Наш блакітна-зялёны край ляжыць на еўрапейскім раздарожжы. Гэтак было заўсёды — ад пачатку вякоў. Ад таго часу, як дванаццаць тысячагоддзяў назад узгор'і і раўніны Беларусі засялілі першыя людзі. Гэта былі плямёны паляўнічых на паўночных аленяў. Тады яшчэ было холадна — толькі канчалася ледавіковая эпоха.
Наш край знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, у верхніх цячэннях і пры вытоках вялікіх рэк — Нёмана, Дзвіны, Дняпра і Волгі. Таму ён быў і застаецца нібы калідорам між Еўропай Усходняй і Заходняй, між Прыбалтыкай і Прычарнамор'ем.
Пакарыстацца гэтым «калідорам» заўсёды было шмат ахвотнікаў. Мала хто з іх прасіў дазволу, большасць ішла са зброяй у руках. А дужэйшыя імкнуліся запанаваць тут назусім, выцесніўшы гаспадароў у палескія балоты. Але нярэдка і нашым продкам рабілася цесна ў сваіх абшарах. I яны, адгукаючыся на покліч крыві, ішлі на край зямлі. Ішлі на ўсе чатыры бакі свету — да заснежаных гор і салёных марскіх узбярэжжаў, пакідаючы за сабою пыл і попел. I калі на шырокім полі, каб развязаць спрэчкі, зыходзілася мноства ўзброеных ваяроў, тады пачыналіся бітвы. Найбуйнейшыя з іх часта вырашалі лёс плямёнаў і цэлых народаў, мянялі далейшую хаду гісторыі.
На долю нашых продкаў выпала шмат бітваў. I болыпасць іх была пераможнай. Бо іначай мы не ацалелі б на гэтай зямлі, якую сёння завём — Беларусь.
Пра бітвы ў перадпісьмовы перыяд нашай гісторыі, у першабытныя часы, мы можам толькі здагадвацца. Па пластах вуголля на гарадзішчах, па дзюбах стрэлаў сярод людскіх шкілетаў… З таго ж, што занатавана пазней у старадаўніх летапісах, архіўных дакументах, сведчаннях тагачаснікаў, мы выбралі дзесяць бітваў. Тых бітваў, у якіх нашыя прадзеды праявілі асаблівы гарт духу і моц зброі, выстаялі і перамаглі.
Бітва за Варажскае мора
Першую вядомую ў летапісах беларускую дзяржаву больш як тысячу гадоў таму ўтварылі плямёны крывічоў. Называлася яна Полацкім княствам — па стольным горадзе Полацку, размешчаным пры ўпадзенні рэчкі Палаты ў Дзвіну. Сярод слаўных валадароў Полаччыны вядомыя князі з дынастыі Рагвалодавічаў — Брачыслаў і асабліва Усяслаў, празваны Чарадзеем.
Полацкае княства займала Сярэдняе Падзвінне — цэнтральны ўчастак гандлёвага шляху з «варагаў у грэкі», які злучаў Балтыйскае і Чорнае моры.
Умацаваўшы сваё гаспадарства, палачане захацелі пашырыць ўладанні. Ужо за Брачыславам (1003 – 1044 гг.) яны авалодалі паўднёваўсходнім краем сённяшняй Латвіі. Паставілі там некалькі моцных замкаў і выйшлі да Дняпра ў раёне Воршы. Асабліва настойліва полацкія дружыны прабіваліся да Ноўгарада. У гэтым некаторыя гісторыкі бачылі імкненне аднавіць колішнюю вялікую Крывіцкую дзяржаву. Аднак асноўнай мэтай гэтых намаганняў было апанаваць паўночную частку балтыйска-чарнаморскага гандлёвага шляху, каб выйсці да Фінскай і Рыжскай заток. Змаганне за марское ўзбярэжжа было працяглым і крывавым. Гэтая бітва за Варажскае мора (так у славянскіх летапісах звалася Балтыка) доўжылася дзесяцігоддзямі.
У 1021 годзе Брачыслаў з полацкай дружынай і наймітамі (варагамі з Скандынавіі) пайшоў на Ноўгарад і захапіў яго. Паводле гісторыка Длугаша, ён падначаліў усё Ноўгарадскае княства, пасадзіўшы ў ім сваіх намеснікаў.
Страта паўночных тэрыторыяў, а найболып выхаду ў Варажскае мора, ператварала Кіеўскую імперыю Рурыкавічаў у другарадную дзяржаву на Усходзе Еўропы. З гэтай прычыны кіеўскі князь Яраслаў паспешліва сабраў дружыны і пайшоў вайной на Брачыслава. Войскі сышліся на рэчцы Судоме — прытоку Шалоні. П асля зацятай бітвы Яраслаў, як сцвярджаюць некаторыя летапісы, нібыта перамог. Але дзіўная справа — у выніку «пераможац» перадаў «пераможанаму» важныя гарады Віцебск і Усвят. Гэтакім парадкам пад кантроль палачанаў траплялі волакі для гандлёвых караблёў не толькі з Ловаці ў Дзвіну, але і з Дзвіны ў Дняпро. Мабыць, не такі ўжо вялікі поспех быў у кіянаў, калі давялося задобрываць Брачыслава тэрытарыяльнымісаступкамі. Можа за гэта полацкі князь мусіў адмовіцца ад прэтэнзій на Ноўгарадчыну? Эймундава сага (сагамі называюць старажытныя скандынаўскія паданні) змяшчае зусім іншую версію падзеяў на Судоме: у палон трапіла жонка кіеўскага князя, таму кровапраліцця ўвогуле не было. У такім разе Віцебск і Усвят маглі стаць выкупам Брачыславу за вяльможную паланянку.
Сын Брачыслава славуты князь Усяслаў Чарадзей (1044 – 1101 гг.) працягваў традыцыйную полацкую экспансію ў бок Прыбалтыкі. (Экспансія — гэта пашырэнне ўладанняў.) У 1065 годзе яго дружыны напалі на Пскоў. А праз год палачане ўжо штурмавалі сцены самога Ноўгарада. Яны захапілі горад і знялі званы ў галоўным яго храме Святой Сафіі. Званы спатрэбіліся для толькі што збудаванай Полацкай Сафіі, якая была
Последние комментарии
12 часов 57 минут назад
13 часов 32 минут назад
14 часов 25 минут назад
14 часов 29 минут назад
14 часов 41 минут назад
14 часов 54 минут назад