Высокія дрэвы [Леапольд Стаф] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Высокія дрэвы (пер. Алег Мінкін) (а.с. Паэзія народаў свету) (и.с. Паэзія народаў свету) 320 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Леапольд Стаф

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

«Сны аб магутнасці», выдадзены ў 1902 годзе, нават у загалоўку нясе ўнутраную дыстанцыю ад моднага ніцшэанскага ўхвалення сілы, паэт пераносіць саму ідэю звышчалавека ў сферу сну, свабоднай гульні фантазіі.

Першыя канфлікты маладога паэта са знакамітымі польскімі крытыкамі Бжазоўскім і К. Іжыкоўскім аказаліся на паверку сітуацыямі непаразумення. Пошукі сябе ў лабірынтах ніцшэанства і мадэрнізму ўспрымаліся крытыкамі як перайманне, перапевы, стылізацыя, манернасць, адным словам, дабравольны палон, мёртвая зона душы. На справе ж Леапольд Стаф быў прыроджаным антыподам Ніцшэ, яго «Сны аб магутнасці» — гэта не касмічныя катастрофы са звальваннем багоў, нішчэннем слабых і шэрых дзеля прыходу звышчалавека. Магутнасцю паэт лічыў не заалагічную сілу інстынкту, а творчую фантазію, не жорсткую волю і разбурэнне, а само імкненне да ідэалу. Чын і мэта — спаўненні, яны за межамі мар, надзей, імкненняў, фактычна азначаюць канец жаданняў, а значыць, і сон ці смерць творчага духу.

Калі гаварыць ніцшэанскімі катэгорыямі, Леапольду Стафу імпануе не дыянізійскі багаборчы, а апалонаўскі вобразна-летуценны і творчы пачатак духу. Два першыя яго зборнікі «Сны аб магутнасці» і «Дзень душы» іскрацца юначым максімалізмам, жаданнем пражыць жыццё «буйное і святое». Найбольш тыповыя медытацыйныя вершы паэта шчыра, часта дзёрзка сумяшчаюць несумяшчальнае — ніцшэанскія пастулаты бязлітаснага багаборства з традыцыйным для польскай класікі хрысціянскім духам чалавекалюбнасці, пакоры і скрухі. Самабытнымі аказаліся вершы пра дзень будзённы, працавіты і рупны, гаспадарскі дзень з сярпом, касою, цэпам, плугам. Ад іх вее шчырай любасцю да простага чалавека з яго сціплым і мудра-змястоўным жыццём.

У вершы патрыяршага ўзросту «Аб карысці паломніцтва» чытаем: «Што ж ты рабіў? — пытае мая сястра.— Песенькі спяваў простыя»...

У трэцім зборніку «Птахам нябесным» Стаф востра адчувае і рашуча перадае боль і крыўду сацыяльных нізоў —

«Стогн заклятых завулкаў». Паэт спрабуе падвесці сацыяльны ўціск пад канон апостальскай святой беднасці, адмаўлення ад спакус і жаданняў зямной раскошы. «Песенька валацугі» канчаецца афарызмам зухаватай бесклапотнасці:

«Dzień tam beztroski i słodka moc blada,
Słońce na obiad, Księżyc na wieczerzę».
Але толькі павярхоўны ці глухі да чужога гора чалавек не адчуе ў гэтых знешне жартлівых выслоўях болю, спагады, няёмкасці і міжвольнай віны за тое, што побач з людзьмі ўладкаванымі, задаволенымі з жыцця, пэўнымі ў сабе павінны жыць і людзі-птахі, жыць як набяжыць — з Божай ласкі. Вось гэтая прынцыповая недасканаласць, дваістасць свету і з’яўляецца прычынай духоўнага дыскамфорту, з якога вырастае паэзія таксама густа, як і з гарманічна ўладкаванага жыцця, толькі тая дысгарманічная паэзія з’яўляецца больш важкай, заглыбленай у сутнасць жыцця зямнога і нябеснага, чым паэзія «чыстая», занябесная.

I ў медытацыйных вершах Л. Стаф не выдае сябе за фрыгійскага мудраца, лірычны герой апынаецца перад супярэчнасцямі і загадкамі ўласнага ўнутранага быцця, шчыра прызнаецца, што няздольны пазнаць самога сябе: «Бо я, тварэц мовы,— уласнай не разумею душы».

Чалавек у Стафа выступае складанай, далікатнай і таемнай істотай, чые пачуцці, вера і розум часта знаходзяцца ў стане разладу або і вострых канфліктаў. Лірычны суб’ект як бы прывыкае да ўнутраных звадак, а ўсё ж шукае гармоніі, нават паказвае, як можна здымаць разлады і стрэсы. Бальзамам для ўзбуранай душы з’яўляецца аптымізм ці нават дэтэрмінацыя, зміранасць перад падсвядомымі імпульсамі, якія могуць апантаць чалавека і ўзяць уладу над здаровым сэнсам, пакрышыць этычныя ўстоі. Здараецца такое ў моманты скрайніх узрушэнняў, упадкаў духу, зрываў. Для такіх выпадкаў, як і для ўроджанай ці сацыяльна абумоўленай неразвітасці душ чалавечых, паэт захоўвае цярплівасць, хрысціянскую зычлівасць да бліжняга, літасць да ворага.

У многіх выпадках ён бачыць тут праяву Божай волі, канону.

Стаф, подобна як рамантыкі, гатовы ўступаць з Богам у перамовы, хоць не заходзіць так далёка, як, напрыклад, Міцкевіч, што патрабаваў у Бога даць яму ўсю ўладу над светам, бо паэт мае чулае сэрца і зможа ўладкаваць свет лепш, па законах сэрца, а ўладкаваны ён, на жаль, па законах халоднага розуму.

Л. Стаф высока цэніць чуласць, літасць, даравальнасць, спагаду — усё гэта асновы этычных поглядаў хрысціянскай дабрадзейнасці. Размовы з Богам у Стафа больш сцішаныя, чым у рамантыкаў і неарамантыкаў з-пад сцягу Маладой Польшчы, якая паслужыла Я. Купалу для стварэння вобраза Маладой Беларусі. Але і ён рашуча заступаецца за слабых, пакрыўджаных, няшчасных ад нараджэння, а таксама за тых, што не змаглі падняцца да вяршынь годнасці і цноты з-за сацыяльных умоў жыцця: «Глянь на тых усіх Тваёй ласкі вокам, / Што ёсць забедныя, каб мець цноты».

У перыяды абвастрэння сацыяльных канфліктаў аб’ектам гуманістычнага заступніцтва і апраўдання становяцца збунтаваныя людзі працы,