Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично

Книга 229680 устарела и заменена на исправленную

- Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II 1.4 Мб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Раман

Кніга другая Сякера пры дрэве


I


Прыйшлі каляды. Куцця. Напярэдадні падваліла мокрага сняжку, але за ноч падмарозіла, а раніцай нападаў другі снег: глыбкі, пульхны і сухі. З акон загоршчынскага дома падалі на гурбы аранжавыя плямы святла. Яліны стаялі ў сувеях усе цёплыя і густа, амаль без прасветаў засыпаныя мяккім белым снегам: нагадвалі начных вартаўнікоў.

Насупраць ганка стаяў вылеплены Мсціславам снегавы балван. Ён быў вышэйшы за чалавека, і ў яго была самая смешная з усіх балваноў на зямлі пыхатая пыса.

Мсцілаў вылепіў балвану і грудзі, але прыйшоў гер Фельдбаўх, няўхвальна паглядзеў на гэтую вольнасць, паківаў галавою і ўласнаручна адрэдагаваў балвана.

Снег. Яліны. Снежны балван. Агеньчыкі ў вокнах. Гэта нагадвала б калядную карцінку, каб не існавала ў натуры.

Не ведаў балван, што з часам ледзяное неба стане сіняе і па ім паплывуць другія балваны, вылепленыя невядома кім. Яны будуць такія сляпуча-белыя, аж гарачыя. І яму раптам нясцерпна, упершыню за ўсё доўгае снегавое жыццё, захочацца не стаяць на месцы, а ўзняцца да іх і быць такім самым гарачым і белым. І плаваць і грувасціцца разам з імі.

Ён зробіць гэта. Але нішто не зменіцца, і людзі, падымаючы галовы ад сярпа, будуць казаць:

Балваны якія сёння. Каб толькі не пайшоў дождж.

Ён пацягнецца да братоў у небе і адчуе боль і слабасць. А потым ад яго застанецца толькі купка бруднага снегу, дубец і два вугалькі, былыя вочы, што, напэўна, прасочаць яшчэ яго палёт угору.

Алесь стаяў ля балвана без футра і шапкі і глядзеў на яго. Балван пазіраў на Алеся з адценнем пагарды, і Алесь засмяяўся такое гэта было шчасце: снягі, аранжавыя вокны, яліны і балван. І, вядома, агеньчыкі яліны ў акне залы. І тое, што Майка тут.

Ён стаяў так доўга і ўжо трохі змёрз, калі пачуў рып снегу.

Імя? спытаў голас.

Алесь.

Я жартую, падыходзячы, сказала Майка. Варажыць рана.

Яна нічога нават не накінула. Так і была ў туфліках, з голымі рукамі і шыяй.

Дурніца, войкнуў ён. Застудзішся.

Нічога не зробіцца, засмяялася яна

Не ведаючы, што рабіць, ён абняў яе і паспрабаваў прыкрыць яе голыя рукі сваімі.

У дом, сказаў ён. Хутчэй у дом.

Пачакай, сказала яна. Пачакай. Тут хораша.

Бліжэй прыціснулася да яго.

Баламутнае дзяўчо, сказаў ён.

Трымаў яе далонямі за плечы. А яна сагнула рукі, і цяпер яны былі між ёю і ім.

У дом.

Не, усміхнулася яна. Яму ж не халодна.

Ён снегавы балван. Вясною ён пойдзе да нябесных балваноў. А ўзімку зноў выпадзе снегам, і з яго зноў скачаюць балвана. Так ён і будзе век хадзіць у балванах... А ты чалавек. Мой чалавек.

Майка ўздыхнула і схіліла галаву яму на плячо. Алесь глядзеў на яе аблічча, бледнае ў сінім святле зор, і яму нічога не хацелася бачыць, акрамя яго, халоднага ад марозу, але цёплага такой глыбокай унутранай цеплынёй.

Ён адчуў гэта, прыпаўшы вуснамі да яе вуснаў.

Не бачыў ён ні дома, ні таго, што дзверы на тэрасу адчыніліся і нехта падышоў да парэнчаў, пастаяў так хвіліну, а потым паспешліва вярнуўся ў дом. Яму не было да гэтага клопату.

Калі ён на імгненне адрываў вусны ад яе вуснаў, ён бачыў толькі адно: рэзкую іскру нізка над зямлёй, амаль адразу за яе плячом.

Ззяў над гарызонтам ледзяны, ярасна-блакітны Сірыус.

...Калі яны зайшлі ў пярэднюю юнакі і дзяўчаты ўжо апраналі футры, шапкі і капары, а тыя з хлопцаў, якія павінны былі ехаць за фурманоў, высокія белыя вайлакі ці унты з ваўчынай шкуры.

Алесь абвёў вачыма вясёлую кампанію і раптам заўважыў, што дзве пары вачэй глядзяць на яго вельмі суха. Ля дзвярэй у гардэробную стаялі, апранутыя ўжо, Франс Раўбіч і Ілля Хаданскі.

Ядвінька Клейна адвярнулася ад усіх і глядзела ў акно. Святло жырандолі трапятала на яе попельных валасах, сабраных у высокую прычоску. Тварык быў сумны.

І тады Алесь, нібы праз сон, успомніў, як адчыніліся дзверы на балюстраду, калі ён і Міхаліна стаялі ля балвана. Стала ясна, хто выходзіў.

Ядвіння, значыцца, злавала на яго. А гэтыя двое таксама. Ілля за Майку, Франс за Ядвіню.

...Сыпанулі на веранду, а потым уніз, сходамі, да санак, якія стаялі ўжо на крузе гонару доўгім паўколам. Мсціслаў з Анэляй і Янкам напярэймы з іншымі кінуліся да першай тройкі. Беглі як апантаныя.

Хапай хто што можа! крычаў Маеўскі.

Ён кінуўся на козлы проста жыватом, і праз хвіліну рэзкі ўсплёск званочкаў разарваў цішыню. Аддаляючыся, яны спявалі ўсё больш утрапёна. Першая тройка знікла ў алеі.

Алесь не спяшаўся. Ён пасадзіў Майку ў чацвёртыя сані, захутаў яе ногі мядзведжай апонай і працягнуў лейцы на вольнае месца побач з ёй: збіраўся ехаць без вазніцы. І тут, здалёк, ён убачыў, што ў Ядвінькі і Франса адбылося нешта непрыемнае. Франс падышоў да яе санак, дзе сядзеў на козлах далёкі госць Усяслаў Грыма, асабліва нязграбны ў ваўчыным футры, і сказаў нешта. Вусны лялечнага наіўнага роціка Ядвіні сціснуліся.