Высокія дрэвы [Леапольд Стаф] (fb2) читать постранично, страница - 23

- Высокія дрэвы (пер. Алег Мінкін) (а.с. Паэзія народаў свету) (и.с. Паэзія народаў свету) 320 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Леапольд Стаф

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Якой празрыстай была тут калісьці вада,
Я вырашыў ачысціць яе,
Падняў з зямлі дручок
I пачаў зграбаць зялёную тхлань,
Зганяючы яе ў сцёк.
За гэтым заняткам
Мяне заспеў мудрэц
З чалом, захмураным думкаю,
I сказаў з лагоднай усмешкай:
«I не шкада табе часу;
Кожная хвіля — кропля вечнасці.
На свеце ёсць мноства болып важных справаў».
I я адышоў, прысаромлены,
I цэлы дзень думаў
Пра жыццё й смерць,
Пра Сакрата
I неўміручасць душы,
Пра піраміду й егіпецкую пшаніцу,
Пра рымскі форум і месяц,
Пра мамантаў і Эйфелеву вежу...
Ды так ні да чога й не дадумаўся.
Калі назаўтра
Я вярнуўся на тое самае месца,
Дык убачыў над стаўком,
Пакрытым таўсматым, зялёным кажухом,
Мудраца з праясненым чалом,
Які спакойна,
Кінутым мною дручком,
Зграбаў з паверхні вады раску
I зганяў яе да сцеку.
Наўкол ціха шамрэлі дрэвы,
У галлі спявалі птушкі.
1954

ДЫМЫ


Юльяну Тувіму

Над тлумам горада ў сутонні
Дымы ўзнімаюцца заслонай,
Ў крывавай пене сонца тоне,
Злое, бы сэрца фараона.
Зрабіўшы піраміды працы,
Смыляць далоні ад спачыну,
I без патрэбы угінацца
Выпроствае гарбаты спіну.
З календара лісток стамлёны
Зляцеў. Спакоем хата цешыць.
Насустрач з весніцаў зялёных
У радасці сабака брэша.
1954

НАЗАЎТРА


Ад’ехаў прэч картэж юнацтва
З вясновым тлумам і суцехай.
Забраў з сабою смех і песні,
А мне пакінуў толькі рэха.
Настала ўласна тая хвіля,
Калі світанак, чысты, боскі,
Над мітуснёю распускае
З бутона цемрадзі пялёсткі.
I поўніць радасцю, хоць знаю,
Што знікне цераз міг без знаку,
I так спакойна мне, нібыта
Я гладжу галаву сабаку.
1954

КРЫЎДА


Мой мудры сабака
Пражыў сваё кароткае жыццё,
Не ведаючы нават,
Што свет — загадка.
1958

ЗДАРЭННЕ


Я раззлаваўся не на жарты,
Парваў лісток і ў печку кінуў,
Бо не даваўся верш упарты —
I ў чорным дыме ён загінуў.
Калі ж мяне скавала проза,
З чарніліцы, бы з чорнай вазы,
Паўстала раптам тубероза.
Так і ў жыцці бывае часам.
1958

***


Правёўшы ўсіх сяброў, застаўся
Адзін з майго я пакалення,
Я бачыў, і як свет змяняўся,
I сам, як свет, спазнаў змяненне.
Любіў людзей, любіў прыроду,
Глядзеў у прышласць ясным вокам,
Як святасць, шанаваў свабоду,
Спакрэвіч ветру і аблокаў.
Мяне не вабіў помнік слынны,
Грай зычных труб і гучных «брава».
Пусты пакой я вам пакіну
I ціхую скупую славу.
1958

Зноскі

1

Датаванне вершаў у кнізе адпавядае часу іх надрукавання ў пажыццёвых зборніках вершаў паэта. (Заўв. пер.)

(обратно)