Кватэра № 0 [Паліна Качаткова] (fb2) читать онлайн

- Кватэра № 0 94 Кб, 28с. скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Паліна Качаткова

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


Паліна КАЧАТКОВА


КВАТЭРА № 0


Частка 1. Рыбак


— Ці жывуць тут людзі?

Маладая жанчына адчыніла высокія цяжкія дзверы і ўбачыла Старую жанчыну. З пад’езда падзьмула холадам, якраз у гэты момант нехта заходзіў з вуліцы, а кватэра была на першым паверсе, першай ад увахода.

— ЯК ДОБРА, нарэшце ў гэтай кватэры жывуць людзі, — працягвала Старая жанчына. — Вы жывяце тут? — удакладніла яна.

— Так, я тут жыву.

— Як добра, што вы тут жывяце, але... — яна зрабіла паўзу, як бы падбіраючы словы, — але калі вам раптам... раптам будзе, зробіцца... страшна, вы прыходзьце да мяне. Я Цыля Львоўна, і я жыву паверхам вышэй — у такой жа кватэры, як гэтая, як ваша кватэра.

У пад’ездзе зусім холадна, холадна стаяць нават каля адчыненых у кватэру дзвярэй, і Маладая жанчына прапанавала Цылі Львоўне зайсці, але тая адмовілася і пайшла на другі паверх — да сябе.

Маладая жанчына зачыніла дзверы кватэры на першым паверсе. Яна вярнулася да перапыненага занятку — упрыгожвання ялінкі. Быў 1996 год, яна ўпершыню адзначала Каляды ў гэтай кватэры, таму ёй давялося схадзіць у найбліжэйшую ад дома краму (а гэта быў ГУМ), каб набыць ёлачныя цацкі. Шары і дожджык, бліскучы дожджык — вось што яна хацела набыць.

Хацела набыць шары, каб усе былі рознага колеру, і дожджык, зялёны ці залацісты. Але шары ў ГУМе прадаваліся толькі ў наборах — аднаколерныя.

Падлічыўшы грошы, яна вырашыла купіць набор срэбных шароў: каб атрымаць рознакаляровыя, яна мусіла набыць тры розныя наборы, а гэта было нерэальна. І дожджык прадаваўся толькі срэбны. Ад рознакаляровага свята давялося адмовіцца — набыла срэбныя шары і срэбны дожджык, хаця хацела штосьці зялёна-фіялетава-сіне-залацістае. Свята будзе срэбным.

Ялінка ўжо стаяла ў пакоі ў трохлітровым слоіку з вадой, пастаўленым у вядро, вядро было прымацавана да паркету скотчам. Ялінка будзе ўпрыгожаная срэбнымі шарамі і срэбным дожджыкам, быццам бы яна так захацела, спланавала, і ніхто не зразумее, што хацела яна зусім іншага.

І ялінка... Ялінка прыехала ў кватэру ў багажніку машыны яе каханка, ці, як кажуць, сябра. Хаця ці можна назваць гэта сяброўствам? Не, сяброўства — зусім іншае. У багажніку былі дзве ялінкі, толькі адна паехала далей — да сям’і яе «сябра».

А адна была занесена ў кватэру. А магло быць наадварот, тая ялінка засталася б ёй, а гэтая паехала б туды...

Думкі былі троху блытаныя, як заўжды, яна не магла зразумець, чаму ўсё адбываецца так, як адбываецца, і, што галоўнае, — хто ўплывае на тое, каб адбылося так, а не інакш. Ведала, што чалавек, які прывёз ялінку, прыйдзе да яе на свята.

Скажа дома, што паедзе на рыбалку, і з’явіцца ў абліччы зімовага рыбака — са скрыняй, з прыладамі і ў кажуху.

А пасля ад яе сапраўды паедзе на рыбалку, бо зімовая рыбалка для яго — сапраўднае свята.

Людзі па-рознаму адчуваюць сябе ў перадкалядны таямнічы і зіхоткі час.

Хочацца быць гераіняй паштоўкі з бліскучым снегам, маленькай ялінкай і дамком са свечачкай на падваконні. Але хто ж возьме цябе на тую паштоўку?

«Сама сябе, у абдымкі — і на самую любімую паштоўку. Толькі так яно і магчыма, баюся, — так параіла ёй сяброўка. — Трэба ўпрыгожыць ялінку, паставіць свечачкі — і ўлезці ў паштоўку. Пажадана яшчэ паклікаць сяброў, відаць, у ідэале».

Накінула куртку і пайшла выносіць смецце, дом быў стары, пасляваенны, без смеццеправода.

У марозным паветры моцна адчуваўся пах кухні — ад рэстарана, што месціўся ў тым жа доме. Тое, што зусім нядаўна было калюжынамі, замерзла і ператварылася ў ледзяную бугрыстую паверхню, быццам бы замерзла хвалістае мора. Ісці па такой ледзяной паверхні трэба асцярожна, каб не паваліцца на лёд.

— Стаяць!

Спынілася. Перад ёй стаяў высокі Мужчына:

— Леанід, — прадставіўся ён.

Каля Леаніда стаяў чорны пудзель.

Яна нахілілася, каб пагладзіць сабаку, і зразумела, што сабака зусім стары — уся барада ў яго была сівая, і ён цяжка дыхаў.

— Ці не твае гэта сяброўкі пілі ўчора на пляцоўцы паміж першым і другім паверхам?

— НЕ.

Яна спалохалася такога пачатку размовы.

— Ладна, я жартую. На самай справе я хацеў даведацца, чаму ты жывеш тут, у самым эпіцэнтры Мінска.

— У ЭПІЦЭНТРЫ?

Згадала заняткі па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы. І малюнак з ядзерным грыбам.

— А ты нічога не адчуваеш у гэтай кватэры?

— Што я мушу адчуваць?

— Такое... накшталт туману? Туману, які ахутвае цябе... Як ты спіш? Жахі сняцца?

Яна шмат працавала апошнім часам і практычна не думала ні пра што, апрача працы і грошай, якія можна зарабіць працай. Часам думала пра свой лёс і пустую долю, але пра гэта — усё менш і менш. Стомленая, ледзь даходзіла да сваёй новай цёмна-чырвонай канапы (нізкай, амаль упоравень з падлогай), валілася і засынала. Ці былі жахлівыя сны і трызненні? Хто яго ведае, былі — не былі. Рэчаіснасць была як трызненне. Але яе сяброўка, якая заначавала ў яе аднойчы пасля карпаратыву, падхапілася пад раніцу з лямантам: «Як ты тут жывеш!» і сталі ліхаманкава збірацца дадому, дзе яе чакалі муж і дзеці. Заявіла, што ўсю ноч яе нехта душыў. Але гэта больш падобна да гісторыі пра посталкагольнае пачуццё віны і прадчуванне сямейнага скандалу.

— Пакажы мне сваю кватэру, — запатрабаваў Леанід.

І яна, як загіпнатызаваная, павяла яго за сабой, за імі пайшоў і стары чорны пудзель.

Не паспелі яны пераступіць парог, як ён рэзка схапіў яе і пацягнуў да сябе.

— Вы што?

Выкручвалася ад яго як магла.

— Ты яшчэ не ведаеш, хто я на самай справе, — казаў ён ёй.

— Якая мне розніца?

— Леанід! Леанід! — пачуўся з панадворку жаночы голас.

На кухні завыў, падаў голас чорны пудзель.

— Ідзіце, вас ужо жонка шукае.

— Я яшчэ адпомшчу табе, — паабяцаў ён і выйшаў за дзверы разам з пудзелем.

Напусціла глыбокую чыгунную ванну, залезла ў гарачую ваду і глядзела, як на руках і ўсім целе праяўляюцца сінякі. Пасля дайшла да канапы і правалілася ў сон. Быў вечар, яшчэ не позна, а яна заснула.

Абуджэнне было нечаканым, прачнулася ад таго, што адчула нейчую прысутнасць. Дакладней, не прысутнасць, а так — пах мужчынскай парфумы.

Рэзкі пах адэкалону, чужога, незнаёмага, але... Так пахла ад ветэранаў, якім яны ў школе на 9 Мая дарылі кветкі. І яшчэ пах тытуню. Пахла, быццам побач знаходзіўся чалавек. Яна падскочыла. Нікога не было. Зусім нікога. Адна ў кватэры.

Закруціўшыся ў халат, з ключамі ў руках — у стылы пад’езд і да суседкі.

Яе быццам чакалі ў гэтым невялікім пакоі з пустым акварыумам, з адшліфаванымі морам каменьчыкамі і сухой марской зоркай — дыскападобнае цела, да якога прымацаваныя пяць промняў-рук.

— Ад мужа застаўся акварыум... Ён вельмі любіў акварыумы. Гэта апошні, астатнія аддала ў дзіцячы дом. Ведаеце, да вайны я працавала ў дзіцячым доме, не тут, не ў Мінску, у Гомелі, мы паспелі эвакуявацца разам з дзецьмі. Калі збіралі дзіцячы эшалон, начальства казала, што прадукты браць не трэба, што ўсё дададуць «на месцы»... Яны яшчэ шмат чаго казалі і абяцалі, але сэнс усіх прамоваў быў у тым, што прадукты не трэба браць з сабой, што дзяржава паклапоціцца...

Я была маладая, але здолела дамагчыся таго, што ў наш вагон далі прадукты. Мы доўга ехалі, ні на якім «месцы» нам нічога не далі, і з нашага вагона карміўся ўвесь эшалон.

Я працавала з наймалодшымі дзецьмі. Мы іх вучылі па сістэме Фрыдрыха Фрэбеля.

— Па гэтай сістэме выхоўвала сваіх дзяцей Марыя Апанасаўна Багдановіч, маці паэта.

— Сістэма была моднай і да вайны, яе практыкавалі і ў нашым дзіцячым доме, а пасля... Усе сістэмы зніклі і засталася адна савецкая педагогіка.

— Я прыйшла, бо вы сказалі прыйсці, калі будзе страшна. Я сапраўды адчула нешта такое... Мне стала страшна. Чаму вы спыталі «ці жывуць тут людзі?», калі прыйшлі да мяне. Гэта кватэра нумар адзін, хіба ў ёй не жылі людзі?

— Што вы адчулі?

— Пахі... Пах мужчынскай парфумы, якога не павінна было быць. Рэзкі пах мужчынскага адэкалону і тытуню.

— Так, так, як раней казалі, мужчына мусіць быць чыста паголены і крыху п’яны.

— Наконт «п’яны» я не ўпэўненая. Але пах быў, быццам бы чалавек побач, а нікога не было.

Сухая марская зорка ў акварыуме на імгненне нагадала калядную зорку, але толькі на імгненне. І яна прыпомніла, што некаторыя віды марскіх зорак выварочваюць свой страўнік вонкі, каб ахутаць і пераварыць ахвяру-малюска.

— Гэтая кватэра... можна сказаць, што гэта кватэра нумар нуль, нумар адзін на ёй з’явіўся якраз перад тым, як вы з’явіліся ў гэтай кватэры.

— Кватэра нумар нуль?

— Так, былі такія кватэры... дзе людзі, якія супрацоўнічалі з КДБ, сустракаліся са сваімі куратарамі.

— У кватэрах? Навошта?

— Для таго, каб ніхто не заўважыў. Чалавек сярод белага дня не заходзіць у будынак КДБ, а павярнуў у арку, забег у пад’езд і — шмыг у першыя ж дзверы. Ці мала хто да каго ідзе, можа ў госці, можа па справах.

— Так, па справах.

— І гэта кватэра была менавіта такая, пакуль не з’явіліся вы, і... ведаеце што, я зраблю вам падарунак.

— Ой, што вы, што вы, не турбуйцеся.

— А гэта і не зусім мае падарункі, гэта дарункі ад Фрыдрыха Фрэбеля. Для развіцця дзіцяці ў самым раннім веку Фрэбель прапанаваў шэсць «дарункаў». Першы з іх — мячыкі.

— А для чаго яны, мячыкі?

— Каб выхавацель мог паказваць дзіцёнку мячыкі рознага колеру, развіваючы такім чынам яго здольнасць адрозніваць колеры. Разгойдваючы шарык у розныя бакі і прыгаворваючы «наперад-назад», «угару-ўніз», «направа-налева» — так выхавацель знаёміць дзіця з прасторавымі ўяўленнямі. Паказваючы шарык на далоні і хаваючы яго, прыгаворваючы пры гэтым: «Ёсць мячык — няма мячыка», знаёміць дзіця са сцвярджэннем і адмаўленнем.

Суседка працягнула ёй невялікія мяккія, ваўняныя мячыкі, пафарбаваныя ў розныя колеры — чырвоны, памаранчавы, жоўты, зялёны, сіні, фіялетавы (гэта значыць колеры вясёлкі) і белы. Кожны мячык-шар — на матузку.

Яшчэ з лесвіцы яна ўбачыла, што каля яе кватэры стаіць чалавек у зімовым строі рыбака са скрыняй з прыладамі і пакункам з прадуктамі. Быццам бы нічога не змянілася, усё, як запланавалі.


Частка 2. Хлопчык у кватэры № 0


Надыходзіць момант, і ў галаве ўключаецца гадзіннік.

Уначы і на досвітку гук гадзінніка найбольш выразны.

Гадзіннік уключаеццца, калі падзеі заканчваюца, а жыццё перастае адбывацца, усё выглядае чужым, змяняе колеры і водары.

Разумееш — твой час сыходзіць, заканчваецца.

Прыадчыненая брамка зачыняецца.

Час таксама зменіцца. Час да з’яўлення гадзінніка пачне сціскацца — успаміны сцірацца, а пасля з’яўлення гадзінніка час будзе, як жэлацінавае жэле — вязкі безсэнсоўны. Па-за часовае жэле. Час, у якім адбываецца тое, што не мае ніякага дачынення да цябе.

Як адчуць той момант, калі жывое жыццё ператваецца ў гісторыю альбо забыццё?

Красавік. 1997 год.

У Мінску на асфальце праспекта Францыска Скарыны хістаюццаа цені дрэваў. Вецер кідае пыл на вусны.

Парэшткі зімы яшчэ не змытыя дажджамі.

...Твары ў красавіку ўражваюць — быццам людзі выйшлі з падзямелляў — колеры — зямля са снегам.

Красавік 1997 года. На Плошчы Незалежнасці каля Чырвонага касцёлу нешта гарэла і дыміла.

Дзяўчына выйшла з паштамту. Яшчэ адчувала пах клею ад пасылкі.

— Дзялімае — не дзялімае?

Незразумелае пытанне задала дзяўчыне супрацоўніца на Галоўпаштапце.

— Што?

— Дзялімае — не дзялімае? — супрацоўніца паштампту зрабіла рух рукамі, быццам раздзіраючы нешта на часткі.

І тады дзяўчына зразумела, што пытанне тычыцца пасылкі «дзялімае» — гэта тое, што дзеліцца на часткі, а «не дзялімае» — гэта адна рэч, якая не дзеліцца.

— Дзялімае, — адказала яна, здала пасылку, а пасля, з пахам клею і абгортачнай паперы на руках, выйшла з Галоўпаштампту — з бакавога выхаду, на вуліцу імя Свярдлова.

Каля Чырвонага касцёлу хістаўся натоўп і гарэла пудзіла. Ужо дагарала. Пудзіла, падобнае на тое, што спальваюць на провадах зімы. Толькі там пудзіла жаночае, а тут — мужчынскае.

Тое, што пудзіла — не жаночае, а мужчынскае, дзяўчына паспела зразумець па агульных абрысах. Пудзіла не паспела дагарэць, звалілася пад ногі натоўпу. Там яго, відаць, затапталі.

Дзяўчына пайшла да Чырвонага касцёлу.

Натоўп тым часам яшчэ больш расхістаўся, захваляваўся.

З Чырвонага касцёла выйшаў ксёндз і стаў ля дзвярэй. Назіраў.

Дзяўчына ўбачыла калегу з маленькім сынам — школьнікам малодшых класаў. За спіною у хлопчыка быў ранец.

— Пачакайце тут, ля касцёла, — сказаў ён — і кінуўся ў натоўп.

Дзяўчына засталася стаяць з хлопчыкам ля касцёла. І адначасова натоўп, як пачаліны рой, зняўся з месца і рушыў да паштамту і на праспект. І амаль адразу На мяжы Плошчы з праспектам з’явіліся людзі ў шэрай плямістай форме, у шлемах, падобных на яйкі. Чорна-шэрыя бліскучыя яйкі. Яйкі дыназаўраў. Яйкі, з якіх нараджаюцца цмокі.

Людзі з дубінкамі хутка прабегліся і выцягнуліся ў ланцуг, які падзяліў натоўп на часткі: калона рушыла па праспекце ўдоўж паштамту, рэшта людзей засталася на Плошчы.

Людзей, якія засталіся ля касцёла, рабілася ўсё меней, яны разыходзіліся, ксёндз таксама сышоў.

Дзяўчына загаварыла з яшчэ адным знаёмым, які трымаў транспарант з нейкім лозунгам — яна нават прачытаць не паспела. Хацела параіцца, што ёй рабіць, але ён хутка адказаў:

— Час пікету скончыўся.

Згарнуў транспарант і паспешліва сышоў.

Трэба было рухацца, стаяць на месцы не мела сэнсу.

— Мы можам пайсці рознымі шляхамі, — звярнулася дзяўчына да хлопчыка, — паўз... Ты бачыў калі-небудзь турму? Я пакажу табе турму. Ці паспрабаваць прайсці праз гэтыя шэрагі, можа, яны нас прапусцяць.

—Я хачу ісці так, каб бачыць тату.

Дзяўчына глянула ў бок паштамту. Там віравала: над галовамі ўздымаліся і апускался дубінкі. Ужо пачалі біць.

— Значыць, мы хутка пройдзем каля турмы, выйдзем на праспект каля крамы кружэлак. І пабачым твайго тату...

Яны рушылі да Валадаркі, прайшлі праз ачапленне. Іх моўчкі прапусцілі — людзі са шкарлупіннем на галаве.

Прайшлі ля белых турэмных муроў і па вуліцы імя Валадарскага выйшлі на праспект. Карціна была, як ў сне — з аднаго боку праспекту па ходніках ішлі людзі, як звычайна, а на другім баку амапаўцы змагаліся з дэманстрантамі — махалі дубінкамі.

— Дзе тата? — спытаў хлопчык.

— Там.

Было страшна і няясна, чым скончыцца. Каля ГУМу зноў ланцуг, зноў круглыя, бліскучыя галовы ў шлемах.

І дзяўчыну з хлопчыкам зноў прапусцілі, расступіліся перад імі. Моўчкі. Праз арку яны зайшлі ў двор, пасля ў пад’езд, дзе на першым паверсе жыла дзяўчына.

У кватэры дзяўчына ўключыла тэлевізар — паказвалі добра толькі дзве праграмы, так, што можна было глядзець: беларуская і расейская.

— Ёсць мульцікі, і ёсць навіны, што будзеш глядзець? — звярнулася яна да хлопчыка.

— Навіны.

Канал быў расійскі, але паказвалі навіны з Мінску.

«...черепно-мозговые травмы, по некоторым сведениям, есть убитые».

Забітыя!??

Хлопчык сядзеў на канапе з цёмна-бардовай абіўкай перад тэлевізарам. Канапу дапамагла выбраць і набыць сяброўка. Добра дапамагла, нібыта набывала для сябе. Разам ездзілі ў Дом мэблі на Камароўцы. Цёмна-бардовая канапа, абабітая матэрыялам, падобным на плюш, з выпуклымі хвалямі, у раскладзеным выглядзе вельмі нізкая — як матрац, які ляжыць на падлозе. Канапа дзяўчыне падабалася. За выбар канапы яна была сяброўцы ўдзячная.

З намі не можа адбыцца нічога такога, чаго няма ў нашай падсвядомасці. Але ці можа побач з намі існаваць нешта не нашае, нябачнае, ледзь адчувальнае і незразумелае, што не належыць нам, а прыцягвае здарэнні і людзей? Было ж такое, што адчувала ў гэтай кватэры дзяўчына рэзкі пах адэкалону, які невядома каму належаў. Пах моцнага тытуню. Не наш час, не нашыя пахі — рэзкія, выразныя, добра акрэсленыя. Суседзі падказалі, што ад часу пабудовы дома ў кватэры ніколі не жылі людзі. Тут была службовая кватэра, у якой супрацоўнікі савецкіх спецслужбаў сустракаліся са сваімі пазаштатнымі агентамі. Вельмі зручна — зайшоў у арку, павярнуў направа, у пад’езд, першая кватэра на першым паверсе.

Хлопчык між тым глядзеў навіны па НТВ.

І ўжо па тэлевізары перадалі, што на акцыі ў Мінску ёсць параненыя і забітыя. Хлопчык паглядзеў на дзяўчыну.

— Пайду гатаваць вячэру, — сказала тая, — павячэраем разам, калі твой тата прыйдзе цябе забіраць. Твой тата ведае, дзе я жыву.

Па доўгім калідоры яна прайшла на кухню. Прадуктаў было зусім мала. Была недапітая бутэлька каньяку «Метакса», бульба, алей. Дзяўчына пачала гатаваць страву, якую іншая яе сяброўка называла «таранае-жаранае». Гэтую сяброўку дзяўчына вельмі паважала за тое, што тая скончыла сапраўдную беларускую школу ў вёсцы і ведала, як гучыць па-беларуску Ленінава азначэнне матэрыі: «аб’ектыўная рэчаіснасць, дадзеная нам у адчуваннях». Для сяброўкі беларуская мова была роднай, жывой, яна ведала шмат словаў, якія сапраўды жылі. У гэтым сэнсе дзяўчына вельмі ёй зайздросціла, бо самой давялося вывучаць беларускую мову толькі па кнігах, дзе не было нічога пра «таранае-жаранае». Мова мусіць быць жывой.

Страва прыгатавалася хутка, але хлопчык папрасіў пачакаць тату і не вячэраць без яго. Дзяўчына падышла да вакна, узялася зьнізу за шырокае, драўлянае, шмат разоў пафарбаванае і навобмацак няроўнае падваконне, стаяла і думала: чым усё скончыцца? Адказу не ведала, нават прыблізна.

Тэлефона ў кватэры не было. Дзяўчына пакінула хлопчыка аднаго і пайшла на вуліцу да тэлефона-аўтамата, на скрыжаванне вуліц Леніна і Карла Маркса, дзе крама «Каўбасы». Набрала тэлефон сядзібы руху, які арганізоўваў акцыю.

— Акцыя скончылася, ўсе разышліся, — паведамілі ёй.

— А дзе Алесь?

— Дома, відаць, ужо! — адказалі весела. Там смяяліся і нешта жавалі.

— Не, не дома...

Пасля яна набрала нумар той сяброўкі, якая скончыла беларускую школу, і спыталася: «Што рабіць?»

Сяброўка прапанавала сказаць, што тата заняты, што ён перадае сыну, каб той клаўся спаць, а зранку ён яго забярэ. Падманваць не хацелася, але што яшчэ можна было сказаць?

Калі яна скончыла размову і павярнулася да скрыжавання, то ўбачыла, што каля параднага пад’езда дома насупраць, музея Пятруся Броўкі, стаяць людзі ў цывільным: кураць і прыглядаюцца да яе. Перагаворваюцца.

Не хапала, каб яшчэ яе забралі. Яна хутка пабегла ў кватэру. Сказала хлопчыку тое, што параіла сяброўка. Хлопчык паверыў, ці не паверыў, але паслухаўся, папрасіў дазволу памыць ногі і лёг спаць на канапе.

Дзяўчына патушыла святло і прычыніла дзверы пакоя, потым патушыла святло і на калідоры. Сваю пасцель перанесла на кухню. Доўга стаяла каля вакна без святла. Спадзявалася, чакала. Нічога, нікога.

Лягла спаць на падлозе, прыслухоўваючыся да падземных гукаў. Недзе там, пад падлогай, была развілка метро, увесь час адбываліся таемныя рухі. Пад іх дзяўчына і заснула.

Пад раніцу задрыжэў паркет — пад зямлёй ажыло метро, цягнікі разыходзілся па розных адгалінаваннях.

Раніца не прынесла зменаў і навін. Ніхто не прыйшоў.

Дзяўчына збегала ў краму, набыла рыбных палачак, глазіраваных сыркоў. Паснедалі. Узялі ранец і пайшлі на працу ў Траецкае прадмесце.

Жанчыны на працы здзівіліся, калі пабачылі дзяўчыну з хлопчыкам.

— А дзе Алесь?

— Зараз мы возьмем батон і пойдзем карміць качак на Свіслач, — сказала дзяўчына. — А вы патэлефануйце... — і назвала сябра Алеся.

Узялі на працоўнай кухні батон, знялі ранец. Школа адмянілася. Пайшлі на Свіслач. Сонца. Красавіцкае сонца на хвалях. Качары і шэрыя качкі. Шмат маладых не па парах. Сонца блішчыць на зялёных шыях.

Дзяўчына вучыла хлопчыка адрозніваць самца ад самак.

— Самец заўсёды яркі, самка шэрая.

Качкі елі батон, да іх далучыліся драпежныя чайкі — хапалі белы хлеб у паветры.

А пасля хлопчыка забраў да сябе татаў сябра.

І дзяўчына з каляжанкамі пачалі тэлефанаваць паўсюль, куды тэлефануюць, калі чалавек знікае раптам з вуліцы і яго нідзе няма.

Знайшлі ў судзе Цэнтральнага раёну Мінска. Пайшлі туды з сяброўкай, той самай, якая дапамагала выбіраць канапу.

І быў суд, і прысудзілі штраф.

Каля Мастацкага музея, пасавіўшы нагу на тумбу з вялікім каменным шарам, Алесь уцягнуў матузкі ў чаравікі. Матузкі забіралі пры затрыманні.

Яго ўзялі каля таго самага дому, дзе музей Пятруся Броўкі. Тыя самыя людзі ў цывільным.

Утраіх яны зайшлі да дзяўчыны, выпілі «Метаксы» за вызваленне.

А пасля тата паехаў забіраць хлопчыка.

Гісторыя скончылася.

У хуткім часе шмат людзей пачалі шукаць сваіх блізкіх, якія знікалі пасля мітынгаў. Але тое тычылася будучыні, якая толькі наступала. Тады ніхто не ведаў, што будзе далей.

Дзяўчына вярнулася ў кватэру.

На паркеце ля канапы ляжаў недапісаны ліст да сяброўкі ў Канаду:

«... думаю пра рэальнасць сноў. Цікава, што ў мяне няма і не было (можа, пару разоў у жыцці) кашмараў або сноў, у якіх на мяне нападаюць і мне трэба абараняцца. Але маю некалькі падобных паводле зместу, паўтаральных сноў. У першым я ў вялікім гатэлі і ведаю, што недзе ў ніжніх падземных частках гатэлю ёсць добрая сауна і басейн, я падыходжу да іх і гляджу — бачу людзей у вадзе. Мне ўсё падабаецца, а потым я іду ў нумар, каб пераапрануцца, але замест распраналак апынаюся ў анфіладзе брудных прыбіральняў і ў выніку так і не трапляю ў ваду. І тое ж самае пра мора: я пачынаю ісці да мора, але на дарозе натыкаюся на бетонные агароджы, калючы дрот, тупікі. Хаця ў сне пра мора я некалькі разоў была трапіла да вады, але тая аказалася пякуча халоднай».


Частка 3. Лядоўня ў кватэры № 0


Белая лядоўня літоўскай фірмы «Снайге».

Некалі, пад настрой, на ёй змясцілі пераводныя малюнкі — матылі, жукі, стрылаткі. З часам выявы інсектаў абляцелі — фрагментамі. Асабліва пацярпелі стрылаткі — іх тонкія лапкі ды тулавы амаль знікілі, засталіся пункцірныя кропкі на белай паверхні.

З 1985 года лядоўня стаяла ў кватэры, дзе дзяўчына жыла разам з сяброўкай. Сяброўка выйшла замуж. Дзяўчына выехала, а пасля даведалася, што лядоўню муж сяброўкі прадае. Купіла лядоўню з напаўсцёртымі матылямі, стрылаткамі ды жукамі. Купіла, бо не хацела, каб лядоўня, якая рытмічна гула па начах, перайшла ў чужыя рукі.

Дзяўчыне даводзілася спаць на кухні побач з лядоўняй, ёй падабаўся гул і гук, з якой лядоўня марозіла, уключалася і выключалася. Гук лядоўні супакойваў. Дзяўчына забрала лядоўню з сабой у новае жыццё. Як тое, што суцяшае.

Лядоўню перавозіў кіроўца з прозвішчам Бабло — не з мянушкай, а па пашпарце. Бабло дапамог не толькі перавезці, але і выгрузіць і зацягнуць лядоўню на першы паверх.

— Толькі не кажыце нікому, дзе я цяпер жыву, — папрасіла дзяўчына.

— Чаму? — запытаўся ён у дзвярах. І адразу ж супакоіў:

— Добра, не скажу.

Пры гэтым так загадкава ўсміхаўся, як усміхаюцца былыя вяскоўцы — не зразумела, што чалавек думае. А калі зразумеш, то ўсё — ужо позна.

Лядоўня пераехала на новае месца. Цяпер пад падлогай грукацела метро, а ў кватэры над метро — лядоўня «Снайге».

Кухня, стол. Над сталом лямачка ў чырвоным плафоне.... Яе можна паварочваць ва ўсе бакі — як зручна.

Дзяўчына на кухні за сталом. Бярэ з лядоўні лімон з цукрам. У лядоўні загараецца лямпачка.

Люты. Першы паверх. Грукнула ў шыбу. Вільготна ляснула і расцяклося. Цемра за вакном. толькі цьмяны ліхтарык зверху — ля ўваходу ў пад’езд.

Бліскучая слоць на шкле. Крышталікі снегу ў святле ліхтара над пад’ездам.

Дзяўчына зразумела — аб шыбу разбілася снежка. Лютаўскі снег траціў сваю зімовую структуру: быў яшчэ ў буйных крышталях, але неўзабаве мусіў ператварыцца ў слоць, пасля ў ваду, і потым — у туман. Знікне туман, застанецца празрыстая ўрачыстасць.

Сплывала снежка на шкле — разбіты срэбны шарык зімы.

У двары цёмна, на кухні светла, зразумець, хто там — цяжка. Шэрая постаць. Чалавек.

Пабачыў дзяўчыну, узрадваўся, пачаў махаць рукамі — паказваў, каб адчыніла пад’езд, бо там кодавы замок — трэба ведаць спалучэнне лічбаў.

Дзяўчына адчыніла. У яе быў сябра, які любіў спрачацца з мінскімі помнікамі пісьменнікам, асабліва з адным — падобным на Фантамаса. Але гэтым разам прыйшоў не ён. Прыйшоў іншы добры сябра, амаль сваяк, прынёс 50 даляраў. На гэтыя грошы трэба было набыць прадукты і рэчы, а пасля зрабіць перадачу чалавеку, які знаходзіўся ў Следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Дзяўчына грошы ўзяла, але як рабіць перадачы — не ведала. Што адбываецца ў спратах Валадаркі — не ўяўляла. Гэта быў іншы свет, які не меў нічога супольнага з яе ўяўленнем пра жыццё і людзей.

Дзяўчына праводзіла свайго вечаровага госця. Выйшла з ім у двор. Друзлы снег... лютаўская слота.

Усё ў двары было пампезным: высокія аркі з брамамі — спалучэнне сталі і чугуна — стойкі, рамкі, сталёвыя дзіды, а аздабленне — завітушкі, чугуннае ліццё.

Дзяўчына падумала, што квадрат двара з брамамі пад уплывам злой волі мог ператварыцца і ў пастку ў цэнтры горада, у якую можна загнаць шмат людзей. Замкнуць браму і паставіць ахову. А з вуліцы — нічога не відаць.

У двары і без таго ставілі аўтобусы з АМАПам, — таксама не відаць звонку. АМАПаўцы ўжо зранку сядзелі ў аўтобусах і гулялі ў карты, чакаючы свайго часу.

Люты. 1997 год. Метамарфозы снегу і лёду.

Адліга. Плошча Свабоды. Лёд ператвараўся ў ваду, сплываў пад асфальтам па старым бруку з Верхняга гораду да Свіслачы.

Тое, што ўзімку было моцным, гладкім, коўзкім і цвёрдым, ператваралася ў ваду. Белае ператваралася ў шэрае, шэрае — у бясколерную празрыстасць. Халодная слоць уздымалася туманам.

Туман ахінуў Плошчу Свабоды. Дзяўчына пайшла паглядзець, як трэба рабіць перадачу ў спраты Валадаркі.

Людзі з вялікімі абшарпанымі торбамі зварочвалі з праспекта Францыска Скарыны на вуліцу Валадарскага. Неслі перадачы.

Чарга да вакенца.

Каля вакенца ў сцяне адбываецца дзея: жанчына сталага ўзросту перадае для сына вялікі цэлафанавы мех добрых цыгарэт, змацаваных гумкамі, каб не паламаліся, — у пачках перадаваць нельга. І яшчэ большы празрысты мех з ліставой гарбатай:

— Хай чыфірыць сабе на здароўя, — гаворыць яна і, задаволеная, сыходзіць. Не драматызуе.

Маладазіца ў вакенцы перадач усе рэчы перабірае, прадукты ўзважвае і закідвае ў адмысловыя мяхі, які пасля развязуць па камерах.

Адна жанчына з чаргі просіць, каб прынялі газет з красвордамі і анекдотамі.

— Вазьміце, калі ласка, красворды, дэградуюць жа там хлопцы.

— Не дэградуюць, — адказваюць з акенца, — будуць чытаць тое, што мы даем. У іх там тэлевізары стаяць.

Газеты з анекдотамі не прымаюць, не прымаюць і адзенне колеру «хакі» — гэта колер ахоўнікаў. Заношаная і рваная бялізна не прымаецца:

— Яны скажуць, што гэта не іхняе, маўляў, гэта мы падмянілі новае за старое.

Прымаюць перадачу ў старой жанчыны. Адзін батон аказаўся лішнім. Пераважыў 5 кілаграм.

— Батон, вазьміце батон, — нясецца над чаргой рэзкі крык з плачам, — хай паесць батону. У яго сёння дзень народзінаў!

— У іх дзень народзінаў 12 разоў на год, — адказваюць з вакенца. — Як бацькі прыйдуць, адразу дзень народзінаў.

Батон не прымаюць.

— У дзяцінстве батонамі трэба было карміць і казкі добрыя расказваць, — гаворыць нехта з чаргі, вельмі ціха, як бы сам сабе.

Чаканне.

Цяжка вытлумачальны стан ў тоўстых мурах.

Ціск.

Аб’ява пра тое, што дазвол на перадачы можна падпісаць ў начальніка ўстановы.

Гэты замак з вежамі і мурамі пасярод Мінску — установа? Установа, у якой ёсць начальнік? Валадар цемры і муроў. Як можа выглядаць начальнік установы? Як сатана, які ў душу? Чым ён там займаецца ў спратах Валадаркі? Дзе кабінет яго? У вежы? Паглядзець бы на яго.

У слове СУМленне адчуваецца сум.

Адчуванне страты: у адзін момант чалавек стаў недасягальным, нібыта памёр. Але ён жывы.

Мур. Паміж зняволенымі — і воляй.

«Няма нічога страшнейшага за сам страх», сцвярджаў Луцый Аней Сенека, рымскі філосаф-стоік. Страх мае адценні: ад самага слабага страху да жаху. Нават у старажытнагрэчаскай міфалогіі адрознівалі двух багоў: адзін — Фобас, бог Страху; другі — Дэймас, бог Жаху. А яшчэ быў бог лесу Пан, які мог наганяць на людзей невытлумачальны жах, калі чалавек уцякаў, не разбіраючы дарогі — адсюль «паніка». Напалоханымі людзьмі лягчэй кіраваць. Але ўлада, якая абапіраецца на страх, няўстойлівая, бо страх — пачуццё невыноснае.

Вяртанне ў кватэру.

Трывожны сон.

Трызненне праз сон.

Перад вакном хістаюцца цені — размытыя, нерэальныя. Не цень ад дрэва, а згустак. У вакне брунатныя згусткі, абрысы. Ад якіх сыходзіць пагроза. Як размытыя фарбы, але не на шкле, а ў паветры. Быццам нехта мазануў фарбай у паветры, а яно так і засталося ў паветры палоскай. І хістаюцца злёгку за вакном, у час світання.

Вісяць у вялікім старым вакне — займаюць усю прастору акна.

Страшнае, жудаснае, незразумелае, расплывістае. Без пэўнай формы.

Адчуванні жудасці.

Як у густым тумане на гары.

Ці ў тумане на Плошчы Свабоды, калі міліцыяты ў доўгіх плашчах цягнуць ў машыны маладых людзей, якія ўпіраюцца і не хочуць ісці.

Менавіта з гэтай сітуацыі вылучаецца формула: «Без падпарадкавання няма ўлады». «Ёсць падпарадкаванне — ёсць улада».

У зграях пацукоў, як і ў супольнасці людзей, дзейнічае выразная іерархія. У пацукоў ёсць важакі і тыя, хто падпарадкоўваецца. Калі важак падыходзіць да любога з пацукоў і прымае пагрозлівую паставу, то пацук мусіць прыняць позу падпарадкавання — прыпасці ўсім целам да зямлі. Пры гэтым у важака ўздымаецца поўсць на шыі — раздзімаецца «каўнер». Пераканаўшыся ў сваёй поўнай уладзе, важак адыходзіць, цалкам задаволены.

Пачуццё камфорту і бяспекі ў зграі наўпрост залежыць ад ступені блізкасці да важака зграі. Пацукі-прыстасаванцы люта б’юцца паміж сабой за права быць бліжэй да важака.

А можна і не баяцца.

Навукоўцы-этолагі, якія вывучаюць жыццё і паводзіны жывёл у прыродных умовах, заўважылі, што ў пацучыных зграях часам з’яўляюцца пацукі-дысідэнты. Яны не рэагуюць на позу пагрозы паставай падпарадкавання, як ні раздзьмувае важак свой «каўнер».

Калі ў зграі з’яўляецца шмат дысідэнтаў, то сэрца важака не вытрымлівае, і ён гіне ад інфаркту. Так адбываецца змена важака ў пацучынай зграі.

Пра гэта пісаў Конрад Лорэнц (1903 — 1989), нобелеўскі лаўэрэат, адзін з заснавальнікаў эталогіі — навукі пра паводзіны жывёлаў.


Частка 4. Гатэль «Цішыня»


Дні ўспамінаў — трапляеш то ў цемру, то ў туман.

З’яўляюцца размытыя абрысы-прывіды, набываюць форму, рэзкасць і яскравасць.

На старых фотаздымках пазнаеш сябе па адзенні, па адмысловых гузіках на паліто. І, як на эксгумацыі, — паводле абутку. Прасцей пазнаць іншых — не сябе. Прыкладам, па гальштуках палітыкаў на фотаздымках можна вызначыць год.

Чалавек не бачыць сябе збоку, адбітак у люстэрку ці ў вітрынах — гэта не тое.

«Валадарка» — не толькі турма ў Менску. Памяць — валадарка часу і лёсу, валадарка ракі, асфальту і гранітных берагоў.

Праца ў музеі дае эфект: перастаеш заўважаць свoй час. Жывеш у 1997 годзе, а выставу робіш пра 1917 — і знаходзішся там, не ў сваім часе.

Ні для сябе, ні для іншага. А для самоты, якая спалучае светлы сум і адзіноту.

Патанаеш у часе, і з гэтай мутнай цёмнай глыбіні выплывае рознае — бурбалкі паветра з дна, рэчы, фрагменты чагосьці ці кагосьці.

Фотаздымак: Свіслач у тумане, Траецкае прадмесце, вуліца Багдановіча, з аднаго боку АМАП у шлемах, насупраць людзі са сцягамі.

Качкі ў Свіслачы. Вясна ці восень? Красавік ці лістапад?

На асфальце расколіны, шчыліны, якія заварожваюць.

Травень, 1997 год — свежае лісце на дрэвах ў скверыку ля помніка лётчыку-герою Грыцаўцу і зялёна-смарагдавая трава на газонах.

Вільготна і ў горадзе, і ў кватэры на першым паверсе.

Уначы і пад раніцу выразна адчуваецца вібрацыя ад важкіх цягнікоў метро, якія грукочуць пад зямлёй.

Паклееныя напрыканцы восені шпалеры набрынялі і пачалі спаўзаць са сценаў.

Паўзлі, як цяжкія шэрыя вусені.

Шоргаты і гукі пры адліпанні, як пры ператрусе, быццам нехта нябачны халоднай рукою сцягвае долу волкія шпалеры са сцяны — шукае схаваныя таемныя запісы — сведчанні віны.

У гуках адліпання чуюцца сцішаныя начныя галасы — некалькі чалавек гавораць паміж сабой — знайшлі ці не знайшлі тое, што шукалі? Не разабраць словаў у гэтым шолаху-шэпце. Тым часам нябачныя суразмоўцы пераходзяць да наступнай палоскі шпалераў.

Настрой змяняўся па некалькі разоў на дзень.

Балелі зубы. На працы параілі платную стаматалогію на праспекце Машэрава. Трэба паспець да адпачынку — ехаць за мяжу з зубным болем і анальгінам па ўсіх кішэнях не варта.

Першы раз лячыла зубы з анестэзіяй. Першы раз трапілася доктарка з лёгкай мяккай рукой. Першы раз спраўдзілася абяцанне, якое звычайна — хлусня: «Вы нічога не адчуеце!» Сапраўды, нічога не адчула.

— Як у вас так атрымлівецца? — запытала ў доктаркі.

— Я з дзяцінства марыла лячыць зубы людзям!

Адыходзіла «замарозка». Пасля анестэзіі трывожны сон: прыйшлі беларускія літаратары 20-х — 30-х гадоў, героі выставы «Покліч» з Музея Гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску.

Літаратары ў выглядзе статуй у чалавечы рост, з чорна-шэрага пластыліну. Рухаліся з цяжкасцю. Вачніцы пустыя. Складкі на адзенні, як штрыхі, нанесеныя ножыкам. Ледзь перасоўваючыся, яны абменьваліся кнігамі. Цяжкія пластылінавыя кнігі выгіналіся і мяліся пры дакрананні. І ўсе кнігі — закрытыя, загорнутыя, назваў — не прачытаць.

Зубы ўжо не балелі, але трывога нарастала.

Па вечарах прыходзіў Сябра-мастак, паказваў свае малюнкі — бясконцую серыю — секс з Сяброўкай. Інтымныя часткі цела — сінія і зялёныя — намаляваныя дасканала і падрабязна, але разам з тым абагульнена і ўмоўна, як знакі і сімвалы прынтоў для тканіны.

Разглядалі малюнкі пад ліхтарамі на вуліцы Леніна, на бульвары каля помніка лётчыку Сяргею Грыцаўцу — герою вайны ў Іспаніі і канфлікта на Халхін-Голе. 16 верасня ў 1939 года вінтом самалёта баявога таварыша лётчыку-герою адцяла галаву на вайсковым аэрадроме ў Балбасава. Трагедыя ў святле газавых ліхтароў і вогнішчаў, якія запалілі па пасадачнай паласе замест пражэктараў. Пахавалі лётчыка не на могілках, а каля аэрадрома. Герой загінуў знянацку.

Гісторыя пра лётчыкаў выглядае як біблейская — анёлы ляцелі па небе напачатку вялікай вайны, не было для іх нідзе перашкодаў. На зямлі гарэлі вогнішчы і газавыя ліхтары — святло здрадлівае, рухомае. Герой не робіць памылкі пры пасадцы, ён толькі хоча дапамагчы таварышу, але вінт самалёта адсякае яму галаву. 17-га верасня газеты паведамляюць не пра смерць героя, а пра ўз’яднане Беларусі — Усходняй і Заходняй.

Сіне-зялёныя малюнкі Сябра-мастак забраў з сабой — у тэчцы. У яго такіх шмат. Малюе ён і сябе, але чорным.

Пад раніцу прачнулася нібыта ад раптоўняга дакранання.

Ускочыла — нікога не было, толькі шпалеры спаўзлі яшчэ ў адным месцы, дзе да таго трымаліся моцна.

У пакоі адчуваўся пах тытуню.

Ключ ва ўваходных дзвярах хістаўся, быццам бы толькі што нехта выйшаў і зачыніў дзверы за сабой.

Нікога няма.

Зранку шкло ў гадзінніку «Луч» з сярэдзіны запацела — не зразумець, каторая гадзіна. Рушнікі мокрыя, усё, што трэба высушыць — не сохне.

Сабралася ў вандроўку.

Ключы ад кватэры аддала Сяброўцы з сіне-зялёных малюнкаў. А Сябар падараваў перад дарогай двухтомнік Томаса Мана «Іосіф і яго браты». З сабою ўзяла першы том на 10 дзён адпачыку.

Вандроўка ў Балгарыю, туды — цягніком, вяртацца — аўтобусам. У турагенцтве спыталі, дзе яна хоча жыць — у прыватным катэджы ў гаспадыні ці ў гатэлі са сняданкам. Абрала гатэль.

З Мінску ў балгарскае мястэчка Прыморска выехала група колькасьцю ў 8-м чалавек: жанчыны і адзін пяцігадовы хлопчык, сын гандляркі дзіцячым абуткам з «Дынама». Не сезон.

У мястэчка Прыморска толькі-толькі пачыналі ездзіць турысты, раней гэтая зона была забароненай. Побач — былая летняя рэзідэнцыя камуністычнага лідара Балгарыі Тодара Жыўкава.

Паўвыспа.

Левы бераг — глыбокая сіняя вада, хвалі з белай пенай. Выразны гул хваляў.

Правы бераг — вада блакітная, лагодная, — неглыбокая.

Гатэль толькі адзін — шматпавярховік з бледна-блакітным надпісам «Тишина».

У першы дзень адпачынку плавала ў халодным моры.

Холад хваляў даходзіў да сэрца, працінаў да костак, цёмная вада прадказвала балючыя змены.

Выходзіла на сняданак — была зусім адна ў вялікай рэстарацыі, у стылі 70-х — згадка пра краіны Варшаўскай дамовы. Сняданак — чорныя аліўкі, яйка, каўбаса, гарбата на зёлках. Супрацоўнікі гатэля назіралі збоку.

Больш людзей у гатэлі «Тишина» не было — адна.

Чытала на сёмым паверсе кнігу Тамаса Мана і час ад часу прыслухоўвалася — ці жывуць тут людзі. Не, не было.

Выправілася на шпацыр, з мястэчка пайшла па беразе мора да былой рэзідэнцыі «Перла» Тодара Жыўкава —на той частцы паўвыспы, дзе вада ў моры цёмна-сіняя, глыбокая, халодная.

Дзьмуў вецер. Спачатку бераг быў роўны і пусты, пасля натрапіла на рэшткі агароджы з калючым дротам, яшчэ далей — на паўразбураны ўмацаваны дот, яго ўжо заносіла пяском.

Рухнула камуністычная сістэма, і яе закінутыя матэрыяльны часткі выглядалі рэшткамі цывілізацыі, якая знікае.

Пачатак чэрвеня 1997 года, ня так і шмат часу мінула ад адхілення ад улады (у лістападзе 1989-га) і арышту (у 1990-м) Тодара Жыўкава, але цяпер ужо толькі заставалася ўяўляць, як выглядала і як было абаронена ягонае лецішча, месца адпачынку і моцы пры былых валадарах.

Мора.

Бухта.

Белага колеру дом.

Тэраса з аркамі.

Трава праз пліткі.

Леташняе лісце на прыступках.

Зачыненыя дзверы.

Моцныя сцены, мала вокнаў.

Лёгка ператварыць будынак у цалкам закрыты куб.

Абарончае збудаванне.

Шурпатая тынкоўка.

Неба яскрава сіняе, ультрамарын.

Вечназялёныя туі ля рэзідэнцыі.

Празрыстая вада перасыпае дробныя каляровыя каменьчыкі.

Села на камень ля бухты, апусціла ногі ў ваду.

Марская змяя праслізнула па пальцах, напалохала, прымусіла хутка прыбраць ногі з вады — пазбавіла супакою.

На адваротным шляху вырашыла пазагараць, расклала рушнік, лягла, слухала вецер і хвалі.

Але і тут не было супакою, падышоў чалавек і ўлёгся зусім побач. Балгарын, гаварыў па-расейску. Сказаў, што прыехаў з Сафіі адпачываць разам з сям’ёй, пасля неяк дзіўна ўтаропіўся і вымавіў:

— Так не трэба насіць?

— Што?

Ён паказаў на вуха — там было адразу дзве завушніцы — срэбнае кола і залаты матыль.

— Чаму?

— Не трэба так два металы розныя.

— А што здарыцца?

—Нешта кепска.

—А што? Усё, што заўгодна. А дзе ты жывеш?

— У гатэлі «Тишина». А Вы ў госці да мяне сабраліся?

У адказ пахітаў галавою, і не зразумела — «так» ці «не» азначала тое хітанне.

Увечары чытала кнігу і пачула ўнізе нейкія спрэчкі і валтузню.

Глянула з балкона — чалавек з Сафіі рваўся ў гатэль, ахова не пускала, ён нешта тумачыў, але марна.

Неўзабаве з жанчынамі з Мінску паехалі ў Стамбул. Палова групы. Гандлярка абуткам пакінула сына на суседак і ехала, каб закупіцца абуткам.

Ехалі з расейскімі турысткамі з Пецярбургу. У чатыры раніцы ўвайшлі ў перапоўнены аўтобус, сонныя расейскія турысткі варушыліся ў цемры і абураліся:

— Адкуль столькі людзей? А аўтобусе і так месцаў няма! І ўсе ў Турцыю едуць!

— І едзем мы туды на ПМЖ, а — рэзка адказала гандлярка абуткам.

У Стамбуле турысткі з Пецярбургу канчаткова прачнуліся і пачалі спачувальна распытваць:

— Ці праўда, што ў Беларусі на мітынгах людзей збіваюць?

Стамбул уразіў стракатасцю, гоманам, шматлюднасцю.

Усіх павезлі ў Цыстэрну Базіліку — старажытнае вадасховішча Канстанцінопаля, падземны палац з вадой, збудаваны грэкамі. У сутарэннях пад горадам захоўвалася вада на выпадак засухі ці вайны.

Па каменных прыступках група спусцілася з тлумнага гораду ў волкае і гулкае сутарэнне.

Вільгаць, нязвыклыя гукі, рэха.

Адчуванне вялікага гораду над галавой.

Іншасвет.

class="book">Ііншачас.

Кроплі зрываюцца са скляпенняў.

Кроплі разбіваюцца аб ваду, зліваюцца з паверхняй вады.

Кроплі — на галаву турыстам.

Драўляныя масткі — пад масткамі вада.

Калоны падсвечаныя пражэктарамі.

Скляпенні Цыстэрны Базілікі падтрымліваюцца 336-цю калонамі — 12 шэрагаў па 28 калон 8-метровай вышыні.

Пад масткамі прасвечваюцца пліткі падлогі, залітыя вадой, а ў вадзе рыбы з чырвонымі вачыма.

Медуза Гаргона — валадарка Цыстэрны. На дзвюх калонах перавернутыя выявы Медузы — галава ў адной павернутая на бок, у другой уніз.

Дакранулася да твару перавернутай галавы Медузы, загадала жаданне — «Каб усе былі жывыя».

Вярнуліся ў Прыморску. Даведаліся, што пяцігадовы сын гандляркі абуткам кожны дзень сам смажыў сабе рыбу на электрычнай плітцы.

Сонца грэла, вада ў моры пацяплела.

У гатэль «Тишина» заехалі біёлагі з розных краінаў — удзельнікі міжнароднага сімпозіўма. І ў «Тишине» зрабілася людна.

З Мінска прыехаў аўтобус з новымі турыстамі. Кіроўцы паплавалі ў пацяплелым моры і забралі групу дамоў.

Дарогай у аўтобусе гучала песня грыпу Фрыстайл: «В шумном зале ресторана, Средь веселья и обмана — пристань загулявшего поэта. Возле столика напротив ты сидишь вполоборота. Вся в луче ночного света».

Гандлярка абуткам хадзіла па праходзе з бутэлькай канька «Пліска» , налівала ўсім ахвотным і крычала «Кайф!». Хадзіла, пакуль не звалілася, сын пачаў яе церабіць і цягуць на заднія сядушкі — спаць.

Доўга ехалі — праз Румынію, Заходнюю Украіну, начавалі ў Івана-Франкоўскай вобласці.

Цешылася — наперадзе дом, сустрэча з сябрамі. Хацела запрасіць іх у госці.

У Мінску на досвітку аўтобус спыніўся ля помніка Грыцаўца на вуліцы Леніна — і адразу з’ехаў.

Памахала ўслед.

Пайшла ў арку.

З сабой прывезла 2 пляшкі каньяка «Пліска» і 2 бутэлькі белага віна.


Частка 5. Да вялікай вады


Летам прывіды ў Мінску знікаюць праз недахоп вільгаці ў паветры. Горача і суха — няма вялікай ракі.

Летам горад ратуе дождж. Вада з неба. Неба пацямнее, збяруцца хмары. Халодны і празрысты, як прывід, дождж, абрынецца на горад.

Слова ёсць такое — «лунуць». Знікнуць.

Але амаль заўсёды застаецца след.

Прывіды ў камяніцах туляцца да сценаў і зліваюцца з імі.

Прывід —камяк вільгаці.

Старыя сцены — старыя прывіды. Новыя сцены — прывіды новыя.

Калі прачнуцца пасля трох гадзін ночы, прыслухацца, прынюхацца, выпрастаць руку з-пад коўдры, то можна адчуць тых, хто жыў тут да цябе. Калі толькі жыў, калі ты не першы на гэтым месцы.

Руйнуюцца сцены, прывіды знікаюць. І хто цяпер згадае, дзе ў Мінску быў гатэль «Парыж»?

Прывіды з гатэльных нумароў разляцеліся па скрыжаваннях.

Няма памяшкання, няма прывідаў.

Дзяўчыны жыла ў кватэры ў доме, які стаяў на месцы гатэлю «Парыж» на скрыжаванні праспекта Скарыны і вуліцы Леніна.

1997 год.

Вечарамі ў кінатэатры «Цэнтральны» праходзілі дыскатэкі. Столікі з ежай і алкаголем. Пад столлю ў цемры круціўся люстраны шар, білася музыка ў сценах «Цэнтральнага». Адбіткі люстранога шара — бліскучае срэбра на тварах наведнікаў. Круціўся шар, раскідваў водбліскі. Цені мітусіліся на сценах.

Па суботах дыскатэкі адбываліся і ў цэнтры горада, на Кастрычніцкай Плошчы — усю ноч да рання.

Карнавал.

Ужо мінулі два рэферэндумы.

Але заставаліся ілюзіі.

На рэферэндуме 1995 года Дзяўчына была назіральніцай у пасёлку Прывольны пры Магілёўскай шашы. У Прывольным усё было ў яблыневай квецені. Да ўчастку для галасавання вяла прысада з яблыняў. Над участкам зранку, удзень і нават увечары 14 траўня лунаў сцяг, бел-чырвона белы. Сцяг сярод ружовай яблыневай квецені.

Той дзень быў цёплым. Бліжэй да апоўначы, калі вынікі былі прыблізна зразумелыя, Дзяўчына выйшла, прайшла сярод яблыняў да чырвонага Альфа-Рамеа, на якім прыехаў яе забіраць знаёмы прадпрымальнік.

Плюхнулася на сядушку, а ён сказаў: «Ну што, пра.. лі краіну!»

Далей давялося жыць у краіне, якая зрабілася іншай.

Летам 1997 года Дзяўчына атрымала замову ад прыватнага выдавецтва на кнігу «Як выжыць у сучаснай турме».

Сядзельцаў, якія былі гатовыя падзяліцца правіламі жыцця за кратамі, хапала. І тых, якія сядзелі яшчэ да Незалежнасці — па ўсім СССР.

Дзяўчына пайшла на Залатую Горку. Там жыў Дрофа.

Аголены па пояс, увесь у татуіроўках, варыў грыбны суп і кампот. У вялізных рондлях. У яго двухпакаёвай кватэры сядзелі алкаголікі, якія чакалі, калі ўсё зварыцца.

— Аказваеце сацыяльную дапамогу? — спытала Дзяўчына.

— Так, — адказаў ён.

Яго маці была настаўніца.

— Грыбы ў лесе назбіраў. А ягады на дачах узяў «без спросу».

Ён апавядаў пра далёкія савецкія зоны, дзе выдавалі ім «зайчевые полушубки» і «зайчевые сапожки».

Дзяўчына падумала, што несправядліва будзе, калі ў кнізе не будзе пра жанчын. Спытала ў Дрофы, ці ведае ён жанчын, якія не супраць падзяліцца досведам жыця за кратамі.

— Прывядзіце Крысу! — загадаў Дрофа.

І тыя, хто чакаў супу, пабеглі ў бок Вайсковых могілак.

І вось ужо вядуць Крысу (Ларысу), якая абапіраецца на мыліцу. Яе падрымліваюць з двух бакоў.

— Яна на могілках жабруе каля царквы Аляксандра Неўскага, — патлумачыў Дрофа. — Пакуль сядзела, сястра прадала кватэру. Ларыса цяпер жыве ў падвале.

Ларыса распавяла, як пасадзілі яе за тое, што ўдарыла нажом мужчыну, які з непавагай ставіўся да яе. А жыла яна да гэтага на Берасцянскай, была салісткай у ВІА. На зоне з ёю спрабавалі пазнаёміцца лесбіянкі, падсоўвалі ёй у швейную машынку цыдулкі з прапановамі.

— А што Вы ім адказалі?

— Адказала: «Я друзей на зоне не ищу!»

***

Тым часам жыццё ішло сваёй чарадою. У вазоне, які стаяў ў Дзяўчыны на лядоўні, заквітнела белая амазонская лілея — Эўхарыс (Eucharis). Дзяўчына ведала: гэтыя кветкі з’яўляліся кожны раз, калі даводзілася пераязджаць. Так і цяпер.

— Былі Улазіны, а цяпер Вылазіны, — сказала Сяброўка, бландынка з тварам адсутным, як у гіпсавай фізкультурніцы ў парку.

Знайшла магчымасць завітаць познім вечарам, зазірнула з тортам «Мінскім».

Акно без фіранак ярка свяцілася ў цемры.

Абажур на кухні знялі.

Лямпачка, адна лямпачка давала зыркае неабароненае святло.

Зруйнаваны побыт. Перасунутыя са звыклых месцаў рэчы.

Торт з грыбочкамі на стол — адсунуты, перасунуты: на ім стаялі, калі здымалі абажур.

Дэмантавалі белую кухню «Хозяюшка», адключылі і вымылі лядоўню з выявамі матыляў і стрылатак.

Пачалі есці торт «Мінскі» з гарбатай. Апошні вечар у кватэры.

— Я распавяду вам гісторыю, — сказала Дзяўчына. — Гісторыю пра камяніцы, людзей і сяброўства. У горадзе быў доктар, ён жыў у двухпавярховым асабняку ў стылі мадэрн. Доктар меў маладую жонку, яе звалі Паліна Антонаўна. У 70-я гады Паліна Антонаўна хадзіла да маёй бабулі ў госці, дарыла мне дарэвалюцыйныя цацкі, цацачны посуд, цацачную мэблю і плюшавага Мішку, набітага пілавіннем. Вельмі вялікі і цяжкі Мішка. І цвёрды. Мы з сяброўкамі апраналі яго ў мае дзіцячыя апраткі — паўзуны, сукенкі, нагавіцы. Ён рабіўся падобны да дзіцяці. Лапы ў яго можна было прыводзіць у любы стан — ён мог і сядзець, і стаяць. Аднойчы, бліжэй да восені, калі Паліна Антонаўна была ў гасцях, прыйшлі да нас два сталыя мужчыны пілаваць дровы. А яна пазнала іх і сказала, што падчас акупацыі яны мелі папулярную кавярню ў цэнтры горада. Кампаньёны: разам асуджаныя пасля вайны, разам паехалі на поўнач валіць лес. У будынку, дзе была кавярня, зрабілі музей. Паліна Антонаўна часта прыходзіла, калі прасавалі ў доме пасцельную бялізну, а на вуліцы ліў дождж. Так і запомнілася — круглы стол, на якім бабуля прасуе бялізну, дождж за вакном, аповеды, якія слухаюцца так, каб пасля забыць. Пах гарачага праса, вільготны з адценнем пральнага парашку. І гісторыі, якія можна слухаць, а можна не.

Кухня з зыркай лямпачкай і цемрай у голым вакне выглядала, як сцэна.

— І вось яшчэ адна гісторыя, — сказала Дзяўчына. — Пра ўладу і партакрата. Гэта было даўно, у 50-я гады. Гісторыя апаведзеная чалавекам, бацька якога быў тады ў партыйным кіраўніцтве. Адзін з сакратароў гаркама партыі з выніку ўнутрыпартыйных гульняў быў паніжаны да больш дробнай пасады. А да гэтага, падчас дэманстрацый на пралетарскіх святах 7-га лістапада і 1-га траўня, ён стаяў на плошчы разам з іншым начальствам і вітаў працоўныя масы, якія праходзілі міма трыбуны. Пасля таго, як яго панізілі, яго ўжо не запрашалі стаяць на трыбуне. І давялося яму падчас дэманстрацыі прайсці ў калоне разам працоўнымі масамі. Пасля дэманстрацыі ён прыйшоў дадому і застрэліўся. Ён не застрэліўся тады, калі яго панізілі. А толькі пасля таго, як прайшоў у калоне міма трыбуны. Перамена ролі зрабілся для яго шокам. Адчуваў сябе наверсе, а раптам апынуўся там, дзе і тыя, кім ён кіраваў. А былыя калегі-і-кіраўнікі — па-ранейшаму на трыбуне! А ён у іншым месцы, скінуты з п’едэсталу. Відавочнасць: вось ён стаяў і яго віталі, а вось — ён ідзе ў калоне і сам махае рукой. Ён не эліта, ён — маса. Усё, канец жыцця.

Крэмавыя грыбочкі на торце «Мінскі» — не толькі прыгожыя, але і смачныя.

Кватэра, у якой жыла Дзяўчына, была ліквіднай — яе лёгка было прадаць. Там зрабілі кавярню «Утопія» — аформленую пад «савецкае настальжы». Партрэты Гагарына, выява першаня спадарожніка, газета «Правда».

Бутэлькі з густымі прывабнымі сіропамі розных колераў: мятны (зялёны), малінавы, лімонны, какосавы (белы), карамельны (брунатны), вішнёвы, шакаладны, дынны (жоўты).

—Ці можна з’есці ў вас марозіва?

— Неее, — у расцяжку адказала дзяўчын за стойкай, — у нас нічога нельга.

— ???

— Толькі кава і гарбата. Можна з сіропам.

Набярэжная Свіслачы. Граніт. Шэрая шурапатасць. Непразрыстая вада.

Ёсць такое слова — «лунуць».

Лунуць — знікнуць бяз следу.

Аднак след застаецца, і застаюцца цені на шэрых шурпатых сценах.

Перад дажджом моцна пахнуць кветкі на клумбах, а ў кватэрах абуджаюцца прывіды.

Дзяўчына пакінула горад і паехала да вялікай вады.

Але цень разгубленай Дзяўчыны не пакіне горад.

***

Лепель — горад з вялікім возерам ў самым цэнтры, якое так і называецца: Лепельскае.

Параходзік «Фартуна». Дамкі на беразе возера з прычаламі, на якіх навязананыя чаўны.

Касцёл святога Казіміра ў стылі класіцызму, набажэнствы аднавіліся ў 1993 годзе.

Драўляная царква 1844 года.

Гарадская забудова канца 19-га — пачатку 20-га стагоддзя, з чырвонай цэглы.

Надпісы па-беларуску: кнігарня і нават бюро рытуальных паслугаў аформлены на беларускай мове.

Вельмі прыгожыя людзі з блакітнымі празрыстымі вачыма.

На гербе Лепеля — Пагоня.

А яшчэ ў Лепелі ёсць чыгуначны тупік — канец дарогі.

Горад, дзе добра сустрэць старасць.

— Вы прыехалі, а Цмок у возер здох, аж да Полацку смярдзела, — распавяла бабуля ў Лепелі. — Быў, жыў, пакуль не здох.

***

Дзяўчына набывала крэйду. Адзін белы кавалак, каб пасвянціць яго на Свяце Трох Каралёў у касцёле Святога Казіміра і напісаць на дзвярах свайго новага дому С+М+В і год.

— Як вам яе... Як лепей даць? — прадавачка бярэ крэйду, як батон у краме — асцярожна, цэлафанам.

— А што?

— Вы яе есці не будзеце?

— Не.

— А ведаеце, бяруць есці.

— І шмат такіх?

— Хапае. Белую крэйду ў асноўным для гэтага і бяруць.

— Хто бярэ?

— Шмат хто. Дзецям бяруць. Жанчына адна прыходзіць сталага ўзросту. Кажа, што з дзяцінства спажывае.

— Так і кажа?

— Так, і просіць, каб не краналі крэйду рукамі. Бярэ скрынку за раз. І твар у яе белы, як крэйда.

***

А зараз сінопсіс: тэкст пра Мінск у часе паміж двума аўтарытарнымі рэжымамі. Кароткі час. Разбураны Берлінскі мур, распалася і савецкая імперыя. Рухнула сістэма. Кватэры, якія савецкія спецслужбы выкарыстоўвалі для сустрэч куратараў з агентамі, пачалі часткова прадаваць. Кватэры месціліся звычайна альбо на першым павесе (першая ад уваходу), альбо на апошнім, каб можна было прайсці праз гарышча з іншага будынку. У адну такую кватэру трапляе гераіня. Кватэра на праспекце — на той час гэта праспект імя Францыска Скарыны. Рэшткі і сведчанні былой эпохі не адразу прыкметныя, яны губляюцца сярод пераробак пазнейшых часоў. Сталінскі ампір, пабудаваныя палоннымі дамы з цэглы, абпаленай вайной. Прывіды, трывожнае пачуццё.

***

— А яшчэ я магу распавесці гісторыю пра здраду, — сказала Дзяўчына.

— Здрады не існуе, — адказала Сяброўка, — ёсць няспраўджаныя чаканні.


Снежань 2014 — люты 2019 года