Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара [Людміла Іванаўна Рублеўская] (fb2) читать постранично, страница - 92

- Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара (а.с. Авантуры Пранціша Вырвіча -5) 0.99 Мб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Людміла Іванаўна Рублеўская

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

расправіцца.

Ваявода не выглядаў надта задаволеным — з-за нейкага мужыка дураць галаву.

— Добра, пакідай сабе свайго гайдука, Лёднік. Скажу, каб ліст у суд адпаведны зрабілі. Узамен жа паслужы мне.

— Усім, чым магу, вашамосць.

А планы ў Пане Каханку на Чорнага Доктара выявіліся грандыёзныя. Ваявода не мог забыцца на тую чароўную венецыянскую ноч, калі ў цёмнае неба ўзляталі палаючыя ліхтары, і паветраная гандола падняла Аляксандра Лёдніка да каменнага льва.

Князь хацеў паўтарыць відовішча.

Хай усе ведаюць, у каго патэнт на ўсё цудоўнае ў гэтым краі! А то вунь худапахолак Панятоўскі зганьбаваўся: вырашыў давесці ў чарговы раз сваё высокае паходжанне. Сабраў людзей у палацы, каб падзівіліся на пячатку святога Тарэла, ягонага міфічнага продка, якая яму нібыта ў спадчыну дасталася. Людцы прыйшлі, аб’елі манарха, абпілі, натанчыліся, напляткарыліся і ўсё пабачанае высмеялі. Ніхто не паверыў у каштоўнасць някідкага круглячка з выявай цялка. Так што давялося Стасю перадаць сваю рэліквію ў касцёл святога Станіслава.

Блазан зараз жа расправіў плечы, надзьмуўся — і стаў нечым падобны да караля. Пане Каханку не зарагатаў, але і не спыніў гэткую абразу манаршае персоны.

Так, Караль Радзівіл ведаў, хто сапраўдны кароль у гэтым краі.

І калі ў Нясвіжы людзі палятуць, як птушкі — ніхто не скажа, што гэта не цуд!

Вядома, ваявода тут жа распавёў, як уласнай персонай на паветраным караблі лётаў над Венецыяй і лавіў галубоў для адмысловага пірага. І выпадкова патрапіўся яму ў нерат паветраны цмок. Худы, бо прыляцеў проста з Кітая, за доўгую дарогу агаладаў. Аднымі жукамі ды вераб’ямі харчаваўся. Пан Караль прывёз злоўленага цмока ў свой венецыянскі палац, і той пачаў несці яйкі. А тыя яйкі — цалкам з самага цудоўнага малахіту. Вунь тыя чарачкі з яго зробленыя, на століку з чырвонага дрэва.

У гэтым месцы красамоўнага расповеду Пранціш ледзь не забыўся на тое, што трэба працягваць ківаць галавой з сур’ёзным і захопленым выглядам.

Лёдніку не зарагатаць удалося прасцей — не да смеху доктару. Дасюль смерць асістэнткі і гора сына лічыў ледзь не сваёй віной. А тут зноў нагадалі.

— Часам пакутуеш не ад таго, што сказаў, але і ад таго, што не паспеў сказаць, — мармытаў доктар сабе пад нос, калі яны ўжо выходзілі з палаца разам з Давыдам, што іх дачакаўся.

На шчасце, ваявода, надаваўшы даручэнняў пра паветраную містэрыю, адпусціў Чорнага Доктара і ягонага сябрука з рэплікай «з табой усё адно піць нецікава, не ўмееш, пане каханку».

— Ты гэта да чаго, Бутрым?

Полацкі Фаўст горка ўздыхнуў:

— Гэта я наконт Праксэды. Я ж стараўся з ёй нават не размаўляць апошнія дні, позіркам не сустракацца. Не хацеў Алеся і Саламею раніць, дый ёй, думаў, будзе лягчэй з непатрэбным пачуццём справіцца.

— А сам справіўся? — рэзка папытаўся Пранціш.

Бутрым схіліў чорнасівую галаву.

— Цяпер і не ведаю, што адказаць. Кавалак душы ў мяне дакладна вырваны, з крывёй. Прамільгнула яркай знічкай дзяўчына наша.

Між кустоў зноў замільгалі залатымі пер’ямі паўліны. Адзін з іх выпусціў у белы свет абураную агідную руладу.

— Дык Аляксандр зараз у Вене? — перапытаў Давыд. — Што ў яго чуваць?

Чорны Доктар уздыхнуў:

— Атрымаў учора ліст ад яго. Збівае хлапца з тропу пан Агалінскі. Заманьвае ў Амерыку, ваяваць на баку калоніі супраць англічан. Пан Гервасій, уявіце сабе, зараз генерал! І Тадэвуш Касцюшка ў камандзіры цэліць. Баюся, з’едзе Алесь. Добра хоць, выкінуў з галавы, што сваім з’яўленнем на свет прынёс мне адны няшчасці.

— А вы самі, дзядзька Бутрым? — пацікавіўся Давыд. — Не было спакусы кінуць гэтую зямлю з новымі парадкамі? Адсюль жа зараз усе з’язджаюць. Памятаеце Саламона Маймона?

— Вядома. Хлопец са светлай галавой. — кіўнуў Баўтрамей.

— Уцёк усё-ткі! З’ехаў у Еўропу. Дабраўся да Берліна, але там яго палічылі за блюзнера і вытурылі. Жабраваў, пешкі блукаў. Цяпер у Познані. Там добры асяродак вучоных людзей, не зашораных. Саламон імі ўважаецца за вялікага мудраца.

Пранціш успомніў нязграбнага юнака, якога ганяла суровая цешча.

— Што ж, хай яму шчасціць. А мне куды з роднай зямлі з’язджаць? — сумна адказаў Лёднік. — Працы шмат. Колькі школак за апошнія гады змаглі адкрыць, колькі таленавітых дзетак на шлях навукі направілі. У медычнай акадэміі зноў жа справа наладжваецца. Саламея хваліцца — падрыхтавала ўжо дзясятак добрых павітух, якія не будуць цукрам дзіця выманьваць падчас цяжкіх родаў, а возьмуць у рукі абцугі, як умела… Праксэда…

Цень прабегла па худым твары доктара.

— Жылібер батанічны сад ладзіць — не горш, чым у Ліёне будзе. Пастанавіў сабе задачу — апісаць у адным трактаце ўсю флору нашых мясцін. Гербарыі збірае — вучні не паспяваюць зёлкі ірваць. Зуброў узяўся вывучаць. Хоча зрабіць, каб яны ў няволі размнажаліся. Адна зубрыха ходзіць за ім проста па вулках Гародні, а ён корміць яе сенам з уласнага капелюша. Добра хоць, з’явіліся ў Жана і сардэчныя справы.