Мая Іліяда [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать онлайн

- Мая Іліяда 268 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Уладзімір Караткевіч Мая Іліяда

Беларуская песня


Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць
суровыя вежы
І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.
Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,
Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель...
Там, дзе сэрца маё з першым крокам,
як молат, заб'ецца,
Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.
Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,
Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,
Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,
І бары-акіяны, і неба - разлівы ільноў.
Дзе мой край?
Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,
Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,
Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,
А мужчыны, як скалы, - ударыш, і зломіцца меч.
Дзе мой край?
Там, дзе мудрыя продкі у хвоях паснулі,
Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,
А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,
Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.
Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.
Ты - наш край.
Ты - чырвоная груша над дзедаўскім домам,
Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,
Ты - наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць, 
забыць ці мячом зваяваць.
Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі
І апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.
Мы клянёмся табе, што ніколі,
Ніколі,
Ніколі,
Так,
Ніколі не кінем,
Не кінем,
Не кінем цябе. 

I. Зямля журботы

Дзяўчына пад дажджом


Над лесам, над садам дзікім
Дожджык забалбатаў,
І успыхнулі раптам гваздзікі
У нетрах абмытых траў.
Цёплыя кроплі скачуць
Па залацістай лазе;
Дожджык - "царэўна плача",
Сонца ў кожнай слязе.
З нізкай цёплай адрыны,
Учуўшы ласкавы капёж,
Ў лёгкай сукенцы дзяўчына
Выбегла проста пад даждж.
Кроплі яе цалавалі
Палка, пяшчотна, да слёз,
Вусны дзяўчыны хапалі
Срэбра з ясных нябёс.
Дожджык зрабіў сваё цуда,
Ён абляпіў, як мог,
Плечы, маленькія грудзі,
Гнуткія лініі ног.
Бэзам з садоў павявала,
Вечна хацелася жыць.
Дзяўчына ад шчасця спявала.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Стронцый быў у дажджы.

Трасцянец


Суайчыннік, стань!
Тут знішчалі людзей.
Суайчыннік!
Запомні навек:
Тры гады па сто трыццаць сем у дзень,
І ў гадзіну - па шэсць чалавек.
Гэта значыць, што кожныя дзесяць хвілін
Тут навекі чарнеў небакрай.
Попел сэрцаў нашых ракоча ў зямлі:
Памятай...
Памятай...
Памятай!!
Нам свяціў далёкага шчасця маяк,
Мы любілі свой край залаты...
З нас кожны быў, як маці твая...
Як каханая жонка... Як ты...
Час адной папяросы - і попел густы
Асядаў на бяроз галлё...
І таму не верце спакою, браты,
Пакуль лётае ноч над зямлёй.
Мы - прах. Толькі сэрцы грымяць, як мячы.
Каб цемра не ўпала на край,
Мы гарэлі паходнямі ў лютай начы...
Па-мя-тай!
Па-мя-тай!
Па-мя-тай!!! 

Здратаваныя магiлы

Петрасу Антэасу


Там, дзе Лесбас у пенных карунках прыбою,
Я адчула цябе і на свет нарадзіла.
Вёсны скрыпкай спявалі, а зімы - трубою.
Дзе ж цяпер ты, мой любы, мой добры, мой мілы?
Ты не вер дактарам. Мне не цяжка прыйшлося.
Проста ўзяў мяне вечар, празрысты і сіні.
За труною людзей - нібы ў полі калоссяў,
Лесбас мора вянкоў надаслаў у Афіны.
Мне не цяжка. Мне іншае горка, мой родны,
Што цябе ўладары ліхалецця і ночы,
Баючыся за "Грэцыі роднай свабоду",
Не пусцілі сюды, каб закрыў ты мне вочы.
Хто ж з іх горшы, мой сыне? Язычнікі злыя
Ці рупліўцы аб славе Хрыстовай і сіле?
На Галгофу калісьці пусцілі Марыю,
А цябе - на магілу маю не пусцілі.
Праз абшары марэй, праз світанні і ночы
Я кажу са сваёй здратаванай магілы:
Ты не плач, маё сонца, мой любы сыночак,
Мой далёкі, мой блізкі, мой бедны, мой мілы.
Я прывыкла да вечных з табой развітанняў,
Войны, турмы, падполле і Грамаса скалы,
Немцы, ўласныя каты і англічане, -
Ўсё жыццё я чакала, бясконца чакала.
Што было мне да вашых сутычак і зброі?
Проста я не хацела знішчэння і смерці,
І маланкі над Грамасам білі не ў хвоі,
Не ў сыноў, а ў маё набалелае сэрца.
Нехта чорную здраду між намі пасеяў,
І пайшлі вы з радзімы ў выгнанне, ў выгнанне.
З доўгай, цяжкай, паўночнай тваёй Адысеі
Я чакала цябе, як чакаюць світання.
І канец. І людскія маўклівыя гурмы.
Толькі ў сэрцы маім не згасае трывога.
Хай праклён на вас, межы, хай праклён на вас, турмы,
Хай праклён на вас, ворагі людства і бога.
Без сыноў, без надзеі, без шчасця, без мая,
Не схіліўшы да скону жаночыя плечы,
Маці-Грэцыя ў муках маіх памірае,
Маці-Грэцыя, маці сыноў чалавечых.
Па зямлі прапаўзаюць гадзюкамі межы
І дапытваюць кожную былку і камень.
На зямлі руднікі, і турэмныя вежы,
І капцы мацярок, што спавіты дратамі.
...Іскра ў цемры згасала. І тут мне здалося:
Ты ішоў да мяне з дабрынёй і адвагай.
На чале тваім - церні, ў далонях - калоссі,
За спіною - бясконцыя гордыя сцягі.
Я люблю, я хачу цябе бачыць, я маці.
Але ўсё ж, пакуль гора зямлі не ў магіле -
Ты не смей, ты са мною не смей сустракацца,
Мой далёкі, мой смелы, мой добры, мой мілы. 

Балада плахі


Кожны дзень гінуць мужнасць і святасць.
Кожны дзень, выпускаючы дых,
Паміраюць хлапчынкі распятыя
І збавіцель не помніць пра іх.
Ў зыркіх ранах, крывавыя, голыя,
Што ні дзень павісаюць яны
На крыжах з бамбука, магноліі
І суровай паўночнай сасны.
Не паспеўшы зрабіцца мужчынамі,
Сустракаюць са зброяй бяду.
Галаву не на грудзі дзяўчынам,
А на слізкую плаху кладуць.
Плацяць катаргай і эшафотамі
За братоў сваіх душу жывую,
Хочуць дыхаць - задушаць гаротаю,
Хочуць думаць - ссякуць галаву.
У чырвонай ад сонца Касціліі,
Ў парнай сельве і ў зорных ільдах
Кожны дзень яны бураць Басылію:
Чалавечы свой, просты жах..
Але йдуць і за век свой ратуюць,
За дзіцячы след на траве,
За высокую годнасць распятую,
За найменне тваё, Чалавек.
Дзе плаціць яшчэ столькі даводзіцца
За свабоды ўласнай лядо?
О зямля, святая калодніца,
Гора, мужнасці, смерці юдоль!
У былым іх - трушчобы няветлыя,
У сучасным - глухая турма,
І няма для іх раю светлага,
І суда іхнім катам - няма.
Толькі час вам уздасць поўнай мераю.
Але ўсё ж - пакуль прыйдзе той час, -
Калі ёсць на зямлі гэтай вера,
Калі варта жыць - то для вас. 

Балада аб трыццаць першым сярэбранiку


І прадаў ён Хрыста. І яму адвалілі за гэта
Трыццаць срэбных дынараў. А Кайяфа яшчэ падарыў
Трыццаць першы сярэбранік, звонкай і важкай
манетай,
Толькі-толькі адлітай на царскім манетным двары.
Ні за што. Проста так. Падарунак не падарунак, -
А хутчэй ад свайго дабрадушша накінуў на чай
За мужчынскі, суровы і стрыманы той пацалунак,
На які адказаў Пётр-апостал ударам мяча.
Каб у тыя часы ў Іудзеі вадзіліся свінні -
Ўзнагародаю лепшай была б яму іх чарада...
Справа, ясна, не ў тым,
што прадаў ён "гасподняга сына".
Чалавека прадаў ён, паршывец. Жывое прадаў.
Ўсё адно нібы зайца, што, гнаны крывавай пагоняй,
Паратунку шукае ў нагах тваіх, бо не ўцячэ,
Выдаць людзям са стрэльбай,
а тыя рабрынай, далонню, -
За вушамі яго, каб, канаючы, ён завішчэў.
І распяты сканаў. І тады фарысеям і катам
Крыкнуў здраднік: "Крывёю абмылася грэху гара!
Кроў прадаўшы нявінную, што нарабіў я,
пракляты?!"
Бразнуў змаху грашмі, і яны пакаціліся ў гразь.
Пад дажджом ачышчальным - сухі - ён адчуў,
што загінуў,
І вяроўку дастаў, і яе у пякельнай журбе
Завязаў на суку ад агіды дрыжачай асіны,
І ударам нагі шар зямны адштурхнуў ад сябе.
А за трыццаць манет падабраных ганчар-срэбралюбца
Уступіў свой кавалак зямлі без якіхсьці умоў,
Каб зрабіць там сталічныя могілкі для самагубцаў
(На тым месцы цяпер пяць някепскіх даходных дамоў).
Ад далейшай гісторыі пэўна і камень заплача:
Трыццаць першы дынар не знайшлі, хоць шукалі й яго, -
Нейкі мытар яго сярод гною і гразі убачыў
І схаваў ад усіх, неўпрыкмет наступіўшы нагой.
Той дынар быў шчаслівай манетай. І хцівец смярдзючы
З дапамогай яго аграбаў сабе золата, срэбра і медзь,
І разжыўся, і стаў неўміручы. Ну так, неўміручы,
Бо каб вешацца - трэба таксама сумленне займець.
І шпурляў ён каменні ў распятага божага сына,
Кідаў львам хрысціян і дзяўчат-неафітак хвастаў,
А затым, як і ўсе, стаў узорным хрысціянінам
І даносам ды вогнішчам біўся за славу Хрыста.
Больш за рымскага папу шумеў на ўсяленскіх
саборах,
А пасля, ў сарацынскім палоне, бы ўмыўся багном,
Першы крыкнуў "алах!" і наглядчыкам стаў
на галёрах,
І былых аднаверцаў раменным сцябаў бізуном.
З сотняй твараў, як ідал індыйскі, шматрукі, як Брама,
Быў пры тронах і плахах накшталт валачашчага пса.
Адчыняў перад ворагам роднага горада браму,
"Молат ведзьмаў" пісаў і на Бруна даносы пісаў.
Толькі здрадзе не здрадзіў і тым,
хто за здраду заплаціць,
І таму перад кожным мярзотнікам гнуўся дугой
І даносіў на бацьку, даносіў на сына, на маці,
На сяброў, што з-пад выбухаў вынеслі мужна яго.
А паколькі мянціў ён прыгожа, то ўсе, як бараны,
Паўтаралі за кімсьці: "Вось вернае праўдзе плячо!
О, які ён трывалы, які ён перакананы,
Як ваюе за думкі свае ён агнём і мячом!"
Ён нястомна разводзіў хлусні беспардоннай турусы
І паклёп, як гадзюка, сычэў ля парога турмы,
І ніхто не сказаў яму слова старых беларусаў,
Што "прымаем мы здраду, а здрадніка вешаем мы".
Быў фіскалам. Усюды пралазіў і бокам і нізам,
Па гестапах служыў, па засценках, ад стогнаў глухіх,
Па ахранках... А зараз ваюе за "наш гуманізм.
Не здзіўляйцеся, добрыя людзі, бо гэны з такіх.
З дзён пачатку мільёны Сапраўдных ён вырак на мукі.
І жыве. Ўсё жыве. Вось наведвае госцем ваш дом...
Вось сядзіць..Вось ідзе...
Вось бярэ вашых дзетак на рукі...
Пнецца ў неба з трыбун... П'е гарэлку за вашым
сталом.
Але выпадак дай - распаўзецца чумою па свеце,
Закладзе цалаваных сяброў і ўчарашніх багоў...
Дык чаму ж вы тады проста ў вочы яму не плюеце,
Не пінаеце гуртам у подлае рыла яго?!
До ўжо! Сэрца хлусні ў яго вырвіце, людзі, з-за рэбраў.
Разам з джалам схавайце падлюгу ў свінцовай труне,
Адбярыце і знішчыце трыццаць першы пракляты
сярэбранік,
А іначай - няшчасце Зямлі. А іначай - канец. 

Крумкачы


Стаяў жахлівы позні лістапад.
Навекі зніклі лебедзі з каналаў,
А з сэрца знікла радасць.
І вясна
З каханнем і з птушынай прагнай песняй
Была далей, чым маладосць мая.
Чым горш, тым лепш.
Таму я не пайшоў
На вуліцы, дзе маладосць спявала,
А кінуўся да кручаных завулкаў
І заглыбіўся ў іх.
Старая Рыга
Мяне ўзяла, як змучанага сына.
Я ведаў, што яна мяне суцешыць.
Калі ж не зможа даць спакой жыцця,
Дык дасць спакой хоць небыццём стагоддзяў.
І я выходзіў зноў на тыя ж вулкі,
І зноў, і зноў. І мне здалося ўрэшце,
Як быццам той, што йдзе перада мною,
Я сам. Ссутулены. У чорнай шапцы.
Што бачу сам сябе я са спіны...
Засекі. Склады. Блокі на вяроўках.
Маслісты брук. Куродым соцень год
На мёртвых дахах. Мордачкі анёлаў
З парочнаю усмешкай на парталах, -
Ўся тая Рыга, што аж шэсць стагоддзяў
Смактала сок з твайго народа, друг.
З народа, што уласнымі рукамі
Паклаў тут кожны камень. Для чужых...
Бляшаны пеўнік копціцца ў дыму
Над комінам.
Туман (ці, можа, хмары)
Абняў за пояс Домскую званіцу,
І толькі шпіль узносіцца над ім.
І раптам з Домскай вежы проста ў хмары
Ўзняліся з хрыплым крыкам крумкачы,
Як чорныя крыжы вякоў мінулых;
Што год, то крыж. Яны лятуць угору,
Вышэй, вышэй.
Над шпілем.
Над Даўгавай.
Над Рыгай, над Лaчплесісам, над краем,
Над бедным пеўнікам, што ад трывогі
На бронзавым прутку замітусіўся.
Знікаюць у тумане крумкачы...
Іду далей. І вуліцамі цягне
Такім халодным, горкім, страшным дымам,
Як быццам там, за рогам гэтай вулкі,
На плошчы, зноў святошы паляць латаў.
І цень крыжа лягла на твар палонных,
На струшчаныя ў бітве іх мячы.
О Рыга! Што гэта са мной?
Я мару?
Нішто.
Хіба у сонечнага пеўня
Няма мільёнаў дужых абаронцаў?
Хіба яны трымаць не могуць зброю?
Хіба не тут мой друг?
Туманны горад,
Ты вылечыў мяне пасля хваробы:
Ты скінуў мне цяжар вякоў на плечы,
Цяжар забітых, страчаных, палонных,
Цяжар паўстанняў, і распраў, і слёз -
Пакуль ва ўсёабдымным болю гэтым
Не патануў мой непрыкметны боль
І я не выпрастаўся.
Крумкаччо!
Я вас пакіну ў вашых чорных хмарах.
Вам хмары, нам - зямля. Яе - не рушце.
Кажу апошняе святое слова:
Мой меч з мячамі балтаў, з Рыгой, з другам,
З усёй латышскай добраю зямлёй.
Мой друг, мой брат,
Ад гэтых вузкіх вуліц,
Што мне далі спакой, і гнеў, і сілу,
Іду да новых вуліц. Да цябе.
Прыпомні месца, дзе ў тузе і шчасці
Узнікла наша вернае сяброўства.
Былі там песні, і віно, і смех.
І там была яна. Ты памятаеш?
Яе згубіўшы, я цябе прыдбаў,
Тваё сяброўства і тваю радзіму.
Так, шчасце мне, відаць, не задалося.
Але пакуль лунаюць крумкачы
Над вулкамі заблытанымі Рыгі,
Пакуль са мною плачуць вочы друга
Над цяжкай стратай - ёсць яшчэ жыццё. 

Пры смерцi


Ложак - краіна мая,
Калыска, труна і дом...
Як далёкі сцюдзёны маяк,
Сонца мёртвае за акном.
І няма да яго выйсця.
Промні - нажы, прасціны - глыжы.
Мне - чатыры... І роўна палову жыцця -
На грані жыццё дрыжыць.
Я памёр бы,
Знаёмы з апошняй тугой
Раней, чым з песняй бароў...
Замест слёз з вачэй і замест усяго
Па кроплі точыцца кроў.
Не заслоніць мяне ад тых, што прыйшлі,
Маіх салдацікаў раць,
На хвалістых прасцінах мае караблі
У кільватэр бяссіла стаяць.
З гор каленяў маіх упадуць яны
За ложак, за край зямлі...
Іншыя, чорныя караблі
Чорныя ветразі ўгору ўзнялі,
Па мяне прыйшлі, прыплылі...
Не будзе з джунгляў гарачы Ганг
Несці ў мора хваль шумаўё,
Не будзе кідацца акіян
На фарштэвень шхуны маёй.
Ніколі азёраў смелая сінь
Не папросіцца мне ў радкі,
Ніколі не будзе мне Белай Русі,
Невядомай, адзінай Белай Русі,
Бароў і Дняпра-ракі.
Ложак - мая краіна
Разам са мною памрэ...
Ніколі, ніколі не будзе дэльфінаў
У сініх абшарах марэй...
Нібы з нежылога дому,
Што стыне сярод магіл,
Нейкія незнаёмыя
Ідуць паўз мяне ў снягі.
Ідуць з пакінутай сонцам зямлі,
Ад ільдоў - на другія палі,
Ідуць на белыя караблі,
Што барвяныя ветразі ў небе ўзнялі,
Па іх прыйшлі, прыплылі.
З Грэнландыі, стынучай сярод снягоў.
Паплывуць да ф'ёрдаў сваіх,
Да новых творцаў, да новых "багоў",
Што некалі вылепяць іх.
Кастусь ідзе і нясе на плячы
Пяшчоту сваю і боль,
Ракута бязгучна звоніць у шчыт,
Бязгучна смяецца цыганскі кароль.
Нямыя, ідуць яны ў нейкі край,
У чырвоны марозны дым,
І схіляюць галовы ў апошнім "бывай",
І знікаюць адзін за адным...
Дубее, дранцвее без гукаў дом.
Ў хаце прысмерак, сіні туман...
І сцюдзёны, барвяны пажар за акном,
А за ім - нічога няма. 

Балада аб асуджаных і аб чалавечым "даруй"


Можа, у Даласе, можа, ў Бейруце,
Мо на Марсе, а мо на Зямлі
Праз паклёп, і прэнг, і пакуты
Чалавека ў смерць прывялі.
Чэрап свой заціснуўшы ў рукі,
Ён спасцігнуць не мог галавой
Ўсю нязмернасць жыцця і мукі,
Ўсю нязмернасць смерці сваёй.
Ён не мог зразумець адзінага,
Ён не выціснуў, як ні тужыў,
Разумення апошняй хвіліны,
Разумення апошняй мяжы.
Сам-насам, без думкі аб цудзе
Разлучаўся з сабою ў вяках,
З добрым шчасцем, якога не будзе,
Злом, што будзе дарэмна чакаць,
З незламаным бэзам і горам,
З лепшай думкай, падобнай на стрэл,
З тымі дзецьмі, якіх не створыць,
І з людзьмі, якіх не сустрэў.
З ненапісанымі радкамі,
З таямніцай роднай зямлі,
З прагай неба і, ўрэшце, з рукамі,
Светлым дзівам, што ўсё маглі:
На арэлях дзяўчыну гушкаць,
Біць рыдлёўкай засохлы глей,
Кельму ўзяць або выпусціць птушку,
Чару ўзняць або даць на хлеб.
І раптоўна павязка ўпала,
Вочы ўгледзелі зноў зару.
І раптоўна яму сказалі:
"Мы дарэмна цябе катавалі.
Калі можаш - забудзь і даруй.
Дай сваё дараванне небу,
Што заўсёды бачыў з акна,
І айчыннаму жорсткаму хлебу,
І радзіме нашай,
І нам.
Кінь муры і забудзь аб "гуме",
Ўсім прабач і ў жыццё ідзі,
І застанься з зямлёю і думай,
З гэтым сонцам
Адзін на адзін".
І ад слоў, як вясёлкай светлай,
Свет размыла і павяло.
О найлепшае сонца ў сусвеце:
Смех вачэй, што бачаць святло!
"Усім дарую. Усім дару я
Даравання лёгкай рукой,
Ўсім праменням, што ў кратах шаруюць
І ў палацы плывуць ракой.
Нават каменю. Нават лёсу,
Аб якім калоцімся мы,
Нават тым няшчасным калоссям,
Што ўзрасцілі хлеб для турмы.
Нават дурню злоснаму, богу,
Што на здзек нас стварыў. І аднак..."
(Можа, ён не сказаў такога,
Але думаў напэўна так.)
...Рак пракляты, што лапамі злымі
Разрастаецца ў плоці жывой,
Калі вы сябе звеце - радзіма, -
Не дарую радзіме такой.
Не дарую ад веку... да веку...
Буду жыць ці не буду жыць.
Чым настрашыце вы чалавека,
Што вярнуўся з апошняй мяжы?
Самай жорсткай павязкай грубай
Не пагасіць ніколі зло
У вачах маіх гонар і любасць
І прыўкраснае сонца святло. 

Балада пра дзiка i чалавека


Ў ноч, як хвоі прастылыя выюць
І злятае шэрань з бяроз,
Дзік разрыў бурты бульбяныя
І ў курдобу пусціў мароз...
Чалавечыя гучныя крокі
І сабачы бязгучны крок
Аддаляліся ноччу глыбокай
Ад агнёў на сутычку і кроў.
Проста з чыстага неба памалу
Церушыўся на вёску снег,
А ля весніц Зоська стаяла
І чамусьці кпіла з мяне:
"Бач ты, вецер у портках свішча...
А сабака... Такога ж нідзе...
Сышчык! Сам сабе хлеба ішча!
Падапры яго, бо ўпадзе..."
Я змаўчаў... Нашто мне такая?..
Ўся як месяц у зімнім гаю,
Як ільдзістага хлеба акраец,
Што памёрлым у пекле даюць.
Калі мы гэты край пакінем,
Засумуе адзін толькі бор...
О зямля мая, о краіна,
О снягі ў зіхаценні зор!..
Чуйна слухай, рыжая Курта,
Пільна ў мёртвыя нетры глядзі.
Дзік, з'явіўся да снежнага бурта,
Мей адвагу адказваць, дзік.
Ён з'явіўся. Яго нарадзілі
Змрок начны і сняжынак плач.
Ён ішоў праз гурбы застылыя,
Адзінец, самотны сякач.
Узараная тушай гэтай
Баразна снегавая плыла...
Я ударыў па ім дуплетам
І падраніў, а не паклаў.
З лютай ярасцю чорнага тромба,
Што ламае дрэвы ў бары,
Ён ляцеў на мяне, як бомба,
Вывяргаючы кроў і рык.
Бомба з шэраню, бомба са шчэці,
З мяса, рыку, з болю ўканец,
Бомба з ярасці, бомба са смерці
Для кахання, для зор, для мяне...
Курта ўпялася смерці ў сцёгны,
Каб яе ад мяне адцягнуць
Даць імгненне для стрэлу і стогну,
Даць грымотам хвіліну адну.
І дала...
Нерухомым пластам
Ён ляжаў, пачварны красун, -
Буры, шчэцісты, грузлы, ікласты,
Як апошні забіты лясун.
Бы зімовы россып каліны,
Кроў апырскала снежны разор...
О якая чужая краіна!
О снягі ў зіхаценні зор!
Для чагосьці прыйшоў, скрывавіў,
Нарадзіў барвяны туман
І зямлю ад цябе пазбавіў.
А на ёй і кахання няма.
Мы дзялілі і шчасце і гора,
І лясы і спевы травы.
Што ж цяпер ты мне, дзік, падорыш?
Мне, забітаму, ты, жывы?..
Палазы рыпелі да вёскі,
І ў кароткай птушынай журбе
Гіль абтрос алмазы з бярозкі -
Як апошні прывет - на цябе.
І ўзвалілі цябе ля парога
На вароты, нібы на шчыт,
І дымелі ў паветры ногі,
Як на скон чатыры свячы.
Шчэць смылела павольным палам,
Абсыпаўся попел сухі:
Так і нас мо ў пекле абсмаляць
За вялікія нашы грахі.
Ён ляжаў аддана і проста.
Разувалі яго талакой
З рагавых пантофлікаў
вострых,
Бы ў аршанскай краме якой.
Потым госці елі старанна.
Я ж сядзеў і не еў, як святы:
Дзік не вінен... Проста бураны...
А па бульбе мы з ім - браты,
Па самоце несамавітай,
Па трывожных думах у сне.
Я маўчаў.
Госці, п'яныя, сытыя,
Гаманілі, хвалілі мяне.
Стала ў хаце і дыму, і тлуму,
Заспявалі ўсёй грамадой,
І кудысь адляцелі думы,
Што віселі ўвесь дзень нада мной.
А ўначы, калі неба хмурае
Ўсімі дрэвамі снег мяце,
Выйшаў я, гэтым тлумам задураны,
І ля форткі убачыў цень.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Калацілася, што бярозка,
Як кране яе снегам сівым...
"Зоська, што ты? Чаго ты, Зоська?
Я ж з табой!.. Я жывы..."

Слова беларускай бярозы

Міхасю Рудкоўскаму


Столькі год я гляджу на палеткі і весі
Ў іх сцюдзёнай і чыстай асенняй расе,
Закалела, ўзмакрэла на золкім узлессі,
Як старая жанчына, што пасвіць гусей.
Валасы мае чэша вятрыска і трусіць,
А ў халодных травах туды і сюды
Валуны на пашы, як белыя гусі,
Што гані не гані, а не йдуць да вады.
Ад вясёлай Друці да нетраў Падляшша,
Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц -
Валуновая паша, гранітная паша,
Камяні, камяні, камяні, камяні.
І хоць мох на каменнях сівее ад гора,
А ў галіны мае б'юць шалёна грамы, -
Ўсё ж нам добра глядзець на лугі і разоры,
На зямлю, для якой паслужылі і мы.
Бо тады, калі праўду хацелі павесіць,
А над хатамі курчыўся змей агнявы,
Мы хавалі людзей на падбегах да лесу -
Я і гусі мае сярод стылай травы.
Людзі краю майго, мы зрадніліся з вамі,
Куля ў кожнага з вас наша сэрца праб'е,
Бо з адзіным вы сэрцам, адвечным, як камень,
І пяшчотным, як добрыя косы мае. 

II. Старыя сувоі

I снiў Адам...

Н. Н.


Ў той дзень зямля святло і празарэнне
Дала яму. Ён спаў між райскіх дрэў,
Не зведаўшы яшчэ грэхападзення, -
Як кветка, як алень, як зоркі спеў.
Травою пахнулі яго далоні,
Бег цень ад Дрэва Дабрыні і Зла.
А побач верылі дрымотна коні
У вечны свет без бойняў і сядла.
І сніў Адам:
Камета ўстала ў небе
Барвяным страшным зракам - і тады
Крывёю пачала сачыцца глеба
І згінулі эдэмскія сады.
І пакаціўся ён, бяздольны, голы,
Як пералёт, адсохлы на карню,
Несустрач болю і насустрач волі,
Насустрач злу і сернаму агню.
І сніў Адам:
Зямля ў глыбінным лоне
Няволю нараджае для жывых.
Дрымотныя, даверлівыя коні
Ў бяздоннай захлынаюцца крыві.
І сніў Адам:
Да светлых зор сусвету
Імчыць, як лямант, шматвяковы жах, -
Кроў Іліяды, попел Плошчы кветак,
Рагнеды плач і Хірасімы прах,
І дыбіцца шалёны свет гарою
Над цалаванай брызам і вадой,
Карункавай ад сонца і прыбою,
Блакітнаю каралавай градой.
...Туды... сюды...
...Туды... сюды...
Над прыскам,
Над цішынёй, дрыжачай, бы струна,
Бязгучная гайдаецца калыска,
Як паміж небам і зямлёй труна.
...І плакаў ён,
Хаця ў праменнях сініх
Эдэмская купалася зямля,
Бо лепш у самым чэраве загінуць,
Чым падарыць нашчадкам гэткі шлях.
Нашто жыве і ў дыме гіне вулей?!
Нашто стагоддзі беспрасветных мук?!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
І Ева падышла і працягнула
Далоні сонных і пяшчотных рук.
І ён з трывогай, з радасцю няпэўнай
І з мужнасцю суровай, як праклён,
Прынік да іх у страсці горкай, гнеўнай,
Бо ён любіў...
Бо добра помніў сон. 

Апошняя песня Дантэ

Арлену Кашкурэвічу


У пошуках за любай і адзінай,
Спазнаўшы круг апошні, мы прыйшлі
Туды, дзе льдзіны адлівалі сінім,
У нетры той нязведанай зямлі,
Дзе нават пекла ўлада асяклася,
Дзе павуціння д'яблы не плялі
На душы самых горшых, тых, што гасяць
У чалавеках праўду і любоў,
На душы, дзе кублом гадзюк сплялася
Атрута вераломства. Злосць звяроў
Узнагарылася бы поруч з ёю...
І там пабачыў я бяздонны роў.
Бязмежнаю варонкаю густою
Зрываўся ён ля самых нашых ног
У нетры зла. І гэтаю сцязёю
Сам божы сын - і той прайсці б не змог.
Схіл абрываўся: стромы і смярдзючы,
Схіл зла і слёз, адчаю і трывог,
Пакут і безнадзейнасці пякучай.
І нехта там варочаўся на дне,
Дарэмна поўз на ледзяныя кручы
І ўніз зрываўся, грузны, як свінец.
Ў бяссільнай злосці, ў ярасці пакутах
Ён ланцугамі пачынаў звінець,
Стагнаў і выў раз'юшана і люта,
І роў, як львы і гарпіі - адзін, -
Як быццам дэман там крычаў прыкуты
Пра ганьбу і пакуты ўсіх краін...
І я пабачыў, што вакол бязодні
Стаяў натоўп занураных мужчын.
Я многіх там пабачыў, блізкіх, родных.
Там быў мой брат з крывёю на губах,
Мой друг, апечаны агнём паходні.
Распятыя на болю і дратах,
Яны вакол стаялі і чакалі,
Маўклівыя, з гадзюкамі ў руках.
Раз-пораз праз натоўп віхуры гналі
Двухногіх нейкіх, тоўстых і худых,
Якія скавыталі і стагналі
Аб літасці на розныя лады,
А ураган, імпэтны і імклівы,
Іх кідаў на адхон, на край, на льды.
І вось тады натоўп людзей маўклівы,
Над прорваю схіліўшыся ніжэй,
На гэтых, што спаўзалі па абрыву,
Стаў кідаць срэбных і цякучых змей.
І змеі іх кусалі ў вочы, ў карак,
У кіпці, што чапляліся за глей.
Яны зрываліся. І там пачвара,
Ўздымаючыся змрочнай галавой,
Задыхала атрутнай, мерзлай парай
І забурчэла з радасцю нямой.
І спадарожнік мне сказаў з трывогай:
"Горш сатаны царыца прорвы той.
Яе адроддзе пазабыла бога
І, д'яблаў горш, пануе на зямлі,
У вёсках, гарадах і на дарогах.
О справядлівасць, душы іх спалі!
Развей іх попел! Пракляні іх семя!
Да сотага калена спапялі!
Дай сілу іх ахвярам стаць у стрэмя
І зрынуць іх сюды, на дно, на дно,
На схілы прорвы, вострыя, як крэмень!
Каб дзерла твары ім, як баразной,
Каб паспыталі многіх простых мукі,
І каб пачвара зжэрла гэты гной,
Як змеянят сваіх жарэ гадзюка...
Хай згубіцца ў бяздонні іхні крык, -
І зацвітуць зямлі пакутнай лукі,
І заплыве правал, як свет стары,
Бо здохне з голаду дракон-пачвара,
Бо злосць яго без паліва згарыць".
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ён скончыў. І прадбачаннем кашмара
Я ў яме зведаў ворага майго...
Ты, вечная любоў мая і мара,
Загінула ад подыху яго,
Пакінуўшы мяне ў бязгучным крыку,
Пакінуўшы мяне з маёй тугой.
"Настаўнік, - я спытаў (нясцерпна-дзікай
Была здагадка. Я хацеў стагнаць), -
Хто там крычыць у ярасці вялікай?"
І ён сказаў: "Не бачыш ты?
Вайна!" 

Чашы cлёз


Божа, мы гінем, галодныя, збітыя,
Гінем, як быдла, без слова, без мар,
Жыта чырвонае, чорнае жыта
Коле нам вочы і лезе у твар.
Ў небе ўздымаюцца скірдаў горы,
Пот залівае нам вочы і лоб,
Сілы няма, каб звязаць наша гора
Так, як звязалі мы тысячны сноп.
Рыга барона ў пашчу пустую
Цягне бясконца снапоў іржу.
Божа, дашлі нам цемру начную,
Божа, дашлі нам хоць кроплю дажджу.
О сонейка, зайдзі,
Спякоту адгані,
Не выпрастаць рукі,
Не разагнуць спіны.
Праменні паляць нас
І поле, бы ў агні.
Жні, жні, жні,
Да самай смерці жні.
Піць! Хоць глыточак! Смагаю скутыя,
Мы засыхаем, як семя ў зямлі.
Мала ім нашай бязмернай пакуты, -
Студні ў нас яны аднялі,
З нашых каменняў, на гора наша,
Каб над вадою асвер не крычаў,
Высеклі нам каменныя чашы:
- Піце адсюль. Не марнуйце час.
Гразь каля чашы заўжды адбівае
Нашых каленяў і рук сляды.
Людзі ваду да сябе ўздымаюць,
Быдла - схіляецца да вады.
З твараў пакутных, змарнелых, як цені.
Тыдзень за тыднем, за годам год,
Поўнячы з коптурам чашы каменныя,
Падаюць слёзы і падае пот.
Глытаючы слязу,
Ідзём, бы ў страшным сне.
Нас цівуна бізун
Ляскае па спіне.
Праменні паляць нас
І поле, бы ў агні.
Жні, жні, жні.
Да самай смерці жні.
Ў неба ўзвядзём мы гнеўныя вочы,
Страціўшы веру ў ласку нябёс,
Цёмнаю ноччу, зарнічнаю ноччу
Косы наточым аб чашы слёз.
Вострыя, хай яны лепей удараць
Сотнямі джал на нашу бяду...
Можа, равучыя замкаў пажары
Лепей, чым слёзы, да бога ідуць.
Каб аджыла наша ніва святая,
Каб у каменныя чашы слёз
Бралася толькі вада дажджавая,
Падалі толькі лісткі з бяроз. 

Чорная балада Гаркушы


Распускалася сонца - ружовы цвет,
Зіхацелі лугі над ім.
Як павіны хвост, разгортваўся свет
Пад уражаным зрокам людскім.
Наплывалі чароды ліловых хмар,
Залатыя злівы лілі,
І вясёлкі сямікаляровы пажар
Піў ваду з ізумруднай зямлі.
Серабрысты, густы вадзяны пасеў
Шумеў па цяжкіх садах,
Быў зялёны па-рознаму мох на страсе
І бляшаны замкавы дах.
І сівела, звінела ад кропель рака...
І ў гарачым святле плылі
Сінія песенькі жаўрука
Над карычневай песняй раллі.
Чырванеў, бялеў і ліўся кірмаш,
Цвіў і пахнуў, як бэз і язмін.
Сапяжанак сангіна, цыганак гуаш
І ракаў нясцерпны кармін.
Цьмянай меддзю дыхалі ў дзежках ліны,
І гарэлі ў руках людскіх
Паліваныя, як аліўкі, збаны
З палкім сонцам, што білася ў іх.
Над кадоўбцамі з сонечным мёдам дрыжаў
Ап'янелы пярэсты чмель,
Андаракаў хванды былі, як жар,
Як валошкі, як сонца, як хмель...
Вуснаў каханых вішнёвы агонь,
Белы хмель у тоўстай касе...
Шлях дамоў... Далёка аранжавы звон...
Маладзік, што драбіцца ў расе...
Адышло ты, каханне, ў сівыя палі,
Прывід шчасця зіхоткага знік,
І пагаснулі, выцвілі фарбы зямлі,
Як стары сялянскі ручнік.
Бледны голад устаў і крыўда ўзрасла
Разлівам крывавых крушын.
Дзе вы, цёмныя кучары вішань сяла,
Дзе ты, сонца маёй душы?!
Свечкі воск. Агеньчык над ім, як лязо.
Жоўты воск каханай рукі.
Дымна-шызыя, плыткія рызы ксяндзоў,
Малінавыя бадзякі.
"На каго ж ты?!." Марозна-зялёны палын,
Горкі верас ліловых палян.
Мірыяды помстаў. Нястрымная плынь.
Барвяны гнеўны вулкан.
Быццам белая лава, што з Этны цячэ,
Бруіла лава палкоў,
І ўцякала цемра ад сініх мячэй,
Ад блакітнага грому падкоў.
Потым барву зарніц глытала імгла,
І пад покрывам буры сухой
Беларусь, як макава поле, цвіла.
Кожны мак - пажар пад страхой...
Сіні спеў жаўрука... Аранжавы звон...
Мёд... Валошкі... Зіхоткі шлях...
Андаракаў хванды... Вясёлак агонь...
Сонца б'ецца ў зялёных збанах...
Згасае, згасае вясёлкавы плёс.
Памяць! Памяць! Малю! Малю!!!
Аднаві мне фарбы палёў і нябёс,
Аднаві мне маю зямлю.
Ад мяжы, над якой месяц дрыжыць,
Да мяжы ў заходняй крыві,
Ад сіняй мяжы да барвянай мяжы
Аднаві мой край! Аднаві!!!
Як махровая сажа ў хаце курной,
Чарнела вакол імгла.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Чалавек у цэлі сядзеў пад зямлёй,
Трэці год у цэлі сядзеў пад зямлёй,
Пажыццёва ў цэлі сядзеў пад зямлёй...
Пажыццёва.
Без іскры святла. 

Самсон


Мой край ваўкі зубамі шкамуталі.
З вачэй, закінутых журботна, слёзы,
Змяшаўшыся з крывёй, на дол плылі.
Я простым быў.
Я ўсё жыццё хацеў
Алівы ўзрошчваць, абвадняць пустэчы,
На святы ў недалёкім гарадку,
Пот змыўшы з цела, танцаваць з дзяўчынай...
І ўсё забыў, бо ў мой пясчаны край
Прыйшоў філісцімлянін.
Я не мог...
Забыў дзяўчат, саху, спакой і волю.
Адное засталося - сіла зброі.
Адное засталося - песні гневу.
І я узняў свой сцяг. І легіёны
Пайшлі за мной.
У гневе ярай бітвы
Я перамог амаль.
І толькі сэрца
Ўсё тым жа засталося, чалавечым,
І сумавала па садах і хаце,
Па простых радасцях і па каханай,
Па ўсім, перагарэлым у сутычках, -
Што я забыў.
Адпомсціла яно.
Звяло мяне з падступнай і пяшчотнай...
Прыгожая - яна была каханай.
Далёкая - яна была жанчынай
З вачыма божай маці на іконах.
І з ротам сучкі прагнай. Цэлы век
Мяне трымала ў радасным палоне,
І добрым называла, і прыгожым,
І пальцамі, слабымі, як пялёсткі,
Адняўшы сілу, выдала чужым...
Стаю, хістаючыся, над сталамі,
Прыкуты ёю да калон варожых,
І чую музыку, і гром кімвалаў,
І слёзы блізкіх, што рабамі сталі...
Няма, няма заступніка у іх!
Але найгорш, найгорш мне кроіць сэрца,
Што чую голас дарагой і любай
І пацалункі - ката і яе.
І трызняць вочы цёмныя, сляпыя,
Успамінаючы парог бацькоўскі
І маці, што прадзе штовечар воўну
На камені яго...
О гэты смех
Прыгожай сукі у раскошнай зале!..
Што можаш ты паставіць супраць Маці!
Усе твае надуманыя словы -
Хлусня, як ты сама.
А маці ёсць.
І сонца ёсць. І ёсць мая радзіма.
Я сын яе. І я ў крыві ўстаю.
Хістаюся. Ўстаю і ажываю.
Я буду жыць. Я знішчу вашы вежы,
І род твой на зямлі забудуць людзі.
Ты памылілася і гэтай здрадай
Такога ворага
братам прыдбала,
Якога ў іх ніколі не было.
Хістаюцца калоны!
Дах трасецца!
Няхай загіну, але разам з вамі,
Таму, што я сляпы, таму, што цёмны,
Прададзены багамі і табой. 

Балада аб нашэсцях


Між Дняпром і крыкам жураўліным,
Наўздалёк ад дымнага сяла
Ў прадзедам пакінутай хаціне
З козлікам Алёначка жыла.
Травы залацістыя дымелі,
Ноччу поўз вугор гарох крануць;
Як страла ў кальчугу, стронг на мелях
Упіваўся ў рабізну.
І аднойчы, як страла ў кальчугу,
Раць аднекуль з-за лясоў прыйшла,
Каб усё забраць: людзей за плугам,
Хлеб і дым ад дымнага сяла.
Чорныя, рагатыя, як здані,
Ў золаце й каменнях, бы ў агні.
Сэрцы іх забылі аб каханні,
Рукі - аб звычайнай дабрыні.
Іх багі удзячнасці чакалі,
І Алёнку - ў дар вадзяніку -
Вывелі з хаціны і звязалі,
І на дзідах кінулі ў раку.
Сонца ўнізсхілялася сурова.
А калі далей пайшлі палкі -
Белы козлік выбраўся са сховаў
І - чуйдух! - пацокаў да ракі.
І замэкаў, застагнаў, заплакаў,
Высунуўшы шэры язычок:
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
"Пашкадуй, Алёначка, сястрыца,
Выйдзі да мяне на беражок". 

Скарына пакідае радзіму


Ў сялянскіх крывулях-хатах
Зноў сушылі кару.
Знову конік пузаты
Месіць нагамі бруд.
У доктарскай шапцы дзіўнай -
Адзінай на гэтай зямлі -
Коннік мокне пад ліўнем,
Што зноў як з сіта паліў.
Выгнанне. Выгнанне. Выгнанне.
Па волі зямных багоў
Спалілі браты-хрысціяне
Кнігі пра бога свайго.
З адчаем упартым, пахмурым
Людзі ў жорсткіх баях
За цемру сваю і дурасць
Знішчаюць друзі свая,
Зрабілі з Сіная малпоўню,
Й не хочуць бачыць яны,
Што справу іхнюю кроўную
Хаўтурна адплачуць званы.
Яны не даждуць, што Скарына
Зямлю сваю пракляне:
Страціў не я Афіны,
Хутчэй Афіны - мяне.
І горш за пакуты крывавыя,
Што будуць думаць рабы,
Нібыта ў шчасці і славе
Я разам з моцнымі быў. 

III. Калі памірае каханне

"О каханне маё бясконцае..."


О каханне маё бясконцае,
Не ўцякай ад мяне, пашкадуй!
За табой, як за светлым сонцам,
Па штодзённай дрыгве іду.
Чарада нада мной жураўліная,
Пада мною - балот віры.
Журавінамі, журавінамі
Кроў мая на куп'і гарыць.
На шляху толькі чорная лотаць,
А за мной, ад маёй крыві,
Утрапёна квітнеюць балоты
Смолкай песень, пярэснай любві.
Кроў сплывае. Няма спакою.
І калі ўпаду нежывы,
Красаванне кветак жывое
Застанецца на месцы дрыгвы. 

"Я iду лугавою дарогай..."


Я іду лугавою дарогай,
Пакручастай і цёмнай, як лёс.
Над ракой азярод шматногі
Барадою сена зарос.
Галавою прынікшы да сена,
Ў ноч гляджу на рачное шкло...
Глуха так, так цяжка і дрэнна
Мне ніколі яшчэ не было.
Ўсё было: пацалункі світаннем,
Над ракою туман залаты,
Бедны прывід майго кахання,
Што здушыла разважліва ты.
Сэрцам ведаю: так не трэба.
І ніколі халодны разлік
Не заменіць дарогі пад небам,
На якім ледзяны маладзік.
Нельга жыць з незгасальным болем,
І ўсё роўна да схілу год
Памажы мне - ніколі, ніколі
Не забыць пра яе, азярод! 

Чырвоны шар


Калматае сонца зямлю пячэ.
Ў душы ні надзей, ні мар.
Да шчакі маёй, да маіх вачэй
Чырвоны лашчыцца шар.
Ніткай прывязаны за кяліх,
Ён палае чырвоным агнём,
Ляціць ад маіх валасоў да тваіх
Над рэстаранным сталом,
Быццам хоча суцешыць, звязаць, прымірыць,
Мяне з гаспадыняй сваёй,
Што зараз насупраць мяне сядзіць
І ўсё ж не са мной. Не са мной.
Адбівае чырвонага шара палёт
Дрэвы, кветкі, паўлінаў з вальер,
Адбівае непрымірымы рот,
Сумныя вочы твае.
Давай, давай адпусцім яго,
Іначай сэрца кране
І раптам памірыць. І раптам ты
Зноў пакахаеш мяне.
Слова праўды маёй, што прынесла канец,
Я хацеў бы забіць, забыць,
Бо жанчыны панствуюць і ў мане,
А мужчыны і ў праўдзе - рабы.
Немагчыма.
Ляці. Сустракай свой лёс
Далей ад зямных берагоў:
Сумны ў халодным ззянні нябёс,
Як смерць кахання майго. 

Фантазiя


Знову блукаю па вуліцах сініх.
Сэрца кудысьці мяне завяло.
Шыльда над вокнамі: "Клуб адрынутых".
З вокнаў на снег - скупое святло.
Ноччу ў таемныя гэтыя сховы
З блытанай сеці завулкаў глухіх
Часта прыходзіць Людвіг Бетховен,
Здраджаны дбаннем кабет зямных.
Лермантаў тут. І таго не кахалі,
Хто ж тады варты гэтага больш?
Вось ён сядзіць ля каміна ў зале
І ўспамінае свой першы боль.
Геній, каханне, сэрца свабоднае,
Вершы алмазныя з-пад пяра -
Ўсё прамяняла яна на злодзея,
Слаўнага тым, што каштоўнасці краў.
І не рука, што "Мцыры" стварыла,
А пяцярня, што рубіны ўзяла,
Песціла рукі адзінай і мілай,
Доўгія косы яе распляла...
Грукаюць дзверы, і госці новыя
Йдуць у пакой праз халодны туман:
Дантэ, Петрарка, Катул, Багдановіч...
Столькі гасцей, што й ліку няма.
Проста да зорак халодных упарта
З комінаў выбіваецца дым,
Сумныя цені Джульеты Гвічардзі,
Лоты і Лесбіі рэюць над ім.
Іскры лятуць і лятуць да світання
Ў цемру і снег, як жывыя чмялі.
Тыя, што варты стакрот кахання, -
Тыя не маюць яго на зямлі.
Потым, як пойдуць ў зямлю сырую,
Сотні прыгожых дзяўчат і дам
Статуям іхнім рукі цалуюць,
Быццам лягчэй ад таго касцям. 

"Ўкруг месяца туманнае гало..."


Ўкруг месяца туманнае гало.
Мароз ступае адубелым садам.
Самотным дрэвам сняцца май і радасць,
А мне - маё забытае святло.
Ты чуеш? Ноччу кожнаю яшчэ,
Самотай зрынута нечалавечай,
Цалую я твой горды лоб і плечы
І светаў сотні ў бездані вачэй.
Цалую рукі - люльку добрых сноў
І да грудзей-сумётаў прыпадаю,
І гіну ў полымі. І паміраю,
Бо згаснула ў снягах даўно яно.
Што мне да тысячы начных свяціл?
Ў дарэмным маранні аб згаслым сонцы
Начным ваўком гляджу ў тваё ваконца, -
Яно - за трыста міль.
Яно - ў былым жыцці. 

Нямыя дрэвы


Над лютаўскім горадам такое грувасткае неба,
Што яно насядае на дым і гне яго да зямлі.
На лютаўскіх вуліцах такія пахмурныя твары,
Пахмурныя, як хмары, як ноч у міліцыі,
Што не хочацца лезці ў аўтобус,
а хочацца ўзяць таксі.
На лютаўскіх бульварах такія нямыя дрэвы,
Што вароны і тыя неахвотна сядаюць на іх,
Не жадаючы пустую сваю сварлівасць
Цяжка саджаць на сусветную дрэў тугу.
Ах, нямыя дрэвы, нямыя, як мёртвыя рыбы,
Нямыя, як паэты ў ліхалецце, ў гады мярзоты,
Нямыя, як я, што бязмэтна іду пад імі,
Бо Яна забарону паклала на словы кахання.
Аб чым мне яшчэ? Я нямею, нямею, нямею,
Але ўсё ж безнадзейныя крокі, адбіваючыся
ў завулках,
Безнадзейна і нема лямантуюць супраць немага неба,
Супраць твараў пахмурых,
супраць гэтых дрэваў маўклівых,
Маўклівых і голых, як даўні шкілет дыназаўра.
Кожны крок - гэта крык аб высокім і сонечным небе,
Што блішчыць, як Элады блакіт між калон Парфенона,
Аб усмешках, дзіцячых і шчырых,
бліскучых, як лёд агнявы,
Аб дубах, што спяваюць зялёную, звонкую песню.
Аб дазволеных спевах, што ў неба ўзвіваюцца гімнам,
Каб, мінуўшы сусвет, ціха ўпасці каханай да ног. 

Калi памiраюць...


Калі паміраюць дрэвы - яны павольна падаюць
на зямлю,
Больш павольна, чым пушок адуванчыка, -
і застаюцца ляжаць.
Калі паміраюць жывёлы - яны засынаюць у ветрабоі
Або чарнеюць на раллі уздзьмутым жыватом,
А над імі драпежна цягнуцца павольныя аблокі.
Калі паміраюць гарады -
па анфіладах крочаць рыжыя львы
І слізгоча струменьчыкам ртуці змяя па карцінах,
што ўпалі ў музеі.
Калі паміраюць планеты - застаюцца свінцовыя воды
І свісцячая песня пяскоў у расколінах скал.
Калі памірае каханне... Але каханне не памірае.
Яно вечна застаецца ў грудзях лікуючай тугою слоў,
Безнадзейным болем і непатольнай пяшчотай,
Калі нічым не дапаможаш, хаця сэрца аб зоры разбі.
Плач дрыядай, рагачы сатанінскай няшчыраю
ўсмешкай,
Львом куртатым кроч, слізгай самаахвярным змеем
Або падлай няшчаснай валяйся на ворыве лёсу -
Ўсё дарэмна. Няма дапамогі. І смерці няма ў кахання.
Чалавек толькі смертны. Але калі дрэвы не помняць,
Гарады не помняць, не помняць нямыя планеты -
Сэрца помніць каханне і попелам стаўшы з агню.
Аб пушыстым снезе бясконца яно ўспамінае,
Аб слядах на снезе, аб любых заснежаных веях,
Аб журботнай усмешцы і аб горкіх, апошніх,
бязважкіх
Пацалунках у вочы, запясці і вуснаў ражкі...
Скрухай поўнае, ўспамінае мёртвае сэрца
І аб тым, чаго не было і не будзе болей ніколі:
Аб агні ачага, аб неадчэпных цёплых дзіцячых
далонях,
Аб жаданні пакласці жыццё за яе і з успоратым горлам
Прыпаўзці і падохнуць ля ног, уратаваных табой.
Не забываючы здохнуць. Усё помніць і мёртвае сэрца
І кружляе з крыкам перадсмяротнай і ўсё ж
бессмяротнай тугі
Над магіламі мёртвых багоў,
над журботным спакоем зрынутых дрэў.
Над жывёламі, кінутымі на раллі,
Над планетамі мёртвымі і гарадамі -
Бессмяротнаю каняй, што моліць аб кроплі вады.  

Снягір


О радзіма, мой светач цудоўны, адзіны,
Явар мой, мой агністы снягір на сасне,
Ледзь цябе не забыў я з чужою жанчынай,
Што ў душы не хацела і ведаць мяне.
Ёй былі непатрэбныя звялыя травы,
І, ад вераса горкі, вятрыска павеў,
І твая некрыклівая гордая слава,
І твая перамога, і мукі твае.
Зараз нехта другі перад ёю варожыць,
Сыпе золата мар, лье славесаў ваду...
Што паробіш? Была яна вельмі прыгожай.
За такімі і ў пекла мужчыны ідуць.
Я пайшоў бы таксама. Ў пякельным дыме
Можна ўскласці на ногі цярпення браню
І ўсё роўна спяваць аб азёрах радзімы,
Плечы гордыя ўзняўшы над морам агню.
І няхай першы камень у вочы мне кіне
Той з мужчын, хто не зможа мяне зразумець,
Той, хто маці сваёй не змяняў на жанчыну -
Залатога пяску на брынклівую медзь.
І канец. Сталі толькі маім успамінам:
Ласка шэрых вачэй, заінелая скронь,
Лес нахмураны, хвоя, лябяжы іней
І рука, што лягла на маю далонь.
І для шчасця, для сонечнай вечнай кароны
Не хапіла мазка адзінага мне:
Не хапіла радзімы, іскры чырвонай,
Снегіра на заснежанай сіняй сасне.

Песня колаў


І
Кожны раз, як дамоў ад'язджаю,
Еду я міма дома твайго...
Ноч, як лёс, дамам пагражае
Цёмнай злівай, слатой, тугой.
Ў небе іскры ўзлятаюць, як слёзы,
І, калі мой цягнік закрычыць,
Застаешся ты з ноччу і з лёсам
На чужым, непатрэбным плячы.
ІІ
Прасціны твае, бы ў калючай асве,
Клубіцца скупы цыгарэтны дым...
А я табе прапаноўваў свет,
Цэлы свет у сэрцы маім.
Вольны вецер і песні палян... палян...
Неба ў маю... Неба ў маю...
Кахання майго акіян... акіян...
Сонца і душу... Душу маю...
Мне - як табе, пустэчу хапаць.
У начах маіх золь і драма.
І ёсць дзесяткі, з кім можна спаць,
Прасыпацца - ніводнай няма.
І знічкаю падае сэрца ў палі
І ў агні згарае на тло:
Прынцэсы былі, царыцы былі,-
Папялушкі адной не было.
Хутары сумней у палях і сумней...
Спускаюся ў цемру, нібы вадалаз...
Прадала, прадала, прадала ты мяне,
Прадала, галавой аддала.
На спакой змяняла крылаў страду,
Катула - на месікаслоў,
На смецце - гордае золата дум,
На даброты - музыку слоў.
ІІІ
А ён не даў табе і таго...
Лёс аднолькава нас адзначаў,
Але Муж - не той, хто не знаў батагоў,
А той, хто пад імі маўчаў.
Па валах, што туды і сюды бягуць,
Ён імя, як ветразь, насіў.
Вучыў, перавучваў, як чосу дадуць,
Зноў вучыў, даравання прасіў.
У Каносу бег за сабачай гайнёй,
Без шапкі стаяў ля брам,
Каяўся перад кожнай свіннёй,
Плакаўся ў корчмах сябрам.
Заклаў радзіму, Еўропу, род,
Вучняў, шэфаў, Дэга, Курбе,
Мастацтва, сяброў, Пікаса, народ
І цябе... Ты чуеш? Цябе.
Багаццем якім ён цябе напыліў?
Што прынёс ён табе у дом?
Дзе імя, у якое ніхто на зямлі
Не насмеліцца кінуць багном?
Душы родныя дзе? Ўцяклі і яны.
І адна ты ў зброднай глушы,
У мурашніку аднадумцаў дурных,
Дзе ніводнай роднай душы.
Хто яны, што праспалі жыццё і бой,
Людцы гэтыя, гэты гной,
Што калісьці табой гандлявалі і мной,
А сягоння - адною табой?!
Ад шчаўчка пігмея лятуць тарчма,
Паўзуны, бяскрылае зло,
Накіп людская, свінушнік, карчма,
Эстэцкіх гадзін кубло.
Што ж цяпер за здраду будзе з табой?
Не магу і ўявіць сабе,
Як ён хрупне пад Этнай пагарды людской,
Твой слабенькі, танюткі хрыбет.
І ў імя таго, што на цвердзі зямной
Кветкі ёсць, і любоў, і трава, -
Вы... даруйце за подласць жанчыне дурной,
Даруйце...
Як я дараваў.
ІV
Колаў стук. І надзея. І горыч.
І ў начы гэтай золкай, глухой
Ты не спіш з маім ворагам поруч,
Як не сплю я з цемрай сваёй.
Ад вачэй тваіх бедных і прагных
Да маіх спакойных вачэй
Повязь цягнецца, цягнецца, цягнецца
Ўсё танчэй, танчэй і танчэй. 

Iмпрэсiя


Сніў я сон, быццам нехта пяшчотна мяне крануў.
Чуў я словы пяшчоты, прывабныя, як міражы.
Сон кагосьці здаўна мне вярнуў, пазабытую, але адну,
З цемры згаслыя гукі вярнуў да струны,
ўваскрасіўшы струну.
І яна зазвінела - у явы і сну на мяжы.
І на гэтай мяжы я цябе зберагаў, як агонь трапяткі,
Як хвіліну дрымоты апошнюю мы беражэм
Ад павеваў і пахаў, ад сонца, ад дотыку грубай рукі,
І ад песні дажджу, і ад думкі, што нас сцеражэ.
Бо не ведаў - і ведаў, - што дзень узляціць, як ласо,
І пацягне бакамі мяне па пяску і траве
Да турбот, да жыцця, да шумлівых яго галасоў,
Да згрызот, забыцця, да імклівых дарог і лясоў,
Да ўсяго, што навекі цябе ад мяне адарве,
І ўпадзеш ты у змрок, як сляза, як згасаючы дзень,
І навекі ты ў цёмных, бяспамятных згінеш вяках
Ў міг апошні дрымоты, як толькі наяве ўпадзе
Не на грудзі твае, а на ложа пустое рука.

Таруская вiла


На спакойны і радасны дом над Акою
Нахіляюць зялёныя косы бярозы.
Ў буйным кветніку - ружы, што снегам бялеюць,
Чырванеюць пралітай крывёй і жаўцеюць, як здрада.
Ружы маняць, бо ў жніўні не падае снег,
А муры, зялёныя ад рэфлексаў
Сакавітай і чыстай садовай лістоты,
Як сярэдневяковы ізумруд маўрытанскі,
Адштурхнуць, абясшкодзяць вераломства і кроў.
Я жыву ў гэтым доме, працягнуўшы
да светлага сонца далоні.
Мне тут чыста і ціха, вандроўнаму мараку,
Нават хмурнаю раніцай,
Калі чорны туман,
Як татарскія коннікі,
Пераплывае пустую Аку.
Кот пярэсты, спадчына Казакова
(Значна горшая за яго апавяданні),
Ноччу звонкай і цёмнай прыходзіць з гулянкі -
Нават трохі пазней, чым прыходжу я, -
Кабіясам лезе ў акно пакоя
І спачатку кладзецца на чамадане,
А пасля - якое шчасце! Яго не заўважылі! -
Лезе ў ложак, кладзецца на ногі і даўнюю песню
заводзіць
Пра цудоўныя хаты, дзе мучаюць дзеці яго.
О дыханне дзяцей!
Спакойнае, мірнае, соннае,
Як паўночнага ветру павеў,
Да якога цягну я руку...
Гэта чорны туман?
Або, можа, татарскія коннікі
З гор паўзуць
І плывуць праз пустую Аку?
Тут найлепшая бабця на ўсім белым свеце,
З добрым даўнім імем, і бяссонніцай, і дабрынёй,
І унучка, найлепшая з добрых капрызніц,
А ўладар гэтай вілы - найлепшы з тэатральных
тыранаў...
Галаву прастралі перад ім - і ён усё роўна заўважыць,
Што скразнога дзеяння ў гэтым учынку няма.
Ён даводзіць мяне Станіслаўскім і Хемінгуэем,
Выклікаючы ціхую ярасць у сэрцы маім,
Бо не можа заўважыць, што геній, бязмерна мацнейшы
За вышэйпамянёных тытанаў, жыве ў яго доме
І стварае трагедыі пышнай сусветны шэдэўр.
Ўрэшце, бог з ім. Ён геній таксама. І ў слаўным
двухтысячным годзе
Восем дзірак нашчадкі ў знадворнай сцяне
прасвідруюць
І павесяць на вілу з пароскага мармуру дошкі,
Каб зявакі глядзелі на іх, як варона на палкае сонца,
Тупа дзюбу раскрыўшы...
Тут заўтра вялікае свята:
Сорак шэсць гадавін гаспадар па зямлі пахадзіў...
Па вяршынях і прорвах, на нашых няпэўных дарогах
Крочыць столькі гадоў - гэта трэба, як хочаце, ўмець.
Мойра, дай яму шчасце і сонца і палкі агонь неспакою,
Сотню вёснаў і восьмай карціны маёй ухваленне.
Назнарок не кажу я нічога пра пані,
Што дала гэтай віле імя і прытульнасць,
Што ўзрасціла рабіны і дрэвы і ружы,
Што аўсянаю кашаю корміць мяне.
Нездарма яе скульптары лепяць...
(Мяне яны вылепяць, пэўна.
Ў трыста год: без зубоў,
Без ідэй, без радкоў, без душы...)
Мікельанджэла,
Вакары,
Глебавы,
Бембелі,
Краўчанкі,
Бандарэнкі,
Кановы
І Яхмесы свету
Плюньце на геніяльна-вакхічную храпу маю,
І ваяйце жанчын
І яе,
Тарускую Неферціці
З яснай дзіўнай усмешкай,
З доўгай шыяй
І сапфірам занадта спакойных вачэй.
Я сяджу за сталом,
І расчынены шыбы аконныя.
Ад Капелы дарожка
Лягла на цяжкую раку.
З процілеглага берага
Пасмы туманаў -
Татарскія коннікі -
З гор паўзуць на мяне
І плывуць праз начную Аку.
Гэта ты іх паслала праз вёсны пагоняй за мною,
Каб яны узялі мяне зноў у крэпасці белай і чыстай,
Каб ізноў маю шыю абвіў смяротны аркан успамінаў,
Каб прывёў у хлусню мяне дымчаты хмарны табун.
Ты, дурнічна, усё скончана.
Тут ад бяроз над парканам
Да усмешкі, да спрэчкі - іначай усё і ясней...
Ўсё не так, як з табою, забытай даўно, непатрэбнай
Ні адценнямі слоў, ні вачыма, ні цеплынёй.
Адмаўляюць чырвоныя ружы твой рот, а белыя -
зубы твае адмаўляюць,
Адмаўляюць пахучыя косы бярозы - твае валасы,
Адмаўляе Ака твае вочы.
Адмаўляюць лясы тваю слабасць,
Ветра шум адмаўляе далёкую музыку слоў.
І няхай на хвіліну здаецца мне,
Што былога сады расцвітаюць,
Што над светам вясна затрубіла на срэбнай трубе,
Што мне нельга, што ў гэтым спакоі
Былое маё ажывае,
Што кахаю, кахаю,
Безнадзейна кахаю,
Па-вар'яцку,
Шалёна
Кахаю цябе.
Ўсё адно. Я навал не хачу,
Каб рамонкі тапталі і золата доннікаў,
Толькі праўду люблю й чысціню
І адданую сябра руку,
І таму хай плывуць праз Аку
Туманоў тваіх дзікія коннікі,
Хай плывуць!
Не прайсці ім Аку.
Разам з жартамі, песняй і сонечных зайчыкаў роем,
Разам з яснай усмешкай няўхільнага жніўня-касца
Мы стаім супраць раці тваёй,
Як малая і стойкая раць,
Што чакае
Ўтрапёнага бою,
Знае ўсё і стаіць з найвышэйшым спакоем.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Знае ўсё.
Але будзе стаяць.
Да канца. 

"Зноў над ракою чаплi сiвыя..."


Зноў над ракою чаплі сівыя
Ў плаўны палёт, як калісь, паплылі...
Шчасце маё і раны былыя
Гускай і лотаццю параслі.
Рэкі вярнуліся да вытокаў.
Тая, што сонцам была ў жыцці,
Недзе далёка, далёка, далёка,
Так далёка, што лень ісці.
Ды і нашто? У задушнай кватэры
Кволыя думкі ў сшытак пісаць?
Ў бога хлусні і нажывы верыць?
Трохсотгадовыя транты збіраць?
Нават на самую лепшую ў свеце,
Нават на цёплыя вусны яе
Я не змяняю вільготны вецер,
Што ў сітнягах над Дняпром пяе.
Сумны свой век няхай дажывае
З іншым, з другім, пакінуўшы мне
Рукі сяброў, жураўліныя зграі,
Стрэльбу і рэк асенніх свінец. 

"О вясна! Таполі! Свеце мілы!.."


О вясна! Таполі! Свеце мілы!
Сонца німб! Аблокі! Сад! Рака!
Залатая падаплёка крылаў
Маладога звонкага шпака!
Вечар зацяпліў бярозак свечы.
Я адзін. Ты не памёрла, не.
Мой забыты, мой апошні светач,
Ты ў чужым акне, а не ў труне.
Як магла застацца ты ў кайданах?
Як магла адмовіцца пайсці
Да палян, дзе месяц закаханы
Песні "сноў" блакітныя ўзрасціў?
Пэўна, я турму не здолеў тую
Гнеўнаю пагардай скалануць,
Дзе цябе цалуюць, як катуюць,
І ўладарна лашчаць, быццам б'юць.
Вей тваіх, плячэй тваіх пахілых
Болей не кране мая рука...
Над сусветам залатыя крылы
Маладога звонкага шпака.
Клічуць лебедзі ў начы вясенняй,
Кідаючы поўдзень салаўям,
І разліў шырокі, і натхненне,
Як любоў забытая мая.
І няма ў душы маёй праклёнаў,
І няма на веях цяжкіх слёз...
Заставайся ў клетцы залачонай -
Ты сама абрала гэты лёс.
Над кахання нашага магілай,
Што загубіцца ў былых вяках,
Залатая падаплёка крылаў
Маладога звонкага шпака. 

IV. Інга і Марыя

Жанчыне з бэзам


І я прайшоў калісьці паўз цябе.
Паўз вусны смелыя і рук прынаднасць,
І змрок вачэй, глыбокіх, як сусвет.
На дне тваіх вачэй блішчэлі зоры,
Далёка так, што цэлага жыцця
Мне не хапіла б даляцець да іх...
Не паляцеў...
І гэта так было,
Як быццам качаня не захацела
Агіднае да лебедзя ляцець.
О лебедзь мой, які я быў дурны!
Якой дарогай сноўдаўся па свеце,
Каму сябе аддаў і раздарыў?!
Начамі сон бяжыць вачэй халодных.
Начамі змрок. Халодны вецер свішча,
Каб разбудзіць змярцвелыя дубы.
Крывавыя пупышкі вінаграда
Прыціхлі і чакаюць цёплых дзён.
А ты ляжыш, і трапятанне вей
Бяссоннае, як трапятанне крыл...
...І сёння я ўначы цябе успомніў:
Ты крочыла па вуліцы вясенняй,
Трымаючы ў руках шалёны бэз,
Вільготны бэз, букет вялікіх гронаў,
І сонца ў люстрах дажджавых ляжала
Пад кожным крокам дарагім тваім.
А вочы - два глыбокія сусветы -
Паўзверх вільготных і пахучых гронаў
З пяшчотаю глядзелі на мяне.
Я зразумеў.
Яны ж мяне вучылі
Калісьці нездрадліваму каханню,
Каханню маладому, на якое
Не зменіш вопыт схаладнелых год.
Ім нельга здрадзіць, і забыць іх нельга,
Як нельга з сэрца выкінуць пяшчоту
І подла здрадзіць бэзу і сабе...
...Якая раніца ляжыць над светам!
Які разліў! Да гарызонта сінь!
І ветразі зялёных вербалозаў
На сініх водах - зараз страпянуцца,
Напоўняцца і ў грэкі паплывуць.
Ты, што мяне чакаць даўно забыла,
Дапамагла мне, ўспомніла, прыйшла...
...Будзь блаславёна, доўгае жыццё,
Яшчэ не скончанае ў добрым свеце.
Ўсё будзе. Толькі гронаў тых не будзе,
Цябе не будзе і тваіх вачэй.
А можа?
 Глянь, як свет вакол чакае
Святла і цеплыні, даўно забытых.
Чакае дуб скарэлы на пагорку,
Чакаюць хаты сонечных праменняў,
Чакаюць вішні белых пакрывалаў.
Душа чакае крыл.
І на адхонах
Вось-вось, здаецца, расквітнее бэз. 

Шчасце


Не хачу старым упівацца,
Не жадаю гібець у сне.
Сёння выпаў, як кветкі акацыі,
Сакавіцкі апошні снег.
Ён крычыць пад нагамі ад шчасця,
Ён спявае аб новых днях,
І драты, як марскія снасці,
Знову здатныя ветразь узняць.
Ноч ідзе са мною да рання,
Каб сустрэць пацалункам яго -
Новы дзень мой, маё світанне,
Новы прывід шчасця майго. 

"Бацькi з магiл цяплом дыхнулi..."


Бацькі з магіл цяплом дыхнулі,
З узгоркаў снег схаваўся ў роў,
І кожны горб шуміць, як вулей,
Ад спрэчкі кветак і чмялёў.
Загіне, хто ў мінулым дрэмле:
Буяна травы ймкнуць да зор
Навыперадкі, напярэймы,
Узахапы і насупор.
Сок крочыць па мільёнах лесвіц,
Па клетках - аж да верхавін,
Каб падарыць сусвету песні,
Здабытыя з зямных глыбінь.
Ляжу каля лясных узбочын,
Ляжаць і ждуць мяне гады,
І п'юць ускінутыя вочы
Ўсю повень неба і вады.
Мне цяжар шчасця грудзі сплюснуў,
Спляліся валасы з травой,
І мятлушка сядзіць на вуснах,
Каб разам уздыхаць са мной.
Даволі марнай жыць пагоняй,
Жывецца або не - жыві!
Кароўка божая ў далоні,
Як кропля божае крыві.
І зноў бязмежны свет чакае,
Свет сэрцаў, песень і бароў.
Дай мне, вясна, шляхі без краю,
Дай сэрцу вечную любоў.
Зямля гудзе, як цёплы вулей,
Знікаюць крыўды, боль і зло...
Бацькі з магіл цяплом дыхнулі,
Каб дзецям жыць лягчэй было. 

Жаўранак - звонкая нiць


Хмары веснія цяжкія, як кентаўры,
Песня шчасця пад імі ўзахлёб звініць.
Ах, гэта жаўранак,
Жаўранак,
Жаўранак,
Срэбная,
Срэбная,
Срэбная ніць.
Над ракою, тваім зайздросцячы лаўрам,
Вадзяны бугай трубіць, як грубіць.
Не звяртай увагі,
Жаўранак,
Жаўранак,
Не парві сваю тонкую,
Тонкую ніць.
Зноў дымеюць разоры і сытая пара
На курганы былога майго бяжыць.
Працягні з майго сэрца,
Жаўранак,
Жаўранак,
Аж да самага неба
Звонкую ніць. 

Мёртвае рэчышча


Мне сказалі: мяне ты шукаеш,
Зноў шукаеш - пасля ўсяго, -
Плынь начная, калісьці жывая,
Што пазбылася ложа свайго.
Усё дарэмна: пратокі-песні
Абмялелі пад рэзкай травой.
Я не Лазар, я не ўваскрэсну,
Нават голас пачуўшы твой.
Ні твой заклік, калісьці любы,
Ні пяшчотны дотык рукі,
Ні ад смагі пасохлыя губы
Не абудзяць вялікай ракі. 

Крокi ўначы


Цёплы дзень дагарэў. Скача полымя з гулам,
Саснячок над ракою ў зялёнай імгле...
За дзень сонцам з вадою ўвесь твар абцягнула,
Ногі ў голках сасновых. Далоні ў смале.
Ўвесь Дняпро у кругах: ходзіць рыба шалёна.
На слупах фарватэрных - скупа - агні.
Побач з намі - чырвоны, наводдаль - зялёны,
Наш адзін, а ў таго у прадонні - двайнік.
Раптам - водар халодны свежага сена.
Раптам плеск. Гэта стог, вялізны, да хмар,
На чаўне, што не большы ніяк за палена,
Быццам прывід, плыве на зялёны ліхтар.
Над ракою дымок. Ціха полымя шастае,
Ты і я ў будане на сене ляжым.
Калі ёсць на зямлі дзве унцыі шчасця, -
Ўсё яно, без астачы, ў сэрцы маім.
Што шукаў ты ў чужой зямлі, чалавеча?
І нашто імкнуўся сябе ашукаць,
Калі вось пад рукой тваёй цёплыя плечы,
Вось віно і вогнішча, ноч і рака.
І кахаю, як быццам стакрот паміраю,
Поўны кожнай пражытай сваёй вясной.
О ўтрапёны агонь, як ты хутка згараеш,
І якая кароткая летняя ноч!
У вялікім спакоі зямлі шырокай,
Да якога праз хвалі мы праплылі,
Раптам крокі, мерныя, гучныя крокі
Проста ў вуха, прыціснутае да зямлі.
Нехта бераг трасе цяжкімі нагамі,
Нехта ноч разрывае, бы глупства чаўпе.
Не палохайся. Гэта не зубр і не мамант,
Гэта бакеншчык гасіць ліхтар на слупе.
Цішыня. Над вадою туманныя вежы.
Дай мне гэту зямлю з табою абняць.
Ты - празрыстасць, ты ўся - нерухомая свежасць,
Ўся - глыбінная, аж да канца, цеплыня.
Ты не чуеш, як падаюць росы патокам,
Як гарлачыкам трызніцца новы дзень,
Як нячутнымі, як салаўінымі крокамі
Над вялікай ракою каханне ідзе. 

Раманс вiнаграднай лазы


Па туманах касых
Вінаградныя вусікі
Ўюцца,
Ўюцца
І імкнуцца спаймаць
Малады
І гарэзлівы месяц.
За глыбокія вочы твае,
Што ў тумане,
Блакітным тумане
Смяюцца,
Хай мяне на праменнях
Туманных,
Абвітых,
Спайманых
Праменнях
Павесяць...
Ах, як вішні цвілі!
Як здрадлівая
Белая мара!
Зацягнулі,
Завабілі
Песняй
Птушынай сваёю.
А цяпер у завулках,
У завулках
Так плача гітара
Ненадзейнай,
Пакінутай,
Цалкам адрынутай,
Цалкам жаночай
Тугою.
О, як хочацца жыць!
Што з таго,
Што вясенняй парой
З вішань квецень
Зляцела
Завеяй,
Пяшчотнай
І сіняй.
Што з таго, што калісьці
Памруць
Пад асенняй
Халоднай касой
Залатыя вяргіні...
Вяргіні...
Вяргіні...
Дваццаць год яшчэ можна кахаць!
Дыхаць квеценню,
Летам і маем.
Дваццаць год
Вінаградныя вусікі
Будуць віцца
Па месячных струнах...
Ах, няхай яны ўшчэнт заплятуць,
Ах, няхай яны мякка спаймаюць
Гэты месяц гарэзлівы,
Месяц вясёлы
І юны. 

Ты і я


Ты і я: пралеска ў снах бурану,
Дрэўца вішні ў ярасным агні,
Кропля на спіне Левіяфана,
Радуга на крылах навальніц.
Пад дзевятым валам ветразь ніцы,
Верас, што агнём абняў пярун,
Павуцінка ў пекле навальніцы, -
Адкажы на вуха ўладару,
Як мне здужаць ураган і вецер,
Вечны мой, зацяты, страшны бой?
Як мне, моцнаму, пражыць на свеце
Без цябе, танюткай і слабой? 

"Калi агорне цемра неба..."


Калі агорне цемра неба
І я зямны пакіну дом,
Я стану каменем ці хлебам,
Травой ці срэбным матылём.
Травой - каб ты ў сваім уборы
Прайшла па мне да добрых сёл,
А матылём - для ночы гора,
Калі жывых няма вакол.
А хлебам жоўтым, як жывіца,
Каб быць табе як мірны дар,
А каменем, каб адкаціцца
З дарог...
Ад ног тваіх...
У яр. 

Карадаг

Л. А. Панамарэнка


Іліяда мая! Колькі даўніх крылатых стагоддзяў
Ты разрэзала ветразем, вартым людзей і багоў,
Плывучы ў невядомае, ў дальнія тысячагоддзі,
Быццам бронзай акуты "Арго",
Крутабокі і звонкі "Арго".
Ўвосень чырвань сумаху на скронях тваіх выступала,
Так трымаў ты свой крыж -
мора цяжкага ўдары і гром:
Быццам плакалі скалы, кроўю даўняю плакалі скалы
Пад сухім і траскучым, як Крым, пад цярновым вянком.
Коні сінія з мора імчалі на бурным прадвесні,
Ты хапаў іх за белыя грывы і біў уразлёт
Або слухаў спакойна пелазгаў забытыя песні
І глухія - пад вечар - званочкі авечых чарод.
Іліяда мая! Пасмы чорныя хмар на вяршыні.
Як гекзаметр звонкі, ўдараюць аб бераг валы -
Неўміручыя строфы, што морам прапахнулі сінім,
І сухою травою, і ёдам, і вечным спакоем зямлі.
І за вечную цвёрдасць тваю мора вечнае данню
вялікай
Сыпле дым скамянелы агата табе на далонь,
І крывавыя слёзы забытых багоў - сердалікі,
І празрыстыя слёзы самотных жанок - халцэдон.
Дзе яны, што ахвяры палілі глухімі начамі,
Кантрабанду насілі, багоў павяргалі у жах,
Дзе яны, што ў крылатыя шлемы званілі мячамі
І на ўласнай крыві узрасцілі крывавы сумах?
Я не веру, што зніклі яны... Вось... выходзяць з пучыны
З морам зорным на скуры і соллю ў кучме ільняной -
Лістрыгоны, пяніцелі хваль, заваёўнікі чорных
вяршыняў.
І прыбою гекзаметр гулка ўздыхае ля ног.
Іліяда мая! Вечна морам плыві да свабоды,
Вечны ветразь напяўшы, кіруйся у казачны шлях
Са сваім непакорным, дэльфінападобным народам,
З бурным морам у жылах і сонцам у дымных вачах. 

Раманс Марылi


Сонца паліць над шатамі парку,
Ў вочы людзям дзідамі б'е,
Людзі-кветкі нясуць на карках
Пчол назойлівых - думы свае.
Кветкі сінія, вогненна-чорныя,
Хмель хістаецца ўгору і ўніз,
Ружы алай нешта гаворыць
Самаўпэўнена - тонкі нарцыс.
Сярод гэтага кветніка п'янага
(Мо было ўжо такое калісь?)
Ты праходзіш адна ля фантана,
Найпрасцейшая кветка зямлі.
Нібы ціхая сумная музыка,
Ты праходзіш з пакорай сваёй,
Адуванчык на ярасным лузе,
Кветка з жоўтаю галавой.
І з фантана, раскрыліўшы крылы,
Праз вясёлак халодны звон
Усімі рэшткамі бронзавай сілы
Лебедзь рвецца табе наўздагон.
Марна рвецца, бо ў звоне і граі,
У мільёнах вясёлкавых слёз
Хлопчык лебедзю шыю сціскае,
Як адвечны няўмольны лёс.
І гляджу я змрочна на тое,
Як, абернуты ў шумнай вадзе,
Цень Міцкевіча нада мною
Лебядзіную песню вядзе. 

Дняпро i Ака. Ён i яна


Божа рэк, ажані
Мой Дняпро з прыгажуняй Акой.
У яго - крутаяры ў зеніт,
У яе - лукавін спакой.
Ён мужчына. Над ім - курганы,
Змеі сонцаў - кронамі ўніз.
А над ёю - пракосаў сны
І дзявочых святліц агні.
Ён ад страсці рве берагі,
Асіянаўскі месяц над ім,
І туман плыве на лугі,
Быццам бітвы паўночнай дым.
Трупы мокрыя чорных дубоў,
Нібы яшчары ў берагах,
А на дне - карагоды віроў
І дрыжачых багновак жах.
Месяц кроў пралівае ў яго,
Кроў сцякае з ласіных губ
На патопленых даўніх багоў,
На бязмежную іх тугу.
А над ёю жаўрук пяе,
І калі смяецца зара,
Кісці скрыпня над ложам яе,
Як вясельныя свечы, гараць.
Калі хочуць стракозы піць,
Ў самы ярасны сонечны ўзлёт
У гарлачыках окскіх спіць
І не тае блакітны лёд.
У свяцёлках яе агні
Здаўна мараць аб сіле такой...
Чым Дняпро табе не жаніх,
Не сцяна для пакоры тваёй?
Чым не муж табе, не жаніх,
Не любоў для любові тваёй?
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Божа рэк зямных, ажані
Дняпро з прыгажуняй Акой. 

Раманс шлагбаума


Ён упаў на дарогу,
Ён тросся ад болю.
"Ну нашто так?
Ты ж бачыш -
Спакой у вачах".
І шлагбаум устаў.
Даволі...
Даволі...
Гэта будзе ніколі.
Ніколі,
Ніколі -
Колаў стук
І прысады...
Гасцінец
І шлях.
Не гляджу наўздагон.
Хай знікае
Ў лагчыне...
Не гляджу!
Як цікава:
Трава...
Раса...
Хай шлагбаум глядзіць
Узнятай вяршыняй,
Як знікаеш ты...
Кропкай...
Пад ценем...
Прысад. 

Аптымiзм


Пад плашчом, зусім ля вуснаў, залатая галава.
Па вадзе ідзём дахаты, горкі дым зямлю скрабе:
Наймічку таксама добра каля печкі цалаваць,
Калі лёс не шле царыцы, суджанай навек табе. 

Туман


Сёння ноччу туман зоры ясныя вымеў,
І прачнулася раніца ў флёрах сівых:
Нават мёртвыя жэрдкі здаюцца жывымі
З-за жамчужных зіхоткіх гірляндаў на іх.
Але ўсё ж праз туманна-дрыжачыя слёзы,
Бы з карцінкі зводнай у тонкіх руках,
Бачны жоўтыя павесмы ніцай бярозы
І чароды на сумных асенніх лугах.
А ў далёкім горадзе зараз таксама
Навісае туман ад спрэчак дурных,
Ад машынных выхлапаў, ад зітханняў,
Ад мільёнаў учынкаў і словаў людскіх.
І праз хмары не можа прабіцца ранне,
І не можа сэрца глядзець на свет...
Як у гэтум сляпым халодным тумане
Адшукаць мне каханай зманлівы след? 

Цюляня


Хвалі ідуць за градою града.
Айсбергаў рэдкі паток,
Сіняя, быццам індзіга, вада,
Халодная, як апёк.
Цюляня не хоча цвёрдай зямлі,
Не хоча квяцістых палян.
Ільды яму замяняюць палі,
Радзіму - сівы акіян.
У пырсках бясконцых сініх валоў
Колам ходзіць малы -
З хвалі на хвалю, на грэбень ізноў,
У сяйва сонца з імглы.
Акіян для малога пену пляце.
Той ляціць з гмаху на гмах:
Холад затоплены ў жываце,
Шчасце ў дзіцячых вачах.
І хочацца мне, як яму, да канца
Адчуваць апёкаў нажы,
У хвалях халодных даваць нырца.
Жыць!
Жыць!
Жыць! 

Каравелы


З дубовым цяжкім задам, але з крыламі,
Пафарбаванымі ў блакіт і кроў,
Яны трапётка мора скарадзілі,
Як матылі, што трапілі ў Дняпро.
Бездапаможныя, валам чужыя,
Нязграбныя, яны паўзлі, плылі,
У шторм кружылі, ў мёртвы штыль тужылі,
Бастарды неба, пасербы зямлі.
Не лепшыя за рэшата па форме,
Смярчы лавілі паруснай сцяной,
Хаця, па ўсім сучасным нашым формулам,
Ад шэпту мусілі ісці на дно.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Наш свет таксама: шэрыя адрыны,
Брандмаўэры, праварыны, муры,
Залева, што клякоча злосна ў рынах,
Неону бляск і чорныя двары.
Чаму ж у прыцемках пахмурна-сініх,
Чаму ў начах, ад ліхтароў рудых,
Мы марым аб нябачаных краінах,
І верым ім, і даплывём да іх?
Якою воляй, яраснай і смелай,
Якою сілай, грознай, бы ўраган,
Абсмеяныя нашы каравелы
Бяруць за грыву смерці акіян?! 

Бахайская чарапаха

Янку Брылю


Я - Бахайская чарапаха.
Я - на чэраве сонна ляжу.
Я - каменная.
Маё царства ўпала лавінаю праху
Пад пятою кітайцаў,
Чжурчжэняў,
Кіданяў,
Манголаў,
Маньчжур.
Я спазнала дарэмнасць
І тленнасць:
Дзе ляжалі дарогі ваенныя,
Там сягоння
На сопках сярод парудзелай травы
Толькі мы засталіся,
Чарапахі каменныя,
І каменныя малпы,
І каменныя львы.
Роўна восем стагоддзяў
Я ляжу сярод праху.
Усурыйскія тыгры адны
Да мяне падыходзяць ўначы
І глядзяць залатымі вачыма
На мяне,
Чарапаху,
Што адна умудрылася
Ў вечнасць з агню уцячы.
Ў навальнічныя ночы,
Калі неба сякуць бліскавіцы,
Мне здаецца, што зноў
Забівае аратаяў гром,
І грукочуць праз ноч
Залатыя і пурпурныя
Калясніцы,
І гепарды імкнуцца,
І падаюць стрэлы дажджом.
Я ляжу тут, каб людзі
Памяталі аб ханах пахмурых,
Аб бязлітасных войнах,
Што знішчылі родны мой край.
Я іду -
Толькі людзі сляпыя не бачаць, -
Чарапаха гісторыі,
Я павольна да сонца іду...
Я дайду.
Усё роўна дайду. 

Легкаважная песенька, якую я спяваў, ідучы да каханай цераз хрыбет Мангугай


Паветра п'янае, бы Цынандалі.
Крочу я проста ў дзень,
І рытм па скалах чаканяць сандалі,
І кунгасы спяць на вадзе.
Успудзіў кайру. Яна наракае,
Што іду без дарог,
І языкамі капуста марская
Ліжа сцежку ля самых ног.
На вуснах свіст, як матыль, трапеча.
Доўгі шлях. За гарой гара.
І ў моры рыфаў магутныя свечы
Ў сонцы раннім гараць. 

V. Таўрыда

Дрэва на Чатырдагу

Васілю Быкаву


Буран над уцёсамі чорнымі
На мёртвых травах іграе,
А ўнізе, а ў прорве - мора...
Без дна, без канца, без краю.
Там жвір пад прыбоем марыць,
Пчолы гудуць закахана,
А тут, дзе маланкі і хмары
І орды вандроўных туманаў,
У пекла прысенні, пад спевы
Хаўтурныя траў з вятрамі -
Расце каравае дрэва,
Абпаленае перунамі.
Стаіць і ў цвіценне верыць -
Адно супраць сцюж і абвалаў, -
Смерць хаваючы ў сэрцы,
Жыццё - ў каранях між скалаў. 

Чатырдаг


Ўстаў Чатырдаг і ўзнёс агонь і дым,
І цвердзь зямлі прагнулася пад ім,
І ў чашу рынуў і каціўся год
З усіх марэй патоп шалёных вод.
І стала мора
люстра для Яго
І толькі потым для усіх багоў,
Якія разам з царствамі прайшлі
За час яго маўчання на зямлі.
Прастол багоў? Прастол Хрыста? Алы? -
Іх не было, а ўжо снягі з Яйлы
Раўлі вясной.
А замаўчаць яны
Ў той самы дзень, як змоўкне шар зямны.
Ты сніш той дзень. Ты сам той дзень, уцёс.
Ты зараз цень яго. Ты вечнасць, лёс.
І ў сне чакаюць мірна духі гор:
Снягі ім - коўдра, туманы - шацёр,
Як сэрца падае!
Нібы лязо,
Мне рэжа зрок агонь халодных зор.
Мой кожны крок - блюзнерства.
Кожны ўздых -
Замах на грозны сон ільвоў тваіх.
Пан вечнасці, ты пашкадуй, малю,
Імгненне цёплае, маю зямлю,
Слязу любові на тваёй шчацэ,
Крывінку лепшую ў тваёй руцэ,
Святую іскру ў вечнасці ільдах...
Глядзі, цябе пільнуе прорваў жах
І ўверсе зорак лёд, як кроплі слёз,
Закатаваных вечнасцю нябёс.
Смерць пад нагой і смерць над галавой.
Ў мігценні зор, ільдоў, парчы сівой -
Нішто чакае і глядзіць на нас:
Стой, веліч, і спыніся, грозны час! 

Спуск з гор


Набягае на колы заснежаны шлях,
Ля дарогі дубняк адубеў,
Але рукі твае у маіх руках,
Але ў сэрцы - гарачыя - радасць і жах,
Што знайшоў, што страчу цябе.
Кожны звіў дарогі ў абдымкі мне
Так уладна, з пяшчотай такой
Пасылае цябе. І, здаецца, канец,
І здаецца, памрэш ад шчасця, бы ў сне,
Калі неба кранеш рукой.
Побач ты. І не дзіва, што чэзне туман,
Што народжаная ўначы,
З павароткаю кожнай адходзіць зіма,
Пасля студзеня ўладна прыходзіць май,
Гучна звонячы ў сонечны шчыт.
Вырываецца сэрца з вузкіх цяснін,
І раптоўны абшар, нібы ўдар.
О, якое мора гарачыні
Сінім сном аж да самага неба сніць
У нірване любоўных мар!
Што такое? Хто гімны сонцу пяе,
Хто хістае ружовую даль?
Мо салодкі вецер у сэрца б'е,
Можа, лебедзі ўскінулі крылы свае
Або проста цвіце міндаль?
Або проста цвіце кізіл залаты, -
Дыхні і бяссмерце прыдбай!
О, якое шчасце, што побач ты!
Што каханне!.. Мора!.. Водар густы!..
Май!..
Май!..
Май!.. 

Генуэзская крэпасць


Колькі ж вынесла ты перастрэлак такіх?..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Сіні вечар глядзеў праз імглу,
Наплывалі хмары, і сонца на іх
Дзіды кідала на зямлю.
І яны, сіне-белыя, падалі ўніз
І дымелі сярод пустаты...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Быў бліжэй за ўсіх густа-сіні мыс,
А далей, за ім, быў блакітны мыс,
А за ім - туманна-жамчужны мыс,
А на ім - сілуэтам бязважкім - Ты.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
А на ім - пад стрэламі - Ты. 

Лебедзь


Ў старажытным парку графскім,
Над цяністаю затокай
Лебедзь чорны ў дрэме плача
Аб Аўстраліі далёкай.
Тут спакой, любоў і радасць,
Сонца ззяе ў добрым небе.
Што ж табе ў тым дальнім краі?
Што ты ўспомінў, дэман-лебедзь?
Эўкаліптаў лёгкіх пер'е?
Дынга? Лёт бяроз прыгожых?
Стой... Якія ж там бярозкі?!
Тфу ты... пане ты мой божа!
Але ты, няўцешны, плачаш,
Бо далёка рай твой мілы,
Эўкаліпты... і асіны...
І асіны на магілах. 

Вадаспад Учан-су


Як страшная з нябёс пагрозных кара...
Як звоны срэбных крылаў у агні...
Як быццам сотні, тысячы Ікараў
З пачатку дзён... З зеніту... Аб граніт.
Якая веліч, сіла і... журбота!
Як добра, ўзняўшы дымны, зорны смерч,
Ў імгненне найвышэйшага узлёту
У лікаванні раптпм стрэнуць смерць. 

Маладая вясна


Маладыя, пушыстыя лісцейкі грушы,
А за імі, на скалах, дубоў галізна.
Ў беласнежным прыбоі, у квецені рушыць
Маладая вясна.
Нібы снег вяршынь ажывае ў цвіценні,
І садоў і аблокаў звіваецца дым:
Белых хмарак алені ў зыркім небе вясеннім
Пралятаюць да мора і дваяцца над ім.
Ты мне сонца! І мора! І подых маю!
Я люблю цябе так, што кроў, як прыбой!
Што ж ты плачаш, чаго ж ты мяне абдымаеш?
Я з табою.
З табой. 

"О, якое цёплае, цёплае, цёплае мора..."


О, якое цёплае, цёплае, цёплае мора.
Як драбіцца ў ім сонца - Зевесаў распалены шчыт.
О, як добра руцэ на тваім перагрэтым і чорным,
На апырсканым кроплямі мора, салоным плячы.
Ў такт нячутнаму спеву самкнёныя вусны
смяюцца і плачуць.
Вочы змежаны. Веі дрыжаць у салодкай журбе.
Так шчаслівая яшчарка дрэмле на камні гарачым...
Добра табе? 

Гурзуф уначы


Скрыпка ціхая ночы. Дрымотная музыка ночы.
Водар мора і кветак. Глухая начная пара.
Аю-даг за чаўнамі рыбацкімі ў моры напружана сочыць
Зыркім вокам адзіным - чырвонаю іскрай кастра.
Што, як ярасна скочыць? Дарэмна. Дрымотаю скоран,
Галаву ён на мяккія лапы здранцвела паклаў.
Чайкі спяць на вадзе, як плаўкі,
у сярэбраных водсветах зорных.
Спіць каханне ў дамах. Спіць прадоння марскога
імгла.
Наздраватыя сходы завулкаў ад дзённай хады
спачываюць,
Крок паэта апошняга зaмер на вулках крывых,
І магноліі кветкі так соладка дураць і так спавіваюць,
Што ні людзям, ні скалам дрымотай не ўзняць галавы.
І лянотна мядзведзь на спакойнае мора усперся
І ў знямозе салодкай, забыўшы пра гнеў і гразу,
Касавурыць адзінае вока на зоры, што ўнізе і ўверсе.
На скупое сузор'е між іх, на сп'янелы і сонны Гурзуф. 

"Прыўкрасная пальма..."


Прачынаюся ноччу, - месяц,
Ў садзе сінім спеў салаўя.
І над вокнамі косы звесіла
Пальма поўдня, любоў мая.
Салаўіныя стогны ўтрапёныя...
Нельга спаць. Мы чакалі гады,
І мы дзелім наша бяссонне,
Дзелім месяца срэбны дым...
Насупор усяўладнаму лёсу
Я ільды і пустыні скрышыў,
Я прыйшоў да твайго уцёса -
Кедр каханы з паўночных вышынь. 

"Над Аю-дагам - над Мядзведзь-гарою..."


Над Аю-дагам - над Мядзведзь-гарою -
Хрыбет увесь імглой завалакло.
Не ведаю, не знаю, што са мною.
Дзе ты, маё халоднае святло?!
Чакаю. Прагну. А ў душы, бы ў хмарах,
Маланкі незгасальныя гараць,
І як рванецца хоць адна ў абшары -
Да сэрца дрогне ўся Мядзведзь-гара.
Прыйдзі, схілі мне галаву на плечы,
Дай мне сябе, жывучая вада,
Каб піць цябе да скону, вечна, вечна,
Як мора п'е пахмуры Аю-даг. 

"Спiш? Я прыйду, пагушкаю..."


Спіш? Я прыйду, пагушкаю.
Вечар нейкі дзікі і злы,
Як лёс, няўмольныя птушкі
Чорна сыплюцца з нізкай імглы.
З гор яна напаўзае -
Птушкі крыкам крычаць: "Р-ратуй!"
І палёт іх, як сець, як вязанне
Між лаўраў, магнолій і туй.
Гэты крык і святла кананне
Навісаюць пагрозным мячом
Па-над нашым вялікім звітаннем:
Над каханнем тваім, дзяўчо.
Што шукаеш у гэтым спакоі?
Што табе твой адвечны лёд?
Дай стрымаць мне ўладнай рукою
Твой няўмольны, дурны адыход.
Калі спіш - я прыйду, пагушкаю.
Калі не - абаўю, як хмель.
Слухай мудрых, мая папялушка.
Слухай добрых, мой дзікі бружмель. 

"Сумесь Бураціна з Аэлітай..."


Сумесь Бураціна з Аэлітай,
Зорка незгасальная ў акне,
Сумная, прыгожая, забытая,
Ўвечар ты прыходзіш да мяне.
Смешная і нібыта заспаная,
Пад пяшчотаю маёй маўчыш,
А пасля аддана і рахмана
Засынаеш на маім плячы.
І малю я сонца, неба, корсту:
Хай яны палаюць над табой,
Над тваёй былою крыўдай жорсткай,
Вечныя - пяшчота і любоў.
Хай не будуць да цябе суровыя,
На ласкавы пакладуць пясок,
Горы вечныя ўзнясуць ў галовах,
Ўспеняць мора добрае ля ног.
Нагадуюць цёплай ласкі хлебам,
Сцішаць успамінаў злых прыбой.
І тады я стану вечным небам,
Сінім вечным небам над табой. 

Дзве вады


Шум горных ручаін за вокнамі маімі
І мора мерны шум. Накатваюць валы.
Салёны Понт не хоча водаў Крыма
І гоніць іх назад да скал, вяршынь, імглы.
А ўсё ж бяжыць крышталь да пенных хваль салёных
І ломіць іх, хаця ўстаюць сцяной, -
Няма цяплей, радней марскога лона,
Які б там гнеў ні строіла яно.
І ведай, як бы ты ні прагнула адрынуць
І як бы ні была ты халадней ільда, -
Сальёмся мы з табой у вечным і адзіным,
Крыштальная вада і сіняя вада. 

"Прыпадзi да мяне, прыпадзi..."


Прыпадзі да мяне, прыпадзі,
Як да глебы сухой вада,
Быццам яшчарка да сцяны,
Быццам ластаўка да гнязда,
Быццам горны алень Яйлы
Да яе вясенніх лугоў,
Быццам цяжкае грона шаслы
Да разнога ліста свайго.
І цябе я так абаўю,
Каб не ведала іншых зліў,
Іншых гнёздаў, кветак і дрэў,
Іншых лозаў і іншай зямлі. 

Кiпарысавыя жарцiкi


Бяроз няма. Адны кіпарысы:
Быццам хвасты наставілі лісы,
Лісы зялёныя, незвычайныя,
Ў горад зайшлі, такія адчайныя.
І ты са мною зусім як лісіца,
Смех на беленькіх зубках іскрыцца.
Смех такі, што кідае ў дрыжыкі.
Лісіца. Толькі звычайная. Рыжая.
Дурнога ваўка да ільду прымарозіла,
Ды толькі й чакаеш, каб кінуцца ў лозы,
Навесці зялёных братоў-кіпарысаў,
Зялёных лісаў, зялёных лісаў,
Наставіўшы хвост, смяяцца з нябогі,
Якому сястра наставіла рогі. 

"Я чакаў цябе тысячы год..."


Я чакаў цябе тысячы год,
І ўрэшце прыйшла ты, прыйшла...
А ў вачах тваіх - холад і лёд,
А сэрца тваё - скала.
Неласкавая ты са мной,
Як зімовага мора валы,
Як пілы скал пада мной
І як снег на схілах Яйлы.
І калі я цалую цябе -
Так сціскаеш ты гожы свой рот,
Быццам я катую цябе,
Быццам я - канец і сыход.
Растаплю я твае снягі,
А іначай - лёс, як свінец,
Сконы радасці і тугі,
І канец. Сапраўды... канец. 

"Мора гранiтныя хвалi..." 


Мора гранітныя хвалі,
Ад ветру чырвоныя людзі,
І ты, што мяне кахала
І болей кахаць не будзеш.
Даўнія вежы суровыя
З сухім палыном і ўзлётам,
Сатканыя з нашай любові,
Са скалаў, тугі і журботы.
Якая бязглуздая сіла
Якім акрываўленым раннем
Грані ў іх разбурыла
Разам з нашым каханнем?
А я застаюся, як з богам,
Навекі, навекі закуты
Ў твае пяшчотныя ногі,
Ў гняздо маё, месу, пакуту.
І я ўспамінаю, як кляты,
Скалы колеру перца,
Вуснаў тваіх гранаты,
Сэрца біццё пад сэрцам,
На скуры кропляў каралі,
Ад сонца медныя грудзі...
Кахала мяне ты, кахала...
Не будзеш, не будзеш, не будзеш. 

"I бывай. Не трэба шкадаванняў..." 


І бывай. Не трэба шкадаванняў.
Што мне ў іх, калі, на боль і зло,
Свеціць з неба мне тваё каханне,
Быццам месяц, не сваім святлом.
Рукі твае - сонечныя соты,
Але што заменіць дабрыню?
Што мне ў сонцы - без яго пяшчоты?
Што мне ў любых вуснах - без агню? 

"Са стэпавымi вятрамi..." 


Са стэпавымі вятрамі,
З сухою спявучай травой -
Пайшла. І сэрца начамі
Нясцерпна плача крывёй.
Па той, з душою як камень,
Па той, забытай, другой.
Няхай. Ўсё было: і вецер,
І скалы, і караблі,
І мы кахалі, як дзеці,
І мы сапраўды жылі
Пад сонцам гэтага свету,
Ў шалёным бэзавым свеце,
На самым краі зямлі. 

Кінааслы 


Пад стромай эфемерныя кварталы,
Б'е ў дыхту сценак вецер-дрэвачос.
Па вузкіх сцежках, зарасцях і скалах
Я еду на асле, нібы Хрыстос.
І на шырокіх ветраных палянах,
Дзе адступаюць дубнякі і глог,
Махаюць лаўры мне галлём "асанну"...
Ну, хло-опцы, сорам!.. Ну за што, дальбог?
За гэты горад?.. То не горад - гора...
Ўся гэта фальш з павапленай сцяной
І я, што дурам на асла успёрся, -
Ўсё гэта называецца - кіно.
І помніце, што маскі і катурны
Не ўсё ў жыцці, - паверце мне, не ўсё, -
А на аслах часцей бывалі дурні,
І не адзнака для Хрыста - асёл,
Нашто "асанну" ліць бяззменнай хваляй?
Глядзіце лепш, як на мяжы імглы
Над безданню вячэрняй, над правалам
Па сцежцы едуць два кінааслы. 

Шайтан-Мярдвень 


Чортавы сходы, Шайтан-Мярдвень,
Вымерлых таўраў спаруда.
Ледзьве ляплюся... Ой, справы дрэнь!..
Людзі! Ратуйце, людзі!
Ў сажань прыступкі. Зараз бы мул,
Асёл або хто заўгодна, -
Я б ухапіўся за хвост яму,
Нібы за маму родную.
Тытанаў шлях паўтарыць захацеў -
Ляцець, як арол, над абвалам...
Арол, ён ляціць, а вось ты каб зляцеў?
Чорт занёс цябе ў гэтыя скалы!!!
Строма - семдзесят градусаў. Ў прорве цень.
І з-пад ног туды камні прамуюць.
Кляты, чортаў Шайтан-Мярдвень!
Каго хочаш на морд замардуе.
Вецер і сцюжа ў кішках аж да дна.
Сцяна, і канца ёй не будзе.
Дамоў бы зараз, ды шклянку віна...
Людзі!
Ратуйце, людзі! 

Таўры 

В. Б. В-ч


Таўры жылі, як і ўсе народы:
Ваявалі,
Кахалі,
Гарэлку пілі.
Мудравалі,
Зліваліся з маці-прыродай...
Насваволілі,
Навершавалі,
Пайшлі.
Але так,
Без слядоў,
Нішто не знікае.
І дасюль,
Па абшарах сваёй стараны,
Між людзей,
Непазнаныя, таўры блукаюць
І не ведаюць самі,
А хто яны?
На муры, што нязнанымі продкамі ўзведзены,
Пазіраюць, як козы на новы плот:
"Ані д'ябла пра вас мы, браточкі, не ведаем.
Што вас несла ў горы?
Унізе ж - цяпло!"
Дрэмле Кошка-гара,
Дрэмлюць таўраў руіны.
Я стаю і ўяўляю,
Што я не ізгой,
Не паэт з беларускіх узгоркаў сініх,
А апошні таўр
Народа свайго.
О, якая ганебнасць у гэтых згадках!
О, які атрутны бяспамяцтва дым!..
Крый нас божа, калі і на нас
Нашчадкі
Паглядзяць,
Як мы
На таўраў
Глядзім. 

Песня Мехмета 


Ўсё набегі, войны, пажары.
Ўсё наперад - ханскі загад.
Не было такога абшару,
Дзе не стала б наша нага.
Хан сказаў! Іначай - магіла.
І вялі мы няшчасны палон,
І чужыя аулы палілі
На вуголле, на попел, на тло.
Мы забылі сябе і бога,
Разлілі акіяны зла.
Не хацеў я крыўдзіць нікога,
Ды заложніцай - ты была.
І было мне адзінаю ўцехай
На няшчаснай чужой старане
Чуць твой голас - далёкае рэха,
Ведаць - ты чакаеш мяне.
Верыў, ведаў хвілінай кожнай,
Што калісь прыскачу ў Кок-Цюбе,
І, як меч спачывае ў ножнах,
Так і я адпачну ў табе.
Мёртва ў саклі... Хочаш - паслухай?
Толькі стогн мой ды храп каня.
Ханскі сын, шчанюк жаўтавухі,
Праязджаў... Убачыў... Адняў...
Як я мог не адчуць: ты скутая?
Не пачуць здалёк: ты ў бядзе?
І нашто былі нашы пакуты
І пакуты вакольных людзей?
Справядлівасць і вера стаптаныя!
Хай ў крыві пад васкрылляў звон -
Не на простых - на голаў хана
Цяжка рухне народаў праклён!
Голых, бедных, палонных, без хлеба...
Вось крычыць вязь на ножнах крывых:
"Не вымай без вялікай патрэбы,
Не хавай без вялікай крыві!"
І, жыццё за сабой адсякаючы,
З сілай кідаю ножны ў дрок,
І ў руках, як змяя крывая,
Ртуццю ззяе стары мой клінок.
Сцеражыся, палац бязбожны.
Я іду. І праўда - мой шчыт.
Што мне гэты клінок без ножнаў?
Не схаваеш - то трэба сячы! 

Чуфут-Кале 


Быццам толькі што вось адбылася Галгофа.
Свет трывожна заціх у барвянай імгле,
І зрываюцца ў бездань, у катастрофу
Нашы сэрцы: маё і Чуфут-Кале.
Абрываюцца сэрцы, схілы, тэрасы,
І спакой паўстае чыгуннай сцяной.
Быццам толькі што вось яна адбылася...
Быццам толькі што вось... А над кім - ўсё адно.
Над любым, хто ўзяты сілком ад свабоды,
Хто ўтаптаны атамам ў попел і глей,
Над маім народам, над іншым народам,
Над тваім народам, Чуфут-Кале.
Не зямля, а біблія: скалы, каменні,
Каляіны ў скале і руінаў іржа.
Не хапае толькі авечых ценяў,
Не хапае заранкі, узгорка, крыжа.
Але столькі ва ўсім самоты і гора,
І, ў спакоі забытых, боляў і скрух,
Нібы ў дворыках гэтых, малельнях, пячорах
Ўсё канае і ўмерці не можа дух.
А за мурам шляхі ў безнадзейнасць, ў даліну
І даўно струхлелых павозак сляды...
І ідзе, ўсё ідзе па плато Магдаліна.
Невядома куды.
Ў нікуды.
Ў нікуды. 

Маўзалей Джанiке-ханум 


Маці хана і жонка хана,
Кветка шчасця, пагоншчыца зла,
Я была бязмерна каханай
І бязмерна грознай была.
Паўтаралі імя маё крыкам
Нават кінутыя са скал.
Я жаданай была і вялікай,
Як вада Алаха ў пясках.
Я рабыняй была і законам,
І абраным дарыў зару
Невымоўны рай майго ўлоння
І пяшчота вуснаў і рук.
І анёл мне ў дзверы пастукаў.
І спакой. Да сканчэння год.
Дзе яны, мае цёплыя рукі?
Дзе падданыя? Племя? Род?
Белы камень мёртвых кварталаў,
Раз на месяц - казіны крок,
Сон муроў, кенасы і скалы,
Раніц сінь, барва дня, ночы змрок.
Над бяздоннем пячоры-магілы
Сотні вокнаў глядзяць у прастор,
І ламае час свае крылы
Ля магільні на мёртвым плато.
Мела час падумаць пра гэта...
Што такое багацця гной,
Ўлада ўся, ўсё золата свету
Перад простай людской цеплынёй.
Што такое нянавісць у сэрцы,
Кроў, падкопы, людзі-багі
Перад простай ісцінай смерці,
Перад вечнай спякотай магіл?!
Непатрэбная чэрапу ўлада,
Непатрэбнае золата тло.
І ніхто не скажа: "Ты - радасць".
І не крыкне ў адчаі: "ты - зло!"
Толькі зрэдку, ў начную спякоту,
У асенні чарнільны сум
Чую з прорвы словы пяшчоты:
"Джаніке! Джаніке-Ханум!"
Ціхі кліч у мёртвых кварталах,
Цень імя, што ў далёкіх вяках
Трапятанне і страсць выклікала.
Больш нічога...
Як мала...
Алах... 

Нараканнi Насрэдзiна Ахмет-Аха эфендзi 


Чым дапікнуў табе стары мула?
За што, алах, караеш і караеш?
У Бухары і ў Басры мора зла,
І пекла ў Мерве і ў Бахчысараі.
Ніхто прыўзняць не хоча галавы,
Ў былых садах пануе запусценне.
Па ўсёй зямлі - ад Хіны да Хівы
Пануе зло без літасці й сумлення.
Нашто мне вочы есць айчыны дым?
Чаму да скону суджана нябогу
Не студню бачыць, што патрэбна ўсім,
А мінарэт, нацэлены у бога?!.
Вакол мяне душыцеляў гайня.
Каранам б'юць па чалавечых марах,
А ў кожнай суры - нізкая хлусня...
І нізасць рабская у кожным твары.
Цалуюць ногі, хоць ты іх пілуй,
Гнілым мулам і хцівым царадворцам,
Ліслівяць, хлусяць, льюць аслам хвалу,
Гной ішака ўсхваляюць светлым сонцам.
А, што ўжо там: на ўсіх вісіць ярмо.
Па ўсёй зямлі адна і тая ж пошасць.
Зусім аднолькава смярдзіць дзярмо
Ў раба й султана, ў гяўра і святошы.
Каго мне джаліць і каго караць?
Каго ўратуе шлях пакутны ў Мекку,
Калі на ўвесь народ, на ўвесь мой край
Ці два, ці тры з найменнем чалавека?
Што горды здзек, што вольнай песні ўзлёт
Для чарады, чый лёс - бізун агідны.
Як мне далей любіць такі народ?..
Няшчасны мой...
Ўлюбёны...
Ненавідны... 

Браты па няшчасцю 


Ай, Аю-даг, што ж ты робіш з морам?
Вырашыў выпіць да дна, шалёны?
Кінь, набухторышся толькі з гора
І не нап'ешся, бо мора - салёнае.
Кінь тую п'янку, бо ўрэжаш дуба
Або з пахмелу захочаш павесіцца:
Чоўн, у якім уцякла твая любая,
Вельмі далёка, ля чоўніка месяца.
Лепей давай я віна дастану,
І пад кефаль мы дамо яму рады,
Вып'ем за вусны маёй каханай
І за тваю, што падступна здрадзіла. 

Раманс аб расстраляным каханні 


Ах, якое грознае гора!
Ах, якая журба ў світанні:
На вачах у нябёсаў чорных
На расстрэл адводзяць каханне.
І міндаль палыхае, як лава,
І персікаў белыя крылы,
Як каханню бялюткі саван,
Як вянок на яго магілу.
А яно адыходзіць, праклятае,
А яно нават жыць не хоча...
Сябры, затрымайце катаў,
Сяброўкі, закрыйце ім вочы.
Прыйдзе, можа, часіна злая,
Калі згасне крывавы месяц,
І, магчыма, мяне расстраляюць,
І, магчыма, мяне павесяць.
Але я й на пласе прыпомню:
Ў небе ранішнім - водсвет лёду,
Ў тумане - кіпарысы цёмныя.
А цябе... адводзяць... адводзяць...
Пад апошнімі цьмянымі зорамі
Труп кахання, як труп каханай...
Ах, якое бязмежнае гора!
Якая крывавая рана! 

Усходнiя песнi 


І
Нібы ў дождж, што смагу скал і пяскоў
Разам з сонцам змог напаіць, -
Расцвітаюць чорныя ружы саскоў
Пад дажджом пацалункаў шалёных маіх,
Пад сонцам вуснаў маіх.
Ты не будзеш, не будзеш давеку маёй,
Прынамсі, на гэтай смяглай зямлі...
Але ж сведкаю неба...
Ружы цвілі...
Але сведкай алах,
што ружы цвілі...
Боль і горыч мой: ружы цвілі... цвілі...
Чорныя ружы цвілі.
ІІ
І сонца,
І дзень,
І паўночны цень,
І раніца ў сумнай журбе...
Гады сплываюць,
І дні лятуць,
А я ўсё шукаю цябе.
Без каня і асла,
Без глытка вады
Я іду па міжгор'ях сухіх
І часам цалую твае сляды
І зноўку губляю іх.
Дзе тая крыніца, каля якой
Пераседзела поўдня пажар,
Дзе той горны дуб,
Што лістотай сваёй
Зацяняў ад сонца твой твар?
Што мне дзюба грыфа,
Джала змяі,
Аднарога смяротны рог?!
Я ў барса спытаю,
Сцежкай якой
Можна ўпасці да любых ног.
Не знікай!
Злітуйся!
Над зямлёй
Таеш ты, як над сакляй дым.
І ўсё ж каханне са мной, са мной,
Як Яйла, Чатырдаг і мора - са мной
І ўсё ж каханне са мной...
У сэрцы маім. 

Фантан слёз 


Капаюць слёзы, слёзы, слёзы, слёзы,
Капаюць слёзы зусім як калісь, калісь, калісь,
Нібы ўспаміны аб сонцы, аб танцы вясеннім
бярозавым
І аб навекі далёкай зямлі, зямлі, зямлі.
Дзікі налёт і гадзюка аркана. О божа наш мілы!
Дай нам радзіму, бо сэрцы аб ёй толькі б'юць,
Дай нам, глухі, лебядзіныя белыя крылы,
Каб даляцець на старонку, старонку, старонку сваю.
Плачам за краем, нібыта за страчаным раем,
Тужым па лепшай на свеце сваёй старане
Ў гэтым тужлівым, пустынным Бахчысараі,
Ў гэтай цясніне, дзе божаму свету канец.
Выйсце? Іх два. І абое замкамі замкнёны:
Злева - пустэчы, дзе косткам бязрадасна тлець,
Справа - гняздо караімаў і пракажоных,
Горад ізгояў, пячорны Чуфут-Кале.
Дзе вы, далёкі наш Нёман, Дняпро, Белавежа?
Клетка і скалы вакол, і нябёсы дзярэ мінарэт.
Хана пяшчота праклятая, еўнуха вежа,
Чахлы садок, і фантан, і гарэм, гарэм, гарэм.
Змоўч на хвіліну.
Не плюскай...
Молім...
Не плюскай...
Падае кропля і ціха, так ціха звініць,
Быццам расінкі вясёлак з дубоў беларускіх
Ў срэбныя чашы лясных беларускіх крыніц.

Штыль 


Якая прыгажосць! - Самкнёны веі.
Якая цішыня! - Вады не чуць...
І ветразі абвіслыя на рэях,
Нібыта ў сне, не дрогнуць, не дыхнуць.
Паміж нябеснай і марскою смагай
Над караблём, што да змярцвення звык,
Арол на мёртвых рэбрах Аю-дага,
Як джала, сонцу высунуў язык.
Праплысці б рэкамі радзімы ранняй,
Пачуць хаця б на міг прызыўны звон:
Радзімы кліч, кліч буры, кліч кахання,
Якім чужыя штыль, спакой і скон. 

Сэрца гары 


Між скалаў вугальна-чорных
Ля вогнішча мару адзін,
І мыс, што спусціўся ў мора, -
Вастраносы, пачварны дэльфін.
Мора цьмянае, мора шырокае,
Ціха хлюпае хлопчык-прыбой,
І зорка, як вышняе вока,
Сочыць з вышынь за мной.
І ў душы маёй сум і радасць.
Я - у ракавіне скалы,
Быццам маг на вялізнай эстрадзе
Перад тварам ночы і мглы.
І, як гэта належыць магу,
Чарадзействую я ля агню,
Спяваю гімн Карадагу
І яго неспакойнаму сну.
Ты змагаўся з небам без жаху.
Сек нябесны цябе ятаган,
І расколіна Гяур-Баха,
Быццам шнар на табе, тытан.
Спіш? Не веру. Пагрозным валам
Ты ўзмятнуўся над злым і гнілым.
Часам гул: шматтонныя скалы...
Толькі кроплі... А што, як валы?..
Мы падобныя. Радасна, мусіць,
Лаву-кроў да кроплі праліць
Дзеля роднай маёй Беларусі,
Дзеля ўсіх народаў зямлі.
Душыць змрок, і густа і глуха,
І ў чаканні далёкай зары
Я, прыпаўшы да каменя вухам,
Чуйна слухаю сэрца гары. 

На роднай магiле 


Тыя цёмныя цісы і цёмныя кіпарысы,
Тыя зарасці лаўраў і леташняй ссохлай травы,
І туманныя горы з Яйлою, марознай і лысай,
Над якімі ўсё цягнуць і цягнуць у родны наш край
журавы,
Тыя, белыя з ярасці, тыя гуллівыя рэкі,
Хмар чароды, што снежнай вадой набіваюць валлё, -
Не забуду я іх, не забуду ніколі, давеку,
Не забуду, як ты, што засыпаны крымскай зямлёй.
І прабач за пралескі. Табе б васількі і рамонкі,
Але доўга яшчэ не цвісці ім на нашых палях.
Там вада памярцвела гайдаецца ў чорных палонках,
Там зіма, там на схілах адных і растала зямля.
Я скажу табе тое, чаго не сказаў бы я людзям,
Пастаю тут з гадзіну з апушчанай галавой,
А пасля... Што пасля?.. Суцяшэння няма і не будзе:
Я вярнуся дадому, а ты - да самоты сваёй.
Не сумуй, што далёка твой край і зялёны і сіні,
Што пралётныя жоравы граюць на весняй трубе:
Я хацеў бы і скону, і смерці ў далёкай чужыне,
Толькі б вочы юнацтва любілі мяне, як цябе.
Гэта дзіўна, што мёртвым часамі зайздросцяць
жывыя,
Тым, што песцілі парасткі, нішчылі ламаўё...
Хай канец, хай атлантаў цяжар на маю
несагнутую выю,
Толькі б вечнае шчасце каханай старонцы маёй. 

Сапернiца 

Супакоены ўспамін праз трыццаць год 

Зноў у старасці будзе Таўрыда. Але ў сэрцы спакой
скамянее,
І прыпомню без болю словы пяшчотнай і дарагой:
 - Што ў цябе часамі, каханы, так вільготна
вочы сінеюць?
Ты кагосьці недзе пакінуў? Ты часамі сумуеш па ёй?
Ветрык нячутны з мора. Цішыня рытмічна ракоча,
У вільготнай пахучай цемры магнолій белы падман.
 - У яе, напэўна, мой любы, глыбокія сінія вочы?
 - Так ( і Свіцязь успомніў), чысцейшых
і глыбшых няма.
Рука на грудзях высокіх. Плыве ў нязнанае ложак.
Цёмных вачніц таямніца, і голас - журботны ўздых:
- Яна, мой апошні, напэўна, вельмі-вельмі
прыгожая?
 - Так ( і Нёман успомніў). Яна прыгажэй за ўсіх.
На горных вяршынях пад ветрам, дубоў вясёлыя
гульні,
Мора прыбой блакітны, бэзавы скал прыбой.
 - Што? Памёрла? Ці, можа, здрадзіла?
Не было ў вас мовы агульнай?
 - Так, была калісьці маёю, так, не хоча быці маёй.
* * *
Ўсё мінула. Тады ж мінула... Па-ранейшаму неба
сіняе,
Але нашу ростань апошнюю ўкрыў няўмольнага
часу дым.
Не хацела дзяліць кахання з другой, з вялікай
жанчынай,
Хай сабе ў той час і нялюбай, хай сабе заручонай
з другім.
Ўсё жыццё абрыкосы квеценню дарэмна твой след
замяталі...
Не вынесла ценю ўспамінаў і начнога дрыжання вей,
Бо да скону жадала мяне, бо, як сонца, мяне кахала,
Бо любоў мая пралівалася -
Хай часамі -
Тугою вачэй. 

Падмогi! 


Хай заб'юся - не збочу з дарогі.
Аб граніт падковы звіняць.
На ўнамёт распластаныя ногі
Пена падае з храпы каня.
З не майго, з непатрэбнага раю
Ў родны край, дзе змагаўся, дзе быў,
Я імчуся, бо там адбіраюць
Ўсё святое, што знаў і любіў.
Цераз бурыя гораў цясніны,
Дзе ваўчыныя крочаць агні, -
На палынны стэп, на раўніну,
Дзе вось-вось закрычыць цягнік.
Загалосіць, заплача ў трывозе,
Пабяжыць да забытых дубоў,
Бо цябе ў белы свет завозяць.
Бо сказалі: забыў я любоў.
О, не вер! Хай агонь не згасае!
Азары ім дарогу мячу!
Я з табой! Ты мой боль! Я кахаю!
Меч са мной! Я скачу. Я скачу,
Ўспамінаючы песню былога,
Як песню сённяшніх дзён:
"Каханне на ложку ў другога...
Рві жылы, мой белы конь". 

Таўрыдзе


Тут мяне, бы ўвесь сусвет, кахалі,
А пасля ў руін нябыт звялі...
Што ж забыў я ў гэтых голых скалах?
Што рабіць мне на тваёй зямлі?
Але ўсё ж за шнары новых ранаў,
За прыбой марскі ў начной журбе,
За пяшчоту, здраду і адданасць
Я, Таўрыда, дзякую табе.
Апускаю зноў сваё забрала...
Вечнай будзь... Мінай цябе канец
За любоў,
што ты ў мяне забрала,
За любоў,
што ты вярнула мне. 

VI. Вяртанне

На пачатак "Каласоў пад сярпом тваiм..."


Шчаслівы паўнатою сталай сілы.
Спакойнае натхненне гоніць сон.
Далёка ад мяне калыска і магіла,
І слабасць дзён вясны,
і мудрасць зімніх дзён.
Дні, як вякі, амаль не маюць меры,
І сіла ў рукі просіцца мае.
Пры новым дрэве я паклаў сякеру,
Каб на світанні ў рукі ўзяць яе.
Хай шлях даўгі ты не дасі мне, доля.
Зрабіўшы ўсё і дзён спыніўшы бег,
Спакойна потым лягу я, як поле,
Пад чысты і халодны зімні снег. 

Мужныя мятлушкi


Дождж.
І ў дажджы гэтым пух таполяў,
Ветрам узняты з зямлі і з дрэў, -
Ўгору ўзлятае з чорнага долу
Пад безупынны грымотаў напеў.
Сэрцу здаецца: праз хмарныя патлы,
Праз бліскавіцы, што б'юць у крыло,
Не хлапякі, а белыя мятлушкі,
Мужныя мятлушкі цягнуць на ўзлёт.
Мужны народ у прыцемку чорным,
Белы народ, што не хоча змаўчаць,
Смела ірвецца ўгору і ўгору,
Проста насустрач пагрозным мячам. 

"Ўсё, што было, i ўсё, што часам снiцца..."

Міхасю Стральцову


Ўсё, што было, і ўсё, што часам сніцца,
Забуду ў лесе, дзе як той капёж,
Як споры дожджык, аблятае гліца,
І шум яе парывісты, як дождж.
Зноў бранзавеюць шышкі на ялінах,
Зноў восень на бярэзніках ляжыць...
Сястра мая бяздольная, асіна,
Апошняю лістотай не дрыжы.
Лістоты мала, але трэба верыць
Ў жыццё, ў каханне і ў вясны піры,
Пачуўшы нават мерны гук сякеры
У пасівелым восеньскім бары. 

"Падымаюць жоўтыя галовы..."

Уладзіміру Лучуку


Падымаюць жоўтыя галовы
Над вадой гарлачыкі ў Падкове -
Старарэчышчы маёй ракі.
Вечар спаць рыхтуецца у дрэвах.
Тысячамі ходзяць на сугрэве
Маціцова-сінія малькі.
Кветкі, памаліцеся, з прадонняў
Працягнуўшы жоўтыя далоні.
Бачыце, над плынямі Дняпра,
Поўнае пяшчотнай дабрынёю,
Сонца павісае над вадою:
Ўсіх гарлачыкаў старэйшы брат.
І, як той гарлачык над вірамі,
Човен мой дрыжыць у цэнтры храма,
І бягуць палосы на лазе:
Светлыя адбіткі на зялёным
Ў час, калі аддзячаць мне праклёнам,
Не ўпаду, згадаўшы гэты дзень.

Чурлёнiс

В. І. Бараўскене


Як цябе засланіць небывалаю марай,
Як цябе зберагчы у змаганні са злом,
Ты, Зямля, ты, сівы адуванчыка шарык
Пад савіным павевам, пад няўмольным крылом?
Не дрыжы, не дрыжы, калі ласка, Зямля мая,
Бо навекі рассеешся ў цемру вякоў,
Абляціш ад атаму, ўспышак рэкламы,
Ад прадажнага ляску друкарскіх станкоў,
Ад таго, што без ведання зла і нягоды,
Як туман, абыякавы да ўсяго,
Як азійская лава, праплываюць народы,
Абмінаючы ногі раўнадушных багоў.
Вось, вось-вось, як ахвяру сонцу памерламу,
Нібы ў згаслую печку засунуць труну...
Ўсё далей хаўтурных паходняў перлы,
Ўсё бліжэй да вечнага змроку і сну.
І як толькі каханне памрэ няшчаснае,
Скінуць гукі і колеры пад адхон, -
Ў канчатковым сконе прасторы і часу,
Павуціннем аблытаны, спыніцца звон.
Ў панаванні цямноцця й хаосу гэтага,
Без марэй, без усмешак, без сонца-ліста,
Я ўздымаю далоні над светам без свету
І ўзглашаю яму:
"Светаносны, паўстань!"
Не хачу! -
І ўздымаюцца колеры ніцыя.
Заклінаю! -
І вось над бязмежжам зямлі,
Над празрыстымі, быццам лістота, званіцамі
Ў звонкім небе, як хмаркі, лятуць караблі.
Мір усім! -
І спыняюцца страшныя воды,
І - хвіліну назад смертаносна руды -
Акіян жыцця, затаіўшы подых,
Адуванчык пільнуе на кромцы вады.
Будзе так! -
І зарука ў сонцы і зорах,
У любові і мужнасці, ў дні і ў начы,
Ў сініх стронгавых замках - літоўскіх азёрах -
І ў бяздонных зяніцах літоўскіх жанчын. 

Балада пра сыноў Пiтакоса


Арфей сканаў на змярканні,
Аддаўшы песні марам,
А ліру яго лесбіяне
Ўзялі і паклалі ў храм.
У капішчы Пасейдона
Між сонцам і золатам хваль
Паснулі навек між калонамі,
Знямелыя, шчасце і жаль.
Нямыя струны не зналі,
Што іхняй журбы сляза
Тыграў калісь прымушала
Ногі ў песні лізаць.
Што ў свет падземны, агідны
Песню прынёс Арфей
І вытаргнуў душы з Аіда,
Слёзы - з Плутонавых вей.
Што Цэрбер з трыма галовамі
Выраніў шэсць слязін,
Цэрбер, няўмольны, як камень,
Цэрбер, лютасці сын...
Сцякалі па струнах росы -
Слёзы душ, багоў і людзей...
І сын жраца Пітакоса
Прагна на ліру глядзеў.
Бо возьмеш яе - і ад бога
Сам станеш прарок і бог,
І тыгры абліжуць ногі,
І схіліцца свет да ног.
Нібы перад ангельскім клірам,
Галовы схіляюць звяры...
І ўкраў ён з капішча ліру,
І ў лес уцёк на зары.
Нацяўшы срэбныя струны,
Лаўры паклаўшы ля ног,
Пачаў ён плесці карункі
Эпіліяў, од і эклог.
Пачуўшы Арфея ліру,
Прагнучы дзіўнай ігры,
З Атыкі, Спарты, Эпіра
На Лесбас плылі звяры.
Ліліся, схіліўшы галовы
І пашчы схаваўшы ў траве, -
Трагічна зламіўшы бровы,
Граў для іх чалавек.
Ў экстазе хмельным, прарочым
Вяшчаў ён волю багоў,
Спяваў, закаціўшы вочы,
І тыгры... з'елі яго.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Павольна мяняюцца людзі:
Бывае і сёння, што зноў
Сыны Пітакоса судзяць
Арфея слаўных сыноў.
І вы меркавалі, напэўна,
Што крыкам аглушыце свет,
Што вас пакахаюць царэўны
За ваш казліны фальцэт,
Што досыць адняць у нас пер'і,
Каб ахнуў захоплена час,
Што досыць купіць паперу
Таго ж гатунку, што ў нас.
Купляйце... Хопіць чырвонцаў...
Не хопіць - абчысціце храм...
А дзе ж вы купіце сонца,
Што ўсё-ткі належыць нам?
А хто вам падорыць, цвярозым,
Лобныя мукі начэй,
А дзе вы купіце слёзы
З Цэрберавых вачэй?
Прыйдуць адплатай за ўцехі,
За ваш нікчэмны спакой
Звяры забыцця і смеху,
Звяры пагарды людской.
Нашчадкі Арфея, досыць!
Не вам ісці на крадзёж.
Не трэба жрацам зайздросціць.
Вам дрэнна будзе - і ўсё ж
За грозную літасць лёсу,
За змей, што вас абплялі,
За шчасце не быць Пітакосам -
Цалуйце ногі зямлі. 

Корчмы


Дарогі... Корчмы... Ліра за спіною...
Ў гадах Хрыстовых - бедным шкаляром...
Заспее ноч, заспее дзень слатою -
Паўсюль мне стол, любоў, цяпло і дом.
У торбе за спіной - пяшчоты словы,
Для песняў клетка, соль, тытунь, цацні,
Кашуля, нож і вышыты, суровы,
Нескарыстаны за гады ручнік.
І горкіх жартаў поўныя кішэні
Замест манет. Хто хоча - той бяры.
А ўцерціся дадуць у кожных сенях,
А не дадуць - абсохну на вятры.
На кожным дрэве - дамавіты свепет,
А я - па людзях мёд разношу свой.
Палі, лясы з няроўным сілуэтам
І крумкачыны грай над галавой.
Пярун злуецца на мае справункі.
Дзьме ў грудзі мне раз'ятраны Пахвіст,
А я нясу на веях - пацалункі,
Ў расколе вуснаў - салаўіны свіст.
Адбітая у зрэнках, бы ў палонцы,
Зямля мая ўстае перада мной,
Высокая і чыстая, як сонца.
Чысцейшая, бо плям няма на ёй,
Бязлітасная, добрая, святая,
Ўся зведаная, як дзядоў палі,
І кожны дзень нязнаная, як тая,
Што не суседзі, а багі далі.
Па ёй іду ад самага світання,
Рукамі гладжу глог і жаўтазель,
Каб кожны вечар за смугой барвянай
Убачыць грыб страхі і журавель.
І сесці пад страхой, што пахне дымам,
І песняю нягучнай ля агню
Аддзякаваць шматлікім гаспадыням
За горкі хмель і вуснаў дабрыню.
Ласкавыя, як жнівеньскае лета,
Адданыя, як спелыя палі,
Глядзяць, на рукі ўспёршыся, кабеты
І ўспамінаюць, што было калісь.
Трывожныя, няўтульныя, як сломкі,
Яны ў адрынах кудлы гладзяць мне...
Густыя сцежкі, частыя карчомкі
Па ўсёй сваёй азёрнай старане.
І што мне недзе за высокай брамай
Чырвоных, прагных вокан каламуць,
Што ў ноч глядзяць, і чамкаюць грыбамі,
І думаюць, што з часам праглынуць?
Што мне яны, калі, як дар адзіны
За тую песню, што нясу ў карчму,
Чырвоных, горкіх вуснаў арабіны
Мне свецяцца - не ведаю чаму.
Калі за простую прыпеўку тую
Ва ўсіх хацінах у маіх краях
Мяне, здаецца, песціць і цалуе
Уся зямля мая. Зямля мая.
Калі яна, Любоў, рукамі ломкімі
Ва ўсіх адрынах кудлы гладзіць мне.
Густыя сцежкі, частыя карчомкі
Па ўсёй маёй азёрнай старане. 

Надзея лiстападу


Лістапад маё сэрца забіў, забіў,
Я іду ў зімовую бель,
Згубіўшы ўсё, што магчыма згубіць,
Акрым вечнай веры ў цябе.
Я веру, ты недзе жывеш, жывеш,
Ты таксама пакуль што спіш,
Да леснічоўкі глухой ідзеш
Або ў ззянні сафітаў стаіш.
Магчыма сярод чужынскіх снягоў,
Магчыма ў родных лугах,
Магчыма ў доме сябра майго,
Як дух яго ачага.
І спяшаюцца ногі ў зімовую бель
Насустрач вясне і ільду.
Я іду ў сваю восень шукаць цябе.
Здолею - значыць знайду.
Ты - заранкі апошняя паласа,
Ты - рабіна ў асенніх палях,
Вецер надзеі ў маіх валасах,
Росы слёз на маіх нагах.
І мне нельга згубіць цябе.
 Ў цемры вякоў
Атрымаць замест вуснаў жывых
Адчай Алімпа, дзе з вольных ваўкоў
Робяць дачных псоў вартавых.
Ў валасах маіх снежная восып руж,
У душы замест снежня - май.
Я знайду цябе, сонца, вазьму, забяру,
Бо мяне без цябе няма.
Ты чуеш? Я грозную песню вяду,
І лясы забываюць свой сон.
Я іду - ты чуеш мяне? - я іду,
Твой меч, твой пярун, твой агонь.
Я іду, каб навекі абняць твой стан,
Я іду, як шчасце і жах,
Закаханы ў цябе асенні буран
З пялёсткамі ў валасах. 

Белавежскi алень

Ул. і З. Калеснікам


За спакоем тваім сонца майскае радасна сочыць,
Над табою ў блакіце бязмежных лясоў палавень...
Дык чаму ж у тузе твае мудрыя сумныя вочы,
Белавежскі алень.
І адказваюць вочы, рахманыя, поўныя жалю:
- Як схаваць мне тугу, і пакорлівасць лёсу, і жах,
Калі тысячы год маіх продкаў падступна хапалі,
Калі сто пакаленняў канчалі жыццё на зубах?
Я ляжу ля кармушкі. Лагодны і радасны ранак
Сотні сонечных зайчыкаў сыпануў мне на бок.
Але сню я бязлітасны пошчак крывавых маланак
І - ў зеніце прыпынены - мой апошні скачок.
І ў вачах маіх, чорных персідскіх,
тужліва-бяздонных,
Ёсць вышэйшая мудрасць пяшчотных і ўпартых істот,
Бо на гэтай няладнай зямлі мы ратуем ад вечнага
скону
І ўратуем наш добры, трывалы і моцны народ.
Ён ідзе да мяне і да друга, як сцішаны вецер,
Галаву падстаўляе, спадзяецца, што сэрца кране:
"Вы мяне не зачэпіце? Вы мяне зберажэце?
Пашкадуйце мяне!
Калі ласка...
Пашкадуйце мяне..." 

Каложа

Дануце Бічэль


Каложа, туга мая светлая!..
Ў чорны Нёман па чорным шкле
Сіняй кропляй спадае ракета,
Быццам зорка ў ціхі Бетлем.
Ў вокны цёмныя заглядае,
Ззяннем бледным шукае кутка,
Дзе хваіна ў грубцы страляе,
Дзе ў жанчыны дзіцё на руках.
Глянь, абраная. Гэта не ў Нёман,
Не ў цямноцце, не ў сон, не ў драмy -
Ў веліч падае зорка бяздомная,
Ў снег і ў сэрца сыну твайму.
І ў няпэўным хвілінным блакіце,
Ўся адзіная, ўся са святла,
З небам, з Нёманам, з зямлёю злітая,
З сэрцам нашым - Каложа ўзрасла.
Трохі ў зелень, як пер'е качынае,
Трохі ў бэз і трохі ў гранат,
Уся - крышталь невыказна сіні,
Ўся - як край наш, як сон, як вясна.
Ўскінь далоні тонкія ўгору,
Сыну неба акрэслі шлях,
Каб навекі адбіліся зоры
У тваіх і дзіцячых вачах,
Каб ніколі перуны чужынныя
Не асмеліліся скасіць
Ні цябе, ні Каложы,
дзяўчыны
З ніў і пушчаў Беларусі.
І калі ўзнясе вас над светамі -
Прыгадайце ў вечным святле,
Як самотная зорка - ракета
Ціха падала ў цёмны Бетлем. 

Багдановiчу


Сцюжны час, бязмежна-суровы.
Спіць народ, нібы зерне ў раллі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ты прыйшоў
І гарачым словам
Рунь узняў на роднай зямлі.
Ты сказаў нам:
"Унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсць і ў вас, як і ў іншых, святыня.
Не давайце святыні псам!
Не давайце з яе глуміцца,
Бо праспіць яна ясну зару,
Бо святы ізумруд заімгліцца
У пярсцёнку тваім, Беларусь".
Ты устаў на лютую сечу,
Бітву вечную сонца і хмар,
Узваліўшы на юныя плечы
Святагораў народны цяжар.
І не вынеслі жылы напругі:
Знік ты, лебедзь, у хвалях сівых,
Сплыў крывёю, загінуў "за другі",
За мяне, за вас і за ўсіх.
І застаўся ты ў нашых душах,
Хоць навекі знік у палях,
Вечна светлы і вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся - і плачам.
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.
Смела крочу цяпер у пяскі я
Перад светлай заветнай гарой,
Бо як ёсць у народа такія -
Не загіне давеку народ. 

Дзядзькаў кубак


Ты жыў у невялічкім гарадку,
Мой кроўны дзядзька, просты і вялікі,
Душэўны чалавек.
Яго душу
Узгадавалі старыкі і плаўні
Адвечнага, як Беларусь, Дняпра.
Што ведаў ён?.. А тое, што й суседзі:
Маленькі гарадок, заліты сонцам,
Крандaль у садзе, хвоі на адхонах
І ветразь, сіні ад паўночных зор.
Было ўсяго.
Звінела скрыпкай шчасце,
Але часцей, як шчупаку ў ярузе -
У яме, што Дняпро на паплавах
Пакінуў пасля повені, - ў адчаі
Даводзілася думаць аб паветры
І целам біцца аб траву і торф.
Ён, як вугор, не поўзаў па расе,
Быў сынам хваль дняпроўскіх, - і аднак
Ён выжыў, выжыў, вырасціў сыноў,
Збярог дом дзедзіч, напаіў сады,
Хлусіў для смеху, жартаваў, смяяўся
І працаваў, як глеба, як Дняпро.
Вайна пажэрла ўвесь набытак роду.
Застаўся дзядзьку толькі добры розум
Ды дзедаў срэбны кубак на дзве кварты.
Падымеш - хваля ходзіць... Вось і ўсё...
Дванаццаць год таму, зусім хлапчынай,
Якому ўсё на свеце зразумела,
Які вышэйшай думкі аб сабе,
Балбоча вершы, як індзейскі певень,
І пагарджае ўсім, акрым сябе,
Бацькоўскім домам і старой таполяй,
Рыдлёўкай, гноем, садам і палямі,
Я пакідаў "навекі" родны дом.
Стаялі коні ўжо каля варот,
Быў вечар жнівеньскі, як колас, жоўты.
Лугі зарэчныя спявалі нешта
Далёка, невыразна - аб каханай,
Аб коніку і аб бялых падушках,
І гэта ўсё, напоенае сонцам,
Я з лёгкім-лёгкім сэрцам пакідаў.
"Бывай, - сказаў мне дзядзька, - толькі... ведай:
Нічога не магу табе пакінуць,
Вось толькі, можа, даўні гэты кубак,
І сэрца, і асеннія палі...
Бывай, сынок, п'ю за пуховы шлях".
І ўзняў свой кубак з маладым і даўкім,
Дурным віном паўночных нашых лоз.
Даўно ўжо коні рушылі, і ганак
Паплыў, паплыў назад. І ўсё ставала меншым,
Бы ў дні дзяцінства, калі сон бярэ.
Але нясцерпна доўга, доўга, доўга
Быў бачны на верандзе сумны дзядзька,
Што піў, прыўзняўшы кубак напалову.
Гады мінулі. Шмат я разгубіў
І шмат я страціў на шляхах сваіх.
Сябры забылі. Вершы падманулі.
І ўсё часцей я ўспамінаў чамусьці
Лёт зімародка над ракой начною,
Бяссонныя шаломы курганоў,
Дубы часоў варажскіх у размывах
Пустынных берагоў. Лістоты шум.
Бязгучныя, крывавыя зарніцы
І неадольны кліч маёй зямлі...
О мой народ! Даруй дурному сыну,
Што кінуў дом бацькоў дзеля карыта,
З якога еў са свіннямі свой хлеб...
Я больш не мог. Я кінуў камяніцы.
О, як спяшаюцца ў дарогу ногі!
Які павольны бег у цягніка!
Як незваротна, як з клепсідры рымскай,
Пясок сцякае з хісткіх колаў воза!
Вось дзядзькаў дом расце,
бы ў снах дзяцінства.
Спускаецца, як дараванне, вечар.
Хрушчы басяць пад клёнамі.
І мне
Раптоўна стала смешна... Стала смешна...
Здалося мне, што ціха вар'яцею:
На ганку ў глыбіні двара... На ганку,
Аплеценым, як сеццю, "панічамі",
Стаяў у той жа самай позе дзядзька,
І хваля хвосткая хадзіла ў кубку,
І кубак у яго руцэ узнятай
Быў апарожнены амаль да дна.
Як быццам Сож змяшчаўся ў гэтым кубку,
Як быццам дна у кубку не было,
І ўсе дванаццаць гэтых цяжкіх год
Ён піў свой кубак за мяне, за іншых...
Ён піў, трывала ўсталяваўшы ногі,
Віно з паўночных, даўкіх нашых лоз,
Ужо старое, як сівыя ніці,
Што серабрылі галаву яго, -
Я да яго пайшоў хадой імклівай.
Я раптам зразумеў... Я зразумеў...
А ён, павольна апусціўшы чашу
І не здзівіўшыся майму з'яўленню,
Сказаў мне вельмі проста:
- Ты...
Вярнуўся...
І працягнуў мне кубак:
- Дапівай! 

Нашы бярозы


Танкі з крыжам ляцелі на лес празрысты.
Дым мяшаўся з зямлёю. Сцяліўся пажар.
Палала бярозка, танюткая, чыстая,
Без стогну,
Як Жанна д'Арк.
У дрэўцы, кволенькім, як мімоза,
Цякла зямлі маёй мужная кроў...
Я знаю, як гінуць нашы бярозы:
Без плачу.
Шапкі далоў! 

Маленне аб чашы

М. Прашковічу


Паплавок то спачне, то адплыне,
Свіцязь дрэмле ў зялёных гаях,
Нібы поўная чаша сіняя,
Малахітавая па краях.
Сонца нізкага спляснуты персік,
Пад вадою - стронгаў палі...
Чаша ўнізе і чаша ўверсе.
І - як мошка - я ў крышталі.
У чаўне на каленях тулюся.
Скача воддаль падзёнак сям'я
І канае з сонцам. І ў скрусе
З сонцам гасне душа мая,
І любоў да цябе, як мора,
Расцякаецца ў ціхай журбе
Ад Адама, што даў табе корань,
Да Адама, што ўславіў цябе.
Ад падзёнак у сінім дыме,
Ад апошняй былкі гарбоў -
Да пагодкаў тваіх, радзіма,
Дзесяцівяковых дубоў.
Беларусь мая, ты адзіная,
Перад кім на каленях стаю:
Мне, слузе твайму, цяжка загінуць,
Лёгка - жыць у славу тваю.
Лёгка з песняй глядзець у вочы,
Цяжка - кроўю расіць чараты...
Ўрэшце, як сабе ты захочаш,
Ўрэшце, як сабе вызначыш ты.
Калі прыйдзе на нівы нашы
Смерць з касою сваёю крывой -
Не мінай мяне гэтай вось чашай,
Што барвее заходняй крывёй.
Як магу я не йсці на пакуты
За цябе, за спакойны твой дым,
Я
Ўсяго толькі мошка,
Закутая
Ў светаносным бурштыне тваім?!. 

"Па-над шчыраю Шчарай, над шчодраю Шчарай..."

Міколу Грынчыку


Па-над шчыраю Шчарай, над шчодраю Шчарай,
Па-над плынню чырвонай і рыжай травой
Плачуць чорныя цені на фоне пажару,
Моляць кані аб кроплі вады дыжджавой.
Майскі дзень, засынаючы, сніць аб світанні,
І ў цішы, чорным ценем на стужцы зары,
Моляць белыя, белыя, белыя кані,
Плачам думаюць з небам сябе памірыць.
І плыўкі нашы ў зарыва адплываюць,
І ў імгле, той, што скончыцца ўсё-такі днём,
Верыць можна ў зару і святло, што чакаюць
Нават там, за апошнім дубовым крыжом.
Можна верыць. А жыць? Як там жыці, о дружа,
Калі ведаць і там, што бяжыць збажына,
Што барвее на поплаве дзікая ружа,
Шчара плешча - без нас, кані плачуць - без нас?
Не! О не! Збыць анёльства і стаць чалавекам,
Доўга, цяжка пакутваць пакутай жывых, -
Толькі б майскай часінай давеку, давеку
Над вячэрняю Шчарай цвілі паплавы.
Сыты быў бы, здаецца, паветрам духмяным,
А п'яны - ад празрыстай расінкі адной,
І любіў бы, і вымаліў людзям і каням
Дараванне, світанне, любоў і спакой. 

Вiльня ў дождж


Вільня ў дождж, як старая гравюра
у "Тэцы Віленьскай":
Праз завесу дажджу - кожны дах у штрыхах,
як страха,
Крадуць даль туманы. Ўсё ў звівах, нібы на паперы
вяленевай,
Ўсё з шматлікіх штрыхоў, ўсё ў касых характэрных
штрыхах.
Ўсё з дакладнай штрыхоўкі гравёра: завеса туману,
Пляма вежы, забытай у дождж на вяршыні гары,
І акрэслены контур званіцы вялікага Яна,
І, ля ног яго, пастка з цямноцця і цэглы - Муры.
Я не ведаю, дэман які над гравюрай пануе пахмура?
І чые гэта вочы халодныя ў віслых мяшках
Разглядаюць яе? І чыя гэта крэсліць крыжамі гравюру,
З жыл-вяровак, старэчая, злая, сухая рука? 

Нявесце Каліноўскага


Недзе поруч ляжалі дарогі,
Кліч кахання ляцеў ад ніў,
Але ён не кахаў нікога,
Бо занадта радзіму любіў.
Варты лепшага ў свеце кахання,
Рана скончыўшы мужны палёт,
Русы хлопец золкім світаннем
На высокі ўзышоў эшафот.
Плач людскі барабаны крыюць,
І ад пошчаку глухне зямля.
На высокую гордую шыю
Успаўзае змяёю пятля.
З плачам жоравы пралятаюць.
Курганы і магільны жвір,
Непалітая ніва святая,
Плач жанчын, эшафот і Сібір.
Нікні гожаю галавою,
Па нязнанай страце ўздыхай.
Дарагая, ты стала ўдавою,
Не пабачыўшы жаніха.
Вашы кветкі ў лугах завялі,
Месяц марна згарэў над ракой,
Ты чакала яго, а стала
І нявестай і жонкай чужой.
І чамусьці ў сэрцы, як рану,
Я нясу твой нязбытны лёс,
Не даруючы ўсім тыранам
Непралітых табою слёз. 

Мы


О сусветнае, ўсёпераможнае маўчанне першай зямлі,
Калі выйшла яна з гарніла агню і пакуты,
Перайшла ад кіпення жыцця да імгнення сну і спакою,
Да імгнення.
Ў абдоймах прабыўшы ў агню
мільёны стагоддзяў,
Астывала ад іх, каб жыццё маўкліва зачаць.
О зямля пераможнай, бязмозглай і яраснай цягі,
Перамагаючай у змроку і выпарэннях,
Калі дзіка крычаць брантазаўры, звіваючыся між
хвашчамі
І дурманнымі папарацямі ў ліловай вадзе.
О зямля перамагаючай чалавечай пяшчоты,
Калі дойлід за смех Хатшэпсут з каменняў будуе
легенду,
Калі майстра мадон ад кахання ўмірае ў абдымках
каханай,
Калі я аддаю ўсе імгненні свае для яе.
Хто ж мы, маці-зямля?
Мы ўсе твае дзеці,
Мы нязменныя і, як ты, кожны час шматтварыя.
Мы з чакаючай гліны на родным полі,
маўклівай і туга ўпартай,
І з агню, што віруе пад ёю, з гнева і страсці,
І з пяшчоты, што дзіўна ляжыць у губах Неферціці.
Мы такія,
І будзем такімі - давеку.
Прабудзем -
Давеку. 

"Як сканаю - душа застанецца..."


Як сканаю - душа застанецца
Ў ззянні кожнай крынічнай слязы,
У аеру, што з ветрам сячэцца,
Ў срэбных хвалях дняпроўскай лазы,
Ў бадзяках, што мячамі суровымі
Кожны родны вартуюць пляцень,
У шыпшыне, што ля Загор'я
Ля старэнькай капліцы цвіце,
У азёрах паўночных і ў нетрах,
У чырвоным начлежным агні,
Ў пільным флюгеры, што пад ветрам
Над страхою ў каханай звініць.
І аднойчы, на золку бязлюдным,
Уздыхне яму ветрык: "Пара!" -
І павернецца ён, і разбудзіць
І дзяўчыну, і свет, і край.
Будзе сонца.
Пад неба ў блакіце
Дуб-Атлас падставіць плячо, -
І тады вы той флюгер разбіце
Справядлівым і новым мячом.
Досыць мне чуць трывогу начную,
І сачыць, і кружляць на шпілі:
Абцяжарваць памяць зямную -
Не найлепшае на зямлі.
Што да снежня вечнаму маю?
Ціха! Сплю! Да сканчэння дзён
Сплю ва ўсім, што ты ёсць, дарагая!
Вечны ўзлёт табе!
Вечны мне сон. 

Безгаловая Венера


Стаю ля яе ў задуменні
І голас пяшчотны чую:
"Прыйдзіце, мужчыны, ад зброі, -
Ўлонне маё сумуе.
Прыйдзіце, мужчыны, ад сечаў,
Ад турмаў, ад страт на світанні.
Адзінае ёсць на свеце:
Сумленне, братэрства, каханне".
І думаю я неадчэпна:
За што ж ты бяду спаткала?
За што галаву ты згубіла?
Якую праўду сказала? 

Medusa Ludovisi ў Рыме


Спіць Эрынія. Ў грозных веях
Цень прароцтва вялікага лёг.
Помства спіць. Касмылёў змеі
У спакоі тояць скачок.
Спіць яна. Бяздумна і глуха.
Сны аб праўдзе і роўнасці сніць...
Ціхі гук:
Будзільнік над вухам
Папярэдзіў, што зазвініць. 

Землятрус


Пад кайданамі гор акіяны гараць,
Там шалёная лава цячэ...
"Не душы мае грудзі, зямная кара!..
Я жывая яшчэ!
Чуеш? Мне абрыднуў каменны прыгон!
Чуеш? Чуеш? У тоўшчы зямной,
Ў нетрах гор уздыхае вялізны гонг
З мора Чорнае велічынёй".
Тут. Тут. Тут. І там. Там. Там.
Гонг грыміць пад зямлёй,
Ракоча тамтам.
Чуйна вушкі наставіў насцярожаны трус.
Набліжаецца землятрус.
Лані горныя пакідаюць бары,
Захлынаюцца ў рэчках язі.
Вось... Вось-вось пакажа вяршыня гары
Небу першы крывавы язык.
Ўскалыхнула мора сваю тугу...
Глей узняўшы, як кроў, руды,
На дрыготкі бераг цунамі бягуць,
Хмарачосы з чыгуннай вады.
Чуеш? Вось... Чуеш? Вось! Вось! Вось!!!
Трэсне, зломіцца ў курчах зямная вось,
Нівы моршчацца, мнуцца, нібы абрус.
Землятрус!
Землятрус!
Землятрус!
Свет аглух ад архангельскай страшнай трубы.
Горы крычаць: "Ратуй!"
Ад штуршкоў пад падэшвы ўзлятаюць дубы,
Вежы замкаў у неба лятуць.
Вылятаюць з распяццяў, як кулі, цвікі,
І, гнілы уздымаючы пыл,
У крывавыя хмары лятуць мерцвякі
З праслаўленых хцівых магіл.
Чуеш? Вось... Чуеш? Вось! Вось! Вось!!!
Трэсне, зломіцца ў курчах зямная вось.
Разляціцца зямля, як пад доўбняй гарбуз.
Землятрус!
Землятрус!
Землятрус!
Бачыш? Бліскаўкі нараджае туман,
Нарастае, клубіцца імгла, -
Гэта лавай з адгор'яў цячэ гурма
Ў чорнай цемры і ў барве святла.
Іх самбрэра - як хмары над светам сляпых,
Іх мачэтэ - як грозны жах,
І маланкі над імі мігцяць, як сярпы,
А сярпы - як маланкі ў руках.
І зямля трасецца пад іхняй ступой.
Гора ж тым, хто, сляпы як крот,
Паспрабуе заціснуць рукою сваёй
Землятруса адверсты рот. 

Оглавление

  • Уладзімір Караткевіч Мая Іліяда
  •   Беларуская песня
  •   I. Зямля журботы
  •     Дзяўчына пад дажджом
  •     Трасцянец
  •     Здратаваныя магiлы
  •     Балада плахі
  •     Балада аб трыццаць першым сярэбранiку
  •     Крумкачы
  •     Пры смерцi
  •     Балада аб асуджаных і аб чалавечым "даруй"
  •     Балада пра дзiка i чалавека
  •     Слова беларускай бярозы
  •   II. Старыя сувоі
  •     I снiў Адам...
  •     Апошняя песня Дантэ
  •     Чашы cлёз
  •     Чорная балада Гаркушы
  •     Самсон
  •     Балада аб нашэсцях
  •     Скарына пакідае радзіму
  •   III. Калі памірае каханне
  •     "О каханне маё бясконцае..."
  •     "Я iду лугавою дарогай..."
  •     Чырвоны шар
  •     Фантазiя
  •     "Ўкруг месяца туманнае гало..."
  •     Нямыя дрэвы
  •     Калi памiраюць...
  •     Снягір
  •     Песня колаў
  •     Iмпрэсiя
  •     Таруская вiла
  •     "Зноў над ракою чаплi сiвыя..."
  •     "О вясна! Таполі! Свеце мілы!.."
  •   IV. Інга і Марыя
  •     Жанчыне з бэзам
  •     Шчасце
  •     "Бацькi з магiл цяплом дыхнулi..."
  •     Жаўранак - звонкая нiць
  •     Мёртвае рэчышча
  •     Крокi ўначы
  •     Раманс вiнаграднай лазы
  •     Ты і я
  •     "Калi агорне цемра неба..."
  •     Карадаг
  •     Раманс Марылi
  •     Дняпро i Ака. Ён i яна
  •     Раманс шлагбаума
  •     Аптымiзм
  •     Туман
  •     Цюляня
  •     Каравелы
  •     Бахайская чарапаха
  •     Легкаважная песенька, якую я спяваў, ідучы да каханай цераз хрыбет Мангугай
  •   V. Таўрыда
  •     Дрэва на Чатырдагу
  •     Чатырдаг
  •     Спуск з гор
  •     Генуэзская крэпасць
  •     Лебедзь
  •     Вадаспад Учан-су
  •     Маладая вясна
  •     "О, якое цёплае, цёплае, цёплае мора..."
  •     Гурзуф уначы
  •     "Прыўкрасная пальма..."
  •     "Над Аю-дагам - над Мядзведзь-гарою..."
  •     "Спiш? Я прыйду, пагушкаю..."
  •     "Сумесь Бураціна з Аэлітай..."
  •     Дзве вады
  •     "Прыпадзi да мяне, прыпадзi..."
  •     Кiпарысавыя жарцiкi
  •     "Я чакаў цябе тысячы год..."
  •     "Мора гранiтныя хвалi..." 
  •     "I бывай. Не трэба шкадаванняў..." 
  •     "Са стэпавымi вятрамi..." 
  •     Кінааслы 
  •     Шайтан-Мярдвень 
  •     Таўры 
  •     Песня Мехмета 
  •     Чуфут-Кале 
  •     Маўзалей Джанiке-ханум 
  •     Нараканнi Насрэдзiна Ахмет-Аха эфендзi 
  •     Браты па няшчасцю 
  •     Раманс аб расстраляным каханні 
  •     Усходнiя песнi 
  •     Фантан слёз 
  •     Штыль 
  •     Сэрца гары 
  •     На роднай магiле 
  •     Сапернiца 
  •     Падмогi! 
  •     Таўрыдзе
  •   VI. Вяртанне
  •     На пачатак "Каласоў пад сярпом тваiм..."
  •     Мужныя мятлушкi
  •     "Ўсё, што было, i ўсё, што часам снiцца..."
  •     "Падымаюць жоўтыя галовы..."
  •     Чурлёнiс
  •     Балада пра сыноў Пiтакоса
  •     Корчмы
  •     Надзея лiстападу
  •     Белавежскi алень
  •     Каложа
  •     Багдановiчу
  •     Дзядзькаў кубак
  •     Нашы бярозы
  •     Маленне аб чашы
  •     "Па-над шчыраю Шчарай, над шчодраю Шчарай..."
  •     Вiльня ў дождж
  •     Нявесце Каліноўскага
  •     Мы
  •     "Як сканаю - душа застанецца..."
  •     Безгаловая Венера
  •     Medusa Ludovisi ў Рыме
  •     Землятрус