Крылы [Валерыя Саротнік] (fb2) читать онлайн

- Крылы 44 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Валерыя Саротнік

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


Валерыя САРОТНІК

КРЫЛЫ

Аднойчы — такое заўсёды здараецца знянацку — горад Ў захапіла эпідэмія.

Эпідэміі — страшная рэч, скажаце вы. А ўрачы згодна паківаюць — так, так... Калі эпідэмія вялікая, на ўвесь свет і нават на Месяц — гэта ўжо называецца пандэмія, падкажа Анатоль Сцяпанавіч Грыбочак, сур’ёзны дзядзька ў вялікіх акулярах з папкай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя пад пахай. Але, дадае ён заўсёды, калі праводзіць экскурсіі для школьнікаў па медыцынскім музеі бальніцы горада Ў, ёсць людзі, якія ведаюць, што рабіць. І яны не дадуць хваробе, якой бы страшнай і складанай яна ні была, дабрацца да вас. Ва ўсялякім разе, не да ўсіх, думае Анатоль Сцяпанавіч, але спыняецца на «да вас», і дзецям здаецца, што яны ў поўнай бяспецы.

Але супраць эпідэміі, што накрыла горад Ў, не было ні лекаў, ні выратавання.

За тры дні да пачатку эпідэміі ў горадзе Ў усё было, як заўсёды — спакойна і сумна.

А малады чалавек, па імені Алег і па прозвішчы Іваноў, паліваў герань на акне настаўніцкай, як заўсёды, у дванаццаць гадзін, акурат перад урокам. Ён выкладаў матэматыку, любіў лічбы і гэтую адзіную, нікому, акрамя яго, непатрэбную герань. Ён паліваў і аўтаматычна лічыў на дрэвах за акном настаўніцкай — роўна восем вароніных гнёздаў, а ў яго партфелі, калі прыпомніць, роўна чатыры ручкі, а на абед ён з’еў адну цэлую восем дзясятых і тры сотых талеркі супу, які ён таксама любіў. Да ўрока заставалася колькі хвілін.

Ён толькі на момант затрымаўся ля акна, загледзеўшыся на варон. Варон, у адрозненне ад супу і лічбаў, Алег не любіў — што гэта за птушка, ніякай эстэтыкі, шэрая і чорная. Не сказаць, аднак, каб Алегу даспадобы былі папугаі — так многа колеру для яго было занадта. Але калі ўзяць вельмі шэры і вельмі сумны дзень снежня, без снегу — такая ўжо была зіма, — дадаць да яго дождж і шэрых з чорным птушак, на душы становіцца так самотна і горка, што хоць ты сам сябе кіслотна-жоўтымі фарбамі аблівай. А была б магчымасць... ці крылы, паляцеў бы куды далей. Хаця б туды, дзе ёсць снег, падумаў Алег. Падумаў роўна адну цэлую дзве дзясятых хвіліны, і пайшоў на ўрок.

Так, зіма ў той год у горадзе Ў выдалася без снегу. Людзі, самотныя і сонныя, павольна брылі па мокрых вуліцах, бы не спяшаліся нікуды. Усе мы ведаем, што такі час «безсезоння» трэба проста перажыць, і сонца прыйдзе зноў — бо ўсялякія там антыцыклоны вечна вісець над галавой не могуць. Але жыхарам горада Ў здавалася, што цемрадзь і слота не скончацца ніколі — адны на працы і дома раз-пораз абнаўлялі старонку з прагнозам надвор’я ў інтэрнэце, другія стараліся не прапускаць навіны па тэлевізары, а мясцовы магістр белай магіі з дыпломам Вальдэмар Казлакоўскі нават праводзіў нейкі «вялікі рытуал па прыцягенні духаў зімы», як ён напісаў у запрашэннях і аб’явах, не забыўшыся дадаць пункт пра цану білетаў на гэтае шоу. Але, ці таму, што людзі не звярнулі ўвагу на яго памкненні, ці таму, што проста нешта складанае і метэаралагічнае тварылася над горадам Ў, снег не з’яўляўся і не з’яўляўся.

І вось менавіта тады пачалася эпідэмія.

Настаўнік матэматыкі Алег стаў першым, каго яна падкасіла. Ён прачнуўся як заўсёды рана, роўна ў шэсць гадзін, пацягнуўся, пайшоў у ванны пакой, пачаў чысціць зубы. і толькі праз хвіліну, глянуўшы ў люстра, са здзіўленнем убачыў — у яго за спінай былі КРЫЛЫ. Самыя сапраўдныя крылы, як у птушак, ці як малююць у анёлаў — толькі не белыя, а нейкія сінія з залатым. А пакуль ён здзіўляўся крылам, эпідэмія ішла па горадзе. Людзі прачыналіся і бачылі за сваімі спінамі крылы — розных колераў і памераў. Адны доўга цёрлі вочы, спадзеючыся, што гэта сон. Другія нават спрабавалі імі варушыць.

А Таня, прадаўшчыца на рынку, ціха плакала на кухні, і слёзы яе падалі проста ў кубак з гарбатай. Падалі і падалі. Усё склалася, як кажуць, адно да аднаго — яе звольнілі з працы, хлопец кінуў, памерла канарэйка (яна была ўжо вельмі старая і гэта было лагічна, але не меней сумна), і, нарэшце — вось гэтыя крылы. Яны, прынамсі, былі прыгожыя — чырвоныя з «падпалінамі», і, калі б Таня была арнітолагам, яна б сказала, што зараз падобна на птушку-кардынала. Але ёй, не-арнітолагу, было ўсё роўна, на каго яна цяпер падобная. Само тое, што крылы з’явіліся, было і страшна, і незразумела.

Тым часам, свет не стаяў на месцы.

У мэрыі тэлефоны проста разрываліся. Недзе пасля пятага званка мэр горада Ў Міхаіл Міхалыч ужо ведаў, што чакае яго за кожным новым паведамленнем. З экрана тэлевізара тоненькая журналістка з кіслотна-зялёнымі крыламі гучна і надрыўна расказвала пра тое, колькі выпадкаў «эпідэміі» рэгіструецца кожную гадзіну. Мэр Міхаіл Міхалыч працёр лысаватую галаву жудаснай фіялетавай насоўкай, пачухаў задуменна правае чорна-белае крыло, адчыніў сакрэтныя дзверцы і падняў трубку сакрэтнага тэлефона. Ён ведаў, што рабіць, калі пачалася эпідэмія.

І вось горад Ў акружылі ваенныя. Танкі і верталёты не давалі выязджаць і заязджаць у горад нікому, акрамя ўрачоў і вучоных. Прэса міма іх прабралася неяк сама.

— Што мы маем на сённяшні дзень? — паправіў свае вялікія акуляры самы галоўны ўрач горада Анатоль Сцяпанавіч Грыбочак. Яго фіялетавыя крылы не змяшчаліся за крэслам, і яму давялося стаяць. У астатніх вучоных крылы былі трохі меншыя, і яны сядзелі.

— Увесь горад зараз мае крылы, — падаў голас тонкі малады чалавек у белым халаце паверх смешнай кашулі ў кветачку і з гэткімі ж крыламі. — Вытокі феномена пакуль невядомыя.

Анатоль Сцяпанавіч пагайдаўся з наска на абцас, памаўчаў, крытычна аглядаючы калег.

— Феномен пачаў развівацца ўчора, — сказала таўставатая дама з аранжавымі крыламі і старамоднай прычоскай. — Група маіх аспірантаў зараз працуе там, адкуль, мы лічым, эпідэмія пачала распаўсюджвацца.

— Добра, — пацёр рукі Анатоль Сцяпанавіч. — А самі вы што?

Вучоныя здзіўлена на яго паглядзелі.

— Ну, вы самі. Вы спрабавалі нешта з імі рабіць?

— Я пер’е выдзіраў, — няўпэўнена прызнаўся дзядзька-фізіёлаг з вялікай барадой і ружовымі рамантычнымі крыламі за шырокай спінай. — Па струк­туры — самыя звычайныя. Птушыныя.

— А ці хто-небудзь з вас спрабаваў лётаць?— спытаў Анатоль Сцяпанавіч. Вучоныя пераглянуліся, што, хутчэй за ўсё, азначала «не».

Тым часам, у «ачагу эпідэміі» — чытай, у кватэры Алега — працавалі тры худыя аспіранты з аднолькавымі, бледна-сінімі крыламі і сумнымі тварамі. «Ачаг эпідэміі» вылічылі па тым, як распаўсюджвалася крылатасць, памецілі дом, зацягнулі пад’езд жоўтымі пластыкавымі стужкамі і паставілі міліцыянераў ля ўвахода.

Алег сядзеў на канапе і моўчкі трываў, пакуль яму мералі ціск, бралі аналізы, правяралі нешта на незнаёмых прыборах. Скончыўшы, абодва аспіранты, усё гэткія ж сумныя, пайшлі з кватэры. Алег падышоў да акна, выглянуў на вуліцу — людзі з рознакаляровымі крыламі за спінай ішлі па сваіх справах так паўсядзённа і спакойна, бо эпідэмія эпідэміяй, а жыць неяк трэба. Стракатая ад розных колераў вуліца цалкам расцвіла, і на душы, нягледзячы на ўсю дзіўнасць таго, што рабілася, было чамусьці радасна.

Але толькі не на душы ў прадаўшчыцы Тані. Яна, праўда, перастала плакаць, паглядзела тэлевізар і... супакоілася зусім. Бо чаго баяцца, калі горш, чым ёсць, ужо не будзе? Таня была песімісткай, і, як лічыла сама, няўдаліцай. Кава ў аўтамаце заўсёды канчалася на ёй, картка застравала ў банкамаце, варта было толькі Тані паспрабаваць забраць зарплату не ў банку. Адзіны аўтобус да працы, нібы здзекуючыся, зачыняў дзверы проста перад яе носам. Таня жыла, чакаючы новых няўдач і праблем. І зусім не памятала, напрыклад, што яе адну не зачапіла, калі недалёка ад яе латка на рынку ў пазамінулым годзе ўзарваўся газавы балон. А яшчэ, што яна не захварэла пасля таго, як у дзяцінстве правалілася пад лёд на возеры. А яшчэ, што маршрутка, на якую яна аднойчы спазнілася, трапіла ў аварыю...

Але цяпер яна не баялася нічога, ні аб чым не думала і нічога не чакала. Па яе асабістых падліках, жыццё дайшло да дна, і пакуль у гэтае дно, як у тым анекдоце, ніхто не спрабаваў пастукаць. Ёй было лёгка і наўдзіў спакой­на. У гэтым нязвыклым стане Таня апранулася як магла, прарэзаўшы вялікімі нажніцамі дзіркі для крылаў у кофце і паліто, і выйшла на вуліцу.

Тым часам самы галоўны ўрач Анатоль Сцяпанавіч Грыбочак старанна збіраў дадзеныя ад калег і тых, хто ў касцюмах хімічнай абароны хадзіў па горадзе Ў з учарашняга дня. Праўда, касцюмы яны хутка знялі, бо высветлілася — тое, што выклікала з’яўленне крылаў у мясцовых жыхароў, не перадавалася ні паветрана-кропельным шляхам, ні праз брудныя рукі, ні праз ежу і ваду. І нават праз погляд не перадавалася. Вучоныя, што прыехалі ў горад, з цікаўнасцю хадзілі па ім, бралі пробы паветра, зямлі і вады, саскрэбы з машын, і пер’е, што гублялі на хаду некаторыя прахожыя — так, на ўсялякі выпадак.

Але дагэтуль не было амаль нічога зразумелага. Анатоль Сцяпанавіч сядзеў за сталом адзін, амаль суткі, у думках размаўляючы з паперамі, што прыносілі ў яго кабінет кожную гадзіну. «Ну, што на гэты раз», — мармытаў ён, звяртаючыся да новага лістка, здымка, кардыяграмы. «Ніякіх анамалій», — сцвярджалі сур’ёзныя паперкі з аналізамі. «Ніякіх анамалій»,— працягвалі здымкі, — акрамя птушыных крылаў, цалкам функцыянальных і рэальных». Па ўсім выходзіла, што крылы абсалютна бяспечныя. І нічога дрэннага сваім «носьбітам» не робяць.

Анатоль Сцяпанавіч хадзіў па кабінеце, абхапіўшы рукамі галаву, нібы яна магла раскалоцца ад думак, якія ў ёй калаціліся. Адукацыя, веды і жыццёвы вопыт падказвалі яму — усё, што з’яўляецца, з’яўляецца не проста так.

Анатоль Сцяпанавіч Грыбочак не верыў ні ў што і ні ў каго. Мабыць, акрамя законаў прыроды і эвалюцыі (нават такой хуткай і нечаканай) — а гэта значыла, што ў крылаў павінна быць нейкая функцыя. Слова, якое так і «танцавала» на языку — «лётаць». Але як лётаць, калі ні косці, ні будова цела, ні нават гравітацыя не дадуць гэтага зрабіць?..

Ён не мог уявіць сабе, што такая ж думка прыйшла ў той жа момант у галаву настаўніка матэматыкі Алега. Алег не захапляўся біялогіяй і больш за ўсё верыў лічбам. І падлічыў ужо, што яго гіпотэза на 50 працэнтаў магла быць памылковай, а на 50 магла спраўдзіцца. І зараз, падпарадкоўваючыся чыста навуковай цікаўнасці папалам з нейкім унутраным поклічам, падымаўся на самы верх тэлевежы горада Ў.

Знізу пачуліся крыкі — людзі ўбачылі яго, і, напэўна, ужо выклікалі, як мінімум, міліцыю. Алег усміхнуўся сабе. Паглядзеў у неба. Скінуў паліто. Раскінуў крылы — яны падаліся яму нават большымі, чым калі ён быў дома. Пер’е пералівалася нават без сонца, вецер нібы дражніўся. Алег зрабіў крок і паляцеў. Шмат людзей бачылі яго тады, акрамя Анатоля Сцяпанавіча Грыбочка, які амаль прыліп да акна кабінета. Цяжка сказаць, што Алег адчуваў у той момант — а можа, увогуле, не адчуваў нічога. Але палёт яму хутчэй спадабаўся, чым не. Людзі ўнізе маўчалі. Міліцыя з аднолькавымі сінімі камуфляжнымі крыламі таксама маўчала, а яе начальнік нават апусціў рупар, у які збіраўся ўгаворваць хлопца не канчаць жыццё самагубствам. Алег забыўся на сваю гіпотэзу і проста ляцеў. Ён зрабіў круг над горадам і прызямліўся, не без праблем, праўда — першы ж раз — у парку горада Ў, на кучу гнілога лісця. Ён не паспеў нават скінуць гэта лісце з сябе, а здалёк да яго ўжо беглі журналісты, міліцыя, урачы і проста людзі — многія са смартфонамі, на якія здымалі палёт.

Так сціплы настаўнік матэматыкі Алег за адзін дзень ператварыўся ў амаль сусветную знакамітасць.

Праз суткі яго зноў аглядалі, аналізавалі, сканіравалі. Алег сядзеў на бальнічным ложку, увесь у правадках і датчыках, і стомлена даваў прэс-канферэнцыю адразу трыццаці каналам з усяго свету. Не сказаць, каб яму гэта падабалася — ён не ўмеў прыгожа гаварыць на камеру, а яшчэ вельмі не любіў мітусні, асабліва вакол сябе.

— Дык вы сцвярждаеце, што чалавек можа лётаць? — з моцным акцэнтам пытаўся журналіст з плашкай амерыканскага тэлеканала на мікрафоне.

Алег уздыхаў:

— Я нічога не сцвярджаю. Я проста паспрабаваў і ўсё.

— А што вы плануеце рабіць далей? — падхоплівала журналістка з «французскай» плашкай.

— З чым? — шчыра здзівіўся Алег.

— З вашымі крыламі.

Алег не адказаў. Ён зразумеў раптам, што зусім не ўяўляў сабе, што будзе далей. Так ён і сказаў журналісцы.

— А як вы дяглядаеце свае крылы?

— А што вы думаеце пра Сусветны фінансавы крызіс? А пра праблему ўсынаўлення дзяцей аднаполымі парамі?

— А якую марку гадзіннікаў вы выбіраеце?

Прадаўшчыца Таня другі дзень бяздумна хадзіла па горадзе. А што яшчэ рабіць, думала яна, калі не зразумела, што далей? Яна ўвогуле любіла вось гэтак хадзіць па горадзе і разважаць пра розныя рэчы, падбіраючы ў галаве прыгожыя словы — мабыць, з яе атрымалася б пісьменніца, але, ізноў, Таня лічыла сябе зусім бяздарнай.

«Мабыць, я натраплю на што-небудзь, на нейкі сэнс жыцця — хто ведае? Уся гэтая гісторыя з крыламі. Яна ўжо не столькі страшная, колькі дзіўная, і хочацца радасна бегчы да гэтага «дзіўнага», разглядаць яго, памацаць і зразумець. Яна нясе прадчуванне нечага новага, але і адначасова трывожнага, а яшчэ...»

Таня не паспела прыдумаць, што «яшчэ», бо сутыкнулася нос да носу з хлопцам, якога не заўважыла і ў якога ўрэзалася так, што яны абое паваліліся на зямлю.

— Глядзіце, куды ідзеце! — у адзін голас абурыліся ён і яна, і не без цяжкасцей падняліся на ногі. Хлопец абтрос адзежу, сінія з залатым крылы і, пануры, ужо збіраўся ісці далей, але Таня раптам пазнала яго.

— Пачакайце! — яна злавіла яго за рукаў. — Вы, вы — Алег! Той чалавек з навін, вы ўмееце лётаць?

Алег памкнуўся кінуцца прэч, але прыпыніўся, выдыхнуў:

— Калі ласка, скажыце, што вы не журналіст, не ўрач і не з міліцыі.

Алег толькі-толькі змог уцячы ад журналістаў і даследчыкаў і зусім не

гарэў жаданнем пачынаць усё наноў.

— Што вы, што вы! — адмахнулася Таня. — Я зусім не.

Аднекуль здалёк, з другога канца алеі, па якой гуляла Таня, пачуліся крокі і галасы.

— Г эта па мяне, — Алег спалохана паглядзеў у той бок.

Таня насупілася на хвіліну, а потым штурхнула Алега за лаўку ля кустоў, села на яе і на ўсялякі выпадак раскрыла свае крылы.

— Сядзіце ціха, я вас не здам, — прашаптала яна да таго, як да яе падышоў бліжэй немалады чалавек у белым халаце, ён быў на чале натоўпу з журналістаў і вучоных, кінуўся да яе:

— Дзе ён?!

Таня асцярожна наступіла на сіняе пёрка, што засталося на зямлі ля лаўкі, і паглядзела на чалавека пранікнёна і нявінна:

— Хто — ён?

— Алег Іваноў. Вы павінны былі бачыць яго, яго нельга не заўважыць! — чалавек у белым халаце пачаў чырванець ці то ад злосці, ці то ад нерваў.

— Дзе я магла яго бачыць? — працягвала Таня, гледзячы на яго чыстымі, сумленнымі вачыма.

Чалавек зусім раззлаваўся:

— Хопіць! Зараз жа кажыце, дзе ён?!

— Не крычыце на мяне! — раззлавалася і Таня. — Гэта раз. А два — вы хто такі, што вам і ўсім гэтым людзям ад мяне трэба?! Я зараз міліцыю паклічу!

— Міліцыя тут! — з натоўпу вылузаўся таўставаты начальнік міліцыі.

— Дзядзька Дзіма, ну скажыце яму!— працягвала Таня, не падымаючыся з лаўкі.

Начальнік міліцыі горада Ў войкнуў:

— Танька! Ты што тут робіш?!

— Гуляю, дзядзька Дзіма! А тут нікога няма, праўда-праўда, — адказала Таня. — А хлопец з сінімі крыламі вунь туды пабег. Здаецца...

Начальнік міліцыі ссунуў фуражку на патыліцу і паглядзеў на чалавека ў белым халаце. Той правёў рукой па твары.

— Хадзем адсюль, — гыркнуў ён, і ўвесь натоўп, развярнуўшыся сінхронна, пайшоў у іншы бок.

Калі крокі сціхлі, Алег, увесь у вільготнай лістоце кустоў, выбраўся з-за лаўкі.

— Дзякуй, — ён хацеў прысесці побач з Таняй, ледзьве не сеў на свае крылы, падскочыў, згубіў раўнавагу і паваліўся на зямлю. Таня дапамагла яму падняцца, і яны ўсё-ткі прыселі побач.

— Алег, — прадставіўся хлапец, працягнуўшы Тані руку.

— Таня, — сказала тая.

А праз колькі хвілін яны ўжо гутарылі як старыя сябры.

— А ты ведаеш тэарэму Лагранджа? — пытаўся Алег.

— Не, — усміхнулася Таня. — А ты ведаеш, як выбраць самыя свежыя ківі?

— Не! — адказаў Алег.

А потым яны хадзілі па горадзе і размаўлялі. Яшчэ разы два, да самай цемры, ім давялося хавацца ад журналістаў і вучоных. А потым прыйшла ноч. І толькі тады Алег спытаў:

— А ты спрабавала лётаць?

Таня хацела сказаць, што баіцца лётаць, бо ёй па жыцці не шанцуе, што ў яе абавязкова не атрымаецца. Але замест гэтага няўпэўнена адказала:

— Н-не.

— А хочаш паспрабаваць?

— Ты яшчэ пытаешся! — выдыхнула Таня і сама спужалася таго, што сказала.

Але праз хвіліну яны стаялі на той жа тэлевежы, з якой Алег паспрабаваў паляцець першы раз. Унізе свяціўся горад Ў, дзесьці над галовамі браўся світанак — як хутка праляцела ноч.

Алег асцярожна ступіў на край і пацягнуў Таню за руку. Яна, як ніколі смела, пайшла за ім.

— Што трэба рабіць?

— Раскрый крылы, як я, бачыш? Вось вецер, адчуваеш? А цяпер узмахні крыламі і.

Яны паляцелі разам, побач так, нібы інстынктыўна, так, каб не зачапіць адно аднаго.

Яны не ведалі, што недалёка адтуль, на даху свайго дома, стаяў галоўны ўрач горада Ў Анатоль Сцяпанавіч Грыбочак. Да гэтага дня Алег быў адзіным чалавекам, што адважыўся выкарыстаць свае крылы па прызначэнні. Анатоль Сцяпанавіч змяніў пошукі збеглага «летуна» на доўгія падлікі і невясёлыя думкі.

Галоўны ўрач горада Ў з дзяцінства марыў лётаць. Тады, многа год таму, ён усё аддаў бы за пару крылаў. А цяпер? Ён стаяў на даху свайго дома і думаў, пакутліва і доўга. І глядзеў у далечыню. А ў далечыні, на фоне світанку, ляцелі двое. Анатоль Сцяпанавіч перастаў быць рамантыкам недзе ў восьмым класе, і ўжо не памятаў, чаму. Дзесьці ў той жа час ён перастаў верыць у нешта, акрамя навукі. Але зараз, гледзячы на гэтых шчаслівых дзівакоў — ён адразу зразумеў, куды збег Алег — Анатоль Сцяпанавіч быў гатовы таксама паспрабаваць лётаць. І, калі сонца паказалася на небе, ён зрабіў першы, няўмелы крок з даху.

Вадзім Колкі, журналіст мясцовай газеты «Вячэрні Ў» марыў пра славу і кубак гарбаты — у каморцы, якую займала газета, было, як заўсёды, холадна.

Нават крылы, што ў яго з’явіліся, як і ва ўсіх жыхароў горада Ў, не ратавалі ад холаду і прафесійнай невядомасці. Вось гэты хлопец, Алег. Што ўвогуле ён зрабіў? Палятаў над горадам колькі разоў — і ўсё, увесь свет пра яго ведае. Ён, Вадзім Колкі, мог бы таксама палётаць і напісаць рэпартаж. Але гэта будзе ўжо не так востра і актуальна, як магло быць, калі б ён аказаўся першым у гэтай справе.

Шчыра кажучы, Вадзім Колкі ніколі не быў таленавітым журналістам. Усё, што дапамагала яму трымацца ў газете, дык гэта скандалы і даследаванні, многія з якіх амаль не мелі сэнсу, але рабілі многа шуму. Вось і цяпер, адчуваючы пагрозу «вылету» з газеты — галоўны рэдактар ужо некалькі разоў намякаў на гэта — Вадзім апантана шукаў, за што зачапіцца каб утрымацца ў рэдакцыі.

А раніцай у нядзелю зачапіцца ўжо амаль было за што.

Вадзім Колкі выйшаў на вуліцу ў нядзелю так рана толькі з-за сваёй таксы, што настойліва скуголіла ля дзвярэй і спрабавала куснуць яго за левае крыло. А на вуліцы ён нечакана сутыкнуўся з міліцыяй і машынай «хуткай дапамогі».

— Што там здарылася? — спытаў ён маладога міліцыянера з белымі, чыстымі крыламі за спінай.

Той развёў рукамі.

— Вучоны адзін, ці ўрач — хто яго ведае, са слоў тых, хто бачыў — спрабаваў лётаць, як той дзівак, што з вежы сігануў колькі дзён таму, чулі?

— Так. І што ён?

— Той хлопец — нічога. Жывы, цэлы, арол, як кажуць. А гэты, — міліцыянер махнуў рукой. — Вось ён спрабаваў лётаць, і нават падняцца змог. А потым нешта здарылася. Ну, ён і каменем уніз. І ўсё.

Вадзім паківаў галавой і асцярожна прыблізіўся да чырвона-белай стужкі, якой агарадзілі месца няўдалага прызямлення недарэкі. Вакол мітусіліся крылатыя эксперты, з-пад белай прасціны, якой прыкрылі цела, неахайна тырчэлі брудныя фіялетавыя крылы. Вадзім уздыхнуў, адцягнуў свайго цікаўнага сабаку і пайшоў дадому.

А дома яго нібы асяніла.

Алег ішоў на працу з радасцю. Ён любіў сваю працу, што рэдка здараецца ў нашы дні, асабліва, калі ты настаўнік і працуеш у школе. Але ў гэтай радасці была яшчэ адна прычына — з гэтай самай «прычынай» яны вечарам збіраліся ў кіно на адну зорную сагу. Таня, як і ён, любіла розныя гісторыі «пра космас, зоры і бясстрашных даследавальнікаў», як яны называлі іх паміж сабой. Алег у думках ужо быў часткова там, з Таняй, і радаваўся ёй больш, чым фільму. Ды ўвогуле — што там фільм, няхай хоць пра хамякоў будзе, ён пайшоў бы ўсё роўна. Бо там будзе Яна. Дагэтуль Алег яшчэ ні разу не кахаў — здараецца і такое — і зараз не зусім разумеў, што з ім рабілася, але быў не супраць.

Алег не заўважыў, праходзячы каля настаўніцкай, як дзіўна глядзіць на яго лепшы і любімы 7 «Б». Не звярнуў увагі ён і на касыя погляды завучаў. І толькі пасля другога ўрока яго паклікаў да сябе дырэктар. Ён дазволіў хлоп­цу сесці, разгарнуў на стале свежы экзэмпляр газеты «Вячэрні Ў» і моўчкі паказаў Алегу артыкул, падпісаны В. Колкім, на першай паласе. Назва проста крычала:

«СМЕРЦЬ ІКАРА: ЦІ НЕ НАРОДЖАНЫ МЫ ПОЎЗАЦЬ?»

Пад назвай у траўрнай рамцы было фота Анатоля Сцяпанавіча Грыбочка. Алег хутка прабег вачыма артыкул — там сцвярджалася, што палёты, нават з такімі крыламі, немагчымыя, што гэта даказалі вучоныя (і нават быў прыведзены спіс з імёнамі і прозвішчамі). А таксама артыкул называў палёт «усім вядомага Алега Іванова» «небяспечнай містыфікацыяй», якую ён спланаваў разам з невядомай маладой асобай (тут памяшчалася размытае фота, на якім Алег, нягледзячы ні на што, пазнаў Таню), ад якой пацярпеў «вядомы вучоны і ўрач А. С. Грыбочак». Далей на паўстаронкі разгортвалася біяграфія Анатоля Сцяпанавіча (самая доўгая, якую толькі можна было знайсці), і многа разважванняў пра палёт Алега, і пра тое, ці ёсць «аб’ектыўныя факты» таго, што палёт быў. Апошні абзац артыкула горача заклікаў разабрацца ў тым, што на самай справе здарылася ў горадзе Ў і не спадзявацца на дзівосы, бо людзі не народжаныя лётаць.

Алег, ледзь не трацячы прытомнасць, адклаў газету і паглядзеў на дырэктара. Той сказаў:

— І як вы гэта ўсё растлумачыце?

— Але. — з цяжкасцю прагаварыў Алег. — Але ж я лётаў.

— Я таксама пра гэта чуў, — уздыхнуў дырэктар. — А факты дзе?

— Але мяне здымалі. — пачаў Алег. Дырэктар не даў яму дагаварыць.

— Увогуле, які прыклад вы падаяце дзецям?! Мне пасля вось гэтага, — ён тыцнуў пальцам у газету, — ужо званілі, і многа разоў. Маці Лёшы Ткача ўчора злавіла яго на балконе — лётаць сабраўся, на вас гледзячы. А бацькі Юлі Афанасенкі! Яны яе ў пакоі зачынілі, яна ледзь не кінулася з даху.

Алег слухаў, але гукі даляталі да яго як з-пад вады. На хвіліну апрытомнеўшы, ён толькі пачуў:

— Хопіць. Заняткаў у вас сёння больш не будзе. Заўтра таксама можаце не прыходзіць.

Алег выйшаў са школы і адразу апынуўся ў коле журналістаў, міліцыі і вучоных. Пяць камер і з добры дзясятак мікрафонаў адразу нацэліліся на яго:

— Як вы пракаменціруеце артыкул?

— Як вы спланавалі гэтую акцыю? Што вы скажаце наконт смерці вучонага?

— Якія былі вашы матывы? Чаго вы хацелі гэтым дасягнуць?

— Хто гэтая таямнічая жанчына, у якіх вы з ёй адносінах?

Міліцыя — дзякуй ёй — моўчкі і панура намагалася адштурхнуць прэсу ад Алега, але — ён зразумеў — не дзеля таго, каб абараніць. Дзесьці за натоўпам чакала машына «хуткай дапамогі», побач з ёй — тыя, хто таксама быў не супраць прыхапіць Алега да сябе.

Таня даведалася пра ўсё па тэлевізары. Яе дзень таксама пачаўся з радасці і цёплых думак — але трэба ж было ўключыць тэлевізар, каб даведацца, якое заўтра будзе надвор’е. Праз хвіліну рэпартажа з плошчы, дзе Алега ўжо схапілі і запіхнулі ў белую кашулю з завязанымі рукавамі, яна спрытна накінула паліто і пабегла да яго, нават не зачыніўшы дзверы кватэры. Добра, думалася ёй, — плошча недалёка. Галоўнае — дабегчы, а што будзе потым, ёй чамусьці было ўсё роўна.

Алега цягнулі да «хуткай дапамогі», калі ён убачыў Таню. Яна стаяла пасярод плошчы і глядзела на яго. Журналісты кінуліся да яе — як яны даведаліся, было ўжо ўсё роўна. Алег і Таня паглядзелі адно на аднаго. Алег ірвануўся — кашуля трэснула на ім, вызваляючы крылы. Таня скінула паліто.

Яны ўзляцелі разам, з месца, на вачах усіх.

Яны падымаліся ўсё вышэй і вышэй.

Кажуць, потым іх болей не бачылі... Яны зніклі, два яркія промні сярод аблокаў — сіняе і чырвонае.

А на наступны дзень крылы зніклі ва ўсіх — рассыпаліся жменямі пер’я, нават следу не засталося на спінах. Замежныя вучоныя сабралі дадзеныя і з’ехалі з горада Ў, следам за імі падалася прэса. Апошнімі былі ваенныя, што да гэтага акружылі горад. І горад Ў зажыў сваім, спакойным, пераднавагоднім жыццём.

Журналіст Вадзім Колкі пакаваў рэчы — ён збіраўся ў сталіцу, паспрабаваць шчасця там — скандальны артыкул не дапамог яму затрымацца ў газеце. Мэр Міхаіл Міхайлавіч з палёгкай зашмагнуў шторку, за якой хавалася сакрэтная дзверца. У горада Ў з’явіўся новы галоўны ўрач. Усё стала, як заўсёды. Вось толькі цяпер снег пайшоў — белы-белы, ён падаў буйнымі, важкімі шматкамі, падобнымі на птушынае пер’е.