Эрыніі [Юры Станкевіч] (fb2) читать постранично

- Эрыніі 626 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Юры Станкевіч

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Юры Станкевіч Эрыніі

Міфы — гэта падзеі, якія ніколі не здараліся, але стала адбываюцца.

Салюстый, IV стагоддзе
Аповесць-антыўтопія
* * *
Цягнік з Мегаполіса грукатаў, вывяргаючы дым, які трапляў праз адчыненыя вокны і ў вагоны. У самым куце ля акна сядзеў малады чалавек, апрануты ў танныя тэніску і нагавіцы. На каленях яго месцілася дарожная сумка, а на лоб быў насунуты пашарпаны стэтсанаўскі капялюш. Акрамя яго і яшчэ двух-трох пасажыраў, у вагоне займалі месцы скрозь цёмнаскурыя і яўна выхадцы не з гэтых мясцін. Дзеці іх, рознага ўзросту, з віскам і крыкамі нахабна блыталіся пад нагамі. Вакол знарок брыдкасловілі, нават жанчыны, іншасказальна даючы яму зразумець, хто тут гаспадары.

Але малады чалавек не рэагаваў. Нават, меркаваў ён, калі б яны тут заняліся грумінгам ці пачалі мастурбіраваць — яму пляваць. Ён моўчкі глядзеў у вузкае расчыненае акно, за якім, змяняючыся, праплывалі пустынныя, выпаленыя сонцам краявіды з рэдкімі, убогімі пасёлкамі, і думаў пра сваё.

* * *
Стаяла адчувальная ліпеньская спёка. Слупок тэрмометра часам перавальваў за адзнаку сорак градусаў па Цэльсію ў цені. Шмат людзей, у большасці сталых гадоў, раптоўна паміралі ў гэтыя дні ў сваіх кватэрах-клетках, не абсталяваных кандыцыянерамі, у ліфтах, на вуліцах, ля крам, у іншых, часам не падыходзячых для такога, месцах. Дэфіцыт энергарэсурсаў у Мегаполісе толькі паглыбляў неспрыяльную сітуацыю; урэшце мала хто на гэта наракаў — пасля Катастрофы і такое існаванне лічылася амаль прымальным: на некалькі гадзін у суткі ўключалася святло, збольшага нават хадзілі аўто, працавалі крамы і выходзіла некалькі газет.

Сышчык КрымПа[1] па імені Следак, з націскам на першы склад, але якога ўсе калегі і знаёмыя называлі Слядак (на слэнгу і азначае — следчы), выехаў з адмысловым заданнем у Паселішча. Ускосная прычына, з якой ён адправіўся ў далёкі шлях, была дастаткова кур’ёзнай, з дамешкам не зусім здаровай сенсацыйнасці, але цалкам падыходзячай для яго прыкрыцця.

Мясцовы апантаны на мянушку Імбэцыл, — а Слядак адразу вызначыў для сябе, што «паганяла», магчыма, поўнасцю супадае з рэчаіснасцю, — дасягнуўшы пэўнага ўзросту, што адпавядала ступені яго палавога выспявання, пачаў паводзіць сябе неадэкватна. Прастымуляваўшы эрэкцыю, ён эякуліраваў у прабірку, а потым разам з двума-трыма непаўналетнімі лавілі якую дзеўку ці жанчыну, валілі яе на зямлю, распраналі і спрабавалі здзейсніць штучнае асемяненне — выліць у яе эякулят.

Участковы паліцыянт у чарговай справаздачы пра злачынствы, якія рэгулярна скіроўваў ва Упраўленне ў Мегаполіс, паведаміў і пра гэта, просячы ў адказ класіфікацыі такога ўчынку і свайго рэагавання, але яму адказалі не зусім дакладна, параіўшы змясціць вар’ята ў ізалятар, а пасля хоць бы і афармляць на прымусовую лабатамію, што ў апошні час даўно ўжо не выконвалася. Потым, пэўна, пасмяяўшыся, на рапарт участковага проста забыліся, але ў зоне Паселішча, як і паўсюль, сярод вялікай колькасці забойстваў адзін за другім адбыліся два не зусім ардынарныя смяротныя выпадкі з прыкметамі гвалту, якія рэхам адгукнуліся і ў Мегаполісе. Сюды з гэтай прычыны, а яна і была асноўнай, і выехаў сышчык Слядак. Смяротныя выпадкі ніякага дачынення да Імбэцыла не мелі, у іх было шмат загадкавага, адбыліся яны на возеры ля Паселішча, і Слядак павінен быў у сціслыя тэрміны высветліць абставіны і разблытаць справы, аб’яднаныя ў крымінальным Упраўленні ў адну. Фармальна, для прыкрыцця, ён прыбыў па заяве на Імбэцыла. Ва Упраўленні нічога супраць не мелі, хіба што ўвялі ў курс справы мясцовага ўчастковага.

Слядак быў русавалосы, са светлымі вачыма, высакарослы трыццацігадовы мужчына, без прыкмет атлусцення і валасатасці на целе. Вынік этнічна блізкага шлюбу — бацька яго, жмудзін, паходзіў з Балтыі, а маці з беларускай сям’і — ён даволі змушана ўпісваўся ў стракатае навакольнае асяроддзе, у якім белае насельніцтва, нават у глыбокай правінцыі, было ўжо ў значнай і пагражальнай меншасці.

Урэшце ён праціснуўся да выхаду і пакінуў вагон. Мінуўшы абшарпаны будынак станцыі, ён рушыў у напрамку да шэрых адна- і рэдка двухпавярховых будынкаў — гэта і было Паселішча.

Участковы ўжо чакаў яго. Слядак ведаў яго мянушку, дадзеную мясцовымі — Шэрыф. Шэрыф аказаўся налітым сілай каржакаватым мангалоідам, распісаным на бачных участках цела, акрамя твару, шматлікімі «тату».

«Так, — сказаў ён Следаку, як толькі яны паціснулі адзін аднаму рукі. — Вычварэнца я трымаю ў нашым пастарунку. Дарэчы, вы б там, у Мегаполісе, паспрыялі, каб мне далі якога памочніка. Адзін я тут, вядома ж, не магу даць рады: вы ж ведаеце, усё скрыміналізавана, прагніло, тых, хто сумленна працуе меншае, і яны ўжо не могуць абараніць сябе».

Слядак уважліва агледзеў яго і выцер лоб насоўкай — было па-ранейшаму нязвыкла горача.

«Прызначце каго з тутэйшых