Абсяг [Рыгор Барадулін] (fb2) читать постранично, страница - 5

- Абсяг 255 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Рыгор Барадулін

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

* * *


Зноў яна,
І зноў вайна
Крывавіць бінт экрана,
Звяно злучае да звяна —
Звініць ланцуг парваны.
З дратоў і кратаў
Злы ланцуг —
Ён мой спакой кайданіць.
Гадоў маіх забытых цуг
Уваскрашае здані.
Ані прагнаць,
Ні замаліць —
Няхай каму старая,—
А мне баліць,
А мне смыліць,
А мне вайна страляе!

* * *


У ранішнюю цішыню
Віцебскага музея
Зайшоў я
І ўпершыню
У вочы зірнуў ім.
Нямею
На момант які,
На міг,
Яны на мяне звычайна
З пажарышчаў год нямых
Глядзяць нямымі вачамі.
Звычайныя юнакі
Як быццам...
Ды ў злых паставах...
Яшчэ не выюць ваўкі
Над імі ва Ўшачах,
Паставах...
Па-летняму рукавы —
Як вострыя кіркі,
Локці.
...Між намі
Жаху равы,
Драты з'іржавелыя
Злосці.
Яны яшчэ ў той сяўбе,
З якой курганеюць гоні.
Яны старэй за сябе.
За іх
Я старэй сягоння...
Ішлі—
Засталіся тут,
Яшчэ маладыя,
Худыя.
Глядзяць на сляды пакут...
Вочы падзець
куды ім?!

Пліты


І
Анатоль Анікейчык,
Па дысцыпліне — двойка!
Да дырэктара з бацькам прыйдзеш!
Як не быць настаўніцы ў крыўдзе —
Натварыў шкоды:
Вырваў старонкі
З журнала першага класа
Ушацкай сярэдняй школы
Сорак чацвёртага года.
Цяжка паварушыць старое.
Не адарваць старонкі
Ад умуражэлай аблогі —
Апалі,
Як нямыя аблокі...
Па гулкіх старонках —
Чыгунных плітах,
Жалобаю апавітых,—
Пераклічка.
Праз трыцдаць гадоў.
Незагойная памяць жывая
З блакаднага забыцця вырывае
Імёны бацькоў i братоў.
Першакласнікаў колішніх —
Імёны помснікаў
Шаснаццаці партызанскіх брыгад.
Зноў
Дротам калючьш колешся,
Здзічэлы агрэст прыгад?
II
Іржавець у балючай зямлі
Адсырэлым набоям.
Прозвішчы пачалі
Ападаць глухім лістабоем:
Аўдошка, Апёнак,
Бурак,
Грак,
Дук, Дзярыба,
Жаўранак, Жарнасек,
Лукашонак,
Кабяк, Карабань,
Лабань, Люцько,
Мамяка,
Роўба,
Смаргун,
Цвяцінскі,
Якута, Ярмош...
Пакута,
Сябе ў журбе
Змож!
Ціша цяжкая
У смутку журыцца.
Рэха гукае
Балоты, ляды...
— Хто сёння дзяжурны?
Час адказвае:
— Усе пайшлі на прарыў блакады...
Болем цягне
Ад кожнай імшарынкі.
На прагаліны
Галы лясы.
Б'юцца ў неба
Лясныя жаўранкі —
Змоўклыя галасы...
III
Звугалеў алфавіт
Ад жудасці анямелых пліт.
Пліты,
Нібыта плыты
На крывавых тваіх вірах,
Вайны апраметная...
Зноў на мяне наганяе страх
Арыфметыка!
Лічыць не бяруся,
Во ў скрусе
Баюся зблытаць
Учарнелыя пліты
Па ўсёй маёй Беларусі.
Трымае памяць мая няшчадна
Імёны ў мулкай ссабойцы.
Пліты...
Пліты...
Па іх вучыцца нашчадкам
Азбуцы нянавісці да забойцаў!

Партызанскі ўрок


А, як ішоў дадому тата
З атрада —
Чуў я за вярсту.
Казаў, бывала, сумнавата,
Што гледзячы на лес расту...
Мне памяць
І дагэтуль паліць
Па-партызанеку кемны урок:
— Адзінка —
Бачыш гэты палец,
Якім я цісну на курок...
З лагодным паўтараў дакорам
— Навуку, шалапай,
Ляйцай.
«А» —
Слуп з падпорай,
На каторым
Павешаны быў паліцай...
Пракуранага пальца порух,
Вачэй цяслярскіх
Сіні гнеў.
Ігліцай хрупацеў мне порах,
І гільзай
Жаўранак звінеў...

* * *