Недапісаная кніга [Сяргей Грахоўскі] (fb2) читать постранично

- Недапісаная кніга 366 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Сяргей Грахоўскі

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Сяргей Грахоўскі Недапісаная кніга

Выбраная лірыка


Падрыхтаванае на падставе: Грахоўскі С. Недапісаная кніга: Вершы. — Мн.: Маст. літ., 1996. — 271 с.

ISBN 985-02-0З12-9.


Copyright © 2013 by Kamunikat.org

І. Лірычная памяць


У сад увойдзем мы з табою,

Адны у змрочнай цішыні,

Ты будзеш за густой травою

Шукаць купальскія агні.


Пачну чакаць з глыбокай верай

Дзівосаў, штo натхняюць жыць.

Няхай на папараці шэрай

Жывы агеньчык задрыжыць.


А. Блок «Купальская ноч»

Недапісаная кніга
У кожным слове — боль маёй душы,
Трывогі, радасці i слёзы.
Ix, як лісток асенні, засушы,
Каб не пабілі раннія марозы.
Спытаеце: «А дзе твой аптымізм,
Дзе вера, дзе любоў з надзеяй?
Як толькі ўспамінаю кожны «ізм»,
Дрыжыць душа i сэрца халадзее,
Бо я ўсё зведаў па чужой віне
I гора паспытаў па поўнай меры...
Цяпер не ашукаюць больш мяне,
Не пахіснуць маёй адзінай веры
У дабрату, у праўду, у сумленне
I не паставяць болей на калені.
У Бога я адтэрміноўку папрашу
I, можа, людскае хоць нешта напішу.
20/VI—92


З далёкай даўніны
С.К.
Не ведаю, вы спіце,ці не спіце,
Ці бачыце за снамі сны,
Вы толькі у душы краніце
Струну далёкай даўніны.
Дзе хвоі з хвоямі гамоняць,
Сумёты сцежкі замялі,
Мяне туга i смутак гоняць
Туды, дзе вы гняздо звілі.
У светлы, як пароша, чысты,
Спакойны i салодкі сон
Мне б даляцець i ўпасці лістам,
Як у пару далёкіх дзён.
Таемным шэптам, поўным згоды,
I поглядам душу сагрэць,
Каб стаць шчаслівым назаўсёды
Ці да світання дагарэць.
6/ІІІ—94


Каля вогнішча
Ігару Лучанку
Давай распалім вогнішча на ўзлессі,
Па зорах паварожым давідна,
Бо ты — i Вераніка, i Алеся,
Ты, як i сэрца, у мяне адна.
Заранкамі твае іскрацца вочы,
Хоць усміхніся, хоць загавары.
Мінаюць хутка чэрвеньскія ночы,
Нас кліча перапёлка на зары.
Няўжо твае сляды туман укрые?
А я знайду прымятую расу
I па слядах, дзе ясені старыя,
Цябе, нібы пушынку, данясу.
Пасядзем каля светлае крыніцы
У ціхую світальную пару,
I я табе з расінак завушніцы
I сонечны пярсцёнак падару.
Увечары сустрэнемся на ўзлессі,
Не будзем паўтараць забытых слоў...
Мая ты — Вераніка,і Алеся,
І Вера, i Надзея, i Любоў.
6/III—94


Чужая роль
Мы часта хлусім i іграем
Вясёлую чужую роль,
Каб выглядала пекла раем
I асалодай здаўся боль.
Калі сціскаюць горла слёзы,
Глядзім з ухмылкай на распад
I не зважаем на пагрозы
Вярнуць пакуты зноў назад.
Хлусню з усмешкай непрыкметна
Адчаю засцілае муць,
Хоць i стаім над апраметнай,
Якой ніяк не абмінуць.
Калі нарэшце без апаскі
Іграць чужую кінем роль,
Трагедыяю стануць казкі,
Слязамі — слёзы, болем — боль.
22/III—94


* * *
На шыбах — белыя лілеі
З крышталю выразаў мароз.
Ад захаплення я нямею
I захапляюся да слёз.
Мне мроіцца далёкі бераг:
Дрыжаць лілеі на вадзе.
Блукаю я ў туманах шэрых,
А любая ўсё не ідзе.
Як ні гукаў — не дагукаўся.
Здалася прывідам яна.
Гляджу туды, дзе ашукаўся,
Праз шыбы цёмнага акна.
22-2З/41—94


Сцюдзёная ноч
Туманны вечар.
I карункі снегу
На вербах i на чырвані рабін
Мне нагадалі даўнюю кунегу
I шчасце першых радасных хвілін.
Як на марозе палымнелі губы,
Твая дрыжала у маёй рука,
I мне здалося —
нехта шэпча «любы»