Рубаі [Амар Хаям] (fb2) читать постранично

- Рубаі (пер. Рыгор Барадулін) 316 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Амар Хаям

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Амар Хаям Рубаі

Пераклаў з фарсі-кабулі Рыгор Барадулін

Мінск, «Мастацкая літаратура», 1989.



* * *
Каб ганчарам, што смела месяць гліну,
Вярнуць здаровы клёк хоць на хвіліну,—
Не білі б, не давалі б аплявух,
Бо гэта прах бацькоў з зямлі ўспаміну.
* * *
Гэй, светам недасведчаны нябога,
Ты з ветру сам і ўся твая трывога.
Мяжа твайго жыцця — цэнтр двух нябытаў,
Тлен у табе, вакол цябе нічога.
* * *
Калі я п’ю віно да рання — я такі,
Нявольнік п’янства і кахання — я такі,
Сваю выказваць думку кожны мусіць,
Сам ведаю сябе дазвання — я такі.
* * *
Не цешыў чыстага віна арык,
Пакуль да горкай чары я не звык,
На хлеб бяды не сыпаў соль адчаю
І з сэрца са свайго не еў шашлык.
* * *
Усіх, хто хоць міг быў у гэтым жыцці,
Чакае жывая чарга ў небыцці,
У царстве зямным вечна жыць немагчыма,
За намі наступныя прыйдуць пайсці.
* * *
Паўз краму ганчароў я ўчора йшоў,
Штукарылі яны з зямлёю зноў.
Сам бачыў, ім не ўбачыць, бо сляпыя,—
У даланях трымаюць прах бацькоў.
* * *
Болып чым у ружы прыгажосці ў вас.
І вы страйней за кіпарыс якраз.
Не ўцямлю я, нашто тварэц зрабіў вас
У кветніку акрасаю акрас.
* * *
Юнацтва кніга пройдзена без гора,
І свежасць весніх дзён была учора,
І птушка радасці, ёй маладосць імя,
Ці сядзе зноў хоць на плячо дакора?
* * *
О неба, што з табой, ты бачыш скнар,
Ім лазню, млын, павець даеш як дар,
А ў шчодрага бярэш кусок апошні
Ў заклад, каб мог ён плюнуць небу ў твар.
* * *
Цюльпаны і трава вітаюць ранне,
Здагадваюцца, хутка іх не стане.
Мы будзем піць віно і кветкі браць,
Пакуль наўкол квітненне, красаванне.
* * *
Стары заезны двор, што светам нараклі,
Магільня рання і змяркання на зямлі,
Стол, што знясіліў 800 Джамшыдаў,
Злы дол, дзе 100 Бахрамаў свой спачын знайшлі.
* * *
Прыйшоў — багацця небу не прынёс,
Знік — хараства не прыбыло ў нябёс.
Нашто былі прыход мой і знікненне,
Ніхто не змог мне растлумачыць лёс.
* * *
Сяброў увагай не здзіўляй знарок,
З сучаснікамі размаўляй здалёк.
Той чалавек, каму ты цалкам верыў,
Ён вораг — розуму давер свой зрок.
* * *
Віно збівае пыху недарэку
І расслабляе кайданы спрадвеку,
Ібліс віна як вып’е, адаб’е
Дзве тысячы паклонаў чалавеку.
* * *
За царства Джама даражэй чарапок ад збана,
За страву Мар’ям даражэй мне паспытак віна,
І ранішні выдых з грудзей п’янюгі
Мне ўцешней за стогны Абу Саіда здаўна.
* * *
Бутон раскрыецца, абуджаны світаннем,
Зірне на ружу салавей з замілаваннем,
Дык сядзьма ў засень руж, бо ружы зноў і зноў
Усыплюць дол, а мы ўжо тленам станем.
* * *
Каханая, што засвяціла зоры
Маіх пакут, сама ў няўцешным горы,
Ці ж маю права лекі здабываць
Я сам сабе, калі мой лекар хворы?
* * *
Віном і ружамі з краямі кубак поўню
З той, што абліччам паўтарыла поўню,
І піў, і п’ю, і буду піць віно,
Пакуль жыву, пакуль сябе я помню.
* * *
Гэй ты, што дзень і ноч у мітусні,
Не думаеш ані аб Судным дні,
Прыйдзі ў сябе, нарэшце, хоць на момант,
Як час гаворыць з іншымі, зірні.
* * *
Пакуль наш лёс на клопат малады,
Віна сягоння вып’ем без бяды,
Бо неба гэтае ў сваім вярчэнні
Не дасць нам потым і глытка вады.
* * *
А мэта усяго тварэння — мы,
Вачэй спазнання азарэнне — мы,
Круг свету гэтага, нібы пярсцёнак,
Дзе лепшы камень без сумнення — мы.