Добры хлопец Дзік [Максім Лужанін] (fb2) читать постранично

- Добры хлопец Дзік 306 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Максім Лужанін

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Максім Лужанін Добры хлопец Дзік

ШТО Ж ЗА ЁН БЫЎ, ТОЙ ХЛОПЕЦ?

Хлопцам назваў яго адзін малы чалавек з нашага двара. А быў гэта звычайны дваровы сабака.

Ніякі не медаліст і не нашчадак славутай сабачай радаслоўнай, вытокі якой губляюцца недзе ў абымшэлых часах.

Затое — сябар! Мой асабіста, нашага дому цалкам, усяе вуліцы, дзе мы жылі, дый, можна сказаць, усяе ўсходняй ускраіны горада.

Дома мы яго лічылі за сямейніка, сціплага сваяка, што ўсё чыста разумее, усім спагадае, толькі параіць не можа, не ўмее гаварыць.

Хто ж былі мы, хатнія? Наташа, жончына сястра, з сваёю дачкою Інай, я з жонкай. Усіх нас, як і ката Хаму, Дзік ведаў па імёнах, склікаў за стол есці, зваў з двара ў кватэру, запрашаў да тэлефона, рабіў многа іншых далікатных паслуг.

Найбольш турбот у яго было са мною. Звыкшы, што ў хаце на мяне казалі Алесь, ён вельмі смешна схіляў галаву набок, прыслухоўваўся, чаму я абзываюся, калі госці кажуць Максім. Найбольш блізкія яму былі словы Гаспадар і Гаспадыня, яны будуць часам ужывацца і далей. Не таму, каб падкрэсліць акалічнасці пяршынства ў доме ці, пе дай бог, уласніцтва, не. У сабачай свядомасці, сцвярджаюць кінолагі, гэтыя словы замацоўваюцца адразу ж і назаўсёды, вызначаючы асоб, каго трэба слухаць і самаахвярна бараніць, чые волі нельга пераступаць.

Гэты момант быццам бы маюць на ўвазе пры дрэсіроўцы, мусіць, так яно і ёсць. Перад вачыма: поўным поўная сабакарня вастравухіх і вастрамызых разумнікаў — службовых сабак. I кожны з іх чакае, здалёку пазнае, выконвае загады толькі аднаго, сціплага воіна-пагранічніка — Гаспадара.

Аўтар разумее, як рызыкоўна брацца пісаць пра сабаку пасля выдатных жыццярысаў яго слаўных папярэднікаў, як Белы клык і Белы Бім. Аднак не адкладае пяра — Дзік жыў у іншым часе, сярод іншых людзей у маладой, раскіданай вайной краіне. Дык ці не адкладуцца і ў нашым апісанні подых часу і чалавечыя абліччы?

ЛЕГЕНДА ПРА ПАХОДЖАННЕ

На хмурным і золкім лютаўскім досвітку нам у дзверы пастукаў Марат, сын шаўца Міколы, прагавіты да чытання падлетак.

Пераступіў парог і падціснуў папружку на мультановым бушлаціку: пазуха ў яго падазрона адтапырвалася.

— Прынес,— коратка паведаміў Марат.

— Што ж ты прынёс, хлопча? — я пытаў здзіўлена, няўжо ён праглынуў узятую напярэдадні кніжку і з'явіўся па новую.

— Тое, што тады казалі...— I вылузаў з свае апранашкі шчанюка.

Шэры пушысты камячок скаціўся з хлопцавых рук на падлогу, падціснуў хвосцік, быў памкнуўся падбегчы і не змог — таўсматыя лапы кепска трымалі сытае цельца і раз'ехаліся ў бакі.

Сапраўды, напярэдадні Марат прыходзіў сюды са сваёю мамаю. Спраміж іншага гаварылі, як нядрэнна было 6, жывучы тут, на ўскраіннай адзіноце, мець у хаце сабачае вока і вуха. Хлопец запомніў і, не марудзячы, выстараўся жаданага.

— Вялікі сабака вырасце...— працягваў Марат з выглядам сур'ёзнага знаўцы, сам, відавочна, цешачыся з свайго ўдалага падарунка.

— Лапішчы якія тоўстыя, гляньце. Шырокі ў косці — шпаркі ў росце,— хлопец паўтарыў улюбёную бацькаву прымаўку.

— А з якіх ён сабак?

— Сын англійскага дога і нямецкай аўчаркі. Гэта прагучала так гучна, нібыта гаворка ішла не менш чым пра шлюб уэлскага лорда з баварскаю графіняю.

Спакушаныя такою бліскучаю і бездакорна дакладнаю біяграфіяй, мы вырашылі павялічыць насельніцтва кватэры на адну сабачую душу, балазе дадатковай плошчы для прапіскі не патрабавалася.

У нагрэтую шчанюком Маратаву запазуху перайшла кніжка пра Шэрлака Холмса, яна даўно пасміхалася хлопцу з мае паліцы.

Прызнацца, на нейкі момант у мяне варухнулася сумняванне: адкуль было Марату ў ягоныя адзінаццаць гадоў здабыць такія пэўныя весткі датычна сваяцтва дога і аўчаркі? Немалая частка хлопцавага маленства змарнела ў цёмным, згалелым за фашысцкую акупацыю горадзе. Ні людскай школы, ні бібліятэкі, ні зычлівага слова.

Само сабою выходзіла, што ён зараз, несучы нам сабачку, прыдумаў нешта кшталтам легенды, даўшы волю фантазіі, а на недахоп яе хлопцу скардзіцца не даводзілася. Пабыў нейкія паўгода з бацькамі ў партызанах і цяпер зачароўваў аднакласнікаў бляскам сваіх малаверагодных подзвігаў і колькасцю, зусім неверагоднай, знішчаных ім асабіста ворагаў.

Аднак, якім бы цемнаватым ні здавалася паходжанне шчанюка, зерне праўды ў прапанаванай нам біяграфіі было. Цераз год з шаравата-рудога камячка поўсці на таўсматых лапах вылюдзеў дужы, ростам з дога, пёс са звычайнай для гэтай пароды моцнай і шырокай грудзінай. А вушы ў яго — стаялі! I даволі прудка, як у аўчарак, праўда, адно крыху завальвалася набок, асабліва калі падыходзіў палашчыцца.

Такім чынам, былі ўсе падставы, не саромеючыся, пераказваць Маратаву легенду нават перад заўзятымі паляўнічымі, уласнікамі бясспрэчна чыстакроўных легашоў, пойнтэраў, сетэраў і ганчакоў.

БЛАКІТНЫЯ — ВОЧЫ I АДЗНАКІ РОЗУМУ

Першы дзень, калі шчанюк застаўся ў хаце,