоціўся да эўрапейскае моды ў гэтай трошку барбарскай краіне. Тутэйшы ж народ стаў добра пыхкаць ад часоў францістага швэда караля і вялікага князя Сігізмунда Васы – раўналетка дзеда Мантгомэры. “Жыгімонт”, – паспрабаваў найміт вымавіць на тубыльскі капыл яснавяльможнае імя і стаў спускацца з вартавое вежы. Ён няблага асвойтаўся ў гомейскіх вуліцах і спраўляўся нават зь цямрэчай. Ад нечаканак (ці мала што магло якому-кольвек мешчаніну ў галаву ўроіцца!) ён меркаваў абараніцца ўласным спрытам у супольнасьці з шабляй і набітым мушкетам.

Мантгомэры абмінуў Прачысьценскую царкву, перасёк гандлёвую плошчу ды збочыў на Траецкую вуліцу. Там, за аднайменнай царквою, месьціўся падворак маладое ўдавы Алюты. Зь ёю капітан спазнаўся зусім нядаўна. Яна ўразіла яго незвычайна чорнымі даўгімі кучаравымі валасамі, якія райнскім вадаспадам сплывалі на плечы. Чорны пух загнутых брывянят, яскравыя вясёлыя вочы, глыбока на дне каторых таілася туга, невялікія сунічнага колеру вусны, зграбная постаць з вострымі стаячымі грудзьмі пад белай льняной кашуляй. Усё прынадзіла, прывабіла, прыцягнула  яго – камандзіра найміцкае залогі. Капітан упершыню пасьля шматлецьця чужых войнаў і ложкаў адчуў, як з сэрца спадае панцыр, а пачынаецца міласьць, любоў, каханьне. “Мяшчанка ж тая Алена, удавіца Лявонава, рада бачыць ротмістра найміцкага і ўдзячным госьцем яго сабе называе, бо ўзаемна адно ў другом закахаліся”, – пазначыў у сваёй кроніцы пільны дзяк Траецкае царквы Анісіфор, які і гэтым разам выглядваў у змроку прыбыша.

Алюта адагнала ды прымкнула ў клеці сабак, і ўпусьціла на падворак каханка.

– Вечар добры, Ёган, – павіталася яна, назваўшы па адным зь яго шматлікіх імёнаў. Ён паспрабаваў яе пацалаваць, але жанчына запярэчыла, захінуўшы далоньню вусны.

– Узноў насмаліўся? – спытала яна пра тытунёвы пах.

– Па мусу толькі, абы напругу нутраную здыймаваць, – старанна падбіраючы словы апраўдваўся капітан

– А тую напругу, што вонках, ты часам ні з кім не здыймаваў? – усьміхнулася Алюта, і нават у паўцемрыве льга было заўважыць бель ейных зубоў.

– Толькі ты. Мяне хвалюеш толькі ты.

– Глупы і закаханы верыць усякай рэчы, – злукавіла жанчына і, беручы госьця пад руку, прамовіла. – У лазьню, мой мілы, у лазьню…

– Мыцца ў лазьні здарова? – зь недаверам пацікавіўся Мантгомэры.

– Здарова і здорава, – падбадзёрыла каханка.

Лазьня была добрая. Муж зрубіў яе з даўняга бярвеньня. Не пашкадаваў дрэва на тое, каб вымасьціць падлогу і ў мыйні, і ў прымыльніку. Печ-каменку зьляпіў, аснадзіўшы комінам і ладным чанам для нагрэву вады. Дах пакрыў драніцаю. Гэткіх лазьняў на цэлы Гомей тады было ўсяго тры-чатыры.

У цёмным прымыльніку жанчына хутка скінула свае апранахі і першай скочыла ў мыйны пакой, каб надаць пары і размачыць дубовыя венікі. Ёган распранаўся марудна. Ад тубыльцаў ён чуў пра лазьні шмат хвалебных словаў, але сам абыходзіўся купаньнем у бочцы ці балеі з гарачаю вадой, а цёплай паравінай года – у рэчках, азёрах, ручаях. “Ліха іх ведае, як яны тут мыюцца”, – падумаў Мантгомэры і рушыў да дзьвярэй мыйні. Калі ўвайшоў, адчуў гарачы дух, нярэзкі пах дыму і духмяных траваў. Пакой асьвятляла лоевая сьвечка, што стаяла на падваконьні праваруч ад уваходу. Зьлева да сьцяны тулілася печ. Проста перад ім на ўслоне сядзела Алюта, мнучы ў драўляным вядры венікі. Яна хітра глянула на зьбянтэжанага іншаземца і хітнула галавою, заклікаючы падыходзіць бліжэй. У той мільг, калі ад хітаньня схамянуліся яе валасы і зьлёгку загайдаліся грудзі, Ёган засумняваўся, ці не вядзьмачка яна. Але адразу адагнаў такія подумы прэч да нібэлюнгаў. “Тая мяшчанка стала абратацца ў лазьні з мужам інным, – з роспаччу ўяўляючы сустрэчу ўдавы і камандзіра наймітаў, дапаўняў  кроніку Анісіфор. – Мусіць пачытацца за любадзеіцу”.

Не адводзячы вачэй ад капітана, жанчына ціхенька засьпявала. Ёган ледзьве разьбіраў словы, а іх сэнс станавіў для яго пэўную загадку. Песьня для замежнага вуха была дзіўнаватай. Сьпявалася пра дзяўчат, якія плавалі з тутэйшым Ёганам і акрывалі яго нейкім “зельлем”. Пры тым, што гэта за “зельле”, дзяўчаты ня ведалі самі, а таму паехалі да караля. Мантгомэры зьдзівіўся, што кароль у песьні стаў такой мізэрнай справай займацца і, паказаўшы перад падданымі сваю недасьведчанасьць, паклікаў аўгусьцейшую сужаніцу. Каралева ж зызволіла абвясьціць дзяўчатам, што гэта іхняя радасьць, якую яны не павінны выпускаць з рук, назапашваць і заліваць вінцом…

Іншаземец усутыч падыйшоў да гамяянкі.

– Напамінае саўну, – прашаптаў з адметным акцэнтам ён.

– Ня лайся, – не зразумела яна.

– Не, гэта ў нас лазьні бываюць такія. Сьпярша ў іх fiki-fuki, а мыцьцё пасьля.

Мантгомэры паспрабаваў абняць Лявоніху, але тая спрытна хапіла венік і пачала ім хвастаць капітана. Ад нечаканкі і гарачага духу, што набягаў на цела з кожным шляпнём, той заенчыў. Жанчына азвалася лагодным сьмехам, які сьцішыў ягонае енчаньне. Капітан, вальготна ўлегшыся на дубовым палку, пакорліва прымаў новыя а новыя шляпні. У гарачыні паветра і пачуцьцяў Ёгану міжволі прыгадваліся колішнія бойкі, дзе ён быў ня самым апошнім. Белая Гара, Дэссаў, Штральзунд, Лех, Ракруа… Ці ня ўся мапа трыццацігадовай эўрапейскай вайны памясьцілася на ягоным целе ў выглядзе шматлікіх шнараў.

Жанчына абмакнула венік у ваду і потым страсянула над зружавелым целам госьця. Халодныя пырскі ажвавілі іншаземца і ён зноў падаў голас, адрывіста застагнаўшы.

– Ну ўсё, прыйшла твая чарга, – прамовіла яна і перадала раскунежанаму Ёгану інструмэнт мучэньняў і насалод, як пасьпеў той назваць для сябе лазенны венік. Ён лянотна зьлез з палка, і вомільгам там апынулася Алюта. “Чараўніца”, – думалася яму. І яднала ў сабе чараўніца вабнасьць кабеты і сьвежасьць дзяўчыны. Нават паўзмрок не замінаў захоплена ўглядацца ў рысы ейнага твару. Цікаваць прынады ейнага цела. Капітан, адчуваючы новы юрлівы прыліў, тым ня менш уздатніўся пашкадаваць пра тое, што ён не мастак, што ня можа адлюстраваць на халсьціне звабу чароўнай русінкі. Гэты бляск і вільготу вачэй. Гэты нос зь пекнымі адтулінкамі – ружаватымі і кволымі. Гэты рот, улегцы прыадкрыты, нібыта прагны да цалункаў… Створана богам русінка, каб упрыгожыць ваярскую долю. Хто такія русінкі? Хіба назавеш так па-барбарску гэтыя твар і плечы, рукі і грудзі, ногі і тое (тое!), што спаміж іх?..

На дварэ іх сустрэла прахалода. Сьвежае паветра выбівала з вачэй сьлёзы, як кагадзе гарачы дух у лазьні. З боку Спаскай неслася рэха карчомных песьняў. Неймаверна, аж да амарокі, пахла ліпамі. У нейкае імгненьне Мантгомэры, нібыта забыўся пра вайну і адчуў сябе зусім тутэйшым.  Прымроіў, што зьбірае з борцяў ліпавы мёд, а побач у садзе бегаюць двое бялявых малечаў – дзяўчынка і хлопчык – ягоныя з Алютай дзеці. Мроя была настолькі мілай, што капітан жахнуўся з самой здатнасьці ўяўляць падобнае і злавіў сябе на думцы, што яго вельмі непакоіць імавернасьць праходзіць у бабылях, не спарадзіўшы нашчадкаў. Які б дзівак на звод павёў свой род, пахаваўшы любоў ва ўласным лоне? Капітан такога на хацеў. “Холад, холад праймае”, – сказаў ён, абы сказаць. Лявоніха маўчала. Яны прайшлі ў дом. Жанчына запаліла пару лучынаў. Пасадзіўшы госьця на лаву, яна стала завіхацца каля печы, выходзіла ў кладоўку, каб праз пару хвілінаў накрыць небагаты стол: халаднік на гурковым расоле, запечаныя ў сьмятане карасі, мочаныя грыбы, мёд-маліньнік. Вячэраць пачалі моўчкі. Ёган дзівіўся кіславатаму смаку халадніка, але еў, ня грэбуючы. Алюта маленькімі глыткамі піла з корчыка маліньнік і глядзела на іншаземца.

– Муж любіў, – сказала яна.

– Любіў? – не зразумеў Мантгомэры.

– Халаднік…

– А як сьмерць падняў?

– Як і многія…

– Многія?

– Хто проці караля.

– Казак?

– Паказачаны.

– Дзеля чаго?

– Устыла ўсё.

– Устыла?

– Надакучыла. Я ня ведаю, як там у вас бывае, а ў нас такі ліхі сьвет стаў, што дзеці адной зямлі міжсобку чужынцамі зрабіліся. І як быць, калі тыя, хто павінны кіраваць дзяржавай перашыліся з русінаў ды ў палякі і астатніх перашыцца прынучаюць? Гэтая прынука і наскучыла…

– Дык хіба мова вайну спарадзіла? Якія б не былі прынукі, гаворка гэта толькі  вымаўленьне таго, што кажаш. На якой мове ворага ні лай, сэнс вымаўленага ня зьменіцца.

– Мова… – Лявоніха натужліва ўсьміхнулася. – Мова лечыць і калечыць. Яна для нас, як тая просека ў лесе. Разумееш, што я хачу сказаць?

– Holzwege, – задуменна прамовіў капітан і зусім па кніжнаму на Алюцінай мове спытаўся:

– А няможна б было без таго ў лепшай надзеі і справе панства сваё захаваці?

– Дрывасек ты, Ёган. З пляча сячэш. Калі так усё проста, дык чаго ж тваіх нямеччын трыста? Вам так зручней. А нам было б зручней жыць асобна ад палякаў і спалячаных здрайцаў. Асобнае панства нам трэба. Свая дзяржава.

– З Хмелем на чале?

– На чале з тым, хто нас разумее. Калі б Януш Радзівіл спыніў вайну і далучыўся да нас, яго б прынялі. Даравалі б усе грахі і прынялі. Але ня будзе, бо ён за іншае гаспадарства ваюе.

– За іншае?

– Не за такое, як хочацца нам.

– Ты не баішся мне гэта казаць?

– А ты мяне павесіш? Ці шабляй пасячэш? Колькі разоў у сваім жыцьці ты гэта рабіў? Колькі жанчын ты згвалціў, а потым забіў?

– Маўчы. Ты мой самы любасны вораг. Я не пасьмею прычыніць табе ліхога. Ты найцуднейшая панна на сьвеце і мусіш мець водле сябе свайго пана.

– Мужа?

– Але.

– У малжонкі набіваешся? У нас тут малочных рэкаў з кісельнымі берагамі няма. Дый пакою, як старыя кажуць, ці ня сотню гадоў нямашака.

– Я забяру цябе туды, дзе будзе добра. У Ніжнія Землі. Чула?

– Хо-хо-хо, – засьмяялася Лявоніха. – А ці ня там было, што езуіты ўсіх чыста герэтыкамі абвесьцілі і вынесьлі прысуд горлам караці?

– Тыя злыя хвілі даўно мінулі. Цяпер там усё па-іншаму. Ня так, як у Эўропе цэлай… Лепей.

– Мы таксама хацелі б, каб было лепей. Але тут. Яны гэтага баяцца, таму й не адпускаюць нас. А ты ім дапамагаеш. Ды за іх амаль ніхто ваяваць ня хоча. Войска зь цяжкасьцю набралі.

– Але тыя, хто не пайшоў у войска, зусім не спагадуюць казацтву і паказачаным, бо баяцца ад оных сьмерць сваю мечам падняць…

– “Сьмерць падняць, сьмерць падняць”, – перадражніла Алюта кніжныя словы, якімі зноў бліснуў Ёган. – Мы на гэтай зямлі подаўна страцілі страх перад сьмерцю, але не перад жыцьцём. І нашы апалячаныя баяцца ня сьмерці, а іншага жыцьця, якое можа наступіць тут, калі мы пераможам… Гэта больш, чым страх. Гэта сьвятарнае трымценьне.  Трымценьне ад прадчуваньня таго, што нехта зможа вызваліць іх ад цяжару здрады. І хочацца, і колецца, і Польшча не вяліць. Ім цяжка самім зрабіць першы сяг. Вось жа сядзяць ды пад неба глядзяць. Сочаць, ці ўправіцца люты Януш з намі… А нам… Не шкада нам жыцьця маладога.

– Ты выбіваеш мяне з мысьлі, – спахмурнеў Мантгомэры. – Хочаш сказаць, што я замінаю вашай свабодзе?

– Не. Ня ты асабіста. Усе наёмнікі разам як стан рэчаў. Не было б вас, такіх прагных да крывавых грошыкаў, сёньня б тут стаяла Рэч Паспалітая Русінаў. Res Publica Ruthenica. Досыць пра гэта. Хадзем у ложа.


3.

Дзяк, які праз усю ноч і вока не злажыў, прымудраўся пільнаваць у вакно, чытаць “Арыстотэлевы вароты” і занатоўваць тое-сёе на старонкі сваёй таемнай кронікі. Пад раніцу ён быў зусім растурзаны удаванай нянавісьцю да Лявоніхі. Бедачына Анісіфор пасьпеў зрэестраваць постаці яшчэ колькіх мужчын, што ў розны час апыналіся на ейным падворку. “Дзеўка, будучы прэзь беса распаленаю, прывячала ня тылька нямчына Мандагамору, але і тэж інных мушчызн, каторых відзеў я входзячых а выходзячых з брамы ея”, – перачытваў ён ўласныя запісы, і гарохавіны сьлёз нядбала каціліся па твары, падаючы на сьпісаныя горкай праўдай старонкі. Гэта была толькі ягоная праўда. З бачанага ўночы дзяк зусім нічога не цяміў.

Насамрэч у двор да Алюты, акрамя капітана, прыходзіў толькі адзін мужчына. І прыходзіў крадком не дзеля грахоўных уцех, як здавалася Анісіфору, а дзеля іншай важнай справы. Пакуль Мантгомэры, заварожаны шыпеньнем вады ў гарачых камянях і собскімі любоснымі пожадамі, нічога ня чуў, незнаёмец шнырыў па яго рэчах. Сярод ключоў ён знайшоў найвялікшы і зьнёс яго. Лявоніха някепска пастаралася, каб той мог яшчэ раз бясьпечна прыйсьці і павесіць на зьвязку нейкае падабенства скрадзенага ключа. Яна падмяшала ў халаднік соннага зельля. Яно і змарыла іншаземца, ледзьве ён дабрыў да пасьцелі. Зрэшты раніцой капітан быў перакананы, што ночку цэлую чыніў любы з чароўнай русінкай.

Пахіснуцца ў апошнім уражаньні Мантгомэры не пасьпеў. У браму загрукаў ягоны пахолак. Па ўзрушаным выглядзе льга было дапяць, што здарылася нешта надзвычайнае.

– Пане, – задыхана прамовіў ён да гаспадара, – казакі набліжаюцца да Гомея. Варта зьмянялася… І адзін спрыкмеціў іх. Пад харугвай ідуць… Харугва чырвоная зь белым крыжам… І белай аблямоўкай…

– Твае казакі, харошыя юнакі, – сьцюдзёна кінуў капітан Алюце.

– Што хутчэй, ня толькі казакі, – спакойным ручайком пражурчэў ейны недасканалы адказ.

– Мне няма вярэмя на загадкі, – Ёган зьбіраўся выходзіць.

– Ніякіх загадак. Белы крыж на чырвоным полі – герб места Гомейскага.

– Мяшчан спакушаюць. Разьвялі Гельвецыю [2]… – чмыхнуў іншаземец і сьпехам пакінуў дом.

На вуліцах Гомея панавала неймавернае ажыўленьне. Нямецкія ды вугорскія жаўнеры-найміты і мясцовыя апалчэнцы зь ліку шляхты ды мяшчан подбегам кіраваліся да паркану – плоту з дубовых кольляў, якім быў абнесены горад. Упэўненыя рухі і адсутнасьць якой-хаця намінкі на зьбянтэжанасьць сьведчылі пра тое, што абодвух гатункаў ваякі добра ведалі, куды ім трэба рухацца. Гэтую зграбную, амаль што карцінную, мітусьню дратавалі толькі дзьве рэчы: сабачы брэх і крыкі гарадзкога юродзіўца Такешы. Калі сабакі ў сваім “гаў-гаў” былі нешматслоўнымі, дык бажаволак так і сыпаў словамі, абяцаючы надыйсьцё апошніх дзён. “Пакайцеся брацьця і сестры! – гарланіў ён. – Іржавыя дні градуць, не ўсядзеце маўчком. Ледзь бялее палоса дарогі ў зыркім мігценьні зор. Се канец сьвету. Кожды мовіць прад тронам нябесным будзе. За  ўчынкі свая адвячаць станеце. Пакайцеся. І наліце ўрэшце, будзь ласка, мне куфаль піва…”

Мантгомэры, дасягнуўшы вартавой вежы, якой сканчалася Спаская вуліца, вомільгам падняўся на другі паверх. Вартавы пачаў быў рапартаваць, але капітан астудзіў яго палкасьць крэпкім галяндзкім слаўцом і ўзяўся самавочна назіраць адбыванае за парканам. Апрача памянёнай пахолкам чырвонай харугвы, з-за яблыняў зьявілася яшчэ адна такая ж самая. А разам зь ёй завіднеліся тры белыя, дзьве чорныя і дзьве цёмнажоўтыя. Ёган наструніўся. Раздаржнялі, як колеры палотнішчаў, так і колькасьць казакоў пад імі. “Вы б яшчэ колер яблыка кітайскага [3] скарысталі, дзікуны”, – лаяўся ён. Лаянка была ціхой і маладзейснай. На вельшае капітанава здранцьвеньне за ўсімі гэтымі харугвамі на ўскрайку садоў аб’явілася значна большая маса конных і пешых супраціўнікаў. Іншаземец аблізаў перасохлыя губы. “Тысяч восем”, – падказвала яго ваярскае вока. Найміцкая залога і гарадзкое апалчэньне стаялі пры паркане напагатове. З-пад аднае харугвы выімчала колькідзесят вершнікаў і паскакала праз жыта паперад усёй коньніцы.

– Чаго Вашаць марудзіш? – азваў капітана камандзір апалчэньня пан Аляксандар Жураўскі. – Мо’ досі ўжо вадзіць вала? Час іх пашчупаць за вымя. А там глядзіш, ім жаба такой цыцкі дасьць, што і кокашы задзяруць, як цуцыкі валачашчыя.

Ён гаварыў вельмі хутка, з характэрным прысьвістам і міжвольнымі плевунцамі. Нагрувашчваньне тутэйшых прастамоўных канструкцыяў, малавядомых іншаземцу, далося ў знакі. Мантгомэры, заткнуўшы калодкай ваканіцу, павярнуўся да нечаканага дарадцы:

– Хай за скаціну адказваюць тыя, каму трэба. Але правізію мусім расходваць рацыянальна. Невядома, колькі часу давядзецца трымаць аблогу. Жабы, як апошні варыянт. Мы ўсё ж не французы.

– Ды якая к чортавай матары скаціна?! Якія французы? – нібыта не разумеючы прычынаў аблуды, вар’яваўся пан Аляксандар. – За дзела [4] трэба брацца.

– А мы хіба бязь дзела?

– Ды я пра зброю, боўдзіліна ты нярускае, цьвержу! Арматы нам на які ляд? Вераб’ёў з вожыкамі пужаць?

– Пану вядома легенда аб пасербу [5] Фрыдрыка Рудабародага? – зьдзівіўся капітан. – І да вашых краёў гэтая лухта дакацілася? Я ня веру, што Баўдэліна сапраўды калі-кольвек жыў. Гэта ўсё прыдумкі італійскіх лухтароў.

Тое, што капітан пераключыў сваю ўвагу з поля поўнага ворагаў, на пустое балаканьне супярэчыла самой прыродзе яго паводзін. Што і казаць, на яго працягвала ўзьдзейнічаць якімсьці сваім трыста дваццаць пятым эфэктам учорашняе зельле, запраўленае ў халаднік.  У вачох на колькі імгненьняў памутнела. Пан Жураўскі несамавіта чмыхаў і паўтараў, як для чыстага дурня, слоўную мяшанку:

– Арматы. Арматы. Нах казакен. Страляць. Пук-пук! Коньнікі Забелы скачуць.

Згадка пра коньнікаў страпянула капітана, вярнуўшы звычайную развагу:

– Ніякіх “пук-пук”. Вашаць хоча ўсе запасы ядраў на тлум спусьціць? Хай бліжэй падступаюць. Паглянем, што чыніць будуць. Перадаем па ланцугу, – зьвярнуўся ён да вартавога. – З мушкетаў, ручніц і гакаўніц страляць па неабходнасьці. Падпускаць супастата на лёт кулі. Арматы ўжываці толькі з майго аблічняга дазволу.

Тым часам адзін з конных казакоў падаўся значна наперад, пакідаючы далёка за плячыма сваіх таварышаў. “Аля! Аля!” – штомоцы крычэў ён, гарцуючы на добрай адлегласьці ад паркана.

– А гэта яшчэ што? – спытаў Мантгомэры, які зноў уважліва назіраў за полем.

– Татарскі кліч, – патлумачыў Жураўскі. – Зухвальства паказуе.

Казак працягваў крычэць і вельмі небясьпечна набліжаўся да горада. Адзін з жаўнераў, выбраўшы добры момант, пацэліў і стрэліў у ворага. Куля забіла каня, які ўпаў, скінуўшы нефартуннага вершніка. Ёган зь цяжкасьцю мог разабраць, што адбывалася пасьля падзеньня – казака стаіла жыта. Але неўзабаве ён вынырнуў з хлябоў трохі воддаль і пакрочыў да сваіх.

– Во гад. Нават не бяжыць, – злаваўся галоўны апалчэнец. – Давай мездарнем па ім з арматы. Каб не задаваўся

– Не кляпі мне, пане-браце, мазкі сваімі арматамі. Стартэг чортаў, – нядобразычліва прашаптаў капітан.


4.

Казак, якога хацеў падстрэліць з арматы пан Аляксандар, паволі наблізіўся да паплечнікаў. Перамігнуўшыся з адным, падсеў да яго на каня, пасьля чаго ўвесь гурт паскакаў у бок садоў. Іх чакаў палкоўнік Пятро Забела.

– Што скажаш, Лявоне? – працінаючы ледзяным позіркам, зьвярнуўся стары палкоўнік да казака.

– Патрэбнае зрабіў. Белы голуб падняўся над Гомеем. Значыць Аля ўсё чула і гатова даць знак нашым дзецюкам у горадзе.

– Ты ж казаў, што можа й не давядзецца  выконваць гэтую задуму.

– Але я казаў менавіта “можа”, а не “адназначна”…

– Дык чаго ж твае хвалёныя мяшчане, убачыўшы чырвоную харугву з крыжам, ня выйшлі да нас, не адчынілі брамы? Ці трэба ўвогуле спадзявацца на тваіх, як ты кажаш, дзецюкоў?

– Ты ў праве мяне ня слухаць. Але ж сам мусіш разумець, што лобавы ўдар па Гомею можа нас загубіць. Пры сьценах ды на некаторых вежах стаяць арматы. Дый жаўнеры з гарачай зброяй. Пачнуць пуляць – хутка нас у гатаваную ялавічыну з хрэнам ператвораць.

– Бабу цурбэлкам, а казака сьмерцю не застрашыш, – напышліва адказаў палкоўнік. – Зараз Літвіненка з Паповічам падыйдуць. І нас адзінаццаць тысяч будзе. Багата. А колькі іх там, за парканам? Драбяза.

– Ты калі-небудзь песьню пра князя Астрогскага чуў?

– “Слава Воршы ўжо нягорша”?

– Так. У той бітве масквіцян было нашмат больш, чым русінаў. Але іх, маскалёў паганых, завабілі ў пастку: прымусілі хутка наступаць, а потым расстралялі з араматаў проста ў лоб.

– Ты да халеры шмат, як для былога мешчаніна, ведаеш.

– Нічога дзіўнага. У нас да вайны ў Гомеі было брацтва. Рукапісы і друкі зьбіралі, чыталі. Дык я і ведаю пра многае ня толькі зь дзядоўскіх паданьняў. Шмат расказалі кнігі мне старыя. Вось я і раю быць асьцярожнымі. Лепей мы хітрасьцю, чым яны нам шчырым агнём. Пакуль трэба акапацца і пачакаць. Нашы абавязкова адчыняць браму.

Палкоўнік Забела слухаў Лявона з крывой усьмешкай, але разумеў, што паказачаны гомейскі братчык мае ў сваіх развагах рацыю. Хітнуўшы на знак згоды галавой, ён скіраваў каня ў бок загонаў Літвіненкі і Паповіча, якія акурат набліжаліся. Учыніўшы раду, тры палкоўнікі аддалі сваім казакам загад рыць вакол горада шанцы, разыгрываючы перад ворагам гатовасьць да працяглае аблогі. А каб ня быць засягнутымі зьнянацку, частку казакоў выправілі ў разьезд па вёсках і па ўсіх дарогах на колькі вёрст для вартаваньня.


5.

Выпусьціўшы голуба, Алюта ўзяла вядро і выйшла з падворку. Неўгамонны Анісіфор зноўку сачыў за ёй. Прачыніўшы вакенца, ён глядзеў праз самаробную трубу з адмыслова адшліфаванымі пукатымі шкельцамі па канцох, дзякуючы чаму далёкія прадметы бачыліся вельмі блізкімі. Трубу, прызначаную найперш для навукі зьвяздарскай, дзяк употайкі змайстраваў сам, выкарыстаўшы апісаньні зь недазволеных яму лацінскіх кніг. Зоры сачыць было добра – там у космасе ўсё адно, дзе гара, дзе дол. А вось зь зямнымі прадметамі была суцэльная бяда – усе яны бачыліся толькі да гары дрыкам, як Анісіфор тую трубу ні круціў. І вось цяпер грэшная ўдава стром галавою крочыла да перакуленага калодзежа. “Смагай змучона блудніца сія і не ўбаіцца ісьпіці дзікай кулі казачай”, – падбіраў няслушны зьвездазорца больш трапны выраз для наступнага запісу ў кроніку. Абернутая Алюта сьцішыла хаду. Перавернуты Такеша гучна на цэлую вуліцу (аж да царквы даляцела) ускрыкнуў пра кепскія знакмені пустых вёдраў у жаночых рукох. Жанчына адмахнулася ад вар’ята і пайшла сабе далей. “Сірым і ўбогім не спагадуець!” – прашаптаў Анісіфор. “Уначы пасьля майго знаку вы павінны адчыніць Чачэрскую браму”, – прашаптала Лявоніха. Шэпт прызначаўся для Такешы. Той борзда адступіўся, нібы яго аблаялі аж да маці, і, лямантуючы пра “нікчэмныя часіны ўсяленскай ночы”, пашыбаваў у бок карчмы.

У Алюты зьнібела сэрца. Яна думала пра мужа і ўсю навакольную таўпарню, у якой удзельнічала і сама. Ажыцьцявіць наважанае было ня так і проста, як здавалася. Скрадзены ў Мантгомэры ключ без мажлівасьці вольна падступіцца да брамы ператвараўся ў простую зялезку. “Нашы мужчыны ўсё здолеюць. Удалося б толькі мне пагаварыць з…” – думка перарвалася, бо ў воднай гладзі вядра, куды мяшчанка міжволі зірнула, бліснуў сонечны зайчык. Яна сьпешна азірнулася і падняла галаву ўгору: бляск зыходзіў з вакна Траецкае царквы. “Пільнуюць”, – праімчалася ў галаве. Лявоніха ўспомніла аповед мужа пра незвычайныя трубы са шкельцамі і напружылася: “А раптам у іх якая новая труба, каб ня толькі бачыць, але і чуць на адлегласьці можна было. Усё бачылі, усё чулі, пра ўсё данясуць. А немец не пашкадуе, дарма што божкаўся. Павесіць на той самай браме разам з ключом… Нешта трэба рабіць”. Вядро замінала. Вядро, нават поўнае, рабілася кепскім знакам і для яе. Але жанчына ня кідала яго і, толькі ўвайшоўшы ў брамку царкоўнай агароджы, яна вызвалілася ад цяжару: паставіла драўляную пасудзіну блізу цвінтара.

Царква пуставала. Стары сьвятар загіб за мінулай аблогай. Новы ці прыехаць не пасьпеў, ці папросту баяўся тачыць носу ў гушчу казацкае валкі. Заставаліся царкоўныя служкі, якія даглядалі храм, не дазваляючы яму зусім заняпасьці. Алюта, сумеўшыся, стаяла перад алтаром. На пярэймы выйшаў дзяк Анісіфор.

– Блаславі цябе Госпад, – павітаўся ён, і жанчына заўважыла ў яго позірку зьбянтэжанасьць.

– І табе, дзяча, хай Бог аддзячыць, – зусім несьмірэнным голасам гаварыла Лявоніха, – і ў ручкі, і ў ножкі, і пасярэдзіне трошкі.

– Не блюзьнер у храме, – заікаючыся, адказаў на дзіўнае зычэньне царкоўны служка.

– Чужая доля ў вока коле. І гэткаму воку ўсевідушчым быць закарцела? Божыя слугі жыць сьціпла павінны. Пра душы, пра добрае дбаць. Не так, як ты аблуднік грахоўны.

– Ня ведаю, што табе прытрапілася. Сія павесьць твая голая суць, – нэрвова бурчэў дзяк, пакусваючы ніжнюю губу.

– Не галей за маю сраку. Ты чаго мяне пільнуеш?

Алюта глядзела яму проста ў вочы і не плюскала. Той пачырванеў і не знайшоў адразу, што адказаць. Ён не зразумеў пра якое пільнаваньне – начное ці дзённае – вядзецца. Прызнавацца не хацелася ні ў гэтым, ні ў гэным.

– Бог адзіна здольны пільнаваць усіх і кождага: ад мала і да веля, ад нявольніка і да караля, ад пясчынкі і да сонца. Чаго мне маніцца на веліч Ягоную? – стаў выкручвацца ён.

– Вось і я пытаю пра тое, – нібы ледзяной глыбай біла, мовіла мяшчанка. Дзяк, адчуваючы той лёд, дробна калаціўся. Ён ня ведаў, што яшчэ трэба было адказаць, каб дакучлівая блудніца адкаснулася.

– Можа салодкага мяса шчупнуць хочаш? – Лявоніха састроіла прыкрую ўсьмешку і павольна прыўзьняла вышэй каленяў свой андарак. – Хадзі пакратай.

– Ізыдзі, гадзкі сатана, – нібы ўчадзелы, цьвердзіў Анісіфор, набліжаючыся да бессаромніцы. Ягоныя дрыготкія рукі дакрануліся да алюціных ног. Паціху ён стаў падымаць іх вышэй а вышэй. І калі ягоныя далоні самі сашчапіліся там, дзе ногі сканчаюцца, жанчына зрабіла рэзкі рух управа і вельмі спрытна ухапілася правіцай за дзякава ўлоньне.

– Назаві сьпіс гарадоў Сьвідрыгайлы! – не ўстрымалася яна і ўспомніла старую гомейскую дзіцячую забаўку.

– Якога Сьвідрыгайлы? – стагнаў ад болю дзяк.

– Жартую, – без намёку на сьмех шыпела Алюта. – Кажы, каму даносіш, падла.

– Нікому. Токма паперы.

– Усе паперы сюды, інакш ня спаць табе ніколі з папоўнай.

Мяшчанка адняла руку. Задыханы Анісіфор пайшоў у сваю камору, дзе ладна забавіўся.  Лявоніха вычула кепства і рынулася ў камору. Дзяка не было. У разьяшчаранае вакенца яна згледзіла яго постаць: дзяк шпарка аддаляўся, трымаючы ў рукох кнігу.

Шпаркасьць дзяка насьцярожыла Такешу. Пагатоў ён згледзіў, што ад царквы ў іх бок подбегам крочыла Алюта. Ён пераняў дарогу і спытаў з характэрным скавытаньнем:

– Камо градзешы, чалавек божы?

– Вазьмі пенязь і адстань, чалавеча, – прамовіў Анісіфор і працягнуў таму манэтку.

– Гавары! – не ўтаймоўваўся Такеша, моцна схапіўшы царкоўніка за рукавы.

Штурханіну спрыкмецілі жаўнеры, што сачылі за парадкам у абложаным горадзе. Ня доўга разьбіраючыся, яны забралі закалотнікаў спакою, каб зачыніць у старым карчомным склепе, пераладжаным пад вязьніцу. Рукапісны фаліянт, адабраны ў дзяка яны разглядалі як цікавінку і ўрэшце вырашылі перадаць уласнаручна пану капітану.

Мантгомэры пагартаў недапісаную кнігу, апошнія старонкі якой яшчэ патыхалі тутэйшым гнюсным атрамантам і дзякавай злосьцю. Велягурыстасьць складу і спосабу выяўленьня думкі на пісьме, уласьцівыя нататкам Анісіфора, не перашкодзілі Ёгану зразумець усё слушна. Больш за тое, ён вокамгненна зрабіў выснову аб ролі Алюты ў дзеі, што адбывалася мінулай ноччу. Наказаўшы пану Жураўскаму нічога супроць казакоў не прадпрымаць, капітан з двума жаўнерамі выправіўся да Алюцінага дому. Гаспадыні ані ў доме, ані на падворку не знайшлі. Разьюшаны Мантгомэры загадаў учыніць суцэльны агляд гомейскіх дамоў, а сам падаўся ў вязьніцу, каб асабіста дапытаць дзіўную пару затрыманых. У паветры пахла здрадай.


6.

Затрыманыя маўчалі. Анісіфор – бо нічога ня ведаў. Такеша – бо нічога апавядаць не зьбіраўся.

– Добранька. Я вам абяцаю, загаворыце. Мы ўмеем добра языкі разьвязваць, – казаў капітан да маўчуноў і прасіў пахолка прынесьці шчыпцы ды пару вялікіх іголак-шаршатак. Дзяк таргануўся і, перапоўнены страхам, прабубнеў:

– Няма чаго гаварыць. Я блудадзейныя думы аб удавіцы Лявонавай Алёне меў. Хцівасьць жаданьня стаміла таемная…

– І сачыў за намі?

– Так…

– Навошта ўвесь гэты блуд на паперу пускаць?

– А зачым наагул людзі пішуць? Зь якім розмыслам? Можа пісьмо нявартае жыцьцю, якое яно намагаецца адлюстраваць…

– “Адлюстраваць”? Цікавае слова. Не сустракаў я такога раней.

– А яго і няма нідзе, толькі ў маёй галаве. Я сам яго ізмысьліў.

– Можа ты іншых мужчын на ўдовіным падворку таксама прыдумаў, а прыдумку на пісьмо перанёс? Можа памеркаваў, што ў такой прыгажуні мусіць быць мноства каханкаў, дык так і напісаў? А можа быць ты ўсё прысьніў? Чаго толькі ня высьніць чалавек? Га?

– Не. Ня выдумаў і не прысьніў. Натаваў толькі тое, што на вочы ўласныя бачыў. Рэчы апісаны ў ісьце сваёй, а словы па кавалку ад усюдых узятыя…

– Зараз ты сам па кавалках у розныя куты ляжаш, – Мантгомэры ўвадначас зьмяніў датулешнюю прыязнасьць у голасе.

– На ўсё воля божая. Я сваю праўду сказаў. Спытай у юродзівага… Ён сёньня ля ўдавіцы круціўся.

– Ну, абізгале, кажы, – капітан павярнуўся да зьвязанага Такешы, які, вырачыўшы вочы, сядзеў побач. Ён працягваў удаваць зь сябе вар’ята.

– Зь цягам часу дуб, каторы стаіць пры дарозе, шторазу часьцей павадуе згадкі пра дзіцячыя гульні і першыя спробы выбару… Чаму журуся, гукі дуба чуючы? Ці не маленства мне голас падае? Адтуль туга мая, адтуль жаль мой аб немажлівым, недасяжным, прамінулым, неўзваротным. І хай бы яна ўжо маўчала  аб мінуўшчыне, якой больш няма. Боль ломіць, разлучае, але так, што яднае і цягне да яе.

– Ага, нават так, – напяў маску разважлівасьці іншаземец. – Калі ты быў малым і здаровым,  мог забаўляцца зь дзяўчынкай Алютай. Мог нават любіць яе. Цалаваць. Па-дзіцячы зусім. Ці не па-дзіцячы. І яна магла рабіць тое самае. А цяпер ты іншы. Яна цябе ня хоча нават бачыць. Але ты ўсё памятаеш і чапляешся да яе, а раптам пацалуе…

– Ага, ага… – азваўся Такеша.

Мантгомэры расплыўся ў кацінай усьмешцы і праз імгненьне моцна выцяў фальшывага юродзіўца нагой па твары. Усьмешкі, як і не было.

– Усё гэта бздура. Вы ўдвох хочаце пераканаць мяне, што бяз памяці ўлюбіліся ў Лявоніху? – капітан стомлена звузіў вочы, якія пачыналі гнаіцца ці то ад тутэйшага ветру, ці то квецені ліпаў.

– Катаваць абаіх, пакуль не дакапаецеся да казацкага сьледу іх учынкаў, – загадаў ён змрочнаму чалавеку, што называў сябе катам, і без прамаруды пакінуў склеп.


7.

З-за паркана чуўся голасны сьмех і барабанны пошчак. Казакі старанна выбівалі “Басалуку” [6]. Жаўнеры ў горадзе ня менш старанна, але безвынікова вышуквалі Алюту. Мантгомэры вярнуўся на вартавую вежу. Пан Аляксандар дыхаў злосьцю: казакі пасьпелі голасна пахваліцца, што спаймалі і ўмучылі ягонага таварыша пана Ленскага.

– Сказалі, што дзесяць чырвонцаў узялі, – бедаваў ён. – А гэта мне тыя грошы прызначаліся…

– Ня плач па валасох, калі галаву адсякаюць, – спакойна заўважыў капітан. – У горадзе здрада. Нейкая таемная суполка хоча падсобіць казакам. За гэтым патрабую ўзмацненьня варты надзейнымі людзьмі, пра якіх дакладна ведама, што казакоў ненавідзяць.

– Таемная суполка? – кашлянуўшы, перапытаў Жураўскі. – Быць такога ня можа. Пасьля ўсіх бедаў, прычыненых гораду казацкім збродам, толькі вар’ят можа спрыяць іхняму прыходу.

– Аднаго вар’ята ўжо дапытваюць. З прыдзіркамі.

– Такешу? Пане, які зь яго змоўнік? Бурбалкі зялёныя ў яго галаве, а ня змова. Ён нават крыкамі сваімі нікога падбухторыць няздатны, а пагатоў кіраваць змоўніцкай хеўрай. Кій перагінаеш, Вашаць.

– Чалом змоўніцкай аргады ёсьць ня ён, а найбарзджэй, Алёна Лявоніха.

– Цьху. Вось табе і маеш, – зладзіў кіслую міну пан Аляксандар. – Вы там у сваіх эўропах зусім з галавой не таварышуеце. Баба змоўніцкі важак! Абмачыць каленкі! Дзе такое бывала ў нашых краёх? Кудзеля і любебля – жаночыя рэчы. Ды каб аладкі пякла смачныя.

– Вось яна і напякла аладак, якія казакам каштаваць давядзецца, калі мы зараз без адвалокі не пачнем варушыцца.

Мантгомэры прымружыў вока, хітра глянуў на суразмоўцу і пасьля хвіліннага маўчаньня пацікавіўся:

– А як, дарэчы, Вашаць кагадзе здагадаўся, што я меў на ўвазе Такешу?

Вочы пана Жураўскага люта бліснулі, рука пацягнулася да зброі. Але капітан першым выхапіў шаблю і прыставіў яе супору да горла.

– Ня рухайся, – загадаў іншаземец. – Ты таксама зь імі? Колькі яшчэ тваіх апалчэнцаў супраць нас?

– Паасьцярожней з шабелькаю, Ёган. І ня трэба клямства вярзьці, пане, гонар мой шляхецкі ўлегцыменьнем зьневажаць.

– Адкуль чакаць казацкага наступу? Дзе іх зьбірюцца ўпусьціць у Гомей? – не сунімаўся Ёган і пачынаў патроху націскаць шабляю.

У памяшканьне раптоўна забег жаўнер і пачаў штось гаварыць да Мантгомэры. Скарыстаўшы з гэтага пан Аляксандар адскочыў назад, агаліў шаблю, падаўся наперад, секануў жаўнера па галаве і накінуўся на капітана. Рухі Жураўскага нагадвалі скачкі рысі. Агаломшаны, капітан зь цяжкасьцю абараняўся. На колькі цельпукаватым здаваўся яму здраднік, на столькі ж спрытным ён насамрэч апынуўся, атакуючы з усіх бакоў і патрапляючы адбіваць усе капітанавы выпады. Адчуўшы пэўную слабасьць, камандзір найміцкай залогі клікнуў сваіх жаўнераў, просячы дапамогі. “Цэльце ў рукі-ногі. Але не замардуйце”, – лямантаваў ён па-нямецку. Супраціўнік працягваў адорваць яго магутнымі шабельнымі ўдарамі, стрымліваць якія рабілася ўсё цяжэй а цяжэй. Бухнуў мушкетны стрэл. Пан Аляксандар Жураўскі адразу спыніў барацьбу і, прашаптаўшы: “Нашы сэрцы палаюць агнём”, марудна апусьціўся долу мёртвым. “Я ж прасіў параніць”, – крахтаў ад незадаволенасьці  Мантгомэры. Прыбеглы зь вязьніцы пахолак яшчэ больш узвар’яваў яго: кат перастараўся і абодва затрыманыя, так нічога не сказаўшы пра казакоў, душамі загавелі. Ёган адчуў прарэзьлівы боль галавы і пагрузіўся ў ружовы вязкі, бы кісель, туман. Такое ўжо здаралася раней пад Дэсаў і Лехам. Ад празьмернае стомы, напругі, а можа быць і невядомай хваробы, ён губляў пачуцьцё рэчаіснасьці, сядаў з заплюшчанымі вачыма долу і маўчаў. І абудзіць яго з гэтага здранцьвеньня было немагчыма.


8.

Адзінотны мушкетны стрэл на Спаскай вежы вельмі ўсхваляваў Лявона. Ён пашыбаваў да Забелы.

– Там нешта ня тое адбываецца, – заявіў паказачаны гамеянін.

– Ну стрэліў нехта, шклянога бога павітаўшы, дык што? – скептычна спытаў палкоўнік. – Ці хочаш сказаць, яны там ня п’юць?

– Ня ведаю, ці п’юць. Але рэч у тым, што ўмоўлена было па іншаму. Калі за парканам дзеіцца ўсё ладным для нас чынам, адзін з апалчэнцаў пачынае гарлаць песьню пра пападзьдзёвы цыцкі і страляць у неба. Акурат самы час для гэтага. Але, як бачыш, ані знаку. За парканам нешта творыцца… А раптам іх усіх выкрылі?

– Ведалі на што ішлі, – цьвёрда, без найменшага нацеку на міласэрнасьць прамовіў Пятро Забела. – І нюні разьвешваць тут ня трэба. Калі жывыя, дык азавуцца. Калі памерлыя, дык вечны ім спачын. Мы і самі можам управіцца.  Работы маім малойчыкам і так пакуль знойдзецца. Па ваколіцах праехаць ды шляхту за кашэль патрэсьці. Дзень-другі перачакаць можам. А ў іх, за парканам, прыпасаў паменее.

– Дазволь мнепрабрацца ў Гомей сёньня.

– А я табе адразу казаў, што ўвязваць бабу ў такую справу ня трэба. Усё сапсуе.

– Яна ня баба, – як сякерай па калодцы ўдарыў, сказаў Лявон. Але словы ягоныя прагучалі неяк сьмешнавата, бо неўпрыцям нагадалі пра палкоўніка Мартына Нябабу, з чыйго загаду яны і апынудіся пад Гомеем.

– У кожным разе, – стары палкоўнік пільна зірнуў на паказачанага, – ніякага зухвальства я табе на сёньня не дазваляю. Сядзі тут. Адпачывай. Сілаў назапашвай.

– Але ты павінен ведаць: калі Аля яшчэ жывая, яна абавязкова зробіць належнае.

– Ты непапраўны летуценьнік. Ідэаліст, як кажуць філёзафы.

– Тым-сім філёзафам хапае спрыту заставацца чыстымі доўбнямі. Я не летуценьнік і не ідэаліст. Я проста кахаю яе і ведаю, на якія афяры яны мусіць ісьці, каб дапамагчы нашай справе. Нашай агульнай справе…

– Жанка створана для ўцех і для падаўжэньня роду чалавечага. І тое, што пэўныя кабеты паказуюць мужчынскія якасьці, выклікае нядобрыя падозраньні: ці ня чорт у ёй сядзіць.

– Мне лепей ведаць пра ейных чарцей. І я ніколі не згаджуся з думкай, што жонка толькі ярэмны даважак да нашага жыцьця, які дастаецца выпадкам, а катуе пасьлядоўна і дамэтна аж да скону.

– Ты ці сапраўды шчасьлівы, ці проста дурань. Нават цяжка падумаць, як цябе такога ў казакі занесла.

– Бо мусіла занесьці, – ціха сказаў Лявон і на мігі папрасіў дазволу скончыць гутарку і зыйсьці.


9.

Здарэньне на Спаскай вежы, застаўшы зьнячэўку, чыста зьбіла з тропу і жаўнераў-наймітаў, і апалчэнцаў, і проста мяшчан, якія не ваявалі. Бальшыня зь іх разважала-варажыла аб прычынах дзіўнага двубою паноў Жураўскага і Мантгомэры. Цела забітага пана Аляксандра, перанесьлі ў склеп-лядоўню, каб пасьля аблогі пахаваць, як і слушыць двараніну з усімі адпаведнымі пашанотамі. Пана Ёгана даставілі ў дом Красоўскіх, дзе ён кватараваў. Яго ня здолелі выпрастаць і таму пакінулі седзячым. “Выліты апостал Лука”, – здумляўся Красоўскі. І сапраўды згнобленая постаць капітана нагадвала драўляную фігурку сьвятога з грэка-рымскай царквы.

Камандваньне апалчэньнем пераняў зусім юны сотнік Аўсей Пац. Найміцкую залогу на час нядужасьці ротмістра Мантгомэры ўзначаліў першы зь яго заступнікаў[7] паручнік Іштван Заякот. Вырашылі трымацца ранейшае тактыкі, не распачынаючы актыўных дзеяньняў паперад праціўніка. Была глыбокая ноч.


10.

Сьвежае паветра даходзіла да падземнае схованкі марудна. Алюце даводзілася трываць такую нязручную акалічнасьць. Каб выжыць… Калі ўраньні яна заўважыла, што жаўнеры забіраюць Такешу і Анісіфора, стала ясна: “Прыйдуць і па маю душаньку”. Напоўніўшы вадой (з таго самага злашчаснага вядра) біклагу, прыхапіўшы букатку хлеба, Лявоніха пакінула дом. Яна рушыла ў самы аддалены куток свайго падворку – туды, дзе звычайна звальвалася сьмецьце і зьліваліся памыі. Пахла ня кветкамі, але смурод жанчыну зусім не турбаваў. На самым краі сьметніцы, што ўшчыльную прылягаў да плота, пад хлудам месьцілася  века, за якім пачынаўся падземны лаз. Ён вёў да досыць вялікіх і разгалінаваных галерэяў, невядома калі збудаваных і забытых усімі месьцічамі. Незадоўга да папярэдняй аблогі ход выпадкова знайшоў Лявон. Муж меркаваў, што недзе мусілі быць падземныя дарогі да Сажа і Гамеюка. Але добра агледзіцца ў блукаходнях яны тады не пасьпелі, адно вызначылі, у якой нішы на выпадак новай злыбяды будзе хавацца Алюта…

Жанчына наракала на нешанацаваньне. Дакарала сябе за тое, што праваліла ўсе мужавы задумы. Папікала ў баязлівасьці. Халодныя сьлёзы пырснулі  з вачэй, і яна прыглушана зарумзала ад цяжару собскіх няўдаліц. Пахла зямлёю. Зусім блізка пішчэлі пацукі і мышы. Абараняцца ад падземных жыхароў, а заразом і ад верагодных гасьцей з назем’я, Лявоніха меркавала вялікім нажом – склюдам, што быў прыхаваны ў нішы.

– Госпадзе, – услых прамовіла яна, – што ж я сяджу? Шкуру сваю ашчаджаю, а ўсіх на вырак лёсу спускаю. Так нельга. Няможна. Я ж моцная. Хітрая я. Я многае магу, а ня толькі па-блуднічы прывабліваць мужчын. Трэба выбірацца і шукаць…

– Далёка маладзіца сабралася? – мужчынскі голас у змроку змусіў Алюту скалануцца перш, чым яна сьцяміла, каму ён належыць.

– Лявоне, – нягегла выгукнула яна, падскочыла і пабегла ў цемрадзь.

Цалункі здаваліся бясконцымі. Жанчына не хацела ў тыя імгненьні цікавіцца-пытацца, што ды як. Жадалася ёй узгадаць-прыпомніць мужавы ласкі-пяшчоты. І хоць падземныя пахі вымагалі чакаць лепшага, а паветра ставала чуць на чуць, Алюта ціхмяна сказала: “Ты павінен зрабіць гэта. А потым хай зноўку будзе вайна”. Сказаўшы яна павярнулася да мужа сьпінай і падалася тулавам уперад, прыклаўшы далоні да прахалоднай земляной сьцяны…


11.

У горадзе дваццаць чалавек напружана чакалі таемнага загаду аб помачы казацкаму войску. Частка іх, зь ліку апалчэнцаў, патанала ў трывожных сумневах. Яны меліся выконваць распараджэньні пана Жураўскага. Толькі ён трымаў у галаве ўвесь рэестар дзеяньняў апалчэнцаў, верных казацкай справе. Але камандзір загінуў. Паліты вадой порах высыхаў. Заставалася толькі спадзявацца на нешта яшчэ. Спадзявацца, нібыта на чараўніцтва. Чакаць, быццам зыркую зорку, што прадкажа перамогу над уласнымі суродзічамі, зь якімі так цяжка было жыць у адным гаспадарстве.

Іншыя з той дваццаткі заставаліся ў сваіх дамох, але ня спалі. Яны таксама мелі надзею на чыёсьці слоўца, якое б ясна вызначыла наступны цяг іх учынкаў. Проста выйсьці і рушыць да паркана ці брамы не ставала адвагі. Бессэнсоўнай пагібелі ніхто не хацеў. Але кожны быў гатовы аддаць жыцьцё, дапамагаючы тым войскам, што аблажылі Гомей з трох бакоў. “Паміраць, дык толькі пад граньне сурмаў баявых”, – думаў ці адзін зь іх. Найбольшых ваганьняў зазнаў Дзяніс Дудар, які перахоўваў скрадзены ў Мантгомэры ключ. І думалася яму, што яшчэ ўдзень ён мог перастрэць пана Аляксандра і хоць намякнуць, куды на ноч трэба ставіць верных людцаў з апалчэньня. Але наўпрост, без пасярэдніка, рабіць гэта яму забаранялася. Пасярэдікам быў Такеша. Раптоўнае зьнікненьне апошняга, гойсаньне немцаў з вугорцамі па гораду ў пошуках удавы Лявонавай Алёны, няўцямнае забойства Жураўскага няшчадна кроілі ўсе разьлікі, падбівалі нават самыя простыя спадзевы.

У дзьверы Дзянісавага дома пастукалі. Ён ні на міг не ўсумніўся, што пачуў умоўны стук, але не было пэўнасьці, ці сапраўды знадворку нехта з супольнікаў.

– Хто? – сувора спытаў гаспадар, стаўшы вустарань ад уваходу.

– Дзядуля Хто-б-ні-быў і бабка Пацалуйка, – прагучэла ў адказ. Дудар пазнаў голас і адчыніў дзьверы. Лявон і Алюта ўвайшлі ў хату. Узрадаванаму, але разам з тым зьдзіўленаму, Дзянісу давялося тое-сёе патлумачыць.

– Падземныя хады? – перапытаў ён, пачуўшы пра спосаб, якім іх спрытны верхавод патрапіў у горад. – А чаго ж мы тады калтавэхаемся?  Хай бы казакі па падзямельлі ў Гомей і ўвайшлі.

Лявоніха запытальна зірнула на мужа, маўляў, як самі не даўмеліся да такога. Той на сэкунду сьціснуў зубы, кашлянуў, не разяўляючы рота, і потым прамовіў:

– Гэта немагчыма. Пачатак ходу з таго боку вельмі вузкі нават для аднаго чалавека пры поўным баявым рыштунку. Да таго ж  уваход ляжыць пад вадой. Вось і ўяві, як некалькі казацкіх загонаў паспрабуюць тайком даць нырца ў Гамяюк. Што будзе? Варта пастраляе бальшыню, быццам качак.

– Угу, у ліхі час ліхі і квас, – прамармытаў Дзяніс і распавёў пра тую няпэўнасьць, якая спаўзла на плечы ўсёй таемнай мяшчанскай суполцы.

– Нешта падобнае мне і ўяўлялася, – гаварыў Лявон, гледзячы на агонь лучыны. – Нам нічога не застаецца, як браць зброю і рушыць да Чачэрскай брамы. Але сьпярша Аля па падземцы выправіцца да казакоў…

– Я?! – з роспаччу ўсклікнула жанчына.

– Ты. Дзяніс табе даць мужчынскі строй. Я правяду цябе да самае вады. Нырнеш. Асьцярожна выберашся на той бераг Гамеюка. Прапаўзеш (лепш прапаўзі!) сажняў дзьвесьце да бліжэйшага густога кустоўя. Цябе спытаюць: “Якія там жахі?”, ты адкажаш: “Зазвычай аксамітныя”. Калі апынешся за кустамі, назавешся жонкай Лявона Гамелькі (так мяне ў іх мянуюць), спытаеш Астапа Бульбу і скажаш, што я прасіў пачынаць надуманае. Зразумела?

Лявоніха сумна кіўнула і пайшла пераапранацца.

– Зьбірай дзецюкоў, – загадаў Лявон паплечніку.

Дзяніс выйшаў на падворак і гучна закрычэў пугачом. Дзевяць гамеян адчулі з гэтым крыкам доўгачаканую палёгку і шпарка пачалі ўскрываць свае хованкі са зброяй.


12.

 Даведаўшыся пра ўчынак Лявона Гамелькі, Забела не на жарты ўсходзіўся  і лаяўся самымі брыдкімі словамі з усіх моваў, якія толькі ведаў. Вылаяўшыся, ён астыў і ўважліва выслухаў Астапа Бульбу. Пераказаная ім Лявонава задума прыпала казацкаму палкоўніку да смаку. Ён аддаў патрэбныя загады, і заставалася толькі дачакацца пасланца з абложанага горада.

Абаронцы Гомея марнавалі сябе няспаньнем. Ні паручнік Заякот, ні сотнік Пац нават на волас не задрамалі і не давалі рабіць гэтага сваім падначаленым. На колькі атрымлівалася, яны выглядвалі, што робіцца за парканам. Панавала цемра. Апроч паходняў, якія давалі зусім мала сьвятла, адзінай вялікай сьвяцільняй служыў месяц. Але ягонага зьзяньня было недастаткова, каб добра разгледзіць немалы абшар да казацкіх намётаў. Там палалі вогнішчы. Там раз-пораз выбухаў рогат. Ад гэтага рогату абаронцам горада рабілася непамысна вусьцішна, нібы цемра між імі і казакамі была ня проста полем, а мостам паміж зямною явай і безданьню апраметнай. Іштван Заякот у думках прысьпешваў надыход сьвітаньня. Ворага ён хацеў бачыць у твар і пры неабходнасьці перайсьці да чыннай абароны, пакуль не ачомаўся асьцярожнік Мантгомэры.

Ёган Мантгомэры па-ранейшаму сядзеў у той самай апостальскай паставе і час ад часу блузьніў сабе пад нос. Гэта быў суплёт моваў і сэнсаў. Зь яго вуснаў зьляталі ўрыўкі прысягі каралю і вялікаму князю, фрагмэнты эвангельля ад Мацьвея, кавалкі песьняў пра Зыгфрыда і нібэлюнгаў. Ягоныя вочы  шпарка бегалі пад павекамі. Ён бачыў цяжкі сон пра траянскага каня і вертаград мнагацьветны, у травах якога леў, бык, арол ды хтось чацьверты без імя спрачаліся міжсобку, дзелячы яго вопратку і нейкия зусім няўцямныя колоколы непреходящи, што нібыта таксама належалі яму. Самога сябе пан капітан у сьне ня бачыў і ня чуў.


13.

 Алюта  дабралася да казакоў. Гаварыла з Астапам Бульбам, тлумачылася зь Пятром Забелам. Слухаючы яе, палкоўнік пачынаў разумець Лявонавы словы: “Яна ня баба”. Пасьля ўсіх роспытаў ён сабраў сваіх найбольшых зламі-галоваў і, адправіў пад паркан, паясьніўшы, што і як трэба рабіць. Каб ня выдаць сябе ў змроку, тыя, як адзін, абмазалі твары попелам. Прыхапіўшы патрэбную аснаду, казакі зьніклі ў змроку і праз пэўны час аб’явіліся ля гарадзкой сьцяны. Адны зь іх сталі затыкаць дошкамі ніжэйшыя байніцы. Абаронцы не пасьпявалі агоўтацца і апыналіся без магчымасьці страляць. Многія білі па затаўках мушкетамі, і некаторыя дошкі паддаваліся. Але зрабіць стрэлу амаль ніхто не пасьпяваў: як толькі мушкет вытыркаўся вонкі, казацкія спрытнюгі білі абухом па самаму краю рулі, выбіваючы зброю з рук супраціўнікаў. Жаўнеры лаяліся. Казакі сьмяяліся. Гэткай дзёрзкасьці ворага і баяўся пан Іштван. Спрабуючы выратаваць становішча, ён скіраваў да заткнутых байніц ваякаў з гакаўніцамі. Гакаўніца не мушкет – сорак фунтаў так проста з рук ня выб’еш. Да таго ж рулю адразу адводзілі ў бок – туды, дзе мог таіцца супастат – і, як толькі затаўка вылятала, выстрэльвалі. Вялікія кулі разьбівалі абухі, радзей – казацкія пальцы. Струмені гарачага паветра апякалі казакам рукі. Жаўнеры сьмяяліся. Казакі лаяліся. Самыя сьмелыя зь іх совалі трафэйныя мушкеты ў байніцы і пулялі наўздогад. Зьявіліся першыя забітыя. Страляніну чуў увесь горад. Чулі і ўзброеныя мяшчане, якія сабраліся ў доме Дзяніса Дудара. “Яшчэ ня час,– супакойваў парывы таварышаў Лявон. – Зараз Рэчыцкая брама стане сьведкай авантур”.

Другі гурт казакоў падкраўся да брамы, дзе павінны былі вартаваць верныя пану Жураўскаму апалчэнцы. Палкоўнік Забела папярэдзіў іх пра гэта, але наказаў быць асьцярожнымі, бо ніхто так і не даведаўся, ці не памянялі тых на наймітаў-іншаземцаў альбо мяшчан, шчыра адданых каралю і вялікаму князю. Дасягнуўшы вуглавой часткі паркану, казакі падзяліліся: адна палова ўзялася падпілоўваць дубовыя кольлі якраз на рагу агароджы, другая ж ахоўвала першую. Гук ад пілаваньня проста немагчыма было не пачуць, але варта на вежы маўчала.

– Гэй, башта! – пачулася за парканам. – Вы там сьпіцё, трасцу вашай матары, ці як? Што там на рагу робіцца?

– Цмок аб плот сьпіну чэша, – прагучэў адказ зь вежы.

– Вы што там, курва пердалёная, палыноўкі перабралі?! – у голасе большала зласьлівасьці.

– Закасай губу да носу, – крыкнуў вартавы і дапоўніў свой адказ стрэлам.

– Здрада на Рэчыцкай! – ударыў лямант па вушох і недапілаваных кольлях.

– Братанькі, трымайце вяроўку, – зь мяцежнай вежы да казакоў зьвяртаўся вартавы. Колькі чалавек спрытна падняліся наверх. Па вежы стралялі. Сотнік Пац, разьюшаны нечаканым учынкам вартавых, перарывіста хрыпеў: “Мне аднаго. Самаручна пашаткую, як капусту”. Ніхто не цікавіўся, ці ўмеў пан Аўсей насамрэч абыходзіцца з капустай, і яго крык губляўся ў агульным гаманкім гармідары. Казакі адкінулі сьпілаваныя бярвёны і жвава, дарма што навосьлеп, памкнулі ў першую ўтвораную адтуліну. Мушкетныя стрэлы, раз-пораз трапныя, не маглі спыніць іхняга руху. Яны наскокам кідаліся на жаўнераў, не дазваляючы тым перанабіць зброю. Малавопытныя апалчэнцы, не пасьпявалі выхапіць шаблі і, дзе стаялі, паміралі ад сечаных ранаў, якімі іх, не шкадуючы, надзялялі супраціўнікі. Больш дасьведчаныя ваякі спрабавалі трымацца завучаных правілаў бою. Але казацкі націск быў нагэтулькі шчыльным, што спробы баёў па правілах цярпелі амаль поўную паразу. Мусілі секчыся, а то й зусім пераходзіць у рукапашную. Сьвятло паходняў было дужа цьмяным, а дасьвецьце ўражвала сваёй нетаропкасьцю. Мяцежная вежа, прыцэльным агнём, нагадвала пра сябе і сваю мяцежнасьць. Абарона пачынала захлынацца. Пан Пац мусіў клікаць рэзэрвы.


14.

Калі шум калатнечы ля Рэчыцкай брамы зрабіўся наймацнейшым, Лявон з сумнаватай усьмешкай агледзіў твары таварышаў і, нібы на падвесяленьне ці суцяшэньне, прамовіў: “Ну што ж. Пара чорным хмарам даць адпор. Будзьма моцнымі й мужнымі, як зубры, сьветлымі й вольнымі, як сонца. Рушымся, брацьця, хутчэй у бой”. Ён першым выйшаў на двор, і праз хвіліну ўсе адзінаццаць чалавек цугам крочылі да Чачэрскай брамы, удаючы зь сябе дружыну апалчэнцаў. Для вельшай праўдападобнасьці запяялі старадаўнюю песьню гомейскіх ваяроў:

Туман ярам, туман даліною.

За туманам нічаго нявідна.

Толькі відна дуба зелянога…

Жаўнеры зь ліку наймітаў, што вартавалі каля паркана пры Чачэрскай браме, запатрабавалі ад пеюноў спыніцца. Тыя сталі.

– Хто такія? – спытаў старэйшы з вартавых, верагодна дзесятнік.

– Пан Аўсей Пац казаў ісьці вам на ўспамогу, – басіў Дзяніс Дудар.

– Нам ваш Пац ня ўказ. У нас ёсьць свой ротмістр і яго заступнік.

– Але стан небесьпячэнства вымагае паспалітай чыннасьці валечнай, – нібы з паперы чытаючы, гаварыў Дзяніс. – І ваш ротмістар, і заступнік ягоны ўжо нежывыя. Пан Мантгомэры каначаткова праваліўся ў сон вечны. Пан Заякот ускіпеў ранамі ад шабель галцяёў казацкіх. Хіба ня чуеце стрэлаў па той край горада?

– Чуем, – голас дзесятніка прыкметна набрыняў зьбянтэжанасьцю. Ён выяўна вагаўся: верыць ці ня верыць прыбышам, пра якіх ніхто раней не папярэджваў. Адзінаццатка ўзброеных мяшчанаў напружана чакала ягонага рашэньня.

– Добра, – урэшце сказаў той, – давайце дзяліцеся: адна частка ў помач варце праваруч ад брамы, другая – леваруч. Шыбчэй толькі.

Мяшчане амаль ушчыльную падыйшлі да паркана і, паколькі пачынала віднець, змаглі добра разгледзіць жаўнераў пры байніцах. Лявон Гамелька застаўся на месцы.

– Ты чаго бавішся? – з сапраўдным неўразуменьнем спытаўся дзесятнік.

– Я адзінаццаты, – усьміхнуўся Лявон, – а адзінаццаць сёньня твая самая нешчасьлівая лічба.

Усьмешлівы мешчанін дзіўна махнуў правай рукой, і лязо кароткага меча нарабіла холаду ў грудзях важака вартавых. Адчуць наступную гарачыню небарака не пасьпеў, прыняўшы ў свае абдоймы сьмерць. Адначасова Лявонавы таварышы паднялі мушкеты і ўдарылі па бліжэйшых вартавых. Зь вежы пачулася вуркатаньне: жаўнеры на ёй не імкнуліся вызіраць, затаіліся. Гамелька ступіў пад арку, дастаў ключ, уставіў яго ў замок і  вялікім высілкам пракруціў два разы.

– Шабака, што ты рабіць?! – прагучэлі зьверху скаверканыя словы найміта.

– Татусь твой сабака, крутасёр,  – адказаў Лявон і дадаў. – Калі самі падымеце вароты, абяцаю адпусьціць.

Голас быў настолькі важкім, вострым, бліскуча сталёвым, што здавалася хопіць толькі яго аднаго, каб пасекчы каго-заўгодна на шматкі. На вежы пачалася спрэчка. Вартавыя пару хвілін запальчыва даводзілі нешта адно аднаму. Ажно ўрэшце грымнуў стрэл, і вароты сталі павольна падымацца.

– Цудоўна. Скачы ў роў і давай чосу адсюль да Сажа. За ракой зможаш перачакаць, а можаш адправіцца,  куды захочаш, – пацьвердзіў сваё абяцаньне мешчанін. Вартавы так і зрабіў. Не зважаючы на мітусьню за сьпінай, Лявон выйшаў праз вароты на мост, набраў у грудзі ранішняга паветра і гучна крыкнуў: “Вольны хо-о-д!” Рэха звонка ўторыла яму. Казакі, што стаялі ля садоў, рушылі на ягоны кліч. Бачачы іх набліжэньне, ён сьмяяўся. Сьлёзы міжволі ўпалі з вачэй. Вялікая гакаўнічая куля, што ляцела ззаду, ударыла Лявона ў сьпіну, перабіўшы хрыбет. Ён здолеў павярнуцца і толькі глянуць у зеўру Чачэрскае брамы, скуль ляцелі яшчэ дзьве варожыя кулі…


15.

Капітан Мантгомэры здрыгануўся і ў адно імгненьне падахапіўся з свайго месца. Пераляканы пахолак, як мог, патлумачыў яму сэнс адбыванага ў Гомеі, паказваючы пальцамі ў розныя бакі. З усіх бакоў гучалі стрэлы. Ёган выбег з дому і прыслухаўся. Найбольшы шум далятаў ад Рэчыцкай брамы. Туды ён і прыпусьціў. Казакі тамака перасталі страляць, але не давалі апалчэнцам папусткі, шпурляючы ў іх цяжкімі дубовымі калодкамі. Пабаёвішча было ўсьцелена целамі забітых і цяжкапараненых. Сотнік Пац, страціўшы багата людзей, ня мог пераламіць бой на сваю карысьць. Ці не адзінай удачай быў пачарнелы ад копаці, зрашэчаны кулямі другі паверх мяцежнай вежы.

– Пан Аўсей, каб цябе немарасьць брала, – лаяўся Мантгомэры, – ня стой, як божышча паганскае, а камандуй.

– Камандую я. Толку ніякага. Паглядзі, пане, якое зьвяр’ё перад намі.

Капітан ня стаў разглядваць казакоў, а больш пільна зірнуў на апалчэнцаў – такіх жа горкіх маладзёнаў, як і сам сотнік. Яны стаялі няроўным шэрагамі, ашчапераныя шаблямі, спрабуючы разам адбіць чарговую дзеравяшку. За сьпінай у кожнага вісеў некрануты ў баі бярдыш. Ёгана ледзьве паляруш ад злосьці не хапіў.

– Бердышы зьняць! – скамандаваў ён. – Да бою!

– Ой, курва… Я, халера мне ў бок, пра іх зусім забыўся, – разгублена прашаптаў пан Аўсей і правочыў калодку, якая ўдарыла яго па галаве. Бердышамі абаронцы адціснулі праціўніка да паркана. Праз адтуліны сталі прабірацца новыя чароды казакоў. Але да апалчэнцаў падасьпела падмога ад паручніка Заякота. Найміты горача віталі свайго ротмістра і папераменна частавалі казакоў мушкетным і гакаўнічым агнём. Апошнім давялося таропка адступіць.

“Арнольд Лэйн, – зьвярнуўся Мантгомэры да свайго жаўнера, калі вораг быў адбіты. – Зьбірайце пахлокаў. Хай хоць чым-небудзь пазабіваюць гэныя дзюркі. Забітых у лядоўню”. Паводдаль капітан заўважыў постаць пана Іштвана і хутка пайшоў яму насустрач.

– Вашаць апрытомнеў? – спытаў пра і так яснае той.

– Чаму не білі з арматаў? – пусьціўшы міма сябе пытаньне, зьлёту пацікавіўся камандзір.

– Не было лобавай атакі. Асобныя пакрыёмыя вылазкі.

– Што-о? Вы мяшчанку ўдаву Лявонаву Алёну адшукалі?

– Ну шукалі спачатку… А потым… Ды мы й ня ведалі дзеля чаго яе трэ’ было шукаць.

– Ясна. Алюту не знайшлі. Лобавай атакі не было. Не было тут… – капітан на хвіліну задумаўся. Ён яшчэ раз успомніў усё, што адбывалася перад двубоем з панам Жураўскім, і нарэшце пакутна вымавіў:

– Вядзьмачка…

– Яны тут усе вядзьмачкі. З самага дзяцінства. Бывае якая адзінаццатка зірне…

– Хварабаццатка! – адцяў Мантгомэры. – Бяры, як мага болей людзей. Казакі праз Чачэрскую браму ў горад уваходзяць.

Ледзьве ён прамовіў гэта, як з вартаўнічага ланцугу данесьлі тое ж самае.

– Усю пяхоту да Чачэрскай! – прагарлапаніў, аж напяўся, Мантгомэры. Не хацелася нічога тлумачыць зьдзіўленаму пану Іштвану. Дый што было казаць, калі ён сам – камандзір гарадзкое залогі – уздатніўся праграчыць ключ? Так, гэта ён вінаваты. Ён даверыўся хітрай мяшчанцы. Ён мала не палюбіў яе. Марнасьць марнасьцяў апаноўвала сэрца. Але розум быў незамутнёны і не дазваляў пачуцьцям плёхкацца вонкі. Прынамсі, у тым выглядзе, які яны мелі насамрэч. Ёган разумеў гэта і намагаўся падабраць такому становішчу якую-небудзь назву. “Дай клопату ймя і напалову вырашыш яго”, – успомніліся словы мудрага дзядулі. Але імя не прыдумвалася. Клопат не зьмяншаўся.

Бой з казакамі быў кароткім, але дужа крывавым. Вартавыя, што забілі Лявона Гамельку, зь нявыкруткі намысьліць штось лепшае, паспрабавалі спаліць мост за брамай. Першыя ж жаўнеры, што падасьпелі сюдых зь іншых частак горада, палічылі іх за пераапранутых ворагаў і забілі. Казацкая хваля набліжалася. Абаронцы залезьлі на вежу і пад несьціханым агнём праціўніка хацелі выстарацца апусьціць вароты. Не атрымалася. Вялікая частка казакоў на конях і пехам пранеслася вуліцай да гандлёвае плошчы. Плошча была пустая, але на ейным краі паўкругам стаялі пашыхтаваныя капітанам Мантгомэры жаўнеры, чакаючы каманды пачынаць бой. Як толькі вораг апынуўся на плошчы, такая каманда прагучэла. Пачаў страляць першы шэраг. Стрэліўшы, ваякі прысядалі, даючы магчымасьць стрэліць другому шэрагу, а сабе – зноў падрыхтавацца да бою. І гэтак чатыры шэрагі па чатыры разы… А потым была іх атака – павольная, але дзейсная: казакі падаліся назад і ўрэшце ўцяклі з Гомея, як чэрці ад сьвяцонай вады.


16.

Пераможцаў, асабліва наймітаў, агарнула эўфарыя. Яны цешыліся з буйной удачы ў абароне горада. Але капітан Мантгомэры быў пануры, як тая хмара ў дзень на сьвятога Ільлю. Ён загадаў праверыць, ці не застаўся хто жывым з вартавых, што першыя прынялі бой. Неўзабаве да яго прынесьлі ледзьве жывога вугорца і той зь цяжкасьцю распавёў пра кагадзе бачанае. Прысутны побач пан Заякот нямала здуміўся, пачуўшы, што бой пачалі мяшчане з гэтага боку. Ня верачы сваім вушам, ён перапытаў жаўнера на роднай мове. Капітан ведаў, што льга было й не перапытваць.

– Ну што, пане Іштван? – змрок валадарыў у ягоным голасе. – Хто дасьць наступны загад: Вашаць ці я?

– Можа абыйдземся? – адразу зразумеў сэнс пытаньня суразмовец і настаўбурыўся.

– Не, не абыйдземся. Яшчэ няведама, колькі казакі трымацьмуць Гомей у аблозе. Нам хоць бы ад іх адбіцца. А калі нехта яшчэ й па гэты бок паркана нам шостку падкідваць будзе, дык зусім швах справа… Дык што ж, Вашаць, скажаш?

– Чакаць загадаў – вось мая ўся справа. Калі пан мне загадае загадаць, то я загадаю. Ды, як па шчырасьці сказаць, ня хочу. Я ўжо аддаваў такі загад у гэтай краіне. Як жа, бач яго, той горад на балоце называўся?..

– Добра. Я сам. Але рэляцыю яго міласьці князю Янушу Радзівілу Вашаць пісаць будзе. Пад маю дыктоўку.

Той згодна прамаўчаў. Мантгомэры павярнуўся да плошчы. Жаўнеры аглядалі забітых ды іх рэчы. Слугі адносілі агледжаныя целы. Капітан угледзіў свайго пахолка, падазваў яго і распарадзіўся склікаць усіх сваіх намесьнікаў, якім пашчасьціла застацца цягам ночы жывымі. Менавіта ім ён меркаваў няголасна аддаць той злашчасны загад, адданьня якога стараўся ўнікнуць пан Іштван. Аднак вакольле раптоўна ахінулася поклічам вартавога: “Мадонна ідзе!”

– Што ты плявузгаеш, Мадонн тварыцель, Рафаэль?! – сумеўся паручнік Заякот. – Можа якая дзеўка кепская, а не Мадонна.

– Не плявузгаю. Чыстая праўда. Там на дарозе. Уся ў белым, а галава ў чорным…

– Дык гэта ж не Мадонна, а Плачка, – выгукнуў нехта з апалчэнцаў, – вястунка і праважатая вайны, паморку, голаду… Няўжо гораду канцы настаюць?

– Не дрыстос, дык мытуха, – умяшаўся Мантгомэры. – Я канечне не інквізітар, але давайце ўжо хоць безь язычніцтва? Зараз пабачым, хто там і дзеля чаго.

Ён падняўся на вежу. Па Чачэрскім гасьцінцы, мінуўшы казакоў, крочыла жанчына. Вецер трапятаў яе бялюткі строй. Чым бліжэй яна падыходзіла, тым больш выразным, больш знаёмым станавілася ейнае аблічча. “Яна”, – ледзь стрымаўся ад крыку капітан. Яму зрабілася ніякавата. Ён ня мог пракаўтнуць сьліну, нібыта рот быў поўны калючак. Не хацелася нават уяўляць, навошта гэтая вядзьмачка і здрадніца так адкрыта вяртаецца ў Гомей. “Гэта нейкая пастка, – шалянічна разважаў Мантгомэры. – Кабеціна за ноч цямней і хітрасьцяў ейных не зьлічыць”.

Алюта, цяпер ужо сапраўды ўдава, падыйшла зусім блізка да моста, спынілася і, утаропіўшы пагляд на вежу ці то заплакала, ці то засьпявала: “Ёган, не рабі гэтага. Адпусьці. Хай зыйдуць. Дазволь. Прашу цябе. Я буду тваёй нявольніцай назаўсёды. Толькі не рабі надуманага. Не рабі…”

“Што за д’ябальская праява? – капітан ня мог стрымаць калачэньня. – Як яна магла дазнацца? Вядзьмарства. Куды толькі царква сьвятая глядзіць… А можа проста здагадалася? Ці казакі падказалі. Яны ж оную практыку знаюць… Што яна просіць? Божухна, гэты бляск і вільгота вачэй. Гэты рот прагны да цалункаў… Маёй нявольніцай… Вось дык лазьня. Не зрабіць? Дык Януш Шматаблічны асабіста папалошчыць. У крыві папалошчыць. І ўсяму каюк… Не дзеля гэтага я сюдых прыехаў і сьмерці фігі круціў утрапёна… Любоў мая… Проста скінуць зь сябе ярэмны гнёт любосных чараў. Не паддавацца. Не спакушацца. Спакуса больш за жыцьцё. Што тут выбіраць?” Ён працягнуў руку да зьбянтэжанага вартавога і жэстам папрасіў гакаўніцу.

Вецер зусім зьнячэўку зьмяніў кірунак і стаў бязбожна лютым. Людзі на вуліцы й плошчы ў трывожным неўразуменьні лавілі кожнае жаночае слова, чакаючы адказу капітана Мантгомэры. З празрыстага, як крышталь, неба зрынуўся сьнег.


Гомель


[1] Асабістая залежнасьць, прыгон (ням.); літаральна: уласнасьць цела.

[2] Гельвэцыя – Швайцарыя. Намёк на падабенства гомельскага гербу на швайцарскі.

[3] Кітайскі яблык – апэльсін.

[4] Дзела – тут: гармата (старабел.)

[5] Пасерб – прыёмны сын (старабел.)

[6] Барабанны сігнал.

[7] Заступнік – намесьнік (старабел.)