Сцэнарый не для кіно [Іна Зуб] (fb2) читать постранично, страница - 5

- Сцэнарый не для кіно 473 Кб, 87с. скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Іна Зуб

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

раптам супакоілася, але спытаць нічога не паспела. Нечакана да іх падляцеў высокі хлопец з чорнай бародкай, у цёмных акулярах.

— Машына чакае! Давай хутчэй!

Да такога павароту Галіна не была гатова і ад разгубленасці ледзь не расплакалася. Ігар паглядзеў на яе і нахмурыўся.

— А заўтра?

— Заўтра матэрыял павінен быць на машынцы.

Ён на момант задумаўся.

— А ведаеце што? Паехалі з намі. А пагаворым па дарозе.

У машыне яе пасадзілі чацвёртай на задняе сядзенне, і пагаварыць ім ізноў не давялося. I толькі калі прыехалі ў Стайкі, Ігар за кароткі час, што заставаўся да прагляду, крыху расказаў пра сваю карціну.

Сказаў, што ў аснове сцэнарыя — сапраўдная гісторыя, хоць у жыцці, вядома, многае было інакш. Ён жа хацеў паказаць тып жанчыны-тырана, тырана ў сям’і. Але ўжо ў час здымак яны вырашылі пакінуць маці нейкую надзею. I тады фільм набыў іншую афарбоўку. Гераіня паказана ва ўсіх сваіх супярэчнасцях і павінна выклікаць складаныя пачуцці ў гледача. Ва ўсякім выпадку яны да гэтага імкнуліся. Па сутнасці, няшчасная жанчына, вельмі адзінокая. Яна, здавалася б, прызвычаілася да сваёй адзіноты і нават перастала яе заўважаць. Але ў душы яна ўвесь час пакутуе. Пакутуе больш, чым яе дзіця.

— Памятаеце, недзе ў сярэдзіне фільма ў псіхіятра ўзнікае пытанне: ці цалавала яна калі-небудзь свайго сына? Але ён не адважваецца спытаць, і пытанне застаецца адкрытым. Мы імкнуліся паказаць не проста прыватны выпадак, калі чалавек абмяжоўвае сябе рамкамі фармальнай маралі. Мы хацелі закрануць праблему выхавання. Выхавання дабра, душы чалавека. Памятаеце, ён пабіўся з хлопчыкамі і яму адарвалі ад кашулі ўсе гузікі. I ён поўзае па асфальце, шукае гэтыя гузікі, а потым ідзе да суседкі і просіць іх прышыць. Заўважце, не да маці, якая павінна пашкадаваць яго, а да суседкі. Сказаць вам шчыра? — ён моцна сціснуў яе руку. — Цяжка бы­ло здымаць гэты фільм. Самому цяжка.

Галіна з жалем выключыла дыктафон, бо пачаўся прагляд.

Калі фільм скончыўся, яны выйшлі на вуліцу.

— Зараз будзе аўтобус, — сказаў Ігар.— Паедзеш у горад.— Пасля фільма ён неяк непрыкметна перайшоў на «ты».

— А інтэрв’ю? Пра сябе? — спытала Галіна.

Ён паціснуў плячыма, насупіў лоб, нешта абдумваючы. Потым дастаў з кішэні ключы.

— Трымай. Гэта ад маёй кватэры. — Ён назваў адрас. — Запомніла? Прыйдзеш гадзін у дзевяць. Калі мяне яшчэ не будзе, пачакаеш. Але ду­маю, мы ўжо вернемся.

У дзевяць Ігара яшчэ не было. Галіна адамкнула ягоным ключом дзверы і прайшла ў пакой. Часам рэчы гавораць пра чалавека больш, чым ён сам. А ў гэтай кватэры яе ўразіла неўладкаванасць. Невялікі паліраваны гарнітур меў бы прыстойны выгляд, калі б з яго хоць раз у тыдзень сціралі пыл. Дзверы на балкон былі адчынены, і вецер ганяў па дыване таполевы пух. Каля газетнага століка рассыпаны попел, каля тахты на падлозе — маянэзны слоік з недакуркамі. На сценах — выцвілыя, абшарпаныя шпале­ры. Галіна прайшла на кухню. I там не лепей.

Здавалася, у такой кватэры мог жыць хіба што чалавек, якому ў жыцці ўсё абрыдла. Ігар жа не рабіў такога ўражання. Тады што гэта? Звычайная неахайнасць? Ці ён да сваёй кватэры ставіцца як да берлагу, куды часам заходзіць пераначаваць? Няўжо ў яго няма жанчыны? Але чаму? Ён жа прывабны мужчына, адзін з тых, хто захапляе сваёй унутранай сілай. Галіне раптам захацелася ўзяць венік, змесці пыл, прыбраць усю кватэру, каб ён, вярнуўшыся дадому, мог расслабіцца, адпачыць.

I тут Галіна зразумела ўсю недарэчнасць свайго становішча. Што гэта з ёю? Аб чым яна марыць? Галіна з сілай страсянула галавой, нiбы намагаючыся пазбыцца нейкага вельмі прыемнага, але недарэчнага сну. Марная спроба: адчуванне чагосьці новага, захапляючага асталявалася у ёй міжволі. Чорныя стрэлкі на жоўтым цыферблаце насценнага гадзінніка зліліся ў адну на лічбе дзесяць. Прайшла амаль гадзіна, а Ігара ўсё няма. Галіна паглядзела ў акно. Неба было светлае-светлае, амаль празрыстае, надыходу вечара зусім не адчувалася. У канцы вясны, у пачатку лета дн! заўсёды здаюцца доўгімі-доўгімі, а жыццё бясконцым, падумала яна. Падман прыроды, самападман людзей... Колькі яшчэ яго чакаць? Якая недарэчная сітуацыя!

Пэўна, Стась меў рацыю, калі казаў, што ёй нельга даручаць адказныя заданні.

Яна падышла да тэлефона і набрала нумар Стася.

— Ты не магла пазваніць раней? — адразу накінуўся той на яе, а калі даведаўся, што справаздача яшчэ не гатовая, ад абурэння нават не знайшоўся адразу, што сказаць. — Садзіся і пішы! — загадаў ён. — Што? Што хочаш. Дзе? Там, дзе сядзіш. Ну і работнічкі! Нічога даверыць нельга, — і ён кінуў трубку.

— I напішу, — сказала сама сабе Галіна. Але рэжысёра яна ўсё ж дачакаецца, тым больш што ён аддаў ёй ключы. I, зручна ўладкаваўшыся на тахце, яна пачала пісаць.

Прачнулася яна сярод ночы, знянацку, нібы