Песня аб паходзе Ігаравым [без автора] (fb2) читать постранично

- Песня аб паходзе Ігаравым (пер. Янка Купала) 31 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - без автора

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Песня аб паходзе Ігаравым

I


Ці не добра было бы нам, брацці,
Старадаўнымі словы пачаці
Сказ аб Ігара трудным паходзе,
Святаславіча-князя прыгодзе?
А пачацца сягачасным ладам
Песні той,— не Баянавым складам!
Бо Баян чарадзейны, як песняй
Захацеў каму пеці пачэсне,
Расцякаўся ён мысляй па дрэву,
Шэрым воўкам па полі-пасеву,
Сізакрылым арлом пад аблокі,—
Так захопліваў свет ён далёкі!
Помніў ён бо, як кажуць, старыны
I разрухі ўсе даўных часінаў.
Выпушчаў дзесяць сокалаў радам
Ды на белае лебедзяў стада,
А якая з ix сокалу упала,
Тая першая песню пяла
Ці старому тады Яраславу,
Ці харобраму князю Мсціславу,
Што у борцы зарэзаў, як згледзеў,
Перад войскам касожскім Радзедзю,
Або краснаму пела Раману
Святаславічу ўхвалу й пашану.
Але, брацці, не сокалаў дзесяць
Выпушчаў ў свет Баян з пералесіц
На лябяжае стада, бы ў байцы, —
А ён клаў свае вешчыя пальцы
На пявучыя струны, а тыя
Пелі славу князям, як жывыя.
Дык пачнем жа мы, брацці, сказ гэты
Ад старога Ўладзімера летаў
Да сучаснага Ігара-воя,
Што скуў розум свой сілаю ўдвое,
Навастрыў свае сэрца адвагай,
Барацьбянай напоўніў дух смагай
I павёў цераз сёлы i вёскі
Свае дужыя, храбрыя войскі
На зямлю палаўчан, на змаганне
Ды за Рускай зямлі бытаванне!

II


Як зірнуў тады Ігар на сонца,
Бачыць — цемра зацьмення бясконца
Яго войска пакрыла, як сажай.
Тут дружыне сваей ён i кажа:
"Ой вы, брацці мае i дружына!
Лепей будзе, каб кожны з нас згінуў,
Чымся быць усім нам у палоне.
Сядзьма ж, брацці, на быстрыя коні
Ды на Дон сінявокі паглянем!"
На вум князю залегла жаданне:
Не зважаючы з неба варожбаў,
Сягнуць Дона вялікага ложбаў.
"Вось хачу,— кажа,— вострую дзіду
Заламаць за бяду i абіду
Аб канец Палавецкага поля;
Хачу з вамі, русіны, за волю
Палажыць сваю голаў да скону
Ці напіціся шоламам Дону".
О, Баяне, часінаў мінулых
Салавейка! На струнах бы чулых
Ты апеў бы паход слаўны гэны,
Імкнучы, салавейча нязменны,
Па выдумнаму дрэву далёка,
Дасягаючы духам аблокаў,
Часаў даўных звіваючы й новых
Сваёй славай абедзве паловы,
След Траянавы сочачы, скоры,
Цераз поле, даліны, на горы!
Ты бы песню тады аб набегах
Спеў для Ігара, ўнука Алега:
"Ой, не сокалаў несла віхурай
Цераз поле шырокае бура!
A каціліся галіцы стадам
Да вялікага Дона з нападам..."
Цi запець было, вешчы Баяне,
Ўнуча Велеса, гэта пяянне:
"Коні рзуць за Сулою-ракою, —
Слава ў Кіеве звоніць з зарою!"
Чутны трубы з Навагрода,
Стаяць сцягі у Пуціўлі;
Ігар брата Ўсевалода,
Жджэ прыход у кожнай хвілі.
I прыйшоў брат i казаці
Стане буй тур Усяволад:
"Ты ў мяне адзін, мой браце,
Свет мой светлы, Ігар-волат!
Мы з табой абодва сённі
Святаслававыя дзеці,
Дык сядлай свае, брат, коні,
Коні быстрыя, бы ўспеці.
А мае напагатове
Ўжо, як знаеш, асядланы
Яшчэ ўперад у дуброве,
Каля Курска, раным-рана.
А мае ж куршчане любы
Табе ведамыя кметы:
Пад гудамі гулкіх трубаў
Спарадзіліся ў дасветы,
Гадавалі ix шаломы,
А канцом дзіды ўскармлёны,
Шляхі ім усе вядомы
I знаёмы яры, склоны.
Ў ix нацягнутыя лукі,
Нарыхтованыя стрэлы;
Шаблі вострыя у рукі
Пахапалі, дзержаць смела.
Як ваўкі сівыя ў полю,
Самі мчацца ў бой крывавы,
Каб здабыць сабе чэсць, волю,
Каб прыдбаці князю славы!"
Князь Ігар тады ў залатое сядло
Сеў i паехаў па чыстым разлогу,
А сонца на небе, згасіўшы святло,
Цемрай яму заступіла дарогу.
Ноч, стогнучы жудкія грозьбы яму,
У полі маркотным птушшо разбудзіла,
А выцце звярынае ў гэтую цьму
У стада пужлівае птахаў тых збіла.
Паверх лесу кліча ўжо чарамі Дзіў,
Слухаці кажа зямлі незнаёмай —
Корсунь, Памор'е i Сураж зацьміў,
Волзе, Пасуллю папутаў заломы.
Кажа й табе яго слухаць, балване,
Што разбаярыўся ў Тмутаракане!
A полаўцы шляхам пабеглі нябітым
К вялікаму Дону, як зверы, жудосна;
Калёсы у поўнач