I
- А дзе тое мора?
- Краскамі зацвіло...
З дзяцінай песні
Гэта дзеялася тады, калі яму, Лявону, Рыгораваму сыну, на прозвішча Задума, ішоў дваццаты год і ён быў ужо ў апошнім класе сельскагаспадарчай школы. І гэтым разам, як кожны год, прыехаў ён на Каляды дамоў і бавіў свой гулявы час у роднай вёсцы Цёмналессе.
Цёмналессе - невялічкае, усяго там хат з дваццатак, і дужа, можна сказаць, глухое. Гісторыя чалавечага развіцця пасадзіла яго сярод вялікіх лясоў і прысунула да яго першы знак цывілізацыі - царкву, у канцы васемнаццатага веку, вёрст за дзесяць (як кажуць, але, мусіць, з добрым гакам). Другі знак цывілізацыі - валасную канцылярыю, у палове дзевятнаццатага веку, адчыніла яна ў мястэчку вёрст за пятнаццаць. Там жа, дзе канцылярыя, у мястэчку Целяпенічах, ёсць цяпер і пошта, але калі яна тут цвёрда абсталявалася, сказаць цяжка і нават немагчыма, бо адчынялася і зачынялася, пераводзілася ў іншыя месцы і ізноў варачалася назад - шмат разоў. Нарэшце, самы ўжо відавочны знак цывілізацыі - чыгунка - пралягла ад Цёмналесся пакуль што, на пачатку нашага веку, за добрую сотню вёрст.
Выпадала б яшчэ адзначыць і манапольку, бо адна красавалася сваёй сіняй шыльдай побач з царквою, а другая такая ж самая побач з валасною канцылярыяй - ці, лепей кажучы, не зусім побач, а на дазволенай законамі адлегласці. Але гарэлкі можна дастаць, і колькі хоця, і ў самым Цёмналессі, толькі з-пад палы, і пералічэнне знакаў цывілізацыі робіцца тут, галоўным чынам, з мэтаю паказання, як далёка жыў Лявон Задума ад культурных асяродкаў і наогул ад розных такіх пунктаў, дзе мог бы ён пабачыцца з большым лікам і з большай разнастайнасцю людзей. Гарэлкі ж ён, супроць паведак свайго роду, зусім не любіць, і, прынамсі, не пойдзе ён купляць яе ў тых манапольках.
Праўда, і ў справах веры быў Лявон Задума дзіцяцем свайго часу, - часу між дзвюх эпох, калі багі старых бацькоў трацяць свой аўтарытэт ці, проста кажучы, - павагу, уваччу нават малых дзяцей. Але з тае пары, як пазачыняліся нашы старасвецкія карчомкі, найлепей у царкве можна цёмналесцу ўбачыцца з людзьмі, хоць ад большага да большага свята. Тут усе - свае родныя людзі, і зусім мала паноў у чорным, - дзеля таго няма ніякай гэткай прыкрасці. Тут высокія, быццам у паноў, сцены і стаўпы, залатыя, толькі па назову «царскія», дзверы, вялікія на сценах абразы, - адным словам, не так, як у сваёй, цесненькай і чорнай хаце, а разам з тым усё тут як бы сваё - супольнае, чамусьці як бы пераважна мужыцкае, хоць паня і давала лесу на рамонт. Тут няма спрыкленай штодзённай неахайнасці, заместа смораду - прыемна пахне ладанам, воскам і фарбаю, а царкоўная адправа гаворыць цёмналесцу, як і другому такому ж парафіяніну, што ён звязаны аднакаваю дзейнасцю з усім шырокім светам. Толькі клопату, што ў адправах гэтых невядома, што і на што, - было б куды ўцячы ад будняў, было б куды пайсці на людзі. А ўлетку ж тут можна і сесці на цвінтары пад ліпкамі пакурыць, пазюзюкаць, пачуць навіны і пажаліцца, калі ё - няхай яго не будзе! - гора... Узімку ж можна ўбіцца ў калавурку, што пры царкве, і разам з усімі людцамі пускаць з піпкі дым.
Для мужыкоў на тыя пагулянкі служыць свята. Але хлапцу вучонаму можна і ёсць куды пайсці з глухога Цёмналесся - хоць бы і не ў свята. Дзе ёсць царква, там ёсць і поп; у воласці ж ёсць пісар і памочнік; на пошце - паштавы начальнік; а для вучоных - «неперавучоных», ці тое не чытаўшых «Хітрае механікі» і з паліцыяй не гордых, тут ёсць і паліцэйскі ўраднік, быўшы фельдфебель гвардыі, чалавек адукаваны, які быў бы нават дужа задаволены ад знаёмасці з другім адукаваным чалавекам, а злашча жыўшы ў той глушы.
На жаль ці не на жаль, але Лявону было да іх не толькі падалёка, асабліва пры худаватай пары бацькавых коней, а і не любіў жа ён «усіх гэтых чарцей», як толькі можа не любіць усякага начальства наш мужык. Праўду кажуць, што прырода і навуку адалявае!
Далёка да мястэчка, дык далёка і да жыдоў - гэтай самай лічнай і больш дэмакратычнай, чым паны-хрысціяне, інтэлігенцыі нашага краю, толькі што лішне адгароджанай ад мужыка сваім сацыяльным станам і яшчэ болей сваімі каставымі забабонамі, часта прыкрытымі нават у яе лепшых прадстаўнікоў толькі бедным фігавым лістком. Ды не ў тым была б бяда, - вось ніводная вучоная жыдоўка не разумее Лявонавай адраджэнцкай беларушчыны і не будзе гаварыць з ім па-мужыцку. А можа, і Лявон - не без тых каставых і наогул сацыяльных забабонаў? Вотта ж, у кожным местачковым жыдоўскім доме, самым бедным, вокны з фіранкамі, чаго спрадвеку не вадзілася ў Цёмналессі і не было цяпер нават на вокнах у яго бацькі. Не жыдоўская ж у тым віна, але сядзеў у ім мужык, і з гэткае драбніцы, як фіранкі, думкі зусім не лагічна, не справядліва і ў гэтым жа прыпадку ганебна для дэмакрата, сацыяліста, хоць бы і беспартыйнага, якім быў Лявон, пераляталі на абраз, зусім паважны ў справе: вось сядзіць гандляр у крамцы, як слабенькі, але ўсё роўна подлы, павучок,
Последние комментарии
10 часов 52 минут назад
10 часов 53 минут назад
16 часов 11 минут назад
19 часов 53 минут назад
20 часов 14 минут назад
21 часов 8 минут назад