Старонкі на захадзе сонца [Серафім Андраюк] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Старонкі на захадзе сонца 687 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Серафім Андраюк

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

хочацца асабліва вылучыць - тое, што С. Андраюк звязвае праўдзівасць літаратурнага твора не толькі з яго адпаведнасцю прадмету ўвасаблення, але і з тым, наколькі адпавядае сам твор высокім меркам мастацтва.

Суадносячы аўтарскі светапогляд і жыццёвы вопыт з катэгорыямі паэтыкі і стылю, С. Андраюк пазначаў тым самым адзін з перспектыўных напрамкаў літаратуразнаўчых даследаванняў. Сапраўды, як пацвярджаюць гэта сучасная мастацкая практыка і яе літаратурна-крытычны аналіз, светапогляд аўтара ў большасці выпадкаў выяўляецца ў літаратурных творах не наўпрост, у выглядзе выказваемых непасрэдна сентэнцый, а апасродкавана, праз формы і спосабы арганізацыі мастацкага цэлага.

Такі даследчы метад у літаратуразнаўстве, які ўлічвае самую цесную, сінтэтычную паяднанасць змястоўных і фармальных бакоў творчага працэсу, можа прынесці ў сучасных умовах, несумненна, значна больш карысці, чым тыя падыходы, якія ігнаруюць гэта адзінства. У прыватнасці, ён супрацьстаіць тэндэнцыі разглядаць свет літаратурнага твора ў адрыве ад асобы аўтара, яго жыццёвага вопыту і кругагляду. “Убачыць за літаратурай пісьменніка” - гэта абвяшчаемая С. Андраюком мэта хоць і пераклікаецца з пастулатамі біяграфічнага метаду, аднак жа скіравана не да мінулага літаратуразнаўчай навукі, а ў дзень сённяшні і заўтрашні.

На думку С. Андраюка, свет літаратурнага твора паўстае ў сваёй стылявой шматфарбнасці, мастацкай непаўторнасці тады, калі адбываецца плённае ўзаемадзеянне, “узаемапранікненне аб’ектыўнай рэальнасці і суб’екта”. Менавіта тады, калі “прабіваецца на паверхню” непаўторная “пячаць індывідуальнасці” аўтара, выяўляецца яго канцэпцыя жыцця, тады твор набывае шматзначнасць і глыбіню.

Індывідуальны стыль залежыць ад “выражэння аўтарскага "я"”, ад наяўнасці “цэласнага, адзінага ў сабе рэальнага мастацкага свету”. Усе гэтыя паняцці цесна пераплецены між сабой, іх сувязь не проста канстатуецца, а доказна пацвярджаецца, выяўляецца С. Андраюком на прыкладзе грунтоўнага разгляду творчасці Івана Мележа. У раздзеле, прысвечаным Мележу і змешчаным у той жа кнізе “Стыль пісьменніка”, аўтар бліскуча прымяніў на практыцы распрацаваныя самім тэарэтыка-метадалагічныя прынцыпы і падыходы.

С. Андраюк падмячае, акрэслівае, мабыць, самую істотнейшую рысу мележаўскага таленту - здольнасць пісьменніка адчуць сваіх герояў знутры, увайсці ў іх свет, убачыць яго іх вачыма. “Палеская хроніка” І. Мележа - гэта якраз той выпадак, калі “аб’ектыўны матэрыял рэчаіснасці і аўтар, яго думкі і пачуцці натуральна зліліся ў адно”. Гэтаму ў вялікай ступені садзейнічала тое, што жыццёвы матэрыял, увасоблены ў гэтых раманах, быў блізкім аўтару, здаўна знаёмым, глыбока спазнаным ім з пары маленства. “Мележ піша пра тое, - як адзначае даследчык, - што стала ўспамінам душы, памяццю сэрца”.

Менавіта душэўнай, экзістэнцыйнай набліжанасцю аўтара да ўвасобленай у “Палескай хроніцы” рэальнасці, а разам з тым і новым узроўнем мастацкай праўдзівасці, псіхалагічнай пераканаўчасці, гэтыя мележаўскія раманы вылучаюцца з усёй папярэдняй творчасці пісьменніка. С. Андраюк добра паказвае гэта, прасочваючы станаўленне індывідуальнага стылю Мележа, пачынаючы ад першых яго апавяданняў.

Разглядаючы ўсю папярэднюю творчасць І. Мележа, у тым ліку раман “Мінскі напрамак”, як “пошукі арыгінальнага стылю”, спробы знайсці сябе, подступы да чагосьці значна большага, С. Андраюк сцвярджае, што якраз “у раманах “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” стыль пісьменніка канчаткова акрэсліўся, праявіўся як мастацкая рэальнасць”. “У ранейшых творах, - на думку С. Андраюка, - пры ўсіх іх больш ці менш значных вартасцях не заўсёды можна было ўбачыць закончанасць і ўзаемаабумоўленасць розных элементаў мастацкага цэлага”.

У раманах “Палескай хронікі” стыль у вышэй адзначаным сэнсе праявіўся якраз у поўнай меры. Ён настолькі магутны, прасякнуты жыццёвымі токамі, напоўнены энергіяй тварэння, што С. Андраюк, схільны звычайна да аналітычна-ўзважанага, строгага выкладу сваіх думак, не ўтрымліваецца ад таго, каб не прыбегнуць у дадзеным выпадку да метафары. Жыццёвая плынь, выяўленая ў стылі мележаўскіх раманаў, уяўляецца даследчыку паўнаводнай ракой. “Жыццё, як шырокая павольная плынь, уліваецца ў раман, цячэ спакойна і павольна, захопліваючы ўсё большы прасцяг, не губляючы сваёй глыбіні і мнагаводнасці”.

Гэтай плыні падпарадкоўваецца ўсё ў мележаўскіх творах - ад ідэйных падагульненняў да сюжэтна-кампазіцыйных і рытміка-інтанацыйных суадносін. Таксама ўсебакова і шматзначна, як і паняцце стылю, разглядаецца С. Андраюком паняцце рытму. У працах сучасных літаратуразнаўцаў-тэарэтыкаў гэта, дарэчы, адна з самых важнейшых катэгорый, якой вызначаецца спецыфіка мастацкай творчасці.

Характарам рытмічнай арганізацыі тэксту, усіх яго састаўных элементаў, абумоўліваецца, на думку С.