Мяжа па даляглядзе [Максім Клімковіч] (fb2) читать постранично, страница - 3

- Мяжа па даляглядзе (а.с. Першая кніга празаіка) 517 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Максім Клімковіч

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

— Я нікому не здрадзіў і жывы вярнуўся дадому. Мой палац не разрабаваны. Можа, перамаглі тыя, хто загінуў? Хай сабе і за караля. Ці той, хто здрадзіў і не наважыўся вярнуцца?

— За перамогу!

Яны сутыкнуліся бутэлькамі і адпілі па добрым глытку.

— Сапраўды,— Аўгуст закінуў нагу на нагу,— мы сядзім за адным сталом, да таго ж у пана я ў гасцях. Панскі палац не закранула вайна, а яшчэ невядома, што сталася з маім маёнткам. Розніца толькі ў тым, хто каму прысягаў на вернасць. Галоўнае, ніхто з нас не здрадзіў. Перамаглі мы, тыя, хто вярнуўся. А з палацам сапраўды пашанцавала. Цэлы год не быць дома, а вярнуцца, і ўсе так, нібыта толькі ўчора паехаў, нават віно неадкаркаванае стаіць на стале. Нават шкло ў вокнах не пабітае і не пакрадзенае. Напэўна, усю дарогу дадому толькі і думак было: да якой ступені разбураны палац, колькі грошай давядзецца аддаць на рапарацыю. А самая радасць была, як ён некрануты стаў перад вачыма.

— Я за ўсю дарогу дадому нават ані разу не падумаў, што з маім палацам што-небудзь здарылася. Якім я яго чакаў пабачыць, такім і пабачыў, шкада, што кветнік парос быльнегам, але так я сабе і ўяўляў,— Фабіян расхваляваўся, кожнае слова было паспешлівым, відаць, яму даўно карцела выгаварыцца, толькі не было перад кім. Ён змоўк і глянуў у вочы Аўгусту, ці слухае ён.

Аўгуст глядзеў зацікаўлена:

— Я зайздрошчу панскай упэўненасці. Але ж гэта, мне здаецца, звычайная рэч на вайне. Пасля кожнага бою думаеш: «І як я толькі застаўся жывы? Гэта ж выпадак. Не падсунься сябра пад шаблю, не спатыкніся варожы конь, то не яны — вораг і сябра, а я ляжаў бы ў магіле». І так кожнага разу. Покуль не пачынаеш лічыць сябе зачараваным і ад кулі, і ад шаблі. А ўсе вельмі проста — калі цябе самога заб'юць, то не будзе каму разважаць пра зачараванасць. Бо той сябра, той вораг таксама лічылі сябе зачараванымі, толькі не паспелі страціць у гэта веру, так хутка пайшлі з гэтага свету.

— Я і наконт таго, што застануся жывым, не сумняваўся. Вось і сяджу тут, п'ю віно. А адкуль мы ведаем, можа, і сябра, і вораг перад самай смерцю, за імгненне да смяротнага ўдару, страцілі веру ў сваю зачараванасць. А куля, што мелася толькі параніць, прайшла на далонь бліжэй, праз сэрца. Але ж я загаварыўся, мо пан хоча спаць з дарогі, а я прымушаю яго слухаць балбатню, якая цікава мне аднаму? У суседнім пакоі стаіць ложак.

— Спаць? Дзякую, не,— Аўгуст дапытліва глянуў на Фабіяна,— вось калі пан жадае адпачыць? Мне цікава слухаць і выгодна сядзець. Да таго ж мы не дапілі віно.

— Добра,— Фабіян устаў, падышоў да каміна і працягваў, стоячы спіной да Аўгуста: — Я хачу расказаць адну гісторыю, як доказ таго, што я не маню наконт палаца, а таксама наконт уласнага жыцця, колькі разоў я хацеў яе расказаць і кожны раз адумваўся. Не, блізкім людзям яе ведаць не трэба. Мне карцела спыніць каго на вуліцы, у дарозе і расказаць,— але ж тады мяне палічылі б вар'ятам. А зараз есць доказ — мой палац — ацалелы сярод разбурэння. Пан згодны выслухаць?

— Так.

Фабіян азірнуўся. Яму падалося, што Аўгуст змяніўся за гэты час у нейкай дробязі, якую не адразу і заўважыш. Не то фарбы яго адзення сталіся больш зыркімі, не то пярсцёнак апынуўся на другім пальцы, але на якім быў раней — Фабіян так і не здолеў успомніць. Тады ён сеў на канапу, паклаў далоні на кант стала і пачаў расказваць.


2. Гісторыя, якую расказаў Фабіян Жаковіч. Пра каханне і смерць

Так мне карцела расказаць гэтую гісторыю, увесь час, з таго моманту, як яна адбылася. Апошнія дні было невыносна, аднак мяне стрымлівала тое, што расказаць — гэта сурочыць. І вось сёння я нарэшце пабачыў свой палац і адчуў — галоўнае засталося ззаду, сталася па ўсім. Смерць на вайне і разарэнне мінулі мяне. Мінулі таму, што я не расказваў, не сурочыў. І самы жах — няма каму расказаць, нельга давесці, што гэта не выпадковасць, а я сам, сам зрабіў...

Пачалося ўсе з жанчыны, як і большасць гісторый у гэтым свеце. Дакладней, з дзяўчыны, бо і я тады быў яшчэ юнаком. А скончылася дванаццаць год таму. Жахліва — магу кідацца такімі лічбамі. Але ж, што зробіш, расказваць гісторыі з уласнага жыцця падарожным — таксама прыкмета старэння.

Яе імя — Марына. Мы жылі ў суседніх маёнтках. Бачыліся раз на тыдзень, як нашыя бацькі з'язджаліся ў госці. Мо таму, што ў нас не было другога выбару ці, можа, так было наканавана, але ж мы пакахалі адно аднаго. Я не стану апісваць яе партрэт, бо гэта марная трата часу. Няхай пан прыгадае сваю першую каханку і возьме яе партрэт за ўзор — так яму будзе лягчэй разумець мяне.

Марына была адзіным маім госцем на дні нараджэння — першым, які я памятаю. З таго часу ўсе настолькі звыклі бачыць нас разам, што нашае каханне нікому не кінулася ў вочы. Мы спакойна і без аніякіх перашкод праводзілі цэлыя дні разам і нават паспелі дамовіцца, што ажэнімся. Адно баяліся сказаць бацькам, бо ў іх наконт гэтага былі іншыя планы.

За сваім каханнем мы страцілі апошнюю асцярожнасць, нават паспявалі цалавацца ў прысутнасці яе маці, калі тая на хвілінку