Мёртвым не баліць [Васіль Быкаў] (fb2) читать онлайн

- Мёртвым не баліць 833 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Васіль Быкаў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Васіль Быкаў Мёртвым не баліць

1


Звоніць тэлефон, і яна бярэ трубку.

Дванаццаць мужчын, аблёгшыся на адпаліраваны, шырокі, нібы прылавак, бар’ер, затойваюць дыханне. Нашыя вочы скіроўваюцца і нерухомеюць на яе прыпудраным заклапочаным твары. Мы прагнем яе позірку, які, адчуваем, вось-вось павінен або расчараваць, або ашчаслівіць. Наогул, мы гатовы да ўсяго, абы толькі было нешта пэўнае. Найгорш у жыцці няпэўнасць: яна адбірае волю да дзеяння. Але жанчына, нібы ўнікаючы адказу, заклапочана варушыць тонкімі падведзенымі броўкамі. Хвіліна тэлефоннай увагі, торопкія адзнакі ў бланках, што ляжаць перад ёй на шкле, скупыя прафесійныя перапыты ў трубку здаюцца надзвычай доўгімі. Урэшце яна адрывае ад вуха трубку.

— Таварышы, месцаў няма.

Над бар’ерам працяглы ўздых расчаравання. Прыкрасць на твары. Шоргат падэшваў унізе.

— I не будзе?

— Не магу сказаць.

Зноў няпэўнасць? Шкада.

А гасцініца шыкоўная. Самая лепшая ў горадзе. Лічы, у самым цэнтры. 3 асобнымі пакоямі. Белакафельнымі ваннамі. Люстранай жаўцізной паркету. Царскай шырыні ложкамі ў нумарах. У даўжэзных, на цэлую вуліцу, калідорах гэткія ж даўжэзныя мяккія дарожкі. Між паверхаў сноўдае ліфт. Ветлівыя цёткі-горнічныя першыя вітаюцца з жыльцамі. Такое запамінаецца. Асабліва правінцыялу, які раз у год трапляе сюды па справах службы. Праўда, трохі палохае цана. Да камандзіровачных даводзіцца прыкладваць свае. Але не часта можна сабе дазволіць і пераплаціць. Тым больш у гадавіну Перамогі. Да таго ж выбіраць не прыходзіцца — у іншых гасцініцах даўно ўжо ніводнага месца.

Вось толькі гэта чаканне…

Насупраць за круглым сталом незаняты стул, і я адыходжу ад бар’ера. Ззаду варушыцца мой сусёд — лысы, згорблены чалавек з «Известиями», — ён будзе пільнаваць чаргу. А мне стаяць ужо цяжкавата: ные нага. Здраднік — новы пратэз з першага ж кроку агідна рыпае. Сусед ззаду апускае газету. «Малады, а — глядзі ты! — калека…» — напэўна, думае ён цяпер. Я ўжо добра ўгадваю, што думаюць людзі, заўважаючы маё калецтва. I мне гэта, па-праўдзе, даволі-такі надакучыла. Да свайго невясёлага лёсу я ўжо прывык. Праўда, за дваццаць гадоў было рознае. Здаралася, і пакутаваў… Сапраўды, яшчэ хацелася бегаць за мячом, як стаў інвалідам. Мабыць, трохі зарана. Толькі людзям не загадаеш. Другі падумае ды і прамаўчыць. А іншы пачне лезці з роспытамі.

Стараюся ступаць як мага раўней. Здаецца, гэта выходзіць няблага. Ва ўсякім разе, прывычна. Але слізкі паркет, мусіць, выдае маю скутасць. I яшчэ — нутраны рып пратэза. Той жулікаваты з выгляду майстар, які мне яго ладзіў сёння, казаў, што абрыпіцца. Толькі штось не абрыпваецца.

За сталом малады хлопец у стракатым, акурат як і ў мяне, пінжаку таропка падбірае ногі.

— А вы б ёй дакументы паказалі. Навошта тырчаць у гэтай чарзе?

Як заўжды, ад чужой спагады робіцца няёмка, і я нешта мармычу вінавата-неразборлівае.

— Павінны знайсці. Ужо для інваліда вайны не знайсці аднаго месца!..

Ён кідае гэта мне і з хмурым тварам пачынае аглядаць пазногці. Я не дужа зграбна апускаюся ў крэсла. I адкуль яму вядома, што я — інвалід вайны? А можа, няшчасны выпадак? Парушэнне тэхнікі бяспекі? Хоць, вядома, выдае ўзрост. Маладзейшыя, яны вызначаюць беспамылкова. А старэйшыя часам яшчэ называюць маладым чалавекам. Сапраўды, з твару я маладжавы. Гэта і зводзіць у зман. Маладых жа не ашукаеш. На такія штукі ў іх занадта натрэніраванае вока. Мусіць, апроч маладжавасці, трэба яшчэ нешта, чым мы ўжо не валодаем. Прамінулі ў сваю маладосць.

Хлопец тым часам паводзіць сябе так, быццам болей мяне не заўважае. Усе ягоныя эмоцыі схаваны пад маскай халаднаватай замкнёнасці. Але я адчуваю: у яго да мяне прыязнасць. Толькі ён прытрымлівае яе. Таксама як і цікаўнасць. Чамусьці ў адносінах між мужчынамі так прынята. Нібы выказаць свае пачуцці — слабасць.

А мне хлопец чымсь падабаецца. Можа, менавіта вось гэтай незалежнай замкнёнасцю, якая заўжды прымушае падазраваць глыбіню і змястоўнасць. Хоць у маладосці, пэўна, болей вабіць адкрытасць. Глыбіня і характар прыходзяць з гадамі, а маладых аздабляе шчырасць. У гэтага ж засяроджаны, не дужа схільны да шчырасці позірк. Зграбная свежая канадка на галаве. На лацкане стракатага пінжака сіні эмалевы ромбік. Вядома, тэхнічная ВНУ. Відаць, нейкі інжынер, прыехаў здалёку па справах вытворчасці. Што ў ягоным жыцці? Напэўна, маладая жонка, малое дзіцё. Стандартная малагабарытная кватэра дзе-небудзь у новым квартале. I, вядома, найцікавейшая ў свеце галіна — электроніка або радыётэхніка. Цяпер гэта сфера захаплення многіх. На жаль, мы ў такім узросце займаліся іншым. Зрэшты, таму і засталіся ў жыцці недавучкамі. Але што зробіш: іншы быў час. Свет ваяваў. Кожны мужчына мераў свае вартасці салдацкаю мерай. Артылерыя, танкі, авіяцыя — думалася, гэта надоўга. Колькі яны адабралі сілы, замарозілі здольнасцей…

Хлопец, мабыць, заўважае мой позірк і маю да яго стоеную цікавасць. Далей маўчаць нам ужо і няёмка. Ён дастае з кішэні пачак «Шыпкі» і лёгкім прывычным рухам пасоўвае да мяне.

— Курыце?

— Не, дзякуй.

— Кінулі ці не пачыналі?

— Некалі пачынаў. Ды раненне перашкодзіла.

З секунднай няўцямнасцю ён пазірае на мае ногі, затым болей працяглым позіркам акідвае грудзі. Я разумею яго недаўменне: якая сувязь — нага і курыва? Але ці варта казаць яшчэ і пра раненне ў грудзі, якое ледзьве не абярнулася для мяне фіналам. Да таго ж хлопец, напэўна, чакае ўбачыць на маім борце планкі ўзнагарод. Вядома, ён адукаваны чалавек, нямала начытаўся пра вайну і гатовы бачыць ва мне героя. Мусіць, таму, што дужа ўжо шмат разоў даводзілася тлумачыць усе гэта, цяпер я маўчу. Хлопец прыкурвае цыгарэту і крута паварочваецца ў крэсле. Ля адміністратара пачынаецца нейкае ажыўленне. Ці не з’явілася што?

Не, здаецца, трывога марная. У чаргу доўгацярплівых кандыдатаў у начлежнікі спрабуе ўлезці нейкі прастадушны дзядзька. Ён у новай ватоўцы, з вялізным чамаданам-куфрам і поўнаю сеткай батонаў. Напэўна, з вёскі. Станавіцца ў хвост чаргі дзядзьку няма ахвоты, і ён плячом і локцем спрабуе зашчаміцца між таўстуном з пакетам пад пахай і чалавекам у скураной куртцы. Таўстун спознена ўзнімае трывогу.

— Куды лезеце? Куды лезеце? Вы дзе стаялі?

— Ну, стаяў. Ну! Анягож! Каб жа не стаяў… Стаяў. Што я, хлусіць буду?

— Дзе, пакажыце, дзе вы стаялі? — злосна пыхае на яго таўстун.

Дзядзька, відаць па ўсім, нідзе не стаяў. Але ён, што б там ні стала, не хоча пакідаць месца, блізкае да адміністратара. Да таго ж ён паспеў прасунуць між мужчын руку і ўчапіцца за нікеляваны борцік бар’ера. Цяпер дзядзьку не зрушыць. Многацярплівую чаргу гэта абурае, і яна мноствам вачэй маўкліва ўпікае парушальніка гасцінічнай этыкі. 3-за бар’ера ў канфлікт уступае жанчына-адміністратар.

— Дзядзька, а ў вас пашпарт ёсць? — спрактыкавана трапляе яна ў самае небяспечнае дзядзькава месца. Дзядзька прыкідваецца глухаватым і перапытвае:

— Каго?

— Пашпарт, кажу, у вас ёсць?

Дзядзька, відаць, разумее ўсю складанасць свайго становішча і, мабыць, імкнецца выйграць час. Варушыцца, пацепвае плячом, лезе ў кішэнь, ссоўвае на патыліцу чорную кепку. Але адказваць, хочаш не хочаш, а трэба.

— Пашпарт? Дык гэта ж… Які пашпарт? Пашпарту няма.

— У нас строгі пашпартны рэжым. Мы вас не можам пусціць.

Дзядзька выслухоўвае ўсё з увагай. Голас адміністратара не злосны, нават са спачуваннем. Ашуканства быццам ніякага. I дзядзьку гэта бянтэжыць. На маршчыністым ілбе яго густа выступае пот. Хвіліну дзядзька мяркуе. Рукі, аднак, ад бар’ера не адрывае. На ўсякі выпадак,

— Вам жа рускім языком растлумачылі, — нервуецца тоўсты. — Вы што, не разумееце? Гэта нахабства!..

Аднак сапраўды падобна, што дзядзька не разумее. Ці, можа, не хоча разумець.

Тады з чаргі да яго падскоквае вельмі рухавы з выгляду чалавек. Зухаватым позіркам гасцінічнага доўгажыхара ён ва ўпор аглядае дзядзьку. Чорны, каляны плашч на яго плячах шархаціць, як бляшаны.

— Я зараз яму растлумачу. Ану, грамадзянін, трошкі ўбачок! Каб не мяшаць на праходзе, і так далей… Вы ж перашкаджаеце. I адпаведнага дакумента ў вас няма. Вы што ж думаеце? Вунь, зірніце, міліцыя. Ды не туды гледзіцё — вунь, ля швейцара. Бачыце? Ну, во! Варта далажыць, і… Разумееце?

Дзядзька заклапочана чухае пашчэнку, пазірае то на чалавека ў плашчы, то на міліцыянера ля ўвахода і слаба апраўдваецца:

— Ды я што?.. Я нічога. Я думаў…

— А вы не думайце! Вы выконвайце. Законы трэба выконваць. За парушэнне законаў і парадку — крымінальная адказнасць. То есць — суд, пракуратура. Як піць даць…

3 чаргі паблажліва назіраюць за гаваруном і дзядзькам. Гэта забаўляе. Некаторыя самі сабе ўсміхаюцца. Іш, «залівае»! «Залівае» сапраўды няблага. Відаць, спец па такога роду справах, бо дзядзька неўзабаве бокам падаецца сабе да выхаду.

— Цёмны народ. Не разумее, — цепае плячом чалавек і аблакочваецца на бар’ер. — Толькі і глядзіць, каб парушыць закон… Даводзіцца тлумачыць.

— Законнік!.. — кпліва ўздыхае мой сусед і выцягвае пад сталом ногі

«Законнік» зухаватым позіркам зверху ўніз акідвае адміністратара і аблягаецца грудзьмі на бар’ер. Праз хвіліну ён ужо сыпле там жартамі. Гэта ў яго выходзіць лёгка і проста. Паглядзіш, здаецца: вясёлы чалавек! Не тое што астатнія: надзьмуўшыся і апаныўшы, стаяць ля бар’ера. Нібы гэтая гасцініца — самае найважнейшае ў іх лёсе. А гэты, відаць, з катэгорыі людзей, якія нідзе не бянтэжацца. Яны ўсюды ўмеюць падысці, запытаць, дабіцца. I ўсё гэта з такой лёгкасцю, што самы заўзяты бюракрат не азлуецца. Самая знерваваная прадаўшчыца ці там касірша адразу лагодна заўсміхаецца на іх жарт. Галоўнае тон — зухаваты, лёгкі, ненавязчывы, без ценю заклапочанасці.

Мой сусед, аднак, мае іншую думку:

— Развялося брыдоты… Думаеце, ён так сабе завіхаецца?

— А што?

— Таксама хоча без чаргі ўлезці. Хіба не відаць?

Хто яго ведае… Магчыма, і так. Хвіліну я ўзіраюся, як ён там распінаецца перад адміністратарам. Але чарга маўчыць, нічога благога не падазраючы, і я адварочваюся.

Сусед адкідваецца на спінку крэсла.

— Прыстасаваліся, як мікробы да антыбіётыкаў. Ні крымінальным кодэксам, ні дружыннікамі, ні міліцыяй — нічым іх не возьмеш…

Гэта, вядома, так. Але мне неяк няёмка з незнаёмым чалавекам хаяць таго, каго зусім не ведаю. Хлопец, аднак, прысоўваецца бліжэй да стала.

— Скажыце, вось вы праваявалі вайну. Што, і там гэтаксама было? Ці, можа, там не дужа з такімі цацкаліся?

Мабыць, сапраўды на вайне было трохі прасцей. Подласць там была болей прыкметная: перад смерцю, вядома, маскіравацца цяжэй. Але гэткія тыпы прыстасоўваліся і на вайне. Хлопец з лёгкім недаверам выслухоўвае мяне і раптам скідае сваю маску адчужанасці.

— Зайздрошчу я вам…

Гэта ў яго вырываецца скорагаворкай, зусім па-хлапечы і так натуральна, што не пакідае ніякага сумнення ў шчырасці. I хоць я ўжо не першы раз чую падобнае, усё не магу не здзівіцца: чаму людзі зайздросцяць? Ці ведаюць яны тое, аб чым гавораць? Хлопец, аднак, неўзабаве тлумачыць:

— Вы калі ўжо рабілі што, дык на поўную сілу. Без крывадушша. Калі ўжо білі, дык размахнуўшыся — да абуха!

Часткова так, але на справе — усё было болей складана. На вайне не дужа крывадушнічалі, гэта праўда. Але ўдарыць на поўны ўзмах не заўжды ўдавалася. Былі прычыны, якія трымалі за руку.

Мой сусед курыць, праз дым пазіраючы на мяне. Я ж маўчу. Мабыць, трэба адказаць, але адной фразай не абыдзешся. Патрэбна доўгая размова, якая тут не да месца.


2


У вестыбюлі прыглушаны гоман. Стук дзвярэй, раз-пораз урываецца грукат машын з вуліцы. Па той бок вялізнага акна бясконца мільгаюць людзі: маладыя і старыя, жанчыны, дзяўчаты, хлопцы, заклапочаныя, вясёлыя — розныя. Пад вечар на дварэ пацяплела. Суняўся вецер. Ліпы растапырылі першыя ўвесну маленькія клейкія лісточкі. Пасля доўгага, нуднага дажджу высахлі тратуары.

Здаецца, пачынаецца трохі спазнелая і таму яшчэ болей жаданая вясна.

Але вось у прыглушаную гасцінічную гаману ўрываюцца нетутэйшыя галасы — незнаёмыя словы, чужы напеўны акцэнт. Вясёлы жаночы смех многіх прымушае азірнуцца. Натоўп турыстаў нетаропка ўліваецца праз дзверы і напаўняе прасторны гасцінічны вестыбюль. Ля пад’езда за шклянымі дзвярыма стаіць вялізны, у эмалі і нікелі, замежны аўтобус.

Ля бар’ера змаўкаюць размовы, твары паварочваюцца да дзвярэй. Турысты без спеху, спаважна і з ленасцю нясуць свае сумкі, чамаданы, пледы. Завіхаюцца швейцары. На сярэдзіне вестыбюля, пад калонай, складваецца багаж — цэлая гара з чамаданаў. Мой сусед вызначае:

— Французы! Не, італьянцы… Не хочаце паглядзець?

Пакінуўшы на крэслах газеты, мы ўстаём і падыходзім бліжэй да выхаду. Турысты на нас не зважаюць. Яны поўняцца жвавасцю ўласных узаемаадносін. Тонкія жанчыны ў штанах або клёшах смяюцца і кураць. Чорныя, светлыя, рыжыя прычоскі. Зіхатлівыя цёмныя позіркі. Ярка фарбаваныя вусны. Чарнявыя плячыстыя мужчыны стрыманыя і велікадушныя, як мудрацы між свавольніц. У іх свята: паездка, новая краіна, пра якую яны столькі чулі і толькі цяпер убачылі. Турботны тлум будняў яны пакінулі дома. Зайздросная рыса характару — адмяжоўваць будні ад святаў, непрыемнае ад радаснага. У нас, на жаль, так не атрымліваецца. Мы носім з сабой усё: клопаты і радасць, будні і нядзелі. У выхадны ў нас ужо зачынаецца панядзелак. Мы занадта маем у сабе з мінулага. Цяжкога, з часоў ваеннага ліха. Нешта ад шматгадовага недаверу да чалавека. Хоць тут нічога не зробіш. Пэўна, у нашай гісторыі занадта многа такога, пра што немагчыма забыцца. Таму мусіш памятаць. Нават і ў Дзень Перамогі.

I мы маўкліва стаім каля гардэроба. Мой сусед з цікаўнасцю ўзіраецца ў твары чужаземцаў. Гэта зманліва — пранікнуць у стоены сэнс незнаёмых характараў. Але я нават і не спрабую. Французы, англічане, італьянцы для мяне — закрытая кніга. Іх я не пасцігаю. Іхняя сутнасць недзе ў іншай плоскасці разумення. Другая справа — немцы.

Гэта страшная, часам невытлумачальная з’ява — фашызм. Але мне здаецца, я блізка да таго, каб яе зразумець. Вядома, зразумець — неабавязкова апраўдаць. Мне здаецца, гэты сфінкс разгадваецца проста: шалёная актыўнасць адных пры мяшчанскай пакорлівасці другіх. 3 аднаго боку, мараль: мэта — усё, сродкі — нішто. 3 другога: мая хата — з краю. Палітыка — не наша справа. За ўсіх думае фюрэр. Мы — маленькія людзі. I ў дадатак — самая раз’юшаная прапаганда, здольная чорнае выдаць за белае.

Немцы нам нарабілі нямала бяды, але мы незласлівыя: хай жывуць добра. Галоўнае, каб мірна. За мінулае, здаецца, мы расквіталіся. Помста ж у гэтым выпадку не мае сэнсу.

Пакуль мы глядзелі на турыстаў, міма нас хуткім крокам праходзяць адзін, другі — ад бар’ера. У руках — зыаёмыя аркушыкі прапускоў. Урэшце, мусіць, з’явіліся месцы. Я крута заварочваю назад і ледзьве не сутыкаюся з «законнікам». Ён з партфелем і таксама з пропускам. Абдаўшы мяне бляшаным шоргатам свайго плашча, таропка скіроўвае да ліфта. На твары ўжо заклапочанасць без ценю нядаўняе блазенскай лёгкасці. Я трохі дзіўлюся.

— Глядзі, ужо адхапіў!

Хлопец іранічна хмыкае.

— Ну. Я ж казаў.

Мы падыходзім да чаргі ля бар’ера і, вядома, спазняемся. Знайшлося ўсяго чатыры месцы. Атрымала таксама чацвёра. У тым ліку і той, без чаргі.

Астатнім трэба чакаць.

Маё месца за сталом пустуе. На суседнім сядзіць стомленая з выгляду, немаладая жанчына. Сусед, патаптаўшыся, моўчкі адыходзіць да бар’ера. Я саджуся.

Чарга абураецца. Асабліва цяпер, калі «законніка» прастыў і след. Калі ён ужо, мабыць, прабуе краны і мацае матрац у нумары… А яны сварацца. Дзіўныя людзі! Калі ён лез да адміністратара, тады ўсе маўчалі. А цяпер махаюць рукамі.

— Безабразіе!

— Мы кнігу скаргаў патрабуем.

— Хамства — так паступаць…

Асабліва абураецца адзін. Здаецца, яму ледзьве не дасталося месца. Цяпер ён соўгае на галаве зялёны вялюравы капялюш і сярдзіта круціцца ля бар’ера. Шырока разлятаюцца доўгія полы ягонага габардзінавага паліто.

— Безабразіе! Нахабства!

Сунуўшы рукі ў кішэні, ён нервова адварочваецца ад бар’ера і сустракаецца са мной позіркам. I раптам у маіх вачах здрыгаецца гарачы тлумны туман. Незразумелая нервовая хваля жарам абдае мяне да пят. Тугі ўдар звону ў вушах ураз адкідвае ў мінулае. У свядомасці маланкай мільгае адно толькі слова — «Сахно». Не, я не ўспомніў гэтага чалавека, проста я ніколі яго не забываў. I цяпер вось ён, — за пяць крокаў ад мяне, — трошкі азызлы з твару, брывасты і па-ранейшаму пагрозліва рашучы. На галаве нядбайна надзеты капялюш. Габардзінавае паліто не зашпілена і нізка абвісла поламі. На жоўтых чаравіках ляжаць светлыя калашыны штаноў. «Шыракаватыя», — заўважаю я зусім недарэчы. Акінуўшы мяне імгненным няўцямным позіркам, ён паварочваецца да бар’ера.

Закасцянелыя на імгненне суставы мае расслабляюцца, і я абнікаю ў крэсле. Рэшткамі падкантрольнай сваёй свядомасці адзначаю, што разгубіўся. Ніколі не думаў, што можна гэтак спасаваць перад ім. Колькі разоў за гэтыя гады ўяўляў сваю з ім сустрэчу, свае гнеўныя словы… I вось!.. Калі б ён цяпер падышоў і ўдарыў мяне, я, мусіць, не знайшоў бы, як адказаць. Бывае, што нахабства паралізуе. Мяне паралізаваў адзін яго выгляд.

Аднак у наступную хвіліну я ўсё ж ускокваю з крэсла. Рып… рып… Пракляты пратэз! Цяпер ён мне замінае. Цяпер мне патрэбны жалезныя ногі. I сталёвыя кулакі. Мусіць, на маім твары адбіваецца штосьці нядобрае. Двое ля чаргі з гатоўнасцю расступаюцца, і я бокам прысланяюся да бар’ера. Ля яго, побач. Безуважны да мяне, ён гнеўна даводзіць адміністратару:

— Я за тысячу кіламетраў прыехаў. Дзе я начаваць павінен? Скажыце, дзе?

— Гэта не мая справа.

— А чыя ж тады справа? Для чаго тады вы тут седзіцё? — ён рэзка адварочваецца ад бар’ера: яму патрэбен саюзнік. — Чулі, не яе справа?.. Во логіка!

Але мой выгляд, мусіць, яго ахалоджвае. Ён скідае капялюш і далонню выцірае ўзмакрэлую стужку падкладкі. Я адзічэла гляджу ў яго раззлаваныя вочы, і гарачая хваля ў маім нутры памалу астывае. Я пазнаю яго і не пазнаю. Чорт, няўжо я памыляюся? Ён трохі нават з жывоцікам і даволі-такі лысаваты. Той быў з выдатнай страявой выпраўкай і з чорнай жорсткай чупрынай на галаве. Вочы нахабныя і падпухлыя — мусіць, хворыя ныркі. Рост… Рост, мабыць, той жа. Толькі гэты таўсцейшы.

Але ж мінула дваццаць гадоў…

Адолеўшы нейкае нутраное зняменне, я адыходжу. У канцы бар’ера, воддаль ад усіх, аблягаюся на локаць. Збянтэжанасць мая пакрысе мінаецца. 3-пад ілба я неадрыўна назіраю за ім. Ён ці не ён? Я трохі баюся, каб ён не пазнаў мяне. Тады ён напэўна знікне. Хоць пазнаць мяне не так лёгка. У той час я быў амаль хлопчык. Дзевятнаццацігадовы малодшы лейтэнант. Да таго ж для яго я — забіты.

А ён не адступае ад жанчыны-адміністратара. У край бар’ера ўчапіліся яго пальцы — кароткія і таўставатыя. Ён працінае жанчыну дакорлівым позіркам. Памятным, ненавісным мне позіркам. Я бачыў яго розным: пагрозлівым, разгубленым і агідна ўгодлівым. Цяпер ён нахабна-патрабавальны. Жанчына робіць вягляд, што занята паперамі і не заўважае яго. Але не заўважыць яго немагчыма. Чалавек ведае гэта і нязрушна высіцца на бар’еры. Ужо ён даб’ецца свайго.

Цягучы, натужлівы звон у маёй галаве памалу аддаляецца. Паступова я страчваю катэгарычнасць першае ўпэўненасці. То здаецца — канчаткова і выразна: ён! То раптам у твары яго з’яўляецца нешта невядомае мне, чужое, першы раз убачанае. Я не ведаю, што мне рабіць, і стаю. На плечы ўзвальваецца цяжар неадольнай знямогі. Я адчуваю сябе ўшчэнт знясіленым і разгубленым.

У гэтым маім аслупяненні мінае, відаць, шмат часу, і каля адміністратара нешта адбываецца. Здаецца, аб’яўляюць, што месцаў болей не будзе. Людзі пачынаюць разыходзіцца. Нехта кажа да астатніх: «Пайшлі глядзець салют!» Нехта не згаджаецца: «Я лепш на вакзал. Пакуль лаўкі не занялі».

Чарга ля бар’ера хутка радзее. Неяк знянацку я губляю яго і нідзе ўжо не бачу. Спахапіўшыся, падыходжу бліжэй, азіраюся. Але яго няма. Няма каля адміністратара, не відаць у вестыбюлі. Нібы ён праваліўся ў зямлю. Дзіўна!

Тады я спыняюся перад бар’ерам і нічога не цямлю. У душы такое адчуванне, нібы па маёй віне здарылася непапраўнае. Людзей усё меншае. Жанчына з-за стала таксама пайшла, і абодва крэслы пустуюць. Мне трэба неяк сабрацца з думкамі. Крыўдна, калі ўсё гэта толькі здалося. Столькі душэўных турбот і — дарма! А калі ўсё ж ён? Што тады? Што я павінен зрабіць?

Трэба штосьці абдумаць і нешта вырашыць. Або, не трацячы часу, дагнаць яго? Ці, можа, паклікаць міліцыю? Зрэшты, міліцыя тут ні пры чым.

Урэшце, у гэтым кутку вестыбюля застаецца толькі адміністратар за перагародкай і нейкі п’янаваты няўдака. Падпіраючы спіной калону, ён не можа вымавіць ні слова і тупа глядзіць у падлогу.

Туга бразгаюць дзверы, і мяне абдымае мітусня вуліцы. На тратуарах людна. Усе некуды ідуць, ідуць, ідуць — мабыць, да помніка на плошчу. Стоеная перадвячэрняя ціша поўніцца пахам тапалёвай лістоты. Бензінавым чадам патыхаюць машыны. Купка людзей ля марожаншчыцы цярпліва дамагаецца свае асалоды. Бабка з пучком пралесак у старэчых руках…

Я немаведама куды брыду, як лунацік. Пачынае балець галава. Заўжды, калі панервуюся, мые баліць галава. У кішэнях, на жаль, аніякай таблеткі. Мусіць, трэба б ісці шукаць дзе прытулку. Але я ўжо мала што і заўважаю. У растрывожанай памяці размываюцца напластаванні гадоў і падзей. У востра-свяжуткіх вобразах паўстае даўняе і навек незабыўнае. Тое, што, як падмурак, лягло ў мой лёс і ляжыць там гіганцкім Баальбекскім каменем. Я ўжо ведаю, яго не пазбудзешся. Яго не зальеш гарэлкай. Не забудзеш у вясёлым разгуле. Яно заўжды ў сэрцы. Бо яно — гэта я.


3


…Снег. Дарога. Калона…

Мільгаюць боты, валёнкі, гамашы. Матляюцца па ветры заснежаныя полы шынялёў. Шархацяць залубянелыя, абмёрзлыя палаткі.

— Старшы лейтэнант Кротаў — у голаў калоны!

Паўтораная зычнымі, глухімі і сіпатымі ад прастуды галасамі коціцца па калоне каманда. Апошнім яе выкрыквае нехта з тых, што замыкаюць калону пярэдняй роты. Выкрыквае і задаволена паварочваецца, нібы для таго, каб убачыць, якое ўражанне на батальён зрабіў яго натужлівы, хрыплаваты голас. Гэта зусім блізка, і я, ідучы ззаду, бачу немалады ўжо, азызлы ад сцюжы твар, сціснуты вушамі падвязанай пад барадой шапкі. Углядаючыся, баец выцягвае з каўняра маршчыністую шыю і спыняе на кімсьці свій позірк. Тады і я паварочваюся. Камандзір шостай стралковай роты Кротаў, апяразаны па ватоўцы дзвюма кавалерыйскімі партупеямі, нібы не чуючы выкліку, валюхаста брыдзе па сыпкім снезе ўзбочыны. Як заўжды, у яго цёмных, зласнаватых вачах лішак зацятае камандзірскае строгасці.

— Вас — у голаў калоны, — кажу я, падумаўшы, што ротны недачуў каманду.

Кротаў, аднак, не зірнуўшы на мяне, ваўкавата кідае:

— Чую. Не аглух!

Калона тым часам памалу спыняецца. Заднія яшчэ зморана валакуцца па растаптаным сотняю ног снезе, а пярэднія ўжо спяшаюцца выкарыстаць кароценькі няўрочны прыпынак і паспешліва знімаюць з сябе ацежалелую за дарогу зброю. Тырчком, прыкладамі ў снег, дзёўбаюць даўжэзныя ПТР; асцярожна, рукаяткамі ў каляіны, апускаюцца долу целы «максімаў»; мінамётчыкі з палёгкай звальваюць з плеч цяжкія рабрыстыя плахі апорных пліт.

I вось ужо нехта валіцца на некратаны ботамі снег палявой узбочыны, нехта брыдзе за патрэбай у зблытаны і паламаны зараснік кукурузы, што шырокім прасцягам шарэе абапал дарогі. У вячэрнім сутонні над заснежаным стэпам вее саладкаватым, надзіва духмяным і дамавітым дымком махоркі.

— Ну што ж, перакурым гэтае дзела, — кажа ўсё той жа немалады, відаць, цягавіты баец і паварочвае да ўзбочыны.

Пакамечаныя полы яго шынялька старанна падаткнуты пад дзягу, на спіне, прышпіленая да рэчмяшка, целяпаецца непатрэбная пакуль што каска. 3 нейкага часу мяне мімаволі пачынаюць цікавіць галаўныя ўборы. Хоць, на жаль, я ведаю, што ні каска, ні шапка не падыдуць: трэба было аб тым дбаць раней. Але тады я не дбаў, і асколак ад нямецкага снарада два дні назад крамсануў мяне па патыліцы. Праўда, нічога страшнага ён не нарабіў, і ўсё ж пасля перавязкі аказалася, што шапка паверх бінтоў не налазіць, а каска балюча муляе. Так і застаўся я з абкручанай бінтамі галавой. Наліха, санінструктар разам не забінтаваў яшчэ і вушэй, дык яны ноччу крыху падмерзлі і цяпер баляць пад бінтамі.

Я таксама сходжу на ўзбочыну, туды, дзе на краі дарогі стаіць кулямётчык з трэцяга ўзвода нашае роты, прозвішча якога я ўсё не магу запомніць. Гэта малады спрытны баец у нізенька і зухавата накручаных абмотках. Зачэрпнуўшы шэраю, хатняга вязання сподкай чыстага снегу, ён з асалодай смокча яго, цікуючы наўкола зыркімі вачыма. У другой ягонай руцэ «дзегцяроў».

— Мусіць, шостую роту ў ГПЗ? — кажа ён да мяне. — Цяпер, лічы, усе трафейчыкі іхнія…

I, саўгануўшы на патыліцу шапку, зноў зачэрпвае снегу. Белабрысы твар яго тоіць цікаўнасць і прыцішаную хлапечую гарэзнасць. Я маўчу, бо ці мала па якой патрэбе могуць выклікаць да камбата ротнага Кротава! Той стары з чацвёртае роты таксама падыходзіць да нас і лаканічна згаджаецца:

— Ну, пашэнціла гэтым…

Ён варушыць рукамі ў кішэнях, мабыць, дастаючы закурку, і праводзіць позіркам чацвярых разведчыкаў, што таропка ідуць паўз людзей некуды ў хвост калоны. Яны ў запэцканых белых маскхалатах, на якія надзеты аўтаматы і брызентавыя сумкі з ражкамі-магазінамі. Хлопцы прыкметна спяшаюцца, і выгляд ва ўсіх незадаволены. Мусіць, у разведкі дзесьці нелады.

— Марухоў, прывет! — кідае кулямётчык, відаць, пазнаўшы сярод іх знаёмага. — Што, шостую ў ГПЗ?

— Якая к чорту ГПЗ! — злосна бурчыць пярэдні. — Кротаву шыю мыляць.

Кулямётчык у ссунутай шапцы разяўляе рот. На кончыку языка ў яго — снег.

— Пэўна, за Іваніўку? Ага?

— Ага.

— Ну і ну! — кажа пажылы, затрымаўшы ў парэпаных пальцах курэцкае начынне. — Гэта ўжо ўсыпяць!..

Ён пачынае скручваць цыгарку, побач у недаўменнай цікаўнасці разяўляюць раты байцы. Нехта за маёй спіной ахвотна пацвярджае:

— А ты думаў! Калі ўжо начальства ўмяшалася — усыпле…

Яны толькі цяпер здагадаліся, а я ўжо зранку думаю над усёй гэтай справай. Яшчэ на світанні ў Вялікую Севярынку да камбата прыязджаў штабны афіцэр капітан Сахно, які і раздзьмуў гэтую гісторыю з начлегам шостай роты. А цяпер вось якіх чвэрць гадзіны назад паўз калону праскакаў на кані старшына Шашок, ардынарац-паручэнец, ці як там яго называюць, — словам, пісар са штаба. Яшчэ ён запытаў у мяне, дзе камбат, і я махнуў рукой туды, у галаву калоны. Мусіць, таму і спынім батальён сярод стэпу. Так, відаць, будзе гэтаму Кротаву.

Кулямётчык тым часам спатольвае прагу і выбівае адна аб адну сподкі.

— Гэй, бамбаловы! — гарэзна крычыць ён да байцоў шостай роты. Іх у нас здаўна, мабыць, яшчэ з Курскай дугі, завуць бамбаловамі, хоць, пэўна, мала хто ўжо і памятае, што азначае гэта мянушка. — Цераз левае плячо кругом марш! У штрафную!

Аднак шостая, відаць, не хоча застацца ў даўгу.

— Ага, у штрафную! А хто ж тады вас будзе з-пад танкаў ратаваць?!

Гэта — усім зразумелы намёк. Тыдзень назад шостая рота адсечным агнём з фланга падсобіла нашай роце, якую атакавалі нямецкія танкі з пяхотай.

— Ці не вы гэта ўратуеце! Вы ж пабраталіся! — з’едліва папракае кулямётчык. Але тое ўжо праз меру, і я паварочваюся да байца.

— Ну, ну! Даволі!

Кулямётчык ніякавата жмурыцца, адчуваючы, што перабаршчыў, і мне хочацца напомніць яму нешта накшталт: жартуй, але ведай меру.

Аднак спераду зноў даносіцца:

— Малодшы лейтэнант Васілевіч — у голаў калоны!

Гэта ўжо мяне. Але навошта? Здаецца, я не замешаны ў такіх непрыемных справах, як Кротаў, рота якога нядаўна заначавала ў адным сяле з немцамі. Здарылася так, што бамбаловы мірна праспалі ноч і ўбачылі фашыстаў толькі ўранні, калі тыя, пастроіўшыся ў калону, падаліся сабе на бальшак. Прынамсі, так расказваюць байцы. Начальства ж, мусіць, мае наконт гэтага іншыя меркаванні.

— Ну што! Ага, самі ўліплі! — учуўшы каманду, пачынаюць зларадна крычаць з шостай.

— Яны шнапсам хабар з немцаў бралі! Ха-ха!..

— Ану, спыняй балбатню! — загадваю я кулямётчыку.

Зводдалі цераз галовы байцоў даносіцца голас самога камбата:

— Васілевіч, доўга цябе чакаць?

– Іду, іду!

Прытрымліваючы на грудзях ППС, я зморана бягу растаптанай дарогай. Я не магу дазволіць сабе раскошы на выклікі ісці крокам. 3 усіх ротных у батальёне я самы малодшы — і па гадах і па званню. Мабыць, з гэтай прычыны ад камбата мне дастаецца болей за іншых, і таму я змушаны варушыцца.

Камбат сядзіць на снегавым курганку ля палявога капца і мёрзлай кукурузнай бадылінай пырае ў снег. Побач, шархочучы на каленях картай, месціцца наш вусаты начштаба. Насупраць стаіць змрочны цемнатвары Кротаў, а крышку ўбаку, трымаючы за повад зморанага мухортага коніка, чакае чагось старшына Шашок. Новенькі шызага камсастаўскага сукна шынялёк шчыльна аблягае яго шырокую спіну.

— Ну, як галава? — зірнуўшы на мяне, пытаецца камбат.

— Ды нішто.

— А вушы? Спякліся, мабыць?

— Трошкі, — насцярожана адказваю я, не разумеючы, чаго ён гэтак незвычайна пачынае размову. Але адчуваю, што гэта не так сабе.

— Пойдзеце ў санчасць, — кажа камбат і б’е бадылінай па снезе.

Снегавая пацяруха асыпае мне боты, трапляе начштабу на карту, і той з прыкрасцю страсае яе пачырванелай далонню.

— Таварыш капітан, — спрабую я запярэчыць, але камбат не хоча і слухаць — бадай, як і ўсе камандзіры, ён не любіць, калі яму хто пярэчыць.

— Пойдзеш у тыл. Усё роўна з такой галавой — не ваяка…

— Дык у роце нікога не застаецца. Вы ж ведаеце.

— Ведаю. Заўтра Басмак прыйдзе. А пакуль старшына Дарафееў пакамандуе.

Вядома, наш старшына можа пакамандаваць і сёння, і заўтра, чалавек ён сталы і страляны, і ўсё ж мне зусім не хочацца пакідаць роту і выпраўляцца ў санчасць. Калі б ён паслаў мяне на які дзень раней, хоць бы мінулаю ноччу, калі мы мерзлі пад агнём у снезе пасля няўдалае атакі. А то лацно яму ставіць на роту старшыну, калі часці ўваходзяць у прарыў, мінаюць нямецкія флангі, і ўжо вунь ён, Кіраваград. Удзень з Севярынкі мы бачылі яго прыгарады, дымы пажараў і высокія будынкі, якія штурмавалі нашыя «ІЛы».

— Вось з Кротавым і пойдзеце, — кажа камбат, ківаючы галавой на камандзіра шостае роты. Той стаіць чорны, быццам зямля, і не пазірае на людзей. — Ды яшчэ гэтых субчыкаў прыхопіце. Заадно. Каб канвойных не пасылаць.

Гэта ён пра трох немцаў, якія стаяць адзін пры адным, цесненька збіўшыся ў купку і страхавіта пазіраючы наўкола. Адзін з іх проставалосы, без шапкі, малады хлопец-крапак, другі без шыняля, у мундзірчыку, з абвіслымі кішэнямі і вялікімі, амаль прафесарскімі, акулярамі на блізарукіх вачах. Трэці — нізкі, таўставаты стары прастуджана сморкае распухлым чырвоным носам. «Вясёлая кампанія, нішто сабе, чорт бы яе ўзяў!» — пачынаючы злавацца, думаю я. Удружыў камбат, нічога не скажаш. Камбат жа, здаецца, не прыкмячае мае незадаволенасці, таксама, як і змрочнае паставы Кротава, і дастае з кішэні дзюралевы партабак, густа аздоблены адмысловай разьбой.

— Частуйцеся, старшына, — працягвае ён партабак да Шашка.

Той не прымушае сябе ўгаворваць, ступае на крок і ўпэўненым жэстам бярэ папяросу. Пасля да партабака цягнецца рукой начштаба. Кротаў з-пад насупленых броваў бліскае злым позіркам і, як мне здаецца, трудна, асуджальна ўздыхае. Нам папярос камбат не прапануе. Яны ўтрох моўчкі прыкурваюць, і старшына, адставіўшы ўбок абутую ў нямецкі валёнак нагу, праз дым узіраецца ў мяне адным вокам.

— Ты што ж гэта, младшой, з такім скрыпам загад выконваеш?

Я коратка зыркаю ў ягоны самазадаволены начальніцкі твар і, стрымліваючы ў сабе злосць, маўчу. Якая ў яго, урэшце, справа і хто ён такі, каб рабіць мне заўвагі?

Кротаў, якога, відаць, дапякаюць свае турботы, нервова паварочваецца да камбата.

— Дык мне што? Роту здаваць, ці як?

Камбат моршчыць лоб і старанна раскурвае папяросу.

— Ну, чаму здаваць? Што гэта вы ўжо… Адразу ў паніку…

— Роты пакуль не здаваць, — упэўнена аб’яўляе старшына, і камбат таропка папраўляецца:

— Так, пакуль не здаваць. Няма такога загаду здаваць.

— Дзела яснае, — змрочна ўздыхае Кротаў. — Дзела яснае, што дзела цёмнае. Ну і чорт з ім! Хай!

Ён адчайна лаецца і адыходзіць убок, сваім выглядам даючы зразумець, што абыякавы да ўсяго і не баіцца нічога. Камбат устае з капца і выцягвае голаў, зазіраючы ў хвост калоны.

— Ну, дзе там Касенка? Не дачакаешся!

Касенка, якога ён чакае, камандзір узвода разведкі, і я пачынаю думаць, што, можа, і яго пашлюць з намі ў тылы палка. 3 Касенкам, вядома, было б весялей, хлопец ён таварыскі і гаваркі. Толькі ці накіруюць яго ў тыл: цяпер, калі ідзе наступленне.

Тым часам над стэпам пачынае прыкметна цямнець. Сціхае ад самалётнага гулу зімовае неба, больш чутны робіцца шорхат кукурузы на ветры. На ноч бярэцца мароз, і я настаўляю каўнер свайго шынялька — вушы хоць і прыхаваны пад бінты, але памалу заходзяцца ад сцюжы.

Камбат чакае. Аднак замест Касенкі на дарозе з’яўляецца разведчык. Зухавата ляснуўшы абцасамі, ён спыняецца за пяць крокаў перад начальствам.

— Таварыш капітан, лейтэнант Касенка каня не даюць.

Камбат шчыра дзівіцца.

— Як гэта не даюць?

— Не даюць, і ўсё. Кажуць, хутар трэба разведаць. Хутарок там наперадзе.

— Хутар, хутар! Во і на гэтым разведае, — тыцкае ён на мухортага старшыновага коніка. — Чым не рысак! А то вылупляецца яшчэ! Тожа мне кавалерыст!

Разведчык пераступае з нагі на нагу, на ягоным круглявым расчырванелым твары наіўная збянтэжанасць — маўляў, мне што: лейтэнант не дае, а я тут пры чым? Але камбат, здаецца, гэтага не разумее і, нахмурыўшы вочы, строга глядзіць на байца.

— Яны кажуць, хай старшына Шашок на сваім здыхляку і ездзіць, калі лепшага не ўмеюць прыдбаць.

— Вы мне пакіньце гэтыя разгаворчыкі! — злуецца камбат і з сілай пырае бадылінай у снег. — Я загадваю! А яго дзела выконваць. Паняў?

— Я-то паняў, — ахвотна згаджаецца разведчык.

— Дык выконвайце! — амаль што крычыць камбат.

Побач стаяць, слухаючы гэтую не зусім звычайную сварку, байцы, немцы. То на камбата, то на разведчыка водзіць вачыма старшына, я цярпліва чакаю і думаю, што Касенкаў конік, відаць, ужо здох. А нішто сабе быў трафейны скакунок у белых панчошках на пярэдніх нагах! Аднак мінуў час — адкрасаваўся на ім наш спрытны ўзводны. Калі ўжо гэтым у вочы кінулася, дык пішы прапала, ураз адбяруць. Не ведаю, як на што другое, а на такія штукі яны майстры.

Збоку тайком я пазіраю на старшыну, той строга падцінае недарэчна тонкія на мясістым твары вусны, і нешта рашучае з’яўляецца ў ягоных вачах. Тут жа ён паварочваецца да мяне.

— Ладна, вы ідзіце. Бярыце тых, — ківае ён на немцаў, — і ідзіце напрамкі. Я даганю.

Ён даволі па-таварыску кажа гэта, і я не ведаю, як разумець яго: ці то як заяўка на сяброўства, ці мо ён лічыць мяне за старшага. Але ж Кротаў старшы па званню, і пасада ў яго сталая, не тое што ў мяне — часовага ротнага. Я запытальна пазіраю на камбата, той незадаволена кідае: «Ідзіце», і я паварочваюся да акалелых немцаў.

— Ану, марш! Марш, фрыцукі пархатыя!


4


Праз хвіліну мы ідзём у кукурузе па каляінах ад добра ўціснутых у снег танкавых гусеніц: Кротаў і я — па правай, а трое немцаў побач — па левай. Кротаў, відаць, ніяк не можа змірыцца, што знялі з роты, і злосна лаецца. Гнеў яго, як і заўжды, мае канкрэтны адрас і цяпер скіраваны на нашага камбата.

— Абармот! Лакейская морда…

Немцы пакорліва тупаюць побач. Акулярысты ў мундзірчыку — наперадзе, за ім той, што без шапкі — ваўкаваты і чарнабровы хлопец, з твару зусім не падобны на немца. Стары з натугай шкандыбае ззаду, часам адстае, усё шморгаючы вялікім прастуджаным носам. У палон ён добра падрыхтаваўся, адразу відаць гаспадарлівага чалавека — на дзязе лязгае кацялок, фляжка, цераз плячо перакінута згорнутая ў скатку коўдра, на баку вісіць падобная на паляўнічы ягдташ брызентавая сумка. Не дзіва, што і адстае, гэтак нагружаны, і я, час ад часу азіраючыся, са знарочыстай злосцю прыкрыкваю:

— Шнэль, шнэль, фрыц!

Пярэдні ў акулярах тады паварочваецца і, нібы старшы сярод іх, нешта гергеча на апошняга. Я разумею толькі:

— Шнэлер, камарадэ…

Стары трохі прыспешвае хаду, целяпаючы заснежанымі поламі доўгага шыняля, і бурчыць паціху. Здаецца мне, у тым сэнсе, што, маўляў, добра табе, маладому, лёгка апранутаму, а я прыстаў ужо, хачу закурыць ды і наогул па самае горла сыты і вайной і вашым фашызмам. Гэта зусім натуральна ўчуць ад яго, бо ўжо сорак чацвёрты год і немцы на фронце не тыя, што былі ў сорак першым. Але акулярысты не дужа зважае на яго буркатню і з камандзірскаю строгасцю падганяе:

— Шнэлер, шнэлер…

Гэты пярэдні, нетаропка-разважлівы і нечым падобны на унцера, хоць мундзір на ім без усялякіх адзнак. Твар у яго прадаўгаваты, у меру хударлявы, з моцнаю ніжняй сківіцай. Пад тоўстымі шкельцамі акуляраў — насцярожаныя, але, здаецца, памяркоўныя, без злосці вочы. Той жа, проставалосы, што ідзе за ім, неяк дужа змрочна панылы. За ўвесь час ён не сказаў ніводнага слова і, здаецца, ні разу не зірнуў ні на кога.

Кротаў з выгляду зусім абыякавы да палонных і то памаўчыць, то зноў пачынае лаяцца.

— Чуць што з палка — і ён ужо на заднія лапкі. Сваёй ён думкі не мае.

Мне здаецца, што гэта дарма. Не такі ўжо наш камбат і лёкаяваты, якім яго ўяўляе цяпер пакрыўджаны ротны — проста перад старшымі пасуе крыху, як і многія ў арміі. Жадаючы трохі змякчыць яго гнеў, я абнадзейваю Кротава:

— Можа, не затрымаюць доўга, — кажу я, маючы на ўвазе палкавы штаб, куды яго выклікаюць. — Разбяруцца, і заўтра ў роце будзеце.

— А мне напляваць! Хай затрымліваюць. Што, мне ў тыле горш, чым на перадавой? Я пра тое, чаго яны чапляюцца па-дурному.

— Бдзіцельнасць…

— Бдзіцельнасць! Г… гэта, а не бдзіцельнасць. Яму рабіць няма чаго, таму бабніку, вось ён і прычапіўся. Ну, улезлі ў вёску, не разгледзелі, не разведалі. Дык што ж? Што тут злачыннага? Ніводнага чалавека не загубілі. Хіба лепш, каб у стэпе паўроты абмарозілася? Ці як гэты дурань Сараф’янаў за два дні ўсю роту палажыў… — разважае Кротаў, ужо не азіраючыся на мяне.

Я маўчу, трымаючы пад пахай свой ППС ды цікуючы за ботамі ротнага, якія рушаць акуратна спрасаваны ў снезе гусенічны след. Хада ў Кротава энергічная і лёгкая, як у загартаванага пехацінца. Старшы лейтэнант не прызнае паўшубкаў і з восені гойсае ў туга перацягнутай рамянямі ватоўцы. На руках у яго цёплыя аўчынныя рукавіцы на матузку, перакінутым цераз шыю, і ён у злосці шырока жэстыкулюе імі.

— Загадана было атакаваць, ну і атакаваў, пакуль восем чалавек не засталося. Нябось яго за гэта ў штаб не цягаюць!

Так, за гэта, мабыць, не пацягнуць, думаю я. Наадварот, яшчэ могуць даць ордэн за ўпартасць і настойлівасць пры выкананні загаду. Каму там разбірацца, што гэты Сараф’янаў набіты дурань і гарлапан, што яго даўно трэба пагнаць з батальёна куды-небудзь на гаспадарчы ўзвод. Але камбат наш усё ж не такі, увогуле ён нядрэнны камандзір, не крыкун і не баязлівец. Хіба што залішне цягнецца перад начальствам. Дык што ж: пра такіх кажуць — дысцыплінаваны.

Кротаў, нібы угадаўшы мае думкі, пярэчыць:

— Дысцыплінаваны! Дайшоў да чаго — перад нейкім там старшыной рассыпаецца, папяросачкамі частуе. Забыўся, мабыць, што і капітан, што і камандзір батальёна. I хто гэты старшына? Халуй, і ўсё.

Гэта сапраўды непрыемна, і тут я не знаходжу, чым можна было б абараніць капітана. Хіба тым, што здарэнне з шостай ротай не можа не адбіцца і на ўсім батальёне. Камбат, відаць, разумее гэта і, можа, не зусім упэўнена адчувае сябе.

На завароце танкавай каляіны я азіраюся. Мы прайшлі па кукурузе ўжо далекавата, батальённая калона без следу і гуку знікла ў вячэрнім стэпе. Шашка чамусьці нідзе не відаць. Ну, але старшына дагоніць, гэта не цяжка, бо мы ўвесь час ідзём па добра прыкметным шляху, а ноч будзе, напэўна, відная. Яшчэ не паспела сцямнець, як на бясхмарным марозным небе ва ўсё сваё поўнае вока свеціцца цыганскае сонца — месяц. Горш вось, што трэці, стараваты, немец увесь час адстае, відаць, добра ўмарыўся ўжо і на маё строгае «шнэль» не дужа рэагуе. Тады я гукаю Кротаву: «Стой!» Трэба пачакаць, бо ўсё цямнее, і я, прызнацца, патроху непакоюся, каб гэты стары куды не зашыўся. Старшы лейтэнант незадаволена спыняецца, ахвотна прыпыняюць хаду немцы, і ўсе мы чакаем, пакуль даграбецца ў каляіне іх камарад. Кротаў, мусіць, трохі ўжо прымірыўся з маім камандзірствам і падпарадкуецца. Мне, аднак, няёмка перад ім, старэйшым, і, каб змякчыць гэту няёмкасць, я дастаю з кішэні два сухары.

— Хочаце? Пагрызіце.

Снедалі мы на золку аж у Севярынцы і ўжо добра ўгаладаліся за дзень. Пэўна, з гэтай прычыны сухар здаецца надзіва смачны, я чую, як Кротаў з асалодай адкусвае, і з паўхвіліны мы засяроджана хрумстаем жорсткія кавалкі. Пасля міжвольна пазіраем на немцаў, якія стаяць у трох кроках ад нас, і натыкаемся на ўважлівы позірк акулярыстага. Мулкі кадык на доўгай шыі ў таго слізгае пад скурай угору і ўніз. Кротаў перастае жаваць.

— Што, дапякло? — нібы ўпершыню заўважыўшы палонных, з’едліва кажа ён. — Наваяваўся, сабачы сын? Жраць захацелася? Трымай!

Старшы лейтэнант разломвае сухар і кідае кавалак акулярыку. Той спрытна ловіць яго і з задавальненнем пачынае яго грызці. Ваўкаваты ж стрымана стаіць побач без шапкі, і я засоўваю руку ў кішэню. Там яшчэ адзін кавалачак сухара, апошняга з маёй сённяшняй нормы. Я дастаю яго і не без шкадавання працягваю цераз дарогу. Немец секунду марудзіць, пасля бярэ сухар і, адставіўшы ніжнюю губу, нешта чмыхае. Я яшчэ не магу зразумець чаго, як ён кароткім узмахам цераз плячо шпурляе сухар у кукурузу.

— Ах ты, гадзіна! — узрывае мяне абурэнне.

Кротаў перастае жаваць. Нейкі час ён маўчыць з жаўлаком за шчакой, а пасля, зламаўшы пад ілбом брыво, ступае між каляін у снег.

— Ану, падбяры!

Немец, насупіўшыся, маўчыць і не кратаецца з месца.

— Падбяры, гніда! — жорстка загадвае Кротаў і яшчэ праз секунду коратка б’е яго ў сківіцу. Той хістаецца, але ўстойвае на нагах, і старшы лейтэнант, не стрымліваючы ў сабе шаленства, крычыць: — Вош паўзучая! Сволач! Пракляцце наша! Праз вас я паўгода ў шпіталі праенчыў! Вы бацькаву хату спалілі! Праз вас мяне начальства цягае! На яшчэ, гад!

Немец зноў хістаецца, хапаючыся рукой за шчаку, але так нічога і не вымавіўшы — ні ад болю, ні ад страху. Зацятая ўпартасць яго і ва мне адгукаецца непадуладным міжвольным гневам. Нейкая жывёльная нянавісць так і падмывае заехаць яму па мордзе, як гэта зрабіў Кротаў, і я, адчуваючы, што не стрымаюся, кажу старшаму лейтэнанту:

— Ладна, кіньце вы!

Стары, які тым часам даганяе нас, відаць, цяміць ужо, у чымсправа, і ўслужліва лезе ў кукурузу. Здзьмухнуўшы з сухара снег, ён зважліва падносіць яго раз’ятранаму Кротаву. Той, аднак, б’е немца па руцэ, і сухар адлятае ў снег.

— Прэч! Прэч, гады! Злыдні! Сволачы! Я вас усіх зараз!

Ротны хапаецца за кабуру, і я ледзьве спыняю яго:

— Ладна. Не трэба! Пайшлі.

Працінаючы ўсіх трох ненавісным позіркам, Кротаў неахвотна пераходзіць у правую каляіну.

«Вось жа гад фашысцкі!..» — думаю я, прыадстаўшы і назіраючы ззаду за проставалосым гітлераўцам. Валасы ў таго чорныя, відаць, жорсткія, да вушэй ён і не дакранаецца, нібы не адчуваючы марозу. За ўсю дарогу не сказаў ніводнага слова, ні разу не зірнуў нам у вочы, але ва ўсёй яго постаці адчуваецца небяспечны, стоены вораг. Пасля гэтага здарэння з сухаром я трохі насцярожваюся і перасоўваю свій ППС на грудзі: ці мала што можа выкінуць яшчэ гэты злыдзень!

Стэп заціхае к ночы, але ўсё ж мноства прыцішаных гукаў сведчыць аб прысутнасці наўкола вялікае сілы вайны. Ідзе наступленне, водгукі яго раз за разам даносяцца да слыху ў прыглушаным танкавым гуле, далёкіх выбухах. Недзе на поўдні, за Кіраваградам, усё палыхае край неба: агністае зарава на небасхіле то шырэе, разгараючыся, то паціху вузее. Аднекуль даносяцца невыразныя галасы людзей, пэўна, непадалёку праходзіць дарога. Скрозь у стэпе стоены рух, сцішаны грукат і людзі. У кукурузе, аднак, мы не шмат вакол сябе бачым.


5


Шашок даганяе нас, калі ўжо ўсталёўваецца ноч і ў высокім студзеньскім небе з вострым бляскам густа высыпаюць зоркі. Сярод іх на поўную моц ззяе месяц. У стэпе відна, хоць збірай іголкі. Рэзкія сінія цені нячутна валакуцца за намі; ярка бялее снегавы дол; наўкола мроіцца ў прыцемках кукурузны абшар. На краі яго мы з Кротавым заўважаем рухавую постаць. Каня амаль не відаць у кукурузным зарасніку, толькі паверх яго сунецца коннік. Мы спыняемся і чакаем. Ну, вядома, — гэта старшына.

— Фу, думаў не даганю ўжо, — з прыкметнай палёгкай ад таго, што пазбыўся адзіноты ў начным полі, кажа Шашок і прытрымлівае каня. — Ну як, не паразбягаліся фрыцы?

— Не разбягуцца, — кажу я.

Старшына скіроўвае каня па левай каляіне і блізка пад’язджае да немцаў. Кротаў на хаду азіраецца (здаецца, ён ужо паспакайнеў) і з хвіліну ўглядаецца ў старшыну і яго каня.

— Ну што, не адкалолася?

— Не адкалолася, — ахвотна адказвае Шашок. — Заўпарціўся разведчык. Не хацелася скандал учыняць.

Усё зразумела: Шашок на тым самым мухортым коніку, на якім і прыехаў у батальён. Значыць, Касенка праявіў характар да канца. Ён такі, гэты наш лейтэнант. Разведчык!

— Я б таму каню лепш кулю ў вуха, чым вам аддаваць, — кажа Кротаў.

Шашок не адказвае, прапускае міма ўвагі гэтую адкрыта непрыязную заўвагу і развязна крычыць на немцаў:

— Шнэль! Шнэль, вашу матары! Затапчу, фашысты!

Ён і сапраўды падсцёбвае повадам каня. Задні немец кідаецца з каляіны, проставалосы адхіляецца ад конскае храпы. Старшына задаволена рагоча.

— А, палахліўцы, такую вашу… Саступай дарогу рускаму воіну!

— Ану, канчай! — пагрозліва азіраецца Кротаў. — Спярша вазьмі ў палон, а пасля будзеш канём таптаць.

Шашок прыціхае і зверху ўніз насцярожана аглядвае ротнага.

— А вам што, шкада?

— Не шкада. Агідна!

— Значыцца, зашчышчаеце? Немцаў зашчышчаеце?

– Ідзі ты…! — узрываецца Кротаў. — Хочаш дзела прышыць? Не баюся я вас!

— Так, так! — Шашок шматзначна сціхае, нешта затаіўшы ў сабе, і далей ціха едзе сабе за ўсімі.

Немцы пераглядваюцца, відаць, штось зразумеўшы з гэтае сваркі, і мне робіцца няёмка перад імі. От яшчэ знайшлі месца лаяцца! Ну, але ўсё гэты Кротаў… Вядома, ён цяпер злосны, таму і сапраўды можа нарабіць сваркі.

Толькі, відаць, я дарма непакоюся, пасварыцца як мае быць яны не спраўляюцца. На чарговай танкавай паваротцы ў кукурузе нам сустракаюцца людзі.

Гэта сувязісты. Абвешаныя шпулькамі з кабелем, тэлефоннымі апаратамі, са зброяй на грудзях, яны палахліва кідаюцца ўбок з каляін, калі бачаць нас. Пасля, мабыць, пазнаўшы сваіх, нясмела выходзяць з рэдзенькае кукурузы і заміраюць на дарозе. Позіркі іх чамусьці трывожна скіраваны ўбок.

— Што такое? — пытаецца Кротаў, калі мы набліжаемся да іх.

Сувязісты топчуцца на месцы, рухі іх дужа скутыя, галасы сцішана ўстрывожаныя.

— Там немцы, — урэшце зацята паведамляе адзін з карабінам на шыі.

— Ледзьве не напароліся, — ахвотней дадае другі, не адрываючы позірку ад прыцьмелае кукурузнай далечы.

Два другія моўчкі ўзіраюцца туды. Я таксама пазіраю наперад.

– Ідзі ты, хлопец, ведаеш куды! — злуецца Кротаў. — Адкуль тут ім узяцца? Вунь дзе немцы, — паказвае ён назад, на зарава над Кіраваградам.

— Канешне, — не вельмі ўпэўнена пацвярджае Шашок. — Я надвячоркам тут ехаў — нікога не было.

Сапраўды, адкуль тут узяцца немцам, ужо амаль што ў глыбокім тыле палка? Батальёны далёка наперадзе, калі б што, дык ужо даўно заўважылі б і прынялі якія меры.

— I танк. Стаіць, кукурузай абкладзены.

«Тыгр»! — быццам не чуючы нашых пярэчанняў, у нейкім няўцямным трансе бубніць сваё сувязіст.

Кротаў са знарочыстай праставатасцю ў голасе пытаецца:

— Танк?

— Танк.

— «Тыгр»?

— Ага, мусіць, «тыгр». Дужа вялікі.

— Знаеш, баец! Быў бы ты ў маёй роце, я б табе паказаў «тыгра». Ён бы табе пасля кацянём здаўся! — грозіцца Кротаў і ківае на мяне. — Пайшлі! А вы цягніце сувязь! Куды загадана. I без панікі каб. Жыва! Вам зразумела?

Сувязісты, аднак, усё топчуцца на месцы. Ад камандзірскай упэўненасці i рашучасці ў іх, відаць, не прыбыло. Ціха перагаворваючыся, яны застаюцца, а мы ідзём далей. Я пачынаю пільней, чым дагэтуль, узірацца ў начное наваколле. Кротаў перасоўвае на рамяні кабуру. Немцы, наўрад ці зразумеўшы што з гэтае размовы, ціха брыдуць у сваёй каляіне. Старшына Шашок моўчкі едзе ззаду. Ён першы парушае нашу няпэўную маўклівую насцярожанасць.

— Младшой! — звяртаецца ён да мяне. — Ты гэта вось што…

Я гляджу на старшыну, ён, зверху цікуючы па баках, нешта рашае.

— Ты вось што… Вядзі іх прама. А я… А я падскочу ў батальён. Забыў адно дзела.

«Што ж, падскоквай. Мне што? Толькі ніякай у цябе справы там няма. Проста ты спалохаўся, пісарская душа», — думаю я.

Кротаў, нядобра бліснуўшы вачыма, азіраецца, але маўчыць. Шашок таропка заварочвае каня і з месца пускае яго галопам.

— Наклаў ужо… — чмыхае Кротаў. — Ну і чорт з ім! Без яго лягчэй.

Немцы, відаць, усё ж нешта зразумелі з нашай замінкі. Пярэдні ў акулярах, не паварочваючыся, нешта буркае астатнім двум, і чорны з яўнай зацікаўленасцю пазірае ў прыцьмелую далячынь. Стараючыся пільней сачыць за імі, я праваю рукой намацваю рукаятку затвора.

Так мы праходзім з кіламетр ці болей. Насустрач нідзе нікога, паблізу, здаецца, ніякага падазронага руху. Кротаў рашуча сплёўвае на снег.

— Гэтым тылавікам заўжды чэрці сняцца. Такі ўжо на…

Ён, відаць, хоча сказаць «народ», але на паўслове замірае і нечакана спыняецца. Я ледзьве не наскокваю на яго ззаду і тут выразна, хоць і не зусім рэальна (з нечаканасцю, як у благім сне), бачу наперадзе людзей. Чалавек пяць іх стаіць у кукурузе, узіраючыся ў наш бок. Побач цямнее нейкая невыразная пляма — куча кукурузы ці які куст? Крыху далей другая, а там яшчэ і яшчэ.

Але я так і не паспяваю зразумець, што гэта. Я чую толькі, як да недарэчнасці рэзка скаланаецца ля мяне Кротаў. Затым з яго грудзей вырываецца нейкі прыдушаны крык, і старшы лейтэнант, моцна прыгнуўшыся, нібы драпежнік, рынаецца ад мяне ўбок. Секунду я не цямлю, у чым справа. Збянтэжаны позірк мой скіроўваецца за Кротавым, і тады я бачу, як адзін з нашых немцаў ашалела бяжыць у кукурузу.

— Стой! Стой!.. Стой! Ох ты!..

Гэта — Кротаў. Кінуўшыся за немцам, ён ірве з кабуры пісталет, але той дзесь зачапіўся і не вымаецца. Або мне гэта здаецца… Кротаў падае на калені ў снег, спрабуе ўскочыць, і тады першая траскучая чарга прашывае навокал паветра. Я падаю ў каляіну, тузаю рукаятку затвора. Наперадзе ў кукурузе штось пыхкае. Выбух сцябае па твары снегам і асляпляе. У апошні момант уваччу мільгае Кротава рука з адстаўленым локцем. У ёй пісталет. Затым агняная пляма гасіць зрок. Аднак праз секунду я бачу над сабой вырасшыя на паўнеба зблытаныя сцяблы кукурузы. У іх вісіць нізкі месяц, і пад ім — дзве постаці. Адна нерухома ляжыць у каляіне, а другая, падаючы і ўскокваючы, бяжыць у кукурузу, некуды ў бок ад нас і ад немцаў. «Уцякуць!» — мільгае спалох, і я, не цэлячыся, націскаю на спуск. Аўтамат дробна ўздрыгвае, і гэта вяртае мяне да рэальнасці. На руках і каленях я кідаюся на той бок каляіны. Немец наперадзе таксама ўскоквае і, прыгнуўшыся, шырока сігае кудысь між рэдкіх сцяблоў. Я даўка крычу: «Назад!» Ён спалохана кідаецца ў другі бок. Але я, некалькі разоў скокнуўшы, наганяю яго і падаю амаль побач. Шумна дыхаючы, ён ляжыць, узіраючыся ў мяне, і чакае. Адзенне яго і галава скрозь у снезе. Я ўскідваю аўтамат і з лютай прыцішанасцю гукаю: «Назад!» Палонны паспешліва паднімаецца на калені і хутка паўзе між сцяблоў кукурузы. За ім, прыгнуўшыся, караскаюся я. Ззаду выразна даносіцца ўстрывожанае нямецкае гергетанне. Кротава няма. Мёрзлыя тугія калівы блытаюцца пад нагамі, б’юць па галаве. Але яны трохі хаваюць нас, і мы адбягаем ад таго месца, дзе нас застала чарга. Нас толькі двое. Той, у каляіне, так і не падняўся. Я не ведаю нават, каторы гэта з іх, як не ведаю і таго, каторы паўзе са мной. I незразумела, дзе Кротаў. На хвіліну я затрымліваюся і слухаю. Здаецца, мы трохі адрываемся ад немцаў, і тады з кукурузы рвецца крык:

— Хальт!

— Хальт!

— Хальт, рус!..

I чарга — адна, другая, дзве разам. Мы падаем і па рыхлым снезе зноў кідаемся ўбок. Мая ўвага расколваецца надвае — адначасна я лаўлю ўсё, што пагражае нам ззаду, і не ўпускаю ад сябе немца. Ён круціцца, як вужака, паўзе. I я гэтаксама кручуся, куляюся, паўзу, каб не адстаць ад яго.

У кукурузе тым часам раздаецца адзіночны пісталетны стрэл і затым зноў прыглушаныя адлегласцю крыкі немцаў. I зараз жа мяне спыняе чамусьці хрыпаты, але злы крык Кротава.

— Не! Не! Сволачы!

I зноў слабы пісталетны стрэл, другі. Трэці, пэўна, накрывае чарга, і ўсё там сціхае.

«Што ж гэта? Як жа гэта? Чаму так?» — як дрыготка, б’е мяне распачлівая думка. Вываляны дашчэнту ў снег, я распластваюся між мёрзлых бадылёў кукурузы. Перада мной ляжыць немец. Я толькі цяпер пазнаю, што гэта той акулярык у мундзірчыку. Аднак акуляраў у яго ўжо няма, ён задыхана сапе і шырока міргае сваімі бялёсымі вачыма. Я ўскокваю на ногі і тут жа прысядаю ад болю ў ступні. Паранены! Збянтэжаны, яшчэ не ўсвядоміўшы ў поўнай меры таго, што здарылася, я, аднак, выразна адчуваю: гэта — непапраўная, вялізная бяда. Трэба зараз жа нешта зрабіць, неяк ёй процідзейнічаць. Нага ў мяне прыкметна цяжэе, штось гарачае, нават востра пякучае разыходзіцца па ступні. У боце хутка макрэе. «Ну вось і ўсё!» — сціскае сэрца самотная думка. Аднак яна працвярэжвае ад страху, і я разумею, што небяспека яшчэ не мінулася, што трэба хутчэй выкараскацца адсюль.

Прыўстаўшы на калена, я наступаю на параненую нагу — ці цэлая хаця косць. Калі падломіцца — тады ўсё прапала. Але нага, дзякуй Богу, не падломваецца, толькі баліць, дужа пячэ. Праўда, боль — не так важна, боль мы як-небудзь стрываем. Я падхопліваюся, прыгнуўшыся, штурхаю аўтаматам немца, і мы зашываемся ў вялізным прасцягу кукурузы.


6


Людзі ідуць, ідуць, ідуць…

I я іду. Іду без мэты, немаведама куды, насустрач цёплай вясновай ночы. Вячэрняя сцішанасць высокага пагоднага неба мірам і добрасцю ліецца ў разварушаную душу. Дробненька рассыпаецца музыка са «Спідолы». Гэта перада мной мерна крочаць, нібы плывуць у людскім патоку, трое хлапцоў. Чорныя вячэрнія гарнітуры, вастраносыя чаравікі. Вельмі дбайна прычэсаныя шавялюры.

Я іду за імі і думаю пра сваё.

Цяпер, праз дваццаць год, можна меркаваць па-рознаму. Хоць, прызнацца, я і дагэтуль толкам не ведаю, як усё тое адбылося. Магчыма, адступаючы, немцы наўмысля пакінулі ў нашым тыле танкавую групоўку. А можа, нашы часці самі абышлі яе, гонячыся за тэмпам наступлення. Уперад, не зважаючы ні на што, глыбей у варожы тыл — было няпісаным правілам кожнай наступальнай аперацыі. А танкі засталіся. Гэта найбольш верагодна. Важна было акружыць Кіраваград, паставіць пад пагрозу разгрому дзесятак нямецкіх дывізій. Каму там клопату, што ў нейкім месцы нашага баявога парадку ўтварылася прарэха, у якую ўлезлі немцы.

Для фронту гэта было нястрашна, для арміі таксама. Дывізіі было горш. А вось нам… Мне, небаракам-параненым, таксама як і заклапочана-бяспечным тылавікам, гэта было пытаннем: жыць ці памерці.

Мусіць, тады я зрабіў усё ж няправільна. Калі б ведаць, што будзе далей, дык трэба б крыкам крычаць на ўвесь стэп. Надакучаць рознаму начальству, не зважаць, што маглі паставіць і да сцяны, палічыўшы за панікёра. Вядома, панікі на фронце баяліся ўсе гады, пачынаючы з сорак першага. Наконт яе былі грозныя загады, у тым ліку і самога Сталіна. Падазрэнне ў панікёрстве часам мела куды больш небяспечныя вынікі, чым рэальная пагроза з боку немцаў. Таму, як след не разабраўшыся ў абстаноўцы, камандзіры да часу стараліся маўчаць, спадзеючыся, што начальству раней данясе сусед. Я ж у свежым запале нечаканай сутычкі аб гэтым тады не падумаў.

Людскі паток з тратуараў уліваецца ў вялізны натоўп на плошчы.

Тут помнік.

На плошчы гамана і штурханіна. Натоўп пацясняецца, падаецца ўбок, прапускаючы да помніка строй піянераў са сцягам. Лясны водар хвоі ад вянкоў настройвае на адпаведны хаўтурны лад. Урачыстая хвіліна ўскладання. Людская гамана прыціхае. Гучней грымяць маршы з дынамікаў.

Ля помніка чуецца нейкая каманда. Я думаю, можа, тут будзе мітынг? Хоць на мітынг штось не падобна — няма ні трыбун, ні арганізатараў.

Звонкім, добра пастаўленым галаском юная выхаванка школьнай самадзейнасці бадзёра чытае верш. Ніхто не забыты, нішто не забыта. Гучна звіняць над плошчай высокія, поўныя аптымізму словы. Малайчына дзяўчо!

Невядома чаго, я праціскаюся між людзей да помніка. Што я там хачу ўбачыць? Скрозь — твары, твары, твары. На мяне ніхто не звяртае ўвагі. Тым лепш. Я разумею, што знайсці тут каго — безнадзейная справа. Як іголку ў стозе сена. I ўсё ж лезу ўсярэдзіну. Гранітнае падножжа манумента завалена зелянінай вянкоў. Колькі хваёвых галін! На вайне яны спадарожнічалі забітым у іх апошнім шляху на зямлі. Разам іх клалі ў магілы. Часта замест дамавін…

Да агню, аднак, не падступіцца. Там піянеры. Стройныя рады белых сарочак і кофтачак. Урачыстая чырвань гальштукаў. Яны салютуюць. Я спыняюся ў шчыльнай групе моладзі. Хлопцы і дзяўчаты. Зноў вастраносыя туфлі, абцасікі, шпількі. Пышныя і старанныя прычоскі. I над плошчай усё той жа прыглушаны россып транзістараў:

А за окном то дождь, то снег,
И спать пора. Но никак не уснуть…
Яны жывуць сваім, куды больш ім блізкім. I я іх разумею. На самой справе: прайшло амаль дваццаць год. Шмат хто нічога ўжо і не памятае з таго, што было ў раннім дзяцінстве. Многія нарадзіліся пасля вайны. Вайна для такіх — абстракцыя.

Марудна я прабіраюся між іх шчыльных груп. Мне патрэбен Вечны агонь. Навошта — не ведаю сам. Хіба каб наблізіцца. У кожным агні ёсць невытлумачальная зваблівасць. Магчыма, гэта інстынкт, выпрацаваны ў глыбінях стагоддзяў. У старажытных агонь быў сродкам жыцця, ачышчэння і ахвярнасці. Цяпер ён сімвал іншага сэнсу. Мне хочацца толькі зірнуць на яго і тым далучыцца да памяці мёртвых.

Не дужа ветліва рассоўваючы людзей, я ўсё ж прабіраюся да абеліска. Праўда, агню амаль не відаць. Над хвояй празрыстымі хвалямі струменіць гарачае паветра. У шырокім маўклівым крузе замерлі людзі — дарослыя і дзеці, мужчыны і жанчыны. Строгія позіркі ўсіх скіраваны да адной кропкі — сімвалу вялікага сэнсу. Твары ўрачыста засяроджаны. Яны вельмі мудрыя і вельмі светлыя, гэтыя твары. Мне здаецца, я ніколі не бачыў такімі нашых людзей. Цяжка нават паверыць, што гэта самыя звычайныя твары самых звычайных людзей. Зрэшты, тут тыя, па лёсе якіх усім сваім цяжарам праехала вайна. Ледзьве паўзіраўшыся, я ўжо разумею гэта.

Што ж, пэўна, я таксама не буду тут лішні.

Я выцягваю галаву з-за нейчай высокай чорнай спіны і моўчкі стаю з усімі. Мяккай пазалотай пабліскваюць карнізы і ляпныя рэльефы помніка. Насупраць, нібы мармуровая скульптура, — нерухома жалобны твар жанчыны. Яна ў вялікай чорнай хусціне, з-пад якой выбіваецца на лбе пасма зусім белых валасоў.

Непадалёк, скрыжаваўшы на грудзях рукі, сядзіць інвалід у калясцы. I раптам я чую ціхі голас таго, што стаіць перада мной.

— Ён які, агонь? Сапраўдны?

— Самы сапраўдны, татка. Гэта ад газу агонь. Як на кухні ў Кузьмічовых.

Васьмігадовы хлапчук тармосіць за руку чалавека. Той, аднак, роўна стаіць, трошкі схіліўшы голаў.

— Вялікі?

— Вялікі, татка. Толькі вянкамі заклалі — не відаць.

— А вянкоў многа?

— Многа. На мазаўскі самазвал не ўлезуць.

— Самазвал ён як «студэбекер», так?

— Што?

Хлапчук не пачуў або не разумее незнаёмага слова. Я тлумачу:

— Многа вянкоў. Пэўна, на поўны «студэр» з верхам.

Чалавек на паўабарота паварочвае да мяне пабіты порахам, рабаваты твар.

— Дзякуй.

Калі ласка. Хаця навошта дзякаваць. Жорстка памечаныя вайной, мы і так выдатна разумеем адзін аднаго. Мы — пабрацімы аднаго лёсу. I мне робіцца добра тут, у гэтым цесным страі. На гэтым стыхійным мітынгу без прамоўцаў.

Хлопчык з-пад бацькоўскай рукі з паважнай цікаўнасцю азіраецца на незнаёмага чалавека.

Аднак добрага патроху. Здаецца, жаданне выканана. Неяк унутрана прасвятлеўшы, я пачынаю вылазіць з натоўпу.

Усё ж Вечны агонь у памяць аб тых, хто загінуў — гэта здорава! Калі толькі вечнасць яго не акажацца кароткай.

Здаецца, у адносінах да ўвекавечання забітых я памыляўся. Памяць аб стратах у нашай краіне, як ні ў адной іншай, шматзначная і сімвалічная. Напэўна, ніколі ў мінулым народ не губляў столькі невядомых салдат, як у апошняй вайне. I дагэтуль нікому невядома, колькі маці не дачакаліся з вайны ні сыноў, ні паведамленняў пра іхні лёс. I ляжаць яны ў зямлі невядомымі. Героі і негероі з невядомымі чалавецтву пакутамі і невядомымі подзвігамі, невядомымі лёсамі і імёнамі. Дык хай будзе благаславенны агонь у іх памяць!..

Я рашуча выбіраюся з плошчы. Аднак гэта не проста. Уздоўж тратуара рады людзей. Нехта шчоўкае «Зоркім». Жанчына на выцягнутых руках высока ўзнімае дзіця. Хай бачыць і памятае малы.

За тратуарам рад чырвоных газіровачных аўтаматаў. Ля іх таксама людзі. Лязгае мядзяк, нетаропка гудзе жалезнае нутро, і аўтамат акуратна адмервае сваю порцыю. Стараючыся не ступаць у лужы на асфальце шукаю шклянку. Ля крайняга аўтамата, засланяючы адзін аднаго, нешта шальмуюць двое. Ужо немаладыя. Па ўзросце — былыя франтавікі. У абодвух у руках па шклянцы, але не падобна, каб з газіроўкай. Той, што стаіць насупраць, перахапіўшы мой заклапочаны позірк, з фамільярнасцю, на якую не пакрыўдуеш, падміргвае:

— Адну хвілінку…

I хавае за аўтамат бутэльку. Я спыняюся ўбаку і чакаю. Мужчьшы цішком стукаюць шклянкамі. Адзін рослы, цяжкаваты, з бурачнага колеру тварам. На ягоным пінжаку тры рады ордэнскіх планак. Два — Чырвонага Сцяга, па адным Аляксандра Неўскага і Айчыннай вайны. У другога, крыху маладзейшага і нейкага дужа пакамечанага з твару, лацкан няновага рудога пінжака важка адцягваюць дзве Чырвоныя Зоркі. Відаць, прывінціў спецыяльна для свята. Мужчыны таропка п’юць. Крэкнуўшы, заядаюць сухой воблай. Старэйшы — мажны крутаплечы дзядзька — выразным кіўком паказвае на маю нагу.

— Што, на вайне?..

— На вайне.

— Ну, а газіроўку п’еш! Ці не зарабіў? — змрочна папракае ён і пытаецца: — Трахнула дзе?

— На Другім Украінскім.

— Сусед. Я з Першага. А гэты з Ленінградскага, — з трэскам ламаючы воблу, ківае ён на сабутэльніка.

Я чакаю шклянку, а ён, памарудзіўшы, нагінаецца за бутэлькай. Шырокая вялікая яго рука налівае болей паўшклянкі.

— Давай! За тых, хто хоча, а не можа.

— Ну што вы!.. Я не п’ю.

Ён, увачавідкі хмялеючы, гатовы абурыцца:

— Як гэта не п’еш? Тады ты не франтавік. Ты — чыгуначнік.

У яго нетаропкія рухі, бясспрэчны камандзірскі тон, цяжкаваты позірк чалавека, які ведае сабе цану. Маладзейшы, наадварот, увесь час смеючыся вачыма, грызе ўстаўнымі металічнымі зубамі воблу і падміргвае:

— Давай, друг! За рускіх Іванаў.

Мне зусім не хочацца піць, але іх фамільярная катэгарычнасць абяззбройвае. Хіба што за Іванаў. Маладзейшы выдзяляе кавалак воблы, і я паспешліва, захлынаючыся, п’ю. Як і на фронце. Выпадковая чарка сярод незнаёмых суседзяў-танкістаў або мінамётчыкаў. Праўда, там не было і следу няёмкасці.

— Ну і нішто! — адабрае старэйшы. — Справіўся. А казаў, не п’ю. У якім званні?

— Я?

— Ну, вядома ж, не я.

— Малодшы лейтэнант.

— Зразумела. Ванька-ўзводны.

— Ага. Праўда, і ротным быў.

— Я таксама. Да Берліна вырас у дывізійнага.

Салёны кавалак рыбы пячэ ў роце. Настроем хутка завалодвае хмельная лёгкасць. 3 рэпрадуктараў грыміць «Свяшчэнная вайна». Побач лезуць, тоўпяцца, штурхаюцца людзі. Аднак мы не звяртаем на іх увагі. Мяне пачынае цікавіць старэйшы. Але наконт дывізійнага ён, здаецца, «загнуў».

— У дывізійнага, кажаце? Занадта высока.

— Высока? Думаеш, да дывізійнага не дабраў? Так? Ану, палічы. Адзін камплект роты — дзвесце чалавек.

— Гледзячы якой роты.

— Якой! Штрафной, вядома.

— Штрафной?

Я з новай цікаўнасцю пазіраю на гэтага чалавека. Плячом ён прысланяецца да чырвонай сценкі аўтамата.

— Ну і вось. Дзвесце памнож на дванаццаць. Дванаццаць разоў фарміраваліся. Не лічачы частковых папаўненняў. Дывізія!

Ну, можа, і не дывізія, але таксама нямала. Я першы раз бачу чалавека, які на фронце камандаваў штрафной ротай, і з несхаванай цікаўнасцю гляджу на яго. Малодшы растрыбушвае пачак «Беламору».

Жанчына ў празрыстай хустачцы, з медзяком у пальцах выглядае шклянкі.

— Шкляначкі вольныя?

— Заняты! — буркае старэйшы.

— П’яніцы праклятыя!

— Цыц, цётка! У нас памінкі!

Цётка, адышоўшыся, грозіцца:

— Вось паклічу дружыннікаў, тады паменяцё. У працвярэзнік вас, алкаголікаў!

— Што? Дружыннікаў? Кліч! Кліч дружыннікаў! — пачынае распаляцца старэйшы і пагрозліва ступае ад аўтамата.

Малодшы, бліснуўшы металічнымі зубамі, хапае яго за руку.

— Кузьміч, спакойна! Спакойна, Кузьміч!

— Што спакойна? — крычыць Кузьміч. — Ідзіце вы… Давай яшчэ пляшку!..

Малодшы дастае з-за пазухі яшчэ бутэльку, і Кузьміч спрактыкавана адкручвае галоўку. Рукі яго дрыжаць. Гарэлка цераз берагі шклянкі ліецца на асфальт. На гэты раз яны п’юць удвух і моўчкі.

Я думаю, што трэба ісці. Але Кузьміч, пляснуўшы рэшту гарэлкі пад ногі, узнімае на мяне счырванелыя, незадаволеныя вочы.

— Што глядзіш? Асуджаеш? Так? Асуджаеш? Ты, чыгуначнік! — амаль абразліва заканчвае ён.

— Кузьміч, спакойна! Ціха, Кузьміч, — бярэ яго за пінжак малодшы.

Кузьміч злымі вачыма глядзіць на мяне. Здаецца, ён ужо забыўся, хто я, і гатовы абрушыць на мяне ўвесь свой накоплены з вайны гнеў.

— Ладна. Бывайце здаровы! — кажу я. — Дзякуй.

Малодшы ловіць маю руку.

— Няма за што. Ты не крыўдуй. Ведаеш, Кузьміч, ён добры…

Я іду па тратуары і прыкметна кульгаю. Выпіўшы, я заўжды здорава накульгваю. I я не крыўдую. Увогуле п’яныя агідныя. Асабліва сярод цвярозых. Але гэтага «дывізійнага» можна зразумець. Дзвесце на дванаццаць! Паняволі азвярэеш.

Асабліва з часам. Калі ўсё гэта адстоіцца і ўзмацніцца ў эмацыянальнай памяці. Тады і замітусяцца хлопчыкі крывавыя ў вачах.

А Сахно? Ці бачыць ён сваіх хлопчыкаў?

Не, я размазня і баязлівец. Трэ было зараз жа затрымаць яго, праверыць дакументы. Калі што, крыкнуць на дапамогу людзей. Столькі перадумана аб ім, а калі з’явіўся ўрэшце проста неверагодны, можа, адзіны ў жыцці выпадак, я разгубіўся.

Франтавік, называецца!

Гарэлка пячэ нутро, тлумна муціць маю свядомасць. Карціць нешта зрабіць, на штосьці адважыцца. I я брыду, куды вядуць мяне вуліцы. Спачатку па праспекце, пасля на перакрыжаванні зварочваю за рог. Неўзабаве людскі гушчар на тратуары радзее. Раптам пыхнуўшы, угары загараюцца ліхтары. Іх матавыя шары, як парныя месяцы, цьмяна свецяцца ўгары за рэдкай яшчэ лістотай ліп. Па меры таго як цямнее неба, яны ўсё разгараюцца і свецяць ярчэй.


7


Няхутка яшчэ мы выбіраемся праз кукурузу ў чыстае поле з параскіданымі там-сям сціртамі. Я ўслухоўваюся: аднекуль даносяцца галасы. Але гэта здалёк, і не пазнаеш нават, свае то ці немцы.

У боце хлюпае ад крыві, рукі дранцвеюць на марозе. Рукавіца засталася толькі адна, і тая, мокрая ад снегу, не грэе.

Немец брыдзе ззаду, натыкаючыся на кукурузныя бадылі, часам чапляецца за іх ботам і падае. Без акуляраў ён, напэўна, зусім зрабіўся сляпы, і я, сцяўшы ад болю зубы, час ад часу пакрыкваю на яго. Унутры ў мяне ўсё гарыць ад стомы і знямогі, спіна мокрая ад халоднага поту, сэрца буйна трапечацца ў грудзях.

Што ж гэта сталася? Як жа гэта? — не магу я даўмецца. Як жа гэта мы ўлезлі ў такую пастку, як далі заманіць сябе ў засаду? Бедны Кротаў! Мне то шкада яго, то апаноўвае на яго злосць. Зрэшты, я лаю сябе, камбата, старшыну Шашка. Але што цяпер зробіш?..

Танкі! Адкуль яны ўзяліся тут і што мне, падстрэленаму, рабіць далей? Вядома, трэба як хутчэй далажыць начальству. Трэба прымаць нейкія захады, нельга дапусціць, каб у тылах батальёнаў былі танкі. Гэта — разгром і пагібель.

Але каму скажаш? Як назло, нідзе нікога з нашых. Хоць бы тыя сувязісты, яны памаглі б. Толькі сувязістаў даўно ўжо прастыў след. Навокал дрымотна ляжыць шырокі абсяг стэпу, абліты яркім святлом высокага месяца, перасыпаецца пад нагамі неглыбокі снег. Воддаль тоўпяцца заснежаныя сцірты. Нікому ніякае справы да нашай бяды.

Я не магу стрываць гарачнай нецярплівасці і ўсё памыкаюся бегчы, каб хутчэй напаткаць людзей. Толькі нага мая ўсё болей заходзіцца болем, я дужа кульгаю, і немец на чыстым цаліку пачынае абходзіць мяне. Так мы дабрыдаем да сціртаў, і тады я бачу непадалёк фурманкі. Глуха грукочучы коламі, яны памалу коцяцца кудысь у край снежнага абсягу.

— Эй! Эй! — крычу я, адразу кінуўшыся подбегам. Не, упусціць іх мы не можам: гэта апошняя мая магчымасць, апошняя надзея на паратунак ад той бяды, якая навісла над батальёнам, а мо нават і над палком.

— Эй! Стой! Стой!

Пярэдняя коціць сабе, пэўна, ніхто там мяне не чуе, а задняя, і праўда, спыняецца. Але гэта ўсё ж далекавата, і я з усёй сілы нясцерпна доўга кульгікаю, раскопваючы ботамі рыхлы, рассыпісты снег. Мне ўсё здаецца, што ездавы не дачакаецца мяне і вось-вось рушыць за першай. Ды ўсё ж ён цярпліва выстойвае, і мы з немцам дабіраемся да дарожкі. У фурманцы некалькі чалавек, усе моўчкі і не дужа прыязна ўзіраюцца ў нас. У мяне ад стомы захлынаецца сэрца.

— Там танкі!.. У кукурузе!.. — кажу я, падыходзячы да фурманкі. Я цяжка дыхаю, але стараюся выглядаць як мага спакайней. Толькі гэта, відаць, мне дрэнна ўдаецца.

У фурманцы маўчаць.

— Танкі! Нямецкія танкі. Разумееце! Дзе камандзір? Давайце к камандзіру! — з запальчывай рашучасцю патрабую я, урэшце вылезшы на дарогу. I тады ў фурманцы нехта недаверліва адгукаецца жаночым голасам:

— Што, здорава цюкнула? Можа, і кантузія, га?

Гэтая нічым не прыкрытая іронія выбівае з мяне рэшткі кволага майго спакою.

— Якая кантузія?! Пайшлі вы к чорту! Танкі! Разумееце, нямецкія танкі! У кукурузе!

На падводзе заварушыліся, нехта абапіраецца аб плячо ездавога і саскоквае на снег. Гэта, аказваецца, дзяўчына ў паўшубку і шапцы. Але яна мне не знаёмая, відаць, фурманка не нашага, а якога іншага палка.

— Ану, пакаж галаву!

— Ды не галава! Ты во нагу перавяжы! Нагу раніла! — крычу я, трацячы трыванне ад гэтага недарэчнага яе спакою.

— Нагу?

— Ага! Нагу! Не верыш?

Я апускаюся ў снег. Сцяўшы ад болю зубы, каб не завыць, здзіраю з параненай нагі бот. Там вельмі мокра, і я перакульваю яго халявай уніз — на снезе з’яўляецца цёмная пляма крыві.

Гэта, відаць, пераконвае. Дзяўчына ўскідвае голаў і раптам скаланаецца.

— Пастой! А той хто?

— Немец. Не бойся, не ўкусіць: палонны! — раздражнёна ледзьве не крычу я. Нага нясцерпна баліць, мокрыя пальцы хутка нямеюць ад марозу, я ўжо гатовы ўзненавідзець «памочніцу смерці» за яе недавер і марудлівасць.

— Давай на воз! — кажа яна. Потым упэўнена бярэ мяне пад руку і звыкла прыкрыквае на немца: — Ану, падмагні! Чаго глядзіш, як Гітлер?

Немец нечакана разумее і з няспрытнаю далікатнасцю падхоплівае мяне пад локаць.

— Ладна, ідзіце вы! Я сам…

На адной назе я даскокваю да воза. Там, аказваецца, ляжаць на саломе яшчэ двое параненых. Адзін ціха стогне, адкінуўшы галаву. Другі прыўзняўся і пакутлівымі вачыма на схуднелым твары глядзіць на мяне.

— Вось тут, у куточак…

Дзяўчына з ездавым уладкоўваюць мяне ў самым задку фурманкі. Затым яна спрытна і туга перавязвае бінтамі маю прастрэленую ступню. Але тут выяўляецца новая бяда — бот на перавязаную нагу ўжо не лезе, ды і боль такі, што няма сілы стрываць гэтае пакутнае абуванне. Марна папакутаваўшы з хвіліну, я кідаю бот у салому. На снезе ля дарогі застаецца скрываўленая ануча.

— Павязло, — кажа дзяўчына. — Яшчэ б міліметр і — косць напалам.

«Косць, косць! — мяне раздражняе гэтае яе непатрэбнае цяпер спачуванне і марудлівасць. — Сам ведаю — напалам… Косць — не жалеза…»

— Давай жа хутчэй! — ледзьве не енчу я. — I немца пасадзі!

— Няма куды! Хай бяжыць. Пратрасецца.

— Пратросся ўжо. Апошні. Другога ўхлопалі. I Кротава! — Раптам успамінаю я, і міжвольна роспач нахлынае ў сэрца. — Эх, Кротаў, Кротаў…

У каторы ўжо раз я не магу пагадзіцца, што так нечакана і недарэчна гіне чалавек. Проста гэтага немагчыма да канца зразумець. Толькі ж што быў з табой побач, сварыўся, еў, ішоў. I вось яго ўжо няма… I ніколі ўжо не будзе. Дзяўчына, месцячыся на сваім месцы побач з ездавым, здзіўлена азіраецца.

— Кротаў? А што — Кротаў?

— Забілі. Што?..

— Кротава? Камандзіра роты?

— Ну.

— А ты не брэшаш, младшой?

Яна ўпершыню насцярожваецца, здаецца, пранікшыся маёй бядой і маёй трывогай.

— Толькі мне і не хапала брахаць з вамі. Гані ў полк! Танкі вунь за кіламетр! — крычу я. — Ты разумееш ці не?

— А ты не крычы! Камандзір мне знайшоўся! — злуецца дзяўчына.

Я ўмольна гляджу на яе і думаю: «Ну, не буду, не буду крычаць. Толькі давай жа хутчэй! Родненькая, міленькая, ці як там цябе назваць». Дзяўчына моўчкі, з асцярогай пазірае ў начны стэп, нібы ўслухоўваючыся, пасля штурхае боязна прыціхлага ездавога:

— Ану, паганяй!

I ездавы добра гоніць пару рухавых конікаў, ад якіх курыць парам, і ўсё азіраецца па баках. Фурманка то дрыжыць, рыпіць і падскоквае на гузаках няўезджанай дарогі, то сціхае, шархотка загрузаючы коламі ў сыпкім снезе. Сядзець мне страшэнна нязручна, дранцвее нага. У ране пячэ і торгае. Але і пасунуцца нельга ні на сантыметр: я і так сяджу ледзьве не на самых нагах параненага, які енчыць, лаецца і з азвярэлаю ласкай просіць дзяўчыну:

— Кацярынка! Каця! Цішай! Шкурадзёр ты, а не сястра… Цішай! Ух!.. Ох, Кацюшанька!..

Каця схіляецца з перадка, адною рукой прытрымлівае яго галаву і просіць з той нязвыклай на фронце пяшчотай, якая заўжды прымушае азірнуцца:

— Міленькі, харошы мой! Ну, пацярпі! Зараз ужо. Зараз…

I тут жа, павярнуўшы твар да немца, які зморана хакае за фурманкай, крычыць:

— Хутчэй, немчура праклятая! Хутчэй!

Я маўчу, нічым не выказваючы сваіх адносін да гэтых яе выкрыкаў. I, мусіць, таму яна вытлумачвае:

— Была б мая ўласць, я б яго — бягом прагнала да Берліна і назад. На Калыму б яго, сабаку! За нашыя мукі! Хай бы памёрз, папакутаваў, колькі рускі народ пакутуе.

Потым з цвёрдасцю чалавека, які прывык, каб яго слухаліся, ціха кідае ездавому:

— Паганяй!

I тут жа нахіляецца да параненага.

— Пацярпі ўжо. Пацярпі, міленькі!

Я і сам ледзьве трываю, нага, мала што баліць, яшчэ і дужа мерзне пад палой шыняля. Толькі як-небудзь трэба датрываць да сяла. Там штабы, камандзіры, яны што-небудзь прыдумаюць.


8


Сяло паказваецца нечакана. На месячнай белізне пад гарою — доўгі раскіданы рад белых мазанак. Ля іх загарадкі з плятнёў, шэрае голле вішанніку на ўзмежках, сям-там мірны пробліск акенцаў, гуркатанне машын і галасы. У вёсцы свае. Праўда, мяне крыху здзіўляе такая мірная ідылія пад носам у немцаў. Але ж гэта тылы. Палкі, відаць, наступаюць няблага, наперадзе танкі, артылерыя: чаго тут баяцца?

Дарога коціцца ўніз, тарахціць, грукоча фурманка, у бога хрыста і маць лаецца небарака паранены. Нават другі, спакайнейшы, і той прыўзнімаецца на локці з-пад шыняля, і на яго белым, ненатуральна зашчаціненым твары адбіваецца грымаса пакут. Каця на перадку заікастым ад дрыготкі голасам супакойвае:

— Счас, счас, родненькія… Счас…

Мы спускаемся па адхоне і, крыху цішэй праехаўшы кароценькую, абсаджаную вербамі грэблю, зварочваем у вуліцу. Аднак па вуліцы не праедзеш: наперадзе, даўжэзным кузавам перагарадзіўшы дарогу, гурчыць здаравенны «студэбекер». Шафёр, прыадчыніўшы дзверцы, напалову высоўваецца з кабіны і памалу здае назад. Ля плота спіной да нас завіхаецца нехта ў паўшубку і асіплым, знерваваным голасам камандуе:

— Лева руля! Лева! Яшчэ лева! Давай, давай!..

«Студэбекер» сунецца ў занадта вузкія для яго вароты, цяжкімі скатамі ўмінае снег, і раптам абмазаны глінай пляцень з хрустам кладзецца долу. Чалавек у паўкажушку ўскідвае кулакі.

— Куды даеш?! Куды даеш, сабачы сын! Дзе ў цябе вочы? Дзе вочы ў цябе, пытаюся?

Ён ад злосці падскоквае да кабіны, здаецца, вось-вось накінецца на шафёра. Але не кідаецца, і шафёр, надзіва спакойна для такой сітуацыі, басам адказвае:

— У лбе вочы, таварыш капітан.

— У лбе? — здзіўляецца капітан. — Хіба яны ў цябе ў лбе? Давай наперад!

— Стой! — кажу я, пад’ехаўшы.

Ездавы прытрымлівае коней. Каця саскоквае з перадка.

— Таварыш капітан!

Капітан не чуе ці не хоча чуць. Адступіўшы на крок, ён зноў камандуе шафёру:

— Упярод і права руля! Яшчэ, яшчэ права! Давай, давай!

— Капітан! У стэпе танкі! Каму далажыць?

Каця ўшчыльную падыходзіць да камандзіра.

Я злажу з падводы і на адной назе таксама скачу да яго.

— Таварыш капітан! Там нямецкія танкі! — спадзяюся я збянтэжыць яго гэтым паведамленнем.

Але капітан быццам і не чуе.

— Права! Яшчэ права! Так, так! — капітан прысядае, зазіраючы пад кузаў машыны.

«Студэбекер», вуркочучы, пачынае ўязджаць у двор.

— Што? Танкі? Многа? — і адразу ж да шафёра: — Давай, давай! Прайшло! — з палёгкай аб’яўляе ён і толькі тады нібы ўпершыню заўважае мяне з Кацяй.

— Танкі нямецкія! Вы чуеце? — крычыць Каця. — Вось турнуць, будзе вам тады «давай, давай».

— Што? — здзіўляецца капітан, і асіплы голас яго зноў робіцца сварлівы. — А што вы мне крычыцё! Я што — ІПТД[1]. Ідзіце ў артполк і дакладвайце. Мне загадана, я ДОП[2] разгружаю.

Ён разгружае ДОП! Гэтая яго нязрушнасць пачынае бянтэжыць мяне. Я імкнуся растлумачыць капітану, што навісла над яго ДОПам, але Каця меней цырымоніцца і апярэджвае мяне:

— Які к чорту ДОП! Вось яны як урэжуць да ранку — будзе тады і ДОП і поп.

— Таварыш капітан!

Каця махае рукой.

— Ды ну яго, младшой!

Яна ўскоквае ў перадок, я ўвальваюся ў фурманку. Ездавы агравае коней і, аб’ехаўшы «студэбекеры», мы імчым па начной вуліцы. А ў сяле так па-вячэрняму ўтульна і мірна, што мне аж робіцца страшна. Я ўжо прадбачу, чым можа скончыцца такая ідылія. Не, што б там ні стала, трэба знайсці камандзіраў ці штаб. У адным двары, дбайна прыціснуты да сцяны, стаіць «віліс», ля якога моўчкі поркаюцца двое, — мусіць, знімаюць сваё майно. Дзе «віліс», там заўжды начальства, і таму, згледзеўшы машыну, Каця адразу спыняе фурманку.

— Сядзі, младшой. Я сама.

Я застаюся ў возе, а яна бяжыць у двор і нешта тлумачыць тым двум. Неўзабаве яны ўсе выходзяць на вуліцу і ідуць да фурманкі.

— Вось младшы лейтэнант наткнуўся… Камандзіра роты забілі, — кажа дзяўчына і змаўкае, з надзеяй пазіраючы на чалавека.

Я таксама ўзіраюся ў яго, — гэта мажны, падпяразаны па шынялі мужчына, на плячах шырокія з двума прасветлінамі пагоны. Іншых знакаў там не відаць, але ён у вушанцы: маёр або падпалкоўнік.

— Вы дзе бачылі танкі? — спакойна звяртаецца ён да мяне.

— У стэпе, таварыш падпалкоўнік. — (На ўсякі выпадак я бяру большае з магчымага, за гэта не крыўдзяцца.) — Кіламетры праз тры адсюль. Штук з дванаццаць стаяць стваламі сюды.

— Вы думаеце, гэта нямецкія?

— Нямецкія, — кажу я. — Нас абстралялі. Камандзіра роты забілі. Мы вось ледзьве ўцяклі з палонным.

Падпалкоўнік моўчкі азірае мяне, потым немца, які сціпла стаіць ля фурманкі і трасецца ад сцюжы.

— Так. Добра. Можаце ехаць, — памеркаваўшы, кажа камандзір.

Ля яго моўчкі чакае другі, у целагрэйцы — мусіць, шафёр або ардынарац. Мала што разумеючы з гэтага дазволу, я пытаюся:

— А куды палоннага здаць?

— Палоннага ў Іванаўку. Згодна з распараджэннем камандуючага, зборны пункт для палонных у Іванаўцы.

— Дык тут усе параненыя, — кажа Каця. — Вазьміце вы немца.

— Не, адпраўляйце ў Іванаўку, — спакойна, але з няўхільнай цвёрдасцю кажа камандзір. — I, дарэчы, паведаміце там пра танкі. Скажыце, падпалкоўнік Стах паслаў, — нечакана загадвае ён.

Вось табе і раз! Мы — ім, а яны нам. Дамовіліся! Атрымалі загад! Падпалкоўнік з тым, што ў целагрэйцы, адыходзяць з дарогі пад сцяну хаты і закурваюць. Мы стаім на месцы і збянтэжана пазіраем на іх. Чутна, як той, другі, сцішана прапануе начальніку:

— Мусіць, трэба змывацца… Ну іх к д’яблу, гэтыя танкі…

Я не чую, што адказвае падпалкоўнік. Хутка яны ўдвух хаваюцца ў двары, і тады я лаюся. Нешта ва мне надрываецца. Вытрымка мая на тым скончылася, я гатовы абурацца і крычаць — што ж гэта робіцца? У возе стогнуць параненыя. Каця таксама злуецца:

— Тылавікі праклятыя! Канцэнтратаў аб’еліся — не праб’еш! Хоць каравул крычы!

— Паганяй! — крычу я на ездавога. — Паганяй!

Ездавы зноў паганяе. Мяне ахоплівае нецярплівасць — чорт з імі, паедзем у Іванаўку! Толькі дзе яна, гэтая Іванаўка? Як яе знойдзеш уначы, і колькі на тое спатрэбіцца часу! А тут яшчэ два небаракі ў падводзе!.. I немец, што трухае ззаду. I мая мокрая ад крыві нага, якая ўжо задубела і нема баліць ад раны і марозу…

На завароце вуліцы мы ледзьве не збіваем з ног некалькі байцоў. Ратуючыся ад коней, яны, лаючыся, ускокваюць на прызбу хаціны. Адзін нехта прыціскаецца да плота, і па ладнай цыгейкавай шапцы на галаве, а найбольш па сумцы ля боку, я пазнаю ў ім камандзіра. Раптоўная надзея ўспыхвае ва мне. Я хачу спыніць фурманку, але яна спыняецца сама — гэта ён у злосці хапае за цуглі коней і завяртае фурманку ўпоперак вуліцы.

— Стой!

Голас яго злы, уладарна-нецярплівы, здаецца, зусім недарэчы такая сустрэча. Але цяпер гэта мяне мала засмучае: што там далікатнасць, калі ў тылы прарваліся танкі! Я хачу крычаць яму пра іх, ды ён апярэджвае мяне:

— Хто такія? Чыя павозка?

— Ды параненыя! Не бачыце хіба? 3 батальёна Шароніна, — адказвае Каця.

— Таварыш камандзір, — кажу я. — Трэба як перадаць у штаб, у разведаддзел… Камдзіву. У стэпе недалёка танкі. Нямецкая засада.

Камандзір усё гэта зацята выслухоўвае, падыходзіць да павозкі, зазірае ў яе і, нібы не чуючы маіх слоў, тонам, які не дапускае пярэчання, загадвае:

— Злезці ўсім!

— Ды вы што? — усхопліваецца на перадку Каця. — Вы што: тут цяжкапараненыя!..

— Санінструктар, так? Ка мне, санінструктар! Вы, паранены, таксама! — не прымаючы пад увагу пярэчанні, ківае ён на мяне.

Аднекуль ля яго з’яўляецца аўтаматчык, цяпер іх ужо двое. Камандзір стаіць за два крокі ад мяне, грозны і няўмольны, як генерал. Я ўзіраюся ў яго плечы, імкнучыся вызначыць званне, але там нічога не зразумееш. Угары ззяе месяц, і мне не відаць яго твару, зацененага шапкай. Але я ўгадваю, што твар гэты не абяцае дабра.

— Паўтараю: санінструктар, вы — з забінтаванай галавой, павозачны і вы, — ківае ён у бок немца, — хадземце за мной.

Нічога не зробіш. Каця першай саскоквае з перадка. Неахвотна пакідае сваё месца ездавы. Трымаючыся за рабрыны фурманкі, злажу я. Камандзір ступае наперад.

— Марш у памяшканне!

Я думаю, што гэта бязглуздзіца — не болей. Куды ён нас павядзе і што мы яму тут зрабілі? I я хачу вытлумачыць:

— Вы разумееце: танкі. Мы спяшаліся далажыць. Праз якую гадзіну яны могуць быць тут.

Камандзір азіраецца.

— I папрашу памаўчаць. Пакуль у вас не пытаюць…

— Ну, пайшлі, падумаеш! — са злоснай рашучасцю кажа Каця і ідзе ў двор.

За ёй валачэцца ездавы, пасля немец. Я, трымаючыся за плот, на адной назе скачу следам. Ля фурманкі з двума параненымі застаецца аўтаматчык.

Камандзір вядзе ўсіх цераз двор, потым у цёмныя сенцы і расчыняе дзверы ў хату. На вушаку цьмяна гарыць газнічка, вокны завешаны нейкім рыззём. Некалькі малых палахліва кідаюцца на печ, і неўзабаве з-за коміна з’яўляюцца іх баязлівыя і цікаўныя тварыкі.

— Прашу дакументы! — кажа начальнік, падыходзячы да газнічкі. Я ўзіраюся ў ягоныя плечы — вось табе і на! Толькі капітан, а паставіўся быццам генерал — не меней… Столькі зацятае напускной строгасці!

— Пажалста! — з гатоўнасцю, але і са стоеным выклікам кажа Каця і лезе за пазуху.

Стрымліваючы пры сабе недарэчны тут гнеў, я намацваю пад шынялём нагрудную кішэнь I дастаю сваё пасведчанне. Ездавы наш, даволі пажылы, сялянскага аблічча дзядзька, нетаропка распяразваецца і доўга корпаецца, пакуль знаходзіць у нетрах свае вопраткі старанна агорнутую паперай чырвонаармейскую кніжку. Хвіліну капітан моўчкі вывучае нашыя дакументы. На ягоным чарнявым твары — суцэльная строгасць службіста. Урэшце ён узнімае твар, абводзіць нас пільным прыдзірлівым позіркам і спыняецца на чацвёртым — немцу.

— Гэта немец, — кажу я. — Мы яго на зборны пункт вядзем. У Іванаўку.

Я думаю, што ён зараз жа прычэпіцца да мяне і палоннага, дакументаў на якога ў мяне ніякіх няма, а ягоныя засталіся ў батальёне. Мусіць, у тым я вінаваты. Аднак хто думаў, што маё канваірства павернецца такім чынам! Але капітан, здаецца, не мае намеру лішне чапляцца да палоннага і складвае ў адно нашы паперы.

— Дзе вы бачылі танкі? — пытаецца ён у мяне, змрочна стоячы пад самай газнічкай. Рукі ён выразным жэстам утыркае ў кішэні шыняля.

— У кукурузе. Праз тры кіламетры адсюль.

— Каму вы аб тым далажылі?

— Ды тут даложыш!.. — запальчыва апярэджвае мяне Каця. — Тут у вас усе як пыльным мехам аглушаныя.

Яна так вольна і незалежна трымае сябе перад гэтым прыдзірам-капітанам, быццам ён зусім ніякі і не начальнік. Я, на жаль, так не магу і сціпла стаю,прыхінуўшыся да лаўкі і падкурчыўшы сваю прастрэленую нагу.

— Двум чалавекам дакладвалі, — кажу я. — Капітану з ДОПа і аднаму падпалкоўніку.

— Дык вось зарубіце сабе на носе, — строга кажа капітан. — Больш каб ні слова? Зразумелі? А то — паніку мне развязлі! Як у сорак першым. Я вам пакажу танкі! — заканчвае ён недарэчнай пагрозай.

— Пры чым тут паніка! — сварліва кажа Каця. — Мы дакладваем. Што мы на ўсю вуліцу крычым, ці што? Ды тут у вас хоць галасі — нікога не пройме…

Капітан выслухоўвае яе словы і пакідае іх без аніякай увагі. Звяртаецца да мяне аднаго:

— Вы панялі, младшы лейтэнант? А цяпер марш адсюль! — змрочна загадвае ён і крыху мякчэй дадае: — У трэцяй ад царквы хаце збор раненых.

Ён аддае нашыя кніжкі і апускае рукі па швах.

— А палоннага? — пытаюся я. — Вазьміце ў нас палоннага. У мяне, во, нага…

— Я не канваір! — адказвае капітан.

Я разгублена стаю, пачынаючы разумець, што і ад гэтага болей не даб’ешся нічога.

Памаўчаўшы, мы нерашуча паварочваемся да парога і праз цёмныя сенцы, мацаючы сцюдзёныя сцены, выбіраемся на двор. Марозны снег парыпвае пад нагамі.

— Ну і чорт з ім! Паехалі. Пра тых трэба падумаць. А то загнуцца, чаго добрага, — кажа Каця і накіроўваецца да фурманкі.


9


Што рабіць далей — хто яго ведае? Мусіць, трэба б перш прытушыць сваю гарачнасць, астыць нутром, супакоіцца ці змірыцца з тым, што адбылося. Зноў жа нейкага клопату патрабуе мая зусім акачанелая нага, стогнуць у возе параненыя, валачэцца гэты палонны… Ды і што я яшчэ магу зрабіць у такім маім стане — ці не хопіць ужо дакладваць, ці не праз меру такая мая ўстрывожанасць? Яшчэ сапраўды палічаць за панікёра ды арыштуюць. Няўжо ж тыя камандзіры, з якімі я сустракаўся, не зробяць чаго? Усё ж, тут ёсць, мабыць, якая сувязь, паведамяць, каму трэба: прымуць якія захады супраць гэтых танкаў. Не можа ж таго быць, каб такая акалічнасць нікога не ўстрывожыла. А можа, камандаванне ўжо ведае пра ўсё гэта? Мо так і было прадугледжана ў плане аперацыі? Тады дарма я гэтак непакоюся, распінаюся, нібы які панікёр. Тады, мусіць, трэба б перш-наперш перавязацца як мае быць, ды абагрэцца, ды збыць куды гэтага немца. Толькі куды яго дзенеш?

Хата, дзе размясцілася санчасць, сустракае нас прыветлівым агеньчыкам у двух вокнах (трэцяе, выбітае, заткнута ахапкам саломы) і — песняй. Нехта ва ўсё сваё асіплае горла натужна крычыць пад не дужа суладны басавіты гул некалькіх струн гітары:

Шаланды, полные кефали,
В Одессу Костя привозил,
И все биндюжники вставали,
Когда в пивную он входил.
Знака або флажка на хаце ніякага няма. Па двары таксама нельга пазнаць, што тут санітарная часть. Але, як казаў капітан, гэта трэцяя хата ад цэркаўкі, што зводдаль сціпла шарэе беленымі сценамі, і Каця спыняе коней. Ездавы саскоквае на снег, злазіць з перадка Каця. Я таксама выкульваючыся з фурманкі, ківаю немцу: «Ком!» і на адной назе скачу да расчыненых у сенцы дзвярэй. Палонны баязліва ідзе побач. Каця намацвае ў сенцах клямку.

Песня адразу абрываецца. У куце і на прыпечку ліхаманкава трапечуцца агеньчыкі дзвюх «кацюш». Угары варочаецца пласт дыму, і ў кутках — непераможаны капцілкамі змрок. Рэзкі пах свежых бінтоў, крыві і пракіслы дух шынялёў шыбаюць у нос, даючы тым упэўніцца, што хатаю мы не памыліліся.

— Братва, рама! Ва ўкрыціе! — пасля секунднае паўзы ў фальшывай трывозе выкрыквае чыйсьці голас.

Следам за Кацяй я прапускаю немца і пераскокваю парог. Першым на вочы трапляе, пэўна, той самы гітарыст. Выцягнуўшы на ложку ля парога абкручаную бінтамі нагу, ён замірае з гітарай у руках і, заблішчаўшы свавольнымі вачыма, упіраецца позіркам у Кацю. У кутку на саломе сядзяць яшчэ параненыя. Нехта ледзьве не да пояса спавіты бінтамі — і грудзі, і галава, і твар, — мусіць, абгарэлы.

— Дурны! — кідае Каця да гітарыста. — Чаго галёкаеш? Ану, устаць? Хто старшы?

Гітарыст, не выпускаючы гітары і не зрушваючы з месца параненай нагі, усім целам паварочваецца да Каці. Пад накінутай на плечы курткай дэсантніка ціхенька бразгаюць медалі. На столі замірае вялікі зламаны цень.

— Адставіць! Ужо наўставаліся! Цяпер усё! Кропка!

— Хто старшы, пытаюся?

— Старшы? Быў ды ўвесь выйшаў. Да начальства. Хош — буду я?

— Абыдземся без такога. Ану, злазь! — Каця бесцырымонна тузае яго за рукаў. Куртка спаўзае — на пагонах сяржанцкія нашыўкі. — Тут цяжолых паложым. Дзе санітары?

— Стоп, рыжая! Не чапай! Я кантужаны! — з блазенскім выглядам паяснічае гітарыст і, змяніўшы тон, з сілаю б’е па струнах. — Санітары! Гэй, санітары!

Аднекуль з-за перагародкі, адхінуўшы пасцілку, выходзяць двое ў непадпяразаных шынялях. Адзін высокі і худы, другі нізенькі — абое пажылыя, рахманыя, відаць, нядаўна мабілізаваныя дзядзькі.

— Цяжолых унесці! Ды жыва! Давай насілкі!

— Унесці! — відаць, ужо адчуваючы сябе начальствам, загадвае гітарыст і тыцкае ў санітараў пальцам. — Ты і ты! Гэты іхні паможа, — паказвае ён на палоннага і раптам збянтэжана міргае вачыма. — Ого, Гансік! Братва, Гансік! Яй-богу! Айн, цвай — бітэрфляй… Ком!

3 куткоў усе паварочваюцца да парога. Аббінтаваны ненатуральна выпростваецца, нагамі скідвае з сябе паўшубак і выкідвае наперад рукі, таксама заматаныя па локці бінтамі.

— Немец? Зараз жа кокнуць! Кокнуць к чортавай матары! — з надрывам выкрыквае ён. Другі, што ляжыць побач, штось прыгаворваючы, ахінае яго паўшубкам. Сяржант хуценька саскоквае з ложка і, несучы перад сабой прамую і тоўстую, як бервяно, нагу, падступае да немца.

Я папярэджваю:

— Ану, спакойна! Гэта палонны.

— Ну, канешне, спакойна. Навошта спяшацца. Паспеем! — з нядобраю крывой ухмылкай кажа сяржант і са знарочыстай спаважнасцю бярэ немца за канцы адкладнога каўняра. — Ён жа добры. Ён жа сазнацельны. Гітлер капут? — хуценька пытаецца ён.

— Гітлер капут, — не дужа ўпэўнена, але з гатоўнасцю згаджаецца немец. Вусны ў яго, аднак, прыкметна падрыгваюць. Сяржант усё з той жа ўхмылкай на твары паварочваецца да астатніх.

— Ось бачыце! Ён добры. Знайшоў учора нашу афішку, што перад наступленнем кідалі, прачытаў і перавыхаваўся. Люблю перавыхаваных гансічкаў. Трафейчыкі, канешне, усе выпатрашым. Ур няма? — міралюбіва пытаецца сяржант і спрактыкавана лапае немца па пустых, ужо абвіслых кішэнях мундзіра. — Ну, канешне, у кармане вош на аркане…

Сяржант гарэзна тузае за доўгі казырок немцаву шапку, якая туга ўзлязае таму на вочы, і ідзе назад да ложка. Немец бяскрыўдна папраўляе шапку, а я пераходжу ад парога і апускаюся пад сцяну на край саломы. Болей сесці тут няма дзе. На адзіным услоне ў прасценку нехта ляжыць, ложак зоймуць цяжкапараненыя. Гітарыст ускладвае нагу на край ложка і бярэ гітару.

— Я так думаю, — кажа ён да мяне, бязладна затрэнькаўшы струнамі. — Які сэнс немцу ваяваць з намі? Ну што карысці: уварвецца калі ў траншэі, што ён знойдзе? Хвігу. Хіба што анучу брудную на брустверы. А ў іх! Ого! Колькі ў іх барахла рознага застаецца. Я дык, калі загад «Упярод!», ляту як скажэнны. А што? Спадзяешся на трафейчыкі! Схопіш, а ў іх вошай багата, халера!

3 расчыненых дзвярэй шугаюць воблакі сцюжы — санітары ўносяць параненых. Каця ўкладвае абодвух на ложак, укрывае дзіравым шынялём.

— Паляжыце да заўтра. Уранку ў шпіталь адпраўка. Доктар сказаў.

Адзін з іх, пэўна, ужо даходзіць — вочы напаўзакрыты, нос завастрыўся, з апалых грудзей ірвецца трудны пузырысты хрып. Другі перарывіста стогне, дужаецца з пакутамі і, павярнуўшы на бок галаву, абыякава азірае людзей.

— Браток, скруці пацягнуць, — кажа ён да сяржанта. — У кішэні там, браток… I папера…

Сяржант з гатоўнасцю адкладвае гітару.

— Калі ласка, ацец. Гэта магём. Пакуль рукі цэлыя. Адкуль будзеш, землячок?

— Варонежскі я.

Паранены робіць рух сківіцамі, нібы глытае сліну. Позірк яго неспакойна блукае па цёмнай столі хаты.

— Ну, дык саўсем землякі… Што Варонеж, што Растоў — адна Расея. На, пацягні, палягчэе, — з добрасцю запэўнівае ён і пытаецца: — Пяхота?

— Пяхота, — выдыхае зацяжку паранены і засмяглымі вуснамі зноў ловіць цыгарку.

Немец няёмка топчацца ля печы, не ведаючы, дзе прыткнуцца. Паводзіць ён сябе зважліва, трошкі баязліва. Я адчуваю гэта і клічу яго да сябе:

— Ком! Ідзі сюды. I сядай. Нечага тырчаць.

Ён разумее і, падабраўшы доўгія ногі, няўклюдна сядае побач на земляной падлозе. Вочы яго трывожна слізгаюць па мне, па сяржанту і спыняюцца на ягонай гітары. Каця ля прыпечка пры цьмяным святле «кацюшы» корпаецца ў медыцынскай сумцы — рыхтуе лякарства. Сяржант з сілай шчыпае басовую струну і няўлад, фальшыва пачынае запеў салдацкае песні:

Первая болванка попала в бензобак,
Вылез я из танка, сам не знаю как…
Любо, братцы, любо, любо, братцы, жить…
В танковой бригаде мне уж не служить.
— Ану, спыні сваю трэнькаўку! — строга кідае да прыпечка Каця.

Нехта з кутка дабрадушна пярэчыць:

— Хай іграе. Можа, боль трохі заглушыць. Сяржант энергічна пракашліваецца, збіраючыся заспяваць, калі не лепш, дык ва ўсякім разе гучней.

А назавтра утром ведут в особотдел:
«Что же ты, мерзавец, в танке не сгорел?» —
зноў фальшыва пачынае ён, відаць, разумее гэта і, сустрэўшыся з позіркам немца, са злосцю абрывае запеў.

— Чаго бельмы вылупіў, фрыц? Не падабаецца? Хіба лепей можаш? Што ты наогул можаш, фрыцаўская морда?

— Нэмножько, — раптам выразна вымаўляе немец і працягвае руку да гітары.

Сяржант, набычыўшы голаў, з паўхвіліны амаль з лютай збянтэжанасцю глядзіць на яго. Нібы вырашаючы, ці варта ўсур’ёз прымаць яго просьбу.

— Ану, ану! Ізабразі-ка… Паглядзім, што ты ўмееш. Ну! Давай! Дуй! — нечакана вырашае ён і аддае гітару.

Немец далікатна бярэ яе, уладкоўвае на каленях і, ціхенька перабіраючы струны, левай рукой падкручвае шурупы. У куце зноў усхапляецца абвязаны. Ён нічога не бачыць і праз ледзьве стрываны боль крычыць з роспаччу ў голасе:

— Ага, фрыц? Гэта фрыц? Чаму вы яго не заб’яце? Забіце фрыца!

Той, другі, ягоны сусед, прыпаднімаецца і лёгенька, бы малога, кладзе яго на спіну.

— Ладна, ціха… Я яго сам. Вы пачакайце…

Вочы гэтага чалавека з-пад насупленых броваў пры няпэўным святле «кацюшы» нядобра бліскаюць у бок немца. Абгарэлы корчыцца ў пакутах, енчыць, сцяўшы зубы. У хаце, аднак, на яго не звяртаюць увагі.

Немец няспешна настройвае гітару. Мы ўсе з затоенай цікаўнасцю глядзім на яго — усё ж не часта бачыш, як фашыст упраўляецца з музыкай. Цікава, што ў яго атрымаецца! У сяржанта на вузкалобым твары ўжо не хцівая ўсмешка, а прытоеная да часу пагроза. Мне здаецца, калі немец у чымсь не дагодзіць, то яму ўжо не спусцяць — прыйдзецца тады бараніць. Цяжкапаранены на ложку павяртае набок свой збялелы твар і з пакутніцкай нетутэйшасцю ў паўзаплюшчаных вачах таксама сочыць за немцам. Усё ж ён чакае чагось, і гэтае чаканне на кароценькую хвіліну нібы прытупляе ягоныя пакуты. 3 дзявочаю цікаўнасцю коратка азіраецца ад прыпечка Каця і хмурыцца. Чамусьці я пачынаю хацець, каб немец сапраўды сыграў што няблага. Міжвольна мне ўжо карціць на спачуванне да яго ў гэтай хаціне. Усё ж ён «мой» немец.

I сапраўды, ён хутка падстройвае гітару і трошкі сцішана, але лёгка і спрытна пачынае бегаць па струнах. Просценькі, усім вядомы матыўчык, як тоненькі сакавіцкі ручаёк, журчыць у хаціне:

Синенький скромный платочек
Падал с опущенных плеч…
Вось дык дзіва! Вось табе і немец! Грае наша, рускае, як самы заўзяты русак. I параненыя, глядзі ты, пасціхалі ўсе, ніводзін не вякне ні слова — слухаюць. Сяржант з самага пачатку, відаць, страчвае свой пагрозлівы намер. Нехта ў куце сцішана ўздыхае, пасля ўсхліпвае — ага, плача! Гэта, здаецца, абпалены. Ну, але што ж зробіш! Што мы ўсе тут, у гэтай хаце, можам зрабіць, апроч як трываць свой боль. Хто большы, хто меншы, хто на дзень-два, хто на доўгія месяцы. Апёкі ж будуць балець да самага канца, пакуль не зажывуць — няма горшага болю, чым ад апёкаў. Цяпер нам адно — трэба звыкацца з болем, думаю я. Там, у стэпе за Кіраваградам, наступаюць, акружаюць, адбіваюць атакі, вызваляюць сёлы і станцыі, а мы тут — суцэльная канцэнтрацыя болю. Як толькі дагэтуль не дадумаліся выкарыстоўваць яго энергію, акумуіраваць, кансерваваць, ператвараць у іншыя віды? Колькі яе, нечалавечай і пакутнай, прападае бясследна ў гэтай вайе! На жаль, цяпер, як і тысячы год на зямлі, пакуты — асабістая справа кожнага, бескарысная трата вялізных людскіх намаганняў. Таму плач, баец, не саромся. Кажуць, ад плачу стане лягчэй! I не чапляйся да немца. Чорт з ім, хай жыве, усё ж і ён — чалавек. Вунь як іграе…

Немец тым часам канчае іграць. Сяржант збянтэжана падаецца назад, ямчэй умошчваецца на ложку ў нагах параненага і ссоўвае на лоб пакамечаную, з растапыранымі вушамі шапку.

— Здорава, шэльма! Нічога не скажаш!

— Добра шпарыць… — стрымана адабраюць у куце.

Немец лёгенька кранае пальцамі струны, спрабуючы іх гучанне. Сяржант падабрэлымі вачыма разглядвае яго зверху. Відаць па ўсім, гэтаю ігрой немец пахіснуў у ім прывычную грубаватую самаўпэўненасць і абудзіў пачуццё звычайнай чалавечай цікавасці.

— Ты хто? Фашыст? — пытаецца ён, ва ўпор узіраючыся ў немца. — За Гітлера?

— Гітлер капут! Гітлер плёхо, — хуценька адказвае немец сваёю прывычнай фразай.

Я пазіраю на яго і адчуваю, як нешта ў ім перамянілася, быццам ажывела. Позірк набывае натуральнасць і перастае палахліва бегаць па тварах. Сцішаная ўвага рускіх супакойвае яго.

— Во гэта я разумею, — кажа сяржант і бесцырымонна, але без пагрозы ляпае яго па плячы. — Што, сам здаўся? Сам плен ком?

— Я, я. Сам, — пацвярджае немец.

— Правільна. Адабраю. Дай пяць. — Сяржант коратка ціскае за локаць яго занятую гітарай руку і ўжо зусім дружалюбна прапануе: — Ану ізабразі яшчэ што! Ну вось гэту: «На позицию девушка провожала бойца…»

— Огоньёк! — здагадваецца немец і хуткім гарлавым прабегам без слоў заканчвае мелодыю. Задаволены яго здагадлівасцю, сяржант адабрае:

— Во, во!

Неўзабаве немец зусім няблага іграе «Огонек», і я толькі дзіўлюся ягонай здатнасці да нашых песень. Сяржант хрыпата падпявае, а мяне горне ў салодкі, млявы, ліпучы сон. Я адчуваю: не трэба паддавацца яму, нельга, ці мала што… Трывога ў душы нейкі час змагаецца са сном, але неўзабаве, здаецца, ён усё ж адужвае ўсё — і клопат, і трывогу, і мой боль у назе…


10


Нешта мне замінае, пакутна трывожыць, я падсвядома імкнуся ў суладную млявасць забыцця, дзе нічога і — сон… Але гэтае нешта мацней за мяне, за стому, яно вырывае мяне з салодкае адсутнасці, і я прачынаюся. Толькі дзе я? Нейкія людзі, устрывожаная гамана, далёкія і блізкія галасы. I раптам скрозь санлявую няўцямнасць прарываецца адна фраза, якая адразу вяртае мяне да явы:

— Младшой! А младшой! Твайго немца забіраюць…

«Немца? Якога немца?.. Ага! Гэта ж я ў санчасці». Я ўскідваю цяжкую галаву. Насупраць у хаце, усё ў тым жа змроку «кацюш», «мой» немец і абапал яго двое: адзін у шынялі, другі — у паўшубку.

Гэта Шашок і Сахно.

Сахно паварочваецца на голас, затым — да мяне. На яго выгаленым твары пад нізка насунутай на лоб чорнай кубанкай строгая зацятасць няўмольнага выканаўцы закону.

— Вы куды? — асіпла кажу я. — Гэта — палонны.

— Младшой, не давай! Хай самі ў палон возьмуць, — падбухторвае з ложка сяржант.

Сахно строга азірае яго.

— Ану, замаўчаць! Вас не пытаюць, таварыш сяржант! — I да мяне — крыху цішэй, але ўсё тым жа тонам загаду: — Васілевіч! Прайдзёмце з намі!

— Куды ён пойдзе? У яго нага!

Гэта — Каця. Яна тут жа, за іхнімі спінамі, у мігатлівым святле «кацюшы». Я бачу яе светлыя, рассыпаныя на галаве валасы і, не разумеючы яшчэ, у чым справа, але адчуваючы, што мне не трэба паддавацца гэтым двум, кажу:

— У мяне нага. Во.

Сахно акідвае мяне недаверлівым позіркам, але больш ні слова не кажа і паварочваецца да немца.

— Ану, вэк!

Шашок расчыняе дзверы, Сахно лёгка піхае ў іх палоннага, які відавочна маркатнее і, не зірнуўшы ні на кога, выходзіць.

Узялі — хай, мне яго не шкада, толькі развяжа рукі. Аднак параненым, якіх, дарэчы, прыбыло ў гэтай хаціне, самаўпраўства гэтага чалавека чамусьці не падабаецца.

— Ось табе і найграў! Трэба б сядзець ды сапець у дзве дзіркі.

— Павялі і шлёпнуць…

— Факт, шлёпнуць.

— А хто гэта? — наіўна пытаецца нехта з кута.

Яму, аднак, ніхто не адказвае. Каця ад парога махае рукой, даючы тым знак змоўкнуць. Усе насцярожана прыслухоўваюцца, я таксама. У сенцах чуваць нейкая валтузня, праз шчыліны ў дзвярах мільгае святло ліхтарыка, даносяцца сцішаныя галасы:

— Павярніся, жыва!

— Трымай!

— Ану паглядзім у ботах…

— Кішані абшарыў?!.

— Пуста. Усё абчысцілі.

— Ладна. Чорт з ім…

Сяржант круціцца на ложку і плюецца.

— Сцярвятнікі!

Каця надзявае на галаву шапку і падпяразвае паўкажушок. Яе вочы асуджальна косяцца на сяржанта.

— Чыя б кароўка мычала, а твая б маўчала. Сам такі.

— Я такі? Я не такі! — запаляецца сяржант. — Я кроў праліваў. Калі што — я крывёй плачу.

— Ладна табе ўжо. Наплаціўся…

Круглы, рабаваты сяржантаў твар расплываецца ў жартоўнай ухмылцы.

— Ты мяне не чапай, рыжая. А то ўкушу. Я злы і кантужаны.

— Ханыга ты! — ва ўпор аб’яўляе Каця, выразна варухнуўшы русявымі бровамі. У вачах яе, аднак, гуллівая гарэзнасць. Відаць па ўсім, яршысты гэты дэсантнік, насуперак усяму, ёй падабаецца.

— Рыжая! Ах ты!..

Сяржант робіць маўклівы выпад, учэпіста хапаючы Кацю. Але яна гулка лупіць яго па парусінавым рукаве курткі і ўхмыляецца.

— Адстань, ханыга!

Яна прарываецца да дзвярэй, але не паспявае выйсці, як дзверы расчыняюцца. На парозе зноў з’яўляецца немец, за ім уваходзяць тыя двое. Кубанка ў Сахно зухавата ссунута на вуха, калючы позірк падазрона бегае па тварах людзей, нібы гаворачы: «Ану, што вы тут без мяне думалі?» Мільгануўшы сюд-туд ліхтарыкам, ён падступае да мяне.

— Вы што, зусім не можаце? I ўстаць не можаце?

— Не, чаму…

— Тады ўстаньце.

Я трохі здзіўляюся, навошта гэта спатрэбіўся яму, і спрабую ўстаць. Нага чамусьці ацяжэла, павязка набрыняла крывёю. Недзе ў глыбіні раны торгае, — здаецца, у гэтую ноч перавязаць яе і не прыйдзецца. Але куды гэта ён мяне павядзе?

— Зброю браць?

— Не трэба.

Я кладу на салому свой ППС, які мне, аднаногаму, даволі-такі замінае, і абапіраюся аб нечую шынельную спіну. Сахно няпэўна мільгае ліхтарыкам па абшарпаных сценах мазанкі. Яркі круглячок святла спыняецца на завешаным пасцілкай праходзе.

— Ану, пройдзем туды!

Следам за ім, хапаючыся па чарзе за ложак, услон і сцяну, я даскокваю да перагародкі. Капітан адхінае пасцілку і, пасвяціўшы ліхтарыкам, праганяе адсюль двух сонных параненых. Мы спьшяемся каля застаўленага несамавітым сялянскім посудам століка. Сахно кідае Шашку:

— Давай святло!

Шашок з рухавасцю дбайнага падначаленага хуценька ўносіць «кацюшу», ля кнота абсыпаную соллю. Ставіць яе на перакуленую міску і звыкла прыладжваецца на лаўцы. Я сядаю ў канцы стала.

Сахно выключае ліхтарык.

— Даўно тут?

— Звечара.

— А нагу дзе параніла?

— У стэпе. Дзе на танкі напароліся… Ён жа ведае, — ківаю я на Шашка. Той, аднак, не варухне і брывом, нібы і не знаёмы, нібы і не быў з намі ў той кукурузе. Безуважны да мяне, ён хвіліну поркаецца ў палявой сумцы, выкладвае з яе паперы.

— А дзе Кротаў? — раптам хуценька пытаецца Сахно і на ўсе вочы, не міргнуўшы, глядзіць на мяне.

— Кротаў забіты.

— А двое палонных?

— Тыя ўцяклі, напэўна. Хоць адзін таксама забіты. Застаўся ў кукурузе.

— Забіты? — са з’едлівай іроніяй перапытвае Сахно.

Я недаўменна зазіраю ў яго ярка асветлены «кацюшаю» твар. На ім маска стрыманай да часу падазронасці і недаверу.

— Забіты, факт.

— Кім забіты?

— Ну, немцамі. Кім жа яшчэ…

Сахно ківае Шашку:

— Так, запісвай.

Той разгортвае на стале нейкі блакнот у дробную слабенькую лінеечку і з чорным нямецкім арлом на вокладцы. Блакнот трафейны, гэта пэўна, але я чамусьці затрымліваю позірк на тым агідным арле з нібы падрэзанымі, стылізаванымі крыламі. Усё гэта выклікае ва мне неўсвядомлены яшчэ пратэст.

— Значыць, палонны немец забіты немцамі? Так? I Кротаў таксама забіты немцамі?

— Ну, вядома.

— Ану, раскажы падрабязней.

— Што расказваць! Вунь старшына ж з намі ехаў. А пасля ён павярнуў, а мы і наскочылі…

Я коратка, без ніякай ахвоты, перадаю сутнасць нашай злашчаснай сутычкі з немцамі.

— Так, так, — ажыўляецца Сахно і грудзьмі аблягаецца на стол. Стол скрыпуча падаецца ў мой бок. Ад капітана моцна патыхае аўчыннаю кісласцю новага паўшубка. — Так, так, цікава. Ты запісвай.

— Запісваю.

Шашок, адтапырыўшы ніжнюю губу, не дужа спрытна, але затое старанна скрабе ў блакноце чорнаю аўтаручкай.

«Што тут запісваць? — думаю я. — Што тут незразумелага? Чаго яны сумняваюцца? Хіба падазраюць у чымсьці благім Кротава?» Вочы мае, аднак, не могуць адарвацца ад фірменнага арла на блакноце, і зацятая злосць ва мне ўсё нарастае.

Сахно тым часам прыдзірліва дапытваецца:

— А чаму вы не пабеглі за ім?

— А я і пабег. Як толькі чарга — я і пабег. Не за ім — за немцам.

— А што было раней: чарга ці ён пабег?

— Чарга.

— Чарга, так? А вы ж толькі што сказалі, што Кротаў кінуўся бегчы яшчэ да чаргі.

«Блытае. Ловіць. Пайшоў ты да д’ябла! Папаў бы туды, хай бы тады і прыкмячаў, што раней», — злосна думаю я і кажу:

— Гэта ўсё амаль разам. Немец кінуўся ўбок, Кротаў за ім. Тут і чарга.

— Значыць, усё ж раней Кротаў пабег за немцам. Так і запішам.

Што яны мяне ловяць? Што яму трэба, гэтаму чалавеку? Што ім да мёртвага Кротава?

Але Сахно, пэўна, ведае, што яму трэба. Ён задаволена адкідваецца на ўслоне, дастае з-пад партупеі на грудзях засунутыя туды пальчаткі і гучна ляскае імі аб далонь.

— Ось гэта і трэба было даказаць.

— Што?

— А гэта самае.

Сахно ўстае, звыкла папраўляе кабуру ТТ на дзязе і пачынае старанна нацягваць на пальцы пальчаткі. Яны нешта дабіліся ад мяне, але я не разумею яшчэ іхняе мэты. Я толькі адчуваю, што яны абхітрылі, і ў мяне ўзнікае гнеўнае абурэнне супраць гэтага іх бесцырымоннага наскоку.

— А цяпер падпішы, младшой, — кажа Шашок і падсоўвае мне той самы блакнот.

Мімаволі нешта ва мне захлістваецца на тугі, упарты вузёл.

— Не буду падпісваць.

Шашок замірае побач. Сахно за маёй спіной, чуваць, перастае перабіраць пальцы ў пальчатках.

— Як гэта не будзеш?

— А не буду, і ўсё!

Абодва паўхвіліны маўчаць. Я адчуваю іх збянтэжанасць і ведаю, што для мяне гэта можа скончыцца дрэнна.

— Гэта чаму? — зацята пытаецца Сахно. Асветлены знізу тупаносы, старанна выгалены твар капітана тоіць недаўменне і пагрозу.

— А што вы чапляецеся да Кротава? Што ён вам зрабіў?

Не адказваючы на маё пытанне, Сахно падступае бліжэй.

— Не прытварайцеся. Вы выдатна ведаеце, што ён зрабіў.

— Нічога ён не зрабіў. Ён забіты.

— Ах, забіты! — раптам узрываецца капітан і хапае са стала блакнот. — Забіты! Ну, тады наракайце на сябе! Зразумела?

I тыцкае мне пад нос блакнот.

— Ану, падпісвайце!

— Сказаў — не буду!

— Пашкадуеш. Ды позна будзе…

Няхай пашкадую. Магчыма, я ў чымсь памыляюся, але я не хачу выдумляць на чалавека, які не зрабіў мне нічога кепскага. Хлопцы за перагародкай прыціхаюць! Пэўна, адсюль чутна ўсё. Але хай! Чорт з імі, гэтымі двума! Што яны, урэшце, мне зробяць!

Я чакаю новага выбуху, крыку, можа, нават лязгання пісталетамі — чакаю сваркі і гатовы да яе. Я не баюся. Я ўжо наважыўся на ўсё і гатовы трымацца цвёрда. Але Сахно раптам ідзе да дзвярэй.

— Добра! Мы яшчэ вернемся! Мы яшчэ траханём цябе. Паняў?

Шашок зграбае са стала паперы, блакнот і паспешліва следам за капітанам выходзіць з-за перагародкі. Я нетаропка бяру з міскі «кацюшу». Рукі мае дробненька, нервова дрыжаць.

У хаце гамана. Ад парога ступае Каця. Яна і не выходзіла, была тут і ўсё чула. Я ведаю, яна заступіцца. У мяне ўжо нарадзілася і жыве недзе ў душы цёплае, удзячнае пачуццё да яе, толькі цяпер я хачу сказаць ёй: не трэба.

— Што прычапіліся да младшога? — бесцырымонна кажа Каця. — Кротаў забіты.

Сахно шчоўкае ліхтарыкам і нахабна скіроўвае яго ў круглявы, па-хлапечы абсівераны твар Каці. Дзяўчына пакутліва хмурыць бровы, але не закрываецца ад святла — вытрымлівае гэта нахабства з упартасцю і выклікам у шэрых вачах.

— А ты бачыла?

— Бачыла, — міргнуўшы ўрэшце ад рэзкага святла, кажа Каця. — Калі б не бачыла, не гаварыла б.

— Праверым! — шматзначна абяцае Сахно, не зводзячы кружок святла з яе вачэй. Каця нечакана б’е яго па руцэ.

– Ідзі ты са сваім ліхтаром. Што слепіш?!

Сахно апускае ліхтарык.

— Праверым!

— Вунь фрыца лепей правер. Калі такі правяральшчык спрытны…

3 ложка адгукаецца сяржант:

— Праверылі ўжо і фрыца. Колькі можна!

— Не ваша справа! — Сахно злосна азіраецца. — Трэба будзе — праверым. Каго трэба.

Яны ідуць да дзвярэй. Шашок адкідвае на тоўсты зад не менш тоўстую палявую сумку. Немца яны, здаецца, браць не збіраюцца.

— Няма чаго гразіцца! — падае хтосьці голас з кутка. — Нас ужо праверылі. Асколкамі праверылі. А то наеў ражку і грозіцца.

— Ану, ціха, пяхота! — па-начальніцку прыкрыквае сяржант.

Сахно і Шашок, аднак, не затрымліваюцца. Прытвараюцца, што не чуюць абразы, і толькі мацней, чым трэба, бразгаюць з таго боку дзвярыма.

Узрушаны, я стаўлю на прыпечак «кацюшу» і пераводжу позірк на сваё месца. Там у змроку каля аўтамата курчыцца на саломе немец.

— Ану, марш адсюль! — тонам Сахно прыкрыкваю я. Немец спахопліваецца і ўскоквае, аддаючы месца. На ложку паварочвае галаву сяржант.

— Ганс, сядай, дзе стаіш. Во перада мной. Бо тут цесна.

Сапраўды, на ложку цеснавата, хоць там ужо толькі адзін паранены. Таго, хто хрыпеў, ужо няма. Немец, патаптаўшыся, неахвотна падбірае доўгія ногі і сядае насупраць сяржанта. Той, відаць, ужо не прэч памірыцца з палонным. 3 «маім» палонным.

А зрэшты, чорт з ім! Чым ён далей ад мяне, тым лепш! Што я, абавязаны ўвесь час клапаціцца пра яго, аберагаць, заступацца? Такі ён «мой», як і сяржантаў, Кацін ці яшчэ чый. Да таго ж, можа, яшчэ якая сволач… Толькі звяжыся, не расхлябаеш за век.

Я злы і нядобры. Баліць параненая нага, на душы брыдка, быццам я зрабіў подласць. Хутчэй бы дачакацца ранку ды пакінуць гэтую хату, гэтае сяло, у якім напаткалі мяне адны непрыемнасці.


11


Га-ах!

Вуліца на некалькі секунд азараецца дзівосным вясёлкавым ззяннем. Пешаходы, радасна здрыгануўшыся, азіраюцца. Зіхоткі зеленавата-чырвоны водбліск разліваецца па маставой.

Га-ах! Га-ах! — туга адскокваюць ад фасадаў другі і трэці пругкія паветраныя ўдары. Рознакаляровы ракетны веер запальвае над вуліцай неба. Жоўта-зялёна-чырвоныя блікі мільгаюць у вокнах паверхаў. Цені ад дрэў і слупоў спуджана кідаюцца па блішчастым бруку. Велічна-каляровае ззянне ўгары дасягае зеніту і, не спыняючыся, таропка шастае ўніз. Агнявыя букеты, здаецца, асыпаюць дахі будынкаў. Калі неба гасне, на вуліцу з куткоў і пад’ездаў адразу ж хлынаюць цені, якія паспешна змыкаюцца ў вячэрняй цемрадзі.

Феерверк вырывае мяне з мінулага. Я азіраюся. Незнаёмыя будынкі, вузенькі, малалюдны тратуар. Брук разразаюць трамвайныя рэйкі. Крыху далей — глухі нефарбаваны забор з казыркамі і ашмоццем афіш на дошках. Чорт ведае куды гэта мяне занесла?

Пад прыцьмеўшым ліхтаром акрай тратуара збянтэжана спыняецца маленькая згорбленая бабка з кіёчкам і сумкай. Спалохана азіраецца ў поўнае водсветаў неба. 3 сумкі блішчаць фальгой дзве малочныя бутэлькі. Кончык бабчынага кійка дробненька дрыжыць на асфальце.

— Не бойся, бабка. Гэта — салют.

Бабка паднімае на мяне зморшчаны тварык. Пад яе востранькім падбародкам тырчаць два ражкі старамодна завязанай белай хусткі.

Аднак яна, пэўна, не чуе і запытальна глядзіць на мяне.

— Сынок, ці не вайна гэта зноў? Га?

— Рана, бабка. Яшчэ салдаты не выраслі.

— Чую, нібы арудзіі страляюць. Якраз, як тады…

Да вулічнага скрыжавання з бразгатам і віскам коціцца трамвай. 3 завулка выпаўзаюць два самазвалы. Бабка нерашуча ступае на брук і зноў вяртаецца на край тратуара.

— Можа б, ты памог? Га, сынок?

Я бяру яе пад руку. Бабка адрывае ад долу свой кіёчак і дробненькімі крокамі тупае на сярэдзіну вуліцы. Побач, лёгка абмінаючы нас, перабягаюць вуліцу дзве дзяўчыны.

На сярэдзіне вуліцы нас засцігае новы тугі паветраны залп. Яркапрывідная каляровая ўспышка захліствае над дахамі неба. Дзяўчаты ў кароценькіх, званочкамі, спаднічках, спалохана бліснуўшы зграбненькімі лыткамі, ускокваюць на тратуар.

— Ліначка, якое хараство!

— Цуд!

Бабка ж уся сціскаецца і, здаецца, ад страху вось-вось прысядзе.

— Ой, Божа літасцівы! Ой!

— Не бойцеся! Чаго ўжо вам за сябе баяцца?

— За сябе, — недачуўшы, ахвотна пагаджаецца бабка. — Болей мне за каго ж? За сынкоў ужо адбаялася. Няма ўжо сынкоў.

Я здагадваюся пра яе бяду і не хачу вярэдзіць старэчую памяць. Па шчырасці, дык няма ўжо і жадання спачуваць. Вельмі часта даводзілася гэта рабіць. Цяпер я толькі нядбайна супакойваю:

— Нічога, нічога, бабуся…

Мы пераходзім вуліцу. Ззаду з грукатам праносіцца трамвай. Дзяўчаткі ціснуць адна адной локці і, нецярпліва прытопваючы, пазіраюць у неба. Мабыць, для іх самае рэальнае ўвасабленне вайны — вось гэты салют. Кніжкі аб ёй — самота. Гiсторыя — таксама. Хіба яшчэ знаёмы лейтэнант. Але ён, магчыма, болей заглядаецца на каго іншага. Хутка павінны ўдарыць яшчэ.

— Ах, сыночак, за каго ж мне засталося баяцца? — проста, як пра будзённае, кажа бабка. — Стары ў блакаду ў лесе галаву злажыў. Старшы, Сямёнка, пад горадам Варонежам ад ранаў памёр. Грышутку ў сцюдзёнай старане — як жа гэта яе, ужо і забылася… Мурманскай, здаецца, завецца. Там забілі. А малодшанькага, Віценьку, дык у моры Чорным патапілі. Капітанам быў. Праўда, за сярэдненькага, Міколку, яшчэ калі сэрца баліць… Але што ж… Столькі гадкоў… Каб жыў быў дзе, дык бы азваўся. А то пайшоў пад Аршаву, дык і прапаў.

«Цэлая геаграфія! — думаю я. — Геаграфія і гісторыя толькі ў адным сэрцы». А колькі іх па краіне, такіх бабак, што вырасцілі і аддалі вайне сыноў! Каб самім дажываць нямоглыя свае гады ў журбе і адзіноце…

Бабка цяжка ўзлазіць на тратуар і спакайнее, нібы тут выбухі яе не дастануць.

— Ну што ж яны? Так доўга! — тупаюць па тратуары дзяўчаты.

Запаволеным крокам мы праходзім да першага ж пад’езда, і бабка спыняецца.

— Ну, дзякуй табе, сынок. А то так цяжка хадзіць тут. Раней дык мы на Камароўцы жылі.

Неяк хуценька павярнуўшыся, яна тупае ў пад’езд. Я аклікаю дзяўчат:

— Скажыце, гэта якая вуліца?

Як па камандзе, дзяўчаты разам паварочваюцца да мяне. 3-пад бухматых павек зыркаюць пытальныя позіркі. Нейкія яны дужа ўжо зграбненькія і падобныя адна на адну. Нібы сёстры.

— А вам якую трэба?

— Ды мне каб к цэнтру!

— К цэнтру — туды. К вакзалу — туды, — махае адна ў абодва канцы вуліцы.

На хвіліну я прыпыняюся. Чаго мне ісці да цэнтра? Усё роўна ў гасцініцу ўжо не ўладкуешся, час позні. Ці не лепш на вакзал? Там хоць можна як-небудзь прабавіць ноч. Між людзей заўжды весялей — не так дакучаюць думкі. Здаўна вядома, што чалавек — істота калектыўная. Зноў жа — хочацца есці. Здаецца, я і не паабедаў сёння. Адно толькі выпіў паўшклянкі гарэлкі.

I я паварочваю да вакзала. Дзяўчаты ззаду гукаюць:

— Грамадзянін, не ў той бок! Цэнтр — туды.

— Дзякуй. А я — сюды.

Не азіраючыся, я чую, як яны там хіхікаюць.

— Дзівак! Ён дзейнічае ад адваротнага…

Спакоем і вячэрняй утульнасцю свецяцца вокны, цьмяна гараць вітрыны зачыненых магазінаў. На рагу з вялікага гастранома выгружаюць тару. Высокія стосы жалезна-драцяных скрынак з бутэлькамі, бразгочучы, сунуцца праз тратуар. Рабочыя спрытна ўпраўляюцца сваімі жалезнымі кручкамі. Адна за другой бягуць, спяшаючыся дадому, жанчыны — з сумкамі, хлебам, кулькамі: таропкія пакупкі на канцы дня… Ім не да свята. Да адпачынку ім таксама яшчэ не блізка — трэба прыбраць, накарміць, падрыхтаваць сняданне. Па ўскрайку тратуара дзядзька, ашчадна прытрымліваючы, коціць веласіпед з кардоннай скрынкай, адмыслова прымацаванай да багажніка. Няйнакш тэлевізар. Побач ідзе жонка. Яны ўвесь час аб нечым паціху спрачаюцца — мусіць, вырашаюць, у які кут ставіць гэтую радасць. Што ж, у час Добры!

За магазінам на рагу адкрываецца шырэйшая вуліца, у канцы якой — залітая святлом плошча. Гэта вакзал. На тратуары паток пешаходаў адтуль — з чамаданамі, клункамі, пакункамі. Відаць, прыйшоў поезд. Няўклюдна абмінаючы людзей, я кідаюся ў бакі. Ідуць па адным, групамі, парамі. Праходзяць шчаслівыя закаханыя, мабыць, толькі што сустрэўшыся пасля ростані. Ён у нейлонавай сарочцы з падкасанымі рукавамі. Яна ў вузенькай спаднічцы, з-пад якой даверліва мілыаюць каленкі. Абое радасна заглядваюць адно аднаму ў твар, і яна сцішана туліцца да яго. Прыгожыя, статныя, нейкія дужа дасканалыя, як антычныя скульптуры, яны так і поўняцца найлепшым з пачуццяў юнацтва.


12


За акном уладарыць марозная ноч.

Часу між тым мінае нямала: ужо, мусіць, апоўначы. Я не сплю і пасля ўсяго, што адбылося тут, самотна гляджу ў печ. Агонь горача палае, ганяючы па тынкаванай сцяне над ложкам мільготкае зарава.

Ля печы тупаюць, шархацяць саломай санітары і Каця — яны вараць бульбу. Каця, — без паўшубка, расчырванелая, уся неяк па-добраму ажывелая ад гэтай хоць, відаць, і не дужа прывычнай для яе, але такой хатняй і жаночай работы, — спрытна лязгае па прыпечку казанамі. Сяржант, страціўшы ўжо цікавасць да немца, які сцішана сядзіць побач, перавешваецца грудзьмі цераз ложак і шырокімі сваімі лапішчамі ўсё імкнецца лішні раз ухапіць дзяўчыну. Тая ледзьве ўвільвае ад яго рук, часам не балюча ляскае сяржанта вілачнікам па плячах. Сяржант рагоча, стрымана ўхмыляецца немец. Дзядзькі-санітары не звяртаюць залішняй увагі на гарэзы маладых.

У хаце ціхая гамана, дым ад цыгарак перамешваецца з гаркавым чадам саломы. Сцішана стогне ў паўзмроку нехта з параненых. Матляюцца па столі і прасценках мядзведзяватыя, скасабочаныя цені. Мільготкія водсветы з печы то горача ўспыхваюць, то цьмяна трымцяць на абшкрэбаных сценах мазанкі.

Хутка, мабыць, зварыцца бульба. Я ўжо адчуваю яе духмяную парнасць у хаце і часам забываюся на рану, на стэп з танкамі, на маю сутычку з Сахно, якая чорт ведае чым яшчэ скончыцца. Я вельмі чуйны да кожнага стуку ў сенцах — толькі рыпнуць дзверы, мне здаецца, што гэта ідуць па мяне. Але гэта ходзяць байцы, носяць салому, ваду. А аднаго разу ў хату ўвальваецца доўгі, у расшпіленым шынялі санітар. У абедзвюх руках у яго нешта шэрае і мяккае, якое ён адразу кідае на падлогу.

— Ой, што гэта?

Каця спалохана шастае ўбок. Санітар бязгучна смяецца, асклабіўшы шырокія, нібы конскія, дзёсны. На падлозе дзве нерухомыя трусіныя тушкі.

— Дзе ты іх узяў? — здзіўлена пытаецца Каця. Спалоху ў яе голасе ўжо няма, ёсць здзіўленне і лагода — сапраўды, рады былі бульбе, і раптам — трусяціна!

— Там, у сянёх, — ківае санітар. — Норы ого!

Ён зноў выходзіць здабываць з нор гаспадарскіх трусоў. Каця з несхаваным шкадаваннем на вуснах паднімае за доўгія вушы шэрую мяккую тушку, хвіліну ў ціхім роздуме глядзіць на яе і працягвае кароценькаму санітару.

— На-ка абдзяры…

Санітар заклапочана ссоўвае на патыліцу шапку. Аказваецца, ён не ўмее або не хоча зрабіць гэтае звычайнае справы, таксама як і сяржант і Каця. Іншым жа замінаюць параненыя рукі. Тым часам доўгі санітар прыносіць з сянец яшчэ аднаго забітага трусіка. Але ён таксама не ўмее разабраць і ківае на немца:

— Вунь фрыц хай! Няма чаго дармаеднічаць…

Немец, пэўна, ужо асвойтаўся ў гэтай хаце і з затоенай цікавасцю назірае за тым, што робіцца ля печы. Відаць, ён здагадваецца, у чым справа, і не вымагае сябе прымушаць.

— О фройлян, іхь сделайт.

Каця секунду марудзіць. Акругліўшы вочы, выпрабавальна пазірае на немца, потым вочы яе, прыкметна наліваючыся гневам, вузеюць.

— Ах ты, скурадзёр пракляты! Набіў на людзях руку!

— Ладна, ладна! Хай! — абрывае яе сяржант. — Давай, дзелай арбайт, Ганс.

— Няхай папэцкаецца, а што! — зазначае санітар. — Трымай фінку.

Ён дастае з кішэні крывы садовы ножык на ланцужку, адчэплівае баранчык і аддае нож немцу. Той з гатоўнасцю прысядае на калені і ў святле печы проста на падлозе пачынае свежаваць тушку.

— Айн мамент, фройлян. Бістро. Бістро.

Мы ўсе з цікавасцю назіраем, як старанна ён робіць гэта — надразае заднія лапкі, распорвае шкуру на жываце і, не так умела, як дбайна, урэшце, здзірае з тушкі мяккую вільготную шкурку. Сяржант з ложка пахвальвае:

— О, правільна, Гансік. Пакажы клас. Адразу відаць: спец!

Каця хмурыць бровы, назіраючы за ўпэўненымі рухамі немцавых рук. Светлыя доўгія валасы на яго галаве рассыпаюцца, і ён адтапыраным пальцам раз-пораз адкідвае іх назад.

— Ага, глядзі ты! Маладзец! I тут майстар, — кажа нехта з кута.

— Рукасты.

— Рабацяга бо. Не тое, што вы, — кажа сяржант. — Во, глядзі, якую мне люльку падарыў. Ага!

3 блазенскаю ўсмешкай на нізкалобым шырокім твары ён прыўзнімае ў пальцах выгнуты адмысловы муншт з мефістофельскай галоўкай на канцы і пакручвае яго ўгары, каб усе бачылі. Падарыў — гэта занадта. Вядома, сяржант прыдбаў яго сам.

— Айн мамент, фройлян! — бадзёра прыгаворвае немец. — Дас іст карошый братэн. Жаркёя.

— Жаркое! Глядзі, разумее! — захапляюцца ў куце.

— А што ж ты думаў! Ці мала нашага дабра перасмажылі за тры гады!..

— Годзе, не бурчы. Ён добры.

— Ага, яны ўсе добрыя. Вось наляцяць пад ранак, дык адны галавешкі застануцца, — разважна кажа нехта ад перагародкі.

У куце ўскідваецца з саломы апяразаны бінтамі абгарэлы.

— Доктар! Доктар тут ёсць?

У хаце ўсе змаўкаюць і зважліва азіраюцца на невідушчага, нібы здань белага ад бінтоў, чалавека.

— Доктара няма, — кажа Каця. — Ён аперыруе. А вам што?

— Выбрацца з гэтага свінушніка. Колькі можна чакаць?

— Сказалі — уранні.

— Што значыць — уранні? — запальчыва раздражняецца абгарэлец. — Маёра дык адвячоркам павезлі

— Маёра ў авіяцыйны шпіталь. Ён лётчык, — кажа сяржант.

— Лётчык? А я таксама лётчык. Вы што — не бачыце? Я гарэў! Зараз жа адпраўляйце і мяне.

Усе змаўкаюць. Сапраўды, гэта не жарты, калі абгарэла гэтулькі скуры. Да таго ж лётчык. Лётчыкаў мы паважаем, было б на чым везці, напэўна, кожны ўступіў бы яму сваё месца.

— Ладна, патрываеце трохі. Вось зараз трусяціны наварым, — прымірэнча кажа Каця і прыкрыквае на немца: — Ану, Гітлер, паварушвайся мне жывей!

Але немец і так завіхаецца, ажно спацеў. Нашай балбатні ён не слухае — уся яго ўвага на працы. Бадай, ён — неблагі дзядзька. Праўда, амаль як і заўжды ўсе палонныя, трохі дурнаваты з выгляду, бо не разумее па-нашаму. А так просты і ўслужлівы, відаць, лёгкі на рукі і ахвочы да працы. Пэўна, сербануў ліха на вайне і цяпер, у палоне, мусіць дагаджаць, бо баіцца. Вось невядома толькі, як ён трапіў у палон: сам здаўся ці зацапалі хлопцы з нашага батальёна? Хоць, зрэшты, гэта не так і важна. Адваяваўся фрыц, і цяпер, відаць, прачынаецца ў ім чалавек, мірны абывацель, рабацяга. Што ж — хай сабе! Мы добрыя, страляць яго не будзем, а дабрата — таксама зброя. Гэта ўжо відаць і па немцу.


13


Мусіць, неўпрыцям задрамаўшы, я зноў ачынаюся, бо гамана ў хаце раптам здорава ўрываецца ў вушы, неяк ажно палохае. Знячывелі, здаецца, быццам штось здарылася, чаго я не магу зразумець. Але ў хаце, відаць, усё па-ранейшаму. Толькі ў печы ўжо не палае, па прыпечку — змрок з іскрамі ў чорнай саламянай трусе. Смачна пахне бульбай і мясам. Каця, сагнуўшыся над казанамі, раскладвае бульбу — у кацялкі, міскі і нават у пустую каску, якую, прысеўшы, трымае перад ёю нізенькі, шыракатвары баец-узбек. Насупраць на падлозе з выглядам пакрыўджанага родзіча сядзіць немец. Кухарская праца ля печы скончылася, патрэбы ў палонным тут болей няма, і ён, відаць па ўсім, адчувае сябе лішнім.

У гэты час за нахіленай Кацінай спіной адчыняюцца дзверы, і ў воблаку сцюжы цераз парог імкліва пераступае нехта ў густа заінелым шынялі.

— Прывет! — весела кідае чалавек ад дзвярэй.

Зусім малады твар яго чырвоны ад сцюжы, голас таксама выдае зусім яшчэ хлапечы ўзрост. Ён паранены і правую руку трымае ля грудзей на бінце-падвязцы.

— О, тут і фрыцы! — радасна здзіўляецца хлопец, згледзеўшы немца. — Гут абенд, фрыц!

Немец ускоквае з падлогі і цвёрда ляскае абцасамі.

— Гутэн абэнд, гер офіцыр!

— Вольна! — усміхаецца афіцэр.

I тут мне штось здаецца знаёмае ў гэтай заінелай постаці. У голасе, паставе, смеху прабіваецца штось зусім нядаўна і зноў жа невядома дзе чутае і бачанае. Пастой, ды гэта ж…

— Стралкоў! Юрка! — крычу я са змроку, стараючыся ўстаць ля сцяны.

Хлопец кідае ў мой бок амаль збянтэжаны позірк і ад разгубленасці на момант разяўляе рот. Ён не пазнае. Ды і ці можна тут пазнаць каго, у гэтай цемры, якую ледзьве разрэджвае адна мігалка на прыпечку (другая патухла ўжо — скончылася гаручка). I ўсё ж хлопец здагадваецца:

— Васілевіч?

— Я самы! Давай сюды!

Сапраўды, гэта Юрка, і я на хвіліну забываюся на ўсе мае беды, няўдачы і нават боль у назе. I як не забыцца, калі гэта — Юры Стралкоў, мой аднакашнік, сябар, малодшы лейтэнант, пехацінец, з якім мы паўгода назад скончылі адно вучылішча і пасля доўгага падарожжа ў таварняку трапілі ў адну армію. Пасля тае пахмурнае раніцы пад Харкавам, дзе нас разлучылі кадравікі, я, папраўдзе, ужо і не спадзяваўся ўбачыць яго. I цяпер вось такая сустрэча!

Шырока стаўляючы між людзей заснежаныя валёнкі, Юрка паспешліва лезе да мяне, хапае адной левай рукой мае пальцы і трасе, трасе.

— Лёнька! Ты жывы, Лёнька!

— Ды вось жыву. А ты? — недарэчна пытаюся я.

Э, вядома, браце, колькі мы перажылі паасобку, адзін без аднаго, — перажылі, наадчуваліся, перапакутавалі. Былі мы зялёныя, толькі і дбалі, што пра свой знешні выгляд ды свежаспечаны воінскі гонар. 3 адной зорачкай на плячах. А цяпер?

Ледзьве ўтаймоўваючы хваляванне, я гляджу ў заценены прыцемкам такі знаёмы, дужа далікатны, як у дзяўчыны, твар сябра. I я прыкмячаю на ім штось новае, невядомае мне, мусіць, нейкія сляды нялёгкага, пакутна-сталага ўжо, што прыйшло да яго за час пасля нашай ростані. У астатнім жа гэты твар ранейшы — тонкія юначыя рысы, далікатная круглявасць падбародка, якога яшчэ не краналася брытва. Зрэшты, цяпер ён ззяе радасцю нечаканай сустрэчы. Юрка азірае мяне і смяецца.

— Ой, які ты абвязаны, не пазнаць!

— Ерунда! Бінтоў накруцілі. А ў цябе што — рука? — пытаюся я ў сябра.

— Ды, разумееш, падляцеў ненарокам.

— Лёгка?

— Драпіна. Вось толькі страляць замінае. А так… Ну, але ведаеш, мы адыграліся! — Юрка раптам радасна ажыўляецца, вочы яго блішчаць. — Ось ужо адыграліся, каб ты толькі ведаў! Зрабілі пабоішча не горш за Лядовае…

— Ты сядай! Во, на салому.

Юрка адразу апускаецца пад сцяну са мной побач. Хлопцы адусюль пазіраюць на яго — такога заснежанага, гаманліва-ажыўленага. А ён, здаецца, безуважны да ўсяго тут, поўніцца чымсьці сваім — вялікім і радасным.

— Ты разумееш! Ты разумееш — я ж толькі са стэпу! Во гадзіну назад! От жа мы іх ушчушылі! Ды так спрытна, без стрэлу, без гуку падпусцілі на пяцьдзесят метраў… Камбат у гэты раз ну проста маладчага!..

— Пастой, пастой!.. Ты дзе? Я нават не ведаю, у якой ты дывізіі служыш. У Церахава, ага?

— У якога табе Церахава! — гатовы раззлавацца Юрка за такое маё меркаванне. — У палкоўніка Калюжнага. Гвардыя!

— Так, так…

— Ты разумееш! За дзесяць хвілін мы зрабілі з іх мясакамбінат. Ураз як ударылі з усяе зброі!.. Дзевяць станочкаў, дзве саракапяткі. Ты б паглядзеў, што там рабілася!..

Я і так рады, што там здарылася. Яшчэ не ведаючы, што і як, але гатовы зайздросціць Юркавай ратнай удачы. Ды я ўжо і зайздрошчу. Што і казаць, пяхоце не часта выпадаюць на фронце хвіліны, накшталт толькі што перажытых Юркам, калі грудзі распіраюцца ад хмельнага шчасця ўдачы. Нам болей прывычны шэрыя будні вайны — сцюжа, мокрыя ногі, крывавыя бінты на нямытым целе, знішчальны нямецкі агонь і, як узнагарода, — кароткі трывожны сон дзе-небудзь на засланай саломай падлозе. У яго ж здарылася нешта зусім іншае, нешта агромніста-ўдалае, і я рады. Я слухаю і на ўсе вочы пільна гляджу на нядаўняга свайго сябрука-курсанта. Шынялёк на Юрку салдацкі, алс акуратна прыгнаны па росту (на гэта ён быў мастак і ў вучылішчы, бо трошкі фарсун і акураціст). На каўняры роўненька прышытыя пятліцы, наўкось цераз грудзі — партупея, вядома не ў ОВС[3] атрыманая, а, пэўна ж, сумленна здабытая на полі бою. Юрка, я вельмі, вельмі рады, што ты жывы, што ты ўрэшце сустрэўся мне, ды яшчэ такі ўзнёсла ўзрадаваны!

— Панімаеш, цэлую калону, чалавек трыста з артылерыяй! Ты разумееш ці не? — тармосіць ён мяне за рукаў.

— Разумею, разумею, Юрка. Але давай спярша падмацуемся. Эй, ты! — крычу я на немца. — Ану, падай кацялочак! На двох!

Немец ахвотна падае нам плоскі кацялок, поўны бульбяное таптухі. Пасля на пагнутае вечка Каця кладзе кавалачак трусяціны.

— Вот вам і ножка, таварышы камандзіры, — кажа санітар, перадаючы вечка цераз галовы іншых.

Юрка чуйнымі ноздрамі прагна нюхае паветра і дзівіцца:

— Што? Мяса? Ось гэта да! Ну, раз так, то… Трымай!

Ён рашуча адшпільвае ад рамяня нямецкую фляжку і працягвае яе санітару. Той, не разумеючы, круціць яе ў руках. Але тут над яго плячом мільгае ўхопістая рука сяржанта, і фляжка апынаецца на ложку.

— Ану, ану…

У хаце лёгкая збянтэжанасць, усе паварочваюцца да парога. Сяржант жа, надаўшы страшэнна глыбакадумны выраз свайму хітраму твару, даследуе фляжку. Для гэтага ён спярша боўтае яе і прыслухоўваецца.

— Шнапс?

— Нешта ў гэтым родзе! — жыва адказвае Юрка. — Трафеі нашых войск.

Сяржант важна адкручвае пробку, грымаснічаючы, нюхае рыльца і выразна хакае ад асалоды. Нехта з кута крычыць:

— Хопіць камедыяннічаць! Разлівай!

Сяржант акругляе вочы.

— А калі атручана? Трэба пробу.

– Ідзі ты! Якая яшчэ проба!

Ну, вядома ж, пробу ён бярэ сам. Задзірае галаву і гучна глытае, зрэшты, па-боску — адзін толькі раз. Усе, не адрываючыся, сочаць за яго тварам, а сяржант на хвіліну знерухомлівае, як дэгустатар, вызначаючы смак гарэлкі. Пасля рашуча аб’яўляе:

— Люкс! Ану, давай тару! Младшой, ад імя службы табе благадарнасць!

— Служу савецкаму народу, старшыне і памкамузводу! — смяецца Юрка і зараз жа да мяне: — Ты разумееш, я сам спаражніў шэсць стужак. Шэсць стужак — ты разумееш! «Максім», як самавар, распаліўся. Пятнаццаць хвілін, і на снезе тры сотні трупаў!..

Нечаканае трывожнае меркаванне прымушае мяне схамянуцца.

— Стой! Гэта дзе? Ці не каля Аляксееўкі?

— Ага. Непадалёк. Відаць, прарываліся на захад, да сваіх.

— Пяхота?

— Пяхота, ага. I артылерыя.

— А танкі?

— Што?

— Танкаў не было там?

— Не, танкаў не было. Пяхота. Глядзім: ідуць да кукурузы, расцягнуліся, як кішка. Ну, камбат паклаў усіх, камандуе: замры. Так удала падпусцілі, месяц свеціць, ужо гузікі на шынялях відаць сталі. I як урэзалі! — захапляецца Юрка і крыху цішэй паведамляе: — На мяне наградны напісалі. Проста ў полі. На «Айчынную»… Другой ступені.

«Айчынная» — гэта здорава. Трэба б павіншаваць. Але я не віншую — я засяроджана пазіраю ў расчырванелы твар сябра, і ягоныя словы пачынаюць аддаляцца, глухнуць у маіх устрывожаных думках. Сапраўды, гэта адыходзіла пяхота. А дзе ж танкі? Значыць, танкі засталіся. Яны на прыкрыццё. Пяхота, вядома, выйшла раней, падцягвалася да Аляксееўкі, а танкі… Танкі, выходзіць, нацэліліся на нас.

Чорт, мне зноў робіцца кепска. Нейкая нервовая дрыготка скаланае цела, мімаволі мая ўвага скіроўваецца на панадворак: ці не чуваць? Не, здаецца, гулу не чуваць, толькі здалёк праржаў конь ды нехта, прарыпаўшы снегам, прайшоў каля хаты.

У вёсцы пакрысе ўсталёўваецца начная цішыня.

А ў хаце тым часам ажыўленая, без ладу, гамана.

— Ну, будзьма здаровы!

— Каб хутчэй дзіркі загойваліся.

— Кацюша, не адмаўляцца. Ну, хоць трошачкі. За разведчыкаў.

— За пяхоту-матухну.

— А фрыцу? Хлопцы, фрыцу налілі? — непакоіцца нехта ў куце.

— Не, цябе чакалі, — прастуджаным басам адгукаецца сяржант і з поўнаю алюмініевай шклянкай для галення павяртаецца да немца.

— Ганс!

Немец з крыху празмернай паспешнасцю падхопліваецца ад печы і шчоўкае абцасамі:

— Яволь!

— Трымай!

Сяржант перадае ў немцавы рукі шкляначку. Твару таго, павернутага ад святла, добра не відаць, але, здаецца мне, на ім — задаволеная, дабрадушная ўхмылка. Зрэшты, можа, гэта мне здаецца так у прыцемках. Немец трошачкі прыўзнімае шклянку і абвяшчае ў паўпаклоне:

— Гітлер капут!

— Давай, давай! — адабраюць наўкола.

— Ну, паехалі, рабяты! За перамогу.

Я таксама паднімаю вялікую, на паўлітра, луджаную кварту, на дне якой трохі плёскаецца вадкасці — гэта нам з Юркам. Здаецца, мы п’ём з ім першы раз у жыцці, хоць амаль год прабылі ў вучылішчы разам. Але тады было не да выпіўкі — тады марылі абы досыту пад’есці. Вядома, напаўгалодныя тылавыя блазнюкі. Цяпер вось мы паваявалі ўжо і абодва паранены і таму п’ём, як сталыя. А што ж, хіба не заслужылі такое права? Мы забівалі ворагаў і пралілі сваю кроў, колькі разоў ганялася за намі пагібель, але мы абхітрылі яе і жывём. Хіба гэта мала на вайне?

Перш чым выпіць, я трошкі вагаюся і ўлюблёнымі вачыма пазіраю на Юрку.

— Юрка, дружа! Халера! Як добра, што мы спаткаліся!..

Юрка бесклапотна смяецца.

— Ну, давай! Да дна.

Не, да дна нельга. Тры глыткі пякучае вадкасці, пасля — зацятае дыханне, здрадніцкі кашаль з горла. Ого, мусіць, гэта не шнапс — падобна, што спірт! Ну, але тут — гарачую бульбіну ў рот і пасмачку валакністага белага мяса. Пасля мяне, таксама папярхнуўшыся, з кварты дапівае Юрка.

А нішто сабе — і выпіўка і гарачая бульба (каб яшчэ да яе хлеба). Паспешліва, з лёгкім шумам у галаве, ямо. А з душы ўжо хлынае, ірвецца разам перажытае, тое, што адышло ў нябыт ды раптам уваскрэсла для мяне разам з прыходам Юркі.

— Слухай, а ты Драздоўскага не сустракаў?

— Драздоўскі ж загінуў. Яшчэ на Дняпры. Пад бамбёжку трапіў.

— Глядзі ты! Такі асцярожны. А дзе гэта памстаршына наш, Адзінокаў?

— Го, Адзінокаў! Адзінокаў камбатам быў стаў.

— Камбатам?

— Ну. Ды ненадоўга. Ногі адарвала. Нядаўна, пад Пяціхаткай.

— Шкада трохі. А наогул, паскуда ён.

— Паскуда, праўда, — згаджаецца Юрка.

— А не ведаеш, куды Кузняцоў Валька папаў?

— Кузняцоў? Разумееш, не ведаю нават, дзе ён і ваяваў. У яго ж бацька генерал. Памятаеш, ехалі на фронт, — усё кпілі з яго: Кузняцоў, маўляў, да бацькі ад’ютантам пойдзе. А я неяк аднаго разу, — пагадзі ты, не ведаю ўжо, дзе гэта і было, — неяк адышоўся ад дарогі ў бок, да магілкі. Гляджу — таблічка. Чытаю: малодшы лейтэнант Кузняцоў вэ эс… Точна. Наш Валька. Вось табе і ад’ютант…

— Да-а… Ну, ты еш. Бяры во гэтую костку.

— Не, костку ўжо ты бяры. Я бульбу.

Бульбу мы ямо дружна, костка на вечку застаецца — яе не падзеліш. Чорт з імі — танкамі, я ўжо іх не баюся! Урэшце, нічога яны нам не зробяць. Ротмістраўцы з пятай танкавай ужо, мусіць, акружылі Кіраваград. Мы наступаем, наша перамагае. Пляваць нам на тыя танкі, хай сабе дратуюць у стэпе кукурузу. Заўтра падваляць «ІЛы», зробяць ім Сталінград…

Мне робіцца добра, лёгка, нават весела. Я люблю Юрку, Кацю, гэтага арапістага сяржанта ў дэсантнай куртцы. Тых вунь санітараў, што з блажэннымі ўсмешкамі на зашчаціненых тварах падпіраюць плячыма печ. I нават немца. О, як ён мірна і старанна выскрэбвае бульбу з кацялочка — любата глядзець!..

Гамана ў хаце большае, ажыўленне расце. Ужо не-не ды раздасца смех. Параненыя забыліся на свой боль. I ўсё Юркава фляжка!

У куце сярод воблака махорачнага дыму нехта разважліва, са стоеным жаданнем уразіць сваёй удачлівасцю, нетаропка, смакуючы цыгарку расказвае:

— Да-а. Я гэта даўно запрыкмеціў. Душа, яна пачуццё сваё мае. Яна, брат, таксама кіруе. Надоечы ляжу пад плотам — во там сяло бралі, не ведаю, як і завецца. Ляжу гэта, зацішна, кулі верхам ідуць. Здаецца, ляжаць бы ды ляжаць. Чым не схованка. Ды нехта мяне бы штурхае — ану, Пятро, перабягай! Не хочацца ўставаць, кулі свішчуць. Але неяк устаў і — цераз плот, бліжэй да хаты. I толькі гэта ўпаў, ззаду як ірване. Увакурат на тым самым месцы, дзе я ляжаў.

У другім баку, ля перагародкі, напэўна, сабраліся бывалыя, і ў іх ужо іншая тэма.

— Куля што! Куля акуратная. Цюкне і — маленькая дзірачка…

— Асабліва калі навылёт.

— Бы камар укусіць. Месяц, і ўсё гатова.

— Ну, не кажыце. Бывае з рыкашэта каторая, тожа рве добра.

— Куля, куля! Асколак, во хто калечыць…

— Асколак, яно канешне.

— На чвэрць разварочвае. Ды яшчэ дактары на дзве чвэрці распаласуюць.

— Ага. Рассячэнне гэта называецца. Я ведаю. Ужо чацвёрты раз трапляе.

— Ну. Во тады паякочаш. На квартал, не меней.

А аднекуль, са змроку, між людской гаманы прабіваецца ціхі, раздумны голас чалавека, у якога, відаць, набалела на душы, ные і патрабуе падзяліцца. Але не з усімі наўкола, а, пэўна, з адным, тым, хто зразумее і не абсмяе, не пакпіць.

— Панімаеш, прыйшоў… А яна ля мяне ўвіваецца… Кажу, як жывеш, Глафіра?.. Так спакойна, але гляджу, мяльцешыцца ў вачах. А знаеш, людзі мне ўжо што-колечы шапнулі… Сцерва, кажу, каму ізмяняеш? Савецкаму байцу ізмяняеш… Панятнае дзела, рамень ён хоць і брызентавы, ды каляны… Ну, завязаў вешчмяшок і — на станцыю… Капітан кажа: «Ты што, Сакольнікаў, дасрочна?» Дасрочна, кажу, жалаю хутчэй врагоў біць… «Маладзец, — кажа, — патрыёт. Бярыце прыклад з радавога Сакольнікава».

Накінуўшы на сябе паўшубак, цераз людскія ногі да нас пералазіць Каця.

— Ану, пасунься…

— Калі ласка, сястра, — кажа Юрка і паслужліва адсоўваецца, даючы ёй месца ля сцяны. Каця моўчкі садзіцца, захінуўшы калені палой паўшубка.

На ложку з п’яным задавальненнем на твары асклабліваецца сяржант.

— Ганс, ком!

Немец з выдрэсіраванай гатоўнасцю ўскоквае з падлогі.

— Ты за каго? Ану, скажы! Каб усе чулі.

Палонны стараецца зразумець, але гэта яму не ўдаецца, і ён пакутліва лыпае вачыма. Сяржант растлумачвае:

— Ну, хто ты? Буржуй? Рабочы? Фашыст?

– Іх бін дойч лерэр! — урэшце здагадаўшыся, аб’яўляе немец.

Але байцы наўрад ці разумеюць яго і няўцямна глядзяць з куткоў, з лаўкі, з падлогі. Яны пакуль што адваявалі сваё і цяпер добрыя. У вачах задаволенасць і спакой. I хоць бялеюць у змроку забінтаваныя рукі, ногі, галовы, але тое ўспрымаецца цяпер не як бяда, а амаль як удача, бо галоўнае — жывыя. I калі ўсё ж баліць дзе, дык хіба ў тым віна гэтага вось ціхманага, услужлівага і нават палахлівага немца, які здаўся ў палон? Немец, відаць, гэта адчувае і спакойна глядзіць, як з кутка да яго падступае нізенькі, рабатвары, у абмотках пехацінец. Пад накінутым шынялём у яго тоўста забінтаванае плячо. Гэта, здаецца, той, што непакоіўся, а ці налілі немцу выпіць.

— Слухай, фрыц! А ў цябе дзеці ці ёсцека? — пытаецца ён.

Немец няўцямна пазірае на яго.

— Ну, дзеці, панімаеш? Малыя, во такія?

— Кіндэр? — здагадваецца немец і паспешліва адказвае: — Цвай кіндэр. Дава дзіеці…

— I ў мяне двое дзяцей! — нібы здзіўляецца пехацінец, і ягоны рабаваты твар ззяе прастадушным задавальненнем.

I тады з-пад шынялёў з кута вылазіць вялікая цёмная постаць. Не разбіраючыся, што пад нагамі, на кагось наступіўшы і хіснуўшыся, гэты чалавек кідаецца да немца.

— Брэшаш, гад! Свалата ты! Ух, я цябе!..

Вялізны і нязграбны, у прамазучанай целагрэйцы, ён дрыготкімі рукамі выдзірае з кірзавай кабуры наган і шчоўкае, узводзячы курок.

Немец адступае на крок, рукі яго інстынктыўна ўскідваюцца насустрач танкісту.

— Стой! — крычыць з ложка сяржант.

— Ты што?! — крычу я, нязграбна ўстаючы з-пад сцяны.

Нехта яшчэ крычыць. Побач хутчэй за мяне ўскоквае на ногі Юрка. Адною рукой ён хапае танкіста за локаць.

— Спакойна! Спакойна!

Сяржант, саскочыўшы з ложка, засланяе немца.

— Ану, схавай пушку! — уладарна загадвае ён. — Ваяка!..

— Навошта ж дзяцей гэта самае… сіраціць? — збянтэжана пытаецца васпаваты баец.

I тады вялікі ўзрываецца:

— Ах, дзяцей! Такую вашу матары! Ягоных дзяцей шкада! А маіх хто шкадаваць будзе?

Ён бухае кулаком у свае грудзі. На буйным касцістым твары яго лютасць, вусны дрыжаць, вочы закаціліся пад лоб і не абяцаюць дабра. Але ўсё ж хлопцы не дадуць тут яму ўчыніць забойства. За сяржантам, прыкметна апанураны, стаіць немец.

— Што ты ўсхапіўся, як Гітлер? — кажа да байца сяржант і кладзе руку на яго плячо. — Ты ж рускі. Рускі, так? Ну, дык чаго ж ты, як бандзюга, пушку настаўляеш? Ён жа палонны…

У хаце робіцца ціха. Чуваць, як у куце стогне абпалены лётчык. Ягоны вялізны сусед яшчэ раз надзяляе немца ненавісным позіркам і неахвотна вяртаецца да таварыша. Здаецца, канфлікт ліквідаваны. Сяржант, перш чым узлезці на ложак, лёгенька штурхае немца.

— Не дрэйф, Гансік. Давай, траві далей…

Немец нерашуча яшчэ ступае на вальнейшае месца.

– Іх бін кайн нацы. Іх бін лянд лерэр[4], — даводзіць ён пацішэлым голасам.

Я апускаюся ля сцяны, побач садзіцца Юрка. Каця, хутаючыся ў паўшубак, кажа:

— Не веру я яму.

— Ну, чаму? — не згаджаецца Юрка. — Бываюць і сярод іх людзі. Калі рабочыя. Ці настаўнікі.

— Гад ён, а не настаўнік.

— Чаму так?

— Так.

— Гэ! А гэта што такое? — здзіўляецца сяржант. У ягоных руках каўпачок ад Юркавай фляжкі, у які ён наліваў суседу па ложку. Каўпачок стаіць некрануты.

— Эй, землячок! Ты што — махлюеш?

Ён ашчадна штурхае параненага ў плячо, які яшчэ нядаўна трудна стагнаў, а цяпер і не кратаецца.

— Эй! — сяржант устрывожана прыглядаецца да яго твару. — Вось табе і на! Ён жа «ўжо»!..

Да ложка падыходзяць санітары, устае ад сцяны Каця. Яны доўга мацаюць у байца пульс, ды, здаецца, той сапраўды «ўжо».

— Фу ты, халера! — не стрымлівае прыкрасці сяржант. — I сто грамаў не дапіў, дзівак…

Санітары ў маўклівай зацятасці нязграбна, за полы шыняля, сцягваюць з ложка труп і, напусціўшы сцюжы, выносяць яго з хаты. Ім памагае немец, які потым, не ведаючы, дзе сябе дзець, ціснецца да парога. Але яго адразу прыкмячае сяржант.

— Ганс, ком сюды! Месца ёсць. Ну, але плакаць не будзем. За здароўе землячка! — кажа ён і спрытна куляе каўпачок. Немец пачціва сядае на ложку.

— На здрове!

Сяржант кракае ад задавальнення і ляпае немца па плячы.

— Правільна, Ганс. Але дзе ты гэтак па-руску навастрыўся?

— Русішэ шпрэхен? О, біль фаль, — сціпла адказвае немец.

Фаль! Быццам знаёмае слова, але я ўжо не памятаю, што яно азначае, у галаве маёй усё стомлена і п’яна блытаецца, і я гукаю сябра:

— Юрка! А, Юрка!

Юрка, прысланіўшыся да сцяны, маўчыць. Я зазіраю ў яго заценены твар: вось табе і на — ён жа заснуў!


14


Юрка зняможана спіць побач, звесіўшы на грудзі светлую галаву. Здаровай рукой ён засцярожліва ахінае параненую і ціха пасопвае ў нос — па-хатняму мірна і соладка. На ложку словамі і жэстамі спрабуе нечага дабіцца ад немца сяржант. Навокал угамоньваюцца, ладзячыся на ноч, параненыя. Гамана ў хаце пакрысе заціхае. Густа, не прадыхнуць, смярдзіць шынялямі, потам, бінтамі. У мяне мацней пачынае балець нага. Гарыць, пячэ ў ступні. Заснуць я ўжо не магу і моўчкі гляджу на свайго соннага сябра.

Эх, Юрка, Юрка! Сапраўды гэта здорава, што мы вось гэтак нечакана-негадана сустрэліся сёння. Можа, гэтак жа разам сядзем заўтра ў санітарную машыну і рванём у тыл — прэч ад танкаў, агню і бясконцых франтавых трывог. I там — ложак, чыстая бялізна, спакой і сон, сон… Магчыма, нам пашанцуе яшчэ болей і мы трапім у адзін шпіталь. Тады будзе не лячэнне, а рай. У такім разе я гатовы прымірыцца з маёю вымушанай разлукай са ўзводам, у якім так мала ўжо засталося старых стралкоў. Мусіць, праз які месяц усе будуць новыя, незнаёмыя, з папаўненняў. Зноў трэба будзе вучыць ды прывыкаць да кожнага. Ну, але не бяда, прывыкнем — я да іх, яны да мяне. Гэта толькі здаецца так, што новыя горш за старых, проста яны невядомыя. Праўда, сярод іх розныя — і лепшыя і горшыя, як і сярод старых. Хаця гэта пасля. Цяпер вось самае галоўнае — мы разам з маім самым найлепшым сябрам, маім Юркам.

Гэтак жа паўтара года назад, зусім нечакана і яшчэ не ведаючы адзін другога, мы трапілі ў адзін строй у вучылішчы і апынуліся ў адной роце, у адным узводзе і нават у адным аддзяленні. Год мы праспалі на нарах побач, і амаль кожную ноч пад ранак ён нецярпліва штурхаў мяне ў бок за маю недарэчную прывычку храпці. Нам было дужа не соладка там — зусім яшчэ навабранцам, амаль саплякам, учарашнім школьнікам, якіх жорсткі лёс вайны кінуў ад кніжнай навукі ў бязлітасную суровасць вайсковага вучылішча, з яго ўшчыльненай праграмай, бяссоннымі нарадамі, знямогласцю абарончых работ. Заўжды хацелася спаць, есці, адпачыць, а ўзводныя з нашага ж брата, курсантаў папярэдніх выпускаў, якія самі не ведалі тут паблажак, не песцілі імі і нас. Казалі, так было трэба, каб фронт здаўся раем пасля таго гранічнага напружання, да якога нас прызвычаілі ў вучылішчы. Сапраўды, дзесяць гадзін заняткаў у поўнай выкладцы, маршы, вучэнні, земляныя работы ў ваколіцах горада (будаваўся знешні абараняльны рубеж Саратава), ноччу — абавязковыя дзяжурствы на заводах, якія бамбілі немцы. Там яшчэ да фронту мы пазналі вайну, агонь і вострую жалобу па сябрах, расшкуматаных бомбамі, і па тых, хто без рэшты згарэў у вялізных пажарах.

Гэта было вельмі нават нялёгка, асабліва калі ўлічыць журботнае сіроцтва многіх з нас, родныя мясціны якіх былі пад ворагам. А немцы ўсё пёрлі і пёрлі на ўсход, на Сталінград, на Каўказ, стаялі непадалёку ад Масквы. I калі ўсё ж знайшлося такое, што давала нам душэўныя сілы вытрымаць, дык у ім нямала значыла пачуццё таварыства з яго неадмысловым гумарам, добрасцю, шчырасцю. Усё, аказваецца, можна перажыць, калі ў цябе ёсць сябар, з якім многае дзеліцца напалам. Тады ўсе турботы і скруха меншаюць роўна ўдвая, а радасць — дзіўная справа! — удвая павялічваецца. I які б ён ні быў, твой сябар, калі ў цябе няма лепшага, ён робіцца другою часткай цябе самога, і ты ўжо не можаш уявіць сябе асобна ад яго. Адным з такіх сябрукоў быў для мяне Юрка Стралкоў.

Можа, гэта і непрыемна ўспамінаць цяпер, але нашае збліжэнне пачалося з таго, што мы пасварыліся. Пасварыліся, як дурні, без слушнай на тое прычыны, проста, мабыць, таму, што яшчэ дрэнна ведалі адзін аднаго. На палітзанятках, якія ў нас праводзілі проста ў казарме, на праходзе між нараў, палітрук Шаяхметаў пытаўся пра задачы, пастаўленыя ў першамайскім загадзе Вярхоўнага, і я не мог іх пералічыць правільна. Не тое каб я не ведаў гэтыя задачы, але палітрук быў фармаліст і патрабаваў адказаць слова ў слова, як гэта было запісана ў загадзе. Я ж вучыць іх на памяць не меў часу.

Калі была апытана палавіна ўзвода, аказалася, што толькі курсант Стралкоў мог адказаць больш-менш правільна. Вось тады палітрук і прымацаваў Стралкова да траіх адставак па палітграмаце. Але калі Юрка падышоў да нас пасля заняткаў, мы яго не паслухаліся, болей таго, мы з ім пасварыліся (падумаеш, знайшоўся без пяці мінут нампалітрука!). Мы самі не горш за яго маглі вывучыць тыя чатыры або пяць пунктаў. Толькі мы не вучылі.

Стралкоў, вядома, пакрыўдзіўся, бразнуў дзвярыма і пайшоў — думалі, дакладваць начальству, аднак ён не далажыў. Апошняя акалічнасць трохі парушыла нашу непрыязнь да Стралкова, і, каб не падвесці яго (ды і сябе таксама), да наступных заняткаў мы ўсё вызубрылі.

Зімой у вучылішчы стала холадна, у нятопленых вялізных казармах вельмі даймала сцюжа. Напорысты заволжскі вецер на шматгадзінных палявых занятках наскрозь прадзьмуваў нашыя пацёртыя шынялькі. Мы дужа калелі і таму яшчэ болей хацелі есці. Пра яду мы думалі заўжды: на занятках, у нарадзе, на вячэрняй паверцы і нават прачынаючыся ў казарме ноччу. Ля сталоўкі і каля прадсклада заўжды таўкліся курсанты — хворыя, вызваленыя ад заняткаў, тыя, у каго парваўся абутак і не было ў чым ісці ў поле. Усе з галоднай тугой у вачах чакалі шчаслівага выпадку раздабыць што з’есці.

Аднойчы мы з Юркам былі ў каравуле і прастаялі ноч на двухзменным пасту, які на дзень звычайна знімаўся. Гэты пост даваў нам права адляжацца ў каравулцы на нарах (калі толькі не было да нас ніякай патрэбы ў грознага бога роты — старшыны Шквары). Зрэшты, у той дзень першы зранку заваліўся спаць я, бо ўжо адстаяў сваё на пасту, і хроп амаль да снядання. Юрка ж, змяніўшыся пазней, пабег да сталоўкі на здабычу харчу, і там яму надарыўся проста неверагодны па тым часе выпадак.

Узрушаны, ён куляй уляцеў у каравульнае памяшканне і, ледзьве расштурхаўшы мяне, яшчэ адурэлага ад сну, павалок да прадсклада. Аказваецца, там нас чакала крытая аўтамашына, у якой вазілі з горада хлеб і да якой Юрка толькі што занарадзіўся грузчыкам. Загадчык склада, маўклівы пажылы дзядзька ў ватоўцы, нецярпліва чакаў Юрку, хоць побач, наперабой прапаноўваючы свае паслугі, стаяла чалавек шэсць курсантаў. I ўсё ж Юрка, рызыкуючы застацца ні з чым, пабег па мяне, і мы, ледзьве здыхваючыся ад стомы, урэшце залезлі ў жалезны кузаў машыны. Загадчык сеў у кабіну.

Мы ехалі, мяркуючы праз гадзіну вярнуцца, наеўшыся свежага хлеба, і (калі пашанцуе), можа, яшчэ і прыхапіць якую буханачку-другую на заўтра. Дзеля хлеба мы свядома ахвяравалі сняданнем — двухсотграмоваю пайкаю, міскай супу і чаем, — нам даражэй быў хлеб.

Праўда, загадчык склада неўзабаве расчараваў нас. Аказалася, што перш чым ехаць па хлеб, трэба прывезці мяса. Гэта было ўсё ж не тое, што хлеб, але што зробіш — калі ўлезлі ў кузаў, дык мусілі слухацца. З гадзіну мы цягалі на мясакамбінаце баранія тушы ў машыну і наклалі іх столькі, што ледзьве ўлезлі самі. На першы погляд гэта было вельмі заманліва — цэлая гара бараніны, толькі, вядома, карысці з яе мы не мелі ніякай.

Галодныя, мы згрузілі тушы на вучылішчным складзе і, не паснедаўшы (бо спазніліся), на той жа машыне зноў выправіліся ў горад. Але і ў гэты раз хлебазавод застаўся ўбаку, мы прыехалі на базу, дзе нам была падрыхтавана яшчэ горшая нечаканка ў выглядзе цэлага штабеля мяхоў з мукой. Гэта было жахліва. Мабыць, кожны з нас упаасобку важыў меней, чым кожны з гэтых стандартных шасцідзесяцікілаграмовых мяхоў, якім мы проста не маглі даць рады. У нас занадта было мала сілы, каб падняць мех на вагі і з вагаў вынесці ў двор на машыну. Але што мы маглі зрабіць, калі напрасіліся ў грузчыкі? Праўда, памог загадчык склада, і пакуль мы мураўіным спосабам перавалаклі ўсю муку ў машыну, дык выйшла, што сілы ў нас засталося толькі на тое, каб самім залезці ў кузаў. А наперадзе чакала яшчэ і разгрузка. Да таго ж мы празявалі і абед і спазніліся ў каравульнае памяшканне. У перспектыве была гаўптвахта, а можа, і яшчэ горшае.

Але трэці рэйс быў сапраўды па хлеб, і мы рызыкнулі — усё роўна ўжо ўліплі. Што ўжо бедаваць па якой гадзіне самавольнай адлучкі, калі мы адлучыліся з казармы ўвогуле не меней чым на восем гадзін.

Хлебазавод сустрэў нас такой канцэнтрацыяй хлебнага паху, што мы гатовы былі забыць пра ўсе нашыя беды і наогул не вяртацца ў той дзень у вучылішча. Паджарыстымі, духмянымі да п’янасці боханамі былі выкладзены дзесяткі ячэістых сцелажоў з вузенькімі праходамі паміж імі. Цэлымі сцелажамі ўзважвалі і аддавалі на пагрузку ў машыны. Мы былі болей чым галодныя, здавалася, маглі з’есці па дзесяць буханак кожны, але з’есці нават кавалка тут было нельга. Мы думалі: хай! Пад’ямо пасля.

Гэтае «пасля» выдарылася толькі тады, калі ў закрытай машыне мы трэсліся побач з цёплаю грудай буханак і глыталі, мабыць, не жуючы, мяккія распараныя скарынкі. Толькі ці многа можна было іх праглынуць за якіх пятнаццаць хвілін дарогі па калдобінах зімовай вуліцы? Пасля мы разгружалі, — сумленна, да апошняй буханкі. Дарэчы, кантроль на нашу працу быў усюды болей чым строгі. Але мы спадзяваліся недарма.

Загадчык склада памучыў нас добра, але і няблага аддзячыў. На разлік мы атрымалі тры яшчэ цёплыя боханы і пусціліся ў свае казармы. Спяшацца, зрэшты, не мела вялікага сэнсу, бо на паверку мы даўно ўжо спазніліся, у гарадку ўсё сціхла, толькі па дарожках каля казармаў хадзілі патрулі. Яны і затрымалі двух вельмі падобных на зладзеяў або дыверсантаў парушальнікаў вайсковага распарадку.

Сутычка з імі была не дужа прыемная, але затое нядоўгая. Каб не трапіць да дзяжурнага па вучылішчы і не страціць усё, давялося ахвяраваць адною буханкай. Другую мы прадбачліва прыхавалі ў снезе каля плота, а з апошняю пад палой у Юркі, ледзьве пераборваючы страх, адчынілі дзверы казармы.

Аднак нам да канца не шанцавала ў той дзень, і мы канчаткова зразумелі гэта, як толькі пераступілі парог і ўбачылі на праходзе між нараў нашага старшыну Шквару. Двое нарадчыкаў пачыналі мыццё падлогі, а старшына, па-напалеонаўску скрыжаваўшы на грудзях рукі, сцюдзёным позіркам усёбачачых вачэй глядзеў на нас. «Дзе былі? Адказвайце! Маўчаць, калі размаўляеце са старшыной! Я ў вас пытаюся, дзе былі? Маўчаць! На губу захацелі?..» I раптам старшына змяніўся: «Ану, ану, што гэта ў вас? Ану?..»

Так беззваротна загінула наша другая сумленна заробленая буханачка, замест якой старшына тут жа надзяліў нас чатырма нарадамі (мала нам у той дзень было яшчэ працы!). Зняўшы шынялі і амаль глытаючы слёзы, мы ўзяліся шараваць падлогу.

Мы пракліналі тады старшыну, ледзяную ваду, якую трэба было цягаць у вёдрах ад самай сталоўкі, пракліналі загадчыка склада, які давёў нас да такіх пакут, і ўсё на свеце. Адзіным нашым суцяшэннем была тая апошняя буханачка, якая да пары чакала нас пад плотам.

Але тую буханачку, тую апошнюю надзею галодных, раней за нас адшукалі сабакі.

Калі мы, ужо далёка за поўнач справіўшыся з падлогай, убачылі ля плота здратаваны сабачымі лапамі снег з чырвонымі, як кроў, крошкамі хлеба, то на хвіліну знямелі. Я гатовы быў ашалець. Юрка, мабыць, першы раз у жыцці, вылаяўся і без сіл апусціўся на снег. Я хацеў некага забіць. Мы ледзьве дабрылі да нараў…

Праўда, назаўтра, паснедаўшы, ужо з меншай тугой паглядзелі адзін аднаму ў вочы, і ў гэтых позірках значылася: «Якія ж мы дурні!» А яшчэ праз тыдзень расказалі хлопцам пра наш злашчасны заробак. I хлопцы надрывалі жываты ад смеху. Ды і мы таксама.

…У хаце густы, не прадыхнуць, смурод. Нехта мармыча ў сне, нехта стогне. У двух месцах нават храпуць. На прыпечку дагарае наша апошняя «кацюша». Немец на ложку таксама заціх і, наваліўшыся на калені, спіць. На сцяне за ім змрочна цямнее яго касы і шырокі цень. Дрэмле ля парога санітар. Адзін толькі сяржант варушыцца нешта, зручней уладкоўваючы нагу, ды захінаецца ў дэсантную куртку. Пасля ён збіраецца закурыць і піхае цыгарэту ў свой мефістофельскі мунштук.

Я папраўляю на падлозе маю небараку-нагу. Сяржант паднімае голаў.

— Баліць?

— Ды баліць, халера…

— Мая таксама баліць. Удзень яшчэ цярпіма, а ўночы пячэ, як крапівой.

— Мусіць, ноччу ўсе раны болей баляць.

— Ну, а ты думаў!.. — згаджаецца сяржант і кажа: — Слухай, младшой, а твой немец быццам нішто.

— Хто яго ведае. Можа, і нішто.

— Панімаеш, — сяржант засяроджана прыкурвае ад запальнічкі. — Панімаеш, я было хацеў яго шпокнуць. Спачатку. Злы я на іх. Ёсць такая прычына. Ды гляджу — нейкі ён дужа ўжо не такі, гэты фрыц. Настаўнік. Двое дзяцей… Каб хоць буржуй які… Ці эсэс…

Я маўчу. Я разумею ягоную прычыну і яго злосць да немцаў. Толькі я думаю: дужа ўжо спрытныя ў нас сталі на суд і расправу. Ні табе начальства, ні трыбунала: захацеў і — шпокну! Якая самаўпэўненасць! А можа, ён трэба там, дзе-небудзь у штабе. Зрэшты, мабыць, вінаваты і я — палонных трэба даводзіць да месца, а не таўчыся з імі па санітарных часцях, дзе скрозь параненыя, знерваваныя, злыя. Ну, але гэта ўжо іншая справа.

— Панімаеш, трэці раз не шэнціць, — выдыхаючы дым, сцішана кажа сяржант. — Усё не магу. Ці, можа, цюхця такі стаў?.. Першы дужа паранены трапіўся, устаць не мог. Узяў ягоную вінтоўку, думаю, зараз я цябе даканаю. Загнаў патрон у патроннік, а ён гэтак паглядзеў на мяне і кажа: «Данке, рус! Найн Сібір!» Ах ты, думаю, гад, Сібіру баішся… Тады жыві. Паспытай Сібіру. Не стаў страляць. Другога пад Залачовам сцапаў. У разведцы. Хацеў пырнуць фінкай, ды не змог — малады такі, пацан пацаном. Як наш Макоўчык. Быў такі ў роце. Худзенькі, тонкі і кашляе. Ну і адвёў у штаб. Чорт з ім, думаю. Трапіцца ж мне ўрэшце эсэс, тады сквітаюся.

Сяржант, крэкчучы, ямчэй прыладжваецца на ложку і хвіліну прыслухоўваецца да грукату нейкай спозненай машыны за акном.

— Заўтра эвакуіруюць… На якіх месяцы два цяпер адпачынак… Перавязкі. Сястра — вутку! Паскудства адно. Не люблю! — адразае ён і зацягваецца з свайго трафейнага мунштука. Пасля хмурыцца. — А Макоўчыка праз тыдзень асколкам у пазваночнік… Эх! Разразі цябе ў тысячу трах-тарарах!..

Ён адмыслова лаецца пяціпавярховым матам і злосна плюе ў парог. Побач узнімае галаву Каця, і я здзіўляюся: выходзіць, яна таксама не спіць — паныла сядзіць, насцярожана скурчыўшыся, нібы адасобіўшыся ад усяго ў гэтай хаце. У яе вачах поўна слёз. Я аж палохаюся.

— Вы што?

Яна нават і не паварочвае галавы.

— А табе што за дзела?

— Ну, я так. Думаў…

— Адстань.

Можна і адстаць, калі няма ахвоты адказаць. Сапраўды, чаго мне набівацца са спачуваннем, хіба ў мяне мала свайго клопату і свайго болю? Да таго ж адольвае стома, і мяне таксама пачынае браць сон. Да ранку, напэўна, яшчэ далёка…


15


Чым бліжэй да вакзала, тым усё больш людзей. На стаянцы таксі — вялізная чарга, якой спрытна распараджаецца дзяжурны з чырвонай павязкай. Спазнелыя пасажыры бягуць на прыгарадны поезд. З флегматычнай самотай бавячы час, па тратуары праходзіць каменданцкі патруль — двое салдат і маёр. У пятліцах — тэхнічныя эмблемы. Маёру на выгляд пад сорак пяць. Аднак, састарэлі цяпер у арміі, не тое што ў вайну… Некалі ў нас у палку самы стары афіцэр — начальнік артузбраення — меў трыццаць восем. Камандзір палка — трыццаць два. Батальёнамі камандавалі дваццаці-дваццацівасьмігадовыя хлопцы. Зрэшты, нам, узводным, яны ў той час здаваліся амаль старымі.

Вакзальны вестыбюль гудзе ад народу. Гамана, мітусня і штурханіна. Аднак, здаецца, і плач. Сапраўды, ля дзвярэй на пероне плача жанчына, толькі нічога не відаць — цікаўны натоўп абступае яе суцэльнай сцяной. Відаць, нешта здарылася.

Уступаючы сваёй цікаўнасці, я ўзнімаюся па прыступках на другі паверх і спыняюся ля парэнчаў. Адсюль ужо можна нешта ўбачыць. Сцэна здаецца не зусім звычайнай, прынамсі, для нашага часу. На шыі ў збянтэжанага мужчыны з амаль ужо сівой галавой вісне жанчына. Касынка яе збілася на плечы. Валасы раскудлаціліся. Яна наўзрыд плача і прыгаворвае нешта незразумелае. Развітваецца, ці што? Але куды гэта ён выпраўляецца? Мужчына з пакутніцкім тварам стрымана суцяшае яе, гладзіць па плячы адною рукой. Ля ног яго стаіць чырвоны чамадан. Але там ёсць і блізкія ім людзі. Два даволі дарослыя хлопцы — у стракатай тэнісцы і ў вельветавай куртцы — спрабуюць суцешыць жанчыну.

— Мама, ну хопіць!

— Ну, што ты? Людзі глядзяць. Канчай!

— Ай, няхай глядзяць! — закідае голаў жанчына. На яе счырванелым, залітым слязьмі твары — нестрываная роспач няшчасця. — Няхай глядзяць на маё горачка! Родненькі ты мой Колечка, навошта ж я цябе спазнала! — лямантуе яна ўжо зусім па-бабску і зноў прыпадае да грудзей збянтэжанага чалавека.

Незвычайнае і дзіўнае нейкае развітанне… Нібы ў сорак першым. Я недаўменна паціху сходжу па прыступках. У вестыбюлі з’яўляецца дзяжурны па вакзалу.

— Граждане пасажыры! Прашу разысціся! Прашу разысціся, не нарушаць правіл. Граждане пасажыры!..

Але пасажыры яго не слухаюць — усіх захапіў гэты балючы крык чалавечай душы. Толькі ніхто яшчэ нічога не ведае, і кожны імкнецца зазірнуць у сярэдзіну натоўпу.

Аднак праз хвіліну плач прыціхае, і жанчына з сівагаловым чалавекам кіруюцца да выхаду. За імі, несучы адзін чамадан, ідуць двое хлопцаў. Натоўп неахвотна расступаецца. Жанчына горнецца да чалавека і ўсё яшчэ хліпае.

З натоўпу вылазіць цётка з кошыкам, ставіць кошык на падлогу і пачынае перавязваць на галаве квяцістую хустку. Яе абступае вакзальны люд. Усім карціць дазнацца пра сэнс незвычайнай сустрэчы.

— Ай, бабачкі, гэтую ж кабеціну ейны муж адшукаў! З вайны пагублялі адно аднаго. Цяперака гэта ён прыехаў. Але ж з ім новая жонка. Вунь, у зялёнай кофце, — сцішыўшы голас, гаворыць яна, азіраючыся на выхад.

Яшчэ мала што разумеючы, усе ўраз паварочваюць твары на сярэдзіну. Сапраўды, прысланіўшыся плячом да мармуровай калоны, стаіць, сцяўшы бровы, жанчына. Ні на каго не зважаючы, яна, нібы ў трансе, глядзіць на падлогу. Пасля, нібы раптам штось зразумеўшы, павяртаецца і рашуча выходзіць у другія дзверы. На перон.

— Ой, бабачкі! Як жа гэта? — пытаецца нейкая кабета, мабыць, першая адчуўшы ўвесь драматызм гэтай недарэчнай сітуацыі.

Аднак усё зразумела. Я болей не хачу на гэта глядзець. Гэта дзіка і страшна. Гэта б’е ў самае сэрца. Ці не хопіць, праклятая вар’ятка вайна! Ці не мала табе таго, што ты нарабіла на зямлі дваццаць гадоў назад? Навошта ты яшчэ і цяпер джаліш людзей сваім зазубленым джалам?

Але я ведаю: яе шальмоўскім звычкам няма межаў. Пакутуюць маці, што пагублялі дзяцей. Гадамі баляць у калек адарваныя ногі. Тояцца ў зямлі, чакаюць сваіх ахвяр міны. Спознена адкрываюцца людзям нечуваныя злачынствы вылюдкаў. На рахунку гісторыі ўсё большае бязвінных неадпомшчаных ахвяр. Дзе віноўнікі?

Вядома, адны ў зямлі. Другіх судзілі і прах развеялі ветрам. Трэція мараць пачаць усё спачатку. Але ёсць і чацвёртыя, якія вельмі здзівяцца, калі іх абвінавацяць у некаторых, даўніх ужо, справах.

Трымаючыся за падрапаныя парэнчы, я паднімаюся на другі паверх. Здаецца, у дадатак да ўсяго, з кожным годам горшае сэрца. Задышка прымушае спыняцца і хапаць ротам паветра. Вось табе і малады чалавек! Зрэшты, я ведаю: гэта, лечачы лёгкія, я пасадзіў сэрца. Пракляты трышкаў каптан!.. Дранае ашмоцце, а не здароўе!

Я раздражнёны і злы. Бываюць такія хвіліны. Ля буфета ў зале транзітных пасажыраў — чарга. Доўгі шэраг людзей уздоўж прылаўка аж да самых дзвярэй. Хацелася б выпіць кавы. I што-колечы з’есці. Толькі прыйдзецца доўга стаяць. Але куды мне спяшацца!

— Хто апошні?

— Я.

Кароткі, нібы бляск, позірк. Прыгожанькі юны тварык пад бронзавым стажком валасоў. Імгненна ўспыхвае і згасае цікаўнасць у шырокіх вачах. Вядома, чым тут цікавіцца? Худы, з залысінамі на лбе дзядзька. Да таго ж — кульгавы… Але, чорт вазьмі, я хацеў бы нечым ёй спадабацца. Ну, хоць трошачкі. Толькі навошта? Ды я і разумею, што гэта немагчыма. I дзіўлюся з свайго жадання.

Не, мусіць, трэба забыцца. Маё адышло. Адгрымела. Побач, выглядваючы кагосыді ў чарзе, ходзяць дваццацігадовыя хлопчыкі. Нічога не скажаш — ладныя, прыгожыя хлопчыкі. Спартыўная пастава. Свежыя каўнерыкі адпрасаваных белых кашуль. Якія дурні некалі наламалі столькі дроў з-за вузкіх штаноў! Гэта ж прыгожа. А для моладзі, мусіць, гэта галоўнае. Прынамсі, у дваццаць год. У нас, праўда, усё было інакш. Мы насілі няўклюдныя шаравары хабэ. I кірзачы. Яны не спрыялі каханню. Праўда, і не ў стане былі яго супыніць. Памятаю, калі мы з ёй дзе садзіліся побач, ногі ў нас былі аднолькавыя, не адрозніць. Хіба што яе боты — меншыя памерам. I такія ж аднолькавыя шынялькі. Жорсткія, цяжкія ў макрэдзь ды цяпло і сцюдзёныя ў сцюжу. I тварык яе быў зусім мала дагледжаны. Аднойчы мы ляжалі пад абстрэлам у разоры, і выбухам яе ўсю заляпіла гразёй. Трапіла ў твар і ў вочы. Яна абмывалася слязьмі і нічога не бачыла. I трэба было бегчы. Тады я ўхапіў яе за руку. Байцы ў ланцугу дзівіліся: чаго яны бягуць, пабраўшыся за рукі? Нібы на гулянцы.

Тая пагулянка пад міннымі выбухамі зрабіла сваю справу. Да і без таго немалых турбот прыбавілася новая. Я пільнаваў яе, дзе толькі мог. Пры кожным выпадку мерыўся збегаць у батальённы тыл. Меў некалькі непрыемнасцей з ротным. Я збіраўся ёй нешта сказаць. Самае важнае і самае першае маё слова. Толькі я прыпазніўся. Кастлявая мяне апярэдзіла. У вялікім прыдняпроўскім сяле над Паплавамі застаўся жвіровы курганок, які адабраў яе ў жывых. Усё астатняе, што здаралася ў мяне потым, было не тое і не такое. Ды і сам я стаў не такі.

Аднак чарга чамусь разыходзіцца. Скончыліся піражкі. Міла хмыкнуўшы, пайшло і маё дзяўчо. Тыя, што засталіся ў чарзе, пасоўваюцца, і я апынаюся ля самага прылаўка. Кава яшчэ ёсць. I то няблага. Пасля той гарэлкі даймае смага. I тут я бачу яго.

Нейкі час, нібы змярцвеўшы, моўчкі гляджу на яго. Ён адыходзіць ад чаргі і спыняецца. Пасля зноў вяртаецца да стойкі і нешта там разглядвае за шклом. Бразгае драбязой у жмені. Выгляд у яго маўкліва-заклапочаны. Сахно! Далібог, Сахно!

Так, цяпер або ўжо ніколі! Я буду блазнюк, калі яго ўпушчу. Зараз я дам у морду. Галоўнае не прамарудзіць. Біць коратка і ад сябе, усім корпусам на руку. Ён упадзе на падлогу. Або на бар’ер буфета. Будзе скандал. Прыбяжыць міліцыянер. I я скажу, чаму так зрабіў. Няхай тады мяне судзяць.

Я выходжу з чаргі і раблю два крокі наперад. Сэрца маё адразу пачынае галоп. Аднак чакай, сэрца! Патрымайся! Не падводзь!

Але тут нехта падыходзіць да прылаўка і становіцца з ім побач. Я прыкусваю вусны — ён мне перашкаджае. Раптам Сахно паварочваецца і глядзіць проста мне ў твар.

Яго бровы ўздрыгваюць. Пазнаў, гад! Але вочы адразу спакайнеюць. Ён совае ў паліто руку і звонка ссыпае ў кішэнь драбязу.

— Не ўдалося?

— Што?

— А ў гасцініцы.

— Не. Не ўдалося, — кажу я не сваім голасам. I, нібы заварожаны, гляджу ў яго выцвілыя, нерухомыя вочы.

— Пракляцце! Паесці не даб’ешся. Вы вячэралі?

— Не.

— Можа, падыдзем у рэстаран? Тут насупраць.

Я, абмярцвеўшы, стаю. Як дурань. Як ідыёт. Ён, мабыць, і лічыць мяне ідыётам. Але я зноў не ведаю, што рабіць. Я не пазнаю яго. Сахно і не Сахно.

— Ну? Саставіце кампанію?

Ён ідзе між людзей у дзверы, і я збянтэжана іду за ім. Першы, самы спрыяльны момант упушчаны. Цяпер я ўжо не магу наважыцца. Мяне скоўвае сумненне. Хіба патрабаваць у яго дакументы? Або запытаць прозвішча? Аднак гэта не можа цягнуцца доўга. Я не ўтрываю.

Мы выходзім з залы чакання. Ён азіраецца на мяне.

— Бардзель. У нас варта пазваніць, і гасцініца забяспечана. А тут не могуць забраніраваць адно месца. Рэспубліка называецца!

Сволач! Што ты ведаеш пра гэтую рэспубліку? Не дасталося месца ў гасцініцы? Скончыліся піражкі? А пра паўмільённую армію партызан у гэтай рэспубліцы ты чуў? Пра дзевяць тысяч беларускіх арудараў і лідзіцэ ты ведаеш? Пра два з лішкам мільёны бязвінных ахвяр? Пра тое, што і дасюль гэта рэспубліка яшчэ не дасягнула даваеннай колькасці жыхароў?

Я ледзьве стрымліваю нервовую дрыготку ўнутры. А ён распранаецца ў гардэробе. Перад люстэркам старанна расчэсвае рэшткі свае чупрыны. Пасля мы заходзім у залу. Тут таксама бітком. Вольных сталоў няма, і мы ідзём між радоў. Але вось ля акна ўстаюць з-за стала чацвёра афіцэраў. Мы адразу займаем іх месцы. На абрусе — гара непрыбранага посуду. Ён грэбліва адсоўвае ад сябе талеркі.

Размаўляць са мной у яго, відаць, прапала жаданне. Мусіць, субяседнік я кепскі. Але мне зусім не да размовы. Мяне точыць пытанне: ён ці не ён? У галаве зачынаецца прарэзлівы звон, рукі прыкметна дрыжаць. Ён жа мяне, напэўна, не пазнае. Ну што ж, тым лепей! Я напружваюся, як перад скачком у атаку, і пытаю ва ўпор:

— Вы — Сахно?

— Што? Не, не Сахно.

Не Сахно! Іншай магчымасці дазнацца, хто ён, у мяне няма. Я напружваю розум, каб знайсці, што рабіць далей. А ён закідвае на калена нагу і адхінаецца ў крэсле. Дастае з кішэні газеты. Здаецца, ён вельмі спакойны. Зусім заняты сабой. Ніводная жылка на ягоным твары не здрыганецца. Шархочучы газетай, кідае на мяне позірк.

— А чаму вы пытаецеся? На некага падобны? Ага?

— Падобны.

— Бывае, — выдыхае ён і ажыўляецца: — Я ў Харкаве аднаго інжынера, мусіць, цэлы год блытаў з бухгалтарам упраўлення. Падобныя як дзве кроплі вады.

Чорт! Здаецца, я ўліп! Няўжо сапраўды не ён? А мо прытвараецца? Нешта адчувае і баіцца? Пэўна ж, штоколечы з свайго мінулага ўтаіў.

Аднак не. Паводзіць сябе натуральна і ўпэўнена. Шырока разгортвае «Правду», «Труд» працягвае мне.

— Пачытайце. Пакуль тут дажджэшся…

I, не дагаварыўшы, засяроджваецца ў чытанні. Я машынальна аглядаю загалоўкі. I не разумею нічога.

Калі не Сахно, дык гэта жахліва. Я ж мог яго пакалечыць. А калі ўсё ж ён? Няўжо я і цяпер застануся ў дурнях. Як дваццаць гадоў назад…

Што ж, пачакаем.

Ён чытае засяроджана і грунтоўна. За наш столік болей ніхто не садзіцца. Афіцыянтка таксама не ідзе. Я няўцямна гляджу на шчыльныя газетныя радкі і не магу заглушыць у сабе амаль роспачнага крыку памяці…


16


Сон разрываецца выбухам:

— Тр-р-рах!.. Лоп-лоп-лоп… Шы-ш-ш-ш-ш-ш…

I яшчэ:

— Тр-р-рах! Тр-р-рах!.. Шр-рык!

Што гэта? Дзе гэта? Фу ты, пляснула чымсь мокрым па твары, па спіне: мурашкі ці, можа, пясок… Я ўсхопліваюся і адразу разумею — бяда!

У хаце амаль відна, у вокнах світальны ранак. Мяне абдае хваляю сцюжы, снегавой пацярухай сыпле на галаву, за каршэнь. На падлозе збянтэжаныя твары людзей. Ля ложка, лежачы ніц, ашчапервае голаў сяржант. Зверху сыплецца перамешаная са снегам тынкоўка.

— Тр-р-рах! — здаецца, пад самым акном грымотна б’е новы выбух.

У акно шугае косма снегу з зямлёй. Дробныя асколкі шкла шротам абдаюцьпатыліцу. Міжвольна хіснуўшыся ад выбуху, я зусім пазбаўляюся ад санлявае няўцямнасці і палохаюся — дзе Юрка? Але Юрка побач, ён таксама недаўменна лыпае заспанымі вачыма і пытаецца:

— Што такое? Га? Бамбёжка, га?

Не, Юра, не бамбёжка і нават не звычайны агнявы налёт. Гэта іншае. Я баюся яго, гэтага іншага, ад аднае толькі думкі аб ім у мяне халадзее ўсярэдзіне. «Тр-р-рах! Тр-р-рах!» — б’юць два разрывы далей, знадворку. Там нехта ў дзікай лютасці лаецца — чуваць абрыўкі нервовай апантанай гаманы, тупат ног. Нешта там робіцца кепскае. А я з усяе сілы ўслухоўваюся скрозь гэтую мешаніну гукаў, і — прападзі яно пропадам, гэта ўчарашняе маё прадчуванне! — яно не ашуквае. Між выбухаў чуваць, як недзе далёка яшчэ, але досыць выразна і цягуча гудуць танкі.

Ну вось і дачакаліся! Даспаліся, даадпачываліся, даспадзяваліся, так яе растак! Цяпер расхлёбвай!

Мусіць, іншыя таксама ўжо нешта чуюць. Сяржант, за ім Каця і Юрка кідаюцца да ўшчэнт разнесеных выбухамі акон. Ускокваю на адной назе і я, яшчэ нехта шастае да акна. О, там карціна! Самая брыдкая з усіх карцін на вайне — «драп»!

Па вуліцы, па гародах, міма нашай хаціны і воддаль бягуць з сяла людзі. Адзіночкі, групы, шалёна скачуць коні; раскідваючы абланцужанымі скатамі снег, па адной імчаць машыны. Відаць, усе, хто тут быў, рынуліся на аколіцу, міма пабітых асколкамі мазанак, сігаючы цераз плятні, падаючы і ўскокваючы. Непадалёк, ля суседняй хаты, на вуліцы дымна палае разнесены выбухам «студэбекер». Побач з перакуленай фурманкай, канаючы, дрыгае нагамі конь. «Тр-р-рах! Тр-р-рах! Пі-і-іў… Ш-у-у-у… Тр-р-рах!» Там і тут б’юць выбухі. Але мы ўжо не зважаем на іх — мы ўпіваемся позіркам у далячынь за сялом. Там па крутаватым схіле са стэпу ўпаўзаюць у ваколіцу танкі.

— Жвік — жвік — жвік! Тр-р-рах!

Выбух кідае нас на падлогу. Хата прыўзнімаецца і асядае. Здаецца, рушыцца столь. Пыльным, сухім смуродам забівае дыханне. Нехта енчыць, хтосьці раз’юшана лаецца і, ускочыўшы, кідаецца да дзвярэй.

— Лажысь! Лажысь, так вашу растак! — крычыць у пыльным смуродзе Каця.

Яна па-мужчынску лаецца, але цяпер гэта нікога не дзівіць — як жа інакш, калі такое творыцца! Тынкоўка са сцен і столі густа зацярушвае галовы і спіны. Юрка ўзнімае твар, яго не пазнаць — адзін толькі поўны трывогі і збянтэжанасці позірк: што рабіць?

— Сястра! Сястрычка! Ой, ратуй жа!.. Ой! — лямантуе хтосьці ў хаце.

Пыл хутка выдзьмувае ветрам, сапраўднаю снегавой віхурай, бо ўжо ні вокан, ні дзвярэй. Дзверы, прынамсі, расчынены, і на парозе распласталася нерухомая постаць. Гэта наш санітар, што ўчора на тое самае месца кідаў трусоў. Над кутам у столі пралом з дзіркай на вуліцу. У ёй курыцца снег, і пад ім на саломе слепа таўчэцца абвязаны пыльнымі бінтамі лётчык. Каленямі і локцямі ён штурхае-тармосіць суседа.

— Эй, таварыш! Таварыш!

З-пад шыняля тырчаць доўгія ногі ў кірзачах, яны не крануцца. Здаецца, ягоны сусед, які ўчора кідаўся на немца, «ужо». Але папала ў хаце, відаць, не аднаму.

— Сястра! Сястрыца! — енчыць хтосьці ў другім куце (ці не той рабаваты). — Кроў… У другі раз гвазданулі, гады!

— Што ж гэта робіцца, браткі? Трэба ж нешта рабіць!

— Ціха! Ціха! Лажысь! — камандуе Каця і з трэскам разрывае чарговы перавязачны пакет. Яна з распушчанымі валасамі, без шапкі кідаецца па хаце, то ў кут, дзе не ўнімаецца звар’яцелы, невідушчы лётчык.

— Сястра! Сястра! Дзе сястра?

Каця нахіляецца над абвязаным і, безуважная да ягонага суседа, настойліва ўкладвае небараку.

— Ладна, ладна… Усе будзе добра. Ты ляж. Ляжы.

Яе надзіва роўны, спагадлівы цяпер голас на хвіліну ўціхамірвае байцоў. Абпалены неяк нерашуча прымаўкае. Каця цераз людзей ступае ў другі куток, да перагародкі. Там хтось нема стогне.

Ля печы ўзнімаецца з падлогі апошні наш санітар — маленькі спалоханы пажылы чалавек, і Каця крычыць яму:

— Ты! Бягом да начальства! Ну, жыва! Падводы жыва!

Санітар, прыгнуўшыся, боязна сігае цераз труп напарніка на парозе і знікае ў сенцах. За акном з грукатам шалёна мчыцца падвода. Панадворкамі бягуць людзі. Трашчаць разрозненыя таропкія чэргі.

— Счас, родненькія! Счас! Усё будзе добра. Усё добра, — прыгаворвае Каця.

Я азіраюся на Юрку, ён ляжыць на баку побач і кусае вусны. У вачах майго сябра напружанне трывожнае думкі. Мусіць, у маім позірку ён бачыць запытанне і поціскам рукі хоча супакоіць.

— Ладна. Ладна, чакай.

Чакаць, вядома, не самае лепшае — хутчэй горшае. Якраз чакаць цяпер і нельга. Кожная хвіліна прамаруджання, пэўна, неўзабаве будзе нам каштаваць многа. Але што рабіць? Ось дык трапілі з полымя ў пекла! Называецца, пакімарылі ноч — усё пракімарылі. Спазнелае шкадаванне за ўчарашняе, прыкрасць, боль і страх урываюцца ў мае пачуцці. Хочацца зараз жа нешта перайначыць, некага абвінаваціць. Толькі хто тут вінаваты? Хіба што я. Трэба ж было ўчора гэтак супакоіцца, забыцца ў зацішку, аддацца радасці сустрэчы з Юркам, махнуць на тую сустрэчу ў стэпе! Цяпер вось атрымлівай!.. Паспадзяваўся, называецца, на мудрую дбайнасць іншых…

Скурчыўшыся на саломе, я ўслухоўваюся ў грымотную калатнечу на вуліцы. Побач, таксама ўвесь насцярожаны, — Юрка. Выбухі распласталі нас на падлозе, і мы жывём хваравітым, напружаным слыхам. На двары тупат ног, змораны стогн, кароткая гамана. Раптам нада мной чуецца труднае дыханне. Я паварочваюся — у акне потны, устрывожаны твар, і ў вачах ашалелая зацятасць спешкі.

— Эй, славяне, дзе тут сястра?

— А што, падвода? Ага? Давай сюды!

З падлогі ўскоквае сяржант і хапаецца за падаконнік. Але твар там знікае. Кароценькая надзея ўзгараецца ўнутры — авось па нас! Хаця для адной падводы замнога людзей. I тут я ўпершыню за гэты ранак сустракаю забыты ўжо, самотна-цярплівы позірк. Гэта курчыцца пад ложкам мой немец. Як госць на чужой бядзе, забіўся туды і чакае. Чаго толькі чакае?

Кулі або асколкі б’юць па падстрэшшу. Ветрам заносіць саламяную пацяруху са снегам. Мы ўгінаем галовы — халера, відаць, яны ўсё ж даканаюць нас! У сенцах у гэты час тупат. Праз расчыненыя дзверы, пераступіўшы цераз санітара, увальваецца баец у целагрэйцы. За ім другі з вінтоўкай за спіной — яны ўвалакваюць некага ў шынялі і апускаюць ля печы.

— Сястра! Дзе сястра! Во паглядзі хутчэй…

Каця таропка завязвае канцы бінта на нечай голай, скрываўленай спіне і цераз людскія целы лезе ў парог.

— А што вы мне яго прынеслі? — праз хвіліну крычыць дзяўчына. — Я не пахавальная каманда! Ану, выносьце назад!

Я пазіраю на збялела-жаўтлявы твар чалавека, і мне здаецца, што гэта ўчарашні прыдзіра-капітан, які правяраў нашы дакументы. Вось табе і на: не памагла і пільнасць! Каця, аднак, не пазнае яго, а мяне ён чамусьці здзіўляе і бянтэжыць. Я заўжды не магу паверыць у гібель людзей строгіх і ўедлівых наконт вайсковае службы. Толькі, мабыць, я памыляюся. Гэта не ён.

На потным твары байца — здзіўленне, амаль што спалох.

— Як гэта назад? — ціха пытаецца ён.

— А так. Не ведаеце як? — кідае яна і падаецца ў кут да амаль звар’яцелага лётчыка.

— Ляж! Ляж! Ну што ты — ляж! — угаворвае яго Каця, бо ратаваць яго суседа позна, таксама як і таго капітана.

Баец збянтэжана стаіць ля печы. Мне вельмі добра відаць тое страхавітае здзіўленне, што адбіваецца на яго схуднелым, зашчаціненым твары. Хвіліну ён недаўменна пазірае на труп у доле і ўрэшце паднімае рукавіцу, каб абцерці пот. I тут:

— Тр-р-рах!

Гэта блізка, але не так, як у папярэднія разы. На Юркаў шынель адлятае адшчэпленая ад падаконніка гнілаватая трэска, а баец з рукавіцай, ацярушваючы спіной пабелку, хуценька спаўзае долу. Я яшчэ не спраўляюся даўмецца, што адбылося, як ён абмякла валіцца на бок і глуха дзёўбаецца галавой аб падлогу. На ашчэраных ягоных зубах пузырыцца пена. Яго напарнік кідаецца ў сенцы.

На падлозе лаецца сяржант:

— Дзе той санітар? Дзе начальства? Праз хвіліну паўграбляе ўсіх!..

Хапаючыся за ложак, ён няўклюдна ўстае і, выстаўляючы наперад прамую, як бервяно, нагу, ступае да мяне.

— Дай аўтамат! Я ім, у бога душу, навяду парадак!..

Гэта так упэўнена і катэгарычна, што я адразу, не падумаўшы, аддаю яму свой ППС. Сяржант таропка скача да дзвярэй. Каця крычыць з кута:

— Падводы! Падводы давай сюды! Чуеш?

— Не глухі! — далятае ўжо з сянец.

Мы зноў чакаем, прыпаўшы да закіданай друзам падлогі. У сяле бой. На ўсю грымяць танкі, гахаюць іх гарматы, імпэтна заліваюцца кулямёты. Аднак штось там застопарылася — усё ж, відаць, апомніліся «славяне», упёрліся і пакуль што трымаюцца на той ускраіне. Толькі ці надоўга?

Юрка, мусіць, непакоіцца аб тым жа і, прыўстаўшы, пачынае выглядаць з-за касяка. Я гляджу на яго знізу, але на твары сябра ні кропелькі палёгкі. Здаецца, у гэты раз бяда ўзвалілася на нас як мае быць.

Неўзабаве Юрка апускаецца на дол.

— Ты ісці не можаш?

Я варушу параненай ступнёй. Баліць, халера! Як тут ісці? Юрка без слоў разумее.

— Так. Значыць, так. Я… Трэба туды, — ён ківае галавой за акно. — Там зусім мала. Панімаеш?

Я разумею. Вядома ж, трэба біцца. Аказваецца, вайна для нас учора не скончылася, перадыху не будзе (дурныя наіўныя мары). Барацьба прадаўжаецца, і трэба ісці ў бой. Лацно здаровым — вунь колькі іх дало волю нагам! Нам жа выбар невялікі — палон або смерць. Ну што ж!.. Толькі вось рана…

Юрка тым часам ссоўвае наперад кірзавую кабуру, левай рукой дастае ТТ. Магазін у яго няпоўны. Адной рукой ён няспрытна шарыць у кішэнях, дастае некалькі патронаў, нязручна запіхвае іх у магазін. Я таксама выграбаю з сваёй кішэні, што ёсць там з боезапасу. Набіраецца жменя аўтаматных патронаў, і я аддаю Юрку. Той з рашучасцю на твары, хоць, здаецца, трошкі паныла, устае на ногі.

— Ну, трымайся…

Ён кароценька ўсміхаецца аднымі вуснамі, і ў гэтай яго ўсмешцы — горкая абнадзеянасць, у якую ён сам не верыць. Значыць, зноў ростань, зноў ён ідзе, і, можа, на гэты раз назаўжды. Ну, вядома ж, наўрад ці ён вернецца адтуль. Але тады і я не хачу быць тут — паміраць, дык разам. I я ўсхопліваюся ў першым парыве — была не была! Так ці не так — дадумваць цяпер няма калі.

— Дай руку…

Ён няўцямна азіраецца, на імгненне марудзіць і нерашуча дае здаровую руку. Я ўстаю і, прытрымліваючыся за ложак, скачу ў парог. Чорт, на адной назе вельмі нязручна! Каб хоць на што абаперціся. Я прыпыняюся. Юрка наперадзе, зразумеўшы мае турботы, кідае наўкола позірк. У куце ля парога чыясь вінтоўка, ён хапае яе і дае мне. Гэта звычайны нямецкі карабін, толькі з чорнаю ложай, і я абапіраюся на яго, як на палку.

Ужо з большай упэўненасцю мы пералазім цераз траіх забітых і выбіраемся на закіданы кавалкамі зямлі двор.


17


На двары нас адразу аглушае выбух. Мы абое падаем, пасля Юрка, ускочыўшы, перабягае за рог нейкага хлеўчука. Там ён азіраецца, маючы намер бегчы далей, але я ў гэтай справе яму не раўня, і ён, прысеўшы ля вугла, цярпліва чакае мяне. А я кульгікаю на адной назе і шныпару наўкола вачыма — каб дзе якую гранату… Трэба гранаты, бо з вінтоўкай і пісталетам мы нядоўга наваюем супраць танкаў. Ад хлеўчука Юрка дабягае да пахіленага выбухам плятня і зноў прысядае. За плятнём на снезе шэрая пляма варонкі, далей заснежаны, стаптаны слядамі і закіданы гузакамі зямлі гарод.

— Пі-у-у-у!.. Ш-у-у-у!.. Пі-у-у-у-у…

Эге, ды тут не адны толькі танкі — тут яшчэ міны! Тры перуны-выбухі скаланаюць паблізу зямлю. Між хат узлятае ў неба шызае снегавое воблака. Юрка хоча пераскочыць цераз пляцень, ды азіраецца на мяне і прысядае. Я дакульгікваю да яго і каленам апускаюся ў снег, чакаючы, пакуль скончыцца доўгі, прарэзлівы скогат мін. Б’юць з аколіцы навяснымі крутымі траекторыямі. Міны ляцяць доўга і сваім скогатам, здаецца, выварочваюць нутро. Колькі я на фронце, а ўсё не магу прывыкнуць да гэтага іх праклятага віску. Я пазіраю на Юрку — мне яшчэ не даводзілася бачыць яго пад агнём. Э, ды ён малайчына: сабрана-засяроджаны, пружыністы, хуткі! Ён бы, вядома, адным махам адолеў гэты гарод і ўжо быў бы там. Каб не я.

— Калі тут не стрымаем, у полі — хана! — крычыць Юрка праз скрыгат, які дасягае свайго апагею і вось-вось абарвецца выбухамі.

У такі момант не да размовы, і я ў думках згаджаюся: вядома, у полі — пагібель…

— Тр-р-рах! Тр-р-рах! Тр-р-рах! — ззаду і з бакоў ірвуць мёрзлы дол блізкія выбухі.

Мы распластваемся пад плятнём. Камякі зямлі б’юць па спінах, галовах, нагах, пасля на снег падаюць кавалкі сярэдняй велічыні, а земляная пацяруха яшчэ доўга будзе церусіць з неба. Юрка пасля трэцяга выбуху хуценька ўскоквае і таропка з кароценькай цеплынёй у вачах азіраецца.

— Ты, калі што… Адрас не забыў?

— Ну што ты!

Адрас я памятаю: Ачынск, Прыстанскі завулак. Там жыве Юркава маці, бухгалтар-касір дзіцячага сада. Пра сябе я маўчу. Мой адрас цяпер не спатрэбіцца — ён па той бок, пад немцам.

— Ну, давай першы! — лёгенька штурхае мяне ў плячо Юрка.

Пэўне ж, ён не хоча адрывацца, страчваць мяне, кульгавага, з свайго поля зроку і робіць мне гэтую паблажку. Каб не адстаў.

Абапіраючыся на карабін, я пералажу праз пахілены пляцень, раз-другі наступаю на сваю падкручаную нагу. Баліць, але трэба трываць. На адной назе не пабяжыш… Юрка, прыгнуўшыся, сігае за тры крокі побач. Моцны парыў ветру нізка сцеле чорны, кудлаты хвост дыму ад «студэбекера» з вуліцы. Хвост гэты накрывае снегавы дол, які закапцеў, нібы абсыпаны попелам. Мы кідаемся туды, пад дым, і зараз жа зноў: «Ш-у-у-у… пі-у-у-у…»

— Ні чарта яны нам не зробяць! — крычыць Юрка. — Ану, давай хутчэй!

Ён рэзка парываецца наперад. Нас накрывае дымам. Побач ірвуцца міны. Снегавой пацярухай б’е ў твар. На момант я перастаю бачыць і, прыгнуўшыся, тырчком лячу ў змрочную смярдзючую паласу дыму і выбухаў. Вочы заліваюцца слязамі, я ледзьве не натыкаюся на падрапаную сцяну. Падаю, выразна адчуваючы, як асколкі з лёту прапорваюць полы майго шыняля. Але ногі, здаецца, уцалелі — гэта галоўнае. Пад сцяной праціраю запарушаныя вочы і азіраюся.

Юркі няма.

Спачатку ні спалоху, ні жалю, адно толькі недаўменне — ён жа толькі што быў побач. Потым раптоўная трывога прымушае мяне ўсхапіцца. Шызае курава ад мін асядае, вецер трошкі адварочвае дымны хвост, і я бачу на снезе Юрку. Ён ляжыць ніцма, шырока раскінуўшы рукі, і не кратаецца.

Амаль здзічэлае ўтрапенне апаноўвае мой мозг. Не ашчаджаючы ўжо болей параненую нагу, я кідаюся назад і праз некалькі крокаў распластваюся ля Юркі. Я перакочваю яго на бок. Падстрыжаная пад бокс светлавалосая галава яго бездапаможна закідваецца патыліцай на снег. Шапкі на ёй няма. Паўзакрытыя векі сябра хутка-хутка сінеюць і зусім закрываюцца.

— Юрка! Юрка! — крычу я, няўцямна абмацваючы ягонае цела, бо не бачу раны і не магу зразумець, куды яго ўдарыла!

Усё ва мне нема пратэстуе супраць гэтай самай вялікай бяды: не, ён жывы, ён выжыве. З’яўляецца надзея, што яго толькі аглушыла, кантузіла выбухам. Але ён, відаць, не чуе мяне. Зубы яго чамусыді сутаргава сціскаюцца, і, не разнімаючы іх, ён ціха, у адзін выдых, гаворыць:

— Халера… Не ўдалося…

I затым хрыпіць, паўзакрытыя яго векі дрыжаць. На вуснах выступае крывавая пена. Ён захлёбваецца гэтаю пенай, гнутка напружваецца ў маіх руках, быццам хоча перавярнуцца на другі бок. Я палохаюся, адчуваючы, што ён канае і што я бяссільны што-небудзь зрабіць.

— Юрка! Юрачка, куды цябе?.. Што табе?.. — недарэчна лямантую я, абмацваючы ягонае цела, і толькі цяпер адчуваю на руках кроў. Так, кроў на шынялі і на снезе пад ім.

— Жвік-жвік-жвік! — праносіцца блізкая чарга. I зараз жа:

— Тр-р-рах!

Нас зноў накрывае выбухам. Ля локця, зашыпеўшы, дзёўбаецца ў снег гарачы асколак. Рудое воблака сцелецца па гародзе. Гэта ўдарылі ў мазанку, ад якой я адбегся сюды. У свядомасці мільгае водбліск кароценькай радасці — абмінула! Але толькі мяне, а не яго. Яго не абмінула, і ў гэтым маё няшчасце і, здаецца, мая пагібель. Я адчуваю, што немцы набліжаюцца. Бой з ускраіны падступае сюды. Яны зашчамілі нас у вогненныя абцугі, якія сціскаюць усё цясней. Наўкола ўжо нікога не відно, і я не ведаю, як ратаваць Юрку. Але вунь на ранейшым месцы хаціна, з якой мы гэтак нядаўна выскачылі. Ой, не ў час выскачылі, спазнела шкадую я.

Я закідваю за спіну свой карабін, хапаю Юрку пад пахі і амаль тут жа падаю з ім разам у снег. Несці яго я не здолею. Тады я чапляюся за яго партупею і, нізка схіліўшыся, волакам цягну яго да паваленага плятня, назад у хату.

— Жвік-жвік-жвік-жвік! Фіць-фіць!

Гэта чэргі. Яны скрозь шкуматаюць саламяныя стрэхі, дзіравяць гліняныя сцены мазанак. У паўзах між громам выбухаў я лаўлю слыхам блізкае лязганне гусеніц — танкі ўжо на вуліцы.

Задыхаючыся, увесь у сцюдзёным поце, я падвалакваю цежаленнае Юркава цела да парога хаціны. Там моўчкі курчацца на падлозе некалькі параненых. З кутка на мяне няўцямна азіраецца Каця.

— Э, памажыце! — крычу я, бо ўжо не ў стане перацягнуць Юрку цераз парог. Да таго ж я вельмі баюся, што ўжо будзе позна. Я злы і чакаю, што яны кінуцца да мяне. Але кідацца тут няма каму — людзей стала зусім небагата. Так, параненыя, відаць, не чакаючы горшага, паразбрыліся, хто куды мог. Я бачу толькі Кацю, якая завіхаецца ля абгарэлага лётчыка, і некалькі цел у парозе. Ды во яшчэ немец! Сапраўды, нейкі дзівак фрыц, ён не ўцёк і, убачыўшы Юрку, жахаецца:

— О, майн гот! Юнгофіцір!

— Майн гот табе! — ад злосці крычу я і клічу Кацю: — Сястра! Хутчэй! Хутчэй!

Толькі Кацю, здаецца, падганяць не трэба. Яна ўжо тут і хуценька расшпільвае на Юрку партупею і рэмень. Я задыхаюся ад знямогі і падаю на дол.

— Танкі… Танкі ўжо там!..

Каця кідае на мяне жорсткі, бязлітасны позірк.

— Дзе сяржант? Дзе той свалата? Ты не бачыў? — Я адмоўна кручу галавой. Каця выпальвае з лютасцю: — Уцёк, зараза! Балбатун, трапло праклятае! Страляць такіх гадаў! Падлюга! Цяпер прападаць!

Да гэтага недалёка. Сапраўды, справы нашы кепскія. Страляць няма каму і няма чым, ды і наўрад ці паможаш гэтым бядзе. I ўсё ж дарма я аддаў таму аўтамат. Чым цяпер будзем адбівацца? Хіба што адным карабінам. Ну і ну!

Некалькі куль з вуліцы б’юць па сценах. Адна праз акно адбівае кавалак ад печы. Нас абсыпае глінай. Каця схіляецца над Юркам, пакрыквае на немца — цяпер той памагае. Я хапаю Юрку за галаву — на скронях у яго моцна торгаюцца жылы — яшчэ жывы.

— I на халеру я звязалася з вамі! Ужо ў Аджамцы была б! — незадаволена бурчыць Каця.

— Хутчэй! Хутчэй, Каця! Ён жа задыхаецца… — раздражнёна прашу я.

— Чакай ты!.. Ось яно што! — кажа Каця. Яна поркаецца пад загорнутай Юркавай вопраткай. Там усё акрываўлена.

Я ўжо нямала бачыў акрываўленых — жывых і мёртвых, а тут не магу глядзець: гэта ж Юрка…

— Та-а-ак… — засяроджана кажа Каця і, таропка захінуўшы сарочку, абматвае бінтом паверх гімнасцёркі.

— Ён выжыве, га? Выжыве, Каця? — пытаюся я.

— А я што — Бог? — з незразумелаю злосцю крычыць у адказ Каця. — Я не Бог табе!

Пасля яна запіхвае ў сумку бінты і кідаецца да акна.

— Дзе падводы? Дзе падводы? Дзе тая свалата балбатлівая?

Але ні сяржанта, ні падвод няма. Наогул, нідзе амаль ужо нікога няма. У гэтым канцы сяла мы засталіся адны.

Хату скаланае выбух. У акно патыхае пылам і трацілавым смуродам. Каця падае, мы ўсе прынікаем долу. А калі ўзнімаем галовы, бачым у дзвярах вялізную постаць у незашпіленай цёмна-шэрай куртцы з пухнатым каўняром, накінутай проста на белую споднюю сарочку. У яе разрэзе відаць валасатыя грудзі.

— Бінта трэба! У каго ёсць бінт?

Чалавек адной рукой заціскае рану на шыі, з якой між пальцаў у рукаў, на куртку струменямі ліецца кроў. У другой руцэ ў яго ППС. I тут я здзіўляюся — гэта ж мой ППС! Вунь і знаёмая почапка з меднай драцінкай замест трэнчыка.

Але перш чым я спраўляюся што-небудзь сказаць, да чалавека падскоквае Каця.

— Дзе ўзяў? Дзе ўзяў гэта? — яна рэзка тузае яго за палу курткі.

На твары дзяўчыны лютасць. Чалавек спярша не разумее, лыпае вачыма то на Кацю, то на сваю куртку. I тады я раптам здагадваюся, што і аўтамат, і куртка былі ў нашага сяржанта, якога мы чакаем цяпер.

— Гэта? — урэшце цяміць чалавек. — Не ўкраў. Вунь у забітага ўзяў.

— Дзе забіты? — крычыць Каця, аж скаланаючыся ўсім целам.

Чалавек, таксама раздражняючыся, у тон ёй адказвае:

— А ты што — пракурор? Вунь на дарозе ляжыць.

Каця, разам абвяўшы, паныла апускаецца на падлогу. На яе твары — пакутная грымаса болю. Не адолеўшы яго, яна расслабленымі рухамі зашпільвае сумку і, не пазіраючы на яго, пытае:

— Дзе танкі?

— Пруць, сястра. Вам тут не месца. У хаце, стогнучы, крычыць лётчык:

— Зараз жа адпраўляйце мяне! Не маеце права! Я да Героя прадстаўлены!..

Каця ўскідвае на нас позірк. У яе вачах — рашэнне.

— Выносіць! Выносіць усіх! На дарогу! Хутка! Куляй! Жыва!

Так, выносіць! I ўсё ж гэта не самае ўдалае. Выносіць, значыць, цягнуць на сабе параненых. Толькі ці далёка пацягнеш ад танкаў?..

I ўсё ж рабіць болей няма чаго. Седзячы тут, мы дачакаемся горшага, і я падхопліваю пад паху Юрку. Чалавек у сяржантавай куртцы абмотвае бінтом шыю і, запіхнуўшы за каўнер канцы, бярэ Юрку з другога боку. Немец без прынукі, паслужліва падскоквае да Каці. Ён ужо ў нечым шынялі і падобны на чырвонаармейца. Толькі шапка ў яго нямецкая. Удвух яны паднімаюць лётчыка.

— Агародамі, агародамі давай! Туды, у канец! Дарогай не пройдзеш, — камандуе мой памагаты.

Мы выграбаемся ў двор, аббягаем разбіты вугал хаты, у якой мелі прытулак, і кідаемся па гародах. Збоку цягнецца тын, наверсе якога напята заінелая калючая драціна. Мы шыбуем уздоўж тыну. Толькі я хадок усё ж дрэнны, і Каця з немцам нас абганяюць. Добра яшчэ, што ад агню ззаду прыкрывае хаціна. Але з вуліцы нас, мусіць, ужо ўбачылі. Не паспяваем мы трохі адбегчыся, як лютая чарга ўразаецца ў страху гэтай будыніны. Наверсе ўшчэнт разлятаецца комін, і аскалёпкі яго градам сыплюцца са страхі. У паветры салома і снег. Паўз нашы галовы праносяцца кулі.

— Ото даюць, сволачы! — злосна азіраецца баец. — Такі драп наладзілі… і хоць бы табе хто! Не вайна, а расправа. Я вунь кідаўся, кідаўся з тым вашым бязногім. Чалавек з дваццаць мы затрымалі. Ды ўрэшце самі напароліся…

Я ў нейкім няўцямным зняменні. Думкі паблыталіся. Запальчывая гарачнасць не дае мне даўмецца, як дзейнічаць лепш. Я толькі адчуваю, што Юрка гіне, што я не ўратую яго, не паспею. Мяне кідае ў жах ад таго нутранога хрыпу, якім ён заходзіцца. З рота яго ўсё пузырыцца крывавая пена, і мне здаецца, што ён задыхаецца. Я раз-пораз затрымліваю хаду і няспрытна падхопліваю яго за галаву, якая жахліва адкідваецца долу. Юрка то стогае, то раптам змаўкае, і мне здаецца: канец!

У канцы тыну мы прадзіраемся праз тугія, як дрот, галіны вішанніку на ўзмежку. Новая блізкая чарга кладзе нас у бур’ян. Як толькі яна мінае, мой памагаты ўсхопліваецца і адхінае мяне ад Юркі.

— Пастой! Давай я!

Доўгі, рукасты і, відаць, дужы, ён адным махам узвальвае на спіну Юрку. Прыгнуўшыся, шырачэзным крокам шыбуе ў снег. Я азіраюся — танкі ўжо ўсе ўцягнуліся ў сяло. На касагоры па той бок пуста. Неўзабаве яны будуць тут.

Абедзвюма рукамі абапіраючыся на карабін, я бягу за чалавекам. Цяпер мне куды лягчэй, калі б не нага…

— Чорт пабяры! — кажа ён, няспрытна паварочваючыся да мяне пад ношай. — Выскачыў без гімнасцёркі. З ёй і ўсе дакументы накрыліся. Далося ж, на халеру, заначаваць у крайняй хаце!

«Заначавалі! — механічна паўтараю я, бо іншага і не чую. Іншае не даходзіць да мае свядомасці. — Заначавалі. I праспалі, праваронілі ўсё на свеце…»

— А вы хто? — пытаюся я ззаду.

— Я? Ды старшына з ДОПа. Еўсюкоў. Не чуў такога? — кажа ён, шырока сігаючы па снезе.

Хто яго ведае, можа, і чуў. Сапраўды, у ДОПе — не ў батальёне: там нават сяржанты вядомы ўсёй дывізіі. Толькі цяпер я ўжо не прыпомню. Цяпер гэта і няважна. Я адкідваю прэч жардзіну, якая замінае, і мы пералазім у суседні гарод. Наперадзе бяжыць Каця з немцам.

— Нічога! — супакойвае мяне або, можа, самога сябе старшына. — Стрымаюць! Павінны ж стрымаць! Што гэта за безабразіе такое!

Так, сапраўды, няшчасце, пракляцце! Ну і сяло! Ну і ранне! Што толькі робіцца! Душа гарыць болем і крыўдай. Толькі што зробіш?

Раптам мы чуем: Каця з немцам штось крычаць нам і паварочваюць між хат да вуліцы. Я аж прыпыняюся: і слыхам улоўліваю на секунду, як дзесьці непадалёк за хатамі грукоча фурманка. У грымоцці выбухаў мы не адразу ўчулі яе і, мабыць, спазніліся. Старшына кідаецца бягом. Я зноў адстаю. Мы перабягаем закіданы саломаю двор і выскокваем на вуліцу. Пасярэдзіне дарогі проста на нас шалёна імчыць нечым нагружаная з каптуром фурманка.


18


— Стой! Стой! — крычу я з роспаччу і лютасцю, бо адчуваю, што гэта — апошняя наша магчымасць уратавацца. Другой ужо не будзе.

— Стой! — раве Еўсюкоў.

На мае рукі ён звальвае з сябе Юрку і кідаецца проста пад капыты коней. Але пара рыжых, відаць, напалоханая не менш за людзей, шалёна праносіцца міма. З-пад капытоў на мяне пырскае ашмёткамі снегу. У возе цэлая гара нейкіх цюкоў і зверху на іх, як на брычцы з сенам, — баец. Другі на перадку апантана паганяе коней.

— Стой! Хусаінаў, стой!

Старшына кідаецца наўздагон. Падвода, завярнуўшыся ледзьве не ўпоперак вуліцы, спыняецца. Да яе ўжо бягуць Каця з немцам — ім бліжэй. Я з усіх сіл валаку пад пахі Юрку. Ён усё ў непрытомнасці і страшэнна цяжкі. Ногі мае вязнуць у мяккім, як пясок, перацёртым коламі снезе — хоць бы паспець! Ззаду нас закрывае паваротак, дзе мы ўначы наскочылі на прыдзірлівага капітана. З таго канца вуліцы яшчэ не відно. Танкі яшчэ нас не бачаць.

— Тр-р-рах! Тр-рах! Ціў-у… Бах!

Гэта ўсё яшчэ там, за павароткам, адкуль, на нашае шчасце, выскачыла гэтая фурманка. Але што гэта — здаецца, мы ўсе ў яе не ўлезем: столькі грузу! Добра, што хоць там нейкі старшыновы знаёмы. Можа, паложым Юрку… Старшына падбягае да фурманкі і хапаецца за вяроўку, якой звязаны груз.

— Скідай шмуццё! Згружай усё! Хутка!.. — задыхана крычыць ён таму, на самым версе воза.

Але той, відаць, не спяшаецца разгружацца. ён яшчэ ніжэй угінаецца на сваім грузе і штурхае ездавога:

— Пашол! Нелзя скідай! Не разрешал!

— Ты што, ачмурэў? Параненыя! — крычыць старшына і зрывае з воза вяроўку.

Два цюкі цяжка звальваюцца на дарогу, некалькі іх кідае ўбок старшына. Баец на возе ўскоквае на шырока расстаўленыя ногі.

— Нелзя! Я отвечал! Я распіска давал! Ён зверху нагой штурхае ў плячо старшыну. Той, аднак, хапае яго за валёнак і з сілай тузае ўніз.

— Дурань! Прэч адсюль!

Хусаінаў, нязграбна выгнуўшыся, падае з воза задам у снег. Старшына ў адно імгненне ўскоквае на падводу і пачынае шалёна скідваць усё на дол.

— К чортавай матары! Людзі гінуць! — крычыць ён на возе і паварочваецца да ездавога, які спалохана трымае коней. — Ану, скідай хутчэй!

Я з усяе сілы валаку Юрку і прагна спадзяюся на ўдачу: авось паспеем? Паспеем! Ля падводы ўжо Каця з немцам, яны падвалакваюць туды лётчыка і, пасадзіўшы яго на снег, таксама пачынаюць скідаць з фурманкі цяжкія цюкі. Цяпер мне відаць, гэта — ватоўкі, пэўна, з нейкага склада ОВС. Хусаінаў тым часам пругка ўскоквае з долу. Нешта дзіка закрычаўшы, хапаецца за карабін, які тырчыць у яго за спіной. Ён здзірае яго цераз голаў і адскоквае на крок. У той жа момант гахае стрэл. Схапіўшыся за руку ніжэй локця, старшына на возе няўцямна выпростваецца. З пальцаў на цюкі капае кроў.

— Ах ты, гад! — пасля секунднае збянтэжанасці вызвяраецца ён на Хусаінава. — Ты так? Так, свалата?!

— Стойце! Пастойце! Што вы робіце! — крычу я.

Да Хусаінава прама на яго вінтоўку кідаецца Каця. Але ён ухіляецца.

— Стралал вас буду! Убівал буду. Я распіска давал. Прыказ бірал! — У раз’юшаным гневе крычыць Хусаінаў, зноў лязгаючы затворам.

Старшына, аднак, хутчэй за яго тузае рукаятку аўтамата і проста з грудзей б’е кароценькаю, у тры кулі, чаргой. Паўз галовы. Хусаінаў спалохана ўзмахвае рукой, нібы спрабуючы засланіцца.

— Дурань! Ідыёт! Гад! — крычыць на возе старшына.

Я апускаю Юрку на снег — бог ты мой, што гэта робіцца! Што творыцца! Навошта так? Але маё недаўменне тут жа знікае, зусім блізка рвецца снарад. — Тр-рах! — Пыльныя кавалкі гліны градам абсыпаюць усю дарогу. Ззаду адным канцом асядае ў снег мазанка, што стаяла на паваротку. Але гэта не міна — гэта ўжо танкі. Відаць, падыходзяць. Хутка ўлупяць і нам.

Выбух нас ацвярожвае. Я падхопліваю Юрку. Ад воза да мяне кідаюцца Каця з немцам — дзякуй ім абодвум. На твары ў Каці адчай і рашучасць. Валасы выбіліся з-пад шапкі, паўшубак расшпілены. Немец рухава-напружаны і маўклівы, ён, здаецца, увесь у слыху. Быццам ягоная ўвага не тут, а недзе далёка, можа, там, дзе бой. Прыслухоўваецца да сваіх, Ці што? Толькі цяпер чорт з ім, цяпер бы хутчэй!

— Хутчэй! — крычыць з падводы старшына.

У ёй амаль ужо пуста, у дне корчыцца лётчык. Мы ўскладваем туды Юрку, следам увальваюся я. Каця скача ўжо на хаду. Ездавы бязлітасна лупіць коней. Фурманка ўздрыгвае, я ледзьве ўтрымліваюся ззаду, азіраюся — з-за паваротка пакуль нікога.

Няўжо вырвемся?

I раптам наперадзе трэск, агонь і грымоцце. Хмара зямлі са снегам ускідваецца да неба, і мы з лёту ўскокваем у гэта змрочнае пекла дыму, зямлі і снегу. Коні кідаюцца ўбок, фурманка жахліва хіліцца. Каб не вылецець, я аберуч чапляюся за яе борт. Побач роспачна лаецца Каця:

— Вярні! Вярні ўбок!.. Разявон!..

Ездавы, ледзьве не ўскочыўшы з коньмі ў глыбачэзную варонку, як-колечы мінае яе. Здаецца, пранесла! Мы вырываемся з выбуху, фурманка выроўніваецца, коні кідаюцца галопам. Але тут жа пад коламі трэск — нешта ламаецца. Гэта мы наскокваем на разбітую выбухам пустую павозку. У аглоблях распластаўся на снезе конь. Пад брухам ручаіна крыві. Непадалёк пад плятнём нерухомая салдацкая постаць у скамечаным задраным шынялі.

Я хапаюся за Юрку, аглядваю нашых. Здаецца, абышлося — усе цэлыя. Толькі старшына чамусьці не ў возе, а бяжыць за фурманкаю. Разам з немцам яны хапаюцца за перакладзіну ззаду і разгоніста сігаюць за возам. З старшыновых пальцаў на палу майго шыняля цячэ кроў.

Фурманка шалёна кідаецца па калдобінах, я адной рукой прытрымліваю Юрку, другой напружана трымаюся за край дошкі — хоць бы не вываліцца…

Скрозь выбухі і густое ціўканне куль мы прарываемся на аколіцу. Далей за грэбляю — шырокая балка-лагчына. Снег у доле стаптаны дзесяткамі ног людзей і коней, коламі фурманак, машын. Усе з гэтага сяла пашыбавалі туды. Мы, напэўна, апошнія. На грэблі пакінуты «ЗІС» з расчыненымі дзверцамі кабіны. Ён нізка асеў на прастрэленых скатах, касабочыцца разбіты кузаў.

Фурманка наша зварочвае з вуліцы ў балку. Калатнечы яшчэ прыбаўляецца. Я ўжо хапаюся за барты абедзвюма рукамі.

— Ой! Ой! Стойце! Не магу! Што ж гэта робіцца! — енчыць захутаны ў паўшубак лётчык.

Каця моўчкі прытрымлівае яго забінтаваную галаву, каб не білася аб дошкі перадка. Ззаду мокрыя твары немца і старшыны. Яны бягуць за фурманкай. Еўсюкоў, відаць, усё не можа супакоіцца ад свае сутычкі на вуліцы і асвалачэла лаецца:

— Дурань набіты! Абармот! Пагражае!.. За кучу вашывага шмоцця. Ось гад! Асталоп іспалніцельны! Лепш бы ўжо разгільдзяй, да з галавой каб!..

Сапраўды, гэта жахліва: свой — свайго! За што, падумаць толькі! Добра яшчэ, што трапіў у руку. Рана ў старшыны, здаецца, не страшная, і крыві не так ужо і многа.

Людзі групамі і ў адзіночку бягуць балкаю. Конных ужо не відаць. Далёка наперадзе хаваюцца за павароткам фурманкі. Шмат каго мы ўжо і абганяем. Ужо мы — не самыя апошнія. З’яўляецца надзея — авось вырвемся. Я падаюся да Юркі. Шынель на ім акрываўлены, мусіць, збілася павязка. Ён па-ранейшаму маўчыць, зубы моцна сцяты. Эх, Юрка! Трывай, браце, як-небудзь мацуйся, намажыся, цярпі! — малю я ў думках, ледзьве сам трымаючыся ў фурманцы. I ў гэты момант над нашымі галовамі размашыста бліскае першая агністая маланка. Мы знячэўку ўгінаемся, — далёка наперадзе ўзлятае ўгару слуп снежнага пылу. Гэта балванка.

Мы ўсе, як па камандзе, азіраемся. Так і ёсць — танкі ўжо выйшлі на ўскраіну. На грэблі каля «ЗІСа» з-за крайніх хат іх выпаўзае з дзесятак. Некаторыя спыняюцца, бліскаюць агеньчыкамі з дымам і хутка скіроўваюць у балку, за намі следам.

— Тр-рах! Трах! — ірве ззаду і збоку.

Над намі ў паветры праносіцца снарад. Ягоны разгоністы фыркат кладзе нас у фурманку. Наперадзе, на схіле балкі, вырастае прыгожы клубчаста-пульхны выбух. Ззаду ў снежнай прасторы густа рассыпаецца кулямётны трэскат.

— Гані! — крычыць Каця. — Гані ты, няўклюда!

Ездавы прыўстае на перадку і з-за пляча лупіць палкай коней.

Тыя ўсе ў мыле і імчацца так, што, здаецца, растрасуць фурманку. Мы наганяем некалькі байцоў у расшпіленых шынялях, без дзяг. Адзін, маладзенькі, без шапкі, з абстрыжанай пад нулёўку галавой, на хаду спрабуе прычапіцца да фурманкі. Старшына гоніць яго:

— Куды? Куды прэш?! Тут параненыя!

Хлопец з роспаччу ў вачах збочвае і нейкі час загнана хакае побач. Я чакаю новага выбуху. Сапраўды, колькі можна праехаць на прыцэле ў танкаў? Хоць бы яны не спыніліся — з ходу яшчэ мо не пацэляць. Але ж дагоняць. Халера на яго — дзе ж тады выйсце?

Так, гэта жахліва! «Гані, браток, гані!» — нема прашу я ездавога, ды ён і сам гоніць куды як добра. Толькі ці надоўга? Наперадзе, здаецца, паваротак. Вось бы паспець да яго!

А кулямётны трэскат усё бліжэй.

Тут ужо многа байцоў — маўклівыя, задыханыя, расчырванелыя, са страхам у расшыраных вачах. Імі ніхто не камандуе. Гэта тылы — абознікі, кладаўшчыкі, ездавыя, тэхнікі… Многім такая калатнеча, відаць, у навіну: да агню яны не прывыклі. Я ведаю, адзінае, што цяпер пануе над іх пачуццямі — гэта ўлада страху. Сродак да паратунку ў іх цяпер — ногі. Толькі сродак гэты не самы лепшы. Хутчэй наадварот. Гэта безвыходнасць.

Старшына люта лаецца.

— Стойце, растакую вашу няладную! Куды вас прэ! Задушаць, расстраляюць, як зайцаў. Стойце! Спыніцеся!

Людзі азіраюцца на крык, толькі не спыняюцца. Незнаёмы чалавек у куртцы — для іх не начальства. Тым часам па-над самай падводай зноў фыркае. За паўсотні крокаў наперадзе выбух. Коні становяцца на дыбы і кідаюцца ўбок. Нас абдае снегам. Фурманка ледзьве не перакульваецца. Здаецца, яна вось-вось абернецца на касагоры. Нейкім цудам мы не трапляем у засыпаную снегам рытвіну.

I раптам зусім побач на схіле я бачу знаёмага ў паўшубку і чорнай кубанцы. Адна рука пад палой: напэўна, паранена. Пусты рукаў матляецца на ветры. Гэта Сахно. Ён азіраецца на нас, твар яго разгублеыы і потны. На лбе прыліпла чорная пасма валасоў, рот шырока раскрыты.

— Эй, рабяты! Пастой!

— Прытрымай! — кідае ездавому Каця.

Коні трошачкі сцішваюць бег. Сахно знясілена падбягае, а ў мяне сціскаецца сэрца: навошта ён тут? Аднак капітан, прытрымліваючы на галаве кубанку, няспрытна куляецца ў воз. Ён паранены, і ў падыспадзе майго пачуцця міжвольна мільгае злараднасць: ага, дапякло! Гэта яму не пратаколы пісаць!

Ездавы гоніць коней. Фурманка імпэтна кідаецца на прысыпаных снегам гузаках. Недзе ззаду гахаюць запар два выбухі. Старшына лаецца.

— Што толькі робіцца, га? I дзе начальства? Праспалі к чортавай матары ўвесь Кіраваград!

Сахно ў возе аддыхваецца, раз-пораз клопатна азіраецца, але маўчыць. Старшына злуецца ўсё болей.

— Разведка — хрэн ёй у вочы, шнапсу, відаць, надулася! На радасцях! Што ж: ударылі, прарваліся, пайшлі куды як добра! Давай наградныя пісаць. Ведама ж, абы на перадку ўсё па графіку, а тут што робіцца — напляваць!

У каршуновых вачах Сахно ўзгараецца строгасць. Нядобрым позіркам ён акідвае старшыну, але той знарок гэтага не заўважае. Здаецца, старшына можа сказаць і болей, і не толькі такому начальніку, як гэты капітан. Ён робіць уражанне дужага ва ўсіх адносінах. Такія заўжды падабаюцца, асабліва на вайне. З імі надзейна.

Дрыгоцце тым часам робіцца нясцерпным. Здаецца, разваліцца фурманка. Лётчык пад паўшубкам крычыць:

— Сястра! Не магу я! Стойце! Спыніце коней!.. Я не магу…

З перадка ў злой нястрымнасці азіраецца Каця.

— Змоўкні! Змоўкні зараз жа! Што ты енчыш! Не можаш — злазь к чортавай матары!

— Баліць! Баліць жа… У-у-у-у…

— Цярпі!

Мы ўзлятаем на ўзгорак. За ім спуск, там нас ужо не дастаць. Ну, яшчэ хвілінку, паўхвілінкі… Ад напружання я ўпіваюся зубамі ў губу, нібы так лягчэй. Яшчэ трошкі… I тут…

— Тр-р-рах! І-у-у-у-у…

Што гэта?.. Чаму гэта?.. — бянтэжыць мяне недаўменне. Фурманка ўзлятае перадком угору, воз перакошваецца. Нейкая сіла выкідвае мяне прэч і балюча куляе галавой у снег. Побач, узараўшы баразну ў снезе, сунецца рог фурманкі. Здаецца, раздушыць. Але раптам спыняецца ля самага майго пляча.

Я тут жа прахопліваюся, адчуўшы сябе на краі пагібелі. На руках і каленях адскокваю прэч. Фурманка абернута набок. Хтось апантана лаецца. Каця падхоплівае лётчыка. Адзін конь, укленчыўшы на пярэднія ногі, б’ецца галавой аб снег. Другі тузае фурманку ўбок. Яго хапае за аброць старшына.

Але, здаецца, я цэлы і, ускочыўшы, кідаюся да паваленай набок падводы. Юрка, апоўзшы на край, нейкім цудам трымаецца там. Аднак мяне апярэджвае немец. Плячом ён дужа паддае знізу і перакульвае падводу на колы. Наперадзе крык Сахно:

— Рэж пастромкі! Пастромкі!!!

Старшына хапаецца за пастромкі, а Сахно ўвальваецца ў падводу. Немец ужо завіхаецца ля Каці. Удвох яны цераз борт увалакваюць у фурманку лётчыка. На снезе збоч ляжыць ездавы. Галава ў яго… Зрэшты, галавы няма, замест яе адно страхоцце. Лепш туды не глядзець. Старшына чымсь перарэзвае пару тоўстых пастромкаў і хвошча вяроўкай каня. Апошняга нашага каня, які зморана тузае фурманку. Другі, заціхаючы, грабецца на снезе. Яму ўжо не ўстаць.

— Хутчэй! Хутчэй!

Я не ведаю, ці гэта крычыць хто, ці мо гэта рвецца з мае душы. Я толькі кожнаю часцінкай цела адчуваю, што трэба хутчэй, бо вось-вось усмаляць — танкі ўжо даганяюць. Над балкаю гул і лязгат. Гахаюць выбухі, і танкавыя кулямёты захліпаюцца ў агнявой ярасці. Наўкола крыкі і лаянка. Не, гэта не бой — гэта знішчэнне. Да нас падбягае нейкі сяржант у гімнасцёрцы без шыняля. Ягоныя грудзі з ордэнам Славы густа заліты крывёю. Ён задыхана хрыпіць і моўчкі валіцца ў падводу — я толькі паспяваю затуліць Юрку.

Але ўрэшце мы за пагоркам. Тут ужо не пацэляць. Наперадзе, у балцы, праз паўкіламетра сяло. Заснежаныя мазанкі, плятні, ранішнія дымкі з комінаў. I там — дарога. Тут ужо бегуноў болей. Яны, пэўна, думаюць, што ў сяле паратунак, і джгаюць туды з усіх сіл. Але я адразу заўважаю, што ў сяле пуста. Арганізаванай абароны тут таксама няма, тут наогул ужо мала хто і ёсць. Відаць, паддаўшыся паніцы, драпанулі і тутэйшыя. А дарога засталася — добраўпарадкаваная шаша, мабыць, з Кіраваграда. Зоймуць ды перарэжуць — быць тады і большай бядзе… Нахіленая набок, рызыкуючы перавярнуцца, фурманка коціцца па снезе. Да нас бягуць людзі. Нехта зноў увальваецца ў воз, некалькі параненых чапляюцца за барты. Пажылы баец у расшпіленым шынялі, аслабела трухаючы побач, глуха і моўчкі плача без слёз. Яго шчаціністы падбародак сутаргава тузаецца. Старшына, не перастаючы, лупіць коніка. Мы мінаем адну групу і некалькі адзіночак і яшчэ, мабыць, чалавек з дзесяць. I тады Сахно рашуча саскоквае на снег.

— Ану, стой! Стой! — крычыць ён на байцоў і выцягвае з кабуры пісталет. — Назад! Пастраляю ўсіх, як сабак! Назад!

Кінуўшы лейцы Каці, саскоквае з падводы і старшына. Ён таксама пачынае крычаць «стой», некага даганяе і ў каршэнь штурхае да капітана. Сахно падаецца ў другі бок. Зводдаль па схіле пагорка бяжыць некалькі чалавек, і ён, не цэлячыся, бахае туды з пісталета. Уцекачы спачатку спыняюцца, пасля, разбрыўшыся, ідуць уніз. Ля старшыны набіраецца дзесятка паўтара выпадковых людзей.

— На бугор! Марш на бугор! — крычыць Сахно і паказвае ў поле рукой.

Ад групы аддзяляецца старшына.

— Братва, ану бягом! У каго гранаты — ка мне! Мы ім пакажам кузькіну маць!

Зморана і не дужа рашуча яны бягуць на пагорак. Сахно яшчэ кагосьці спыняе і гоніць за ўсімі. Некага б’е рукаяткай пісталета па шыі. Што ж, можа, гэтак і трэба. Спадзявацца цяпер няма на каго. Ніхто тут нас не абароніць. Толькі самі сябе.

У нейкім бяздумным парыве я таксама саскокваю з падводы. Саскокваю і прысядаю на адну нагу. Мусіць, усё ж паспяшаўся. Але чорт з ім! Гінуць дык гінуць — на полі бою. На маё месца зараз жа нехта залазіць.

Я кульгікаю ў стэп. Ззаду, аддаляючыся, грукоча фурманка, толькі я не азіраюся. Я ведаю — нам ужо не сустрэцца.

Толькі добра адышоўшыся, я кідаю кароткі позірк назад. Паблізу нікога. Фурманка далёка ўнізе ўязджае ў сяло. Але дзе Сахно?

Капітана нідзе не відаць. Наперадзе яго няма, а ззаду… А ззаду на фурманцы чарнее знаёмая кубанка.

Чамусьці мне робіцца да болю крыўдна. Я не разумею чаму. Але гэта подла. Хіба так можна?

Тым часам невялічкая група старшыны таропка разбягаецца ў ланцуг. Тады, давячыся крыўдай, я знімаю з-за спіны карабін і выходжу на ўзгорак.


19


Аднак даволі.

Нам прыносяць вячэру і абед — на сёння ўсё разам. Немаладая паўнаватая афіцыянтка ў наколцы ставіць дзве талеркі з біфштэксам, па селядцу з цыбуляй. Я, апанураны роздумам, назіраю за яе спрытнымі рукамі і думаю, што так можна здурнець. Успамінаць усё гэта ненамнога лягчэй, чым калісьці было перажываць. Усе пакуты ўзнаўляюцца. Зрэшты, яно і зразумела: дужа ўжо многа нерваў і сіл тое мне каштавала.

Мой сусед ажыўляецца. Адкладвае газету і задаволена прысоўваецца да стала. Перш-наперш бярэ круглявы графінчык і налівае дзве чаркі.

— Ну што ж! Паспытаем… Дарэчы, я і не ведаю, як вас велічаць, — кажа ён, затрымліваючы ўзнятую чарку. Я роздумна бяру сваю.

— Васілевіч.

— Васілевіч? Беларускае прозвішча. А я Гарбацюк. Павел Іванавіч.

З-пад ілба я пранізліва гляджу яму ў самыя вочы. Не, чорт вазьмі, для Сахно ён занадта ўпэўнена сябе паводзіць. Здаецца, я марна нарабіў усіх гэтых недарэчных турбот. Ён кідае на мяне кароткі, зусім прыяцельскі, позірк.

— Ну, будзем здаровы!

I са стрыманай асалодай выпівае. Хакнуўшы, бярэ відэлец. Я трымаю сваю чарку ў руцэ. Каб піць за здароўе, трэба яго мець. Інакш гэта пусты і фармальны тост. У мяне, аднак, ёсць іншы. Я буду піць не «за». Я вып’ю «супроць». Супроць усяго, што мяне прывяло сюды. Каб з ім болей не знацца.

Мы пачынаем маўклівую, засяроджаную яду. Я ўжо, аднак, перахацеў есці і без вялікай ахвоты выбіраю з селядца колцы цыбулі. Яшчэ я пазіраю на нашых суседзяў. Яны за спіной Гарбацюка (калі толькі ён Гарбацюк). За двума ссунутымі сталамі чацвёра хлопцаў і трое дзяўчат п’юць шампанскае. Адна, што сядзіць у дальнім канцы стала, маленькая, жывая прыгажунька. Яна ўся чорненькая, і плацце, і бровы, і знарок вольна растрэсеная капешка валасоў. Ні аднае секунды ёй не сядзіцца спакойна: смяецца, пляскае рукамі, нешта імкнецца давесці сябрам. Вочы яе так і гараць захапленнем. Да яе скіраваны позіркі ўсіх чатырох хлопцаў. Ды і дзве бландзінкі раз-пораз спыняюць на ёй свае падведзеныя чорныя вочы.

— Вы ваявалі? — ні з таго ні з сяго проста «ў лоб»пытаюся я ў Гарбацюка. Той з годнасцю распростваецца ў крэсле.

— А як жа! Усю вайну. На Заходнім, а пасля на Другім Беларускім.

— А на Другім Украінскім не былі?

— Украінскім? Не, не быў. На Украіне, на жаль, не давялося. Болей у Беларусі. У Польшчы. Берлін браў…

Ён энергічна і са смакам працуе дужымі квадратнымі сківіцамі. I зноў той жа спакой, трохі нават ганарлівы тон — браў Берлін! Не, мусіць, я круглы дурань. Ідыёт. Ледзьве не нарабіў свінства і нахабства. I ўсё таму, што праз дваццаць год не забыўся на тое халернае мінулае. Ці не лепей махнуць на яго? Як іншыя.

Калі б было можна…

Гарбацюк тым часам адсоўвае пустую талерку і зноў паднімае графінчык.

— Ну дык што? Па другой? За перамогу.

Прыпомніў! Пасля свайго дарагога здароўя ён п’е за перамогу. Нішто ваяка! На гэты раз ён працягвае руку, і мы чокаемся. Гарбацюк адразу куляе чарку ў рот. Я нерашуча трымаю сваю ў руцэ. З-за суседняга стала, хітра і бязгучна смеючыся ўсім тварам, дакранаецца вуснамі да бакала чарнушка. Яе кампанія за сталом выбухае рогатам.

— Эрна, восхитительно!

— Любушка, твою лапушку!

Плячысты бландзін у шэрай з кішэнямі сарочцы схіляецца над яе рукой. Гарбацюк азіраецца і шматзначна ківае галавой.

— Тунеядцы напэўна?

Я не адказваю. Посуд на стале адбівае россып рэстаранных агнёў. Побач, ля свайго століка ў прасценку, бразгае відэльцамі афіцыянтка. У зале — прыглушаны гул. Добра, што вакзальныя рэстараны яшчэ абыходзяцца без аркестраў. А то б расшчапілася галава.

Тым часам Гарбацюк бярэцца за нож і відэлец.

— Вы афіцэр? — пытаюся я.

— Гвардыіі маёр запасу.

Ён адразае кавалак біфштэкса і апраўляе яго ў рот. Маёр? Можа быць. Вядома, пасля капітана — маёр. Калі сапраўды не Сахно, дык, мусіць, які камандзір батальёна. А мо палітработнік? Ці пампатэх? Калі, скажам, танкіст. Калі танкіст — я яму прызнаюся ва ўсім і папрашу прабачэння. Перад танкістам я зніму шапку.


20


З пагорка дванаццаць нямецкіх танкаў відаць як на далоні. Звузіўшы інтэрвалы, усе ў рад яны паўзуць па шырокай разлегласці балкі-лагчыны. Праўда, паўзуць асцярожна, відаць, не імкнучыся гусеніцамі душыць уцекачоў — яны іх нішчаць агнём. Глыбінны нутраны гул, усё мацнеючы, плыве над зямлёй.

На фланг я ўжо не бягу. Прыгнуўшыся, уваходжу ў ланцуг, дзе ён трохі радзейшы, і падаю ў снег. Снег тут не глыбокі, навокал тырчыць шэрае дуддзё быльнягу. Справа ад мяне шавеліць ствалом нехта ў паўшубку — ці не камандзір які? Толькі ён не камандуе. Цяпер ён, як і ўсе, радавы ў гэтым ланцугу старшыны Еўсюкова. З другога боку ад мяне таропка месціцца ў снезе даўганогі баец у кароценькім шыняльку. Над заснежаным марозным стэпам блішчыць у смузе невысокае зімовае сонца.

Здаецца, мы ўсе загінем. Каб вызначыць тое, не трэба быць празорцам — дастаткова паглядзець наперад. I, па сутнасці, так недарэчна! Пасля загіне Юрка, Каця. Наўрад ці ўратуецца і Сахно. Можна лічыць, што кожны з нас адзін для другога — ужо не існуе. Я — для Юркі, ён — для мяне. Застаюцца хвіліны. Апошнія мае хвіліны. Самотнае гэта прадчуванне раптам бурыць недалёкі крык. Гэта ў ланцугу прыўстае на каленях старшына. Яго цёмная куртка дэсантніка здалёку відаць на аснежаным доле.

— Агонь! Якога храна ляжаць! Агонь!

Так, вядома, трэба агню. Інакш, чым мы можам стрымаць гэтыя танкі? Толькі што мы ім зробім нашым агнём? Каб хоць парачку ПТР. Ды каб гранаты…

З ланцуга рэдка і бязладна пачынаюць бахаць вінтоўкі. Нехта пускае доўгую чаргу з аўтамата. Танкі, напэўна, пакуль нас не бачаць. Я ляжу ў нейкім здранцвенні, увабраўшы рукі ў мокрыя рукавы шыняля. Мерзнуць пальцы. Да самага калена гарыць, ные нага. У маім карабіне ўсяго пяць патронаў, і я выпушчу іх, калі танкі падыдуць бліжэй. Каб пацэліць хоць бы ў які трыплекс…

Танкі хутка сунуцца ўсё бліжэй. У балцы цяжкі маторны гул, прыглушанае стракатанне гусеніц. Уцекачоў перад ім ужо не відаць — жывыя ўсе за павароткам. На шырокім бязладным шляху, здратаваным мноствам ног, — некалькі трупаў, разбітая фурманка, бліжэй — наш, напэўна, сканалы, конь. Аднак нехта там ажывае і пачынае грабціся з-пад самых танкаў. Знямогла валочыць па снезе, відаць, перабітыя ногі. Зараз жа на лбе пярэдняга танка ўспыхвае агністая бліскаўка, і чалавек назаўжды выцягваецца на снезе.

— Агонь! Агонь!.. — крычыць Еўсюкоў.

Я кладу на далонь карабін і прыцэльваюся. Прыклад туга б’е ў плячо, і мне шкада марна патрачанага патрона. Мусіць, неўзабаве ён мне ой як спатрэбіцца! Нетаропка пачынаю цэліцца зноў. I тут выбух грымотна рве побач. Позірк губляе цэль, мяне абдае смуродам і снегам. На выбух я не азіраюся — я толькі адчуваю: ну вось і ўбачылі! Цяпер трымайся! Цяпер дадуць жару.

Але што гэта? Збоч па снезе цераз балку, нібы парваўшыся, мільгае чырвоная нітка. Раз, другі. I над адным танкам на касагоры з’яўляецца дымок. Я кідаю позірк на суседа ў паўшубку. Так і ёсць — гэта ён б’е трасіруючымі. Толькі чаму дым? Няўжо падпаліў?

— Тр-р-рах! Тр-р-рах!

Ірве з недалётам, перад ланцугом. На некалькі секунд танкі прападаюць за снежна-земляной хмарай выбухаў. Я тыцкаюся тварам у дол. Наўкола шастаюць камякі, і калі вецер зганяе з варонак дым, наперадзе — незразумела радасны цуд: адзін танк гарыць!

Проста не верыцца, але так. Танкісты з яго ўжо павыскоквалі. У борце і ў вежы расчынены люкі, зад увесь у агні. Два бліжнія да яго танкі спыняюцца. Пагорак адзываецца траскотнай вогненнай ярасцю.

— Па бочках агонь! Па бочках! — праз гул і грукат прарываецца зводдаль крык Еўсюкова.

I тут толькі я разумею: на танках бочкі з гаручым. Таму і такая ўдача.

Я прыцэльваюся ў нейкі бліжэйшы да нас танк, які марудна паварочвае свае шырокія грудзі на наш пагорак. Здаецца, у яго на борце нешта тырчыць. Бочкі ці не, адсюль не разгледзіш. I я паспешліва страляю збоку, пакуль гэтае нешта яшчэ не закрыла вежа. Толькі знаку ад майго стрэлу ніякага — ні агню, ні дыму. А побач яшчэ і яшчэ бліскаюць трасіруючыя суседа ў паўшубку.

Той, задні, ужо апантана гарыць. Чырвоныя космы агню шугаюць на ветры, і чорны хвост дыму размашыста сцелецца над стэпам. Астатнія яго пакінулі, абышлі і паспешліва разварочваюцца ўнізе на наш пагорак. Паветра над ланцугом туга ніжуць іх густыя малапрыцэльныя чэргі.

«Не, гэта вам не ў балцы! Гэта вам не ў балцы!» — крычыць ва мне злы, няўрымслівы голас. Нядаўняя паныласць знікае. Я ўжо гатовы біцца. Я нават хачу, каб яны хутчэй падышлі. Дзіўнае, незразумелае жаданне! Але ўсё роўна хачу. Мяне распірае запал і зларадства. I, мусіць, толькі таму, што гарыць іх падпалены куляй танк. Астатнія ж адзінаццаць сунуцца бліжэй. Неўзабаве нам будзе туга.

Але хай!

Ланцуг дружна бахае, стракоча, грукае бязладнымі стрэламі. Упарта б’е трасіруючымі сусед. Я прыглядаюся да ягонай вінтоўкі, і ў мяне з’яўляецца здагадка, што яна трафейная, як і мой карабін. Гэта нараджае пэўную думку. Я падхопліваюся са свайго месца і на каленях і руках кідаюся ў снег. Ззаду зноў блізка гахае. Зямля пада мной пругка ўздрыгвае, асколкі распорваюць неба. Я падграбаюся да чалавека ў паўшубку.

— Як бы патрончыкаў? Хоць абойму, га?

Чалавек, не зважаючы на мяне, засяроджана цэліцца і страляе. Пасля сутаргава хапаецца за рукаятку затвора. Ён ужо немалады, з сівымі скронямі. Пад белым каўняром паўшубка відаць чырвоны кант кіцеля — значыць, камандзір.

— Няма патронаў, — хрыпіць ён пракураным шапялявым голасам, які мне здаецца знаёмы.

Ды гэта ж наш учарашні знаёмы — капітан, які ў сяле разгружаў «студэбекеры». Вось табе і ДОП! Не паслухаў тады, а цяпер прыпёрла! У яго адтапыранай кішэні тырчаць каляровыя дзюбкі патронаў. I вось не дае…

Мяне ахоплівае злосць. Так і карціць аблаяць яго, але цяпер не да гэтага.

— Хоць адну абойму! — раздражнёна прашу я. Капітан паварочваецца ад карабіна.

— Ды ну, каціся адсюль! Не дэмаскіруй!

Ён коратка зыркае на мяне, і я ўпершыню бачу яго напалоханы твар, мітуслівыя вочы, разяўлены рот — ён яўна баіцца. Як жа гэта ён падбіў тады танк? Баючыся? Насуперак страху? Але і я, мусіць, такі. Толькі я не бачу сябе. Усе мы тут не ў лепшым выглядзе, і не дзіва. Вылаяўшыся ад прыкрасці, я па снезе грабуся ад яго на сваё месца. Але не прапаўзаю і паловы шляху, як ззаду люта расшчэпліваецца зямля, мяне аглушае. Адначасна нешта хлёстка выцінае па бядру і карку. Праўда, у секунднай яснасці я адчуваю: гэта не асколак — гэта камякі. Крутнуўшыся на снезе, зараз жа азіраюся — наўздагон шугае тугі, змрочны клуб дыму. Секунд пяць капітана зусім не відаць, потым праз дым на доле пачынае краямі азначацца варонка. Адна пустая, свежая, пыльная варонка, і больш нічога. Разграбаючы рукамі снег, я кідаюся да яе. Там цяпер сховішча, а мо і паратунак. Я ўжо ведаю: другі раз у адно месца снарады не падаюць.

Мяккая і цёплая варонка хавае мяне ад агню. Праўда, тут моцна смярдзіць трацілам і неглыбока, не болей чым на аднаго. Але кулям мяне не дастаць. Капітана нідзе няма. I нічога ад яго тут няма. Нават дзіўна! Толькі вось пад бокам у мяне нешта муляе, я мацаю рукой — гэта закапцелы прыклад карабіна з абарванай почапкай. I ўсё. Адкідваю абломак прэч. I тады бачу нешта недарэчнае воддаль. Пашкуматаны, вывернуты поўсцю наверх паўшубак з абрыўкам партупеі. Ля яго нешта шызавата-парнае, залітае крывёй. Кроў і наўкола, на перамешаным з зямлёю снезе. Эх, капітан, капітан!.. Але патроны! Гэтая думка надае мне раптоўнае жвавасці. Азірнуўшыся на танкі, я выскокваю з варонкі. Нізка прыгнуўшыся, сігаю да акрываўленых рэштак чалавека, ад якіх на марозе прыкметна ідзе пара. Зацяўшы гідлівасць, ліхаманкава варушу ашмоцце вопраткі. У дзіравай кішэні сапраўды дзве абоймы бранябойных патронаў. Адна, праўда, ужо расчатая, але бог з ёй. Побач у рукаве паўшубка пруцянее на снезе адарваная капітанава рука. Васковага колеру пальцы паціху растапырваюцца і заміраюць. Я хапаю патроны і кідаюся ў варонку.

«Ну, гады, цяпер ідзіце! Цяпер мы падзіравім вашыя бочкі!» — думаю я, піхаючы ў магазін патроны. Тым болей што танкі ўжо падышлі бліжэй; цяпер ужо можна выбіраць, куды цэліць.

Толькі чамусьці яны не ідуць. Яны ўсе сталі ў рад метраў за чатырыста ад ланцуга і скіроўваюць на пагорак свае гарматы. Я прыладжваюся на краі варонкі і не паспяваю яшчэ даўмецца, як быць далей, калі пагорак ва ўсю глыб скаланаецца ад некалькіх выбухаў. Над галовамі фыркочуць высокія асколкі. У паветры патыхае серная горыч трацілу. Я прыціскаюся да мяккага, пабітага асколкамі боку варонкі, уцягваю ў плечы галаву. Танкі пачынаюць беглы агонь з гармат.

— Тр-рах! Тр-р-р — р-рах!.. Трах… рах! Ого, сабакі, вось гэта даюць! Пагорак завалаквае пылам, у паветры змрочны туман выбухаў. Снежны дол хутка чарнее ад безлічы воспін-варонак. Я бачу, як на тым фланзе нехта перабягае. Але не зразумееш куды — назад ці ў варонку. Цяпер неакапаным — ліха.

Я страляю. Праўда, карысці ад таго пакуль што ніякай. Наперадзе толькі мільгане бліскаўка, і ўсё. Куды трапляюць кулі, не зразумееш. На танках калі і ёсць бочкі, дык яны ўжо ўсе прыкрыты вежамі. Цяпер іх не возьмеш — гэта не з борта. Біць жа ў браню — марная справа.

I тут гахае зусім побач. Мяне зноў глушыць, бы затыкае ватаю вушы. Зверху сыплецца, сыплецца без канца. Ну і ну! Палой шыняля я захінаю карабін і курчуся ў варонцы. Ірве яшчэ і яшчэ. Пры кожным выбуху цела незнарок туга, да болю сціскаецца. Нутро маё, раз-пораз скаланаючыся, прымае на сябе штуршкі ад зямлі. Але трэба паглядзець, дзе танкі. Аказваецца, яны не спяшаюцца. Пасля першага дружнага напору іх страляніна радзее. Радзеюць і выбухі. Цяпер яны б’юць прыцэльна. Сволачы! Што робяць! Стрэл — выбух, і аднаго байца ў нашым ланцугу няма. Пасля выбух на месцы другога. Ось гэта тактыка! Такой я яшчэ не бачыў. Яны выбіваюць нас паасобку. На месцы байцоў у ланцугу рад чорных варонак. Так нас ненадоўга хопіць.

Каб хоць пашэнціла пацэліць у трыплекс! Асляпіць які танк! Я зноў прыкладваюся і страляю ў каўпак перыскопа, што ледзьве ўгадваецца на плоскай вежы. Толькі не трапіш — далёка… Хапаюся за рукаятку, каб перазарадзіць, як раптам нешта размашыста сцёбае па твары, заляпляе вочы, рот… Ацёршыся рукавом, бачу — за два крокі наперадзе тырчыць у снезе снаряд. Ірване! Я сцінаюся ў варонцы, ашчаперыўшы голаў. Але праз секунду разумею: не рване, гэта балванка. Яны ўжо б’юць па нас і балванкамі.

Пераседзеўшы з паўхвіліны, я зноў асцярожна высоўваюся з варонкі. Няцяжка здагадацца, каторы з танкаў стрэліў па мне балванкай. Вунь ён непадалёк ад таго, што дагарае ззаду. Мне добра відаць чорнае зрэнка яго гарматы. Яна скіравана сюды. Значыць, стрэліць яшчэ. Хоць бы не асколачным. Але што рабіць? Я прыцэльваюся ў гэтую зрэнку, думаецца, мо дастану каго праз гармату. Можа ж так здарыцца, калі перазараджаюць і адкрыты затвор. Гэта, вядома, малаверагодна, але іншай магчымасці ў мяне няма. Я вельмі старанна цэлюся, цяпер я не магу прамахнуцца. Аднак яшчэ не паспяваю націснуць на спуск, як ззаду, цяжка дыхаючы, нехта валіцца ў варонку. Стрэл адбываецца заўчасны, і я адчуваю — не пацэліў.

Я падбіраю ногі і азіраюся. У варонцы малады баец з замурзаным зямлёю тварам і ў касцы, якая спаўзла яму на самыя вочы. Адзін рукаў ягонага шыняля прадраны і ў крыві. Я думаю, хлопец папросіць перавязаць.

— Фу, дабег! — задышліва кажа ён, зыркаючы вачыма па маіх пагонах. — Я во, каб чым-небудзь звязаць…

З-за пазухі на палу шыняля ён выкладвае некалькі гранат. Гэта «лімонкі». Я гляджу на іх і не цямлю: навошта іх звязваць? Звычайна звязваюць РГД, калі кідаюць пад танкі. А «лімонкі»? Усяго тры, ды і тыя немаведама як змацаваць разам.

— Я б сам, ды во! — варушыць ён акрываўленай без рукавіцы левай рукой. — Адной не ўпраўлюся.

— А кінеш? — недаверліва пытаюся я. Хлопец узнімае на мяне свае ўпартыя вочы.

— Кіну. Правая ж — во! Хай падыдуць.

— Сапраўды, можа, і варта паспрабаваць. Толькі чым іх звязаць у адно?

— А во, можа, абмоткай? — падказвае хлопец.

— Давай.

Мы хутка раскручваем з ягонай нагі зялёную скарэлую абмотку. Адклаўшы карабін, я неяк завязваю ў яе тры гранаты. Гранаты чорныя з зялёнымі ўзрывальнікамі. На планцы ў адной вышкрабана нечым вострым: «Коваль М.».

Побач зноў гахае, на галовы сышіецца снег. Я пазіраю на ланцуг — мабыць, хутка тут нікога ўжо і не застанецца. Вось тады яны, вядома, і пойдуць. А так навошта ім рызыкаваць?

— А вы, мусіць, снайпер? — кажа хлопец. Я азіраюся, і ён ківае галавой на танкі, — Лоўка яго! Бранябойным, ага?

— Гэта не я.

— Ды ну! Я ж бачыў, — з нярвовай упартасцю пярэчыць Коваль, скурчыўшыся на дне ямы.

Ён малады і нейкі дужа заядлы ў наіўнасці свайго намеру. Мяне гэта пачынае раздражняць.

— Ты вось што, — з прыкрасцю кідаю я. — Шпар лепш у тыл. Паранены… Няма чаго тут ацірацца.

Хлопец незадаволена зыркае на мяне чыстымі, але злымі вачыма.

— Не. Я падарву хоць аднаго гада.

— Падарвеш! Вось зараз як усмаліць — дык сам спярша падарвешся!

— Ды ну!

Баец недаверліва выглядае з варонкі. Здаецца, ён сапраўды наважыўся сваімі «лімонкамі» падарваць танк.

Так, яны смаляць. Яны ўвачавідкі выбіваюць наш ланцуг. Б’юць балванкамі і асколачнымі. Для кожнага — персанальны снарад. Ці не замнога гонару! Мусіць, снарадаў у іх многа, вось яны і помсцяць за спалены танк. Капітана даўно няма, а танк, ім падпалены, усё гарыць.

— Тр-рах!

Мы абодва ўраз угінаемся, стукнуўшыся ў варонцы галовамі. Выбух акатвае плечы хваляю зямлі і снегу. Гэта, здаецца, па нас. Але варонка ратуе. Хлопец паднімае твар і пазірае на мяне. У ягоных вачах, аднак, ніколечкі страху. Толькі насцярожанасць і бязрадасная ўпартая цярплівасць.

— Ты даўно такі герой?

— Чаго? — не разумее хлопец.

— Ну, смелы такі даўно? — крычу я праз грымоцце выбухаў.

— Я злосны. А не смелы.

— Злосны?

— Ну! Бо безабразіе!..

Неарганізаванасць, бязладдзе — гэта факт. Адбілі палову Украіны, прарвалі фронт, акружылі Кіраваград. А тут вось няўвязка.

Мы вытрасаем з-за каўняроў снег і зямлю, і я думаю, ці не занадта яны ўжо выдаткаваліся на нас? Два снарады на адну цэль. Хоць трэці, мабыць, ужо будзе апошні. Ідыёцкая ўсё ж справа — чакаць пагібелі ў гэткай бездапаможнасці. У безвыходным, пакутным напружанні з’яўляецца жаданне, каб танкі зрушыліся з месца, хай пайшлі б хоць назад, хоць наперад, абы толькі ўнялі свой агонь. З часам я таксама пачынаю паглядваць на шэрую абмотку, у якой звязаны тры «лімонкі».

I тады невыразным бакавым позіркам я прыкмячаю над стэпам трасер. Не, гэта не куля. Чырвоная агнявая зорачка, пыхнуўшы на вежы танка, шырока сігае ў неба. Я азіраюся на сяло — у вішанніку ля крайняе хаты стаіць «трыццацьчацвёрка». Адкуль яна ўзялася? I другая выпаўзае з двара і спыняецца за плятнём. Пераводжу позірк на вуліцу — і там, за мазанкамі і вішнякамі, варушацца шэрыя ў аблезлым зімовым камуфляжы танкі. Відаць, яны толькі што падышлі. Гэта нашыя танкі, іх не дужа багата, але яны падмога, паратунак, з імі ўжо нам ладно. «Ага, не падабаецца!» — крычу я. Той нямецкі танк, па якім выцяў снарад, затузаўся на месцы і спешна разварочвае вежу. Яшчэ адна бліскаўка мільгае цераз край пагорка над балкай, але нятрапна. Бранябойны плёскае ахапкам снегу ў борт рабога танка. Потым, адскочыўшы, рыкашэтам б’е ў снег яшчэ раз і знікае. Але тут джагаюць новыя трасеры. Сяло пачынае ярасную гарматную гаману, і яна так цяпер нам мілая.

З ланцуга ўжо нехта бяжыць уніз, да хат. Нехта ўстае і падае, мільгае сярод закапцелай, перамешанай са снегам зямлі, мусіць, хаваецца ў варонку. Ці не адыход? Здаецца, так і ёсць. Я неўзабаве бачу на снегавой шэрасці знаёмую постаць у куртцы — гэта Еўсюкоў. Ён бяжыць між варонак і махае астатнім рукой: назад!

А нямецкія танкі на схіле балкі, трывожна заварушыўшыся, заднім ходам таксама даюць назад. Выбухі на нашым пагорку амаль усе разам сціхаюць. Увесь свой агонь немцы пераносяць у сяло. Цераз нашыя галовы з двух бакоў джагаюць трасеры. Фурк-фурк! — ледзьве не збіваюць галовы балванкі. Але з балкі танкі не адыходзяць — яны перастройваюцца і забіраюць правей, збоч ад сяла. I мы нічым не можам перашкодзіць ім — там мы бяссільныя.

Што рабіць далей? Можа, цяпер мы тут і не патрэбны? Сапраўды, трэба адыходзіць — пагібель пакуль адтэрміноўваецца. Мо яшчэ ўсё і абыдзецца? Я падхопліваюся ў варонцы і гукаю байцу. Але ён, насупіўшы свае светлыя бровы, чамусьці не праяўляе ніякага спрыту.

— Ану, перабежкамі!

Коваль сапе і не варушыцца ў мяккім доле.

— Не пайду.

— Што? Ты каманду чуў?

— А што каманда? Я ранены.

Ён кратае нягнуткай левай рукой, другою прыціскае да грудзей пакунак з гранатамі.

— Ты што, з глузду з’ехаў? — крычу я. — Што ты цяпер ім зробіш?

Нашыя ўсе перабягаюць па схіле ўніз. Там нямецкія танкі ўжо іх не ўбачаць. Гахае ў стэпе і на тым баку ў сяле. Пачалася танкавая дуэль, у якой пяхоце ўжо няма чаго рабіць.

— Не, — упарціцца хлопец і выцягваецца на маім належаным месцы. — Гады! Яны Маскальчука забілі!

Ён раптам хліпае і па брудным твары размазвае слёзы. Позірк яго паныла ўпіраецца ў нямецкія танкі. А тыя кудысь паўзуць і паўзуць. Напэўна, абходзяць сяло.

Тады хлопец хліпае мацней і падхопліваецца з варонкі. Я яшчэ не паспяваю сцяміць, як ён бяжыць з сваімі гранатамі некуды ўбок. Ці не напярэймы танкам?

— Стой! Ты куды? Вярніся!

Але ён нават не азіраецца. Неўзабаве падае ў нейкую варонку, пасля падхопліваецца і бяжыць далей.

Вось дурань! Упартасці і злосці нават залішне, а памяркоўнасці — ні на грош. Няхай нават… ён іх дагоніць, дык што карысці?

Хутка ён дзесьці знікае сярод варонак, мне ж трэба ў сяло. Як гэта ні дзіўна, а здаецца — яшчэ выпадзе пабачыць Юрку. Як ён там, дружа!.. I я выпаўзаю з варонкі на размецены выбухамі снег.


21


Знясіленыя і прыгнечаныя, мы брыдзем па неглыбокім снезе ў сяло.

Нас зусім мала, чалавек з дзесяць. Аднаго двое нясуць на шынялі. Адзін знямогла пляцецца, абапёршыся на таварыша. Усе маўчаць. Нехта проставалосы. Нехта прыціскае да боку абвіслую, як бізун, руку. Я шкандыбаю апошні. Карабін, які нічым не паслужыў мне супроць танкаў, цяпер памагае замест кастыля.

Вузенькай сцежкай па-над тынам мы выходзім на вуліцу і адразу натыкаемся на «віліс» і «додж». Яны дбайна прытулены пад сцяной хаты. Ля іх некалькі камандзіраў. Наперадзе відаць высокая шэрая папаха на маленькім вяртлявым палкоўніку. Гэты палкоўнік нейкім злым вокрыкам раптам спыняе ўсю нашу групу.

— Хто камандзір?

Хлопцы, па адным спыняючыся, паныла маўчаць, поўныя яшчэ перажытым. Нават не верыцца, што мы ўцалелі. А колькі пагінула ў варонках!.. Палкоўнік нецярпліва пераступае валёнкамі і ляскае сябе дубчыкам па халяве. Побач пастала некалькі камандзіраў з ягонай світы. Усе змрочна глядзяць на нас.

— Хто старшы, я пытаюся? — са стоенай пагрозай выкрыквае палкоўнік.

— Ну, я старшы, — падыходзячы, кажа Еўсюкоў. Ён па-ранейшаму расхрыстаны, з прарэхі курткі праглядае нацельная сарочка. Бінт на шыі ўвесь у крыві.

— Хто вы такі? Ваша званне? — тонам, які не абяцае дабра, пытаецца палкоўнік і сціскае голеныя пашчэнкі.

— Старшы артмайстар старшына Еўсюкоў, — змрочна рапартуе старшына, прыставіўшы нагу да нагі.

— Пачаму ўйшлі з вышыні? Хто дазволіў? — строга пытаецца палкоўнік і ва ўпор набліжаецца да старшыны.

Той напружваецца і нядобра зыркае на палкоўніка зацятым позіркам.

— А хто нам загадваў там быць?

Палкоўнік скаланаецца ад гэтае дзёрзкасці і робленым басам крычыць:

— Што? Я вас пытаюся, хто дазваляў пакінуць вышыню?! Вы што — у трыбунал захацелі?

Еўсюкоў неяк няўлад з гэтай строгасцю трудна ўздыхае і расслабляецца ўсёй сваёй вялікаю постаццю.

— Эх, дзе вы раней былі, таварыш палкоўнік!

Маленькі, чыста выгалены твар палкоўніка чырванее ад абурэння.

— Маўчаць! Вы з кім размаўляеце?..

— А пайшлі вы!.. — раптам кідае старшына і, схіліўшы голаў, рашуча крочыць на вуліцу.

Ён неяк аж хістаецца, бы п’яны. Нехта з камандзіраў адступае ўбок, даючы яму дарогу. Двое ўзнімаюць з долу параненага. Хлопцы памалу ідуць за сваім камандзірам.

— Старшына! Загадваю вярнуцца! — крычыць палкоўнік, на абцасах павярнуўшыся назад.

Следам за ўсімі іду я. Якраз параўноўваюся з ім, і недзе ўнутры ва мне загараецца крыўдлівае пачуццё несправядлівасці.

— Ён танкі спыніў. Каб не ён, немцы ўжо тут былі б!

Палкоўнік упіраецца ў мяне вострым позіркам і хвіліну няўцямна глядзіць, нібы не разумеючы, што я сказаў.

— Вы хто такі?

— Малодшы лейтэнант Васілевіч! — адразу ж выпальваю я, з выклікам уставіўшыся ў яго злы твар. Я не баюся. Што ён мне зробіць, параненаму? Усё, на што мы намагліся, было па напіай добрай волі. Не думаючы ўжо выжыць, мы ляглі пад самыя танкі. Сапраўды, дзе ты тады быў, таварыш палкоўнік?

— Марш туды, малодшы лейтэнант! Загадваю падраздзяленню абараняць вышьшю!

— У мяне няма падраздзялення.

— Як няма? Дзе ваша падраздзяленне? Марш адзін, сам! Чорт вас вазьмі! Я вас прымушу!..

— Я ранены! Во, не бачыце? — крычу ў адказ. Пасля перажытага гэты тон і патрабавальнасць, увесь гэты наскок невядомага палкоўніка раздражняе і злуе да ашалеласці.

Палкоўнік нешта крычыць і кідаецца да мяне, замахнуўшыся сваім дубцом. Але тут недзе побач гахае выбух, які, мабыць, першы раз у жыцці, мяне не палохае. Саломай і нейкай трухой б’е ў нашыя твары, чымсьці гарэлым густа асыпае наўкола снег. Палкоўнік падае, і тады я, наперакор сабе, нечакана спахопліваюся: ці не забіты? Чорт з ім, хай бы лепш жыў! Усё ж які-ніякі, а камандзір! Але я дарма палохаўся. Неўзабаве палкоўнік ускоквае, ускокваюць з-пад машын ягоныя камандзіры, і нечы ўстрывожаны голас вусцішна гукае:

— Таварыш палкоўнік, генерал!

На вуліцы да нас збочвае яшчэ адзін «віліс». Палкоўнік таропка абтрасае ад снегу бекешу, а я, абыякавы да ўсяго, брыду сабе, куды пайшлі нашы. Мяне ўжо не трымаюць: не да мяне. Неўзабаве чую, як генерал пачынае бэсціць палкоўніка:

— Што ў вас тут робіцца? Пачаму дарога не перакрыта? Пачаму не выкананы загад аб перадачы ІПТАПа?[5] Разгільдзяйства і галавацяпства! Я адхіляю вас ад камандавання…

Аказваецца, ён сам не выканаў загад, таму так і накінуўся на нас. Але мы не можам замяніць сабой супрацьтанкавы полк. Мы не здольны загладзіць яго разгільдзяйства. Мы можам толькі загінуць. Аднак мы ўжо зрабілі нешта даволі значнае, да чаго не мае адносін гэты палкоўнік. I гэта дае нам права не падпарадкавацца. Не зусім усвядомлена яшчэ я адчуваю непахіснасць нашай праваты ў гэтым канфлікце.

Я бачу наперадзе, як нейкі баец з забінтаванай рукой аб чымсь пытае другога, сустрэчнага, і той паказвае яму ўздоўж вуліцы. Няцяжка здагадацца, што яны маюць на ўвазе. Я іду за гэтым, перавязаным, стараючыся не ўпусціць яго з вачэй. Тым болей што ўжо цямнее. Сонца на небе ўжо няма, і між хат туліцца вечаровы паўзмрок. Проста дзіўна, як хутка скончыўся дзень, які там, на пагорку, здаваўся бясконца доўгім. Танкі ў другім канцы сяла кудысьці адыходзяць. Цяпер страляніна і скогат балванак чуваць за пагоркам у стэпе. Там жа дым — ці то ад таго, падпаленага капітанам, ці мо ўжо ад новага. А можа, і нашага — магчыма і такое…

Ранейшыя перажыванні меншаюць, і мяне ўсё болей агортвае непакой за Юрку — ці жывы хоць? Няўжо не выжыве, сканае цяпер, калі цудам выбраліся з самага пекла. А цяпер нашыя танкі, мусіць, немцаў сюды ўжо не пусцяць. Тым болей калі з’явіўся генерал. Пэўна, ён навядзе парадак. Так я мяркую, шкандыбаючы па вуліцы. Дакладней, мне хочацца, каб было так. Я страшэнна змораны, пачуцці мае адранцвелі. Адзінае жаданне валодае мной — прыбіцца дзе-небудзь да цяпла і прылегчы…

Баец наперадзе зварочвае ў нейкую будыніну з абведзенымі сінім вокнамі. Гэта нейкі нежылы дом пад бляхаю, з высокім ганкам, мусіць, які былы сельсавет або ўправа. Неўзабаве з дапамогай свайго кастыля-карабіна дакульгваю туды і я. Скрыпучыя дзверы неахвотна адчыняюцца, прапускаючы мяне ў цемру.


22


— Ну, можа, і па трэцяй? Раз не пашанцавала з гасцініцай, дык хоць вып’ем, — расчырванеўшыся з твару і прыкметна падабрэлы, кажа Гарбацюк. — А чаму не ясі?

— Я ем.

— Што гэта за яда! Успомні, як, бывала, на фронце елі… Кацялок пшонкі на двух і праз хвіліну — як вылізаны. Ардынарцу і мыць не трэба.

— Кацялок давалі на чатырох. Прынамсі, у пяхоце.

— Ну, у пяхоце я не быў, — дабрадушна прызнаецца Гарбацюк.

Перад намі яшчэ нешта блішчыць у графінчыку. Ён пад’еў, паўнаватыя яго шчокі сыта блішчаць, вочы жмурацца ў добрасці. Я таксама гатовы падабрэць. Урэшце, чорт з ім, з гэтым Сахно! Памыліўся — дык яшчэ і лепш. Навошта мне з ім сустракацца? Ды і наогул ці жывы ён? Напэўна прыбілі дзе немцы, і ўсё. А я дваццаць год турбаваўся…

Гарбацюк адкладвае відэлец і камечыць у кулаку папяровую сурвэтку. Я аблакачваюся на стол. Карціць даведацца пра яго да канца. Каб ужо без сумненняў.

— Скажыце, вы не танкіст?

— А як жа! Танкіст! — з ганарлівай радасцю кажа Гарбацюк. — Тры гады ў танкавай арміі. Ад Вялікіх Лук да Берліна. Усе сцежкі-дарожкі прайшоў.

Выбух вясёлага смеху за ягонай спіной абрывае фразу. Ля чарнушкі, паклаўшы на яе плячо шырокую руку, усміхаецца плячысты бландзін.

— А цішэй нельга? — строга пытаецца Гарбацюк.

— Можна, — адказвае крайні за сталом, круглатвары і светлабровы ў цёмным гарнітуры хлапец. — Эрна, просяць на паўтона ніжэй.

— На паўтона ніжэй! — з гуллівай уладарнасцю загадвае Эрна суседу.

Той, пачакаўшы, пакуль за сталом уціхне ажыўленне, з тым жа знарочыстым пафасам гаворыць далей:

— Ну, скажыце! Скажыце, чаму я яе кахаю? Што ў ёй? Пастава? Грацыя? Хараство? — наіўна акругляючы вочы і жэстыкулюючы шырокай далонню, пытаецца ён. — Шпінгалет! Каго яна можа нарадзіць, такая блыха? Хіба што другую блыху. Гэта ў біялагічным плане. А ў грамадска-палітычным?..

— Адставака! Хвост па палітэканоміі… — самавыкрывальна напамінае Эрна.

— Грубіянка! — падказвае бліжэйшая да яе бландзінка.

Іншыя за сталом крычаць:

— Задзіра і насмешніца!

— У сценгазеце прадзёрнута!

— Паспрачалася з рэктарам…

— Правільна. Усё правільна. Дзякуй за дапамогу. Суцэльны перажытак мінулага. I часткова будучага. А я кахаю яе. I ўсё! Дык вытлумачце, чаму? Вы! Філосафы! Маралісты! Камсоргі! Біёлагі! Чаму, га?

Ён прытворна паціскае плячыма. Хлопцы наперабой штось спрабуюць давесці. Адна Эрна вельмі хітра ўсміхаецца пад яго рукой. Яна-то разумее гэта ягонае «чаму».

— Ну дык што ж! Узялі? — дзеля прыліку пытаецца Гарбацюк і разлівае рэшту. — Як кажуць, каб не апошнюю…

— Ну…

— А ўрэшце куды спяшацца? Пасядзім да закрыцця. — Ён адстаўляе чарку і закурвае. Смачна зацягваецца. Пасля ўглядаецца ў мяне.

— Гляджу, нешта невясёлы. Што, характар такі?

— Характар.

— Адкуль прыехаў?

— Ды тут недалёка. З-пад Мінска.

— Ага. Беларус, значыць. А дзе працуеш?

— У клубе.

— Значыць, па культурнай лініі?

Мне непрыемны гэтыя роспыты, і, каб іх прыпыніць, я звяртаюся да яго:

— А вы на якой лініі?

— Я? Юрысконсульт. На паўстаўкі. Болей нявыгадна — пенсію рэжуць.

— Зразумела. Пенсіянер?

— Ды накшталт. Пяцьдзесят два гады. Але ў мяне выслуга. Усяго дваццаць восем. З ільготнымі, вядома.

«Нішто сабе, як кажуць, пратрубіў чалавек! Дваццаць восем год салдацкае лямкі — не жарты! У мяне тры, і то перажыванняў на ўсё жыццё…»

— Эх шкада, піўка не заказалі! Духата такая.

Ён паварочваецца да залы і кліча афіцыянтку:

— Дзевушка! Дзевушка! На хвілінку…

Але «дзевушка» не чуе або не хоча пачуць і ідзе сабе між сталоў на кухню. Тады ён устае.

— Ты пасядзі. Я закажу ўсё ж…

За сталом я астаюся адзін.


23


У хаце зусім цёмна (ці, можа, мне так здаецца) і вельмі людна. Так людна, што секунд некалькі я не ведаю, куды ступіць ад парога. I я стаю, узіраючыся праз паўзмрок у невыразныя плямы твараў, бінтоў, людскіх постацей на лаўках і на падлозе. У нос востра шыбае перакісам вадароду. Гэта абнадзейвае — значыць, медык тут ёсць, будзе на каго паспадзявацца.

— Во яшчэ адзін зашчытнічак! — з лёгкім гумарком гукае нехта ад сцяны. — Ну, як там: турнулі нямецкіх захопнікаў?

Я не маю ахвоты ні да якой размовы. Тым больш з такім вось дасціпнікам. Але па нейкіх ягоных гуллівых нотках адчуваю, што тут ёсць жанчына, і прыглядаюся ў паўзмрок, ці не Каця?

— Адбіліся, — кажу я.

Ад чорнай круглай грубкі, ля якой поркаюцца байцы, на мой голас павяртаецца нехта ў паўшубку. Сапраўды з-пад шапкі ўскідваюцца знаёмыя вочы Каці.

— А, младшой! А тут дружок ужо зусім нос павесіў. Думалі, хана табе.

Каця ўстае, і тады я бачу ў доле на разасланых шынялях Юрку. Ён ляжыць на спіне, без гімнасцёркі, па грудзях туга спавіты бінтамі, і ледзьве прыкметна спрабуе ўсміхнуцца мне куточкамі сваіх вуснаў.

На некага наступіўшы, не зважаючы на лаянку, я падаюся да сябра і нязграбна апускаюся ля яго на калена.

— Юра! Юр… Ну, як табе? Лягчэй? Га, Юрка?

Я ўзіраюся ў яго шэры, без адзінай крывінкі твар з вострым, нейкім не Юркавым носам. Без адказу адчуваю, справа яго дрэнь. Блага Юрку! I нават яшчэ як блага!

— Так, нічога… Лягчэй… — шэпча вуснамі Юрка.

У яго зацененых вачах на секунду загараецца радасць, якая, аднак, зараз жа і гасне. Я ўсё гэта бачу. Я разумею… і я хачу яго падбадзёрыць:

— Знаеш, адбіліся! Танкі падышлі. А то былі б нам канцы. Цяпер мы цябе ў шпіталь. У першую чаргу, — кажу я, верачы, што адпраўлю яго. Цяпер я ўжо дамагуся. Але тут побач нехта недаверліва сапе:

— Глядзі, адправіш! На самалёце хіба?

— Чаму на самалёце? — няўцямна пытаюся я, і раптам гэтая рэпліка мяне насцярожвае. Я павяртаю голаў — пад сцяной ля самых дзвярэй з вінтоўкаю між каленяў сядзіць ды смокча цыгарку нейкі баец. I побач (глядзі ты: зноў тут як тут!) дрэмле мой немец.

— Чаму самалётам? — падазраючы нядобрае, пытаюся я. — Машынай, падводай адправім. Бачыце, цяжкапаранены?!

— Гм!.. Мы-то бачым. А вось ты…

— А што? Што я не бачу?

Я ўжо гатовы ўзарвацца, бо стрыманасці мне не хапае, не трываюць нервы. Што тут яшчэ здарылася?

— Трапілі, во што. Між молатам і кавадлам…

— Ну ты там! — строга раздаецца з кута ад стала знаёмы голас. — Пракрашчай разгаворчыкі!

Ну, вядома, тут і капітан Сахно… У цёмным куце. Яго адсюль амаль не відаць, — ён жа, мусіць, бачыць усіх. I нешта ён тут дужа па-начальніцку прыкрыквае — мусіць, старшы па званню. Як ад болю, сцяўшыся ад нядобрага прадчування, я пазіраю то на яго, то на байца ля парога. Але той змаўкае і толькі падміргвае мне адным вокам:

— Паняў?

Так, зразумеў. Ведама ж, няхітрая справа зноў трапіць пад удар, калі ў тыле чорт ведае што. Чаго тут чакаць, апроч як удару, акружэння, разгрому. Але ж ёсць і нашыя танкі. Гэта ім не сорак першы год. Не, мабыць, панікаваць яшчэ рана. Яшчэ пабачым, хто трапіць на кавадла…

— Ладна, годзе вешаць насы, — кажа Каця, прабіраючыся ад дзвярэй. Яна нясе кацялок з гарачай вадой. З-пад вечка густа ідзе пара. — На во, напаі гарачым. Ды сагрэць яго трэба. Ану, славяне, у каго кажух лішні? — гукае яна да параненых. — Тут цяжолага сагрэць трэба.

— Бяры мой, — чуецца ў цемры. — Усё роўна не ўсцягну. Толькі во рукаў адарваны.

— Ладна, давай.

Нехта з забінтаваным плячом падае ёй паўшубак. Каця клапотна ўхутвае ім Юрку. Затым я, разліўшы трохі вады, паю сябра. Яго сцятыя зубы ціха лязгаюць па алюмініевым краі кацялка. Напіўшыся, Юрка часта ды трудна дыхае.

— О так… Цяпер лепей…

— Ну і добра, — кажа Каця. — Сагрэйся і засні. Сон лечыць лепш за прафесара.

— Ладна. Дзякуй… — шэпча Юрка, і ягоныя пасінелыя вейкі знямогла заплюшчваюцца. Каця павяртаецца да мяне:

— А як твая нага, младшой? Ану, пакажы. — Яна рашуча і бесцырымонна лапае маю бедалагу-нагу і сварыцца: — Гэта называецца перавязка! Паглядзі, што тут у цябе робіцца!..

Я і сам ведаю, што там робіцца. Бінты мае раскіслі ад снегу, спаўзлі, разматляліся. Усё там скрываўленае і мокрае. Хваравіта-чуйная да цвёрдых Каціных рук, нага, мусіць, яшчэ і памарожана. Пальцы, здаецца, зусім ужо анямелі. Каб не перажываць залішне, я, сцяўшы зубы, адварочваюся. Насупраць пад сцяной сядзіць «мой» немец. Трымаецца ён ціха, нават баязліва, з пакорай на твары. На ягоных плячах усё той жа шынялёк, на галаве казыркастая шапка. Рукамі ён ашчапервае калені і быццам дрэмле. Ягоны канваір ля парога, зарослы шчаціннем дзядзька, дакурвае цыгарку, і нехта са змроку просіць:

— Сараковачку пакінь, браток. Га?

Баец яшчэ разы два цмыгае і, ступіўшы між целаў на падлогу, цягнецца да выстаўленай з цемры рукі. Мае вочы пачынаюць ужо што-колечы бачыць у гэтым сутонні. Між байцоў я пазнаю на лаўцы ўратаванага намі лётчыка. Ён нерухома ляжыць, бы нежывы, пад сваімі бінтамі і толькі час ад часу стрымана стогне. Але стогнуць многія. Ціхіх стогнаў, крэкту і вохаў тут поўная хата.

— Ану, назад! — зараз жа раздаецца з-за стала каманда Сахно. — Не забывайцеся, да каго прыстаўлены!

Баец вяла апраўдваецца:

— Ды не ўцячэ! Я ж усё бачу.

— Дрэнна бачыце!..

У гэты час зусім побач са мной пачынае варушыцца нехта ў паўшубку з настаўленым каўняром. Здаецца, ён дагэтуль драмаў, прыхінуўшыся да сцяны, і цяпер асіпла са сну гаворыць:

— Не турбуйцеся. Я пагляджу.

Затым адкашліваецца і, зусім як немец, нешта скорагаворкай звяртаецца да палоннага. Гэта мяне здзіўляе: глядзі ты, ведае па-нямецку! На фронце такое здараецца не часта. Немец ціха нешта адказвае, і мой сусед абвяшчае:

— Ён гаворыць, што сам здаўся ў палон і назад перабягаць не збіраецца.

— Прыпёрлі, дык здаўся. А наогул я не пытаюся, што ён там гаворыць! — суха абрывае яго Сахно. — I вы лепш памаўчалі б, лейтэнант.

Лейтэнант бяскрыўдна змаўкае, а маю нагу раптам працінае востры нутраны боль. Я незнарок скаланаюся. Каця нязлосна прыкрыквае:

— Ціха, ты! Што брыкаешся, як дзеўка!

— Ого, так ірванула…

— Ладна. Стрываеш. А галава як? Нішто?

— Галава нічога, — кажу я, абы не чапаць раны.

Каця пачынае туга аббінтоўваць ступню, і я зноў пазіраю на лейтэнанта, які пачынае ладзіць сабе закурку. Ён абуджае ў мяне цікавасць. Тое, што ён так складна загаварыў па-нямецку, яго тон і яшчэ нешта амаль незаўважнае ў яго голасе няўлоўна выдае ў ім інтэлігента, відаць, прызванага з запасу. Гэтыя людзі заўжды выклікаюць ва мне нейкую павагу, бо ёсць у іх штосьці цікавае і значнае, чаго часцяком не хапае кадравым. I хоць няёмка мне набівацца цяпер у знаёмства, усё ж я пытаюся:

— Вы не са сто адзінаццатай?

Лейтэнант слініць паперку і не вельмі спрытна склейвае з яе цыгарку. Адразу відаць, што да самакрутак яшчэ не прывык.

— Не. Я з упраўлення арміі. З газеты.

— Што, з рэдакцыі?

— Угадалі. А што вас здзіўляе?

— Ды так, нічога, — адказваю я, хоць сапраўды трошкі здзіўлены такім знаёмствам.

Мне яшчэ не даводзілася сустракаць журналістаў, тым болей на фронце. I я проста не магу ўжо схаваць мае цікаўнасці да гэтага чалавека. А ён, здаецца, абыякавы да ўсяго тут. Засяроджана прыкурвае ад запалкі і смачна зацягваецца. Шчокі яго, калючыя ад чорнага маладога шчаціння, здаюцца глыбока запалымі. Хударлявы, нейкі нават хваравіты твар непрыгожы. Хоць па званню гэты чалавек амаль раўня нам, па ўзросту ён старэй за нас год на пятнаццаць. Я кідаю позірк на Юрку і таксама лаўлю ў ягоных вачах стоены водбліск цікаўнасці. Дзіва што: я памятаю, як некалі Юрка расказваў пра свае даваенныя мары стаць журналістам…

Лейтэнант моўчкі курыць, і размова наша не вяжацца.

— Ну вось і ўсё, — кажа Каця нарэшце, абрываючы бінт. — Беражы рану. А то столькі бруду набілася!..

Яна зазірае на Юрку, але вочы ў таго ўжо заплюшчаны, і дзяўчына сцішана, толькі мне аднаму, паведамляе:

— За ім глядзець трэба. Слабы ён. Каб часам не…

Я ўздыхаю. Здаецца мне, Юркавы вейкі ледзьве ўздрыгваюць у цемры. Мабыць, ён прыкмячае нашую на сабе ўвагу.

— Нічога. Як-небудзь…

— Сястра! Мне во перавязаць трэба! — кліча хтось Кацю.

— Раней мне. Я ўжо даўно чакаю.

— Зараз, зараз, родненькія. Не ўсім адразу.

Каця прабіраецца між людзей далей, а Юрка, прыкметна напружваючыся, каб стрымаць стогн, пытаецца:

— Што, пяхоты ў немцаў багата?

— Знаеш, пяхоты не было, Юрка. Калі б пяхота, нам бы не ўтрымацца. А так з тузін танкаў. Двох падпалілі.

Юрка расплюшчвае пакутніцкія вочы і нерухомым поглядам устаўляецца кудысь у змрочнае невысокае падстолле.

— Ведаеш, дэсант — гэта сіла. Калі давядзецца ўдзельнічаць, трэба як мага… бліжэй пад’ехаць. Галоўнае… не спяшацца саскокваць. Чым бліжэй да іх, тым… лепей. Я ведаю…

— Ну, вядома, — згаджаюся я, хоць у танкавым дэсанце яшчэ не быў. Але я бачу, як трудна Юрку гаварыць: засмяглыя яго вусны няслушна шавеляцца.

— Так… Дай вады. Пячэ вельмі, халера…

Я прыўзнімаю яго галаву і нагінаю кацялок. Юрка, аднак, бярэ ў рот маленькі, трудны глыток.

— Блага? Ты ляжы. Маўчы лепш.

— Ладна…

Юрка пакутна апускае вейкі і выдыхае.

— Цяпер я няхутка. Даўбанула як мае быць… Цяпер паваляюся. А калі будуць машыны?

— Машыны? Будуць, Юр. Ты пацярпі трошкі. Я чуў, там генерал распараджаўся наконт параненых.

— Ну што ж… — цярпліва згаджаецца Юрка. — Што гэта я хацеў табе сказаць?.. Будзеш ваяваць… раздабудзь эмга сорак два. Не глядзі… што нямецкія. Гэта кулямёты… Класныя… Навучыш хлопцаў… лепш за станкачы будуць. Патронаў… у наступленні хопіць. У мяне чатыры было. Падабраў…

Сэнс ягоных апошніх слоў наводзіць мяне на пэўнае падазрэнне. Падобна на тое, што ён ужо не мае надзеі выкарыстаць свой вопыт і хоча перадаць яго мне.

— Добра, Юрка. Яшчэ паваюем. I дзегцярамі і эмга. Не ўнывай, Юра!

— Та-ак! I яшчэ трэба страляць. У наступленні. А то… яны нас нішчаць, а мы… Слабы ў нас агонь. Стралковы. Панімаеш? Слабіна…

Ён змаўкае, і я не адзываюся. Здаецца, ён засынае. Я толькі пільна ўзіраюся ў ягоны схуднелы за гэты дзень твар, які нерухома шарэе на скамечаным сукне шыняля. Думка-сумненне точыць мяне: ці выберамся адсюль? Я-то яшчэ як-колечы маюся. А вось Юрка… Эх, Юрка, Юрка!..

Я пачынаю прыслухоўвацца да сцішанай гаманы ў хаце, да гукаў знадворку. Цяпер у такім нашым становішчы ўсё мае сваё значэнне… Я думаю, што параненых пара б адправіць у тыл, калі б была дарога. Але калі ніхто аб тым не турбуецца, дык, мабыць, сапраўды ходу адсюль няма. Тады трэба чакаць. Толькі чаго дачакаемся?

За акном неяк адразу віднее — гэта ўзыходзіць месяц. Край яго ярка ўразаецца ў замутнелую ад прымаразку шыбу. У хаце таксама святлае. Толькі па кутах і ў падстоллі туляцца мяккія, шэрыя прыцемкі.

Лейтэнант пад сцяной усё ж ціха перагаворваецца з немцам. Я прыслухоўваюся, і карэспандэнт, заўважыўшы гэта, гаворыць:

— Ён кажа, што вы яго ў палон узялі?

— Не ўзяў. Толькі вёў. Ды не давёў.

— Чаму?

— На танкі наскочылі. Было трое, ды вось адзін застаўся.

Лейтэнант вымаўляе да немца нейкую доўгую фразу. Немец ахвотна і падрабязна адказвае. З іхняй гаманы я разумею толькі некалькі слоў: лерэр, Бунцлау, яфрэйтар. Лейтэнант выслухоўвае і павяртаецца да мяне.

— Яго прозвішча Энгель. Ён сельскі настаўнік з Сілезіі. А яго камарад быў нацыст. Той выпадкова трапіў у палон. Звычайна такія не здаюцца.

I яны напаўголаса перагаворваюцца зноў.

Я міжвольна прыцінаю дыханне, спадзеючыся пачуць нешта цікавае. Аднак разумею па-нямецку я не багата і не магу разабраць сэнсу іх хуткіх невыразных фраз. Здаецца, яны кранаюць філасофію, бо я чую знаёмыя імёны: Кант, Ніцшэ, Шапенгауэр. Лейтэнант пры тым ажыўляецца. Энгель адказвае коратка, нярэдка паціскаючы плячыма.

Аднак яны выпускаюць з-пад увагі Сахно, які, не марудзячы, напамінае аб сабе.

— Лейтэнант, падыдзіце сюды! — стрымана кліча ён з-за стала.

— Вы хочаце мне нешта паведаміць? — пытаецца лейтэнант.

Сахно, аднак, зацята маўчыць, і лейтэнант, памарудзіўшы, нетаропка ўстае з-пад сцяны.

З хвіліну ў іх там адбываецца, відаць, не вельмі прыемная размова, якой мне адсюль не чуваць. I калі лейтэнант вяртаецца на сваё месца, па ягоным выглядзе я разумею, што гутаркі з немцам у іх ужо не будзе. Лейтэнант шматзначна ўздыхае.

— Да, дзіўная камандзіровачка!.. Паехаў напісаць нарыс пра наступленне. Ды вось абярнулася, што сам на аловак трапіў…

— А вы напішыце і пра гэта.

Лейтэнант соўгае бровамі.

— Пра гэта не напішаш.


24


У хаце робіцца ціха…

Мусіць, я пачынаю драмаць, ды раптам прахопліваюся, бо, здаецца, штосьці гаворыць Юрка. Сапраўды, ён неспакойна матляе галавой. Паўшубак споўз з ягоных грудзей, вочы заплюшчаны. З раптоўна ахапіўшай мяне трывогай я дакранаюся да яго лба. Ён сухі і палае ў гарачцы. Юрка на мой дотык, аднак, не рэагуе.

У хаце па-ранейшаму відна. Гамана, зрэшты, прыціхла. Мусіць, параненыя спяць. Хоць наўрад ці ўсе спяць — ля парога варушыцца канваір. На нерухомым твары суседа пад сцяной напружана раскрытыя вочы. У іх раздумнатрымціць знаёмы мне неспакой — як усё гэта абернецца?

— Юр… Вады, га? На вады, Юра…

Юрка не адказвае, толькі матляе крута адкінутай галавой і дробненька-часта дыхае. У грудзях у яго мокры булькотны хрып, які чуваць нават зводдаль. На вуснах — роспачна-трывожны шэпт:

— Ну!.. Што ты? Мамачка!.. Не трэба!.. Не трэба!.. Ну, што ты! Так!.. Інакш нельга…

Я прыслухоўваюся і разумею — Юрка трызніць. Гэта ўжо кепска: ён у непрытомнасці. Але што рабіць?

— Чаму ты не ідзеш?.. Оля!.. Аленка!.. Ты даруй… Я ўсё разумею… Олечка… Мама!..

Вядома, гэта трызненне, але нейкі час я міжвольна стараюся пранікнуць у сэнс Юркавых слоў. Толькі дарма. Тады я пачынаю баяцца, каб з Юркам не здарылася тое самае горшае, што цяпер так блізка ля яго. I ў гэты час водгукі новай падзеі далятаюць да нашай хаціны.

Спачатку нехта быццам спрасонку няпэўна заўважае: «Гудуць, га?» Заняты сваім клопатам, я не звяртаю на тое асаблівай увагі. Потым да слыху пачынае даносіцца знадворку знаёмы вышынны гул. Ён хутка мацнее, і вось у зямлі пад намі аддаюцца першыя выбухі. Гэта бамбёжка. Праўда, бамбяць дзесь далёка. Ва ўсякім разе, не ў гэтым сяле. Але бамбяць, чуваць па ўсім, немцы. Нехта, напусціўшы ў хату сцюжы, выходзіць на двор. За ім да дзвярэй лезе другі. Сонны спакой у хаце мінаецца. Па кутках пачынаецца буркатня і застарэлы прастудны кашаль.

— Наляцелі каршуны праклятыя! Цяпер дадуць прыкурыць…

— Хоць бы не сюды. Хай іх халера! Страх не люблю бамбёжак.

— Хто іх любіць!

I раптам гул нібы прарываецца з месячнай нябеснай вышыні. Недзе, ужо зусім блізка (ці не на ваколіцы?) гахаюць запар некалькі раскацістых бомбавых выбухаў. Наш дом спуджана ўздрыгвае ўсімі сваімі чатырма сценамі. У куце з бразгатам падае на падлогу кацялок.

— Дачакаліся! — выпальвае хтось у змроку, і па рэзкім крыўдлівым голасе я пазнаю нашага знаёмага лётчыка. — Дачакаліся, маць іх за нагу! Дзе начальства?! — амаль роспачна выкрыквае ён.

Але начальства няма. Мы ўсе тут аднолькава радавыя — параненыя. I толькі Каця, як і шмат ужо разоў у такіх выпадках, грубавата прыкрыквае:

— Ану, усе ўніз! Усе на падлогу! Прэч з лавак!

Параненыя неахвотна злазяць са сталоў, з лавак і месцяцца на доле.

Я пазіраю ў кут — за сталом ужо нікога няма. Сахно, пэўна, недзе схаваўся. I толькі на сярэдзіне хаты — падсветленая месяцам постаць Каці ў накінутым на плечы паўшубку.

— Лажыся, лажыся! I каб ціха. Ніякай панікі!..

Блізка за сялом пачынаецца грымотная калатнеча бамбёжкі. Выбухі, адзін мацней за другі, разрываюць ноч. Зямля кожны раз апантана здрыгаецца. Са столі на нашы галовы нешта сыплецца. Мы, стаіўшы дыханне, ціснемся да падлогі, услухоўваемся і напружана чакаем, калі ж урэшце скончыцца гэтае праклятае выпрабаванне. Нехта тым часам лаецца. Нехта ціха сам сабе стогне. На вуліцы бегатня і ўстрывожаныя рэдкія воклічы. А ля мяне ўсім целам калоціцца, кідаецца ў гарачцы Юрка.

— Мам… Мамачка, стой! Не ідзі. Агонь… Куды ён? Куды коціцца? Трымайце ж вы…

Над хатай цяжкі маторны грукат. Здаецца, з неба рушыцца нешта агромніста-страшнае. Але яно праносіцца ўгары міма, і ноч скаланаюць два выбухі. Агнявыя водбліскі ў вокнах на некалькі секунд асляпляюць нас. Здаецца, разляціцца дашчэнту хата. I нават дзіўна, калі праз імгненне аказваецца, што яна стаіць, як стаяла. Толькі чамусь са спазнелым грукатам расчыняюцца на ганак дзверы. Але гэта не ад бомбы. Гэта нейкі баец урываецца ў наш прытулак.

— Гэй, славяне! — утрапёна крычыць ён з парога. — На тым канцы немцы!..

У хаце сутаргавы рух, і ўсе нямеюць. На імгненне нас скоўвае збянтэжанасць, за якой нехта нядобра лаецца.

— Гінуць, ці што? У канцы канцоў…

— Чаму нас пакінулі? Дзе справядлівасць? Дзе клопат пра раненых?

— Ціха! Ці-ха! — прарываючы гаману, зноў раздаецца голас Сахно. — Я забараняю! Спыніць размовы!

— Хто там забараняе?! — крычыць з-пад лаўкі лётчык. — Ты вунь забарані нас дабіваць. Дзе начальства? Давай начальства!

— Трэба да начальства!..

— Генерала сюды! — гудуць устрывожаныя галасы. Нехта, кульгаючы, спешна выходзіць з хаты.

За ім да дзвярэй прабіраюцца яшчэ двое. Тады ў парог аднекуль з кута лезе сутулая постаць Сахно.

— Стой! Спыніць паніку! Я загадваю!

Хата робіцца як раз’юшаны, растрывожаны мурашнік.

— Пры чым тут паніка?!

— Пайшоў ты…

— Знайшоўся пугала! Не такіх бачылі!

— Ты начальства давай!

— Давай транспарт! Мы таксама жыць хочам.

Людзі ўстаюць, хто можа. Іншыя ляжаць. Бамбёжка, здаецца, уціхае. Гул угары аддаляецца. Мабыць, самалёты павяртаюць назад. Затое становіцца мацнейшай кулямётная траскатня. З расчыненых дзвярэй у хату валяць клубы сцюжы.

Ціха, але зусім па-мужчынску вылаяўшыся, да выхаду лезе Каця.

— Не, ужо ўчарашняга не будзе! — кажа яна. — Я зараз…

Дзяўчына хоча выйсці, але шлях ёй загароджвае Сахно. Упершыся нагой у вушак, ён стаіць у расчыненых дзвярах. У здаровай яго руцэ пісталет.

— Назад!

— Ты што — ачумеў? Ану, пусці! Я да начальства.

— Назад! — у нейкай звярынай зацятасці гыркае Сахно.

Каця раптам дужа штурхае яго і, прыгнуўшыся, шмыгае ў дзверы.

— Назад! Застрэлю!

Ён і сапраўды страляе, нечакана глушачы ўсіх нас. У мяне здрыгаецца сэрца: ці не здурнеў ён, гэты законнік? Побач узнімаецца з падлогі лейтэнант і разважлівым голасам звяртаецца да раз’юшанага капітана:

— Паслухайце, што за спектакль? Сапраўды трэба далажыць начальству. Трэба ж эвакуіраваць параненых. Што вы ўперліся?

— Маўчаць! Я загадваю — маўчаць!

Шырока расставіўшы ногі, Сахно шэраю нязрушнай глыбай стаіць у дзвярах. Пiсталет ягоны скіраваны ў хату. На падлозе робіцца вельмі сцюдзёна.

— Яму абы маўчаць! — злосна зазначае нехта.

Аднак патроху ў хаце змаўкаюць. Хто ведае, чаго можна чакаць ад гэтага чалавека.

Сахно стаіць так даволі доўга, і мы ўсе маўчым. Толькі абпалены гучней, чым раней, стогне пад акном. Юрка сціхае і дробненька, булькотна дыхае. Я не магу даўмецца, што рабіць з ім, калі зноў, як і раніцай, давядзецца ўцякаць з сяла. Ці не лепш ужо адразу застрэліць яго і сябе?.. Аўтаматныя чэргі за аколіцай то прыціхаюць, то зноў густа рассыпаюцца ўначы.

Але вось на вуліцы ўсчынаецца гамана. Пад акном рыпяць нечыя таропкія крокі — там група людзей. Ці не па нас? Коратка рыпае ганак, і прамень ліхтара ярка ўпіраецца ў настырчаную постаць Сахно.

— Тут хто?

— Тут параненыя, — змрочна, быццам нават незадаволена, адказвае Сахно. Аднак з парога не саступае.

— А вы хто? Што вы тут робіце? — асвятліўшы пісталет у руцэ капітана, строга пытаецца камандзір.

Раптам яркі прамень з ліхтарыка мільгае па нас на падлозе. Усе жмурацца.

— Я прысякаю паніку! — усё тым жа тонам кажа Сахно.

— Паніку?

– Іменна так. Паніку.

— Якую там паніку! — разважліва кажа нехта з цемрадзі хаты. — Нас у шпіталь трэба. Тут цяжкапараненыя ёсць.

Постаць невядомага павяртаецца да людзей. Ягоны моцны ліхтарык гойсае туды-сюды па аблеглых на падлозе людзях і спыняецца. Скрозь — шынялі, паўшубкі, бінты і насцярожаныя нерухомыя твары…

— Я не ўпаўнаважаны наконт эвакуацыі, — цвёрдым камандзірскім голасам абвяшчае апяразаны рамянямі чалавек. — Сяло абыходзяць немцы… Палкоўнік Гардзееў загадаў: усіх у строй. Хто можа, прашу за мной! Зараз жа!

— Гэта іншая справа, — пасля кароценькай паўзы адгукаецца нехта ў куце.

— Па-людску. А то пісталетам грозіцца…

— Ану, выходзь, хто можа!

— Вядома, выходзь! А то ўсім крышка.

З кута неўзабаве выбіраюцца двое. Устае нехта ад парога. Уздыхнуўшы, нялёгка ўзнімаецца лейтэнант з рэдакцыі. Я не ведаю, як быць мне. Няёмка адставаць ад іншых і не хочацца больш пакідаць Юрку. Адчуваю, без мяне ён загіне. Зноў праклятая нага востра разбалелася на ноч.

— Стой! — нібы спахапіўшыся, зноў крычыць Сахно. — Маёр, спыніце людзей! Тут неправераны элемент.

Маёр, які ўжо рушыў з дзвярэй, недзе спыняецца і бліскае на Сахно ліхтарыкам.

— Які элемент?

— Распрапагандаваны, антынастроены элемент. Тут размовы…

— А кіньце вы, капітан! Якія размовы…

Маёр выключае ліхтарык і знікае на ганку. За ім выходзяць чацвёра байцоў. Сахно некалькі секунд збянтэжана стаіць у дзвярах, пасля кідаецца за імі следам.

— Маёр, вы будзеце адказваць! Я далажу палкоўніку! — даносіцца ўжо знадворку.

Нехта ў хаце зноў брыдка лаецца.

Лейтэнант ля сцяны няспешна рыхтуецца ісці. Спачатку ён старанна апускае вушы свае шапкі. Затым дастае з кішэні трохпалыя рукавіцы. Усе яго рухі паныла-замаруджаныя. Я бачу і ўсё разумею, як не хочацца яму ісці туды, адкуль, хто ведае, ці суджана будзе вярнуцца. Ля яго ног пакорна сядзіць, чагосьці чакаючы, немец. Я ў разгубленасці — што рабіць? Лейтэнант кідае позірк уніз на мяне, пасля — на Юрку. I я думаю, калі толькі ён скажа «пойдзем» — я ўстану. Але ён старанна ўсцягвае на пальцы рукавіцы і кораценька ўсміхаецца.

— Ну, будзьце жывыя. Жадаю як-небудзь выбрацца адсюль.

— Шчасліва! — кажу я, амаль расчулена. Не ведаю чаму, але за якую гадзіну ў маёй душы выспела нейкая неўсвядомленая яшчэ прыхільнасць да гэтага чалавека. З’яўляецца і знікае кароткае шкадаванне, што не пазнаёміліся як след, не пагутарылі. Але што ж… Мне хочацца напаследак чым-колечы памагчы яму.

— Вазьміце мой карабін.

— Не, дзякуй. У мяне пісталет, — кранае ён сваю кірзавую кабуру, — А зрэшты, усё адно. Там танкі.

Ён пераступае цераз маю нагу і выходзіць праз расчыненыя дзверы на заліты месячным святлом двор. Я ж застаюся, пакутліва разважаючы над невясёлым сэнсам ягоных апошніх слоў. У хаце робіцца самотна і пуста.

Ведама ж, не першы раз — кожны дзень адыходзяць назаўжды людзі. Таварышы, малазнаёмыя і зусім незнаёмыя. Адыходзяць, нечым закрануўшы душу і пакінуўшы ў ёй не заўжды зразумелы след. Многія і не вяртаюцца болей у наша жыццё, і сярод іх — слаўныя, так сабе, а то і благія таксама. I нам неўздагад часам, што ўсе яны пэўным чынам фарміруюць нас, нярэдка насупраць нашае волі лепяць нашы характары, нашы чалавечыя якасці. Пайшоў вось і Сахно, і нам тут ажно палягчэла — ну і чалавек! А з лейтэнантам я не хацеў бы ніколі разлучацца. Хоць і зусім не ведаю яго.

Юрка, што мне рабіць з табой? Няўжо на гэты раз мы не выберамся з праклятага ліха, у якое гэтак нечакана ўвязлі? Няўжо я так і не ўберагу цябе? I дзе ж гэта наша ратавальніца Каця, нешта ўжо яна бавіцца. Мо пакінула нас? Сапраўды, хто мы ёй: выпадковыя спадарожнікі? Навошта ёй гінуць з намі?

У хаце прастарнее і сцюдзянее. На падлозе ляжаць адны цяжкапараненыя. Ля парога, на ранейшым месцы, хутаецца ў шынель немец. Канваіра ля яго ўжо няма. Знік Сахно, мусіць, уцёк і канваір. А немец не ўцякае. Скурчыўся і чакае чагосьці, забыты і пакінуты няўдака-палонны, да якога тут ні ў кога няма справы. Пад акном трасецца ў нейкім нервовым параксізме лётчык. Я падтыкаю пад Юрку канцы паўшубка і на каленях падпаўзаю да гэтага абгарэлага бедалагі. Хоць, папраўдзе, ён ужо нямала і надакучыў нам. Але і яму не соладка.

— Як вы? Можа, памагчы чым?

— Так. Павінен памагчы! — хуценька і настырна просіць лётчык. — Друг! Не дай мне загінуць. Мяне камандуючы ведае. Я дваццаць «месераў» збіў. Я да Героя прадстаўлены. Ты павінен звязацца з камандуючым. З самім камандуючым. Ты разумееш?

— Як тут з ім звяжашся?

— Ты павінен звязацца. Або хай выдзеляць танк. Хай адвязуць мяне ў танку. Я не павінен загінуць…

Не, гэта не тое. Гэта занадта банальна. Ён баіцца загінуць! Быццам астатнім тут усё роўна — жыць ці памерці… Нібы таму, што ён прадстаўлены да Героя, яго жыцдё зрабілася даражэйшае. А Юрка прадстаўлены толькі да «Айчыннай», дык што ж яму — гінуць?

Зануда! Спачуванне да яго раптам мяняецца на прыкрасць. Дае ж Бог такіх вось людзей! Я нават не ведаю, хто ён — афіцэр ці сяржант. Але ён мне канчаткова агідны.

— Друг, ты панімаеш? Інакш я загіну! Ты чуеш?

Так, я чую. Але я вяртаюся да Юркі, не маючы жадання яго суцяшаць. У самога ад тужлівага прадчування заходзіцца сэрца. За ваколіцай ваўсю грыміць бой — і танкавыя стрэлы, і аўтаматы. Я адчуваю: будзе ой як кепска! Каб хоць вярнулася Каця, з ёю неяк спакайней. Мы ўжо прывыклі за гэтыя суткі да яе грубаватага клопату. Я дзіўлюся: сапраўды, толькі адны суткі, як я сустрэў яе, а здаецца, ведаю ўжо даўно! Дзіўна, яна непрыгожая, рэзкая, а ўвогуле такая надзейная. Мабыць, на вайне гэта галоўнае.

Сцішыўшыся, я прысланяюся да сцяны поплеч з немцам. Услухоўваюся ў траскатню бойкі і пачынаю чакаць Кацю. Неўзабаве чую, як нехта тупае па ганку, потым мацае рукой клямку. Я ўжо гатовы ўбачыць Кацю, але замест яе на парозе з’яўляецца Сахно.

— Так. Хто ўдзень быў на вышыні? — суха пытаецца ён тонам камандзіра, які атрымаў несправядлівы наганяй ад начальства.

Людзі ў хаце насцярожана прыцінаюць стогны.

— Я пытаюся: хто абараняў за сялом вышыню?

— Якую вышыню? — пытаецца нехта з абвязанай, у шынах, рукой. — Тую, дзе танкі?

— Да. Тую.

— Ну, і я абараняў. А што?

— Прозвішча? — зацята пытаецца Сахно.

— А навошта? Ордэн дасцё, ці што? — зусім не ў тон капітану жартуе паранены. — Цвіркун, ну…

— Як?

— Яфрэйтар Цвіркун.

— Малодшы лейтэнант Васілевіч, запісвайце! — загадвае мне Сахно.

«Не хапала клопату», — думаю я. У самога рука падвязана, дык ён прымушае мяне… I адкуль яго прыгнала на нашыя галовы? У абарону, глядзі ты, не пайшоў, а зноў ужо нешта расследуе. Некага падазрае ўжо і абвінавачвае. Таксама ваюе…

— Яшчэ хто? — зноў пытаецца і чакае Сахно.

Але болей, здаецца, абаронцаў таго пагорка тут няма. Усе, нядобра апанурыўшыся, маўчаць.

— А вы, Васілевіч, там не былі? — раптам павяртаецца да мяне Сахно.

— Ну, быў. А што?

— Пачаму скрываеце? Запісвайце і сябе.

— Я і так не забуду.

— Вы ўсё памятаеце, так? А дзе старшына Еўсюкоў? — раптам шматзначна пытаецца Сахно. — Вы ж, здаецца, разам былі?

— Разам. Ды тут разышліся. У сяле.

Усе напружана маўчаць, пазіраючы на капітана. Ён таксама маўчыць, відаць, нешта мяркуючы. Робіцца ціха, і ў гэтай цішыні з’яўляюцца новыя гукі. Недзе па вуліцы ідуць танкі. Іх грукат сунецца ўсё бліжэй, бліжэй… «Хоць бы свае, не нямецкія, — б’ецца ў галаве спадзяванка. — Але калі і нашы, дык куды яны ідуць?»

— А што, капітан, здарылася?

— Што здарылася? — з’едліва перапытвае Сахно. — Не ведаеце, што здарылася? Абарону кінулі, во што здарылася.

Ну, вядома, недзе няўпраўка, хтосьці правароніў, і цяпер шукаюць вінаватага стрэлачніка — Еўсюкова. Але пры чым тут Еўсюкоў?

Заглушаючы грукатам блізкую ўжо бязладную страляніну, паўз нашыя вокны праходзіць адзін танк, затым другі. Нехта ў шапцы з растапыранымі вушамі паўзе да акна і ўзіраецца ў светлаватую прыпатнелую шыбу. Першыя танкі, чуваць, аддаляюцца. Але з другога канца сяла зноў нарастае грукат.

— Вось табе, кума, і хрэсьбіны! — гучна гаворыць ад акна баец. — Танкі-та ўходзяць.

— Як уходзяць?

— Куды ўходзяць?

З раптоўна апанылым сэрцам, я таксама кідаюся да акна. Сапраўды, напоўніўшы сяло грукатам, некалькі танкаў хутка коцяцца па зімовай вуліцы. Іх браня густа аблеплена шэрымі сілуэтамі аўтаматчыкаў.

Сахно, раптам нібы забыўшыся пра нас, моўчкі выскоквае на вуліцу. Я падпаўзаю да Юркі. Што ж гэта робіцца? Я тармашу сябра: думаю, можа, ачнецца. Як бы не трапіць у новую пастку.

Параненыя таропка адзін за адным выпаўзаюць з хаты. Хто са стогнам, а хто моўчкі. Цяпер толькі б на вуліцу, па якой адыходзіць апошняя надзея.

На вуліцы бягуць людзі, фыркочуць танкі. У іх свае клопаты, свае баявыя справы. Што ім параненыя! Лётчык, лаючыся, устае на калені і, охаючы, слепа грабецца да выхаду.

Як-колечы ўздзеўшы Юркавы рукі ў рукавы паўшубка, я ўхутваю ім сябра. Затым толькі хапаю яго, каб валачы ў дзверы, як у хату ўбягае змораная, рухавая ад паспешлівасці Каця. Я ледзьве не ўскокваю ад радасці, бо ўраз адчуваю: гэта па нас! I сапраўды, Каця голасна выпальвае:

— Ану — на машыны! Хутка! Хто сам не здолее — гукніце!

«Эх, паспяшаўся!» — са шкадаваннем мільгае ў свядомасці пра таго, у куце, і я тут жа забываюся аб ім. Я падхопліваю Юрку пад пахі, немец услужліва паднімае яго за ногі. Каця дае нам на праходзе дарогу і сама кідаецца да лётчыка, які капошыцца ля парога. Мы выцягваем Юрку на двор і там сутыкаемся з высокім і няўклюдна тоўстым камандзірам у танкавым шлеме і камбінезоне. З жартоўнай лёгкасцю ён прытопвае валёнкамі і ляскае рукавіцамі.

— Жывей, арлы! Жывей, ядрона вошка! А то коні астынуць. Ану, давай падмагу.

I падхоплівае за паўшубак Юрку. Да яго падскоквае другі, у шлеме. «Таварыш падпалкоўнік, я!» Яны ўдвух пераймаюць з маіх рук Юрку. I я адчуваю шчымлівую ўдзячнасць да гэтага падпалкоўніка. Глядзі, які маладзец, — спыніў для раненых танкі! Але ўсё, мусіць, Каця? Яны ўдвух з дапамогай немца ўсцягваюць Юрку на браню танка, следам, бязладна чапляючыся за бакавы трос, узлязаю я. А падпалкоўнік лёгка саскоквае, каб памагчы Каці.

— Давай гэтага туды, на тройку. Эй, герой, падсабі! — звяртаецца ён да немца.

Той у фукаце малых абаротаў матора, аднак, не чуе або не разумее. Стаіць унізе ля танка, відаць, не ведаючы, ці можна яму сюды ўзлезці. I тут між танкаў аднекуль з’яўляецца Сахно.

— Таварыш падпалкоўнік, гэта — немец. Яго трэба ліквідаваць. Зараз жа.

Падпалкоўнік, несучы з Кацяй параненага, здзіўлена ўскідвае голаў у рабрыстым шлеме. Сахно тым часам расшпільвае кабуру. Ён ужо ўпэўнены, што падпалкоўнік не запярэчыць. Гэтая яго самаўпэўненасць адзываецца ва мне шаленствам. Не ад жаласці да немца, а каб дапячы Сахно, я крычу:

— Не слухайце! Таварыш падпалкоўнік… гэта язык… Яго да генерала загадана…

— Да якога генерала? — няўцямна пытаецца падпалкоўнік і тут жа махае рукой. — Хай едзе, чорт з ім! Шлёпнуць паспееце.

«Ага, выкусі!» — зларадна мільгае ў мяне, і я крычу немцу:

— Ком! Хутка!

Сахно, бачу, хоча запярэчыць, але танкісты спяшаюцца. Вежавы люк за маёй спіной, лязнуўшы, зачыняецца. Абодва танкі, зафыркаўшы, дадаюць абароты, і Сахно, ссунуўшы кабуру, кідаецца да нас на браню.

— Ты май на ўвазе: уцячэ — пад трыбунал загрыміш! — узлезшы, крычыць ён мне ў самае вуха.

«Пайшоў ты да такой-сякой матары!» — з лютай нянавісцю думаю я.


25


Бавячы час, мы з ленаю асалодай п’ем піва. Гарбацюк распрануўся і сядзіць у адной светлай шаўковай тэнісцы. Ягоны пінжак вісіць на спінцы стула. Яму душна. З маіх плеч, здаецца, спадае гара. Ён — не Сахно. Я толькі дзіўлюся цяпер, якая гэта нячыстая сіла асляпіла мяне і не дала даўмецца, што я памыляюся. Гэта зусім іншы чалавек.

Людзей у рэстаране меншае. Некаторыя столікі зусім пусцеюць, і афіцыянткі страсаюць абрусы. Нашы маладыя суседзі ўсё яшчэ сядзяць, весела паміж сабой гамонячы. На стале ў іх тры парожнія бутэлькі з абадранай фальгой. Гарбацюк варочаецца, сапе, аблакочваецца на спінку стула і з дабрадушнаю сытасцю пазірае ў залу. Наколькі гэта можна зразумець за вечар, ён трошкі з ганарком, але ўвогуле — праставаты і дабрадушны дзядзька.

— Ведаеце, а я прыняў вас за другога, — шчыра прызнаюся я. — За аднаго свалачнога чалавека. З вайны яшчэ. Гарбацюк спагадліва ўсміхаецца.

— Мусіць, якога здрадніка?

— Не. Ён — не падобны на здрадніка.

— Трус?

— I не трус. Дзе гэта было трэба, ён нават быў храбры. Ды і іншым баяцца не даваў.

— Строгі, значыць?

— Строгі — не тое слова. Хутчэй — бязлітасны.

Гарбацюк павяртаецца да стала.

— Ну, на вайне бязлітаснасць — не грэх…

Нешта мы губляем ніць узаемаразумення. Здаецца, ён не згодны са мной. Але гэта непаразуменне. Як бы яму лепш давесці, што гэта не проста выкананне загаду. Тут іншае. А Гарбацюк тым часам паблажліва ўхмыляецца: у нашай маленькай спрэчцы ён адчувае сябе разумнейшым. З гэтаю ўхмылкай ён далівае ў фужэры піва — спачатку ў мой, а пасля ў свой — і прысоўваецца да мяне бліжэй.

— Я табе скажу з уласнага вопыту. На вайне — там быў парадак, дзе салдаты баяліся камандзіра болей, чым немца, — шматзначна паведамляе ён і далонню рубам б’е па стале. — У такога камандзіра ўсё: і задача выканана і грудзі ў ордэнах.

— А людзі?

— Што людзі?

— А людзі ў магілах?..

Гарбацюк недаўменна моргае вачыма і ёрзае ў крэсле. Відаць па ўсім, маё пытанне застала яго знянацку. Дзе ў такога камандзіра людзі, аб тым ён не думаў.

— Ну, ведаеш… На вайне з гэтым не лічацца.

Ну і ну! Я зусім перастаю яго разумець. Гэты танкіст пачынае мяне здзіўляць. Я даўно не чуў такіх выказванняў. Проста дзіка чуць такое ад франтавіка ў наш час.

Гарбацюк залпам выпівае піва і нахіляецца да мяне.

— Слухай сюды! Вось ты кажаш: людзі, людзі. Памятаю такі выпадак. Пад Віцебскам судзілі аднаго. Малады такі. Ванька-ўзводны. Скараспечаны лейтэнанцік. Вёў батарэю. Адступалі. Наперадзе рачулка. Трэба знайсці брод. Яму б, дурню, паслаць каго. А ён пашкадаваў: той паранены, той хворы, той стары, а той плаваць не ўмее. Ну і пайшоў сам з ардынарцам. Брод знайшоў, перабраўся на другі бок. А там немцы. Ну і сцапалі. Раненага. А ў яго карта. I маршрут. А ў батарэі ніводнага камандзіра. Так і накрылася батарэйка. Лейтэнант, праўда, вырваўся з палону, праз тыдзень прыходзіць. Тут, вядома, і спёкся. А як жа? Пашкадаваў людзей…

— Проста ён дурань, гэты лейтэнант.

— Вось іменна дурань, — дабрадушна згаджаецца Гарбацюк. — А то вось другі прыклад. Судзілі камандзіра танка. Выскачыў з экіпажам раней, чым падбілі. Ударыла балванка, ну ён і крыкнуў: «Пакінуць машыну!» На судзе кажа: хлопцаў пашкадаваў. Ці бачыш, быў упэўнены, што другім стрэлам яго падпаляць. «Тыгр» страляў. Падпаліў сапраўды. А лейтэнант з танка ў штурмбат загрымеў.

Гарбацюк соладка зацягваецца сігарэтай. Нечаканая здагадка прымушае мяне здрыгануцца:

— А вы не пракурорам былі?

Ён чамусьці азіраецца і прыжмурвае ў дыме адно вока.

— Старшынёй трыбунала.

Мне здаецца, што я недачуў.

— Чаго?

— Ваеннага трыбунала, — выразна паўтарае Гарбацюк.

Я не ведаю, што казаць далей, і паціху пераводжу позірк на стол. Цяпер усё зразумела.

Гарбацюк, відаць, прыкмячае маю кароткую збянтэжанасць і адчужана хмурыць бровы.

— А што гэта вы… здзіўляецеся?

— Ды так…

Пальцамі я кручу на абрусе фужэр, няўцямна пазіраючы, як слізгаюць на ягоным баку іскрыстыя адлюстраванні бра.

Гарбацюк засцярожліва азіраецца на маладзёжны стол і ўздыхае.

— Ты, мабыць, думаеш: трыбунал — гэта парушэнне законнасці? Цяпер так модна лічыць. Модна рэабіліціраваць. Модна валіць усё на суддзяў. I ніхто не задумаецца: у імя чаго яны ўсё тое рабілі? Стараліся, выконвалі, недасыпалі, недаядалі, ездзілі на перадавыя, траплялі пад бамбёжку. У імя чаго?

Аднак яго фальшывы запал мяне не кранае. Маімі пачуццямі да гэтага чалавека ўсё болей авалодвае злая іронія.

— Можа, у імя перамогі?

— А як жа? Што, ты думаеш, у ёй няма і нашае пайкі?

— I вялікая гэта пайка?

— А то малая?

Уся нядаўняя да яго прыхільнасць у мяне міжвольна знікае. Я не ведаю, які ён чалавек і які быў старшыня трыбунала. Але па чымсьці няўлоўным у ягоных паводзінах я адчуваю, што гэтая яго гарачнасць у адносінах да свайго мінулага — не так сабе. Ён чымсьці пакрыўджаны, з нечым нязгодны і — ужо гатовы спрачацца, адстойваць сваю незразумелую мне праўду.

Але я з ім спрачацца не буду.

Я не хачу з ім спрачацца, бо я адмаўляю яму ў гэтай ягонай праўдзе. Не можа быць ягонай праўды там, дзе ёсць яго віна. У маіх пачуццях і памяці дагэтуль жыве нямала несправядліва труднага з тых далёкіх часоў. Не забылася, як пайшлі з палка і не вярнуліся хлопцы за здачу пазіцый, якіх нельга было ўтрымаць, за невыкананне невыканальных загадаў, за сутычкі з начальствам і за недазволеныя размовы таксама. Я прыпамінаю ўрэшце старшага лейтэнанта Кротава, які, на шчасце ці на бяду, не дайшоў да рук такога вось старшыні. I за што? Я дык выдатна ведаю, што нізавошта, але гэта зусім не азначае, што Кротаў вярнуўся б у батальён. Але няўжо цяпер, праз шмат гадоў пасля вайны, калі столькі перавярнулася ў грамадскім жыцці краіны, няўжо нічога не змянілася ў свядомасці гэтых людзей?

Я хачу запытаць яго аб тым, але Гарбацюк апярэджвае мяне:

— А я і не думаю таіць, хто я і што я, — прыкметна адчужэўшы за хвіліну маўчання, кажа ён. — Я паступаў паводле закону. Калі што, можна падняць архівы. Там усё наліцо. Аформлена і зацверджана. Я грахоў за сабой не лічу. Можна запытаць саслужыўцаў, начальства. Бывала, прыеду ў полк — пачот і павага. Камандзір палка першы чэсць аддае. Хоць я і капітан, а ён падпалкоўнік. Вось як!

Я маўчу. Ён, адчуваю, аднак, хвалюецца, то ёрзае на стуле, то адкідваецца да спінкі. На ягоным мясістым твары — выраз крыўдлівай замкнёнасці.

— Вайна — бязлітасная справа. Там цвёрдая рука трэба. На смерць нікому не хочацца ісці. А што ж — сазнацельнасць? Сазнацельнасць — у газетах. А тут прымусіць трэба. Каб баяліся.

— Слухайце, Гарбацюк! А таго не магло здарыцца, што хто-колечы з асуджаных вамі цяпер рэабілітаваны?

Гарбацюк робіць наіўныя вочы.

— Ну і што ж! Зусім магчыма. Рэабілітаваны — і з Богам. Я ўсяцэла далучаюся і падтрымліваю.

— А вы не баіцёся з такім вось спаткацца на вуліцы?

Гарбацюк кідае на мяне насцярожаны позірк і шчыра здзіўляецца:

— А чаго мне баяцца? Пры чым тут я? Тады былі адны законы, цяпер іншыя. — Ён азірае залу і дадае ўжо спакайней: — Ды і не сустрэнуцца… Яшчэ не сустракаліся…

— Што, усіх да вышэйшай?

— Чаму ўсіх? Не ўсіх. Разбіраліся, — кажа ён і засоўвае рукі ў кішэні штаноў. У вачах яго з’яўляецца выраз нахабнаватай самаўпэўненасці, якою ён нема і амаль варожа працінае мяне.

Так, гэта яго супакойвае. Не сустрэнуцца. Асуджаныя не пагражаюць, сумленне не дакучае. Яшчэ б трохі абяліць, падфарбаваць сябе перад людзьмі, і тады можна лічыцца сумленным чалавекам, нароўні з іншымі.

Гарбацюк устае і, адхінуўшы гардзіну, рашуча расчыняе акно. У залу шырока хлынае паток начной прахалоды. Праз хвіліну робіцца ўжо даволі сцюдзёнавата, і ён надзявае цёмны ў дробную клетачку пінжак з акулярамі і дзвюма аўтаручкамі ў нагруднай кішэньцы. Выгляд яго замкнёны, аднак у думках, мабыць, таксама, як і ў мяне, працягваецца не дужа прыемная размова.

— Не, ты памыляешся, дарагі. Гэта цяпер развялі дэмакратыю. Гатовы ўсіх свалачэй рэабілітаваць. Прэзумпцыя невіноўнасці! Доказы! Балбатня гэта, скажу табе. Калі што, ён усё так перакруціць, што хоць ты яго ўзнагароджвай. Тут трэба пачуццё мець. Нюх. Праўда, у мяне вока было намётана. Я, бывала, на такога зірну — і наскрозь бачу. Доказы дзесятае дзела. Доказ, калі трэба, на кожнага можна сабраць. Вось так!

Ад суседняга стала ўстае той плячысты, у шэрай куртцы бландзін.

— Акно можна закрыць? Дзяўчаты просяць.

Гарбацюк незадаволена павяртаецца і няўцямна глядзіць на хлопца. Той шырокім жэстам захлопвае фрамугу.

— Ану, адчыніце! — змрочна загадвае Гарбацюк і ўскоквае. Бландзін ужо ступае да свайго стала, а Гарбацюк шырока расчыняе акно. — Не вы адчынялі, без вас і зачыняць…

На твары бландзіна кароткая разгубленасць. У шэрых ажыўленых яго вачах пыхае востры агеньчык.

— Дзяўчаты замерзлі! Вы панімаеце?

— Замерзлі — хай дома сядзяць. У рэстаран, як і ў манастыр, са сваім уставам не ходзяць.

— Ну, знаеце!..

Зрабіўшы амаль фехтавальны выпад, хлопец з трэскам захлопвае акно. Гарбацюк з трэскам яго расчыняе. Моладзь за сталом павяртаецца ў іх бок.

– Ігар, хопіць! Нам ужо не холадна.

– Ігар, Ігар! Пакінь яго. Мы зараз пойдзем! — прыўстаўшы, кліча сябра Эрна.

Ігар праз зубы кідае штось абразлівае і вяртаецца за свій стол. Гарбацюк, задышліва сапучы, сядае на сваё месца. Хапаецца за сігарэты. Рукі яго дрыжаць.

— Бачыў! — ківае ён мне. — Бачыў, што робіцца? Блазнюк, малако на губах не абсохла, а глядзі ты! Нахабства колькі!

Ён прыкурвае, кідае на падлогу запалку, на стол — карабок.

— Распусціліся, разумнікі… Як тыя, у вайну. Старэйшы каторы маўчыць ды вініцца. А трапіцца лейтэнант, толькі з вучылішча, на губе пушок, а ўжо філасофію разводзіць. Як жа — дзесяцігодку скончыў! То зброя яму не тая. То загад няправільны. Нахабнікі!..

Я пазіраю на яго прыкметна пакамечаны жыццём твар, маршчыністую кароткую шыю. У глыбока схаваных пад бровамі вачах злосць і яшчэ нешта не то боязнае, не то нахабнаватае. Адбітак нейкай стоенай думкі блукае ў іх глыбіні. Я не хачу думаць пра гэтага чалавека кепска. Але я не бачу ў ім і таго, што мне хочацца бачыць — ні ценю шкадавання, добрасці, адбітка перадуманага і перажытага. Перада мной з выглядам несправядліва пакрыўджанага сядзіць раззлаваны мужчына, які заўпарціўся і не мае намеру ні ў чым адступаць. I ад гэтай ягонай упартасці ў мяне паціху накіпае шаленства. З намаганнем я змагаюся з сабой. Трэба быць спакойным. Маёй зброяй цяпер павінна быць толькі логіка. Яна мне паслужыць верна, бо я — правы.

— Скажыце, Гарбацюк! А вы забілі на вайне хоць аднаго фашыста? — пытаюся я спакойна, наколькі гэта мне ўдаецца.

— Я? А навошта? Навошта мне было іх забіваць? Гэта не мая справа. У дваццатае стагоддзе — поўнае раздзяленне працы. У тым ліку і на вайне. Каму бегчы ў атаку, каму страляць з гарматы. Каму лятаць у небе. А другі ўсю вайну прасядзеў за сталамі ў штабах або варыў сталь. У кожнага свая справа.

— Вашай было — судзіць?

— Ну і што ж? Судзіў.

— Няшчасных за палон? Камандзіраў — за няўзяцце вышынь і вёсак? Лейтэнантаў за размовы? За выдуманы кантакт з ворагам? За начлег у адной вёсцы?

Я амаль крычу. Нешта ў маіх паводзінах своевольна вырываецца з-пад кантролю. Ён хмурыцца, ёрзае на стуле і крывіць у грымасе вусны.

— Здаралася. Каралі і за гэта.

— I цяпер вы не раскайваецеся?

Ён ускідвае голаў. У вачах яго застарэлая крыўда і нянавісць.

— У чым?

Ужо мы абодва крычым. За суседнім доўгім сталом паварочваюцца ў наш бок. У другім радзе азіраюцца афіцэры. Я ўскокваю з-за стала. У грудзях знаёмая пустата і слабасць. Зала хістаецца. Я хапаюся за грудзі і, зачапіўшы стул, таропка сігаю на выхад.

Ля швейцара апранаюцца двое маладых. Ён ашчадна ахінае яе плечы плашчом. Яна ўсміхаецца ў трумо, і я падаю побач на стул. Падлога плыве ўбок, сцены хістаюцца. Сэрца рэдкімі, моцнымі ўдарамі б’е ў грудзі. Двое пакідаюць рэстаран.

Стары швейцар аблакочваецца на стойку і з пагардлівым асуджэннем глядзіць на мяне. Я разумею яго маўклівы дакор і думаю, як недарэчна ўсё гэта! Не хапае хіба трахнуцца аб падлогу і апынуцца ў бальніцы. Вядома, скажуць — ад перапою…

— У вас выпадкам валідолу няма?

Швейцар, перш чым адказаць, уздыхае.

— А навошта ён тут будзе? Рэстаран — не бальніца, — бурчыць ён. — Можна піць, але трэба знаць меру.

— Не ў пітве справа, ацец. Тут… панерваваўся…

— Дужа нервовыя сталі, — недаверліва бурчыць стары і тупае ў кут. Наўрад ці ён верыць мне, але ўсё ж неўзабаве вяртаецца да стойкі з нейкай паперкай. Нетаропка разгортвае яе і пракуранымі да рудога пальцамі дастае беленькі круглячок-таблетку.

— Што гэта?

— А ты глыні. Паможа, калі што…

Разважыўшы, я глытаю таблетку. У роце застаецца непрыемны металічны прысмак.

— Ну як?

— Трошкі адыходзіць. Сэрца, ведаеце…

— Эх, сэрца, сэрца! — з мудрай старэчай разважнасцю бурчыць швейцар. — Сэрца, яно — матор. Сапсуецца — з капылоў далоў. Не беражэцеся вы, маладыя.

— Не той час, каб берагчыся.

— Не той? А які ж вам яшчэ трэба. Грошы ёсць. Кватэры дзяржава дае. Пасады. Якога ражна не хапае? Мы, бывала, у вашы гады — абы паесці сыта… А вы?

— Бачыце, калі наясіся дасыта, дык захочацца і жыць па справядлівасці.

— Справядлівасць! — з іроніяй кажа швейцар і ўпіраецца ў мяне цяжкім позіркам выцвілых, відаць, нямала бачыўшых на вяку вачэй. — Вунь збялеў як. У поце. Вось табе і справядлівасць… Ты, гэта, каля акна сядзь. На вецярок. На вецярку яно лепей будзе.

Я перасаджваюся да акна. Фрамуга трохі прыадчынена. Начны вецер варушыць фіранку. За акном дзесьці непадалёк на пуцях асіпла пыхае паравозік. На запасных доўгія саставы зялёных вагонаў. Некалькі жанчын са шлангам мыюць іх блішчастыя жалезныя бакі. На віадуку таропка праходзяць пешаходы. Па той бок за станцыяй свеціцца доўгі рад вулічных ліхтароў. Недзе далёка адзінокім вугальком у святлявым небе гарыць чырвоны агеньчык на заводскай трубе.

Сэрца маё марудна і вельмі неахвотна спакайнее.


26


Заліты месяцам стэп, грымоцце танкаў, смурод газойлі, калючы вецер у твар і цяпло. Так, цяпло. Праўда, толькі ля ног, дзе густа паддзьмувае нафтавым духам праз жалюзі. I ўсё ж рай! Адно трэба трымацца, каб не скульнуцца ад мяккай, але разгоністай танкавай гойданкі.

I мы трымаемся за вежу, учапіўшыся рукамі за яе настылыя поручні. На маіх каленях ляжыць галава Юркі, я адною рукою прытрымліваю яе; немец жа, седзячы збоку, відаць, заняты ўласным клопатам і абыякавы да ўсіх нас. Ля яго, прыхінуўшыся да вежы, стаіць Сахно. На бакавінах і закрылках танка нейкія скрынкі (мабыць, снарады), ля мяне побач слізкае абкоранае бервяно. Следам грукоча другі танк. Там Каця. Яе кароценькая постаць невысока вытыркаецца з-за вежы. Здаецца, нам урэшце пашанцавала — цяпер мы ўжо вырвемся.

Але мы адсталі ад галоўнай калоны і, спяшаючыся, наганяем яе. Марозны вецер пякуча б’е ў твары. Неба ўгары ярка мігаціць мірыядамі зор, і сярод іх гушчару ярка ззяе месяц. Рэзкія сінія цені ад прыдарожных слупоў цягнуцца да самых каляін. Навокал відаць далёка-далёка. У гэтай далечы ззаду засталіся немцы — бачна, як на краявідзе сыплюцца ў ночы імклівыя бліскавіцы трас. Там бой. Там тыя, што па загаду палкоўніка засталіся на прыгорку за сялом, каб даць нам магчымасць вырвацца з бяды. Толькі куды? Здаецца, мы едзем далей на захад, значыць, не ў свой тыл, а туды, глыбей у нямецкі. Гэта не радуе і, вядома, нясе з сабой новы клопат. Але я не хачу думаць кепска: там войска, там сіла баявых часцей, там начальства і арганізацыя, там не дадуць прапасці. Праўда, ззаду, мусіць, не адстануць ад нас немцы. Ім, акружаным, таксама трэба прарвацца туды, на захад.

Я адварочваюся ад сустрэчнага ветру, глыбей у каўнер уцягваю настылую, у бінтах галаву. Але ў такім стане замінае за спіной карабін. Я знімаю яго і з тугою ў душы ўзіраюся ў далёкія адзнакі бою, што бліскаюць у начным мроіве. Толькі мы ўсё ж аддаляемся ад таго злапамятнага сяла. Магутна равучы на пад’ёме, танкі мінаюць стэпавую балку, праскокваюць клін палеглага, няўбранага ўвосень сланечніку. Іскры-трасёры ўдалечыні паступова знікаюць, толькі часам рэдкая чарга невысока ўзлятае над краявідам і гасне. Навокал жа спакойна, і ўсё было б добра, калі б не Юрка. Ён непрытомны. Я шчыльней захутваю на ім паўшубак. Цела яго выдае тут доўгім і няўклюдным, боты ледзьве не дастаюць да выхлапных труб. У гойданцы толькі і чакай, можа спаўзці ў снег. Хоць бы жывым давезці яго да якога санбата. Хоць бы паспець… Наш танк даганяе заднія ў калоне машыны, гойданне і штуршкі робяцца меншыя. Нечакана да мяне нагінаецца і гамоніць Сахно.

— Што?

— Кажу, прыедзем, пойдзеце са мной! — гучней крычыць ён проста ў твар.

— Куды?

— Няважна. Куды загадаю.

Ну вось табе і радасць! Не паспелі вырвацца з аднаго ліха, як наперадзе з’яўляецца новае. I, дзіўная справа, гэтыя скупыя словы Сахно ўражваюць тут куды больш, чым усе ягоныя пагрозы там, пад носам у немцаў. Тут ён — сіла, а я — слабак, тут ужо не пашлеш яго куды не трэба — мусіш падпарадкавацца.

Апанураны, я сяджу, прыхіліўшыся плячом да шархоткага боку вежы, і пазіраю ў хмыззё сланечніку, што зноў абступае дарогу. Напружанне мае волі спадае, я зусім абнядужаў за гэтыя суткі. Здаецца нават, што я адчуваю, як тоненька і балюча трымцяць, прагнучы якой-ніякой перадышкі, мае растузаныя нервы.

Ногі, аднак, угрэліся, і ў параненай ступні нібы мітусяцца мурашкі — зайшлася ці адыходзіць, не зразумееш. Затое мерзне рука на вежы. Я хачу пагрэць яе, і толькі расшпільваю кручкі шыняля, каб сунуць за пазуху, як грымотны перуновы выбух расколвае свет. Танк усхопліваецца на дыбкі і на момант нібы завісае ў паветры. Нейкая шалёная сіла адрывае мяне ад брані і шпурляе ў снегавое прадонне.

У першую секунду я не разумею, што здарылася, і, толькі адчуўшы пад сабой дол, няпэўна здагадваюся: міна?! Затым, выплюнуўшы з рота парушысты пякоткі снег, ускокваю сярод бадылёў на калені і зноў падаю. На дарозе, збоч ад яе і яшчэ недзе наперадзе начное сутонне рвуць агняна-чырвоныя выбухі.

— Гр-р-р-р-рах! Гр-рах! Грах-х-х-х…

Не, гэта не міна… Але тады што? Адкуль? У гарачцы я ніяк не магу ўцяміць. Я толькі адчуваю: мы папаліся! У тое ж імгненне мяне пранізвае спалох за Юрку. Спатыкаючыся аб гузакі, я кідаюся да танка. Ён стаіць наўскасяк дарогі. На вежы вёртка мільгае нечая постаць — хтось нібы выскоквае праз люк. I раптам сярод секунднае вусцішнасці да майго слыху даносіцца цяжкі, густа замешаны ў небе гул.

Бамбёжка…

Гэта жахліва! Такая светлая ноч. У стэпе хоць ты збірай іголкі, а тут, на дарозе, танкі. Ну ведама ж, чаго было чакаць? На што спадзявацца? Усё вельмі звычайна, інакш і не магло здарыцца…

Працяты трывогаю, я дабягаю да танка. Абсыпаны снегам, ён, аднак, цэлы. Зверху на ранейшым месцы раскінутыя ногі Юркі. «Нежывы!» — б’е ў голаў спалох. Я кідаюся да борта, каб узлезці наверх, і ледзьве не падаю, спатыкнуўшыся аб немца. Той курчыцца ў доле, прыціснуўшыся да апорных каткоў, абхапіўшы голаў рукамі. Нібы на мерцвяка, я прыступаю на яго спіну і ўзвальваюся грудзьмі на танк.

Зноў зверху абвальны грукат і віск. Але ў зорнай чарнаце не відаць нічога. Тады я зжахаюся, што не паспею, і недарэчна крычу немцу:

— Фрыц! Фрыц!..

Ён, відаць, разумее і зараз жа ўскідваецца да танка. Я хапаю за плечы Юрку. Немец, выцягшы знізу доўгія рукі, прымае на іх Юркава цела. Абодва яны зараз жа падаюць на снег. Ззаду, спераду і навокал расколваюць зямлю магутныя бомбавыя выбухі. Я не спраўляюся скульнуцца з танка, як самы бліжэйшы з іх праглынае мяне ў яркую, на паўнеба агняную прорву, і я з болем апынаюся дзесьці ў снезе. Аднак я цэлы. Я гэта адчуваю і зараз жа ўскокваю на чацвярэнькі. Толькі чамусьці я нічога не бачу — ні танка, ні Юркі. У вачах чырвонае ззянне, і ў ім чорны рой матылёў. На хвіліну я зусім бянтэжуся, не разумеючы, што са мной і дзе я?

Рукамі ў роспачы заграбаю снег, хапаюся за мёрзлы бадыль, кудысь паўзу. У рукавах да локцяў снег. Снег за каўняром, у вушах. А ў вачах — палыхае агняны змрок.

Новыя выбухі зноў кладуць мяне ніц. Пластам снегу завальвае спіну, галаву, ногі. Але я жывы і зноў ускокваю на калені. Нічога не бачачы, я ашалела кручуся на снезе, не разумеючы, куды падацца. I раптам непадалёк з цемры праразаецца штосьці яркае, нейкі агонь… Ага: гэта гарыць танк. Не, не наш, далей на дарозе. Спакваля зямля ў маіх вачах аддзяляецца ад неба. Змрок хутка радзее, я бачу закіданы зямлёй снег, чорнае неба і знаёмы сілуэт нашага танка. З раптоўнай палёгкай кідаюся да дзвюх недалёкіх постацей — немца і распластанага на дарозе Юркі.

Юрка ляжыць на баку. Я перш захінаю ягоныя полы і рыўком падсоўваю яго ацяжалелае цела бліжэй да гусеніцы. Пасля, прыпаўшы да яго, перажываю новую пакутна бясконцую серыю выбухаў. Яны цягнуцца вечнасць. Я чакаю, зацяўшы ў сабе ўсе эмоцыі — і страх і надзею, — намогшыся толькі на адно — стрываць. Выбухі, нават не верыцца, урэшце сціхаюць. Задыхаючыся ад трацілавай горычы, я некалькі секунд прагна хапаю ротам паветра і чакаю новага віску. Але яго нешта няма. Паўза зацішку ўсё большае, вісклівы звон у вушах мацнее. Невядома, ці гэта — цішыня, ці мо я аглох… Але вось наперадзе даносяцца невыразныя галасы, лаянка — здаецца, нешта крычаць ці, можа, камандуюць. Танк побач, нібы жывая істота, здрыгаецца ад матора. Няўжо ехаць?

Я нешта ўскрыкваю. Немец вёртка ўскоквае на танк. З усяе сілы напружыўшыся, я паднімаю Юрку. Немец з натугай узвалаквае яго за каўнер на браню.

I тут танк, люта зароўшы маторам, зрываецца з месца.

Крыўда і злосць, звіўшыся ў клубок, аднак, надаюць мне сілы. Танк мінае мяне, але я ў апошняе імгненне кідаюся ззаду ў гарачыя струмені яго выхлапаў. Лацвей пад рукі трапляе пятля троса. Я хапаюся за яе. Толькі яна нечакана падатна цягнецца, я грузна спаўзаю з брані і нейкі час роспачна валакуся ў дымнае гарачцы выхлапаў. Я хачу крыкнуць, ды ў грымоцці дызеля не чую свайго голасу. I раптам угары — сагнутая постаць немца. Ён нагінаецца і падхоплівае мяне пад паху. З яго дапамогай я ўзграбаюся на танк і знясілена распластваюся на жалюзях.

Немец моўчкі сігае да вежы, і я не дзякую яму. Мне, як ніколі за сённяшні дзень, хочацца крычаць, выць, лаяцца: што ж гэта робіцца? Але я маўчу. Побач ляжыць Юрка. Ягоная галава, матляючыся, б’ецца аб рог зацярушанай снегам скрынкі. Я адчуваю, як мной авалодвае абыякавасць. Да ўсяго. I так спакусліва ёй паддацца. Сахно, здаецца, ужо тут няма, мусіць, дастукаўся. Чорт з ім: у мяне ні радасці ад таго, ні смутку. Мне ўсе роўныя, нават немец. Толькі не Юрка. Крышачку аддыхаўшыся на брані, я з асаблівай вастрынёй адчуваю, што Юрка — мой вечны боль і мой непазбыўны клопат. Радней за яго ў мяне на свеце нікога няма. Устаўшы на калені, я падсоўваю сябра да вежы і тады ў нейкай незвычайна абвостранай да яго чуйнасці здагадваюся: ён стогне. Значыць, яшчэ жывы.

Гэта кранае мяне да слёз, акрыляе, як шчасце. Занадта вялікаю душэўнай цаной аплочана яго жыццё, каб цяпер пагадзіцца на яго пагібель. Я нахіляюся над Юркам, павекі яго ўздрыгваюць і шэры, васковы твар ажывае.

— Юрка!.. Юрачка!.. Юр!.. — крычу я, не ведаючы, што сказаць, чым суцешыць яго. Але я бачу, ён пазнае мяне. Толькі ён не ўсміхаецца, як раней, а скошвае позірк убок і секунд пяць, нібы напружана згадваючы штось, глядзіць угору на месяц. Відаць, ён толькі што апрытомнеў і яшчэ дужа знямоглы. Вусны яго, аднак, слаба варушацца, я нізка нахіляюся вухам, — здаецца, ён штосьці пытаецца.

— Усё добра! Усё добра, Юра! Хутка прыедзем!

— …куды?

— Куды едзем? У шпіталь, Юра! У Знаменку! Там армейскі шпіталь, ты ж ведаеш! — апантана хлушу я. Вядома ж, ён цяпер слабы, як дзіця, і я хачу аберагчы яго ад труднае нашай праўды. Хай ён не ведае яе і не трывожыцца. Так будзе лепш.

Нас рэзка кідае ўбок, я хапаюся за вежу. Побач палае разварочаны бомбаю танк. Груда агнянага жалеза заняла ўсю дарогу; крутымі рыўкамі мы аб’язджаем яе. А там гарыць снег, гарыць гума каткоў, гарыць браня. У каляінах перакруціліся гусеніцы, за канавай ляжыць сарваная выбухам вежа. У паветры гар, дым, смурод. Навокал дарогі густыя вывараціны мёрзлай зямлі і скрозь — глыбачэзныя прорвы варонак. Я з асцярогай пазіраю ў неба, ці не ўдараць яшчэ? Няўжо яны адчапіліся ад нас?

На вежы лязгае люк. Мусіць, каб лепш бачыць дарогу, адтуль вылазіць чорная постаць у шлеме. Чалавек азіраецца на вогнішча і дужым голасам крычыць нам:

— Ну што? Цэлыя?

— Цэлыя, — адказваю я, хоць ён ці чуе мяне.

— Ну-ну! Трымайцеся! Гэта вам не пяхота-матухна. Танкі!

Пайшоў ты са сваімі танкамі, думаю я. Лацно табе ў гэтай сталёвай скрынцы… А вось як нам? Але я не паспяваюшто-небудзь адказаць, як на вежы варушыцца другі люк і з яго невысока вытыркаецца ссунутая на бок кубанка. Сахно?..

Так, Сахно. А я ўжо думаў, што ён прапаў. Але, ён не прападзе! Ён адразу акідвае нас маўклівым позіркам, нібы лічыць, і, відаць, задаволены тым, што ўсе на месцы, адварочваецца, каб глядзець наперад.

Толькі доўга глядзець гэтым двум з люкаў не выпадае. Я, мабыць, першы заўважаю, як у зорным небе нібы штосыді мільгае, ці, можа, мне толькі здаецца так. Але зараз жа абапал дарогі ў снезе зноў вырастаюць некалькі высозных выбухаў. Праўда, у гэты раз яны быццам слабейшыя, чым раней. Можа, таму, што рвуць далей? Я дзёўбаюся галавой аб браню. Побач разгоніста лязгаюць люкі. Танк прыбаўляе газу.

Як мага ніжэй мы ціснемся да брані. Танк шалёна імчыць, і мы ледзьве ўтрымліваемся наверсе. А наўкола пачынаецца пекла. Зямля перамешваецца з небам, гаснуць усе да адной зоры. Над дарогай, густа начыненая асколкамі, бушуе снежна-земляная віхура. Я пластам ляжу на брані, цесна падбіўшыся пад выступ вежы, і аберуч трымаюся за Юрку. Я ўжо разумею, што яны не адвяжуцца. Мусіць, яны даканаюць нас. Але будзь што будзе, абы толькі не скінула з танка! Хай б’е разам — чорт з ім! Калі суджана гінуць ад адной бомбы — не страшна. Не такое яно, наша жыццё, каб за яго столькі пакутаваць. Гінуць і не такія!.. Так думаю я, бадай што ў роспачы. I ўсё ж пакутна і страшна чакаць таго моманту, калі ў тваё цела лясне зазублены сталёвы чаранок, здольны перабіць рэйку.

У паветры суцэльны перуновы гром. Выбухі, грукат танкаў, бомбавы віск, скогат асколкаў. Добра яшчэ, што нас з аднаго боку прыкрывае вежа і наша машына апошняя. Дастаецца болей пярэднім. Але перападае і нам. Асабліва з бакоў. На Юрку ляцяць буйныя трэскі ад бервяна. На вежы з таго боку, дзе немец, ярка пыхае, нібы электразамыканне. Бліскае другі раз ужо зусім побач — ля майго пляча… З незвычайнай, амаль фізічнай выразнасцю я адчуваю жахлівую мяккасць майго цела. Як проста яго пранізаць, прабіць, расшкуматаць. Раз за разам асколкі высякаюць з брані пякоткія іскры, пырскаюць на нас акалінай. Але танк, малайчына, не спыняецца. Ён імчыць па дарозе, часам збочваючы. У адным месцы абмінае нерухомую, мусіць, падбітую машыну з адкінутымі люкамі і вялікай дваццаткай на вежы і рэзка тармозіць. Некалькі чалавек чапляюцца за барты, за трос і ўвальваюцца да нас. Я баюся, што затопчуць Юрку, яны і сапраўды не дужа асцерагаюцца. Адзін з іх паранены і сціскае пальцамі акрываўлены бок. Другі, што ў расшпіленай ватоўцы, лаецца і, узлезшы, адразу запускае аўтаматную чаргу ў неба.

— Агонь! Усім агонь! Чаго сагнуліся? Агонь! — крычыць ён на нас з немцам.

Танк кідаецца з боку на бок, я адною рукой зноў хапаюся за скабу на вежы, а немец разам з усімі пачынае гахаць у неба. Я не адразу цямлю, што ў яго — мой карабін, я толькі слаба дзіўлюся: па сваіх? Але неўзабаве разумею, што тут ужо не да меркаванняў маралі, палітыкі — тут бой, і трэба абараніць сваё жыццё.

Яны то бязладна, то залпамі б’юць па-над дарогай, і, мабыць, нікому не ў знак, што крайні ля іх — немец. I я маўчу пра тое — хай страляе. Цяпер я не баюся, што ў яго зброя. Я амаль упэўнены: нам ён благога не зробіць.

Я страчваю адчуванне часу і не ведаю, колькі прадаўжаецца бамбёжка.

I ўсё ж у нейкую хвіліну самалёты ад нас урэшце адвязваюцца. Робіцца нібы аж ціха, і ў гэтай цішы — скрыгочуць гусеніцы і выюць маторы танкаў. Мусіць, хутка зоймецца ранне, неба робіцца асабліва чорным. (Праклятае начное неба, ад якога мы столькі стрывалі сёння!)

Пад ранак дзевяць танкаў уязджаюць у нейкае вялікае, па-начному пустое сяло.

Я думаю, што мы яго хутка праскочым і дзе-небудзь нарэшце далучымся да перадавых часцей. Але танкі чамусьці збочваюць да плятнёў і па адным спыняюцца.

Сонная глухая цішыня б’е ў вушы. Абнадзейвае і азадачвае. Што далей?


27


Нас ссаджваюць з танкаў і зводзяць у адно месца на вуліцы. Набіраецца чалавек з дзесяць — здаровых, што ўначы прыбіліся сюды з іншых часцей, і параненых. У тым ліку трое цяжкіх — Юрка, адзін аўтаматчык з прастрэленым жыватом і ўсё той жа лётчык. Дзіва, які ён жывучы — мабыць, перажыве ўсіх! На шчасце, з намі зноў Каця. Грубавата прыкрыкваючы, яна адразу распараджаецца перанесці ляжачых у хату.

Астатнім загадана чакаць, і мы моўчкі стаім пад глухой, пакрэмзанай вугалем сцяной мазанкі, пакуль ад першых у калоне танкаў хуткім крокам да нас не падыходзіць знаёмы падпалкоўнік. З ім поплеч Сахно. Пусты рукаў капітанскага паўшубка лёгка целяпаецца ля боку.

— Ну як, арлы? Далі жару? — жвава пытаецца падпалкоўнік і сам сабе адказвае: — Далі, сволачы! Лепшыя экіпажы ўгробілі. Значыць, так: далей пойдзеце самі. Мы павяртаем контратакаваць. А вы да Лялекаўкі. Восем кіламетраў. Ясна?

Мы ўсе маўчым. Восем кіламетраў — не многа, але пры той умове, калі здаровыя ногі. А калі прастрэленыя? Ды яшчэ трое цяжка параненых? Як іх дацягнеш? Толькі пра што пытацца — і так дзякуй гэтаму чалавеку за яго добрасць. Не пакінуў, як іншыя — выхапіў амаль з-пад агню. Цяпер у яго свой клопат.

— Ну, ясна не ясна — нічога не папішаш! З сабой я вас не вазьму. Самі разумееце. Тут заставацца не раю. Раніцай яны зноў удараць. — Падпалкоўнік махае рукой па дарозе. — Дык так: старшы вось гэты капітан, — ківае ён на Сахно. Той моўчкі пераступае на снезе. — Ён павядзе.

«Здорава!» — думаю я. Усё жыццё марыў мець такога старшага. Лёс ці д’ябал нібы насміхаецца з мяне. Але чорт з ім. Хай вядзе. Камандзіраў, на жаль, не выбіраюць. Паглядзім, як прывядзе. Падпалкоўнік паварочваецца і рухава крочыць да пярэдніх машын, якія ўжо заводзяць маторы. Зараз жа па адной яны пачынаюць зрывацца з месца, і неўзабаве мы застаемся адны. Месяца ўжо няма, угары гаснуць зоркі, цьмее няроўная паласа Млечнага Шляху. Здаецца, пачынае світаць. Нязвыкла ціха і пустэльна робіцца на вуліцы гэтага маўклівага сяла, у хацінах якога дзе-нідзе ўжо слепа асвечваюцца вокны.

Калі танкавы грукат на вуліцы глохне, да нашай прымоўклай кучкі падступае Сахно.

— Так… Усе тут? Раз, два, тры, чатыры, пяць…

— Трое цяжолых у хаце, — кажа нехта з параненых. Сахно адразу пакідае лічыць.

— Чаго гэта ў хаце? Ану, усіх сюды!

Некалькі чалавек здаравейшых, рыпучы снегам, ідуць цераз вуліцу ў хату і неўзабаве вывалакваюць адтуль двух. У адным я яшчэ з вуліцы пазнаю Юрку. Яго нясе немец і танкіст у ватоўцы — камлюкаваты, плячысты хлопец, відаць, адзін з нямногіх, каму ноччу пашэнціла, страціўшы танк, застацца ў жывых. Лётчыка нясуць двое разведчыкаў у белых падраных маскхалатах, якіх падпалкоўнік далучыў да нашае групы. Ззаду іх ідзе Каця. Сахно нецярпліва ступае насустрач.

— Та-ак… А дзе трэці?

— Там, — кідае на хату Каця. — Не варта чапаць.

— Гэта чаму?

— Чаму, чаму… Безнадзейны. Даходзіць.

Сахно хвіліну маўчыць, відаць, нешта рашае, а пасля азіраецца і ківае на мяне:

— Ану, давайце па трэцяга!

— Я не магу.

— А калі цераз «не магу»? Я загадваю.

— Што яго браць? — агрызаецца Каця. — Памірае чалавек. Што яго мучыць?

— Не ваша справа. Бярыце параненага! — ледзяным тонам загадвае Сахно, стоячы ў насунутай на лоб кубанцы і задзірыста выставіўшы наперад квадратны свой падбародак.

Каця ўпаўголаса кідае да яго нешта абразлівае і вяртаецца ў падворак. За ёю кульгікаю я.

Паранены, увесь мокры ад поту, нерухома ляжыць на ложку. Над яго галавой гарыць газнічка. Ля парога з гаротным, мокрым ад слёз тварам хутаецца ў кажушок напалоханая жанчына.

— Ой, дзетачкі! Ой, лышанько! Куды ж вы ёго? Він жа такі слабы…

— Ану, пастараніся, цётка, — безуважна да яе гаманы кажа Каця і прыўзнімае небараку— Дайце якое радно.

Пакапаўшыся ў рыззі, гаспадыня рассцілае на падлозе нейкую пасцілку, і мы перакладаем на яе параненага. Але ён распрануты, увесь у бінтах і без шыняля, як яго несці?

— Цэ ж він замэрзне, загубіцца!.. Ой, у ёго ж матуся е дзесьці, — ледзьве не галосіць жанчына і скідае з сябе кажушок. — Натэ, ухутайце, усё тэплішэ будэ.

Цётка пачынае свяціць над галовамі газнічкаю, Каця хутае аўтаматчыка ў паўшубак і незнарок наступае на маю нязграбную аббінтаваную нагу. Я ледзьве не падаю ад болю.

— Яшчэ не адмарозіў? Ну, дык адмарозіш! — зацята абяцае Каця. — I гангрэна яшчэ насядзе. Чакай! — I раптам са злоснаю нястрыманасцю гукае: — Ану, рвані! Годзе корчыцца.

Наступіўшы нагой на рукаў кажушка, яна спрабуе яго адарваць, але не можа і кідае ў мае рукі. Я рву мацней, яна прытрымлівае, і рукаў урэшце з трэскам адрываецца.

— Ой, што ж вы робытэ? Што вы ірвэтэ маю адзежыну! Каб вам рукі адірвала, ногі папераламала! — раптам сварліва прыгаворвае жанчына.

Каця строга прыкрыквае на яе:

— Замаўчыце! Вам не ўсё роўна? Таго шкада, а таго не.

— Нялюдска ты людына! Лайдачка. Моя світка, што вы наробылы!

Чорт, звязаліся яшчэ з гэтай кабетаю! Раскрычалася, быццам яе хто падмяніў… Мне няёмка і хочацца кінуць ёй і рукаў і кажушок, абы адчапілася. Але Каця, не зважаючы на сварку, загадвае:

— Во і нацягвай. Цёпла і мякка будзе. На марозе дзякуй скажаш.

Я маўчу, зацяўшы ў душы няёмкасць, і моўчкі дзякую гэтай агонь-дзяўчыне. Акалелай назе ў рукаве сапраўды робіцца ўгрэўна і мякка, трохі, праўда, нязграбна, але не бяда. Галоўнае цёпла. Да болю я ўжо прытрываўся.

Мы выносім чалавека на вуліцу, дзе нас чакаюць, і Сахно нецярпліва падыходзіць да Каці.

— Усе?

— Усе.

Капітан яшчэ раз акідвае байцоў працяглым маўклівым позіркам (напэўна, лічыць) і, нічога не сказаўшы, ідзе ўсё ў тую ж хаціну. Калі крокі яго сціхаюць, Каця апускае параненага на снег.

— Гад!

Я не пытаюся — я ўжо ведаю, пра каго яна гэта. I я маўчу, бо сам гэткай жа думкі аб нашым начальніку. Цяпер — я ведаю — ён пайшоў правяраць, ці не застаўся там хто. Нам ён не верыць. Ну і якраз дарэчы, там расплачацца тая кабета, будзе скандал. I сапраўды, неўзабаве вярнуўшыся, Сахно строга аб’яўляе:

— Вось што! Без майго дазволу ў хаты не заходзіць! Кожны адказвае за сябе і за суседа таксама. Параненых не пакідаць. Што б там ні пагражала. Насельніцтву залішне не давяраць.

— Ды ўжо ж?! — упаўголаса сумняваецца нехта ззаду.

Сахно, аднак, пакідае рэпліку без адказу.

— Калі ў выпадку прыпячэ, жывымі не здавацца. Ясна? Зброя ёсць? У каго няма — я памагу. Слабанервовым таксама. Пытанні будуць?

— Ясна. Не на лекцыі. Хутчэй трэба, — кажа танкіст.

— Гэта не лекцыя! — змрочна аб’яўляе Сахно. — Гэта загад. I я патрабую яго выканання.


28


Гарбацюк выбягае з залы і як быў, у пінжаку і без капелюша, кідаецца ў другія дзверы, на выхад. Але дзверы зачынены, ён рэзка тузае іх, і тады з-за перагародкі выходзіць з ключом швейцар, які яго выпускае.

Я здзіўляюся, што гэта там здарылася? Чаму ён не апрануўся і нават не азірнуўся? Можа, не разлічыўся? Уцёк, ці што? Але тады, мусіць, узяў бы паліто і капялюш.

Я ўжо крыху адышоў ад свае раптоўнай знямогі і заклапочана вяртаюся ў залу. Адразу з дзвярэй бачу, як моладзь з-за стала павяртае галовы ў мой бок. Усе глядзяць на мяне. Там жа, чакаючы, стаяць дзве афіцыянткі. Калі я падыходжу да свайго стала, адна таропка выдзірае з блакнота старонку.

— Адзінаццаць трыццаць з вас.

Аказваецца, ён не разлічыўся. Я адлічваю палавіну. У кішэні ў мяне застаецца траяк, акурат на дарогу. Афіцыянтка незадаволена скошвае позірк.

— А вы не разам?

— Не. Не разам.

— Піць дык разам. А плаціць…

Яна адыходзіць, пакідаючы ва мне брыдкае адчуванне вінаватасці. Звязаўся на сваю галаву… Трэба было…

Сядаць за гэты стол мне болей не хочацца. Мусіць, трэба ісці адсюль зусім. Перахапіўшы мой позірк, за суседнім сталом павяртаецца Ігар.

— Ну і таварыш у вас! Выліты перажытак мінулага.

— Па міліцыю пабег, — па-сяброўску, як саюзніку, усміхаецца Эрна. — Зараз прывядзе. Пасядзіце з намі.

Так яно і павінна здарыцца. Гэта зусім лагічна. Старая звычка ўзяла верх. Але чорт яго бяры! Хай вядзе міліцыю…

— Сядайце, сядайце! — запрашаюць дзяўчаты і Ігар.

Я сядаю збоч ля стала між Эрнай і бландзінкай з густа пачэрненымі вейкамі. Гаварыць мне нічога не хочацца — толькі слухаць. Яны ўсе ўзрушаны інцыдэнтам, але, здаецца, ніколькі не трацяць свае бесклапотнай жартоўнасці.

— Ледзь не пабіўся з Ігарам, — паведамляе Эрна.

Суседка з другога боку пытаецца:

— Ён ваш саслужывец? Ці былы аднапалчанін?

— Аднапалчанін, — падумаўшы, кажу я.

— Сволач ён!

Ігар прыўстае і цягнецца да мяне з бутэлькай.

— Прыдраўся, нібы я ягоныя планкі сарваў. А я не бачыў у яго ніякіх планак. Ці былі хоць у яго якія планкі?

— Не ў планках справа.

Ігар налівае мне палову бакала.

— Ладна, чорт з ім! Хай вядзе. Давайце лепш вып’ем. А то пасадзяць яшчэ.

Эрна за сталом аж падскоквае і пляскае ў далоні.

— Ой, гэта здорава! Я буду табе насіць перадачы, Ігарочак! Мядовы месяц у турме.

— Паўмесяца, — кідае крайні ў чорным гарнітуры. — Пятнаццаць, болей не дадуць.

— Гледзячы чаго? Сутак ці год?

— Чорта з два — год!

Я ціха сяджу, як госць на чужым свяце, і пачынаю ўсміхацца. Мне добра. А яны нястрымна радуюцца чамусьці, як дзеці. Хоць, вядома, даўно ўжо не дзеці, асабліва Ігар. Рослы, рукасты, шырокай касці дзяцюк. I ўсё ж мне ў два разы болей, чым кожнаму з іх. Мы розныя пакаленні. Розны жыццёвы вопыт, адукацыя ды, мабыць, і адносіны да таго, што тут адбылося. I тым не менш, я іх разумею. Яны блізкія мне пазіцыяй. А гэта галоўнае.

— Ну, дык узялі! — Ігар паднімае бакал і, заўважыўшы маю нерашучасць, тлумачыць: — Ёсць маленькі повад: мы з Эрнай жэнімся.

— Вось як! Ну, віншую!

— Дзякуй! — Ён левай рукой лагодна прыгортвае да сябе нявесту. — У гадавіну Перамогі. Так сказаць, па сямейнай традыцыі. Як дзеці ваенных бацькоў. У Эрны — генерал-лейтэнант. У мяне — проста лейтэнант. Невялічкая розніца.

— Амаль ніякай, — устаўляе Эрна і нецярпліва прыгубляе бакал.

Я па справядлівасці ацэньваю дасціпнасць яе іроніі. Трапяткі, рухавы, нібы жывое срэбра, твар гэтай дзяўчыны тоіць столькі стрыманай гуллівасці, што аж не верыцца ў сур’ёзнасць іхняга намеру.

— А дзе ж… вашы бацькі-лейтэнанты? Ці вы без іх?

— На жаль, без іх, — коратка ўздыхае Ігар і, разліўшы ў бакалы рэшткі віна, сядае. — Лейтэнанты далёка. Яе пад Харкавам, мой у Дзямянску. На вечнай прапісцы.

У першы момант я не знаходжу, што адказаць. Гэта не весела. Гэта вельмі і вельмі нават журботна. Толькі сваю журбу яны, напэўна, даўно перажылі, і пасля паўхвіліннае паўзы Ігар паднімае бакал.

— Ну, дык салют!

— Ну што ж! За ваша шчасце, лейтэнанцкія дзеці! — кажу я.

Нешта тужліва-светлае шчымлівай добрасцю запаўняе мае пачуцці. На хвіліну я забываюся і на Сахно, і на Гарбацюка, і на ўсе мае сённяшнія турботы.

Усе за сталом патроху выпіваюць. Ігар адстаўляе бакал і нервова разгортвае цукерку.

— Толькі той дурань вечар сапсаваў. Усё ішло ладна…

— Нічога. Гэта яшчэ не самае горшае…

Аднак я не спраўляюся даказаць думку, як побач ускокваюць дзяўчаты.

— Вунь ідуць! Ідуць! Дзевачкі, два міліцыянеры! Адзін, глядзі, які бравы! Сімпацяга!

Па праходзе да нас сунецца Гарбацюк. За ім, трохі прыадстаўшы, са службовай важнасцю на тварах ідуць два міліцыянеры ў белых кіцелях і чырвоных фуражках. Пярэдні даволі пажылы ўжо, з маршчыністым тварам дзядзька, задні ж — сапраўды сімпатычны хлопец. Гарбацюк спыняецца ля нашага стала і паварочваецца да міліцыянераў.

— Вось, калі ласка! П’яныя. Нахабства, хуліганства і ўрэшце палітычныя выпады. Вунь той. I гэты ў чорным. Старшына міліцыі афіцыйна-бясстрасным позіркам акідвае ўсіх за сталом, аглядае бутэлькі, даўжэй затрымліваецца на мне.

— Так. Папрашу названых грамадзян прайсці ўслед за намі.

За сталом ускоквае Эрна. Устаюць дзяўчаты і хлопцы.

— А мы?

— Вы можаце заставацца.

— Не. Калі забіраць, дык усіх. Я Ігара аднаго не пушчу! — рэзка аб’яўляе Эрна.

Я таксама ўстаю.

— Усё ж яны — сведкі. Калі ўжо весці, дык разам.

Гарбацюк працінае мяне ненавісным позіркам.

— У сведкі вы не набівайцеся. Вы мне таксама адкажаце. За знявагу.

— Ах, за знявагу! Ну што ж! Я гатовы! Пайшлі!

Я першы выходжу з-за стала. За мной іншыя. Малодшы міліцыянер праходзіць наперад. Уздоўж сталоў мы ідзём да дзвярэй. З усіх бакоў да нас павяртаюцца людзі. Аднекуль чуецца:

— Дастукаліся!

— Хуліганнё!

— Туняядцы!

— Можа, валютчыкі!

Сцяўшы ў сабе няёмкасць, мы як найхутчэй праходзім каля швейцара, спускаемся па прыступках. Пярэдні міліцыянер услужліва расчыняе нам дзверы, ад якіх спалохана кідаецца жанчына. Дзяўчаты ззаду ціхенька пырскаюць смехам. Ігар, аднак, выдаўлівае на шчоках жаўлакі. Наогул, гэта не смешна.

Мы выходзім на плошчу.

Ва мне ўсё кіпіць. Я ведаю, што прычын для сур’ёзных вынікаў ніякіх няма. I я не баюся міліцыі. Але сам факт гэтага прыводу амаль пад канвоем абурае да глыбіні душы. Я бачу помсту. Дробязную, недарэчную, подлую. I я прагну кары. Толькі да кары яшчэ далёка. Яшчэ невядома, як паставяцца да нас у міліцыі. Невядома, хто там. А раптам гэткі ж былы старшыня трыбунала?

Міліцыянеры праводзяць нас праз службовы ход і спыняюцца ля дзвярэй з таблічкай. Старшына павяртаецца да ўсёй групы.

— Усім не заходзіць. Толькі вы, вы, вы і вы, — ківае ён мне, Ігару, хлопцу ў чорным і Гарбацюку.

Эрна хапаецца за Ігараву руку.

— I я таксама.

— Прашу астацца.

— Не астануся. Ён мой муж! — выпальвае яна тонам найвялікшае важнасці.

— Гэта няважна.

— Не, важна!

— Так? Тады прашу! Астатнія свабодны.


29


Мы доўга яшчэ брыдзем прыціхлаю вуліцай, пакуль выходзім з сяла.

Тым часам настае ранак. Неба канчаткова растварае ў сабе світальную рэдказорную сінь і святлее. Гаснуць дробныя зоркі. З шэрага сутоння выступае пярэстая сельская аколіца. Ля мастка цераз ручаіну стаіць збочаны, з адкрытымі люкамі танк, падбіты ці пакінуты — не зразумееш. Далей, востра смердзючы разлітым па снезе бензінам, валяюцца два перакуленыя матацыклы з каляскамі. Яшчэ далей, на ўзбочыне горбіцца бок конскага трупа з утаптанай у снег грывай. Ля дарогі некалькі чорных аграмадных варонак — значыць, і тут бамбілі. Тут пачынаецца поле, вялікае гэта сяло скончылася. На высокім слупе тырчыць указальнік з чорным гатычным надпісам: «Gruskoe».

Разам з танкістам і Кацяй я нясу Юрку. Мой сябар ціха гойдаецца на трохкутнай нямецкай палатцы і нават не стогне. Мне чамусьці здаецца, што ён проста стаміўся і спіць. Прынамсі, вельмі хочацца, каб было так. Хай паспіць яшчэ, хай! Бо што я скажу яму, калі ён ачнецца? Чым абнадзею яго, калі сам не ведаю, дзе мы і куды ідзём.

Дарога за сялом крута загінаецца па схіле ўгору. Наматаўшы на руку парусінавы рог палаткі і вельмі ашчаджаючы параненую нагу, я марудна шкандыбаю ў каляіне. З другога боку валюхае танкіст — чорны, як грак, чубаты хлапчына ў прамазучанай целагрэйцы. На ягонай галаве — камандзірскі, на футравай падкладцы танкавы шлем з шлемафонам, провад якога целяпаецца на плячы. Дарога на пад’ём добра ўпарыла танкіста, хлопцу душна, і ён усё спіхвае шлем на патыліцу. А ў мяне ўжо, мабыць, адмерзла галава. Хочацца папрасіць шлем, ды ці варта: не дасць. Каця прытрымлівае палатку ззаду. Двое разведчыкаў наперадзе валакуць дахадзягу аўтаматчыка. Ззаду за ўсімі, дужа сагнуўшыся, нясе на сабе бездапаможнага лётчыка немец. Гэта яго прымусіў Сахно. Дарэчы, інакш і не панясеш — няма каму. I лётчык, відаць, зразумеўшы нешта, ужо не патрабуе, як раней, забіць немца. Прыціхлы, ён цярпліва сядзіць у таго на спіне, абхапіўшы забінтаванымі рукамі-култышкамі доўгую немцаву шыю. Адзін толькі капітан улегцы крочыць збоку. Але ён таксама паранены, ну і да таго ж — начальства…

Урэшце невялічкая наша група ўзбіраецца па пагорку на стэпавую разлегласць і спыняецца. Не згаворваючыся, мы разам кладзем параненых на снег і знямогла падаем побач. Сахно трохі марудзіць, але пагаджаецца:

— Пяць хвілін!

Мой напарнік-танкіст, шырока расставіўшы ў каляіне свае кірзачы, з лёгкаю зайздрасцю кажа пра яго:

— Строгі!

— Дурны, а не строгі, — папраўляе Каця.

Лежачы на баку, яна клапатліва захінае на Юрку паўшубак. Юрка дробненька дыхае. Танкіст павяртае да яе голаў.

— Ну, чаму? Не ведаю, як хто, а я люблю строгіх. З імі ў баі лягчэй.

— Нядоўга ты, мусіць, у баі быў, — кідае Каця. Танкіст зноў збочвае разгарачаны твар. Вочы яго хмурнеюць.

— Ды ўжо ж, мусіць, больш за цябе. З-пад самага Курска газую.

Каця іранічна хмыкае:

— З-пад Курска! Ваяка! Ты б у сорак першым пагазаваў! Або ў сорак другім! Лацно цяпер газаваць…

— Ты ўжо з сорак першага? — недаверліва азірае танкіст дзяўчыну.

— А ты што ж думаў? Са жніўня сорак першага. Пабачыла такіх вас. Строгіх і ласкавых.

— Яно і відаць! — хітравата зазначае танкіст і адным вокам падміргвае мне.

Я, аднак, не падзяляю ягонай іроніі — Каця для мяне ўжо набыла сваю асаблівую годнасць, якую не можа прынізіць нічога з таго, што ён мае на ўвазе.

Зрэшты, мне не да размоў. Я ўжо адчуваю, што сілы мае канчаюцца. Баюся не вытрываць. Мокрая ад поту спіна пачынае люта мерзнуць, а ў грудзях па-ранейшаму ўсё гарыць ад знямогі. Зноў жа — нага. У ступні быццам тузае хто за які нерв: нага на снезе сама па сабе прыкметна торгаецца. Болю ў ёй, аднак, я не чую, сцюжы таксама. Яна паступова робіцца мне чужой. Гэта, ведаю, кепска.

Здаецца, мінае ўжо болей за пяць хвілін. Хлопцы зморана сапуць, разваліўшыся ў доле. Я пазіраю наперад, дзе сядзяць двое разведчыкаў, і думаю: хоць бы ўжо канаў хутчэй той іх аўтаматчык. Можа, гэта подла — жадаць смерці таварыша, але інакш мы тут, пэўна, засядзем. Аднак там, здаецца, штосьці адбываецца. Адзін разведчык нешта капошыцца над бедалагам і неўзабаве гукае Кацю:

— Эй, сястра. Глянь-ка сюды…

Каця стомлена ўстае на адну нагу, потым на другую і з заснежанай палою ідзе да разведчыкаў. Да іх жа падыходзіць Сахно. Яны там яшчэ нешта калупаюцца, але і так ужо зразумела: аўтаматчык сканаў. (Варта было цягнуць з сяла.) I я з надзеяй на нейкую палёгку пазіраў туды. Побач, бы прысмак, грызучы грудку снегу, паварочваецца ў каляіне танкіст. Нават апатычнага, знямоглага немца кранае клапотная цікаўнасць, і ён прыўзнімаецца з дарогі. Што ж, можа, так лепей.

Толькі што гэта час ад часу гудзіць? Нібы дзе недалёка прагазуе і сціхне матор. У сяле ці далей? Можа, аднак, дзе ў стэпе? Я ўглядаюся ў крывізну сельскіх вуліц, але там нічога падазронага не відаць. Праўда, дальні канец сяла хаваецца за паваротам балкі. Ці не падыходзяць ужо туды немцы? Я напружваю слых, толькі гул неўзабаве глухне. А можа, гэта мне здаецца так ад ператомы?

Тым часам над сялом, над шырачэзнаю балкай і стэпам у ранішняй марознай смузе ўзыходзіць сонца. Нейкае яно сёння надзвычай вялізнае і чырвонае. Проста дзівосна бачыць такі яго ярка-крывавы шар, які нетаропка выкочваецца з-за краявіду і неўпрыкмет сунецца ўвысь. Небакрай на ўсходзе таксама чырвоны — шырока і густа заліты нейкай мутнай, слаба падсветленай чырванню. Штось нядобрае тоіцца ў сённяшнім усходзе… Нешта трывожна-вусцішнае нараджаецца разам з днём і гняце. Я не ўмею асэнсаваць свайго адчування, але нейкая тужлівая прыкрасць завалодвае маім пачуццём, і я ведаю: гэта не к дабру.

Я стараюся зацяць у сабе трывогу і пазіраю на Юрку. У высока паднятым каўняры паўшубка знерухомеў на снезе ягоны засяроджана-знямоглы твар. Юрка ўсё ў непрытомнасці, і калі б не рэдкія ціхія стогны, здаваўся б зусім нежывы. Танкіст спакойна хрумстае сабе снег, бы нічога асаблівага навокал няма. Я ж прыслухоўваюся да галасоў тых, ля аўтаматчыка, і разумею: Сахно загадвае несці нябожчыка далей. Разведчыкі ж аднекваюцца. Каця маўчыць. Вядома, нягожа пакідаць яго на дарозе, але і мы не жалезныя… Я ўстаю і, больш чым дагэтуль кульгаючы, падыходжу да капітана. Сахно, адкінуўшы палу паўшубка, засоўвае ў кішэню дакументы памёршага.

— Трэба пра жывых болей падумаць!

Сахно крута павяртаецца да мяне і высока ўскідвае няголены свой падбародак.

— Гэта вы пра што?

— Пра тое, што чулі. Хай байцы бяруць малодшага лейтэнанта.

— Вашага сябра?

— Сябра. Ну і што ж? Або таго, — ківаю я ў бок лётчыка, які цярпліва скурчыўся ля немца.

— Што, немца шкада?

— Не шкада, а брыдка.

— Ах, брыдка! А я думаў, шкада. Спачуванне, так сказаць, — сцяўшы квадратныя пашчэнкі, кпліва цэдзіць Сахно. I раптам уладарна загадвае разведчыкам: — Узяць труп!

Спатнелыя і стомленыя, разведчыкі пераступаюць з нагі на нагу. Запэцканыя і падзёртыя іх халаты падпяразаны скуранымі нямецкімі дзягамі. I раптам у аднаго ля спражкі я бачу знаёмыя гранаты. Так і ёсць: выскраблены чымсьці вострым надпіс «Коваль М.». Я не магу ўтрымаць здзіўлення і раблю крок да разведчыка.

— Слухай, ты дзе іх узяў?

Замест таго каб адказаць, разведчык чамусьці тузае галавой, хіліцца, хіліцца да мяне і раптам усім целам грузна валіцца на дарогу. У наступнае імгненне, не паспеўшы здзівіцца, я таксама падаю. У паветры над галовамі праносіцца блізкая чарада куль: «Жві-у, жві-у, жві-у…» Немцы?

Я тут жа крута перакідваюся тварам назад — ну, вядома ж, мы праваронілі — у сяле немцы! Чатыры ці пяць аўтамашын або транспарцёраў (а можа, і танкаў) сунуцца па вуліцы, і з пярэдняй у наш бок джгаюць бляклыя ўранку трасы.

Зразумеўшы ўсё, я рыўком кідаюся да Юркі. Побач усхопліваецца з долу танкіст. Ззаду да нас падбягае Каця. Танкіст азіраецца і ашалела лаецца нядобрымі словамі:

— Гад, здурнеў, ці што? Пэўна ж, свой…

— Свой! Знайшоў сваяка! Трымай палатку! — крычыць Каця.

— Бягом! Бягом! — крычыць зводдаль Сахно (ці, можа, разведчык).

Мы ўтрох нязграбна хапаем Юрку, але яго цела тут жа спаўзае з вузкай палаткі на дол. Новая чарга пырскае ў вочы снегам. Каб затуліцца ад куль, я рэзка пхаю сябра ў каляіну, дзе глыбей, і звальваюся туды сам. Калі чарга мінае, ускочыўшы, падхопліваю Юрку пад паху. Побач узнімаецца з долу танкіст. Усё лаючыся, ён рэзка рве яго за другую руку, ногі падбірае Каця. Над галовамі зноў імпэтна праносіцца агняны струмень, але міма. Здаецца, мы цэлыя. Адчуванне маё прытупляецца, у гарачцы дубее развага, і адзінае, амаль падсвядомае імкненне вымушае: «Хутчэй!» Я ўжо не азіраюся, уся мая ўвага скіроўваецца толькі наперад. Сахно і разведчык, прыгнуўшыся, далёка бягуць па дарозе. За імі цягне лётчыка немец. Другі разведчык ляжыць між каляін побач з трупам аўтаматчыка. Вядома, тыя іх кінулі. Але і нам няма як затрымлівацца — хутчэй! Хоць бы якіх сто крокаў за пагорак — там бы мы захінуліся.

Чэргі б’юць то пад ногі, то праносяцца паўз галовы, вецер абдае снегавым пылам. Мы ўскокваем і зараз жа падаем, але з усіх сіл валачом Юрку. Урэшце, каторы ўжо раз распластаўшыся ў каляінах, бачым — схаваліся. Сяла не відаць, кулі ідуць верхам. Тады мы аслабела ўстаём, і я аддаю сябра танкісту, які за каўнер дужа цягне яго за сабой па каляіне. Я плятуся апошні і слухаю: вось-вось загрукочуць маторы.

Эх, чорт, трэба гранаты! Як трэба цяпер гранаты. I я лаю сябе, што не ўзяў тыя, у разведчыка. Толькі як было ўзяць?..

Наперадзе снегавая роўнядзь, і па ёй пралягае дарога. Далей два рады слупоў, нейкая будыніна, — там, здаецца, чыгунка. Туды аслабела клумаюць Сахно і разведчык. Разведчык, аднак, прыпыняецца і, прычакаўшы, пачынае памагаць немцу. Юрка ў надзейных руках танкіста і Каці. А я ўжо не магу. Я дастаю з-за спіны мой карабін і падаю ў каляіне.

Памерці, ці што? Пэўна, гэта было б удачай — так вось ціха заплюшчыць вочы і сканаць. Толькі, ведаю, такая смерць — для мяне раскоша. Будзе зусім інакш: перабітыя косці, разарванае цела, кроў і пакуты… I будзе хутка — вось-вось. Як толькі пакажуцца з балкі немцы. Тады і канец…

Аднак у магазіне чатыры патроны. Я перазараджаю карабін і пачынаю чакаць. Каляіна пада мной мелкая і шырокая. Грубы след «студэбекера» сям-там зацёрты Юркавым целам. Камякі снегу. Сляды. Конскі памёт. Калі добра пацэліцца, першымі стрэламі я магу падбіць пару фрыцаў. На большае разлічваць цяжка. Але і для таго трэба аддыхацца, супакоіцца. Хоць бы паспець!..

Аднак немцаў няма. I з-за пагорка не чуваць нічога. Што за дзіва? Нешта даўгавата яны марудзяць. А можа, ім напляваць на нас? Можа, павярнулі куды на іншую дарогу?

Я азіраюся. Танкіст з Кацяй на ўвесь рост нясуць Юрку. Астатнія ўжо ля будыніны. Здаецца, там пераезд. Якое-ніякое сховішча. I, значыць, жыццё… Гэта раптам абнадзейвае. А можа, і я паспею!


30


Не верачы, што ўсё абышлося, я пераходжу шасейку, якая на гэты бок бяжыць поруч з чыгункай, і кульгікаю на пераезд. Але гэта не пераезд, а хутчэй будка абходчыка — цагляная дамоўка, хляўчук, штабель шпал і некалькі абсыпаных снегам рэек на нізкай падстаўцы. Шлагбаумаў тут няма.

Хлопцы ляжаць у снезе за рэдзенькім паламаным штыкетнікам. Праз ягоныя шчыліны тырчаць на дарогу два аўтаматныя ствалы. Чакаюць. I лаюцца. Прынамсі, лаецца адзін Сахно.

— Якое вы мелі права? Я вас пытаюся?

Яго сусед-разведчык варочаецца ў снезе і запальчыва апраўдваецца:

— Дык жа забіты! Што я сляпы, ці што? У галаву ж куля…

Дашкандыбаўшы да хлопцаў, я бокам падаю ля танкіста і прасоўваю ў дзірку карабін. Наперадзе так нікога і не паказалася. Відаць, сапраўды, плявалі на нас немцы. Папалохалі, забілі аднаго і задаволіліся.

— Васілевіч! — гукае мяне Сахно.

— Я!

— Вы забітага бачылі?

— Ну, бачыў. А што?

— А вы ўпэўнены: ён забіты, а не паранены?

— Я не глядзеў. Вы ж самі там стаялі… Маглі пацікавіцца.

Сахно хвіліну маўчыць, разважаючы. Пасля рашуча ўстае.

— Вось што! — катэгарычна аб’яўляе ён і павяртаецца да разведчыка: — Зараз жа пойдзеце і даставіце сюды труп. Зразумела?

Разведчык таксама ўзнімаецца са снегу.

— А нашто труп?

— Каб я бачыў, што ён забіты! — трацячы раўнавагу, раптам крычыць Сахно. — Вы разумееце ці не? Ці вам трэба зброяй гэта ўнушыць?! Ну!

Ён гатоў азвярэць, размахвае пісталетам, і я цяпер не зайздрошчу хлопцу. Уставіўшыся ў капітанаў твар, відаць, разумее гэта і разведчык. Трохі памарудзіўшы, ён злосна плюе ў снег і, ні на кога не зірнуўшы, ідзе на дарогу. Пад плотам нас застаецца трое. Астатнія, напэўна, у дамоўцы.

— Саплякі! Разгільдзяі! — бушуе Сахно. — Я вам пакажу, як выконваць загады!

«Здорава!» — думаю я. Відаць камандзірская рука. I прынцыповасць. Аднак навошта гэтулькі крыку? Самі — не дурні, разумеем, што да чаго. Накрычаўшыся, Сахно сціхае, бы замыкае свае сківіцы, і кладзецца ў снег. Мы глядзім на дарогу. Разведчык хутка ідзе сабе з аўтаматам пад пахай. Справа, недзе зусім блізка — Кіраваград. У небе над ім расплываюцца дымы. Блізкая кананада калоціць пад намі зямлю. Аднак у якім баку перадавая — не зразумець: грыміць кругом. Невысока ўгары, абрынуўшы на зямлю крута замешаны грукат, праносіцца чарада «ІЛаў» — пайшлі на штурмоўку. На небасхіле бяспромнаю бляклай плямай праз рэдзенькую смугу блішчыць халоднае сонца.

На дарозе па-ранейшаму пуста.

Я пачынаю мерзнуць. I галава, і нага. У кажушковы рукаў набілася снегу. Там мокра. Турбуе думка: як Юрка? Такая дарога, мусіць, далася яму ў знакі. I тут, быццам у адказ на мой клопат, з-за рога дамоўкі з’яўляецца Каця.

— Младшой! А младшой! Друг кліча…

Ад кепскага прадчування ў мяне захлынаецца сэрца. Я ўскокваю з-пад плота. Зводдаль ускідвае голаў Сахно. У ягоным позірку прыдзірлівая строгасць службіста.

— На хвіліну, — кажу я і брыду за рог.

У дамоўцы паўзмрок. Выбітыя вокны завешаны вопраткай. На падлозе зляжалая салома. (Відаць, за гэтыя суткі забрыдаем сюды не мы першыя.) Але тут цёпла. Мяне сустракае пажылы прыгорблены чалавек у чорнай ватоўцы. У куце на саломе паныла сядзіць немец. Побач на нейкай світцы дрыжыць-калоціцца ў брудных бінтах лётчык. Немец час ад часу ахінае яго шынялём. Бліжэй да акна суцішана ляжыць мой спакутнелы сябар.

— Сядзь, — ціха кажа Юрка, адкрыўшы і аслабела заплюшчваючы вочы.

Я апускаюся ля яго на салому і маўчу. Я не ведаю, што з ім? Ці не самае горшае?..

— Цябе там не параніла? — ціха пытаецца Юрка.

— Не, Юра. Абышлося. А ты чуў? — пытаюся я, сцяўшы дыханне. Няўжо ён усё чуў, што рабілася на дарозе?

— Я разумею, — маючы на ўвазе нешта сваё, кажа Юрка. — З намі вазні!.. Самім столькі бяды! Але знаеш… Не кідай. Дужа прашу. Я-то чорт з ім… Але маці ў мяне, ведаеш жа… Не перажыве яна…

Ён змаўкае, і ў мяне адлягае ад сэрца.

— Юр! Ну што ты! — дзіўлюся я, адчуваючы сваю няшчырасць. Бо я не ведаю, куды мы яшчэ падамося? Як выкруцімся з гэтай бяды? Ці здолеем вынесці яго жывога? Не ведаю чаму, але мая рашучасць уратаваць яго пахіснулася. I ўсё ж я з раптоўнай упэўненасцю абяцаю: — I не думай пра гэта: не кінем!

Юрка нешта ўзіраецца ў столь і ўздрыгвае.

— Знабіць, халера. А наогул — мне лепш. Я цяпер адчуваю: выжыву. Учора, прызнацца, думаў, хана, — вуснамі ён спрабуе ўсміхнуцца. I зноў сур’ёзна: — Выбрацца б толькі…

— Выберамся, Юра. Тут ужо недалёка. Во немец паможа. Яшчэ ёсць двое здаровых. Не турбуйся.

Я азіраюся на Кацю, якая ціха стаіць ззаду, і раптам бачу яшчэ некага на падлозе ў другім куце. Прыкрыты шынялём, ён ляжыць у цені. Толькі ногі ў нямецкіх, дбайна падкутых ботах выцягнуліся да парога.

— Хто гэта?

— Немец. Хто ж яшчэ… — кажа Каця.

— Немец, сынок, немец, — пацвярджае стары, пэўна, гаспадар гэтай дамоўкі. Ён расслаблена шкандыбае ад парога і сядае на край тапчана. Пасля раздумна знімае шапку. На белай галаве тапырацца зблытаныя ссівелыя космы.

— Адкуль немец?

— Ды тут, учора… Паміраў на шашы. Ну, падабраў…

Я ўстаю, адкідваю край шыняля. На скрываўленай саломе зжаўцелы, здаецца, малады яшчэ твар. Паўрасплюшчаныя нерухомыя вочы. Худая кадыкастая шыя. На пагонах па два афіцэрскія знакі. Обер-лейтэнант вермахта.

— Усю ноч кідаўся. I плакаў, як дзіця. Нялёгка адыходзіў, не дай Бог. Цяпер ужо што?.. Цяпер царства нябеснае.

— Ты што, у немцаў служыў? — кальнуўшы яго позіркам, строга пытаецца Каця.

Чалавек з дакорам паднімае на яе вочы.

— Чаму так кажаш, дачка?

— Бо дужа жаласлівы.

— Ну, хай сабе жаласлівы… Не блага гэта. А немцам я не служыў. Я працаваў тут. Дваццаць год тут працаваў на чыгунцы, — крыўдліва кажа чалавек. — Сябе карміў. Нявестку з дзецьмі. Ды яшчэ вашых двух у сорак першым выхаджваў… Пакуль раны загаіліся. Што ж, сам салдат быў. У тую мікалаеўскую пабачыў ліха… У палоне ў іх быў. Ведаю.

— А гэта? — ківаю я на немца пад шынялём.

— А што гэта? Быў, можа, фашыстам. А паміраў — Бога ўспамінаць стаў. Гота па-іхняму. Які ўжо тут фашыст? Перад канчынай-та. Смерць, яна ўсіх уроўнівае. Цяпер ён проста чалавек. Нябожчык.

— Ачалавечыш яго! — кажа Каця. — Мала ты, напэўна, пабачыў іх…

― Да ўжо ж колькі давялося, — сапе стары і аблакочваецца на калені. Вузлаватыя ягоныя рукі сашчапляюцца ў вузел.

Мне здаецца, у немца на дзязе зброя. Нагнуўшыся, я тузаю кабуру — сапраўды, там невялічкі варанёны пісталет. На баку надпіс бельгійскай фірмы. Надзіва зручная рукаятка шчыльна ўліваецца ў далонь. Іншае мяне мала цікавіць, а зброя спатрэбіцца. Тым больш што ў магазіне поўна патронаў. Ударам далоні я заганяю магазін назад у рукаятку і лаўлю на сабе позірк Юркі.

— У цябе ёсць? Няма? На, вазьмі гэты. Хай будзе.

Юра аслабелаю рукой бярэ пісталет. Але ў ягоных вачах ужо няма і крошкі цікаўнасці, звычайнай для такіх выпадкаў. Я ўжо заўважыў, што за пакутны час ранення ў паглядзе майго сябра з’явілася нешта новае, невядомае мне раней. Нейкая ўнутраная насцярожанасць усё настойлівей авалодвае ім, робячы амаль чужым такога знаёмага і звыклага для мяне Юрку. Гэта засмучае і міжвольна пачынае аддаляць яго ад мяне, і я не ведаю, што сказаць яму. Ранейшая трывалая еднасць між намі парушаецца, бясслоўная сувязь знікае, і я маўчу. Маўчыць, пераабуваючыся на падлозе, Каця, маўчыць стары на лаўцы. I раптам пад вокнамі раздаецца вокліч Сахно:

— Васілевіч! Васілевіч!

У мяне абмірае сэрца — немцы? Я выскокваю ў дзверы і на парозе сутыкаюся з Сахно. Ледзьве не збіўшы мяне з ног, капітан хапаецца за карабін.

— Дай сюды!..

I бяжыць за рог да штыкетніка. Я кульгікаю туды ж, чакаючы адразу ўбачыць бяду. Але танкіст, бяспечна лежачы на сваім месцы, неяк ужо дужа спакойна ўзіраецца ўдалячынь. Пасля паўзмроку дамоўкі асляпляе снежная яркасць, аднак мне здаецца, быццам па полі нехта ідзе. Далёка і нібы толькі адзін. Тым часам Сахно таропка перазараджае карабін і, прыткнуўшы яго да штыкеціны, цэліцца. Неўзабаве гахае срэл.

— Што такое?

Танкіст азіраецца, ягоны твар, аднак, да абыякавасці спакойны. Хлопец ківае ў стэп.

— Ды той вунь драла дае…

Разведчык? Ну, так і ёсць. Далёка, пад самым пагоркам, варушыцца адзінокая блеклая постаць. Відаць, добра адышоўшыся ад нас, ён збочыў з дарогі і цяпер наўпрасткі некуды шыбуе па снегавой цаліне. Спярша гэтая навіна апякае мяне гневам, потым прыходзіць здзіўленне — куды ж ён кіруе? Каб да немцаў, не трэба было сходзіць з дарогі: немцы ж у сяле… Тым часам Сахно зноў страляе.

— Стойце! — крычу я. — Што вы робіце?!

Аднак капітан, не слухаючы, страляе яшчэ, толькі, відаць, усё ж далёка: не трапіш. Разведчык жа, мабыць, пачуўшы яго стрэлы, прыпыняецца і разы два ўзмахвае над галавой: маўляў, чорта мяне дастанеце!

— Што вы робіце? Хіба ён да немцаў?

Сахно, як затраўлены воўк, азіраецца і ўскоквае на ногі.

— А вы замаўчыце! Замаўчыце! — крычыць ён. — Вы разгільдзяй! Вас у штрафную трэба! Вы разлагаеце дысцыпліну! Я ў трыбунал вас перадам!..

Я ўнутрана смяюся. Напалохаў! Трыбунал! Дурань ты, хочацца мне сказаць, але я ведаю, цяпер з ім лепей не звязвацца. Я нагінаюся за карабінам, які ён аднаруч кідае мне пад ногі, і адыходжу. Сахно ж, выкрычаўшы пагрозу, таропка ідзе ў дамоўку. На рагу, аднак, сутыкаецца з Кацяй. За ёй шкандыбае стары. Каця ўстрывожана.

— Што за пальба?

Не адказваючы, капітан запальчыва ўскідвае свой падбародак.

— Ану, збірайце манаткі! Марш адсюль!

— Куды марш? Навокал немцы, — спакойна кажа Каця.

Сахно з кароткай збянтэжанасцю пазірае на яе.

— Туды! Упярод! Да сваіх! — махае ён за дамоўку ў поле.

Каця ўздыхае і адварочваецца. Да Сахно, хутаючыся ў ватоўку, падыходзіць стары.

— Там міны, сынок. Надоечы немцы раскладвалі. Сам бачыў. Тут увакурат грузавікі стаялі. А яны па полі разносілі.

Каця, стоячы збоку, зашпільвае паўшубак. Танкіст, падышоўшы ззаду, ссоўвае на патыліцу свой зухаваты шлем і прыслухоўваецца да размовы. Сахно пранозліва глядзіць на старога. А я амаль фізічна адчуваю, як нешта ў маім нутры паныла і відавочна асядае.

— Дзе край міынага поля? Дзе абход? Будзеш паказваць! — загадвае Сахно.

Стары разводзіць рукамі.

— А хіба ж я ведаю? Спярша дык бачыў. А пасля яны мяне ў горад завезлі. Колькі яны тут наклалі — д’ябал іх ведае!

На маленькім падворку настае напружаная паўза. Чуваць толькі самалётны гул. Некалькі вераб’ёў злятаюць са страхі і рухава скачуць па снезе ля нашых ног. Сахно азірае аколіцу.

— Так, — рашае капітан. — Раненых пакінуць. Немца шлёпнуць. Хаця адставіць. Немец пойдзе з намі.

Падаўшыся наперад, я апынаюся перад капітанам.

— Малодшага лейтэнанта таксама возьмем.

Мой голас дрыжыць. У тоне нічым непрыкрыты выклік. На гэты раз я яму не саступлю. I Сахно, здаецца, разумее гэта. Строга бліснуўшы на мяне злым позіркам, ён адварочваецца.

— Толькі пры ўмове, што ты яго панясеш.

— Памогуць. Яны памогуць, — кажу я і ўмольна пазіраю на Кацю.

Тая, аднак, скіроўвае свой позірк у поле. Тады я паварочваюся да танкіста:

— Друг, ты ж падсабіш?

Танкіст незадаволена чмыхае:

— А я што — конь?

Мая стаўка рушыцца. Я ледзьве стрымліваю слёзы. Сволачы абое! I Каця таксама. А я спадзяваўся!.. Цяжка! Страшна! Вядома, свая кашуля прыліпла да цела. Баягузы праклятыя! Ну, але чорт з вамі! Яшчэ пабачым — хто выгадае.

Мяне душаць крыўда і гнеў. Трэба б ім нешта сказаць, абразіць, зняважыць. Але я не знаходжу слоў і кідаюся ў хату.

Дзвярэй я за сабой не зачыняю — цяпер мне пляваць на ўсё ў цэлым свеце. Я схіляюся над Юркам. Ён з намаганнем узнімае запалыя вейкі.

— Юр, ну як ты?

— Так, нішто, — ціха, перасільваючы стогн, кажа ён і пытаецца: — Чаму стрэлы былі?

Я не адказваю.

— Юра, ты можаш? Як-небудзь бярыся за мяне. Рукамі бярыся.

З раптоўнай трывогай у вачах ён паслухмяна цягне да мяне свае рукі. Я паварочваюся бокам, каб падставіць яму свае плечы. У гэты час у дамоўку нячутна заходзіць Каця. Побач на падлозе я бачу яе валёнкі.

— Ну, якраз. Толькі табе і несці! — злуецца яна, і ад гэтае яе злосці нешта ва мне расслабляецца ў добрасці. Каця азіраецца: — Эй, фрыц, ану, падсабі!..

— Яволь! Айн мамэнт!..

Немец з гатоўнасцю ўскоквае. Я чую, як тупацяць па падлозе ягоныя падкаваныя боты. З дапамогаю Каці ён пераймае з маіх плячэй даволі-такі цяжкае Юркава цела. Палаткі, аднак, няма, і яны бяруць Юрку за каўнер і полы паўшубка. I тады на падлозе ўсхопліваецца лётчык.

— А я? А мяне? Кідаеце? Завялі ў акружэнне і кідаеце?.. Сволачы вы! Пяхота праклятая! — ашалела крычыць ён, размахваючы ў паветры рукамі-кульцяпкамі. I раптам істэрычна хліпае: — Браточкі! Што ж вы робіце? Не кідайце! Я камандуючага вазіў. Я яго асабістым шафёрам быў. Ён з вас душы павытрасае! Сволачы! Вы чуеце? Я не дарую!

— Ах, вось што! — спыняючыся, кажа Каця. — Вось які ты лётчык!

— Я не лётчык. Я шафёр камандуючага. Зразумелі! Цяпер вы мяне не пакінеце. У мяне вайсковая тайна. Я маю тайну. Ага!

Я бянтэжуся і не ведаю, што рабіць. Агідна і жахліва адначасна чуць усё гэта. Але ён такі здаравенны — нам яго не падняць. Хіба, можа, возьме танкіст? Трэба б як перанесці яго з гэтае будкі куды ў лепшае месца.

Мы выносім Юрку на ганак, і я крычу танкісту, які разам з Сахно стаіць на двары. Аказваецца, тут усё чутна.

— Эй, чуеш? Вазьмі!

Танкіст без слоў закідвае за плячо аўтамат, але Сахно груба спыняе яго:

— Стой! Я сам…

I рашуча праціскаецца паўз нас у хату.

Згінаючыся, мы выносім Юрку на падворак і ямчэй бяром зноў утрох: я, немец і Каця.

Танкіст кідаецца ў дзверы следам за Сахно. Мы моўчкі чакаем.

— Ось што будзе з кожным! — крычыць Сахно — З кожным панікёрам і ныцікам! У мяне рука не ўздрыгне!

Сцюдзёным ветрам павявае ў душу. I мы раптам адчуваем — гэта не пустыя пагрозы. Рашучасці ў яго хопіць.

Сахно выбягае на падворак.

— Ну! Шырай шаг!

Падаўленыя і прымоўклыя, мы хутка сігаем па дарозе ў поле. Ззаду ў варотцах застаецца стары. Ён моўчкі і доўга глядзіць нам у спіны. Я зноў кульгікаю з нацягнутым рогам паўшубка ў руцэ. Юркавы ногі валакуцца па снезе. А мне раптам робіцца шкада шафёра. I з кожным крокам усё шырэе нянавісць да капітана Сахно. Я ўжо выразна адчуваю: ён здольны на ўсё. У горшым выпадку, літасці ад яго не чакай. Але і шафёр, гэты самазваны лётчык, таксама зануда: столькі ашукваць нас.


31


У міліцыі нас, мусіць, не вельмі чакаюць. Пакуль мы па адным пралязаем праз вузкія дзверы, за сталом у пакоідагульваецца партыя ў шахматы. Гуляюць малодшы лейтэнант у срэбных пагонах, які сядзіць за сталом, і міліцыянер, што стаіць збоку. Пры нас ужо яны па чарзе робяць некалькі паспешных хадоў. Але да мата, відаць, далёка, і міліцыянер ашчадна прыбірае дошку. Малодшы лейтэнант, хмурачы светлыя броўкі, акідвае нас позіркам, у якім начальніцкая прыдзірлівасць змагаецца са звычайнай хлапечай цікаўнасцю.

— Да сценкі! Да сценкі! Не таўпіцеся ля дзвярэй.

— Не ўцячэм! — кажа наш хлопец у чорным.

Трымаючы пэўную дыстанцыю ва ўзаемаадносінах, афіцэр суха кідае:

— Ахвотна веру.

Ён зусім яшчэ малады, мусіць, нядаўні выпускнік міліцэйскага вучылішча, і строгасці на ягоным твары праз меру. Старшына, што прывёў нас, становіцца ля дзвярэй. Мы ўсе выстройваемся ў рад, за тры крокі ад адзінага тут стала, і малодшы лейтэнант апускаецца на стул.

— Ну, у чым справа? Хто растлумачыць?

Гарбацюк памыкаецца да стала.

— Яны зняважылі мяне. Апроч таго, планкі…

— Вас мы ўжо чулі, — даволі рашуча перабівае яго афіцэр і ківае на мяне. — Скажыце вы!

— Што казаць? Планак у яго не было. Я іх не бачыў.

Малодшы лейтэнант кідае беглыя позіркі на іншых і спыняецца вачыма на Ігару.

— А вы што скажаце?

— Я далучаюся да таварыша. На жаль, не ведаю прозвішча.

— Так. Значыць, не прызнаяцеся. Тады будзем пісаць.

Ён разгортвае на стале канцылярскую кнігу. З кішэні кіцеля дастае аўтаручку.

— Та-ак! Пішам. Па парадку. Вас першым. Прозвішча, імя, імя па бацьку.

— Васілевіч Леанід Іванавіч.

— Год нараджэння?

– Іысяча дзевяцьсот дваццаць чацверты.

Ручка яго, аднак, не хоча пісаць, драпае паперу, і малодшы лейтэнант страсае яе ўбок. На чырвоным, заляпаным чарнілам абрусе з’яўляецца новая пляма.

— От, чорт! Далей?

— Кавалевіч Ігар Пятровіч. Тысяча дзевяцьсот трыццаць чацвёрты.

— Так. Далей.

— Цяслюк Віктар Сямёнавіч. Трыццаць восьмага.

Ручка ў афіцэра зноў драпае, і ён, павярнуўшыся, рэзка страсае яе ў гэты раз на падлогу.

— Цяслюк. Далей.

— Фогель Эрна Дзмітрыеўна. Тысяча дзевяцьсот сорак другога.

Малодшы лейтэнант узнімае твар.

— А вы што — сведка?

— Яна ні пры чым, — аб’яўляе Гарбацюк і з зацятым выразам закладвае рукі за спіну.

— Не. Я пры чым. Пішыце і мяне.

Гаспадар пакоя з недаверам пытаецца ў Гарбацюка:

— Яна, значыць, не абражала вас?

— Не. Яна не.

Малодшы лейтэнант вагаецца, і Эрна з раптоўнай рашучасцю ў вачах падскоквае да стала.

— Пішыце, пішыце! Я яшчэ абражу.

Малодшы лейтэнант амаль збянтэжана знізу ўгору глядзіць на яе. У чорных вачах дзяўчыны бунт і рашучасць. Афіцэр, не адрываючы ад яе позірку, вяла страсае ручку.

— Фогель?..

— Фогель Эрна Дзмітрыеўна. Тысяча дзевяцьсот сорак другога года нараджэння. Запісалі? А цяпер я скажу.

Вёртка крутнуўшыся ад стала на сваіх востранькіх шпільках, яна апынаецца тварам у твар да Гарбацюка.

— Вы, нягоднік! Чуеце! Нягоднік і правакатар!

Ігар падаецца да дзяўчыны, хапае яе за руку.

— Эрна!

— Эрна, ды кінь ты! — з другога боку да яе падыходзіць Цяслюк.

Ігар ставіць яе з сабой побач. Жывы, рэзка акрэслены твар дзяўчыны гарыць ад абурэння.

— А я не баюся! Ваша шчасце, што іх у вас не было. Я б іх сама сарвала. Вы іх няварты. Вы правакатар!

— Вы чуеце? Вы чуеце, таварыш малодшы лейтэнант! Я прашу запісаць.

Малодшы лейтэнант ускоквае за сталом і, як утрапёны, глядзіць на дзяўчыну.

— Замаўчыце!

Эрна змаўкае, але ўся аж калоціцца ад узбуджэння.

Гарбацюк тыкае ў нас пальцам і крычыць афіцэру:

— Вы бачылі? Яны ўсе п’яныя. Прашу запісаць.

— Ану, вядзіце сябе прыстойна. Тут не рэстаран, — строга кажа малодшы лейтэнант.

Эрна марудна супакойваецца. Абхапіўшы за плечы, яе туліць да сябе Ігар. Я з усяе сілы стараюся стрымацца, каб выглядаць спакойным, хоць адчуваю — маёй вытрымкі хопіць ненадоўга.

Хмурачы рэдзенькія броўкі, стаіць малодшы лейтэнант, стаяць міліцыянеры ў парозе. Зацяўшы ў сабе прыкрасць і гнеў, моўчкі стаім мы. Адзін толькі Гарбацюк прыкметна ажыўляецца і ўсё памыкаецца да стала.

— Ось, бачыце! Ось, бачыце. Прамыя выпады! Так, так! Урадавыя ўзнагароды ёсць акт Савецкага ўрада. А яна што сказала? Я папрашу ўсё запісаць. Я не дарую. Я гэтыя ўзнагароды заслужыў у баях!

— Безумоўна! — парушае напружанае маўчанне афіцэр. — Ніхто не даў права зневажаць тое, што заслужана на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

З акамянеласцю, якая зусім не пасуе да яго маладога твару, ён сядае. Яшчэ раз кінуўшы позірк на Эрну, моцна страсае ручку.

— Ну, не ўсё, што блішчыць на грудзях, у баях заслужана, — кажа ў цішыні Цяслюк.

Гэты хлопец увесь час трымаецца неяк надзіва роўна і спакойна. На яго поўных сімпатычных вуснах, здаецца, пастаянна блукае дабрадушная ўсмешка. Нібы ўсё, што тут адбываецца, яго ніколечкі не датычыць.

Малодшы лейтэнант замірае з занесенай над паперай ручкай.

— Вы не мудрыце мне тут…

— А я не мудру, — ва ўвесь свой круглявы твар усміхаецца хлопец. — У мяне дзядзька — бацькаў брат — падпалкоўнік у адстаўцы. Усю вайну прасядзеў у Архангельску ў ваенным вучылішчы. Фронту і не нюхаў. А звольніўся — тры ордэны…

Малодшы лейтэнант недаверліва хмыкае.

— Раскажыце гэта каму-небудзь іншаму.

— Дарма не верыце, — кажу я. — Бывае і так.

— Бувае, — падтрымлівае мяне старшына.

Ён прысланяецца да сцяны і дастае з кішэні партсігар.

— Факт! — кажа Цяслюк. — За выслугу год і бездакорную службу.

Малодшы лейтэнант павяртаецца да старшыны.

— Прахарэнка, у цябе «Шыпка»? Дай-ка адну…

Ён раструшчвае канец цыгарэты і, нібы разважаючы аб нечым, усё аглядае нас. Мы ўсе ўставіліся ў яго. Цяпер ён — наш бог, уладар нашага лёсу. I мы адчуваем у ягонай нядаўняй настроенасці супраць нас шчарбінку.

Старшына Прахарэнка тым часам раскурвае цыгарэту і ссоўвае на вуха фуражку. Ягоны грубы, немалады твар кранае дабрадушная ўхмылка.

— У тыле іх більш давалы, чым на фронце, — з разважлівай дабрадушнасцю кажа ён.

Гарбацюк крута павяртаецца да старшыны.

— Гэта не сіаша справа…

— Чаму ж не наша? Наша.

— Калі не наша, то чыя ж? — кажу я з выклікам. — Гэта што, справядліва па-вашаму, калі ў тылавіка больш ордэнаў, чым у камандзіра палка?

Гарбацюк, гляджу, выклік прымае. Вочы яго загараюцца нядобрым агнём.

За сталом ускоквае малодшы лейтэнант.

— Спыніць гэтыя размовы! Спыніць зараз жа!

Ён зачырванеўся і хвалюецца. Я таксама хвалююся. I ўсё ж шкада, што нам не даюць тут схліснуцца як мае быць. Я б яго вывеў на чыстую ваду…

— Таварыш малодшы лейтэнант! Я прашу гэта запісаць у пратакол! — тыцкае пальцам у паперы Гарбацюк. Чырвоны, спатнелы твар яго пыша абурэннем.

— Запішам! А як жа? Гэта так не пройдзе! — з пагрозай кажа малодшы лейтэнант і пачынае таропка выкладаць на паперы нашу сутычку. У канцы кожнага радка ён страсае ручку.

Гарбацюк з помслівай важнасцю падцінае вусны. Падобна, што ён перамог.

— Сволач ты, Гарбацюк! — кажу я з ледзьве стрыманай лютасцю.

— Гад! — падтрымлівае мяне Ігар. У ягоных вачах таксама нянавісць да гэтага чалавека.

Гарбацюк хоча нешта адказаць, але ззаду праз шырока расчыненыя дзверы ў пакой уваходзяць двое. Абодва афіцэры міліцыі.

— Э-э! Што за грубасці? Што за грубасці? Маладыя людзі!

Лейтэнант за сталом ускоквае і аддае чэсць.

— Таварыш капітан!..

— Так. Што здарылася? — міралюбіва пытаецца капітан і знімае фуражку. Пасля, прыгладжваючы не надта пышныя валасы, глядзіць на мяне. — Па якому праву вы аблаялі гэтага грамадзяніна?

— Па праву франтавіка! — кажу я занадта цвёрда і, можа, занадта ўзрушана.

Але дабрадушна настроены капітан на мой адказ ніяк не рэагуе. Ён пераводзіць позірк на Ігара.

— А вы, малады чалавек, па якому праву? Мусіць, вы-та не франтавік?

Шэрыя вочы Ігара робяцца жорсткія, тугія скулы на шчоках выпінаюцца яшчэ болей.

— Па праву сына франтавіка. Дарэчы, забітага.

Капітан счапляе на жываце пальцы і павяртаецца да Гарбацюка.

— Ну, але ж і вы, мабыць, франтавік?

Гарбацюк падцягваецца ўсёй сваёй постаццю.

— Так точна. Гвардыі маёр запасу.

— Ай-я-яй-яй-яй-яй! — прытворна бядуе капітан. — Таварышы франтавікі! У Дзень Перамогі такія абразы! Як вам не сорамна? Што ў вас такое здарылася? Ану, Сямёнаў, дай-ка пратакол.

Малодшы лейтэнант падае аркуш паперы і з важнасцю ў тоне тлумачыць:

— Палітычныя выпады, таварыш капітан.

— Так, так, так… Так, — прыгаворвае капітан і хутка прабягае вачыма па радках пратакола. — Так! Гм! Ды глупства ж гэта! Чапуха! Звычайная склока. Курам на смех…

Малодшы лейтэнант збянтэжана хмурыцца і чырванее.

— I такім глупствам вы марочыце мне галаву? — урэшце пытаецца ў яго капітан. — Пусцяковая справа. Згодны, Сямёнаў?

— Так точна. Я думаў…

Рыпаючы новымі ботамі, капітан падступае да нас.

— Ну што вы, як дзеці? Ай-яй! Франтавікі! Ці варта зводзіць старыя рахункі? У такі дзень. Ну, можа, што і было ў вайну. Але ці варта тое ўспамінаць? Столькі гадоў… Мірыцеся і — з Богам. Нават і пратакола пісаць не будзем.

— Не! Пішыце. Калі мы ўжо тут апынуліся, дык усё пішыце, — кажу я.

Мяне пыдтрымлівае Ігар.

— У нас не проста сварка. Мы прынцыпова…

Капітан падыходзіць да яго і спыняецца.

— Кіньце вы. Якія там прынцыпы? Ну выпілі і паспрачаліся. Заўтра праспіцёся — самім сорамна будзе.

— Мы не п’яныя.

— Ну, тады проста вы злыя. Маладыя і злыя. Ай-яй…

— Мы не злыя! — кажа Эрна. — Мы за справядлівасць! Павінна ж быць элементарная справядлівасць.

— Справядлівасць? Безумоўна. Гэта пахвальна. Чаму ж тады вы зняважылі гэтага грамадзяніна. Ён жа вам у бацькі гадзіцца.

— Не пра мяне гаворка! — з адценнем пакутніка ў тоне адзываецца ад парога Гарбацюк. — Я дакладваў і прасіў запісаць: яны дапусцілі выпады.

Капітан змаўкае і, асцярожна ступаючы блішчастымі ботамі, накіроўваецца да парога.

— Якія іменна выпады?

— Выпады! — цвёрда вымаўляе Гарбацюк. — Вы разумееце якія.

— Хлусня, — кажу я. — Гэтага не было.

Капітан спыняецца пасярод пакоя. Вусны яго строга падціскаюцца.

— Не, было… — фальшыва гарачыцца Гарбацюк. — Я не магу тут пры ўсіх паўтарыць, што ён казаў у рэстаране. Але я напішу… Калі вы не прымеце адпаведныя меры, я напішу куды трэба.

Капітан робіцца строгі. Яго тон мяняецца на адрывісты.

— Сведкі ёсць?

— Я сведка! Я чалавек асаблівага даверу. Гэтага дастаткова.

— Вы памыляецеся, грамадзянін. Гэтага недастаткова.

Ад гэтых слоў у мяне выбухае зларадства. Ага — праўда за намі. Чорта з два ён нас праглыне! Падавіцца… Ён толькі іграе на нервах. Пракляты рудымент. З якой шчыліны вылез гэты змарнелы без людской крыві клоп? Няўрымслівы прыліў гневу і рашучасці падхоплівае мяне з месца і штурхае да расчырванелага потнага Гарбацюка.

— Чуў? Не тыя часы! Ты трохі спазніўся!

Я ледзьве валодаю сабой. Да болю ў арбітах напружваюцца мае вочы. I сціскаюцца кулакі.

Ззаду крычыць малодшы лейтэнант:

— Грамадзянін! Спыніць! Зараз жа адыдзіце на месца!

Але потны Гарбацюкоў твар таксама люцее. З лютасцю ён падаецца мне насустрач.

— Магчыма! Тваё шчасце. Я спазніўся. А то б я зламаў табе хрыбет! Не такім ламаў. Шкада, мала! Не ўсім! Засталіся…

Мае кулакі раптам робяцца важкімі. У вачах зноў туман, і ў тумане не Гарбацюк — Сахно. Ззаду патрабавальны суровы крык, якога я ўжо не слухаю. Нехта падскоквае збоку, каб ухапіць мяне за руку. Але я апярэджваю і, паддаўшы ўсім корпусам, б’ю яго ў сківіцу.

Далей — крык, віск. Гарбацюк кідаецца да мяне. Але яго ўжо хапаюць. Мяне хапаюць за рукі раней. Ля пляча насуплены твар старшыны. Я, аднак, не вырываюся. Я яго болей не ўдару. Гэта адзін раз. I — дзіўна — мне робіцца лягчэй. Я хутка спакайнею. Я чую побач адабрэнне — «Правільна». Гэта Эрна.

А ён яшчэ тузаецца з міліцыянеравых рук. Ды дарма. Хлопцы трымаюць моцна.

— Гэта безабразіе! Дайце мне начальніка аддзялення! Я буду скардзіцца!..

Моладзь ля сцяны ажыўляецца.

— Колькі ўлезе.

— Ага, заспяваў Лазара!

— Мярцвяк жа! Нябожчык. Труп. Смярдзіць, а не выносяць, — хуценька гамоніць Эрна.

— Спадзяюцца, што самі выпаўзуць! — адказвае ёй Цяслюк.

Гарбацюка саджаюць у кут на табурэтку. Яго трымае малады міліцыянер. Капітан павяртаецца да моладзі.

— Ану, марш адсюль!

I да мяне:

— А вы застаньцеся. Вас мы аформім.

Хлопцы і Эрна нерашуча топчуцца ля сцяны і са спагадай глядзяць на мяне. Капітан павышае голас:

— Што, не зразумела? Вызваляйце памяшканне! Жыва!

На ягоным твары знікае і след нядаўняга дабрадушша. Цяпер гэты твар не абяцае дабра. Ну, але гэта датычыць толькі мяне.

— Ладна, шчасліва, — кажу я хлопцам і Эрне.

Ігар першы робіць крок да мяне.

— Дайце вашу руку.

Ён моўчкі і вельмі цвёрда цісне мне пальцы і адыходзіць. Эрна, усміхаючыся, падае мяккую цёплую далоньку.

— Не бойцеся!

— Глупства! Я не баюся. Шчасліва вам!

З прыкметнай палёгкай яны прапускаюць Эрну і зачыняюць за сабой дзверы. У пакоі адразу прастарнее. За стол сядае капітан. Засяроджана прыкурвае ад запальніцы. Падсоўвае да сябе паперы.

— Ну, франтавічкі! Падалі прыклад моладзі! Вельмі прыгожа! Што ж, цяпер я разбяруся з вамі.


32


«Minen» — папярэджвае надпіс на дошцы, прыбітай да вешкі, што тырчыць на дарозе. Надпіс не знялі, значыць, нашых тут яшчэ не чакалі, мы першыя. Гэта, вядома, шмат дабра не абяцае. Але танкавыя часці ўсё ж недзе прайшлі. Аб тым сведчыць грымоцце бою, якое калоціць зямлю недалёка наперадзе. Недзе ў тым жа баку нізка над гарызонтам каруселяй уюцца «ІЛы» — штурмуюць немцаў. Злева ж далёка за балкай відаць доўгія будынкі прыгараднага саўгаса. Пад іх сценамі туляцца машыны і фурманкі. Вядома, там немцы.

Мы ўсе разам спыняемся, кладзём на снег Юрку. Сахно выдзірае з дарогі вешку, адрывае ад яе дошку і кідае ў снег. Пасля з палкай павяртаецца да свае прыціхлай чацвёркі.

— Так… Пойдзем праз міннае поле! — аб’яўляе ён і па чарзе, нібы выпрабоўваючы, з-пад ілба аглядвае нас. Каця ўскідвае голаў.

— Вы што? Ці ў сваім розуме?

— Не ваша справа. Я з вамі не жартую. Я загадваю, — уставіўшыся ў дарогу, змрочна аб’яўляе Сахно. — Зрэшты, калі хто не згодны, гаварыце адразу. Для таго я знайду іншае выйсце.

Хвіліну мы ўсе маўчым. Я таксама не зусім разумею яго. Калі б ён выпраўляў нас адных, дык усё было б проста. Але ж, відаць, па мінным полі прыйдзецца ісці самому. Гэта ўжо бянтэжыць.

— Пайшлі вы к д’яблу! — шырока раскрыўшы гняўлівыя вочы, лаецца Каця. — Вы нас пагробіце. I раненых. Ці вы звар’яцелі?

Сахно цярпліва выслухоўвае дзяўчыну, стоячы да яе бокам, і бровы яго ўсё ніжэй асаджваюцца на сцюдзёныя вочы.

— Я выконваю загад. У арміі палагаецца выконваць загады. Апроч, як праз міны, дарогі ў нас няма. Немцам жывымі я вас не пакіну.

У вачах яго жалезная цвёрдасць. Набычыўшы голаў, ён пранізвае Кацю вострым, нядобрым позіркам.

— Чаму ўжо немцам? Калі пакідаць, дык абавязкова немцам? — кажа Каця і, павярнуўшыся ад яго, паныла адыходзіць убок.

Сахно, сцяўшы сківіцы, нешта абдумвае. Настае пакутная паўза, і, каб скараціць яе, я кажу:

— Пападрываемся ж!

Сахно адказвае не адразу.

— Падарвецца адзін — наперад пойдзе другі. А вы як думалі?

Самаўпэўненасці ў яго нават залішне. Нібы перад намі не міннае поле, а вучэбны пляц. Але ж што рабіць — падацца болей няма куды: з трох бакоў немцы. Можа, як і праскочым… Капітан тым часам, ашчадна несучы за пазухай свой локаць, павяртаецца да нас:

— Ну! Хто першы?

Мы ўсе прыціхлі і маўчым. Глядзім кожны сабе пад ногі. Аднак Каця, зусім не бянтэжачыся, злым позіркам мерае немца.

— Калі так, хай фрыц! Іхнія міны. Няхай па іх і топае.

Сахно нязгодна дзёўбае палкай у снезе.

— Фрыц цябе завядзе?!.

Можа, і так. Можа, і завядзе. Або кінецца ўцякаць. Даганяй тады па мінах. Відаць, і напраўду пускаць яго першым нельга. Але тады каго? Не Кацю ж! I не мяне. У мяне нага адразу дзве міны зачэпіць. Застаецца танкіст…

Спадылба я тайком пазіраю на гэтага чарнявага хлопца. Сахно ўжо, як на прызначанага, ва ўпор глядзіць на яго. Танкіст нерашуча топчацца, пазіраючы некуды ўбок, але, відаць, адчувае, што першым прыйдзецца ісці яму.

— Ось так! — кажа Сахно. — Бярыце палку і — шагам марш!

Танкіст вяла закідвае за спіну аўтамат і прамазучанай рукой моўчкі бярэ палку. Капітан паўз сябе прапускае яго на снегавую цалiну.

— Так. Дыстанцыя пяцьдзесят метраў. За ім пойдзеце вы! — тыцкае ён у мяне і прыкрыквае на танкіста: — I хутчэй! Не ўзарвешся!

Мы скіроўваем у стэп да бліжняга з трох скіфскіх курганаў, што высяцца на снегавой белізне. Юрка ў гэты раз дастаецца Энгелю, які без загаду ўзвальвае яго на сябе. Ў стэпе зачынаецца пазёмка. Снегавыя космы рвуцца з-пад ног і далёка распаўзаюцца ў доле. Скрозь дробненька трымціць на снезе быльнёг. Сцюдзёна дзьме вецер, і невысока на небе праз смугу сіратліва блішчыць зімовае сонца. Я старанна крочу па танкіставых слядах. За мной ідзе Каця. За ёй, сагнуты пад цяжарам нялёгкае ношы, немец. Сахно замыкае пяцёрку.

Унутры ў мяне ўсё пакутна напружваецца. Здаецца, аж замірае сэрца. Ідзеш, як па лязе брытвы. Як па гарачым вуголлі. Увесь час трэба ўглядацца пад ногі, каб ступаць след у след. А вочы міжвольна імкнуць наперад — туды, да танкіста, дзе — невядомасць і смерць. На перамеценым снегавымі пасмамі доле сапраўды дзе-нідзе старыя сляды. Аднак яны ледзьве прыкметны. Міны ж усе ў снезе, які тут зусім неглыбокі, да шчыкалаткі. Выдатная маскіроўка. Добра яшчэ, што ў пярэдняга палка. Снег мяккі.

Ужо добра адышоўшыся ад дарогі, танкіст спыняецца і, пакалупаўшы палкай, вывальвае на снег нешта круглае. Гэта — міна. Сахно ззаду крычыць:

— Не чапай! Не чапай! Марш упярод!

— Процітанкавая! — басіць танкіст і, грэбліва пхнуўшы нагой шэры смертаносны кругляк, ідзе далей.

У нас крыху прыбаўляецца смеласці. Калі міны процітанкавыя, то яшчэ паўбяды. Пад намі яны не ўзарвуцца. Калі няма проціпяхотных. Тады, лічы, нам пашанцавала.

Танкіст наперадзе, бачу, жывее. Рухі яго робяцца зграбнейшыя, відаць, і страх у яго меншае. Хлопец сігае шырэй. Я дык ужо і не зганюся з ім і паступова адстаю. Але ззаду мяне падганяе Каця. Занадта вырваўшыся наперад, танкіст заўважае гэта і прыпыняецца.

— Шырэй крок! Ні чарта тут няма! — упэўнена кажа ён.

Я стараюся крочыць хутчэй. I раптам усё ва мне абрываецца. Грымотны выбух, здаецца, расколвае неба. Знячэўку я прысядаю, ускінуўшы да галавы локці. Нешта са свістам праносіцца ўгары. Наперадзе ж чорная рваная пляма на снезе і пыл. Воблака яго, хутка радзеючы, сцелецца ў полі.

У наступную секунду я азіраюся. Ззаду ўсе ляжаць, але быццам усе жывыя. Прыніклі да зямлі і анямелі. А танкіста няма. На тым самым месцы, дзе ён толькі што быў, вывараціны мёрзлай зямлі і груды снегу.

Мяне абдае сцюдзёным потам. Чамусьці набіраецца поўны рот горкай сліны. Наўкола робіцца ціха-ціха, і ў гэтай цішы аднекуль з-за балкі ад саўгаса даносіцца далёкая кулямётная чарга.

Першай ускоквае з долу Каця. Зноў, як і некалі ў хаце, яна рашуча, па-мужчынску лаецца.

— Растакую вашу маць!.. Куды завёў? Куды ты нас завёў, сволач!

Капітан паднімаецца на адно калена і стаіць, увабраўшы галаву ў плечы.

— Маўчаць! Упярод! — сваім басам заглушае ён крык Каці. — Вы, упярод!

— Ах, я ўпярод! Мяне гоніш. А табе боязна? Не хочацца паміраць? Малых дзетак шкада? Ласкавай жоначкі?..

Сахно, сцяўшы сківіцы, грозна чакае. Каця крычыць. Я адчуваю, што, па справядлівасці, ісці першым цяпер трэба мне. Толькі ад страху баўлю час. Мне трэба загад. А загад ён аддае Каці. I, відаць, не мае намеру яго мяняць.

Не зводзячы здзічэлага позірку з дзяўчыны, ён дрыготкай рукой вырывае з кабуры пісталет.

— Гад ты! Душагуб! Думаеш, я баюся? За сябе дрыжу? Даганяй, гад! — крычыць Каця і раптам зрываецца з месца.

Бягом яна абмінае мяне, дасягае варонкі і без секунды развагі кідаецца далей. На шэрым, затрэсеным зямлёй і гараю снезе пралягае роўны шнурок яе свяжутка-белых слядоў.

Нейкі час мы яшчэ стаім, не ў стане адолець страхавітай нерашучасці. Але вось з саўгаса зноў грукоча даўжэзная, настойлівая чарга. Некалькі куль угары віскліва прарэзваюць паветра. Гэта надае жвавасці, і мы ўраз подбегам рушым з месца.

Я зноў напружваюся, стараючыся як мага раўней ступаць у Каціны сляды. Пад кулямётны строкат дабягаем да неглыбокай варонкі. Тут мін няма. Але тут горш, чым на снезе. Тут вее не магчымай, а ўжо рэальнай смерцю. Смерцю таварыша. I тое, што пагібель трапіла другому, а не табе, цяпер ужо не абнадзейвае. Пад нагамі нейкі шкумат вопраткі, збоч з снегу жахліва тырчыць костка — крывава-белая на земляной шэрасці. Зводдаль, адкінуты выбухам, валяецца чорны танкавы шлем. Гэта ўсё. Іншае расхрыстана, расшкуматана мінай і разматляна з зямлёй і снегам.

Але Каця, бадай, ашалела. Што яна робіць? Без палкі, не разбіраючы дарогі і нават не азіраючыся, яна хуткім крокам і подбегам, без усялякай асцярогі шыбуе па снезе да недалёкага ўжо кургана. Быццам ёй вядома, што там канец міннага поля. Сахно нешта крычыць ёй, але яна нават не азірнецца. I мы ідзём па яе слядах. Мы мусім ісці. Заміраючы сэрцамі. З дрыгоццем у нагах. Кожную секунду чакаючы выбуху.

I здараецца цуд. Каця падбягае да кургана. Спыняецца, павяртаецца да нас і стаіць. Ва ўсёй яе маленькай постаці — дакор і выклік. Па полі ад нас, нібы з пагібелі ў жыццё, цягнецца слабенькі і выратавальны ланцужок слядоў.

Неяк незразумела павесялеўшы, я прыбаўляю кроку і неўзабаве даганяю яе. Ззаду спяшаецца немец з Юркам на спіне. Ён добра ўходаўся і аж хістаецца. Відаць, знарок адстаўшы, ззаду за ўсімі бяжыць Сахно.

— Размініравана! Куды далей? — супакоена, але з рэшткамі нядаўняга гневу кажа Каця.

I мне чамусьці няёмка глядзець на яе счырванелы, змораны твар. Вядома, мы вінаваты перад ёю. Перад яе смеласцю і яе безразважнасцю, якім цяпер абавязаны жыццямі. Але ў тым не хочацца прызнацца нават сабе. Лепш за ўсё вытлумачыць неразумным жаночым капрызам. Гэта дазваляе захаваць наш гонар.

Хвіліну мы стаім ля яе. Немец з-пад Юркі стараецца зірнуць наперад. Юрка ніцма ляжыць на яго шырокай спіне. Шэры твар сябра павернуты набок. Вочы ледзь-ледзь прыадплюшчаны.

Тым часам падбягае нахмурана-зацяты, увесь увасабленне вайсковае ўладарнасці, Сахно. За пяцьдзесят крокаў ён спыняецца і сарваным голасам крычыць:

— Васілевіч, упярод!

Так. Цяпер нічога не скажаш. Цяпер павінен ісці я. Капітанава бязлітаснасць поўнаю мерай перадаецца мне. Я пайду.

Толькі куды — упярод?

Пляскаты пагорачак ад кургана паката загінаецца ўніз. З саўгаса нас ужо не відаць. Крыху ўбаку і ззаду, у неглыбокай доўгай нізінцы, пралягае насып чыгункі. У ім чарнее круглая адтуліна трубы.

— Упярод! — з пісталетам у руцэ люта патрабуе Сахно.

Іду, іду. Я і сам адчуваю, трэба хутчэй. Трэба вырвацца з гэтага праклятага поля. Толькі хутчэй!

З вялізнаю асцярогай я крочу ў снег. Мой бот грузне да самай халявы. Параненая ступня ў рукаве нязручна заграбае снег. Каця выпраўляецца следам. Тады ззаду падае голас Сахно:

— Дыстанцыю! Дыстанцыю трымай!

Дзяўчына нешта агрызаецца, але слухаецца і прыпыняецца, даючы мне адысці далей. Праўда, мне зусім не хочацца адрывацца ад іх далёка. Неяк разам з усімі спакайней. Стараючыся крочыць як мага ўважлівей, я азіраю перад сабой снег. Чужых слядоў тут, здаецца, няма. Месцамі снег спрасаваны завеяй да цвёрдага, і я міжволі выбіраю нагамі гэтыя цвярдзейшыя лапіклы. На іх мне смялей. I не так грузнуць ногі.

Спакваля ўмацоўваючы ў сабе ўпэўненасць, я пераходжу грыўку бур’яну, у якой несціхана шархаціць снег, і азіраюся. Ужо не відаць і будкі абходчыка. Мы ў лагчынцы. Трэба б ісці хутчэй, але боль у параненай назе ўпарта не дае крочыць шырэй. Да таго ж са ступні спаўзае рукаў. Прыпыніўшыся, каб падцягнуць яго, я нагінаюся і раптам застываю ў жаху. Мая рука сама па сабе, нібы апёкшыся, спуджана адторгваецца. З снегу каля нагі, струнка напружыўшыся, тырчаць тры тоненькія мінныя вусікі. Крыху далёй, нібы галоўка баравіка, выглядвае са снегу круглае зеленаватае вечка «шпрынгенмінэн».

Адчуўшы, як холадам занялося нутро, я рэзка адхінаюся. Але разагнуцца, мусіць, не паспяваю. Траскоткі выбух гулка ляскае ззаду. Асколкі ці снег жорстка сцёбаюць па маім шынялі. Я ледзьве ўтрымліваюся, каб не кульнуцца на тыя па-здрадніцку напятыя вусікі.

Нейкую секунду затым я ў зняменні маруджу. Я ўжо ведаю, што сталася страшнае. Але я не магу азірнуцца адразу, бо гэта ўжо звыш маіх сіл. Сэнс таго, што здарылася, неяк бы здалёку, марудна даходзіць да маёй свядомасці. I толькі праз нейкі час з натугай адолеўшы сябе, я паварочваюся. Воддаль з Юркам на ўгнутай спіне, шырока расставіўшы ногі, стаіць немец. За ім, згорбіўшыся, чагосьці чакае Сахно. А між імі і мной корчыцца на снезе Каця. Ногі мае раптам наліваюцца неадольным цяжарам. З намаганнем і надзвычайнай асцярогай я выцягваю са снегу параненую ступню, затым бот здаровай. Пераступаю назад — след у след. Затым, высока ўзнімаючы калені, ступаю яшчэ. Не, пакуль не рве. Тады, крыху пасмялеўшы, кідаю позірк на Кацю. Там зноў чорная копаць на снезе. Камякі зямлі. Каця, бязладна перабіраючы навокал сябе рукамі, здаецца, сіліцца ўстаць.

I раптам скамянелыя мае адчуванні ўраз абуджаюцца. Мяне ахінае жах. I гнеў. Гнеў на Сахно. Гэта ён завёў нас на міннае поле! Гад, ён загубіў Кацю! Захлынуўшыся крыўдай, я імкнуся да яго. Але ўвесь мой намер блытае Каця. Па сваіх слядах я бягу да яе. Дзяўчына сутаргава падымае насустрач свой шырокі, цяпер асабліва непрыгожы твар. Яго перакошвае грымаса болю. Зубы ў яе сцяты. I ўнутры глохне стогн.

— Каця! Кацюшанька! Каця!..

Упаўшы перад ёй на калені, я хапаю яе за плечы. Потым за талію. I раптам разумею: ногі! З пасечанага асколкамі валёнка ліецца на снег цёплая кроў. Другога валёнка зусім няма: зрэшты, няма і нагі да калена. Страшны, раструшчаны выбухам, мокры цяльпук. Ватныя штаны і полы паўшубка няшчадна пасечаны асколкамі. З дзірак тырчаць хамлакі ваты і поўсць.

Да нас падбягае немец. Ён кідаецца мне памагаць. Дрыготкімі рукамі я прыўзнімаю яе ногі. Але што з імі рабіць? Кроў ліецца па маіх руках, у рукавы, на шынель. Немец таксама занепакоена мітусіцца і лапоча:

— Гефлехт! Гефлехт![6]

Ён совае мне вузенькі раменьчык, і я разумею: трэба накласці жгут. Каця, усё сцяўшы зубы і душачы стогн, закідвае голаў. Але маўчыць. Яе твар увачавідкі бялее і хутка пакрываецца дробненькім высыпам поту.

Мітуслівымі рухамі азяблых рук я з усяе сілы перацягваю над каленам тое, што засталося ад яе нагі. Немец тым часам адшпільвае рэмень ад майго карабіна. Гэтым рэменем мы ўдвух як-колечы абкручваем другую нагу, у валёнку. Тады я ўскідваю галаву. Насупраць, абапёршыся аб калена рукой, сагнуўшыся, стаіць Сахно.

— Ну, ты рады? Ты рады? Ты гэтага хацеў?

Сахно рэзка распрамляецца. Хуценька азіраецца наўкола. I маўчыць. Але я бачу, вочы яго расшыраюцца і неяк дурнеюць, трацячы свой заўсёдны выраз строгай уладарнасці. Ён разгубіўся. Але тут жа нейкім валявым намаганнем перамагае сябе і зноў робіцца ранейшым — суровым і патрабавальным.

— Замаўчы! — з ціхім шаленствам крычыць ён і загадвае: — Бяры Кацю! Жыва!

Я азіраюся. Ну, вядома, трэба ўцякаць. Два выбухі на мінным полі наўрад ці засталіся незаўважанымі. I я падпарадкоўваюся Сахно, ужо ведаючы: на міны мы болей не пойдзем. Абапёршыся на карабін, я ўстаю і нагінаюся. Сахно з немцам узвальваюць на мяне абмяклае цела Каці. Затым яны падбягаюць да Юркі, які, пакорлівы лёсу, цярпліва ляжыць на снезе. Яго бярэ на сябе Сахно. Я не зусім разумею, што ён удумаў. Відаць, не разумее гэтага і немец, якому капітан нешта з надрывам тлумачыць.

Урэшце, відаць, даўмеўшыся, немец улегцы адбягае на паўсотні крокаў і азіраецца. Па ягоных слядах марудна рушыць Сахно. За ім, абапіраючыся на карабін, — я.

Па неглыбокай нізінцы мы брыдзем назад, да чыгункі.


33


Але за чыгункай па шашы едуць немцы.

Мы іх не бачым за насыпам, аднак яшчэ здалёк чуем — мноства машын бясконца тарахціць, гудзе, вые маторамі, сігналіць — імкне з Кіраваграда. Яны адступаюць. Але куды дзецца нам?

На шчасце ці на бяду, нас прытуляе труба.

Мы ўпаўзаем у яе бетонны тунель і знясілена падаем у самым пачатку. Труба шырокая, амаль у рост чалавека. У доле пласт спрасаванага снегу. Дужа ветрана і сцюдзёна. Але з шашы нас тут не відаць.

Апусціўшыся на калені, я звальваю з сябе Кацю. Потым падаю сам і сутаргава аддыхваюся. Ззаду на свежанатаптаным снезе — дробныя плямы крыві. Полы майго шыняля таксама ў падмёрзлай крыві. Каця проста сцякае крывёю. Вочы яе шырока адкрыты, але зрэнкі ўвесь час падкочваюцца пад павекі. Гэта мяне палохае. Яе трэба перавязаць. Але перавязаць няма чым. Санітарную сумку мы, спяшаючыся, пакінулі ў полі, на месцы выбуху. Каб як-небудзь дапамагчы дзяўчыне, я ўшчэнт акалелымі рукамі пачынаю расшпільваць знізу яе паўшубак. Там таксама ўсё ў крыві. Але Каця чагось сціскаецца, рукамі ўпарта захінае свае полы. Вочы яе спалохана глядзяць на мяне.

Я зноў настойліва расхінаю паўшубак, але яна сціскае калені, падцягвае іх да жывата і заціскае ўсё так — нагамі і рукамі.

Я не разумею яе і запытальна пазіраю на немца. Той, стоячы на каленях, пільна глядзіць у другі канец трубы, дзе з пісталетам у руцэ застыў Сахно. У доле ціхенька, унутрана стогне Юрка.

— Капітан! Капітан! — сцішана клічу я.

Каця раптам пачынае тузацца і матляць галавой — не трэба! Здаецца, я разумею правільна. Але гэта ўжо чорт ведае што!

— Перавязаць трэба! — кажу я. — Ану, пусці рукі!

Прыгнуўшыся, па трубе прабіраецца Сахно. Каця яшчэ болей сціскаецца і дрыжыць усім целам.

— Вось не даецца! Што рабіць?

— Да? — пазіраючы на выхад, няўцямна перапытвае Сахно.

Каця расслабляецца. Шэры цень атуляе яе нядаўна яшчэ чырванашчокі твар. I тут я разумею: яна памрэ! Але гэта дзіка, гэта жахліва! Гэта злачынна і ненатуральна: чаму гіне дзяўчына, калі мы, трое мужчын і салдат, застаёмся жывыя?

— Каця! Каця! Што ж ты робіш? — пачынаю я недарэчна папракаць яе. — Ты што — саромеешся?

Каця перарывіста і цяжка дыхае і моўчкі глядзіць на мяне. Здаецца, яна чуе, толькі гаварыць чамусьці не можа. Пасля позірк яе сунецца кудысьці ўбок і спыняецца на немцу.

У мяне з’яўляецца здагадка.

— Ён? Так? Хай ён перавяжа? Так?

Каця не пратэстуе, толькі неяк працягла выдыхае і расслабляецца. Вочы яе паволі заплюшчваюцца. Я не ведаю, ці гэта згода, ці мо сілы назусім пакідаюць яе. Амаль спалохана я гукаю немца:

— Ком! Перавязаць! Бінтаваць. Фарштэйн?

— Я, я.

Немец пачынае таропка расшпільваць яе шматлікую вопратку, — паўшубак, ватныя штаны, — адхінае скрываўленае, пабітае асколкамі шмаццё. Каця ціха ляжыць, абыякавая да яго дотыкаў, і я пачынаю памагаць яму. Удвух мы бессаромна раскрываем Каціна цела — маладое, акрываўленае, усё ў ранах дзявочае цела, якому ўжо не ачуняць. Гэта я бачу адразу. З першага позірку. I я не магу прымірыцца з недарэчнаю гэтай смерцю. Толькі што я магу зрабіць?

Зрэшты, прыняць смерць тут, напэўна, давядзецца ўсім.

Мы яшчэ не заканчваем перавязку, калі недзе паблізу раздаюцца нямецкія галасы. Сахно з пісталетам у руцэ адразу кідаецца ў дальні канец трубы. Адхіснуўшыся ад Каці, я хапаю ўтаптаны ў снег карабін і падаюся туды ж. Ззаду спрабуе прыўзняцца Юрка.

Угнуўшы галовы, мы прыхінаемся спінамі да настылага бетону трубы і слухаем. Я паціху знімаю затвор з ахоўніка. Раз за разам азіраюся на другі выхад. Там, аднак, пуста. Юрка трымае ў кулаку пісталет і не зводзіць з нас поўнага трывогі позірку. Яго вочы рэзка гараць на блеклым, нейкім ужо не юначым, вельмі засяроджаным на чымсьці сваім твары. Немец у нязручнай паставе насцярожана чакае ля Каці.

Галасы недзе блізка змаўкаюць. Настае цішыня, у якой натужна гудзе, грукаціць шаша. Сахно ціхенька выглядвае з трубы і тут жа рэзка адскоквае. Адразу ж зусім блізка чуецца:

— Вэн вір дзіс цум абэнд фон дэн панцыр ніхт цэркутшт вэрдэн зо шлюфэн вір[7].

I адказ крыху далей:

— Міт дэн обэрстэн дон Маер дурх. Ер швінгст унс лебендзіг абэр тот дацу[8].

Гэта зусім кепска. Яны ля самага насыпу. На дарозе, чуваць, бразгаюць дзверцы кабіны, значыць, машыны стаяць. Але іншыя ідуць. Напэўна, спынілася некалькі. Для чаго?

I раптам мяне прымушае зжахнуцца немец. Наш немец. Яго твар напружана выцягваецца, у вачах не то страх, не то якая рашучасць. Рукі далонямі на снезе, як у спрынтэра на старце. Глядзі, кінецца наўцёк. Я крута павяртаю карабін.

— Хальт!

Немец, няўцямна ўслухоўваючыся, кідае на мяне боязны позірк і апускаецца. Ногі яго расслабляюцца. Чорт, пэўна, яго трэба б прыстрэліць… Ды страляць нельга.

I тут усё адтуль жа, ад насыпу, далятае новы гук — слабенькі бразгат салдацкае спражкі. Аглушаны крыўднай здагадкай, я асцярожна выглядваю. Так і ёсць. Зрабіўшы сваю справу ў кювеце, два немцы таропка ідуць да шашы. На хаду зашпільваюць амуніцыю. Яны абвешаны шпулькамі з кабелем. Пэўна, знімалі сувязь.

Раптоўна страціўшы сілы і хістаючыся, я паўзу да Каці. Ля яе падаю ў снег. Пасля, саўладаўшы са сваімі пачуццямі, узнімаю галаву. Каця памірае. Я ведаю, як паміраюць людзі, і, бадай, не памыляюся. Яна напружваецца, тузаецца, выдыхае. Галава яе цяжка перакочваецца на разматляных русых валасах. Вочы напаўадкрыты. Рукой яна разы два махае ля твару, нібы адганяе мух. I раптам кажа:

— Адыдзі. Не цямні.

Мяне гэта здзіўляе. Так цвяроза і так выразна! Міжвольна я азіраюся. Хто цямніць? Я? Ці немец? А яна зноў кажа:

— Міця! Міценька! Цёмна вельмі…

— Каця!

Але яна выдыхае і сцішваецца. Вочы яе спыняюцца на чымсьці ўгары і гаснуць. Абапёршыся на руку, я сяджу побач. З другога боку сядзіць немец. Твар у яго скамянеў. Ён увесь у слыху. I не дзіва: праз дзвесце метраў свае. Ён можа закрычаць, і тады нас усіх схопяць. Але ён не крычыць. Мне нават здаецца, што ён не меней за нас баіцца.

А мне ўжо, бадай, нічога і не страшна. Смерць Каці мяне ашаламляе. Колькі ўжо загінула на маіх вачах — знаёмых і невядомых, але я ніколі не раскісаў так. Мо таму, што яны былі мужчыны і салдаты. Як-ніяк я быў падрыхтаваны да думкі, што яны могуць загінуць. Смерць на вайне — рэч дужа звычайная. Але чаму памірае гэта дзяўчына? Хто яе паслаў на вайну і чаму? Хіба сама папрасілася? Але што яна ведала аб ёй? Тое, што пісалі газеты: гераізм, патрыятызм. А памірае ў нейкай трубе, па недарэчным выпадку расшкуматаная мінай. I мы не можам ёй памагчы. Ды і навошта яна тут? Хіба ў нас мала мужчын? На перадавой, у тылах, у краіне наогул? На кожны дзесятак у ланцугу — добрая сотня ў бліжніх тылах. I якіх мужчын! Дужых, пісьменных, свядомых.

— Дакументы забралі? — пытаецца Сахно і ўкленчвае побач.

Я не адказваю. Каму што, а гэтаму найперш — дакументы. Яму галоўнае — выканаць фармальнасць. Дакументы — вайсковая тайна. Яна не павінна трапіць да ворага. Але што ў тых дакументах? I каму яны цяпер патрэбны? Яе жыцця ён не бярог, а пра нейкія паперкі столькі клопату…

Сахно тым часам запускае руку пад Кацін паўшубак і доўга там шарыць. Я на яго не гляджу. Без злосці я не магу бачыць гэта. Добра, што яна мёртвая і ёй усё роўна. А была б жывая, напэўна стала б у гэтага капітана бітая морда…

Дастаўшы з нагруднай кішэні чырвонаармейскую кніжку, Сахно зазірае ў яе.

— Шчарбенка Кацярына Іванаўна. Вядомае прозвішча, — са з’едлівай ухмылкай паведамляе ён.

Я напружваю памяць. Сапраўды, прозвішча і мне здаецца знаёмым. Толькі дзе я яго чуў? Я запытальна гляджу на Сахно. Той запіхвае ў кішэню яе дакументы і заўважае мой позірк.

— Не прыпамінаеце? Пэпэжэ камбата Маскалёва. З дзевяноста дзевятага, — кажа ён і ідзе ў той канец трубы. — Загад па дывізіі быў.

Падобна на тое, што гэта яго забаўляе. Што яна пэпэжэ і што быў загад наконт яе недазволеных адносін з камбатам Маскалёвым. Ён рады, што хоць пасля смерці знайшоў, чым папікнуць яе.

— Ну і што? — ледзьве стрымліваючы сябе, пытаюся я.

Сахно, азірнуўшыся, бліскае з-пад броваў сваім праніклівым позіркам, і я зрываюся:

— Ну і што? Калі і пэпэжэ? Ну і што?

— Замаўчыце! Вы што — ачумелі?

Ён знерухомлівае, утуліўшы голаў, і ўнутры ў мяне ўсё ападае. Я ледзьве валодаю сабой. Пэўна, ён мяне давядзе да шаленства. Я не магу яго бачыць… Дзіва, якія мы розныя людзі! Афіцэры адной арміі. Грамадзяне адной краіны. Чорт яго ведае, чаму так? Чаму суседства вось гэтага лакеяватага немца мне лягчэй стрываць, чым яго?

А немец тым часам устае і ідзе да Сахно. Я ўжо заўважыў, што з нядаўняга часу ён наогул стараецца трымацца бліжэй да капітана. Мной ён быццам ужо і грэбуе. Жэстыкулюючы кастлявымі рукамі, ён кажа нейкую доўгую фразу. Сахно пасуровелымі вачыма няўцямна ўстаўляецца ў яго і ўзмахвае пісталетам.

— Ану, назад! Назад!

Немец адступае, але ўсё яшчэ нешта стараецца давесці капітану. Той, вядома, не разумее, але насцярожваецца.

— Што ён кажа? — упаўголаса пытаецца ён у мяне.

— Ён жа вам кажа. Вось вы і зразумейце.

Капітан хмурыцца.

— Ну, ведаеш!.. Я інстытутаў не канчаў. Гэтай брыдоце не вучыўся.

Вядома, гэтай «брыдоце» ён не вучыўся. Чаму ён наогул вучыўся? У школе я таксама не захапляўся нямецкай мовай, але гора і вайна ўсяму навучаць. Некалькі слоў з фразы немца я ўсё ж разумею, пра астатнія здагадваюся. Немец даводзіць, што трэба некуды ўцякаць, бо калі пачнецца штурмоўка (шляхтангрыф), дык салдаты (лёс рэннен дэцкунг) — пабягуць сюды, у сховішча.

Гэта падобна на праўду. Але хай пачынаецца штурмоўка. Дрэнна, калі штурмавікі не наляцяць і калона прарвецца з Кіраваграда. А можа, і добра. Прынамсі, для нас, Чорт ведае што, робіцца ў маёй галаве. Я ўжо не магу разабрацца, што добра, а што дрэнна.

Немец нявесела вяртаецца ад капітана і моўчкі садзіцца ля Юркі.

— Вось наляцяць «ІЛы» і зробяць з вас мясакамбінат! — не хаваючы свае злосці, кажу я немцу.

Той, нечакана згаджаючыся, ківае галавой:

— Я, я.

Гэта мяне злуе яшчэ больш. Скажы, якая пакорлівасць! Можа, гэты фрыц зараз скажа, што ён камуніст? Што з калыскі быў супраць Гітлера? Бывала ж такое. Сорак чацвёрты — не сорак першы. Самыя гарачыя нацысцкія галовы паспелі ўжо прастыць.

— Мы вас перадушым, як вошай! Разумееш? Як лёйзы — к ногцю! — красамоўна паказваю я рукамі. — Варум гебт аух ніхт гефанген?[9]

Немец, здаецца, разумее, але моршчыцца і ціха сам сабе бармоча:

— Вір зінд аіфахе зольдатэн! Дэр крыг іст фюр генерале унд дэн фюрэр[10].

Гэта іх песня мне ўжо знаёмая.

— Ах, фюрэр? А самі? Самі што вы робіце? Палонных дабіваць таксама вас фюрэр прымушае? Пасылкі з нарабаваным у Германію пасылаеце таксама па загаду фюрэра? Вунь цэлы эшалон у Знаменцы застаўся! Фюрэр дазваляе, вось вы і рады. Вам выгадны такі фюрэр. Ён заахвочвае на злачынствы: біце, хапайце — вы і гатовы! Фюрэр за ўсё адказвае, а вы вядома айнфахермэнш? Вы не разумееце. З вас узяткі гладкі. Так?

Немец уздыхае. Нечым ён заклапочаны ці, можа, адчувае маю шалёнасць і пабойваецца. I ён сядзіць так, надзьмуўшыся, у нашым пакамечаным шынялі паверх свайго шырокага ў каўняры мундзіра. Казыркастая яго шапка перакруцілася набок. Уздыхнуўшы, ён пагаджаецца:

— Я, я. Айнфахермэнш!

— Што ён кажа? — зноў пытаецца здаля Сахно.

— Кажа, што ён маленькі чалавек. Ні ў чым не вінаваты.

— Задушыць яго трэба, — проста вырашае капітан.

Я не пярэчу. Урэшце, чорт з ім: хай душыць! Цяпер мне яго не шкада. У мяне столькі накіпела ў гэтыя дні за Юрку, за сябе, за ўсіх хлопцаў, якія ўжо ніколі не ўстануць са снегу. I асабліва цяпер вось за Кацю… Толькі без немца мы, бадай, не ўправімся з Юркам. Сахно аднарукі, я, лічы, аднаногі. А калі давядзецца ўцякаць? Не, мабыць, немца трэба пакінуць. Ды і чым ён можа нам перашкодзіць? Здаецца, да сваіх ён не дужа рвецца.

Аднак я маўчу, пачынаючы думаць пра іншае. Мабыць, будзе шчасцем, калі мы тут праседзім да ночы. Уночы мы, можа, і вырваліся б, а ў дзень то наўрад. Хіба што адкуль-небудзь з’явяцца нашы. Я прыслухоўваюся: здаецца, на дарозе пацішэла. Можа, калона прайшла? Цяпер бы не рушыла пяхота… З ёй будзе куды як горш.

Сахно тым часам разраджае пісталет. У яго, бачу, нейкая няспраўнасць з магазінам. Заціснуўшы між каленяў рукаятку, капітан аднаруч ладзіць яго. А я паныла сяджу ля Каці. Яна ўжо, мабыць, застыла. Выцягшыся ў доле, сінее васковым тварам мой Юрка. Тут усё ж моцна холадна, у гэтай праклятай трубе.

— Васілевіч! — сцішана гукае Сахно і змаўкае, ці то прыслухоўваючыся, ці то штось абдумваючы. — Злазь на насып і паназірай. А то яшчэ накрыюць, як куранят.

Вельмі не хочацца ўставаць, але мусіш. Прыхапіўшы карабін, я неахвотна вылажу з трубы. Сонечная яркасць стэпу асляпляе. Ва ўпор высвечаны сонцам, блішчыць шырокі адхон насыпу. Збоч ад яго з-за далёкага пагорка вытыркаюцца стрэхі будынін. Там нейкае сяло. Раптам у мяне з’яўляецца думка: а што, калі па-за насыпам пракрасціся туды і схавацца? Калі там няма немцаў? Толькі вось Юрка…

Перш чым лезці на насып, я кажу ў трубу:

— Немца пакуль не чапайце. Спатрэбіцца.

Сахно азіраецца, але не адказвае.


34


Прысыпаны снегам, адхон шархаціць пад локцямі леташняй, жорсткай ад марозу травой. Пругка б’е ў твар сіверкі вецер. Ногі слізгаюць, і я, упіраючыся рукамі і каленямі, лезу ўгору. Ззаду ляжыць міннае поле з курганамі і доўгай крывулякай нашых слядоў. Я туды, аднак, не гляджу — я адчуваю яго спіной. Апантаная спроба Сахно абхітрыць смерць абышлася нам дужа дорага і найбольшым страхам прадаўжае жыць у маёй душы.

На броўцы я прыпыняюся і па чарзе пазіраю ў абодва канцы чыгункі. Здаецца, на палатне — нікога. Тады, набраўшыся асцярогі, прыпаднімаюся і коратка выглядваю з-за шырокай прамазучанай рэйкі.

О, шаша аж гудзіць ад руху — цяпер, праўда, па ёй пруць абозы. Нямецкія фуры, адкрытыя і пад брызентам, двухколкі, кухні, нейкія падводы, з каптурам накладзеныя дабром і ўвязаныя вяроўкамі. Дзве шэрыя легкавыя машыны, раз-пораз сігналячы, марудна пракладваюць сабе шлях па ўзбочыне. Трухаюць, іржуць, бразгаюць цуглямі коні.

Добра, што ад чыгункі да шашы не дужа блізка, а то б яны ўжо дабраліся да нас.

Трохі паўзіраўшыся, я, аднак, неўзабаве хаваю сваю аббінтаваную галаву. У душы горкая радасць ад таго, што я іх бачу, а яны мяне не. Хоць гэтыя абознікі зусім не глядзяць па баках, мабыць, ім цяпер не да навакольных краявідаў. Ім абы вырвацца з катла, калі застаўся праход.

Зноў высоўваюся, здзіўлены нейкімі крыкамі, і зараз жа заміраю ў цікаўнасці. Дзіва што: на шашы б’юцца. Адна фурманка заварочвае ўпоперак руху. Нейкі немец у кароткім шыняльку хапае за цуглі коней. Таўстазадыя вялізныя біцюгі высока ўскідваюць свае галовы. Ён б’е іх знізу кулаком па мордах. Але да яго тут жа саскоквае з фурманкіездавы, і вось на шашы — крыкі, салдацкая лаянка. Той, што ў кароткім шынялі, дае ездавому па вуху, ездавы хапае праціўніка за грудкі. Некалькі падвод спыняюцца, некалькі спрабуюць аб’ехаць іх. Здаецца, вось-вось будзе пробка. Гэта здорава, думаю я і пазіраю ў неба: вось бы цяпер самалёты! На жаль, самалётаў няма, толькі ззаду, за курганамі, невысока кружыцца «рама». Ну, але і так няблага: не кожны дзень даводзіцца бачыць, як б’юцца паміж сабой немцы.

Праўда, яны не спраўляюцца як мае быць надаваць адзін аднаму, як між фурманак з’яўляецца коннік. Ладна седзячы ў новенькім жоўтым сядле, ён без лішніх слоў размахваецца з-за пляча бізуном і чыніць хуткую расправу над абодвума. Гэта дзейнічае куды як здорава. Той, у кароценькім шынялі, адразу кудысьці знікае, а ездавы, лаючыся «фэрфлюхтарам» і «швайнам», пачынае зварочваць з узбочыны фурманку.

I тут я скаланаюся, працяты спалохам: ад будкі па лініі ідуць немцы. Яны ўжо блізка і напэўна заўважылі мяне. Крутнуўшыся па мёрзлай жарстве, я ніцма сунуся па адхоне да самай трубы. Над трубой, разрыўшы ботам снег, на секунду затрымліваюся. Немцы ідуць па другім баку лініі. Мне відаць толькі вінтовачныя ствалы на плячах ды адна каска ў пярэдняга. Мозг пранізвае пытанне: заўважылі ці не? Калі заўважылі, тады ўсё скончана: трэба страляць. Трэба біцца і загінуць. Бо магчымасці ўратавацца ў нас амаль што няма. Але свядомасць прагне надзеі — а можа?.. А можа, не згледзелі?

I раптам да майго слыху, бы з іншага свету, даносяцца з трубы галасы. Спачатку я не цямлю іх сэнсу — я толькі калачуся ад напружанасці, да сутаргі сціскаю ў руцэ карабін: цішэй вы! Потым да слыху даносяцца словы, якія збіваюць мяне з панталыку.

— Лёнька! Лёнь!..

Мяне заве Юрка. Яму блага? Але ж там Сахно. I сапраўды, я чую ягоны голас. Капітан раздражнёна кідае:

— Што ты заблажыў? Ён пайшоў.

«Я тут, Юр!.. Я не пайшоў! Чаму ён кажа: пайшоў?» — нема крычу я ў думках і грудзьмі ўціскаюся ў снег ля трубы. Галовы немцаў хаваюцца. Застаецца толькі адна — задняга. Яна на тым баку. Яшчэ трошачкі, і яны ўсе пройдуць. Яшчэ секунда…

Але з-пад насыпу зноў прарываецца крык:

— Васілевіч!

I тут жа яго заглушае яшчэ больш гучны Сахноў:

— Канчай к чортавай матары! Май мужнасць!..

Яны ашалелі! Што яны робяць? Я ўсхопліваюся са снегу, і тут нечакана і жахліва ў трубе гахае стрэл.

У мяне цямнее ў вачах. Здаецца, у раптоўную прорву правальваецца сэрца. Што ён нарабіў?! У каго гэта ён? У немца? У Юрку? А мо гэта палонны? Ахоплены жахам непапраўнага, я куляюся да самага долу. Ускокваю на адну нагу. У другой тупы боль, ад якога зацінае дыханне.

На ранейшым месцы ля Юркі стаіць Сахно.

— Што вы нарабілі? Немцы!!

Сахно з маленькім, не сваім пісталетам пругка адскоквае ў канец трубы. Шэрым прывідам шастае кудысьці Энгель. Зачапіўшыся, я незнарок спотырч лячу цераз дзяўчыну. Падаю ледзь не на Юрку. Блізка ля майго твару яго галава. З разбітай скроні тырчыць маленькая востранькая костачка, і з-пад яе мкне чырвоны струменьчык, які хутка залівае вуха. На снезе ля пляча расплываецца-большае мокрая ружовая пляма.

Здаецца, я вар’яцею. Я перастаю што-небудзь разумець і ўскокваю на калені. «Хто? — крычу я. — Хто яго?!» Але я не чую ўласнага голасу. I мне ніхто не адказвае. Што ж гэта робіцца? Хто ж так зрабіў? Немец?

Я не зважаю на тых, што ўжо, мабыць, над намі, і хапаюся за карабін. Рукі мае калоцяцца. Правая не адразу знаходзіць рукаятку. У тым канцы я бачу Сахно. Прыгнуўшыся, ён абмёр з пісталетам. Чакае.

— Хто? — крычу я на ўсё горла. Але з грудзей вырываецца чужы, задушаны хрып.

Сахно, аднак, азіраецца і апантана махае рукой. Я ледзьве разумею яго шэпт:

— Ціш ты! Не бачыш?

Мусіць, сапраўды я чагосьці не бачу. Я ўпершыню кідаю на сябра трохі асэнсаваны позірк. Юрка нежывы. Перакошаны смерцю твар. Адно вока з сілаю прыплюснулася. Другое недарэчна глядзіць міма мяне некуды ў бетонную столь. З дзвюх скронь цячэ на патыліцу кроў. I тут я канчаткова разумею, што сталася. Ён застрэліўся.

— Юрка!!

Гэта апошні мой крык. У ім — уся мая роспач. Мой гаеў і жах. У наступную секунду, нібы пярун з неба, моцна бахае ў трубе стрэл. Знадворку шалёна пырскае аўтаматная чарга. Я ўскідваю карабін. Сахно ў тым канцы чамусьці крута ўгінаецца і падае. Там, дзе ён стаяў, аб бетонную сцяну апантана ляскае нешта круглае і адскоквае да другой насупраць. Граната! Я падаю галавой да Юркі. Грымотны выбух скаланае насып.

Аглушаны, я некалькі бясконцых секунд нічога не адчуваю. Усё ў трубе паглынае гарачы, удушлівы смерч. Лёгкія захлынаюцца ад снегу, пылу і прарэзлівага смуроду серы. У шэрай непрагляднасці — віхор. Затым неяк раптам чую, як пякучы боль абцугамі хапае калена. I ўсё большае, расцякаецца па назе. I ахоплівае яе ўсю, ад сцягна да мезенца. Бедная нешчаслівіца, мая нага! Здаецца, яе даканалі. Ад болю я не магу паварушыцца і мычу, сцяўшы зубы.

Снегавая віхура тым часам цішэе. Я прыўзнімаю галаву. У роце снег і пясок. У вушах і ў руках таксама. Я лапаю навокал рукамі. На пальцах цёплая, ліпкая макрэдзь. Гэта ад Юркі. Мабыць, яго расшкуматала гранатай. Побач чыясьці нага ў валёнку… Дзе мой карабін? Робіцца трошкі відней. З’яўляецца ніз і верх. Насупраць закапцелы і абдзёрты бок трубы. I светлы круг недалёкай адтуліны. I раптам у гэтай пляме — нерухомы цень. Адстаўлены ў бок локаць. Тонкі, як шчупальца асьмінога, аўтаматны ствол. Немец!

Нешта ва мне падломваецца, і я выцягваюся на снезе. Жахлівасць становішча ўжо не ўспрымаецца. Яна туманіцца ў свядомасці, і я кепска разумею, што адбываецца. Успрыняцце затарможваецца ў нейкім бязвольным трансе. Маё цела — камяк ваты, працяты болем. Галава таксама напхана ватай. Ні намеру, ні жадання, ні думкі. Нешта салёнае падступае да горла. Інстынктыўна я сплёўваю на снег. Кроў.

Цень тым часам, прыгнуўшыся, шырока і нячутна сігае бліжэй. Я ляжу на спіне і ашаломлена гляджу на яе. Я бачу толькі сілуэт. Знаёмы і безаблічны, як, бывала, зялёная мішэнь на стрэльбішчы. Ступіўшы крокі чатыры, ён углядаецца ў Кацю. Ён страшэнна палахлівы і смелы адначасна, гэты прывід. Ён нібы самнамбула. Ачынаецца ён, калі ззаду з’яўляюцца яшчэ двое. Тады ён скідвае з сябе скутасць і зусім па-зямному крычыць:

— Ота! Шау гір! Русішэ Валькірыя![11]

I са злоснай рашучасцю падчэплівае нагой цела Каці. Яно падатліва перакочваецца на бок спіной да святла. Рассыпаюцца па снезе яе валасы. Адна рука ненатуральна заломваецца за спіну. Двое нахіляюцца над целам дзяўчыны. Першага, аднак, цягне далей, і ён, паўглядаўшыся, пераступае цераз адзіную Каціну нагу. I тут раптам сустракае мой позірк.

— Хэндэ хох! Ауфштэген![12]

Ён апантана адскоквае назад. Аднак, тут жа асмялеўшы, ён рашуча сігае наперад і тыцкае мне ў твар аўтаматам. Надзіва, я ніколечкі не баюся. Памалу да мяне вяртаецца адчуванне рэальнасці. Краем свядомасці я саркастычна ўсміхаюся: баіцца! Каб ведаў, не баяўся б. Я не магу ўжо забіць яго. Не магу ўцячы. Я не магу нічога. I не хачу. Жыць не хачу таксама. Хочаш — страляй! Чорт з табой! У мяне ўсё парахнее ад болю і не стае сілы ўсё гэта трываць. Ды і няма для чаго. Забівай хутчэй…

Аднак ён не забівае.

— Рус! Ауфштэген! Бістро!

Ля мяне ўжо ўсе трое. Адзін коратка і балюча б’е ствалом карабіна ў плячо. Я напружваюся і прыўстаю на руках. Далей не дае боль. Ды і не варта старацца. Усё роўна заб’юць. Я ж ведаю. Дык хай забіваюць адразу. I яны, ашчэрыўшы тры нялюдскія твары, са сцюдзёнаю лютасцю глядзяць на мяне. Потым адзін з іх кідае позірк на Юрку. Нейкімі смярдзючымі ботамі ён пераступае цераз мяне і нагінаецца да нябожчыка. Бакавым зрокам я бачу, як ён шарыць у Юркавых кішэнях, нешта дастае і кідае ў трубу. Пасля падбірае з долу адкінуты выбухам карабін. Чорны мой карабін зноў вяртаецца да сваіх гаспадароў — немцаў.

Трэці раз яны ўжо не камандуюць. Яны хапаюць мяне за рукі і рыўком, як мерцвяка, валакуць з трубы. Я разумею, што ўсё ўжо скончана. Ад болю, сонечнага святла, а найбольш ад невымоўнае крыўды я зажмурваюся. Які недарэчны, люты канец. I менавіта тады, калі менш за ўсё да яго рыхтаваўся. Аказваецца, вось дзе ён быў — апошні мой Сталінград! Выйграны фронтам, краінай і назаўжды і непапраўна прайграны мной.

Неўзабаве, аднак, мяне балюча кідаюць на мулкія пад снегам камякі зямлі. Чыясьці рука расшпільвае на шынялі мой трафейны афіцэрскі рэмень з жоўтай скуры. Лапае зверху па кішэнях штаноў. Я аслабела расплюшчваю вочы і паміж нечых расстаўленых ног непадалёк бачу Сахно. Ён стаіць насупраць у гімнасцёрцы, без дзягі. З ордэнам Айчыннай вайны на грудзях. Почапку яго, відаць, адабралі, і забінтаваную ў локці руку ён прытульвае да жывата. Ягоны нахмураны позірк разгублена бегае па немцах. Выгляд нейкі аглушаны. Напэўна, капітан не ведае, чаго ад іх чакаць, і прыкметна пабойваецца. Кароткае здзіўленне ад таго, што і ён у палоне, на момант заглушае мой боль. Як жа гэта ён не застрэліўся? Ён жа павінен застрэліцца. Ён жа не мог здацца ў палон.

Я чагосьці не магу зразумець. Вельмі баліць нага. Ад болю і слабасці мутнее свядомасць. Да горла ўвесь час падкочваецца камяк і блажыць. Немцы таксама маўчаць. Маўчаць тыя двое, што перамаглі мяне ў гэтай вайне і вывалаклі з трубы. Цяпер я добра бачу іх перад сабой. Адзін увесь нейкі дужа руды — рудое шчацінне на шчоках, рудыя бровы, рудыя, аж залацістыя павекі. Цераз плячо ў яго на непадпяразаны шынель надзета трыбухатая сумка з прывязаным да яе кацялком. Другі маладзейшы, амаль мне равеснік, з прышчакаватым тварам і ў акулярах, чорнымі шнуркамі прымацаваных да вушэй. Крыху далей ад іх стаіць яшчэ адзін камлюкаваты дужак у доўгім шынялі і касцы. Флегматычны твар яго ледзьве прыкметна крывіцца, кабура парабелума на жываце засцярожліва расшпілена. Мне здаецца, што ён тут галоўны. За ягонай спіной стаяць і чакаюць яшчэ некалькі салдат. Ніхто з іх на мяне чамусьці не звяртае ўвагі.

Спакутаваны болем і душэўна распяты, я не адразу цямлю, чаго яны ўсе маўчаць. Аднак нейкі цень, што варушыцца побач на снезе, прымушае мяне павярнуць галаву. I тады я бачу ззаду за сабой Энгеля, пра якога ўжо забыўся. Няспрытнымі рукамі ён спрабуе расшпіліць на сабе шынель. Але, відаць, застыглыя на марозе пальцы не могуць саўладаць з незвыклымі для іх кручкамі рускага шыняля. Твар у яго мае нейкі напалоханы і вінаваты выраз, і мне раптам здаецца, што яны збіраюцца яго расстраляць. Афіцэр з-пад сурова сцятых броваў з нядобрай цярплівасцю сочыць за ім. Пасля робіць тры крокі наперад і, акуратна размахнуўшыся, коратка пляскае два разы па абедзвюх ягоных шчоках. Энгель трывае гэта, не варухнуўшыся, як заслужанае. Урэшце, з сілаю тузануўшы палу, выдзірае кручок і торапка скідвае з сябе шынель. Прышчаваты ў акулярах падчэплівае яе канцом карабіна і шпурляе далей у снег. Тонкія яго вусны крывяцца ў гідлівасці, нібы ён адкінуў якую падлу.

Здаецца, тое, што замінала ім, скончылася. Я на хвіліну расслабляюся ад непадуладнага мне напружання і перастаю іх бачыць. Чуваць толькі, як афіцэр, выразна вымаўляючы кожнае слова, лаецца і штосьці загадвае. Салдаты, бразгаючы пражкамі, бяруць з долу нейкія цяжкія зялёныя скрынкі на почапках (мусіць, якія прыборы). Парыпвае снег, да мяне хтосьці падыходзіць. Вялікім намаганнем я зноў расплюшчваю вочы. Побач стаіць Энгель. Цяпер ён зноў у сваім мундзірчыку з абвіслымі пустымі кішэнямі. У яго вінаватых вачах цярплівая пакорнасць і страх. За ім нехта штурхае ў каршэнь Сахно. Капітан, мабыць, не адразу разумее, чаго ад яго хочуць. Тады рудатвары б’е яго ботам у зад, і Сахно апынаецца побач з Энгелем. Удвух з немцам яны паднімаюць мяне пад пахі. У маіх вачах раптам цямнее, і я ледзьве трымаюся, каб не страціць прытомнасць. Я вельмі не хачу застагнаць. Астатняе для мяне ўжо не мае сэнсу.


35


Мабыць, з гадзіну я хаджу вакол прывакзальнай плошчы і не магу супакоіцца.

Над горадам — глыбокая ноч. Плошча нязвыкла пустая і вялікая. Роўна і дрымотна гараць угары шары ліхтароў. Пустуюць на бульвары лаўкі. На тралейбусным супынку нікога. Пуста і на стаянцы таксі. У мяне ў падсвядомасці такое адчуванне, нібы ў свеце штось здарылася і людзі пазнікалі. Здаецца, я ведаю што, толькі не магу ўспомніць. Наогул ад перажытага сёння і ад ператомы я стаў як кантужаны. Ломіць у рамянях пратэза рэштка маёй галёнкі. Я хаджу ад ліхтара да ліхтара. Пад кожным на краі тратуара спыняюся і з асветленага лапіка ўзіраюся ў прыцемкі між дрэў. Здаецца, там хтосьці варушыцца. Я ведаю — гэта прывіды, нікога там няма, як нікога няма на тратуары, за вітрынамі зачыненых магазінаў, у ларку «Саюздруку» на рагу і тралейбусным супынку. Людзі адсутнічаюць, і пакінутыя імі на ноч рэчы працягваюць сваё пачатае ўдзень жыццё. Яны надзіва згодныя і дысцыплінаваныя, гэтыя людскія рэчы. Пакорна і ў поўным устаноўленым для іх парадку чакаюць сваіх гаспадароў. Іхняя вернасць спакою непахісная.

Асабліва цікавыя ноччу кніжныя вітрыны. Цэлыя роты самых разнастайных выданняў. Поўны давер і шчырасць. Згода і мір. Калісьці я вельмі любіў іх разглядваць менавіта ноччу. Уначы яны выглядаюць зусім інакш, чым удзень. Кнігі ноччу, як разумныя людзі ў жыцці. Кожная ў сабе. З усіх чатырох шкляных сцен ларка яны глядзяць на мяне са сцішанай глыбакадумнасцю мудрацоў. У кожнай канцэнтрацыя розуму, эмоцый, сведчанне эпох і вопыту. I ні ў адной — таго, што баліць у мяне. Яны глухія да маіх боляў, бо кожная з іх поўна сваіх. Яны толькі сведчаць пра тое, што адбалела і памерла ў эмацыянальнай памяці чалавецтва. Але хіба тым самым яны не даюць нам самы надзённы ўрок? Праз гушчы стагоддзяў, галовы пакаленняў іх чалавечая мудрасць перакідвае свой мост у будучыню. Яны сведчаць кожная аб сваім вопыце і засцерагаюць ад мноства памылак у спрадвечнай барацьбе са злом.

— Каторая гадзіна — не скажаце?

Я да агіды палахліва здрыгаюся і не адразу разумею, што гэта вартаўніца. Захінутая ў грубы брызентавы плашч цётка падазрона пазірае на мяне. Чагосьці чакае. Ах, часу! Я зазіраю на гадзіннік — палова чацвёртай.

Цётка не адыходзіць, а прысланяецца да жалезнага прэнта ля шкла і пазяхае. Я памалу іду далей. У грудзях марудна сціхаючы, усё яшчэ тахкае сэрца.

Трэба супакоіцца. Пара супакоіцца. Нічога, па сутнасці, не здарылася. Гнаўся за адным нягоднікам, трапіў на другога. Ну і што ж! Хіба іх усяго двое на свеце? Колькі іх сустракалася раней і, відаць, яшчэ сустрэнецца ў будучым. Пратакол? Глупства, што мне пратакол! Папалохаюць — не болей. Што яны з мяне возьмуць? Мабыць, не пасадзяць…

Як бы там ні было, я ні аб чым не шкадую і ні ў чым не каюся. Праўда, я не перамог. Ён пайшоў не зламаны і нават не абяззброены. Упартай упэўненасці яго ў сваёй невіноўнасці, відаць, хопіць на ўсё жыццё. Гэты не з тых, хто хварэе ад апёкаў сумлення. Калі, можа, і было ў яго некалі гэта сумленне, дык з гадамі ад яго мала што і засталося. Усе жыццёвыя здольнасці гэтага чалавека развіваліся толькі ў напрамку прыстасавальніцтва. Валявы пачатак задушыў усе астатнія. Жыццёвым прынцыпам для яго стала сіла. У каго сіла, таму не патрэбна праўда. Гэты канёк няблага вывозіў яго ў жыцці. I пакаўзнуўся ён хіба што ў пяцідзесятыя гады. Але і цяпер такія не трацяць подленькай надзеі на зварот да ранейшага. Бач ты яго, разышоўся ў гневе! Ужо з дзвярэй крычаў міліцыянерам: «Распусцілі народ! Дэмакратыю развялі! Вопытных работнікаў шальмуеце. Чакайце! Прыпячэ — паклічаце!»

Наогул гэта падобна на жарт. Ён яшчэ на штосьці спадзяецца. Але разам з тым гэта прымушае задумацца. Бо пакуль адных будзе цешыць подлая надзея выплысці наверх, у другіх будзе жыць страх. Будзе таіцца, хавацца, каб калі-небудзь узяць верх. Занадта глыбока жыве ў свядомасці многіх ганебная нявольніцкая мараль: як бы чаго не выйшла. I калі здарыцца, што дзе-небудзь слязьмі абальецца праўда, хіба хто-колечы не памяркуе: а ці не лепш пераседзець, перамаўчаць, перастаяць за вуглом, адвярнуцца. А яны будуць пільнаваць спрыяльны для сябе момант.

Я забрыдаю ў самы цёмны куток на плошчы. У густым ценю пад дрэвамі на лаўцы прытаілася нейкая пара. Сцішылася, змоўкла, насцярожылася і чакае. Не, я туды не пайду. Ім трэба адзінота, мне таксама. Тут царства спакою і цішыні. Тут ноч. А насупраць, па той бок плошчы, усімі вокнамі свеціцца вялізны будынак вакзала. Мусіць, там ніколі не бывае ночы. Там вечна, дакуль жыве горад, будзе біцца яго бяссонны чыгуначны пульс. Мільёны людзей. Стагоддзі. Эпохі. Вулканы людскіх эмоцый — пад яго сценамі.

Дужа пахне маладая ліства таполяў. У завулку на недалёкай будоўлі пыхаюць водблескі электразваркі. Сіне-сцюдзёныя ўсплёскі святла дрыготка трапечуцца ў небе. Аднекуль на плошчу выскоквае машына «хуткай дапамогі» і, імпэтна перасекшы яе асфальтавы прасцяг, знікае на бульвары. Ціхія, стрыманыя адзнакі людскога жыцця поўняць ноч, трэба толькі ўмець заўважаць іх і бачыць.

Аднак пачынае імжыць дождж. Ён з часам гусцее, асфальт патыхае макрэддзю і пылам, мерна сакоча дах на ларку. Мусіць, трэба ісці на вакзал. I я паціху брыду краем плошчы ўздоўж сквера. За жалезнай загараддзю суцэльнае царства ночы, і ў ім прыцішаны лёскат кропель. Зблізку чуцен яшчэ шорхат газетных аркушаў — закаханыя хаваюцца ад дажджу. Упартае ў сваёй празе да адзіноцтва каханне. Зімой, увесну, улетку. У спёку, ноччу, у дождж — там пары. I гэта — таксама вечна…

На вакзале абвяшчаюць пасадку. У вестыбюлі і па сходнях пачынаюцца сонная таўкатня і гамана. Спяшаюцца цёткі з клункамі. Брыдуць заспаныя дзеці. Звесіўшы з плячэй звязаныя чамаданы, штурхаюцца да выхаду дзядзькі. Год пяці абы-як апранутая дзяўчынка валачэ пузатую напханую шмат чым авоську. Знерваваная маці з клункамі ўсё злосна пакрыквае на яе. Ззаду жанчына на высокіх абцасах і заспаны ў кароткіх штоніках хлопчык. Хлопчык незадаволена трэ вочы, і маці ўлагоджвае яго. У абедзвюх яе руках кардонкі, драўляны аўтамабіль, трохколавы веласіпед і нават два чырвоныя шары. Хлопчык надакучліва ные. А мабыць, равеснік дзяўчынцы. Бравы малады лейтэнант ашчадна вядзе пад руку старэнькую згорбленую бабулю ў плюшавай надзёўцы. Падпалкоўнік у шэрым плашчы валачэ на плячы вялізны ружовы абруч — модны занятак для пастарэлай дзе-небудзь у далёкім лясным гарнізоне жонкі. Мінаючы сустрэчных, я лезу на другі паверх — там цяпер вольныя лаўкі. Някепска было б падрамаць. Да майго цягніка яшчэ шмат часу.

Вольных мясцін, аднак, тут небагата. Ля акна ў самым куце палова незанятай лаўкі, і я з асалодай выцягваю на падлозе ногі. Зрэшты, ногі — не зусім адпаведнае для мяне слова. Спіну падпірае падлакотнік. Не вельмі зручна, але стомленае цела здаволена. Побач клюе носам нейкі хлопец у чорным пінжачку і клятчастай сарочцы. Кепка яго ўжо на паркеце. Хлопцава галава ўсё ніжэй, ніжэй гнецца да калень, і калі, здаецца, дакранецца да іх, хлопец прахопліваецца. Спалоханымі вачыма няўцямна кідае са два позіркі і зноў пачынае драмаць.

Невядома, ці выжыў у гэтай вайне Сахно? Хоць такія людзі, не вельмі пераборлівыя ў сродках, жывучыя. I калі здарылася, што ён застаўся жывы, я ўпэўнены: ён зноў той жа. Усё жыццё ён удасканальваўся ў адным рамястве — прымусе… I на іншае проста няздольны. Я ведаю, сустрэча з ім мне таксама не прынесла б радасці. Ён з пароды Гарбацюкоў, і дзесяць гадоў для іх перавыхавання завельмі малы тэрмін.

Трэба было мець незвычайную па тым часе здольнасць пранікаць у людскія характары, каб западозрыць у Сахно патэнцыяльнага здрадніка. Я, у кожным разе, такім нават не мог яго і сасніць. Здавалася, гэта жалезны ў сваіх пераконаннях фанатык, бязлітасны не толькі да іншых, а і да сябе ў імя той справы, якой ён служыў. Праўда, я і раней лічыў гэтага чалавека нягоднікам, але з прычыны іменна гэтай яго бязлітаснай няўхільнасці, якая мяжуе з жорсткасцю, гіпертрафіраванай службісцкай уедлівасцю. Зрэшты, у той час гэтыя якасці не прынята было лічыць заганнымі.

А на справе, ён заўсёды меў падвойнае дно. Ён не набыў яго ў той адвячорак у трубе або пасля пад уплывам якіх-небудзь асаблівых абставін. Цяпер я разумею: ён такім быў праз усё жыццё. Ён зусім не быў крэменем, якім стараўся здавацца, таму што быў беспрынцыповы і гнуткі. Што ён ні рабіў, ён перш думаў пра сябе — аб сваёй кар’еры і сваёй выгодзе. Астатняе яго не турбавала.

Аднак я ўсё ж прытаміўся. Вочы неўпрыцям заплюшчваюцца, прыцішаная гамана нібы мацнее і нібы засяроджваецца ў галаве. Сну няма, але цела ў нейкім тлумным змярцвенні. Апаноўвае абсалютная нерухомасць. Толькі думкі, вобразы, абрыўкі невыразных фраз рояцца ў галаве.

За вялікім акном насупраць шуміць імпэтны майскі дождж. Нібы зачараваная яго няўрымслівым шумам, узіраецца ў спатнелую шыбу жанчына. Няйначай — з вёскі. Блішчастыя гумавыя боты. Простая спадніца. Цёмны паношаны жакет. На галаве старанна павязана чорная хусцінка ў чырвоныя кветкі. Невясёлы, засяроджаны на чымсьці ўнутраным, яе твар з сеткай зморшчын на лбе выглядае немаладым і стомленым. Мусіць, яна мне равесніца або трохі маладзейшая і, мабыць, адзінокая. Я не ведаю чаму, але нешта няўлоўнае выдае ў ёй шматгадовую горыч жыцця. Зрэшты, адкуль быць шчасцю? Дзе тыя равеснікі і трохі старэйшыя, з кім прамільгнула кароткая яе маладосць? Цяпер бы ім таксама было год па сорак, калі б праклятая вайна не адмерала многім па дваццаць. Вечна маладыя і нежанатыя, маўкліва спяць яны ў тысячах братніх магіл на шырокім прасторы ад Волгі да Эльбы. I вечная самота тлее ў змарнелых на працы і ў клопатах, дачасна састарэлых вачах іхніх былых сябровак.

Так, можа, недзе і Юркава Ліда. Памятаю, з якой нецярплівасцю ў вучылішчы выхопліваў ён з рук днявальнага яе пісьмы, размаляваныя каляровымі алоўкамі. Колькі ў іх было пяшчоты і адданасці! Гэта было яркае і кароткае каханне, якому я зайздросціў і аб якім марыў усю маладосць. Дзе яна цяпер, яго Лідка?

Жанчына ля акна папраўляе на галаве хустку, захінае жакетку. Ля ног у яе невялічкі руды чамаданчык. Адкуль і куды яна едзе? Які лёс кіруе яе, відаць, невясёлым жыццём? Што яе адасоблівае ад людзей у гэтай зале і кліча ў самотную адзіноту бяссоннае ночы?

Не, я не хачу бачыць Юркаву Ліду такой спрацаванай на мужчынскай рабоце, дачасна змарнелай у адзіноце, з абыякавасцю ў вачах. Я не хачу гэта сабе ўявіць. Адмаўляюся зразумець. I не ў стане пазбыцца ў думках верагоднасці яе менавіта такога лёсу.

Эх, Юрка, Юрка! Ты — самы вялікі мой боль у жыцці. Ты — незагойная мая рана. Іншыя ўсе ўжо даўно пазагойваліся, а ты муляеш, крываточыш і баліш, мабыць, таму, што ты — рана ў сэрцы. Сумленне маё падрэзана тваёй пагібеллю, ад якой я не магу ачуняць дваццаць гадоў.

Так, я вінаваты таксама. Вінаваты перад табой і перад тваёй маці, за якую ты найбольш непакоіўся пры жыцці. Я не забыўся на яе адрас. Але што я мог напісаць ёй? Каюся, я доўга вагаўся і недзе гады праз два пасля вайны паслаў ёй паштоўку з паведамленнем, што ты без вестак прапаў пад Кіраваградам. Гэта была маленькая хітрасць, якая мне памагла зрабіць выбар, каб зрабіць як найлепш. Я ведаў тваю маці з яе пісьмаў да цябе, кожнае з якіх было на чатырох лістах пад нумарамі. Я не забыўся, як непакоілася яна пра цябе, пра тваё жыццё. Але я памятаю таксама, што яна ніколі не прасіла цябе, як іншыя, што б там ні стала зберагчы жыццё. Яна заклікала цябе, калі прыйдзе апошні той час, не забыцца, што ты савецкі афіцэр і камсамолец і зрабіць так, як патрабуе ад цябе твой абавязак. На іншае яна не магла пагадзіцца.

I неўзабаве я атрымаў ад яе адказ. Невялікі ліст, некалькі скупых слоў святой мацярынскай хлусні. Не без гонару пісала яна, што ты па-геройску загінуў у няроўным баі.

Ці мог я пасля гэтага паведаміць ёй усю праўду аб тваёй пагібелі?

Што ж, я вінюся перад табой і каюся. Але мы разумнеем з гадамі, а ваяваць нам давялося зялёнымі хлопцамі. Цяпер бы я не зрабіў так. Я б пастараўся не аддаліцца ад цябе, як гэта здарылася ў той дамоўцы на кіраваградскім пераездзе. Цяпер я разумею, што ў адносінах да цябе, параненага, паставіўся амаль па-здрадніцку. Трэба было мне не адыходзіць ад цябе да канца. Мабыць, я раней зразумеў бы тваю роспач, і яна б не абарвалася тым недарэчным стрэлам, на які падбухторыў цябе Сахно. Але тады я быў не цяперашні і на некалькі гадзін сапраўды занядбаў цябе, адзінокага ў сваёй знямогласці.


36


Адчуванне маё то праясняецца, то знікае ў млосных правалах свядомасці. У галаве ўсё кружыцца, плыве і гойдаецца. Аднак я разумею, што мяне валакуць наўскасяк па адхоне ўгару. Пасля мая здаровая нага балюча выцінаецца аб рэйку. Я кранаюся ёй долу і пачынаю скакаць па заснежаных шпалах. Кожны рух суправаджаецца невымернай да атупення пакутай. Другая, мне ўжо непадуладная нага сутаргава падкорчваецца ад болю і ціхенька, аслабела калоціцца.

Усё маё цела ў ліпкім сцюдзёным поце. Часам я расплюшчваю вочы, і тады перад імі плывуць-гойдаюцца прысыпаныя снегам шпалы і дзве чорныя рэйкі з абодвух бакоў. Побач мільгаюць боты. З аднаго боку кірзавыя, пацёртыя на шчыкалатках — Сахновы, з другога тупаносыя скураныя — Энгеля. Ля гэтых скураных раз-пораз паказваецца чорны прыклад карабіна, і я здагадваюся: ім узброіўся мой штрафны канваір. Значыць, яго не расстраляюць. Гэта чамусьці адгукаецца ва мне задавальненнем, якое нараджае надзею: а раптам ён паможа. Калі толькі мне яшчэ можна чым-колечы памагчы.

Хутка, аднак, невыносная млявасць ад болю зноў туманіць мой зрок, і я перастаю бачыць. Цьмяна я адчуваю, што мяне вядуць у палон. Вядуць два чалавекі, якія тут менш за ўсіх падыходзяць для гэтага. Сапраўды, аднаго суткі назад я сам павінен быў здаць у палон, а другі… Не хочацца нават і думаць, хто гэты другі.

I вось цяпер яны — мае канваіры.

Але навошта я, такі скалечаны, спатрэбіўся немцам? Хіба, каб нешта ад мяне дазнацца раней, чым забіць? Тады чаму я іду? Хай забіваюць адразу. Праўда, я заўжды хацеў жыць. I цяпер таксама. Каб толькі не боль. Нават насуперак болю. Толькі чым мне абернецца якая лішняя гадзіна жыцця? Можа, горшым, чым сама смерць…

Галава мая тлумнее ад блытаных думак і неадольных для майго стану пытанняў. Нечага вельмі важнага я ніяк не магу даўмецца. Я толькі адчуваю, што сталася нешта жахлівае, непапраўнае і несправядлівае. Часам я забываюся, дзе я і куды іду. Міжвольна здаецца, што побач Каця. Нават чуецца дзесьці паблізу яе голас. Я не магу сабе ўявіць, што яе ўжо няма і ніколі не будзе… I што ніколі болей не будзе майго сябра Юркі. Здаецца, ці не сон гэта? Было ж колькі разоў у сне, што трапляў у рукі да немцаў, якія нават спрабавалі мяне забіць. Але затым наставала абуджэнне, і ўсё рабілася па-ранейшаму. Можа, і цяпер будзе так? Толькі вось нялюдскі, нясцерпны боль!

Трэба сабрацца, засяродзіцца і нешта зразумець, у нечым разабрацца. Я заўжды няблага разбіраўся ва ўсіх каверзах, што наблытвала перада мной жыццё. Дома, у школе, у вучылішчы. Праўда, тут вайна. Вялізная, лютая, небывалая на зямлі вайна. У ёй сам д’ябал з богам самым старанным чынам усё пераблыталі. Ніводная заканамернасць тут не з’яўляецца правілам. А самая недарэчная выпадковасць часам робіцца табе лёсам. Разбярыся, што тут надзейна і пастаянна? I нязменна?

Пэўна, я мог бы штось зразумець, каб не такія пакуты. Боль мне не дае ні аб чым думаць. Ён адбірае сілы. Слабасцю захлынаецца маё сэрца. Столькі трэніраванае на кросах, фізо і на зарадках сэрца. Здаецца, нікуды я не дайду. Я проста сканаю ў руках гэтых двух. На гэтай чыгунцы. У некалькіх кіламетрах ад Кіраваграда.

Так, я хачу сканаць. Я не хачу ісці ў палон. Я не буду даваць ім ніякіх звестак. Я не хачу і не магу болей пакутаваць. Пакуты робяцца звыш маіх сіл. Я нават не ведаю, дзе і што мне баліць. Боль самаўпраўна гаспадарыць ва ўсім целе, невядома чаго дамагаючыся. Я вельмі зайздрошчу Юрку. Яму не баліць. Ён пераступіў свой апошні рубеж і цяпер непадуладны для немцаў. Сілы над ім ужо ў іх няма. I смерць мне пачынае здавацца жаданым збавеннем. Толькі дзе яно, тое збавенне?

Я расплюшчваю вочы і дзіка пазіраю навокал. Паабапал стэпавая роўнядзь, чыгунка, тэлеграфныя слупы збоку. Мерна і настойліва гудуць правады. Наперадзе тупае немец. Каробка закінутага за спіну процівагаза лязгае па затворы яго карабіна. Я паднімаю галаву і бачу сашчэпленыя сківіцы Сахно. Ён усё не страляецца, не ўцякае. Няўжо ён пойдзе ў палон?

— Забі мяне!

Сахно, здаецца, ажно здрыгаецца. Зусім незнаёмымі вачыма пазірае ў мой твар. Мабыць, твар у мяне нялюдскі, бо ў глыбіні ягоных зрэнак — раптоўны спалох.

— Забі мяне! Будзь чалавекам!

Я і сам разумею бязглуздасць мае просьбы-енку. Але гэта енчыць мой боль. I маё спакутаванае цела. Яны самыя ўладарныя цяпер ва мне, і я ім падпарадкуюся. Адзіная мая нага падкошваецца, і я зусім вісну на чужых руках. Сахно тады моцна тузае за плячо і дыхае засцярожлівым шэптам:

— Калі што — ты мяне не ведаеш. Паняў?

Я праглынаю тугі крыўдны камяк. Ага, цяпер ён мяне ўгаворвае. Падобна, ужо ён перайначваецца. Астатніх панішчыў, а сам усё марудзіць. Можа, думае выжыць?

У роспачы я тузаюся з іх учэпістых рук. Энгель нешта незадаволена буркае і ямчэй падхоплівае мяне пад паху. Сахно ж аднаруч не вытрымлівае. Плячом я выцінаюся аб шпалу і ляжу, курчачыся ад болю. Ззаду раздаецца суровы гартанны крык. Сахно, палахліва зазіраючы мне ў вочы, тузае за рукаў.

— Ты што? Уставай!

— Не ўстану! Забівайце! Не ўстану.

У гэтым цяпер маё выйсце. Выйсце з жыцця ў нябыт. Іншага няма. Хай страляюць.

Але яны не страляюць.

Энгель некалькі разоў нязлосна тузае за руку, стараецца падхапіць за другую Сахно, але я настойліва ім не паддаюся. Тады насупраць з’яўляецца той, у касцы. Ягоны позірк крута ўпіраецца ў мяне дзесьці між броваў. Дужы ўдар ботам пад дых зацінае маё дыханне.

— Ауфштэген!

Не, ужо чорта вам, а не ауфштэген! Задыхаючыся, я хапаю ротам паветра і, на жаль, нічога не магу ім сказаць. Свет зноў правальваецца ў млосную імглістую прорву. Рэшткамі адчування я адзначаю, як яны хапаюць мяне за рукі, за нагу, за падраныя полы шыняля, і зямля пада мной знікае. Вірлівая дрыготкая гойданка падхоплівае мяне і ўносіць з свядомасці…

Ачынаюся таксама ад удару. Здаецца, нечым пякуча-сцюдзёным тупа выцінаюць па твары, і я ўраз апынаюся на скрыпучай нерухомай роўнядзі. Варухнуўшы рукамі, разумею, што яны мяне кінулі ніцма ў снег. Напэўна, зараз прыстрэляць. Нетаропка і вяла, ледзьве адольваючы знямогу, у якой раствараецца боль, паварочваю галаву. Пада мной утаптаная зімовая дарога, рудая наздраватая пляма ад конскай мачы, натрэсеныя ацяробкі сена і побач ногі. Шмат ног у ботах, чаравіках з кароценькімі скуранымі і брызентавымі крагамі. Двое ці болей у валёнках. Бліжэй за іншыя пазнаю выслізганыя ў снезе кірзачы Сахно. На іх скураных галоўках плямы крыві. Здаецца, гэта мая кроў. Аднак рэзкая нямецкая фраза прымушае мяне зірнуць далей, і мае вочы натрапляюць непадалёк на вузенькую, брудную падножку «опель-капітана». Адзін яе край аздоблены цьмянай палоскай нікелю. Канец прыгнуты нейкім ударам, а на сярэдзіне пацепвае падэшвай добра начышчаны хромавы бот.

З патугай я перасоўваю позірк вышэй, здагадваючыся ўжо, што гэта — начальства. I сапраўды, у машыне нейкі важны, самавітага выгляду афіцэр. Хударлявы і немалады. На галаве новая высокая фуражка. Пад выгаленым падбародкам ляжыць руды футровы каўнер скуранога рэглана. Вачэй, аднак, не відаць, замест іх пабліскваюць шкельцы пенснэ. Я першы раз бачу такога важнага немца, і ў іншых абставінах, мусіць, гэта было б цікава. Аднак цяпер ён мне абыякавы. Мне пляваць на ягоны высокі чын. Я яму зараз жа гэта і скажу. Разыкаваць мне ўжо няма чым.

Але чаго яны зноў усе маўчаць? Маўчыць чын. Маўчыць, «з’ядаючы» яго позіркам, знаёмы афіцэр у касцы. Вывернуўшы ад сябе локці, ён навыцяжку стаіць перад машынай. Можа, зараз яны вырашаюць наш лёс?

Аднак напружанне мае канчаецца. Я выдыхаю з грудзей паветра і заплюшчваю вочы. Зноў усё нада мной плыве і кружыцца. Вялікім намаганнем волі ўтрымліваючы сябе ў свядомасці, думаю: чаму я не сканаў па дарозе? Навошта я жыву? Я ведаю, што будуць дапрошваць. Ім патрэбна нешта дазнацца, і таму яны вядуць нас удвох. Другі для кантролю. Для таго яны прывалаклі мяне ў сяло. Гэта — вуліца. Я чую, як у марозным паветры пахне мешанінай дыму — бензінавага і ад саломы. Чуецца далёкая страляніна, гамана і тупат ног. Побач ідуць і бягуць салдаты. I ў гэтую калатнечу блізкіх, перамешаных гукаў урываецца настырны паветраны гул. Дык вось чаму яны змоўклі: у небе ідуць нашы. Гэта штурмавікі, нашы родныя «ІЛы». Яны ідуць сюды! Яны зробяць ім вялікі крывавы дзень.

Напружыўшыся ад вялікага болю, я перакочваюся на спіну. У вочы хлынае бледны высокі блакіт неба. Да болю ў вачах я шныпару позіркам па белесаватай смузе-навалачы. I дарма. Там пуста. Толькі побач унізе тычкі нерухомых галоў — у пілотках, шапках, у касках. Яны таксама ўставіліся ў неба. Самалётаў няма. Ёсць толькі гул. Гудзе недзе паблізу. I гэты гул напаўняе мяне незразумелаю ўпэўненасцю. Родныя мае! Дарагія! Біце іх! Паліце! Нішчыце! Я рады, што я яшчэ жыву. Я не хачу хутка паміраць. Я яшчэ пазмагаюся з імі. Я ім нічога не скажу. Не на такога напалі. Я плюну ў вочы гэтаму оберсту, ці як там яго велічаць. Няхай страляюць. Няхай пабачаць, як паміраюць рус-афіцэры.

Аднак гул хутка глухне. Мусіць, самалёты праходзяць міма. Некуды ў другі бок. Кароткая радасць мая мяняецца нямым унутраным крыкам. Роспач туманіць позірк, і я ледзьве заўважаю, як іхнія твары ўжо не задзіраюцца ў неба. Яны скіроўваюцца да легкавушкі. Немец у машыне скідае з сябе нерухомасць, хрускае партсігарам, дзелавіта прыкурвае ад запальнічкі. Худыя шчокі яго то правальваюцца, то зноў трохі поўняцца, і падбародак апускаецца на футра каўняра. Ён нешта загадвае.

— Яволь! Яволь! — ляскае абцасамі афіцэр і коратка аб нечым дакладвае.

Здаецца, гэта пра нас — (вас махен цвай русафіцірэн?). Вось калі ўсё вырашыцца… Позіркам я ўпіваюся ў голены, сцюдзёны твар. Зараз ён вызначыць нам кару. Загадае, чаго ад нас дабіцца і як расстраляць. Ці, можа, нават павесіць. Але ён чамусьці не спяшаецца загадаць. Тонкімі вуснамі ён сціскае цыгарэту і нядбайна махае рукой у шэрай пальчатцы.

Я не разумею. Што гэта значыць? Расстрэл? Ці, можа, весці далей па вуліцы? Відаць, чагось не разумее і афіцэр у касцы. Ва ўсякім разе я не чую ягонага «яволь». Я толькі бачу, як, сыпануўшы снегам, падхопліваецца ў каляіне кола. На хаду бразгаюць дзверцы.

Афіцэр крута павяртаецца да салдат і ўжо іншым тонам — злосна і рашуча — нешта загадвае. Паўхвіліны ўсе змрочна слухаюць. Пасля разам бяруцца за зброю і за сваё майно на ўзбочыне. Зноў лязгаюць-дзвенькаюць спражкі і зашчэпкі іх жоўта-зялёных скрынак. Гучна хрупае снег. Нехта дужай рукой хапае мяне за каршэнь і ніцма, як дохлага сабаку, валачэ ўпоперак вуліцы. Па снезе, цераз каляіны, разграбаючы маім целам мёрзлыя конскія круглякі. Кручок шыняля ўпіваецца ў горла, я задыхаюся. Я не ведаю, куды гэта? Але я не хачу тут памерці. Я хачу яшчэ пазмагацца з імі. Яны мяне асудзілі, але за мной яшчэ апошняе слова. Божа, дай мне яшчэ гадзіну жыцця! I сілы. Я ніколі не верыў у Бога, аднак цяпер ён патрэбны мне. Хоць сапраўдны, хоць выдуманы. I я малю яго памагчы мне.

Побач рыпяць на снезе закасцянелыя ад марозу скураныя боты, сунуцца міма пляцень, брамка, кінутая пустая каністра і прыхінуты да прызбы аўтамабільны скат. Ля яго растаптаны на снезе ахапак саломы, на які яны ўзвалокваюць мяне і кідаюць. Ударыўшыся галавой аб тугі гумавы бок ската, я не адразу расплюшчваю вочы. Ляжу, як пласт, ад болю закусіўшы вусны, і калачуся. Побач апускаецца на прызбу і таксама трасецца ад сцюжы Сахно.


37


Праходзіць, мусіць, нямала часу, пакуль я, прытрываўшыся да болю, раскрываю вочы.

У двары гамана.

Хата, на падворку якой мы апынуліся, мусіць, пакінутая. У выбітых шыбах акна з рэшткамі шкла — чарната. Дзверы — насцеж. Таму немцы ўсе ў двары. У полах шынялёў яны прыносяць аднекуль сухі паёк і ладзяць падвячорак. На састаўленых разам скрынках дзеляць галеты і асобна кансервы. Кінуўшы нас без аніякай увагі, усе стоўпліваюцца на падворку і ўраз расхопліваюць свае порцыі. Энгель таксама там. Як роўны з роўнымі, і ніхто яму, здаецца, нічога не кажа. Быццам і не было ў яго ні палону, ні кантакту з рускімі. Быццам і ён такі ж шчыры служака фюрэра, як і ўсе яны тут. Ён зграбае са скрынкі свае галеты, і ўдвух з рудым, што вывалак мяне з трубы, адной лыжкай па чарзе пачынаюць вышкрэбваць з банкі. Сахно, скурчыўшыся на завалінцы, пільна сочыць за імі спадылба і штохвіліны глытае слінку. I ўсё дрыжыць. А я ўжо не дрыжу. Здаецца, я марудна і няўхільна замярзаю. Ног сваіх я ўжо не адчуваю. Чужыя мне і рукі, на якіх даўно ўжо няма рукавіц. I яшчэ нясцерпна хочацца піць. Ад страты крыві ўнутры ў мяне ўсё сохне і паліць агнём. «Ну дзе ж яно, дзе іх начальства? Няўжо ж нікому мы тут не патрэбны?» — паныла думаю я і чакаю, калі хто-небудзь да нас падыдзе.

I адзін падыходзіць. Малады зусім, сімпатычны на выгляд салдат з яснымі прыгожымі вачыма. Ён ступае тры крокі ад гурту ля скрынак і, дажоўваючы галету, расхінае полы шыняля. Робячы сваю справу ў двух метрах ад прызбы, немец сустракае мой позірк. Я чакаю нянавісці, крыку, а можа, і стрэлу, а ён усміхаецца і па-блазенску віхляе задам. Рудая паска перакрэслівае побач снег, дробным лопатам прабягае па маёй спіне раз і другі. Немчык задаволена ржэ, зашпільваецца і адразу адварочваецца, папраўляючы на плячы аўтамат.

Мабыць, першы раз я стагну. Ад пакут іншага роду, чым тыя, што дапякалі мяне раней. Гэта нясцерпныя пакуты. Іх нельга зразумець, не стрываўшы. У роспачы прыпамінаюцца ўсе мае франтавыя няўдачы. Калі я страляў з «дзегцяра», не паставіўшы на планцы прыцэл, з дзесятак немцаў паспела схавацца ў траншэі. I як мы прамарудзілі з атакай і далі іх машынам выскачыць з сяла. I той вечар, калі мой узвод захапіў шасцярых палонных. У хлопцаў былі мокрыя валёнкі, але я не дазволіў ім разуць немцаў, абутых у спраўныя боты. Каб тады ведаць, што чакае мяне! Мне крыўдна, што я мала забіў іх на фронце.

Але, відаць, усе мае пакуты дарэмныя. Ніводнага з іх я ўжо не заб’ю і нічога ім не зраблю. На мяне ім напляваць. Яны адыходзяць. Дажоўваючы хрумсткія галеты, ямчэй ладзяць на спінах сумкі, процівагазы, закідваюць на плечы зброю, і адзін за адным выходзяць на вуліцу. На нас нават не зірне ні адзін. У двары, аднак, застаюцца знаёмыя скрынкі. I ля іх трое. Наш Энгель, малады акулярык, што вывалак мяне з трубы, і яшчэ адзін новы. Ён паджары, ладна складзены, з уедлівымі цёмнымі вачыма і яфрэйтарскім шаўронам на рукаве. Гледзячы па ўсім, гэты тут будзе за старшага.

Я ўжо не ведаю, што і думаць. Страшна крыўдна сканаць, як канае падстрэлены сабака. Мабыць, да ночы мне ўжо не дажыць. А яна зусім блізка. Сонца ў небе ўжо не відаць. У празрыстае сіняе сутонне марудна апускаецца дол. Пад стрэхамі гусцее і ўстойваецца змрок. Усё настойлівей пячэ твар і рукі мароз. Пэўна, ноч будзе зорная і месячная, як і ўчора. Толькі мне яе ўжо не ўбачыць.

Немцы, пасеўшы на скрынках, кураць. I маўчаць. Бачу — чуйна ўслухоўваюцца ў гукі, якіх шмат далятае, плыве і коціцца з шырокіх ваколіц сяла. Аднак тых, што гэтыя трое чакаюць, пэўна, няма. На вуліцы робіцца пуста. Мусіць, немцы ўжо выехалі адсюль. Чаго тады чакаюць гэтыя трое?

I тут у мяне з’яўляецца апантаная думка: а можа, яны чакаюць нашых? Каб здацца! I ўратаваць нас!.. Праз секунду радаснага знямення я, аднак, разумею: дурная надзея. Не для таго яны тут пакінуты. Ды і той Энгель, падлюга, нават не падыдзе ні разу. Ні разу не зірне нават, нібы баіцца. Але раней не вельмі баяўся. А я так хачу папрасіць у яго вады… Здаецца б, толькі напіцца, а там можна і памерці. Затое Сахно неяк ненатуральна ажыўляецца. Нібы ўрэшце перамагае ў сабе шок, які валодаў ім з трубы. Ён дазваляе сабе ўстаць з прызбы і пачынае часта прысядаць — грэцца. I яго не лаюць. Толькі акулярык нешта буркае, але яфрэйтар маўчыць, тады і ён змаўкае. Сахно, сеўшы, тупае ботамі. Зямля гулка грукаціць пад ім і болем аддаецца ва ўсім маім целе.

Адубелы і знямоглы, я не адразу заўважаю, як з гэтым грукатам зліваецца далёкі знаёмы трэскат. Я толькі бачу, як усе трое немцаў ураз паварочваюць галовы. Чарга паўтараецца раз, другі, трэці. Немцы ўскокваюць. Двое пазіраюць на яфрэйтара, і зноў усе ўтрох слухаюць.

Няўжо нашы? Я не магу ў тое паверыць. Няўжо яшчэ магчымы які паратунак? Сахно зноў знерухомлівае, сцяўшы на пераноссі бровы. Мне здаецца — гэта «максім». Не, бадай, болей падобны на танкавы. Толькі якога танка? Чэргі, аднак, змаўкаюць. Немцы яшчэ слухаюць. Пасля яфрэйтар сцішана лаецца і дастае з кішэні круглую, нібы яйка, з паскай упоперак, гранату. Пакратаўшы чаку, планкай чапляе гранату за рамень.

– Іх коме бальд![13]

Ён кудысьці таропка выходзіць са двара. Энгель і акулярык зноў садзяцца ля скрынкі. Энгель, апанурыўшы галаву, пачынае калупаць прыкладам у снезе. Акулярык то ўзіраецца ў гароды з вішаннікам, то ў вуліцу. Відаць, ён пабойваецца. Сахно зноў асцярожна пачынае размінку.

Я ўжо не магу трываць. Смага, здаецца, даканае мяне раней за раны і мароз.

— Энгель, — кажу я і не пазнаю свайго аслабелага голасу. — Энгель, вассэр! Трынкен вассэр!

Энгель ледзь не са спалохам ускідвае на мяне голаў.

— Вассэр! Фарштэйн? Вассэр!

— Швейгт! Вассэр нікс![14] — кажа акулярысты.

Энгель, аднак, бачу, у раздумнай нерашучасці глядзіць на мяне. На фоне вячэрняга неба выраз ягонага твару ад прызбы амаль ужо не праглядваецца.

— Вунь жа калодзеж. Дай вады, калі ты чалавек! — паказваю я на вуліцу. Там над заснежанай страхой задзірае шыю калодзежны журавель.

Энгель устае і ў нерашучасці топчацца ля скрынак. Азіраецца. Услухоўваецца. На адной скрынцы сумка, і ля яе плоскі кацялок — мусіць, таго, яфрэйтара. Энгель урэшце адшпільвае яго і, яшчэ раз услухаўшыся, ідзе да варотцаў. Карабін ён трымае пад пахай. Акулярысты, седзячы на скрынцы, павяртаецца да нас усім целам і з лязгатам тузае затвор аўтамата.

— Швейгг!

Сахно сядае. Ціха сам сабе лаецца. Немец на тое не зважае. Ён слухае. Я ўслухоўваюся таксама.

Навокал усё ціха. Але зводдаль усё ж даносяцца гукі. Іх не адразу і зразумееш нават. Не то крыкі, не то тупат мноства ног. Коні ці людзі? Але стрэлаў няма. Бахае недзе артылерыя. Толькі гэта ў іншым баку і далёка. А гэты перапалох дзесьці за сялом. Праз кіламетр-два.

Разліваючы з кацялка ваду, у двор уваходзіць Энгель. Значыць, усё ж чалавек, думаю я. Маё ўяўленне аб немцах трохі пахіснута. Я ўжо згодны думаць, што сярод іх бываюць розныя. I так сабе. I нішто. I сволачы. Зрэшты, як і ў нас. I, мусіць, як і ўсюды. Людзі ёсць людзі. У агульнай масе сваёй не благія і не добрыя — розныя. Ён працягвае мне кацялок. Я прыўзнімаюся. Адной рукой сціскаю яго за бок. У галаве шалёная хісткая карусель.

I тут за спіной — цяжкі змораны тупат. Нешта здарылася, але я не зважаю. П’ю. Хоць бы выбух — раней, чым памерці, я ўсё ж нап’юся. Але раздаецца нямецкая лаянка. Шалёны ўдар ботам выбівае ў мяне кацялок. З бразгатам той коціцца па падворку. Другі ўдар, увуха, атрымлівае Энгель. У двары шалее яфрэйтар. Захлынаючыся словамі, ён лаецца.

Гняўліва-крыўдная хмара засцілае маю свядомасць. Я хачу піць. Але, здаецца, ужо не нап’ешся. Энгель вінавата лыпае падслепаватымі вачыма. Яфрэйтар нешта крычыць, размахваючы перад ім кулаком. Акулярык бярэцца за скрынку. Сэрца маё рвецца з грудзей: я адчуваю — зараз нешта адбудзецца.

Неўзабаве яны ўсе хапаюцца за рамяні скрынак. Яфрэйтар, лаючыся, трухае да хлеўчыка за сваім кацялком. Акулярык адну скрынку ўзвальвае на спіну, другую — прадаўгаватую і меншую — бярэ за почапку. Самай вялікай нагружаецца Энгель. Таропка чапляе на сябе амаль кубовую зялёную яфрэйтар. Але на снезе застаецца яшчэ дзве. Яфрэйтар запыхана азіраецца на нас. I тады — о, цуд і подласць! — з прызбы падхопліваецца Сахно. Я нават не разумею, куды? Мабыць, не разумеюць гэта і немцы. А ён без адзінага слова хапае скрынку, другую і абедзве ўскідвае за рамяні на сваё правае, здаровае плячо. Яфрэйтар збянтэжана разяўляе рот, а пасля з сілай ляпае па гэтым яго ўгнутым ад рамня плячы. — Гут, капітан!  ―I рагоча.

А я выдыхаю ўсё, што ў мяне было ў лёгкіх, і пераводжу позірк угору. Я не здзіўляюся і не абураюся. Мае пачуцці ўжо мала што ўспрымаюць. Я ўжо ўсё перажыў. Я толькі гляджу ў неба.

Там прарэзалася і блішчыць маленькая адзінокая зорка. Яна, мабыць, якраз над Кіраваградам, у які я не дайшоў. Як не дайшлі многія. Цікава, колькі тысяч жыхароў у тым горадзе? Ці атрымаецца хоць па адным на забітага? Было б здорава хоць на хвілінку зірнуць на яго вуліцы. Напэўна, калі-небудзь там будуць цвісці кветкі, зелянець таполі і акацыі. I хадзіць хлопцы з дзяўчатамі. Людзі будуць глядзець кіно, піць піва і есці марожанае. Зорка ў небе гойдаецца і расколваецца на дзве і тры. Смугой зацягвае позірк. Гэта мароз. Ён, здаецца, мяне дабівае. Мабыць, хутка мяне не стане. А той будзе жыць. Будзе. Ён пераадолеў ужо свой шок. I я думаю: недарма кажуць, што вайна любіць кемлівасць. Хто раней здагадаецца, той і пераможа. Ён здагадаўся ў час. Там ён быў узорны штабіст. Тут будзе ўзорны палонны.

Усё іншае даходзіць да мяне нібы з другога свету. Немцы ямчэй ладзяць на сябе скрынкі. Затым таропка закурваюць і выходзяць у варотцы. Я ўсё гэта чую. Але я бачу толькі тую дробненькую зорачку ў зеленаватым блакіце. Яна мільгае, скача, пераліваецца водбліскамі, рассыпаецца на дзве, чатыры і калючымі асколкамі мітусіцца ў вышыні. Вейкі змярзаюцца, і я заплюшчваю вочы.

Здаецца, немцы мяне пакідаюць.

Аднак у варотцах яны раптам спыняюцца. Мне чуваць голас яфрэйтара. Спачатку ціхі, пасля з уладарнаю ноткай загаду. I зараз жа рэзкі скрып ботаў па снезе. Гэты прарэзлівы скрып болем пранізвае маю галаву і спыняецца. Я расплюшчваю вочы.

Згорбіўшыся пад скрынкай на спіне, перада мной стаіць Энгель. Ён нерашуча, нібы баючыся, зазірае ў мой твар. У яго напружана-затоены позірк. I я раптам здагадваюся, чаго ён вярнуўся. Я ведаю. Іншага я і не чакаў.

Але чаму Энгель?

На руках я адкідваюся да прызбы. Упёршыся ў дол абцасам, паварочваюся да яго тварам.

— Ты?

Энгель адступае на крок і дрыготкімі пальцамі бярэцца за рукаятку затвора. Ён з натугай дасылае ў патроннік патрон і мармыча:

— Эс тут мір зэр ляйт.

Я разумею. Ён просіць прабачэння. Гэта няўцямна. I няўяўна. Гэта жахліва. Ці бачылі вы такіх забойцаў? Ці чыталі пра іх у кніжках?

— Эс тут мір зэр ляйт. Абер іх габе бефёль![15]

Ну, вядома, ён мае загад! Гэта ўжо знаёма. Гэта безумоўна.

Ну, але што ж! Трэба канчаць. Мне няма чаго плакаць. Дарма таксама прасіць. Рукамі я раздзіраю на грудзях шынель. На, страляй, гад! Цаляй у самае сэрца. Каб доўга не пакутаваў! Мне неўмагату.

— Бэайльт айх![16] — крычыць з вуліцы яфрэйтар.

Аказваецца, яны пайшлі. Яму цяпер іх даганяць. Яны спяшаюцца. Можа, праз гадзіну тут будуць нашы? Гэтая думка пераварочвае ва мне ўсе пачуцці. Мне да слёз робіцца крыўдна.

— I ты мяне заб’еш? — крычу я ў разгубленыя, падслепаватыя Энгелевы вочы. — Ты ў мяне стрэліш?

У маёй душы раптам узгараецца маленькая зорачка надзеі. Я ж яго не забіў. Я яго бараніў. Няўжо ён не ўспомніць таго?

На адным калене я падаюся ад прызбы да Энгеля. Ён на крок адступае. Падобна, ён баіцца мяне і чамусь азіраецца. Вочы яго ўсё акругляюцца ў збянтэжанасці. Рукою зноў тузае рукаятку затвора. З карабіна туга выпстрыквае патрон і падае ў снег.

– Іх габе бефёль, — дрыготкім голасам, нібы апраўдваецца ён і таропка адступае яшчэ на два крокі.

Стрэл, як гром, пыхнуўшы ў твар чырвоным полымем, валіць мяне ў снег.

Нейкі час потым я яшчэ чую незразумелыя гулкія ўдары пад сабой — дуг-дуг-дуг… Я не ведаю, што гэта — ягоныя крокі ці развітальны стук майго сэрца. Аднак яны ўсё цішэюць і хутка зусім заміраюць.


38


— Грамадзянін! Грамадзянін! Ану, падніміцеся!

— Што разлегліся? Не дома!

— Паднімайцеся! Зараз жа паднімайцеся!

Між лавак ходзіць дзяжурная з чырвонай павязкай на рукаве, і з ёй міліцыянер. Яны будзяць пасажыраў, бо спаць у зале не дазваляецца. Жанчыны, дзядзькі і хлопцы, крэкчучы і сапучы, устаюць. На іхніх памятых тварах санлівая нездаволенасць.

Пасля бяссоннае ночы тупа баліць галава. Трэба б таблетку пірамеіну, але аптэчны ларок, вядома, яшчэ зачынены. У вялізных вакзальных вокнах — празрыстая сінеча світальнага неба. Зачынаецца майскі пагодны ранак.

Хлопца на лаўцы ля мяне ўжо няма, мусіць, адправіўся сваёй дарогай. На яго месцы сядзіць знаёмая з ночы жанчына ў квятастай хусцінцы. Падпёршы рукой шчаку, яна засяроджана глядзіць у падлогу. Відаць, як і я, таксама не прыдрамнула за ноч. З другога рада лавак да нас забрыдае ранняе на пад’ём малое з бразготкай у руках. Шырока расставіўшы крываватыя ножкі, даверліва ўзіраецца ў мяне, потым глядзіць на жанчыну. Выраз твару той не мяняецца. Малеча, няспрытна павярнуўшыся, таропка тэпае за лаўку. Нас яно пабойваецца.

Мне болей тут не сядзіцца.

На плошчы яшчэ па-начному прахладна і пуста. Ліхтары ўжо не гараць. У шырокім чысцюткім небе над горадам хутка світае. Вось-вось павінна ўзысці сонца. Напорысты майскі дождж прамчаўся па вуліцах, дахах і бульварах, пакінуўшы пасля сябе духмяную свежасць раніцы, мокрую лістоту і люстраныя лужыны-азяркі на асфальце. Лужыны, аднак, хутка вузеюць-меншаюць.

Гаркавата-расістым водарам патыхае ў скверы ад таполяў. Вясноваю прэласцю пахне набрынялая вільгаццю зямля. З ночы лістоты на дрэвах нібы прыбавілася, і яна густа зелянее, цярусячы на дол сцюдзёныя буйныя кроплі. На пустой крайняй лаўцы — праседжаная мокрая газета. Я апускаюся побач.

Энгель усё ж аказаўся нядбайным салдатам фюрэра. У сваім старанні выканаць загад ён паспяшаўся. Невядома, па якой прычыне адбылося гэта. Ці мо з нежадання адстаць ад сваіх. Ці баючыся нашых, якія недзе абходзілі сяло. Ці, можа, Усё ж маючы нейкую спагаду да мяне. Не дужа цаляючы, ён стрэліў толькі адзін раз. А трэба было, відаць, два. Адзін стрэл мяне не забіў. Толькі на шмат год нарабіў клопату дактарам. I калі я зараз жывы, дык зямны паклон іхнім залатым рукам і іхнім вялікім турботам. Але найперш паклон цётцы Марылі. Гэта яна, стараватая вясковая бабылка, не дала мне сысці крывёй і замерзнуць. Яе рукі найперш затрымалі ва мне невялічкія рэшткі жыцця, хоць гэта было не проста і амаль безнадзейна. I цяпер разам з нянавісцю да подласці ў маіх грудзях жыве вялікая любоў і ўдзячнасць тысячам тысяч нашых бабулек, цётак, дзяўчат і старых, якія і кармілі і абагравалі, а нярэдка і ратавалі нас ад кашчавай.

Шырокія стрункія промні нябачнага за дамамі сонца запальваюць ранішні блакіт, і ён у вышыні гарыць, ззяе, звініць чысцінёй і першатворнай свежасцю. Недарэчна доўгая і турботная ноч ззаду. Дзіва, якою магутнай, гаючай сілай валодае прырода. Кожнага ранку ўзыдзе сонца, і ўсё на душы робіцца інакшым, чым уначы. Куды толькі знікаюць сумненні і пакуты адзіноцтва. Выходзіць усё куды прасцей і лягчэй, чым уяўлялася. Вялізным зарадам бадзёрасці прырода кожнага ранку абнаўляе людзей.

Так, лютая была вайна. Смяртэльная бітва з найвялікшаю няпраўдай і несправядлівасцю, якія калі-небудзь нараджала зямля. Гэтая барацьба ўзяла ў чалавецтва безліч ахвяр і іхняй крывёю напісала ўрокі, якія немагчыма забыць. Найпершы з іх, мусіць, заключаецца ў тым, што воля і мір — занадта кволыя дрэўцы, каб іх можна было вырасціць без усеагульнага клопату ўсёй трохмільярднай сям’і. Занядбанне гэтым урокам каштавала б зямной катастрофы.

Вайна перад усім светам пацвердзіла нашу магутнасць і многім раскрыла вочы на нашыя хібы. У сорак пятым мы не толькі здабылі перамогу. За чатыры гады вайны мы, як ніколі, згуртаваліся ў адно цэлае і ўбачылі, на што з немагчымага мы здольныя. Дух свабодалюбства і непадлегласці злу здабыў сабе ў той барацьбе магутныя крылы. Я веру, яны не апусцяцца.

Струмені свежага, як газіроўка, паветра цякуць у мае грудзі. Мне добра. I нават невядома, чаму робіцца радасна. Мабыць, таму, што я ўсё ж абмінуў смерць і цяпер вось, як ні дзіўна, жывы. Хоць і з пратэзам замест левай нагі. З нядаўна залечаным ачагом у лёгкіх. Прамінуўшы ў бальніцах юнацтва, недавучыўшыся, недакахаўшы. З дваццаці год інвалід. I ўсё ж жыццё — мабыць, галоўнае. Яно і кара і ўзнагарода. Маё ў поўнай меры можа служыць пацверджаннем гэтага, і таму яно набыло для мяне своеасаблівы сэнс.

З прывакзальнай плошчы ў сквер уваходзяць двое з рэчамі. Зрэшты, рэчаў няшмат: у высокага даўгарукага хлопца — чамадан з металічнымі накутнікамі і паліто. У яе, — маленькай і вастраносенькай, з выгляду зусім яшчэ дзяўчо, — вялізная дарожная сумка. З-пад просценькага паношанага плашчыка дужа выдаецца жывот.

— Ось давай тут і прысядзем, — кажа яна, ставячы на лаўку насупраць сумку. I раптам усхопліваецца — А дзе ж плашч?

Ён, малады і нязграбны побач з ёю, збянтэжана азіраецца.

— У зале пакінуў?

— А! — здагадваецца ён і бягом кідаецца са сквера.

— Машка ты разгубляшка! — кідае яна наўздагон і смяецца. Пасля сядае побач з рэчамі на лаўку. Заўважыўшы маю да яе ўвагу, таропка захінае полы цеснага ў стане плашчыка.

— Такі забывака — жах!

— Нічога, прывыкне, — кажу я.

— Трэці ўжо раз забывае. У вёсцы ў маіх пакінуў, калі ад’язджалі. Пасля ў аўтобусе забыўся. Проста бяда. Усё роўна як прафесар які, — ахвотна, быццам нават з затоенай радасцю, паведамляе дзяўчо.

— Далёка едзеце? — Яна раптам сур’ёзнее.

— Ой, на цаліну едзем. У Какчатаў і далей яшчэ кіламетраў дзвесце. Першы раз з дому — аж страшна. Кажуць, там ніводнага дрэўца няма, а я так лес люблю. Вось паехала, а ўсё сумняваюся: можа, кепска будзе.

— А ён як? Нішто?

— Хто? Сашка? — дзяўчына паднімае вочы і сарамліва ўсміхаецца. Шэрыя зрэнкі яе напаўняюцца святлом і добрасцю. — Ён добры, — кажа яна нараспеў, разгладжваючы палу плашчыка. — Турботны толькі. Пасля арміі на цаліну завербаваўся. Камбайнерам. Вырас у стэпе, дык вельмі ўжо прастор любіць.

— Гэта горш?

— Што?

Дзяўчына насцярожваецца. У яе паглядзе амаль трывога. Я стараюся ўсміхнуцца.

— Ды не, нічога. Прывыкнеце. Да стэпу, вядома.

— Праўда? Ну, што ж! Як-небудзь трэба. Сям’я ж цяпер.

Яна ўздыхае і нецярпліва пазірае ў кірунку вакзала, адкуль з плашчом на плячы ўжо бяжыць яе муж.

Неўзабаве яны прыладжваюцца на лаўцы снедаць. Яна клапатліва выкладвае з сумкі вясковы харч: яйкі, бутэльку малака, кавалак сала. Каб не назаляць ім, я адварочваюся. Міма па дарожцы сквера, палязгваючы абцасамі кірзачоў, праходзіць салдат. Напэўна, спазняецца са звальнення. Шчокі яго расчырванеліся, лоб потны. Спяшаецца. Па сабе ведаю: дужа нялёгка гэта — мірыцца службе з каханнем. Ціха перагаворваючыся аб нечым, суседзі мае пачынаюць сняданак. Я чую, ён яе называе Кацяй, і мне вельмі карціць азірнуцца. Але не, я ведаю, той Каці не будзе. Гэта другі чалавек, іншы лёс. Зрэшты, што ж, жыццё прадаў-жаецца… Нішто яго не спыніць. Як не спыніў у свой час Гітлер.

Я гляджу ў дальні канец сквера, дзе з’яўляецца яшчэ адна пара. Цесна прытуліўшыся адно да аднаго, яны марудна ідуць да апошняй у радзе лаўкі. Ён беражліва ўкрывае яе сваім пінжаком. У самога спіну аблягае мокрая сарочка. Але што там сарочка, калі цёмнавалосая галоўка аддана і шчасліва туліцца да пляча. Гледзячы на іх, я слухаю хуткія салдацкія крокі, што аддаляюцца, і думаю: хто і якія б гэтыя людзі ні былі — ім належыць будучыня, і ў тым іх перавага. Ім ствараць яшчэ ненапісаную гісторыю краіны. У загадкавым заўтра прадаўжаць жыццё. Іх чалавечнасць і мужнасць будуць вызначаць лёсы зямлі.

Няхай жа яны будуць шчаслівейшыя за нас.


Пошук ОСR памылак ― Polochanin72


Примечания

1

Знішчальна-супрацьтанкавы дывізіён.

(обратно)

2

Дывізіённы абменны пункт.

(обратно)

3

Абозна-рэчывае забеспячэнне.

(обратно)

4

Я не нацыст. Я вясковы настаўнік. (ням.)

(обратно)

5

Знішчальна-супрацьтанкавы артылерыйскі полк.

(обратно)

6

Жгут! Жгут! (ням.)

(обратно)

7

Калі нас да вечара не раздушаць танкі, то праскочым. (ням.)

(обратно)

8

З оберстам Майерам праскочым. Ён нас прымусіць, жывых ці мёртвых. (ням.)

(обратно)

9

Чаму вы не здаяцеся ў палон? (ням.)

(обратно)

10

Мы простыя салдаты. Вайну робяць генералы і фюрэр. (ням.)

(обратно)

11

Ота! Глянь сюды! Руская Валькірыя! (ням.)

(обратно)

12

Рукі ўгору! Устаць! (ням.)

(обратно)

13

Я хутка! (ням.)

(обратно)

14

Ціха! Няма вады! (ням.)

(обратно)

15

Я вельмі шкадую. Але я маю загад! (ням.)

(обратно)

16

Спяшайся! (ням.)

(обратно)

Оглавление

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • *** Примечания ***