Навелы [Гі дэ Мапасан] (fb2) читать онлайн

- Навелы (пер. Зміцер Колас, ...) (а.с. Бібліятэка замежнай прозы) (и.с. Бібліятэка замежнай прозы) 1.01 Мб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Гі дэ Мапасан

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Гі дэ Мапасан Навелы

Пампушка

Шмат дзён запар праз горад цягнуліся рэшткі разбітай арміі. Гэта было ўжо не войска, а бязладная арда.

Салдаты, зарослыя неахайнымі бародамі, у падраных мундзірах, паныла пляліся, без сцягоў, уразброд. Змораныя, прыгнечаныя, гэтыя дзецюкі, здавалася, не маглі ўжо ні думаць, ні дзейнічаць, брылі адно па звычцы, а як толькі спыняліся, падалі ад знямогі. Асабліва шмат было рэзервістаў — мірных людзей, бяскрыўдных ранцье, прыгорбленых цяжарам вінтоўкі, ды аднолькава падатных паніцы і ўздыму салдатаў нацыянальнай гвардыі, заўжды гатовых і да атакі, і да ўцёкаў; між іх сям-там мільгалі «чырванаштаннікі» — ашмоткі дывізіі, перамолатай у бітве; у адным шэрагу з пехацінцамі розных палкоў можна было сям-там заўважыць то цёмныя мундзіры артылерыстаў, то бліскучую каску нязграбнага драгуна, які ледзьве ўлягаў за болей ходкай пяхотай.

Праходзілі падобныя да шайкі разбойнікаў атрады вольнанаёмных стралкоў з гераічнымі найменнямі: «Мсціўцы за паражэнне», «Грамадзяне магілы», «Падзельнікі смерці».

Камандзіры гэтых атрадаў, былыя суконшчыкі ці лабазнікі, гандляры салам ці мылам, выпадковыя воіны, узведзеныя ў чын афіцэра за машну ці за пышныя вусы, увешаныя зброяй, убраныя ў мундзіры з галунамі, размаўлялі гучна і самаўпэўнена, абмяркоўвалі планы кампаніі і выхваляліся, што толькі на іх плячах і трымаецца няшчасная Францыя; але часам яны проста баяліся сваіх смелых да безразважнасці салдатаў — вісельнікаў, грабежнікаў і гвалтаўнікоў.

Хадзілі пагалоскі, што прусакі вось-вось зоймуць Руан.

Нацыянальная Гвардыя, якая апошнія два месяцы вельмі асцярожна вяла разведку ў навакольных лясах ды сяды-тады падстрэльвала сваіх вартавых і спешна займала баявыя пазіцыі пры шолаху якога-небудзь зайчыка ў кустоўі, разбрылася па сваіх сямейных кутках. Зброя, мундзіры — усё тое забойнае прыладдзе, якім яна зусім нядаўна палохала межавыя слупы бальшакоў на тры мілі ў акружнасці, раптоўна некуды знікла.

Апошнія французскія салдаты пераправіліся нарэшце цераз Сену з намерам дабрацца да Понт-Адэмэра праз Сэн-Сэвэр і Бург-Ашар; ззаду за ўсімі ішоў з двума ад'ютантамі генерал, прыгнечаны, бяссільны нешта зрабіць з гэтымі разрозненымі шматкамі, і сам разгублены ад той страшэннай катастрофы, якая спасцігла вялікі народ, прызвычаены да перамог, а цяпер нашчэнт разбіты, нягледзячы на сваю легендарную храбрасць.

Потым над горадам навісла мёртвая цішыня, маўклівае чаканне немінучай бяды. Шмат хто з атлусцелых буржуа, што страцілі ўсялякую мужнасць за стойкамі ды прылаўкамі, са страхам чакалі пераможцаў, каб хоць тыя, крый Божа, не палічылі зброяй іх пожагі ці вялікія кухонныя нажы.

Жыццё ў горадзе спынілася: крамкі былі на замках, вуліцы абязлюдзелі. Рэдкія прахожыя, напалоханыя злавеснай цішынёй, баязліва трымаліся бліжэй да сцен.

Чаканне было такое пакутнае, што, здавалася, хай бы ўжо лепш хутчэй прыйшоў ён, той вораг.

На другі дзень па адыходзе французскага войска па палудні па горадзе прамчаліся ўланы, якія невядома скуль узяліся. Трохі пазней па схіле Сэнт-Катрын скацілася адна чорная лавіна, дзве другія плыні захопнікаў хлынулі з боку Дарнэтальскай і Буа-Гіёмскай дарог. Авангарды ўсіх трох карпусоў адначасна ўступілі на плошчу перад ратушай, і па ўсіх суседніх вуліцах разгарнуліся батальёны германскай арміі — брукаванкі аж гулі пад чаканным страявым крокам.

Словы каманды, што выкрыкваліся нязвыклымі гартаннымі галасамі, узляталі каля дамоў, якія здаваліся вымерлымі і апусцелымі, аднак паўсюль з-за прымкнёных аканіц за гэтымі мужчынамі-пераможцамі, якія «па праву вайны» раптам сталі ўладарамі горада, маёмасці і самога жыцця, спалохана цікавалі чалавечыя вочы. Руанцы, пазатойваныя ў сваіх кутках, былі ў тым стане гранічнай разгубленасці, які звычайна спавадоўваюць страшныя стыхійныя бедствы, знішчальныя землятрусы, проці якіх бездапаможная ўся мудрасць і ўся моц чалавека. Нас заўсёды апаноўвае жах, калі звыклы парадак скасаваны, калі раптам перастаеш пачуваць сябе ў бяспецы, калі ўсё, што ахоўвалася законамі людзей ці законамі прыроды, апынаецца ва ўладзе нейкай няўцямнай і лютай сілы. Землятрус, які цэламу паселішчу нясе пагібель пад руінамі жылля, рачная паводка, якая нясе целы ўтопленых сялян разам з трупамі валоў і сарванымі кроквамі дахаў, ці пераможная армія, якая забівае ўсіх, хто абараняецца, бярэ астатніх у палон, рабуе пад імем Мяча і пад грукат гарматаў узносіць хвалу свайму богу, — усё гэта жахлівыя бічы чалавецтва, якія касуюць нашу веру ў адвечную справядлівасць, у нябесную ахову і розум чалавека.

Але ў кожныя дзверы ўжо стукаліся, а потым знікалі ў дамах невялічкія атрады. Услед за нашэсцем усталёўвалася акупацыя. У пераможаных узнік новы абавязак — выказваць гасціннасць да пераможцаў.

Прамінуў пэўны час, першы прыступ перапалоху суняўся, і зноў усталяваўся спакой. Шмат у якіх сем'ях прускі афіцэр сталаваўся разам з гаспадарамі. Часам гэта быў прыстойна выхаваны чалавек, і ён з ветлівасці шкадаваў Францыю, казаў, што яму моташна ўдзельнічаць у гэтай вайне. Яму былі ўдзячныя за такія пачуцці; дый у любы момант магло спатрэбіцца яго заступніцтва. Дагаджаючы яму, можа, удасца зменшыць пастой на некалькі чалавек. Дый навошта крыўдзіць таго, ад каго цалкам залежыш? Гэта была б ужо нават не адвага, а безразважнасць. — А руанцы цяпер і не блюзнераць безразважнасцю, як у часы гераічнага змагання, якою яны праславіліся, абараняючы свой горад. — І, нарэшце, кожны даваў неабвержаны доказ, падказаны французскай абыходлівасцю: у сябе дома цалкам дапушчальна быць ветлівым з іншаземным салдатам, абы толькі на людзях не выяўляць свайго панібрацтва з ім. На вуліцы яго пераставалі пазнаваць, але затое дома з ім ахвотна вялі размовы, і з кожным вечарам немец усё даўжэй грэўся каля сямейнага агнішча.

Дый сам горад спакваля набываў звычайны выгляд. Французы яшчэ не рызыкавалі выходзіць з дому, затое прускія салдаты кішма кішэлі на вуліцах. Зрэшты, афіцэры блакітных гусараў, якія з выклікам цягалі па бруку свае доўгія прылады смерці, бадай, пагарджалі простымі гараджанамі не нашмат болей, чым афіцэры французскіх егераў, што пілі ў тых самых кавярнях год таму назад.

І ўсё-такі ў горадзе адчувалася нешта няўлоўнае і непрывычнае, панавала нейкая чужая, задушлівая атмасфера, цяжкі нязносны пах — пах нашэсця. Ён стаяў у жыллі і ў грамадскіх мясцінах, надаваў своеасаблівы прысмак ежы, выклікаў такое ўражанне, быццам падарожнічаеш па нейкай вельмі адлеглай краіне, сярод дзікіх і небяспечных плямёнаў.

Пераможцы вымагалі грошай, процьму грошай. Жыхары плацілі і плацілі; зрэшты, яны былі багатыя. Але чым нармандскі гандляр заможнейшы, тым ён мацней пакутуе ад сама маленькай страты, ад пераходу найдробязнай крыхі свайго багацця ў чужыя рукі.

Між тым за дзве-тры мілі ад горада ўніз па цячэнні, паблізу Круасэ, Дзьепдаля ці Б'есара, воднікі і рыбакі неаднойчы выцягвалі з рачных глыбіняў разбухлыя трупы нямецкіх салдатаў, зарэзаных ці забітых ударам башмака, з раструшчанай каменем галавой ці проста сапхнутых у ваду з моста. Рачны глей хаваў гэтыя ахвяры таемнай помсты, жорсткай і справядлівай, гэтыя подзвігі невядомых герояў, маўклівыя начныя напады, куды небяспечнейшыя, чым бітвы сярод белага дня, і без рэха славы.

Нянавісць да Чужынца адвеку ўзбройвае жменьку Бясстрашных, гатовых памерці за Ідэю.

Але хоць заваёўнікі і падначалілі горад сваёй жалезнай дысцыпліне, усё ж не ўчынілі ніводнай з тых жахлівых жорсткасцей, якія, калі верыць чуткам, суправаджалі іхняе пераможнае шэсце, людзі ўрэшце асмялелі, і цяга да гандлёвых спраў зноў ажыла ў сэрцах мясцовых камерсантаў. Сёй-той з іх быў звязаны вялікімі грашовымі інтарэсамі з Гаўрам, які знаходзіўся ў руках французскай арміі, і яны надумаліся ехаць сушай да Дзьепа, там сесці на параход і гэтак дабрацца да жаданага порта.

У ход пайшоў уплыў знаёмых нямецкіх афіцэраў, і камендант горада даў дазвол на выезд.

І вось, наняўшы на гэтае падарожжа вялікі дыліжанс, у які было запрэжана чацвёра коней, дзесяць пасажыраў пасля адзнакі ў фурмана дамовіліся выехаць у аўторак раніцай, да світання, каб пазбегнуць зборышча цікаўных.

Яшчэ за некалькі дзён да гэтага мароз моцна скаваў зямлю, а ў панядзелак, гадзіне а трэцяй дня, з поўначы насунуліся вялікія цёмныя хмары і пайшоў снег, які не сунімаўся ўвесь вечар і ўсю ноч.

А палове пятай ранку падарожнікі сабраліся ў двары «Нармандскага гатэля», дзе яны меліся сесці ў карэту.

Яны яшчэ не зусім прачнуліся і, дрыжучы ад холаду, зябка хуталіся ў свае пледы і шалі. У цемры яны ледзьве бачылі адзін аднаго, а цяжкая зімняя вопратка рабіла ўсіх падобнымі на растаўсцелых кюрэ ў доўгіх сутанах. Але вось двое пасажыраў пазналі адзін аднаго, да іх падышоў трэці, і яны разгаварыліся.

— Я еду з жонкаю, — сказаў адзін.

— Я таксама.

— І я.

Першы дадаў:

— Мы ўжо не вернемся ў Руан, а калі прусакі падыдуць да Гаўра, выедзем у Англію.

Ва ўсіх меліся аднолькавыя намеры, бо гэта былі людзі аднаго асяродку.

А карэты між тым усё не запрагалі. Невялікі конюхаў ліхтар раз-пораз з'яўляўся ў адных цёмных дзвярах і адразу ж знікаў у другіх. З глыбіні стайні далятаў прыглушаны саламяным падсцілам стук капытоў і мужчынскі голас, які панукваў і лаяў коней. Па лёгкім пазвоньванні шамкоў можна было здагадацца, што прыладжваюць збрую; пазвоньванне перайшло неўзабаве ў выразны, працяжны звон, суладны мерным рухам каня; часам ён заміраў, потым рэзва ўзнаўляўся адначасна з глухім стукам падкоў.

Раптоўна дзверы зачыніліся. Усё сціхла. Азяблыя падарожнікі замоўклі; яны нават не варушыліся, скаваныя холадам.

Мігатлівая пялёнка белых камякоў усё слалася і слалася долу; яна сцірала абрысы, апушыла прадметы золкім мохам; у бязмежным бязмоўі аціхлага, пахаванага пад зімнім покрывам горада чуўся толькі няўлоўны, невыразны, невымоўны шолах снегу, лёгкае шапаценне белых пушынак, якія, здавалася, поўнілі ўсю прастору, ахіналі ўвесь свет.

З'явіўся чалавек з ліхтаром, цягнучы на вяроўцы панурага каняку, які не дужа ахвотна пераступаў следам. Ён падвёў яго да дышля, прывязаў пастронкі і доўга хадзіў навокала, прымацоўваючы збрую адной рукой, бо другою трымаў ліхтар. Ідучы па другога каня, чалавек заўважыў нерухомыя фігуры падарожных, зусім белыя ўжо ад снегу, і сказаў:

— Чаму ж вы не сядаеце ў дыліжанс? Там хоць трохі зацішней, прынамсі.

Пра гэта яны, безумоўна, і не падумалі, і цяпер гуртам памкнуліся да экіпажа. Трое мужчын уладкавалі сваіх жанок на задняе сядзенне і следам за імі ўлезлі самі; потым і астатнія захутаныя, расплывістыя фігуры моўчкі пазаймалі апошнія месцы.

Падлога ў дыліжансе была ўслана саломаю, у ёй ажно патаналі ногі. Пані, якія сядзелі ўглыбіні, распалілі прыхопленыя з сабой у дарогу невялікія медныя грэлкі з хімічным вугалем і доўга нягучна пералічвалі іх вартасці, паўтараючы ўсё тое, што кожнай даўно было вядомае.

Нарэшце, калі ў дыліжанс з-за цяжкай дарогі было запрэжана шасцёра коней замест звычайных чатырох, нечы голас знадворку запытаўся:

— Селі ўсе?

Голас з сярэдзіны адказаў:

— Усе.

Дыліжанс скрануўся з месца.

Ехалі павольна, вельмі павольна, амаль ступою. Колы захрасалі ў снезе; кузаў стагнаў і глуха парыпваў; коні пакоўзваліся, задыхаліся, ад іх валіла пара; даўжэзная фурманава пуга безупынку ляскала, лётала ва ўсе бакі, звіваючыся і развінаючыся, як тонкая гадзюка, і з размаху хвастала па крутым крыжы то аднаго, то другога каня, ад гэтага яны высільваліся яшчэ болей.

А між тым спакваля днела. Лёгкія сняжынкі, якія адзін з пасажыраў, чыстакроўны руанец, параўнаў з дажджом бавоўны, перасталі сыпацца на зямлю. Цьмянае святло прасочвалася праз цёмныя, цяжкія хмары, якія яшчэ мацней падкрэслівалі асляпляльную белізну палёў, дзе віднеліся то палоска высокіх заінелых дрэў, то халупа пад каптуром снегу.

Пры панылым святле зары пасажыры сталі з цікаўнасцю разглядваць адзін аднаго.

Углыбіні дыліжанса на лепшых месцах драмалі адно напроці аднаго муж і жонка Люазо, оптавыя вінагандляры з вуліцы Гран-Пон.

Люазо, былы прыказчык, прыдбаў прадпрыемства збанкрутаванага гаспадара і неўзабаве разбагацеў. Ён вельмі выгадна збываў паганенькае віно дробным правінцыяльным гандлярам і лічыўся між сваіх сяброў і знаёмых неймаверным прайдзісветам, сапраўдным нармандцам, хітрым і жыццярадасным.

Рэпутацыя жуліка гэтак трывала замацавалася за ім, што неяк на вечарыне ў прэфектуры пан Турнэль, выдумшчык і байкар, чалавек вострага і дасціпнага розуму, мясцовая славутасць, прапанаваў распазяханым ад нудоты паням пагуляць у гульню «птушачка лётае»; гэты яго жарт абляцеў гасцёўню прэфекта, пасля пратачыўся ва ўсе гасцёўні горада, і цэлы месяц усё наваколле клалася ад смеху.

Апроч гэтага, Люазо яшчэ славіўся разнастайнымі забаўнымі выхадкамі, а таксама досціпамі, то ўдалымі, то пошлымі, і кожны, хто загаворваў пра яго, заўсёды дадаваў: «Умора, дый годзе, гэты Люазо!»

Невысокага росту, ён, здавалася, складаўся з аднаго круглага, як бочачка, пуза, над якім узвышалася чырвоная фізіяномія, аблямаваная падсівелымі бакамі. Яго жонка, рослая, энергічная, валявая жанчына з рэзкім голасам і рашучым норавам, была ўвасабленнем парадку і разрахунку ў іх гандлёвым доме, тады як сам гаспадар ажыўляў яго сваёй весялосцю і кіпучай дзейнасцю.

Побач з імі з падкрэсленай годнасцю, якую надавала прыналежнасць да вышэйшай касты, мясціўся пан Карэ-Лямадон, фабрыкант, асоба шаноўная ў баваўнянай прамысловасці, уласнік трох прадзільняў, афіцэр Ганаровага легіёна і сябра Генеральнага савета. У часы Імперыі ён узначальваў добранамерную апазіцыю з адзінай мэтай — атрымаць пры нагодзе як мага болей дабротаў за далучэнне да таго лагера, з якім ён змагаўся, як ён казаў, высакароднай зброяй. Пані Карэ-Лямадон, намнога маладзейшая за свайго мужа, была сапраўднай уцехай багатым афіцэрам, якія адбывалі службу ў руанскім гарнізоне.

Яна сядзела насупраць мужа, мініяцюрненькая, прыгожанькая, у пышным футрачку, і замаркочана разглядала нехлямяжае нутро дыліжанса.

Суседзі яе, граф і графіня Гюбэр дэ Брэвіль, насілі адно з сама старадаўніх і слынных нармандскіх імёнаў. Граф, стары дваранін з велічнай паставай, сіліўся хітрыкамі ўбрання падкрэсліць сваё прыроднае падабенства з каралём Генрыхам ІV, ад якога, паводле прыемнага сямейнага падання, зацяжарыла адна з яго прабабуль, а муж яе з гэтай нагоды атрымаў тытул графа і губернатарства.

Граф Гюбэр, калега пана Карэ-Лямадона па Генеральным савеце, быў прадстаўніком арлеанісцкай партыі дэпартамента. Яго шлюб з дачкою дробнага нанцкага судаўласніка назаўжды застаўся загадкаю. Але так як графіня валодала арыстакратычнымі манерамі, наладжвала сама бліскучыя прыёмы і, па чутках, быццам нават была каханкаю аднаго з сыноў Луі-Філіпа, дык усё свецкае кола слала ёй лёстачкі, і яе салон лічыўся першым у дэпартаменце — адзіным, дзе захавалася яшчэ старадаўняя абыходлівасць і трапіць у які было нялёгка.

Багацце Брэвіляў было цалкам укладзена ў нерухомую маёмасць, якая, сцвярджалі, прыносіла пяцьсот ліўраў прыбытку ў год.

Гэтыя шэсць асоб займалі глыбіню карэты і ўвасаблялі заможны, упэўнены ў сабе, у сваёй моцы слой грамадства, людзей уплывовых, рэлігійных і з цвёрдымі перакананнямі.

Па дзіўнай выпадковасці ўсе жанчыны размясціліся на адной лаўцы; суседкамі графіні былі яшчэ дзве манашкі, якія несупынна перабіралі доўгія ружанцы, шэпчучы «Ойча наш» і «Багародзіцу». Адна была даволі пажылая, з пабітым воспаю тварам, быццам у яе стрэлілі карцеччу. У другой, вельмі худзенькай, быў прыгожы, змарнелы тварык і сухотныя грудзі, зняможаныя той усёпаглынальнай верай, што стварае пакутнікаў і фанатыкаў.

Усеагульную ўвагу прыцягвалі мужчына і жанчына, якія сядзелі насупраць манашак.

Мужчына быў славуты Карнюдэ, дэмакрат, пострах вяльможнага панства. Ужо добрыя дваццаць гадоў абмочваў ён сваю пышную рыжую бараду ў куфлі ўсіх дэмакратычных кавярань. Ён прамантачыў са сваімі братамі і сябрамі вялікае багацце, што дасталося яму ад бацькі, былога кандытара, і нецярпліва чакаў усталявання рэспублікі, каб атрымаць, нарэшце, добрую пасаду, заслужаную такімі руплівымі рэвалюцыйнымі ўліваннямі. Чацвёртага верасня, хутчэй за ўсё пасля нечага жарту, ён усур'ёз паверыў, што яго абралі прэфектам; але калі ён наважыўся прыступіць да выканання сваіх абавязкаў, пісары, будучы адзінымі гаспадарамі прэфектуры, адмовіліся прызнаць яго, і яму давялося рэціравацца. Даволі някепскі ўвогуле дзяцюк, бяскрыўдны і паслужлівы, ён з непараўнаным шчыраваннем аддаўся арганізацыі абароны. Паводле яго загаду на палях панавыкопвалі воўчых ямаў, па ўсіх вакольных лясах павысякалі падлескі, а дарогі ўсеялі пасткамі; пры набліжэнні ж ворага ён, задаволены прынятымі мерамі, паспешліва адступіў у горад.

Цяпер ён меркаваў, што намнога болей карысці прынясе ў Гаўры, дзе таксама спатрэбіцца капаць траншэі і перакрываць дарогі.

Жанчына — з ліку так званых асоб лёгкіх паводзін — славілася сваёй ранняю паўнатою, што і замацавала за ёю мянушку — «Пампушка». Маленькая, кругленькая, гладзенькая, з пухлымі пальцамі, пераціснутымі ў суставах, быццам сасіскі, з бліскучай, напятай скурай, з магутнымі грудзьмі, што ажно распіралі сукенку, яна ўсё ж была вельмі вабная. Твар яе быў падобны на ружовы яблык, на гатовы распусціцца бутон півоні; вочы — дзівосныя, чорныя — былі заценены густымі доўгімі вейкамі, ад гэтага яны здаваліся яшчэ цямнейшымі, а чароўны маленькі вільготны раток з дробнымі бліскучымі зубкамі быццам чакаў пацалунка.

Дый апроч гэтага, калі верыць чуткам, яна валодала багата якімі іншымі бясцэннымі якасцямі.

Як толькі яе пазналі, паміж паважаных жанчын усчалося шушуканне — словы «распусніца», «сарамата» былі прамоўлены такім выразным шэптам, што Пампушка ўзняла галаву. Яна абвяла сваіх суседзяў такім дзёрзкім і незалежным поглядам, што адразу ж запанавала глыбокая цішыня і ўсе апусцілі вочы, выключаючы Люазо, які гулліва паглядваў на яе.

Неўзабаве, аднак, размова паміж трыма панямі ўзнавілася: прысутнасць такой жанчыны нечакана зблізіла, амаль парадніла іх. Асобы паважаныя, замужнія, яны адчулі патрэбу аб'яднацца перад гэтай прадажнай бессаромніцай, бо любоў законная заўсёды глядзіць з пагардай на сваю вольную сястру.

Трое мужчын, таксама збліжаныя — з-за прысутнасці Карнюдэ, — разважалі пра свае справы, і ў тоне іх адчувалася пагарда да беднякоў. Граф Гюбэр расказваў пра шкоду, прычыненую яму прусакамі, пра страты, спавадаваныя пакражай статка і загубай ураджаю, але казаў ён пра ўсё гэта са спакойнай упэўненасцю вяльможы і мульцімільянера, якога такія выдаткі могуць абцяжарыць не болей як на год. Пан Карэ-Лямадон, навучаны хісткім станам баваўнянай прамысловасці, загадзя парупіўся перавесці ў Англію шэсцьсот тысяч франкаў — капіталец, прыхаваны ім на чорны дзень. Што да Люазо, дык ён ухітрыўся прадаць французскаму інтэнданцтву ўвесь запас таннага віна, які меўся на складзе, так што дзяржава была вінная яму велічэзную суму, якую ён і спадзяваўся атрымаць у Гаўры.

І ўсе трое па-прыяцельску паглядвалі адзін на аднаго. Нягледзячы на няроўнасць грамадскага становішча, яны адчувалі сябе роўнымі паводле дастатку, сябрамі вялікага франкмасонскага ордэна, які аб'ядноўвае багацеяў, усіх тых, у каго ў кішэнях звініць золата.

Дыліжанс рухаўся так марудна, што да дзесяці гадзін ранку не было адолена і чатырох міль. Тройчы мужчынам давялося на пад'ёмах выходзіць ды ісці ўгару пеша. Пасажыры пачалі непакоіцца, бо намерваліся павячэраць у Тоце, а цяпер ужо не было надзеі дабрацца туды да ночы. Усе ўзіраліся ў вокны, спадзеючыся заўважыць хоць якую прыдарожную карчомку, як раптам карэта захрасла ў сумёце; спатрэбіліся добрыя дзве гадзіны, каб выцягнуць яе адтуль.

Голад мацнеў, затуманьваў розум; а на шляху не траплялася ніводнай карчмы, ніводнага шынка, бо набліжэнне прусакоў і адыход згаладалага французскага войска паперапалохвалі ўласнікаў усіх гандлёвых прадпрыемстваў.

Нарэшце, гадзіне а трэцяй, калі яны ехалі па бясконцай раўніне без ніводнага селішча на даляглядзе, Пампушка жвава нагнулася і выцягнула з-пад лаўкі вялікую карзіну, накрытую белай сурвэткай.

Спачатку яна дастала адтуль фаянсавую талерачку і далікатны сярэбраны кілішак, потым вялікую міску, у якой застылі ў жэле два парэзаныя на кавалкі кураняці; з карзіны відны былі яшчэ і другія харчы, загорнутыя ў паперу: пірагі, садавіна, ласункі, нарыхтаваныя з разлікам на трохдзённае падарожжа, каб не датыкацца да карчомнай яды. Паміж пакункаў з ежай выглядвалі чатыры рыльцы бутэлек. Пампушка ўзяла крыльца кураняці і стала асцярожна есці яго з хлебцам, які ў Нармандыі называецца «рэгенцкім».

Вочы ўсіх пасажыраў скіраваліся на Пампушку. Спакваля па ўсім дыліжансе пайшоў спакуслівы водар, ад якога раздзімаліся ноздры, у роце набягала сліна і да болю зводзіла сківіцы. Пагарда паняў да прастытуткі змянілася нянавісцю, яны гатовыя былі забіць яе, вышпурнуць вон з дыліжанса, проста ў снег, разам з яе кілішкам, карзінай і харчамі.

Але Люазо пажыраў вачамі міску з куранятамі. І ўрэшце сказаў:

— Вось як трэба! Мадам сама прадбачлівая з усіх нас. Ёсць-такі людзі, якія ўмеюць заўсёды пра ўсё паклапаціцца!

Пампушка павярнулася да яго:

— Ці не жадаеце, пане? Цяжкавата пасціцца з самага ранку.

Люазо пакланіўся:

— Калі быць шчырым, далібог, не адмоўлюся, болей трываць не магу. На вайне як на вайне, ці ж няпраўда, мадам? — І, абводзячы позіркам сваіх спадарожнікаў, дадаў: — Добра ў скрутную хвіліну сустрэць чалавека, гатовага прыйсці на выручку.

Ён разгарнуў на каленях газету, каб не запэцкаць штаны, і кончыкам нажа, які заўсёды меўся ў яго ў кішэні, падчапіў курыную ножку, аблітую жэле, і, угрызаючыся ў яе зубамі, узяўся жаваць з такім відавочным задавальненнем, што па ўсёй карэце пранёсся глыбокі маркотны ўздых.

Пампушка пакорлівым ласкавым голасам прапанавала манашкам раздзяліць з ёю падмацунак. Тыя адразу ж згадзіліся і, не падымаючы вачэй, толькі прамармытаўшы словы ўдзячнасці, сталі спешна есці. Карнюдэ таксама не адмовіўся ад суседчынага частавання, і яны разам з манашкамі наладзілі нешта накшталт стала з газет, разгорнутых на каленях.

Раты нястомна раскрываліся і закрываліся, заўзята жавалі, уміналі, паглыналі. Люазо ў сваім кутку ўлягаў напоўніцу і шэптам угаворваў жонку далучыцца да кампаніі. Тая напачатку ўпарта аднеквалася, але потым, калі сутарга звяла страўнік, здалася. Тады муж з падкрэсленай галантнасцю запытаўся ў сваёй «чароўнай спадарожніцы», ці не дазволіла б яна і мадам Люазо ўзяць кавалачак. Пампушка адказала:

— Чаму ж не? Калі ласка, пане, — і з прыветлівай усмешкай падала міску.

Калі адкаркавалі першую бутэльку бардоскага, адбылася замінка: меўся толькі адзін кілішак. Яго сталі перадаваць адно аднаму, папярэдне выціраючы краёк. Адзін Карнюдэ, безумоўна, з галантнасці, даткнуўся вуснамі да той мясцінкі, дзе віднеўся вільготны след ад суседчыных вуснаў.

Акружаныя людзьмі, якія прагна паглыналі ежу, удыхаючы пахі страў, граф і графіня дэ Брэвіль, як і пан ды пані Карэ-Лямадон, пакутавалі ад той страшнай пакуты, якая атрымала назву «танталавы мукі». Неспадзеўна маладая фабрыкантава жонка выпусціла такі глыбокі ўздых, што ўсе павярнуліся; яна збялела, як снег за вокнамі дыліжанса, вочы яе заплюшчыліся, галава абвяла: яна самлела. Перапалоханы муж прасіў дапамогі. Усе разгубіліся; старэйшая манашка, падтрымліваючы галаву хворай, паднесла да яе вуснаў Пампушчын кілішак і сілком уліла ў рот некалькі кропель віна. Панечка варухнулася, расплюшчыла вочы, усміхнулася і смяротным голасам запэўніла, што ёй ужо зусім добра. Але каб не самлела другі раз, манашка змусіла яе выпіць поўны кілішак бардоскага і сказала:

— Гэта ад голаду, няйначай, — бо ад чаго б яшчэ?

Тады Пампушка, чырванеючы яшчэ мацней, збянтэжана залепятала, азіраючы чатырох падарожнікаў, якія ўсё яшчэ трымаліся нашча:

— Божа мілы, ды калі б я пасмела прапанаваць гэтым панам і паням...

Яна асеклася ў боязі абразлівай адмовы. Слова ўзяў Люазо:

— Э, чорт вазьмі, у падобных абставінах усе людзі — браты і павінны памагаць адзін аднаму. Ну, панове, досыць цырымоній, згаджайцеся, якога д'ябла?! Хто ведае, ці мы ўвогуле яшчэ напаткаем прыстанак нанач! Пры такім руху дай Бог дабрацца да Тота хоць да заўтрашняга абеду.

Але тыя чацвёра вагаліся, ніхто з іх не адважваўся ўзяць на сябе адказнасць за згоду.

Нарэшце граф вырашыў пытанне. Ён павярнуўся да збянтэжанай таўстушкі і з сама велічным выглядам, на які быў здольны, прамовіў:

— Мы з удзячнасцю прымаем вашу прапанову, мадам.

Цяжкі быў толькі першы крок. Як толькі Рубікон аказаўся пяройдзеным, усе перасталі саромецца. Карзіна ўмомант была апарожнена. У ёй знайшоўся яшчэ паштэт з гусінай пячонкі, паштэт з жаваранкаў, кавалак вэнджанага языка, красанскія грушы, пон-левэкскі сыр, пячэнне і цэлы слоік марынаваных карнішонаў і цыбулі — Пампушка, як большасць жанчын, любіла ўсё вострае.

Нельга было пустошыць прыпасы гэтай жанчыны і не размаўляць з ёю. І гаворка ўрэшце завязалася, напачатку трохі асцярожная, аднак з цягам часу ўсё болей нязмушаная, бо Пампушка трымалася проста слаўна. Пані дэ Брэвіль і Карэ-Лямадон, якія валодалі вялікай свецкай абыходлівасцю, выявілі вытанчаную прыязнасць. Асабліва на вышыні аказалася графіня са сваёй ветлівай паблажлівасцю велікасвецкай пані, што не траціць сваёй годнасці, да каго б яна ні звярталася. Але энергічная мадам Люазо, якая мела душу жандара, заставалася непрыступная і гаварыла мала, затое шмат ела.

Гамонка, вядома, вялася пра вайну. Гаварылі пра жорсткасць прусакоў, пра адвагу французаў; і ўсе гэтыя людзі, якія ратаваліся ўцёкамі, ухвалялі мужнасць іншых. Спакваля пачаліся расказы пра сябе, і Пампушка са шчырым хваляваннем, з палкасцю, якую часам выяўляюць публічныя жанчыны, калі гавораць пра натуральныя пачуцці, расказала, чаму яна пакінула Руан.

— Спачатку я намервалася застацца, — сказала яна. — Прыпасаў дома было поўна, і па мне лепей было б карміць некалькі салдатаў, чым перціся немаведама куды ў свет. Але калі я пабачыла іх, гэтых прусакоў, то ўжо не магла саўладаць з сабою! Усё ўва мне так і пераварочвалася ад злосці, я цэлы дзень праплакала ад сораму. Ох, была б я мужчынам, я ім паказала б! Я глядзела ў акно на гэтых свінтухоў у вастраверхіх касках, а пакаёўка трымала мяне за рукі, каб я не пашпурляла ім на галовы ўсю маю мэблю! Потым яны з'явіліся да мяне на пастой, і я першага ж ухапіла за горла. Задушыць немца не цяжэй, чым каго другога! І я б яго прыкончыла, калі б мяне не адцягнулі за валасы. Пасля гэтага давялося хавацца. А як толькі надарылася магчымасць, я выехала — і вось я тут.

Усе хвалілі яе. Яна адразу вырасла ў вачах у сваіх спадарожнікаў, якія не выявілі такой адвагі; Карнюдэ, слухаючы яе, усміхаўся адабральнай і зычлівай усмешкай апостала: гэтак святар слухае набожнага чалавека, які славіць Бога, бо пышнабародыя дэмакраты зрабіліся такімі самымі манапалістамі ў дачыненні да патрыятызму, як свяшчэннаслужыцелі — у пытаннях набожнасці. Потым ён загаварыў павучальным тонам, узнёсла, засвоеным з пракламацый, якія штодня расклейваліся на сценах, і завяршыў красамоўнай тырадай, якою бязлітасна расправіўся з «гэтай падлай Бадэнге»!

Але Пампушка зазлавалася: яна была банапартыстка. Яна запунсавела, як вішня, і, заікаючыся ад абурэння, вымавіла:

— Хацела б я пабачыць вас на яго месцы! Вы лепшыя былі б, то дзіва! Ды гэта ж вы і прадалі яго! Калі б Францыяй кіравалі штукары накшталт вас, толькі б і заставалася — уцякаць без аглядкі!

Непарушны Карнюдэ, як і раней, усміхаўся пагардліва, але адчувалася, што вось-вось выбухне сварка; тут умяшаўся граф і не без цяжкасці супакоіў разгневаную жанчыну, уладна заявіўшы, што любое шчырае перакананне заслугоўвае павагі. Між тым графіня і фабрыкантава жонка, якія ў душы, як і ўсе пачцівыя людзі, падсвядома насілі нянавісць да Рэспублікі і дужа ўласцівую ўсім жанчынам цягу да прыдворнай мішуры і дэспатычных манархаў, адчулі міжвольную сімпатыю да гэтай прастытуткі, якая трымалася з зайздроснаю годнасцю і выказвала пачуцці, якія апаноўвалі і іх.

Карзіна была спарожнена. Удзесяцёх яе лёгка спустошылі і толькі пашкадавалі, што яна малаватая. Размова доўжылася яшчэ пэўны час, хоць і стала меней ажыўленая, як толькі кончылася яда.

Вечарэла, змрок спакваля гусцеў; пры страваванні холад заўжды робіцца асабліва адчувальны, і Пампушка дрыжала, нягледзячы на сваё сальца. Пані дэ Брэвіль прапанавала ёй сваю грэлку, у якую ўжо адзін раз падкладвала вугаль; Пампушка адразу згадзілася, бо ногі ў яе ўжо зусім заледзянелі. Пані Карэ-Лямадон і пані Люазо аддалі свае грэлкі манашкам.

Фурман запаліў ліхтары. Яны ярка асвяцілі воблачка пары над потнымі крыжамі караннікоў і снег абапал дарогі, які бясконцым сувоем слаўся ў рухомым водбліску іх агнёў.

У дыліжансе ўжо нічога нельга было разгледзець; неспадзявана ў кутку, дзе сядзелі Пампушка і Карнюдэ, узнік нейкі рух; Люазо, які пільна ўзіраўся ў цемру, падалося, што барадач рэзка адхіснуўся, быццам атрымаў моцны тумак.

Уперадзе на даляглядзе паказаліся дробныя агеньчыкі. Гэта быў Тот. Ехалі ўжо адзінаццаць гадзін, а калі дадаць дзве гадзіны, патрачаныя на чатыры супынкі, каб пакарміць коней і даць ім перадыхнуць, дык выходзіла ўсе трынаццаць. Дыліжанс уехаў у мястэчка і спыніўся каля «Гандлёвага гатэля».

Дзверцы расчыніліся. І раптам пасажыры здрыгануліся, пачуўшы добра знаёмы гук: бразгат аб дол шаблі. І ў той жа момант рэзкі голас нешта крыкнуў па-нямецку.

Нягледзячы на тое, што дыліжанс спыніўся, ніхто з пасажыраў не крануўся з месца; усе быццам баяліся, што варта ім выйсці, як іх адразу пазабіваюць. З'явіўся фурман з ліхтаром у руцэ і знянацку асвяціў у карэце два шэрагі перапалоханых твараў з раскрытымі ратамі і шырока расплюшчанымі ад здзіўлення і жаху вачамі.

Побач з фурманам у яркай паласе святла стаяў нямецкі афіцэр — высокі, бялявы малады чалавек, надзвычай тонкі, упяты ў мундзір, як панна ў гарсэт; пляскатая лакавая фуражка, надзетая набакір, надавала яму аблічча пасыльнага з ангельскага гатэля. Даўжэзныя і шорсткія вусы, якія паступова ўтанчаліся і пераходзілі ў адзіную валасіну, такую тонкую, што канца яе нельга было ўбачыць, быццам гнялі на рот, адцягвалі ўніз шчокі і куточкі вуснаў.

Звяртаючыся да падарожнікаў на французскай мове з эльзаскім вымаўленнем, ён рэзкім тонам прапанаваў ім выйсці:

— Прашу фыхаціць, панове!

Першыя падпарадкаваліся манашкі — з паслушэнствам набожніц, прызвычаеных да пакоры. Потым выйшлі граф з графіняй, за імі фабрыкант з жонкай, потым Люазо, які наперад прапусціў сваю мажную палову. Выходзячы з дыліжанса, Люазо — хутчэй з асцярогі, чым з ветлівасці — сказаў афіцэру:

— Добры вечар, пане.

Але той з нахабствам усемагутнага чалавека глянуў на яго і нічога не адказаў.

Пампушка і Карнюдэ, хоць і сядзелі пры самых дзверцах, выйшлі апошнія, зрабіўшы строгі і ганарысты выгляд перад тварам ворага. Пампушка з усяе сілы старалася не выдаваць сваіх пачуццяў і быць спакойнай; дэмакрат змрочна патузваў рукой сваю вялікую рыжаватую бараду. Абое імкнуліся захаваць годнасць, разумеючы, што пры падобных сустрэчах кожны ў пэўнай ступені з'яўляецца прадстаўніком роднай краіны; іх абурала падатлівасць спадарожнікаў, і Пампушка хацела паказаць, што ў ёй болей гордасці, чым у яе суседак па карэце, шляхетных жанчын, а Карнюдэ, разумеючы, што ён абавязаны быць узорам паводзін, усёй сваёй паставай сведчыў, што прадаўжае выконваць місію супраціўлення, якую ён распачаў з перакопвання дарог.

Усе зайшлі ў прасторную кухню заезнага двара, і тут немец запатрабаваў падпісаны камендантам Руана дазвол на выезд, дзе былі пазначаны прозвішчы, фізічныя прыкметы і род заняткаў усіх падарожных; ён доўга разглядваў кожнага па чарзе, звяраў людзей з тым, што было пра іх напісана.

Потым ён адрывіста кінуў:

— Топра, — і знік.

Усе з палёгкай уздыхнулі. Зноў захацелася есці, заказалі вячэру. На яе прыгатаванне спатрэбілася паўгадзіны; пакуль дзве служанкі займаліся гэтым, падарожнікі пайшлі глядзець пакоі для начлегу. Усе яны размяшчаліся ўздоўж калідора, які ўпіраўся ў цьмяныя зашклёныя дзверы з красамоўным нумарам.

Калі, нарэшце, усе паселі за стол, з'явіўся сам гаспадар заезнага двара. Гэта быў былы гандляр жывёлаю, тоўсты астматычны чалавек, у горле ў якога без адхлання нешта свістала, клекатала і хрыпела. Прозвішча яго было Фалянві.

Ён запытаўся:

— Хто хут мадэмуазель Элізабэт Русэ?

Пампушка здрыганулася, павярнулася:

— Гэта я.

— Мадэмуазель, прускі афіцэр жадае неадкладна пагаварыць з вамі.

— Са мной?

— З вамі, калі менавіта вы мадэмуазель Элізабэт Русэ.

Яна захвалявалася, нейкую хвілю раздумвала, потым рашуча сказала:

— Ну і няхай! Але я не пайду!

Усе занепакоіліся; кожны пачаў выказваць здагадкі наконт прычыны выкліку. Да Пампушкі падышоў граф:

— Вы не маеце рацыі, мадам, ваша адмова можа спавадаваць вялікія непрыемнасці не толькі вам, але і ўсім вашым спадарожнікам. Ніколі не варта працівіцца людзям, якія дужэйшыя за вас. Гэтае запрашэнне, пэўна, не тоіць ніякай небяспекі; можа, трэба нешта ўзгадніць, якую-небудзь дробязную фармальнасць.

Усе падтрымалі графа, сталі прасіць Пампушку, угаворваць, упрошваць і нарэшце пераканалі яе; кожны баяўся ўскладненняў, якія мог бы спрычыніць такі неразумны ўчынак. Урэшце яна сказала:

— Добра, але раблю я гэта толькі дзеля вас!

Графіня паціснула ёй руку:

— І мы вам шчыра ўдзячныя!

Пампушка пайшла. Усе чакалі яе вяртання, каб разам сесці за стол.

Кожны шкадаваў, што заместа гэтай нястрыманай, наравістай жанчыны запрасілі не яго, і мысленна рыхтаваў усякія банальныя фразы на выпадак, калі і ён будзе пакліканы.

Але хвілін праз дзесяць Пампушка вярнулася — запыханая, пунсовая, сама не свая ад гневу.

— Ах, паскуда! Якая паскуда! — мармытала яна.

Усе кінуліся да яе з роспытамі, аднак яна маўчала; граф прадаўжаў настойваць, і тады яна з вялікай годнасцю адказала:

— Не дапытвайцеся. Вас гэта не абыходзіць, я не магу нічога сказаць.

Усе размясціліся вакол вялікай місы, адкуль ішоў пах капусты. Нягледзячы на гэтую трывожную прыгоду, вячэра прайшла весела. Сідр, які — з эканоміі — пілі муж і жонка Люазо ды манашкі, быў слаўны. Астатнія заказалі віна; Карнюдэ папрасіў піва. У яго была асаблівая манера адкаркоўваць бутэльку, успеньваць пітво, углядвацца ў яго, нахіляючы куфаль, а потым узнімаючы да лямпы, каб лепей разгледзець колер. Калі ён піў, яго доўгая барада, якая з часам набыла адценне яго любімага напітку, здавалася, ажно трэслася ад замілавання, вочы скоса цікавалі за куфлем, каб не згубіць яго з відавоку, і ўвесь выгляд у дэмакрата быў такі, быццам ён выконвае тую адзіную справу, дзеля якой і нарадзіўся на свет. Ён мысленна як бы імкнуўся зблізіць, паяднаць дзве вялікія страсці, якія поўнілі ўсё яго жыццё: піва «Паль Аль» і Рэвалюцыю; бясспрэчна, не мог ён цешыцца адным, не думаючы пра другое.

Пан і пані Фалянві вячэралі ў самым канцы стала. Муж пыхкаў, як стары паравоз, у яго ў грудзях гэтак клекатала, што ён не мог размаўляць, калі еў; затое жонка не моўкла ні на хвілінку. Яна апісала ўсе свае ўражанні ад прыходу прусакоў, расказала, што яны рабілі, што казалі; яна ненавідзела іх, найперш таму, што яны ўляцелі ёй у капеечку, і яшчэ таму, што ў арміі былі два яе сыны. Звярталася яна пераважна да графіні — ёй гонарам была размова з багатай паняй.

Калі яна расказвала пра што-кольвечы далікатнае, дык адразу паніжала голас, а муж час ад часу перапыняў яе:

— Памаўчала б ты лепей, мадам Фалянві!

Але яна не звяртала на гэта ўвагі і не змаўкала:

— Праўда, пані, гэтыя людзі толькі і робяць, што ядуць бульбу са свінінай ды свініну з бульбай! І не думайце, калі ласка, што яны чысцёхі. І не блізка! Яны, шануючы вас, паскудзяць абы-дзе. А каб вы толькі бачылі, як яны бясконца практыкуюцца! Збяруцца ў полі — і марш уперад, і марш назад, і паварот туды, і паварот сюды. Лепей бы зямлю плужылі ці дарогі пракладвалі ў сябе дома! Але дзе там, пані, ніякага толку ад гэтых ваенных! Ну, каму гэта трэба, каб няшчасны люд карміў іх, калі яны аднаму толькі і вучацца — як людзей забіваць?! Я, вядома, старая ўжо і, калі папраўдзе, непісьменная жанчына, але як падзіўлюся, як яны да знямогі так вось топчуцца ад рання да вечара, дык і думаю: «Вось ёсць людзі, якія робяць усялякія адкрыцці, каб нейкую карысць прынесці, а навошта ж гэта патрэбны такія, што аж са скуры вылузваюцца, абы толькі шкодзіць! Ну праўда ж, хіба гэта не подласць — забіваць людзей, хай сабе гэта прусы, ці ангельцы, ці палякі, ці французы? Як папомсціш каму, хто скрыўдзіў цябе, дык гэта кепска, і за гэта караюць; а калі сыноў нашых забіваюць, як тых зайцоў, са стрэльбаў, дык гэта, выходзіць, добра, бо такому, хто найболей назабівае, ордэны даюць! Не, як сабе хочаце, я, пэўна, ніколі не ўцямлю гэтага!

Карнюдэ гучна сказаў:

— Вайна — варварства, калі нападаюць на мірнага суседа; але гэта святы абавязак, калі абараняюць радзіму!

Старая схіліла галаву:

— Вядома, калі абараняюцца, тады іншая справа; ды лепей пазабіваць бы ўсіх каралёў, якія ўсчынаюць войны дзеля свае забавы!

Вочы ў Карнюдэ заззялі.

— Брава, грамадзянка! — усклікнуў ён.

Пан Карэ-Лямадон быў азадачаны. Хоць ён і пакланяўся знакамітым палкаводцам, здаровая развага старой сялянкі прымусіла яго задумацца: як бы ўмацавалі дабрабыт краіны столькі бяздзейных, а ў выніку — стратных рабочых рук, столькі марнаваных сіл, калі б іх скарыстаць для карэнных зрухаў у галіне прамысловасці, на завяршэнне якіх спатрэбяцца стагоддзі.

Тым часам Люазо ўстаў са свайго месца, падышоў да карчмара і загаварыў з ім. Таўстун рагатаў, кашляў, адхаркваўся: яго пуза весела падскоквала ад жартаў субяседніка, у якога ён тут жа закупіў шэсць стадваццаціпяцілітровых бочак бардоскага на вясну, — тады ўжо напэўна прусакі выпруцца прэч!

Як толькі вячэра закончылася, усе адчулі моцную стому і падаліся спаць.

Аднак Люазо, які паспеў сёе-тое наматаць сабе на вус, уклаў у пасцель сваю жонку, а сам стаў раз-пораз прыпадаць да замочнай шчылінкі то вухам, то вокам, каб, як ён выказаўся, «пранікнуць у таямніцы калідора».

Праз якую гадзіну ён учуў лёгкі пошум; маланкава прыпаўшы да замочнай шчыліны, ён угледзеў Пампушку, якая была яшчэ пышнейшая ў блакітнай кашаміравай капоце, аздобленай белымі карункамі. Яна трымала ў руцэ падсвечнік і кіравалася да памяшкання пад красамоўным нумарам у канцы калідора. Але тут недзе збоку прачыніліся яшчэ адны дзверы, і калі Пампушка праз некалькі хвілін прайшла назад, за ёю ступаў Карнюдэ ў падцяжках. Яны гаварылі шэптам, потым спыніліся. Пампушка, відаць, рашуча абараняла доступ у свой пакой. Люазо, на жаль, не разбіраў слоў, але пад канец, калі яны загаварылі гучней, яму ўдалося ўлавіць некалькі фраз. Карнюдэ ўзбуджана настойваў. Ён казаў:

— Паслухайце, вы проста дурнічка, ну што вам стане?

Яна відавочна абурылася і адказала:

— Не, даражэнькі, бываюць моманты, калі такое не дапускаецца. А тут гэта было б проста паскудства.

Ён, мусіць, не зразумеў яе і запытаў — чаму? Гэта дарэшты ўзлавала Пампушку, і яна павысіла голас:

— Чаму? Да вас не даходзіць чаму? Калі прусы ў доме, можа, у суседнім пакоі нават?!

Карнюдэ змоўк. Патрыятычная цнота шлюхі, якая не дапускала ніякай інтымнай ласкі таму, што вакол былі ворагі, пэўна, абудзіла ў яго сэрцы рэшткі чалавечай годнасці, бо ён толькі пацалаваў яе і крадком вярнуўся ў свой пакой.

Люазо ў сама гуллівым настроі адарваўся ад замочнай шчыліны, зрабіў антраша, надзеў начны каўпак, падняў коўдру, пад якой тулілася яго сухарэбрая сяброўка, і, абудзіўшы яе пацалункам, прашаптаў:

— Ты мяне любіш, ясачка?

Ва ўсім доме запанавала ціша. Але неўзабаве аднекуль, — можа, са склепа, а можа, і з вышак, — данёсся магутны, аднастайны мерны храп, глухі, працяглы гул, быццам дзесьці пад вялікім ціскам кіпеў паравы кацёл. Гэта спаў пан Фалянві.

Вырашана было выехаць на другі дзень а восьмай ранку, і да гэтага часу ўсе сабраліся на кухні; але дыліжанс, брызентавы верх якога быў укрыты тоўстым слоем снегу, самотна стаяў пасярод двара, без коней і без фурмана. Дарэмна шукалі яго і ў стайні, і ў клуні, і ў карэтнай: фурман прапаў. Тады мужчыны вырашылі абысці пасёлак і неадкладна рушылі за вароты. Яны апынуліся на плошчы з цэркаўкай у глыбіні, абапал мясціліся два шэрагі нізкіх дамоў, дзе можна было ўгледзець прускіх салдатаў. Першы, якога яны заўважылі, абіраў бульбы. Другі, трохі далей, мыў цырульню. Трэці, зарослы барадою да самых вачэй, сіліўся супакоіць расплаканае немаўля, усё пакалыхваў яго на каленях і цалаваў у галоўку; мажныя сялянкі, чые мужы былі «ў дзейнай арміі», знакамі тлумачылі сваім паслухмяным пераможцам, што яны мусілі зрабіць: накалоць дроў, згатаваць суп, змалоць каву, адзін салдат нават мыў бялізну сваёй гаспадыні, зусім нямоглай бабулі.

Здзіўлены граф загаварыў з дзякам, які выйшаў з дома кюрэ. Стары царкоўны пацук адказаў яму:

— О, гэтыя не злыя; кажуць, яны не прусакі. Аднекуль далей, я нават і не ведаю скуль; і ў іх ва ўсіх засталіся дома жонкі ды дзеці; ім, канешне, вайна не радасць, што тут казаць. Напэўна, і там плачуць па мужыках; і там нэндзы ад усяго гэтага будзе не меней, чым у нас. Тут пакуль што не даводзіцца надта наракаць, таму што яны не чыняць зла і працуюць, як у сябе дома. Ведаеце, пане, бедныя людзі павінны памагаць адзін аднаму... Вайну ж распачынаюць багацеі.

Карнюдэ, абураны прыязнасцю, якая ўсталявалася паміж пераможцамі і пераможанымі, пайшоў назад, намераны лепей адседжвацца ў заезным двары. Люазо кінуў жарцік:

— Яны пакрываюць страты насельніцтва.

Пан Карэ-Лямадон сур'ёзна запярэчыў:

— Яны пакрываюць выдаткі.

А фурман усё не яўляўся. Нарэшце яго адшукалі ў пасялковай кавярні, дзе ён па-братэрску дзяліў стол з дзеншчыком прускага афіцэра. Граф запытаўся:

— Хіба вам не загадвалі запрэгчы а восьмай?

— Загадвалі. А потым загадалі іншае.

— Што іншае?

— Увогуле не запрагаць.

— Хто даў вам такі загад?

— А Божа! Ды прускі камендант.

— Чаму?

— А я ведаю? У яго папытайцеся. Мне забаронена запрагаць — я і не запрагаю. Вось і ўсё.

— Ён сам сказаў вам гэта?

— Не, пане, гэты загад мне перадаў ад яго імені карчмар.

— Калі?

— Учора вечарам, я акурат укладваўся спаць.

Трое пасажыраў вярнуліся дужа занепакоеныя.

Хацелі пагаварыць з панам Фалянві, але служанка адказала, што з-за астмы гаспадар ніколі не ўстае раней дзесятай. Ён катэгарычна забараніў будзіць яго раней, хіба што надарыцца пажар.

Хацелі былі пабачыцца з афіцэрам, аднак выявілася, што гэтаабсалютна немагчыма, бо хоць ён і жыў тут жа, у заезным двары, але толькі пан Фалянві меў права гаварыць з ім пра цывільныя справы. Вырашылі чакаць. Жанчыны разышліся па сваіх пакоях і заняліся ўсякімі дробязямі.

Карнюдэ ўладкаваўся ў кухні каля высокага каміна, дзе палала яркае полымя. Ён загадаў паставіць побач столік, прынесці бутэльку піва і дастаў з кішэні люльку, якая карысталася сярод дэмакратаў амаль такою ж павагай, як і ён сам, нібыта служачы Карнюдэ, яна служыла самой радзіме. Гэта была цудоўная пенкавая люлька, выдатна абкураная, такая ж чорная, як зубы ў яе ўладальніка, але пахкая, выгнутая, бліскучая, якая так натуральна глядзелася ў яго руцэ, так дапаўняла яго аблічча. І ён замёр, прыкоўваючы позірк то да полымя, то да пены, якая каранавала куфаль, і пасля кожнага глытка задаволена запускаў доўгія худыя пальцы ў свае доўгія сальныя валасы ды абсмоктваў махры пены з вусоў.

Люазо, нібыта каб размяць ногі, падаўся да мясцовых гандляроў прыстройваць сваё віно. Граф і фабрыкант завялі гамонку пра палітыку. Яны абмяркоўвалі будучыню Францыі. Адзін усе спадзяванні ўскладаў на арлеанцаў, другі — на невядомага ратаўніка, на героя, які з'явіцца ў сама скрутны момант: на якога-небудзь дзю Геклэна ці на Жану д'Арк — хто ведае? Напалеона І. Ах, калі б наследны прынц не быў такі малады! Карнюдэ слухаў іх і ўсміхаўся з выглядам чалавека, якому ведамы таямніцы лёсу. Водар ад яго люлькі поўніў усю кухню.

Калі прабіла дзесяць, з'явіўся пан Фалянві. Усе памкнуліся да яго з роспытамі; але ён тройчы запар, без ніякіх змен, паўтарыў:

— Афіцэр сказаў мне гэтак: «Пан Фалянві, забараніце запрагаць заўтра карэту гэтых падарожных. Я не хачу, каб яны паехалі без майго дазволу. Вы зразумелі? Тады ўсё».

Вырашана было пагаварыць з афіцэрам. Граф паслаў яму сваю візітную картку, на якой пан Карэ-Лямадон дадаў сваё прозвішча і ўсе свае званні. Прусак загадаў адказаць, што ён прыме гэтых людзей пасля снедання, гэта значыць, каля гадзіны дня.

З'явіліся пані; нягледзячы на агульную трывогу, падарожнікі перакусілі. Пампушка, здавалася, захварэла і была моцна занепакоеная.

Калі дапівалі каву, па графа і фабрыканта прыйшоў дзяншчык.

Люазо таксама пайшоў з імі; паспрабавалі выцягнуць і Карнюдэ, каб надаць візіту болей урачыстасці, але той горда заявіў, што ўвогуле не жадае мець ніякіх стасункаў з немцамі, заказаў яшчэ адну бутэльку піва і зноў усеўся на аблюбаванае месца.

Мужчыны ўтрох падняліся на другі паверх і былі заведзены ў сама лепшы пакой заезнага двара, дзе іх і прыняў прускі афіцэр; захутаны ў пунсовы халат, напэўна, украдзены ў пакінутым доме якога-небудзь буржуа з не дужа развітым густам, афіцэр сядзеў у крэсле, задраўшы ногі на рашотку каміна і курачы доўгую фарфоравую люльку. Ён не ўстаў, не павітаўся, не глянуў на візіцёраў. Ён дэманстраваў найдасканалы ўзор хамства, уласцівага салдафону-пераможцу. Па якой хвіліне маўчання ён нарэшце спытаўся:

— Чаго фы хошаце?

Слова ўзяў граф:

— Мы хацелі б ехаць далей, пане.

— Не.

— Смею ў вас запытацца, якая прычына гэтай адмовы?

— По я не хашу.

— Смею вам пашаноўна заўважыць, пане, што ваш генерал даў нам дазвол на праезд да самага Дзьепа, і, мне здаецца, мы не ўчынілі нічога, што магло б выклікаць такія суровыя меры з вашага боку.

— Я не хашу, фось і фсё... Мошаце ісці.

Яны пакланіліся і выйшлі.

Рэшта дня працякла паныла. Капрыз немца быў абсалютна незразумелы; у галовы падарожным лезлі сама дзікія меркаванні. Усе сядзелі ў кухні і бясконца абмяркоўвалі сітуацыю, выказвалі сама незвычайныя здагадкі. Можа, іх хочуць пакінуць заложнікамі? Але з якой мэтай? Ці затрымаць як вязняў? Ці, найверагодней, садраць з іх вялікі выкуп? Пры гэтай думцы ўсіх апанаваў жах. Наймацней перапалохаліся сама багатыя: яны ўжо ўяўлялі, як ім дзеля ўратавання свайго жыцця давядзецца аддаць гэтаму нахабу ў мундзіры цэлыя мяхі золата. Яны ламалі галовы, прыдумваючы хоць якую-небудзь праўдападобную лухту, каб утаіць свой скарб, прыкінуцца беднымі, вельмі беднымі людзьмі. Люазо зняў з сябе гадзіннікавы ланцужок і схаваў яго ў кішэню.

Стала сутоніцца, і гэта яшчэ болей узмацняла трывогу. Запалілі лямпу, а так як да вячэры заставалася яшчэ гадзіны дзве, пані Люазо прапанавала згуляць у трыццаць адно. Гэта хоць трохі мо разважыла б іх. Прапанова была прынята. Нават Карнюдэ з ветлівасці патушыў сваю люльку і прыняў удзел у гульні.

Граф стасаваў карты, раздаў, і ў Пампушкі адразу ж выявілася трыццаць адно ачко; захопленасць гульнёй злагодзіла пострах, што не даваў спакою думкам. Але Карнюдэ заўважыў, што муж і жонка Люазо пачынаюць на пару махляваць.

Калі селі вячэраць, зноў з'явіўся пан Фалянві і хрыпата прамовіў:

— Прускі афіцэр загадаў папытацца ў мадэмуазель Элізабэт Русэ, ці не перамяніла яна свайго рашэння.

Пампушка спалатнела і знерухомела на месцы; потым кроў кінулася ёй у твар, але яе душыў такі гнеў, што яна не магла вымавіць ні слова. Нарэшце выбухнула:

— Скажыце гэтаму нягодніку, гэтай паскудзе, гэтай прускай падле, што я ніколі не дам згоды! Чуеце? Ніколі, ніколі, ніколі!

Таўстун-карчмар выйшаў. Усе абступілі Пампушку, пачалі дапытвацца, настойліва ўпрошваць раскрыць таямніцу яе размовы з афіцэрам. Спачатку яна адмаўлялася, але потым пераважыў гнеў.

— Чаго ён хоча?.. Чаго хоча?.. Ён хоча пераспаць са мною! — усклікнула яна.

Гэтыя словы нікога не збянтэжылі — настолькі ўсе былі абураныя. Карнюдэ так моцна грукнуў куфлем па стале, што ён разбіўся. Усчаўся галас — ва ўсіх выклікаў абурэнне гэты гнюсны салдафон, усе кіпелі гневам, усе з'ядналіся для супраціўлення, быццам ад кожнага з іх патрабавалася доля таго ахвяравання, якога вымагалі ад Пампушкі. Граф з агідай заявіў, што гэтыя людзі паводзяць сябе, як прымітыўныя дзікуны. Асабліва гарачае, прыязнае спачуванне выказвалі Пампушцы жанчыны. Манашкі, якія выходзілі са свайго пакоя толькі да стала, схілілі галовы і маўчалі.

Калі ўсеагульнае абурэнне трошкі аціхла, пачалі вячэраць, але размова не клеілася: кожны пра нешта думаў.

Пані рана разышліся па сваіх пакоях; мужчыны, якія засталіся папаліць, наладзілі гульню ў экартэ і запрасілі да свайго гурту пана Фалянві з намерам спрытна выведаць у яго, якімі сродкамі можна адолець упартасць афіцэра. Але карчмар думаў толькі пра карты, нічога не слухаў, нічога не адказваў, адно заўзята падахвочваў:

— Давайце ж гуляць, панове, давайце гуляць!

Яго ўвага была настолькі прыкавана да гульні, што ён забываўся нават сплёўваць, ад гэтага ў яго з грудзей часам вырываліся нейкія арганныя гукі. Яго сіпатыя лёгкія выдавалі ўсю астматычную гаму, ад урачыстых басовых нотаў да хрыплых крыкаў пеўніка, які ўпершыню спрабуе закукарэкаць.

Карчмар нават адмовіўся пайсці спаць, калі яго жонка, якая падала ад зморы, прыйшла па яго. І яна вырашыла адпачываць сама, таму што была «жаваранкам» — заўжды ўставала на досвітку, тады як муж яе быў «савой» — вечна гатовы праседзець з прыяцелямі хоць да ранку. Ён толькі гукнуў ёй:

— Пастаў мне гогаль-могаль на печку! — і прадаўжаў гульню. Калі стала ясна, што нічога выпытаць у яго немагчыма, вырашылі, што пара класціся, і ўсе разышліся па сваіх пакоях.

На другі дзень усталі зноў даволі рана з цьмянай надзеяй на ад'езд і яшчэ мацнейшым жаданнем ехаць далей — усіх проста жахала думка, што давядзецца зноў марнаваць дзень у гэтым агідным заезным дворыку.

Але дзе там! Коні стаялі ў стайні, фурмана не было відно. Ад бяздзейнасці падарожныя сноўдаліся па двары вакол карэты.

Снеданне прайшло даволі сумна; адчувалася пэўнае ахаладжэнне да Пампушкі, бо раніца ж мудрэйшая, чым вечар, і настрой трохі зыначыўся. Цяпер спадарожнікі амаль злаваліся на яе, чаму яна ўпотай не схадзіла да прусака і не зрыхтавала прыемнага сюрпрызу да іхняга абуджэння. Гэта ж прасцей за ўсё! Дый хто б даведаўся пра гэта. Дзеля прыліку яна магла б сказаць афіцэру, што робіць гэта проста з жалю да сваіх спадарожнікаў. Гэта ж ёй такая дробязь!

Аднак уголас ніхто пакуль не выказваў такіх думак.

Апоўдні, калі ўсе знемаглі ад нудоты, граф прапанаваў зрабіць прагулянку па ваколіцах пасёлка. Апрануліся як мага цяплей, і невялічкая грамада рушыла, апрача Карнюдэ, які палічыў за лепшае застацца каля агню, ды манашак — тыя бавілі час у царкве альбо ў кюрэ.

Мароз, які з дня на дзень усё мацнеў, балюча шчыпаў нос і вушы; ногі так закалелі, што кожны крок быў пакутай; а за селішчам разлога падалася настолькі злавеснаю ў сваёй бязмежнай белізне, што ва ўсіх ажно пахаладзела ўнутры і сціснулася сэрца, і кампанія павярнула назад.

Чатыры жанчыны ішлі ўперадзе, трохі воддаць за імі — трое мужчын.

Люазо, які выдатна разумеў сітуацыю, раптам запытаўся, колькі ж яшчэ ім давядзецца тырчаць у гэтай трушчобе з-за «нейкай шлюшкі». Граф, нязменна паважны, сказаў, што нельга вымагаць ад жанчыны такой цяжкай ахвяры, — падобная ахвяра павінна быць толькі добраахвотная. Пан Карэ-Лямадон заўважыў, што, калі французы пойдуць у контрнаступленне цераз Дзьеп, — а пытанне стаяла менавіта гэтак, — дык сутычка з прусакамі адбудзецца не інакш, як у Тоце. Гэтае меркаванне занепакоіла яго субяседнікаў.

— А што, калі нам выправіцца пеша? — прапанаваў Люазо.

Граф паціснуў плячыма:

— Ды вы што? Па гэтакім снезе, з жонкамі? Дый за намі адразу ж пашлюць пагоню, схопяць праз дзесяць хвілін і, як вязняў, аддадуць у рукі салдатні.

Вядома, гэтак яно і сталася б. Усе замоўклі.

Пані гаманілі пра ўборы; але нешта, здавалася, скоўвала, расчужвала іх.

Нечакана ў канцы вуліцы вынік прускі афіцэр. На фоне снежнага абшару выразна вымалёўвалася яго высокая фігура — як аса ў мундзіры; ён ішоў, выварочваючы калені, той асаблівай паходкай ваеннага, які стараецца не запэцкаць свае дбайна наваксаваныя боты.

Размінаючыся з панямі, ён пакланіўся ім і пагардліва глянуў на мужчын, у якіх, зрэшты, хапіла годнасці не зняць галаўных убораў, хоць Люазо было і пацягнуўся да сваёй шапкі.

Пампушка ўспыхнула да вушэй, а тры замужнія жанчыны адчулі глыбокае прыніжэнне, што гэты салдат сустрэў іх у таварыстве з дзеўкай, з якою ён абышоўся так бесцырымонна.

Загаварылі пра яго постаць, пра твар. Пані Карэ-Лямадон, якая ведала багата афіцэраў і добра разбіралася ў іх, лічыла, што гэты не такі ўжо і нягеглы, нават шкадавала, што ён не француз, бо з яго атрымаўся б дужа вабны гусар, які несумненна зводзіў бы з розуму жанчын.

Вярнуўшыся з прагулкі, падарожнікі не маглі дабраць да галавы, чым заняцца. Дайшло нават да шпілек па сама малой прычыне. Абед прайшоў у маўчанні і цягнуўся нядоўга, потым усе разышліся ў надзеі заснуць і хоць гэткім чынам уходаць час.

Калі на наступны дзень падарожныя сышлі ўніз, ва ўсіх на тварах ляжала стома, а на сэрцы — злосць. Жанчыны амаль не размаўлялі з Пампушкаю.

Зазваніў звон. У царкве рыхтаваліся да хрышчэння. У Пампушкі было дзіця, якое гадавалася ў сялян у Івэто. Яна бачылася з ім не часцей разу на год, ніколі пра яго не хвалявалася, але думка пра немаўля, якое нехта намерваўся хрысціць, выклікала ў яе душы неспадзяваную гарачую хвалю пяшчоты да свайго дзіцяці, і ёй няўтрымна закарцела паглядзець хрышчэнне.

Як толькі яна пайшла, спадарожнікі пераглянуліся і падсунуліся бліжэй адзін да аднаго — усе адчувалі, што трэба ўрэшце нешта вырашыць. Люазо раптам трапіла думка: ён сказаў, што трэба прапанаваць афідэру затрымаць адну Пампушку, а астатніх адпусціць.

Пан Фалянві згадзіўся выканаць даручэнне, але амаль адразу вярнуўся назад: немец, які выдатна ведаў чалавечую натуру, выставіў яго за дзверы. Ён быў намераны затрымваць усіх падарожнікаў датуль, пакуль яго жаданне не будзе задаволена.

Гэтага аказалася задосыць грубай душы пані Люазо.

— Не сядзець жа нам тут да старасці! Раз у гэтай паскудніцы такое рамяство, раз яна займаецца гэтым з усімі, дык якое ў яе права на нейкія пераборы?! Скажыце, цаца якая! Ды ў Руане з кім толькі не блыталася, нават з вознымі! Вось гэтак, мадам, з вознымі прэфектуры! Хто-хто, а я дык ведаю — ён у нас віно бярэ. А цяпер, калі трэба выбавіць нас з бяды, дык гэтая дзеўка строіць з сябе незачэпу! Па-мойму, гэты афіцэр вельмі прыстойны. Можа, ён даўно ўжо не бачыў жанчын і напэўна аддаў бы перавагу каму-небудзь з нас трох. А ён усё-такі задавольваецца тою, што даступная любому. Бо паважае замужніх жанчын. Падумайце толькі, ён жа тут гаспадар! Варта яму толькі сказаць: «Я хачу», — і з дапамогай салдатаў ён можа сілай авалодаць намі!

Жанчыны здрыгануліся. Вочы гожанькай пані Карэ-Лямадон успыхнулі, яна трошкі нават збялела, быццам мысленна ўжо бачыла, як афіцэр спрабуе сілай авалодаць ёю.

Мужчыны, якія перагаворваліся воддаль, падышлі да паняў. Люазо ажно шалеў і гатовы быў выдаць ворагу «гэтую дрэнь», звязаўшы ёй рукі і ногі. Але граф, нашчадак трох пакаленняў пасланнікаў і сам надораны знешнасцю дыпламата, выказаўся за прымяненне спрытнага манеўра.

— Трэба яе пераканаць, — сказаў ён.

І змова пачалася.

Жанчыны падсунуліся бліжэй, размова стала агульная, і кожны паніжаным голасам стаў выказваць сваю думку. Зрэшты, на выгляд усё было вельмі прыстойна. Пані асабліва ўмелі падбіраць далікатныя словы і вытанчаныя ўдалыя выразы для азначэння сама брыдкіх паняццяў. Старонні нават нічога не зразумеў бы — настолькі засцярожліва падбіраліся выразы. Але так як годная цнота, у якую захінаецца кожная свецкая пані, уласцівая ім толькі напаказ, усе яны ў глыбіні душы з вялікай асалодай неспатольна смакавалі гэтую фрывольную прыгоду, адчуваючы сябе ў сваёй сферы, абладжваючы гэтую любоўную справу з пажадлівасцю кухара-ласуна, які гатуе абед другому.

Спакваля вяртаўся нават добры настрой, настолькі забаўная, урэшце, падалася ім уся гэтая гісторыя. Граф раз-пораз падкідаў даволі рызыкоўнае слоўка-другое, але рабілася гэта настолькі тонка, што яны выклікалі адно ўсмешку. Люазо адпускаў салянейшыя жарты, аднак ніхто імі не абражаўся — ва ўсіх у галаве моцна засела думка, груба выказаная яго жонкай: «Раз гэта яе рамяство, дык якія тут яшчэ могуць быць пераборы, каму адмаўляць, каму не?» Гожанькая пані Карэ-Лямадон, пэўна, думала нават, што на месцы Пампушкі яна хутчэй адмовіла б каму-небудзь іншаму, чым гэтаму афіцэру.

Змоўшчыкі доўга абмяркоўвалі тактыку асады, быццам гаворка была пра ўзяцце крэпасці. Кожны ўзяў на сябе адпаведную ролю, дамовіліся, якія хто довады будзе пускаць у ход, якія выконваць манеўры. Быў выпрацаваны план атак, хітрых і неспадзяваных нападаў, якія змусяць гэтую жывую цытадэль здацца ворагу.

Адзін Карнюдэ адчужана трымаўся ў баку ад усіх гэтых намыслаў.

Увага змоўшчыкаў была настолькі паглынута задуманым, што ніхто не пачуў, як вярнулася Пампушка. Толькі засцярожлівы шэпт графа: «Цсс!» — прымусіў усіх узняць вочы. Пампушка была ўжо ў пакоі. Усе адразу змоўклі і ў нейкай разгубленасці спачатку нават не ведалі, як загаварыць з ёю. Графіня, лепей за іншых спрактыкаваная ў свецкай няшчырасці, запыталася:

— Ну як, цікавае было хрышчэнне?

Таўстушка, яшчэ ўсхваляваная абрадам, падрабязна апісала ўсё: і абліччы, і паставы, і саму царкву. Потым дадала:

— Так добра калі-нікалі памаліцца!

Да снедання пані абмежаваліся ветлай увагай да яе, каб заваяваць яе давер і гэтым вымусіць яе паддацца іхнім парадам.

Але як толькі паселі за стол, усчалося наступленне. Спачатку завялі адцягненую размову пра самаахвяраванне. Згадвалі прыклады з далёкай даўніны: Юдзіф і Алаферна, потым, ні з таго ні з сяго Лукрэцыю і Сэкста, прыгадалі Клеапатру, якая прымала на сваім ложы ўсіх варожых военачальнікаў і прыводзіла іх да рабскай пакоры. Была нават расказана ўзніклая ва ўяўленні гэтых невукаў-мільянераў фантастычная гісторыя пра рымлянак, якія нібыта адпраўляліся ў Капую закалыхваць у сваіх абдымках Ганібала, а разам з ім і яго палкаводцаў і цэлыя фалангі наймітаў. Потым былі ўспомнены ўсе жанчыны, якія супынілі заваёўнікаў, зрабіўшы сваю плоць полем бітвы, зброяй і сродкам запанавання, і гераічнымі пешчамі перамаглі агідных ці ненавісных тыранаў, ахвяраваўшы сваёю цнотай дзеля помсты, спаўнення найвышэйшага абавязку.

Расказалі яшчэ, у цьмяных выразах, і пра адну ангельку старадаўняга і славутага роду, якая нават згадзілася прывіць сабе жахлівую хваробу, каб заразіць ёю Банапарта, якога цудам уратавала раптоўная слабасць у хвіліны ракавога спаткання.

Усё гэта выкладалася прыстойна, стрымана, толькі сяды-тады прарывалася знарочыстая заўзятасць, каб падахвоціць кампанію да спаборніцтва.

Зрэшты, можна было падумаць, што адзінае прадвызначэнне жанчыны на зямлі — гэта вечнае самаахвяраванне, бясконцае падначальванне выбрыкам салдатні.

Абедзве манашкі, заглыбленыя ў свае думкі, здавалася, нічога не чулі. Пампушка маўчала.

Ёй далі магчымасць думаць цэлы дзень. Але цяпер яе ўжо не называлі, як раней, «пані» — ёй гаварылі проста «паненка», хоць ніхто і не ведаў чаму; пэўна, таму, што хацелі спусціць яе на ступеньку ніжэй з той вышыні, на якую яна ўзнялася ў агульным меркаванні, і даць адчуць ёй усю ганебнасць яе рамяства.

Як толькі падалі суп, зноў з'явіўся пан Фалянві і паўтарыў учарашнюю фразу:

— Прускі афіцэр пытаецца, ці пані Элізабэт Русэ не змяніла свайго рашэння.

Пампушка суха адказала:

— Не, пане.

Але за абедам кааліцыя стала слабець. У Люазо вырвалася некалькі неасцярожных фраз. Кожны са скуры вылузваўся, намагаючыся выдумаць новы прыклад, а нічога не выходзіла, калі раптам графіня, можа, ненаўмысна, а проста цьмяна адчуваючы патрэбу выказаць павагу да рэлігіі, папыталася ў старэйшай манашкі пра вялікія подзвігі з жыцця святых. Бо шмат якія святыя рабілі ўчынкі, якія ў нашых вачах былі б злачынствам; але царква лёгка даруе гэтыя правіны, калі яны ўчынены дзеля славы боскай або на дабро блізкаму. Гэта быў неабвержны доказ, і графіня не прамінула пакарыстацца ім. І вось, ці то з прычыны маўклівага адабрэння, патаемнага патурання, якія так адмыслова ўжываюць духоўныя асобы ўсіх рангаў, ці то з прычыны шчаслівай незразумеласці, ратоўнай някемкасці, старая манашка зрабіла змоўшчыкам вялікую падтрымку. З выгляду ціхманая, а выявілася, што смелая, красамоўная і катэгарычная. Яна не блукала ў нетрах казуістыкі; пераконанні яе былі як з жалеза, вера непарушная, сумленне не ведала ніякіх згрызот. Для яе ў ахвярапрынашэнні Аўраама не было нічога ненармальнага, бо яна сама не задумваючыся забіла б бацьку і маці паводле загаду з неба; ніякая правіннасць, на яе думку, не магла ўгнявіць усявышняга, калі чалавек кіруецца высокай мэтай. Графіня ў жаданні здабыць як мага болей карысці з арэолу святасці сваёй неспадзяванай саюзніцы выклікала яе на падрабязнае павучальнае тлумачэнне маральнага правіла: «Мэта апраўдвае сродкі». Яна задавала ёй пытанні.

— Значыць, сястра, вы мяркуеце, што Богу прыемныя любыя шляхі і ён прабачае правіннасць, калі памкненне чыстае?

— Ды якія могуць быць сумненні, пані?! Даволі часта ўчынак сам па сабе варты асуджэння, бывае пахвальны дзякуючы пабуджэнню, якое натхняе на той крок.

І яна яшчэ доўга разважала гэтаксама, абмяркоўвала волю Бога, прадбачвала яго рашэнні, прыпісвала яму ўмешванне ў справы, якія, калі папраўдзе, зусім яго і не абыходзяць.

Усё гэта падавалася замаскавана, спрытна, красамоўна. Але кожнае слова святой сястры ў манаскім убранні рабіла прабоіну ва ўгневаным супраціўленні куртызанкі. Потым гамонка трохі адхілілася ад галоўнага кірунку, і манашка загаварыла пра манастыры яе ордэна, пра сваю ігуменню, пра сябе самую і пра сваю прывабную суседку, каханую сястру з абшчыны св. Нікіфара. Іх выклікалі ў Гаўр, каб даглядаць у шпіталях салдатаў, хворых на воспу. Яна расказвала пра гэтых няшчасных, падрабязна апісвала іх пакуты. І вось, пакуль з капрызу гэтага прусака іх затрымваюць у дарозе, богведама колькі памрэ французаў, якіх яны, магчыма, уратавалі б! Даглядаць параненых і хворых ваенных было яе спецыяльнасцю; яна была і ў Крыме, і ў Італіі, і ў Аўстрыі, і, расказваючы пра свае вандроўкі, яна неспадзявана паказала сябе адной з тых хвацкіх і ваяўнічых манашак, якія нібыта на тое і створаны, каб ісці следам за войскам, падбіраць параненых у разгар бітвы і лепей ад любога камандзіра адзіным словам утаймоўваць расхлябаных ваякаў; гэта была сапраўдная «ваенная сястра», і яе змарнелы, пабіты воспай твар быў як бы сімвалам руйнаванняў, спрычыньваных вайной.

Пасля яе ніхто не сказаў ні слова, настолькі ўражлівым падалося ўсё выказанае ёю.

Як толькі паабедалі, усе адразу заспяшаліся ў свае пакоі і выйшлі толькі назаўтра раніцай, даволі позна.

Снеданне прайшло спакойна. Вычэквалі, каб зерне, пасеянае напярэдадні, прарасло і закаласавала.

Апоўдні графіня прапанавала прагуляцца, і, як загадзя было дамоўлена, граф узяў Пампушку подручкі і трошкі адстаў з ёю ад іншых.

Ён гаварыў з ёю фамільярным, апякунскім, трохі пагардлівым тонам, якім салідныя мужчыны размаўляюць з публічнымі жанчынамі, называў яе «дзіця маё», паблажліва апускаючыся да яе з вышыні свайго сацыяльнага становішча, той само сабой зразумелай пашаны, якою быў ён акружаны. Ён без ніякіх хітрыкаў прыступіў да сутнасці справы:

— Значыць, вы намераны трымаць нас тут і падстаўляць, як і сябе самую, небяспецы ўсіх магчымых здзекаў, непазбежных у выпадку паражэння прускай арміі, толькі б не рабіць прыемнасці, якую вы рабілі ў сваім жыцці столькі разоў?

Пампушка нічога не адказала.

Ён дзейнічаў на яе ласкавасцю, доказамі розуму, заклікаў да яе пачуццяў. Ён умеў заставацца на вышыні сваёй графскай годнасці, быў галантны, калі гэта патрабавалася, ліслівы, нават сардэчны. Ён расхвальваў паслугу, якую яна магла б зрабіць ім, гаварыў пра тое, як бы яны былі ёй удзячныя; а потым раптам весела загаварыў з ёю на «ты»:

— А знаеш, дарагая, у яго будуць усе падставы выхваляцца, што паласаваўся такой панадненькай дзяўчынай, якіх не шмат знойдзецца ў яго на радзіме!

Пампушка нічога не адказала і паспешліва далучылася да ўсёй кампаніі.

Па вяртанні з прагулкі яна адразу ж паднялася ў свой пакой і болей не выходзіла. Занепакоенасць дасягнула найвышэйшай ступені. Што яна вырашыць? А што, калі ўсё-такі заўпарціцца? Які жах!

Настала пара абеду; яна не з'яўлялася. Нарэшце прыйшоў пан Фалянві і паведаміў, што пані Русэ не зусім здаровая, можна сядаць за стол без яе. Усе натапырылі вушы. Граф падышоў да карчмара і ціха спытаўся:

— Згадзілася?

— Ага.

З прыстойнасці ён нічога не сказаў сваім спадарожнікам, толькі лёгка кіўнуў ім. Адразу ва ўсіх вырваўся глыбокі ўздых палёгкі, твары павесялелі. Люазо ўсклікнуў:

— Д'ябал мяне вазьмі! Плачу за шампанскае, калі толькі яно знойдзецца ў гэтым доме!

На вялікі жах пані Люазо, гаспадар неўзабаве прынёс ажно чатыры бутэлькі. Усе ўміг парабіліся надзвычай кампанейскія і шумлівыя; нястрымная радасць распірала іх сэрцы. Граф быццам упершыню заўважыў, што пані Карэ вельмі прыгожая; фабрыкант кідаў кампліменты графіні. Гамонка вялася жывая, вясёлая, дасціпная.

Раптам Люазо ўстрывожана ўскінуў рукі ўгору і крыкнуў:

— Ціха.

Усе змоўклі ў здзіўленні і нават у страху. Люазо прыслухаўся, загадваючы ўсім памаўчаць, узняў вочы да столі, прыслухаўся зноў і потым прамовіў сваім звычайным голасам:

— Супакойцеся, усё ў парадку.

Ніхто не адважыўся паказаць, што зразумеў, але ўсмешка мільгнула на ўсіх тварах.

Хвілін праз пятнаццаць ён паўтарыў тую самую камедыю і праз увесь вечар узнаўляў яе неаднойчы; ён рабіў выгляд, быццам звяртаецца да некага на паверсе вышэй і дае яму двухсэнсоўныя парады, вывуджаныя з запасаў свайго коміваяжорскага досціпу. Часам ён з уяўнай журбою ўздыхаў: «Беднае дзяўчо!»; альбо разгневана цадзіў праз зубы: «Прэч, прускі нягоднік!» Некалькі разоў, калі, здавалася, ніхто ўжо і не думаў пра гэта, ён дрыготкім голасам усчынаў лямант: «Годзе! Годзе!» — і дадаваў быццам самому сабе: «Хоць бы нам убачыць яе яшчэ жывую, хоць бы гэты паскуднік не даканаў яе!»

Хоць гэтыя жартачкі былі дурнымі выхадкамі, яны забаўлялі кампанію і нікога не абуралі, бо абурэнне, як і ўсё астатняе, залежыць ад асяроддзя, атмасфера ж, якая спакваля ўтварылася ў заезным двары, была насычана фрывольнымі думкамі.

За дэсертам нават жанчыны сталі рабіць стрыманыя гуллівыя намёкі. Вочы ва ўсіх разгарэліся: выпіта было шмат. Граф, які захоўваў велічнасць нават тады, калі дазваляў сабе вольнасць, параўнаў іх становішча з заканчэннем вымушанай зімоўкі на полюсе, а іх пачуцці — з радасцю пацярпелых караблекрушэнне, якія бачаць нарэшце, што ім адкрыўся шлях на поўдзень; параўнанне мела вялікі поспех.

Развяселены Люазо ўстаў з келіхам шампанскага ў руцэ:

— П'ю за наша вызваленне!

Усе ўсталі і хорам падтрымалі яго тост. Нават манашкі паддаліся ўгаворам паняў і згадзіліся прыгубіць пеністага віна, якога яны яшчэ ніколі не каштавалі. Яны абвясцілі, што яно падобна на шыпучы ліманад, толькі яшчэ смачнейшае. Люазо падагуліў:

— Як шкода, што тут няма фартэпіяна: от бы кадрылю цяпер!

Карнюдэ за ўвесь вечар не прамовіў ні слова, не зрабіў ні руху; быццам апанаваны змрочным роздумам, ён толькі раз-пораз люта тузаў сябе за доўгую бараду, як бы намагаючыся яшчэ болей падоўжыць яе. Нарэшце, пад апоўнач, калі пачалі разыходзіцца, Люазо, які ледзьве трымаўся на нагах, нечакана пляснуў Карнюдэ па жываце і сказаў непаслухмяным языком:

— Што гэта вы невясёлы сёння? Чаму вы ўсё маўчыце, грамадзянін?

Карнюдэ рэзка ўзняў галаву і, абводзячы кампанію палымяным і грозным позіркам, адказаў:

— Ведайце, што ўсе вы зрабілі подласць!

Ён устаў, пайшоў да дзвярэй, абярнуўся і яшчэ раз паўтарыў:

— Подласць, подласць! — і знік.

Спачатку ўсім стала ніякавата. Азадачаны Люазо стаяў з разяўленым ротам, але хутка да яго вярнулася звычайная самаўпэўненасць, і ён нечакана зарагатаў, прыгаворваючы:

— Хоць бачыць вока, ды дастаць далёка!

Так як ніхто не разумеў, што тут да чаго, ён расказаў пра «таямніцы калідора». Грымнуў чарговы выбух весялосці. Пані аж падалі ад смеху. Граф і пан Карэ-Лямадон рагаталі да слёз. Ім нават не верылася, што гэта праўда.

— Як?! Няўжо?! Ён хацеў...

— Ды кажу ж вам, я сам бачыў!

— І яна адмовіла?!.

— Таму што прусак быў у суседнім пакоі!

— Быць не можа!

— Клянуся!

Граф проста задыхаўся. Фабрыкант трымаўся за бакі. Люазо не сунімаўся:

— Дзіва што цяпер яму зусім, зусім не да жартаў!

І ўсе зноў аж заходзіліся, аж знемагалі ад рогату. Нарэшце разышліся. Пані Люазо, асоба з'едлівая, укладваючыся спаць, не прамінула заўважыць мужу, што «гэтая ведзьмачка Карэ-Лямадон» увесь вечар смяялася змушаным смехам:

— Знаеш, калі жанчына шалее ад мундзіра, дык ёй ужо сапраўды ўсё адно, хто яго носіць, француз там ці прусак. Ну, ці ж не сарамата, даруй Божа?!

І ўсю ноч у цемені калідора праносіліся слабыя пошумы, шолахі, ледзьве ўлоўныя, нібы ўздыхі, павевы, шарахценне босых ног, невыразныя скрыпы. Пастаяльцы пазасыналі, відаць, вельмі позна, бо пад дзвярыма яшчэ доўга віднеліся палоскі святла. Шампанскае часта дзейнічае гэтак: ад яго не спіцца.

На другі дзень снег асляпляльна зіхацеў пад яркім зімовым сонцам. Дыліжанс, нарэшце-такі запрэжаны, чакаў каля варотаў, а чарада белых галубоў, ружовавокіх, з чорнымі кропачкамі зрэнак, выпнуўшы бухматыя грудкі, важна разгульвала каля ног шасцёркі коней, шукаючы спажытку ў дымных конскіх яблыках.

Фурман, захутаны ў кажух, пакурваў на козлах люльку, а ўсцешаныя падарожныя таропка ўкладвалі пакункі з харчамі на рэшту шляху.

Чакалі толькі Пампушку. Але вось з'явілася і яна.

Яна была трохі ўсхваляваная, збянтэжаная; нясмела падышла да сваіх спадарожнікаў, аднак тыя, нібы па ўгаворы, дружна адвярнуліся, быццам не заўважылі яе. Граф з падкрэсленай годнасцю ўзяў жонку подручкі і адвёў убок, як бы аберагаючы ад нячыстага дотыку.

Таўстушка, уражаная, спынілася; потым сабрала ўсю сваю мужнасць, падышла да жонкі фабрыканта і збянтэжана пралепятала:

— Добры дзень, пані...

Тая толькі ледзь кіўнула галавой і кінула на яе позірк зганьбаванай дабрачыннасці. Усе прыкідваліся, што дужа заняты сваімі справамі, і трымаліся як мага далей ад Пампушкі, нібыта яна ў сваім прыполе прынесла нейкую заразу. Потым усе таропка падаліся ў карэту; Пампушка ўвайшла апошняя і моўчкі села на тое ж месца, якое займала на пачатку дарогі.

Яе, здавалася, болей не заўважалі, не пазнавалі; адно пані Люазо, з асуджэннем разглядваючы яе зводдаль, сказала мужу напаўголаса:

— Якое шчасце, што я сяджу не побач з ёю!

Цяжкі дыліжанс калыхнуўся, і падарожжа ўзнавілася.

Спачатку ўсе маўчалі. Пампушка не адважвалася ўзняць вочы. Яна і гневалася на сваіх суседзяў, і адчувала сябе прыніжанай, што саступіла ім, што апаганіла сябе пацалункамі прусака, у абдымкі якога яе штурхнулі гэтыя крывадушнікі.

Неўзабаве графіня абярнулася да пані Карэ-Лямадон і абарвала гнятлівае маўчанне.

— Вы, здаецца, знаёмыя з паняю д'Этрэль?

— А як жа, гэта мая прыяцелька!

— Якая цудоўная жанчына!

— Проста чароўная! Вось ужо дзе вытанчаная натура, адукаваная, таленавітая! І дзівосна спявае, і малюе проста выдатна!

Фабрыкант субяседнічаў з графам, і скрозь бразгатанне шыбак часам чуліся словы: «купон — вэксаль — плацёж — у тэрмін».

Люазо, які сцягнуў у заезным двары старую калоду картаў, замусоленую за пяць гадоў гульні на кепска выцертых сталах, расчаў з жонкай партыю ў безік. Манашкі ўзяліся за доўгія ружанцы, што звісалі ў іх з пояса, суладна перажагналіся, і ўраз вусны іх шпарка заварушыліся, захадзілі імклівым невыразным шэптам, быццам спаборнічаючы ў хуткасці; раз-пораз яны цалавалі абразок, зноў жагналіся і зноў усчыналі сваё таропкае, бясконцае мармытанне. Карнюдэ сядзеў задумлівы, нерухомы. Па трох гадзінах дарогі Люазо сабраў карты і сказаў:

— Пара і перакусіць!

Яго жонка дастала перавязаны вяровачкай скрутак і выняла кавалак халоднай цяляціны. Яна акуратна парэзала яго на тонкія, тугія лустачкі, і яны пачалі есці.

— А што, калі і мы — з іх прыкладу? — прапанавала графіня.

Пярэчання не было, і яна распакавала харчы, нагатаваныя на дзве сямейныя пары. У прадаўгаватай фаянсавай місцы з відарысам зайца на накрыўцы, які азначаў, што тут месціцца паштэт з зайчаціны, ляжала сакаўная, уперамешку з іншымі, тонка нарэзанымі гатункамі мяса, смажаная дзічына, па якой збягалі белыя ручаінкі тлушчу. На кавалку швейцарскага сыру, вынятым з газеты, віднелася слова «Здарэнні», выбітае на яго масляністай паверхні.

Манашкі распакавалі цэлае кола каўбасы, якая пахла часнаком, а Карнюдэ, запусціўшы абедзве рукі адначасова ў шырокія кішэні свайго паліто, дастаў з адной чатыры звараныя ўкрутую яйкі, а з другой лусту хлеба. Ён абабраў яйцы, кінуў шкарлупіну сабе пад ногі ў салому і стаў есці, упускаючы на пышную бараду светла-жоўтыя крошкі, якія нагадвалі там зоркі.

Пампушка, якая ў спешцы і разгубленасці ранішняга абуджэння не здолела ні пра што паклапаціцца, ажно задыхалася ад шаленства, гледзячы на гэтых людзей, якія так няўзрушана спатольвалі свой голад. Спачатку яе ахапіў гнеў, і яна ўжо разявіла рот, каб выплеснуць ім усё, што яна пра іх думае, і патокі лаянкі ўжо гатовыя былі хлынуць з яе вуснаў; але яе душыла такое абурэнне, што яна не магла гаварыць.

Ніхто не глядзеў на яе, не думаў пра яе. Яна адчувала, што яе захліствае пагарда гэтых шляхетных мярзотнікаў, якія спярша ахвяравалі ёю, а потым кінулі прэч, як непатрэбную брудную анучу. Тут ёй успомнілася яе вялікая карзіна, напакаваная ўсялякай ядою, якую яны так прагна спустошылі, прыгадаліся два кураняці ў празрыстым жэле, паштэты, грушы, чатыры бутэлькі бардоскага; яе гнеў раптоўна апаў, быццам недзе ўсярэдзіне ў яе лопнула занадта напятая струна, і яна адчула, што вось-вось расплачацца. Яна рабіла неймаверныя намаганні, каўтала слёзы, як дзіця, але яны выступалі на вачах, паблісквалі на вейках, і неўзабаве дзве буйныя слязіны паволі пакаціліся па шчоках. За імі, ужо шпарчэй, пабеглі другія, яны сцякалі, нібы кроплі вады з расколіны ўцёса, і адна за адной падалі на круты выстул яе грудзей. Яна сядзела роўна, з акамянелым бледным тварам, гледзячы ў адну кропку, у надзеі, што на яе не звернуць увагі.

Але графіня заўважыла слёзы ў Пампушкі і жэстам паказала на яе мужу. Ён паціснуў плячыма, як бы кажучы: «Што зробіш, я тут ні пры чым». Пані Люазо бязгучна, але пераможна засмяялася і прамармытала:

— Яна аплаквае сваю ганьбу!

Манашкі загарнулі ў паперу рэшту каўбасы і зноў пачалі маліцца.

Карнюдэ, пераварваючы з'едзеныя яйцы, выцягнуў доўгія ногі пад лаўку насупроць, адкінуўся, скрыжаваў рукі, усміхнуўся, быццам прыдумаў удалы жарт, і стаў насвістваць «Марсельезу».

Усе спахмурнелі. Народны гімн, відаць, не падабаўся яго суседзям. Яны сталі нервавацца, злавацца і, здавалася, гатовыя былі завыць, як сабакі на голас катрынкі. Карнюдэ заўважыў гэта і ўжо не супыняў свісту. Часам ён нават выспеўваў словы:

Любоў святая да радзімы!
Хай выкрасае помсту боль, —
Свабода любая, вядзі нас,
Тваіх заступнікаў, на бой!
Коні цяпер беглі раўней, бо снег стаў цвярдзейшы; і да саменькага Дзьепа, праз усе доўгія панурыя гадзіны язды па выбоістай, траскай дарозе ў змроку, а потым у глыбокай цемры Карнюдэ з жорсткай упартасцю прадаўжаў сваё помслівае аднастайнае пасвістванне, змушаючы стомленых, раздражнёных спадарожнікаў сачыць за песняй ад пачатку да канца, прыпамінаць кожнае слова і суправаджаць імі кожны такт.

А Пампушка ўсё плакала, і часам, паміж дзвюма строфамі, у поцемках прарывалася галашэнне, якога яна не магла стрымаць.


Пераклад: Ніна Мацяш

Жарт па-нармандску

А. дэ Жуэнвілю

Вяселле ішло ярам, па дарозе, зацененай высокімі Дрэвамі, што раслі на схілах пагоркаў з раскіданымі па іх фермамі. Наперадзе ішлі маладыя, за імі — бацькі ды радня, потым госці, пасля бедны мясцовы люд і, нарэшце, дзеці, якія віліся вакол шэсця, як мухі, шмыгалі пад нагамі, залазілі на дрэвы, каб лацвей было цікаваць.

Жаніх — мажны, велягурысты Жан Пацю — быў сама заможны фермер у наваколлі. Але насамперш ён славіўся сваёй паляўнічай заўзятасцю: гэтая страсць проста адымала ў дзецюка розум і пажырала процьму грошай — на сабак, вартаўнікоў, тхароў і стрэльбы.

Да нявесты — Разалі Русэль — заляцаліся ўсе навакольныя хлопцы, бо і сама па сабе яна была прывабная, і посаг мела добры; але дзяўчына абрала Пацю, — можа, таму, што ўпадабала яго болей, чым каго іншага, але, як разважлівая нармандка, хутчэй за ўсё таму, што ў яго мелася найболей грошай.

Маладыя адкінулі загародку на ўваходзе ў межы жаніховай фермы — і тут раптоўна з межавых равоў, дзе пахаваліся стралкі, грымнуў залп з сарака стрэльбаў. Неспадзяваная страляніна дужа развесяліла мужчын, і яны з рогатам пусціліся ў скокі, робячы нязграбныя выкрунтасы ў сваіх строях; сам Пацю кінуў жонку, рынуўся да заўважанага за дрэвам парабка, вырваў у яго з рук стрэльбу і, падбрыкнуўшы, як жарабец, бабахнуў у неба.

Потым вяселле рушыла далей — у яблыневых прысадах з ужо сакаўнымі пладамі, паўз луг, дзе ў высокай траве ляжалі каровы, якія ўтаропліваліся ў шумны гурт сваімі вялікімі вачамі, цяжка ўставалі і выцягвалі пысы ўслед вясёлай кампаніі.

Набліжалася застолле, і мужчыны пакрысе сур'ёзнелі. На галовах найбагацейшых красаваліся бліскучыя шаўковыя цыліндры, якія зусім не стасаваліся з вясковым краявідам; іншыя былі ў старасвецкіх лямцавых капелюшах, доўгая поўсць якіх нагадвала кратовую; сама бедных увенчвалі картузы.

Усе жанчыны былі ў накінутых на плечы шалях, канцы якіх цырымонна падтрымлівалі рукамі. Пунсовыя, стракатыя, агніста-яркія — гэтыя шалі ірдзеннем сваіх фарбаў наводзілі дзікі пярэпалах і на чорных курэй на сметніку, і на качак у стаўку, і на галубоў на стрэхах.

Уся навокал зеляніна, зелень травы і дрэў адразу як бы зблякла побач з такой агністаю чырванню, абодва колеры ў такім непасрэдным сваім суседстве ажно сляпілі вочы пад скварам паўдзённага сонца.

У канцы яблыневых прысадаў стаяла, быццам у чаканні, вялікая ферма. З адчыненых дзвярэй і вокнаў струменілася ледзь улоўная пара, густы пах ежы, здавалася, ішоў з усіх шчылін, з саміх сцен прасторнай будыніны.

Ланцуг гасцей зазмяіўся цераз панадворак. Каля самага дома строй парушаўся, распадаўся, а ў вароты ўсё ішлі ды ішлі запрошаныя на вяселле. Равы абсыпалі дзеці і цікаўная галота, страляніна не ўціхала, стрэлы бухалі з усіх бакоў адначасова, і ў паветры плыў парахавы дым з яго хмельным, як абсент, водарам.

Жанчыны атрэсвалі на парозе спадніцы ад пылу, развязвалі капелюшовыя стужкі, знімалі з плячэй шалі, перавешвалі іх цераз руку і заходзілі ў дом, дзе збаўляліся ад лішніх строяў.

Сталы стаялі ў вялікай кухні, дзе магло ўмясціцца чалавек сто.

За сталы паселі а другой. А восьмай абед усё яшчэ доўжыўся. Мужчыны паскідалі пінжакі, парасшпільвалі каўняры і, распараныя, расчырванелыя, як не ў сябе паглыналі нагатаванае. У вялікіх шклянках весела зіхацеў жоўты, залаціста-светлы сідр, у іншых цямнела чырвонае, нібы кроў, віно.

Перад кожнай чарговай стравай рабілася маленькая перадышка — на тост пад чарку гарэлкі, якая падкідала жару ў цела і дурноты ў галаву.

Час ад часу нехта з гасцей, напханы, як бочка, выходзіў да бліжэйшых дрэў, аблегчваўся і вяртаўся за стол, зноў гатовы і піць, і есці.

Фермеркі — пунсовыя, ацяжэлыя, з напятымі, як шары, ліфамі, перацятыя гарсэтамі, разбухлыя і зверху, і знізу, — доўга не вылазілі з-за стала: саромеліся. Але варта было адной, не надта баязлівай, падняцца і выйсці на панадворак, як следам пацягнуліся ўсе астатнія. Вярнуліся жанчыны павесялелыя, што не магло не выклікаць кепікаў. І пасыпаліся грубыя жарты.

Па застоллі хлынулі непрыстойнасці, і ўсе — на тэму шлюбнай ночы. Арсенал сялянскага досціпу гэтым і вычарпаўся. Падзеі іхняга жыцця адвеку суправаджаліся нязменнымі анекдотамі, і хоць ведалі іх усе прысутныя, але і на гэты раз пры згадцы анекдотаў госці клаліся покатам.

Варта было сівагаловаму старому пачаць: «Каму ў Мезідон — калі ласка, у карэту!» — як адразу грымнуў дружны рогат.

У канцы стала чатыры дзецюкі — жаніховы суседзі — відаць, згаварыліся пажартаваць з маладых і ўжо прыдумалі нешта цікавае — нездарма іх так разбіраў смех.

Нарэшце, калі ўзнікла хвілінка зацішша, адзін дзяцюк голасна сказаў:

— Сёння будзе месячная ноч, і ўжо калі-калі, а сёння браканьеры свайго не ўпусцяць! Як ты думаеш, Жан? Але сёння табе, вядома, не да месяца будзе.

Жаніх крута абярнуўся на голас.

— Хай толькі паткнуцца сюды тыя браканьеры!

— А што, запраста могуць прыйсці, — засмяяўся другі дзяцюк. — Сёння ўночы ў цябе будзе другі клопат!

Застолле скаланулася ад рогату — аж падлога задрыжала, аж зазвінелі шклянкі.

Пры думцы, што нехта можа пакарыстацца вяселлем і пабраканьернічаць на яго зямлі, Жан прыйшоў у шаленства:

— А вось хай толькі паткнуцца, кажу табе!

Зноў пасыпаліся жартачкі, якія змусілі пачырванець нявесту, і без гэтага ўсхваляваную трапятлівым чаканнем.

Нарэшце бочкі гарэлкі былі асушаны і госці паразыходзіліся. Маладыя пайшлі ў спальню, размешчаную, як і ўсе іншыя пакоі, на першым паверсе. Было душнавата, і яны не сталі зачыняць акно, толькі стулілі аканіцы. На камодзе гарэла невялікая безгустоўная лямпа — цясцёў падарунак; пасланы ложак быў гатоў прыняць новую пару, якая за ўвесь цырыманіял сельскіх буржуа не абмянялася ніводным пацалункам.

Разалі ўжо зняла капялюшык і сукенку і цяпер у адной ніжняй спадніцы расшнуроўвала чаравікі, а Жан дапальваў цыгарэту і краем вока паглядваў на сваю маладую жонку.

Ён цікаваў за ёю, і яго агнёвыя вочы хутчэй выдавалі пажадлівасць, чым пяшчоту: ён не гэтак кахаў дзяўчыну, як жадаў яе. І рашуча, рэзкім рухам мужыка, які гатовы ўзяцца за работу, Жан сцягнуў з сябе кашулю.

Разалі скінула чаравікі і ўзялася за панчохі.

— Марш за полаг, пачакай там, пакуль я лягу, — сказала яна.

Яны ведаліся з маленства і былі на «ты».

Жан для прыліку заўпарціўся, потым, хітравата пасмейваючыся, пайшоў і схаваўся за полаг, аднак вытыркнуў галаву. Разалі рассмяялася і пачала засланяць яму вочы, Жан не даваўся — у любоўнай, жыццярадаснай забаве маладых не было і знаку сораму ці няёмкасці.

Урэшце Жан саступіў; Разалі ўмомант расшмаргнула завязку ў сваёй апошняй спадніцы — тая слізганула па клубах, зляцела да ступняў і колам прыпала да падлогі. Разалі не стала падымаць яе, толькі адкінула нагой убок і ў адной танюткай кашулі кульнулася ў ложак, спружыны якога тут жа азваліся рыпам пад яе цяжарам.

Каля ложка адразу з'явіўся Жан, таксама ўжо разуты і раздзеты, нахіліўся да жонкі і стаў шукаць яе вусны, а Разалі хавала твар у падушку, і раптам данёсся далёкі стрэл — ад лесу Рапэ, як падалося Жану.

Ён занепакоена выпрастаўся, з зашчымелым сэрцам падбег да акна і расчыніў аканіцы.

Сядзіба была заліта жоўтым ззяннем поўні. Толькі пад яблынямі ляжалі густыя плямы ценю. Воддаль залаціста свяцілася поле спелай пшаніцы.

Жан высунуўся з акна, выцікоўваючы кожны начны шолах, але тут аголеныя рукі абвілі яму шыю, і Разалі, адцягваючы мужа назад, прашаптала:

— Ды кінь ты, што табе да гэтага! Хадзем!..

Ён абярнуўся, абняў яе, скрозь далікатную тканіну адчуў усё яе трапяткое цела, лёгка падхапіў жонку на рукі і панёс на пасцель.

Але ў той момант, як ён паклаў яе на ложак — той угнуўся ад цяжару, — грымнуў другі стрэл, на гэты раз бліжэй.

— ...вашу маць! — вылаяўся ўз'юшаны Жан. — Яны думаюць, што я ўжо і не выйду з-за цябе?.. Ну, пачакайце ж, пачакайце!

Ён ліхаманкава абуўся, сарваў з цвіка стрэльбу, што заўжды вісела так, каб да яе лёгка было дацягнуцца, і, не зважаючы на роспач жонкі, якая хапала яго за калені і ўмольвала нікуды не хадзіць, адштурхнуў яе, рынуўся да акна і выскачыў у двор.

Мінула гадзіна, потым другая, — Разалі чакала... Пачало світаць, а муж усё не вяртаўся. Разалі дарэшты перапалохалася, кінулася клікаць людзей, расказала, што раз'ятраны Жан пабег лавіць браканьераў.

Найміты, вознікі, парабкі кінуліся шукаць гаспадара.

Яго знайшлі за дзве мілі ад фермы, прывязанага вяроўкамі да дрэва, ледзь жывога ад шаленства; стрэльба яго была пераламаная, порткі адзеты навыварат, на грудзях віселі тры забітыя зайцы і запіска:

«Як ідзеш на паляванне, дык забудзься пра каханне».

Мінуў час, і калі Жан прыгадваў сваю шлюбную ноч, то абавязкова дадаваў:

— Пацешыліся з мяне, што і казаць! Яны схапілі мяне, як трусіка, падлы, і тут жа накінулі мяшок на галаву. Але хай адно пападуцца мне калі-небудзь, папомняць ужо мяне, папомняць!

Вось як жартуюць на вяселлях у Нармандскім краі.


Пераклад: Ніна Мацяш 

Пляцельшчыца крэслаў

Леону Эніку

Гэта было ў канцы абеду, які даваў маркіз дэ Бэртран з нагоды адкрыццяпаляўнічага сезона. Вакол ярка асветленага стала, убранага садавіною і кветкамі, сядзелі адзінаццаць паляўнічых, восем маладых жанчын і мясцовы доктар.

Загаварылі пра каханне, і распачаліся гарачыя спрэчкі, вечныя спрэчкі на тэму: колькі разоў можна кахаць па-сапраўднаму, раз толькі ці многа разоў? Хто даваў прыклады людзей, у жыцці якіх было адно-адзінае каханне; хто тут жа прыгадваў іншыя выпадкі, калі палкая страсць спазнавалася неаднаразова. Большасць мужчын меркавала, што любоўная цяга, як хвароба, можа часта апаноўваць чалавека і здольная нават давесці яго да пагібелі, калі на яе шляху ўзнікае якая-небудзь перашкода. Хоць такі погляд на з'яву і не касаваўся, жанчыны, якія ў сваіх меркаваннях апіраліся болей на паэзію, чым на жыццёвы вопыт, сцвярджалі, што каханне сапраўднае, вялікае каханне пасылаецца смяротнаму толькі адзін раз, і сэрца, працятае ім, як маланкаю, так спустошваецца, руйнуецца, папялее, што ніякае іншае моцнае пачуццё, нават мара пра яго, ужо не могуць другі раз зарунець у чалавеку.

Маркіз, які зведаў багата любоўных прыгод, горача аспрэчваў такую думку:

— А я перакананы, што можна кахаць многа разоў, і кахаць моцна, усёю душою! Вы сцвярджаеце, што захапленне паўтарыцца не можа, і спасылаецеся на людзей, якія рукі налажылі на сябе праз каханне. А я ўпэўнены: каб яны не зрабілі гэтага глупства — самазабойства, якое збавіла іх магчымасці новага захаплення, яны ажылі б; яны несумненна пакахалі б зноў, і каханне прыходзіла б яшчэ не раз да самай іхняй смерці! Закаханыя падобныя да п'яніц. Хто запіў — піць не перастане, хто кахаў — зноў кахаць будзе. Уся справа ў тэмпераменце, і толькі.

Каб вырашыць спрэчку, папрасілі доктара — пажылога лекара, былога парыжаніна, які жыў цяпер у вёсцы, — выказаць сваю думку.

Аднак нейкага пэўнага меркавання не мелася і ў доктара.

— Тут сапраўды, як слушна заўважыў маркіз, усё залежыць ад тэмпераменту. Асабіста мне вядомы толькі адзін прыклад, калі каханне не тухла цэлых пяцьдзесят пяць гадоў, яго абарвала толькі смерць.

Маркіза ажно запляскала ў ладкі:

— Вось гэта здорава! Можна толькі марыць пра такое каханне! Якая раскоша — пяцьдзесят пяць гадоў быць ахінутым такой апантанай, пранікнёнай любасцю! Які шчаслівы, пэўна, удзячны жыццю быў той чалавек, якога так моцна кахалі!

Доктар усміхнуўся.

— Сапраўды, мадам, вы не памыляецеся, кахалі мужчыну. Ды вы яго ведаеце — гэта спадар Шукэ, наш аптэкар. А жанчына — жанчыну вам таксама даводзілася бачыць: гэта старая пляцельшчыца крэслаў, яна штогод завітвала ў замак. Зрэшты, раскажу вам усё падрабязна.

Захапленне паняў адразу атухла; іх расчараваныя тварыкі грэбліва паморшчыліся, як быццам на каханне здатныя былі толькі вытанчаныя, шляхетныя асобы, выклікаць цікавасць маглі толькі багатыя людзі.

Доктар прадаўжаў:

— Тры месяцы таму назад мяне паклікалі да гэтай старой жанчыны: яна памірала. Яна прыехала ў вёску літаральна за дзень да смерці; вам выпадала бачыць яе калымагу, у якой яна і ездзіла, і жыла, і якую цягнула нягеглая каняка, а вобак беглі дзве вялізныя чорныя псіны — яе сябры і ахова. Кюрэ быў ужо каля яе. Яна папрасіла нас быць яе душапрыказчыкамі, а каб мы лепей зразумелі сэнс яе апошняга жадання, яна расказала нам пра ўсё сваё жыццё. Я не чуў нічога дзіўнейшага і гаротнейшага.

Бацькі яе былі пляцельшчыкамі крэслаў — і бацька, і маці. Яна зроду не ведала іншага жытла, апроч гэтай буды.

Яна бадзялася з самага малку — акрытая лахманамі, вашывая, замурзаная. Сям'я прыпынялася каля рова на ўскрайку якога-небудзь селішча, каня адпрагалі і пускалі пасвіцца, сабака ўтыкаўся носам у лапы і драмаў, дзяўчынка кулялася ў траве, а бацька з маткай сядзелі ў засені прыдарожных вязаў і паднаўлялі старыя крэслы вяскоўцаў. У сваім вечным вандроўным побыце яны амаль не размаўлялі. Пры патрэбе вырашыць, каму з іх звыклым выкрыкам «Крэслы пляцём, крэслы рамантуем!» пайсці па сяле, яны перакідваліся словам-другім, сядалі поруч альбо адно насупраць аднаго і браліся віць салому. Калі малая адыходзіла далёка ці загаворвала з якім-небудзь вулічным блазнюком, яе грозна аклікаў бацька:

— Ану, марш сюды, нягодніца!

І гэта былі адзіныя песты, якія ведала небарака.

Калі яна падрасла, бацькі сталі пасылаць яе збіраць заказы на рамонт. Тады ў яе сям-там завялося некалькі знаёмых падлеткаў; але цяпер ужо бацькі яе новых прыяцеляў раздражнёна гукалі сваіх дзяцей:

— Ану, марш сюды, шалапут! Хай толькі яшчэ раз пабачу цябе з якой галотаю!..

Нярэдка дзеці папускалі ў яе каменнем.

Здаралася, якая-небудзь пані кідала ёй мядзяк-другі — малая ашчадна берагла тыя грошы.

Аднойчы — было дзяўчынцы тады адзінаццаць гадоў, — праходзячы каля мясцовых могілак, яна наткнулася на расплаканага маленькага Шукэ: сябрук украў у яго два ліярды. Слёзы малога панічыка, аднаго з тых, якіх беднае ўяўленне абнядоленай жабрачкі малявала вечна ўсцешанымі і задаволенымі, страшэнна ўразілі дзеўчанятка. Яна падышла да хлопчыка, а калі даведалася прычыну яго гора, высыпала яму ў прыгаршчы ўсе свае назбіраныя грошы — сем су; малы не здзівіўся, узяў грошы, перастаў плакаць. У парыве шалёнай радасці дзяўчынка пацалавала хлапчука. А той настолькі засяроджана разглядваў грошы, што нават не звярнуў на гэта ўвагі. Бачачы, што ён яе не адпіхае, не адбіваецца, дзяўчынка яшчэ раз аберуч прытуліла яго да сябе, пацалавала і кінулася наўцёкі.

Што тварылася ў душы няшчаснай бадзяжкі? Чаму яна так прыкіпела да гэтага карапуза? Таму, што ахвяравала яму свой жабраваны скарб? Ці таму, што менавіта яму падарыла свой першы пяшчотны пацалунак? Каханне аднолькава таемна завалодвае і сэрцам дзіцяці, і сэрцам дарослага.

Прамінаў месяц за месяцам, а яна не магла забыць ні таго кутка могілак, ні таго хлопчыка. У надзеі ўбачыцца з ім яшчэ раз яна пачала абкрадваць сваіх бацькоў, утойвала капейку пры ўсякім зручным выпадку, аблічвала іх то на рамонце крэслаў, то на куплі харчоў.

Другім разам, калі яна прыехала ў нашы мясціны, у яе ў кішэні мелася ажно два франкі, аднак ёй пашчасціла ўбачыць маленькага аптэкара толькі здалёк, у акне аптэкі, дзе ён — такі акуратненькі, чысценькі — сядзеў паміж барвовым шарам і слоікам з саліцёрам.

Заварожаная, узрушаная, зачараваная праменнасцю каляровай вады, бляскам зіхоткіх крышталікаў, яна яшчэ мацней палюбіла яго.

Яго вобраз нязгасна жыў у яе душы, і калі яшчэ праз год яна выпадкова натрапіла на маленькага Шукэ за школай, дзе ён гуляў у шарыкі з сябрамі, яна кінулася да яго, сціснула ў абдымках і пацалавала так моцна, што ён перапалохаўся і залямантаваў. Тады, каб суцешыць хлапчаня, яна падала яму грошы: тры франкі дваццаць сантымаў — сапраўдны скарб, у хлопчыка ажно вочы акруглелі ад неспадзяванкі.

Ён схаваў грошы ў кішэню і дазволіў дзеўчаняці лашчыць сябе столькі, колькі яна хацела.

Чатыры гады запар яна аддавала яму ўвесь свой грашовы прыпас, які ён ахвоча прысвойваў у абмен на пяшчотныя пацалункі. Мелася ў яе то трыццаць су, то два франкі, то ўсяго дванаццаць су (яна аж плакала ад пакуты і прыніжэння, але той год быў кепскі), апошнім разам яна падарыла яму цэлы пяціфранковік — вялікую круглую манеціну, ён ажно засмяяўся ўсцешана, калі ўбачыў.

Цяпер толькі пра яго яна і думала; ён таксама з пэўнай нецярплівасцю чакаў, калі яна прыедзе, а заўважыўшы, бег насустрач, і сэрца ў дзяўчынкі гатовае было выскачыць з грудзей.

Потым ён знік.

Яго паслалі вучыцца ў каледж. Яна даведалася пра гэта з асцярожных роспытаў. Тады яна ўсялякімі хітрыкамі стала дамагацца, каб бацькі перамянілі свой маршрут і прыязджалі сюды ў той час, як пачыналіся школьныя вакацыі. Каб спраўдзіць задуманае, спатрэбіўся цэлы год. І атрымалася так, што яны не бачыліся ажно два гады запар; калі ж сустрэліся, яна ледзьве пазнала яго, гэтак ён перамяніўся, вырас, пахарашэў, паважнеў у мундзірчыку з залатымі гузікамі. А ён прыкінуўся, быццам не бачыць яе, і ганарыста прайшоў міма.

Яна праплакала два дні; з гэтага часу пакутам яе не было канца.

Яна прыязджала сюды штогод, ішла ў яго навідавоку, не асмельваючыся павітацца, а ён і вокам не вёў у яе бок. Яна кахала яго да самазабыцця. Мне яна сказала:

— У мяне гэта быў адзіны мужчына на свеце, пане доктар, іншых проста не існавала.

Бацькі яе памерлі. Яна прадаўжала рабіць тое, што рабілі пры жыцці яны — пляла і рамантавала крэслы, толькі замест аднаго сабакі завяла страшных двух, дражніцца з якімі не асмельваўся ніхто.

Неяк пры вяртанні ў наш пасёлак, да якога навек прыкіпела яе сэрца, яна ўбачыла маладую жанчыну, якая выйшла з аптэкі подручкі з яе каханым Шукэ. Гэта была яго жонка. Ён ажаніўся.

У той вечар яна кінулася ў ставок на плошчы перад ратушай. Нейкі запознены гулец выцягнуў яе з вады і прынёс у аптэку. Шукэ-сын, у халаце, выйшаў агледзець небараку і, нібыта зусім не пазнаў яе, раздзеў, расцёр, потым груба сказаў:

— Вы проста вар'ятка! Нельга ж быць такою бязмозглаю!

Гэтага аказалася даволі, каб яна ажыла: ён, ён загаварыў з ёю!.. Успамін пра гэта яшчэ доўга поўніў яе шчасцем.

Ён адмовіўся ўзяць плату за свае паслугі, хоць яна і вельмі настойвала, упрошвала яго.

Вось так прамінула ўсё яе жыццё. Яна пляла крэслы і думала пра Шукэ. Раз на год яна бачыла яго ў акне аптэкі. Калі ёй трэба былі якія-небудзь лекі, яна звычайна купляла іх толькі ў Шукэ. Гэта давала ёй магчымасць пабачыць яго зблізку, перакінуцца хоць некалькімі словамі і зноў даваць яму грошы.

Я казаў ужо, гэтай вясною яна памерла. Расказаўшы ўсю сваю сумную гісторыю, яна папрасіла мяне перадаць таму, каго так аддана кахала, усе свае надбаныя за жыццё зберажэнні, бо, як сама прызналася, яна працавала толькі дзеля яго, дзеля яго адзінага, часам нават галадала, каб адкласці хоць капейчыну, з надзеяй, што і ён згадае яе хоць разочак, хай сабе тады ўжо, як яе не стане.

І яна аддала мне дзве тысячы трыста дваццаць сем франкаў. Дваццаць сем франкаў я адлічыў кюрэ на пахаванне, а рэшту, пасля таго як яна выпусціла апошні ўздых, забраў з сабою.

На наступны дзень я пайшоў да Шукэ. Гаспадары сама даснедвалі адно насупраць аднаго, абое бухматыя і расчырванелыя, раздабрэлыя на аптэкарскім хлебе, напышлівыя і самазадаволеныя.

Мяне запрасілі да стала, прапанавалі чарку кірша; я не адмовіўся; упэўнены, што ўзрушу іх да слёз, я ўсхвалявана пачаў свой расказ.

Як толькі да Шукэ дайшло, што яго кахала нейкая бадзяжка, пляцельшчыца крэслаў, мурзатая жабрачка, яго аж тузанула ад абурэння, быццам яна абабрала яго, загубіла яго рэпутацыю, пазбавіла павагі прыстойных людзей і яго ўласнай самапавагі, выкрала нешта такое, што было яму даражэйшае за само жыццё.

А ў яго жонкі нават мову адняло ад гневу, і яна толькі выдыхала:

— Ах ты, галадранка! Ах ты, галадранка! Ах ты, галадранка!..

Шукэ ўсхапіўся на ногі, забегаў вакол стала; феска яго спаўзла на адно вуха.

— Гэта ж падумаць толькі, доктар!.. — загугніў ён. — Во напасць на чалавека!.. Што ж рабіць, што ж рабіць? Ах, калі б я ведаў гэта, пакуль яна была жывая, — у жандармерыю заявіў бы, хай бы яе арыштавалі ды ў турму ўпяклі! І сядзела б яна ўжо там да скону, ручаюся вам!

Я быў ашаломлены вынікам майго пасрэдніцтва. Я не ведаў, што казаць, што рабіць. Аднак я мусіў давесці справу да канца, і я сказаў:

— Нябожчыца папрасіла мяне перадаць вам яе зберажэнні: дзве тысячы трыста франкаў. Але, як я разумею, вам дужа непрыемнае тое, што я паведаміў вам, дык, відаць, найлепей будзе раздаць гэтыя грошы бедным.

Абое, муж і жонка, утаропіліся на мяне, аслупянелі ад здзіўлення.

Я дастаў з кішэні грошы, няшчасныя грошы разнамаснага выгляду і значэння, золата ўперамешку з медзякамі. Потым папытаўся:

— Якое будзе ваша рашэнне?

Першая загаварыла мадам Шукэ.

— Але... Раз гэта яе апошняя воля, гэтай жанчыны... Мне здаецца, нам неяк не выпадае адмаўляцца.

Муж, крыху збянтэжаны, падхапіў:

— Ва ўсякім разе, за іх можна будзе купіць што-небудзь нашым дзеткам.

Я суха адказаў:

— Воля ваша.

Аптэкар прадаўжаў:

— Ва ўсякім разе, давайце грошы сюды, калі ўжо яна гэтак наказала вам; самі парупімся даць ім добры ход.

Я аддаў грошы, развітаўся і выйшаў.

На другі дзень Шукэ нечакана сам прыйшоў да мяне дадому.

— А яна... жанчына гэтая... яна ж і воз тут свой пакінула? — запытаўся ён. — І што вы з той калымагай рабіць мяркуеце?

— Нічога, забярыце яе сабе, калі хочаце.

— Добра. Яна мне спатрэбіцца: я зраблю з яе вартоўную ў гародзе.

Ён ужо намерыўся пайсці. Я сказаў:

— Пасля яе засталіся стары конь ды два сабакі. Можа, забераце іх?

Ён азадачана прыпыніўся.

— Га?.. А... Ды не, не трэба. Навошта яны мне? Распараджайцеся ўжо гэтым самі!

Аптэкар засмяяўся. Потым ён падаў мне руку, і я паціснуў яе. Што зробіш? Лекару з аптэкарам няможна варагаваць паміж сабою.

Сабакі засталіся ў мяне. Каня забраў кюрэ, у яго вялікі двор. Воз ператварыўся ў вартоўню на гародзе ў Шукэ; а на грошы нябожчыцы ён прыдбаў пяць акцый чыгуначнай кампаніі.

Вось тое адзінае вялікае каханне, з якім я сутыкнуўся ў сваім жыцці.

Доктар змоўк.

Маркіза, у вачах якой стаялі слёзы, уздыхнула:

— Пэўна, толькі жанчыны і ўмеюць кахаць па-сапраўднаму!


Пераклад: Ніна Мацяш

Мошчы

Пану абату Луі д'Энмару. У.Суасон.

«Дарагі абат.

Шлюбу з тваёй пляменніцай не будзе, і прычынай гэтаму — бязглузды выпадак, благі жарт, які я амаль міжволі састроіў з сваёй нявесты.

Даўні мой сябра, з клопатам звяртаюся да цябе, бо толькі ты можаш мне дарадзіць. Буду ўдзячны табе да смерці.

Ты ведаеш Жыльберту, прынамсі, лічыш, што ведаеш яе, але хіба можна да канца зведаць жанчын? Усе іх меркаванні, погляды, думкі — скрозь нечаканасць. Яны то адкрытыя і роўныя, то звілістыя і стромыя; іх разважанняў нельга ўцяміць, іх логіка кульгае, а рашучасць, быццам непахісная, раптам знікае без дай прычыны.

Не мне табе казаць, што твая пляменніца задужа набожная, бо гадавалася ці то ў чорных, ці то ў белых манашак з Нансі.

Пра гэта ты ведаеш лепей за мяне. Але, бясспрэчна, ты не ведаеш, што кожнай драбязой яна можа захапляцца так, як сваёй верай у Бога. Думкі яе скачуць, як падхоплены ветрам ліст; жаноцкасці, ці дзявоцкасці, у ёй больш, чым у іншых, яна то смяецца, то плача, то сумуе, то скача і наадварот; яна і прыгожая ... сам ведаеш якая, і прывабная невыказна ... але гэтага ты ўжо не зразумееш.

Мы заручыліся. Я кахаў яе і кахаю цяпер. І яна, здаецца, любіла мяне.

Аднаго вечара я атрымаў дэпешу, якая выклікала мяне ў Кёльн на кансультацыю і, можа, на складаную адказную аперацыю. Трэба было ехаць на другі дзень, і я пабег развітацца з Жыльбертай, а таксама сказаць, чаму змагу быць на абедзе ў яе бацькоў не ў сераду, а толькі ў пятніцу. О! Сцеражыся пятніц, ведай, яны — чорныя!

Калі я загаварыў пра ад'езд, сляза скацілася ў яе па шчацэ, але, пачуўшы, што я неўзабаве вярнуся, дзяўчына запляскала ў ладкі і крыкнула: «Ай добра! Вы мне нешта прывезяце, драбязу, маленечкі гасцінец, але няхай ён будзе дарагі мне. Вы павінны здагадацца, што мне больш за ўсё спадабаецца, згода? Паглядзім, што думае ваша галава».

Яна крыху падумала і дадала: «Забараняю аддаваць за яго больш як дваццаць франкаў. Мне галоўнае шчырасць, пане, выдумка, а не цана. — Яна зноў памаўчала і ціха, не падымаючы на мяне вачэй, сказала: — Калі вам гэта не будзе тратаю грошай і калі выдумка будзе цікавая, вельмі цікавая, я вас... я вас пацалую».

На другі дзень я паехаў у Кёльн. Няшчасны выпадак кінуў у адчай цэлую сям'ю. Ампутацыя была тэрміновая. Мне далі пакой і амаль не выпускалі з яго; вакол хадзілі заплаканыя людзі, ад якіх мне рабілася млосна; я прааперыраваў небараку, і ён ледзь не аддаў Богу душу на маіх руках; дзве ночы я не пакідаў яго, а калі бліснула надзея на ратунак, загадаў, каб завезлі мяне на вакзал.

Але я памыліўся — да цягніка заставалася цэлая гадзіна. Я блукаў па вуліцах і думкамі быў яшчэ побач з хворым, калі напаткаў нейкага чалавека.

Я не ведаю нямецкай, ён не гаварыў па-французску; нарэшце я здагадаўся, што ён прапануе мне рэліквіі. Успамін пра Жыльберту працяў маё сэрца; я ведаў яе ўтрапёную веру. Падарунак знойдзены. Я збочыў за мужчынам у краму, дзе прадаваліся святыні, і купіў «кафалашак пасфанка адзінаццаці тысяч нявінніц».

Так званыя мошчы мясціліся ў чароўнай скрыначцы з старога срэбра, і гэта вызначыла мой выбар.

Я паклаў гасцінец у кішэню і сеў у вагон.

Дома я зноў захацеў зірнуць на свой набытак. Палез у кішэню... Скрыначка расчыненая, косткі няма! Дарма я корпаўся і выварочваў кішэні, маленькая, з паўшпількі, костачка прапала.

Ты ведаеш, дарагі абат, маю невялікую веру ў Бога; і веліч твайго сэрца, і наша сяброўства даюць табе права дараваць мне гэта і не пераконваць мяне. «Жыццё пакажа», — сказаў ты; але я ніколі не даваў веры святыням набожных гандляроў, і ты падзяляеш маю недаверлівасць. Вось чаму страта кавалачка барановага хрыбта не засмуціла мяне, і я без цяжкасцей знайшоў такую самую костачку і акуратна прыклеіў яе ў скрыначцы.

Пасля пайшоў да любай нявесты. Убачыўшы мяне, яна кінулася насустрач, насцярожаная і радасная: «Што вы мне прывезлі?»

Я зрабіў выгляд, што забыўся, яна не паверыла. Яна прасіла, нават маліла мяне, і, адчуўшы, што яна вось-вось заплача ад цікаўнасці, я падарыў ёй святы медальён. Ёй аж духі заняло ад радасці. «Рэліквія! Сапраўдная рэліквія!» — і яна моцна пацалавала скрыначку. Мне стала няёмка за сваё махлярства.

Але раптам яна занепакоілася, нават злякнулася і глыбока паглядзела мне ў вочы:

— Вы верыце, што яна не падробная?

— Веру.

— А чаму?

Я збянтэжыўся. Прызнанне, што гэты аскепак куплены ў вандроўнага гандляра, загубіла б мяне. Што гаварыць? Шалёная думка мільганула ў галаве; ціхім таямнічым голасам я пачаў:— Я ўкраў яе дзеля вас.

Дзяўчына акінула мяне зачараваным і замілаваным позіркам. «Як? Вы ўкралі? А дзе?» — «У катэдры. Я абакраў раку адзінаццаці тысяч нявінніц».

Сэрца ў яе задрыжала, яна ледзь не страціла прытомнасць ад радасці і шапнула:

— О! Вы зрабілі гэта... дзеля мяне. Раскажыце... раскажыце мне ўсё.

Што было рабіць, я сам сябе загнаў у пастку. Тады я прыдумаў неверагодную цікавую гісторыю. Я даў вартаўніку сто франкаў, каб аднаму аглядзець царкву, раку рамантавалі, але я трапіў якраз у пярэрву, таму рабочых і прычта не было, я прыпадняў века, якое пасля гэтак жа акуратна зачыніў, і выхапіў маленькую (о! маленькую-маленькую) костачку з гары мошчаў (тут я назваў нейкую лічбу, уявіўшы, колькі атрымаецца касцей ад шкілетаў адзінаццаці тысяч нявінніц). Пасля схадзіў да злотніка і купіў аправу, вартую такой рэліквіі.

Я не пасаромеўся сказаць, што медальен каштаваў мне пяцьсот франкаў.

Але на гэта яна і ўвагі не звярнула, яна трапятліва, у экстазе слухала мяне. Яна прашаптала: «Я вас кахаю» — і ўпала мне на рукі.

Заўваж: дзеля яе я пайшоў на блюзнерства. Я ўкраў, учыніў гвалт над царквою, парушыў раку, збэсціў і ўкраў святыя мошчы. За гэта яна кахала мяне, лічыла ласкавым, дасканалым, боскім. У гэтым — жанчына, дарагі абат, сутнасць жанчыны.

Два месяцы я быў сама мілы сярод усіх жаніхоў на свеце. Яна наладзіла ў сваім пакоі нешта накшталт раскошнай каплічкі і берагла ў ёй гэтую костачку, праз якую, верыла яна, я здзейсніў сваё дзіўнае любоўнае злачынства. Раніцай і перад сном яна кленчыла перад ёю.

Я папрасіў яе берагчы тайну, бо баяўся, гаварыў я, што мяне арыштуюць, пакараюць, аддадуць у Нямеччыну. Яна стрымала слова.

І от, на пачатку лета, ёй заманулася ўбачыць месца майго подзвігу. Яна так настойліва маліла свайго бацьку (тоячы патаемную мэту), што ён звазіў яе ў Кёльн і ні слова мне пра гэтую вандроўку не сказаў, бо так прасіла дачка.

Не трэба казаць, што царкву ўсярэдзіне я не бачыў. Я не ведаю, дзе пахаванне (ці ёсць яно ўвогуле?) адзінаццаці тысяч нявінніц. Падобна на тое, што да яго не падступіцца. Што ж!

Праз тыдзень я атрымаў цыдулку на дзесяць радкоў, якая вяртала маё слова, крыху пасля — тлумачальны ліст ад бацькі з запозненымі спачуваннямі.

Убачыўшы раку, яна адразу зразумела мой падман і штукарства, а таксама маю сапраўдную бязвіннасць. Калі яна спыталася ў вартаўніка, ці не ўчыніў тут хто якога крадзяжу, ён засмяяўся і ўтлумачыў, што гэта немагчыма.

І з таго часу, калі мая мілая, светлавалосая нявеста даведалася, што я не кратаў святыні і не корпаўся паганай рукой у пашаноўных рэштках, я стаў няварты яе кахання.

Мне забаранілі бываць у яе дома. Дарэмна я прасіў і маліў, нішто не кранула сэрца прыгожай багамольніцы.

Я захварэў ад тугі.

І вось на тым тыдні ваша сваячка пані д'Арвіль запрасіла мяне ў госці.

Вось што трэба зрабіць, каб мне даравалі. Я мушу прывезці сапраўдныя, аўтэнтычныя мошчы нявінніцы альбо якога-небудзь пакутніка, завераныя пячаткаю Папы.

Я вар'яцею ў адчаі і журбе.

Калі трэба, я паеду ў Рым. Але я не магу раптам заявіцца да Папы і расказаць сваю бязглуздую гісторыю. Дый мне нешта не верыцца, каб там розным прыватным асобам раздавалі сапраўдныя мошчы.

Ці не мог бы ты даць мне рэкамендацыю да якога-небудзь кардынала ці хоць бы да нейкага французскага біскупа, хто мае рэшткі святых? Можа, у тваіх зборах знойдзецца якая каштоўная і патрэбная мне рэч?

Ратуй мяне, дарагі абаце, я клянуся, што гадоў праз дзесяць паверу ў Бога.

Пані д'Арвіль лічыць, што справа сур'ёзная, і яна сказала мне: «Бядачка Жыльберта ніколі не пойдзе замуж».

Мілы сябра, няўжо ты дапусціш, каб твая пляменніца памерла ахвярай няўдалага круцельства? Малю цябе: зрабі, каб яна не стала адзінаццаць тысяч першай нявінніцай.

Даруй, хоць я не варты таго, але абдымаю і шчыра люблю.

Твой даўні сябар,

Анры Фанталь».


Пераклад: Сяргей Мурашка

Месячнае святло

Абат Марыньян цалкам адпавядаў свайму ваяўнічаму прозвішчу. Гэта быў высокі і худы святар, трохі фанатычны, гарачлівы, але заўсёды шчыры. Яго перакананні былі цвёрдыя, непахісныя. Яму здавалася, што ён дасканала ведае свайго бога, разумее яго наканаванні, жаданні, намеры.

Часамі, калі ён гуляў у прысадах каля сваёй маленькай плябаніі, у яго ўзнікала пытанне: «Навошта Бог стварыў усё гэта?» Ён пачынаў настойліва шукаць адказу, ставячы сябе ў думках на месца Бога, і амаль заўсёды знаходзіў. Ніколі б ён не прашаптаў у парыве пабожнай пакорнасці: «О, Божа, неспазнаныя шляхі твае!» Ён казаў сабе: «Я слуга Бога, я павінен ведаць, чым ён кіруецца ў сваіх дзеях, а калі я гэтага не ведаю, дык павінен здагадацца сам».

Яму здавалася, што ўсё ў прыродзе створана з дасканалай і вартай захаплення логікай. Усе «чаму» і «таму што» заўсёды ўраўнаважваліся. Світанні існавалі на тое, каб прыемна было прачынацца, дні — каб спела збажына, дажджы — каб паліваць яе, вечары — каб рыхтавацца да сну, а цёмныя ночы — каб спаць.

Чатыры пары года дасканала адпавядалі ўсім сельскагаспадарчым патрэбам, і святару ніколі не прыйшла б у галаву думка, што прырода не мае ніякіх намераў і што, наадварот, усё жывое навокал падладжваецца да суровых патрэб часу, кліматычных умоў, матэрыяльнага жыцця.

Але... ён ненавідзеў жанчын, ненавідзеў несвядома і інстынктыўна імі пагарджаў. Ён часта паўтараў словы Хрыста: «Што мне і табе, жанчына?» — і дадаваў:

«Здаецца, Бог сам быў незадаволены гэтым сваім стварэннем». Жанчына была яму «дванаццаць раз заганнае дзіця», як сказаў паэт. Яна была той спакусніцай, што звяла першага мужчыну. Гэтая слабая і невядома чаму вабная істота і дагэтуль вяла сваю агідную дзейнасць. І ён ненавідзеў жаночую душу, здольную кахаць, нават больш, чым жаночае цела, асуджанае на пагібель.

Часта ён адчуваў на сабе пяшчоту, што ішла ад іх, і хоць ён верыў у сваю непахіснасць, яго бязмерна злавала гэтая патрэба кахаць, якая заўсёды ў іх хавалася.

На яго думку, Бог стварыў жанчыну толькі на тое, каб спакушаць мужчыну і ўсяляк выпрабоўваць яго. Набліжацца да яе можна было толькі з незвычайнай асцярогай, каб не трапіць у пастку. Ды яна і папраўдзе была сама як пастка, з выцягнутымі для абдымкаў рукамі і гатовымі для пацалунка вуснамі.

Ён рабіў выключэнне толькі манашкам, бо іх зарок цнатлівасці рабіў іх няшкоднымі. Але ён усё адно ставіўся да іх сурова, бо заўсёды адчуваў, што недзе ў глыбіні іх скаванай душы, у іх пакорлівым сэрцы жыве гэтая адвечная пяшчота, якая прызначаецца таксама і яму, хоць ён і святар.

Гэтую пяшчоту ён адчуваў у іх позірках, прасякнутых большай, чым у манахаў, набожнасцю, у іх малельным экстазе, у якім было нешта жаноцкае, у парывах любові да Хрыста, што абуралі яго, бо гэта было жаночае каханне, каханне цела. Ён адчуваў гэтую праклятую пяшчоту нават у іх пакорлівасці, у мяккасці голасу, у апушчаных долу вачах і ў іх маўклівым плачы, калі ён надта сурова іх дакараў.

І таму, выходзячы з кляштара, ён абтрасаў сутану і шпарка ішоў, быццам уцякаючы ад небяспекі.

Абат меў пляменніцу, якая разам з маці жыла ў суседнім дамку. Ён настойліва дамагаўся, каб яна сталася міласэрнай сястрой.

Яна была прыгожанькая, легкадумная і смяшлівая. Калі абат павучаў яе, яна смяялася, а калі злаваўся на яе, яна кідалася яго цалаваць, прыціскаючы да грудзей, і ён мімаволі стараўся вырвацца з гэтых абдымкаў, адчуваючы, аднак, прыемную радасць абуджанага ў глыбіні душы бацькоўскага пачуцця, якое дрэмле ў кожным мужчыне.

Часам, ідучы поруч з ёю палявой дарогай, ён гаварыў пра Бога, пра свайго Бога. Яна не надта яго слухала і глядзела на неба, на зёлкі, на кветкі; у вачах яе адбівалася радасць жыцця. Часам яна кідалася за матыльком і, прынёсшы яго, шчабятала: «Глядзіце, дзядзечка, які ён прыгожы, нават хочацца яго пацалаваць!» І гэтая патрэба пацалаваць матылька ці кветачку бэзу непакоіла, раздражняла, абурала святара — ён і тут бачыў тую невыкараняльную пяшчоту, што заўсёды тоіцца ў жаночым сэрцы.

І вось аднойчы жонка закрыстыяна, якая вяла гаспадарку ў абата, паведаміла яму пад сакрэтам, што яго пляменніца мае каханка.

Гэтая навіна так яго ўзрушыла, што яму нават мову заняло. Ён так і застаўся стаяць з намыленым тварам, бо якраз у гэты час галіўся.

Калі да яго зноў вярнулася здольнасць разважаць і гаварыць, ён усклікнуў: «Няпраўда! Вы хлусіце, Меляні!»

Але сялянка паклала руку на сэрца і прамовіла: «Хай Пан Бог мяне пакарае, калі я хлушу, пане кюрэ. Ды я ж вам кажу, яна ходзіць туды штовечар, як толькі вашая сястра кладзецца спаць. А той ужо чакае яе каля рэчкі. Ідзіце самі паглядзіце».

Ён кінуў скрэбці бараду і пачаў хадзіць з кута ў кут, як апантаны, як ён заўсёды рабіў падчас цяжкага роздуму. Узяўшыся зноў за галенне, ён тры разы парэзаўся, пакуль дайшоў ад носа да вушэй.

Ён маўчаў увесь дзень і ледзь не лопнуў ад гневу і абурэння. Як святара яго злавала гэтая непераможная моц кахання. Ён абураўся яшчэ і ад таго, што яго, духоўнага айца, апекуна, падманула, ашукала, увяло ў зман нейкае дзіця! Такое самае пачуццё абражанага самалюбства бывае ў бацькоў, калі дачка кажа ім, што выбрала сабе мужа без іх дазволу і супраць іх волі.

Павячэраўшы, ён паспрабаваў трошкі пачытаць, але нічога не атрымалася. Яго абурэнне нарастала. Калі прабіла дзесяць гадзін, ён узяў свой кій — вялізную дубіну, якую насіў з сабой падчас начных візітаў, калі ішоў праведаць хворага. Ён задаволена паглядзеў на сваю зброю і пагрозліва пакруціў ёй у паветры — важкая дубіна была нібы лёгкая шабля ў яго моцнай сялянскай руцэ. Пасля ён раптоўна падняў яе і, скрыгнуўшы зубамі, ляснуў, што было моцы, па крэсле — рэшткі спінкі ўпалі на падлогу.

Ён адчыніў дзверы і ўжо сабраўся выйсці, але спыніўся на парозе, уражаны ззяннем месяца, — рэдка надараецца ўбачыць яго такога прыгожага.

Абат меў палкую душу — такую самую мелі напэўна айцы царквы, гэтыя сапраўдныя паэты-летуценнікі, — і таму ён раптам разгубіўся, усхваляваны велічнай і супакойнай прыгажосцю светлай ночы.

У невялічкім садку, залітым пяшчотным святлом, стаялі радамі дрэвы, на сцежцы адбіваўся цень далікатных галінак, ледзь адзетых у зялёныя лісточкі. Ад вялізнага куста бружмелю, што прычапіўся да муру, ліліся чароўныя салодкія пахі, якія расцякаліся духмянымі хвалямі ў цёплым паветры светлага вечара.

Ён пачаў дыхаць на поўныя грудзі, ён піў паветра, нібы віно. Ён ішоў павольна, амаль забыўшыся ад замілаванасці і захаплення пра сваю пляменніцу.

Выйшаўшы ў вёску, ён спыніўся, каб акінуць вокам усю даліну, што была залітая ласкавым святлом і патанала ў мяккіх і пяшчотных чарах светлае ночы.

Штохвіліны даносіліся кароткія, нібы металічныя, гукі — гэта крычалі жабы ў ставе. Аднекуль здалёк даляталі спевы салаўя і складаліся ў дзіўную музыку, якая адганяла цяжкія думкі і навявала лёгкія летуценні. Гэтая мяккая і пранікнёная музыка была створана нібыта для таго, каб пад яе гукі адорваць пацалункамі і аддавацца спакусам месячнага святла.

Абат рушыў далей, апанаваны нейкай млявасцю. Ён адчуваў сябе нібы саслабелым, неяк раптоўна знясіленым. Яму хацелася сесці і пасядзець, захапляючыся Богам і яго стварэннем.

Унізе, паўтараючы выгіны рачулкі, віўся доўгі рад таполяў. Лёгкая смуга, што ў промнях месячнага святла зіхацела срэбным бляскам, вісела па-над берагам і, нібы нейкая бязважкая і празрыстая вата, засцілала пакручастую змейку вады.

Святар зноў спыніўся, прасякнуты да глыбіні душы растучым нястрымным замілаваннем.

І ім пачаў авалодваць сумлеў, у грудзях паднялася нейкая няясная трывога. Зноў пачалі самі па сабе ўзнікаць заўсёдныя пытанні.

Нашто Бог стварыў усё гэта? Калі ўжо ноч прызначана, каб спаць, ні пра што не думаць, адпачываць, забыцца пра ўсё, дык чаму ж тады яна прыгажэйшая за дзень, пяшчотнейшая за світанні і вечары? Чаму месяц, які так павольна і спакушальна праплывае па небе, больш паэтычны, чым сонца, і такі таямнічы, што, здаецца, створаны на тое, каб асвятляць рэчы занадта далікатныя і патаемныя для сонечнага святла? Нашто ён развейвае начную цемру?

Чаму самы знакаміты сярод птушак спявак не адпачывае, як усе іншыя, а выводзіць у чароўных прыцемках свае спевы?

Чаму ўвесь навакольны свет ахутаны нейкім далікатным вэлюмам? Нашто гэтае трапятанне сэрца, хваляванне душы, млявая асалода цела?

Нашто разліваюцца гэтыя спакушальныя чары, калі людзі ўсё роўна іх не бачаць — бо спяць у ложках? Дзеля каго ж гэтае непаўторнае сваёй прыгажосцю відовішча, гэтая паэзія, якую неба так шчодра пасылае на зямлю?

І абат не знаходзіў адказу.

А ў гэты момант унізе, на краі лугу, пад шатамі дрэваў, ахутаных зіхатлівай смугой, паказаліся дзве постаці.

Адна з іх, вышэйшая, — гэта быў мужчына. Ён абдымаў сваю сяброўку за плечы і час ад часу цалаваў яе ў лоб. Яны нечакана ажывілі нерухомы навакольны пейзаж, што быў дасканалым фонам той боскай карціны. Здавалася, што гэтыя двое складаюць адну істоту, дзеля якой якраз і была створаная гэтая ціхая светлая ноч... Яны ішлі насустрач святару, нібы жывы адказ, які Пан Бог слаў на яго запытанні.

Абат так і стаяў усхваляваны і ўражаны, сэрца яго моцна білася. Яму здавалася, што перад ім нешта біблейскае, накшталт кахання Руфі і Боаза, здзяйсненне волі айца нябеснага ў самым высакародным увасабленні — як у Святым пісанні. У галаве яго пачалі гучаць радкі з «Песні песняў», палкія воклічы, заклікі цела, уся палымяная паэзія гэтага трапяткога і пяшчотнага твора.

І ён сказаў сам сабе: «Можа, Бог стварыў гэтыя ночы, каб прыхаваць пад таямнічым покрывам ідэал людскога кахання?»

Ён адступаў перад гэтымі двума, што ішлі абняўшыся. Дзяўчына была яго пляменніцай. Але ён баяўся пайсці супраць Бога. А можа, Бог і дазваляе каханне, калі ён атуляе яго такою прыгажосцю?

І ён уцёк збянтэжаны, амаль саромеючыся, быццам пераступіў парог святыні, у якую не меў права ўвайсці.


Пераклад: Сяргей Шупа 

Страх

Ж.-К. Гюйсмансу

Пасля вячэры мы зноў падняліся на палубу. Перад намі распасцерлася нерухомая роўнядзь Міжземнага мора, у якой расплывіста адбівалася ціхая поўня. Наш вялізны карабель плыў, выпускаючы ў неба, усеянае зоркамі, велічэзную змяю чорнага дыму; а за намі вада, ускалыхнутая хуткім рухам цяжкага судна, узбітая вінтом, пенілася, закручвалася і так ярка свяцілася, што здавалася, нібы зіхацеў растоплены месяц.

Мы, чалавек шэсць ці восем, стаялі моўчкі і з захапленнем глядзелі ў бок далёкай Афрыкі, куды мы плылі. І раптам капітан, што стаяў пасярэдзіне і курыў цыгару, вярнуўся да размовы, распачатай падчас вячэры.

— Праўда, у той дзень я адчуваў страх. Шэсць гадзін мора шкуматала мой карабель, які быў сеў на плытнечы. На шчасце, пад вечар нас заўважыў ангельскі вуглявоз і ўзяў на борт.

І тады ўпершыню загаварыў высокі чалавек з загарэлым тварам. Ён быў з тых, па кім адразу відаць, што ён шмат падарожнічаў па далёкіх невядомых краінах, сярод бясконцых небяспек, і чый спакойны і глыбокі позірк, здаецца, тоіць у сабе нешта з тых дзівосных краявідаў, недзе і некалі пабачаных. І вось гэты загартаваны, мужны чалавек сказаў:

— Вы кажаце, капітан, што адчувалі страх. Я ў гэта не веру. Вы проста памыліліся і назвалі не тым словам пачуццё, якое вы перажылі. Рашучы чалавек ніколі не адчувае страху перад сур'ёзнай небяспекай. Ён хвалюецца, непакоіцца, трывожыцца. А страх — гэта зусім іншае.

Капітан усміхнуўся і сказаў:

— Да д'ябла! Я вам кажу, што я баяўся.

І тады загарэлы чалавек пачаў павольна апавядаць:

— Дазвольце я растлумачу! Страх (і нават самыя адважныя людзі могуць яго адчуваць) — гэта нешта жахлівае, гэта нейкі распад душы, жахлівая сутарга думкі і цела. Адзін толькі ўспамін пра гэтае пачуццё прымушае ўздрыгнуць. Але страху няма ні тады, калі чалавек адчувае сябе бадзёра, ні перад атакай, ні перад непазбежнай смерцю, ні перад усімі спазнанымі формамі небяспекі. Страх з'яўляецца падчас пэўных нязвыклых абставін, пад нейкімі таямнічымі ўплывамі, перад нейкай няяснай небяспекай. Сапраўдны страх — гэта нешта накшталт успаміну пра дагістарычныя фантастычныя жахі. Чалавек, які верыць у прывіды, павінен адчуваць страх ва ўсёй яго жудасці, калі ўбачыць уначы здань.

Я зазнаў страх сярод белага дня прыблізна дзесяць гадоў таму. І я зноў адчуў яго летась узімку, снежаньскай ноччу.

Я перажыў шмат прыгод, шмат здарэнняў, якія здаваліся смяротна небяспечнымі. Часта я біўся ў бойках. Аднойчы мяне кінулі паміраць зладзеі. Аднойчы ў Амерыцы я быў асуджаны на шыбеніцу за ўдзел у паўстанні. Аднойчы мяне скінулі ў мора з карабля каля берагоў Кітая. Кожнага разу я думаў, што мне прыйшоў канец, і адразу ж скараўся перад абставінамі, не расчульваючыся і нават не шкадуючы.

Але страх — гэта зусім іншае.

Упершыню я зведаў яго ў Афрыцы. І ўсё ж страх — спараджэнне Поўначы. Сонца разганяе яго, як туман. Адзначце сабе гэта, панове. Ва ўсходніх народаў жыццё не каштуе ні шэлега, паўсюль пануе пакорлівасць, ночы там светлыя і без таямнічых легендаў, душы таксама пустыя — у іх няма той змрочнай трывогі, якая гняце насельнікаў паўночных краін. На Ўсходзе можна адчуць паніку, страх там невядомы.

Дык вось што са мной адбылося на афрыканскай зямлі:

Я ішоў праз вялікія дзюны на поўдзень ад Уарглы. Гэта адна з найдзіўнейшых мясцін на свеце. Вы добра сабе ўяўляеце роўныя і аднастайныя пясчаныя краявіды бясконцага акіянскага берага. А цяпер уявіце сабе, што сам акіян у шторм раптам ператварыўся ў пясок; уявіце сабе нямую буру нерухомых хваляў жоўтага пылу. Яны здаюцца гарамі, гэтыя розныя вышынёй і формай пясчаныя гурбы, што ўздыбіліся, нібы раз'юшаныя хвалі. А на гэтае разлютаванае, нямое, нерухомае мора няшчаднае паўднёвае сонца ліе бязлітасныя промні. І трэба лезці на гэтыя валы з залатога попелу, апускацца, зноў узбірацца, бясконца, бесперапынна, а навокал — а ні лапінкі ценю. Коні хрыпяць, правальваюцца па калена і спаўзаюць з пяском па схілах дзівосных узгоркаў.

Мы былі з сябрам, разам з намі ішло васьмёра спагі — арабскіх лёгкіх салдатаў — і чатыры вярблюды з паганятымі. Мы ішлі моўчкі, змардаваныя спёкай і стомай, ссушаныя смагай, як і ўсё ў гэтай раслаленай пустэльні. Раптам нехта адзін ускрыкнуў. Усе спыніліся. Мы стаялі нерухома, здзіўленыя незвычайнай з'явай, вядомай тым, хто вандруе па гэтых забытых Богам краях.

Аднекуль зблізку чуўся бой барабана, таямнічага барабана пустыні. Ён быў выразны, то гучнейшы, то слабейшы, ён то спыняўся, то зноў рассыпаўся нейкім фантастычным дробатам.

Напалоханыя арабы глядзелі адзін на аднаго. Адзін сказаў сваёй мовай: «Смерць прыйшла да нас». І тут раптам мой таварыш, мой верны сябар, амаль брат, упаў з каня галавой уніз, забіты сонечным ударам.

І цэлыя дзве гадзіны, пакуль я марна спрабаваў яго выратаваць, гэты няўлоўны барабан няспынна дражніў мой слых манатоннымі, перарывістымі, загадкавымі гукамі. І я адчуваў, як па маіх жылах расцякаецца страх, сапраўдны, агідны страх. Перада мною пад пякучым сонцам паміж чатырма гарамі пяску ляжаў мой мёртвы сябар, а тым часам незразумелае рэха даносіла сюды, за дзвесце льё ад Францыі, паспешлівы пошчак барабана.

У той дзень я адчуў, што такое страх. Але яшчэ лепш я зведаў, што гэта значыць, другім разам...

Капітан перапыніў апавядальніка:

— Прабачце, пане, але што з барабанам? Што гэта было?

Падарожнік адказаў:

— Я не ведаю. Ніхто не ведае. Афіцэры, якіх часта здзіўляюць гэтыя нязвыклыя гукі, мяркуюць, што гэта памоцненае рэха, якое адбіваецца ад шматлікіх узгоркаў дзюнаў; рэха ад удараў пясчынак, якія гоніць вецер, аб пучкі сухой травы. Бо заўважана, што гэтая з'ява заўсёды адбываецца там, дзе ёсць маленькія раслінкі, спаленыя сонцам і цвёрдыя, як пергамент.

Такім чынам, барабан гэты быў толькі нечым накшталт гукавога міражу. Вось і ўсё. Але я даведаўся пра гэта пазней.

А цяпер пра другі выпадак.

Гэта было летась узімку ў адным лесе на паўночным усходзе Францыі. Неба было такое цёмнае, што ноч настала на дзве гадзіны раней звычайнага. Мой праваднік, селянін, ішоў побач са мной вузенькай сцежачкай пад шатамі густых ялін, над намі скавытаў раз'юшаны вецер. Уверсе, між верхавінамі дрэваў, па небе бязладна, нібы спалоханыя, беглі аблокі; здавалася, што яны ўцякаюць ад нейкай бяды. Часамі пад магутным шквалам усе дрэвы хіліліся ў адзін бок з пакутлівым стогнам. І нягледзячы на маю хуткую хаду і цёплае адзенне мяне прабіраў холад.

Мы збіраліся павячэраць і заначаваць у лесніка, хата якога была ўжо непадалёку. Я прыехаў туды на паляванне.

Мой праваднік час ад часу паднімаў вочы і мармытаў: «Невясёлая пагодка!» Ён расказаў мне пра людзей, да якіх мы ішлі. Двума гадамі раней ляснік забіў браканьера, і з таго часу ён хадзіў нейкі змрочны, быццам успаміны не давалі яму спакою. Яго сыны, абодва жанатыя, жылі разам з ім.

Навокал была апраметная цемра. Я не бачыў нічога ні перад сабой, ні навокал. Галіны дрэваў біліся адна аб адну, напаўняючы лес няспынным шумам. Нарэшце я заўважыў агеньчык, і хутка мой спадарожнік ужо грукаў у дзверы. У адказ мы пачулі жаночыя крыкі. Пасля здушаны мужчынскі голас запытаўся: «Хто там?» Мой праваднік назваў сябе. Мы ўвайшлі і ўбачылі незабыўнае відовішча.

Сівы стары з вар'яцкім позіркам стаяў пасярод кухні, трымаючы ў руцэ набітую стрэльбу, а два дужыя хлопцы, узброеныя сякерамі, сцераглі дзверы. У цёмных кутах я распазнаў дзвюх жанчын, што стаялі на каленях тварам да сцяны.

Мы растлумачылі, дзеля чаго прыйшлі. Стары адвёў стрэльбу ўбок і загадаў падрыхтаваць пакой. Але жанчыны не скрануліся з месца, і тады ён раптам сказаў:

— Ведаеце што, пане, я забіў чалавека, і гэтай ноччу спаўняецца якраз два гады. Год таму ён па мяне прыходзіў. Сёння я зноў яго чакаю.

Пасля ён дадаў такім тонам, што я ўсміхнуўся:

— І таму сёння ў нас неспакойна.

Я супакоіў яго як мог, шчаслівы ад таго, што прыйшоў менавіта гэтым вечарам і магу падзівіцца з гэтага спектакля забабоннага страху. Я пачаў расказваць розныя гісторыі і ўрэшце здолеў супакоіць амаль усіх.

Каля каміна спаў, схаваўшы нос, стары вусаты сабака, ужо амаль сляпы, адзін з тых сабак, якія нагадваюць знаёмых людзей.

А за сцяною лютавала бура, і праз маленечкае акенца побач з дзвярыма я бачыў, як маланка раз-пораз асвятляла цэлыя завалы буралому. Я добра адчуваў, што, нягледзячы на мае намаганні, гэтыя людзі былі ахопленыя невыказным жахам, і кожнага разу, як я спыняў размову, усе пільна прыслухоўваліся. Мяне стаміла гэтая бязглуздая напалоханасць, і я збіраўся быў папрасіць, каб мяне паклалі спаць, як раптам стары ляснік ускочыў з крэсла, зноў схапіў сваю стрэльбу і замармытаў запінаючыся: «Гэта ён! Гэта ён! Я яго чую!» Абедзве жанчыны ў кутах зноў пападалі на калені, схавалі твары. Сыны схапілі сякеры. Я хацеў яшчэ паспрабаваць іх супакоіць, але сабака, які дагэтуль спаў, раптам прачнуўся, выцягнуў шыю і, наставіўшы на агонь свае амаль згаслыя вочы, завыў тым жудасным выццём, якое прымушае здрыгануцца вандроўніка, што ўвечары мінае вёску. Усе павярнуліся да сабакі — той стаяў нерухома, нібы спалоханы нейкім прывідам. Сабака зноў завыў, звяртаючыся да некага нябачнага, невядомага, але без сумнення страшнага, бо поўсць на ім натапырылася. Ляснік, збялеўшы, як смерць, закрычаў: «Ён яго чуе! Ён яго чуе! Ён быў там, калі я яго забіў!» І абедзве жанчыны, нібы звар'яцеўшы, завылі разам з сабакам.

Мімаволі я адчуў, як у мяне мурашкі пабегалі па спіне. Было жахліва глядзець на гэтую жывёліну ў гэтым месцы, у гэты час, сярод самлелых ад страху людзей.

Гэтак ён і выў, не кранаючыся з месца, цэлую гадзіну. Ён скуголіў, нібы ў жахлівым сне, і жывёльны страх авалодаў мною. Страх чаго? Ці ж я ведаю? Гэта быў страх, вось і ўсё.

Мы стаялі нерухома, бледныя, чакаючы нечага жахлівага. Сэрцы нашыя моцна біліся. Мы пільна ўслухоўваліся ў цішыню і палохаліся нават самых нязначных гукаў. А сабака пачаў кружыць па пакоі, нюхаючы сцены і ўвесь час стогнучы. Гледзячы на яго, мы ледзь не вар'яцелі. Тады селянін, што мяне прывёў, кінуўся на яго ў нейкім прыступе дзікага страху і, расчыніўшы дзверы, што вялі на падворак, выкінуў жывёліну вонкі.

Той адразу ж сціх, і нас агарнула цішыня, яшчэ жахлівейшая. І раптам мы ўсе разам аж здрыгануліся — нехта прайшоў, прыціскаючыся да сцяны з боку лесу, падышоў да дзвярэй і пачаў іх абмацваць няпэўнай рукой. Пасля дзве хвіліны не было чуваць нічога, і за гэты час мы канчаткова страцілі розум. Пасля невядомы вярнуўся, зноў пацёрся аб сцяну і ціха падрапаўся ў дзверы — гэтак драпаецца пальчыкам нясмелае дзіця. Раптам у акенцы з'явілася галава — яна была белая, вочы свяціліся, як у драпежнага звера. Пачуўся нейкі невыразны гук, нейкае жаласнае мармытанне.

З кухні грымнуў аглушальны выбух. То стрэліў стары ляснік. Тады сыны падбеглі, закрылі акенца вялікім сталом і прыставілі да яго шафу.

Я вам клянуся, што, калі я пачуў стрэл, якога зусім не чакаў, страх так сціснуў маё сэрца, што я ледзь не самлеў, ледзь не памёр ад страху.

Да самага досвітку мы не маглі ні паварушыцца, ні прамовіць слова, скаваныя невыказным жахам. І толькі калі праз шчыліну пад страхой прабіўсяпершы тонкі прамень святла, мы асмеліліся адчыніць дзверы.

Пад сцяной каля дзвярэй ляжаў сабака. Мыза была перабітая куляй.

Ён выбраўся з падворка, прагробшы яму пад плотам.


Чалавек з загарэлым тварам замоўк. Пасля дадаў:

— Той ночы мне не пагражала ніякая небяспека. І ўсё ж я лепш перажыў бы ўсе тыя гадзіны, калі я сутыкаўся са смяротнай небяспекай, чым адну тую хвіліну, калі стары стрэліў у барадатую галаву ў акенцы.


Пераклад: Сяргей Шупа 

Завяшчанне

Полю Эрвіё

Я ведаў гэтага высокага юнака, якога звалі Рэнэ дэ Бурнэваль. Ён быў лагодны і таварыскі, хоць і трохі сумны, і, здавалася, нішто на свеце не хвалявала яго. Скептык па натуры, ён пачынаў бязлітасна і з'едліва кпіць, калі нарываўся на свецкую крывадушнасць, і адным словам нішчыў кожную яе праяву. Ён часта паўтараў: «Сумленных людзей няма, прынамсі, яны ёсць толькі ў параўнанні з нягоднікамі».

У яго былі два браты — пп. дэ Курсіль, але ён з імі ніколі не бачыўся. Розніца ў прозвішчах наводзіла мяне на думку, што Рэнэ нарадзіўся ад другога шлюбу. Я няраз чуў, што ў іх у сям'і адбылося нейкае дзіўнае здарэнне, але акалічнасці заставаліся невядомыя.

Гэты чалавек мне вельмі падабаўся, і неўзабаве мы пасябравалі. Неяк за вячэрай у яго, калі мы былі адны, я незнарок спытаўся: «Вы нарадзіліся ад першага ці ад другога шлюбу вашай шаноўнай маці?» Ён трохі збялеў, пасля пачырванеў і некалькі хвілін маўчаў, відаць, збянтэжаны. Пасля ўсміхнуўся сваёй невясёлай лагоднай усмешкай і сказаў: «Дарагі сябра, калі вам гэта цікава, я раскажу не зусім звычайную гісторыю свайго паходжання. Я ведаю, што вы разумны чалавек, і таму не баюся, што гэта пашкодзіць нашым добрым адносінам, а не — мы з вамі развітаемся».


Мая маці пані дэ Курсіль была ціхая сціплая жанчына, з якой ажаніліся з разлікам. І ўсё жыццё яна, такая пяшчотная, далікатная і сарамлівая, пакутавала ад хамскіх здзекаў мужа — выхадня з шарачковых панкоў, — які мог бы стаць маім бацькам. Праз месяц пасля вяселля ён пачаў жыць з пакаёўкай. Апрача таго, ён не абмінаў жонак і дачок сваіх фермераў, зрэшты, гэта не перашкодзіла яму мець дваіх дзяцей ад жонкі. Маці маўчала, яна жыла, як мышка ў склепе, у нашым заўсёды шумным доме. Зняважаная, знядоленая, запалоханая мужам, яна трывожна пазірала на гасцей яснымі трапяткімі вачыма да смерці зацкаванай істоты. Аднак яна была прыгожая, вельмі прыгожая жанчына, але папялістыя валасы яе рана пасівелі ад вечнага страху.

Сярод шматлікіх прыяцеляў пана дэ Курсіля, якія часта гасцявалі ў замку, да нас прыходзіў былы кавалерыйскі афіцэр, удавец, пан дэ Бурнэваль, чыё прозвішча я нашу. Гэта быў высокі хударлявы мужчына з доўгімі чорнымі вусамі, смелы, добры і рашучы, здатны на самы адчайны ўчынак. Я вельмі на яго падобны. Розумам і выхаваннем ён стаяў вышэй за сваё асяроддзе. Яго прабабка сябравала з Ж.-Ж. Русо, і здавалася, што яму нешта перадалося ад вальнадумства продкаў. Ён ведаў на памяць «Грамадскі дагавор», «Новую Элаізу» і іншыя філасофскія творы, што падрыхтавалі глебу да непазбежнага перавароту ў нашых састарэлых звычаях, забабонах, у нашых спарахнелых законах і ідыёцкай маралі.

Здаецца, яны закахаліся, але так хавалі свае пачуцці, што ніхто ні пра што не здагадваўся. Напэўна, няшчасная, гаротная, заўсёды сумная жанчына самааддана пакахала яго і з гэтага часу пачала думаць яго думкамі, засвоіла тэорыю незалежнасці пачуцця і пагадзілася са смелымі разважаннямі пра свабоду кахання. Але запалоханая маці ніколі не падымала голасу, і ўсё гэта хавалася ў самых патаемных куточках яе душы, якую яна нікому не адкрыла.

Абодва браты ўслед за бацькам не шанавалі і крыўдзілі маці, ледзь віталіся з ёю і ставіліся нібы да прыслугі.

Толькі я шчыра любіў яе, і яна мяне таксама. Мне было васемнаццаць, калі яна памерла. Каб вы зразумелі далейшыя падзеі, мушу дадаць, што пан дэ Курсіль знаходзіўся пад юрыдычнай апекай, а пастанова пра падзел маёмасці паміж мужам і жонкай была вынесена на карысць маці, і, дзякуючы адмысловым правілам закона і сумленнасці натарыуса, яна магла завяшчаць усё па сваёй волі.

Нам паведамілі, што завяшчанне захоўваецца ў натарыуса, і запрасілі на яго абвяшчэнне.

Я добра памятаю той дзень. У мяне і цяпер перад вачыма гэтая ўзнёслая, драматычная і нечаканая сцэна, калі з магілы быццам паўстала мёртвая і гнеўна патрабавала свабоды жанчыне, якую ўсё жыццё катавалі нашы звычаі і якая са сваёй наглуха забітай труны кінула безнадзейны заклік да незалежнасці.

Тоўсты, паўнакроўны, падобны на мясніка чалавек — той, хто лічыўся маім бацькам, — і абодва дужыя браты — дваццаці і дваццаці двух гадоў — спакойна чакалі ў крэслах. Раптам увайшоў і сеў побач са мной таксама запрошаны пан дэ Бурнэваль, зацягнуты ў вузкі сурдут. Твар яго спалатнеў, і ён штохвіліны пакусваў трохі ссівелыя вусы. Ён напэўна ведаў, што тут мелася адбыцца.


Раптам мой сябар змоўк, падышоў да шафы, узяў адтуль нейкую жоўтую паперу, разгарнуў яе, пачціва пацалаваў і сказаў: «Вось завяшчанне маёй дарагой матулі».

«Я, што ніжэй падпісалася, Анна-Катрына-Жэнэўева-Мацільда дэ Круалюс, законная жонка Жана-Леапольда-Жазэфа-Гантрана дэ Курсіля, пры сваім розуме і ў цвёрдай памяці выказваю тут сваю апошнюю волю.

Перш за ўсё прашу прабачэння ў Бога, а пасля ў свайго сына Рэнэ за мой учынак. Я ведаю, што ў майго сына добрае сэрца і ён зразумее і даруе мне. Я пакутавала ўсё жыццё. Муж узяў мяне з разлікам і ўвесь час пагарджаў мной, зневажаў, здзекаваўся і здраджваў мне.

Дарую яму, але я нічога яму не вінная.

Старшыя сыны зусім не любілі мяне, былі няўдзячныя і наўрад ці лічылі за родную маці.

У жыцці я была ім, чым мусіла быць; пасля смерці я нічога ім не вінная. Крэўныя сувязі не могуць існаваць без штодзённай, пастаяннай, святой любові. Няўдзячны сын горшы за чужынца: ён здраднік, бо не мае права быць абыякавым да сваёй маці.

Я заўсёды баялася мужчын, іх спракаветных парадкаў і нялюдскіх звычаяў, іх брыдкіх забабонаў. Перад Богам мне больш няма чаго баяцца. З труны я выракаюся сваёй ганебнай баязлівасці; я не баюся сказаць, што думаю, магу адкрыць сэрца і скінуць цяжар з душы.

Такім чынам, усю прыналежную мне паводле закона маёмасць я пакідаю свайму дарагому каханку П'еру-Жэрмеру Сімону дэ Бурнэвалю з умовай перадачы яе нашаму любімаму сыну Рэнэ.

(Апроч гэтага, мая воля падрабязна выкладзена ў натарыяльным акце.)

І, перад найвышэйшым суддзёй, які цяпер слухае мяне, я сцвярджаю, што пракляла б неба і само жыццё, калі б не напаткала глыбокага, адданага, шчырага кахання і непахіснай падтрымкі майго мілага, калі б у яго абдымках не зразумела, што Творца пусціў людзей на свет, каб яны любілі, суцяшалі адзін аднаго і разам плакалі ў час нядолі.

Бацькам двух маіх старшых сыноў з'яўляецца пан дэ Курсіль, Рэне абавязаны жыццём пану дэ Бурнэвалю. Я малю Валадара над людзьмі і іх лёсам абараніць бацьку з сынам ад чалавечага непаразумення, завяшчаю ім узаемную любоў і пашану да маёй памяці. Гэта мая апошняя думка і апошняе жаданне.

Мацільда дэ Круалюс».

Пан дэ Курсіль падскочыў і крыкнуў: «Гэта завяшчанне вар'яткі!» Тады падняўся пан дэ Бурнэваль і гучна, выразна сказаў: «Я, Сімон дэ Бурнэваль, сведчу, што кожнае слова ў гэтым дакуменце — праўда. Гатовы давесці гэта любому і нават магу паказаць лісты».

Пан дэ Курсіль кінуўся на яго. Я падумаў, што яны задушацца. Высокія, адзін худы, другі тоўсты, яны стаялі твар у твар і трэсліся ад лютасці. Муж маёй маці пралапатаў: «Вы — нягоднік!» Другі, як і раней, смела і выразна сказаў: «Мы сустрэнемся ў іншым месцы, пане. Вы б даўно атрымалі поўху і стаялі на дуэлі, калі б я не баяўся за здароўе гаротнай жанчыны, якая ўсё жыццё цярпела вашы здзекі».

Ён павярнуўся да мяне: «Вы мой сын. Пойдзеце са мной? Я не маю права прымусіць вас, але, калі хочаце, хадземце разам».

Я моўчкі паціснуў яму руку, і мы пайшлі. Я ледзь не вар'яцеў.

Праз два дні пан дэ Бурнэваль забіў на дуэлі пана дэ Курсіля. Мае браты, баючыся, каб не выбухнуў скандал, трымалі язык за зубамі. Я аддаў ім палову матчыных грошай, і яны ўзялі іх.

Я абраў прозвішча свайго сапраўднага бацькі і выракся ад законнага, але не майго імя.

Пан дэ Бурнэваль памёр праз пяць гадоў. Я і цяпер плачу па ім.

Ён устаў, прайшоўся і стаў супроць мяне: «Вось так! Я сцвярджаю, што матчына завяшчанне — самы прыгожы, высакародны і вялікі ўчынак, на які здольная жанчына. Вы згодныя?»

Я падаў яму абедзве рукі: «Цалкам, сябра».


Пераклад: Сяргей Мурашка 

Воўк

Гісторыю гэту пачуў я ад старога маркіза д'Арвіля, калі на дзень св. Гюбэра — заступніка ўсіх паляўнічых — мы сабраліся на вячэру ў барона дэ Равэля.

Цэлы дзень мы палявалі аленя, і толькі маркіз застаўся ў замку, бо ніколі не паляваў.

Вячэра зацягнулася, і ўсе гаварылі пра спосабы знішчэння жывёл. Нават жанчыны захапіліся крывавымі і часта няскладнымі апавяданнямі мужчын, а тыя гучна гаманілі, размахвалі рукамі, каб паказаць, як паляўнічы ловіць і б'е звера.

Пан д'Арвіль быў добры апавядальнік, хіба што гаварыў трошкі напышліва, але ж і вельмі цікава. Адчувалася, што ён няраз расказваў гэту гісторыю, бо гаварыў хутка, трапна і дасціпна.

— Панове, ні я, ні мой бацька, ні дзед, ні прадзед ніколі не палявалі, хоць прадзед і быў сынам чалавека, які паляваў больш за вас усіх. Ён памёр у 1764 годзе, і я раскажу, як гэта здарылася.

Яго звалі Жан, у яго былі жонка і сын, які мне стаў прапрадзедам, і разам з малодшым братам Франсуа д'Арвілем яны жылі ў нашым лясным замку ў Латарынгіі.

Праз паляванне Франсуа д'Арвіль так і не ажаніўся.

Круглы год браты няспынна, нястомна, без адпачынку палявалі. Яны любілі і разумелі толькі паляванне, гаварылі і жылі толькі полем.

Дзікая, неўтаймаваная прага забрала іх душы, спапяляла іх, не пакінуўшы месца іншым пачуццям.

Яны забаранілі трывожыць іх на паляванні, што б там ні рабілася на свеце. Прапрадзед мой нарадзіўся, калі яго бацька гнаўся за лісам, але Жан д'Арвіль не спыніў каня, а толькі крыкнуў: «А каб цябе! Гэты нягоднік мог бы дачакацца канца ловаў!»

Брат Франсуа быў яшчэ больш апантаны. Устаўшы з ложка, ён ішоў аглядаць сабак і коней, страляў птушак над замкам перад выправай на якога буйнога звера.

У наваколлі іх звалі пан Маркіз і Паніч, і гэта было натуральна, бо тагачаснае, спадчыннае дваранства адрознівалася ад сённяшняй выпадковай знаці, якая ў тытулах імкнецца замацаваць сыходную іерархію. Тады разумелі, што ад нараджэння сын маркізаў з'яўляецца такім самым графам, а дзіця віконта баронам, як генералава немаўля — палкоўнікам. А ў наш час пустыя славалюбцы ганарацца гэткай прыдумкай.

Вернемся, аднак, да продкаў.

Казалі, што былі яны вельмі высокія, кашчавыя, калматыя, утрапёныя і мужныя. А малодшы брат, на галаву вышэйшы за старэйшага, паводле легенды, якой ён хваліўся, меў такі моцны голас, што ў лесе трымцеў кожны лісток, калі ён крычаў.

Вось, мусіць, цікава было паглядзець, калі абодва волаты ў шпорах, абжаргаўшы коней, ехалі паляваць.

І вось, у зіму 1764 года, затрашчалі сіберныя маразы, і ваўкі залютавалі.

Яны нават нападалі на запозненых сялян, бегалі па вуліцах, вылі ад золку да золку і спусташалі хлявы.

А неўзабаве пайшлі чуткі. Людзі расказвалі пра вялізнага ваўка светла-шэрай, амаль белай масці, які з'еў двое дзяцей, адгрыз руку ў жанчыны, перарэзаў усіх вартавых сабак у наваколлі, без страху пераскокваў цераз платы і гойсаў па дварах. Усе бажыліся, што ад яго дыхання трапяталі агеньчыкі ліхтароў. І жах пасяліўся ў вёсках. Ніхто больш не адважваўся ў прыцемках ступіць за парог сваёй хаты, бо, здавалася, з цемры штомомант мог выслізнуць грозны цень.

Браты д'Арвіль вырашылі знайсці і забіць ваўка. Яны склікалі ўсю мясцовую знаць на вялікае паляванне.

Ды ўсё было марна. Дарма аб'язджалі яны лясы, прадзіраліся праз зараснікі — воўк знік. Часам яны забівалі шэрага, але не таго. А на другую ноч, быццам з помсты, воўк кідаўся на падарожнага ці рэзаў карову і заўсёды далёка ад мясціны, дзе яго шукалі.

Нарэшце, аднае ночы, ён дапаў да замкавага свінарніка і зарэзаў двух самых вялікіх япрукоў.

Абодва браты запаліліся гневам, палічылі, што гэтым дзёрзкім нападам пачвара здзекуецца з іх і кідае выклік. Яны ўзялі моцных, звычных да ловаў на буйнога драпежнага звера ганчакоў і, шалеючы ад лютасці, кінуліся ў пагоню.

Ад світання да тае пары, калі высокія дрэвы голым галлём працінаюць чырвоны сонечны дыск, яны прадзіраліся праз густыя лясы, але нічога не знайшлі.

Нарэшце, злыя і расчараваныя, яны пусцілі павады і ехалі па зарослай прасецы, збянтэжаныя ад таго, што воўк здолеў абвесці вакол пальца такіх спрактыкаваных паляўнічых, як раптам іх ахапіў несвядомы страх.

Старэйшы брат сказаў:

— Нейкі надта незвычайны звер. Ён думае па-чалавечы.

Малодшы адказаў:

— А можа, варта, каб наш стрыечнік біскуп блаславіў кулю альбо які святар замовіў яе.

Яны змоўклі. Жан зноў пачаў:

— Бач, сонца заходзіць. Зноў сёння ўночы ваўчуга кінецца на некага.

Ён не дагаварыў, як яго конь стаў дыба, а братаў пачаў неспакойна кідацца. Перад імі раскінуўся голы хмызняк, і менавіта адтуль выйшаў вялізны звер і пабег да лесу.

Браты радасна зацюгакалі, схіліліся над грывамі моцных коней, усім целам штурхнулі іх уперад, і тыя ад крыку, прымусу, галасу і шпораў пусціліся ў такі галоп, што здалося, быццам дужыя верхаўцы нагамі заціскалі цяжкіх коней і ляцелі ў паветры.

Што было духу імчалі яны, прадзіраліся праз гушчары, адольвалі яры, падымаліся на ўзгоркі, спускаліся ў лагчыны і штосілы трубілі ў рог, гукаючы слуг і сабак.

І раптам у разгар гэтай шалёнай пагоні мой прашчур стукнуўся галавою аб вялікае рала, якое рассекла яму чэрап. Мёртвы, ён зляцеў на зямлю, а спуджаны конь памчаўся далей і знік у лясным змроку.

Малодшы д'Арвіль саскочыў з каня, падхапіў брата на рукі і заўважыў, што з раны на галаве цякуць кроў і мазгі.

Ён сеў побач з целам, паклаў сабе на калені разбітую, чырвоную ад крыві галаву і моўчкі глядзеў на нерухомы братаў твар. Потым яго ахапіў нечуваны дагэтуль страх, страх перад цемрай, перад самотай у бязлюдным лесе, а таксама страх перад жахлівым ваўком, які, помсцячы за сябе, толькі што забіў яго брата.

Згусціліся прыцемкі, ад пранізлівага холаду патрэсквалі дрэвы. Франсуа калаціла, ён больш не мог тут ні хвіліны заставацца, ён устаў і ледзь не самлеў. У лесе было ціха, не чулася ні сабачага брэху, ні спеву рога; нябачны абшар маўчаў, і штосьці жахлівае, вусцішнае вісела ў змрочнай цішыні сцюдзёнага вечара.

Ён падхапіў на свае магутныя рукі вялікае Жанава цела, падняў яго і паклаў на сядло, каб везці ў замак. Ён няспешна паехаў па лесе, здурнелы ад страшных, пагрозлівых, неадступных прывідаў.

І раптам на ахутанай ноччу сцежцы прамільгнуў чыйсьці вялікі цень. Гэта быў звер. Паляўнічы скалануўся ад жаху, кроплі халоднага поту скаціліся ў яго па спіне, ён шырока, як апанаваны д'яблам манах, перажагнаўся, напалоханы нечаканым вяртаннем злавеснага прыхадня. Але тут яго позірк упаў на нерухомае цела, і раптам, перайшоўшы ад страху да шаленства, Франсуа страсянуўся ад неўтаймоўнай лютасці.

Ён прышпорыў каня і пагнаўся за ваўком.

Ён цкаваў яго ў гушчары, у ярах, у барах і гаях, якіх больш не пазнаваў, бо не зводзіў вачэй са светлага ценю, што ў густой начной цемры бег наперадзе.

Здавалася, яго конь таксама набыў незвычайную моц і запал. З выцягнутай храпай, з нябожчыкам упоперак сядла, ён нёсся наперад і чапляўся бакамі аб дрэвы, біў нагамі па камянях. Калючкі выдзіралі ў яго шэрсць, храпа натыкалася на тоўстыя ствалы і пакідала на іх кроў, шпоры выдзіралі шматкі скуры.

І раптам, калі над пагоркамі заззяла поўня, воўк і коннік выскачылі з лесу і рынуліся ў лагчыну. Дно яе было завалена каменнем, а з бакоў уздымаліся высокія скалы, выйсця адтуль не было; зацкаваны, воўк азірнуўся.

Франсуа радасна крыкнуў, а рэха надхапіла і пракаціла па скалах яго зычны крык, ён саскочыў з каня з цесаком у руцэ.

Гатовы змагацца, воўк натапырыўся і выгнуў хіб, вочы ў яго ззялі, як зоркі. Але перад тым як пачаць, дужы паляўнічы падхапіў брата, пасадзіў яго на валун, абклаў каменнем скрываўленую галаву і закрычаў яму ў самыя вушы, быццам глухому: «Глядзі, Жан, глядзі!»

І ён кінуўся на пачвару. Ён мог бы перакуліць гару, голымі рукамі раструшчыць камень. Звер хацеў глэмнуць яго і выпусціць вантробы, але Франсуа ўхапіў ваўка за хіб і, нават не скарыстаўшы зброі, пачаў павольна сціскаць яму горла, адчуваючы, як цішэе дыханне і спыняецца сэрца. Ён смяяўся ад дзікай радасці, усё мацней сціскаючы ваўка ў смяротных абдымках, і ў захапленні крычаў: «Глядзі, Жан, глядзі!» Воўк перастаў змагацца, яго цела абмякла. Ён сканаў.

Тады Франсуа ўзяў яго на рукі, падышоў і кінуў брату пад ногі, пяшчотна паўтараючы: «Глядзі, глядзі, глядзі, Жан, вось ён!»

Пасля адно на адно ён паклаў целы на сядло і паехаў дамоў.

У слязах і радасці — зусім як Гарганцюа, калі нарадзіўся Пантагруэль, — ён вярнуўся ў замак. Ён заходзіўся пераможным крыкам і тупаў нагамі ад радасці, што забіў звера; ён енчыў і рваў бараду ў адчаі ад братавай смерці.

І часта пазней, калі яму даводзілася расказваць пра гэты выпадак, ён гаварыў са слязамі на вачах: «Каб толькі бедны Жан змог паглядзець, як я задушыў ваўка, ён бы памёр спакойна, я веру!»

Удава майго продка выхавала ў сына-сіраты агіду да палявання, і гэтае пачуццё праз пакаленні перадалося і мне.

Маркіз д'Арвіль змоўк. Нехта спытаўся:

— Тое, што вы расказалі, гэта легенда?

Ён адказаў:

— Клянуся, усё ад самага пачатку праўда.

А адна жанчына ціха сказала:

— Праўда ці не, але добра, што бываюць на свеце такія апантаныя людзі.


Пераклад: Сяргей Мурашка 

Менуэт

Полю Буржэ

Вялікія няшчасці не засмучаюць мяне ніколі, сказаў Жан Брыдэль, стары халасцяк, якога лічылі скептыкам. Я вайну бачыў блізка: у мяне не сціскалася сэрца, калі я пераступаў цераз трупы. Разбушаваная стыхія ці людская бяда могуць прымусіць нас закрычаць ад жаху ці абурэння, але ніколі яны не сціснуць нашага сэрца, ад іх вас ніколі не проймуць дрыжыкі, як бывае, калі часам заўважаеш у жыцці нейкія горкія з'явы.

Самы пякучы боль — гэта, канечне, калі ў маці памірае дзіця і калі ў чалавека памірае яго маці. Боль нясцерпны, страшны, ён ашаламляе, ён кроіць сэрца, але пасля чалавек вяртаецца да жыцця, нібы ранены, які доўга сплываў крывёю.

А пэўныя сустрэчы, пэўныя ледзь бачныя з'явы, пра якія толькі здагадваешся, пэўныя патаемныя засмучэнні і злая воля лёсу абуджаюць у нас карагод балесных думак, калі душа пакутуе ад незразумелага, несуцішнага, пякельнага болю, вельмі пранізлівага, бо ён здаецца лёгкім, вельмі пякучага, бо ён быццам неадчувальны, вельмі моцнага, бо ён нібы няўлоўны. Яны пакідаюць у нашай душы адбітак смутку, горыч і расчараванне, збавіцца ад якіх вельмі цяжка.

Я не магу забыць двух-трох выпадкаў, на якія другі чалавек ніколі б не звярнуў увагі, але яны працялі мяне і заселі ўсярэдзіне, быццам доўгія, тонкія і вострыя атрутныя асцюкі.

Можа, вы не зразумееце пачуцця, якое нарадзілася ад гэтых імгненных уражанняў. Я раскажу вам толькі пра адно. Яно вельмі старое, але і цяпер жыве ў маёй памяці. Я такі ўражлівы, мусіць, ад сваёй чуллівасці.

Мне пяцьдзесят гадоў. У той час я быў малады і вывучаў права. Трошкі сумны, трошкі летуценны, я захапляўся меланхалічнай філасофіяй і зусім не любіў ні шумных кавярняў, ні гарластых прыяцеляў, ні дурных дзевак. Уставаў рана, і маё самае гарачае жаданне было прайсціся а восьмай раніцы па расадніку Люксембургскага саду.

А вы, вы не гулялі па ім? Гэта быў нібыта забыты сад не нашага стагоддзя, прыгожы, як усмешка даўніны. Жывы плот зялёнымі сценамі буяў абапал ціхіх, вузкіх і роўных прысадаў, а нястомныя садоўнікавы нажніцы рупліва стрыглі і раўнялі спляценне галінак. І сям-там вам трапляліся кветнікі. Рады саджанцаў стаялі, быццам школьнікі на шпацыры, купкамі раслі густыя шыпшыны і цягнуліся ствалы пладовых дрэваў.

У самым кутку гэтага раскошнага саду жылі пчолы. Іх саламяныя хаткі, ладком расстаўленыя па градках, прыязна запрашалі сонца ў свае маленькія, з напарстак, дзверы. І на ўсіх сцяжынках вы чулі звон залатых мушак — сапраўдных гаспадынь гэтага мірнага куточка, сапраўдных валадарак гэтых доўгіх прысадаў.

Я прыходзіў сюды ледзь не штораніцы, сядаў на лаўку і чытаў. Часам я клаў кнігу на калені і марыў, аддаючыся бясконцай асалодзе пад моцнымі грабамі.

Але неўзабаве я заўважыў, што не я адзін прыходзіў сюды, як толькі расчынялася брама. І часам у канцы саду сустракаў дзіўнага старэнькага чалавека.

На ім былі чаравікі з сярэбранымі спражкамі, кароткія штаны, тытунёвага колеру гішпанскі сурдут, карункавая хустачка замест гальштука і вычварны, з шырокімі палямі шэры лямцавы капялюш дапатопнага фасону.

Стары быў худы, надта худы; яго кашчавы твар увесь час торгаўся і ўсміхаўся, а жывыя вочы міргалі, ні хвіліны не застаючыся ў спакоі ад бесперапыннага трапятання павекаў; у руцэ ён заўсёды трымаў кій з залатой булавешкай, які, мусіць, быў яму нейкім дарагім успамінам.

Спачатку гэты чалавек мяне здзівіў, пасля вельмі зацікавіў. І я сачыў за ім скрозь зялёныя сцены прысадаў, ішоў за ім здалёк, прыпыняўся на паваротах, каб ён мяне не заўважыў.

І вось аднае раніцы, палічыўшы, што ён адзін, стары пачаў рабіць дзіўныя рухі: спачатку некалькі маленькіх скокаў, потым рэверанс; пасля ён выбіў нагою досыць яшчэ спрытнае антраша, пачаў зграбна, з падскокам круціцца і смешна кружыцца, усміхаючыся, нібы перад гледачамі, кланяўся і вітаўся, выгінаў рукі, згінаў сваё маленькае лялечнае цела, пасылаючы ў паветра далікатныя вітанні, кранальныя і смешныя адначасова.

Я глядзеў, аслупянелы ад здзіўлення, і пытаўся ў сябе, хто з нас вар'ят, ён ці я.

Але раптам ён спыніўся, зрабіў некалькі крокаў наперад, як гэта робяць акцёры на сцэне, пакланіўся, адступаючыся назад з тонкай усмешкай і пасылаючы дрыгатлівай рукой блазенскія пацалункі ў бок двух радоў падрэзаных дрэў.

І потым зноў пачаў сур'ёзна праходжвацца. З гэтага дня я не зводзіў з яго вачэй; і штораніцы ён паўтараў сваё бязглуздае практыкаванне.

Мной авалодала неўтаймавальная прага загаварыць з ім. Я асмеліўся і, павітаўшыся, сказаў:

— А сёння неблагое надвор'е, пане.

Ён пакланіўся:

— Праўда, пане, такое самае надвор'е бывала ў даўнія часы.

Праз тыдзень мы былі сябрамі, і я ведаў яго гісторыю. Ён вучыў танцам у Оперы за Людовікам XV. Прыгожы кій падараваў яму граф дэ Клермон. І калі з ім пачыналі гаворку пра танцы, яго было не спыніць.

Неяк аднаго разу ён мне даверліва сказаў:

— Я ажаніўся з Кастры, пане. Калі хочаце, я вас пазнаёмлю, але яна прыходзіць сюды толькі па абедзе. Разумееце, нам гэты сад — наша радасць і наша жыццё. Гэта ўсё, што нам застаецца ад мінулага. Нам здаецца, што мы знікнем, як толькі яго не будзе. Тут усё старое і высакароднае, праўда? Я быццам дыхаю паветрам, якое зусім не змянілася з майго юнацтва. Мы з жонкаю заўсёды гуляем тут па поўдні. Але я прыходжу сюды раніцаю, бо ўстаю на золку.

Адразу пасля снедання я вярнуўся ў Люксембургскі сад і неўзабаве заўважыў свайго сябра, які зграбна падаваў руку старэнькай жанчыне, з якою мяне пазнаёмілі. Гэта была славутая Кастры, вялікая танцорка, любімая прынцамі, каралём, усім гэтым шляхетным стагоддзем, ад якога нам нібы застаўся пах кахання.

Мы селі на каменную лаўку. Быў травень. Водар кветак ліўся ў чысцюткім садзе, сонейка струменілася ў лісці і рассявала на нас вялікія кроплі святла, якія пазалацілі чорную сукенку Кастры.

Сад быў пусты.

Здалёк далятаў грукат фіякраў.

— Растлумачце вы мне, што такое быў менуэт? — спытаўся я ў старога танцора.

Ён страпянуўся.

— Менуэт, пане, гэта каралева танцаў і танец каралеў, чуеце? Як няма больш каралеў, няма больш менуэта.

І стары доўга, напышліва хваліў менуэт, але я нічога не зразумеў і таму папрасіў, каб мне апісалі ўсе па, усе рухі, усе пазіцыі. Ён збіўся ў адчаі, што не стае слоў, знерваваны і засмучаны.

І раптам павярнуўся да сваёй векапомнай сяброўкі, увесь час маўклівай і сур'ёзнай:

— Эліз, хочаш... скажы, будзь ласкавая, ці не паказаць нам пану, як гэта было?

Яна трывожна азірнулася і, не гаворачы ні слова, паднялася і стала насупраць яго.

І тут я ўбачыў незабыўнае.

Яны хадзілі ўзад і ўперад, крыўляліся, як дзеці, усміхаліся, хісталіся, кланяліся, падскоквалі, як дзве старыя лялькі, вымушаныя танцаваць старым, крыху разладжаным механізмам, створаным калісьці вельмі спрытным майстрам паводле моды свайго часу.

Я глядзеў на іх, і сэрца хвалявалі незвычайныя пачуцці, невыказная меланхолія ахапіла душу. Мне падалося, што перада мною ўбогія камічныя здані, сівыя прыхадні цэлага стагоддзя. Мне хацелася смяяцца і плакаць.

Нечакана яны спыніліся, фігуры танца скончыліся. Некалькі імгненняў яны стаялі адно перад адным, твары іх скрывіліся, вочы заміргалі... Яны абняліся і заплакалі.

Праз тры дні я выязджаў у правінцыю. Я іх ніколі больш не ўбачыў. Калі праз два гады я вярнуўся ў Парыж, сад зматлашылі. Што сталася са старымі без іх даўняга саду са звілістымі сцяжынкамі, з пахам мінулага і прыгожымі грабавымі абсадамі?

Памерлі? Ці блукаюць па сучасных вуліцах? А можа, гэтыя прывіды мінулага, што ніколі не вернуцца ў свой век, танцуюць свой фантастычны менуэт у месячным святле сярод цвінтарных кіпарысаў паміж магіламі ўздоўж сцежак?

Успамін пра іх гняце, мучыць, не дае спакою, раніць мяне і цяпер. Чаму гэтак? Не ведаю.

Вы, мусіць, будзеце смяяцца, не?


Пераклад: Сяргей Мурашка 

Вар'ятка

Рабэру дэ Баньеру

— Ведаеце, — сказаў мсье Мацьё д'Андалэн, — гляджу вось на гэтых слонак, і прыгадваецца мне адна страшная гісторыя часоў вайны.

Вы ведаеце мой маёнтак у прадмесці Кармэйля. Там я і жыў, калі з'явіліся прусакі.

Той парою маёй суседкай была адна пакутніца, аслабелая розумам пад ударамі лёсу. Некалі — было ёй тады ўсяго дваццаць пяць гадоў — яна за адзін месяц страціла бацьку, мужа і немаўлятка.

Калі ўжо смерць аднойчы завітала ў дом, яна амаль заўсёды зноў заглядвае ў яго, быццам адну гэту дарогу і запомніла.

Бедная маладзічка, падкошаная горам, злегла і шэсць месяцаў была ў ліхаманцы. Потым бурны крызіс змяніўся глыбокай апатыяй: яна ляжала, як пласт, амаль нічога не ела, толькі вадзіла вачамі. Кожны раз, калі хворую спрабавалі паставіць на ногі, яна ўзнімала такі лямант, быццам яе мардавалі. І нябогу пакінулі ў спакоі, краталі толькі дзеля таго, каб пераадзець яе ці пераслаць пасцель.

Даглядала няшчасную старая служанка, якая час ад часу прымушала яе папіць ці з'есці кавалачак халоднага мяса. Што тварылася ў гэтай адоленай роспаччу душы? Бог яе ведае: хворая перастала размаўляць. Можа, яна ўспамінала нябожчыкаў? Ці проста тужыла, не думаючы ні пра што? А можа, падцятая свядомасць яе ўвогуле знежывела, як застаялая вада?

У гэтакім вось стане, не бачачы людзей і не рухаючыся, яна пражыла пятнаццаць гадоў.

І вось нахапілася вайна; а на пачатку снежня прусакі занялі Кармэйль.

Я помню ўсё так добра, быццам гэта было літаральна ўчора. Стаялі лютыя маразы; я ляжаў у крэсле, абязножаны падаграй, і раптам пачуў цяжкі, размераны тупат. Глянуў у акно: ішлі варожыя салдаты.

Той калоне, здавалася, канца не будзе; прусакі ўсё ішлі ды ішлі, такія падобныя адзін да аднаго марыянетачнай скаванасцю рухаў... Потым начальства размеркавала іх па кватэрах. Да мяне пасялілі ажно семнаццаць чалавек. Да маёй звар'яцелай суседкі — дванаццаць, у тым ліку і маёра, сапраўднага салдафона, чалавека жорсткага і грубага.

У першыя дні ўсё ішло нармальна. Афіцэру сказалі, што гаспадыня хворая, і гэта яго не трывожыла. Але неўзабаве пастаянная адсутнасць яе пачала раздражняць яго. Ён запытаўся, што ў пані за хвароба; яму адказалі, што яна злегла з вялікага гора і не ўстае пятнаццаць ужо гадоў. Ён, мусіць, не паверыў і вырашыў, што няшчасная наўмысна, з гордасці не жадае ўставаць, каб не бачыць прусакоў, не размаўляць і не сутыкацца з імі.

Маёр запатрабаваў сустрэчы з хворай; яго прывялі да яе ў спальню.

Ён рэзкім тонам загадаў:

— Прашу фстаць і сысці фніс, матам, фсе мус фас пачыць.

Яна паглядзела на яго цьмяным невідушчым позіркам і прамаўчала.

Ён настойваў:

— Мой не пацерпіць цёрскасць. Калі фы не патнімайся с пасцель уласнай воля, мой снойце сротак прымусіць фас прагуляцца пес старонній тапамога.

Яна не зрабіла ніводнага жэста, нават не варухнулася, быццам і не заўважыла яго.

Палічыўшы гэтае маўчанне за выяву выключнай пагарды, афіцэр раз'юшыўся:

— Калі сафтра фы не пуцеце сысці фніс... — дадаў ён і выйшаў.

Назаўтра раніцаю перапалоханая старая служанка памкнулася адзець вар'ятку, але тая дзіка залямантавала і стала адбівацца. Афіцэр прыбег наверх. Служанка ўпала перад ім на калені і загаласіла:

— Яна не даецца! Месье, яна не даецца! Злітуйцеся над ёю, яна такая няшчасная!

Маёр трохі сумеўся: нягледзячы на ўвесь свой гнеў, ён не рашаўся паклікаць салдатаў і сілай выцягнуць гаспадыню з пасцелі. Але раптам ён зарагатаў і аддаў нейкі загад па-нямецку.

Неўзабаве з дома выйшла купка салдатаў, якія неслі матрац, быццам насілкі з параненым. На матрацы ляжала маўклівая вар'ятка, і цяпер абыякавая да ўсяго, раз яе не прымушалі ўставаць. Замыкаў шэсце салдат, які нёс клунак жаночай вопраткі.

Афіцэр, паціраючы рукі, прамовіў:

— А фось цяпер пуцем пахляцець, ці мошаце фы самі адзявацца і срапіць маленькая прагулянка.

Працэсія накіравалася да Імавільскага лесу.

Праз дзве гадзіны салдаты вярнуліся, але ўжо без ношы.

Звар'яцелая знікла. Што яны з ёю ўчынілі? Куды яны яе занеслі? Гэтага так ніхто ніколі і не даведаўся...

Снег падаў цяпер і ўдзень, і ўночы, ахутваючы наваколле халодным пушыстым саванам. Ваўкі вылі ледзь не каля парога дамоў.

Думкі пра тую кабету не давалі мне спакою; я некалькі разоў хадзіў да прускага начальства, каб хоць што дазнацца пра яе. Мяне ледзь не расстралялі.

Потым надышла вясна. Акупацыйная армія адступіла. Суседчын дом стаяў замкнёны; сад зарастаў быльнягом.

Старая служанка памерла яшчэ зімою. Нікога болей не хвалявала гэтая гісторыя, а мне яна не давала спакою.

Што сталася з жанчынай? Пэўна, яна ўцякла з лесу! Можа, яе падабралі і, не дамогшыся ніякіх тлумачэнняў, паклалі ў бальніцу...

У той год, восенню, слонак наляцела проста безліч; падагра дала мне маленькі пярэдых, і я так-сяк даплёўся да лесу. Я ўжо ўпаляваў з паўтузіна гэтых даўгадзюбых птушак, як неспадзявана чарговая падстрэленая птушка ўпала ў завалены галлём яр. Давялося спусціцца туды, каб знайсці здабычу. Птушка ляжала побач з чалавечым чэрапам. І тут мяне як хто ўдарыў кулаком у грудзі: я ўспомніў пра вар'ятку! Канешне, той злавеснай зімою ў тутэйшых лясах напэўна загінула шмат людзей, але, богведама чаму, я быў упэўнены, разумееце, упэўнены, што натрапіў на чэрап няшчаснай вар'яткі.

І тады я зразумеў, я ўявіў сабе ўсё. Прусакі пакінулі яе на матрацы ў бязлюдным лесе, і яна, не крануўшыся з месца, ціха памерла пад бухматым і лёгкім пухавіком снегу.

Потым труп абгрызлі ваўкі.

А птушкі ўслалі сабе гняздо ватаю з разарванага матраца...

Я захаваў гэтую сумную рэліквію. І я малю неба, каб нашы сыны ніколі не зведалі вайны.


Пераклад: Ніна Мацяш 

Каля нябожчыка

Ён паміраў паволі, як паміраюць хворыя на сухоты. Кожнага дня каля другой гадзіны ён садзіўся пад вокнамі гатэля на бульварную лаўку і глядзеў на спакойнае мора. Нейкі час ён сядзеў нерухома, грэючыся на сонцы, і маркотна ўглядваўся ў хвалі Міжземнага мора. Часам ён пераводзіў позірк на высокія горы, што абступалі Мантон, вяршыні якіх патаналі ў смузе. Пасля ён вельмі павольна клаў адну нагу на другую — ногі былі худыя, адны косці, абцягнутыя тканінай, — і разгортваў кнігу, заўсёды тую самую.

Ён сядзеў нерухома і чытаў, чытаў вачыма і думкамі — здавалася, што ён чытаў усім сваім нядужым целам, а душа яго патанала, гублялася, знікала ў гэтай кнізе, аж пакуль пасвяжэлае паветра не выціскала з яго грудзей кашаль. Тады ён уставаў і адыходзіў.

Гэта быў высокі немец з белай барадой. Ён абедаў і вячэраў у сваім пакоі і ні з кім не размаўляў.

Нейкая няясная цікаўнасць цягнула мяне да яго. Аднойчы я сеў побач з ім, таксама дзеля прыліку ўзяўшы з сабой кнігу — томік вершаў Мюсэ.

Я пачаў чытаць паэму «Раля».

Мой сусед раптам спытаўся ў мяне на добрай французскай мове:

— Ці ведаеце вы нямецкую мову?

— Ні слова.

— Шкада. Бо калі ўжо лёс звёў нас разам, я б паказаў вам каштоўную рэч: вось гэтую кнігу.

— Што ж гэта за кніга?

— Гэта кніга майго настаўніка Шапэнгаўэра з яго заўвагамі. Як бачыце, усе палі паспісваны яго почыркам.

Я з павагай узяў кнігу і стаў глядзець на гэтыя незразумелыя мне словы, за якімі хаваліся несмяротныя думкі вялікага вучонага, што здолеў так разладзіць і зблытаць людскія мары і спадзяванні, як ніхто да яго.

І неяк раптоўна згадаліся радкі Мюсэ:

Ці спіш ты задаволены, Вальтэр,

І ці твая гідлівая ўсмешка

Яшчэ лунае над тваёй магілай?

І я мімаволі параўнаў дзіцячы, манаскі сарказм Вальтэра з непераможнай іроніяй нямецкага філосафа, уплыў якога на думкі людзей і дагэтуль застаецца вельмі глыбокі.

Хай нехта пратэстуе або злуецца, хай абураецца або захапляецца, але Шапэнгаўэр адзначыў чалавецтва пячаткай сваёй пагарды і расчаравання.

Дасведчаны жуір, ён спляжыў надзеі, спадзяванні, паэзію і іншыя хімеры, знішчыў імкненні, разбіў давер між людзьмі, забіў каханне, зрынуў культ-ідэал жанчыны, загубіў ілюзіі сэрца, выканаў найвялікшую ў гісторыі скептычна-разбуральную працу. Ён насмяяўся з усяго, спустошыў усё. І нават сёння ўсе тыя, хто яго ненавідзіць, напэўна ўсё ж маюць у галаве драбочкі яго думак.

— Дык вы асабіста ведалі Шапэнгаўэра? — запытаўся я ў немца.

Ён сумна ўсміхнуўся:

— Аж да самай смерці, пане.

І ён пачаў апавядаць пра яго. Ён расказаў пра тое амаль звышнатуральнае ўражанне, якое гэты дзіўны чалавек рабіў на ўсіх, хто з ім сутыкаўся.

Ён расказаў мне пра сустрэчу гэтага старога разбуральніка з адным французскім палітыкам, тэарэтыкам-рэспубліканцам, які, захацеўшы пабачыць Шапэнгаўэра, знайшоў яго ў півярні ў атачэнні вучняў. Француз убачыў перад сабой худога з'едлівага старога з маршчыністым тварам. Ён смяяўся незабыўным смехам, адным сваім словам ірваў і разрываў на шматкі думкі і перакананні, як сабака, што падчас гульні зубамі раздзірае кавалкі тканіны. І ён паўтарыў мне словы, што выкрыкнуў гэты француз, калі напалоханы і ледзь не звар'яцелы выбег ад Шапэнгаўэра:

— Здаецца, я прабыў гадзіну побач з самім д'яблам!

Стары дадаў:

— У яго і сапраўды была жахлівая ўсмешка, ад якое нам рабілася страшна, нават пасля яго смерці. Калі вам цікава, я раскажу пра выпадак, амаль нікому не вядомы.

І ён пачаў стомленым голасам сваё апавяданне, што час ад часу перарывалася прыступамі кашлю:

— Калі Шапэнгаўэр памёр, мы дамовіліся, што будзем па чарзе сядзець пры нябожчыку па двое аж да раніцы.

Ён ляжаў у вялікім, проста ўбраным цьмяным пакоі. На начным століку гарэлі дзве свечкі.

Апоўначы настала наша чарга. Двое сяброў, якіх мы заступілі, выйшлі, і мы з калегам увайшлі і селі каля ложка.

Твар у нябожчыка зусім не змяніўся. Ён смяяўся. У кутках вуснаў былі відаць так добра знаёмыя нам зморшчынкі, і нам здавалася, што зараз ён расплюшчыць вочы, зрушыцца з месца, пачне гаварыць. Яго розум, яго думкі абвіналі нас, мы, як ніколі раней, адчувалі сябе ў атмасферы яго генія, мы былі захопленыя, запалоненыя ім. Здавалася, яго панаванне над намі было яшчэ паўнейшае цяпер, калі ён быў мёртвы. Яго незвычайны розум меў нейкую таямнічую сілу.

Цела такіх людзей памірае, але самі яны застаюцца жыць. І я клянуся вам, што ў ноч, якая настае пасля спынення іх сэрца, яны сапраўды страшныя.

Мы ціха размаўлялі пра яго, згадвалі словы, выразы, тыя арыгінальныя выслоўі, падобныя да промняў святла, кінутых у змрок непазнавальнага Жыцця.

— Мне здаецца, што зараз ён пачне гаварыць, — сказаў сябар.

І з трывогай, амаль са страхам мы сталі ўзірацца ў гэты нерухомы твар, які не пераставаў смяяцца.

Нам зрабілася няёмка, мы адчулі нейкую прыгнечанасць, знямогу. Я прамармытаў:

— Не ведаю, што са мною, але мне кепска.

І тады мы пачулі, што ад мёртвага ішоў смурод.

Калега прапанаваў мне пайсці ў суседні пакой і пакінуць дзверы прачыненыя. Я згадзіўся.

Я ўзяў з начнога століка адну свечку, і мы селі ў дальнім канцы другога пакоя, так, каб быў відаць нябожчык у яркім святле другой свечкі.

Але ён усё роўна турбаваў нашыя думкі. Здавалася, што яго нематэрыяльная істота, вольная, усемагутная і ўладарная, аддзялілася ад цела і блукае вакол нас. Часам да нас даходзіў цяжкі, агідны пах цела, што распадаецца.

Раптам халадок страху працяў нас да касцей: з пакоя, дзе ляжаў нябожчык, пачуўся нейкі ціхі гук. Мы адразу паглядзелі на яго і ўбачылі... праўда, пане, мы абодва выразна ўбачылі, як нешта белае скокнула на ложак, упала на дыван і знікла пад фатэлем.

Не паспеўшы нават пра нешта падумаць, мы ўскочылі з месца, ашалелыя ад дурнога страху, гатовыя ўцячы. Пасля мы паглядзелі адзін на аднаго. Мы былі страшэнна бледныя. Сэрцы так біліся, што было відаць праз вопратку. Я спытаўся першы:

— Ты бачыў?..

— Бачыў.

— Можа, ён не памёр?

— Але ж ён ужо пачаў гніць.

— Што ж рабіць?

Мой сябар вымавіў, вагаючыся:

— Трэба пайсці паглядзець.

Я ўзяў свечку і ўвайшоў першы, абшукваючы позіркам увесь пакой, усе цёмныя куткі. Нічога больш не варушылася. Я падышоў да ложка і аслупянеў ад здзіўлення і жаху: Шапэнгаўэр ужо не смяяўся! Твар быў скручаны жудаснай грымасай, зубы сціснуліся, шчокі глыбока праваліліся. Я прашаптаў:

— Ён не памёр!

Але страшэнны смурод даходзіў да мяне, душыў мяне. Я стаяў нерухома, неадрыўна глядзеў на яго, аслупянелы, нібы ўбачыў здань.

Тады мой сябар узяў другую свечку і нахіліўся. Пасля, не сказаўшы ні слова, узяў мяне за руку. Я паглядзеў, куды ён паказваў, і ўбачыў на падлозе пад фатэлем побач з ложкам Шапэнгаўэраў зубны пратэз, белы на цёмным дыване, адкрыты, нібы гатовы ўкусіць.

Распад цела расціснуў сківіцы, і пратэз выпаў з рота.

У той дзень, пане, мне папраўдзе было страшна.


Сонца ўжо нізка апусцілася над зіхатлівым морам, і таму сухотны немец падняўся, развітаўся са мною і вярнуўся ў гатэль.


Пераклад: Сяргей Шупа

У моры

Анры Сэару

Надоечы ў газетах можна было прачытаць такія радкі:

Булёнь-сюр-Мэр, 22 студзеня. — Нам падаюць: «Насельніцтва нашых узбярэжных раёнаў, якое так папакутавала апошнія два гады, прыгнечана новым жахлівым няшчасцем. Пры ўваходзе ў гавань рыбацкае судна, якім кіраваў яго ўладальнік Жавэль, было адкінута на захад і раструшчана аб скалы каля хвалярэза дамбы.

Нягледзячы на намаганні ратавальнага судна і на выкінутыя канаты, чацвёра рыбакоў і юнга загінулі.

Непагадзь трывае. Небяспека новых стыхійных няшчасцяў застаецца».

Хто гэты судаўладальнік Жавэль? Ці не брат аднарукага?

Калі гэты небарака, які быў знесены хвалямі і, відаць, загінуў пад рэшткамі свайго разбітага на трэскі карабля, і ёсць той, пра каго я думаю, дык васемнаццаць гадоў таму ён быў сведка другой драмы, таксама простай і жахлівай, як і ўсе векапомныя трагедыі ў моры.


Жавэль-старэйшы быў тады ўладальнікам траўлера. Траўлер — гэта выдатнае судна, найлепшым чынам прыстасаванае для рыбацтва. Моцна збудаваны, так што яго не страшыць ніякая непагадзь, з пукатым сподам, ён гайдаецца на хвалях і заўсёды, як корак, застаецца на паверхні. Пад бясконцымі ўдарамі рэзкіх, салёных вятроў Ла-Манша ён нястомна працуе ў моры, на надзьмутых ветразях цягнучы збоку вялізную сетку, якая шкрабе дно акіяна, адрывае і валочыць за сабой усялякіх жывёлін, што паснулі сярод скал, пляскатых рыб, што папрытульваліся да жвіру, цяжкіх крабаў з крукастымі клюшнямі, гамараў з вострымі вусамі.

Калі дзьме не вельмі моцны вецер і спакайнеюць хвалі, судна пачынае ловы. Яго сетка, умацаваная на доўгай, абабітай бляхаю жардзіне, спускаецца на двух канатах, якія слізгочуць па калаўротах з абодвух канцоў судна. І траўлер, дрэйфуючы па волі ветру і плыні, цягне за сабой гэтую прыладу, якая пустошыць і вынішчае марскія нівы.

На борце разам з Жавэлем былі яго малодшы брат, чатыры рыбакі і юнга. Калі выходзілі з Булоні на ловы, стаяла яснае надвор'е.

Аднак неўзабаве ўзняўся вецер, і яго шалёныя шквалы прымусілі траўлер кінуцца наўцёкі. Яны падышлі да берагоў Ангельшчыны, але ўздыбленае мора абрушвалася на скалы, кідалася на сушу, і ўвайсці ў гавань магчымасці не было. Невялічкае судна зноў выйшла ў мора і вярнулася да берагоў Францыі. Навальніца па-ранейшаму не давала магчымасці прайсці між молаў, яна агарнула пенай, грукам і небяспекай усе падыходы да якога-колечы прыстанку.

Траўлер ізноў павярнуў назад, закуляўся па марскіх валах, загайдаўся, захістаўся, захлынаючыся пад моцнымі ўдарамі хваляў, але, не зважаючы на гэта, бадзёры, звыклы да бур, якія яго часам прымушалі па пяць-шэсць дзён блукаць між дзвюх суседніх краін, не маючы магчымасці прыстаць да якога-небудзь берага.

Нарэшце, калі судна было ў вольным моры, ураган утаймаваўся, і, хоць хвалі былі яшчэ даволі высокія, гаспадар загадаў закінуць сетку.

І вось вялізная рыбацкая прылада была перакінута цераз борт, і рыбакі — двое на носе і двое на карме, — круцячы калаўроты, пачалі выпускаць канаты, якія яе трымалі. Раптам сетка даткнулася да дна, малодшы Жавэль, які стаяў на носе і кіраваў спускам сеткі, пахіснуўся, і яго рука апынулася паміж канатам, які на хвіліну аслабіўся ў момант штуршка, і калаўротам, па якім той слізгаў. Жавэль зрабіў адчайнае намаганне, спрабуючы другой рукой падняць канат, але сетка ўжо адышла, і напяты канат не паддаваўся.

Скурчыўшыся ад болю, ён пачаў крычаць. Усе збегліся. Старэйшы брат пакінуў стырно. Усе налеглі на канат, намагаючыся выслабаніць заціснутую руку. Але ўсё было дарэмна. «Трэба рэзаць», — сказаў адзін матрос і выняў з кішэні доўгі нож, які мог бы за два ўдары выратаваць руку малодшаму Жавэлю.

Але рэзаць канат азначала згубіць сетку, а сетка каштавала грошай, шмат грошай — паўтары тысячы франкаў; і належала яна Жавэлю-старэйшаму, які шанаваў свой набытак.

З сэрцам, поўным роспачы, ён крыкнуў: «Не, не рэж, чакай! Зараз, я павярну бокам да ветру». Ён пабег да стырна і рэзка павярнуў яго.

Але судна падпарадкоўвалася з вялікаю цяжкасцю, паралізаванае сеткай, яно страціла рухавасць, і, акрамя таго, яго несла ветрам і плынню.

Сашчапіўшы зубы, Жавэль-малодшы ўкленчыў, вочы ягоблукалі. Ён маўчаў. Зноў падбег старэйшы брат, з апаскай зірнуў на нож у матроса: «Чакай, чакай, не рэж! Трэба кінуць якар!»

Якар быў кінуты, увесь ланцуг выпушчаны, тады пачалі круціць калаўрот, каб паслабіць канаты, што трымалі сетку. Нарэшце яны паслаблі, і змярцвелая рука ў скрываўленым ваўняным рукаве была вызваленая.

Жавэль-малодшы, здавалася, ачмурэў. З яго сцягнулі нацельнік і ўбачылі нешта пачварнае, куламесу з мяса і крыві, якая лілася ракой, нібы яе гнала помпай. Хлопец зірнуў на сваю руку і прашаптаў: «Гамон».

Урэшце, заўважыўшы, што на мосце карабля ўтварылася цэлая лужына крыві, адзін матрос крыкнуў: «Ён гэтак увесь сплыве, трэба перавязаць вену».

Яны ўзялі аборку, тоўстую, чорную, прасмоленую аборку і, агарнуўшы ёю руку вышэй за рану, як найтужэй нацягнулі яе. Цурок патроху пачаў меншаць, і нарэшце кроў спынілася зусім.

Жавэль-малодшы ўстаў, яго рука бяссільна матлялася збоку. Ён памацаў яе, прыўзняў, пакруціў, патрос. Усё было ўшчэнт разадранае, косці пераламаныя; толькі цягліцы яшчэ трымалі гэты кавалак яго цела. Ён задуменна глядзеў на руку згаслым позіркам. Потым сеў на згорнуты ветразь, і прыяцелі параілі яму ўвесь час паліваць рану, каб не было агнявіцы.

Перад ім паставілі вядро, і ён, чэрпаючы з яго конаўкай, пачаў прамываць жахлівую рану тонкім цурком празрыстай вады.

— Табе б лепей пайсці ўніз, — сказаў яму брат. Ён спусціўся, але праз гадзіну падняўся зноў, бо ў адзіноце адчуваў сябе ніякавата. Ды і наогул, яму лепш было на вольным паветры. Ён ізноў усеўся на ветразь і пачаў паліваць руку.

Ловы ішлі добра. Вялікія белабрухія рыбіны каля яго ног біліся ў смяротных сутаргах. Ён глядзеў на іх, безупынку абмываючы знявечаную плоць.


Калі ўжо падплывалі да Булоні, наляцеў новы парыў ветру; невялічкае судна зноў шалёна загойсала, пачало падскокваць і куляцца, трасучы параненага небараку.

Настала ноч. Навальніца не ўтаймоўвалася да світанку. Калі ж сонца ўзышло, яны зноў убачылі ўзбярэжжа Ангельшчыны, але мора было ўжо не такое грознае, і яны, лавіруючы, паплылі да Францыі.

Надвячоркам Жавэль-малодшы паклікаў прыяцеляў і паказаў ім чорныя плямы, брыдкую адзнаку гніення на той частцы рукі, якая ўжо ледзь трымалася.

Пазіраючы на іх, рыбакі выказвалі свае думкі.

— Напэўна-такі, вогнік, — меркаваў адзін.

— Мо трэба б яе салёнай вадой, — прапанаваў Другі.

Прынеслі салёнай вады і палілі рану. Паранены ўвесь збялеў, заскрыгатаў зубамі, скурчыўся, але не закрычаў.

Калі пякота сціхла, ён сказаў брату: «Дай нож».

Той падаў.

— Трымай мне руку на вісу, выпрастай, так, цяпер цягні.

Усё было зроблена, як ён прасіў.

Тады ён сам узяўся рэзаць. Ён рэзаў паціху, з развагай, адцінаючы астатнія жылы вострым, як галец, лязом; нарэшце ад рукі засталася адна кукса. Ён глыбока ўздыхнуў і прамовіў:

— Так было трэба. Усё роўна ўжо ёй быў гамон.

Мяркуючы па ўсім, яму палегчала, ён дыхаў цяпер вальней. І зноў пачаў паліваць ваду на абсечаны кавалак, які застаўся замест рукі.

Ноч здарылася ліхая, і падысці да берага па-ранейшаму было немагчыма.

Калі развіднела, Жавэль-малодшы ўзяў сваю адцятую руку і доўга яе разглядаў. Праявы гніення былі відавочныя. Прыяцелі таксама падышлі паглядзець, перадавалі яе адзін аднаму, мацалі, круцілі, нюхалі.

Брат сказаў:

— Ну, усё, трэба выкінуць яе ў мора.

Але Жавэль-малодшы незалюбіў:

— Э, ну не! Ну ўжо не! Не дам! Тут ужо мне вырашаць — ці не? — рука мая!

Ён узяў руку і паклаў яе паміж ног.

— Усё роўна ж яна згніе, — сказаў старэйшы.

Тады параненаму прыйшла ідэя. Каб захаваць рыбу падчас доўгіх вандраванняў у моры, яе кладуць у бочкі з соллю. Ён спытаўся:

— А што, калі яе пакласці ў лёк?

— Але, праўда, — згадзіліся астатнія.

Адну з бочак, ужо поўную ўловам апошніх дзён, апаражнілі і на самае дно паклалі руку. Зверху яе засыпалі соллю, а потым адну за адной заклалі рыбу назад.

Адзін з матросаў пажартаваў:

— Толькі не прадаць бы яе на кірмашы.

Усе засмяяліся, маўчалі толькі два Жавэлі.

Вецер дзьмуў гэтак жа моцна. І яны зноў лавіравалі непадалёку ад Булоні сама да дзесятай гадзіны наступнага дня. Паранены бесперастанку абмываў рану вадой.

Час ад часу ён уставаў і пачынаў хадзіць туды-сюды па судне.

Стоячы каля стырна, яго брат сачыў за ім і моўчкі ківаў галавой.

Нарэшце яны ўвайшлі ў порт.

Лекар агледзеў рану і сказаў, што справа ідзе на папраўку. Ён наклаў глухую павязку і прызначыў адпачынак. Але Жавэль не захацеў легчы ў ложак, не забраўшы сваёй рукі, і паспяшаўся ў порт, каб знайсці бочку, якую пазначыў крыжам.

Пры ім бочка была вывернута, і ён зноў завалодаў кавалкам свайго цела, які добра захаваўся ў лёку, зморшчыўся, пасвяжэў. Ён загарнуў руку ў сурвэтку, якую прынёс наўмысна, і пайшоў дадому.

Жонка і дзеці доўгі час разглядалі адсечаную бацькаву руку, мацалі пальцы, вымалі з-пад пазногцяў драбінкі солі; потым паклікалі сталяра, каб той зрабіў невялічкую дамавіну.

Назаўтра на пахаванні адцятай рукі прысутнічаў увесь экіпаж траўлера. На чале жалобнай працэсіі поплеч ішлі два браты. Парафіяльны дзяк нёс пад пахай труну з нябожчыкам.

Плаваць Жавэль-малодшы перастаў. Ён атрымаў невялікую пасаду ў порце і, калі пазней расказваў пра гэтае здарэнне, ціхутка прызнаваўся свайму слухачу:

— Каб мой брат згадзіўся перарэзаць той канат, далібог, у мяне б і цяпер была рука. Але ён занадта тросся над сваім скарбам.


Пераклад: Зміцер Колас 

Два сябры

Абложаны, згаладалы Парыж хрыпеў і задыхаўся. На дахах амаль зусім не стала вераб'ёў, памыйныя рыштокі апусцелі. Людзі елі ўсё, што траплялася.

Ясным студзеньскім ранкам Марысо, гадзіннікавы майстар па прафесіі і бяздзейны гультай па збегу абставін, сумна цягнуўся па бульвары, сунуўшы рукі ў кішэні нагавіц і прыслухоўваючыся да бурчання ў пустым жываце. Раптам ён спыніўся перад другім такім самым разявакам. Гэта быў яго былы прыяцель Саваж, з якім Марысо пазнаёміўся на беразе ракі.

Да вайны кожную нядзелю Марысо на золку выходзіў з хаты з бамбукавай вудай і бляшаным кашом за спінай. Ён сядаў у цягнік, які вёз яго ў бок Аржантэля, сыходзіў у Калёмбе і пешкі ішоў да вострава Марант. Ледзь паспеўшы дабрацца да гэтак жаданых мясцін, ён увесь аддаваўся ловам і вудзіў да позняга вечара.

Кожную нядзелю ён сустракаў там маленькага вясёлага таўстуна Саважа, галантарэйніка з вуліцы Нотр-Дам-дэ-Лярэт, які быў таксама заўзяты рыбак. З вудамі ў руцэ, звесіўшы ногі над вадой, яны часта да паўдня сядзелі побач каля ракі і, дзякуючы гэтаму, хутка пасябравалі.

Часам цэлымі днямі яны маўчалі. Іншы раз і гаманілі, бывала, але і без слоў яны добра разумелі адзін аднаго, бо мелі аднолькавы густ і ва ўсім падобныя пачуцці.

Вясеннім ранкам, гадзіне а дзесятай, калі памаладзелае румянае сонца развешвала над прыціхлай ракой празрыстую смугу і сагравала спіны зацятых рыбакоў ужо забытым мяккім цяплом, Марысо часам казаў свайму суседу:

— Якое хараство.

І Саваж пагаджаўся:

— Лепш і не бывае.

І гэтага ім хапала для ўзаемнага паразумення і павагі.

А восеньскім надвячоркам, калі крывавае на захадзе неба залівала пурпурам раку, у якой адбіваліся пунсовыя абрысы воблакаў, запальвала далягляд, асвятляла вогненнымі барвамі абодвух сяброў і залаціла ўжо парудзелае лісце, якое зябка дрыжала на дрэвах у прадчуванні зімы, Саваж, усміхаючыся, пазіраў на Марысо і мармытаў:

— Любата.

І зачараваны Марысо, не зводзячы вачэй з паплаўка, адказваў:

— Гэта лепш, як сядзець на бульвары, га?


Сустрэўшыся цяпер, у такіх незвычайных абставінах, яны былі вельмі ўсхваляваныя і моцна паціснулі адзін аднаму рукі. Саваж глыбока ўздыхнуў і сказаў:

— Вось як яно ўсё павярнулася.

Марысо панура прастагнаў:

— А надвор'е якое! Першы пагодны дзянёк сёлета.

Неба і сапраўды свяцілася празрыстым блакітам.

Яны моўчкі пайшлі па бульвары, кожны сумна думаючы пра сваё. Раптам Марысо сказаў:

— А як мы рыбку вудзілі, га? Прыемна ўспомніць!

Саваж уздыхнуў:

— Калі цяпер гэта будзе?

Яны зайшлі ў невялічкую кавярню, выпілі па чарцы абсенту і потым зноў пабрылі па тратуары.

Марысо нечакана спыніўся:

— Можа, яшчэ па чарцы, га?

Саваж згадзіўся:

— Не пярэчу.

Яны зайшлі ў другі шынок.

Выйшлі яны адтуль на добрым падпітку, з ужо затлумленымі галовамі, як яно часта бывае, калі цяпнеш нічога не еўшы. На дварэ было цёпла. Ласкавы ветрык казытаў ім твары.

На свежым паветры Саваж канчаткова сп'янеў і, спыніўшыся, прапанаваў:

— А што, каб туды з'ездзіць?

— Куды гэта?

— Ну ў рыбу, вядома.

— А куды?

— Ды на наш востраў. Французскія аванпасты цяпер каля Калёмба. А палкоўнік Дзюмулен — мой знаёмы, нас прапусцяць.

Марысо аж затрымцеў ад прыемнага прадчування.

— Дамовіліся! Я згодзен.

І яны разышліся па хатах, каб сабраць свой рыштунак.

Праз гадзіну сябры ўжо ішлі поплеч па гасцінцы. Неўзабаве яны дабраліся да вілы, якую займаў палкоўнік. Яны расказалі яму сваю просьбу, і ён, усміхнуўшыся, згадзіўся задаволіць іх дзівотную выдумку. Атрымаўшы пропуск, сябры рушылі далей.

Хутка яны мінулі аванпасты, прайшлі праз апусцелыя Каломбы і апынуліся на краі невялікіх вінаграднікаў, якія спускаліся да Сены. Было каля адзінаццаці гадзін.

На другім беразе вёска Аржантэль, здавалася, вымерла. Над усім наваколлем панавалі два ўзгоркі, Аржэмон і Сануа. Шырокая раўніна, якая распасціралася да самага Нантэра, была бязлюдная, зусім бязлюдная, на яе шэрай зямлі віднеліся адно голыя вішні.

Саваж паказаў пальцам на вяршыні ўзгоркаў і ціха шапнуў:

— Там прусакі!

І два сябры застылі, з трывогай пазіраючы на пустэльны абшар.

«Прусакі!» Яны іх ніколі не бачылі, але вось ужо некалькі месяцаў адчувалі, як гэты нябачны і ўсемагутны вораг душыць Парыж, руйнуе Францыю, рабуе, гвалтуе і морыць голадам яе жыхароў. І нейкі нечалавечы, незразумелы жах мяшаўся ў іх з нянавісцю да гэтага невядомага і непераможнага народа.

Марысо прамармытаў:

— А што, калі мы раптам на іх натрапім?

З чыста парыжскім гумарам, які не знікае ні пры якіх абставінах, Саваж адказаў:

— Пачастуем іх смажанай рыбкай!

Але маўклівая цішыня далягляду бянтэжыла іх, і яны па-ранейшаму не маглі адважыцца рушыць далей.

Нарэшце Саваж рашыўся:

— Ну што, пайшлі! Толькі трэба быць уважлівым.

І прыгнуўшыся, а дзе паўзком, хаваючыся за хмызамі, яны пачалі спускацца па вінаградніку, увесь час трывожна пазіраючы вакол і напружыўшы слых. Каб выйсці да берага, заставалася перасячы адно вузкую палоску голай зямлі. Сябры кінуліся бегчы і, ледзь апынуўшыся каля ракі, схаваліся ў сухім чароце.

Марысо прыціснуў шчаку да зямлі і прыслухаўся, ці не ходзіць хто-небудзь паблізу. Нічога чуваць не было. Яны былі адны, зусім адны.

Сябры супакоіліся і ўзяліся вудзіць рыбу. Насупраць бязлюдны востраў Марант хаваў іх ад другога берага. Маленькі шынок, які стаяў на ім, быў зачынены і здаваўся пакінутым ужо многа гадоў.

Неўзабаве Саваж выцягнуў першага печкура. Марысо злавіў другога, і раз-пораз яны пачалі смыкаць вуды, на канцы лёскі ў якіх білася маленькая серабрыстая рыбка. Ловы ішлі надзіва добра.

Яны дбайна складалі рыбу ў шчыльны сак, які мокнуў у вадзе каля ног. І цёплае, радаснае пачуццё разлівалася ў іх на душы, тое пачуццё, якое агортвае чалавека, што зноў знайшоў сваю ўлюбёную ўцеху, якой быў пазбаўлены доўгі час.

Ласкавае сонца сагравала ім спіны, яны ўжо нічога не чулі, ні пра што не думалі, забыліся на ўсё на свеце — яны вудзілі.

Але нечакана, нібы з-пад зямлі, пачуўся глухі гуд, і глеба страсянулася ў іх пад нагамі. Зноў загулі гарматы.

Марысо падняў галаву і там, злева, убачыў высокі абрыс гары Мон-Валер'ен, над якой віўся маленькі сівы чубок. Гэта было воблачка парахавога дыму, якое яна толькі што выплюнула.

І адразу над крэпасцю на гары ўзвіўся новы слуп дыму, і праз некалькі імгненняў грымнуў другі залп.

Гарматы загрукаталі адна за другой, і час ад часу гара пыхкала сваім смяротным дыханнем і выкідала малочную пару, якая паволі ўздымалася ў ціхае неба і завісала там нерухомаю хмарай.

Саваж паціснуў плячыма і сказаў:

— Ну вось, зноў пачынаюць.

Занепакоена пазіраючы на пёрка свайго паплаўка, які раз-пораз ныраў пад ваду, Марысо раптам адчуў зразумелы мірнаму чалавеку гнеў да гэтых бязглуздых ваяк, якім прыйшло ў галаву біцца.

— Якімі ж трэба быць дурнямі, каб гэтак забіваць адзін аднаго, — прабурчаў ён.

Саваж згадзіўся:

— Горш за звяроў.

Марысо выцягнуў верхаводку і заявіў:

— І падумаць толькі, што так яно будзе заўсёды, пакуль светам будуць кіраваць урады.

Саваж запярэчыў:

— Рэспубліка не аб'явіла б вайны...

Але Марысо перапыніў яго:

— За каралямі ваююць з іншымі, за рэспублікай — паміж сабой.

І яны пачалі спакойна абмяркоўваць важныя палітычныя праблемы, выказваючы на іх свае цвярозыя думкі, уласцівыя лагодным і абмежаваным абывацелям, і ўрэшце сышліся на тым, што свабоды людзям ніколі не ўбачыць.

А Мон-Валер'ен безупынна грымеў, руйнаваў ядрамі. французскія дамы, знішчаў усё жывое, абрываў жыццё, чыесьці мары, радасці, шчасце, сеяў адчай у сэрцах дачок, жонак і мацярок, нёс невылечныя пакуты тут і там, у іншых краях.

— Такое жыццё, — прамовіў Саваж.

— Скажыце лепш: такая смерць, — з усмешкай кіўнуў Марысо.

Але тут сябры з жахам здрыгануліся, выразна адчуўшы за спінай чыесьці крокі. Яны павярнуліся і ўбачылі проста побач з сабой чатырох барадатых і ўзброеных здаравякоў, якія былі, нібы служкі, апрануты ў ліўрэі і пляскатыя шапкі і цэліліся ў іх са стрэльбаў.

Вуды выпалі ў іх з рук і паплылі ўніз па рацэ.

За лічаныя секунды рыбакоў схапілі, звязалі, кінулі ў човен і завезлі на востраў.

І за тым самым домам, які ім здаваўся пакінутым, яны ўбачылі два дзесяткі нямецкіх салдатаў.

Нейкі патлаты бамбіза, які сядзеў верхам на крэсле і паліў вялікую парцалянавую люльку, запытаўся ў іх на выдатнай французскай мове:

— Ну што, панове, ці добра лавілася рыбка?

Тады адзін салдат паклаў да ног афіцэра сак, поўны рыбы, які ён не забыўся захапіць з сабой. Прусак усміхнуўся:

— О-го-го! Бачу, справа ішла някепска. Але цяпер гутарка не пра гэта. Слухайце мяне ўважліва. Для мяне вы — два шпіёны, засланыя, каб дапільнаваць мой атрад. Я вас злавіў і цяпер расстраляю. Вы прыкідваліся, нібы ловіце рыбу, каб лепей схаваць свае планы. Але, на жаль, трапілі ў мае рукі, і тым горай для вас — гэта вайна. Аднак вы прайшлі праз аванпасты, і, безумоўна, у вас ёсць пароль, каб вярнуцца назад. Скажыце гэты пароль мне, і я злітуюся над вамі.

Два сябры, абсалютна збялелыя, стаялі побач, іх рукі калаціліся ў дробнай нервовай ліхаманцы, але яны маўчалі.

Афіцэр загаварыў зноў:

— Пра гэта ніхто і ніколі не даведаецца, а вы сабе спакойна вернецеся дахаты. Таямніца знікне разам з вамі. Калі ж вы адмовіцеся, вас чакае смерць, неадкладная смерць. Выбірайце.

Яны па-ранейшаму стаялі нерухома і не вымаўлялі ні слова.

Прусак паказаў рукой у бок ракі і гэтак жа спакойна сказаў:

— Падумайце. Праз пяць хвілін вы можаце апынуцца там, на дне гэтай ракі. Праз пяць хвілін! У вас, напэўна, ёсць крэўныя?

Мон-Валер'ен безупынна грукатаў.

Два рыбакі стаялі моўчкі і не варушыліся. Немец аддаў нейкі загад на сваёй мове. Потым ён адсунуў крэсла, каб перасесці трошкі далей ад палонных, і за дваццаць крокаў ад іх выстраіліся дванаццаць салдатаў са стрэльбамі каля нагі.

Афіцэр сказаў:

— Даю вам адну хвіліну, і ні секунды болей.

Потым ён нечакана ўстаў, падышоў да двух французаў, узяў пад руку Марысо і, адвёўшы яго ўбок, ціха шапнуў:

— Гаварыце хутка, які пароль? Ваш прыяцель нічога не даведаецца. Я зраблю выгляд, быццам вас пашкадаваў.

Марысо нічога не адказаў.

Тады прусак адвёў убок Саважа і задаў яму тое ж пытанне.

Саваж не адказваў.

Іх зноў паставілі побач.

Афіцэр аддаў загад. Салдаты ўскінулі стрэльбы.

У гэты момант позірк Марысо выпадкова ўпаў на поўны печкуроў сак, які ляжаў на траве за некалькі крокаў ад яго.

Сонечны прамень зіхацеў на лусцы рыб, якія яшчэ трапяталіся. І раптам Марысо апанавала нейкая слабасць. На яго вачах мімаволі нагарнуліся слёзы.

— Бывайце, Саваж, — прамармытаў ён.

І той адказаў:

— Бывайце, Марысо.

Яны паціснулі адзін аднаму рукі, і абодвух з ног да галавы біла неадольная дрыготка. Афіцэр крыкнуў:

— Агонь!

Дванаццаць стрэлаў зліліся ў адзін.

Саваж, як падкошаны, ніцма паваліўся на зямлю. Марысо, вышэйшы, вагануўся, перакруціўся і ўпаў на свайго прыяцеля ўпоперак, тварам дагары. Па яго фрэнчы, прастрэленым на грудзях, пацяклі цурочкі крыві.

Немец даў яшчэ некалькі загадаў.

Салдаты некуды пабеглі, прынеслі вяроўкі, камяні, прывязалі іх да ног забітых французаў і занеслі трупы на бераг.

Мон-Валер'ен грукатаў і грукатаў, над ім ужо вырасла вялізная дымная хмара.

Два салдаты ўзялі Марысо за галаву і за ногі, два другія гэткім жа чынам паднялі Саважа. Потым яны моцна разгушкалі іх целы і зашпурнулі далёка ў раку. Целы апісалі дугу і стаўма пайшлі пад ваду, бо камяні цягнулі ўніз спачатку іх ногі.

Вада паляцела пырскамі, зашумела, забурліла, потым супакоілася, і толькі маленькія, дробныя хвалі паразбягаліся да берагоў.

На паверхні яшчэ плавалі невялічкія плямкі крыві.

Афіцэр, па-ранейшаму абсалютна спакойны, ціха прамовіў:

— Рэшту зробяць рыбы.

Пасля гэтага ён рушыў да дома.

Але раптам на вочы яму трапіўся сак з печкурамі, што ляжаў на траве.

Ён падняў яго, паглядзеў, усміхнуўся і крыкнуў:

— Вільгельм!

Падбег салдат у белым фартуху. Прусак кінуў яму ўлоў расстраляных французаў і загадаў:

— Ану, падсмаж мне гэтую рыбку, ды давай хутчэй, пакуль яна яшчэ жывая. Будзе чым паласавацца.

І ён зноў запыхкаў люлькай.


Пераклад: Зміцер Колас

Прыгода Вальтэра Шнафса

Рабэру Пэншону

Пасля таго, як Вальтэр Шнафс апынуўся разам з захопніцкімі войскамі ў Францыі, ён лічыў сябе самым няшчасным чалавекам на свеце. Ён быў тлусты, хадзіў цяжка, увесь час задыхаўся і пакутаваў ад страшэннага болю ў тоўстых нагах з абсалютна пляскатымі ступакамі. Апроч таго па характары ён быў чалавек мірны, лагодны, і пачуцці ганарлівасці ці жорсткасці былі яму зусім невядомыя. Ён меў чацвёра дзяцей, якіх вельмі любіў, і маладзенькую жонку, бландынку, пяшчоты, мілыя клопаты і пацалункі якой ён кожны вечар прыгадваў з сумным адчаем у душы. Ён любіў уставаць позна і лажыцца рана, няспешна есці далікатныя стравы і піць піва ў ціхіх карчомках. Апроч таго ён лічыў, што ўсё добрае і прыемнае на гэтым свеце знікае разам з жыццём, і таму захоўваў у сэрцы жахлівую, інстынктыўную і, разам з тым, свядомую нянавісць да ўсіх гармат і стрэльбаў, рэвальвераў і шабляў, а больш за ўсё — да штыкоў, бо адчуваў, што не здольны валодаць гэтай гідкаю зброяй з дастатковым спрытам, каб абараніць свой вялізны жывот.

І калі надыходзіла ноч і ён, захінуўшыся ў шынель, лажыўся спаць побач са сваімі франтавымі сябрамі, якія ўжо задавалі храпака на голай зямлі, ён яшчэ доўга думаў пра сваіх, якія былі ад яго так далёка, і пра тую небяспеку, што пільнуе яго на нялёгкім шляху: «Калі заб'юць, што будзе з малымі? Хто іх будзе карміць і гадаваць? Нават і цяпер яны, пэўна, церпяць нястачу, хоць перад тым, як іх пакінуць, ён пазычыў трошкі грошай, каб ім было на што жыць».

І часам Вальтэр Шнафс плакаў.

Перад боем ён адчуваў такую кволасць у нагах, што здавалася, зараз упадзе, і ўпаў бы, каб не баяўся, што пасля ўсё войска прабяжыць па ім. Калі ж вакол чуўся посвіст куль, усе валасы ўставалі дыбам на яго целе.

І гэтак ужо некалькі месяцаў ён жыў у бесперастанным жаху і пакутах.

Армейскі корпус, у якім ён служыў, прасоўваўся да Нармандыі, і аднаго дня Вальтэр Шнафс з маленькім атрадам быў пасланы ў разведку. Яны мусілі проста даследаваць сумежную наперадзе тэрыторыю і вярнуцца назад. Усё ў наваколлі здавалася ціхім, нішто не прадказвала падрыхтаванага нападу ці супраціву.

Прусакі спакойна спускаліся ў невялічкую лагчыну, парэзаную глыбокімі ярамі. Але раптам іх прымусіла спыніцца нечаканая, шалёная пальба. Чалавек дваццаць упалі на месцы. А з маленькага лясочку, велічынёй не болей за далонь, выскачыла кучка французскіх вольных стралкоў, якія кінуліся наперад са штыкамі наперавес.

Спачатку Вальтэр Шнафс застыў, ён быў такі здзіўлены, такі разгублены, што нават не думаў уцякаць. Потым яго апанавала панічнае жаданне задаць драпака, куды-небудзь знікнуць. Аднак, гледзячы на хударлявых французаў, якія подскакам, нібы статак горных коз, ужо набліжаліся да прусакоў, ён адразу сцяміў, што ў параўнанні з імі будзе бегчы не хутчэй за чарапаху. І тут за шэсць крокаў ад сябе ён заўважыў шырокі роў, зарослы густым хмызняком з сухімі лісцямі. Склаўшы ногі, стаўма, як скачуць з моста ў раку, ён скочыў туды, нават не думаючы пра глыбіню.

Ён маланкай праляцеў скрозь шчыльнае покрыва з пераплеценых галін і вострых шыпоў, якія параздзіралі яму рукі і твар, і цяжка чвякнуўся задам на каменную крушню.

Адразу падняўшы вочы, ён убачыў над сабой, у прасечанай яго целам дзірцы, чыстае неба. Гэтая здрадніцкая дзірка магла яго выдаць, і Вальтэр Шнафс асцярожліва, ракам, як мага хутчэй папоўз у глыб зарослай густым хмызняком канавы, аддаляючыся ад месца бойкі. Нарэшце ён спыніўся, сеў і прытаіўся, як трус у высокай сухой траве.

Нейкі час ён яшчэ чуў стрэлы, крыкі і енк. Потым шум бойкі пачаў згасаць і нарэшце змоўк. Усё вакол зноў стала ціха і спакойна.

Раптам нешта варухнулася побач з ім. Ён з жахам падскочыў. Гэта была маленькая птушка, — галінка, на якую яна села, шапацела леташнім лісцем. Амаль гадзіну сэрца Вальтэра Шнафса шалёна калацілася ад спалоху.

Набліжалася ноч, яр запаўняўся змрокам. І салдата пачалі апаноўваць думкі. Што ж з ім цяпер будзе? Што яму рабіць? Вярнуцца ў войска, да сваіх?.. Але як? І кудой? І тады яму зноў давядзецца пачаць гэта жудаснае жыццё, якім ён жыў ад самага пачатку вайны, — жыццё, поўнае кашмараў і жахаў, стомы і пакут! Не! Ён быў няздольны адважыцца на гэта! Яму не стане сілы, каб зноў перажыць гэтыя доўгія маршы, зноў штохвіліны рызыкаваць сваім жыццём.

А што ж тады? Не можа ж ён заставацца ў гэтым яры і чакаць, пакуль скончацца ваенныя дзеянні. Вядома, не. Каб не трэба было есці, такая перспектыва не вельмі засмуціла б яго, але есці было трэба, і кожны дзень.

А ён быў адзін, са зброяй, апрануты ў уніформу, на варожай тэрыторыі, далёка ад тых, хто мог бы яго абараніць. Дрыготка прабягала па яго целе.

Раптам ён падумаў: «Хай бы мяне ўзялі ў палон!»

І яго сэрца забілася ад жадання, шалёнага, нястрымнага жадання стаць палонным французаў. Трапіць у палон! Тады ён будзе ўратаваны, накормлены, прытулены, схаваны ад куль і шабляў, пазбаўлены ўсякага страху, у добрай турме, з добраю вартай! Трапіць у палон! О якая мара!

І рашэнне было прынята адразу:

— Я здамся.

Ён падняўся з рашучым намерам не адкладаючы ні на хвіліну здзейсніць свой план. Але так і застаўся стаяць, апанаваны прыкрымі думкамі і новымі засцярогамі.

Дзе ж ён здасца? Як? Каму? І жахлівыя карціны, карціны смерці напоўнілі яго душу.

Яго можа чакаць страшэнная небяспека, калі ён вось так, у сваёй касцы з шышаком, пойдзе адзін па палях.

Раптам ён натрапіць на сялян? Гэтыя сяляне, калі яны ўбачаць прусака, заблуднага і безабароннага прусака, — яны заб'юць яго, як бадзяжнага сабаку! Яны папрапорваюць яго сваімі віламі, пасякуць матыкамі, рыдлёўкамі, парэжуць косамі! Яны зробяць з яго катлету, кашу, будуць біць апантана, з роспаччу, як гэта робяць пераможаныя людзі.

А раптам ён натрапіць на вольных стралкоў? Гэтыя вольныя стралкі, злыдні, якім няма ні закону, ні парадку, яны застрэляць яго проста так, каб пасмяяцца, каб забавіць гадзіну, каб пацешыцца, гледзячы на яго тоўстую і спалоханую фізіяномію. І ён ужо бачыў, як яго ставяць да сцяны, а насупраць падымаецца тузін ружэйных руляў, якія, здаецца, глядзяць на яго вачыма сваіх круглых і чорных дзірак.

А раптам ён натрапіць на цэлую французскую армію? Салдаты з авангарда палічаць яго за лазутчыка, за якога-небудзь дзёрзкага і хітрага ваяку, які адважыўся пайсці ў разведку адзін, яны пачнуць у яго страляць. І ён ужо чуў бязладную пальбу салдатаў, залеглых за хмызамі, уяўляў, як ён, стоячы пасярод голага поля, валіцца прадзіраўлены, як друшляк, кулямі, і адчуваў, як яны ўваходзяць у яго цела.

З адчаем ён зноў сеў на зямлю. Яго становішча здавалася яму безвыходным.

Ужо зусім сцямнела, прыйшла маўклівая, чорная ноч. Вальтэр Шнафс не варушыўся і толькі ўздрыгваў пры кожным невыразным, незразумелым гуку, што даносіўся да яго з цемры. Тупаценне труса каля сваёй нары ледзь не прымусіла яго кінуцца наўцёкі. Кугаканне савы кроіла яму сэрца, працінала душу раптоўным жахам, аддавалася болем ва ўсім целе, бы незагоеная рана. Ён з усяе моцы таропіў вочы, намагаючыся нешта ўбачыць у змроку; і ўвесь час яму вярзлося, што побач нехта ходзіць.

Пасля доўгіх, бясконцых гадзін і пачварных жахаў ён нарэшце заўважыў, што неба над страхой з пераблытанага галля пачынае святлець. Ён адчуў неймаверную палёгку, усё яго цела расслабілася, напружанне адразу знікла, сэрца ўлеглася, вочы заплюшчыліся.

Ён заснуў.

Калі ён прачнуўся, сонца было ўжо амаль у зеніце, быў поўдзень. Змрочная цішыня палёў не парушалася ніякімі гукамі, і Вальтэр Шнафс раптам заўважыў, што яго мучыць шалёны голад.

Яму пачало пазяхацца, успаміны пра кілбасу, добрую салдацкую кілбасу наганялі поўны рот асцы; у страўніку шчымела.

Ён устаў, прайшоў некалькі крокаў, але адчуў вялікую слабасць у нагах і зноў сеў, каб падумаць. Яшчэ гадзіны дзве ці тры ён узважваў усе за і супраць, сто разоў мяняў рашэнне, адчуваў сябе няшчасным, змагаючыся з сваёю нерашучасцю, і зноў пакутаваў ад самых супярэчлівых довадаў.

Нарэшце яму прыйшла, здаецца, лагічная і разумная думка — дапільнаваць на дарозе адзінокага вяскоўца, у якога не будзе ні зброі, ні якой-небудзь небяспечнай прылады працы, кінуцца да яго і як мага даходлівей растлумачыць, што ён здаецца.

Ён зняў каску, шышак якой мог яго выдаць, і з вялікаю засцярогай высунуў галаву праз дзірку ў сваім сховішчы.

Нідзе, да самага далягляду, не было відаць ніводнай жывой душы. Справа стаяла вёска, над стрэхамі хат у неба падымаўся лёгкі дымок — гатавалі ежу! А злева па-над верхавінамі дрэў, пасаджаных абапал шырокага гасцінца, узвышаўся вялізны замак з вежамі па баках.

Ён чакаў да самага вечара, страшэнна пакутуючы ад голаду, але бачыў толькі варон і чуў толькі глухое бурчанне ў пустым жываце.

І зноў над ім згусцілася ноч.

Ён зашыўся глыбей у сваёй схованцы, лёг на зямлю і заснуў. Усю ноч яго калаціла, нібы ў ліхаманцы, яго даймалі кашмары — гэта быў сон галоднага, спакутаванага чалавека.

Над галавой пачынала займацца на новы дзень. Ён вярнуўся на свой назіральны пункт. Але, як і ўчора, у палях было пуста; і розум Вальтэра Шнафса працяў новы жах — жах памерці з голаду! Ён ужо бачыў: вось ён ляжыць на дне гэтай канавы, на сліне, з назаўжды заплюшчанымі вачыма. І звяры, усялякія маленькія звярочкі збягаюцца да яго трупа і пачынаюць яго раздзіраць, грызуць, лезуць пад адзенне, каб адкусіць яшчэ адзін кавалак халоднага цела. І вялізны чорны крумкач дзяўбе яму вочы востраю глюгай.

Ён прыйшоў у страшэнную роспач, яму здавалася, што ён зараз страціць прытомнасць ад слабасці, што ён ужо нікуды адсюль не здолее пайсці. І ён быў гатовы ўжо кінуцца ў вёску, пайсці на ўсё, адважыцца на любы самы дзёрзкі ўчынак, калі заўважыў трох сялян, якія ішлі ў поле з косамі на плячы, і зноў прытаіўся ў сваёй нары.

Аднак, калі вечар ахінуў раўніну цемрай, ён марудна вылез з рова і, скурчыўшыся, баязліва, са сціснутым ад жаху сэрцам рушыў у дарогу. Ён ішоў да далёкага замка, бо лічыў, што лепей зайсці туды, чым у вёску, якая здавалася яму небяспечнейшай за тыгровае логава.

У вокнах на першым паверсе гарэла святло. Адно з іх было нават адчыненае, і з яго струменіўся моцны пах смажанага мяса, які адразу ўдарыў Вальтэру Шнафсу ў нос і працяў аж да самых вантробаў. Вальтэр Шнафс пачаў задыхацца, усё ўсярэдзіне ў яго напялася, пах уладна вабіў да акна, напаўняў яго сэрца адчайнаю адвагай.

Ён бяздумна кінуўся наперад і нечакана, з каскай на галаве, узнік у акне.

Вакол шырачэзнага стала за абедам сядзела восем чаляднікаў. Але раптам адна з пакаёвак знерухомела, шклянка выпала ў яе з рук, і вочы ўтаропіліся ў адну кропку. Усе погляды павярнуліся ў той бок!

Усе заўважылі ворага!

Божачкі! Прусакі аблажылі замак!..

Спачатку пачуўся толькі крык — восем галасоў на розны лад зліліся ў адзіны роў, поўны пачварнага жаху і страшэннага спалоху; потым усе разам ускочылі, пачалася мітусня, штурханіна, чаляднікі беспарадкава кінуліся да дзвярэй. На падлогу ляцелі крэслы, мужчыны штурхалі жанчын, тыя падалі, мужчыны прабягалі па іх наперад. У імгненне вока пакой быў пусты, пакінуты, і перад здзіўленым Вальтэрам Шнафсам, які па-ранейшаму стаяў каля акна, застаўся толькі стол, устаўлены рознымі стравамі.

Яшчэ некалькі секунд Вальтэр Шнафс стаяў нерашуча, потым пералез цераз падаконнік і рушыў да поўных талерак. Ад лютага голаду яго трэсла, нібы ў ліхаманцы, але страх яшчэ стрымліваў яго, скоўваў яго рухі. Ён прыслухаўся. Увесь дом, здавалася, дрыжаў: рыпелі і зачыняліся дзверы, над яго галавой чулася хуткае шорганне ног. Пры кожным невыразным гуку прусак з трывогай напружваў слых і хутка пачуў, быццам нешта цяжкае ўпала на мяккую зямлю пад замкавым мурам: з другога паверха праз вокны скакалі людзі.

Потым уся валтузня скончылася, і ў вялікім замку запанавала магільная цішыня.

Вальтэр Шнафс сеў перад поўнай талеркай і пачаў есці. Ён еў, набіваў поўны рот, нібыта баяўся, што яго перапыняць і ён не паспее як след напакаваць свае вантробы. Ён абедзвюма рукамі закідаў у разяўлены, як прорва, рот вялізныя кавалкі, якія паволі апускаліся ў страўнік, распіраючы горла. Часам ён спыняўся, гатовы лопнуць накшталт перапоўненай, забітай трубы. Тады ён браў збан сідру і прамываў сабе глотку, як прачышчаюць засмечаную рыну.

Ён апаражніў усе талеркі, усе місы, усе бутэлькі; потым, п'яны ад выпітага і з'едзенага, ачмурэлы, чырвоны, трасучыся ад безупыннай ікаўкі, з затлумленай галавой і зашмальцаванымі губамі, расшпіліў мундзір, каб трохі аддыхацца, але быў ужо няздольны зрабіць нават крок. Яго павекі зліпаліся, думкі дранцвелі; ён цяжка апусціў лоб на скрыжаваныя на стале рукі і паволі забыўся на тое, дзе ён і хто ён.

Ветах па-над паркавымі дрэвамі цьмяна асвятляў далягляд. Гэта была тая золкая гадзіна, што заўжды настае перад світанкам.

У густым зарасніку мільгалі маўклівыя цені; і часам у цемры месячны промень бліскаў на вастрыі сталёвага клінка.

Замак стаяў спакойна, узвышаючы над акругай свой магутны і чорны абрыс. Адно на першым паверсе яшчэ свяціліся два акны.


Раптам зычны голас зароў:

— Наперад! Каб ім трасца! На штурм, дзеці мае!

І ў адзін момант дзверы, аканіцы, шыбы разляцеліся пад напорам людскога натоўпу, які рынуў усярэдзіну, ламаў, трушчыў усё на сваім шляху, запаланіў увесь дом. У адзін момант пяцьдзесят жаўнераў, узброеных да зубоў, ускочылі на кухню, дзе мірна адпачываў Вальтэр Шнафс, уткнулі яму ў грудзі пяцьдзесят зараджаных стрэльбаў, скінулі з крэсла, павалілі на падлогу, схапілі, звязалі з ног да галавы.

Ён задыхаўся ад вялікага здзіўлення, зусім ачмурэў, не мог нічога зразумець, чаму яго б'юць, чаму зневажаюць, яго апанаваў шалёны страх.

І раптам перад ім узнік нейкі тоўсты, абвешаны залатымі бляхамі вайсковец, які паставіў яму нагу на жывот і закрычаў:

— Вы мой палонны, здавайцеся!

Прусак, які пачуў толькі адзінае слова «палонны», адразу заенчыў: «Я-а, я-а, я-а!»

Яго паднялі, прывязалі да крэсла і пачалі разглядаць з вялікай цікаўнасцю. Пераможцы запыхаліся, дыхалі цяжка, нібы валы. Некаторыя расселіся вакол, не могучы трымацца на нагах ад усхваляванасці і стомы.

А ён усміхаўся, ён цяпер усміхаўся, бо быў упэўнены, што нарэшце трапіў у палон!

Увайшоў яшчэ адзін афіцэр, ён сказаў:

— Мой палкоўнік, ворагі кінуліся наўцёкі; мяркуючы па ўсім, многія з іх паранены. Гаспадарамі становішча ў акрузе застаёмся мы.

Тоўсты вайсковец, які выціраў сабе лоб, закрычаў:

— Перамога!

І занатаваў у сваёй запісной кніжачцы, якую выняў з кішэні: «Пасля бязлітаснай бойкі прусакі вымушаны былі адступіць, несучы на сабе забітых і параненых, колькасць якіх дасягала прыкладна пяцідзесяці чалавек. Некаторыя трапілі да нас у палон».

Малады афіцэр загаварыў ізноў:

— Ці мушу я даць яшчэ нейкія распараджэнні, мой палкоўнік?

Палкоўнік адказаў:

— Зараз нам трэба будзе адысці, каб пазбегчы ўдару, які вораг, безумоўна, мяркуе нам нанесці ў адказ больш магутнымі сіламі і з дапамогай артылерыі.

І ён аддаў загад выступаць.

У прыцемку пад замкавымі мурамі ўсе зноў ушыкаваліся ў калону і рушылі наперад, з усіх бакоў абступіўшы звязанага па руках і па нагах Вальтэра Шнафса, якога цягнулі шэсць жаўнераў з рэвальверамі ў руках.

Наперад, даследаваць дарогу, высылалася разведка. Ішлі асцярожліва, час ад часу рабілі прыпынкі.

Калі пачало світаць, калона ўвайшла ў галоўнае мястэчка акругі Лярош-Уазэль, атрад нацыянальнай гвардыі якой здзейсніў гэты подзвіг.

Узрушанае, занадта ўсхваляванае насельніцтва ўжо чакала. Калі ўсе ўбачылі каску палоннага, падняўся страшэнны гвалт. Кабеты ўскідалі рукі, старыя бабулькі плакалі, нейкі сівы дзед кінуў у прусака сваёй мыліцай, але толькі параніў яго ахоўніку нос.

Палкоўнік крычаў на ўсю моц:

— Сачыце за бяспекаю вязня!

Нарэшце дабраліся да гарадской ратушы. Турэмны пакой быў адчынены, Вальтэра Шнафса развязалі і кінулі ўсярэдзіну.

На варту вакол будынка было пастаўлена дзвесце ўзброеных салдатаў.

І тады, нягледзячы на голад, які мучыў яго доўгі час, прусак, звар'яцелы ад радасці, пачаў скакаць; ён скакаў утрапёна, ускідваючы рукі і ногі, ён крычаў нешта немым голасам і скакаў — заўзята, нястрымна, пакуль не паваліўся, знямоглы, на каменную падлогу каля сцяны.

Ён быў палонны Ўратаваны!


Вось так, усяго праз шэсць гадзін акупацыі, замак Шампінье быў адбіты ў ворага.

Гандляр-суконшчык, палкоўнік Рацье, які ўзначальваў у гэтай аперацыі лярош-уазэльскі атрад нацыянальнай гвардыі, быў узнагароджаны.


Пераклад: Зміцер Колас 

Дзядзька Мілон

Вось ужо месяц, як шчодрае сонца палівае палеткі пякучым полымем. Жыццё, такое радаснае, нараджаецца пад гэтай залевай цеплыні: уся зямля, як скінуць вокам, зелянее. А да самага небакраю — чысцюткая блакітная прастора. Нармандскія фермы, раскіданыя па раўніне, здалёк здаюцца пералескамі, бо з усіх бакоў іх шчыльна абступаюць гонкія букі. Зблізку, як адчыніш трухлявую брамку, здаецца, што трапіў у вялізарны сад — усе старыя яблыні, кашчавыя, як самі сяляне, абсыпаны кветкамі. Старыя чорныя камлі, сукаватыя і крывыя, роўным радам абступілі надворак і цягнуць да неба дзівоснае голле ў белай і ружовай квецені. Пяшчотны водар суквеццяў мяшаецца з цяжкім пахам расчыненых хлявоў і смуродам гною, у якім грабуцца куры.

Поўдзень. Пад ігрушаю пры самых дзвярах абедае сям'я: бацька, маці, чацвёра дзяцей, дзве наймічкі і тры парабкі. Ядуць збольшага моўчкі, спачатку суп, пасля бульбу, усмажаную на сале.

Час ад часу каторая з наймічак устае і ідзе ў склеп даліць сідру ў збанок.

Гаспадар, высокі мужчына гадоў пад сорак, разглядае яшчэ голую вінаградную лазу, што распаўзалася па сцяне дома, выгінаючыся і чапляючыся за аканіцы. Нарэшце ён кажа:

— Як рана покаўкі на бацькавым вінаградзе набухлі сёлета. Мо што і збяром.

Жонка таксама абарочваецца і моўчкі глядзіць на лазу.

Гэты вінаграднік пасадзілі якраз на тым месцы, дзе некалі расстралялі бацьку.

Было тое ў вайну 1870 года. Прусакі занялі ўвесь край, але Паўночная армія генерала Фэдэрба яшчэ трымалася.

На гэтай вось ферме стаў пастоем прускі штаб. Гаспадар яе, стары П'ер Мілон, прыняў чужынцаў як мага лепей.

Месяц, як нямецкі авангард веў разведку. Французскія войскі стаялі за дзесяць льё адгэтуль, стаялі без руху, а між тым штоночы прападалі нямецкія ўланы.

Разведчыкі, пасланыя ў дазор па двое ці па трое, больш ужо не вярталіся. Раніцаю іх знаходзілі мёртвых недзе ў полі, на загуменні ці ў якой-небудзь канаве. Нават коні іхнія здыхалі пры дарозе, пасечаныя шабляй.

Здавалася, што забіваў усіх адзін чалавек, няўлоўны, як вецер.

У наваколлі панаваў тэрор. Па адным толькі даносе расстрэльвалі сялян, арыштоўвалі жанчын, палохалі дзяцей, дамагаючыся ад іх прызнання. Але ўсё было дарэмна.

Ды вось неяк раніцай дзядзьку Мілона знайшлі ў стайні з шабельнай ранай праз увесь твар, а за тры кіламетры ад фермы — двух уланаў з рассечанымі жыватамі. Адзін з іх яшчэ сціскаў у руцэ скрываўленую шаблю: ён загінуў абараняючыся.

На надворак каля фермы, дзе сабраўся толькі што створаны ваенны суд, прывялі старога.

Яму было шэсцьдзесят восем гадоў. Быў ён невысокі, хударлявы, трошкі прыгорблены, вялікія рукі яго нагадвалі клюшні краба. Праз бясколерныя рэдкія валасы, лёгкія, як пух у качаняці, праглядваў голы чэрап.

На маршчыністай абветранай шыі пружыліся тоўстыя вены, яны знікалі пад сківіцамі і зноў праступалі каля скроняў.

На сяле яго лічылі чалавекам сквапным і незгаворлівым.

Яго паставілі паміж чатырох салдатаў перад кухонным сталом, вынесеным на двор. За сталом уселіся пяцёра афіцэраў і палкоўнік.

Палкоўнік пачаў допыт па-французску.

— Дзядзька Мілон, з той пары, як мы тут, мы не маглі нахваліцца вамі. Заўсёды вы былі спагадлівы і нават уважлівы. Але ж сёння на вас падае падазрэнне ў жахлівым злачынстве, і мы павінны ўсё высветліць. Адкуль у вас на твары рана?

Селянін нічога не адказаў. Палкоўнік загаварыў зноў:

— Маўчанне загубіць вас, дзядзька. Але я хачу, каб вы адказвалі, чуеце! Ці ведаеце вы, хто забіў двух уланаў, якіх знайшлі сёння раніцай каля Кальвэра?

Стары выразна вымавіў:

— То я.

Ад здзіўлення палкоўнік змоўк, пільна ўглядаючыся ў арыштаванага. Дзядзька Мілон заставаўся безуважлівы, з сялянскай упартасцю апусціўшы вочы долу, як на споведзі. Адно выдавала яго хваляванне: раз-пораз ён глытаў сліну, з відавочнай цяжкасцю, быццам горла яго было зусім вузкае.

Сям'я старога — сын Жан, нявестка і двое дзяцей, разгубленыя і ўражаныя стаялі крокаў за дзесяць ззаду. Палкоўнік спытаўся:

— Дык, можа, вы ведаеце таксама, хто ўжо цэлы месяц забівае нашых разведчыкаў?

Стары адказаў з тою ж самай грубай безуважлівасцю:

— Ну, я.

— Дык гэта пабілі іх вы? Усіх?

— Усіх.

— Вы адзін?

— Адзін.

— Раскажыце, як вы гэта рабілі.

Цяпер стары, відаць, захваляваўся; ён, мусіць, не хацеў доўгае размовы, адно прамармытаў:

— А я што ведаю? Як выходзіла, так і рабіў.

Палкоўнік зноў:

— Папярэджваю вас, трэба, каб вы расказалі мне ўсё. Будзе лепей, калі вы зробіце гэта зараз жа, адразу. Як вы пачалі?

Стары заклапочана азірнуўся на сям'ю, што насцярожана чакала яго адказу. Хвіліну-другую яшчэ памарудзіў і раптам адважыўся:

— На другі дзень, як вы прыйшлі сюды, гадзін каля дзесяці вечара я вяртаўся дадому. Вы і вашы салдаты забралі ў мяне кароўку, дзве авечкі і сена не менш як на пяцьдзесят экю. Я і сказаў сабе: «Колькі б вы ў мяне ні ўзялі, я за ўсё паквітаюся!» Ды яшчэ ў мяне была думка на сэрцы, пасля раскажу. Вось аднаго разу я заўважыў салдата вашага, ён люльку курыў каля рова, што за маім гумном. Узяў я касу і ціхенька падышоў да яго ззаду, ён і не заўважыў нічога. Я ссек яму галаву адным махам, лёгка, як каласок, ён і войкнуць не паспеў. Як ахвоту маеце, то пашукайце яго ў балоце: я запхнуў яго ў мех з-пад вугалю, яшчэ і камень туды паклаў.

Тут я канчаткова рашыўся. Я зняў з яго ўсю вопратку, і боты, і фуражку ды схаваў у печ, дзе вапну палілі, у Марцінавым лесе.

Стары змоўк. Уражаныя афіцэры пазіралі адзін на аднаго. Допыт не спыняўся, і вось пра што яны даведаліся.

Пасля першага забойства старога апанавала ідэя: «Забіваць прусакоў!» Ён ненавідзеў іх нянавісцю прыхаванай і лютай, па-сялянску прагны і патрыятычны адначасова. Ён меў сваю ідэю, як ён казаў.

Ён перачакаў дзён некалькі. Прусакі дазвалялі яму хадзіць, дзе ён хацеў: такім рахманым, пакорлівым і паслужлівым здаваўся ён ім. Штовечар ён бачыў, як ад'язджаюць пасыльныя, і вось неяк уночы ён выйшаў з сяла; ён ужо ведаў, у якую вёску паедуць коннікі, а таксама запомніў ад салдатаў некалькі нямецкіх слоў, якія яму былі патрэбны.

Ён выйшаў з двара, пракраўся ў лес, знайшоў печ, пралез у доўгае сутарэнне і пераадзеўся ў вопратку забітага.

Ён пачаў бадзяцца па палях, поўзаў, хаваўся за адхонамі, насцярожаны, як злодзей.

Палічыўшы, што прыспела пара, ён падышоў да дарогі і схаваўся ў густым хмызняку. Счакаў яшчэ трохі. Нарэшце, недзе апоўначы, ён учуў гулкі тупат каня на добра ўбітай дарозе. Стары прыпаў вухам да зямлі і ўпэўніўся, што коннік адзін.

Улан, што вёз дэпешы, ехаў хуткім бегам. Ехаў ён углядаючыся, прыслухоўваючыся. Калі да яго заставалася не больш як дзесяць крокаў, дзядзька Мілон выпаўз на дарогу і застагнаў: «Hilfe! Hilfe! — Памажы! Памажы!» Улан прыняў старога за немца, спыніўся, злез з каня і, ні пра што не здагадваючыся, падышоў да яго; адно ён нахіліўся, як крывое лязо нямецкае шаблі ўпілося яму ў жывот. Улан упаў адразу, моўчкі, толькі цела яго некалькі разоў скаланулася ў сутаргах.

Стары нармандзец, узрадаваны маўклівай сялянскай радасцю, падняўся і, каб было напэўна, перарэзаў забітаму горла. Пасля сцягнуў яго з дарогі і скінуў у канаву.

Конь спакойна чакаў гаспадара. Дзядзька Мілон узлез у сядло і галопам паляцеў па раўніне.

Прайшло ўжо каля гадзіны, калі ён заўважыў двух уланаў, што вярталіся ў вёску. Ён пад'ехаў да іх з правага боку: «Hilfe!» Пазнаўшы форму, прусакі падпусцілі яго без ніякага падазрэння. І стары праляцеў паміж імі, як бура, застрэліў аднаго і ссек шабляю другога. Пасля перарэзаў горла коням, коням немцаў! Асцярожна прабраўся да старое печы, схаваў каня ў глыбіні сутарэння. Тут жа пакінуў нямецкую форму і пераадзеўся ў свае лахманы. Вярнуўшыся дадому, стары праспаў да раніцы...

Чатыры дні ён сядзеў дома, чакаючы, пакуль немцы супакояцца, а на пяты выйшаў зноў і, гэтак жа сама хітруючы, забіў яшчэ двух салдатаў. З гэтага часу ён ужо не спыняўся.

Штоночы ён блукаў, бадзяўся, шукаючы прыгодаў, забіваў прусакоў то тут, то там, лётаў па пустых палях, абліты халодным месяцавым святлом, адзінокі, самотны ўлан, які паляваў на людзей. Зрабіўшы сваё, наклаўшы трупаў пры дарогах, стары вяртаўся ў сутарэнне і хаваў каня і форму. Ён спакойна прыходзіў сюды апоўдні, прыносіў авёс і ваду. Каня ён карміў уволю, рыхтуючы яго да цяжкай работы.

Але ўчора ўночы адзін салдат з тых, на якіх наскочыў дзядзька Мілон,паспеў секануць яго шабляй па твары.

І ўсё адно стары забіў абодвух! Ён яшчэ здолеў вярнуцца, схаваць каня і надзець свае лахманы; але каля самай хаты змогся і ледзь дапоўз да стайні.

Тут яго і знайшлі, скрываўлены, ён ляжаў на саломе.

Скончыўшы споведзь, стары раптам узняў галаву і з гонарам агледзеў прускіх афіцэраў.

Палкоўнік абцёр вусы і спытаўся ў яго:

— Маеце яшчэ што сказаць?

— Не, болей нічога, рахунак дакладны: я забіў роўна шаснаццаць, ні больш ні менш.

— Вы ведаеце, што вас расстраляюць?

— Хіба я прашу ў вас літасці?

— Вы былі ў салдатах?

— Ну але. Былі часы, і я ваяваў. І бацька мой быў у салдатах, у Напалеона. А вы яго забілі. Ды яшчэ ў тым месяцы пад Эўро сына майго забілі, меншанькага, Франсуа. Я вам вінаваты быў і сплаціў. Цяперачы ўсё, квіта!

Афіцэры пераглянуліся. А стары зноў:

— Восем за бацьку, восем за сына — квіта. Не я з вамі свары шукаў! Мне вы без патрэбы. І адкуль прыйшлі вы, не ведаю. Вы тут, у мяне, а судзіце мяне, быццам у сябе дома. Я сплаціў і не шкадую.

І, расправіўшы сваё нерухомае цела, стары склаў рукі на грудзях, стрымана і ганарліва.

Прусакі доўга перагаворваліся. Капітан, які таксама страціў сына месяц таму, абараняў высакароднага старога.

Але вось палкоўнік падняўся, падышоў да дзядзькі Мілона і ціха сказаў:

— Слухай, стары, можа, мы і пакінем табе жыццё, калі ты...

Але стары не слухаў, глядзеў проста ў вочы пераможцу, а вецер варушыў валасы яго, лёгкія і рэдкія. Жахлівая грымаса скрывіла яго твар, худы і пасечаны. Набраўшы поўныя грудзі паветра, стары плюнуў у твар прусаку.

Палкоўнік ашаломлена падняў руку, і ў тую ж хвіліну стары плюнуў яшчэ раз.

Афіцэры ўскочылі, і ўсе разам пачалі крычаць нейкія загады салдатам.

Не прайшло і хвіліны, як старога паставілі да сцяны, а ён гэтаксама ўсміхаўся свайму старэйшаму сыну Жану, нявестцы і двум унучкам, што спалохана глядзелі на яго...


Пераклад: Алесь Істомін 

Ён?

П'еру Дэкурсэлю

Мой дарагі дружа, ты нічога не разумееш? Я адчуваю гэта. Ты думаеш, я звар'яцеў? Ну, можа, трошкі і звар'яцеў, але не ад таго, што ты думаеш.

Так. Я жанюся. Вось.

Але мае думкі і перакананні не змяніліся. Спароўванне з дазволу і пад аховай закона я лічу глупствам, як і раней. Я перакананы, што восем мужоў з дзесяці — раганосцы. Ды яны іншага і не заслугоўваюць за тое, што мелі глупства надзець на сябе кайданы, адмовіцца ад свабоднага кахання — адзінай добрай і ўцешнай рэчы на гэтым свеце, абрэзаць крылы фантазіі, якая заўсёды цягне нас да ўсіх жанчын і г. д. Больш чым калі я адчуваю, што няздольны кахаць толькі адну жанчыну, бо я занадта буду кахаць усіх астатніх. Я б хацеў мець тысячу рук, тысячу вуснаў і тысячу... пачуццяў, каб здолець адначасова задушыць цэлае войска гэтых прывабных і малаважных істот.

І ўсё ж я жанюся.

Дадам таксама, што я зусім не ведаю сваёй будучай жонкі. Я бачыў яе мо разы чатыры ці пяць. Яна мне не брыдкая — гэтага мне дастаткова, каб рабіць з ёй тое, што я збіраюся рабіць. Яна нізенькая, бялявая і тоўсценькая. А паслязаўтра я ўжо буду жадаць высокую, чарнявую і худую.

Яна небагатая, з сям'і сярэдняга дастатку. Гэта адна з тых дзяўчат на выданні без асаблівых добрых якасцяў, але і без відавочных заганаў, якіх шмат можна знайсці сярод звычайнага буржуа. Пра яе кажуць: «Панна Ляжоль даволі мілая». А заўтра будуць казаць: «О, пані Рэймон вельмі мілая дама». Яна належыць да той процьмы сумленных дзяўчат, «ажаніцца з якімі — вялікае шчасце кожнаму мужчыну», аж да дня, калі заўважыш, што табе падабаюцца ўсе без выключэння жанчыны, акрамя той, што ты выбраў.

Дык чаму ж я жанюся, спытаеш ты?

Я нават не наважваюся адкрыць табе дзіўную і неверагодную прычыну, якая змусіла мяне на гэты вар'яцкі ўчынак.

Я жанюся, каб пазбыцца адзіноты!

Не ведаю, як гэта растлумачыць, як сказаць так, каб ты зразумеў. Можа, ты будзеш мяне шкадаваць ці пагарджаць мною, але каб ты толькі ведаў, які я цяпер няшчасны!

Я не хачу больш заставацца адзін уначы. Я хачу адчуваць, што нехта ёсць побач, насупраць, што нехта можа пагаварыць са мной, штосьці сказаць, няважна што.

Я хачу, каб некага можна было разбудзіць сярод ночы, пра нешта ў яго папытацца, пра якую-небудзь дробязь — толькі б пачуць нечы голас, адчуць, што ў маёй кватэры нехта жыве, што нечая душа не спіць, нечы розум працуе, каб раптам, запаліўшы свечку, убачыць людскі твар побач... таму што... (мне сорамна прызнацца)... таму што мне страшна, калі я адзін. Не, ты мяне пакуль што не разумееш. Я не баюся небяспекі. Калі б у пакой зайшоў чалавек, я б забіў яго не вагаючыся. Я не баюся прывідаў, я не веру ў звышнатуральнае. Я не веру ў мерцвякоў, бо веру ў поўнае разбурэнне кожнай істоты, што памірае.

Але!.. Так. Але!.. Дык вось! Я баюся сам сябе! Я баюся свайго страху, баюся гэтых сутаргаў майго неспакойнага розуму, гэтага жудлівага незразумелага страху.

Смейся, калі хочаш. Але гэта страшна, гэта невылечна. Я баюся сцен, мэблі, звычайных прадметаў, якія ў мяне нібы ажываюць. Асабліва я баюся трывожнага хвалявання думкі, баюся майго розуму, які перастае мне служыць, затуманены і развеяны загадкавым і нябачным страхам.

Спачатку я адчуваю нейкі няясны неспакой, які авалодвае маёй душой, ад якога ў мяне пачынаюць бегаць мурашкі па скуры. Я азіраюся. Нікога! А я б хацеў нешта ўбачыць! Што? Штосьці зразумелае. Бо я баюся толькі таму, што не разумею, чаму я баюся.

Я гавару — і баюся свайго голасу. Я іду — і баюся, што нехта невядомы хаваецца за дзвярыма, за фіранкай, у шафе, пад ложкам. І аднак я ведаю, што нідзе нікога няма.

Я нечакана паварочваюся, бо баюся таго, што ў мяне за спінай, хоць там нічога няма, і я гэта ведаю.

Я хвалююся, адчуваю, як мой страх расце, зачыняюся ў сваім пакоі, кідаюся ў ложак, хаваюся пад коўдрай. Скруціўшыся ў клубочак, я з роспаччу заплюшчваю вочы і ляжу так цэлую вечнасць, думаючы толькі пра тое, што свечка засталася гарэць на начным століку і што трэба яе патушыць. Але я баюся.

Гэта жахліва, праўда?

Раней я нічога гэткага не адчуваў. Я спакойна вяртаўся дадому. Я хадзіў з кута ў кут па кватэры, і нічога не засмучала спакою маёй душы. Калі б мне тады сказалі, якая хвароба, які неверагодны, бязглузды і жахлівы страх мною авалодае, я б толькі пасмяяўся. Я спакойна расчыняў дзверы ў цемры, я засынаў павольна, не зачыніўшыся на засаўку, і ніколі не ўставаў сярод ночы, каб пераканацца, што ўсе дзверы ў маім пакоі зачыненыя.

Гэта пачалося летась, і пачалося вельмі дзіўна.

Быў сыры восеньскі вечар. Калі пасля вячэры мая пакаёўка пайшла, я пачаў думаць чым заняцца. Нейкі час я хадзіў па пакоі. Я адчуваў сябе стомленым, прыгнечаным без прычыны, я не мог працаваць, нават чытаць не было сілы. Дробны дожджык мачыў шыбы. Мне было сумна, я ўвесь быў у тым асаблівым суме, ад якога хочацца плакаць, ад якога хочацца загаварыць хоць з кім, абы толькі скалыхнуць застылы розум.

Мне было самотна. Мая кватэра здавалася пустой, як ніколі. Мяне ахінула бязмежная і гнятлівая адзінота. Што рабіць? Я сеў. Але нейкая нервовая нецярплівасць у нагах прымусіла мяне ўстаць, і я зноў пачаў хадзіць па пакоі. Напэўна ў мяне была гарачка, бо рукі, якія я трымаў за спінай, нібы пяклі адна адну, і я звярнуў на гэта ўвагу. Пасля раптам па спіне прабеглі дрыжыкі холаду. Я падумаў, што ў пакой прасачылася сырасць з вуліцы, і вырашыў запаліць у каміне. Запаліў, першы раз за тую восень. Пасля сеў і стаў глядзець на полымя. Але неўзабаве мне апрыкрала сядзець на адным месцы. Я зноў устаў і адчуў патрэбу кудысьці пайсці, развеяцца, з некім сустрэцца.

Я зайшоў да трох сяброў, але ніводнага не застаў дома. Пасля выйшаў на бульвар з надзеяй напаткаць каго-небудзь знаёмага.

Паўсюль было тужліва. Мокрыя ходнікі блішчалі. Гнятлівая цёплая вільгаць, такая, што часам праймае да касцей, цяжкая вільгаць неадчувальнага дажджу напаўняла паветра і нібы стамляла святло ліхтароў.

Я цягнуўся далей, паўтараючы сам сабе: «Я ўсё роўна нікога не спаткаю». Я зазірнуў па некалькі разоў ва ўсе кавярні ад Мадлен да прадмесця Пуасаньер. За столікамі сядзелі сумныя людзі, здавалася нават, што ім не стае сілы даесці свае стравы.

Доўга я гэтак блукаў, пакуль недзе апоўначы не прывалокся дадому. Я быў зусім спакойны, але вельмі стомлены. Кансьержка, якая звычайна кладзецца а адзінаццатай, адчыніла мне адразу, насуперак сваёй звычцы, і я падумаў: «Напэўна, хтосьці толькі што зайшоў».

Калі я выходжу з дому, дык заўсёды замыкаю дзверы на два абароты ключа. Але гэтым разам я проста пацягнуў за ручку — і дзверы адчыніліся. Гэта мяне ўразіла. Я падумаў: можа, мне ўвечары прынеслі лісты.

Я ўвайшоў. Агонь яшчэ гарэў і нават трошкі асвятляў кватэру. Я ўзяў свечку і пайшоў запаліць яе ад агню, але раптам паглядзеў проста перад сабой і заўважыў, што нехта сядзіць у маім фатэлі спінай да мяне і грэе ногі каля агню.

Я не спалохаўся, о, не, ані кропелькі. У галаву мне прыйшла зусім верагодная здагадка: да мяне прыйшоў нехта з сяброў. Кансьержка, якую я папярэдзіў, калі выходзіў з дому, сказала яму, што я хутка вярнуся, і дала ключы. Я імгненна згадаў усе дэталі майго прыходу: калі я пацягнуў за ручку, дзверы адчыніліся.

Мой сябар — я бачыў толькі яго валасы — заснуў каля агню, чакаючы мяне, і я падышоў, каб яго пабудзіць. Я выразна яго бачыў: правая рука вісела, адна нага была закінутая на другую, галава трохі схілілася ўлева — было добра відаць, што ён спіць. Я падумаў: «Хто ж гэта?» У пакоі ўсё ж было даволі цёмна. Я выцягнуў руку, каб дакрануцца да яго пляча!..

Рука натрапіла на драўляную спінку фатэля. Там нікога не было. Фатэль быў пусты!

Які гэта быў удар!

Спачатку я адступіў, нібы перад страшнай небяспекай.

Пасля я азірнуўся, адчуваючы, што нехта стаіць у мяне за спінай. Аднак непераможнае жаданне зноў паглядзець на фатэль прымусіла мяне павярнуцца. Я стаяў, задыхаючыся ад страху, настолькі ашалелы, што страціў здольнасць разважаць. Я ледзь не падаў.

Але ўсё ж я чалавек вытрыманы, спакойны, і таму розум хутка вярнуўся да мяне. Я падумаў: «У мяне была галюцынацыя, вось і ўсё». Я пачаў разважаць. У гэткія хвіліны розум працуе асабліва хутка.

У мяне была галюцынацыя — гэта бясспрэчна. Аднак розум увесь час заставаўся светлы і працаваў дакладна і лагічна. Што да мозгу, дык з ім усё было ў парадку. Толькі вочы памыліліся, увялі ў зман розум. Гэта была мроя, тая, што прымушае простых людзей верыць у цуды. Гэта была памылка нерваў аптычнага апарата і нічога болей, хіба што кроў прыліла да галавы.

Я запаліў свечку. Схіліўшыся над полымем, заўважыў, што ўвесь дрыжу, і рэзка выпрастаўся, быццам нехта дакрануўся да мяне ззаду.

Я вельмі хваляваўся.

Я зрабіў некалькі крокаў, вымавіў уголас некалькі фраз, праспяваў пару куплетаў.

Пасля я зачыніў дзверы пакоя на два абароты і трошкі супакоіўся. Прынамсі, ніхто ўжо болей не зойдзе. Я яшчэ раз сеў і абдумаў як мае быць гэтае здарэнне, пасля дзьмухнуў на свечку і лёг спаць.

Некалькі хвілін усё было добра. Я спакойна ляжаў на спіне. Пасля мне захацелася агледзець пакой, і я павярнуўся на бок.

У каміне заставаліся дзве ці тры чырвоныя галавешкі, якія асвятлялі ножкі фатэля. І мне зноў здалося, што ў ім сядзіць чалавек.

Я хуценька чыркануў запалкай — гэта была памылка, у фатэлі нікога не было.

Я ўстаў і адсунуў фатэль за ложак. Пасля зноў патушыў святло і паспрабаваў заснуць. Я паспеў паспаць можа якіх хвілін пяць, калі мне ў сне, як наяве, з'явілася відовішча, перажытае ўвечары. Я прачнуўся апанаваны жахам, запаліў святло, сеў на ложку і ўжо нават не думаў пра тое, каб заснуць.

Аднак двойчы я мімаволі засынаў на нейкі момант, і абодва разы прывід вяртаўся. Здавалася, я звар'яцеў.

Калі настаў дзень, я ачуўся і спакойна прадрамаў да апоўдня.

Усё скончылася. Можа, гэта была гарачка, страшны сон, ці ж я ведаю? Урэшце, я быў хворы. Дый дурны таксама.

Увесь гэты дзень мне было вельмі весела. Я павячэраў у кабарэ, паглядзеў спектакль і пайшоў дадому. Але калі я ўжо падыходзіў да дома, мяне апанавала нейкая трывога. Я баяўся зноў убачыць ЯГО. Я баяўся новай памылкі маіх вачэй, баяўся галюцынацыі, баяўся жаху, які мяне ахопіць.

Больш за гадзіну я хадзіў туды-сюды па вуліцы. Урэшце я абазваў сябе ідыётам і ўвайшоў. Я так задыхаўся, што ледзь дабраўся да свайго паверха. Я пастаяў яшчэ хвілін дзесяць перад дзвярыма, пасля, напружыўшы волю, у нейкім парыве мужнасці павярнуў ключ. Са свечкай у руцэ я кінуўся наперад, штурхнуў нагой прачыненыя дзверы майго пакоя і, стрымліваючы жах, паглядзеў у бок каміна. Там нікога не было...

Якая палёгка! Якая радасць! Ратунак! Я хадзіў сюды-туды па пакоі. Але мне ўсё ж было неспакойна, час ад часу я рэзка паварочваўся, мяне непакоіў цень у кутах.

Спаў я кепска, усю ноч мяне будзілі нейкія таямнічыя гукі. Але ЯГО я не бачыў. Больш ніколі.

З таго дня я баюся заставацца адзін уначы. Мне здаецца, што прывід недзе побач, навокал. І ўсё ж ён болей не з'яўляўся. Зрэшты, гэта ўжо не так важна, бо я ў гэта не веру, я ведаю, што гэта глупства!

І аднак ён мяне турбуе, бо я ўвесь час пра яго думаю — правая рука вісела, галава была нахіленая ўлева, як у чалавека, які спіць... Ну, хопіць, халера з ім! Не хачу больш пра гэта думаць!

І ўсё ж адкуль гэтае насланнё? Адкуль гэтая неадчэпнасць? Яго ногі былі каля самага агню!

Ён не дае мне спакою. Гэта глупства, але гэта так. Хто гэта — ён? Я добра ведаю, што ён не існуе, што ўсё гэта лухта! Ён існуе толькі ў маёй боязі, у маім страху! Ну, хопіць!..

Усё гэта так, але я ўсё ж ніяк не магу сябе пераканаць, набрацца смеласці — я не магу больш заставацца адзін у маёй кватэры, бо там — ён. Я ведаю, што больш ніколі яго не ўбачу, ён болшп не з'явіцца, з гэтым скончана. Але ён жыве ў маіх думках. Ён застаецца нябачны, і тым не менш ён існуе. Ён хаваецца за дзвярыма, у зачыненай шафе, пад ложкам, ва ўсіх цёмных кутах, ва ўсіх ценях. Калі я адчыняю дзверы, заглядаю ў шафу, лезу са свечкай пад ложак або асвятляю ўсе цёмныя куты — яго там ужо няма. Але тады мне здаецца, што ён тоіцца ў мяне за спінай. Я азіраюся, хоць і ведаю, веру, што не ўбачу яго. І тым не меней ён зноў застаецца недзе ззаду.

Гэта глупства, але гэта жахліва. І я нічога не магу зрабіць.

Але калі б нас было двое ў кватэры, праўда, я ведаю напэўна, ён бы знік назаўсёды! Бо ён ёсць таму, што я адзін, толькі таму, што я адзін.


Пераклад: Сяргей Шупа

Шалёная

Мая дарагая Жэнэўева, ты просіш, каб я табе расказала пра маё вясельнае падарожжа. Не ведаю, ці наважуся я. А ты, нягодніца, ты мне нічога не казала, нават не заікалася, ну, зусім нічога! І як ты, што ўжо замужам паўтара года, ты, мая найлепшая сяброўка, што раней нічога ад мяне не хавала, і ты не мела літасці мяне папярэдзіць! Каб ты толькі мяне перасцерагла, зрабіла хоць які намёк, пасеяла ў маёй душы хоць самае маленькае падазрэнне, ты б не дала мне зрабіць гэтае вялікае глупства, ад якога я яшчэ і цяпер чырванею і з якога мой муж будзе смяяцца аж да канца свайго жыцця, глупства, у якім вінаватая адна ты!

Я была страшэнна асмеяная, і асмеяная назаўсёды. Я зрабіла памылку, памяць пра якую не сатрэцца ніколі, і ўсё праз цябе, нядобрую... О, каб я толькі ведала!

Ну, добра, пішучы, я набралася трошкі смеласці, то хай ужо будзе, што будзе. Напішу ўсё, як было. Толькі абяцай, што не будзеш занадта смяяцца.

Не спадзявайся на камедыю. Гэта хутчэй драма.

Ты памятаеш маё вяселле. Таго самага дня я павінна была выправіцца ў вясельнае падарожжа. Вядома ж, я зусім не як тая Палета, гісторыю якой Жып так смешна апісаў у сваім дасціпным рамане «Вакол вяселля». І калі б мая маці сказала мне, як у кнізе пані д'Атрэтан кажа сваёй дачцэ: «Твой муж абдыме цябе... і...», я напэўна не адказала б смеючыся, як Палета: «Не трэба далей, мама... я ведаю не горш за цябе...»

А я не ведала нічога, і мама, мая бедная мамуля, якая ўсяго баіцца, не адважылася закранаць такое далікатнае тэмы.

І вось а пятай гадзіне ўвечары, пасля вячэры, нам сказалі, што экіпаж гатовы і чакае нас. Госці ўжо былі паехалі, я была гатовая. Мне дагэтуль згадваецца грукат куфроў на сходах і гугнявы татаў голас — ён марна спрабаваў схаваць слёзы. Пацалаваўшы мяне, ён, бедны, сказаў: «Трымайся!», як быццам я ішла да зубнога лекара. Што ж да маці, дык тут слёзы ліліся ракой. Муж прыспяшаў мяне, каб хутчэй скончыць гэтае цяжкае развітанне, а я, хоць і вельмі шчаслівая, таксама патанала ў слязах. Цяжка растлумачыць, але гэта так. І раптам я адчула, як нехта цягне мяне за падол сукенкі. Гэта быў Біжу, пра якога я зусім забыла. Бедная жывёліна па-свойму развітвалася са мной. Нешта кальнула мне ў сэрца, і мне вельмі захацелася пацалаваць сабачку. Я схапіла яго (ты ж ведаеш, ён маленькі, велічынёй з кулачок) і пачала абсыпаць яго пацалункамі. Я вельмі люблю цалаваць звяркоў, я адчуваю асалоду, я дрыжу ад пяшчоты.

А ён, ён зусім звар'яцеў, ён махаў лапкамі, лізаў мяне, нібыта пакусваючы, як ён звычайна робіць, калі яму вельмі прыемна. І раптам ён схапіў зубамі за мой нос, і мне зрабілася балюча. Я закрычала і кінула сабачку. Ён і сапраўды ўкусіў мяне ў запале гульні. У мяне з носа цякла кроў. Усім было няёмка. Нехта прынес вады, воцату, бінту, і мой муж сам узяўся мяне лячыць. Нічога сур'ёзнага не было, толькі дзве маленькія дзірачкі, быццам хто пракалоў іголачкамі. Праз пяць хвілін кроў спынілася, і мы паехалі.

Мы вырашылі пападарожнічаць тыдняў шэсць па Нармандыі.

Таго самага вечара мы прыехалі ў Дзьеп. А дакладней кажучы апоўначы.

Ты ведаеш, як я люблю мора. Я сказала мужу, што не лягу спаць, пакуль не пабачу мора. Ён вельмі засмуціўся. Я спыталася, смеючыся:

— Вы што, хочаце спаць?

Ён адказаў:

— Не, дарагая, але вы павінны разумець, што я імкнуся як найхутчэй застацца з вамі сам-насам.

Я здзівілася:

— Сам-насам са мной? Але ж мы ад самага Парыжа былі адны ў цягніку.

Ён усміхнуўся:

— Былі... але... у цягніку — гэта зусім іншая справа, чым калі б мы былі ў нашым пакоі.

Я не саступала:

— Тады добра, вось мы адны на беразе.

Без сумнення, яму ўсё гэта не падабалася. Але ён усё ж сказаў:

— Ну, добра, хай будзе так, як вы хочаце.

Ноч была казачная. Такая ноч нараджае ў душы вялікія і няясныя думкі, і нават не думкі, а пачуцці; хочацца выпрастаць рукі, выпрастаць крылы, абняць неба, ах!

І заўсёды здаецца, што вось-вось зразумееш нешта непазнавальнае.

У паветры лунае Мара, усеабдымная паэзія, незямное шчасце, нейкае бясконцае ап'яненне, што плыве ад зорак, ад месяца, ад серабрыстай і неспакойнай вады. Гэта найлепшыя хвіліны ў жыцці. У гэткія хвіліны нашае існаванне робіцца нейкім інакшым, прыгажэйшый, чароўнейшым. Гэтакія хвіліны — гэта нібы адкрыццё таго, што яшчэ не адбылося, што яшчэ павінна адбыцца.

Тым часам майму мужу не цярпелася вярнуцца ў гатэль. Я запыталася ў яго: «Табе холадна? — Не. — Тады паглядзі на той караблік, вунь там — здаецца, што ён заснуў на вадзе. Ці можа недзе быць лепей, чым тут? Я б засталася тут да раніцы. Пачакайма тут світання, добра?»

Ён падумаў, што я з яго насміхаюся, і амаль гвалтам зацягнуў мяне ў гатэль! О, каб я ведала! О, няшчасны!

Калі мы засталіся адны, мне зрабілася сорамна, няёмка, не ведаю чаму, клянуся табе. Урэшце я выправіла яго ў прыбіральню і легла ў ложак.

О, дарагая, як табе пра гэта сказаць? Ну дык вось. Напэўна ён палічыў маю празмерную нявіннасць за хітрасць, маю прастату за прытворства, маю даверлівую, дурнаватую бездапаможнасць за своеасаблівую тактыку і таму зусім забыўся пра асцярожнасць, патрэбную дзеля таго, каб растлумачыць даверлівай і цалкам непадрыхтаванай душы, памагчы ёй зразумець і прыняць такія патаемныя рэчы.

Раптам мне здалося, што ён страціў розум. Мяне апанаваў страх, і я падумала, ці не хоча ён мяне забіць. Калі чалавека ахопіць страх, ён не разважае, ён больш не думае, ён вар'яцее. Я адразу ўявіла сабе розныя страшныя рэчы. Я згадала выпадкі з газет, таямнічыя злачынствы, усе плёткі пра маладых дзяўчын, што выйшлі замуж за нягоднікаў! І ўвогуле, ці я ведала свайго мужа? Ашалеўшы ад страху, я пачала адбівацца, адпіхваць яго. Я нават выдрала ў яго пасму валасоў і палову вусоў і, вызваліўшыся, ускочыла з ложка і пачала крычаць: «Ратуйце!» Я пабегла да дзвярэй, адамкнула засаўку і выбегла амаль голая на калідор.

Паадчыняліся іншыя дзверы, з іх павыходзілі мужчыны ў начных кашулях са свечкамі ў руках. Я кінулася ў абдымкі аднаму з іх, просячы ў яго ратунку. Ён рушыў да майго мужа.

Што было далей — я не ведаю. Яны біліся, крычалі, а пасля пачалі смяяцца, але так смяяцца, што ты не можаш сабе ўявіць. Смяяўся ўвесь гатэль, ад склепа да гарышча. З калідораў даносіліся гучныя выбухі весялосці, іншыя грымелі ў пакоях наверсе. Кухцікі смяяліся на паддашку, а швейцар душыўся смехам на матрацы ў вестыбюлі! Уяві сабе — у гатэлі!

Пасля я зноў апынулася сам-насам з мужам, які даў мне некалькі агульных тлумачэнняў, як тлумачаць хімічны эксперымент перш чым яго правесці. Ён быў вельмі незадаволены. Я плакала, пакуль не настаў дзень, і як толькі гатэль расчыніў дзверы, мы паехалі адтуль.

І гэта яшчэ не ўсё.

Наступнага дня мы прыехалі ў Пурвіль — маленькі курорт, які толькі пачалі будаваць. Мой муж прыставаў да мяне са сваімі дагаджаннямі і пяшчотамі. Першае незадавальненне прайшло, і цяпер ён быў проста зачараваны. А я, саромеючыся маёй прыгоды днём раней, была вельмі ласкавая і паслухмяная. Але ты сабе не ўяўляеш, які жах, якую агіду, амаль нянавісць абуджаў ува мне Анры пасля таго, як я даведалася пра той ганебны сакрэт, які так страшна хаваюць ад маладых паннаў. Я была ў роспачы, мне было да смерці смутна, мне не давала спакою жаданне вярнуцца да маіх бедных бацькоў. Праз дзень мы прыехалі ў Этрэта. Там сярод адпачывальнікаў быў пярэпалах: толькі што памерла ад шаленства маладая жанчына, якую ўкусіў маленькі сабачка. Я адчула дрыготку ў сліне, калі пачула пра гэта за сталом. Мне адразу ж здалося, што ў мяне баліць нос, і я адчула жахлівую немач ва ўсім целе.

Я не спала ўсю ноч, я зусім забылася пра мужа. Што, калі і я памру ад шаленства! Раніцай я спыталася ў метрдатэля пра падрабязнасці. І падрабязнасці былі самыя жахлівыя. Увесь дзень я гуляла па стромах. Я больш ні з кім не размаўляла. Я думала. Шаленства! Якая жахлівая смерць! Анры пытаўся ў мяне: «Што з табой? Ты нейкая смутная», я адказвала: «Нічога, усё добра». Мой позірк блукаў па моры, па фермах, па роўнядзі палёў, але я нічога не бачыла. Нізавошта ў свеце я б не прызналася, якая думка мяне гняце. Нейкі сапраўдны боль працяў мой нос. Мне захацелася вярнуцца.

Вярнуўшыся ў гатэль, я зачынілася, каб паглядзець на рану. Не было болей сумнення, яна балела.

Я адразу ж напісала маці кароценькі ліст, які напэўна здаўся ёй дзіўным. Я патрабавала неадкладнага адказу на зусім дробязныя пытанні. І ў канцы прыпісала: «І не забудзьцеся, калі ласка, напісаць пра Біжу».

Наступнага дня я не магла есці, але ўсё ж адмовілася пайсці да лекара. Я прасядзела ўвесь дзень на пляжы, назіраючы за купальшчыкамі ў вадзе. Яны былі розныя, тоўстыя, худыя,вельмі брыдкія ў сваіх купальных гарнітурах, але мне было не да высмейвання. Я думала: «Шчаслівыя! Іх ніхто не ўкусіў. Яны будуць жыць! Яны нічога не баяцца. Яны могуць весяліцца, колькі захочуць. Ім добра!»

Штохвіліны я абмацвала нос, каб даведацца, ці ён не распух. Вярнуўшыся ў гатэль, я адразу ж замкнулася ў пакоі, каб паглядзецца ў люстра. Калі б мой нос змяніў колер, я б напэўна памерла на месцы.

Увечары я раптам адчула нейкую роспачную пяшчотнасць да мужа. Ён здаўся мне добрым, я абаперлася на яго руку. Дваццаць разоў я збіралася выдаць яму мой жахлівы сакрэт, але не адважвалася.

Ён брыдка скарыстаў маю бездапаможную адданасць, прыгнечанасць маёй душы. У мяне ўжо не засталося ні моцы, ні нават жадання яму працівіцца. Я магла стрываць усё! Наступнага дня я атрымала ліст ад маці. Яна адказала на мае пытанні, але нічога не напісала пра Біжу. Я адразу падумала: «Ён памёр, і ад мяне гэта хаваюць». Мне захацелася бегчы на тэлеграф і даслаць тэлеграму. Мяне спыніла думка: «Калі ён папраўдзе памёр, мне пра гэта ўсё роўна не скажуць». І я асудзіла сябе яшчэ на два дні пакутаў. Тады я зноў напісала. Я прасіла, каб мне даслалі майго сабачку, бо мне тут трошкі сумна.

Па абедзе мяне ахапіла ліхаманка. Я не магла падняць шклянку з вадой, не выліўшы паловы. Стан маёй душы быў безнадзейны. Калі настаў вечар, я ўцякла ад мужа і пабегла ў царкву. Я доўга малілася.

Вяртаючыся, я адчула новыя болі ў носе і зайшла да аптэкара. Я расказала яму пра адну маю сяброўку, якую ўкусіў сабака, і спыталася парады. Гэта быў мілы чалавек, вельмі паслужлівы. Ён даў мне шмат парадаў. Але мой розум быў такі стомлены, што я нічога не запомніла, акрамя аднаго: «Прамыванне страўніка было б вельмі пажаданае». Я купіла некалькі бутэлечак не ведаю чаго, быццам бы дзеля таго, каб паслаць іх сяброўцы.

Сабакі, якіх я сустракала на вуліцы, абуджалі ўва мне страх і агіду, і мне хацелася бегма бегчы ад іх. Часам мне здавалася, што мне хочацца іх укусіць.

Я мела вельмі неспакойную ноч. Мой муж скарыстаў гэта. Наступнага дня я атрымала адказ ад маці. «Біжу, — пісала яна, — адчувае сябе выдатна. Але выслаць яго чыгункай мы не наважымся, бо паставілі б яго пад небяспеку». Значыць, мне не хочуць яго выслаць. Ён памёр!

Я зноў не спала ўначы. Анры хроп. Ён прачынаўся некалькі разоў. Гэта канчаткова вычарпала мае сілы.

Наступнага дня я купалася ў моры. Мне ледзь не зрабілася нядобра ад холаду, калі я ўваходзіла ў ваду. Мяне затрэсла ад гэтага ледзянога холаду, ногі аж калаціліся. Але нос ужо зусім не балеў.

Я выпадкова пазнаёмілася з лекарам, курортным інспектарам, цудоўным чалавекам. З незвычайным умельствам я павярнула гаворку на патрэбную мне тэму. Я прызналася, што колькі дзён таму мяне ўкусіў мой сабачка, і спыталася, што трэба рабіць, калі пачнецца запаленне. Ён засмяяўся і сказаў: «У вашым становішчы ёсць толькі адно выйсце — вам патрэбны новы маленькі носік».

Я не зразумела, і ён дадаў:

— Зрэшты, гэта ўжо справа вашага мужа.

Я так і не даведалася нічога новага і развіталася з ім.

У той вечар Анры быў вельмі вясёлы і шчаслівы. Мы пайшлі ў тэатр «Казіно», але ён не дачакаўся канца спектакля і прапанаваў мне вярнуцца. Я ўжо страціла была цікаўнасць да ўсяго і згадзілася.

Мне не ляжалася ў ложку, усе мае нервы былі напружаныя. Ён таксама не спаў. Ён цалаваў, лашчыў мяне, абдорваў пяшчотамі, быццам здагадваўся, як я пакутую. Я цярпела яго пяшчоты, не зважала на іх, не думала пра іх.

І тут раптам мяне скруціў нечаканы, незвычайны, маланкавы прыпадак. Я нема закрычала, адпіхнуўшы мужа, які туліўся да мяне, кінулася да дзвярэй і раптоўна ўпала тварам уніз. Гэта было шаленства, страшнае шаленства. Гэта быў канец.

Разгублены Анры падняў мяне, каб даведацца, у чым справа. Але я маўчала, пакорліва чакаючы смерці. Я ведала, што пасля некалькіх гадзін супакою мяне скруціць новы прыпадак, пасля яшчэ адзін, аж да апошняга, які будзе смяротны.

Я дазволіла занесці сябе ў ложак. На світанні надакучлівыя дамаганні мужа сталіся прычынай новага прыпадку, які цягнуўся даўжэй, чым першы. Мне хацелася драпаць, кусацца, выць. Гэта было жахліва, але чамусьці зусім не так балюча, як я думала.

А восьмай гадзіне раніцы я заснула ўпершыню за апошнія чатыры ночы.

А адзінаццатай нейкі мілы мне голас абудзіў мяне. Гэта была мама. Яе напалохалі мае лісты, і яна прыляцела, каб мяне пабачыць. У руках яна трымала вялікі кошык, з якога раптам пасыпаўся сабачы брэх. Я схапіла кошык, не памятаючы сябе, ашалелая ад надзеі. Я расчыніла кошык, і Біжу саскочыў на ложак, пачаў лізаць мяне, скакаць вакол, качацца на падушцы ад дзікай радасці.

Вось так, дарагая мая, можаш верыць, можаш не верыць... Да мяне ўсё дайшло толькі наступнага дня!

О! Фантазія! Як яна працуе! Падумаць толькі, што я сабе навыдумляла?.. Ну, ці не дурная?..

Я так нікому і не прызналася, разумееш, нікому, пра тое, ад чаго я пакутавала гэтыя чатыры дні. Уяві сабе, каб мой муж даведаўся?.. Ён і так з мяне насміхаецца пасля выпадку ў Пурвілі. Зрэшты, я не крыўджуся на яго жарты. Я прызвычаілася. Да ўсяго ў жыцці можна прызвычаіцца.


Пераклад: Сяргей Шупа 

Мартэнава дачка

Гэта здарылася з ім у нядзелю, пасля абедні. Ён выйшаў з царквы, скіраваў на пралеглую ярам дарогу, якая вяла дадому, і тут уперадзе заўважыў Мартэнаву дачку: яна таксама вярталася дахаты.

Побач з дзяўчынаю паважнай ступою заможнага фермера ішоў бацька. Ён заўсёды надзяваў нейкі шэры суконны сурдут — не любіў блузаў: на галаве ў яго быў шыракаполы капялюш.

Дзяўчына была ў туга зашнураваным гарсэце, які надзявала яна толькі ў нядзелю; тонкая і шыракаплечая, яна стройна ішла, пакалыхваючы крутымі клубамі.

На галаве ў яе красаваўся ўпрыгожаны букецікам кветак капялюшык, выштукаваны гарадской мадысткай з Івэто; дужая, гладкая, гнуткая шыя была голая, на патыліцы пяшчотна трапяталіся кароценькія кудзеркі, зруселыя на ветры ды сонцы.

Бэнуа бачыў дзяўчыну толькі ззаду; але ён выдатна помніў яе з твару, хоць ніколі асабліва і не прыглядаўся да яе.

«Чорт вазьмі, такая красуня Мартэнава дачка!» — падумалася яму раптам. Ён залюбавана глядзеў на яе хаду і нечакана адчуў, як яго апаноўвае гарачае жаданне. Яму нават не было патрэбы, каб яна азірнулася, не! Яго вочы былі прыкаваны да дзявочага стану, а ў думках вілося тое самае: «Чорт вазьмі, такая красуня!»

Дзяўчына павярнула направа, у кірунку да «Мартэнёўкі» — фермы Жана Мартэна, бацькавай фермы, — і азірнулася. Яна ўбачыла Бэнуа, які чамусьці да смеху дзівакавата, як ёй здалося, глядзеў на яе, і гукнула:

— Дабрыдзень, Бэнуа!

— Дабрыдзень, васпані, дабрыдзень, васпані Мартэн, — адказаў ён і пашыбаваў далей.

Калі ён прыйшоў дадому, суп ужо стаяў на стале. Ён сеў насупраць маці, побач з парабкам і наймітам, а служанка пабегла нацадзіць сідру.

Бэнуа пасёрбаў трохі і адсунуў талерку.

— Ці не захварэў ты часам? — запыталася маці.

— Ды не, жывот нешта пучыць, не хочацца есці, — адказаў ён.

Ён глядзеў, як елі іншыя, сам час ад часу адломваў кавалачак хлеба, няспешна клаў яго ў рот і паволі жаваў. Яго думкі былі заняты Мартэнавай дачкой: «Папраўдзе-такі красуня...» І як толькі ён дасюль не заўважаў гэтага? Адкрыццё прыйшло так знянацку і ўзрушыла так моцна, што ў яго ажно прапаў апетыт.

Да смажаніны ён і не даткнуўся.

— Ну, з'еш хоць кропельку, Бэнуа, — угаворвала маці. — Гэта ж бараніна, табе палепшае. Ну і хай сабе не хочацца, а ты цераз сілу паеш.

Бэнуа пракаўтнуў адзін-другі кавалачак і адставіў талерку: не, папраўдзе нішто не лезла ў горла.

Папоўдні ён вырашыў прагуляцца і адпусціў найміта, сказаў, што па дарозе сам загоніць худобу.

У полі было бязлюдна: людзі нядзелькавалі. Сям-там у канюшыне на ўгрэве палежвалі, жавалі жуйку разамлелыя, з разбухлым вымем каровы. Пры ворыве чакалі прыткнутыя збоку плугі; шырокія чорныя шнуры пераплужаных ужо, гатовых да сяўбы палеткаў перамяжоўваліся з жоўтымі палосамі свежага пшанічнішча і аўсянішча.

На прыволлі гуляў востры восеньскі вецер, як знак таго, што ўвечары па захадзе сонца будзе халаднавата. Бэнуа сеў каля рова, зняў капялюш, паклаў яго на калені, быццам яму было трэба асвяжыць галаву, і ў поўнай цішыні галосна сказаў:

— Што красуня яна, то красуня!

Ён думаў пра гэта і ўночы, калі ўжо ляжаў у пасцелі, і раніцаю, як толькі прачнуўся.

Ён не быў маркотны ці незадаволены; ён і сам не змог бы растлумачыць, што з ім такое сталася. Нешта завалодала ім, нешта запала яму ў душу, Бог ведае якая драбязюлька чэпка сядзела там і паказытвала яго сэрца. Гэтак часам заляціць у пакой вялікая муха. З гучным бзынкатам кідаецца яна то ў адзін, то ў другі бок, і гэты бзынкат не дае вам спакою, раздражняе. Раптам муха прыпыняецца, сціхае; вы ўжо нават забываеце пра яе, але тут жа яна зноў зрываецца ў лёт, і вы міжволі гледзіце ёй услед. Ні злавіць, ні выгнаць, ні забіць, ні ўтаймаваць яе немагчыма. Яна ж толькі на нейкі момант супыніцца — і зноў усчынае сваё надаеднае бзынканне.

Гэтак і згадка пра Мартэнаву дачку не давала спакою Бэнуа, нібы назолістая муха.

Потым яму закарцела яшчэ раз убачыць дзяўчыну, і ён закружляў паблізу Мартэнёўкі. І ўрэшце-такі ўбачыў: яна развешвала бялізну на вяроўцы, напятай паміж дзвюма яблынямі.

Дзень быў цёплы; Мартэнава дачка была адно ў кароткай ніжняй спадніцы; надзетая на голае цела, кашуля шчыльна аблягала пругкія дзявочыя грудзі, як толькі яна ўзнімала рукі, каб павесіць ручнік.

Бэнуа як прыкіпеў за ровам; прамінула з гадзіну часу, ужо і дзяўчына даўно знікла ў хаце, а ён усё не кранаўся з месца. Дадому ён вярнуўся ўзрушаны яшчэ мацней, чым пры першай сустрэчы.

Цэлы месяц яго думкі былі заняты адной Мартэнавай дачкой; ён ажно ўздрыгваў, калі пры ім згадвалася яе імя. У яго дарэшты прапаў апетыт, па начах ён абліваўся потам і амаль не спаў.

Штонядзелі, у час абедні, ён не зводзіў з яе вачэй. Яна заўважыла гэта і стала яму ўсміхацца, палашчаная такім непрыхаваным залюбаваннем.

Неяк вечарам ён зусім неспадзявана сустрэўся з ёю на палявой дарозе. Яна ўбачыла яго і спынілася. Ад спалоху і ўсхваляванасці ў яго ажно перацяло дыханне, але ён усё-такі цвёрда рушыў да яе з намерам сказаць усё. І, запінаючыся, загаварыў:

— Ну вось, васпанна Мартэн, самі бачыце, далей так цягнуцца не можа.

— Што далей так цягнуцца не можа, Бэнуа? — перапытала дзяўчына з усмешкаю.

— Што я цэлымі днямі думаю пра вас.

Яна паставіла рукі ў бокі:

— А хіба я прымушаю вас?

— Прымушаеце... — Бэнуа запнуўся. — Прымушаеце; я ўжо ні піць, ні есці не магу, ні сну, ні пярэдыху не маю.

— То чым жа тады вылечыць вас ад гэтага? — прашаптала яна.

Ён разгубіўся: рукі яго абвіслі, вочы скруглелі, рот прыадкрыўся.

Яна моцна адштурхнула яго і ўцякла. З гэтага дня яны пачалі сустракацца — то каля межавых равоў, то на дарозе ў ярах, то ў прывечарэлым полі, калі ён пасля працы вёў дадому коней, а яна гнала з пашы сваіх кароў.

Бэнуа адчуваў, як неадольная сіла вабіць яго да Мартэнавай дачкі, ён цягнуўся да яе і душой, і целам. Яму праглася сціснуць яе ў абдымках, задушыць, з'есці, зрабіць яе часткай сябе самога. І яго ажно калаціла ад бяссілля і нецярплівасці, ад шалу, што яна не дарэшты належыць яму, што яны не створаны адзінай істотай.

Па наваколлі пра іх пайшла пагалоска. Іх ужо лічылі жаніхом і нявестай. Аднойчы ён і сам папытаўся ў яе, ці хацела б яна стаць яго жонкаю, і яна адказала: «Хацела б».

Яны чакалі моманту, каб пагаварыць з бацькамі. І раптам ні з таго ні з сяго яна перастала хадзіць на спатканні. Ён падоўгу блукаў вакол іхняй фермы, але так ні разу і не ўгледзеў дзяўчыны. Давялося чакаць нядзелі, каб убачыцца з ёю ў царкве. А ў нядзелю, адразу пасля абедні, кюрэ з амбона абвясціў пра заручыны Вікторыі-Адэліны Мартэн з Жазэфанам-Ізідорам Валэнам.

У Бэнуа абвялі рукі, нібыта з іх раптоўна спусцілі ўсю кроў. У вушах шумела, ён як аглух; толькі па нейкім часе ён заўважыў, што плача, уткнуўшыся ў малітоўнік.

Цэлы месяц ён не паказваўся на людзях. Потым зноў улёг у работу.

Аднак загою не было, ён думаў і думаў пра дзяўчыну. Штодня, зранку і ўвечары, ён падоўгу гуляў у полі, але пазбягаў хадзіць дарогамі паблізу Мартэнёўкі, далёка абыходзіў яе, каб не бачыць нават абсады тае сядзібы.

Яна была ўжо замужам за Валэнам, самым багатым фермерам у кантоне. Бэнуа перастаў размаўляць з Валэнам, хоць яны таварышавалі з самага маленства.

Неяк вечарам, праходзячы паўз мэрыі, Бэнуа пачуў, што Мартэнава дачка цяжарная. Гэта навіна чамусьці зусім не прычыніла яму болю — наадварот, ён адчуў нават пэўную палёгку. Ну, вось і ўсё, вось і ўсё нарэшце. Гэта разлучала іх яшчэ болей, чым сам шлюб. Папраўдзе, гэтак было нават лепей.

Прамінаў месяць за месяцам. Бывалі выпадкі, што ён бачыў яе на дарозе, калі яна ацяжэлай паходкай ішла ў сяло. Угледзеўшы яго, яна чырванела, угінанала галаву і прыспешвала хаду. А ён увогуле зварочваў убок, каб не сутыкацца з ёю, не сустрэцца позіркам.

Яго жахала думка, што ў любы дзень ён можа апынуцца з ёю з вока на вока, і тады давядзецца загаварыць. А што ён мог сказаць ёй цяпер пасля ўсяго, што было сказана некалі, калі ён браў яе рукі ў свае і цалаваў яе валасы на скронях? Зноў і зноў прыгадваліся яму спатканні каля равоў. Подла ўсё-такі яна зрабіла — і гэта пасля ўсіх яе абяцанак!

І ўсё ж маркота спакваля ў яго сэрцы саступала месца лёгкай журбе. Нарэшце настаў і такі дзень, калі ён упершыню зноў, як некалі, рушыў на прагулку па дарозе, якая пралягала паблізу Мартэнавай фермы. Неўзабаве завіднеўся дах яе дома. Вось тут, тут жыве яна — з другім!.. Пышна цвілі яблыні, на сметніку кукарэкалі пеўні... Сядзіба выглядала спусцелаю: гаспадары выправіліся ў поле — быў разгар вясенніх работ. Бэнуа спыніўся каля загароды, абвёў позіркам падвор'е. Каля будкі драмаў сабака, да копанкі нетаропка ішлі адно за адным трое цялят. Тоўсты індык распускаў хвост каля парога, фасоніста, як спявак на сцэне, пахаджаў перад чарадой курэй.

Бэнуа прыпёрся да слупка: нечакана чамусьці страшэнна захацелася плакаць. Але тут з дома да яго даляцеў крык, доўгі адчайны лямант. Бэнуа стаў як укапаны, ашчаперыў жэрдку, напята ўслухаўся. І зноў доўгі, роспачны лямант упіўся яму ў вушы, у самае сэрца, працяў яму ўсю істоту. Гэта крычала яна! Ён сарваўся з месца, перабег лужок, рыўком расчыніў дзверы і ўбачыў яе — на падлозе: пасінелая, з ашалелымі ад болю вачыма, яна сутаргава курчылася ў перадродавых схватках.

Ён так і прырос да парога, спалатнеў, залекацеў мацней, чым яна, і пралепятаў:

— Гэта я, тут я, тут, васпанна Мартэн.

Яна задыхаючыся адказала:

— Ох, не пакідайце мяне адну, толькі не пакідайце мяне, Бэнуа!

Ён глядзеў на яе і не ведаў, што рабіць, што казаць. Яна закрычала зноў:

— Вой, вой! Проста на частачкі разрывае! Вой, Бэнуа!

Яна ажно вілася ад болю.

І тады Бэнуа раптам ахапіла апантанае жаданне паратаваць яе, суцішыць боль, збавіць яе ад пакут. Ён нагнуўся, узяў яе на рукі, падняў і занёс на ложак; яна не пераставала стагнаць, а ён хутка раздзяваў яе, скідаў кофтачку, спадніцу, кашулю. Яна кусала сабе рукі, каб стрымаць крык. А ён зрабіў тое, што звычайна рабіў сваёй жывёле — каровам, авечкам, кабылам: памог ёй нарадзіць, і неўзабаве трымаў у руках пісклявае немаўлятка.

Ён абцёр яго, увярцеў у палатніну, якая сушылася каля печы, паклаў на стол на яшчэ не прасаваную бялізну і вярнуўся да парадзіхі.

Ён зноў паклаў яе на падлогу, памяняў прасціны і пасля перанёс на пасцель. Яна прашаптала:

— Дзякуй, Бэнуа, слаўны ты чалавек.

І, як ад нейкага запозненага жалю, ціха заплакала.

А ён — ён ужо не кахаў яе, зусім не кахаў. З каханнем было кончана. Якім такім чынам? Чаму? Ён і сам не змог бы растлумачыць. Але тое, што цяпер адбылося, вылечыла яго так, як не вылечылі б і дзесяць гадоў разлукі.

Яна — зняможаная, усхваляваная — папыталася:

— Хто хоць у мяне?

Ён спакойна адказаў:

— Дзяўчынка, ды такая гожанькая!

Яны памаўчалі. Неўзабаве парадзіха ціха папрасіла:

— Пакажы мне яе, Бэнуа.

Ён узяў немаўля на рукі і, нібы пасвянцоны бохан хлеба, падаў маці — і раптам дзверы расчыніліся і на парозе стаў Ізідор Валэн.

У першы момант ён ніяк не мог уцяміць, што тут да чаго; нарэшце, зразумеў усё.

Збянтэжаны Бэнуа залепятаў:

— Я праходзіў міма... Іду гэта сабе міма і раптам чую — крычыць... Ну, я і прыбег... Вось тваё дзіця, Валэн!

Муж са слязьмі на вачах ступіў да Бэнуа, узяў у яго з рук пакуначак, пацалаваў немаўлятка ды так і замёр, не могучы вымавіць слова; потым паклаў дзіця на ложак і падаў Бэнуа абедзве рукі:

— Дай руку, Бэнуа, дай руку! Цяпер між намі, сам бачыш, усё сказана... Хочаш — будзем сябрамі, вернымі сябрамі, га?

І Бэнуа адказаў:

— Хачу, вядома, хачу!


Пераклад: Ніна Мацяш 

Споведзь Тэадзюля Сабо

Калі Сабо заходзіў у Мартэнвільскую карчму, усе загадзя пачыналі смяяцца. Няўжо ж гэты памаўза Сабо быў такі блазан? Не, проста ён не любіў святароў! От не любіў дык не любіў! Цярпець іх не мог, весялун.

Сабо (Тэадзюль), сталяр, прадстаўнік у Мартэнвілі перадавой партыі, быў высокі хударлявы чалавек з шэрымі ўсмешлівымі вачыма, прылізанымі скронямі і тонкімі вуснамі. Калі ён казаў «Наш найсвяты айцец Попа» і рабіў адпаведны рух, усе падалі ад смеху. Па нядзелях падчас набажэнства ён браўся за работу. У панядзелак вербнага тыдня ён заўсёды калоў свінню і еў крывянку да велікоднай. А кожнага разу, як міма яго ў карчме праходзіў плябан, ён жартам казаў: «Яшчэ адзін глынуў свайго бога за стойкай».

Мажны і высокі плябан баяўся Тэадзюлевых досціпаў, бо яны надавалі таму папулярнасці. Святар Марыцім быў чалавек дабітны і закідваў свае сеткі. Дзесяць гадоў паміж імі цягнулася патаемная, бязлітасная і няспынная вайна. Сабо быў местачковы раднік. Усе лічылі, што ён стане мэрам, а гэта, напэўна, азначала канчатковы заняпад царквы.

Набліжаліся выбары. Мартэнвільскія багамольцы трэсліся. І вось адной раніцы плябан паехаў у Руан, сказаўшы пакаёўцы, што хоча сустрэцца з арцыбіскупам.

Ён вярнуўся праз два дні радасны і задаволены. А назаўтра ўсе ведалі, што царкоўныя хоры будуць аднаўляцца. Арцыбіскуп ахвяраваў шэсцьсот франкаў з свае скарбонкі.

Усе старыя сасновыя лавы ламалі і замянялі новымі з дубовых астрыжонкаў. Гэта быў буйны сталярны заказ, і цэлы вечар у кожнай хаце пра яго толькі і гаварылі.

Тэадзюль Сабо не смяяўся.

Калі на другі дзень ён выйшаў на вуліцу, суседзі — і сябры, і ворагі — жартам пыталіся ў яго:

— Ці не ты будзеш аднаўляць царкоўныя хоры?

Той нічога не мог адказаць і шалеў, ціха шалеў ад злосці.

Хітруны казалі:

— Але ж і добрая праца, можна зарабіць не менш за дзвесце-трыста манет.

Яшчэ праз два дні ўсе ведалі, што работу даручылі Сэлестэну Шамбрэляну, разьбяру з Першвіля. Пасля пайшла пагалоска, што ўсе царкоўныя лавы таксама будуць адноўлены. А гэта каштавала дзве тысячы франкаў, якіх папрасілі ў міністэрства. Народ хваляваўся.

Ад усяго Тэадзюль Сабо не спаў па начах. Ніколі на памяці людзей ніводзін мясцовы сталяр не рабіў гэтакай работы. Неўзабаве сталі шаптацца, што плябану не хочацца аддаваць работу майстру з іншай камуны, але ён усё ж не можа даручыць лавы Сабо за яго погляды.

Сабо даведаўся пра гэта. Шарай гадзінай ён пашыбаваў у плябанію. Пакаёўка адказала, што святар у царкве. Ён пайшоў туды.

Дзве манашкі — зброснелыя векавухі — пад кіраўніцтвам плябана аздаблялі алтар, рыхтавалі яго да траўня, месяца Маці Божай. Святар, выставіўшы вялізны жывот, высіўся на хорах і кіраваў жанчынамі, якія, стоячы на крэслах, раскладалі кветкі вакол дарахавальніцы.

Сабо чуўся тут ніякавата, быццам трапіў да заклятага ворага, але прага спажывы цвяліла яго сэрца. З капялюшыкам у руцэ, не звяртаючы ўвагі на манашак, якія ад здзіўлення разгублена аслупянелі на крэслах, ён падышоў і прамармытаў:

— Дзень добры, пан плябан.

Святар адказаў, не зірнуўшы на яго, заняты алтаром:

Дзень добры, пан сталяр.

Збянтэжаны Сабо не ведаў, што рабіць далей. Ён памаўчаў і ўсё ж сказаў:

— Рыхтуецеся?

Плябан Марыцім азваўся:

— Ага, неўзабаве месяц Марыі.

Сабо кіўнуў: «Ага, ага» — і змоўк.

Яму ўжо захацелася павярнуцца і моўчкі пайсці, але, зірнуўшы на хоры, ён затрымаўся. Ён убачыў шаснаццаць ніш з разьблёнымі лавамі на замену — шэсць справа і восем злева, бо дзверы ў рызніцу займалі два месцы. Шаснаццаць дубовых лаваў каштавалі за трыста франкаў, а калі б ён вельмі пастараўся, яму б пэўна заплацілі яшчэ дзвесце за спраўную работу.

Ён загугнявіў:

— Я прыйшоў па работу.

Святар быццам здзівіўся. Ён спытаўся:

— Па якую работу?

Сабо разгублена вымавіў:

— Якую трэба зрабіць.

Тут святар павярнуўся і глянуў яму ў вочы:

— Вы хочаце ладзіць хоры ў маёй царкве?

Ад строгасці плябана Марыціма Тэадзюля Сабо пранялі дрыжыкі, і яму вельмі захацелася ўцячы. Але ён рахмана адказаў:

— Але, пане дабрадзею.

Святар склаў рукі на ёмістым бруху і быццам здранцвеў ад здзіўлення:

— І гэта вы... вы... вы, Сабо... просіце мяне. Вы... адзіны бязбожнік у маёй парафіі... Але ж гэта будзе скандал, такі выбухне скандал! Ягамосць арцыбіскуп дасць мне вымову і, можа, нават перавядзе мяне адсюль.

Некалькі хвілін ён растрывожана пыхкаў, а пасля ціха сказаў:

— Я разумею, вам цяжка глядзець, як такую адказную працу будзе выконваць сталяр з суседняй парафіі. Але я не магу зрабіць інакш, прынамсі... ну не... гэта нельга... Вы не дасцё згоды, а без яе — ніколі.

Сабо разглядаў рады лаваў, якія ішлі аж да самых дзвярэй. Чорт, а калі заменяць усё гэта?

І ён спытаўся:

— Што ж вам трэба? Скажыце.

Святар рашуча адказаў:

— Мне трэба ясны доказ вашай дабрамыснасці.

Сабо прашаптаў:

— Я не супраць. Я не супраць, можа, і дамовімся.

Плябан прапанаваў:

— Вы мусіце прылюдна прыняць прычасце на вялікім набажэнстве ў гэтую нядзелю.

Сталяр адчуў, што бялее, і, не адказаўшы, спытаўся:

— А лавы, іх таксама трэба аднаўляць?

Плябан цвёрда адказаў:

— Трэба, але пасля.

Сабо сказаў:

— Я не супраць, не супраць. Я ж не зацяты, я згодны з рэлігіяй, чаму ж, што мне не даспадобы, дык гэта абрад, але ў гэтым выпадку я не буду сваволіць.

Манашкі злезлі з крэслаў і схаваліся за алтаром, яны слухалі, бледныя ад хвалявання.

Бачачы, што сіла на яго баку, святар зрабіўся раптам лагодны і прыязны:

— Добра, вельмі добра. Вось разумныя, неблагія словы, паверце мне. Вы яшчэ самі ўбачыце.

Сабо сціпла ўсміхнуўся і спытаўся:

— Ці нельга трохі адкласці гэтае прычасце?

Але святар зноў спахмурнеў:

— Перад тым, як даверыць вам работу, я хачу пераканацца ў вашым далучэнні.

І мякка дадаў:

— Прыходзьце да споведзі заўтра, бо трэба, каб вы спавядаліся, прынамсі, двойчы.

Сабо перапытаў:

— Двойчы?

— Але.

Святар усміхаўся:

— Вы ж разумееце, што вам патрэбна грунтоўная чыстка, поўнае ачышчэнне. Значыць, буду чакаць вас заўтра.

Вельмі ўсхваляваны сталяр спытаўся:

— А дзе вы робіце гэта?

— У... у спавядальні.

— У... той шафе, там у куце? Ведаеце... усё ў тым, што... ваша шафа не па мне.

— Чаму гэта?

— Таму... таму, што мне гэта нязвычна, і таму, што я глухаваты.

Плябан аказаўся згодлівы:

— Добра! Тады прыходзьце да мяне, у мой пакой. Мы зробім гэта ўдвух, сам-насам. Згода?

— Вось цяпер згода, а ў вашу шафу — нізашто.

— Дык да заўтра, па рабоце, а шостай.

— Па руках, лады на тры гады, пане дабрадзею, да заўтрага. Хто перадумае — сліняк!

І ён падаў сваю вялікую шурпатую руку, па якой плябан гучна пляснуў сваёй.

Пляск падляцеў пад скляпенне і сціхнуў дзесьці высока за арганнымі трубамі.


Увесь наступны дзень Тэадзюль Сабо непакоіўся. Ён адчуваў сябе гэтак жа пагана, як чалавек, якому будуць рваць зуб. У галаве ўвесь час круцілася думка: «Сёння ўвечары мне спавядацца». І яго хісткая душа, душа нясталага атэіста, трэслася перад Божым таінствам.

Скончыўшы працу, ён пайшоў у плябанію. Святар гуляў у прысадах, чакаючы яго з малітоўнікам у руках. Ён быццам свяціўся і сустрэў яго з прыхільнаю ўсмешкаю:

— А, вось і вы. Заходзьце, пан Сабо, вас тут не з'ядуць.

Сабо ўвайшоў першы. Ён прамармытаў:

— Калі вам не цяжка, мне б хацелася як мага хутчэй скончыць нашу справу.

Плябан адказаў:

— Калі ласка. Толькі апрану стыхар. Хвілінку, і я вас слухаю.

Сталяр, якому адняло мову ад хвалявання, глядзеў, як святар апранаў белы, у складках, убор. Ён зрабіў сталяру знак рукой:

— Укленчыце на гэту падушачку.

Сабо стаяў, саромеючыся апусціцца на калені. Ён прававуліў:

— Гэта абавязкова?

Але святар стаў урачысты:

— Толькі на каленях можна з'явіцца перад судом пакаяння.

І Сабо ўкленчыў.

Святар сказаў:

— Чытайце «Верую».

Сабо спытаўся:

— Што?

— «Верую». Калі не ведаеце, паўтарайце ўслед за мной кожнае слова.

І ён павольна, нараспеў прачытаў святую малітву, а сталяр слова ў слова паўтарыў яе. Пасля сказаў:

— А цяпер — спавядайцеся.

Але Сабо маўчаў, не ведаючы, з чаго пачаць.

Тады плябан Марыцім вырашыў памагчы яму:

— Сын мой, я буду звяртацца да вас з пытаннямі, бо вы, здаецца, мала што разумееце. Адзін за адным мы разбяром Божыя запаветы. Слухайце і не хвалюйцеся. Адказвайце шчыра і не бойцеся гаварыць шмат.

Толькі Госпада любі
І ўсяёй душой шануй.з
Ці любілі вы каго ці што болей за Бога? Ці ўсёй душой, усім сэрцам, усёй існасцю любілі вы яго?

Сабо ажно ўспацеў ад напругі. Ён адказаў:

— Не. О, не, пан плябан. Я люблю Божаньку, як магу. Што праўда, то праўда, я вельмі яго люблю. Сказаць, што я не люблю сваіх дзетак — не, не скажу. Сцвярджаць, што, калі б мне прыйшлося выбіраць паміж імі і Богам — не, не так. Уявіць, што я мушу страціць сто франкаў за любоў да Бога — нельга. Але ж я пэўна люблю яго, я ўсё-такі люблю яго.

Святар сур'ёзна казаў:

— Любіце яго больш за ўсё.

І Сабо, поўны добрых намераў, абяцаў:

— Буду старацца, айцец.

Марыцім зноў пачаў:

Пана Бога не судзі,
На людзей не злуйся.
Ці лаяліся вы калі-небудзь?

— Не! О, вось гэта — не. Я ніколі, ніколі не лаюся. Часам, калі злуюся, я, канечне, кажу: «Бадай цябе!» А ўвогуле я зусім не лаюся.

Святар крыкнуў:

— Дык гэта ж і ёсць лаянка! — і важка: — Не кажыце так больш. Далей:

Усе нядзелі ты, глядзі,
Сэрцам Госпаду слугуй.
Чым вы займаецеся па нядзелях?

На гэты раз Сабо пачухаў патыліцу:

— Дык, я слугую Госпаду як магу, вашэці. Я слугую яму... дома. Я раблю па нядзелях.

Святар велікадушна спыніў яго:

— Веру, што надалей вы будзеце паслухмяны. Прамінаю іншыя запаветы, верачы, што вы не саграшылі супраць іх. Разгледзім шосты і дзевяты. Слухайце:

Дабра чужога не вазьмі,
Хціва яго не вартуй.
Ці прысвойвалі вы якім-небудзь чынам чужое дабро?

Але Тэадзюль Сабо пакрыўдзіўся:

— Ой не! Ай не! Я — сумленны чалавек, айцец. Магу прысягнуць у гэтым. Сказаць, што я ніводнага разу не ўзяў больш за работу з заможных парафіян — не, не скажу. Я не скажу, што, калі рахую, не прыпісваю некалькі сантымаў, усяго пару сантымаў, не, не скажу. Але каб украсці — барані Бог!

Святар строга сказаў:

— Абрабаваць на адзін сантым — ужо крадзеж. Не рабіце так больш.

Паклёп на людзей не ўзвядзі,
Брахуном у жыцці не будзь.
Вы хлусілі?

— Што не, дык не. Я зусім не хлус. Такі ўжо я чалавек. Канешне, сказаць, што я ніколі не блазнаваў — не скажу. Сказаць, што я нікога ніколі не абуў у лапці, калі тое мне было на карысць, — таксама не скажу. Але каб хлусіць — не, я не хлус.

Святар проста сказаў:

— Сцеражыцеся гэтага надалей.

Ён прачытаў:

Жаночай плоці не жадай,
Толькі ў шлюбе яе май.
Ці вы жадалі ці валодалі іншай жанчынай, апроч жонкі?

Сабо шчыра запярэчыў:

— Вось тут — не. Што не — дык не, пан плябан. Здраджваць жонцы? Не! Не! Ні на хвіліну, ні душой, ні целам. Праўда.

Ён крыху памаўчаў, пасля цішэй, быццам у паняверцы, сказаў:

— Калі я бываю ў горадзе, сказаць, што я ніколі не завітаю ў дом, самі ведаеце, у дом распусты, каб пасмяяцца, ну, трохі пагуляць і паласавацца нечым іншым — не, не скажу. Але я плачу, пан плябан, заўсёды плачу, а як толькі грошы даў — ад мяне і след прапаў. І свет не чуў, і людзі не бачылі.

Святар больш не распытваў і адпусціў грахі.

Тэадзюль Сабо ладзіць хоры і прычашчаецца штомесяц.


Пераклад: Сяргей Мурашка 

Вендэта

Удава Паола Саверыні жыла са сваім сынам у беднай хатцы на ўскраіне Баніфача. З горада, пабудаванага на горным выступе, які месцамі нават навісае над морам, праз праліў, зрэзаны рыфамі, віднеецца нізкі бераг Сардыніі. Унізе з другога боку скалы разрываюцца, утвараючы праход, што нагадвае велізарны калідор і атачае горад амаль цалкам. Ён служыць гораду портам; па ім, пасля доўгага абыходу паміж дзвюма абрывістымі сценамі, маленькія рыбацкія судзіны італьянцаў ці сардаў выходзяць да першых дамоў; два разы на месяц тут прыстае стары сіпаты параход, што ходзіць паміж Баніфача і Аяча.

На белаватай гары купка дамоў утварае яшчэ бялейшую плямку. Яны нагадваюць гнёзды дзікіх птушак, прылепленыя да скалы, што высіцца над гэтым жахлівым праходам, па якім і караблі ідуць з асцярогаю. Вецер няспынна хвалюе мора, не дае спакою берагу, ім жа ж і падточанаму, ледзьве прыкрытаму травою; ён урываецца ў праліў, пустошыць абодва берагі. Стужкі белага шуму ад чорных верхавінаў безлічы камянёў, што пранізваюць хвалі паўсюль, нагадваюць палатняныя лахманы, што развяваюцца і дрыжаць на паверхні вады.

Хатка ўдавы Саверыні, што лепіцца на самым урвішчы, глядзіць трыма сваімі вокнамі на гэты дзікі і самотны далягляд.

Удава жыла ў ёй са сваім сынам Антуанам і з Сэмілантай, вялізным худым сабакам з доўгай і грубай поўсцю, з пароды пастуховых сабак. Хлопец хадзіў з ім на паляванне.

Неяк, увечары, пасля гарачай спрэчкі Антуана Саверыні па-здрадніцку, ударам нажа, забіў Нікаля Равалаці. У тую ж ноч забойца ўцёк у Сардынію.

Калі старой маці прынеслі сынава цела, яна не заплакала, толькі доўга сядзела нерухома, гледзячы на яго. Пасля паклала на труп сваю маршчыністую руку і паклялася адпомсціць.

Старая не хацела нікога бачыць. Толькі сабака застаўся з ёю пры сынавым целе. Жывёліна нерухома стаяла каля ложка, падціснуўшы хвост, выцягнуўшы мызу да гаспадара, яна няспынна выла. Маці схілілася над сынавым целам, не адводзіла ад яго вачэй і тачыла буйныя маўклівыя слёзы, углядаючыся ў кожную рысачку.

Дзяцюк ляжаў на спіне, на ім была куртка з тоўстага сукна, прадзіраўленая і падраная на грудзях; здавалася, што ён спіць, толькі ўсё на ім было ў крыві: рэшткі кашулі, парванай на бінт, камізэлька, порткі, твар, рукі. Згусткі крыві чарнелі ў барадзе і валасах.

Старая загаварыла з ім. Пачуўшы голас, сабака сціх. «Не бойся, я адпомшчу за цябе, мой маленькі, мой хлопчык, маё беднае дзіцятка. Спі, спі, я адпомшчу, чуеш? Твая маці абяцае табе гэта. А яна заўжды трымае сваё слова, ты ж ведаеш».

Яна павольна схілілася над ім і дакранулася сваімі халоднымі губамі да яго мёртвых вуснаў.

У тую ж хвіліну Сэміланта завыла. У яе з горла вырвалася скарга, манатонная, жудасная, пранізлівая.

Абедзве яны, жанчына і жывёліна, заставаліся ў пакоі да раніцы.

На другі дзень Антуана Саверыні пахавалі, і ў хуткім часе ў Баніфача забыліся пра яго.


***

Ён не меў ні родных, ні стрыечных братоў. Не было ніводнага мужчыны, які б узяўся помсціць за яго. Толькі старая маці думала пра гэта.

З раніцы да вечара глядзела яна на белую плямку на другім беразе праліва. Гэта маленькая сардская вёска Лангасарда, куды ўцякаюць карсіканскія бандыты, унікаючы праследавання. Амаль што яны адны і жывуць у гэтай вёсачцы, насупраць родных берагоў, чакаючы хвіліны вяртання ў родныя лясы. Менавіта туды, старая ведала гэта, уцёк Нікаля Равалаці.

Зусім адна сядзела яна цэлымі днямі каля акна, паглядаючы туды, думаючы пра помсту. Як ёй помсціць адной, хваравекай, стоячы адной нагой у магіле?! Але яна паабяцала, яна паклялася мёртваму. Яна не магла забыцца і не магла чакаць. Што ёй рабіць? Яна не спала начэй, не ведала ні спакою, ні адпачынку, яна думала. Сабака драмаў каля яе ног і часам, узняўшы галаву, выў удалечыню. З таго часу, як гаспадар пакінуў яе, Сэміланта часта выла, быццам клікала яго, быццам няўцешная звярыная душа яе таксама захавала ўспаміны, якія нішто не магло сцерці.

І вось неяк уночы, калі Сэміланта пачала выць, у маці з'явілася думка, помслівая і жорсткая да дзікасці. Яна абдумвала яе да раніцы, а на золку пайшла ў касцёл. Лежачы ніцма на каменнай падлозе, распасцёршыся перад Богам, яна малілася, просячы памагчы ёй, падтрымаць яе, даць яе беднаму старэчаму целу сілу адпомсціць за сына.

Потым яна вярнулася дадому. На надворку стаяла старая бочка, у якую збягала вада з вадасцёку на страсе; яна перакуліла яе, выліла ваду, прыладзіла на зямлі, падаткнуўшы камянямі і паленцамі, потым пасадзіла Сэміланту на ланцуг каля гэтае будкі і пайшла ў хату.

Без адпачынку хадзіла яна па пакоі, не адводзячы вачэй ад берага Сардыніі. Забойца быў там.

Увесь дзень і ўсю ноч сабака выў. Раніцай старая прынесла яму вады ў місцы, але нічога болей: ні мешанкі, ні хлеба.

Мінуў яшчэ дзень. Змогшыся, Сэміланта спала. Назаўтра вочы ў яе блішчалі, поўсць ускудлацілася, яна неўтаймавана нацягвала ланцуг.

Старая зноў нічога ёй не дала. Шалеючы, жывёліна хрыпла брахала. Мінула яшчэ ноч.

На досвітку цётка Саверыні пайшла да суседа і папрасіла два бярэмкі саломы. Яна напхала ёю старыя лахманы, што некалі насіў яе муж, так, каб яны нагадвалі чалавека. Пасля са старое бялізны зрабіла яму галаву.

Сабака здзіўлена глядзеў на гэтага саламянага чалавека і маўчаў, хоць голад тачыў яго.

Тады старая пайшла да кілбасніка і купіла доўгі кавал чорнае крывянкі. Вярнуўшыся, яна запаліла агонь на надворку блізка будкі і пачала пячы кілбасу.

Сэміланта шалела, падскоквала, хрыпела, не адводзіла вачэй ад печыва, пах якога пранікаў ёй у нутро.

Пасля маці зрабіла з гэтага пахучага кавалка нашыйнік пудзілу. Яна старанна абкручвала яго вакол шыі, нібы хацела ўвапхнуць яго ўсярэдзіну. Скончыўшы, яна спусціла сабаку.

Дзівосным скачком жывёліна рванулася да шыі пудзіла і, паклаўшы лапы яму на плечы, пачала рваць горла. Яна адвалілася з кавалкам здабычы ў пашчы, пасля скочыла зноў, учапілася ікламі ў вяроўкі, вырвала яшчэ кавалак, адскочыла і зноў кінулася, раз'юшаная. Сваімі вялізнымі зубамі яна разарвала твар, пусціла лахманамі шыю.

Маўклівая і нерухомая, з агнём у вачах, старая глядзела на гэтую расправу. Пасля ўзяла на ланцуг сабаку, трымала яго галоднага яшчэ два дні і зноў паўтарыла дзіўнае практыкаванне.

За тры месяцы яна прывучыла сабаку заваёўваць ежу ікламі. Цяпер яна не трымала яго на ланцугу, але адзіным жэстам прымушала кідацца на пудзіла.

Яна прывучыла сабаку драць, ірваць пудзіла, калі нават на горле яго нічога не было схавана.

Пасля яна давала яму як узнагароду печаную крывянку.

Толькі заўважыўшы саламянага чалавека, Сэміланта пачынала калаціцца, пераводзіла погляд на гаспадыню, якая, падняўшы ўгару палец, хрыпла крычала ёй: «Кусі!»


***

Вырашыўшы, што час надышоў, неяк раніцай у нядзелю цётка Саверыні пайшла да споведзі і з нейкай празмернай дбайнасцю прыняла прычасце; пасля, адзеўшыся ў мужчынскае і стаўшы падобнаю да старога жабрака, яна рушыла з адным сардскім рыбаком, які перавёз яе разам з сабакам на другі бок праліва.

У палатнянай торбе яна несла вялікі кавалак крывянкі. Сэміланта не ела ўжо два дні. Пры кожным выпадку старая давала ёй панюхаць пахучую ежу, нервавала яе.

Яны ўвайшлі ў Лангасарда. Карсіканка трохі накульгвала. Яна распытала ў мясцовага хлебніка і пайшла да жылля Нікаля Равалаці. Хлебнік казаў, што той заняўся сталярскаю справай, якую ён ведаў даўней.

Ён працаваў адзін, у глыбіні сваёй майстэрні. Старая піхнула дзверы і паклікала:

— Гэй, Нікаля!

Ён павярнуўся; у тую ж хвіліну старая спусціла сабаку і крыкнула:

— Кусі, кусі, рві яго!

Раз'юшаны сабака кінуўся, учапіўся ў горла. Мужчына выцягнуў рукі, схапіў яго, паваліўся на падлогу. Хвілін некалькі ён выкручваўся, рыючы нагамі зямлю, пасля знерухомеў, а Сэміланта грызла яго шыю, рвучы яе кавалкамі.

Двое суседзяў, што сядзелі каля сваіх дзвярэй, добра памяталі, што бачылі старога жабрака. Той выйшаў з сабакам, якому ён час ад часу кідаў нешта чорнае.

У той самы вечар старая вярнулася дадому. Гэтую ноч яна спала спакойна.


Пераклад: Алесь Істомін

Мсцівец

Калі пан Антуан Лёе ўзяў шлюб з удавой Мацільдай Суры, ён быў закаханы ў яе амаль дзесяць гадоў.

Пан Суры быў яго сябар, стары школьны таварыш. Лёе вельмі яго любіў, але лічыў трохі наіўным. Ён часта казаў: «Небарака Суры пораху не прыдумае!»

Калі Суры ажаніўся з паненкай Мацільдай Дзюваль, Лёе здзівіўся і крышку пакрыўдзіўся, бо сам улягаў за ёй. Яна была дачкой суседкі, старой галантарэйніцы, і жылі яны на калісьці заробленыя грошы. Прыгожая, далікатная, разумная, яна пайшла за Суры праз яго багацце.

Тады Лёе заспадзяваўся на другое. Ён пачаў заляцацца да сябравай жонкі. Ён быў чалавек паглядны, недурны, таксама багаты і верыў, што ў яго атрымаецца; не атрымалася. Тады ён закахаўся па-сапраўднаму, але сяброўства з мужам рабіла гэтае каханне стрыманым, сціплым, затоеным. Пані Суры палічыла, што яго залёты скончыліся, і шчыра пасябравала з ім. Так прайшло дзевяць гадоў.

І вось адной раніцы пасыльны прынёс Лёе роспачную вестку ад беднай жанчыны. Нечакана ад разрыву анеўрызмы памёр Суры.

Спачатку ён жахнуўся, бо яны былі аднагодкі, але амаль адразу глыбокая радасць, невыказная палёгка, пачуццё свабоды ахапілі яго душу і сэрца. Пані Суры была вольная.

Ён, прынамсі, здолеў падацца досыць засмучаным, счакаў патрэбны час, выканаў усе ўмоўнасці. Праз пятнаццаць месяцаў ён ажаніўся з удавой.

Усе палічылі гэта натуральным і нават высакародным. Гэта быў учынак адданага сябра і сумленнага чалавека.

Нарэшце ён быў шчаслівы, зусім шчаслівы.

Яны зажылі ў самай сардэчнай лучнасці, адразу зразумеўшы і ацаніўшы адно аднаго. У іх не было сакрэтаў ад сябе, яны дзяліліся самымі патаемнымі думкамі. І Лёе кахаў жонку спакойным даверлівым каханнем; ён любіў яе як пяшчотную і шчырую сяброўку, не зневажаў і ва ўсім давяраў. Але ў яго душы ўвесь час жыла дзіўная і невытлумачальная крыўда на нябожчыка Суры, які першы авалодаў гэтай жанчынай, першы сарваў цвет яе юнацтва і душы, які нават трохі пазбавіў яе паэтычнасці. Успамін па мёртвым мужу труціў шчасце жывога, і цяпер гэтая пасмяротная рэўнасць штодня цвяліла сэрца Лёе.

Ён дайшоў да таго, што толькі і гаварыў пра Суры, распытваў пра тысячы яго інтымных і сакрэтных падрабязнасцей, хацеў ведаць кожную яго звычку і характар. Ён нават смяяўся з нябожчыка — паблажліва згадваў яго дзівацтвы, падкрэсліваў прыхамаці, налягаў на заганы.

Штомомант ён клікаў жонку з аднаго канца дома ў другі:

— Мацільда!

— Што, дарагі?

— Хадзі пагавары са мной.

Яна заўжды прыходзіла з усмешкай, бо добра ведала, што з ёй будуць гаварыць пра Суры, і патурала няшкодным дзівотам новага мужа.

— Скажы, ты памятаеш, як аднаго разу Суры хацеў мне даказаць, што нізкіх мужчын любяць мацней за высокіх?

І ён пускаўся ў такія развагі, якія ніколі не былі на карысць малому Суры, але цішком давалі перавагу высокаму Лёе.

І пані Лёе ківала галавою, згаджаючыся з ім; і смяялася ад шчырага сэрца, строячы лагодныя кепікі з колішняга мужа, каб лепш улагодзіць новага, які ў канцы кожнай размовы казаў: «Усё роўна, ну і мяла гэты Суры».

Яны былі шчаслівыя, вельмі шчаслівыя. І Лёе не пераставаў усімі звычайнымі сродкамі выказваць жонцы сваё неўтаймоўнае каханне.

Неяк уночы, калі яны не маглі заснуць, узбуджаныя вяртаннем маладосці, Лёе, які прыціскаў жонку да грудзей і прагна прыпадаў да яе вуснамі, раптам спытаўся:

— Скажы, дарагая.

— Га?

— Суры... мне цяжка цяпер пра гэта пытацца... ці моцна... ці моцна ён кахаў цябе?

Яна палка пацалавала яго і шапнула:

— Не так, як ты, коцік.

Яго мужчынская годнасць была ўсцешаная, і ён зноў спытаўся:

— Ён, мусіць, быў... няспрытны... не?

Яна не адказала, адно пырснула хітрым смехам і схавала твар на мужавай шыі. Той спытаўся:

— Ён, мусіць, быў вельмі няспрытны і... як бы сказаць... нязграбны?

Яна пакруціла галавой, што азначала: «Не... зусім нязграбны».

Муж спытаўся:

— Ён, мусіць, назаляў вельмі ўночы, праўда?

Гэтым разам яна не вельмі таілася і шчыра адказала:

— Яшчэ як!

За такія словы ён зноў яе пацалаваў і шапнуў:

— Які ж ён быў кіжлай! Ты не была з ім шчаслівая?

Яна адказала:

— Не. З ім было не надта прыемна.

Лёе абрадаваўся, правёўшы ў думках параўнанне — на сваю карысць — паміж колішнім і цяперашнім жончыным становішчам.

Некалькі хвілін ён маўчаў, пасля зноў развесяліўся і спытаўся:

— Скажы мне?

— Што?

— Будзь шчырая, зусім шчырая са мною!

— Добра, дарагі.

— Так, папраўдзе, скажы мне, ты ніколі не адчувала спакусы здра... здра... здрадзіць гэтаму дурню Суры?

Пані Лёе цнатліва войкнула і мацней прытулілася да мужавых грудзей. Але той заўважыў, што яна смяецца.

Ён настойваў:

— Ну, прызнайся. Гэтай скаціне так бы пасавалі прыгожыя рогі! Гэта было б так пацешна, так пацешна! Дабрадзею Суры! Ну, ну, шаноўная, мне, мне, асабліва мне ты можаш у гэтым прызнацца.

Ён націскаў на гэтае «мне», бо лічыў, што калі б ёй калісьці зажадалася здрадзіць Суры, яна б зрабіла гэта з ім, з Лёе, і ён дрыжаў ад асалоды ў прадчуванні такога прызнання, упэўнены, што, калі б цнота гэтае жанчыны не была настолькі непарушная, ён бы ўжо раней авалодаў ёй.

Але яна не адказвала, а ўсё хіхікала, быццам згадаўшы штосьці вельмі пацешнае.

А і самога Лёе пачало трэсці ад думкі, што ён мог бы зрабіць Суры рагатым! Які жарт! Вось дык штука! Папраўдзе, якая добрая штука!

Ён лапатаў паміж прыступамі смеху:

— Небарака Суры, небарака Суры, ах, яго галава акурат прыдатная для такой аздобы, прыдатная, прыдатная!

А пані Лёе, насмяяўшыся да слёз і траха не закрычаўшы, курчылася пад коўдрай.

Лёе паўтараў:

— Хутчэй прызнавайся, прызнавайся. Скажы праўду. Ты ж разумееш, што мне, мне гэта не можа быць непрыемна.

Яна ледзь дыхаючы прамармытала: «Ага».

Муж настойваў:

— Што, што, ага. Прашу цябе, кажы.

Яна трохі сцішыла смех, пацягнулася вуснамі да вуха Лёе, які падрыхтаваўся да прыемнага прызнання, і шапнула:

— Праўда... я здрадзіла яму.

Ён адчуў, як ледзяныя дрыжыкі пранялі яго да касцей, і збянтэжана заенчыў:

— Ты... ты... яму... здрадзіла... да канца?

Яна яшчэ думала, што мужу было вельмі прыемна, і адказала:

— Ага... да канца... дарэшты.

Ён мусіў сесці ў ложку, так ён здзівіўся, так яму раптам заняло дых, так яго скаланула, нібы толькі-толькі даведаўся, што рагаты ён сам.

Спачатку ён нічога не сказаў, пасля, праз некалькі хвілін, адно выціснуў: «Ах!»

Яна перастала смяяцца, занадта позна зразумеўшы памылку.

Лёе ўрэшце спытаўся:

— З кім?

І яна адказала:

— З хлопцам.

Ён раптам павярнуўся да яе і суха сказаў:

— Я разумею, што не з кухаркай. Я пытаюся, з якім хлопцам, ты чуеш?

Яна маўчала. Ён схапіў коўдру, у якой яна была схавала галаву, і адкінуў на сярэдзіну ложка, паўтарыўшы:

— Я хачу ведаць, з якім хлопцам.

Тады яна тужліва вымавіла:

— Я хацела пасмяяцца.

Але яго трэсла ад гневу:

— Што? Як? Хацела пасмяяцца? Дык, значыць, ты насміхалася з мяне? Але з мяне кпіны не строяць, чуеш? Як завуць хлопца?

Яна нерухома ляжала на спіне і маўчала.

Ён узяў яе за руку і моцна сціснуў:

— Ты мяне чуеш ці не? Я патрабую, каб ты адказвала, калі я з табой размаўляю.

Тады яна нервова вымавіла:

— Мне здаецца, што ты звар'яцеў, не чапай мяне!

Ён калаціўся ад лютасці і з роспачы не ведаў, што казаць. Ён штомоцы затрос яе і паўтарыў:

— Ты чуеш? Ты чуеш мяне?

Яна нечакана рванулася, каб вызваліцца, і кончыкамі пальцаў зачапіла мужаў нос. Той палічыў, што яму стукнулі, раз'юшыўся і ўміг абрынуўся на жонку.

Ён трымаў яе пад сабой, з усяе моцы даваў поўху і крычаў:

— На, на, на, вось табе, вось, жабрачка, курва, курва!

Нарэшце, зняможаны, знясілены, ён падняўся і пайшоў да камоды, каб наліць сабе салодкага аранжаду, бо чуў у целе такую стому, што ў кожную хвіліну мог знепрытомнець.

А яна плакала, залівалася слязамі ў ложку, зразумеўшы, што праз адну памылку загубіла ўсё сваё шчасце.

І, яшчэ ў слязах, яна пралепятала:

— Паслухай, Антуан, ідзі да мяне, я цябе ашукала, ты зараз усё зразумееш, паслухай.

І, падрыхтаваная да абароны, гатовая апраўдвацца і хітрыць, яна крыху ўзняла раскудлачаную галаву ў каптуры набакір.

А ён павярнуўся і наблізіўся да яе, саромеючыся, што біўся, адначасова ў глыбіні яго мужавага сэрца расла невычарпальная нянавісць да гэтае жанчыны, што здрадзіла другому — Суры.


Пераклад: Сяргей Мурашка

Вяроўка

Гары Алісу

Па ўсіх дарогах у мястэчка Гадэрвіль цягнуліся сяляне і іх жонкі: сёння быў кірмаш. Мужчыны ішлі павольна, на кожным кроку нахіляючы наперад каржакаватае цела і няспешна перастаўляючы доўгія кульгавыя ногі, скрыўленыя цяжкаю працай, безупынным наляганнем на плуг, ад якога левае плячо пачынае дыбіцца ўверх і горбіцца спіна, і касьбою жыта, якая прыносіць звычку трымаць ногі шырока, каб мець добры ўпор, — усім марудным і нялёгкім сялянскім жыццём. Іх сінія блузы, вышываныя на каўняры і закаўрушах простым арнаментам з белых нітак, былі накрухмаленыя і блішчалі, нібы пацягнутыя лакам. Яны надзімаліся вакол кашчавага сялянскага цела і рабіліся падобнымі да гатовага ўзляцець шара, з якога тырчалі галава, рукі ды ногі.

Некаторыя цягнулі на вяроўцы карову або цяля. А кабеты ішлі ззаду і падганялі жывёлу тонкім дубцом з яшчэ свежымі лісточкамі. На руцэ ў кожнай вісеў вялікі кош, з якога высоўваліся галовы качак ці курэй. Сялянкі ішлі рухавей, дробна перастаўляючы ногі — не так, як мужчыны. Іх нягнуткае сухое цела сціскала вузкая хуста, заколатая шпількай на пляскатых грудзях, а на галаве паверх туга завязанай белай хусткі быў надзеты яшчэ і каптур.

Часам праязджаў шарабан, які няроўнаю рыссю цягнуў худы конь. На ім пацешна трэсліся два мужчыны і кабета, якая сядзела ўсярэдзіне і ўвесь час хапалася за аглабіну пры штуршках на калдобінах.

На Гадэрвільскім пляцы віраваў натоўп людзей і жывёл. Над вялікім скопішчам праплывалі рогі быкоў, вастраверхія калматыя шапкі заможных сялян, каптуры сялянак. Крыкі, віск, роў зліваліся ў адзін няспынны дзікі гармідар, які часам перакрываў гучны рогат падпітага дзецюка ці доўгі рык прывязанай да плота каровы.

Паўсюль пахла стайняй, малаком, гноем, сенам і потам, ад яго патыхаў кіслы, агідны пах быдла і чалавечага цела, уласцівы вёсцы.

Дзядзька Ашкорн з Брэатэ толькі прыйшоў у Гадэрвіль. Ён ужо кіраваўся на пляц, калі раптам заўважыў на зямлі невялікую вяроўчыну. Ашчадны, як і ўсе нармандцы, дзядзька Ашкорн падумаў: тое, што можа спатрэбіцца ў гаспадарцы, трэба падняць. Крэкчучы ад болю ў спіне — бо дзядзька пакутаваў ад раматусу, — ён з цяжкасцю схіліўся і падняў тонкі абрывак з зямлі. Ён ужо збіраўся яго акуратна згарнуць, калі нечакана ўбачыў рымара Маляндэна, які стаяў на ганку свайго дома і глядзеў на яго. Некалі дзядзька Ашкорн хацеў купіць у яго кантар, але яны тады пасварыліся і з таго часу захавалі адзін на аднаго крыўду, бо абодва былі злапомныя. Селяніну зрабілася крыху сорамна ад таго, што вораг заспеў яго за такой справай, калі ён корпаецца ў гразі з нейкім матузком. Ён хутка сунуў знаходку пад блузу, потым у кішэню ў нагавіцы і зрабіў выгляд, быццам нешта шукае на зямлі. Потым, нібы так і не здолеўшы нічога знайсці, рушыў на кірмаш, выцягнуўшы наперад шыю і скурчыўшыся ад болю ў спіне.

Хутка ён згубіўся ў крыклівым і марудным натоўпе, узрушаным ад безупыннага гандлю. Сяляне мацалі кароў, адыходзілі, нерашуча вярталіся назад, заўсёды чакаючы нейкага падману, і, не могучы адважыцца на пакупку, скоса пазіралі на гандляра, увесь час гатовыя выкрыць яго ашуканства і знайсці загану ў жывёле.

Кабеты ўжо паставілі вялізныя кашы ў нагах і чакалі пакупнікоў, дастаўшы птушак, якія ляжалі са звязанымі крыламі і лапамі на зямлі і з жахам глядзелі вакол, трасучы ярка-чырвонымі грабянямі.

Сялянкі слухалі даваную цану, суха адмаўлялі і з непахісным выглядам настойвалі на сваёй ці наадварот — раптам згаджаліся і крычалі наўздагон свайму пакупніку, які ўжо паволі пачынаў адыходзіць:

— Добра, пане Анціму. Бярыце, я згодная.

З часам пляц патроху пачаў пусцець, і апоўдні, калі, запрашаючы на малітву, прабілі званы, тыя, каму да хаты было далёка, паразыходзіліся па корчмах.

У шынку ў Журдэна вялікая зала была поўная едакоў, а на панадворку было поўна ўсякіх павозак: тут стаялі падводы, брычкі, таратайкі, кабрыялеты, вазочкі з нікому не вядомымі назвамі, запэцканыя жоўтай граззю, пакрыўленыя, з падобнымі на дзве рукі паднятымі ў неба аглоблямі ці наадварот — носам уторкнутыя ў зямлю і з паднятым дагары задам.

Акурат насупраць сталоў з едакамі гарэў вялікі камін. Яго зыркае полымя аблівала жарам спіны тых, хто сядзеў справа. Над агнём на трох ражнах смажыліся куры, галубы, барановыя сцегнякі; далікатны водар смажаніны і мяснога соку, які сцякаў па падпечанай румянай скурцы, надаваў усім весялосці, гнаў асцу.

Уся знаць ад плуга абедала тут, у Журдэна, спрытнага і хітрага шынкара, у якога заўсёды вяліся грошы.

Стравы мяняліся і знікалі адна за адной, як і збаны жоўтага сідру. Кожны гаманіў пра сваё, пра тое, што набыў ці прадаў. Абменьваліся думкамі пра ўраджай. На гародніну надвор'е было добрае, а вось на збажыну, бадай, крыху волкае.

Раптам на двары загрукатаў бубен. Усе, акрамя некалькіх нецікаўных, адразу паўскоквалі з-за сталоў і, хто як быў — з поўным ротам, з сурвэткай у руцэ, — кінуліся да вокан і да дзвярэй.

Вяшчальнік скончыў лупіць у бубен і закрычаў рэзкім голасам, неўпапад раздзяляючы фразы:

— Даводзіцца да ведама жыхароў Гадэрвіля і наогул усіх — асоб, прысутных на кірмашы, што сёння ўранку на дарозе ў Бёзвіль паміж дзевятай і дзесятай гадзінамі быў згублены пулярэс з чорнай скуры, у якім было пяцьсот франкаў і справовыя паперы. Той, хто знойдзе названы пулярэс, мусіць неадкладна прынесці яго — у мэрыю ці пану Фарцюнэ Ульбрэку з Манвіля. Таго, хто знайшоў, чакае ўзнагарода на дваццаць франкаў.

Пасля гэтага чалавек пайшоў далей, і здалёк зноў пачуліся барабанны грукат і пацішэлы крык вяшчальніка.

Усе пачалі гаманіць пра пачутае здарэнне і меркаваць, удасца ці не пану Ульбрэку атрымаць свой пулярэс.

Тым часам абед скончыўся.

Усе ўжо дапівалі каву, калі на парозе ўзнік жандар.

Ён запытаўся:

— Пан Ашкорн з Брэатэ тут?

— Гэта я, — адгукнуўся дзядзька Ашкорн, які сядзеў з другога краю стала.

Жандар павярнуўся да яго:

— Пане Ашкорн, зрабіце ласку прайсці са мной у мэрыю. З вамі хоча гутарыць мэр.

Селянін, здзіўлены і адначасова занепакоены, адным залпам дапіў каву, устаў і, скурчыўшыся яшчэ больш, як раніцай — бо зрабіць першы крок пасля доўгага спачынку асабліва цяжка, — рушыў у дарогу, паўтараючы сабе пад нос:

— Гэта я, гэта я.

Так ён і ішоў за жандарам.

Мэр чакаў яго, седзячы ў фатэлі. Гэта быў тутэйшы натарыус, чалавек тоўсты, паважны і вялікі аматар напышлівых фраз.

— Пане Ашкорн, — сказаў ён, — сёння раніцай на дарозе ў Бёзвіль людзі бачылі, як вы паднялі пулярэс, згублены панам Ульбрэкам з Манвіля.

Вясковец збянтэжана глянуў на мэра і, сам не ведаючы чаму, спалохаўся ўжо аднаго толькі падазрэння, якое павісла над ім.

— Што, як гэта? Я падняў пулярэс?

— Так, менавіта вы.

— Слова гонару, я і ведаць пра яго нічога не ведаю.

— Але вас бачылі.

— Мяне бачылі? Ды хто, хто мог мяне бачыць?

— Рымар Маляндэн.

І тады стары прыгадаў, ён усё зразумеў і, пачырванеўшы ад гневу, крыкнуў:

— Ага! Вось хто мяне бачыў! Стары ёлуп! Ён бачыў, як я падняў вось гэтую во вяроўку — вось, глядзіце, пане мэр.

Ён пашнырыў у кішэні і дастаў адтуль абрывак вяроўкі.

Але мэр недаверліва крутануў галавой.

— Не, пане Ашкорн, вам не ўдасца переканаць мяне, што рымар Маляндэн, чалавек, варты ўсякага даверу, зблытаў гэтую вяроўку з пулярэсам.

Стары селянін як ашалеў. Ён падняў руку і, плюнуўшы ўбок, каб пацвердзіць сваю сумленнасць, паўтарыў:

— Але гэта праўда, далібог, гэта святая праўда, пане мэр. Клянуся ратункам маёй душы!

Мэр нібы не пачуў:

— І нават пасля таго, як вы паднялі гэтую рэч, вы яшчэ доўга шукалі, ці не выпала нейкая манетка ў гразь.

Бедны стары задыхаўся ад знявагі і страху.

— Ды... ці можна такое казаць... ці ж можна такое казаць... якую хлусню выдумляюць, каб зганьбіць сумленнага чалавека! Ці ж можна такое казаць!..

Але колькі ён ні пратэставаў, усё было дарма, яму не верылі.

Яму зрабілі вочную стаўку з Маляндэнам, і той паўтарыў і пацвердзіў свае словы. Яны лаяліся і бэсцілі адзін аднаго добрую гадзіну. Па асабістай просьбе Ашкорна абшукалі. Але нічога не знайшлі.

Нарэшце, дужа расчараваны, мэр мусіў яго адпусціць, але папярэдзіў, што перадасць справу пракурору і будзе чакаць яго рашэння.

Навіна хутка разышлася. На выхадзе з мэрыі старога абступіў натоўп, усім было цікава, у яго распытвалі — хто сур'ёзна, хто з усмешкай, але без абурэння. І тады ён пачаў расказваць гісторыю з вяроўкай. Яму не давалі веры. Усе толькі смяяліся.

Ён ішоў па вуліцах мястэчка, яго ўвесь час спынялі, ён сам спыняў сваіх знаёмых і ўжо каторы раз паўтараў сваю споведзь, апраўдваўся і выварочваў кішэні, каб давесці, што ў яго нічога няма.

Яму казалі адно:

— Ідзі, ідзі, стары шэльма.

Гэта яго злавала, ён нерваваўся, кіпеў, кідаўся ў роспач ад таго, што яму не вераць, і, не ведаючы, што рабіць, зноў і зноў паўтараў сваё.

Цямнела. Трэба было вяртацца дахаты. Ён рушыў у дарогу з трыма сваімі суседзямі і паказаў ім тое месца, дзе падабраў вяроўку. Увесь час, пакуль яны ішлі, ён толькі і гаманіў пра сваю бяду.

Позна вечарам, калі яны вярнуліся ў вёску, ён абышоў усе двары ў Брэатэ і ўсім расказваў пра сваё няшчасце. Яго слухалі з недаверам.

Ён пакутаваў праз гэта ўсю ноч.

На другі дзень, прыкладна а першай гадзіне дня, Марыюс Памэль, парабак імавільскага фермера Брэтона, вярнуў пулярэс з усім, што там было, яго ўладальніку, пану Ульбрэку з Манвіля.

Хлопец запэўніваў, што сапраўды знайшоў гэтую рэч на дарозе, але таму, што сам чытаць не ўмеў, занёс яе дадому і паказаў гаспадару.

Навіна абляцела ўсё наваколле. Стары Ашкорн даведаўся пра гэта таксама. Ён адразу пачаў хадзіць па вёсцы і зноў расказваў усім сваю гісторыю, да якой дадаваў цяпер шчаслівы канчатак. Ён трыумфаваў.

— І што мяне асабліва засмучала, — казаў ён, — дык гэта, разумееце, не так тое, што мяне там у нечым вінавацілі, як што ўсё гэта быў чысты паклёп. Няма нічога горшага, як цябе пачынаюць вінаваціць праз усялякую хлусню.

Увесь дзень ён гаварыў пра сваю прыгоду. Ён расказваў яе тым, хто сустракаўся яму на дарозе, тым, хто піў побач з ім у карчме, а ў нядзелю — парафіянам, якія выходзілі з царквы. Ён спыняў нават незнаёмых. Нарэшце стары нібыта супакоіўся, хоць у душы яго па-ранейшаму яшчэ нешта турбавала. Яго слухалі з прыхаванай усмешкай. Яго словы быццам нікога не пераконвалі. І яму здавалася, што людзі за яго спінай тайком перашэптваюцца.

На другі тыдзень, у аўторак, ён ізноў пайшоў на Гадэрвільскі кірмаш, адзіная патрэба штурхала яго — расказаць сваю гісторыю.

Калі ён праходзіў паўз рымараў дом, Маляндэн, які стаяў на ганку, убачыў яго і засмяяўся. Чаго?

Ён пачаў быў расказваць сваю гісторыю аднаму фермеру з Крыкто, але той не даў яму скончыць і, ляпнуўшы па пузе, кінуў проста ў твар: «До ўжо табе, хітры шэльма, ідзі!» — і павярнуўся да старога спінай.

Дзядзька Ашкорн збянтэжыўся ад нечаканасці, і яго хваляванне яшчэ больш павялічылася. Чаму гэта яго назвалі «хітрым шэльмаю»?

Седзячы за сталом у шынку ў Журдэна, ён ізноў пачаў тлумачыць, як яно было.

Нейкі гандляр коньмі з Манцівілье крыкнуў:

— Ну ўжо, ну, стары круцель, ведаю я, што гэта была за вяровачка!

Ашкорн прамармытаў:

— Але яго ж знайшлі, пулярэс гэты.

Але той не сціхаў:

— Маўчы ўжо, дзядзька! Адзін знайшоў — адзін аддаў, і шыта-крыта, камар носу не падаткне.

У селяніна ажно заняло дых. Нарэшце ён сцяміў. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён аддаў пулярэс свайму прыяцелю-хаўрусніку, каб той занёс яго ў мэрыю.

Ён пачаў быў пярэчыць, але за сталом усе толькі зарагаталі.

Стары так і не здолеў даесці свой абед і пайшоў. У спіну яму ляцелі кпіны.

Ён вярнуўся дахаты, разгублены і прысаромлены, задыхаючыся ад абурэння і гневу, і больш за ўсё прыгнечаны тым, што, як і ўсякі хітры нармандзец, ён сапраўды быў здольны зрабіць тое, у чым яго абвінавачвалі, і пасля б нават выхваляўся, якую добрую ён выкінуў штуку. Падсвядома ён разумеў, што даказаць сваю невінаватасць яму не ўдасца — яго ашуканства было ўсім добра вядомае. І несправядлівасць такога падазрэння кроіла яму сэрца.

Ён ізноў пачаў расказваць сваю гісторыю і з кожным днём падаўжаў апавяданне. Кожны раз ён дадаваў да яго новыя запэўненні, прыводзіў усё больш рашучыя довады, бажыўся ўсім святым, што толькі мог прыдумаць за тыя доўгія гадзіны самоты, калі ўсе яго думкі былі заняты адно гэтай гісторыяй з вяроўкай. Але чым больш складаныя рабіліся яго апраўданні, чым больш тонкія ён высоўваў доказы, тым менш яму верылі.

— Усе гэтыя ашуканцы так выкручваюцца, — казалі ў яго за спінай.

Ён гэта адчуваў, нерваваўся і нясілеў ад марных намаганняў.

Стары чаўрэў на вачах.

Каб пацешыцца, жартаўнікі прасілі яго цяпер расказваць «пра вяровачку», як просяць салдата расказаць пра бітву, у якой ён удзельнічаў. Яго ўжо кволыя душэўныя сілы слабелі.

У канцы снежня дзядзька Ашкорн злёг. Ён памёр першымі днямі студзеня. І ў перадсмяротным трызненні, нібы ўсё яшчэ стараючыся давесці сваю невінаватасць, ён паўтараў:

— Вяровачка... вяровачка... вось, глядзіце, вось яна, пане мэр.


Пераклад: Зміцер Колас 

Пратэктар

Ён і не марыў пра такі высокі ўзлёт! Сын правінцыяльнага судовага выканаўцы, Жан Марэн, як багата на яго падобных маладых людзей, прыехаў у Лацінскі квартал вывучаць юрыспрудэнцыю. У разнастайных піўнушках, у якія па чарзе завітваў, ён завёў сяброўства з мноствам языкатых студэнтаў, якія за куфлем піва пагардліва гаварылі пра палітыку. Жан Марэн горача захапляўся імі, упарта хадзіў следам з адной кавярні ў другую і нават аплачваў іхнія выпіўкі, калі ў яго меліся грошы.

Потым ён стаў адвакатам, абараняў справы ў судзе, але вечна прайграваў працэсы. І вось аднойчы, праглядваючы ранішнія газеты, ён вычытаў, што адзін з былых яго прыяцеляў па Лацінскім квартале абраны дэпутатам.

Жан Марэн зноў зрабіўся яго верным сабакам, сябрам на пабягушках, пра якога згадваюць толькі пры пэўнай патрэбе і з кім зусім не цырымоняцца. Але здарылася так, што па парламенцкай выпадковасці дэпутат стаў міністрам. Прамінула паўгода, і Жан Марэн быў назначаны дзяржаўным саветнікам.

Спачатку ён быццам ашалеў ад гонару. Ён з асалодай прагульваўся па вуліцы толькі дзеля таго, каб людзі пабачылі яго, нібыта па адным ужо яго абліччы яны маглі здагадацца, якую пасаду ён займае. У размове з прадаўцамі ў крамах, з прадаўцамі газет, нават з фурманамі фіякраў ён заўсёды ўлучваў нагоду заўважыць:

— А вось я, як дзяржаўны саветнік...

Потым, неяк само па сабе, ад усведамлення важнасці свайго чыну, прафесійнай неабходнасці, абавязку чалавека ўсемагутнага і шляхетнага, ён адчуў уладную патрэбу рабіць пратэкцыю. З невычэрпнай шчодрасцю ён прапаноўваў сваю падтрымку літаральна ўсім без разбору і ва ўсіх акалічнасцях.

Калі дзе-небудзь на бульвары ён заўважаў якога-ебудзь знаёмага, то адразу ж з радаснай усмешкай ішоў яму насустрач, моцна вітаўся за руку, цікавіўся здароўем і, не чакаючы роспыту, заяўляў:

— Паслухайце, я ж цяпер дзяржаўны саветнік, так што цалкам да вашых паслуг! Калі магу чым-небудзь памагчы, дык вы не саромейцеся, кажыце! На такой пасадзе, як мая, шмат на што паўплываць можна.

І ён цягнуў напатканага прыяцеля ў кавярню, прасіў там ручку, чарніла і паштовай паперы:

— Лісток паперы, гарсон, трэба вось напісаць рэкамендацыйнае пісьмо.

І тут жа ён пісаў тыя рэкамендацыйныя пісьмы — па дзесяць, па дваццаць, па пяцьдзесят штук на дзень. Ён пісаў іх і ў «Амерыканскай кавярні», і ў Біньёна, і ў Тартані, і ў «Мэзон-Дарэ», і ў кавярні «Рыш», і ў Хэльдэра, і ў «Ангельскай кавярні», і ў Неапалітанца — ну літаральна ўсюды. Ён пісаў іх там да ўсіх чыноўнікаў Рэспублікі — ад міравых суддзяў да міністраў.

І быў шчаслівы, папраўдзе шчаслівы.

Аднойчы, калі яму трэба было ісці ў Дзяржаўны савет, сыпануў дождж. Спачатку саветнік намерыўся ўзяць фіякр, але раздумаў, вырашыўшы дабірацца пеша.

Тым часам дождж ператварыўся ў страшэнны лівень, які заліваў тратуары і брук. Пан Марэн змушаны быў забегчы ў бліжэйшае параднае. Там ужо хаваўся ад залевы нейкі поп, стары, сівагаловы кюрэ. Раней, да чыну дзяржаўнага саветніка, пан Марэн цярпець не мог царкоўных служкаў. Але пасля таго, як адзін кардынал пачціва папрасіў у яго парады па адной складанай справе, ён адразу стаў паважаць увесь святы клір.

Дождж ліў як з вядра, брудныя пырскі ляцелі ва ўсе бакі, і гэта змусіла мужчын заскочыць ажно ў пакойчык кансьержкі. Пан Марэн, якога вечна даймаў неадольны сверб прадэманстраваць важнасць сваёй асобы, сказаў:

— Ну і паскуднае надвор'е, пане абат.

Стары свяшчэннік схіліў галаву:

— Ваша праўда, пане, дужа непрыемна. Тым болей, калі завітаеш у Парыж толькі на момант.

— Ах, дык вы з правінцыі?

— З правінцыі, пане, я тут праездам.

— Праўда, вельмі непрыемна, калі акурат у той час, як чалавеку выпадае пабыць у сталіцы, усчынаецца дождж. Мы, сталічныя чыноўнікі, над гэтым неяк і не задумваемся.

Абат прамаўчаў. Ён глядзеў на двор: залева трохі сунімалася. Кюрэ вырашыў, што ўжо можна ісці далей, і падабраў крыссе сутаны — гэтак жанчыны падбіраюць падолы сваіх сукенак, калі пераходзяць ручай.

Пан Марэн, бачачы гэта, усклікнуў:

— Ды вы ж прамокнеце, пане абат! Пачакайце яшчэ трохі, дождж хутка пройдзе.

Святар нерашуча спыніўся і адказаў:

— Але я дужа спяшаюся. Тэрміновае спатканне.

Пан Марэн ажно засмуціўся.

— Але ж вы прамокнеце наскрозь! Дазвольце папытацца, а ў які квартал вы кіруецеся?

Кюрэ павагаўся, але адказаў:

— Ды ў бокПале-Руаяль.

— У такім разе, пане абат, дазвольце прапанаваць вам мой парасон. Я ж іду ў дзяржаўны савет. Я дзяржаўны саветнік.

Святар ускінуў галаву, паглядзеў на свайго спадарожніка і сказаў:

— Дужа вам удзячны, пане, ахвотна прымаю вашу прапанову.

Пан Марэн мігам падхапіў кюрэ пад ручку і павёў за сабою. Ён выбіраў яму дарогу, аберагаў, даваў парады:

— Асцярожней, пане абат, ручаіна! І трымайцеся, калі ласка, далей ад экіпажаў, а то яшчэ абкідаюць гразёю з галавы да ног. Сачыце за парасонамі прахожых. Там такія вострыя спіцы, што таго і глядзі — вочы павымаць можна. А жанчыны дык проста нясцерпныя: ні на што не звяртаюць увагі, вечна пырскі з іхніх парасонаў ляцяць чалавеку проста ў твар! Ні на кога не зважаюць. Можна падумаць, што ім належыць увесь горад. І на тратуарах іх улада, і на праезнай дарозе. Па-мойму, выхаванне жанчын зусім занядбана, я так мяркую!

І пан Марэн засмяяўся.

Кюрэ маўчаў. Ён ішоў, угнуўшы галаву, старанна выбіраючы мясціны, куды ступаць, каб не запэцкаць ні абутак, ні сутану.

Пан Марэн не сунімаўся:

— А вы, мусіць, прыехалі ў Парыж развеяцца трохі, праўда?

Святар адказаў:

— Не, справа тут у мяне.

— Ах, вось як! І важная? Дазвольце пацікавіцца, а ў чым заключаецца ваша справа? Можа, я магу памагчы вам, дык я цалкам у вашым распараджэнні!

Поп быў у яўным замяшанні. Ён прамармытаў:

— Ды як вам сказаць... Так, дробная асабістая турбота. Невялікае непаразуменне з ... з маім епіскапам. Але гэта вам не цікава. Так, хатнія непаладкі... духоўнага характару.

Пан Марэн загарэўся.

— Ды менавіта Дзяржаўны савет і ўладжвае падобныя справы! У такім разе — я да вашых паслуг.

— Праўда, пане, акурат у Дзяржаўны савет я і іду. Вы вельмі добры чалавек. Мне трэба пабачыцца з панам Лёрэпэрам і панам Савонам, можа, яшчэ і з панам Пэціпа.

Пан Марэн спыніўся як укапаны.

— Ды гэта ж мае сябры, пане абат, мае найлепшыя сябры, цудоўныя калегі, чароўныя людзі! Я пазнаёмлю вас з усімі трыма, і з задавальненнем пазнаёмлю. Можаце разлічваць на мяне!

Кюрэ падзякаваў, папрасіў прабачэння, налепятаў процьму ўсялякіх прыемнасцей.

Пан Марэн быў зачараваны.

— Ах, вы папраўдзе можаце хваліцца, што вам страшэнна пашанцавала, пане абат. Вось убачыце, вось убачыце, пры маім удзеле ваша справа рушыць як па масле!

Яны прыйшлі ў Дзяржаўны савет. Пан Марэн завёў свяшчэнніка ў свой кабінет, прапанаваў яму мяккае крэсла, пасадзіў бліжэй да каміна, дзе гарэў агонь, потым сам сеў за стол і пачаў пісаць:

«Дарагі калега! Дазвольце мне ад усёй душы назваць Вам самага дастойнага, вартага найвялікшай пашаны вялебнага пана абата...»

Ён прыпыніўся і запытаўся:

— Ваша прозвішча, будзьце ласкавыя?

— Абат Сэнцюр.

Пан Марэн застрачыў далей:

«...пана абата Сэнцюра, якому патрэбна ваша паслуга ў адной дробязнай справе, пра якую ён Вам сам раскажа.

Я шчаслівы, што дзякуючы гэтай нагодзе, дарагі калега...»


І закончыў адпаведным кампліментам.

Напісаўшы тры падобныя пісьмы, ён перадаў іх свайму пратэжэ, і той пасля бясконцых падзяк выйшаў з кабінета.

Пан Марэн адпрацаваў у Савеце, вярнуўся дахаты, спакойна дабыў да вечара, мірна праспаў ноч, прачнуўся ў выдатным настроі і загадаў падаць газеты.

Першы ў рукі трапіўся лісток радыкальнага зместу. Ён прачытаў:

«Наша духавенства і нашы чыноўнікі.

Цяжка пералічыць злачынствы нашага духавенства. Нейкі святы ойча прозвішчам Сэнцюр, выкрыты як змоўшчык супраць урада, абвінавачаны ў такіх учынках, якія нам нават няёмка выносіць на людзі, болей таго, западозраны ў тым, што ён — былы езуіт, які пераўвасобіўся ў сціплага папа, пазбаўлены сваёй парафіі епіскапам па матывах, якія, як кажуць, аспрэчванню не падлягаюць, і выкліканы ў Парыж для тлумачэння сваіх паводзін, знайшоў сабе гарачага заступніка ў нейкім Марэне, дзяржаўным саветніку, які асмеліўся даць гэтаму зламысніку ў сутане пільныя рэкамендацыйныя пісьмы да ўсіх сваіх калегаў, чыноўнікаў-рэспубліканцаў.

Звяртаем увагу міністра на нечуваную пазіцыю гэтага дзяржаўнага саветніка...»

Пан Марэн ускочыў як уджалены, адзеўся і кінуўся да свайго калегі Пэціпа.

— Ах, гэта вы? — прамовіў той. — Ведаеце, вы проста з глузду з'ехалі — пасылаць да мяне гэтага старога змоўшчыка!

Пан Марэн разгублена залепятаў:

— Але паслухайце... Разумееце... Мяне ашукалі!.. Такі прыстойны з выгляду чалавек... Ён нахлусіў мне... Ён подла ашукаў мяне!.. Прашу вас, загадайце сурова пакараць яго! Я зараз напішу. Скажыце, каму мне напісаць, каб яго аддалі пад суд? Я дайду да генеральнага пракурора, да архіепіскапа Парыжскага або да архіепіскапа...

І ён прымасціўся да стала пана Пэціпа і стаў пісаць:

«Ваша Вялікасць, маю гонар давесці да асобы Вашай Міласці, што я аказаўся ахвяраю інтрыг і ашуканства нейкага абата Сэнцюра, які пакарыстаўся маім даверам.

Ашуканы гэтым царкоўным служкам, я...»

Напісаўшы пісьмо і паклаўшы яго ў канверт, пан Марэн павярнуўся да свайго калегі і сказаў:

— Вось бачыце, дарагі дружа, хай гэта паслужыць вам урокам: ніколі і нікому не давайце рэкамендацыйных пісьмаў!


Пераклад: Ніна Мацяш 

Аздоба

Гэта была адна з тых чароўных і мілых дзяўчат, якія, нібыта па іроніі лёсу, нараджаюцца ў небагатых чыноўніцкіх сем'ях. У яе не было ні пасагу, ні вялікіх надзей, ніякіх шанцаў на тое, каб з ёю пазнаёміўся і, пакахаўшы, ажаніўся чалавек багаты і самавіты; і яна без нараканняў згадзілася пайсці замуж за дробнага службоўца з Міністэрства народнай асветы.

Яна не магла купляць сабе аздобы і жыла сціпла, але адчувала сябе няшчаснай, адарванай ад таго жыцця, для якога была народжаная, бо сярод жанчын няма падзелу на саслоўі і класы — прыгажосць, прывабнасць і зграбнасць заўжды замяняюць ім радавітасць і сямейныя прывілеі. Уласцівыя ім прыродная чуйнасць, інстынктыўны густ і гнуткасць розуму — вось тая адзіная іерархія, якая дазваляе дзяўчатам з народа раўняцца з самымі знакамітымі панямі.

Яна пакутавала бесперастанна, бо адчувала, што народжана для самага далікатнага жыцця, самай вытанчанай раскошы. Яна пакутавала праз бядоту свайго жытла, праз галізну сцен, праз убоства праседжаных крэслаў і брыдкіх фіранак. Усё тое, чаго б нават не заўважыла іншая жанчына таго ж саслоўя, мучыла і абурала яе. Выгляд маленькай брэтонкі, якая займалася іх невялікаю гаспадаркай, абуджаў у ёй няўцешны жаль і гарачыя, няўрымслівыя мары. Ёй мроілася маўклівая цішыня прыёмных пакояў, абабітых тонкімі ўсходнімі шпалерамі, спакойнае святло высокіх бронзавых кандэлябраў, мажныя лёкаі ў кароткіх штоніках з падвязкамі, якія дрэмлюць у раскошных фатэлях, закалыханыя млявай гарачынёю каміна. Ёй мроіліся прасторныя салоны, драпіраваныя старадаўнім ядвабам, з мудрагелістаю мэбляй, на якой сям-там стаяць нечуванай цаны забаўкі, і какетлівыя салончыкі, поўныя духмянага водару парфумы, у якіх а пятай гадзіне за шклянкаю гарбаты збіраюцца пагутарыць самыя блізкія сябры — людзі славутыя і знакамітыя, завалодаць увагай якіх імкнуцца і мараць усе жанчыны.

Калі яна сядала абедаць за круглым сталом, накрытым абрусам трохдзённай свежасці, насупраць свайго мужа, які, здымаючы накрыўку з супніцы, прамаўляў з зачараваным выглядам: «Ах! Якое выдатнае рагу! З агародніны! Ды з мясам! Не ведаю, што можа быць лепшае...», ёй мроіліся пышныя абеды, бліскучае срэбра прыбораў, сцены з кілімамі, вышыванымі на старажытныя сюжэты або з дзіўнымі птахамі сярод казачнага лесу; ёй мроіліся далікатныя стравы, якія падаюць на тонкім парцалянавым посудзе, лёсткі і іншыя мілыя рэчы, якія вымаўляюць шэптам і слухаюць з загадкаваю ўсмешкай сфінкса на вуснах, адразаючы тым часам кавалачак ружовага мяса стронгі ці адломваючы добра падпечанае рабчыкава крылца.

У яе не было ні ўбрання, ні каштоўнасцяў, нічога. Але яна любіла толькі гэта і адчувала, што толькі дзеля гэтага яна створана. Яна б так хацела ўсім падабацца, выклікаць зайздрасць, быць прывабнай, мець поспех у мужчын.

У яе была багатая сяброўка, былая прыяцелька па дзявочым прытулку, да якой яна цяпер не любіла хадзіць, бо, вяртаючыся дадому, прыносіла з сабой толькі пакуты. І цэлымі днямі яна ліла слёзы ў журбе, жальбе, роспачы і смутку.


Аднойчы ўвечары яе муж вярнуўся з працы і з урачыстым выглядам падаў ён нейкі канверт.

— Вось, трымай, — сказаў ён, — тут ёсць нешта табе.

Яна жвава ададрала беражок паперы і дастала картку, на якой было напісана друкаванымі літарамі:

«Міністр народнай асветы і пані Рампано просяць пана і пані Люазэль зрабіць ім ласку і прыйсці на вечар, які адбудзецца ў будынку міністэрства ў панядзелак 18 студзеня».

Замест таго каб узрадавацца, як таго чакаў яе муж, яна з прыкрасцю кінула запрашэнне на стол і ціха прамовіла:

— І што, па-твойму, я мушу з гэтым рабіць?

— Але, дарагая, я думаў, цябе гэта неяк усцешыць. Ты ж нікуды не выходзіш, а тут такі выпадак, проста выдатны! Мне было страшэнна цяжка яго прыдбаць. У нас за гэтым запрашэннем усе ганяюцца — дужа ж будзе раскошны вечар, дробных службоўцаў і не надта каб запрашалі. Усё найвышэйшае чыноўніцтва будзе там, сама ўбачыш.

Яна са злосцю зірнула на мужа і раздражнёна сказала:

— А што я адзену, ты падумаў? У чым я туды пайду?

Гэтай думкі не прыходзіла яму ў галаву, і ён прамармытаў:

— Але, ну, тую сукенку, што ты ходзіш у тэатр. Яна ж, здаецца, вельмі добрая, па-мойму...

Ён змоўк, узрушаны і разгублены тым, што ўбачыў, — яго жонка плакала. Дзве вялікія слязіны паволі сцякалі з яе вачэй да куточка рота. Неяк заікаючыся, ён забалбатаў:

— Ды ну што ты, што з табой?

Але рэзкім намаганнем яна адолела свой боль і, абцёршы вільготныя шчокі, сказала паспакайнелым голасам:

— Нічога. Але ўбораў у мяне няма, і таму на гэтае свята я пайсці не магу. Сваю картку можаш аддаць якому прыяцелю, чыя жонка здолее прыбрацца лепш за мяне.

Яго апанавала роспач. Ён кінуўся ўгаворваць:

— Ну, добра, Мацільда. Ну, колькі ён будзе каштаваць, такі ладны гарнітур, каб ты магла яго яшчэ калі надзяваць, ну, на які іншы выпадак, такі, каб не надта, ну, папрасцей?

Яна крыху задумалася, прыкідваючы ў думках суму і адначасова ўзважваючы, колькі можа папрасіць у свайго ашчаднага мужа, каб не выклікаць у яго адразу адмаўлення і спалоханага крыку.

Нарэшце яна прамовіла не вельмі ўпэўнена:

— Дакладна не ведаю, але, мусіць, чатырохсот франкаў мне было б досыць.

Ён крыху збялеў, бо менавіта такія грошы ў яго былі прызапашаны на куплю стрэльбы, з якой ён налета меўся ездзіць з кампаніяй некуды пад Нантэр, — яго сябры кожную нядзелю палявалі там на жаўрукоў.

Аднак ён сказаў:

— Добра. Я дам табе чатырыста франкаў. Але ўжо ты пастарайся, каб сукенка была добрая.


Святочны дзень набліжаўся, а пані Люазэль гэта, здаецца, не радавала, яна мела сумны, неспакойны, заклапочаны выгляд. Яе ўбранне, аднак, было ўжо гатовае. Неяк увечары муж сказаў ёй:

— Ды што з табой такое? Ужо трэці дзень ты нейкая дзіўная.

І яна адказала:

— Мяне засмучае, што ў мяне няма ніякай аздобы, хоць бы якой брошкі ці каменя. Так я буду мець дужа мізэрны выгляд. Ужо лепей зусім не ісці на гэты вечар.

Ён запярэчыў:

— Прышпіліш сабе жывыя кветкі. Цяпер, узімку, гэта будзе глядзецца нават шыкоўна. За дзесяць франкаў можна купіць дзве ці тры выдатныя ружы.

Гэта яе зусім не пераканала:

— Не... Няма большай знявагі, як глядзецца жабрачкай сярод багатых паняў.

Раптам муж аж крыкнуў:

— Ну і дурніца ж ты! Ідзі да сваёй сяброўкі, пані Фарэсцье, ды папрасі ў яе, хай пазычыць табе якую аздобу. Ты ж яе даволі блізка ведаеш, каб зрабіць гэта.

Яна радасна схамянулася:

— І праўда. А я і не падумала нават.

Назаўтра яна пайшла да сяброўкі і расказала ёй пра сваю бяду.

Пані Фарэсцье падышла да шафы з люстрам, дастала адтуль вялікі куфэрак і прынесла яго да пані Люазэль. Адчыніўшы яго, яна прапанавала:

— Выбірай сама, дарагая.

Спачатку, зверху, тая ўбачыла нейкія бранзалеткі, пад імі — перлавыя пацеркі, пасля — выдатны крыж венецыянскай работы, увесь з золата, абсыпаны каштоўным каменнем. Яна прымярала аздобы, седзячы перад люстрам, і ўсё не магла што-небудзь выбраць, не рашалася ні ўзяць, ні пакінуць іх, пакласці на месца. Яна ўсё пыталася:

— А болей у цябе нічога няма?

— Ну, ёсць, вядома. Шукай. Я ж не ведаю, што можа табе спадабацца.

Раптам у чорнай атласнай скрынцы яна ўбачыла дзівосныя дыяментавыя каралі, і яе сэрца закалацілася ад шалёнага жадання. Яна ўзяла іх дрыготкімі рукамі і прымерала на шыі, паверх сукенкі з высокім каўняром, і застыла, зачараваная сваім адбіткам у люстры.

Пасля, нерашуча, з нейкім адчаем яна папыталася:

— Ты можаш пазычыць мне гэта, толькі гэта, больш нічога?

— Ну, вядома ж, бяры.

Яна кінулася сяброўцы на шыю, пацалавала яе і хутчэй пабегла са сваім скарбам дахаты.


Дзень балявання настаў. Пані Люазэль мела вялікі поспех. Зграбная, элегантная, яна была прыгажэйшая за ўсіх, яна ўвесь час усміхалася і не знаходзіла сабе месца ад шчасця. Усе мужчыны глядзелі на яе, пыталіся яе імя, імкнуліся з ёй пазнаёміцца. Прайсціся з ёй у вальсе хацелі найвышэйшыя чыноўнікі з сакратарыята. Яе прыкмеціў сам міністр.

Яна танцавала заўзята, з запалам, ап'янелая ад радасці, забылася на ўсё ў трыумфе сваёй прыгажосці, у славе свайго поспеху, нібыта ў воблаку шчасця ад столькіх знакаў увагі, ад усяго гэтага захаплення і пакланення, што яна выклікала ў мужчын, ад поўнай сваёй перамогі, што заўжды так соладка грэе жаночае сэрца.

Адно а чацвёртай гадзіне ночы яна сабралася пайсці дамоў. Яе муж ад поўначы спаў у маленькай пустой зале з трыма іншымі чыноўнікамі, жонкі якіх дужа весяліліся на баляванні.

Муж накінуў ёй на плечы паўкажушок, сціплае пахажалае адзенне, убоства якога не стасавалася з элегантнасцю вячэрняга ўбрання. Яна адчула гэта, і ёй захацелася хутчэй уцячы, каб яе не заўважылі іншыя жанчыны, якія захіналі свае плечы ў дарагія футры.

Люазэль затрымаў яе:

— Ды чакай жа. Прастудзішся на вуліцы. Я зараз клікну фіякр.

Але яна не слухала яго і ўжо хутка спускалася па лесвіцы. Калі яны выйшлі на вуліцу, свабодных брычак там не было, яны пачалі шукаць, крычалі наўздагон рамізнікам, але тыя былі ўжо далёка.

Яны спускаліся да Сены, змерзлыя, не спадзеючыся ўжо ні на што. Нарэшце, каля рэчкі, ім трапіўся адзін з тых лядашчых начных вазочкаў, якія можна сустрэць у Парыжы толькі ўночы, нібыта яны саромеюцца свайго ўбоства, каб ездзіць па горадзе днём.

Ён прывёз іх дадому, на вуліцу Пакутнікаў, і яны самотна падняліся да сябе. Для яе ўсё было скончана. А ён думаў пра тое, што а дзесятай гадзіне яму трэба быць у міністэрстве.

Яна падышла да люстра і зняла паўкажушок, каб яшчэ раз убачыць сябе ва ўсім харастве. Але раптам ускрыкнула. Караляў на шыі не было!

Муж, ужо паўраздзеты, спытаўся:

— Што там у цябе?

Вельмі разгубленая, у роспачы, яна павярнулася да яго:

— У мяне... я... я згубіла каралі пані Фарэсцье.

Ён збянтэжана падскочыў:

— Што!.. Як?.. Гэтага не можа быць!

Яны кінуліся шукаць у складках сукенкі, у складках паўкажушка, у кішэнях, паўсюль. Але нічога не знайшлі.

Ён запытаўся:

— Ты ўпэўнена, што, калі адыходзіла з балю, яны ў цябе яшчэ былі?

— Але, я іх кратала ў вестыбюлі міністэрства.

— Але каб ты іх згубіла на вуліцы, мы б пачулі, як яны ўпалі. Мусіць, яны засталіся ў фіякры.

— Хутчэй за ўсё. Ты запомніў нумар?

— Не. А ты? Таксама не паглядзела?

— Не.

Яны ўзіраліся адно ў аднаго, прыгнечаныя сваім горам. Тады Люазэль пачаў зноў адзявацца.

— Пайду, — сказаў ён, — прайдуся, дзе мы ішлі пешкі, пагляджу, можа, яшчэ пашанцуе знайсці.

І ён выйшаў. А яна так і засталася сядзець у вячэрнім убранні, не могучы ні пайсці спаць, ні падняцца з крэсла, каб запаліць агонь, не могучы ні пра што думаць.

Муж вярнуўся пад сёмую гадзіну. Ён нічога не знайшоў.

Зранку ён пабег у паліцэйскую прэфектуру, хадзіў па рэдакцыях газет, даваў аб'явы, абяцаючы ўзнагароду, завітаў у вазоўні да рамізнікаў — хадзіў паўсюль, куды толькі яго штурхала надзея.

Яна чакала ўвесь дзень, у такім самым здранцвенні, прыбітая жахлівай бядою, што іх напаткала.

Люазэль вярнуўся ўвечары, змарнелы, са збялелым тварам; даведацца ён нічога не здолеў.

— Трэба напісаць тваёй сяброўцы, — сказаў ён, — што на каралях зламаўся замочак, і ты іх аддала адрамантаваць. Гэта нам дасць яшчэ крыху часу, а тады, можа, выкруцімся.

Яна напісала ліст пад яго дыктоўку.


Праз тыдзень яны страцілі ўсе надзеі. І Люазэль, які выглядаў пастарэлым на пяць гадоў, заявіў:

— Трэба пастарацца іх неяк замяніць.

Назаўтра яны ўзялі футарал, у якім некалі ляжалі каралі, і пайшлі да ювеліра, імя якога было пазначана на накрыўцы. Той прагартаў свае кнігі:

— Гэтыя каралі, пані, куплены не ў мяне. Мусіць, я прадаў толькі футарал.

Тады яны пачалі хадзіць ад ювеліра да ювеліра, спадзеючыся знайсці дакладна такую ж аздобу, капаліся ў памяці, прыгадваючы, як выглядала згубленая, ужо ледзь дыхалі, змардаваныя абодва праз скруху і гора.

Нарэшце ў адной з крамаў Пале-Руаяля яны знайшлі дыяментавыя пацеркі, якія здаліся ім акурат такімі, як яны шукалі. Каштавалі яны сорак тысяч франкаў. Ім саступалі за трыццаць шэсць тысяч.

Яны папрасілі ювеліра тры дні іх нікому не прадаваць і дамовіліся, што гэтыя каралі ў іх прымуць назад за трыццаць чатыры тысячы франкаў, калі першыя будуць знойдзены да канца лютага.

У Люазэля было васемнаццаць тысяч франкаў, якія пакінуў яму бацька. Рэшту ён меўся пазычыць.

І ён пачаў пазычаць, выпрошваў тысячу франкаў у аднаго, пяцьсот у другога, сто франкаў тут, шэсцьдзесят франкаў там. Ён падпісваў вэксалі, згаджаўся на самыя вялікія працэнты, звязаўся з ліхвярамі, з самымі рознымі пазыччыкамі. Ён укрыў даўгамі ўсё сваё жыццё да самых апошніх дзён, даваў распіскі, не ведаючы нават, ці здолее іх калі аплаціць, і, прыгнечаны страхам перад пакутліваю будучыняй, перад непрагляднаю нэндзай, якая насоўвалася на яго, і перад сумнаю перспектывай матэрыяльных нястач і маральных нягод, ён паехаў па новыя каралі і вылажыў перад гандляром трыццаць шэсць тысяч франкаў.

Калі пані Люазэль прынесла аздобу пані Фарэсцье, тая сказала незадаволеным голасам:

— Магла б прынесці мне іх і раней, бо мне яны таксама маглі спатрэбіцца.

Яна нават не раскрыла футарала, чаго так баялася яе сяброўка. Што б яна магла падумаць, каб заўважыла падмену? Што б яна сказала? Можа, яна палічыла б яе за зладзейку?


Пані Люазэль спазнала жахлівае жабрацкае жыццё. Зрэшты, яна адразу і гераічна скарылася перад сваім лёсам. Трэба было плаціць гэты пачварны доўг. І яна плаціла. Яны развіталіся з пакаёўкай, з'ехалі з кватэры, знялі ўбогі катух на паддашку.

Яна спазнала цяжкую хатнюю працу, агіднае корпанне каля кухоннай пліты. Яна мыла посуд, заломваючы свае выпешчаныя ружовыя пазногці аб тлустыя гаршкі і закураныя рондалі. Прала брудную бялізну, мыла кашулі, церла мылам анучы і пасля развешвала ўсё гэта сушыцца на дроце; кожную раніцу яна выносіла на двор смецце і цягнула наверх ваду, спыняючыся перадыхнуць на кожным паверсе. І адзетая, як звычайная, простая кабета, з кашом у руцэ, яна хадзіла купіць чаго-небудзь спажыўнага, садавіны ці хлеба, і заўсёды спрачалася з крамнікамі, сварылася, бараніла кожнае су з сваіх мізэрных грошай.

Кожны месяц трэба было плаціць па вэксалях і, каб выйграць час, падпісваць новыя.

Муж не шкадаваў сябе, увечары ён перапісваў начыста рахункі гандлярам, а ўночы часам рабіў копіі з рукапісаў па пяць су за старонку.

І гэтак яны жылі дзесяць гадоў.

Праз дзесяць гадоў усё было выплачана — усё, разам з незлічонымі ліхвярскімі надбаўкамі і шматлікімі складанымі працэнтамі.

Пані Люазэль вельмі пастарэла. Яна стала цяпер нязграбная, і дужая, і грубая, як усе гаспадыні ў згалелых сем'ях. Яна хадзіла заўжды непрычасаная, у збітай набок спадніцы, з чырвонымі рукамі, размаўляла голасна і мыла падлогу, плёскаючы ваду проста з вядра. Але часам, калі муж быў на службе, яна сядала каля акна і прыгадвала той колішні вечар, той баль, на якім яна мела такі поспех, на якім яна была такая прыгожая і чароўная.

Што было б, калі б яна не згубіла гэтай аздобы? Хто ведае? Хто ведае? Жыццё такое капрызнае і такое зменлівае! Як мала трэба, каб знайсці адразу ўсё ці ўсё адразу згубіць!


Неяк у нядзелю, калі пані Люазэль пайшла прагуляцца па Елісейскіх Палях, каб крыху адпачыць ад тыднёвай стомы, яна заўважыла жанчыну, якая вяла за руку дзіця. Гэта была пані Фарэсцье, па-ранейшаму маладая, па-ранейшаму прыгожая і прывабная.

Нечаканая сустрэча ўсхвалявала пані Люазэль. Падысці да яе, загаварыць? Ну але, вядома! Цяпер, калі яна ўжо расплацілася з даўгамі, ёй можна расказаць усё.

І яна падышла.

— Дзень добры, Жана.

Але пані Фарэсцье не пазнала яе, яна была здзіўленая, што нейкая простая мяшчанка звяртаецца да яе, як да блізкай сяброўкі, і прамармытала:

— Але... пані!.. Не ведаю... Вы, мусіць, памыліліся.

— Не. Я Мацільда Люазэль.

Яе прыяцелька аж ускрыкнула:

— Ах!.. Бедная Мацільда, як ты змянілася!..

— Мне давялося перажыць нялёгкія дні з таго часу, як мы з табой бачыліся апошні раз. Я зведала, што такое нястача... і ўсё праз цябе!..

— Праз мяне?.. Але якім чынам?

— Ты памятаеш тыя дыяментавыя каралі, што ты мне пазычыла, каб схадзіць на вечар у міністэрства?

— Памятаю. Дык што?

— Дык вось, я іх тады згубіла.

— Як! Ты ж мне іх аддала.

— Аддала, але другія, такія самыя. І нам пасля давялося за іх плаціць дзесяць гадоў. Сама разумееш, нам прыйшлося даволі цяжка, у нас нічога не было... Але цяпер усё нарэшце скончана, і я шалёна гэтаму рада.

— Дык ты кажаш, што замест маіх вы купілі другія дыяментавыя каралі?

— Ага. А ты гэтак нічога і не заўважыла, га? Яны былі вельмі падобныя.

І яна ганарліва і прастадушна ўсміхнулася, поўная радасці.

Пані Фарэсцье ўзрушана ўзяла яе за рукі.

— Ах! Мая бедная Мацільда! Але ж мае каралі былі фальшывыя. Яны каштавалі самае большае пяцьсот франкаў!..


Пераклад: Зміцер Колас 

Цётка Саваж

Жоржу Пушэ

За пятнаццаць гадоў я ні разу не наведаўся ў Віржэлонь. Я зноў прыехаў сюды ўвосень на паляванне да свайго сябра Сэрваля, які нарэшце адбудаваў свой замак, разбураны прусакамі.

Я бясконца люблю гэты край. Ён належыць да тых дзівосных куточкаў зямлі, што чаруюць наш погляд і пачуцці. Іх любяць амаль фізічна. Мы, каго вабіць зямля, захоўваем пяшчотныя ўспаміны пра крыніцы, гайкі, азерцы, узгоркі, якія мы часта бачылі і якія расчулілі нас, як расчульваюць шчаслівыя падзеі. І часам нават думка вяртаецца да якога-колечы куточка лесу, ці берага ракі, ці садка, апушанага квеценню, убачаных аднойчы ў радасны дзень. Яны застаюцца ў нашым сэрцы, нібы вобраз жанчыны ў строях празрыстых і светлых, сустрэтае на вуліцы неяк вясновым ранкам, жанчыны, што ў душы і целе нашым пакідае неспатоленае незабыўнае жаданне, адчуванне шчасця, да якога на імгненне дакрануўся.

У Віржэлоні я любіў усё наваколле, усеянае пералескамі, зрэзанае раўчукамі, што разбегліся па зямлі, нібы вены, несучы кроў яе. У іх лавіліся ракі, стронгі, вугры! Боскае шчасце! Сям-там можна было купацца, у высокай траве абапал кволых крынічак часцяком трапляліся кнігаўкі.

Я ступаў лёгка, як казуля, паглядаючы на двух маіх сабак, што шнарылі перада мною. За сотню метраў справа ад мяне Сэрваль прачэсваў поле люцэрны. Я абагнуў хмызняк на ўскраіне лесу Сордаў і заўважыў зруйнаваную халупу.

І раптам я згадаў яе такую, якую бачыў апошні раз у тысяча восемсот шэсцьдзесят дзевятым годзе, чысцюткую, аплеценую вінаграднаю лазой, з курамі, што грэбліся перад ганкам. Ці ёсць што сумнейшае за мёртвы дом, за яго гаротныя змрочныя руіны?

Я ўспомніў таксама, як добрая гаспадыня прымушала мяне, стомленага, выпіць чарачку віна ў хаце і як Сэрваль расказаў мне гісторыю яе жыхароў. Бацьку, старога браканьера, забілі жандары. Сын, якога я бачыў неяк раней, высокі сухарлявы дзяцюк, быў таксама вядомы як люты знішчальнік звяроў. Іх называлі Саважамі.

Што гэта, прозвішча ці мянушка?

Я паклікаў Сэрваля. Ён падышоў сваімі вялікімі буслінымі крокамі.

Я спытаўся: «Што здарылася з тутэйшымі людзьмі?»

І ён расказаў мне вось гэтую гісторыю.


Калі пачалася вайна, малодшы Саваж, яму было тады трыццаць тры гады, пайшоў у войска, пакінуўшы маці адну. Яе, старую, не надта шкадавалі, бо ведалі, што грошы ў яе меліся.

Яна засталася адна ў гэтай самотнай хатцы, так далёка ад сяла, пры самым лесе. Зрэшты, яна і не баялася, бо была з тае ж пароды, што і яе мужчыны, суровая старая, высокая і худая; яна рэдка смяялася і не надта адгуквалася на жарты. Дарэчы, усе вясковыя кабеты не вельмі смяшлівыя. Гэта ўжо справа мужчын! Ад змрочнага, беспрасветнага жыцця жаночая душа робіцца сумная і абмежаваная. У карчме селянін трохі прывучаецца да шумлівае весялосці, але кабета яго застаецца сур'ёзная, з заўсёднаю суровасцю на твары. Дый самі вусны іх не вельмі прывычныя да ўсмешкі.

Цётка Саваж жыла звычайным жыццём у сваёй халупе, якую неўзабаве засыпаў снег. Раз на тыдзень яна выбіралася ў сяло купіць хлеба ды трохі мяса, пасля вярталася дадому. Хадзілі чуткі пра ваўкоў, і яна выпраўлялася ў дарогу з сынавай стрэльбай, іржаваю, з прыкладам, адпаліраваным далонямі. Смешна было глядзець, як высокая старая, трохі ўгнуўшыся, ішла па снезе павольнымі шырокімі крокамі, а ствол стрэльбы тырчаў над чорнаю хусткай, што шчыльна ахінала галаву і хавала яе сівыя валасы, якіх ніхто ніколі не бачыў.

І вось аднойчы з'явіліся прусакі. Іх размясцілі па хатах залежна ад заможнасці і багацця гаспадароў. Да старой, якую лічылі багатаю, паставілі чатырох.

Гэта былі здаровыя дзецюкі, з белаю скурай, светлымі бародамі, блакітнымі вачыма; гладкія, нягледзячы на ваенныя цяжкасці. І ў захопленай краіне яны заставаліся добрымі хлопцамі. Адны ў гэтай пажылой жанчыны, яны былі вельмі ветлівыя з ёю, як маглі бераглі яе ад цяжкае працы і вялікіх выдаткаў. Людзі бачылі, як сырымі снежнымі раніцамі яны раздзяваліся да пояса і мыліся каля студні, шчодра паліваючы вадою свае бела-ружовыя спіны, а цётка Саваж тым часам завіхалася, гатуючы снеданне. Бачылі яшчэ, як яны мылі кухню, шаравалі кафлю, калолі дровы, абіралі бульбу, рабілі ўсю хатнюю работу, нібы добрыя сыны пры сваёй маці.

Але яна, старая, усё думала пра свайго, пра худога бамбізу з кручкаватым носам, карымі вачыма, з густымі чорнымі вусамі. Штодня яна пыталася ў кожнага з салдатаў, што размясціліся ў яе хаце:

— Вы не ведаеце, куды адступіў французскі полк, дваццаць трэці маршавы? З ім мой сын.

Яны адказвалі:

— Не, ня фетаем, сусім ня фетаем.

І, разумеючы яе клопат і неспакой, таксама маючы недзе мацярок, яны рабілі ёй тысячу дробных паслуг. Дарэчы, і яна іх любіла, гэтых чатырох варожых салдатаў, бо сяляне не багатыя на патрыятычную нянавісць, гэта справа вышэйшых класаў. Прыгнечаныя, тыя, што плоцяць больш за ўсіх, бо яны бедныя, тыя, на каго кладзецца кожны новы падатак, тыя, каго забіваюць масамі, тыя, што на вайне ўтвараюць сапраўднае гарматнае мяса, бо іх шмат, тыя, нарэшце, што найбольш пакутуюць ад жахлівага ваеннага згалення, бо яны самыя слабыя і найменш здатныя да супраціўлення, не надта ўспрымаюць той ваяўнічы імпэт, тое пытанне гонару, тых так званых палітычных камбінацый, што ўжо шэсць месяцаў знясільваюць дзве нацыі, як пераможаную, так і пераможніцу.

Паглядаючы на немцаў, што жылі ў цёткі Саваж, у наваколлі казалі:

— Ну, гэтыя чатырох знайшлі сабе прытулак.

Але вось неяк уранку, калі старая была ў хаце адна, далёка на раўніне яна заўважыла чалавека, што ішоў да яе сядзібы. Хутка яна яго пазнала, гэта быў вясковы паштар, што разносіў лісты. Ён аддаў ёй складзеную паперку, яна выцягнула з футарала акуляры, якімі яна карысталася шыючы, і вось што прачытала:

«Пані Саваж, гэтым лістом паведамляю вам сумную навіну. Ваш сын Віктор учора быў забіты ядром, якое, так бы мовіць, разарвала яго напалам. Я быў зусім побач; мы і ў роце трымаліся разам, і ён мне расказаў пра вас, каб я паведаміў вам у той самы дзень, як яго напаткае якая-небудзь бяда.

Я ўзяў гадзіннік у яго з кішэні, каб аддаць вам, калі скончыцца вайна.

Шчыра вітаю вас.

Сэзэр Рыво.

Салдат 2-га класа, 23-га маршавага палка».

Ліст быў напісаны тры тыдні таму. Яна не плакала; сядзела нерухома, такая ўражаная, ашаломленая, што нават і болю яшчэ не пачула. Думала: «Ну вось табе, цяпер ужо і Віктора забілі». Потым вочы яе наліліся слязамі, і боль сціснуў сэрца. Думкі наплывалі адна за адною, жахлівыя, пакутлівыя. Ужо не абдыме яна болей сваё дзіця, свайго бамбізу, ніколі болей! Жандары забілі бацьку, прусакі забілі сына... Ядро разарвала яго напалам. Ёй здавалася, што яна сама бачыла гэты жах: галава панікла, вочы шырока расплюшчыліся, а ён усё пакусваў свой доўгі вус, нібы загневаўся, як даўней.

А што яны потым зрабілі з яго целам? Каб ёй хоць аддалі яе дзіця, як некалі аддалі мужа з прабітым куляю лобам.

Нарэшце яна пачула галасы. Гэта прусакі вярталіся з сяла. Яна хуценька схавала ліст, выцерла вочы і сустрэла немцаў са звычайным выразам твару.

Усе чацвёра задаволена смяяліся, бо неслі ладнага труса, крадзенага, канешне, і знакамі паказвалі старой, што сёння ў іх будзе смачны абед.

Яна адразу ж пачала завіхацца, каб прыгатаваць ежу, але калі спатрэбілася забіць труса, у яе не хапіла рашучасці. А гэта было ёй не ўпершыню! Адзін з салдатаў забіў яго, стукнуўшы па патыліцы.

Яна злупіла з труса шкуру, агаліўшы чырвонае цельца, але выгляд крыві, што цякла ў яе па руках, цёплае крыві, што ўвачавідкі ахалодвала і застывала, прымушаў яе калаціцца з галавы да ног; і ўвесь час у яе перад вачыма стаяў сын, разарваны напалам, увесь у крыві, як і гэты звярок, што яшчэ падрыгваў.

Яна села за стол разам з прусакамі, але не магла з'есці ніводнага кавалачка. Яны праглынулі труса, не звяртаючы на яе ўвагі. Старая моўчкі паглядала на іх збоку, выношваючы нейкую думку, але твар яе быў такі непранікальны, што яны нічога не заўважылі.

Раптам яна сказала: «Я не ведаю нат вашых прозвішчаў, а ўжо месяц, як вы ў мяне жывяцё». Яны зразумелі, што яна хоча, праўда, не без цяжкасці, і сказалі ёй свае прозвішчы. Але ёй гэтага было мала, яна папрасіла напісаць іх на паперы разам з адрасамі іхніх сем'яў і, начапіўшы акуляры на свой доўгі нос, агледзела незнаёмы почырк. Пасля згарнула паперу і паклала яе ў кішэню разам з лістом, што паведаміў ёй пра смерць сына.

Калі прусакі паелі, яна сказала: «Пайду пасцялю вам». І пачала насіць сена на гарышча, дзе яны спалі.

Яны здзівіліся, і старая растлумачыла, што так будзе цяплей. Прусакі ўзяліся памагаць ёй. Запхаўшы гарышча да самае страхі, яны зрабілі сабе нешта накшталт вялікага пакоя з цёплага духмянага сена, дзе яны маглі спаць найлепшым чынам.

У час абеду адзін з салдатаў занепакоіўся, што цётка Саваж яшчэ нічога не ела. Яна адказала, што ў яе баліць жывот. Пасля яна запаліла добры агонь, каб сагрэцца, а чацвёра немцаў, як і кожны вечар, залезлі па лесках на гарышча.

Як толькі дзверы за імі зачыніліся, старая прыняла лескі, адчыніла дзверы ў хату і пачала насіць салому, аж покуль не заваліла ўсю кухню. Яна хадзіла па снезе босая так асцярожна, што нічога не было чуваць. Час ад часу яна прыслухоўвалася да гучнага і няроўнага храпу салдатаў. Вырашыўшы, што саломы ўжо досыць, яна сунула адно бярэмя ў агонь, яно запалала, і старая расцярушыла яго па кухні. Потым яна выйшла і пачала глядзець.

Праз некалькі хвілін неўтаймоўнае полымя заліло халупу з сярэдзіны, пасля яно ператварылася ў жахлівае вогнішча, у вялізарную печ, што палала і пырскала святлом праз вузкія вокны, кідаючы на снег яскравы адбітак.

Моцны крык вырваўся з вышыні хаты, ператварыўся ў хвалю чалавечага ляманту, поклічаў, што рвалі душу жахам і роспаччу.

Пасля дзверцы праваліліся ўсярэдзіну, вогненны віхор вырваўся на гарышча, пранізаў саламяную страху, узняўся ў неба магутным полымем, і ўся халупа запалала.

З сярэдзіны чулася толькі, як патрэскваюць у агні сцены і абвальваюцца бэлькі. Раптам страха правалілася, і з абнятага агнём дома рвануўся ў неба, проста ў хмару дыму, вялізны сноп іскраў.

Белае, асветленае агнём наваколле ззяла, як срэбны, з чырванню абрус.

Аднекуль здалёк пачуўся звон.

Старая Саваж стаяла перад сваім разбураным гняздом; яна трымала сынаву стрэльбу, баючыся, каб хто з прусакоў не выскачыў з полымя.

Убачыўшы, што ўсё скончана, яна кінула сваю зброю ў вогнішча. Грымнуў выбух. Збегліся сяляне, прусакі.

Старая сядзела на калодзе спакойная і задаволеная.

Адзін нямецкі афіцэр, што гаварыў па-французску, як сапраўдны француз, спытаўся ў яе: «Дзе вашы пастаяльцы?»

Яна выцягнула сваю худую руку да барвовага россыпу вуголля, што ўжо затухала, і цвёрда адказала: «Там!»

Людзі таўкліся вакол яе. Прусак спытаўся: «Як пачало гарэць?»

Яна вымавіла: «Я падпаліла».

Ёй не паверылі, падумалі, што з-за гэтага няшчасця яна раптоўна звар'яцела. Стоячы ў атачэнні людзей, што слухалі яе, яна расказала ім усё ад пачатку да канца; ад моманту, калі яна атрымала ліст, і да апошняга крыку людзей, што згарэлі ў хаце.

Скончыўшы, яна выцягнула з кішэні дзве паперкі і начапіла свае акуляры, каб адрозніць іх у апошніх водблісках полымя. Паказваючы адну, яна сказала: «У гэтай пра смерць Віктора». Падаючы другую, яна кіўнула на барвовыя руіны: «Гэта іхнія прозвішчы, каб напісаць ім дадому». Спакойна аддала паперку афіцэру, што трымаў яе за плечы, і дадала: «Апішыце, як усё здарылася, і скажыце іхнім бацькам, што гэта зрабіла я, Вікторыя Сімон, Саваж! Не забудзьце!»

Афіцэр крыкнуў па-нямецку нейкі загад. Старую схапілі, кінулі да яшчэ гарачае сцяны яе хаціны.

Дванаццаць чалавек сталі шыхтом за дваццаць метраў ад яе. Яна стаяла нерухома, зразумеўшы ўсё, яна чакала.

Пачулася каманда — гук стрэлаў рвануў паветра. Нечы запознены стрэл самотна прагучаў пасля ўсіх.

Старая не ўпала, яна асела, нібы падрэзаная. Прускі афіцэр падышоў да яе. Яе амаль разарвала напалам, а сціснутая рука яе ўсё трымала скрываўлены ліст.


Мой сябра Сэрваль дадаў: «Як пакаранне — немцы разбурылі тутэйшы замак, што належаў мне».

А я задумаўся пра мацярок чатырох добрых хлопцаў, што згарэлі ў гэтай хаціне, і пра жорсткі гераізм другое маці, расстралянае каля гэтай сцяны.

І я падабраў маленькі каменьчык, чорны ад агню.


Пераклад: Алесь Істомін 

Жабрак

Ён ведаў і лепшыя дні, хоць быў жабраком і калекам.

Яму было пятнаццаць гадоў, калі на гасцінцы ў Варвілі яму раструшчыла ногі брычка. З таго часу ён і пайшоў у старцы, бадзяўся па дарогах і сядзібах фермераў, чыкільгаючы на мыліцах, ад якіх плечы ў яго ўзнімаліся ажно да вушэй. Галава яго здавалася ўтуленай паміж імі, як паміж дзвюма гарамі.

Падкідыш, — кюрэ з Біет знайшоў яго ў рове напярэдадні Дня ўсіх святых і ахрысціў таму Нікаля Тусэнам, — сірата, якому з жалю давалі есці, але анічому не вучылі, потым калека — ён трапіў брычцы пад колы, выпіўшы некалькі чарак гарэлкі, якою дзеля смеху пачаставаў яго вясковы пекар, і з той пары — бяздомны бадзяга, ён нічога не ўмеў рабіць, адно выцягваў руку, каб узяць міласціну.

Некалі баранеса д'Авары дазволіла яму начаваць у будцы, поўнай саломы, каля птушніка на ферме, якая стаяла пры замку; і ён ведаў, што ў тыя дні, калі ўжо надта пачне даймаць голад, яму заўсёды знойдзецца на кухні кавалак хлеба і шклянка сідру. Нярэдка яму перападала і некалькі медзякоў, якія старая пані кідала яму з высокага ганка ці праз акно з свае спальні. Але яна даўно памерла.

Цяпер у вёсках яму нічога не давалі: усе занадта прывыклі да яго; ён усім ужо абрыд за тыя сорак гадоў, што сноўдаўся ад халупы да халупы, цягаючы на дзвюх дзеравячынах сваё знявечанае, акрытае лахманамі цела. Але сысці прэч з гэтых мясцін ён не хацеў, — ён нічога не ведаў на зямлі, апрача гэтага куточка, гэтых трох-чатырох вёсачак, дзе прайшло ўсё яго няшчаснае жыццё. Ён нібы абвёў мяжою тэрыторыю свайго папрашайніцтва, і яму і ў галаву не прыходзіла, што гэтую мяжу можна пераступіць.

Ён не ведаў, ці існуе што-небудзь яшчэ і па-за дрэвамі, якія заўсёды былі ў яго перад вачыма. Ён не ставіў сабе такога пытання. І калі сяляне зноў і зноў спатыкалі яго каля сваіх палеткаў ці равоў, яны раздражнёна крычалі:

— І чаго ты вечна сноўдаешся тут, чаму не ідзеш у іншыя вёскі?

Ён прамоўчваў і ішоў прэч, апанаваны раптоўным страхам перад невядомым, страхам галяка, які змушае яго падсвядома баяцца ўсяго ўсялякага: новых твараў, лаянкі, падазроных позіркаў людзей, якім ён чужы, а найболей жандараў, што па двое пахаджаюць па дарогах; угледзеўшы іх, ён умомант зашываўся ў кустоўе ці хаваўся за кучу камення.

Варта было ім з'явіцца ўдалечыні, пабліскваючы галунамі на сонцы, як ён уміг набываў незвычайную жвавасць — жвавасць звера, якога цкуюць. Ён імгненна саслізгваў са сваіх мыліц, падаў, як мяшок, долу, скурчваўся, рабіўся зусім маленечкі, непрыкметны, нібы затоены заяц, і бурыя лахманы яго зліваліся з зямлёю.

А між тым ён ніколі не меў ніякіх сутычак з паліцыяй. Але гэты страх і гэтая хітрасць сядзелі ў яго ў крыві, быццам ён атрымаў іх у спадчыну ад сваіх бацькоў, якіх ніколі не бачыў.

У яго не было прытулку, не было даху над галавой — нават будана ці якой-небудзь нары. Летам ён спаў абы-дзе, а зімой з выключным спрытам залазіў у якую-небудзь пуню ці ў стайню. Ён заўжды пакідаў сваю сховань раней, чым яго заўважалі. Ён ведаў усе шчылінкі, праз якія можна было пратачыцца ў любы хлеў; заўсёднае карыстанне мыліцамі надало яго рукам незвычайную моц, і ён мог, падцягваючыся, ускараскацца на самыя вышкі ў адрыне, адкуль ён, здаралася, не вытыкаўся па чатыры-пяць дзён, калі яму перад гэтым шэнціла назбіраць дастаткова харчу.

Ён жыў сярод людзей, як звер у лесе, — нікога не ведаў, нікога не любіў, а ў сялян выклікаў адно абыякавую пагарду і заўсёдную варожасць. Яго празвалі «Звонам», таму што пры хадзьбе ён пагойдваўся паміж сваімі драўлянымі апірышчамі, як звон паміж двума слупамі.

Вось ужо двое сутак, як ён нічога не еў. Яму зусім перасталі даваць. Годзе, колькі ўжо можна, папраўдзе! Вясковыя кабеты яшчэ здаля крычалі яму з парога:

— Валяй, валяй адсюль, палена! Тры дні прайшло, як я дала табе кавалак хлеба!

Ён паварочваўся на сваіх падпорках і цялёпкаўся да суседняга падвор'я, дзе яго чакала такая самая сустрэча.

Кабеты, стоячы ў дзвярах у сваіх хатах, перагаворваліся паміж сабою:

— Ды круглы год, ці што, карміць нам гультая гэтага?!

Аднак гэтаму гультаю кожны дзень трэба было есці. Ён абышоў Сэнт-Ілэр, Варвіль і Біет, але не выпрасіў ні капейкі, нават чэрствай скарыначкі. Заставалася адна надзея на Турноль, але туды было дзве мілі па гасцінцы, а ён ужо так нацягаўся, што ледзьве не падаў, і ў жываце ў яго было гэтак пуста, як і ў кішэні. І ўсё ж ён рушыў у дарогу.

Быў месяц снежань, халодны вецер насіўся ў полі, свістаў у голым голлі дрэў; па нізкім панурым небе імкліва плылі хмары, спяшаючыся немаведама куды. Калека паволі, з высілкам перастаўляў мыліцы пры апоры на адзіную сваю знявечаную нагу з крывой ступнёю, абматаную рыззём.

Час ад часу ён сядаў на ўскрайку рова і некалькі хвілін адпачываў. Голад поўніў смуткам яго цьмяную, атупелую душу. У галаве тлела адна-адзіная думка: «Паесці», — але ён не ведаў, як гэта спраўдзіць.

Тры гадзіны сунуўся ён па бясконцай дарозе; калі ж заўважыў абсаду сяла, зашкандыбаў ахватней.

Першы сустрэты вясковец, у якога ён папрасіў міласціну, закрычаў на яго:

— Ты зноў тут, пабіраха! І калі толькі мы ўжо збавімся ад цябе?!

І Звон пакорліва пацягнуўся далей, Але да якіх бы дзвярэй ён ні патыкаўся, усюды яго асыпалі лаянкай і пасылалі прэч з пустымі рукамі. Аднак ён усё роўна ішоў ад хаты да хаты, цярплівы і ўпарты. Ён не сабраў ні капейкі.

Тады ён пакіраваў на фермы, чыкільгаючы па гразкай ад дажджу зямлі, настолькі знясілены, што ўжо ледзьве перастаўляў мыліцы. Адусюль яго праганялі. Гэта быў адзін з тых золкіх, панылых дзён, калі чалавечае сэрца чарсцвее, а розум робіцца жорсткі, калі душу апаноўвае морак і рука не выцягваецца ні дзеля таго, каб даць, ні дзеля таго, каб выручыць.

Абышоўшы ўсе знаёмыя падворкі, Звон знямогла рухнуў каля рова пры сядзібе фермера Шыкэ. «Адчапіўся», — гэтак пра яго казалі, калі спрабавалі абмаляваць, як ён знянацку саслізгваў дадолу са сваіх высокіх падпорак, выпусціўшы іх з-пад рук, і доўга сядзеў нерухома; яго мучыў голад, але, няцямлівец, ён быў няздатны асэнсаваць усё прадонне свайго няшчасця.

Ён чакаў, сам не ведаючы чаго. Чакаў з той невыразнай надзеяй, што вечна тлее ў сэрцы чалавека. Ён сядзеў на ўскрайку чужой сядзібы на ледзяным ветры і чакаў цудадзейнай дапамогі, якую мы ніколі не перастаём чакаць ад неба ці ад людзей, не задумваючыся над тым, як, чаму і праз каго яна можа прыйсці. Непадалёк хадзіла чарада чорных курэй, пашуквала сабе спажытку ў зямлі — карміліцы ўсяго жывога. Чубаткі прыпыняліся, дзюбалі зярнятка ці нябачную чалавечаму воку кузурку і зноў браліся за свае нетаропкія, упэўненыя пошукі.

Звон глядзеў на іх, не думаючы ні пра што; потым — хутчэй у страўніку, чым у галаве — у яго варухнулася не думка, а так — глухое адчуванне, што курыца, калі яе сасмажыць на вогнішчы, будзе вельмі смачная.

Думка, што ён збіраецца зрабіць кражу, нават не бліснула ў яго свядомасці. Ён абмацаў каля сябе камень і шпурнуў у тую, што была бліжэй да яго, а так як кінуў дужа трапна, то ўклаў яе на месцы. Курыца звалілася набок, затрапятаўшы крыламі. Астатнія разбегліся, пагойдваючыся на тонкіх лапках, а Звон рахмана «начапіўся» на мыліцы і паходкаю, якая надта нагадвала курыную, зачыкільгаў, каб падабраць сваю здабычу.

Ён ужо наблізіўся да невялічкага чорнага цельца з запэцканай у кроў галоўкай, як раптам страшэнны ўдар у спіну выбіў у яго з рук мыліцы, а яго самога адшпурнуў на дзесяць крокаў убок. І фермер Шыкэ з шаленствам абкрадзенага мужыка рынуўся на грабежніка, безаглядна малоцячы яго кулакамі і нагамі, раз'ятрана мардуючы няздатнага абараніцца калеку.

На дапамогу гаспадару набеглі парабкі і таксама кінуліся збіваць папрашайку. Нарэшце, стаміўшыся, яны паднялі яго, завалаклі на дрывотню і замкнулі там да прыходу жандараў, па якіх паслалі.

Звон, амаль нежывы, скрываўлены, канаючы ад голаду, ляжаў на зямлі. Настаў вечар, потым ноч, за ёю ранак. Ён так нічога яшчэ і не еў.

Апоўдні з'явіліся жандары і асцярожліва адчынілі дзверы: яны чакалі супраціўлення, бо паводле расказу Шыкэ выходзіла, што бадзяга сам напаў на яго і фермеру з вялікай цяжкасцю ўдалося адбіцца.

Сяржант скамандаваў:

— Ану, устаць!

Але Звон ужо не мог скрануцца з месца. Ён, праўда, памкнуўся ўсчапіцца на свае апірышчы, але не здолеў. Гэта было ўспрынята як хітрасць, ашуканства, адвод вачэй закаранелага злачынца, і двое ўзброеных дзецюкоў груба ўхапілі ягоі сілай паставілі на мыліцы.

Яго апанаваў страх, яго вечны, прыроджаны страх перад жоўтымі жандарскімі паскамі, той страх, які адчувае дзічына перад паляўнічым, мыш перад катом. І нечалавечым намаганнем ён утрымаўся, устаяў.

— Марш! — загадаў сяржант.

І ён пайшоў. Усе насельнікі фермы збегліся паглядзець, як яго забіраюць. Кабеты гразілі яму кулакамі, мужыкі выскаляліся і лаяліся: «Нарэшце! Сцапалі-такі галубочка! Туды яму і дарога!»

Ён ішоў, а па баках ішла варта. Адчай надаваў яму сілы, і ён сяк-так плёўся па дарозе, ужо нават не цямячы, што з ім адбылося, атупелы дарэшты з перапалоху, няздатны хоць што-колечы зразумець.

Сустрэчныя сяляне прыпыняліся, праводзілі яго позіркам і мармыталі:

— Пэўна, зладзюгу злавілі!

Да ночы дабраліся да мястэчка. Звон ніколі раней не быў тут. Ён папраўдзе ўжо не ўяўляў сабе, ні што адбываецца цяпер, ні што будзе з ім далей. Усё было нечаканае і страшнае, гэтыя новыя абліччы і дамы проста жахалі яго.

Ён не вымавіў ніводнага слова дый не меў чаго сказаць, бо анічагусенькі не разумеў. Зрэшты, ён ужо столькі гадоў ні з кім не размаўляў, што амаль развучыўся карыстацца моваю; дый думкі яго былі занадта цьмяныя, каб іх можна было выказаць словамі.

Яго завялі ў местачковую турму. Жандарам і ў галаву не прыйшло, што яму трэба даць паесці, і яго замкнулі да заўтра.

Але калі на другі дзень ранкам прыйшлі па яго, каб весці на допыт, ён ляжаў на падлозе мёртвы. Такая неспадзяванка!


Пераклад: Ніна Мацяш 

Вяртанне

Нізкія хвалі аднастайна хвошчуць бераг. Белыя хмаркі таропка бягуць па бяскрайнім небасхіле, падхопленыя рэзкім ветрам, быццам чайкі. А ўнізе, на дне лагчыны, якая спускаецца да мора, грэецца на сонцы вёска.

На далёкім канцы пры дарозе адзінока стаіць хата Мартэн-Левекаў. Гэта маленькая рыбацкая мазанка пад страхою з мяцёлкай блакітнага касачу на вільчыку. Да ганка прыткнуўся маленькі, з лапік, агарод, дзе расце цыбуля, некалькі качаноў капусты, пятрушка і цьмянец. Жываплот адгароджвае яго ад дарогі.

Мужчына цяпер у моры, а жанчына нацягнула на сцяне шырокую бурую сетку, падобную на вялізнае павуцінне, і цыруе вочкі. Каля веснічак у адкінутым назад і прыстаўленым більцам да плота плеценым крэсле сядзіць дзяўчынка чатырнаццаці гадоў і латае пералатаную бядняцкую бялізну. Другое дзяўчо, на год маладзейшае, гушкае на руках дзіця, якое яшчэ не ўмее ні хадзіць, ні гаварыць; а двое малых — двух і трох гадоў — сядзяць проста на зямлі носам у нос, грабуцца ў зямлі нязграбнымі ручкамі і кідаюцца адно аднаму ў твар пяском.

Усе маўчаць. Толькі немаўля не можа заснуць і ўсё кугакае. На акне дрэмле кот, а пад сцяною красуецца ляўконія, і над прыгожай купкай яе белых кветак зумкае мушыны рой.

Дзяўчынка, што шые каля веснічак, кліча:

— Матуля!

Маці адказвае:

— Чаго табе?

— Зноў ён.

Абедзве непакояцца ад самай раніцы, бо нейкі чалавек швэндаецца вакол хаты: стары чалавек падобны на жабрака. Яны заўважылі яго, калі хадзілі праводзіць бацьку на карабель. Ён сядзеў на краі рова насупраць іх дзвярэй. І калі яны вярнуліся з берага, ён усё сядзеў там і глядзеў на дом.

З выгляду ён быў хворы і вельмі гаротны. Чалавек не ўставаў з месца цэлую гадзіну, але, заўважыўшы, што да яго прыглядаюцца, як да злодзея, падняўся і, кульгаючы, пайшоў.

Але неўзабаве яго марудная і стомленая постаць паказалася другі раз, і ён зноў сеў, толькі крыху зводдаль, быццам сцерагчы іх.

Маці з дочкамі спалохаліся. Асабліва трывожылася маці, бо па натуры была палахлівая, а таксама ад таго, што яе муж Левек меўся вярнуцца толькі за поўнач.

Яе мужа звалі Левек, а яе — Мартэн, і іх ахрысцілі Мартэн-Левекамі. І вось чаму: першы раз яна выйшла за марака Мартэна, які штолета плаваў да Ньюфаўндленда лавіць траску.

За два гады жыцця яна нарадзіла дзяўчынку і шосты месяц хадзіла другою, калі мужаў карабель «Дзве сястры» — трохмачтавік з Дзьепа — недзе знік.

Ніхто больш ніколі не чуў пра яго, ніводзін марак, які ступіў на яго палубу, не вярнуўся, і ўсе палічылі, што ён загінуў.

Мартэнава жонка дзесяць гадоў чакала мужа і ў змаганні з галечай гадавала двое дзяцей. Аднойчы мясцовы рыбак Левек, які пасля смерці жонкі застаўся з сынам на руках, прапанаваў пажаніцца смелай і добрай жанчыне. Яны ўзялі шлюб, і за тры гады ў яе нарадзілася яшчэ двое дзяцей.

Жыццё іх было горкае і працавітае. Хлеб каштаваў дорага, а мяса было зусім рэдкім госцем у хаце. Парой, падчас зімовых шквалаў і навальніц, яны бралі пазыку ў пекара. Нягледзячы на ўсё, дзеці не хварэлі. Вяскоўцы казалі:

— Добрыя яны людзі, Мартэн-Левекі. Мартэн увішная гаспадыня, а над Левекам рыбака няма.

Дзяўчынка каля веснічак сказала:

— Мусіць, ён ведае нас. Можа, гэта які жабрак з Эпрэвіля ці Азбоска.

Але маці не магла памыліцца. Не, не, ён не тутэйшы!

Чалавек нібы аслупянеў, пільна ўглядаючыся на жытло Мартэн-Левекаў; Мартэн узлавалася, ад страху асмялела, схапіла рыдлёўку і выйшла на ганак.

— Што вы тут робіце? — крыкнула яна бадзягу.

Ён хрыпла адказаў:

— Сяджу і дыхаю паветрам! Я што, замінаю вам?

Яна сказала:

— А чаму гэта вы шпігуеце за маім домам?

Той азваўся:

— Я нікому не раблю зла. Хіба нельга пасядзець пры дарозе?

Жанчына не знайшла, што сказаць, і вярнулася ў хату.

Дзень доўга не канчаўся. Апоўдні мужчына знік, але а пятай зноў прыйшоў. Вечарам яго таксама не было.

Левек вярнуўся позна ўночы. Яму ўсё расказалі.

— Гэта нейкі прайдзісвет ці круцель, — заключыў ён. І спакойна лёг спаць, а жонка ўсё думала пра бадзягу, які так дзіўна прыглядаўся да яе.

Раніцай задзьмуў моцны вецер, выйсці ў мора не было як, і марак сеў памагаць жонцы ладзіць сеткі.

А дзевятай старэйшая дачка Мартэн, якая хадзіла па хлеб, прыбегла напалоханая і крыкнула:

— Мама, зноў ён!

Маці захвалявалася, збялела і сказала мужу:

— Пагавары з ім, Левек, хай не пільнуе нас, бо мне страшна.

І Левек, высокі марак з цагляным тварам у густой рыжай барадзе, з блакітнымі, у чорную крапінку вачыма і дужай, заўсёды захутанай шалікам шыяй — каб акрыцца ад марскога дажджу і ветру — спакойна выйшаў да валацугі.

Яны загаварылі.

Маці з дзецьмі трывожна і палахліва здалёк паглядала на іх.

Раптам незнаемы падняўся і разам з Левекам пайшоў да хаты.

Мартэн спалохана адступілася. Муж сказаў ёй:

— Дай яму хлеба і шклянку сідру. Ён не еў два дні.

Мужчыны, а следам за імі жанчына з дзецьмі ўвайшлі ў хату. Жабрак сеў і, схіліўшы галаву пад позіркамі сям'і, пачаў есці.

Маці стоячы ўглядалася ў яго, дзве дачкі Мартэн — адна з немаўлём на руках — прагна сачылі за кожным яго рухам, нават двое малых, што сядзелі ў попеле, кінулі гуляць з чорным чыгуном, каб паглядзець на чужынца.

Левек сеў у крэсла і спытаўся:

— Дык вы здалёк?

— З Сэта.

— Вось гэтак, пеша?

— Але, пеша. Як грошай Бог не даў, дык што ж.

— І куды ж гэта вы?

— Сюды.

— Ці ёсць тут у вас хто?

— Можа.

Мужчыны змоўклі. Бадзяга еў нетаропка, хоць і быў галодны, і кожны кус хлеба запіваў глытком сідру. Яго запалы твар быў скрозь у маршчынах, драпінах, і здавалася, што чалавек шмат пакутаваў. Нечакана Левек спытаўся:

— Як вас завуць?

Той, не падымаючы галавы, адказаў:

— Мяне завуць Мартэн.

Маці неяк дзіўна скаланулася. Яна ступіла крок, каб бліжэй разгледзець жабрака, і, апусціўшы рукі, з разяўленым ротам спынілася насупраць яго. Усе маўчалі.

Нарэшце Левек сказаў:

— Вы адсюль?

Ён адказаў:

— Я адсюль.

Ён усё ж падняў галаву, позіркі жанчыны і жабрака сустрэліся, спыніліся, змяшаліся, быццам зачапіліся адзін за адзін.

І раптам яна другім, ціхім трапяткім голасам прашаптала:

— Ці ты гэта, мужычок?

Ён вымавіў па складах:

— Гэта я.

Ён не кратаўся, усё жаваў свой хлеб. Левек хутчэй здзіўлена, чым усхвалявана прамармытаў:

— Гэта ты, Мартэн?

Той проста адказаў:

— Але, гэта я.

Другі муж спытаўся:

— Адкуль жа ты ўзяўся?

Першы загаварыў:

— З Афрыканскага берага. Мы наляцелі на плытнечу і пачалі тануць. Выратаваліся ўтрох: Пікар, Вацінэль і я. Нас схапілі дзікуны і трымалі дванаццаць гадоў. Пікар і Вацінэль загінулі. Нейкі ангельскі вандроўнік вызваліў мяне і давёз да Сэта. І вось я тут.

Мартэнава жонка заплакала, уткнуўшыся тварам у фартух.

Левек сказаў:

— Што ж нам цяпер рабіць?

Мартэн спытаўся:

— Ты яе муж?

Левек адказаў:

— Я!

Яны зірнулі адзін на аднаго і змоўклі. Мартэн абвёў вачыма дзяцей і кіўнуў на дзвюх дзяўчынак:

— Мае?

Левек адказаў:

— Твае.

Той не ўстаў, не пацалаваў іх, адно сказаў:

— Божа мой, якія вялікія!

Левек паўтарыў:

— Што ж нам рабіць?

Збянтэжаны Мартэн ведаў не лепш за яго. Урэшце ён вырашыў:

— Я зраблю, як ты захочаш. Я не хачу пакрыўдзіць цябе. Але гэта складана, бо ёсць хата. У мяне двое дзяцей, у цябе трое, у кожнага свае. Жонка? Ці то твая, ці то мая? Будзе, як скажаш, але хата — хата мая, бо гэта бацькаўшчына, у ёй я нарадзіўся, і ўсе паперы ў натарыуса.

А Мартэніха ўвесь час плакала, хаваючы ціхія слёзы ў блакітны прыпол. Абедзве вялікія дачкі падышлі бліжэй і трывожна пазіралі на свайго бацьку.

Ён паеў і сам спытаўся:

— Што нам рабіць?

Левек надумаўся:

— Трэба ісці да кюрэ, ён дарадзіць.

Мартэн падняўся, ступіў да жонкі, а тая кінулася яму на грудзі і загаласіла:

— Мужычок ты мой! Вярнуўся! Мартэн, мой бедны Мартэн вярнуўся!

І яна абхапіла яго рукамі, раптам наскрозь працятая подыхам мінулага, болем успамінаў пра свае дваццаць гадоў і іх першыя абдымкі.

Гэтак жа ўсхваляваны Мартэн цалаваў яе ў каптур. Абое малыя, пачуўшы матчын плач, разам завылі, а немаўля на руках у малодшай Мартэн запішчала пранізлівым, як разладжаная дудка, галаском.

Левек чакаў каля дзвярэй.

— Хадзем, — сказаў ён, — трэба парадкавацца.

Мартэн адпусціў жонку, а калі ён глядзеў на дачок, яна сказала:

— Пацалуйце вы хоць вашага татку.

Яны падышлі разам, без слёз, здзіўленыя, трохі спалоханыя. І ён кожную цмокнуў у шчаку смачным сялянскім пацалункам. Немаўля, зусім блізка ўбачыўшы чужога, так заплакала, што ледзь не зайшлося.

Мужчыны пайшлі з хаты.

Калі яны міналі «Карчму гандляроў», Левек прапанаваў:

— Ці не выпіць па шклянцы?

— Можна, — сказаў Мартэн.

Яны ўвайшлі, селі ў бязлюдным яшчэ шынку, і Левек крыкнуў:

— Гэй, Шыко, дзве гарэлкі, дыхтоўнай, Мартэн вярнуўся. Мартэн, маёй жонкі, ведаеш, Мартэн з «Дзвюх сясцёр», які быў прапаў.

І пузаты, сыты, з чырвоным тварам карчмар узяў адной рукой тры шклянкі, другой кварту, падышоў і спакойна спытаўся:

— Бач! Вярнуўся, Мартэн?

Мартэн адказаў:

— Вярнуўся.


Пераклад: Сяргей Мурашка 

Пасаг

Шлюб мэтра Сімона Лебрумана і панны Жаны Кардзье нікога не здзівіў. Мэтр Лебруман нядаўна купіў натарыяльную кантору пана Папіёна, і, ведама, патрэбны былі грошы, каб заплаціць; а панна Жана Кардзье мела трыста тысяч франкаў гатоўкаю — банкнотамі і чэкамі на просьбіта.

Мэтр Лебруман быў прыгожы хлопец. У ім была нейкая шыкоўнасць, шыкоўнасць, уласцівая натарыусу, шыкоўнасць, можа, трохі правінцыйная, але ўсё ж такі шыкоўнасць, што не часта сустрэнеш у Буціні-лё-Рэбур.

Панна Кардзье мела вабнасць і свежасць, вабнасць трохі сарамлівую і свежасць трохі пабляклую, але, увогуле, яна была пяшчотная і прынадная прыгажуня.

На вяселле збеглася паглядзець усё мястэчка. Усім спадабаліся маладыя, якія вярнуліся пасля царквы схаваць сваё шчасце пад шлюбны дах, вырашыўшы зрабіць кароценькую вандроўку ў Парыж пасля некалькіх дзён кахання.

Дні гэтыя былі чароўныя, бо мэтр Лебруман змог адразу надзіва спрытна, далікатна і ладна абыходзіцца з жонкай. Яго дэвіз стаў: Памаленьку — далей зойдзеш». Ён быў цярплівы і дзейны адначасова. Жонка ўсёй душой і адразу пакахала яго.

Праз чатыры дні пані Лебруман абагаўляла мужа. Яна больш не магла без яго, прагнула песціць, цалаваць яго, тузаць за рукі, бараду і г. д. Яна сядала яму на калені, бралася за вушы і казала: «Разяў роцік, заплюшч вочы». Ён даверліва падстаўляў рот, мружыў вочы і адчуваў даўгую салодкую бусю, ад якой яго праймалі дрыжыкі. А яму, яму таксама не хапала пяшчоты, вуснаў, рук, усяго сябе, каб цешыць жонку з ранку да вечара і з вечара да ранку.


***

Як толькі мінуў першы тыдзень, ён сказаў маладой жонцы:

— Калі хочаш, паедзем у Парыж у тую сераду. Пагуляем, як закаханыя перад вяселлем. Сходзім у рэстараны, у тэатр, у кабарэ, паўсюль-паўсюль.

Яна аж падскочыла ад радасці:

— О, добра, ой, як добра, едзем хутчэй.

Ён сказаў:

— Бо як нічога не трэба забываць, дык ты папярэдзь бацьку, каб ён сабраў увесь пасаг. Я вазьму яго з сабой і адразу заплачу грошы мэтру Папіену.

Яна адказала:

— Я пагавару з ім раніцай.

І ён падхапіў яе на рукі, каб зноў нацешыцца ў мілай гульні, што так прыйшлася ёй да смаку за| апошні тыдзень.

У другую сераду цесць з цешчай праводзілі на вакзал дачку з зяцем, якія выбраліся ў сталіцу.

Цесць казаў:

— Клянуся, вялікая рызыка браць з сабою такія грошы.

Але малады юрыст усміхнуўся.

— Ні пра што не хвалюйцеся, тата, — казаў ён, — я да ўсяго звыклы. Разумееце, з маёй прафесіяй мне часам надараецца трымаць у кішэні мільён франкаў. Такім чынам мы абмінаем безліч фармальнасцей і не марнуем часу. Не бярыце гэтага да галавы.

Кандуктар крыкнуў:

— Пасажыры на Парыж — па вагонах!

Яны прайшлі ў купэ, дзе ўжо сядзелі дзве старыя кабеты.

Лебруман шапнуў жонцы на вуха:

— Шкада, не змагу закурыць.

Яна ціхенька адказала:

— І мне вельмі шкада, але зусім не таму.

Цягнік даў свісток і паехаў. Яны ехалі гадзіну і амаль усю дарогу маўчалі, старыя так і не заснулі.

Калі яны апынуліся пад дахам вакзала Сэн-Лазар, мэтр Лебруман сказаў жонцы:

— Хочаш, дарагая, сходзім спачатку паснедаем на бульвары, а пасля спакойна вернемся па багаж і паедзем у гатэль.

Яна адразу згадзілася:

— О! Добра, паснедаем у рэстаране. А ён далёка?

Муж адказаў:

— Ага, далекавата, але мы паедзем у омнібусе.

Яна здзівілася:

— А чаму не на фіякры?

Ён дабрадушна забурчаў:

— Бач якая ты зборлівая, браць фіякр на пяць хвілін дарогі, кожная хвіліна — шэсць су, багата жывеш.

— І праўда што, — трохі сумеўшыся, сказала яна.

Міма якраз праязджаў вялізны омнібус, які цягнулі трое коней. Лебруман крыкнуў:

— Кандуктар, гэй, кандуктар!

Непаваротлівая махіна прыпынілася, і малады натарыус падштурхнуў жонку, сказаўшы ёй:

— Прайдзі ў сярэдзіну, а я залезу наверх, выкуру перад снеданнем хоць адну цыгарэту.

Яна не паспела адказаць, бо, каб дапамагчы ўскочыць на прыступку, кандуктар падхапіў яе пад руку і ўцягнуў у салон. Ашаломленая, яна ўпала на лаўку і, збянтэжаная, убачыла праз задняе акно ногі мужа, які караскаўся на імперыял.

Маладая жанчына апынулася паміж тоўстым панам, які пахнуў люлькай, і старой, ад якой патыхала сабакам.

Астатнія пасажыры, якія моўчкі сядзелі радком, — служка з бакалейнай крамы, работніца, сяржант-пехацінец, васпан з залатымі акулярамі і ў ядвабным капелюшы з вялізнымі, закручанымі ў трубку палямі, дзве самавітыя надзьмутыя пані, што нібы казалі сваім выглядам: «Мы тут, але не раўнуйце нас з тымі», дзве манашкі, проставалосая дзяўчына і далакоп — былі падобныя на збор карыкатур, на музей гратэскаў, здаваліся галерэяй шаржаў на чалавека, камічнымі лялькамі, у якіх страляюць у кірмашовых цірах.

Ад хістанняў омнібуса галовы пасажыраў матляліся і гойдаліся, трэслася друзлая скура на шчоках; колы падскоквалі, і людзі здаваліся ачмурэлымі і соннымі.

Маладая жанчына адчувала млявасць.

«Чаму ён не пайшоў са мною, — думала яна. Яе прыгнятаў несвядомы сум. — Ён, пэўна, мог бы абысціся без гэтай цыгарэты».

Манашкі далі знак спыніцца і злезлі, пакінуўшы па сабе прэсны пах старых спадніц.

Омнібус паехаў і зноў спыніўся. Увайшла чырвоная, задыханая кухарка. Яна села і паставіла на калені кошык. На ўвесь салон моцна тхнула памыямі.

«Едзем далей, чым мне здавалася», — падумала Жана.

Далакоп выйшаў, і на яго месца сеў фурман, ад якога патыхала стайняй. Месца проставалосай заняў пасыльны, ад ног якога біў пах усёй яго дзённай хадні.

Жане было кепска, моташна, і немаведама чаму ёй хацелася заплакаць.

Адны людзі выходзілі, другія сядалі на іх месцы. Омнібус ехаў па бясконцых вуліцах, спыняўся на прыпынках, зноў ехаў.

«Так далёка, — думала Жана. — Толькі б ён не прамінуў гэтага рэстарана, толькі б не заснуў. Ён так стаміўся за апошнія дні».

Трохі-патроху вагон пусцеў. Яна засталася адна, зусім адна. Кандуктар абвясціў:

— Важырар!

Жанчына не ўставала з месца, і ён паўтарыў:

— Важырар!

Яна паглядзела на яго, разумеючы, што гэта сказалі ёй, бо нікога больш не было. Мужчына паўтарыў трэці раз:

— Важырар!

Тады яна спыталася:

— Дзе мы?

Ён грубавата адказаў:

— Важырар, Божа мой, па дваццаць разоў вам казаць!

— А гэта далёка ад бульвара? — сказала яна.

— Ад якога?

— Ды ад Бульвара Італьянцаў.

— Мы даўно яго праехалі!

— Хіба! Паклічце, калі ласка, майго мужа.

— Вашага мужа? А дзе ён?

— На імперыяле.

— Наверсе? Там даўным-даўно нікога няма!

Яна схамянулася.

— Як гэта? Не можа быць. Мы селі разам. Паглядзіце лепей, ён мусіць там быць!

Кандуктар пачаў злавацца:

— Слухай, малая, досыць балбатаць, аднаго згубіла — дзесяць знойдзеш. Злазь, прыехалі. Падбярэш сабе другога на вуліцы.

Слёзы паказаліся ў яе на вачах, яна зноў папрасіла:

— Але ж, пане, вы памыляецеся, я ведаю, вы памыляецеся. У яго пад пахай быў тоўсты партфель.

Кандуктар засмяяўся:

— Тоўсты партфель. Але ж і праўда, ён выйшаў на Мадлен — ён ад вас уцёк. Гі-гі-гі!..

Омнібус стаў. Яна выйшла і міжволі, інстынктыўна, зірнула на дах. Там нікога не было.


***

Яна раптам заплакала і, не зважаючы, што яна на вачах у людзей, сказала:

— Што ж мне цяпер рабіць?

Падышоў інспектар транспартнага бюро.

— Што тут такое?

Кандуктар з'едліва адказаў:

— Гэту даму па дарозе кінуў муж.

Той сказаў:

— Хай сабе, не дзіва, займіцеся вашымі справамі.

І павярнуўся спінай.

А яна пайшла куды вочы глядзяць, збянтэжаная, не разумеючы, што здарылася. Куды ісці? Што рабіць? А ён, што з ім? Адкуль такая няўважлівасць?

У яе заставаліся два франкі. Да каго пайсці? І раптам яна згадала пра свайго стрыечніка Бараля, намесніка загадчыка аддзела ў Марскім міністэрстве.

Грошай якраз хапала на фіякр, і яна назвала яго адрас. Яна пераняла Бараля, калі той ішоў у міністэрства. Як і Лебруман, ён трымаў пад пахай напакаваны партфель.

Яна выскачыла з фіякра і гукнула:

— Анры!

Ён здзіўлена спыніўся.

— Жана?.. тут?.. зусім адна?.. Што вы тут робіце, адкуль вы ўзяліся?

З вачамі, поўнымі слёз, яна пралепятала:

— Я толькі што згубіла мужа.

— Згубілі? Дзе?

— На омнібусе.

— На омнібусе?.. Божа!

З плачам яна расказала яму пра здарэнне.

Ён задумліва выслухаў яе і спытаўся:

— Раніцай ён быў зусім нармальны?

— Зусім.

— Добра. Ці шмат грошай у яго было?

— Шмат. У яго быў мой пасаг.

— Ваш пасаг?.. Увесь пасаг?

— Увесь... каб адразу заплаціць за кантору.

— Ну дык, дарагая стрыечніца, шукайце вашага мужа на дарозе ў Бельгію.

Яна яшчэ не разумела.

— Вы кажаце... майго мужа? — прашаптала яна.

— Я кажу, што ён хапнуў ваш пасаг... і шукай-гукай.

Ёй не хапала паветра, яна шапнула:

— Значыць... значыць... ён прайдзісвет!

І, ледзь не самлеўшы ад хвалявання, яна ўпала на грудзі стрыечніку і загаласіла.

Каля іх пачалі спыняцца. Ён ціхенька падштурхнуў яе да сваіх дзвярэй і, трымаючы за талію, падняўся з ёй па лесвіцы, а калі здзіўленая пакаёўка адчыніла дзверы, загадаў:

— Сафі, збегайце ў рэстаран, вазьміце снеданне на дваіх. Сёння я не іду ў міністэрства.


Пераклад: Сяргей Мурашка 

Вязні

У лесе — ні гуку, толькі лёгкі шолах снегу, які падае на дрэвы. Ён ішоў ад самага паўдня — дробны мяккі сняжок, які пудрыў голле золкім мохам, нацярушваў на сухое лісце кустоўя лёгкія сярэбраныя каптурыкі, усцілаў сцяжынкі бясконцым пухкім белым дываном і згушчаў бязмежную цішу ляснога акіяна.

Каля леснічоўкі маладая жанчына з закасанымі рукавамі калола дровы на вялікім камені. Гэта была высокая, хударлявая, дужая дачка лясоў — леснікова дачка і леснікова жонка.

— Сёння мы адны, Бэрціна, ідзі лепей у хату, ноч на дварэ, а вакол, напэўна, бадзяюцца і прусы, і ваўкі, — данёсся з леснічоўкі голас.

Маладзіца вялікімі ўзмахамі сякеры расколвала пень, і яе стан пругка распростваўся пры кожным узмаху рук.

— Я ўжо накалола, мама. Зараз, зараз іду, не бойся, яшчэ відно, — адказала яна.

Потым яна занесла на кухню бярэмак сушняку і дроў, кінула яго каля прыпечка, зноў выйшла, зачыніла аканіцы — таўшчэзныя аканіцы з суцэльнага дубу, — а вяртаючыся, замкнула за сабою дзверы на цяжкую засоўку.

Яе маці, спярэшчаная маршчакамі старая, сядзела каля агню і прала; з гадамі яна стала палахлівая.

— Не люблю я, калі бацькі няма дома, — сказала яна. — Ад дзвюх кабет толку мала.

— Ну, я дык укладу на месцы і ваўка, і пруса, — адказала маладзіца.

І паказала вачыма на вялікую пістолю, што вісела на вушаку.

Яе мужа забралі ў армію на самым пачатку прускага нашэсця, і абедзве жанчыны засталіся толькі з бацькам, старым палясоўшчыкам Нікаля Пішонам, які наадрэз адмовіўся пакінуць сваё жытло і перабрацца ў горад.

Найбліжэйшым горадам быў Рэтэль — старажытная крэпасць, збудаваная на скале. Гараджане былі патрыётамі, яны вырашылі не здавацца захопнікам, замкнуцца ў сценах і па даўняй традыцыі горада з гонарам вытрымаць аблогу. Ужо двойчы — за Генрыхам IV і за Людовікам XIV — жыхары Рэтэля праславіліся гераічнай абаронай свайго паселішча. Яны і цяпер, ліха на іх, будуць змагацца гэтаксама, хіба спапяляць іх у родных сценах!

Яны закупілі гарматы і стрэльбы, узброілі апалчэнне, сфарміравалі роты і батальёны і цэлыя дні праводзілі вучэнні на пляцы.

Булачнікі, бакалейшчыкі, мяснікі, натарыусы, адвакаты, сталяры, кнігапрадаўцы, нават аптэкары — усе, па чарзе, у вызначаны час праходзілі страявыя заняткі пад камандай пана Лявіня, былога драгунскага унтэр-афіцэра, а цяпер уласніка галантарэйнай крамы: ужо ў адстаўцы ён ажаніўся з дачкою пана Равадана-старэйшага і атрымаў у спадчыну яго краму.

Ён набыў званне каменданта крэпасці і, калі ўся моладзь пайшла ў армію, стварыў апалчэнне з рэшты гараджан, якое ўзялося ўвішна рыхтавацца да абароны. Таўстуны хадзілі па вуліцы не інакш як трушком, каб растрэсці сала і збавіцца ад задышкі; нядужыя цягалі ўсялякі цяжар, каб умацаваліся мускулы.

Горад чакаў прусакоў. Але прусакі не паказваліся. І ўсё-такі яны былі недзе паблізу: ужо двойчы іх разведчыкі праточваліся праз лес ажно да сядзібы Нікаля Пішона, празванага Велягурам.

Стары палясоўшчык, жвавы, як ліс, прыбягаў у горад папярэдзіць пра гэта жыхароў. Тыя панаводзілі гарматы, але вораг не з'яўляўся.

Велягурава леснічоўка служыла Рэтэлю аванпостам у Авялінскім лесе. Двойчы на тыдзень гаспадар хадзіў у горад па харчы і расказваў гараджанам пра тое, што робіцца ў наваколлі.


У той дзень ён выправіўся ў горад, каб паведаміць каменданту, што трэцяга дня гадзіне а другой папаўдні ў яго на момант спыняўся невялікі атрад нямецкай пяхоты, — прыпыніўся і амаль адразу рушыў далей. Унтэр-афіцэр, што камандаваў немцамі, гаварыў па-французску.

Асцерагаючыся ваўкоў, якія ўсё болей лютавалі, стары, калі выбіраўся ў дарогу, браў з сабой двух сабак — двух вялізных вартавых сабак з ільвінымі пашчамі, і наказваў кабетам старанна замыкацца з надыходам ночы.

Дачка не баялася нічога на свеце, але старая вечна калацілася ад страху ды ўсё паўтарала тое самае:

— Дабром гэта не скончыцца, вось пабачыце, дабром гэта не скончыцца.

У той вечар яна, як ніколі, была апанаваная трывогай.

— Ты не ведаеш, калі вернецца бацька? — спыталася яна.

— Ды напэўна не раней адзінаццаці. Калі ён вячэрае ў каменданта, дык заўсёды вяртаецца позна.

Дачка акурат прыладавала над агнём саган, каб згатаваць вячэру, але раптам замерла, услухоўваючыся ў невыразныя гукі, якія даляталі да яе праз комін.

— Нехта ідзе лесам, — прашаптала яна. — Чалавек сем-восем, не меней.

Маці напалохалася, спыніла калаўрот і пралепятала:

— О Божухна! І бацькі няма дома!

Не паспела яна дагаварыць, як нехта моцна загрукаў у дзверы.

Жанчыны не адазваліся.

— Атшыніць! — пачуўся гучны гартанны голас.

Па хвіліне маўчання той самы голас паўтарыў:

— Атшыніць, алпо мой ламаф цвэры!

Бэрціна паклала ў кішэню ў спадніцу пістолю, што вісела на вушаку, падышла да дзвярэй, прыклала да іх вуха і спыталася:

— Хто там?

— Мой ёсць атрат, што быф тут пасафчора, — адказалі знадворку.

— Што вам трэба? — зноў запыталася маладзіца.

— Мой саплукаф ф лес, і мой атрат. Атшыніць, алпо мой ламаф цвэры.

Выбару не было; леснічыха адкінула завалу, прачыніла цяжкія дзверы і ў бялёсым ад снегу прыцемку ўбачыла шасцёх чалавек, шасцёх прускіх салдатаў — тых самых, якія прыходзілі ўжо да іх. Яна цвёрдым голасам папыталася:

— Што гэта вам тут трэба ў такі час?

Унтэр-афіцэр паўтарыў:

— Мой саплюціф, сусім саплюціф, але мой паснаф том. Мой нітшога не еф ат ранак, і мой атрат тожа.

— Але сёння мы з маткаю адны ў хаце, — заявіла Бэрціна.

Салдат, які на выгляд быў прыстойным чалавекам, адказаў:

— Нітшога. Мой не сропіць кепска, але фы мус накарміць нас. Мы патай ат голят і стома.

Леснічыха адступіла ўбок.

— Заходзьце, — сказала яна.

Салдаты ўвайшлі ў хату; усе яны былі абсыпаны снегам; іх каскі, здавалася, былі ўкрыты ўзбітаю смятанаю і нагадвалі безэ; ва ўсіх быў стомлены, знясілены выгляд.

Маладзіца паказала на драўляныя лавы па абодва бакі вялікага стала.

— Сядайце, — сказала яна, — зараз я згатую есці. Вы і напраўду нейкія выматляныя.

І яна зноў узяла дзверы на завалу.

Потым яна даліла вады ў саган, укінула туды масла і бульбы, пасля зняла кавалак сала, якое вісела каля печы, адрэзала палову і паклала ў булён.

Шасцёра дзецюкоў галоднымі вачыма цікавалі за кожным яе рухам. Свае стрэльбы ды каскі яны паскладвалі ў куток і цяпер чакалі вячэры, слухмяныя, нібы дзеці за школьнымі партамі.

Маці зноў стала прасці, часта спалохана паглядаючы на салдатаў-захопнікаў. Чулася толькі нягучнае гудзенне калаўрота, патрэскванне агню ды пошапт вады, якая пачынала ўжо закіпаць.

Раптоўна ўсе ажно ўздрыгнулі ад нейкага дзіўнага гуку за дзвярыма, які нагадваў хрыплае дыханне, гучнае, шумнае дыханне звера.

Унтэр-афіцэр маланкава скочыў да зброі. Леснічыха ўсміхнулася і жэстам рукі спыніла яго.

— Гэта ваўкі, — растлумачыла яна. — Яны — як вы: таксама бадзяюцца па лесе і таксама галодныя.

Недаверлівы немец захацеў на свае вочы ўпэўніцца, што гэта напраўду ваўкі; ён асцярожна прачыніў дзверы і адразу заўважыў двух вялікіх шэрых звяроў, якія імкліва рынуліся прэч ад леснічоўкі.

— Ніколі п не паферыф, — прамармытаў прусак і зноў усеўся на сваё месца ў чаканні, пакуль згатуецца варыва.

Яны паглыналі яго прагна, як мага шырэй разяўлялі раты, каб ухапіць паболей; у лад разяўленым зяпам ажно выпіналіся круглыя вочы, а ў горле ў іх клекаталі гукі, падобныя на бульканне ў вадасцёку.

Жанчыны моўчкі глядзелі на хуткія рухі шырокіх рыжых барод; здавалася, бульбіны правальваюцца ў гэтых рухомых зарасніках.

Салдатам захацелася піць, і леснічыха спусцілася ў склеп, каб нацадзіць сідру. Яна прабыла там даволі доўга. Гэта было невялікае скляпеністае сутарэнне; калі верыць чуткам, у гады рэвалюцыі яно служыла і турмой, і сховам. Спускацца туды даводзілася праз люк у кутку кухні па вузкай вінтавой лесвічцы.

Калі Бэрціна вярнулася, хітраватая ўсмешка так і блукала на яе твары. Маладзіца падала немцам збан з пітвом. Потым і сама разам з маці стала вячэраць у другім кутку кухні.

Салдаты паелі і тут, за сталом, задрамалі — усе шасцёра. Час ад часу чый-небудзь лоб глуха бомкаўся аб стол, і знянацку абуджаны салдат выпростваўся.

— Ды кладзіцеся вы каля агню, хопіць вам там месца ўсім шасцём. А мы з мамаю пойдзем у мой пакой, — сказала Бэрціна унтэр-афіцэру.

І жанчыны падняліся на другі паверх. Было чуваць, як яны замыкаліся на ключ, як хадзілі па пакоі; потым усё сціхла.

Прусакі палеглі на падлозе, нагамі да агню, паклаўшы пад галовы паскручваныя шынялі, і неўзабаве ўсе шасцёра захраплі на ўсе лады, — хто пісклява, хто басавіта, але аднолькава працяжна і страхотліва.

Яны праспалі даволі доўга, як раптам грымнуў стрэл, такі гулкі, што можна было падумаць, быццам стрэлілі ў сцяну дома. Салдаты ліхаманкава ўскочылі. І тут зноў бухнула двойчы, потым яшчэ тройчы запар.

Дзверы наверсе расчыніліся, і на парозе паявілася са свечкай у руцэ перапалоханая леснічыха, босая, толькі ў кашулі і ў ніжняй спадніцы.

— Гэта французы, іх чалавек дзвесце, не меней, — пралепятала яна. — Калі яны знойдуць вас тут, дык спаляць і хату. Хутчэй спускайцеся ў склеп, ды не шуміце! Крый Божа, яны пачуюць вас — тады мы прапалі!

— Топра, топра, — разгублена прашаптаў унтэрафіцэр, — кута мус ісці?

Маладзіца паспешліва адчыніла вузкі квадратны люк, і шасцёра салдатаў адзін за адным таропка сталі спускацца ў склеп па вінтавой лесвічцы.

Але як толькі схавалася вастрыё апошняй каскі, Бэрціна апусціла цяжкае дубовае века, таўшчэзнае, што сцяна, моцнае, што жалеза, умацаванае на шарнірах, з турэмным замком, двойчы павярнула ў ім ключ і засмяялася бязгучным, пераможным смехам; яе апанавала вар'яцкае жаданне пайсці ў скокі над галовамі сваіх вязняў.

Прусакі стоена сядзелі, замкнёныя ў гэтай скрыні, у гэтай моцнай каменнай скрыні, куды паветра сачылася толькі праз закратаваную прадуху.

Бэрціна ўміг распаліла агонь, падвесіла над ім саган і зноў узялася гатаваць суп.

— Натоміцца бацька сёння ўночы, — прамармытала яна.

Пасля яна ўселася і стала чакаць. Толькі гулкі маятнік насценнага гадзінніка парушаў цішыню сваім раўнамерным «цік-так».

Час ад часу маладзіца нецярпліва паглядвала на гадзіннік, і ў гэтым позірку можна было вычытаць: «Ох, як марудна цягнецца час».

Неўзабаве ёй падалося, што пад нагамі ў яе шэпчуцца. Ціхая, цьмяная гаворка далятала да яе з мураванага сутарэння. Прусакі пачалі здагадвацца, што жанчына абхітрыла іх, і праз нейкі момант унтэр-афіцэр падняўся па лесвічцы і загрукаў кулаком у века.

— Атшыніць! — зноў загарланіў ён.

Бэрціна ўстала, падышла да люка і, перакрыўляючы немца, папыталася:

— Што фам трэпа?

— Атшыніць!

— Мой не атшыняф.

Афіцэр разлютаваўся.

— Атшыніць, алпо мой ламаф цвэры!

Яна зарагатала:

— Ламай-ламай, галубок, ламай!

Ён пачаў дубасіць руляю стрэльбы ў дубовае века, узятае на замок у яго над галавою. Але гэткае века вытрымала б і ўдары тарана.

Леснічыха пачула, што унтэр-афіцэр спусціўся назад. Потым усе салдаты па чарзе падымаліся па лесвічцы, выпрабоўвалі сваю сілу і вывяралі моц замка. Але пераканаўшыся, што іх намаганні марныя, яны зноў зграмадзіліся ў склепе і сталі раіцца.

Маладзіца трохі паслухала іх, потым выйшла з кухні, адамкнулася і стала ўслухоўвацца ў начную цемру.

Да яе данеслася далёкае гаўканне. Яна свіснула па-паляўнічаму, і амаль у той самы момант два вялізныя сабакі выскачылі з цемені і радасна кінуліся да яе. Яна моцна ўхапіла іх за аброжкі, каб яны не ўцяклі. Пасля штосілы крыкнула:

— Эгэй, тата!

Далёка-далёка адгукнуўся голас:

— Эгэй, Бэрціна!

Яна счакала трохі і зноў крыкнула:

— Эгэй, тата!

Той самы голас, але ўжо бліжэй, адказаў:

— Эгэй, Бэрціна!

— Не ідзі каля прадухі! — крыкнула леснічыха. — У нас у склепе прусы!

Нечакана здаравенная мужчынская постаць вырысавалася злева і спынілася паміж двума дрэвамі.

— У нас у склепе прусы? — занепакоена перапытаў стары. — Чаго гэта іх туды занесла?

Дачка засмяялася:

— Ды гэта тыя, пазаўчарашнія. Яны заблудзіліся ў лесе, вось я іх і пасадзіла ў каталажку!

І яна расказала яму ўсю гісторыю: як яна напалохала іх стрэламі з пістолі і як замкнула ў склепе.

— Ну і што ж мне, па-твойму, рабіць з імі цяпер, га? — пахмура запытаўся стары.

— Схадзі па пана Лявіня, хай ён прыйдзе са сваім атрадам, — адказала дачка. — Ён возьме іх у палон. От узрадуецца!

Цяпер ужо ўсміхнуўся і стары Пішон:

— Што праўда, то праўда, узрадуецца.

— Суп гатовы, — сказала дачка. — Ідзі паеш хутчэй дый адпраўляйся.

Стары палясоўшчык сеў за стол і пачаў есці, паставіўшы спачатку на падлогу дзве поўныя міскі сабакам.

Прусакі, пачуўшы галасы, прыціхлі.

Праз чвэрць гадзіны Велягур зноў рушыў у дарогу. А Бэрціна падперла галаву рукамі і стала чакаць.

Вязні зноў заварушыліся. Цяпер яны крычалі, клікалі, бесперастанку шалёна дубасілі рулямі ў цяжкае века.

Потым яны пачалі страляць у прадуху, пэўна, спадзеючыся, што іх пачуе які-небудзь нямецкі атрад, калі акажацца паблізу.

Леснічыха сядзела нерухома, але ўвесь гэты галас непакоіў і раздражняў яе. Злы гнеў апаноўваў яе; яна гатовая была пазабіваць гэтых падлаў, толькі б яны змоўклі.

Трывога жанчыны ўсё нарастала, яна часта паглядвала на гадзіннік і нецярпліва лічыла хвіліны.

Бацька пайшоў паўтары гадзіны назад. Цяпер ён ужо ў горадзе. Яна быццам бачыла яго там. Вось ён расказвае пра ўсё пану Лявіню, які бляднее ад хвалявання, звоніць пакаёўцы і загадвае прынесці мундзір і зброю. Яна, здавалася, чуе, як на вуліцах б'е барабан. З вокнаў вытыркаюцца перапалоханыя галовы жыхароў. З дамоў выбягаюць у наспех накінутай апратцы задыханыя дабравольцы, зашпільваюць партупеі і подбегам прастуюць да дома каменданта.

Пасля атрад на чале з Велягурам выпраўляецца ў дарогу — у ноч, у снег, у лес.

Яна глянула на гадзіннік. «Яны будуць тут не раней чым праз гадзіну».

Яе нервовае напружанне стала гранічнае. Кожная хвіліна здавалася ёй вечнасцю. Так доўга ўсё гэта цягнецца!

Нарэшце настаў час, калі, паводле яе разліку, французскі атрад павінен быў дабрацца да леснічоўкі.

Бэрціна адамкнула дзверы, намерваючыся паслухаць, ці ёсць ужо хто ў лесе. Раптам яна заўважыла нейкі цень, які асцярожна рухаўся да хаты. Маладзіца спалохана ўскрыкнула. Але гэта быў яе бацька.

— Яны паслалі мяне глянуць, ці не перайначылася тут што, — сказаў ён.

— Не, нічога.

Тады стары пранізліва і працяжна свіснуў у начную цемру. І неўзабаве паміж дрэў узнікла нейкая цёмная пляма, якая павольна пасоўвалася да сядзібы: гэта быў авангард з дзесяці чалавек.

— Не хадзіце каля прадухі, — бесперастанку папярэджваў Велягур.

І тыя, хто ішоў наперадзе, паказвалі наступным на небяспечную шчыліну-прадуху.

Нарэшце падышла асноўная сіла атрада — усе дзвесце чалавек, і ў кожнага мелася па дзвесце патронаў.

Усхваляваны — да дрыжыкаў — пан Лявінь расставіў сваіх людзей так, каб дом быў ачэплены з усіх бакоў; адкрытая заставалася толькі шырокая мясціна перад маленькай чорнай адтулінай пры самай зямлі, праз якую ў склеп заходзіла паветра.

Пасля гэтага пан Лявінь зайшоў у хату і стаў распытваць пра сілу і размяшчэнне ворага, а вораг між тым гэтак прыціх, што можна было падумаць — ён прапаў, знік, выпарыўся цераз прадуху.

Пан Лявінь пастукаў нагою ў века і крыкнуў:

— Пан прускі афіцэр!

Немец не адгукнуўся.

— Пан прускі афіцэр! — зноў аклікнуў камендант.

Глухое маўчанне. Дваццаць хвілін заклікаў ён знямелага афіцэра здацца разам са зброяй і рыштункам, абяцаючы жыццё яму і яго салдатам і па-воінску пашанаваць іх, а ў адказ аніякай праявы ні мірных, ні варожых намераў. Становішча ўскладнялася.

Дабравольцы патупвалі ў снезе, з размаху ляпалі сабе рукамі па плячах, як гэта робяць фурманы, каб сагрэцца, паглядвалі на прадуху, і ў іх усё нарастала спакуслівае свавольнае жаданне прабегчы паўз яе.

Урэшце адзін, Патдэвэн, дужа рухавы дзяцюк, рызыкнуў. Ён сабраўся з духам і, як алень, прамчаўся міма прадухі. Спроба ўдалася. Вязні, здавалася, сканалі.

— Ды там нікога няма! — крыкнуў нехта.

Тады яшчэ адзін салдат прабег перад небяспечнай шчылінай. І гэта ператварылася ў забаву. Раз-пораз, то адзін дзяцюк, то другі стрымгалоў нёсся ад адной групы людзей да другой — гэтак дзеці ганяюцца наперагонкі — і так хутка перабіраў нагамі, што толькі камякі снегу ляцелі ва ўсе бакі. Каб сагрэцца, апалчэнцы распалілі вялікія вогнішчы з сушняку, і пры перабежцы з аднаго лагера ў другі постаць бегуна асвятлялася полымем.

— Цяпер давай ты, Малуазон! — пачуўся нечы голас.

Малуазон быў таўстун булачнік, з яго чэрава вечна насміхаліся таварышы.

Таўстун завагаўся. Пасыпаліся кепікі. Тады ён набраўся адвагі і пабег, задыхана сапучы, дробным размераным трушком, ад якога трэслася яго пуза.

Увесь атрад рагатаў да слёз.

— Брава, брава, Малуазон! — крычалі апалчэнцы, каб падбадзёрыць бегуна.

Ён адолеў амаль дзве чвэрці свайго шляху, як раптам з прадухі шуганула доўгая чырвоная пасма полымя. Грымнуў стрэл, і грузны булачнік з дзікім крыкам паляцеў потырч у снег.

Ніхто не кінуўся яму на дапамогу. Усе няўцямна глядзелі, як ён поўз на карачках па снезе і стагнаў, а калі прамінуў страшную мясціну — страціў прытомнасць.

Куля патрапіла яму акурат у самае мяккае месца.

Па першай разгубленасці і перапудзе зноў грымнуў смех.

На парозе леснічоўкі з'явіўся камендант Лявінь. Ён ужо распрацаваў план атакі.

— Лудзільшчык Пляншу і яго падручныя! — звонка выгукнуў ён.

Трое чалавек падышлі да яго.

— Паздымайце з хаты вадасцёкі!

Праз чвэрць гадзіны перад камендантам ляжала дваццаць метраў вадасцёкавых труб.

Ён загадаў асцярожна пракруціць невялікую дзірку з краю ў люку, і калі праз дзірку можна было пампаваць ваду, радасна абвясціў:

— Цяпер дамо панам немцам трохі вадзіцы!

Грамавое, усцешанае «ўра», радасныя воклічы і выбухі шалёнага рогату былі яму адказам. Камендант разбіў атрад на рабочыя групы, якія павінны былі падменьваць адна адну кожныя пяць хвілін, і скамандаваў:

— Пампуйце.

Жалезнае каромысла запрацавала, усярэдзіне ў рукаве з труб глуха забулькала, і вось ужо гэты булькат рынуўся па прыступках у склеп, нагадваючы плёскат фантана, плёскат у басейне з залатымі рыбкамі.

Запанавала чаканне.

Прамінула гадзіна, потым другая, трэцяя.

Камендант узбуджана хадзіў сюды-туды па кухні, раз-пораз прыпадаў вухам да падлогі і прыслухоўваўся, намагаючыся зразумець, што робіць чужынец, і пытаючыся ў сябе, ці хутка ён капітулюе.

Нарэшце чужынец заварушыўся. Было чуваць, як у склепе перасоўвалі бочкі, перагаворваліся, плёхалі па вадзе.

І вось гадзіне а восьмай ранку з прадухі данёсся голас:

— Мой хацеф хафарыць пан францускі афіцір.

Не дужа высоўваючы з акна галаву, Лявінь адказаў:

— Здаяцеся?

— Стаюс.

— У такім разе спачатку выкіньце зброю.

І тут жа ўсе ўбачылі, як у дзірку выткнулася і ўпала на снег стрэльба, потым другая, трэцяя — усе шэсць стрэльбаў. Той самы голас крыкнуў:

— Польш няма! Хушэй: мой патануф.

Камендант скамандаваў:

— Адставіць!

Рычаг помпы апусціўся і замёр.

Калі кухню запоўнілі насцярожаныя салдаты са стрэльбамі напагатове, камендант нетаропка падняў дубовае века.

Спачатку з'явіліся чатыры мокрыя галавы, чатыры бялявыя галавы з доўгімі выцвілымі валасамі, і вось са склепа адзін за адным вылезлі шасцёра мокрых, разгубленых немцаў.

Іх схапілі і звязалі. Потым, баючыся якой-небудзь неспадзяванкі, усе адразу рушылі назад у горад, раздзяліўшыся на дзве групы: адна суправаджала вязняў, другая — Малуазона, якога паклалі на сяннік, а сяннік — на жэрдкі.

У Рэтэль вярнуліся з перамогай.

Пан Лявінь быў узнагароджаны ордэнам за тое, што ўзяў у палон прускі авангард, а таўстун булачнік атрымаў медаль за раненне ў баі з ворагам.


Пераклад: Ніна Мацяш

Хрышчэнне

— Трохі каньяку, доктар?

— Ахвотна вып'ю.

Стары марскі лекар падаў кілішак і сачыў, як той напаўняўся прыгожым, у залатых праменьчыках пітвом.

Пасля ён падняў яго да вачэй, нахіліў да святла, панюхаў, узяў на язык некалькі кропель і доўга смакаваў іх у сасмаглым роце, а потым сказаў:

— О! Чароўная атрута! Ці нават вабны забойца, хітры і падступны душагуб!

Вы ж не ведаеце, што гэта такое. Хоць і чыталі выдатную кнігу «Пастка», але ў адрозненне ад мяне не бачылі, як спірт знішчыў цэлае племя дзікуноў — маленькае негрыцянскае каралеўства; яно загінула праз спірт, прывезены ў круглабокіх бочках, якія рыжабародыя ангельскія маракі кацілі па сходах на бераг з нявіннымі лагоднымі ўсмешкамі.

Пачакайце, я бачыў, на свае вочы бачыў, як спірт стаў прычынай трагедыі, вельмі дзіўнай і дужа балючай, якая адбылася зусім недалёка адсюль — у брэтонскай вёсачцы ў наваколлі Пон-ль'Абэ.

Адзін год я не працаваў і адпачываў у сялянскай хаце, якая засталася мне ад бацькі. Вы ведаеце гэты плоскі бераг, дзе ўдзень і ўночы ў калючых нізкіх уцёсніках шалёна вые вецер, а вялізныя камяні, колішнія багі, трывожна і насцярожана прылеглі-паснулі на зямлі. Мне ўвесь час здаецца, што вось-вось гэтыя гранітныя волаты ажывуць і павольнай хадою рушаць па палях і лугах або распрастаюць свае шырокія крылы і паляцяць у рай да святароў-друідаў.

Мора абдымае і сціскае небакрай, б'ецца аб чорныя ў белых кудлах пены рыфы, падобныя на сабак, якія чакаюць рыбакоў.

А людзі выходзяць у гэтае жудаснае мора, і яно перакульвае іх лодкі ўдарамі зялёнага хрыбта і праглынае, як таблеткі. Штодзень і штоночы адплываюць яны на сваіх трухлых чаўнах, смелыя, узбуджаныя і п'яныя. Але яны вельмі часта бываюць нападпітку. «Як пляшка поўная, — кажуць яны, — бачыш рыф, а як пустая — дык не бачыш».

Завітайце ў іхнія халупы. Вы ніколі не застанеце там бацькі. Спытайце ў жанчыны, што сталася з мужам, — яна пакажа на змрочнае мора, якое раве і плюецца белай слінай на ўсё ўзбярэжжа. Ён не вярнуўся ў той дзень, калі хапіў лішку. Старэйшы сын таксама. Засталіся яшчэ чацвёра светлавалосых моцных дзецюкоў. Неўзабаве іх чарга.

Жыў я, значыць, у сваёй сялянскай хатцы каля Пон-ль'Абэ рэзам са слугой — былым мараком і сям'ёй брэтонцаў — мужчына працаваў садоўнікам, а жонка і швагерка прыглядалі ў хаце, калі мяне не было.

І ў той год пад каляды ў іх нарадзіўся хлопчык.

Бацька папрасіў мяне быць хросным. Я не змог адмовіцца, і ён пазычыў у мяне дзесяць франкаў на царкоўныя выдаткі — так ён сказаў.

Хрышчэнне назначылі на 2 студзеня. Ужо тыдзень, як зямля здранцвела пад сіняватым цвёрдым цаліком, што акрыў увесь гэты плоскі нізкі абшар, за якім чарнела мора і зводдаль было відаць, як яно дыхала, выгінала спіну, кацілася імклівымі хвалямі, быццам прагнула кінуцца на свайго нерухомага суседа, які здаваўся мёртвым, бо ляжаў спакойны, белы і настылы.

А дзевятай раніцы да мянепрыйшлі бацька Керандэк са швагеркай — доўгай худой Кермаган — і нянькай, якая ў коўдры несла дзіця.

Мы рушылі да царквы. Мароз стаяў такі, што ад яго трашчалі камяні-дальмены, і цела ледзь не трэскалася ад яго калючых укусаў. А я думаў пра беднае немаўля, якое неслі наперадзе, і казаў сабе, што брэтонцаў выкавалі з жалеза, калі іх дзеці ад нараджэння могуць трываць гэтакія прагулкі.

Мы падышлі да царквы, але дзверы былі зачыненыя.

Плябан пазніўся.

Тады нянька прысела на тумбу каля ганка і ўзялася расхутваць дзіця. Спачатку я падумаў, што хлопчык абрабіўся, але яго, беднага, збіраліся выставіць зусім голага на люты мароз. Абураны такой неасцярожнасцю, я не вытрываў:

— Вы што, з глузду з'ехалі? Вы ж заб'яце яго!

Жанчына цвёрда сказала: «Ды не, вашэці, ён мусіць чакаць Божаньку зусім голы».

Бацька з цёткай спакойна пазіралі на гэта. Такі звычай. Паруш яго, і дзіцяці не будзе шчасця ў жыцці. Я абураўся, крычаў на мужа, пагражаў пайсці дадому і нават спрабаваў сілай адабраць немаўля. Усё было дарэмна. Нянька па снезе шпарка ўцякала ад мяне, а хлопчыкава цельца рабілася фіялетавае.

Я сабраўся пайсці прэч ад гэтага быдла, калі заўважыў на дарозе з вёскі плябана, рызніка і вясковага хлопчыка-служку.

Я падбег да іх і пачаў абурацца. Плябан зусім не здзівіўся, не прыспешыў, ступаў нетаропка. Ён адказаў:

— Нічога не зробіш, пане. Такі звычай. Усе так робяць, і я не магу нічога змяніць.

— Ды ідзіце вы хоць бы хутчэй, — крыкнуў я.

Святар азваўся:

— А я не магу хутчэй.

Так ён зайшоў у рызніцу, а мы засталіся на цвінтары. Я вельмі пакутаваў ад дзіцячага ляманту — малое аж заходзілася ад марозных апёкаў.

Дзверы нарэшце расчыніліся. Мы ўвайшлі, але дзіця заставалася голае ўсю цырымонію.

Яна цягнулася доўга. Плябан — святая чарапаха — бязладна вавуліў лацінскія словы, паважна і нетаропка ступаючы па халодных плітах, а яго белы ўбор, які ён надзеў, каб у імя бязлітаснага жорсткага Бога прымусіць пруцянець ад холаду кавалачак чалавечай плоці, ледзяніў мне сэрца.

Нарэшце гэтае доўгае хрышчэнне скончылася, і нянька зноў укруціла ў доўгую коўдру змерзлага хлопчыка, які пранізліва вішчаў ад болю.

Святар сказаў мне:

— Зайдзіце, калі ласка, распісацца ў рэестры.

Я павярнуўся да садоўніка:

— А цяпер ляціце дамоў і адразу сагрэйце дзіця.

І я даў яшчэ некалькі парад, каб пазбегнуць, калі не позна, запалення лёгкіх.

Бацька паабяцаў зрабіць усё як трэба і пайшоў разам са швагеркай і нянькай. А мы з плябанам зайшлі ў рызніцу.

Калі я распісаўся, ён папрасіў пяць франкаў на выдаткі.

Я, канечне, адмовіўся, бо ўжо даваў дзесяць франкаў бацьку. Плябан гразіў парваць пасведчанне і скасаваць хрышчэнне. А я палохаў яго пракурорам рэспублікі.

Мы доўга спрачаліся, я нарэшце заплаціў.

Дома я адразу пабег глядзець, ці ўсё было ў парадку. Кінуўся да Керандэк, але бацька, швагерка і нянька яшчэ не вярнуліся.

Парадзіха самотна трэслася ад холаду ў сваім ложку, была галодная, бо суткі як не ела.

— Дзе ж, халера, яны падзеліся? — спытаў я.

Жанчына без усякага подзвігу і злосці адказала:

— Мусіць, зайшлі недзе выпіць. Такі звычай.

Тут я прыгадаў свае дзесяць франкаў, пазычаныя на царкву і прапітыя ў карчме.

Я загадаў прынесці маці булёну і добра напаліць у каміне. Занепакоены і злы, я паабяцаў сабе прагнаць гэтых нягоднікаў і са страхам падумаў пра лёс беднага хлапчаняці.

А шостай вечара яны яшчэ не вярнуліся. Загадаўшы слузе дачакацца іх, я лёг спаць. Заснуў адразу, бо сплю як сапраўдны марак. На золку мяне разбудзіў слуга, які прынёс цёплай вады галіцца.

Я спытаўся ў яго, як толькі расплюшчыў вочы:

— Што з Керандэк?

Стары вагаўся, а потым прамармытаў:

— О! Пане, ён вярнуўся апоўначы п'яны як гразь. Кермаган з нянькай таксама. Веру, што яны начавалі ў канаве, а малое памерла, яны і не заўважылі.

Я з крыкам падскочыў:

— Дзіця памерла?

— Памерла, пане. Яны паказалі яго маці Керандэк. Тая ў слёзы. І яе напаілі, каб суцешыць.

— Як гэта, напаілі?

— Так, пане. Але пра ўсё я даведаўся раніцай, толькі цяпер. Як у мужа не засталося ні гарэлкі, ні грошай, ён наліў бензіну з лямпы, што дала ім вашэці; яны выпілі на чацвярых колькі там заставалася ад літра. Ды так насцябаліся, што парадзіха цяпер ляжыць хворая.

Я паспешліва адзеўся, схапіў кій, прагнучы забіць усю гэту нелюдзь, і кінуўся да садоўніка.

Атручаная бензінам, Керандэк канала побач з сінім трупікам свайго дзіцяці.

Муж, нянька і швагерка храплі проста на зямлі.

Я быў пры жанчыне, пакуль яна апоўдні не памерла.


Стары доктар змоўк. Ён зноў узяў бутэльку, наліў сабе яшчэ, паглядзеў, як празрыстае пітво ззяе ў святле і робіцца сокам з расплаўленых тапазаў, і адным глытком каўтнуў гарачую, атрутную вадкасць.


Пераклад: Сяргей Мурашка

Звер васпана Бэлёма

Гаўраўскі дыліжанс быў гатовы да ад'езду з Крыкто; усе пасажыры сабраліся ў двары гатэля «Камэрс», які належаў Маляндэну-сыну, і чакалі, калі іх паклічуць на пасадку.

Дыліжанс — жоўтая карэта на высокіх, некалі таксама жоўтых, а цяпер амаль шэрых ад бруду колах. Пярэднія колы былі зусім невялічкія; заднія, высокія і вузкія, падпіралі касабокую буду, пузатую, як чэрава нейкага звера. Тры сівыя канякі, чые вялізныя галовы і таўшчэзныя круглыя калені адразу кідаліся ў вочы, запрэжаныя «арбалетам» — адзін конь уперадзе, два астатнія — галава ў галаву — ззаду, — мусілі цягнуць гэтую калымагу, у будове і ў выглядзе якой мелася нешта ад страшыдла. Коні, здавалася, паспелі ўжо задрамаць паперадзе дзівакаватай фуры.

На парозе гатэля, выціраючы рот рукою, з'явіўся Сезэр Арлавіль, невысокі, пузаты, але спрытны ад пастаяннага навыку ўскарасквацца на козлы, з набарвяненым вятрамі, дажджамі, слотаю ды кілішкамі тварам і з прыжмуранымі ад вечнага ветру ды сцюжы вачыма. Каля нерухомых сялян стаялі вялікія круглыя корабы з перапуджаным свойскім птаствам. Сезэр Арлавіль адзін за адным пабраў корабы і паставіў іх на даху карэты; пасля тамсама асцярожна ўмасціў карзіны з яйцамі; потым пазакідаў туды торбы з зернем і іншую дробную паклажу, уверчаную ў хусты, кавалкі палатна або ў паперу. Тады ён расчыніў ззаду дзверцы, дастаў з кішэні спіс і пачаў выклікаць сваіх пасажыраў.

— Пан кюрэ з Горжвіля.

Свяшчэннік — магутны мужчына, шыракаплечы, бухматы, ружовы і прыязны — ступіў наперад. Ён падхапіў сутану, каб не блыталася ў нагах — гэтак жанчыны падымаюць падолы сваіх спадніц, — і залез у калымагу.

— Настаўнік з Ральбоск-ле-Трынэ. Замітусіўся цыбаты, сарамлівы, у рэдынгоце да каленяў дзяцюк і таксама знік у чэраве дыліжанса.

— Васпан Пуарэ, два месцы.

Рушыў высокі, ссутулены, згарбачаны плугам і выпетраны ашчаднасцю, кашчавы, з лускаватаю скураю Пуарэ. За ім пацягнулася жонка, маленькая і худая, падобная на змардаваную ведзьмачку, з вялізным зялёным парасонам у руках.

— Васпан Рабо, два месцы.

Сарамлівы ад роду Рабо нерашуча патаптаўся на месцы.

— Гэта ты мяне клічаш? — перапытаў ён.

Толькі фурман, якога людзі празвалі «Выскалякам», хацеў адказаць грубаватым жартам, як тут Рабо потырч кульнуўся да расчыненых дзверцаў ад моцнага жончынага тумака — тумака гром-бабы з вялізным, круглым, як бочка, жыватом і шырознымі, як пранікі, ручышчамі.

І Рабо, нібы пацук у нару, шмыгнуў у карэту.

— Васпан Каніво.

Пад здаравенным селянінам, які, пэўна, важыў болей за быка, ажно аселі рысоры, і вось ужо і ён апынуўся ў жоўтай фуры.

— Васпан Бэлём.

Падышоў сухарэбры Бэлём; галава ў яго была схілена набок, ён з гаротным выглядам туліў да вуха насоўку, быццам яго мучыў моцны боль зубоў.

Усе пасажыры былі ў сініх блузах паўзверх дзівакаватых старадаўніх світак з чорнага альбо зеленаватага сукна — святочных строях, у якіх сяляне пакажуцца толькі на вуліцах Гаўра; на галаве ў кожнага вежай узвышалася шаўковая каскетка — вяршыня элегантнасці ў нармандскай вёсцы.

Сезэр Арлавіль зачыніў дзверцы ў будзе, ускараскаўся на сваё сядзенне і ляснуў пугай.

Канякі толькі матлянулі галовамі, і глуха зазвінелі шамкі.

Тады фурман на ўсё горла нокнуў і наводмаш сцебануў па конях. Яны занепакоіліся, тузануліся і няроўным, няспешным трушком рушылі ў дарогу. А ззаду, калоцячыся ўсімі расхістанымі шыбкамі ды рысорным жалеззем, з жахлівым бляшана-шкляным грукатам закалывалася карэта, і абодва рады пасажыраў, раскалыханыя, нібы хвалі, заматляліся то ў адзін, то ў другі бок.

Напачатку ўсе маўчалі — з павагі да кюрэ, прысутнасць якога стрымлівала выліванне пачуццяў. Чалавек гаваркі і свойскі, ён першы падаў голас.

— Ну, як вы маецеся, васпан Каніво?

Волат-падарожны, якога прыемна лучыла з царкоўным служкам аднолькавасць росту, плячэй і жывата, адказаў з усмешкай:

— Памаленьку, пане ойча, памаленьку. А як вы?

— Ды ў мяне заўсёды ўсё добра.

— А вашы справы як, васпан Пуарэ? — пацікавіўся абат.

— Ат, у мяне — як у мяне. Рапс ніяк не ўрадзіў сёлета, дык трэба неяк выкручвацца.

— Што зробіш, часы цяжкія.

— А ўжо ж пэўна што нялёгкія, — пацвердзіў жандарскі голас пышнацелай паловы васпана Рабо.

Яна была родам з суседняга сяла, і кюрэ ведаў яе толькі па імені.

— Гэта вы, Блёндэль? — папытаўся ён.

— Ага. Я. Замужам вось за Рабо.

Нядошлы, затурканы, але задаволены Рабо з усмешкай павітаўся з кюрэ, у глыбокім паклоне перагнуўся ўперад, быццам кажучы: «Гэта я-Рабо, гэта я ажаніўся з Блёндэль».

Раптам васпан Бэлём, які ўсё затуляў насоўкай вуха, жаласна застагнаў. І пры кожным сваім «вой... м-м... ммм...» ён ажно прытупваў нагою ад нясцерпнай пакуты.

— У вас баляць зубы? — паспачуваў кюрэ.

Селянін на момант перастаў стагнаць і адказаў:

— Ды не... пане ойча... Не зубы... Нешта ў вуху, там... глыбока...

— Што ж там такое ў вашым вуху? Скула?

— Ды не ведаю... Мо скула, мо не скула. Але, далібог, туды залез нейкі страшны звер, калі я спаў на сене,

— Звер? Вы ў гэта верыце?

— Дзіва што! Як у існаванне раю веру, пане ойча! Я ж чую, як ён шалпочацца там, у вуху. Ён грызе мне галаву, далібожачкі, грызе галаву! Вох, ммм... ммм... ммм... — і Бэлём зноў затупаў нагою.

Гэта падзея надзвычай зацікавіла пасажыраў. Кожны меркаваў па-свойму. Пуарэ сцвярджаў, што ў вуху павук, настаўнік — што вусень. Ён бачыў ужо нешта падобнае ў Кампмюрэ, у дэпартаменце Орн, дзе пранастаўнічаў шэсць гадоў; дык там вусень запоўз у вуха і выпаўз цераз нос. Але чалавек аглух на адно вуха, бо вусень прадзіравіў барабанную перапонку.

— Хутчэй за ўсё гэта чарвяк, — падагуліў кюрэ.

Васпан Бэлём, адкінуўшы галаву набок і прыпёршыся да дзверцаў — ён залез у дыліжанс апошні, — стагнаў:

— Вой! Ммм... ммм... ммм... Па-мойму, там мурашка, вялізная мурашка... Вой, як кусае!.. Во, во, пане ойча, шавеліцца, рынулася... Вох! Ммм... ммм... ммм... Горачка маё!..

— Ну, а ў доктара ты быў? — папытаўся Каніво.

— Вядома, не!

— А чаму?

Ад страху перад доктарам Бэлёму ажно палягчэла. Ён выпрастаўся, праўда, насоўку ад вуха так і не адняў.

— Чаму! Сам плаці гэтым лайдакам, як у цябе лішнія грошы завяліся! Хіба ён парадзіць табе за раз? Не, пайдзі да яго і раз, і два, і тры, і чатыры, і пяць разоў! А гэта ж цэлыя два экю па сто су, цэлыя два экю, не меней!.. Дый што б ён зрабіў мне, лайдак той, што б ён зрабіў мне, га? Ну от скажы!

Каніво засмяяўся:

— Не ведаю. А куды ж ты едзеш?

— У Гаўр, да Шамбралана.

— Да якога Шамбралана?

— Ды да лекара.

— Да якога лекара?

— Каторы вылечыў майго бацьку.

— Твайго бацьку?

— Ну. Даўно ўжо.

— А што ж з ім такое было, з тваім бацькам?

— Сярэдзіну адняло, і варухнуць нагою не мог.

— І як жа яго вылечыў Шамбралан?

— А штомоцы скусаў яму спіну — як цеста мясіў, аберуч! І што ты думаеш? Праз гадзіну-другую ўсё як рукой зняло!

Бэлём прыгадаў, што Шамбралан у дадатак яшчэ і шаптаў нешта, але ў прысутнасці святара не пасмеў сказаць пра гэта.

Каніво са смехам прадаўжаў:

— То, можа, трусяня якое залезла табе ў вуха? Убачыла зараслі дый падумала, што гэта яго нара! От чакай, зараз я вытуру яго адтуль.

Каніво склаў трубкай рукі і ўзяўся падрабляць галасы гончых сабак на паляванні. Што ён толькі ні вырабляў: і якацеў, і рыкаў, і вішчаў, і брахаў! Усе пасажыры ажно клаліся ад рогату, смяяўся нават вечна сур'ёзны настаўнік.

Але Бэлёма злавала, што з яго пацвельваюцца, і кюрэ тактоўна павярнуў размову. Ён абярнуўся да таўстухі Рабо і папытаўся:

— А ці вялікая ў вас сям'я?

— Ды вялікая, пане ойча... Ледзьве спраўляемся з неслухамі!

Рабо згодна заківаў галавой, маўляў, праўда-праўда, ледзьве спраўляемся!

— Колькі ж дзетак у вас?

Кабета з гонарам, гучна і ўпэўнена абвясціла:

— Шаснаццаць, пане ойча! Пятнаццаць ад мужа!

Рабо яшчэ шырэй заўсміхаўся, заківаў галавой. Праўда-праўда, гэта ён, Рабо, бацька пятнаццаці дзяцей, сам настараўся, нікога не прасіў! Сама жонка прызнала гэта! Значыць, і сумнявацца няма чаго! Яму было чым ганарыцца, чорт вазьмі!

Ад каго шаснаццатае? Яна прамаўчала. Відаць, гэта быў першынец. І, мусіць, гісторыю з'яўлення яго на свет ведалі ўсе, бо ніхто не здзівіўся. Нават Каніво не выявіў ніякай цікаўнасці.

Але тут Бэлём заенчыў зноў:

— Ой! Вой! Ммм... ммм... ммм... Глыбей, глыбей паўзе... Ой, горачка!..

Дыліжанс спыніўся каля кавярні «Паліт». Кюрэ прапанаваў:

— А калі б трохі вады ўліць у вуха? Можа, той звер і выплыве? Давайце паспрабуем!

— Давайце! Я ўжо на ўсё згодны.

Падарожныя вылезлі з карэты: усім карцела паглядзець, як будуць выганяць звера.

Свяшчэннік папрасіў тазік, ручнік і шклянку вады; потым загадаў настаўніку схіліць галаву пацыенту набок, а як толькі вадкасць трапіць у слухавы праход, хутчэй адвярнуць галаву назад.

Аднак Каніво, які ўжо зазіраў Вэлему ў вуха, спадзеючыся ўбачыць там звера, усклікнуў:

— Ну і мармеладу, чорт вазьмі! Давай спачатку выкалупвай усё гэта, стары. Інакш тваё трусаня век не вылужацца з гэтага павідла. Уліпне ўсімі чатырма лапамі!

Кюрэ таксама агледзеў вуха і мусіў прызнаць, што з такой цеснай, бруднай нары звера не выгнаць. Давялося настаўніку ўзяць запалку, наматаць на яе шматок анучкі і прачысціць вуха. І вось настаў момант, калі ўсе трывожна сцішыліся, а свяшчэннік лінуў у прачышчаны слыхавы праход з палову шклянкі вады, якая пацякла Вэлёму і па твары, і ў валасы, і за каўнер. Настаўнік імгненна, нібыта хочучы адкруціць, павярнуў галаву пацыенту да тазіка. У белую пасудзіну капнула некалькі кропель. Усе кінуліся разглядваць іх. Аднак ніякага звера ў тазіку не аказалася.

Тым не меней Бэлём заявіў:

— Здаецца, не варушыцца.

Кюрэ пераможна ўсклікнуў:

— Значыць, мы яго ўтапілі!

Усе парадаваліся такому зыходу і вярнуліся ў карэту.

Аднак ледзьве дыліжанс рушыў далей, як Бэлём зноў страшэнна залямантаваў. Звер ачуняў і проста ашалеў. Бэлём бажыўся, што цяпер ён залез ужо ў самую галаву і пажырае мазгі. Бедалага так енчыў і курчыўся, што жонка Пуарэ, падумаўшы, што ў яго ўсяліўся д'ябал, заплакала і пачала хрысціцца. Па нейкім часе, калі боль трохі суняўся, хворы стаў расказваць, якія выкрунтасы ён робіць у яго вуху. Бэлём быццам бачыў яго, сачыў за ім позіркам і пальцам паўтараў кожны рух звера:

— Во-во, ужо вышэй лезе... вой!.. вой!.. вой!.. А горачка ж маё!

Каніво не вытрываў:

— Гэта, пэўна, твайму зверу жытло не даспадобы. Але ж мо як-небудзь абвыкне-такі!

Зноў зарагаталі. Каніво прадаўжаў:

— Вось заедзем у кавярню Бурбо, ты дай яму чарачку, дык ён і не варухнецца болей, праўду табе кажу!

Але Бэлёму было ўжо проста не вытрываць. Ён падняў такі лямант, быццам з яго вымотвалі душу. Кюрэ змушаны быў падтрымліваць яго галаву. Пасажыры папрасілі Сезэра Арлавіля спыніцца каля першага ж стрэчнага жытла.

Ім аказалася прыдарожная ферма. Бэлёма завялі ў хату і паклалі на кухонны стол, каб яшчэ раз зрабіць прамыванне. Каніво настойліва раіў змяшаць ваду з гарэлкаю: звер нап'ецца і засне, а мо і ўвогуле аддасць канцы. Але кюрэ выбраў воцат.

На гэты раз сумесь улівалі па кроплі, каб яна трапіла як мага глыбей, і на некалькі хвілін пакінулі няведама кім заселены орган у спакоі.

Потым зноў прынеслі тазік, асілкі кюрэ і Каніво адным махам перавярнулі Бэлёма на другі бок, а настаўнік забарабаніў пальцамі па здаровым вуху пацыента, каб з хворага як мага хутчай вылілася ўся вадкасць.

Нават Сезэр Арлавіль не стрываў, з пугай у руках зайшоў у хату паглядзець на працэдуру.

І раптам на дне ў тазіку ўсе ўбачылі чорненькую, не буйнейшую за насенінку цыбулі кропачку. Кропачка варушылася. Гэта была блыха! Пасыпаліся ўражаныя воклічы, потым грымнуў смех. Блыха! Ну гэта ж трэба, такая здатненькая, міленькая блыха! Каніво ляпаў сабе па сцёгнах, Сезэр Арлавіль ляскаў пугай; рогат кюрэ быў падобны на рык асла, смех настаўніка нагадваў чханне, а кабеты ўсцешана заліваліся, быццам сакатлівыя куры.

Бэлём сядзеў на стале і, трымаючы тазік на калепях, уважліва і сур'ёзна, з задаволеным абурэннем разглядваў пераможанае стварэнне, якое вілося ў кроплі вады.

— Вось табе, падлюга! — буркнуў ён і плюнуў у тазік.

Ашалелы ад смеху фурман усё паўтараў як заведзены:

— Блыха, блыха! Ах ты, чортава блошка! Чортава блошка!

Калі ўсе трохі супакоіліся, ён гукнуў:

— Ну то што, паехалі? І так процьму часу змарнавалі.

Падарожнікі, усё яшчэ смеючыся, пакіравалі да экіпажа.

І тут Бэлём, які падышоў апошні, заявіў:

— А я не паеду далей, вяртаюся ў Крыкто. Цяпер мне ўжо няма чаго рабіць у Гаўры.

Фурман адказаў:

— Як сабе хочаш, але заплаці за месца!

— Заплачу, але толькі палову, я ж адно палову дарогі праехаў.

— Мусіш заплаціць цалкам, месца ж ты атрымаў да канца.

І распачалася спрэчка, якая неўзабаве ператварылася ў зацятую сварку: Бэлём прысягаў, што ён заплаціць толькі дваццаць су, Сезэр Арлавіль даказваў, што ён мусіць заплаціць усе сорак. Яны стаялі адзін перад адным і зацята лаяліся.

З дыліжанса вылез Каніво.

— Па-першае, сорак су ты павінен даць бацюшку, ясна? Па-другое, мусіш даць на чарку ўсім нам, тваім спадарожнікам, — на гэта, думаю, пяцьдзесят пять су будзе даволі. Ну і Сезэру плаці дваццаць су. Ты згодны, Выскаляка?

Фурман, усцешаны, што Бэлём раскашэліцца аж на тры франкі семдзесят пяць су, адказаў:

— Згода.

— Тады плаці.

— Я не дам ні капейкі! Па-першае, бацюшка — не доктар.

— Калі ты не расплацішся, дык я завалаку цябе ў карэту і завязу ў Гаўр.

Волат аберуч ухапіў Бэлёма і лёгка, як дзіця, падняў угору.

Бэлёму стала ясна, што супраціўляцца дарэмна. Ён дастаў кашалёк і адлічыў грошы.

Пасля гэтага дыліжанс папраставаў далей, у Гаўр, а Бэлём павярнуў назад, у Крыкто, і прымоўклыя пасажыры яшчэ доўга бачылі на белай дарозе сінюю сялянскую блузу, якая матлялася над цыбатымі Бэлёмавымі нагамі.


Пераклад: Ніна Мацяш 

Пані Парыс

I

Я сядзеў на моле ў маленькім порце Абернон, побач з хутарам Саліс, і глядзеў, як над Анцібамі заходзіць сонца.

Мястэчка, аточанае з усіх бакоў магутнымі крапаснымі мурамі, пабудаванымі п. дэ Вабанам, выдавалася ў мора якраз пасярэдзіне неагляднай Ніцкай затокі. Высокія марскія хвалі разбіваліся аб скалы і адхлыналі, аперазаўшы ўцёс шумавіннем. За ўмацаваннямі адзін за адным караскаліся ўгору цацачныя дамкі і дабіраліся аж да дзвюх вежаў, натапыраных у неба накшталт рагоў старажытнага шлема. І абрысы іх чарнелі на малочнай белізне Альпаў, уздымаліся перад бясконцай далёкай чарадой заснежаных гор, якая затуляла ўвесь далягляд.

Паміж белай пенай каля муроў і белым снегам на небакраі мястэчка, раскінутае ў шызай смузе прыгоркаў, стракацела пірамідай дамоў з рыжымі дахамі і з белымі фасадамі такіх розных адценняў, што яны здаваліся каляровымі ў промнях вячэрняга сонца.

Нават нябесны блакіт нібы збялеў, быццам па ім расплыўся снег; срэбныя хмаркі плылі над бледнымі вяршынямі, а па той бок затокі, каля вады, быццам белая нітка, нацягнутая паміж морам і гарамі, спачывала Ніца. Два шырокія трохкутнікі ветразяў, надзьмутыя пругкім брызам, ляцелі па хвалях. Я, зачараваны, глядзеў на ўсё гэта.

Гэта была менавіта тая — ласкавая, рэдкая, прыемная воку карціна, што застаецца ў душы шчаслівым успамінам і ніколі не забываецца. Жыццё, думкі, пакуты, турботы, каханне — усё прыходзіць праз зрок. Чалавек, які бачыць і разумее хараство ў мёртвых рэчах і ў жывых істотах, адчувае тое ж раптоўнае, глыбокае, бязмежнае захапленне, што і чалавек з тонкім і далікатным слыхам, чыё сэрца рвецца з грудзей ад гукаў музыкі.

Я сказаў свайму сябру пану Марціні — ураджэнцу поўдня: «Гэта, напэўна, самае рэдкае відовішча, якім мне пашчасціла любавацца».

Я бачыў, як на золку з пяску выходзіць гранітны волат-прыгажун Мон-Сэн-Мішэль.

У Сахары я глядзеў, як пад яркім, нібы наша сонца, месячным святлом зіхаціць вялікае, кіламетраў на пяцьдзесят даўжынёй, возера Раянешэргі і як ад яго люстра адлятае ў неба белае воблака, падобнае на малочную пару.

На Ліпарскіх астравах я глядзеў на фантастычны серны кратэр Валканэла — вялізную кветку, якая дыміцца і пячэ, жоўтую кветку, якую ніколі не сарвеш, бо яна расце пасярод мора і цыбур яе — вулкан.

Нічога прыгажэйшага за Анцібы на фоне Альпаў пад вячэрнім сонцам я ніколі не бачыў.

І не ведаю, чаму мне прыгадваецца старажытнасць, усплываюць у памяці Гамеравы радкі; гэта — горад антычнага Ўсходу, гэта — горад з «Адысеі», гэта — Троя! Хоць яна і стаяла далёка ад мора.

Пан Марціні дастаў з кішэні даведнік Сарці і пачаў чытаць: «Горад паходзіць ад калоніі, заснаванай факейцамі з Марселя каля 340 г. да Божага Нараджэння. Яны далі яму грэчаскую назву Анціпаліс, гэта значыць «супрацьгорад», таму што ён сапраўды ляжыць насупраць Ніцы, таксама марсельскай калоніі.

Пасля захопу Галіі рымляне зрабілі з Анцібаў муніцыпію — яго жыхары карысталіся аднолькавымі з рымскім горадам правамі.

З эпіграмы Марцыяла мы ведаем, што ў свой час...»

Ён казаў далей. Я спыніў яго: «Мне ўсё роўна, што тут было. Я кажу вам, што ў мяне перад вачыма горад з «Адысеі». Берагі Азіі і Эўропы падобныя, але тут, на другім канцы Міжзем'я, усё інакш, і ўва мне абуджаюцца ўспаміны пра гераічныя часы».

Я пачуў чыесьці крокі і павярнуўся — жанчына, высокая чарнявая жанчына ступала па дарозе, якая вядзе ўздоўж мора на мыс.

Пан Марціні прашаптаў, гучна націскаючы на апошнія склады: «Ведаеце, гэта пані Парыс!»

Не, я не ведаў яе, але гэта імя, імя траянскага пастуха, сугучна злілося з маімі марамі.

Я ўсё ж спытаўся: «А хто яна, пані Парыс?» Ён, здавалася, абрадаваўся, што я не чуў гэтай гісторыі.

Я паўтарыў, што зусім не ведаю яе, і паглядзеў услед засяроджанай жанчыне, якая, важка, павольна ступаючы — так, пэўна, хадзілі старажытныя кабеты, — аддалялася, не заўважыўшы нас. Ёй было недзе пад трыццаць пяць, і яна заставалася прыгожая, вельмі прыгожая, хоць і трохі поўная. Вось што мне расказаў пан Марціні.

II

Пані Парыс, да замужжа Камбеломб, за год да вайны 1870 г. выйшла за пана Парыса, чыноўніка. Маладая дзяўчына была настолькі танюткая і вясёлая ў той час, наколькі мажная і сумная цяпер.

На жаль, ёй дастаўся пан Парыс — адзін з тых пузатых мужчын на маленькіх нагах, якія шпарка ходзяць у заўсёды абвіслых штанах.

Пасля вайны ў Анцібах стаяў толькі адзін лінейны батальён пад камандай пана Жана дэ Кармелена. Малады афіцэр меў узнагароды за кампанію і зусім нядаўна атрымаў чатыры галуны.

Ён вельмі нудзіўся ў крэпасці — душнай кратоўні за двайным непарушным мурам, і таму часта хадзіў гуляць на мыс у сасняк, які выстаяў пад усімі марскімі вятрамі.

Тут ён напаткаў пані Парыс, бо яна таксама ў летнія вечары прыходзіла сюды падыхаць свежым паветрам пад шатамі дрэў. Як пакахаліся яны? Хто ведае? Яны сустракаліся, глядзелі адно на адно, а калі не бачыліся, напэўна, згадвалі свае спатканні. Успамін пра чарнавокую, цёмнавалосую, белатварую маладую жанчыну, вобраз прывабнай і свежай дачкі поўдня з прыгожай белазубай усмешкай доўга не ішлі з галавы афіцэра, які крочыў далей і замест таго, каб дакурыць цыгару, пачынаў жаваць яе. А аблічча ладнага каменданта ў залатым мундзіры і ў чырвоным галіфэ, яго твар з завітымі светлымі вусамі мусілі паўставаць перад вачыма пані Парыс, калі яе дрэнна паголены і неахайны, куртаты і пузаты муж сядаў вячэраць.

Яны сустракаліся і, магчыма, пачалі ўсміхацца на кожным спатканні; яны бачыліся і падумалі, што ведаюць адно аднаго. Неяк ён, мусіць, прывітаў яе. Яна здзівілася і ледзь-ледзь, якраз настолькі, каб не быць няветлівай, кіўнула яму. Але праз два тыдні яна ўжо здалёк, а не зблізу адказвала на яго вітанні.

Ён загаварыў першы. Пра што? Напэўна, пра захады сонца. І яны разам любаваліся імі, часцей пазіраючы ў вочы адно аднаму, чым на небасхіл. І штовечар два тыдні гэта заставалася адзінай і звычайнай прычынай для кароценькай размовы.

Потым яны асмялелі і, размаўляючы, прайшлі некалькі крокаў разам. Але вочы іх казалі ўжо безліч патаемных, запаветных, салодкіх слоў, рэха якіх чуецца ў пяшчоце, ва ўзрушаным позірку, слоў, ад якіх мацней б'ецца сэрца, таму што вочы лепш за прызнанне гавораць пра тое, што хаваецца ў душы.

Пасля ён узяў яе за руку і шапнуў тыя зразумелыя кожнай жанчыне словы, пра якія яна даўно здагадваецца, хоць і робіць выгляд, што не чуе іх.

Яны дамовіліся, што будуць любіць адно аднаго, але не пераступяць мяжы цнатлівасці і сяброўства.

Яна б так ніколі і не пайшла далей гэтых пяшчотных адносін, але ён, ён хацеў большага і штодня ўсё настойлівей прагнуў яе і патрабаваў саступіць.

Яна не саступала, адмаўляла яму, здавалася непахіснай.

Зрэшты, аднаго вечара яна быццам незнарок сказала:

— Мой муж паехаў у Марсель. Ён там прабудзе чатыры дні.

Жан дэ Кармелен укленчыў каля яе ног, молячы сёння ж у адзінаццаць вечара прыняць яго. Але яна і слухаць ні пра што не захацела і раззлаваная вярнулася дамоў.

Цэлы вечар камендант быў не ў гуморы. А на другі дзень ад самай раніцы ён у лютасці сноўдаўся па ўмацаваннях ад школы барабаншчыкаў да школы пехацінцаў і караў спагнаннямі афіцэраў і салдатаў, быццам кідаў каменнем у натоўп.

Але за снеданнем у канверце пад сурвэткай ён знайшоў тры словы: «Вечарам, у дзесяць». І без дай прычыны ён падарыў пяць франкаў афіцыянту.

Дзень здаваўся яму бясконцым. І ўвесь вольны час ён аддаў таму, каб добра адзецца і надушыцца парфумай.

Калі ён сядаў абедаць, яму перадалі другі канверт. У ім была тэлеграма: «Дарагая, справы скончаны. Вяртаюся цягніком дзевятай. — Парыс».

Камендант так вылаяўся, што афіцыянт выпусціў супніцу на паркет.

Што яму рабіць? Канечне, ён прагнуў яе, гэтым жа вечарам, любой цаной; і ён возьме яе. Ён гатовы на ўсё, ён пойдзе нават на тое, каб арыштаваць і пасадзіць мужа ў турму. Раптам вар'яцкая думка прабегла ў яго галаве. Ён папрасіў паперы і напісаў:

«Пані,

Клянуся Вам, што гэтым вечарам ён не вернецца, а я буду ў Вас а дзесятай там, дзе вы ведаеце. Нічога не бойцеся, я адказны за ўсё, зарукай — мая афіцэрская годнасць.

Жан дэ Кармелен».

Ён загадаў занесці ліст і спакойна давячэраў. А восьмай ён паклікаў свайго намесніка капітана Грыбуа і, качаючы між пальцаў скамечаную тэлеграму пана Парыса, сказаў:

— Капітан, я атрымаў вельмі дзіўную тэлеграму, зместу якой не магу перадаць нават вам. Вы неадкладна замкняце і паставіце варту на ўсе гарадскія брамы, каб ніводзін чалавек, я паўтараю, ніхто не ўвайшоў і не выйшаў да шостай раніцы. Накіруйце на вуліцы патрулі, жыхары павінны быць у сваіх дамах не пазней за дзевятую. Спозненых прыводзіць дахаты пад прымусам. Калі вашы людзі спаткаюць мяне сёначы, яны павінны адразу пайсці прэч, быццам не пазнаўшы мяне. Вам усё зразумела?

— Усё, мой камандзір.

— Назначаю вас адказным за спаўненне ўсіх маіх загадаў, дарагі капітане.

— Добра, мой камандзір.

— Ці не хочаце чарачку шартрэзу?

— З ахвотаю, мой камандзір.

Яны чокнуліся, выпілі залацістага лікёру, і капітан Грыбуа пайшоў.

III

Марсельскі цягнік прыбыў на вакзал роўна а дзевятай, высадзіў на перон двух пасажыраў і пайшоў далей — у Ніцу.

Адзін з іх, высокі і худы, быў пан Сарыб — алейнік, другі, маленькі і тоўсты — пан Парыс.

Узяўшы ў рукі сакваяжы, яны шпарка папраставалі ў горад, да якога было з кіламетр.

Але калі яны апынуліся перад партовай брамай, варта скрыжавала штыкі і загадала ім ісці адсюль.

Разгубленыя, збянтэжаныя, аслупянелыя ад здзіўлення, яны адышліся параіцца і, пашаптаўшыся, рахманыя вярнуліся, назваліся і хацелі пачаць перамовы.

Але ў салдатаў, мусіць, былі жорсткія загады, бо яны прыгразілі стрэліць, і ад перапуду, забыўшыся на свае занадта цяжкія рэчы, падарожнікі кінуліся наўцёкі.

Яны абмінулі ўмацаванні і апынуліся перад Канскай брамай. Яна таксама была зачыненая і ахоўвалася грозным пастом. Паны Сарыб і Парыс, людзі асцярожныя, не рызыкнулі ісці далей і вярнуліся пад вакзальны дах, бо начное блуканне вакол крэпасці было небяспечнае.

Сонны служка здзівіўся і дазволіў ім пераначаваць у зале пасажыраў.

У цемры яны леглі на абабітую зялёным аксамітам канапу, занадта напалоханыя, каб думаць пра сон. Ноч цягнулася бясконца.

А палове сёмай ім сказалі, што брамы расчынены і дарога ў Анцібы, нарэшце, свабодная.

Яны зноў пайшлі ў горад, але не знайшлі на дарозе сваіх кінутых сакваяжаў.

Калі яны, яшчэ неспакойныя, апынуліся за брамай, сам камендант Кармелен, з хітрыкамі ў вачах і з закручанымі вусамі, выйшаў сустрэць і распытаць у іх.

Ён павітаўся і папрасіў прабачэння, што ім выпала благая ноч. Але ён мусіў выконваць загад.

Анцібы перапалохаліся. Адны казалі пра гвалтоўную вылазку італьянцаў, другія — пра высадку прынца-спадкаемца, трэція — пра арлеанісцкую змову. Праўда раскрылася пазней, пасля таго, як каменданцкі батальён быў накіраваны вельмі далёка, а на пана дэ Кармелена накладзена жорсткае спагнанне.

IV

Пан Марціні скончыў. Пані Парыс вярталася з прагулкі. Яна праплыла блізка ад мяне, не адводзячы вачэй ад ружовых пад апошнімі сонечнымі промнямі альпійскіх грабянёў.

Мне хацелася павітацца з сумнай гаротнай жанчынай, якая, пэўна, заўсёды помніла сваю, такую сёння далёкую ноч кахання, смелага мужчыну, які за яе пацалунак асмеліўся абвясціць у горадзе аблогу і закрэсліць сваю кар'еру.

А ён, ён, можа, забыўся на яе і, мусіць, дзе за чаркай хваліцца сваім смелым, смешным і палкім учынкам.

Ці ўбачыліся яны другі раз? Ці кахае яна яго, як некалі? І мне падумалася: «Вось яно якое, сучаснае каханне — блазенскае і ўсё ж гераічнае. Гамер, які апеў бы гэтую Алену, павінен быў бы мець душу Поль дэ Кока. Але ж які ён адчайны, смелы, прыгожы і дужы, нібы Ахіл, хітрамысны больш за Уліса, герой гэтай кінутай жанчыны!»


Пераклад: Сяргей Мурашка

Жулі Рамэн

Два гады таму, увесну, я вандраваў па беразе Міжземнага мора. Ці ёсць што лепшае, як марыць, калі шпарка ідзеш па дарозе? Вам свеціць сонца, вас лашчыць вецер, а побач — горы і мора! І вы марыце! Колькі летуценняў, успамінаў пра каханне, колькі прыгод згадвае вандроўная душа за дзве гадзіны дарогі! Ласкавы цёплы вецер напаўняе вас няяснымі радаснымі надзеямі, вы п'яце іх разам з паветрам, і яны нараджаюць у вашай душы прагу шчасця, якая расце ад голаду, абуджанага дарогай. Імклівыя прыемныя думкі лётаюць і спяваюць, як птушкі.

Я ішоў па гэтым доўгім шляху, які вядзе ад Сан-Рафаэля да Італіі, падобны на велічны і зменлівы тэатральны дэкор, створаны быццам для таго, каб на яго фоне ставіць усе зямныя паэмы пра каханне. І мне думалася, што ў гэты край — ад Канаў, дзе выхваляюцца багаццем, да Манака, дзе гуляюць, — людзі едуць толькі каб пафанабэрыцца і распусціць грошы, каб пад гэтым прыгожым небам, сярод ружаў і памеранцаў пладзіць самыя брыдкія заганы, дурныя намеры, ганебную пажадлівасць і выказаць дух чалавечы такім, які ён ёсць — рабскі, цёмны, марны і хцівы.

Раптам у глыбіні адной з тых маляўнічых заток, што хаваліся за кожным пагоркам, каля падгор'я, я заўважыў чатыры ці пяць вілаў, якія глядзелі вокнамі на мора. За імі ў дзвюх дрымучых і, пэўна, непраходных лагчынах шумелі векавечныя яліны. Хараство аднае хаткі спыніла мяне: белы дамок з карычневымі панелямі да самага даху апавілі ружы.

А сад! Барвяны абрус кветак і траў стракацеў на зямлі ў гарэзным свядомым беспарадку. Газон таксама тануў у фарбах, абапал прыступак духмяна цвілі кветкі, з вокнаў на сляпуча-белы фасад ападалі блакітныя і бурштынавыя гронкі, а на тэрасе з каменнымі балясамі над уваходам раслі гірлянды вялікіх, пунсовых, як кроплі крыві, званочкаў.

Доўгая расквітнелая аранжарэя за домам вяла ў бок падгор'я.

На дзвярах дробнымі залатымі літаркамі было выведзена: «Віла Мінулага».

Я спытаўся ў сябе, які паэт, якая чараўніца жылі ў ім, чыя натхнёная самотная душа натрапіла на гэты куток і пабудавала тут казачную хатку, якая нібы расла ў аправе з кветак.

Крыху далей на дарозе працаваў каменячос. Я спытаўся ў яго, хто гаспадар гэтага чароўнага дыямента. Той адказаў:

— Пані Жулі Рамэн.

Жулі Рамэн! Калісьці ў дзяцінстве я столькі чуў пра яе, вялікую акторку, саперніцу Рашэль.

Ніводную акторку так не любілі, ніводную жанчыну так не кахалі! Колькі дуэляў і самагубстваў праз яе, колькі прыгод і скандалаў! Які ж цяпер год спакусніцы? Шасцідзесяты, сямідзесяты, семдзесят пяты? Жулі Рамэн! Тут, у доме! Жанчына, якую абагаўлялі самы вялікі музыкант і самы славуты паэт нашай краіны! Я памятаю, калі мне было дванаццаць, у Францыі грымнулі чуткі пра яе ўцёкі на Сіцылію з адным пасля шалёнага разрыву з другім.

Аднаго вечара, пасля прэм'еры, калі зала пляскала ёй паўгадзіны і выклікала на паклоны адзінаццаць разоў, яна, як гэта рабілася ў той час, села ў паштовую карэту разам з паэтам і паехала. Яны пераплылі мора і кахаліся на старажытнай выспе, дачцэ Элады, у засені неабсяжнага апельсінавага гаю, які атуляе Палерма і завецца «Залатая Ракавіна».

Гаварылі пра іх узыход на Этну, пра тое, як абняўшыся яны схіляліся над вогненным жаралом, быццам хацелі кінуцца ў агнядышную зеўру.

А паэт памёр і пакінуў нашчадкам мройлівыя вершы, чыя пранікнёнасць чаравала цэлае пакаленне, а летуценнасць і загадкавасць паказалі новыя шляхі пачаткоўцам.

Кампазітар таксама пайшоў ад нас, кінуты тою, каму ствараў бессмяротную музыку, музыку перамогі і роспачы, музыку болю і гневу.

А яна, яна была тут, у дамку сярод кветак.

Я не стаў вагацца і пазваніў.

Мне адчыніў маленькі, гадоў васемнаццаці слуга, нягеглы, з нязграбнымі рукамі. Я напісаў у візітцы шляхетны камплімент і выказаў гарачае жаданне пазнаёміцца. Магчыма, акторка чула маё імя і прыме мяне.

Слуга пайшоў і неўзабаве паклікаў мяне за сабой; я апынуўся ў чыста прыбраным строгім пакоі ў стылі Луі-Філіпа, абстаўленым цяжкай халоднай мэбляй, з якой маладая шаснаццацігадовая пакаёўка здымала чахлы, выказваючы пашану да госця.

Я застаўся адзін.

На сценах віселі тры партрэты: акторкі ў нейкай ролі, паэта, адзетага ў даўгі прыталены сурдут і ў кашулі з жабо тагачаснае моды, а таксама музыкі за клавесінам. З яе партрэта, выкананага ў стараннай, дакладнай, вытанчанай і сухой манеры, мне ўсміхаліся блакітныя вочы мілай, капрызнай жанчыны.

Усе яны, здавалася, ведалі свой лёс.

Адусюль веяла мінулым і даўніной, усё нагадвала людзей, якіх больш няма.

Дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшла маленькая старэнькая жанчына. Валасы яе, зачасаныя на роўны радок, і нават бровы былі сівыя, і яна нагадвала імклівую жвавенькую мышку.

Яна падала мне руку і сказала маладым, гучным і высокім голасам:

— Дзякую, пане. Вельмі прыемна, што сённяшнія мужчыны не забываюцца на колішніх жанчын. Сядайце.

Я расказаў, як мяне прывабіў яе дамок, як я даведаўся пра імя гаспадыні і пасля ўсяго не змог адолець жадання пазваніць у дзверы.

Яна адказала:

— Мне больш за ўсё прыемна, пане, што вы — першы, хто вось так завітаў сюды. Калі я ўбачыла вашу візітку і прачытала дарагія сэрцу словы, я задрыжала, нібы да мяне завітаў стары сябар, які памёр гадоў дваццаць таму.

Я сама ўжо даўным-даўно мёртвая, пра мяне ніхто не думае і не згадае да таго дня, калі я пайду на скон; вось тады ўсе часопісы цэлыя тры дні будуць гаварыць пра Жулі Рамэн. У іх будуць анекдоты, інтымныя падрабязнасці, згадкі і ўзнёслыя прамовы. А пасля — ні слова.

Яна змоўкла і, памаўчаўшы, сказала:

— Доўга чакаць не прыйдзецца. Некалькі месяцаў, колькі дзён, і ад гэтай, пакуль жывой старэнькай жанчыны застанецца адно маленькі шкілет.

Яна паглядзела на свой партрэт, які ўсміхаўся сваёй старой жывой карыкатуры; паглядзела на мужчын — на пагардлівага паэта і натхнёнага музыканта, якія быццам казалі адзін аднаму: «Чаго хоча ад нас гэта старая руіна?»

Невымоўная, пякучая, неадольная туга сціснула мне сэрца, туга па колішніх людзях, чые цені б'юцца часам ва ўспамінах з тым самым адчаем, што і чалавек у глыбокім віры.

З свайго крэсла я бачыў дарогу, па якой з Ніцы ў Манака праносіліся бліскучыя экіпажы. У іх сядзелі маладыя, прыгожыя, багатыя, шчаслівыя жанчыны з вясёлымі задаволенымі мужчынамі. Яна перахапіла мой позірк, здагадалася, пра што я думаю, і прашаптала з пакорлівай усмешкай:

— Цяжка жыць і ведаць, што скончыўся твой час.

Я сказаў:

— Якое добрае жыццё было ў вас!

Яна цяжка ўздыхнула:

— Добрае і лёгкае. Вось чаму я так смуткую па ім.

Я зразумеў, што ёй хацелася расказаць пра сябе, і вельмі далікатна, быццам дакранаўся да незагоеных ран, пачаў распытваць.

Яна расказала пра свае радасці і нягоды, пра сяброў і пра ўсё сваё пераможнае жыццё.

— Самай вялікай радасцю, сапраўдным шчасцем вы абавязаны тэатру?

Яна не задумваючыся адказала:

— О не!

Я ўсміхнуўся, а яна сумна паглядзела на два партрэты і дадала:

— Ім.

Я не вытрымаў і зноў спытаўся:

— Якому?

— Абодвум. Мая старая памяць нават блытае іх, а што да аднаго, дык мяне і сёння мучыць сумленне.

— Тады, пані, шчасцем вы абавязаны не ім, а каханню. Яны былі толькі носьбіты яго.

— Можа. Але якія!

— А не думаецца вам, што звычайны, а не вялікі чалавек мог бы гэтаксама і нават мацней кахаць вас? Ён бы ахвяраваў вам усё сваё жыццё, сэрца, думкі, увесь свой час і сваю сутнасць, а гэтыя ахвяравалі вам дзвюх страшных саперніц, Музыку і Паэзію?

Яна закрычала імпэтным, маладым голасам, ад якога мацней забілася сэрца:

— Не, пане, ніколі. Можа, такі чалавек і кахаў бы мацней, але не так, як яны. О! Яны так маглі спяваць песню кахання, як ніхто на свеце! Як п'янілі мяне іх прызнанні! Хіба знойдзецца на свеце чалавек, хто б здолеў музыкай і словам выказаць тое, што казалі яны? Ці варта кахаць, калі не можаш укласці ў каханне ўсю музыку і паэзію зямлі і неба? А яны, яны ведалі, як словамі і песняй зачараваць жанчыну! О! Можа, і было ў нашым каханні больш уяўнага, чым сапраўднага, але мара ўзносіць у неба, праўда заўсёды пакідае на зямлі. Хай сабе іншыя і кахалі б мяне мацней, усё роўна толькі праз іх я зразумела, пачула, палюбіла каханне!

І неспадзявана яна заплакала.

Яна плакала моўчкі, плачам адчаю.

Я зрабіў выгляд, што нічога не заўважаю, і глядзеў у акно.

Праз некалькі хвілін яна зноў загаварыла:

— Разумееце, амаль ва ўсіх людзей душа старэе разам з целам. Я — выключэнне. Майму бядачаму целу шэсцьдзесят дзевяць, а сэрцу — дваццаць. Вось чаму я жыву зусім адна сярод кветак і ўспамінаў...

Мы доўга сядзелі моўчкі. Яна супакоілася і з усмешкай сказала:

— Вы будзеце смяяцца з мяне, калі я скажу... калі скажу, чым я занятая ў пагодныя вечары!.. Мне сорамна і шкада самой сябе.

Як я ні распытваў у яе, яна не хацела прызнацца, чым займаецца; тады я ўстаў і пачаў развітвацца.

Яна ўскрыкнула:

— Так рана!

І калі пачула, што мне трэба вячэраць у МонтэКарла, яна нерашуча спыталася:

— Вы не хочаце павячэраць са мной? Мне будзе вельмі прыемна.

Я адразу згадзіўся. Яна абрадавалася, пазваніла пакаёўцы і, даўшы нейкія распараджэнні, запрасіла мяне паглядзець дом.

Шкляная веранда, поўная маленькіх дрэўцаў, вяла ў гасцёўню, адтуль была відаць уся доўгая аранжарэя, якая цягнулася да гары. Нізкі фатэль пад дрэўцамі сведчыў, што акторка часта сядзела тут.

Мы пайшлі ў сад любавацца кветкамі. Ціха наступаў лагодны цёплы вечар, калі зямля духмяніцца ўсімі водарамі. Амаль сцямнела, калі мы селі за стол. Вячэра была смачная і доўгая. І мы сталі блізкімі сябрамі, калі яна адчула тое замілаванне да яе, што нараджалася ў маім сэрцы. Яна выпіла, як казалі тады, два мезенцы віна і зрабілася непасрэдная і шчырая.

— Давайце глядзець на месяц, — сказала яна. — Я не магу без яго, сведкі маёй самай вялікай радасці. Здаецца, ён беражэ ўсе мае ўспаміны, і варта мне паглядзець на яго, як ён аддае іх. І нават... часам, увечары... я цешуся мілым спектаклем... мілым... мілым спектаклем... калі б вы толькі ведалі!.. Ды не, вы будзеце насміхацца з мяне... я не смею... я не магу... не... не... праўда не магу...

Я ўпрошваў:

— Якім? Скажыце, абяцаю не смяяцца... клянуся вам...

Яна вагалася. Я ўзяў яе за рукі, лядачыя, худыя, халодныя рукі, і пачаў па чарзе цалаваць іх, як рабілі калісьці тыя. Акторка была ўзрушаная. Яна думала.

— Вы абяцаеце не смяяцца?

— Клянуся.

— Добра, хадземце.

Яна паднялася. І калі маленькі, няёмкі ў сваёй зялёнай ліўрэі слуга адсоўваў фатэль, яна ціха і таропка нешта шапнула яму на вуха. Ён адказаў:

— Добра, пані, хвіліну.

Яна ўзяла мяне пад руку і павяла на веранду.

Аранжарэя сапраўды дзівіла хараством. Высокая поўня раскруціла пасярэдзіне срэбную сцежку — доўгі светлы прамень падаў на жоўты пясок паміж купак змрочных дрэў.

Дрэвы былі ўсыпаны кветкамі, і ў начы разліваўся густы духмяны водар. У цёмнай зелені віравала безліч светлякоў, агністых жучкоў, падобных на рассыпаную жменю зорак.

Я ўскрыкнуў:

— О! Якая аздоба для сцэны кахання!

— Праўда? Праўда? Зараз вы ўбачыце.

І яна пасадзіла мяне побач. Яна прашаптала:

— Вось чаму мне так шкада мінулага. Вы, сённяшнія мужчыны, зусім не думаеце пра гэта. Вы біржавікі, гандляры і дзялкі. Вы нават развучыліся размаўляць з намі. Калі я кажу «з намі», я маю на ўвазе маладых. У наш час каханне часцей за ўсё пачынаецца з ганебнага разліку выдаткаў на краўца. Калі вы лічыце, што цана вышэйшая за жанчыну, вы знікаеце, але згаджаецеся плаціць, калі жанчына вартая большай цаны. Нішто сабе звычаі... нішто сабе каханне!..

Яна ўзяла мяне за руку:

— Глядзіце...

Я быў збянтэжаны і зачараваны... Там, у канцы прысадаў, па месяцавай сцяжынцы, апавіўшыся, трымаючы адно аднаго за стан, паволі ступалі прыгожая дзяўчына і хлопец; яны то траплялі ў зыркія кроплі святла, то зноў хаваліся ў цемры. Ён быў у белай сацінавай вопратцы мінулага стагоддзя і ў капелюшы са страўсавым пяром. А яна — у шырокай сукні з фіжмамі, з высокай напудранай фрызурай, якую насілі знатныя модніцычасоў Рэгенцтва.

Пасярэдзіне прысадаў за сто крокаў ад нас яны спыніліся і манерна пацалаваліся.

І тут я пазнаў двух маленькіх слуг. Я ледзь не зляцеў з крэсла ад прыступу смеху, які раздзіраў мне грудзі. Зрэшты, я не засмяяўся, а сцяў зубы і трываў, ад чаго мне рабілася яшчэ горш. Уявіце сабе хворага, якому рэжуць нагу і замест таго, каб скавытаць ад жудаснага болю, ён змушаны маўчаць.

Але юнакі павярнуліся і пайшлі ў глыбіню прысадаў, постаці іх зноў сталі казачныя. Яны аддаляліся, драбнелі, знікалі, як знікае мара. Яны пайшлі. Бязлюдная дарожка выглядала сумна.

Я таксама пайшоў, пайшоў, каб больш ніколі сюды не вяртацца. Я зразумеў, што гэты спектакль паўтараецца вельмі часта і абуджае напоенае каханнем і тэатрам мінулае, прывіднае, уяўнае і вабнае мінулае, якое здаецца прыгожым і папраўдзе было такое. Яно і цяпер жывіла душу былой камедыянткі і былой каханкі.


Пераклад: Сяргей Мурашка 

Знак

Маркіза дэ Рэндон яшчэ спала ў сваім прыцемненым і напарфумаваным пакоі, у сваім нізкім і мяккім ложку, у бялізне з лёгкага батысту, тонкага, як карункі, пяшчотнага, як пацалунак. Яна спала адна спакойным, глыбокім і шчаслівым сном разведзенай жанчыны.

Яе абудзілі гучныя галасы, што даносіліся з маленькага блакітнага салона. Яна пазнала сваю дарагую сяброўку, баранесу дэ Гранжры, якая, хочучы ўвайсці, спрачалася з пакаёўкай, што бараніла дзверы сваёй гаспадыні.

Тады маркіза паднялася, адсунула засаўку, павярнула ключ, падняла парцьеру і высунула сваю галоўку, схаваную пад воблачкам бялявых валасоў.

— Што ў цябе здарылася, — спыталася яна, — што ты прыйшла гэтак рана? Яшчэ не прабіла нават дзевятая.

Баранеса, бледная, знерваваная, уся ў ліхаманцы, адказала:

— Мне трэба з табой пагаварыць. Са мной здарылася страшная рэч.

— Уваходзь, дарагая.

Баранеса ўвайшла, яны пацалаваліся, і маркіза зноў скочыла ў ложак. Пакаёўка тым часам расчыніла вокны, і пакой напоўніўся святлом і свежым паветрам. Калі пакаёўка выйшла, пані дэ Рэндон сказала:

— Ну, расказвай.

Пані дэ Гранжры пачала плакаць, льючы светлыя слёзы, што робяць жанчыну прывабнай, і стала расказваць, не выціраючы вачэй, каб яны не пачырванелі.

— О, дарагая, гэта жахліва, жахліва тое, што са мной адбылося. Усю ноч я не спала, ні хвілінкі, чуеш, ні хвілінкі. Во, паслухай, як б'ецца сэрца.

І, узяўшы сяброўчыну руку, яна паклала яе сабе на грудзі, на гэтую круглую і шчыльную абалонку жаночага сэрца, якой часта бывае досыць мужчынам і якая часта не дае ім шукаць чаго-небудзь пад ёю. Сэрца сапраўды моцна білася.

Яна казала далей:

— Гэта здарылася ўдзень... недзе а чацвёртай гадзіне... ці а палове пятай, не ведаю пэўна. Ты добра ведаеш маю кватэру; ты ведаеш, што мой маленькі салон, дзе я заўсёды сяджу, выходзіць вокнамі на вуліцу Сэн-Лязар. Ты ведаеш, што я маю звычку сядзець каля акна і разглядаць людзей, што праходзяць вуліцай. Гэты прывакзальны квартал такі вясёлы, такі ажыўлены... Карацей кажучы, я люблю так сядзець! Дык вось, учора я сядзела на нізенькім крэсле, што я загадала паставіць перад акном. Яно было расчыненае, гэтае акно, і я ні пра што не думала, я дыхала блакітным паветрам. Ты памятаеш, якая ўчора стаяла пагода!

І раптам я заўважаю, што на тым баку вуліцы нейкая жанчына ў чырвоным таксама глядзіць у акно. А я была ў бэзавым, ты ведаеш мой бэзавы гарнітур. Я не ведала гэтай жанчыны, гэта новая наймальніца, што жыве там толькі месяц, а як увесь гэты месяц ліў дождж, дык я яе не надта бачыла. Але я адразу заўважыла, што гэта была распусніца. Спачатку мне зрабілася агідна і непрыемна, што яна, гэтак як і я, стаіць каля акна. А пасля, паволі, яна мяне зацікавіла. Абапёршыся локцямі на падваконнік, яна сачыла за мужчынамі, і мужчыны таксама на яе глядзелі, усе ці амаль усе. Здавалася, што іх нехта папярэджвае, калі яны падыходзяць да дома, што яны чуюць яе, як сабака чуе дзічыну, бо яны раптам паднімалі галаву і абменьваліся з ёй хуткім змоўніцкім позіркам. Яе позірк пытаўся: «Ці не зойдзеш? «

Іх позірк адказваў: «Няма часу», ці «Іншым разам», ці «Няма грошай», ці «Згінь, паскудніца!» Апошнюю фразу казалі вочы салідных бацькоў.

Ты сабе не ўяўляеш, як цікава было сачыць за яе гульнёй, ці, хутчэй, за яе працай.

Час ад часу яна раптоўна зачыняла акно, і я бачыла, як чарговы пан заходзіў у браму. Яна лавіла іх, як рыбак печкуроў. Тады я глядзела на гадзіннік. Яны заставаліся ў яе ад дванаццаці да дваццаці хвілін і ніколі болей. Папраўдзе, гэтая павучыха ўрэшце мяне захапіла. Дый яна была зусім не брыдкая.

Я пыталася ў сябе: «Што ж яна робіць, што яе так добра і так хутка разумеюць? Ці дадае яна да позірку нейкі знак галавой ці рух рукой?»

Я ўзяла тэатральны бінокль, каб разгадаць яе сакрэт. О, усё было вельмі проста: спачатку яна падміргвала, пасля ўсміхалася і амаль незаўважна ківала галавой, што значыла: «Вы зойдзеце?» Гэты рух быў такі лёгкі, такі прыхаваны, што вымагаў сапраўды шмат элегантнасці.

І я падумала: «А ці атрымалася б у мяне гэтак жа смела і элегантна кіўнуць?»

Я пайшла паспрабаваць перад люстэркам. Дарагая, у мяне атрымалася яшчэ лепш, чым у яе, намнога лепш! Я вельмі ўзрадавалася і вярнулася да акна.

Цяпер да яе больш ніхто не заходзіў, зусім ніхто. Напраўду, ёй не шанцавала. Напэўна, усё ж брыдка зарабляць на хлеб гэтакім манерам, брыдка і адначасова забаўна, бо ўрэшце сярод мужчын, якіх сустракаеш на вуліцы, трапляюцца часам зусім неблагія.

Цяпер усе яны ішлі па тратуары з майго боку вуліцы, на яе баку не было ніводнага. Сонца засвяціла ў другі бок. Яны ішлі адзін за адным, маладыя, старыя, чорныя, бялявыя, сівыя.

Я бачыла сярод іх вельмі прыстойных, дарагая, прыстойнейшых, чым мой муж і чым твой былы муж таксама.

Я думала: «Каб я зрабіла ім знак, ці яны зразумелі б мяне, сумленную жанчыну?» І вось у мяне абудзілася непрыстойнае жаданне... непераможнае жаданне! Часам у мяне з'яўляюцца такія жаданні. А, глупства! І ўвогуле, мне здаецца, што жанчына ў нечым падобная да малпы. Дарэчы, сцвярджаюць (гэта мне адзін доктар сказаў), што мозг малпы вельмі падобны да нашага. Дык вось, мы заўсёды каго-небудзь пераймаем, малпуем. Мы пераймаем нашых мужоў, калі кахаем іх у першыя месяцы шлюбу, пасля — нашых каханкаў, нашых сяброў, нашых духоўнікаў, калі яны добрыя. Мы пераймаем іх манеру думаць, гаварыць, іх словы, рухі, усё. Якое глупства.

А калі мне ўжо вельмі захацелася нешта зрабіць, дык я абавязкова зраблю.

Дык вось, я падумала: «Ану, паспрабуем на адным, толькі на адным, каб пабачыць, што будзе. Што са мной здарыцца? Нічога. Мы ўсміхнёмся адно аднаму, і ўсё, і я яго больш ніколі не ўбачу, а калі нават убачу, дык ён мяне не пазнае, а калі нават пазнае, дык я скажу, што гэта памылка».

І я пачынаю выбіраць. Я хацела прыгожага, вельмі прыгожага. Раптам бачу — ідзе высокі бландзін, вельмі прыгожы. Ты ж ведаеш, я люблю бландзінаў.

Я гляджу на яго, ён на мяне. Я ўсміхаюся, ён таксама. Я ківаю. О, ледзь прыкметна. Ён ківае ў адказ і заходзіць! Дарагая мая, ён заходзіць праз галоўную браму!

Ты сабе не ўяўляеш, што я ў гэты момант адчувала! Я думала, што звар'яцею. О, як я баялася. Уяві сабе, ён пачне гаварыць са слугамі! З Жазэфам, які так адданы майму мужу! Жазэф напэўна падумае, што я даўно ведаю гэтага пана.

Што рабіць, скажы, што рабіць? Ён хутка пазвоніць, зараз, праз момант. Што рабіць, скажы? Я падумала, што лепей за ўсё выбегчы яму насустрач, сказаць яму, што ён памыліўся, прасіць яго, каб ён пайшоў адсюль. Ён пашкадаваў бы жанчыну, бедную жанчыну. І я кідаюся да дзвярэй і адчыняю іх у той момант, калі ён збіраўся пазваніць.

Я, ужо зусім ашалелая, сказала запінаючыся: «Ідзіце адсюль, пане, ідзіце, вы памыляецеся, я сумленная жанчына, я замужам. Гэта памылка, страшная памылка, я пераблытала вас з адным маім сябрам, вы вельмі падобныя. Майце літасць, пане».

А ён пачынае смяяцца і адказвае: «Здароў, кіска. Я ўсё ведаю. Ты замужам, значыць, гэта будзе каштаваць два луідоры замест аднаго. Я згодны. Хадзем хутчэй».

І пхае мяне. Увайшоўшы, ён зачыняе за сабой дзверы, цалуе мяне, скаваную жахам, бярэ мяне за талію і вядзе ў салон, што застаўся незачынены.

Ён пачынае аглядаць усё навокал, як ацэншчык на аўкцыёне. Пасля кажа: «Чорт, а ў цябе тут даволі шыкоўна. Пэўна, у цябе цяпер цяжка з грашыма, калі працуеш каля акна!»

Тады я зноў пачынаю яго прасіць: «О, пане, ідзіце адсюль, ідзіце! Зараз вернецца мой муж! Ён можа ўвайсці ў любы момант! Я клянуся, што вы памыліліся!»

Ён спакойна мне адказвае: «Ну, добра, красунька, хопіць прыкідвацца. Калі вернецца муж, я дам яму сто су, каб ён схадзіў насупраць».

Убачыўшы на каміне фатаграфію Рауля, ён пытаецца:

— Гэта твой... твой муж?

— Гэта ён.

— Ну і мыза. А гэта хто? Твая сяброўка?

Гэта была твая фатаграфія, дарагая, у бальным уборы. Я ўжо не ведала, што кажу, і прамармытала:

— Ага, гэта мая сяброўка.

І вось гадзіннік б'е пятую гадзіну, а ў палове шостай заўсёды вяртаецца Рауль! Уяві сабе, калі ён вернецца перш, чым гэты пойдзе! Тады... тады... я здурнела... зусім... я падумала... падумала... што... што лепей... было б... збавіцца ад гэтага чалавека... як мага хутчэй... Чым раней, тым лепей... разумееш?.. І вось... і вось... так было трэба... бо ён бы без гэтага не пайшоў... І я... я... зачыніла дзверы ў салоне... Вось і ўсё.

Маркіза дэ Рэндон пачала смяяцца дзікім смехам, схаваўшы галаву ў падушку.

Трошкі супакоіўшыся, яна спыталася:

— А ён... ён быў прыгожы?

— Ну вядома.

— І ты яшчэ скардзішся?

— Але... але, дарагая, справа ў тям, што ён абяцаў прыйсці сёння ў той самы час, і я... я страшэнна баюся... Ты сабе не ўяўляеш, які ён упарты... Што рабіць... скажы мне... што рабіць?

Маркіза села на ложку, каб падумаць, пасля раптам выпаліла:

— Зрабі так, каб яго арыштавалі.

Баранеса здзівілася і нясмела спыталася:

— Як? Як жа? Што ты маеш на ўвазе? Арыштаваць яго? На якой падставе?

— О, усё вельмі проста. Ты ідзеш да камісара паліцыі, кажаш яму, што адзін мужчына ходзіць за табой ужо тры месяцы, што ён меў нахабства зайсці ўчора да цябе, што ён пагражаў сёння зайсці зноў і што ты просіш аховы ў закона. Табе дадуць двух паліцыянтаў, і яны яго арыштуюць.

— Але, дарагая, калі ён раскажа...

— Ды яму не павераць, дурніца, калі ты ўладзіш справу з камісарам. Павераць табе, бо ты жанчына з бездакорнага таварыства.

— О, я ніколі не асмелюся.

— Трэба, дарагая, бо калі не — табе канец.

— Уяві сабе, што... што ён будзе мяне абражаць, калі яго арыштуюць.

— Ну і добра, у цябе будуць сведкі, і яго засудзяць.

— Засудзяць на што?

— На кампенсацыю шкоды. У такіх выпадках трэба быць бязлітаснай!

— А, наконт шкоды... ёсць адна рэч, якая мяне вельмі турбуе... вельмі... Ён пакінуў два луідоры на каміне.

— Два луідоры?

— Ага.

— І ўсё?

— Усё.

— Мала. Мяне б гэта пакрыўдзіла. Ну дык што?

— Што мне рабіць з гэтымі грашыма?

Маркіза павагалася, пасля адказала сур'ёзным тонам:

— Дарагая... Трэба зрабіць... трэба зрабіць... маленькі падарунак твайму мужу... Гэтак будзе справядліва.


Пераклад: Сяргей Шупа

Чорт

Пры ложку хворай стаяў лекар, а насупраць яго — мужык. Старая спакойнымі яснымі вачыма глядзела на мужчын і слухала іх гамонку. Яна памірала без скаргаў, бо выжыла свой век: ёй споўнілася дзевяноста два гады.

У расчыненыя вокны і дзверы струменіліся сонечныя промні і гарачым цяплом аблівалі чорную пыльную падлогу, убітую нагамі чатырох пакаленняў сялян. Сюды ж пякучы вецер прыгнаў водар палёў і траў, збажыны і лісця, што быццам прыгарэлі над паўднёвай спёкай. Там, у палях, на ўсю моц цвыркаталі конікі, напаўняючы паветра гучным цвырканнем, падобным на ляск драўляных бразготак, якія купляюць дзецям на кірмашы.

Доктар голасна казаў:

— Анарэ, вы не кінеце сваю маці ў такім цяжкім стане. Яна вось-вось памрэ.

А той сумна паўтараў:

— Але ж мне трэба пшаніцу жаць. І так ужо перастаяла. Дый пагода сама раз. Што, маці, няпраўду я кажу?

А старая і на парозе смерці, трывала сціснутая абцугамі нармандскай скупасці, вачыма і тварам гаварыла: «Праўда, хутчэй сажні пшаніцу і дай мне спакойна памерці адной».

Але доктар зазлаваўся і тупнуў нагою:

— Гэй вы, нягоднік, я не дазволю вам гэта рабіць, чуеце? А калі вам так прыспічыла з пшаніцай якраз сёння, схадзіце да Рапэ, ліха вам! Схадзіце, чулі? А не сходзіце — здохнеце, як сабака, калі вы, вы самі захварэеце, зразумелі?

Даўгалыгі, цельпукаваты мужык пакутаваў ад сваёй нерашучасці, ад доктаравых пагроз і спрадвечнай прагі да грошай; муляўся, штосьці падлічваў і нарэшце прамармытаў:

— Гэта, а колькі тая Рапэ возьме за працу?

Доктар зароў:

— Адкуль я ведаю?! Усё залежыць ад часу! Самі дамоўцеся, халера! Але каб праз гадзіну яна была тут, уцямілі?

Мужык рашыўся:

— Іду, іду, не злуйцеся, доктарка.

Той пасунуўся з хаты, кінуўшы на хаду:

— Ну то глядзіце, вы мяне ведаеце, са мной лепш не жартаваць, калі я злы.

Застаўшыся адзін, селянін павярнуўся да маці і цвёрда сказаў:

— Я іду да Рапэ, бо так хоча гэты чалавек. Глядзі не памры, пакуль я не вярнуся.

І таксама выйшаў.


Старая прасавальніца Рапэ абмывала нябожчыкаў і рабіла апошні дагляд хворых у сваёй і ў суседніх вёсках. Зашыўшы кліента ў зрэб'е, якое таму больш не суджана было зняць, яна зноў вярталася прасаваць бялізну жывым. З тварам, як леташні яблык, звадная і зласлівая, сквапная, што ліхвяр, зламаная напалам ад бясконцага нагінання над цяжкім прасам, яна, здавалася, адчувала да чалавечай агоніі нейкую нялюдскую цынічную любоў. Яна толькі і гаварыла, што пра мёртвых, пра розныя смерці, якіх яна багата пабачыла, прычым гаварыла заўсёды з аднолькавымі дакладнымі падрабязнасцямі; і тады рабілася вельмі падобная на паляўнічага, які хваліцца здабычай.

Калі Анарэ Бантан зайшоў да яе, яна якраз дамешвала сінькі да жаночых каўнерыкаў.

Ён павітаўся:

— Вечар добры. Як маешся, цётка Рапэ?

Яна зірнула на яго:

— Нішто, нішто сабе. А вы?

— О, са мной усё добра, але маці зусім кепска.

— Маці?

— Але ж, маці.

— А што з ёй?

— Ды вось, сабралася паміраць.

Старая выняла рукі з вады, і празрыстыя блакітныя кроплі скаціліся з кончыкаў пальцаў у ночвы.

З нечаканай пяшчотай у голасе яна азвалася:

— Ёй гэтак дрэнна?

— Доктар кажа, не дацягне да раніцы.

— Ну, тады напэўна памрэ.

Анарэ вагаўся. Ён шукаў словы, з якіх можна было б пачаць сваю прапанову. Але, так нічога і не прыдумаўшы, раптам сказаў:

— Колькі возьмеце з мяне за апошні дагляд? Ведаеце, я не багатыр. У мяне нават няма грошай на адну парабчанку. Таму маці так спрацавалася і змарнела за ўсё жыццё, што канае цяпер. Яна рабіла за дзесяцёх, не зважаючы на свае дзевяноста два. Такіх, як яна, цяпер не знойдзеш!

Рапэ сур'ёзна адказала:

— У мяне два рахункі: сорак су за дзень і тры франкі за ноч з багатых. Дваццаць су за дзень і сорак франкаў за ноч з астатніх. Дасце дваццаць і сорак.

Мужык разважаў. Ён надта добра ведаў маці — моцная і ўчэпістая, яна магла пратрываць яшчэ з тыдзень, што б там ні думаў той доктар.

Ён рашуча сказаў:

— Не. Назавіце лепш адну цану, адну да канца. Я ўзважыў усё. Доктар кажа, яна пойдзе хутка. Калі так — вам лепш, мне горш. Але калі яна дажыве да заўтрага ці болей — мне лепш, вам горш.

Старая здзіўлена глядзела на мужчыну. Яна ніколі не брала за нябожчыкаў агулам і не ведала, што рабіць, баючыся пратраціцца. І западозрыла, што яе хочуць ашукаць.

— Нічога я не скажу, пакуль не ўбачу вашу маці, — сказала яна.

— Дык хадземце.

Яна выцерла рукі і адразу пайшла за ім.

Па дарозе маўчалі. Яна перабірала нагамі, а ён ступаў так шырока, быццам кожнага разу сягаў праз ручай.

Ачмурэлыя ад спёкі каровы, што ляжалі ў полі, цяжка падымалі галовы і ціха рыкалі людзям — як бы прасілі свежай травы.

Каля дома Анарэ Бантан шапнуў:

— Ці не сканала яна?

І гэтыя словы міжволі выказалі яго падсвядомае жаданне.

Але старая не спяшалася паміраць.

Яна ляжала на сваім лядачым ложку, сашчапіўшы на фіялетавай паркалёвай коўдры страшэнна худыя вузлаватыя рукі, падобныя на дзіўныя стварэнні, на крабаў, скурчаныя раматусам, стомай, цяжкай бясконцай працай амаль за стогадовае жыццё.

Рапэ падышла да ложка і паглядзела на старую. Памацала пульс, грудзі, паслухала, як дыхаюць лёгкія, нешта спыталася — паслухаць, як тая адкажа, і доўга яшчэ прыглядалася, а пасля выйшла разам з Анарэ. Яна супакоілася. Старая не перажыве гэтае ночы.

Ён спытаўся:

— Ну што?

Рапэ адказала:

— Што? Ёй жыць яшчэ два ці тры дні. Дасце мне за ўсё шэсць франкаў.

Ён аж заенчыў:

— Шэсць франкаў! Шэсць франкаў? Вы часам не звар'яцелі? Я кажу, гэта на пяць-шэсць гадзін, не больш.

Яны доўга і зацята спрачаліся. Але ён нарэшце згадзіўся, бо старая мерылася пайсці і час мінаў, а збажына сама не ссыпалася ў мяхі.

— Добра, згода, шэсць франкаў за ўсё разам з абмываннем цела.

— Згода, шэсць франкаў.

І ён пашыбаваў да сваёй пшаніцы, якая пачаўрэла ад спякотнага, але шчодрага на ўраджай сонца.

Наймічка вярнулася дахаты.

Яна прыхапіла з сабою бялізну, бо не кідала працы нават помеж з нябожчыкамі і хворымі і ўвесь час нешта мыла, ці то сабе, ці то сям'і, якая наймала яе і плаціла за дзве работы разам.

Раптам яна спыталася:

— Ці паспавядаліся вы, цётка Бантан?

Хворая варухнула галавой, і набожная Рапэ адразу падхапілася:

— Божачкі Ісусе, ці можна так? Я паляцела да плябана.

І яна так хутка памкнула да плябаніі, што дзеці, якія гулялі на плошчы, адразу зразумелі — хтосьці памірае.

Неўзабаве паказаўся святар у белым стыхары, наперадзе ў яго ішоў хлопчык-харыст і званіў у званок, каб абвясціць, што яшчэ адна душа заручаецца з Богам у гэтай гарачай ціхай вёсцы. Мужчыны, занятыя працай, здалёк здымалі шырокія брылі і не краталіся, аж пакуль белая вопратка не знікала за хатай; вязальніцы снапоў разгіналі спіны і жагналіся; перапалоханыя чорныя куры, куляючыся на лапках, уцякалі ўздоўж равоў і хаваліся ў добра ім вядомых дзірках; кураня, навязанае шнурком за нагу, вар'яцела ад выгляду стыхара і з ціўканнем бегала кругамі. Хлопчык у чырвонай сподні спяшаўся, святар, схіліўшы набок галаву з квадратным капялюшыкам, з ціхімі малітвамі ступаў следам; Рапэ, пераламаная напалам, як бы збіралася ўкленчыць на хаду і, склаўшы рукі перад сабой, як на імшы, клыпала ззаду.

Анарэ здалёк заўважыў іх і спытаўся:

— Да каго гэта наш плябан?

Кемлівы парабак адказаў:

— Да каго? Ідзе запрашаць Бога да тваёй маці!

Мужык не здзівіўся:

— Добра, добра, хай ідзе!

І зноў узяўся за работу.

Матухна Бантан паспавядалася, атрымала дараванне і прычасцілася. Святар пайшоў, жанчыны засталіся адны ў спякотным пакоі.

Дзень канчаўся; свежы вецер дыхаў прахалодай, ад яго павеваў гойдаўся папяровы абраз, прыколаты дзвюма шпількамі да сцяны; фіранкі на акне, калісьці белыя, а цяпер палінялыя і заседжаныя мухамі, трапяталіся, матляліся, рваліся ў паветра, імкнуліся паляцець гэтаксама, як і душа старой.

Анарэ вярнуўся ў прыцемках. У ложку ён заўважыў яшчэ жывую маці і спытаўся:

— Як маешся?

Ён і раней так казаў, калі той нездаровілася.

Адаслаў Рапэ, загадаўшы:

— Заўтра а пятай, не спазніцеся.

Тая паўтарыла:

— Заўтра, а пятай.

І праўда, яна прыйшла досвіткам. Перад працай у полі Анарэ сілкаваўся звараным ім самім крупнікам.

Наймічка спыталася:

— Ну, памерла ваша маці?

Ён хітра ўсміхнуўся аднымі вачыма і адказаў:

— Ёй нават палепшала.

І пайшоў з хаты.

Занепакоеная Рапэ падышла да старой, якая ляжала ў нязменнай позе — з расплюшчанымі вачыма, сціскаючы рукамі коўдру, абыякава церпячы пакуты.

Кабета зразумела, што так можа цягнуцца два, тры дні, ці нават тыдзень, і яе хцівае сэрца сціснулася ад страху, а ў душы ўсхадзіўся гнеў на хітруна, які пасмяяўся з яе, і на старую, што не памірае.

Тым не менш яна ўзялася за работу і чакала, не адводзячы вачэй ад зморшчанага твару цёткі Бантан.

Анарэ вярнуўся абедаць, здавалася, ён задаволены, ледзь не вясёлы. Неўзабаве ён зноў пайшоў. Што і казаць, яго ўраджай не прападзе.


Рапэ ціха шалела ад злосці; цяпер кожная хвіліна здавалася ёй крадзеным часам, крадзеным грошам. Ёй хацелася, ёй карцела ўпіцца ў горла гэтай старой руіне, гэтай учэпістай бабе, гэтай упартай калодзе і, пакрысе сціскаючы яго, спыніць кароткія ўздыхі, што крадуць яе час і яе грошы.

Але зрабіць так было небяспечна, і іншая думка прыйшла ёй у галаву. Яна стала каля ложка:

— Вы яшчэ не бачылі д'ябла?

Матухна Бантан прашаптала: «Не».

Тут кабета пачала расказваць розныя страхі, каб збіць з розуму хворую.

За некалькі хвілін да смерці, казала яна, чорт з'яўляецца кожнаму. У руцэ ў яго мятла, на галаве чыгунок, і крычыць як рэзаны. Калі бачыш яго, жыць застаецца імгненне. І яна пералічыла ўсіх, каму сёлета паказаўся чорт: Жазэфэн Луазэль, Эўлалі Рацье, Сафі Паданнё, Серафіна Грап'е.

Нарэшце матухна Бантан захвалявалася, заварушылася, засоўгала рукамі і паспрабавала павярнуць галаву, каб зазірнуць у цёмныя куткі ў хаціне.

Раптам Рапэ знікла за білам ложка. Яна выцягнула з шафы нейкі сувой, укруцілася ў яго; начапіла на галаву чыгун з крывымі ножкамі, падобнымі на рогі; у правую руку ўзяла дзяркач, у левую — бляшанае вядро і знянацку падкінула яго ўгору, каб яно з ляскатам бразнулася на падлогу.

Вядро нарабіла страшэннага грукату. Наймічка ўскочыла на крэсла, адхінула шырму, што закрывала ложак, і, як вятрак, закруціла рукамі, заскавытала і завішчала ў чыгун на галаве, замахала на старую дзеркачом, быццам той чорт у тэатры марыянетак.

Напалоханая, ашалелая, старая зрабіла нечалавечае намаганне, каб устаць і ўцячы; яна аж да пояса высунулася з-пад коўдры... і з цяжкім апошнім уздыхам адкінулася на падушку. Усё было скончана.

А Рапэ пачала няспешна прыбірацца: дзяркач кінула ў кут, сувой запхнула ў шафу, чыгун паставіла на печ, вядро на паліцу, а крэсла каля сцяны. Пасля прафесійнымі рухамі закрыла вылупленыя вочы нябожчыцы, паставіла на ложак талерку і наліла ў яе свянцонай вады, памачыла самшытавую галінку, што вісела на цвіку над камодай, укленчыла і пачала казаць шчырыя пацеры, якія ведала на памяць.

І калі надвячоркам прыйшоў Анарэ і заспеў яе на каленях, ён хуценька падлічыў, што страціў дваццаць су, бо яна даглядала толькі тры дні і адну ноч, што каштавала пяць, а не шэсць франкаў, якія ён мусіў заплаціць.


Пераклад: Сяргей Мурашка 

Горны гатэль

Падобны да ўсіх драўляных гатэльчыкаў, якіх шмат параскідана ў Верхніх Альпах, каля падножжа ледавікоў, у скалістых і голых калідорах між белых горных вяршыняў, гатэль Шварэнбах дае прытулак вандроўнікам, што перапраўляюцца цераз перавал Жэмі.

Шэсць месяцаў ён застаецца адчынены, у ім жыве сям'я Жана Хаўзэра, а пасля, калі навальвае столькі снегу, што ён забівае лагчыну і цалкам перакрывае спуск у Лёэш, Хаўзэры — жанчыны, бацька і тры сыны — адыходзяць, пакінуўшы сцерагчы будынак старога правадніка Гаспара Хары, маладога Ульрыха Кюнсі і Сэма, вялізнага горнага сабаку.

Два мужчыны і сабака застаюцца да вясны ў гэтай снежнай турме, маючы перад вачыма адно вялізны белы схіл Бальмхорна. З усіх бакоў іх акаляюць бледныя зіхатлівыя вяршыні, скаваныя, заваленыя, пахаваныя пад снегам, што грувасціцца вакол іх, ахутвае, душыць, расціскае маленькі дамок, навальваецца на дах, даходзіць аж да вокнаў і заносіць дзверы.

Таго дня сям'я Хаўзэраў збіралася вярнуцца ў Лёэш, бо набліжалася зіма і спуск рабіўся небяспечны.

Паперадзе тры сыны вялі трох мулаў, нагружаных розным ладункам. Маці, Жана Хаўзэр, і дачка Луіза селі на чацвёртага мула і таксама рушылі ў дарогу.

За імі ішоў бацька, а з ім разам абодва вартаўнікі, што павінны былі правесці сям'ю да месца, дзе пачынаецца спуск.

Спачатку яны ішлі берагам невялічкага, замерзлага ўжо возера, якое ляжала на дне вялізнай западзіны між скалаў, што распасцерлася перад гатэлем. Пасля яны выйшлі ў белую, як прасціна, лагчыну, над якой узвышаліся з усіх старон снежныя вяршыні.

Сонечныя промні шчодра ліліся на гэтую зіхатлівую застылую белую пустэльню, запальвалі яе асляпляльным і халодным полымем. Здавалася, што ў гэтым снежным акіяне не было ніякіх знакаў жыцця, у гэтай непамернай адзіноце не было ніводнага руху, ніводны гук не парушаў глыбокае цішы.

Малады праваднік Ульрых Кюнсі, высокі даўганогі швейцарац, пакінуў ззаду Хаўзэра-бацьку і старога Гаспара Хары і дагнаў мула, на якім сядзелі жанчыны.

Маладзейшая глядзела, як ён набліжаецца, і, здаецца, клікала яго сумным позіркам. Гэта была маленькая бялявая дзяўчына з бледнымі шчокамі і валасамі, нібы пабляклымі ад доўгага жыцця сярод ільдоў.

Дагнаўшы мула, ён паклаў руку яму на крыж і сцішыў хаду. Пані Хаўзэр пачала з ім размаўляць, пералічваючы да апошняе дробязі ўсе інструкцыі, што датычыліся зімавання. Ён заставаўся наверсе ўпершыню, а стары Хары перазімаваў ужо чатырнаццаць разоў пад снегам у гатэлі Шварэнбах.

Ульрых слухаў, але нічога не разумеў і толькі неадчэпна глядзеў на дзяўчыну. Часам ён адказваў: «Так, пані Хаўзэр». Але думкі яго былі недзе далёка, і яго спакойны твар заставаўся безуважны.

Яны падышлі да возера Доб. Вялізная лядовая роўнядзь распасціралася перад імі на дне лагчыны. Справа ўзнімаліся ўгору чорныя спічастыя скалы Добэрхорна, а побач з імі — вялізныя зломкі Лёмэрнскага ледавіка з велічным Вільдструбэлем.

Калі яны наблізіліся да перавалу Жэмі, дзе пачынаецца спуск у Лёэш, перад імі нечакана адкрыліся далягляды Валейскіх Альпаў, ад якіх аддзяляла іх глыбокая і шырокая даліна Роны.

Удалечыні віднеліся белыя вяршыні, няроўныя, абламаныя, вострыя, што зіхацелі ў сонечных промнях: двухрогі Мішабэль, магутны масіў Вайсхорна, цяжкі Брунэгхорн, высокая і злавесная людабойчая піраміда Сэрвэна і Дан-Блянш — Белы Зуб — падступны і пагрозлівы.

Пасля нарэшце яны ўбачылі далёка ўнізе, у вялізнай прорве, на дне страшнай бездані мястэчка Лёэш. Маленькія дамочкі здаваліся пясчынкамі, немаведама кім рассыпанымі на дне гэтай вялізнай цясніны, што была закрытая з аднаго боку перавалам Жэмі, а з другога, далёка ўнізе, выходзіла да самай Роны.

Мул спыніўся каля сцежкі, што вілася, як змяя, дзіўна і фантастычна выкручваючыся ўздоўж стромага схілу гары, і апускалася аж да падножжа, да маленькага, амаль нябачнага мястэчка. Жанчыны саскочылі ў снег.

Падышлі абодва старэйшыя мужчыны.

— Ну, — сказаў Хаўзэр-бацька, — трымайцеся, сябры, да пабачэння ў наступным годзе.

Хары кіўнуў:

— Да наступнага года.

Яны пацалаваліся. Пасля падставіла шчочку пані Хаўзэр, а за ёй — дзяўчына.

Калі чарга развітацца дайшла да Ульрыха, ён шапнуў на вуха Луізе: «Не забывайце тых, хто застаецца наверсе». Яна адказала: «Не забуду», але так ціха, што ён хутчэй здагадаўся, чым пачуў.

— Ну, да пабачэння, — паўтарыў Жан Хаўзэр. — Бывайце здаровыя.

І, мінуўшы жанчын, ён пачаў спускацца.

Хутка ўсе трое зніклі за першым паваротам.

Абодва праваднікі накіраваліся ў бок гатэля Шварэнбах.

Яны ішлі павольна, плячо ў плячо, і маўчалі. Усё скончана, яны застануцца адны, сам-насам, на чатыры ці пяць месяцаў.

Пасля Гаспар Хары пачаў апавядаць пра леташняе зімаванне. Ён быў тады разам з Мішэлем Канолем, які цяпер быў ужо занадта стары, каб заставацца тут на зіму, бо ці мала што можа здарыцца падчас гэткай доўгай адзіноты. Яны, зрэшты, не сумавалі. Галоўнае — добра пачаць з самага першага дня, тады ўсё пойдзе добра, знойдзецца і занятак, і гульні.

Ульрых слухаў яго, апусціўшы вочы, і заставаўся ў думках разам з тымі, хто цяпер спускаўся да мястэчка па серпантынах перавалу.

Хутка яны ўбачылі гатэль — маленькую чорную кропку на фоне бясконцай снежнай роўнядзі.

Калі яны расчынілі дзверы, Сэм, вялікі кудлаты сабака, пачаў скакаць вакол іх.

— Ну, сынку, — сказаў стары Гаспар, — жанчын у нас болей няма, трэба гатаваць вячэру самім. Ану, абяры бульбы.

І абодва, седзячы на драўляных услончыках, елі хлеб, мачаючы яго ў булён.

Наступная раніца здалася Ульрыху доўгаю. Стары Хары курыў і пляваў у камін, а маладзён глядзеў праз акно на гару, што сляпуча ззяла пад сонцам насупраць дома.

Па абедзе ён выйшаў з дому і, паўтараючы шлях, пройдзены днём раней, спрабаваў шукаць сляды капытоў мула, што вёз жанчын. Дайшоўшы да перавалу Жэмі, ён лёг на жывот каля краю прорвы і стаў глядзець на Лёэш.

У мястэчку, што ляжала нібы ў калодзежы сярод скалаў, снегу яшчэ не было. Снег абступіў яго з усіх бакоў, але сасновыя лясы надзейна баранілі мястэчка і ваколіцы ад белай навалы. Нізенькія дамы былі падобныя да каменьчыкаў, раскіданых па лузе.

Луіза Хаўзэр цяпер была недзе там, у адным з гэтых шэрых будынкаў. У якім? Ульрых быў занадта далёка, каб дэталёва разгледзець дамы. Як бы ён хацеў спусціцца, пакуль было яшчэ не позна!

Але сонца знікла за вялізнай вяршыняй Вільдструбэля, і хлопец вярнуўся. Дзядзька Хары курыў, як і раніцай. Заўважыўшы, што кампаньён вярнуўся, Хары прапанаваў яму згуляць у карты, і яны селі за стол.

Гулялі яны доўга, пасля, павячэраўшы, паклаліся спаць.

Наступныя дні, сонечныя, халодныя і бясснежныя, былі падобныя да першага. Стары Гаспар бавіў вечары, сочачы за арламі і іншымі рэдкімі птушкамі, што наважваліся залятаць на ледзяныя вяршыні, а Ульрых штодня прыходзіў да перавала, каб паглядзець на мястэчка. Пасля яны гулялі ў карты, у косці, у даміно, выйгравалі і прайгравалі адзін аднаму розныя дробныя рэчы, каб цікавей было гуляць.

Аднойчы раніцай Хары, які прачнуўся першы, абудзіў кампаньёна. Пышнае, глыбокае, лёгкае, рухомае воблака белага шуму бязгучна падала на іх, вакол іх, хаваючы іх пад тоўстай і цяжкай пярынаю. Так цягнулася чатыры дні і чатыры ночы. Трэба было вызваляць з-пад снегу дзверы і вокны, пракопваць калідор і высякаць прыступкі, каб выбрацца з гэтай ледзяной турмы, бо за дванаццаць гадзін марозу снег зрабіўся цвярдзейшы за граніт.

І яны сталі жыць, як вязні, не наважваючыся асабліва вылазіць са свайго жытла. Яны падзялілі між сабою ўсе абавязкі і старанна іх выконвалі. Ульрых прыбіраў, мыў, рабіў усё, што забяспечвала чысціню ў гатэлі. Ён таксама калоў дровы. Гаспар Хары шчыраваў на кухні і пільнаваў агонь. Іхняя заўсёдная нудлівая праца перарывалася часам партыяй у карты ці ў косці. Яны ніколі не сварыліся, абодва былі спакойныя і пакорлівыя. Ніколі не выказвалі нецярплівасці, благога настрою, ніколі не лаяліся, бо загадзя скарыліся лёсу перад гэтым зімаваннем сярод гор.

Часам стары Гаспар браў стрэльбу і ішоў паляваць на сарнаў, калі-нікалі прыносіў здабычу. Тады ў горным гатэлі Шварэнбах было свята і ладзіўся банкет са свежым мясам.

Аднойчы раніцай ён выйшаў як звычайна. Тэрмометр паказваў васемнаццаць градусаў ніжэй нуля. Сонца яшчэ не ўзышло, і стары меркаваў заспець дзічыну на подступах да Вільдструбэля.

Застаўшыся адзін, Ульрых спаў да дзесятай гадзіны. Ён увогуле любіў паспаць, але ніколі б на такое не адважыўся, калі б у доме застаўся стары праваднік, што ўставаў заўсёды вельмі рана.

Ён не спяшаючыся паснедаў з Сэмам, які таксама цэлыя дні і ночы спаў перад агнём. Пасля яму зрабілася сумна і нават боязна на адзіноце, ён засумаваў па штодзённай партыі ў карты.

Тады ён выйшаў з дому, каб пайсці насустрач свайму кампаньёну, які павінен быў вярнуцца а чацвёртай гадзіне.

Снег зраўнаваў усю глыбокую даліну, забіў расколіны, схаваўшы абодва возеры, ахутаўшы скалы. Цяпер паміж высачэзнымі вяршынямі засталася вялізная белая западзіна, аднастайная і сляпучая.

Ужо тры тыдні Ульрых не хадзіў да краю прорвы, адкуль ён глядзеў на мястэчка. І таму, перш чым палезці па стромых схілах Вільдструбэля, ён завярнуў туды. Лёэш цяпер патанаў у снезе, будынкі, схаваныя пад белым футрам, ужо немагчыма было разгледзець.

Пасля, павярнуўшы ўправа, ён выйшаў да ледавіка Лёмэрн. Ён ступаў шырока, як горны жыхар, пастукваючы жалезным кійком па цвёрдым, як камень, снезе. Ён пільна ўглядаўся ў далечыню, шукаючы на гэтым бязмежным белым абрусе маленькую чорную кропку.

Каля ледавіка ён спыніўся, разважаючы, ці пайшоў стары менавіта гэтай дарогай, пасля рушыў уздоўж скал шпаркім, неспакойным крокам.

Сонца садзілася, снег рабіўся ружовы. Сухі марозны вецер прабягаў раптоўнымі парывамі па крыштальнай роўнядзі. Ульрых моцна пагукаў. Голас паляцеў у мёртвую цішу, дзе спалі горы; ён панёсся далёка над нерухомымі і глыбокімі хвалямі лядовага шумавіння, як птушыны крык над марскімі хвалямі, і ўрэшце заціх. Ніхто не адазваўся.

Ён пайшоў далей. Сонца ўжо села за горнымі вяршынямі, яшчэ ружовымі ад апошніх водбліскаў. Тым часам дно ў лагчыне пачало шарэць, і хлопец раптам спалохаўся. Яму здалося, што цішыня, адзінота, смяротны холад гор авалодваюць ім, спыняюць і студзяць кроў, скоўваюць цела, робяць з яго нерухомую ледзяную істоту. І ён пабег у бок гатэля. Стары павінен быў ужо вярнуцца, пакуль ён хадзіў. Напэўна, ён прыйшоў другою дарогай і цяпер сядзіць каля агню, а побач ляжыць забітая сарна.

Хутка ён убачыў гатэль. Дыму не было. Ульрых пабег хутчэй, адчыніў дзверы. Сэм кінуўся яму насустрач. Гаспар не вярнуўся.

Напалоханы хлопец азірнуўся навокал, быццам спадзяваўся ўбачыць свайго кампаньёна ў адным з кутоў. Пасля ён распаліў агонь і згатаваў суп. Ён усё яшчэ спадзяваўся, што стары вернецца.

Час ад часу ён выходзіў з дому, каб паглядзець, ці не вяртаецца Хары. Тым часам настала ноч, цьмяная, бледная горная ноч, з краю неба яе блякла асвятляў тонкі жоўты маладзік, што быў гатовы, здавалася, упасці з неба і знікнуць за вяршынямі.

Хлопец вяртаўся ў дом, садзіўся, грэў ногі і рукі, перабіраючы ў думках усе няшчасці, што маглі здарыцца.

Гаспар мог зваліцца ў яму, спатыкнуцца і падвярнуць ці нават зламаць нагу. Тады б ён застаўся ляжаць у снезе, пакуль не змерзне, з роспаччу ў душы, загублены ў белай пустэльні. Можа, ён будзе прасіць ратунку, гукаючы ў начной цішы.

Але дзе? Горы навокал такія вялікія, такія жорсткія, такія небяспечныя, асабліва гэтаю парою, што спатрэбілася б дзесяць ці нават дваццаць праваднікоў, якія шукалі б чалавека тыдзень у гэтым бязмежжы.

Ульрых Кюнсі вырашыў, аднак, пайсці шукаць разам з Сэмам, калі Гаспар Хары не вернецца да першае гадзіны ночы.

Ён пачаў збірацца.

Ён паклаў у наплечнік харчоў на два дні, узяў сталёвыя крукі, абвязаўся вакол пояса доўгай, тонкай і моцнай вяроўкай, праверыў свой жалезны кіёк і сякерку, якою высякаюць прыступкі ў лёдзе. Пасля ён стаў і азірнуўся. У каміне гарэў агонь. Асветлены полымем, спаў, ціхенька сапучы, вялікі сабака. Гадзіннік пастукваў, як сэрца, у сваёй скрынцы са звонкага дрэва.

Ён чакаў, уважліва прыслухоўваючыся да далёкіх гукаў, і ўздрыгваў кожнага разу, калі лёгкі вецер прабягаў па даху і сценах.

Прабіла поўнач, Ульрых здрыгануўся. Адчуваючы холад і страх, ён паставіў на агонь ваду, каб перад адыходам папіць гарачай кавы.

Калі гадзіннік прабіў адну гадзіну, ён устаў, абудзіў Сэма, адчыніў дзверы і пайшоў у бок Вільдструбэля. Пяць гадзін ён узбіраўся на скалы з дапамогай крукоў, прасякаў лёд, ішоў наперад, часам падцягваючы на вяроўцы сабаку, які не мог сам адолець занадта стромыя схілы. Прыблізна а шостай гадзіне ён дабраўся да месца, дзе Гаспар звычайна паляваў на сарнаў.

Ён стаў чакаць, пакуль развіднее.

Неба ў яго над галавою пачало бляднець. Раптам нейкае дзіўнае святло, што ўзялося невядома адкуль, асвятліла ўвесь гэты велізарны лес бледных вяршыняў, што ўзвышаліся з усіх бакоў. Здавалася, што гэтае няяснае святло ішло ад самога снегу і разлівалася ў паветры. Паступова найвышэйшыя з далёкіх вяршыняў зрабіліся светла-ружовыя, і з-за цяжкіх волатаў Бернскіх Альпаў паказалася чырвонае сонца.

Ульрых пайшоў далей. Ён ішоў, як паляўнічы, прыгнуўшыся, высочваючы сляды, загадваючы сабаку: «Шукай, дарагі, шукай».

Цяпер ён ужо спускаўся з гары, углядаючыся ў цясніны, і часам моцна гукаў, але голас хутка гінуў у нямым бязмежжы. Тады ён прыкладаў вуха да зямлі і ўслухоўваўся. Яму здавалася, што ён чуе нечы голас, ён бег, зноў крычаў, але, не дачакаўшыся адказу, садзіўся ў роспачы і безнадзейнасці. Апоўдні ён паабедаў і пакарміў Сэма, таксама вельмі стомленага.

Пасля ён зноў падаўся на пошукі.

Калі настаў вечар, ён яшчэ ішоў, хоць за спінай было ўжо пяцьдзесят кіламетраў горных сцежак. Ён быў занадта далёка ад дому, каб вярнуцца, і занадта стомлены, каб ісці далей, таму ён выкапаў яму ў снезе і лёг у яе разам з сабакам, увярцеўшыся ў коўдру, якую ён нёс з сабой. Так яны і ляжалі, прытуліўшыся адзін да аднаго, чалавек і жывёліна, грэючы адзін аднаго сваім целам, і ўсё роўна страшэнна мерзлі.

Ульрых зусім не спаў, яго розум мучылі жахі, яго цела дрыжала ад холаду.

Калі ён устаў, пачынала днець. Ногі здранцвелі і зрабіліся цяжкія, як жалезныя бэлькі, душа так аслабела, што хацелася крычаць ад роспачы, сэрца так білася, што, пэўна, разарвалася б, калі б ён пачуў хоць які гук.

Раптам прыйшла думка, што і ён гэтаксама памрэ ад холаду ў гэтай снежнай пустэльні, і страх такой смерці абудзіў у ім энергію, аднекуль знайшлася сіла.

Ён пачаў спускацца ў кірунку гатэля, падаючы і паднімаючыся зноў, а далёка за ім кульгаў на трох лапах Сэм.

Яны давалакліся да Шварэнбаха толькі а чацвёртай гадзіне папаўдні. Дом быў пусты. Хлопец распаліў агонь, паеў і заснуў, ачмурэлы да таго, што ўжо ні пра вошта не думаў.

Спаў ён доўга, вельмі доўга, непрабудным сном. Але раптам нечы голас, нечы крык «Ульрых!» парушыў яго глыбокае зняменне, і ён ускочыў. Ці яму гэта прымроілася? Ці быў гэта той дзіўны вокліч, што час ад часу ўрываецца ў сны нервова неспакойнага чалавека? Не, ён усё яшчэ чуў гэты пранізлівы крык, што ўвайшоў праз вушы ў цела і, здавалася, запоўніў яго аж да кончыкаў пальцаў. Пэўная рэч, нехта крычаў, нехта клікаў: «Ульрых!» Нехта быў тут, побач з домам. Ён у гэтым не сумняваўся. Ён расчыніў дзверы і закрычаў што ставала моцы: «Гэта ты, Гаспар?»

Ніхто не адгукнуўся, ніякага гуку, ніякага шэпту, ніякага стогну, нічога. Стаяла цёмная ноч. Бледна пабліскваў снег.

Узняўся вецер, сцюдзёны горны вецер, што разбівае камяні і не пакідае нічога жывога сярод гэтых забытых Богам вяршыняў. Яго раптоўныя парывы былі больш высушлівыя і смяротныя, чым пякучы вецер пустыні. Ульрых зноў закрычаў: «Гаспар! Гаспар! Гаспар!»

Ён пачакаў. Горы маўчалі! І тады страх працяў яго да самых касцей. Ён хутка заскочыў у гатэль, зачыніў дзверы, замкнуўся на замок і ўпаў у ліхаманцы на крэсла, упэўнены ў тым, што яго таварыш клікаў яго падчас канання.

Ён быў упэўнены ў гэтым. Стары Гаспар Хары канаў два дні і тры ночы недзе ў яме, у адным з глыбокіх, некранутых яроў, бель якіх страшнейшая за цемру сутарэнняў. Ён канаў два дні і тры ночы і памёр толькі што з думкай пра свайго кампаньёна. Душа яго, як толькі вызвалілася, паляцела да гатэля, дзе спаў Ульрых, і паклікала яго, падпарадкоўваючыся той таямнічай і страшнай сіле, што прымушае душы памерлых неадступна турбаваць жывых. Гэтая бязмоўная душа закрычала ў прыгнечаным розуме таго, хто спаў. Яна выгукнула апошняе слова развітання, апошні папрок, апошняе пракляцце таму, хто не надта старанна шукаў.

І Ульрых адчуваў, што Гаспарава душа тут, зусім блізка, за сцяною, за дзвярыма, якія ён толькі што зачыніў. Яна тулялася знадворку, як начная птушка, што б'ецца крыламі аб шыбіны асветленага акна, а хлопец, ужо зусім ашалелы, быў гатовы завыць ад страху. Ён хацеў уцячы, але баяўся выйсці. Ён не наважваўся і больш ніколі не наважыцца выйсці, бо прывід будзе заставацца там, ён будзе бадзяцца ўдзень і ўночы вакол гатэля, пакуль не знойдуць цела старога правадніка і не пахаваюць яго на пасвенчанай зямлі на могілках.

Настаў дзень, узышло яркае сонца, і гэта надало Кюнсі адвагі. Ён паснедаў, накарміў сабаку і застаўся сядзець на крэсле, думаючы з болем у сэрцы пра старога, што застаўся недзе ляжаць у снезе.

Як толькі на горы апусцілася ноч, яго пачалі адольваць новыя страхі. Ён хадзіў па цёмнай кухні, ледзь асветленай полымем свечкі, хадзіў з кута ў кут шырокім крокам, прыслухоўваючыся, ці не парушыць зноў змрочную навакольную цішу нялюдскі крык мінулае ночы. Ён адчуваў самоту — пэўна, ніхто ніколі не быў такі самотны! Ён быў адзін у гэтай бясконцай снежнай пустэльні, адзін на вышыні дзвюх тысяч метраў над зямлёй, над дамамі, над шумным і мітуслівым жыццём, адзін у гэтых сцюдзёных нябёсах! Яго раздзірала дзікае жаданне ўцячы, усё роўна куды, усё роўна як, спусціцца ў Лёэш, кінуўшыся ў прорву. І ён зрабіў бы гэтак, але не адважыўся адчыніць дзверы. Ён баяўся, што той, мёртвы, не дасць яму ўцячы з-за боязі застацца аднаму ў гарах.

Каля апоўначы, стомлены хадою, ашалелы ад страху, ён урэшце заснуў на сваім крэсле, бо баяўся ложка, як месца, заселенага прывідамі.

І раптам пранізлівы крык зноў прарэзаў цішу. Ён быў такі гучны, што Ульрых выцягнуў рукі перад сабой, каб адпіхнуць прывіда, і ўпаў разам з крэслам.

Сэм, абуджаны шумам, пачаў выць, як выюць напалоханыя сабакі, ён бегаў па пакоі, шукаючы, з якога боку пагражае небяспека. Падышоўшы да дзвярэй, ён прынюхаўся, натапырыўся і пагрозліва завурчаў.

Ашалелы Кюнсі ўскочыў, схапіў крэсла за ножку і закрычаў: «Не ўваходзь! Не ўваходзь! Не ўваходзь, бо заб'ю!» І сабака, узбуджаны гэтай пагрозай, пачаў шалёна брахаць на нябачнага ворага, да якога звяртаўся гаспадар.

Сэм памалу супакоіўся і лёг каля агню, але трывога не прайшла. Ён ляжаў, падняўшы галаву, і сярдзіта вурчаў праз іклы.

Ульрых памалу апрытомнеў, але, адчуваючы, што зараз памрэ ад страху, дастаў з буфета бутэльку гарэлкі і выпіў адну за адной некалькі шклянак. Думкі яго пераблыталіся, зноў вярнулася адвага, гарачыня разлілася па жылах.

Наступнага дня ён нічога не еў, толькі піў гарэлку. Так ён пражыў некалькі дзён, п'яны да непрытомнасці. Як толькі ён згадваў Гаспара, ён зноў пачынаў піць, пакуль не падаў, збіты з ног дзеяннем алкаголю. Ён так і заставаўся ляжаць, тварам уніз, нерухома, як мёртвы, з разбітым целам, храпучы, прыціснуўшыся лбом да зямлі. Але як толькі пякучая дурманлівая вадкасць засвойвалася арганізмам, той самы крык «Ульрых!» зноў будзіў яго, упіваючыся ў мозг, як куля. Ён уставаў, хістаючыся, выстаўляючы рукі, каб не ўпасці, і клікаў Сэма на дапамогу. І сабака, які ўжо, як і гаспадар, таксама страціў розум, кідаўся да дзвярэй, пачынаў драпаць іх кіпцямі, грызці сваімі вялікімі белымі зубамі, а хлопец тым часам стаяў, задраўшы галаву, і прагна глытаў, нібы ваду пасля доўгага бегу, гарэлку, што на нейкі час зноў усыпляла яго думкі, яго памяць і яго неадчэпны страх.

За тры тыдні ён выпіў усё назапашанае спіртное. Але гэтае доўгае п'янства толькі часова ўсыпляла яго страх, што прачынаўся з новай лютасцю, як толькі канчалася дзеянне алкаголю. І тады неадчэпная думка аб памерлым, памоцненая месяцам апойства і абсалютнай адзіноты, уядалася ў яго, як свердзел. Тады ён пачынаў хадзіць па пакоі, як звер у клетцы, прыкладаў вуха да дзвярэй,прыслухоўваўся, ці той другі ўсё яшчэ там, і крычаў яму праз сцяну.

Пасля, як толькі ёп пачынаў засынаць, зможаны стомай, ён зноў чуў голас і ўскокваў на ногі.

Нарэшце аднае ночы ён, гатовы на ўсё ад роспачы і страху, падскочыў да дзвярэй і адчыніў, каб паглядзець на таго, хто яго кліча, каб прымусіць яго замаўчаць.

Сцюдзёны вецер шугануў яму ў твар і працяў наскрозь смяротным холадам. Ён хутка зачыніў дзверы і замкнуўся на засаўку, не заўважыўшы, што Сэм застаўся на дварэ. Пасля, дрыжучы, ён падкінуў дроў у агонь і сеў перад ім, каб сагрэцца, але раптам уздрыгнуў, бо пачуў, як нехта скрабецца ў сцяну і плача.

Ён ашалела закрычаў: «Ідзі адсюль!» У адказ пачуўся працяжны жаласны стогн.

І тады страх забраў рэшту розуму. Ён паўтараў: «Ідзі адсюль!» — і сам круіцўся на месцы, каб знайсці куток, куды схавацца. А той знадворку не пераставаў плакаць, хадзіць вакол дома і церціся аб сцены. Ульрых кінуўся да дубовага буфета, набітага посудам і харчамі, і, прыўзняўшы яго з нялюдскай сілай, заставіў ім дзверы. Пасля, сцягнуўшы ў кучу ўсё, што засталося ад мэблі, матрацаў, сеннікоў, крэслаў, ён заклаў акно, быццам баронячыся ад аблогі.

Знадворку чуліся журботныя стогны, на якія хлопец урэшце пачаў адгукацца такімі самымі стогнамі.

Так міналі дні і ночы, а яны ўсё вылі адзін у адказ другому. Адзін увесь час круціўся вакол дома, драпаў сцяну кіпцямі так моцна, што здавалася — сцяна не вытрымае, другі ж, у доме, прыслухоўваўся да кожнага руху знадворку, скурчыўшыся, прыклаўшы вуха да сцяны, адказваючы на кожны гук страшным крыкам.

Аднаго вечара Ульрых нічога не пачуў з-за сцяны. Ён сеў, разбіты стомай, і адразу заснуў.

Прачнуўся ён, нічога не памятаючы, ні пра вошта не думаючы, быццам галава яго спустошылася падчас гэтага цяжкага сну. Ён быў галодны і таму кінуўся есці.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Зіма скончылася. Перавал Жэмі зноў адкрыўся, і сям'я Хаўзэраў рушыла ў горы, каб на лета зноў пасяліцца ў сваім гатэлі.

Дайшоўшы да вяршыні перавалу, жанчыны ўзлезлі на мула і пачалі гаварыць пра двух праваднікоў, якіх яны хутка павінны былі ўбачыць.

Іх дзівіла тое, што ніводзін з іх не спусціўся на некалькі дзён раней, калі дарога ўжо адкрылася, каб расказаць пра сваё доўгае зімаванне.

Нарэшце яны заўважылі гатэль, яшчэ ўкрыты снегам. Дзверы і акно былі зачыненыя, але над дахам віўся дымок, і Хаўзэр-бацька супакоіўся. Але наблізіўшыся да дома, ён заўважыў на парозе шкілет нейкай жывёліны, якую разадралі арлы.

Усе разгледзелі яго. «Гэта напэўна Сэм», — сказала маці. Яна паклікала: «Гэй, Гаспар!» У адказ з дома пачуўся прарэзлівы крык, хутчэй звярыны, чым чалавечы. Хаўзэр-бацька паклікаў зноў: «Гаспар!» І зноў пачуўся той самы крык.

Бацька і сыны паспрабавалі адчыніць дзверы, але яны не даліся. Тады схадзілі ў пустую стайню, прынеслі бервяно і з усяе сілы стукнулі ім у дзверы. Дрэва хруснула, падалося, дошкі разляцеліся на кавалкі. Пасля ў доме пачуўся страшэнны грукат, і яны заўважылі за перакуленым буфетам чалавека з валасамі да плячэй, з барадою да пояса, з бліскучымі вачыма, з рызманамі на целе замест вопраткі.

Яны не пазналі яго, але Луіза Хаўзэр закрычала: «Гэта Ульрых, мама!» І маці згадзілася, што гэта Ульрых, хоць у яго былі сівыя валасы.

Ён падпусціў іх бліжэй, даў дакрануцца да сябе. Але ён не адказваў на пытанні, якія яму задавалі. Прыйшлося завесці яго ў Лёэш, і там лекары засведчылі, што ён звар'яцеў.

І ніхто ніколі не даведаўся, што сталася з яго кампаньёнам.

А маладзенькая Луіза ледзь не памерла гэтым летам ад нейкай хваравітай млявасці, якую ўсе тлумачылі ўплывам горнага холаду.


Пераклад: Сяргей Шупа 

Тамтэй

8 траўня. — Які цудоўны дзень. Усю раніцу я праляжаў на траве пад вялікім платанам, які хавае ў сваёй лістоце ўвесь мой дом. Я люблю гэты край, люблю тут жыць, бо тут мае карані, глыбокія і далікатныя карані, якімі чалавек звязаны з зямлёй, дзе нарадзіліся і памерлі яго продкі, з усім тым, што тут думаюць, што тут ядуць, са звычаямі, стравамі, з мясцовымі выслоўямі, з гаворкай сялян, з пахамі зямлі, вёскі і самога паветра.

Я люблю дом, дзе я вырас. З вокнаў відаць, як уздоўж саду за дарогай цячэ Сена, зусім побач, вялікая і шырокая Сена, па якой плывуць караблі.

Вунь там злева — Руан, вялікі горад з блакітнымі дахамі, над якімі сям-там высяцца спічастыя гатычныя званіцы. Вышэй за ўсіх узнімаецца чыгунны шпіль катэдры, а вакол яго — незлічоная колькасць званіц і званічак, вялікіх і малых, і гул званоў плыве ў блакітным паветры пагодлівай раніцы. Да мяне даносіцца мяккі далёкі металічны звон, з ветрам далятаюць да мяне медныя спевы, то гучнейшыя, то слабейшыя, залежна ад ветру, які то мацнее, то слабее.

Якая пагода стаяла той раніцай!

Недзе каля адзінаццатай гадзіны па рацэ праплыла доўгая чарада суднаў — іх цягнула маленькая, як муха, баржа, якая хрыпела з напругі, выкідаючы ў неба воблакі густога дыму.

Прайшлі дзве ангельскія шхуны, чырвоныя сцягі на якіх віліся на фоне неба, а за імі плыў цудоўны бразільскі трохмачтавік, увесь белы, незвычайна чысты і бліскучы. І невядома чаму я прывітаў яго — так мне было прыемна яго бачыць.


12 траўня. — Ужо некалькі дзён у мяне лёгкая гарачка. Я адчуваю, што хворы, але гэта хутчэй не хвароба, а нейкі смутак.

Адкуль бяруцца тыя таямнічыя павевы, што ператвараюць нашае шчасце ў смутак, нашую шчырасць — у журбу? Здаецца, што паветра, нябачнае паветра прасякнута нейкімі непазнавальнымі Сіламі, таямнічую блізкасць якіх мы адчуваем на сабе. Я прачынаюся, поўны радасці, мне хочацца спяваць. Чаму? Я гуляю па беразе, і раптам, прайшоўшы яшчэ зусім мала, паварочваю назад засмучаны, быццам дома мяне чакае нейкае няшчасце. Чаму? Можа, дрыжыкі холаду, прабегшы па скуры, закранулі нервы і засмуцілі маю душу? Ці, можа, форма аблокаў, ці колер неба, ці хутказменлівыя адценні рэчаў, прайшоўшы перад маімі вачыма, расхвалявалі мой розум? Хто ведае? Усё, што нас акаляе — усё тое, што мы бачым, але не прыглядаемся бліжэй, усё тое, што мы мінаем, але не спазнаём падрабязней, усё тое, да чаго мы дакранаемся, але не абмацваем, усё тое, што мы сустракаем, але не распазнаём — усё гэта імгненна, незвычайна, невытлумачальна адбіваецца на нас, на нашых пачуццях, а праз іх — на думках і нават на сэрцы.

Якая глыбокая гэтая таямніца, таямніца Нябачнага! Мы не здольныя спасцігнуць яе нашымі недасканалымі органамі пачуццяў. Нашы вочы не могуць бачыць ні занадта малое, ні занадта вялікае, ні занадта блізкае, ні занадта далёкае, ні жыхароў далёкае зоркі, ні насельнікаў кроплі вады... Нашы вушы падманваюць нас, бо толькі ператвараюць вібрацыю паветра ў гукавыя сігналы. Гэта феі, якія нейкім цудам робяць з рухаў паветра гукі, і гэтая метамарфоза нараджае музыку, нямыя прыродныя рухі робяцца спевамі... Наш нюх вельмі слабы, намнога слабейшы за сабачы... З нашым адчуваннем смаку мы нават не можам вызначыць век віна!

Каб мы толькі мелі іншыя органы, якія б падаравалі нам іншыя цудоўныя ператварэнні, колькі б рэчаў мы яшчэ адкрылі вакол нас!


16 траўня. — Я папраўдзе захварэў! А яшчэ месяц таму я так добра сябе адчуваў! У мяне гарачка, страшная гарачка, ці хутчэй нейкі гарачкавы неўроз, ад якога мая душа пакутуе не менш, чым маё цела. Мяне ўвесь час турбуе жахлівае прадчуванне нейкай неадступнай небяспекі, страх перад блізкім няшчасцем, набліжэннем смерці, і адчуванне гэтае — вынік дзеяння нейкай яшчэ невядомай хваробы.


18 траўня. — Толькі што я схадзіў да свайго лекара, бо апошнімі начамі я не мог заснуць. Ён выявіў у мяне пачашчаны пульс, пашырэнне зрэнкаў, паслабленне нерваў, але не ўбачыў ніякіх трывожных сімптомаў і параіў мне прымаць душ і піць бромісты калій.


25 траўня. — Ніякіх зменаў! Мой стан сапраўды вельмі дзіўны. З набліжэннем вечара мяне апаноўвае незразумелая трывога, быццам ноч тоіць у сабе страшную небяспеку. Я хутка вячэраю, пасля спрабую чытаць, але не разумею ніводнага слова, я ледзь распазнаю літары. Я ўстаю і пачынаю хадзіць па пакоі, мяне гняце нейкі няясны і неадчэпны страх, я баюся спаць, баюся класціся ў ложак.

Недзе а дзесятай гадзіне я паднімаюся ў спальню. Увайшоўшы, я замыкаюся на два абароты, зачыняю дзверы на засаўкі. Я баюся... Чаго?.. Дагэтуль я не баяўся нічога... Я адчыняю шафу, заглядаю пад ложак, слухаю... Ці не дзіўна, што нейкая маленькая немач, парушэнне кровазвароту, раздражненне нервовай сістэмы, лёгкі прыліў крыві да галавы, зусім незаўважнае парушэнне ў дзейнасці нашага недасканалага і далікатнага арганізма можа зрабіць найвесялейшага з людзей меланхолікам, найсмялейшага — баязліўцам? Пасля я кладуся ў ложак і чакаю сну, як асуджаны на смерць чакае ката. З жахам чакаю я яго прыходу, сэрца маё б'ецца, ногі дрыжаць, усё маё цела сціскаецца пад цёплай коўдрай аж да моманту, калі я раптам падаю ў сон — гэтаксама ныраюць у вір, каб утапіцца. Я ўжо нават не заўважаю, як сон прыходзіць да мяне. Ён падступна хаваецца недзе побач, пільнуе, каб схапіць мяне за галаву, заплюшчыць мне вочы, знішчыць мяне.

Я сплю доўга — дзве ці тры гадзіны, — пасля мяне пачынае душыць жах. Я добра адчуваю, што ляжу і сплю... Я гэта адчуваю і ведаю гэта... Я адчуваю таксама, як нехта падыходзіць, глядзіць на мяне, абмацвае мяне, залазіць у ложак, кленчыць у мяне на грудзях, бярэцца рукамі за шыю і сціскае, сціскае з усяе моцы, каб задушыць мяне.

Я спрабую адбівацца, але мяне нібы звязвае тое страшнае бяссілле, што паралізуе нас у сне, я хачу закрычаць — і не магу, хачу паварухнуцца — і не магу, нялюдскімі намаганнямі, задыхаючыся, я спрабую павярнуцца, скінуць гэтую істоту, што душыць, расціскае мяне — і не магу!

І раптам я прачынаюся, ледзь не звар'яцелы, увесь у поце. Я запальваю свечку — у пакоі нікога няма.

Пасля гэткага прыступу, які паўтараецца кожнае ночы, я спакойна засынаю да раніцы.


2 чэрвеня. — Мой стан пагоршыўся. Што ж са мной робіцца? Бромісты калій не памагае, душ не памагае. Неяк, каб трошкі стаміцца, хоць я і без гэтага быў вельмі стомлены, я вырашыў прагуляцца ў Румарскім лесе. Спачатку я думаў, што чыстае, лёгкае і мяккае лясное паветра, поўнае пахаў траваў і лісця, напоўніць мае жылы новай крывёю, а маё сэрца — новаю сілаю. Я ішоў па шырокай дарозе, пасля збочыў на вузенькую сцежку, што вяла ў Лябуй. Абапал сцежкі два доўгія рады незвычайна высокіх дрэваў распасціралі нада мною сваю густую зялёную, амаль чорную лістоту, закрываючы неба.

Раптам я здрыгануўся, не ад холаду, а ад нейкага незразумелага страху.

Я прыспешыў хаду, спалохаўшыся невядома чаго, нейкага глупства, ці, можа, маёй глыбокай самоты. Я баяўся застацца адзін у гэтым лесе. І раптам мне здалося, што за мной нехта ідзе, зусім побач, ледзь не наступаючы на пяткі, здаецца, вось-вось схопіць.

Я рэзка павярнуўся. Нікога не было. Я ўбачыў за мною толькі простыя шырокія прысады — яны былі высокія і пустыя, да жаху пустыя. Я паглядзеў у другі бок — гэткія ж самыя пустыя, вусцішныя прысады, якія вядуць у бясконцую даль.

Я заплюшчыў вочы. Нашто? І пачаў круціцца на пятцы, хутка-хутка, як ваўчок. Ледзь не ўпаў. Пасля расплюшчыў вочы — дрэвы скакалі, зямля плыла. Я сеў. І, о Божа! зразумеў, што не ведаю, з якога боку я прыйшоў! Дзіва! Такое дзіва! Я напраўду зусім заблытаўся. Пайшоў урэшце ў правы бок і выйшаў на дарогу, па якой я быў зайшоў у лес.


3 чэрвеня. — Ноч была невыносная. Мне трэба на пару тыдняў некуды з'ездзіць. Маленькае падарожжа павінна мне пайсці на дабро.


2 ліпеня. — Я вярнуўся. Здаровы. Зрэшты, вандроўка была выдатная. Я пабачыў гару Сэн-Мішэль, дзе я ніколі яшчэ не быў.

Якое відовішча адкрываецца вачам вандроўніка, які прыязджае ў Аўранш надвячоркам! Сам горад стаіць на ўзгорку. Мяне правялі ў гарадскі парк у самым канцы горада, і там я ўскрыкнуў ад захаплення. Перада мною, як скінуць вокам, распасціралася вялізная бухта між двух берагоў, якія адыходзілі ў далячынь і знікалі ў смузе. Пасярэдзіне гэтай вялікай жоўтай бухты пад зіхатліва залацістым небам змрочна ўздымалася сярод пяскоў дзіўная спічастая гара. Сонца ўжо зайшло, і на вячэрнім гарызонце вырысоўваўся сілуэт гэтай фантастычнай скалы з не менш фантастычнай будынінай на вяршыні.

Як толькі развіднела, я накіраваўся да яе. Быў адліў, як і напярэдадні. Я паволі набліжаўся да гары, і перада мною вырастаў дзівосны кляштар. Праз некалькі гадзін я прыйшоў да гары — вялізнай крушні камянёў. На ёй была маленькая вёсачка, а над усім высілася вялікая царква. Я падняўся вузенькай вулкай і ўвайшоў у гэтую самую прыгожую гатычную пабудову на зямлі, вялікую, як горад, поўную нізенькіх пакояў, амаль расціснутых пад скляпеннямі і высокімі галерэямі, якія трымаліся на далікатных калонах. Я ўвайшоў у гэты велізарны гранітны палац, лёгкі, нібы карункавы, з безліччу вежаў, зграбных званічак, куды вядуць стромкія сходы. Яны ўздымаюць у благат дня або ў цемрадзь ночы свае незвычайныя галоўкі, абсыпаныя хімерамі, д'ябламі, фантастычнымі жывёламі, пачварнымі кветкамі і злучаныя між сабою тонкімі аркамі.

Калі я дабраўся да вяршыні, я сказаў манаху, што ішоў побач са мною: «Мой ойча, як вам тут добра!»

Ён адказаў: «Тут надта дзьме вецер, пане». Мы гаварылі, гледзячы, як прылівае мора — яно набягала на пясок і адзявала бераг у сталёвы панцыр.

І манах пачаў апавядаць мне паданні, звязаныя з гэтымі мясцінамі, старадаўнія легенды.

Адна асабліва мяне ўразіла. Мясцовыя людзі, што жывуць на гары, сцвярджаюць, што ўночы можна пачуць, як у пясках крычаць дзве казы — адна мацней, другая цішэй. Недаверлівыя кажуць, што гэта крычаць марскія птушкі, часам іх крыкі нагадваюць бляянне, а часам — чалавечы стогн. Але рыбакі, якія позна вяртаюцца дадому, клянуцца, што сустракалі ў дзюнах старога пастуха. Твару яго ніхто ніколі не бачыў, бо ён ходзіць, увярцеўшыся з галавою ў плашч. Ён пасвіць казла з тварам мужчыны і казу з тварам жанчыны. У абаіх доўгая белая воўна, яны безупынна гавораць адно з адным, спрачаюцца на невядомай мове, а часам пачынаюць бляяць што стае моцы.

Я спытаўся: «І вы ў гэта верыце?»

«Не ведаю», — прамармытаў ён.

Тады я зноў спытаўся: «Але каб на зямлі апроч нас жылі яшчэ нейкія іншыя стварэнні, дык няўжо ж мы за гэтулькі часу іх не зведалі б? Няўжо б вы іх не ўбачылі? Няўжо б я іх не ўбачыў?»

Ён адказаў: «Ці ж бачым мы хоць бы стотысячную частку таго, што існуе вакол нас? Вось, прыкладам, вецер, наймагутнейшая сіла ў прыродзе, што збівае з ног людзей, бурыць дамы, вырывае з коранем дрэвы, узнімае ў моры вадзяныя горы, валіць скалы і разбівае ўшчэнт вялікія караблі. Вецер забівае, свішча, стогне, раве, але ці бачылі вы яго, ці можаце вы яго ўбачыць? І аднак ён існуе!»

Мне не было чаго адказаць на гэты просты доказ, і я замаўчаў. Мудры быў гэты чалавек ці, наадварот, дурны, не буду сцвярджаць. Але я замаўчаў. Бо я і сам часта думаў пра тое, што ён сказаў.


3 ліпеня. — Спаў я кепска. Напэўна, гэтыя мясціны заражаныя, бо мой фурман хварэе на тое самае, што і я. Учора, калі я вярнуўся, я заўважыў яго незвычайную бледнасць. Я спытаўся ў яго:

— Што з вамі, Жан?

— А тое, пане, што я не магу спаць уночы. Мае ночы з'ядаюць мае дні. Як вы паехалі, пане, дык на мяне як нейкае насланнё найшло.

Аднак усе астатнія слугі здаровыя, але я вельмі баюся, што сам зноў захварэю.


4 ліпеня. — Я папраўдзе захварэў зноў. Мае колішнія страхі вярнуліся. Сёння ўночы я адчуваў, як нехта на мне сядзеў і, прысмактаўшыся да майго рота, цягнуў з мяне жыццё. Клянуся, ён смактаў з майго горла, як п'яўка. Напіўшыся, ён устаў, а я прачнуўся такі змучаны, спустошаны, разбіты, што не мог нават варухнуцца. Калі гэта паўторыцца яшчэ некалькі разоў, то мне трэба будзе зноў некуды з'ехаць.


5 ліпеня. — Можа, я звар'яцеў? Тое, што адбылося, тое, што я пабачыў мінулай ноччу, такое дзіва, што ў мяне ад адной згадкі пра гэта кружыцца галава!

Я замкнуў дзверы на ключ — цяпер я раблю гэта кожнага вечара. Пасля мне захацелася піць, і я выпіў паўшклянкі вады і выпадкова заўважыў, што графін быў поўны аж да крышталёвага корка.

Пасля я лёг і заснуў звычайным жахлівым сном. Праз дзве гадзіны яшчэ агіднейшы жах абудзіў мяне.

Уявіце сабе чалавека, які спіць, якога забіваюць і які прачынаецца з нажом у грудзях, ён сплывае крывёй, хрыпіць, не можа дыхаць, ён хутка памрэ — але нічога не разумее.

Урэшце я апамятаўся і зноў захацеў піць. Я запаліў свечку і падышоў да стала, дзе стаяў графін. Я падняў яго, нахіліў над шклянкай, але вада не палілася. Графін быў пусты! Зусім пусты! Спачатку я нічога не зразумеў, пасля раптам я так расхваляваўся, што мусіў сесці, я проста ўпаў на крэсла! Пасля я ўскочыў і агледзеўся! Зноў сеў перад празрыстым крышталём графіна, збянтэжаны ад здзіўлення і страху. Я глядзеў на графін не адрываючыся, шукаючы разгадку. Рукі мае дрыжалі. Значыцца, гэтую ваду нехта выпіў? Хто? Я? Ну, вядома ж, я. Апроч мяне ніхто больш не мог. Значыцца, я лунацік, я жыў, сам таго не ведаючы, таямнічым дваістым жыццём. Мімаволі пачынаеш думаць, ці не жывуць у нас адразу дзве асобы або, можа, нейкая іншая істота, чужая, незразумелая і нябачная, што пасяляецца тады, калі душа спіць, у нашае цела, бярэ яго ў палон, і яно падпарадкоўваецца яму, як нам самім, нават больш, як нам самім.

Але хто зразумее мой невыказны страх? Хто зразумее пачуццё нармальнага, разумнага чалавека, які з жахам у вачах глядзіць на графін, з якога знікла трохі вады, пакуль ён спаў!

Я так і праседзеў да раніцы, не наважваючыся вярнуцца ў ложак.


6 ліпеня. — Я вар'яцею. Сёння ўночы нехта зноў выпіў поўны графін ці хутчэй — я выпіў! Але ці я гэта? А калі не? Хто ж гэта? Хто? О Божа! Я вар'яцею! Хто мяне выратуе?


10 ліпеня. — Я зрабіў некалькі доследаў, і яны далі дзіўныя вынікі.

Папраўдзе, я звар'яцеў!

6 ліпеня, перад тым, як класціся ў ложак, я паставіў на стол віна, малака, вады, хлеба і суніц.

Нехта — напэўна я — выпіў усю ваду і трохі малака. Віно і суніцы засталіся нечапаныя.

7 ліпеня я паўтарыў той самы дослед, і ён даў такі самы вынік.

8 ліпеня я прыняў ваду і малако. Астатняе засталося нечапанае.

Урэшце 9 ліпеня я зноў паставіў на стол вады і малака, але навязаў рыльцы графінаў белай муслінавай тканінай і прывязаў коркі. Пасля я нацёр вусны, бараду і рукі чорным грыфелем і лёг спаць.

Мяне ахапіў непераможны сон, за ім прыйшло жахлівае абуджэнне. Я ні да чога не дакрануўся — нават бялізна ў ложку засталася чыстая. Я кінуўся да стала — на тканіне, што абцягвала графіны, плямаў не было. Я развязаў завязкі, дрыжучы ад страху. Нехта выпіў усю ваду! Нехта выпіў усё малако! О Божа!..

Я неадкладна еду ў Парыж.


12 ліпеня. — Парыж. Апошнімі днямі я зусім страціў розум! Напэўна, я зрабіўся цацкай маёй знерваванай фантазіі, а можа, я і напраўду быў лунацік або стаў ахвярай тых усім вядомых, але невытлумачальных уплываў, якія называюць сугестыяй. Ва ўсялякім разе мой стан набліжаўся да вар'яцтва, і дваццаць чатыры гадзіны ў Парыжы дадалі мне ўпэўненасці ў сабе.

Учора, скончыўшы ўсе візіты, якія напоўнілі маю душу новым, жыццядайным паветрам, я прабавіў вечар у Французскім тэатры. Ставілі п'есу Аляксандра Дзюма-сына, і яе бадзёры і здаровы дух канчаткова мяне вылечыў. Напэўна, адзінота вельмі небяспечная людзям інтэлектуальнай працы. Нам трэба, каб вакол нас былі людзі, якія думаюць, размаўляюць. Калі мы на доўгі час застаёмся адны, мы запаўняем пустку вакол нас прывідамі.

Вельмі вясёлы, я вяртаўся ў гатэль бульварамі. Прадзіраючыся праз натоўп, я згадваў з лёгкай іроніяй мае жахі, мае думкі мінулага тыдня. Як я мог верыць у тое, што нейкая нябачная істота жыве разам са мною пад адным дахам! Які ўсё ж слабы наш розум — ён затуманьваецца, як толькі нас уражвае нейкая нават самая маленькая незразумеласць.

Замест таго каб зрабіць простую выснову: «Я не разумею, бо не магу вызначыць прычыны», мы адразу пачынаем уяўляць сабе жудасныя таямніцы і звышнатуральныя сілы.


14 ліпеня. — Дзень Рэспублікі. Я гуляў па вуліцах і цешыўся, як дзіця, з ракет і сцягоў. Вельмі недарэчна, калі людзі радуюцца ў пэўны, вызначаны дзень, паводле ўрадавага загаду. Народ — гэта дурны натоўп, які часам бязглузда церпіць, а часам жорстка паўстае. Яму кажуць: «Радуйся!» Ён радуецца. Яму кажуць: «Ідзі біся з суседам». І ён ідзе біцца. Яму кажуць: «Галасуй за імператара». І ён галасуе. Пасля кажуць: «Галасуй за рэспубліку». І ён галасуе за рэспубліку.

Тыя, хто кіруе народам, таксама дурныя, але яны падпарадкоўваюцца не людзям, а прынцыпам. А прынцыпы гэтыя бязглуздыя, няслушныя і нікому не патрэбныя, хоць бы толькі таму, што яны — прынцыпы, гэта значыць ідэі, што лічацца слушнымі і непахіснымі. Непахіснымі ў гэтым свеце, дзе нельга ні ў чым быць пэўным, бо нават святло — ілюзія, гук — ілюзія.


16 ліпеня. — Учора я пабачыў рэчы, якія мяне глыбока ўразілі.

Я вячэраў у маёй кузіны, пані Сабле, муж якой камандуе 76-м стралковым палком у Ліможы. Апроч мяне былі запрошаныя яшчэ дзве маладыя жанчыны. Муж адной з іх, доктар Паран, шмат займаецца нервовымі хваробамі і некаторымі незвычайнымі з'явамі. Цяпер ён праводзіць доследы ў галіне гіпнозу і сугестыі.

Ён доўга расказваў нам пра плённыя вынікі доследаў ангельскіх вучоных і лекараў Нансійскай школы.

Рэчы, пра якія ён гаварыў, здаліся мне такімі дзіўнымі, што я адмовіўся ў іх паверыць.

«Мы знаходзімся на шляху, — казаў ён, — да адкрыцця адной з найвялікшых таямніц прыроды, ці, лепей кажучы, найвялікшых таямніц у гэтым свеце, бо ёсць напэўна і іншыя, на іншых планетах. З таго часу, як чалавек навучыўся думаць, з таго часу, як ён навучыўся выказваць думкі словамі або пісьмова, ён адчувае, што побач з ім існуе нейкая таямніца, недаступная яго грубым і недасканалым органам пачуццяў. Чалавек імкнецца кампенсаваць слабасць пачуццяў напружаннем свайго розуму. Калі гэты розум быў яшчэ ў зародкавым стане, залежнасць чалавека ад нябачных з'яў прыняла проста жахлівыя формы. Якраз тады нарадзіліся народныя вераванні ў звышнатуральнае, легенды, духі, феі, гномы, прывіды. Я б дадаў сюды і легенду пра Бога, бо нашыя ўяўленні пра творцу, з якой рэлігіі яны б ні паходзілі, — гэта самыя пасрэдныя, самыя бязглуздыя, самыя непрымальныя прадукты розуму напалоханых істот. Лепей за ўсіх сказаў Вальтэр: «Бог стварыў чалавека паводле свайго падабенства, але чалавек адплаціў яму тым самым».

Але вось ужо трохі болей за стагоддзе адчуваецца набліжэнне адкрыцця чагосьці новага. Месмер і некаторыя іншыя вывелі нас на нечаканы шлях, і мы дасягнулі, асабліва за апошнія чатыры-пяць гадоў, незвычайных вынікаў».

Мая кузіна, таксама вельмі недаверлівая, усміхнулася. Доктар Паран сказаў ёй:

— Хочаце, я паспрабую вас усыпіць?

— Ну,вядома.

Яна села ў фатэль. І ён пачаў пільна глядзець ёй у вочы, гіпнатызуючы яе. Раптам я адчуў нейкае хваляванне, сэрца маё забілася, горла сціснулася. Я бачыў, як павекі ў пані Сабле цяжэюць, вусны сціскаюцца, дыханне робіцца перарывістае.

Праз дзесяць хвілін яна ўжо спала.

— Сядзьце за ёй, — сказаў лекар.

Я сеў за ёй. Ён даў ёй у рукі візітную картку і сказаў:

— Гэта люстэрка. Што вы ў ім бачыце?

Яна адказала:

— Я бачу свайго кузена.

— Што ён робіць?

— Ён падкручвае вус.

— А цяпер?

— Ён дастае з кішэні фотакартку.

— Хто на здымку?

— Ён сам.

Гэта была праўда! І здымак гэты я атрымаў у той самы вечар, у гатэлі...

— Які ён на гэтым партрэце?

— Ён стаіць з капелюшом у руцэ.

Яна і праўда глядзела на картку, на кавалак белага кардону, як у люстэрка.

Напалоханыя жанчыны ўсхапіліся: «Досыць! Даволі! Хопіць!»

Але доктар загадаў: «Заўтра вы ўстанеце а восьмай гадзіне, пойдзеце ў гатэль да вашага кузена і папросіце, каб ён вам пазычыў пяць тысяч франкаў, якія чакае ад вас муж і якія ён ад вас патрабуе на сваё чарговае падарожжа». Пасля ён яе абудзіў.

Вяртаючыся ў гатэль, я думаў пра гэты дзіўны сеанс, і мяне апаноўвала сумненне. Маёй кузіне я верыў, бо ведаў яе з дзяцінства, і яе выключная сумленнасць была вышэйшая за ўсе падазрэнні, а вось доктар, магчыма, быў махляром. Ці не схаваў ён у руцэ ў кузіны, калі яна спала, акрамя візітнай карткі яшчэ і люстэрка? Прафесійныя фокуснікі здатныя яшчэ і не на такое.

Я вярнуўся і лёг спаць.

А ўранку, а палове дзевятай, слуга пабудзіў мяне і сказаў:

— Пані Сабле хоча неадкладна з вамі пагаварыць.

Я хутка адзеўся і сустрэў яе. Яна села. Вельмі хвалюючыся, апусціўшы вочы, не здымаючы вуалі, яна сказала:

— Мой дарагі кузен, я прашу зрабіць мне вялікую ласку.

— Якую, мая кузіна?

— Мне вельмі няёмка вам пра гэта казаць, і ўсё ж трэба. Мне патрэбныя, вельмі патрэбныя пяць тысяч франкаў.

— Вам?

— Ага, мне ці, правільней, майму мужу, гэта ён папрасіў мяне іх знайсці.

Я быў так уражаны, што здолеў толькі нешта прамармытаць у адказ. Ці не насміхаюцца яны з мяне разам з гэтым доктарам Паранам, можа, усё гэта — звычайны жарт, падрыхтаваны загадзя і вельмі добра праведзены.

Але калі я ўважліва на яе паглядзеў, усе мае сумненні развеяліся. Яна дрыжала ад страху, учынак гэты быў ёй вельмі балючы, яна была гатовая расплакацца.

Я ведаў, што яна даволі багатая, і сказаў:

— Як гэта ваш муж не мае на свае патрэбы пяць тысяч франкаў? Ну, падумайце самі. Ці вы верыце, што ён даручыў вам папрасіць іх у мяне?

Яна нейкі час вагалася, быццам шукала ў сваёй памяці, пасля адказала:

— Я веру.

— Ён вам напісаў?

Яна зноў задумалася. Я здагадаўся пра пакутлівыя намаганні яе розуму. Яна не ведала. Яна ведала толькі, што павінна пазычыць у мяне пяць тысяч франкаў мужу.

І яна наважылася зманіць.

— Ага, ён мне напісаў.

— Калі ж гэта? Учора вы мне нічога пра гэта не казалі.

— Я атрымала ліст сёння раніцай.

— Вы можаце мне яго паказаць?

— Не... не... не... у ім ёсць інтымныя рэчы... вельмі асабістыя... я... я спаліла яго.

— Тады, значыцца, у вашага мужа ёсць даўгі.

Яна трохі падумала і сказала:

— Я не ведаю.

І я нечакана заявіў:

— Справа ў тым, што ў гэты момант у мяне няма пяці тысяч франкаў, мая дарагая кузіна.

У яе з грудзей вырваўся пакутлівы крык.

— О! О, я прашу вас, прашу вас, знайдзіце іх...

Яна вельмі расхвалявалася і сашчапіла рукі, быццам папраўдзе ўпрошвала мяне! Я адчуў, як змяніўся тон яе голасу. Яна плакала, гаварыла запінаючыся, яна пакутавала пад уладай няўмольнага загаду.

— О! Я прашу вас... каб толькі ведалі, як я пакутую... яны патрэбныя мне сёння.

Я злітаваўся над ёй.

— Зараз яны ў вас будуць, я вам прысягаю.

Яна закрычала:

— О, дзякую, дзякую! Які вы добры.

Я спытаўся:

— Ці памятаеце вы, што адбылося ў вас учора?

— Памятаю.

— Памятаеце, як доктар Паран вас усыпіў?

— Памятаю.

— Дык вось, ён загадаў, каб вы прыйшлі сёння раніцай пазычыць у мяне пяць тысяч франкаў, і ў гэты момант вы дзейнічаеце пад гіпнозам.

Яна трошкі падумала і адказала:

— Але гэтыя грошы патрэбныя майму мужу.

Цэлую гадзіну я спрабаваў яе пераканаць, але не здолеў.

Калі яна пайшла, я пабег да доктара. Ён выйшаў да мяне і выслухаў з усмешкай. Пасля спытаўся:

— Цяпер вы верыце?

— Напэўна, веру.

— Хадземце да вашай кузіны.

Яна, стомленая, драмала ў шэзлонгу. Лекар намацаў пульс, паднёс руку да яе вачэй і нейкі час глядзеў на яе. Яна павольна заплюшчыла вочы, скарыўшыся непераможнай магнетычнай сіле.

Як толькі яна заснула, доктар сказаў:

— Вашаму мужу больш не патрэбныя пяць тысяч франкаў. Забудзьцеся, што прасілі вашага кузена пазычыць іх, а калі ён вам пра гэта нагадае, вы нічога не зразумееце.

Пасля ён абудзіў яе. Я выцягнуў з кішэні бумажнік:

— Вось, мая дарагая кузіна, тое, што вы ў мяне прасілі сёння раніцай.

Яна так здзівілася, што я не наважыўся настойваць. І ўсё ж я паспрабаваў нагадаць ёй пра яе просьбу, але яна ўпарта адмаўляла, думаючы, што я з яе насміхаюся, і ўрэшце ледзь не раззлавалася.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Вось. Я толькі што вярнуўся ў гатэль, але не магу нават есці — так уразіў мяне гэты эксперымент.


19 ліпеня. — Шмат хто з тых, каму я расказаў пра гэтае здарэнне, смяяліся з мяне. Я ўжо нават не ведаю, што падумаць. Як сказаў мудрэц: «Можа быць?»


21 ліпеня. — Я павячэраў у Бужывалі, пасля прабавіў вечар на балі весляроў. І праўда, усё залежыць ад месца і асяроддзя. Верыць у звышнатуральнае на выспе Грэнуйер было б самым дзікім вар'яцтвам... А на вяршыні гары Сэн-Мішэль?.. А ў Індыі? Усё тое, што нас акаляе, робіць на нас велізарны ўплыў. Наступным тыднем я вяртаюся дамоў.


30 ліпеня. — Учора я вярнуўся дамоў. Усё ў парадку.


2 жніўня. — Нічога новага. Стаіць пагода. Цэлымі днямі я баўлюся тым, што гляджу, як цячэ Сена.


4 жніўня. — Мае слугі пасварыліся між сабою. Яны сцвярджаюць, што ўночы нехта б'е шклянкі ў шафах. Камердынер вінаваціць кухарку, тая вінаваціць касталянку, а гэтая вінаваціць абаіх. Хто вінаваты? Ды хіба ж разбярэшся?


6 жніўня. — Гэтым разам я не вар'ят. Я бачыў... Бачыў! Нельга больш сумнявацца... я бачыў! Яшчэ і цяпер холад праймае мяне да кончыкаў пальцаў... яшчэ і цяпер я дрыжу ад страху... я бачыў!

А другой гадзіне, сярод белага дня, я гуляў у сваім ружоўніку... Я ішоў абсадамі асенніх ружаў, якія пачыналі расцвітаць.

Я спыніўся, каб паглядзець на «Асілка бітваў», на якім красаваліся тры надзвычай прыгожыя кветкі, і выразна ўбачыў, як зусім побач са мной сцябло адной кветкі сагнулася, быццам сціснутае нябачнай рукой, і зламалася, быццам тая рука яго адшчыкнула. Кветка ўзнялася ў паветра, апісала крывую, быццам нябачная рука паднесла яе да твару, і павісла ў празрыстым паветры нерухомай жахлівай чырвонай плямай перад самым маім тварам.

Без памяці, я кінуўся, каб схапіць яе! Але я нічога не схапіў — яна знікла. І тады я страшэнна раззлаваўся сам на сябе, бо хіба ж можна, каб разумны і сур'ёзны чалавек меў такія галюцынацыі.

Але ці была гэта галюцынацыя? Я павярнуўся і стаў шукаць сцябло — хутка я знайшоў: паміж дзвюх кветак, што засталіся на кусце, тырчаў канец толькі што абламанай сцябліны.

Дамоў я вярнуўся ашаломлены. Бо цяпер я веру, гэтаксама веру, як і ў тое, што дзень змяняе ноч, — побач са мною жыве нейкая нябачная істота, якая корміцца малаком і вадой, якая можа дакранацца да рэчаў, браць іх, перасоўваць з месца на месца. Такім чынам, істота гэтая з натуры сваёй матэрыяльная, хоць і недаступная нашым пачуццям. І жыве яна пад адным дахам са мною...


7 жніўня. — Я спаў спакойна. ЁН выпіў ваду з графіна, але не турбаваў майго сну.

Звар'яцеў я ці не? Толькі што я гуляў уздоўж рэчкі, ярка свяціла сонца. І мяне пачалі браць сумненні наконт майго розуму — не тыя няясныя сумненні, як раней, але сапраўдныя, сур'ёзныя. Я бачыў розных вар'ятаў. Ведаў і такіх, што заставаліся разумныя, разважлівыя і нават прадбачлівыя ва ўсіх выпадках акрамя аднаго. Яны маглі ясна, умела, з развагай гаварыць на любую тэму, але раптоўна іх розум, быццам натрапіўшы на рыфы вар'яцтва, разбіваўся, рассыпаўся на кавалкі і патанаў у тым страшным, раз'юшаным акіяне, поўным імклівых хваляў, туманаў і вятроў, імя якому — шаленства.

І я без сумненняў лічыў бы сябе вар'ятам, каб не разумеў, не ведаў дакладна свайго стану, не вывучаў яго, не аналізаваў яго пры поўнай памяці. Значыць, усё гэта — толькі галюцынацыі зусім здаровага ў разумовым плане чалавека. Мозг мой напэўна пашкоджаны нейкім невядомым парушэннем — сучасныя фізіёлагі спрабуюць вызначыць і вывучыць гэтыя з'явы. І з-за гэтага парушэння ў маім розуме, у лагічным парадку думак узнікла глыбокая расколіна. Падобныя рэчы здараюцца падчас сну, калі перад намі паўстаюць самыя неверагодныя фантасмагорыі, і мы з іх нават не дзівімся, бо наш спраўджальны апарат, пачуццё кантролю, таксама спіць, а ўяўляльныя механізмы прадаўжаюць працаваць. Хіба не можа быць, каб адна з непрыкметных клавішаў клавіятуры майго мозга спаралізавалася? Часам людзі з прычыны няшчасных выпадкаў трацяць памяць на імёны, або на дзеясловы, або на лічбы, ці на даты. Сёння ўжо даказана, што кожны від разумовай дзейнасці злакалізаваны на пэўным участку мозга. І таму няма ніякага дзіва, што мая здольнасць кантраляваць нерэальнасць некаторых галюцынацый на нейкі час прытупілася.

Я думаў пра ўсё гэта, пакуль ішоў уздоўж берага. Сонца напаўняла ззяннем раку, упрыгожвала зямлю навокал, выклікала ў маёй душы замілаванасць жыццём, ластаўкамі, спрыт якіх радуе вока, травамі на беразе, шапаценне якіх — асалода вушам.

Але памалу мяне апаноўвала нейкая незразумелая няёмкасць. Здавалася, нейкая незямная сіла скоўвае, стрымлівае мяне, не дае ісці далей, кліча мяне назад. Я адчуваў пякучую патрэбу вярнуцца — такое самае пачуццё мае той, хто пакінуў дома хворага, вельмі яму дарагога, і раптам адчувае пагоршанне яго стану.

Так я і вярнуўся дамоў насуперак сваёй волі. Я быў упэўнены, што тут мяне чакае якая-небудзь дрэнная навіна, ліст ці тэлеграма. Але нічога не было, і я здзівіўся і ўсхваляваўся больш, чым калі б зноў убачыў нейкую фантастычную галюцынацыю.


8 жніўня. — Учора быў страшны вечар. ЁН больш не з'яўляецца, але я адчуваю, што ён недзе побач, пільнуе мяне, глядзіць на мяне, уваходзіць у мяне, авалодвае мною. Схаваны гэтак, ён яшчэ страшнейшы, чым тады, калі нагадвае пра сваю нябачную і заўсёдную прысутнасць звышнатуральнымі праявамі. Зрэшты, я заснуў.


9 жніўня. — Нічога. Але мне страшна.


10 жніўня. — Нічога. Што чакае мяне заўтра?


11 жніўня. — Зноў нічога. Я не магу больш заставацца дома з гэтым страхам і гэтымі думкамі, што ўвайшлі ў маю душу. Я ад'язджаю.


12 жніўня. — Дзесятая гадзіна ўвечары. Увесь дзень я выбіраўся паехаць і не здолеў. Я хацеў выканаць гэты такі просты акт свабоды — выйсці, сесці ў экіпаж і паехаць у Руан — і не здолеў. Чаму?


13 жніўня. — Некаторыя хваробы дзейнічаюць на чалавека такім чынам, што ўся яго псіхічная і фізічная энергія вычэрпваецца, мышцы слабнуць, косці робяцца мяккія, як плоць, а плоць становіцца вадою. Са здзіўленнем і роспаччу я адчуваю ўсё гэта ў сабе. Я не маю больш ніякай сілы, адвагі, я не валодаю сабою, не магу кіраваць сваёй воляй. Я больш не ўмею хацець — нехта хоча замест мяне, і я падпарадкоўваюся.


14 жніўня. — Мне канец! Нехта валодае маёй душой і загадвае ёй! Нехта кіруе ўсімі маімі ўчынкамі, рухамі, думкамі. Я ўжо не належу сам сабе, я толькі пакорліва і спалохана гляджу на ўсё тое, што раблю. Я хачу паехаць — і не магу. ЁН не хоча — і я ашалелы застаюся сядзець у фатэлі, ён прымушае мяне. Я хачу аднаго — устаць, прыўзняцца, каб толькі ўпэўніцца ў сабе. Але я не магу! Мяне нібы прыкулі да фатэля, а яго — прыклеілі да падлогі так, што ніякая сіла нас не адарве.

Пасля раптам я павінен, ПАВІНЕН ісці ў дальні куток саду, збіраць трускаўкі і есці іх. І я іду. Збіраю трускаўкі і ем іх! О, Божа! Божа мой! Ці ёсць Бог? Калі ёсць — хай вызваліць мяне! Хай ратуе мяне! Даруе мне! Злітуецца! Выратуе! О! Якія пакуты! Які жах!


15 жніўня. — Пэўна, у такім самым стане была мая кузіна, калі яна прыйшла да мяне пазычыць пяць тысяч франкаў. У яе ўвайшла чужая воля, нібы другая душа, паразітычная і ўладарная. Ці, можа, ужо настае канец свету?

Але які ж ён, гэты нябачны, непазнавальны бадзяка з пароды звышнатуральных, што мною кіруе?

Значыць, нябачнікі існуюць! Тады чаму яны ніколі яшчэ, як створаны свет, нікому не з'яўляліся гэтак ясна, як мне? Я ніколі не чытаў нічога, што нагадвала б тое, што адбылося ў маім доме. О, каб я толькі мог яго пакінуць, каб я мог пайсці адсюль, уцячы і не вярнуцца. Я б уратаваўся, але я не магу.


16 жніўня. — Сёння я здолеў вырвацца ад яго на дзве гадзіны, як вязень, які выпадкова заўважае, што дзверы ў яго камеры адчыненыя. Раптам я адчуў, што я вольны, а ЁН недзе далёка. Я загадаў хутка запрэгчы коней і паехаў у Руан. О, якое шчасце, калі можна некаму загадаць: «У Руан!» — і цябе паслухаюць!

Я заехаў у бібліятэку і папрасіў, каб мне далі вялікі трактат доктара Гэрмана Гэрэстаўса пра невядомых насельнікаў старажытнага і сучаснага свету.

Пасля, калі я садзіўся ў экіпаж, я хацеў сказаць: «На вакзал!», але замест гэтага крыкнуў, не сказаў, а крыкнуў так моцна, што ўсе, хто праходзіў міма, азірнуліся: «Дамоў!» — і ўпаў, знямеўшы ад страху, на сядзенне ў экіпажы. ЁН знайшоў мяне і зноў запанаваў нада мною.


17 жніўня. — Ах, якая ноч! Якая ноч! Мне здаецца, я магу парадавацца — я чытаў аж да першай гадзіны ночы! Гэрман Гэрэстаўс, доктар філасофіі і тэагоніі, апісаў гісторыю і праявы дзейнасці ўсіх нябачных істот, якія блукаюць наўкола наяве ці ў марах. Ён апісвае іх паходжанне, іх уладанні, іх магутнасць. Але ніводная з іх не падобная да таго, хто не дае мне жыць. Здаецца, у чалавека з таго часу, як ён навучыўся думаць, нарадзілася прадчуванне і страх перад новай істотай, дужэйшай за яго, якая станецца яго спадкаемцам на гэтым свеце. Адчуваючы набліжэнне гэтае істоты, але не могучы прадбачыць яе прыроды, чалавек стварыў пад уплывам страху таямнічы свет фантастычных істотаў, няясных зданяў, спароджаных жахам.

І вось, скончыўшы чытаць а першай гадзіне ўначы, я сеў каля адчыненага акна, каб асвяжыць твар і думкі пад ціхім ветрыкам, што дзьмуў з начной цемры.

Было цёпла і ціха! Як бы я радаваўся гэткай ночы ў ранейшыя часы!

Месяца не было. У глыбіні чорнага неба дрыготка зіхацелі зоркі. Хто на іх жыве? Якія там краявіды, жывыя істоты, жывёлы, расліны? Ці ведаюць жыхары тых далёкіх сусветаў больш за нас? Ці могуць яны тое, што мы не можам? Ці бачаць яны нешта такое, пра што мы не ведаем? Можа, калі-небудзь хтосьці з іх праляціць праз космас, высадзіцца на нашай Зямлі і заваюе яе, як некалі нарманы пераплылі праз мора і заняволілі слабейшыя за іх народы.

Мы такія слабыя, бяззбройныя, недасведчаныя і маленькія на нашай планеце, на гэтым зярнятку бруду, разведзеным у кропельцы вады.

З гэткімі думкамі я і заснуў пад свежым начным ветрыкам.

Аднак, паспаўшы хвілін сорак, я расплюшчыў вочы. Нейкае невядомае, няяснае і незвычайнае пачуццё абудзіла мяне. Спачатку я нічога не ўбачыў, пасля мне раптам здалося, што ў кнізе, што засталася разгорнутая на стале, сама па сабе перагарнулася старонка. Я здзівіўся і стаў чакаць. Хвіліны праз чатыры я ўбачыў на свае вочы, як наступная старонка паднялася і адкінулася на папярэднюю, нібы перагорнутая нябачным пальцам. Мой фатэль быў пусты ці здаваўся пустым. Але я зразумеў, што ЁН быў там, сядзеў у маім фатэлі і чытаў. Адным шалёным скачком, як скача раз'юшаны звер, кідаючыся на свайго ўтаймавальніка, я пераскочыў праз увесь пакой, каб схапіць яго, задушыць, забіць!.. Але калі я ўжо быў побач з фатэлем, ён раптам упаў, быццам нехта ўцёк у мяне з-пад носа... Стол пахіснуўся, лямпа ўпала і патухла. Акно раптам зачынілася, быццам нейкі злачынец скокнуў у ноч, бразнуўшы аканіцамі.

Значыць, ён уцёк, ён спалохаўся мяне! Дык... тады... заўтра ці калі-небудзь я здолею схапіць яго і задушыць! Ці ж часам сабакі не кусаюць і не душаць сваіх гаспадароў?


18 жніўня. — Я марыў увесь дзень. Добра, я буду яго слухацца, падпарадкоўвацца яго загадам, выконваць усе яго жаданні, прыніжацца, паддавацца, выдыгаць перад ім. Ён мацнейшы. Але прыйдзе час...


19 жніўня. — Я ведаю... ведаю... я ўсё ведаю! Толькі што я прачытаў наступнае ў «Аглядзе навуковага свету»:

«З Рыо-дэ-Жанейра нам даслалі даволі цікавае паведамленне. Шаленства, нават цэлая эпідэмія шаленства, якую можна параўнаць з тымі хвалямі ўсеагульнага шаленства, што ў сярэднявеччы абрыналіся на эўрапейскія народы, лютуе цяпер у правінцыі Сан-Паўла. Людзі ў роспачы пакідаюць жытло, сходзяць з вёсак, развітваюцца са сваімі палямі. Яны кажуць, што за імі гоняцца, валодаюць імі, кіруюць, нібы жывёлай, нейкія нябачныя, але адчувальныя на дотык істоты, нейкія вампіры, што патроху адбіраюць у людзей жыццё, пакуль тыя спяць. Апроч гэтага яны п'юць ваду і малако і, здаецца, не цікавяцца ніякай іншай ежай.

Пан прафесар Дон Пэдра Энрыкес, а разам з ім некаторыя іншыя вучоныя-медыкі, накіраваўся ў правінцыю Сан-Паўла, каб даследаваць на месцы прычыны і праявы гэтага дзіўнага шаленства і прапанаваць імператару захады, якія, на думку прафесара, дапамаглі б заклікаць да развагі насельніцтва, ахопленае хваробай».

А! А! Я памятаю, памятаю той прыгожы бразільскі трохмачтавік, што праплыў 8 траўня міма маіх вокнаў, паднімаючыся на Сене! Ён здаўся мне такім прыгожым, такім белым, такім вясёлым! ГЭТЫ быў там, ён прыплыў адтуль, дзе з'явіўся яго род! Ён мяне ўбачыў! Ён убачыў таксама мой белы дом і скочыў з карабля на бераг. О, Божа!

Цяпер я ведаю, я здагадваюся. Панаванню чалавека настаў канец.

Ён прыйшоў, Той, каго баяліся старажытныя людзі, Той, каго закліналі неспакойныя святары, каго цёмнымі начамі выклікалі ведзьмакі, ніколі яго не бачачы. Той, каму фантазія часовых гаспадароў Зямлі надавала найпачварнейшыя або, наадварот, найпрывабнейшыя формы гномаў, духаў, геніяў, феяў, дамавікоў. У адрозненне ад грубых паняццяў, народжаных жывёльным страхам, празорлівыя людзі ўяўлялі яго больш выразна. Яго разгадаў Мэсмэр, і ўжо дзесяць гадоў таму медыкі дакладна вызначылі прыроду яго магутнасці, перш чым ён сам яе выявіў. Яны гулялі са зброяй Новага Ўладара, з панаваннем таямнічай волі над заняволенай чалавечай душой. Яны назвалі гэта магнетызмам, гіпнатызмам, сугестыяй... ці як там. Я бачыў, як яны забаўляліся, нібы неасцярожныя дзеці, з гэтай страшнай сілай! Гора нам! Гора людзям! Ён прыйшоў, гэты, як жа ён завецца... гэты... мне здаецца, ён крычыць сваё імя, але я не чую... ага, ён крычыць, я слухаю... я не магу... паўтары... Тамтэй... Я пачуў: Тамтэй... гэта ён... Тамтэй... ён прыйшоў!

О, гора! Каршун упаляваў голуба, воўк з'еў авечку, леў зжор вастрарогага буйвала, чалавек забіў льва стралою, мячом, порахам. Але чалавек зробіцца Тамтэю тым, чым зрабіліся нам конь ці бык: яго майном, яго служкам і яго жыўленнем, праз магутнасць яго волі. Гора нам!


Аднак часам звер паўстае і забівае свайго ўтаймавальніка... я таксама хачу... я здолею... Але трэба яго зведаць, убачыць, дакрануцца да яго! Вучоныя кажуць, што вочы жывёл, рознячыся ад нашых сваёй будовай, бачаць усё інакш... А мае вочы не могуць убачыць гэтага новага прыхадня, што мяне прыгнятае...

Чаму? О, цяпер мне згадваюцца словы манаха з гары Сэн-Мішэль: Ці ж бачым мы хоць бы стотысячную частку таго, што існуе вакол нас? Вось, прыкладам, вецер, наймагутнейшая сіла ў прыродзе, што збівае з ног людзей, бурыць дамы, вырывае з коранем дрэвы, узнімае ў моры вадзяныя слупы, валіць скалы і разбівае ўшчэнт вялікія караблі. Вецер забівае, свішча, стогне, раве, але ці бачылі вы яго, ці можаце вы яго ўбачыць? І аднак ён існуе!

Я яшчэ думаў: мой зрок такі слабы, такі недасканалы, што зусім не ўспрымае цвёрдых рэчываў, калі яны празрыстыя, як шкло!.. Калі на маім шляху будзе стаяць вялікая шыбіна, я дамся аб яе, як птушка, што заляцела ў пакой і б'ецца галавой у шыбы. Дый колькі яшчэ ўсяго, што падманвае наш зрок, збівае з тропу. Ці ж дзіва, што я не магу заўважыць нейкае новае цела, праз якое свабодна праходзіць святло.

Новая істота! А чаму не? Яна абавязкова павінна была прыйсці! Не мы ж апошнія на Зямлі! Мы не заўважаем гэтай істоты, якне заўважалі яе і тыя, хто жыў да нас. Справа ў тым, што яе прырода больш дасканалая, яе цела больш складанае і далікатнае, чым нашае, такое слабое, так нязграбна створанае, абцяжаранае органамі, якія заўсёды стамляюцца, заўсёды хібяць, заўсёды псуюцца, як старыя рысоры. Наша цела жыве, як расліна, як жывёла, яно з цяжкасцю жывіцца паветрам, травой, мясам, яно — жывы механізм, падуладны хваробам, нявечанням, гніенню, дрэнна адладжаны, наіўны і дзіўны, ненатуральна няўдалы. Наш арганізм — нязграбнае вытанчанае стварэнне, чарнавы эскіз нейкай разумнейшай і дасканалай істоты.

Нас так мала на гэтым свеце, пачынаючы ад вустрыцы і канчаючы чалавекам. Дык чаму не можа з'явіцца яшчэ адна істота, калі прайшоў час, дастатковы для з'яўлення новага віду?

Чаму ж не можа з'явіцца яшчэ адна істота? Чаму ж не могуць з'явіцца новыя, зусім іншыя дрэвы з вялізнымі кветкамі, якія б ззялі і поўнілі пахам цэлыя краіны? Чаму б не з'явіцца новым рэчывам апроч агню, паветра, зямлі і вады? Іх чатыры, усяго толькі чатыры, гэтых жыццядайных пачаткаў усяго існага! Як шкада, што іх не сорак, не чатырыста, не чатыры тысячы! Якое ўсё навокал беднае, нікчэмнае, убогае, скупа дадзенае, абыякава прыдуманае, з цяжкасцю зробленае! Во — слон, гіпапатам — якая грацыя! Вярблюд — якая элегантнасць!

Вы спытаецеся: а матылёк? Жывая кветка, якая лётае. Але я ўяўляю матылька велічынёй з сотню сусветаў, з крыламі, што я не магу нават выказаць іх формы, прыгажосці, колеру, руху. Але я яго бачу... ён лётае між зорак, агортваючы іх свежасцю і духмянасцю. А людзі там, угары, глядзяць на яго з замілаваннем і захапленнем!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Што са мною робіцца? Гэта ён, ён, Тамтэй, ён гняце мяне, ён падказвае мне гэтыя вар'яцкія думкі! Ён ува мне, ён робіцца маёй душой. Я заб'ю яго!


19 жніўня. — Я заб'ю яго! Я яго бачыў! Учора я сеў за стол і прыкінуўся, што нешта вельмі ўважліва пішу. Я ведаў, што ён будзе хадзіць вакол мяне, зусім побач, так блізка, што можна будзе памацаць, схапіць яго. І тады... тады ў безнадзейнай роспачы я збяру ўсю сваю моц і рукамі, каленямі, грудзямі, ілбом, зубамі я задушу яго, расцісну, увап'юся ў яго, раздзяру на шматкі.

Я пільнаваў яго, напружыўшы да немагчымага ўсе пачуцці.

Я запаліў быў дзве лямпы і восем свечак, быццам спадзеючыся хутчэй яго заўважыць у гэткай светласці.

Проста перада мной стаіць мой стары дубовы ложак, справа — камін, злева — дзверы, якія я шчыльна замкнуў, патрымаўшы доўгі час адчыненыя, каб завабіць яго. Ззаду — высачэзная шафа з люстрам, перад якім я кожнага дня галюся, адзяюся і ў якім я разглядваю сябе з галавы да ног кожнага разу, калі я яго мінаю.

Так я і сядзеў, прыкідваючыся, што пішу, каб увесці яго ў зман, бо ён таксама сачыў за мною. І раптам я адчуў, я быў упэўнены, што ён чытае з-за майго пляча, што ён там, побач з маім вухам.

Я ўскочыў, выставіўшы рукі, і павярнуўся так хутка, што ледзь не ўпаў. І што? Было светла, як удзень, але я не ўбачыў сябе ў люстры! Яно было пустое, яснае, глыбокае, поўнае святла! Мяне там не было, хоць я стаяў насупраць! Я глядзеў, вытрашчыўшы вочы, на чыстае шкло і баяўся падысці бліжэй. Я баяўся паварушыцца, хоць і адчуваў, што ён недзе тут, што ён зноў уцячэ, той, чыё нябачнае цела паглынула маё адлюстраванне.

Я так напалохаўся! Пасля раптам я ўбачыў сябе ў глыбіні люстра, але няясна, нібы ў тумане, нібы праз слой вады, і мне здавалася, што гэтая вада павольна цячэ злева направа — з кожнай секундай адлюстраванне рабілася выразнейшае. Зацьменне канчалася. Тое, што мяне засланяла, здаецца, не мела выразных контураў, гэта была нейкая празрыстая непразрыстасць, якая паволі прасвятлялася.

Урэшце я зноў убачыў усяго сябе, як кожнага дня, калі гляджуся ў люстра.

Я яго бачыў! Я так напалохаўся, што і цяпер яшчэ дрыжу.


20 жніўня. — Забіць яго! Але як? Я ж не магу яго схапіць. Атрута? Але ён убачыць, як я кладу яе ў ваду. І яшчэ: ці нашыя яды здолеюць пашкодзіць яму? Не, вядома ж, не... Тады... што ж тады?..


21 жніўня. — Я выклікаў з Руана слесара і заказаў яму металічныя жалюзі на вокны майго пакоя, якраз такія, якія можна бачыць у Парыжы на вокнах першых паверхаў прыватных гатэляў, якімі бароняцца ад зладзеяў. Апроч гэтага ён зробіць такія самыя яшчэ і на дзверы. Я здаўся яму баязліўцам, але мне на гэта напляваць!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

10 верасня. — Руан, гатэль «Кантыненталь». Гатова... гатова, але ці ён памёр? Тое, што я ўбачыў, перавярнула мне душу.

Значыць, так. Учора, калі слесар паставіў жалюзі і жалезныя дзверы, я пакінуў іх адчыненыя да апоўначы. Пачало рабіцца халодна.

Раптам я адчуў, што ён тут, і мяне ахапіла шалёная радасць. Я павольна падняўся і пачаў хадзіць з кута ў кут. Хадзіў я наўмысна доўга, каб ён ні пра што не здагадаўся. Пасля я зняў чаравікі і абуў старыя пантофлі. Тады я зачыніў жалюзі і, спакойна падышоўшы да дзвярэй, замкнуў іх на два абароты. Вярнуўшыся да вокнаў, я зачыніў іх яшчэ на замок і паклаў ключы ў кішэню.

І раптам я зразумеў, што ён круціцца недзе вакол мяне, што ён таксама баіцца, што ён загадвае, каб я яму адчыніў. Я ледзь не саступіў, але не саступіў, а, прыціснуўшыся да дзвярэй, трошкі прачыніў іх якраз настолькі, каб праскочыць самому. Я быў перакананы, што ён не паспеў праслізнуць разам са мною. Я зачыніў яго ў пакоі. Якое шчасце! Ён быў у маіх руках! Я збег па сходах у салон, што пад маім пакоем, узяў абедзве лямпы і выліў з іх увесь алей на дыван, на мэблю, паўсюль. Пасля я падпаліў і ўцёк, добра зачыніўшы вялікія ўваходныя дзверы.

Я схаваўся ў глыбіні саду, у зарасніку лаўру. Чакаць давялося так доўга! Я пачаў ужо думаць, што агонь патух сам або ён яго патушыў. І тут раптам адно акно на першым паверсе лопнула пад націскам пажару, і полымя, вялікае чырвона-жоўтае, доўгае, мяккае, пяшчотнае полымя ўзнялося ўздоўж белага муру аж да даху і пачало цалаваць яго. Па дрэвах, па галінах, па лісці прабеглі водбліскі полымя і дрыжыкі страху. Птушкі прачнуліся, сабака пачаў выць. Здавалася, што пачынае днець! Выбухнулі яшчэ два акны, і я ўбачыў, што ніжняя частка майго дома ператварылася ў вялізнае, страшнае вогнішча. І тут начную цішыню разарваў жахлівы, немы, прарэзлівы жаночы крык, і расчыніліся дзве мансарды. Я забыўся пра маіх слуг! Я бачыў іх ашалелыя твары, яны махалі рукамі!..

І тады, ашалеўшы ад страху, я кінуўся бегчы ў вёску з крыкам: «Ратуйце! Ратуйце! Пажар! Пажар!» Па дарозе я сустрэў людзей, якія ўжо беглі сюды. Я пабег разам з імі, каб паглядзець!

Цяпер дом мой быў ужо страшным і раскошным вогнішчам, пачварным вогнішчам, што асвятляла ўсю зямлю, вогнішчам, дзе гарэлі людзі, але дзе гарэў таксама і ЁН, ЁН, мой вязень, Новая Істота, Новы Гаспадар, Тамтэй!

Раптам увесь дах праваліўся, і цэлы вулкан полымя пыхнуў аж да неба. Праз вокны я бачыў вогненнае пекла і думаў, што ён там, што ён згарэў...

Згарэў? Можа быць... Але яго цела? Цела, праз якое свабодна праходзіць святло, ці можна яго знішчыць тымі самымі сродкамі, што і нашае?

А калі ён не памёр? Што, калі гэтая нябачная і страшная істота падуладная толькі Часу? Чаго б было вартае гэтае нябачнае, непазнавальнае цела, цела Духу, калі б яно таксама баялася хваробаў, раненняў, немачаў, заўчаснага разбурэння?

Заўчаснае разбурэнне? Ад яго ідуць усе людскія страхі! Пасля чалавека прыйдзе Тамтэй. Пасля таго, хто можа памерці ў любы дзень, у любую гадзіну, у любую хвіліну, ад любога няшчаснага выпадку, прыйдзе той, які памрэ толькі ў вызначаны дзень, гадзіну, хвіліну, дайшоўшы крэсу свайго існавання!

Не... не... Ён не памёр... Тады... тады... тады памерці павінен я!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .


Пераклад: Сяргей Шупа

Каханне

(Тры старонкі з «Запісной кніжкі паляўнічага»)

Толькі што ў газетным «Аддзеле крымінальнай хронікі» я прачытаў пра адну любоўную драму. Спачатку ён застрэліў яе, потым застрэліўся сам, бо, ці бачыце, ён кахаў яе. Мне ўсё роўна, хто такія Ён і Яна. Мне мае значэнне толькі іх каханне; і цікавіць яно мяне зусім не таму, што яно расчуліла ці здзівіла, уразіла ці змусіла задумацца, а таму, што нагадала мне маё юнацтва, адно дзіўнае паляванне, калі мне ўпершыню паказалася Каханне так, як першым хрысціянам паказваўся крыж на небе.

Я нарадзіўся з усімі інстынктамі і адчуваннямі першабытнага чалавека, ураўнаважанымі розумам і пачуццямі чалавека цывілізаванага. Я апантана люблю паляванне, аднак, убачыўшы падстрэленую жывёліну, кроў на пёрах, кроў на сваіх руках, ледзь не млею.

У той год пад канец восені нечакана стукнулі маразы, і мой сваяк Карл дэ Равіль запрасіў мяне разам папаляваць на зары на качак на балоце.

Сваяк — саракагадовы балака, рыжы, магутны, пышнабароды, жыццярадасны вясковы дабрадзей, надораны той гальскай кемнасцю, якая і неўдалі надае прывабнасць, жыў у маёнтку — нешта падобнае на ферму і замак — у прасторнай лагчыне, якую перасякала рака. Абапал лагчыны справа і злева ляжалі ўзгоркі, зарослыя лесам, — глухія пракаветныя нетры, дзе захаваліся выключныя пароды дрэў і сялілася самае рэдкае, дзікае птаства, якое траплялася толькі ў гэтым раёне Францыі. Бывалі выпадкі, што там падстрэльвалі нават арлоў, а пералётныя птушкі — з тых, што амаль ніколі не завітваюць у нашы задужа людныя мясціны, — амаль заўсёды прыпыняліся ў адвечным нерушы, як быццам яны загадзя ведалі ці выведвалі пра той вячысты лясны куточак, які існаваў дзеля іх прытулку на час кароткага начнога адпачынку.

Лагчына — вялікія разгароджаныя выганы з арашальнымі канальчыкамі; потым рака, суднаходная да гэтай мясціны, трохі воддаль разлівалася, ператваралася ў разлеглае балота. Гэтае балота — самы дзівосны для палявання кут, які мне выпадала бачыць, — было галоўным клопатам майго сваяка: ён даглядаў яго, як парк. Бязмежныя зараслі трыснягу, якія ўкрывалі балота і ажыўлялі яго, рабілі шалахлівым і трывожным, праціналі вузкія прасекі для пласкадонак, і лодкі, папіханыя і кіраваныя шастамі, бязгучна слізгалі па нерухомай вадзе, краталі чарот, пудзілі рыбу, якая кідалася ў бакі скрозь вадзяную траву, ды ныркоў: іх чорныя, вострыя галоўкі тады раптоўна знікалі пад вадою.

Я неймаверна люблю ваду: люблю мора, хоць яно і занадта вялізнае, занадта варушкое, непадуладнае нікому; люблю рэкі, такія павабныя — і непастойныя, плынныя, нястрымныя; асабліва да душы мне балоты, дзе трапечацца няўцямнае жыццё-быццё ўсёй вадзяной жыўнасці. Балота — гэта цэлы свет на сушы, свет адметны, з сваім жыццём, з сваімі аседлымі жыхарамі і пералётнымі вандроўнікамі, з сваёю моваю, а болей за ўсё — з сваёй таямніцай. Іншым разам нішто не хвалюе, не трывожыць, не страшыць гэтак, як дрыгва. Адкуль жа ідзе ён, той страх, які лунае над гэтымі нізіннымі абшарамі, залітымі вадою? Ці ад незразумелага шамацення трыснягу, ці ад дзіўных блудлівых агнёў, ці ад глыбознай цішы, якая агортвае балоты ў бязветраныя ночы, ці ад вусцішных туманоў, што сунуцца па чароце, быццам нябожчыцкі саван, ці ад няўлоўнага пахлюпвання, лёгкага-лёгкага, лагоднага-лагоднага, але часам яно жахае мацней, чым гарматны стрэл або нябесны гром, і ператварае балоты ў прывідныя, страшныя краіны з затоенай неспасцігальнай і грознай тайнай.

Не. Другое нешта вее ад балота, другая, глыбейшая і большая таямніца трапечацца ў густых туманах: таямніца самога першастварэння, магчыма! Бо хіба ж не ў стаячай, перамяшанай з ілам вадзе, не ў цяжкай волкасці твані пад промнямі сонца зачынаецца, выспявае, просіцца на свет зародак жыцця?

Я прыехаў да сваяка вечарам. Стаяў люты мароз.

Мы вячэралі ў вялікай зале, дзе ўсюды — і на буфетах, і на сценах, і на столі — красавалася мноства чучалаў разнастайных птушак, якія то быццам ляцелі, развінуўшы крылы, то сядзелі на прыбітым цвікамі голлі, — ястрабы-перапёлачнікі, чаплі, совы, лелякі, коршакі, шулякі, грыфы, сокалы; сваяк, які ў жакеце з цюленевай шкуры і сам змахваў на нейкую дзіўную паўночную жывёліну, расказваў, як ён падрыхтаваўся, каб нам папаляваць у гатую ж ноч.

Мы павінны рушыць а палове чацвёртай ранкам, каб а палове пятай быць на месцы, абраным для нашай засады. Там з брусоў лёду ўжо складзены будан, у якім хоць трохі можна будзе затуліцца ад жахлівага ветру, які ўсчынаецца на золку і пілой упіваецца ў цела, рэжа нажамі, коле атрутнымі іголкамі, скручвае вяроўкамі і пячэ агнём.

Сваяк цёр рукі.

— Ну і халадэча! Такой не было яшчэ на маёй памяці, — дзіваваўся ён. — А шостай вечара было ўжо дванаццаць градусаў марозу!

Пасля вячэры я пайшоў спаць і неўзабаве папраўдзе заснуў, гледзячы на трапятанне вялікіх языкоў полымя ў каміне.

А трэцяй мяне пабудзілі. Я апрануў кажух і далучыўся да Карла, таксама апраненага ўжо ў мядзведжае футра. Мы выпілі па келіху шампанскага ды па шклянцы гарачай кавы і выйшлі на двор, дзе нас чакаў лоўчы з сабакамі Плёнжонам і П'еро.

Ужо з першых крокаў я адчуў, што мяне прабірае да касцей. У такія ночы сама зямля здаецца мёртвай ад холаду. Ледзяное паветра настолькі шчытнае, што ім балюча дыхаць; ніводнага павеву, усё навокал знерухомела, застыла; а мароз кусае, працінае, выпетрывае, знежыўляе дрэвы, расліны, насякомых, нават дробных птушак, якія падаюць з голля на скалелы дол і, як дол, калянеюць самі ў абдымках сцюжы.

Месяц у апошняй сваёй квадры ляжаў зусім на баку, бледны-бледны, быццам і ён паміраў там, у вышыні, такі знямоглы, што не мог нават скрануцца з месца, акаваны, спаралізаваны холадам нябеснай прасторы. Сухое, сумнае святло ішло ад яго на ўсё наваколле, тое нежывое, сіняватае святло, якое ён штомесяца пасылае зямлі перад канцом свайго адроджанага існавання.

Мы з Карлам ішлі побач, плячо ў плячо, згорбленыя, з рукамі ў кішэнях і са стрэльбамі пад пахамі. Паўзверх нашага абутку былі накручаны суконныя анучы, каб ногі не коўзаліся на рачным лёдзе, і мы ішлі зусім ціха; я глядзеў, як ад дыхання нашых сабак у паветра ўзнімалася белая пара.

Неўзабаве мы былі ўжо на ўскрайку балота і па адной з трысняговых прасек падаліся ў глыбіню яго сухіх невысокіх нетраў.

Ад чыркання локцямі па доўгім стужкападобным лісці ўтвараўся лёгкі шоргат, і мяне, як ніколі, моцна, раптоўна апанавала тое дзіўнае хваляванне, якое вечна выклікаюць у маёй душы балоты. Гэтае балота было мёртвае, мёртвае ад холаду, — мы ішлі па ім у самай гушчэчы ссохлых чаратоў.

На павароце прасекі нечакана вынік будан з лёду, прызначаны для нашага прытулку. Я ўвайшоў у будан; да абуджэння пералётных птушак мелася яшчэ амаль гадзіна часу, і я ўкруціўся ў коўдру, каб трохі сагрэцца.

Я ляжаў на спіне і скрозь цьмянае шкло сценаў свайго палярнага дома глядзеў на цяпер ужо чатырохрогі вышчарблены месяц.

Але стынь ад прамерзлага балота, стынь ад сцен будана, стынь, якая плыла з нябеснага скляпення, хутка праняла так жахліва, што я пачаў кашляць.

Гэта занепакоіла Карла.

— Такой бяды, калі паляванне сёння не ўдасца, — сказаў ён. — Не хапала яшчэ, каб ты прастудзіўся! Зараз раскладзём вогнішча.

І ён загадаў лоўчаму насячы трыснягу.

Трыснёг склалі ў кучу пасярод будана, а ў столі зрабілі дзірку на дым; і вось ужо высока ўгору шуганула чырвонае полымя, і светлыя крышталёвыя сцены пачалі паволі, паціху-паціху адтайваць, здавалася, на брусах лёду выступіў пот. Карл, які быў звонку, гукнуў мне:

— Гэй, хадзі глянь!

Я выйшаў і спыніўся, як заварожаны. Наш будан, які меў форму конуса, нагадваў вялізную зіхоткую перліну, якая неспадзеўна вырасла на замёрзлым балоце. У сярэдзіне варушыліся нейкія фантастычныя постаці: гэта каля агню грэліся нашы сабакі.

І тут да нас дапаў нейкі дзіўны, далёкі, пераменлівы крык. Наша вогнішча пабудзіла дзікіх птушак.

Нішто не ўражвае мяне так, як гэты першы вокліч жыцця, калі самую істоту яшчэ ўтойвае змрок, а прасцяг прашываецца пададзеным ёю голасам, які апавяшчае пра з'яўленне на гарызонце першых пробліскаў зімовага дня. У такую сцюдзёную досвіткавую часіну мне мроіцца, што крык, які імгліва праносяць над зямлёю птушыныя крылы, — гэта ўздых самой душы свету!

Карл сказаў:

— Тушыце вогнішча. Світае.

Неба напраўду святлела, і над намі доўгімі шпаркімі хмаркамі пацягнуліся чароды качак і таропка знікалі з відавоку.

Жмук агню працяў змрок: Карл стрэліў, і сабакі рынуліся шукаць здабычу.

І вось ужо напераменку, то Карл, то я, заўзята ўскідваем раз-пораз стрэльбы, як толькі над трыснягом з'яўлялася крылатая хмарка, а П'еро і Плёнжон узбуджана, задыхана нясуць нам апырсканую крывёю дзічыну, якая часта глядзела на нас яшчэ відушчым вокам.

Дзень займаўся ясны, блакітны; за ўзгоркамі ўставала сонца, і мы ўжо намерваліся вяртацца дадому, як тут нечакана проста на нас, выцягнуўшы шыі і растапырыўшы крылы, спікіравалі два чыркі. Я стрэліў. Адзін упаў мне амаль пад ногі. Гэта была качка-мандарынка з серабрыстым жыватом. А ў небе раздаўся адчайны крык. Жаласны, пакутны, нясцерпны крык ацалелай птушкі паўтарыўся ў падсіненым небе, і маленькая істота закружылася над намі, гледзячы на сваю мёртвую спадарожніцу, якую я падняў з долу.

Карл — на каленях, з упёртай у плячо стрэльбаю — з трывогаю сачыў за ёю, падчэкваў, каб яна падляцела бліжэй.

— Ты забіў самку, — растлумачыў ён, — самец ужо не паляціць адсюль.

І праўда, чырок не адлятаў; ён безупынна віўся і енчыў над намі. Ніколі яшчэ крык болю не рваў мне сэрца так, як няўцешны покліч, гаротнае нараканне гэтай абнядоленай, засмучанай крылатай істоты.

Часам качар кідаўся ў бок ад нацэленай на яго стрэльбы; здавалася, ён быў ужо гатовы ляцець далей адзін. Але ён так і не наважваўся на гэта і неўзабаве вяртаўся назад, шукаючы сваю сяброўку.

— Пакладзі качку на зямлю, — сказаў Карл, — тады ён падляціць бліжэй.

І праўда, чырок адразу ж кінуўся да яе, забыўшыся пра небяспеку, ашалелы ад сваёй птушынай любові да птушкі, якую я звёў са свету.

Карл стрэліў; было такое ўражанне, што знячэўку лопнула нябачная струна, якая падтрымлівала птушку ў небе. На маіх вачах чорны камячок крута сарваўся ўніз і з шумам упаў у трыснёг. П'еро прынёс птушку.

Я паклаў абодвух чыркоў, ужо халодных, у адзін падсумак... У той жа дзень я вярнуўся ў Парыж.


Пераклад: Ніна Мацяш

Вечар

Сяржант Варажу атрымаў тыдзень звальнення і паехаў да сваёй сястры пані Падуа. Варажу служыў у Рэне. Ён прамантачыў усе свае грошы і, пасварыўшыся з сям'ёй, напісаў сястры, што можа ахвяраваць дзеля яе вольным тыднем. Не сказаць, каб ён надта любіў пані Падуа, гэтую нізенькую, нудлівую, пабожную і заўсёды сярдзітую жанчыну, але яму былі вельмі патрэбныя грошы, і таму ён згадаў, што з усёй яго радні Падуа была адзіная, у каго ён яшчэ ніколі не вымагаў грошай.

Бацька Варажу, былы садоўнік у Анжэ, які цяпер ужо пакінуў працу, зачыніў свой кашалёк перад сынам-шыбенікам і таму не бачыў яго ўжо два гады. Яго дачка ўзяла шлюб з Падуа, былым служачым-фінансістам, калі той атрымаў пасаду збіральніка падаткаў у Ване.

І вось Варажу выйшаў з цягніка і, распытаўшы пра дарогу, накіраваўся да дома свайго швагра. Калі Варажу ўвайшоў у дом, пан Падуа быў якраз у сваім кабінеце і спрачаўся з брэтонскімі сялянамі. Убачыўшы Варажу, Падуа падняўся з крэсла, падаў яму руку над сталом, заваленым паперамі, і прамармытаў: «Сядайце, я праз хвіліну буду вольны». Ён сеў і прадоўжыў спрэчку.

Сяляне не разумелі нічога з яго тлумачэнняў, збіральнік падаткаў не разумеў іх доказаў. Ён гаварыў па-французску, яны — па-брэтонску, а клерк, што быў за перакладчыка, не разумеў, здаецца, ні яго, ні іх.

Гэта цягнулася вельмі доўга. Варажу паглядаў на свайго швагра і думаў: «Але ж ён і дурань!» Падуа было недзе каля пяцідзесяці, ён быў высокі, худы, кашчавы, павольны, аброслы валасамі. Яго калматыя выгнутыя бровы шапкамі віселі над вачыма. На галаве ў яго быў машастовы каўпак з залатым фэстонам. У яго позірку адбівалася млявасць, як і ва ўсім, што ён рабіў. Яго гаворка, рухі, думкі — усё было нейкае млявае. Варажу зноў падумаў: «Дурань!»

Сам жа ён быў гарласты скандаліст, якому найвялікшымі ўцехамі ў жыцці былі карчма і публічная дзеўка. Усё, што знаходзілася па-за межамі гэтых полюсаў існавання, было яму невядомае. Тлумлівы пустабрэх, поўны пагарды да ўсіх, ён пляваў на ўвесь сусвет з вышыні сваёй некультурнасці. Калі ён гаварыў: «Во гэта гулянка, каб яе халера!» — ён выказваў тым самым найвышэйшую ступень захаплення, на якую быў здатны яго розум.

Падуа нарэшце адправіў сваіх сялян і спытаўся:

— Як вы маецеся?

— Нічога, як бачыце. А вы?

— Няблага, дзякую. Добра, што вы вырашылі да нас завітаць.

— О, я ўжо даўно пра гэта марыў, але ж вы ведаеце, што ў войску не надта маеш свабоду.

— О, вядома, вядома, але ўсё адно вельмі добра.

— А ў Жазэфіны ўсё ў парадку?

— О, дзякую, у парадку, хутка вы яе ўбачыце.

— А дзе ж яна?

— Яна пайшла праведаць некаторых знаёмых. Тут у нас шмат знаёмых, і ўвогуле гэта вельмі прыстойны горад.

— Не сумняваюся.

Тым часам расчыніліся дзверы і з'явілася пані Падуа. Яна не спяшаючыся падышла да брата, падставіла яму шчаку і спыталася:

— Ты доўга тут чакаў?

— Не, недзе з паўгадзіны.

— А... а я думала, што цягнік спозніцца. Хадзем у салон.

Яны прайшлі ў суседні пакой, пакінуўшы Падуа сам-насам з яго лічбамі і падаткоўцамі.

Як толькі яны засталіся адны, пані Падуа сказала брату:

— Я тут шмат рознага чула пра цябе.

— І што ж ты, цікава, чула?

— Кажуць, што ты распусціўся, п'еш, улазіш у даўгі.

Ён састроіў здзіўленую міну:

— Я? Ніколі ў жыцці!

— Ну, не кажы, я ўсё роўна ведаю.

Ён яшчэ спрабаваў абараняцца, але яна заткнула яму рот такой суровай праборкай, што ён змоўк. Тады яна сказала:

— Мы вячэраем а шостай, і да гэтага часу ты вольны. Я не магу пабыць з табой, бо маю шмат працы.

Застаўшыся адзін, ён яшчэ вагаўся, не ведаючы, што выбраць — ці паспаць, ці пайсці прагуляцца. Ён паглядзеў на дзверы ў спальню, пасля на дзверы, што вялі на двор, і выбраў двор.

Ён выйшаў і пачаў бадзяцца з шабляй на баку па сумным брэтонскім мястэчку, такім сонным, такім ціхім, такім мёртвым на беразе затокі, што завецца Марб'ян. Ён пазіраў на шэрыя дамы, на рэдкіх прахожых, на пустыя вітрыны і казаў ціха сам сабе: «Не надта вясёлая мясціна. Чорт мяне сюды прынёс!»

Ён дайшоў да змрочнага порта, вярнуўся назад бязлюдным і пустым бульварам і калі ўвайшоў у дом, не было яшчэ пятае гадзіны. Ён кінуўся ў ложак, каб паваляцца да вячэры.

Яго пабудзіла пакаёўка. Яна пагрукала ў дзверы і сказала:

— Вячэра пададзена, пане...

Ён спусціўся ў салон.

У сырым пакоі, шпалеры ў якім паадклейваліся ўнізе каля падлогі, на круглым стале без абруса стаяла міса і тры талеркі.

Пані і пан Падуа ўвайшлі разам з Варажу.

Усе селі, муж і жонка перажагналі свае чэравы, і Падуа наліў усім тлустай поліўкі.

Пасля поліўкі падалі ялавічыну, такую тлустую, такую развараную, што яна распаўзалася. Сяржант жаваў яе павольна, стомлена, з агідай і злосцю.

Пані Падуа спыталася ў мужа:

— Ты пойдзеш сёння да пана Першага прэзідэнта?

— Пайду, дарагая.

— Не баўся доўга. Ты так кожны раз стамляешся, калі да некага ідзеш. Ты з тваім благім здароўем не створаны для свецкага жыцця.

І яна пачала гаварыць пра местачковае таварыства, пра цудоўнае таварыства, у якім з павагай прымалі пана і пані Падуа дзеля іх рэлігійных пачуццяў.

Пасля прынеслі яблычнае пюрэ і кілбасы, каб ушанаваць госця.

Потым быў сыр. На ім усё скончылася. Кавы не было.

Калі Варажу зразумеў, што будзе вымушаны гэты вечар заставацца з сястрою, выслухоўваць яе папрокі і вымовы, не маючы нават магчымасці прапусціць чарачку, ён адчуў, што не вытрымае гэткае пакуты, і заявіў, што яму трэба зайсці ў жандармерыю, каб уладзіць нейкія праблемы са звальненнем.

І як толькі прабіла сем гадзін, ён уцёк з дому.

Выскачыўшы на вуліцу, ён перш за ўсё абтросся, як сабака, што вылазіць з вады, буркочучы пад нос: «Але ж я і ўліп, чорт мяне бяры!»

І ён пачаў шукаць кавярню, найлепшую кавярню ў мястэчку. Ён знайшоў яе на плошчы, пад двума ліхтарамі. Увайшоўшы, ён убачыў пяць-шэсць чалавек, якія ціха пілі і размаўлялі за маленькімі столікамі. Два гульцы ў більярд хадзілі вакол стала з зялёным сукном, дзе качаліся і біліся адзін аб адзін шары.

Чуліся іх галасы: «Васемнаццаць, — дзевятнаццаць. — Не шанцуе. — О, добры ўдар! Выдатна! — Адзінаццаць. — Трэба было біць чырвоным. — Дваццаць. — Дванаццаць. А, што? Праўду казаў?»

Варажу папрасіў:

— Паўкубачка кавы і графін каньяку, найлепшага.

Ён сеў і стаў чакаць.

Варажу прызвычаіўся бавіць вольныя вечары з сябрамі, сярод гоману, у тытунёвым дыме, і таму гэтае зацішша, гэты спакой злавалі яго. Ён выпіў спачатку каву, пасля графін каньяку, пасля яшчэ адзін. І цяпер яму ўжо хацелася смяяцца, крычаць, спяваць, набіць каго-небудзь.

Ён сказаў сабе: «Чорт, быццам бы трохі падняўся настрой. Каб яшчэ дзе добра пагуляць!» І яму адразу ж прыйшла думка пайсці пазабаўляцца да дзевак.

Ён паклікаў гарсона:

— Гэй, афіцыянт!

— Слухаю пана.

— Скажыце, афіцыянт, дзе тут можна пазабаўляцца?

Гарсон здзіўлена паглядзеў на Варажу.

— Не ведаю, пане. Тут жа ж і можна!

— Як, тут? Што ж такое па-твойму «пазабаўляцца»?

— Не ведаю, пане, напэўна, выпіць добрага піва ці добрага віна.

— Дурань ты, а як жа паненкі?

— Паненкі? А...

— Ага, паненкі. Дзе іх можна тут знайсці?

— Паненак?

— Ды паненак, паненак!

Гарсон падышоў бліжэй і ціха спытаўся:

— Вы маеце на ўвазе, дзе знаходзіцца завядзенне?

— Ну але, каб ты ляснуўся!

— Пойдзеце проста, пасля павернеце ў другую вуліцу ўлева, а пасля ў першую ўправа. Нумар пятнаццаць.

— Дзякуй, стары. Гэта табе.

— Дзякую пану.

І Варажу выйшаў, паўтараючы: «Другая вуліца ўлева, першая ўправа, нумар пятнаццаць». Але праз хвіліну ён падумаў: «Другая ўлева, ну так, але калі я выйшаў з кавярні, трэба было ісці налева ці направа? А, халера з ім, там паглядзім».

Ён пайшоў, павярнуў у другую вуліцу направа, пасля ў першую налева і стаў шукаць нумар пятнаццаць. Дом нумар пятнаццаць з выгляду быў даволі прыстойны, праз зачыненыя аканіцы з вокнаў другога паверха прабівалася святло. Уваходныя дзверы былі адчыненыя, у калідоры гарэла лямпа. Сяржант падумаў: «Ну, гэта напэўна тут».

Ён увайшоў, але ніхто не сустракаў, і таму ён пачаў гукаць: «Гэй! Гэй!»

З'явілася маленькая пакаёўка. Заўважыўшы вайскоўца, яна спынілася здзіўленая. Ён сказаў ёй:

— Здароў, дзетка. Дамы наверсе?

— Наверсе, пане.

— У салоне?

— У салоне, пане.

— Мне застаецца толькі падняцца?

— Падняцца, пане.

— Дзверы насупраць?

— Насупраць, пане.

Ён падняўся, адчыніў дзверы і ўбачыў у пакоі, ярка асветленым дзвюма лямпамі, люстрай і дзвюма свечкамі ў кандэлябрах, чатырох дам у дэкальтэ, якія, як здавалася, некага чакалі.

Тры з іх, маладзейшыя, сядзелі з трохі напышлівым выглядам на накрытых барвовым аксамітам крэслах, а чацвёртая, якой было гадоў сорак пяць, папраўляла кветкі ў вазе. Яна была вельмі тоўстая, з-пад сукенкі з зялёнага шоўку тырчалі яе вялізныя рукі і таўшчэзная, абсыпаная пудрай шыя.

Сяржант павітаўся:

— Дзень добры, пані.

Старэйшая павярнулася, здзівілася, але кіўнула:

— Дзень добры.

Ён сеў.

Але ўбачыўшы, што ніхто не спяшаецца яго абслугоўваць, ён падумаў, што ў гэтым доме прымаюць напэўна толькі афіцэраў, і пачаў непакоіцца. Пасля ён сказаў сам сабе: «Ат! Пачакаю, пакуль яшчэ хто-небудзь прыйдзе, тады паглядзім».

Ён спытаўся:

— Ну, як справы?

Тоўстая дама, напэўна, гаспадыня ў доме, адказала:

— Вельмі добра, дзякую.

Ён больш не знайшоў, што сказаць, і настала цішыня.

Урэшце Варажу засаромеўся сваёй нясмеласці і вымушана засмяяўся:

— Нейкія вы сумныя, ці што. Калі ласка, бутэльку віна, я плачу...

Не паспеў ён дагаварыць, як дзверы зноў расчыніліся і з'явіўся Падуа ў чорным фраку.

Варажу азваўся радасным крыкам і, усхапіўшыся з крэсла, скочыў на свайго швагра, схапіў яго за рукі і пачаў скакаць з ім па салоне, гарлаючы: «А вось і Падуа!.. А вось і Падуа!.. А вось і Падуа!»

Пасля, адпусціўшы ашалелага ад здзіўлення збіральніка падаткаў, ён закрычаў яму ў твар:

— Аааааааа, хітруууууун! Дык ты прыйшоў пазабаўляцца? Ах, які хітрун! А мая сястра? Ты яе кідаеш, га?

І, думаючы пра ўсю карысць гэтага нечаканага становішча, пра пазыку гвалтам, пра непазбежны шантаж, ён упаў на канапу і, выцягнуўшыся на ёй, пачаў рагатаць так моцна, што мэбля затрашчала.

Тры маладзейшыя дамы рэзка падняліся і ўцяклі, а старая, ледзь прытомная, адступіла да дзвярэй.

У гэты момант у салон увайшлі два мужчыны ў фраках, з ордэнскімі стужкамі ў пятлічках. Падуа кінуўся да іх:

— О, пан прэзідэнт... гэта вар'ят... гэта вар'ят... Нам яго прыслалі дзеля нагляду за ім... вы ж бачыце, што ён вар'ят!

Варажу сеў, нічога не разумеючы. Раптам да яго дайшло, што ён адпаліў нейкае страшэннае глупства. Ён падняўся і павярнуўся да свайго швагра.

— Дык дзе ж мы цяпер? — спытаўся ён.

І Падуа, якога раптам ахапіла шалёная злосць, закрычаў, запінаючыся:

— Дзе... дзе... дзе мы? О, няшчасны... о, нікчэмны... о, подлы... Дзе мы? У пана Першага прэзідэнта!.. у пана прэзідэнта дэ Мартэмэна... дэ... дэ... дэ Мартэмэна... А! Нягоднік!.. Нягоднік!.. Нягоднік!..


Пераклад: Сяргей Шупа

Маска

У той вечар у Елісейскім палацы на Манмартры быў баль-маскарад з нагоды святога чацвярга, і людскія ручаі, нібы вада ў адчынены шлюз, імкнулі ў ярка асветлены калідор, які вёў у танцавальную залу. Аглушальны покліч аркестра, што выбухаў у зале, музычнай віхурай вырываўся са сценаў палаца, разлягаўся па ўсім квартале і ўладна абуджаў у прахожых і ў дамаседаў нясцерпнае жаданне пайсці ў скокі, разагрэць сваю кроў, ад душы павесяліцца — жаданне, якое вечна дрэмле ў глыбіні чалавечай істоты.

Самая разнастайная публіка сцякалася сюды з усяго Парыжа — аматары безагляднай весялосці, усе, каму па сэрцы амаль распусныя, на мяжы з разгулам, забавы. Ішлі службоўцы і сутэнёры, прастытуткі і служанкі ў разнастайных — ад просценькага сітцу да вытанчанага батысту — уборах, багатыя, усе ў дыяментах, векавухі і немаёмныя шаснаццацігадовыя дзяўчаткі, ахопленыя прагай «шыкануць», людзей паглядзець ды сябе паказаць. У гэтым узбуджаным натоўпе шмыгалі і юнакі ў чорных элегантных фраках і ўжо не першай свежасці, але ўсё яшчэ юрлівыя дзецюкі, якія нібы вышуквалі там, вынюхвалі нешта, затое ўсе маскі, здавалася, былі апанаваныя адзіным памкненнем — адвесці душу. Аркестр уцінаў славутую кадрылю, і вакол танцораў утварылася пышная карона гледачоў. Усхваляванае кола, жывы замес з мужчынскай і жаночай плоці, які атачыў дзве пары танцораў, то сціскаўся, як удаў, то паслабляўся суладна выкаблучванням танцораў. Абедзве жанчыны вытваралі такое, быццам іх ногі былі гумкамі, прымацаванымі да стану. Яны то з сілай ускідвалі іх угору, быццам намерваліся шпурнуць у неба, то раптоўна, нібы ногі тыя былі на шарнірах, разводзілі іх у «шпагат» і ў незвычайным, адначасова і непрыстойным, і смешным вымаху краналіся пахам падлогі.

Іх кавалеры падскоквалі, імкліва перабіралі нагамі, віхляліся, трэслі і размахвалі рукамі, як куксамі абскубаных крылаў, і хоць былі яны ў масках, адчувалася, што давалася ім гэта нялёгка.

Адзін з танцораў, які ў найпапулярнейшай кадрылі замяніў адсутную знакамітасць — прыгажуна «Мара дзяўчатак» — і сіліўся не саступіць нястомнаму «Цялячаму рабру», рабіў такія няўклюдныя выверты, што гэта выклікала дружны смех і кепікі гледачоў.

Ён быў худы, адзеты, як піжон, з цудоўнай лакіраванай маскай на твары — маскай юнака са светлымі падвітымі вусамі і пышным парыком на галаве.

Ён нагадваў васковую фігуру з музея Грэвэна, нейкую дзіўную, незразумелую карыкатуру на юнага прыгажуна з часопіса мод; танцаваў ён зацята, але нязграбна, з нейкім камічным запалам. Рухі ў яго былі як падмарожаныя ў параўнанні з іншымі, калі ён сіліўся паўтарыць іх выбрыкі; у яго быў выгляд паралітыка, выгляд няўклюднага кудлы-падваротніка ў гульні з чыстакроўнымі хартамі. Здзеклівыя «брава» толькі паддавалі яму жару. І, ахмялелы ад свае заўзятасці, ён так утрапёна дрыгаў нагамі, што пры чарговым шалёным падскоку знячэўку ўрэзаўся галавой у сцяну гледачоў, якая ўміг расступілася, каб даць яму дарогу, і тут жа самкнулася зноў вакол знерухомелага, распластанага на падлозе знежывелага цела танцора.

Мужчыны паднялі яго і панеслі з залы. Пачуліся крыкі: «Доктара! Ці ёсць тут доктар?!» З натоўпу азваўся малады чалавек, вельмі элегантны, у чорным фраку з буйнымі брыльянтамі на святочнай кашулі.

— Я выкладчык на факультэце, — сціпла сказаў ён.

Яму далі прайсці ў пакой, завалены папкамі, бы канторка якога службоўца, дзе на крэслах ужо ляжаў усё яшчэ непрытомны танцор. Доктар найперш памкнуўся зняць маску, але выявілася, што гэта не так проста: мноства танюткіх драціначак старанна знітоўвалі яе з краямі парыка, моцным плецівам акалялі ўсю галаву, і богведама як было яго расплесці. Шыя таксама была апята штучнай скураю, што ішла спадыспаду маскі ўніз ад падбародка, і гэтая пальчаткавая скура цялеснага колеру прыпіналася да каўняра кашулі.

Давялося расцяць усё вялікімі нажніцамі; і калі доктар прайшоўся імі па гэтым дзівотным плеціве, зрабіў разрэз ад пляча да скроні і расхіліў панцыр, пад ім аказаўся выпетраны часам, худы, маршчыністы твар старога чалавека. Уражанне гледачоў ад кантрасту паміж прынесенай імі сюды юнай кучаравай маскай і сапраўдным абліччам было такое вялікае, што ніхто не засмяяўся, не прамовіў ні слова.

Ашаломлена глядзелі яны то на вартае жалю, распасцёртае на саламяных крэслах аблічча з заплюшчанымі вачамі, з клоччам сівых валасоў, доўгіх на лбе і кароткіх на шчоках ды падбародку, то на зграбную, дзівосную бліскучую маску вобак, такую юную і жыццярадасную.

Па доўгім памараку стары, нарэшце, апрытомнеў, але ён яшчэ быў такі слабы, такі нямоглы, што доктар пабойваўся, каб не здарылася чаго горшага.

— Дзе вы жывяце? — запытаўся ён.

Стары танцор з відавочнай цяжкасцю напружваў памяць, урэшце як быццам прыгадаў і назваў вуліцу. Аднак ніхто з прысутных не ведаў, дзе такая знаходзіцца. Давялося распытваць, у якім яна квартале. Стары доўга, разгублена сіліўся ўспомніць, і гэта давалася яму так цяжка, што наводзіла на думку пра расстройства мысліцельных здольнасцей.

— Я сам завяду вас дадому, — вырашыў доктар.

Яму раптам заманулася даведацца, хто ён, гэты дзіўны блазен, захацелася паглядзець, дзе жыве гэты незвычайны танцор.

І вось яны селі ў фіякр і неўзабаве апынуліся на процілеглым канцы Манмартра.

Фіякр спыніўся каля высокага абшарпанага дома з зашмальцаванай лесвіцай — аднаго з тых занядбаных дамоў з безліччу вокнаў, страшэнна самотных на голым пустыры, дзе ў неахайных бярлогах вякуе свой век процьма згалелых, абнядоленых людскіх істот.

Доктар, трымаючыся за парэнчы — драўляныя брускі вінтавой лесвіцы, да якіх прыліпала рука, — завалок ажно на пяты паверх легкадумнага старога, да якога спакваля вярталася сіла.

Дзверы, у якія яны пастукалі, адчыніліся, і на парозе паявілася жанчына, таксама ўжо немаладога веку кабета, чысценькая, у бялюткім начным чэпчыку на пукатай, з рэзка акрэсленымі рысамі твару галаве — вялікай, гожай і строгай, — такія звычайна бываюць у жанок рабочых, жанок працавітых і верных.

— А Божачкі! Што з ім? — крыкнула жанчына.

Калі ёй коратка было растлумачана, што адбылося, яна і сама супакоілася і папрасіла доктара не хвалявацца, бо такое здаралася ўжо не першы раз з яе мужам.

— Яго трэба пакласці ў пасцель, пане, толькі і ўсяго, ён засне, а заўтра ўсё будзе чын чынам.

— Але ж ён ледзьве языком варочае, — усумніўся доктар.

— Э, нічога страшнага, гэта ў яго ад хмелю. Ён жа нічога не еў у абед, каб спрытнейшым быць, затое кульнуў ажно дзве чаркі — для настрою. Гарэлка, уявіце сабе, развязвае яму ногі, але скоўвае думкі і мову. Ах, не ў яго гады ўжо лётаць на танцулькі. Не, папраўдзе, ну хоць ты плач, і калі ўжо адумаецца чалавек?І

— Але чаму ён гэтак утрапёна танцуе ў такія гады? — запытаўся здзіўлены доктар.

Яна паціснула плячыма і пачырванела ад гневу, які спакваля апаноўваў яе.

— Ах, Божачкі, чаму?! Ды таму, смех сказаць, каб думалі, што ён і пад маскаю маладзён, каб жанчыны ліплі да яго ды нашэптвалі ўсялякую брыду яму на вушка, каб ён мог хоць даткнуцца да іх, да іх паскуднага цела, хоць падыхаць іх пахамі, пудрамі ды памадамі... Во дзеля чаго ж яшчэ?! Ах, пане, во якая ў мяне жытка, цэлыя сорак гадоў ужо ўсё гэта цягнецца... Але найперш трэба ўкласці яго ў пасцель, каб яму не стала кепска. Ці не памаглі б вы мне? Вельмі цяжка спраўляцца адной, калі ён у гэтакім стане.

Стары сядзеў на ложку, асалавелы, з доўгімі сівымі валасамі, звіслымі на твар.

Яго палова і абурана, і замілавана глядзела на яго.

— Ну, гляньце, хіба ён не прыгожы на свае гады? — зноў загаварыла яна. — Дык не, трэба строіць з сябе блазна, каб людзі думалі, што ён яшчэ малады. Гора дый годзе! А праўда, ён харошанькі, пане? Адну хвілінку, зараз убачыце, пакуль ён не лёг.

Яна падышла да стала, дзе месціліся тазік, збан з вадою, грэбень і шчотка, узяла шчотку, вярнулася да ложка, адкінула ўгору зблытаныя кудлы п'янага мужа — і вось ужо яны, як на мадэлі мастака, буйнымі кучарамі леглі на патыліцу. Старая адступіла на крок і залюбавалася:

— Праўда, ён харошанькі на свае гады?

— Вельмі, — пацвердзіў доктар, якога ўсё гэта пачынала дужа забаўляць.

— А каб вы толькі бачылі, які ён быў дваццаціпяцігадовы! — дадала яна. — Але ж трэба хутчэй укласці яго, пакуль тая гарэліца не вывернула вантробаў. Калі ласка, пане, памажыце сцягнуць рукаў... трохі вышэй... во гэтак... добра... цяпер штаны... пачакайце, я зараз скіну чаравікі... Ну вось і ўсё. А цяпер пастаўце яго на ногі і хвіліначку патрымайце, пакуль я рассцялю пасцель... вось так... цяпер паложым... Вы, можа, думаеце, што зараз ён пасунецца, каб і мне было дзе легчы? То дзіва. Мне ўжо трэба шукаць сабе месца абы-дзе. Гэта ўжо яго зусім не цікавіць. Ну, спі, гулёна!

Як толькі стары адчуў, што ляжыць у пасцелі, ён адразу ж заплюшчыў вочы, потым расплюшчыў, заплюшчыў зноў, і на ўсім яго здаволеным абліччы вымаляваўся рашучы намер спаць.

Доктар разглядваў яго з растучай зацікаўленасцю.

— Значыць, ён ходзіць на маскарады, каб прыкідвацца там юнаком? — перапытаў ен.

— Ніводнага не прамінае, пане, а раніцаю вяртаецца ў такім стане, што і ўявіць немагчыма. А ўсё ад роспачы! І ляцець туды ён мусіць, і на свой твар гэтую кардонку напінаць мусіць. Ад роспачы, што ён ужо не той, які быў, і што ўжо не карыстаецца поспехам, як некалі!

Стары цяпер ужо спаў і нават пачынаў пахропваць. Яна са шкадаваннем глядзела на яго і прадаўжала:

— О, а поспехам ён карыстаўся, гэты чалавек! Такім, што і не падумаў бы, пане! Большым, чым усе на свеце прыгажуны, спевакі ды генералы!

— Няўжо? Чым жа ён займаўся?

— О, вас гэта, канешне, можа здзівіць, тым болей што вы не былі знаёмыя з ім у яго маладосці. Мы ўпершыню сустрэліся таксама на балі, ён адвеку любіў іх. Калі я першы раз убачыла яго, адразу зразумела: ну ўсё, хана мне, як рыбцы на гачку. Ах, які ён быў прыгожы, пане, да таго прыгожы, што плакаць хацелася, гледзячы на яго смуглявыя такія валасы, чорныя як смоль, кучаравыя-кучаравыя, а вочы таксама чорныя і вялізныя — бы вокны! Дзівосны хлопец! Ён у той жа вечар павёў мяне з сабою, і я засталася з ім назаўжды, ніколі і на дзянёк не кінула, нягледзячы ні на што! А колькі ўсяго перажыць давялося!..

— Вы павянчаліся? — запытаўся доктар.

— Канешне, пане, інакш ён і мяне кінуў бы, як іншых кідаў, — проста адказала яна. — Я была яму і жонка, і служанка, і — усім, усім, кім ён толькі хацеў... Колькі слёз я праліла з-за яго. Але пры ім я век бы не заплакала!.. Ён мне расказваў пра ўсе свае прыгоды, разумееце, пане?.. Мне, мне... Да яго проста не даходзіла, як балюча мне было ўсё гэта слухаць...

— Ды чым жа ён урэшце займаўся, што рабіў?

— Ой, праўда!.. Я і забылася сказаць. Ён быў першы Мартэлеў падручны — другога такога на ўсім свеце не было... Сапраўдны мастак, зарабляў па дзесятку франкаў за гадзіну...

— Мартэль? Хто такі Мартэль?

— Цырульнік, пане, знакаміты цырульнік оперы, у яго прычэсваліся ўсе актрысы. Усе-ўсенькія, нават самыя шыкоўныя жадалі, каб прычоску рабіў ім Амбруаз, а потым адвальвалі яму такія чаявыя, што ён стаў страшэнна багаты. Ах, пане, усе жанчыны з аднаго цеста, праўда-праўда. Калі яны ўжо ўпадабаюць сабе мужчыну, дык ідуць на ўсё... Так проста зразумець усё гэта і так цяжка... Бо ён расказваў мне ўсё... Ён проста не мог змаўчаць... Не мог — і ўсё тут. Гэта ж такая асалода мужчынам! А пасля яшчэ і расказаць каму-небудзь пра гэта — дык, можа, нават яшчэ большая асалода!

Калі ён вечарам вяртаўся дахаты, трохі бляднейшы, чым звычайна, такі самазадаволены, вясёлы, я адразу ж думала: «Ну вось, яшчэ адна. Напэўна яшчэ адну падчапіў». Мяне апаноўвала жаданне выпытаць у яго ўсё, ажно сэрца папялела ад гэтага жадання, але было і другое: не ведаць нічога, не даць яму гаварыць пра гэта, калі пачне. І мы толькі паглядвалі адно на адно.

Я добра ведала, што ён не вытрывае, не абыдзе гэтага. Я бачыла гэта па ім, такі ён быў смешны ў сваім намаганні, каб я сама ўсё зразумела. «Я такі ўсцешаны сёння, Мадлен!» — гаварыла ўсё яго аблічча. Я прыкідвалася, што нічога не заўважаю, не здагадваюся; я ставіла на стол вячэру, сядала насупраць яго...

У такія хвіліны мне здавалася, што ў маю душу ляцяць камяні і разбіваюць маю любоў да яго. Так балюча было мне, пане, страшэнна. А яму і не ў галаве было, ён і не здагадваўся; яму трэба было падзяліцца з кім-небудзь, пахваліцца, паказаць, як усе падаюць за ім... А дзяліцца не было з кім, адна я была ў яго, адна я... Вось і... Мусіла выслухоўваць, мусіла каўтаць усё, як атруту...

Ён браўся вячэраць, а потым казаў:

— У мяне новенькая, Мадлен.

А я думала: «Значыць, праўда. Божа мой, што за чалавек?! І навошта толькі я яго спаткала?!»

А ён прадаўжаў:

— Новенькая і — дужа прывабненькая...

І гэта была якая-небудзь актрысачка з вадэвіля ці з вар'етэ, а потым пайшлі і важнейшыя, і самыя знакамітыя пані. Ён называў мне іхнія імёны, абмалёўваў іх спальні і ўсё іншае, усё дарэшты, пане... Такія драбніцы, што як толькі трывала маё сэрца. А ён перабіраў іх, зноў і зноў прыгадваў усё ад пачатку да канца, і гэтакі быў усцешаны, што я мусіла смяяцца, каб ён не зазлаваўся на мяне.

Можа, не ўсё там было праўда! Ён так любіў павыхваляцца, што мог і навыдумляць усё! А можа, і праўда ўсё! Бо выгляд у яго тады быў стомлены, пасля вячэры ён адразу ішоў спаць. Вячэралі мы позна, пане, каля адзінаццаці, бо ён ніколі не вяртаўся раней: вечарамі ў цырульні асабліва шмат работы было.

Выгаварыўшыся, ён закурваў, пахаджаў туды-сюды па пакоі, і гэтакі прыгожы быў са сваімі вусамі ды кучарамі, што я думала: «Канешне, усё гэта праўда, што ён расказвае. Калі страціла галаву я ад гэтага мужчыны, дык чаму яшчэ нехта не можа вар'яцець праз яго?» Пакуль ён курыў, я прыбірала са стала і ледзьве стрымлівалася, каб не загаласіць, залямантаваць, збегчы адсюль, выкінуцца празакно!.. А ён шырока пазяхаў, каб паказаць мне, які ён стомлены, і потым, калі ўжо клаўся спаць, усё прыгаворваў: «Ну і спаць буду сёння — як забіты!»

Я не дакараю яго, ён жа зусім не ведаў, як ён мяне мучыў! Ды і не павінен быў гэтага ведаць! Ён гэтак любіў выхваляцца сваімі перамогамі над жанчынамі, бы паўлін — хвастом сваім. Ён шчыра верыў, што ўсе любуюцца з яго і ўсе прагнуць яго.

Яшчэ нясцерпней стала, калі ён пастарэў.

Ах, пане, калі я першы раз заўважыла ў яго сівы волас, я ледзьве не самлела ад страху! А потым мяне ахапіла такая радасць — подлая, але такая вялізная, бязмежная радасць! «Вось і ўсё, — падумала я, — вось і ўсё!..» Мяне быццам з турмы выпусцілі! Нарэшце ён будзе толькі мой, бо другім ён будзе ўжо не патрэбен!

Тым ранкам я прачнулася першая. Ён яшчэ спаў, і я нахілілася, каб пабудзіць яго пацалункам, і раптам заўважыла ў яго кучарах на скроні маленькую нітачку, якая зіхацела, як серабро. А Божачкі! Быць не можа! Мне і ў галаву не прыходзіла, што такое быць можа! Спачатку я хацела вырваць яе, каб ён і не бачыў, але, калі прыгледзелася, вышэй заўважыла яшчэ адну. Сівыя валасы! Ён ужо сівее! Сэрца маё калацілася, ажно ў пот кінула ад страху, але ў глыбіні душы я вельмі, вельмі цешылася!

Нягожыя былі мае думкі, праўда, але тады я з радасцю займалася сваімі хатнімі справамі, яго не будзіла. Калі ж ён сам расплюшчыў вочы, я сказала:

— Ведаеш, што я выявіла, пакуль ты спаў?

— Што?

— Што ў цябе ўжо ёсць сівыя валасы.

Яго ажно падкінула на ложку ад прыкрасці, ён усхапіўся, быццам яго ўшчыкнулі, і злосна крыкнуў:

— Няпраўда!

— Праўда. На левай скроні. Чатыры валаскі.

Ён ускочыў з пасцелі і падбег да люстэрка. Глядзіць, шукае, а не знаходзіць. Тады я паказала яму той валасок, што быў найніжэй, тоненькую такую завітушку, і заўважыла:

— Пры такім жыцці, як у цябе, гэта і не дзіва. Гады праз два будзеш белы як лунь.

І што ж вы думаеце, пане? Як у ваду глядзела. Праз два гады яго нельга было пазнаць. Як хутка жыццё мяняе чалавека! Ён быў яшчэ прыгожы дзяцюк, але колішняй свежасці ўжо не было, і жанчыны сталі астываць да яго. Ах, што я толькі не зажыла ў тыя гады!.. Які жорсткі быў ён са мною!.. І тое яму не гэтак, і гэта не так... Пакінуў сваю цырульню, узяўся капелюхі рабіць, ды ўсе грошы на гэтым і прамантачыў. Потым яму зарупіла стаць акторам — нічога з гэтага, вядома, не выйшла. А пасля зачасціў на ўсялякія гулянні. Добра, што хапіла розуму хоць трохі зберагчы грошай, на іх і жывём цяпер. Не дужа разгонішся, вядома, але на пражытак хапае. А гэта ж падумаць толькі, што некалі ён быў амаль багацеем!

Цяпер самі бачыце, што з ім сталася. Як утрапенец нейкі. Мусіць, годзе быць маладым, танцаваць з жанчынамі ў парфумах ды памадах. Ах ты, бедны мой дзядулька!

Расхваляваная, са слязьмі на вачах глядзела яна на свайго сівага мужа, які ўжо моцна хроп. Потым ціха наблізілася да яго і пацалавала ў галаву. Доктар устаў і моўчкі падаўся да выхаду: не мелася слоў перад абліччам гэтых дзіўных старых.

Ён быў ужо каля дзвярэй, калі старая спыніла яго.

— Ці не далі б вы мне ваш адрас на ўсялякі выпадак? — папрасіла яна. — А раптам яму пагоршае? Тады я паслала б па вас.


Пераклад: Ніна Мацяш


Оглавление

  • Пампушка
  • Жарт па-нармандску
  • Пляцельшчыца крэслаў
  • Мошчы
  • Месячнае святло
  • Страх
  • Завяшчанне
  • Воўк
  • Менуэт
  • Вар'ятка
  • Каля нябожчыка
  • У моры
  • Два сябры
  • Прыгода Вальтэра Шнафса
  • Дзядзька Мілон
  • Ён?
  • Шалёная
  • Мартэнава дачка
  • Споведзь Тэадзюля Сабо
  • Вендэта
  • Мсцівец
  • Вяроўка
  • Пратэктар
  • Аздоба
  • Цётка Саваж
  • Жабрак
  • Вяртанне
  • Пасаг
  • Вязні
  • Хрышчэнне
  • Звер васпана Бэлёма
  • Пані Парыс
  •   I
  •   II
  •   III
  •   IV
  • Жулі Рамэн
  • Знак
  • Чорт
  • Горны гатэль
  • Тамтэй
  • Каханне
  • Вечар
  • Маска