Мяжа па даляглядзе [Максім Клімковіч] (fb2) читать постранично, страница - 55

- Мяжа па даляглядзе (а.с. Першая кніга празаіка) 517 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Максім Клімковіч

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

прыгажосць. Я ўпершыню адчуў, што прыгажосць можа быць страшнай.

— Ён застаўся там? — Эдмундас паказаў рукой на дом, што чарнеў у воблаку полымя.

— Хто ён? — спытаў я.

— Сак Эдмундас апусціў руку.

Гражына села на зямлю, закрыла твар рукамі:

— Я грукалася да яго, ён у сваім пакоі, сказаў, што зараз выйдзе, не адамкнуў. Прасіў, каб мы ратавалі Даўгалевічавы рукапісы, а ён паспрабуе ўратаваць ад агню цела, але, відаць, не паспеў,— Гражына расплакалася.

І тут я зразумеў, як уратаваць яе самую, успомніў жарт дзядзькі Вадзіміра з неіснуючым дротам у цемры.

— Глядзіце,— крыкнуў я і наўздагад паказаў на возера,— глядзіце! Там за агнём човен, нехта ўцякае адсюль. Уцякае забойца! Ён хаваўся на выспе, падпаліў дом і ўцякае! Глядзіце! — Я падбег да Тэрэзы і пачаў ледзь не ўпрошваць яе. — Бачыце, вунь там, за агнём, маленькі човен, бачыце, уцякае. Не, не тут, трошкі правей. Чорт, за дымам зараз не відаць. Вось! вось, зноў з'явіўся. Ну, глядзіце ж, знікне ў цемры!

Эдмундас прыўзняў руку і пачаў пільна ўзірацца. Маршанскі стаяў побач з ім і разгублена глядзеў у полымя.

Тэрэза раптам схапіла мяне за плячо:

— Бачу, вунь, сапраўды,— падбегла да Кяльміцкаса з Маршанскім,— глядзіце, човен, далека, я ж адразу казала, забіў нехта другі, старонні. Ніхто з нашых не мог пайсці на такое.

— Бачу! — Маршанскі пачаў трэсці Кяльміцкасу руку. — Глядзі ж, уцякае, свалата, нічога, мы яго яшчэ знойдзем.

— Сапраўды,— спакойна сказаў Кяльміцкас,— трэба запомніць, у які бок ён кіруе, каб потым лягчэй было шукаць.

Яны ўтрох падышлі пад самы бераг. Іх постаці выразна вымалёўваліся на фоне агню. Галасы нішчыў шум пажару.

Я сеў на траву побач з Гражынай, абняў яе за плечы і паклаў яе галаву сабе на калені. Сам прытуліўся да кардоннай скрыні з Даўгалевічавымі рукапісамі. Гражына ўсе плакала, раз-пораз уздрыгвала.

Я прагнуўся, выцягнуў са скрыні першае, што трапіла ў руку,— дзённік. Разгарнуў. Паміж вокладкай і першай старонкай укладзены аркуш тоўстай фактурнай паперы. Дакладны, разборлівы почырк дзядзькі Вадзіміра — аўтограф Гражынінага верша, лепшага ў яе жыцці санета.

Пад расцягнутымі па гарызанталі і сціснутымі па вертыкалі радкамі то ўспыхвала, то згасала ў водблесках полымя дата Даўгалевічавай смерці, упэўнена накрэсленая ягонай уласнай рукой.

Я заплюшчыў вочы і ўявіў пасмяротны збор твораў, які будзе пачынацца факсімільным перадрукам гэтага верша і датай з легенды. Датай, аб якой напішуць кнігі даследаванняў, артыкулы, якую будуць называць экскурсаводы ў адноўленым доме-музеі на гэтай выспе. І ўсе хрэстаматыі нашай літаратуры змесцяць гэтую дату як пачатак легенды жыцця і смерці святога пакутніка, нацыянальнага гонару.

Легенда будзе існаваць і стане мацнейшай за нейкія доказы і абгрунтаванні, мацней за нас саміх, што стварылі яе. Бо толькі такія легенды і маюць права на існаванне.

Так я думаў у тую ноч, што паступова пераходзіла ў ранак, так я думаў, і так яно здзейснілася...

Максім Клімковіч


Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Мінску. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Працаваў геадэзістам, начальнікам участка на будаўніцтве аўтамабільных дарог. Цяпер працуе ў рэдакцыі часопіса «Бярозка».

Выдаваўся як у афіцыйным, так і ў самвыдатаўскім друку. Максім Клімковіч адзін з аўтараў калектыўных зборнікаў «Жнівеньскі праспект», «Тутэйшыя», «Паркан». Асобнымі кніжкамі выходзілі напісаныя ім у сааўтарстве з Адамам Глобусам і Міраславам Шайбаком трылеры «Заўсёды светла каля турэмных муроў» і «Каханка д'ябла».