Крокі па старых лесвіцах [Людміла Іванаўна Рублеўская] (fb2) читать постранично, страница - 3

- Крокі па старых лесвіцах (и.с. Бібліятэка часопіса Маладосць) 110 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Людміла Іванаўна Рублеўская

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

пасланыя ўбачылі:
ён — чалавек,
Брудны, хісткі, душою зламаны...
I чакаць ратавання ад грэшнага —
грэх.
I яго яшчэ раз
пахавалі.
...I калі запалаў і палац, і кляштар
I згарэлі іконы і хаты —
Плыў над горадам
чорны і вольны ўладар
Цень адкідваў
у выглядзе
кратаў.

БАЛАДА ПРА СВАЁ I ЧУЖОЕ
Ен біўся на чужой зямлі.
За што?
Не верыць, што дарэмна.
Радзіму у яго ўзялі,
I ён назваў Радзімай —
неба.
А суайчыннікі яго
Муры замшэлыя ўздымалі.
Зямля цішэла ад снягоў,
I прыхадні снягі тапталі. «Ратуйце!»—
крык стаяў паўсюль,
А вой,
пакрыўджаны навечна,
Мог верыць толькі слову куль,
Чужы для веры чалавечай.
Ён хмарай плыў.
I ветрам быў.
I пазабыўся,
скуль быў родам.
...I на Радзіме —
родных біў,
Пракляты богам і народам.

ПЕСНЯ ПАМІРАЮЧАГА ВОЯ
Нядоўгі бурлівы свой век
Я смерці служыў, як царыцы—
Яе пацалункам скарыцца
Павінен слабы чалавек.
Сузор'е Паўночнай Кароны
Вянчае яе галаву.
Служыў я царыцы да скону
I верыў, што годна жыву.
Я зведаў аднойчы каханне,
I двойчы мне славу раўлі,
I беглі за мной на аркане
Чужых астравоў каралі.
Мне ўсё даравала царыца,
Але—не апошні уздых,
Калі я хацеў памаліцца
За душы забітых усіх.
Няўмольнасць!
Тваім пацалункам
Мне грэбаваць зараз не след,
Бо зброю пакінулі рукі,
А зброя —
не вызваліць свет.
...Зямля прарасла цішынёю.
Слізгае па костках рала...
Я думаў:
Радзіма — за мною.
Яна ж —
пада мною была...

ЦІХАЯ ПЕСНЯ
Ціха-ціха, паступова
Адмірае наша мова.
Чахне, быццам каралеўна,
У дзявочай вежы гнеўнай.
Асядае, як курганне
Над героямі паданняў,
Высыхае, як слязіна
Засынаючай дзяўчыны.
Вінаватых жа — не знойдзеш,
Ну а знойдзеш — не спагоніш...
Ціха-ціха год ад году
Адмірае наша годнасць.
Патухае, як лампада
У куце змярцвелай хаты,
Пахінаецца распяццем
Над магілай божай маці,
Апускаецца, як глеба
Над разруйнаваным склепам.
Вінаватых жа — не знойдзеш,
Ну а знойдзеш — не спагоніш...
Ціха-ціха, скрушна-скрушна
Адміраюць нашы душы,
Шамацяць чаротам-дротам
Над асушаным балотам,
Патухаюць, як вуголлі
У кастрах начнога поля,
Лісцем курчацца з'інелым,
Болем бел-чырвона-белым...
Ціха-ціха, не зважаем,
Як мы, браткі, паміраем.
Вінаватых жа — не знойдзеш,
Ну а знойдзеш— не спагоніш.

ГРАМНІЦЫ
Адліга ўздыхае ў вільготнай цямнечы,
I звычай дзядоўскі нам час аднавіць.
Давай жа запалім грамнічныя свечкі —
I зло
разам з цемрай
ад нас
адляціць.
Малы Дамавік зашкрабецца ў куточку
I Лазнік у ваннай даесць павука,
I горад, грамнічнай пабуджлны ноччу,
Пачне ад бяссоння ратунку шукаць.
I горад не здолее нават здзівіцца,
Убачыўшы, хто не дае яму спаць —
Маланкавалосыя гэта Грамніцы
На воблаку
срэбньіх мятлушак
ляцяць!
I свет ажыве—і паганскі, і боскі,
I глеба ўздыхне мацярынскім цяплом.
I гаснуць агеньчыкі ў лужынах воску,
I трэба ўключыць у пакоі святло...
I ноч адыходзіць па вуліцах гразкіх,
Па вузкіх сцяжынах зімовых алей...
I жывіць душу таямніца і казка.
I неба — бліжэй,
а зямля — даражэй.

ДАРОГА Ў НІКУДЫ
«Я ведаю, куды вяду!» —
Крычала ўсім адна дарога.
Крычала гучна.
Хто пачуў —
Пайшоў па ёй.
Пачула ж — многа.
Гарлала рэха ў вышыні.