Лаза [Зінаіда Дудзюк] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Лаза 1.22 Мб, 377с. скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Зінаіда Дудзюк

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

але ж трохі даведалася і пра таго рэабілітаванага чалавека і "лясных братоў", пра апошніх з цікавасці, не збіралася нічога пісаць, тым больш, што мяне папярэдзілі: гэтыя матэрыялы нельга выкарыстоўваць для дакументальных твораў. Перакананая, каб тады і напісала які артыкул для газеты, дык рэдактар не дазволіў бы надрукаваць такі матэрыял. У ягонай душы жыў жорсткі цэнзар, які заўсёды ведаў, што можна пускаць у свет, а што нельга. Да таго ж ён вельмі баяўся страціць пасаду.

Прамінула два дзясяткі гадоў, я пайшла на так званы заслужаны адпачынак, і тады да мяне зноў вярнулася тэма "лясных братоў", разумею, што мая ўражлівая натура прыняла на свой кошт іхняе з’яўленне той ноччу на лясным хутары. Зноў пачала шукаць звесткі пра іх у газетах і часопісах, у кніжках беларускіх, польскіх і расійскіх аўтараў на гэтую тэму. Матэрыялу набралася шмат. Я міжвольна ўжывалася ў той час, які апанаваў маю душу і не адпускаў. Мне неабходна было падзяліцца з некім уражаннямі і думкамі. Так, сам сабою і пачаў пісацца гэты раман. Хаця, безумоўна, мой досвед можа быць суб’ектыўным, трэба разумець, што гэта твор мастацкі (не магу парушыць абяцанне, дадзенае некалі тайным архівістам), а таму прашу ўсялякія супадзенні з гістарычнымі падзеямі і фактамі біяграфій канкрэтных людзей лічыць не болей, чым выпадковасцю.


1

Раніца раздабрэлася сонечная і ціхамірная, са шчабятаннем птушак, са звычайнымі летнімі гукамі і фарбамі, быццам прырода імгненна забылася, што ноччу недалёка ішла страляніна. У вёсцы Лазнякі трэслася зямля, дрыжэлі хаты, грымела так, што ажно шыбы ледзь не павыляталі. Немцы ўвечары разбамбілі чыгуначную станцыю і пачалі наступ. У суседняй вёсцы Альхоўка цяжкая артылерыя чырвонаармейцаў заняла абарону і ўсю мінулую ноч вяла абстрэл у напрамку Беліч. Але на світанку ўсё сціхла, сяляне зразумелі: чырвонаармейцы адступілі. Нехта прынёс вестку, што і Беласток ужо захоплены гітлераўцамі. Людзі ўстрывожана павыходзілі з двароў, абмяркоўвалі падзеі апошніх дзён: вочы стомленыя, твары панылыя, усялякая справа валілася з рук з-за невядомасці і прадчування бяды.

У даволі вялікіх Лазняках спрадвеку суседнічалі сем’і, адданыя рознай веры: праваслаўныя, іўдзеі і каталікі. Стаялі тут тры храмы: царква – на ўсходзе, касцёл – на захадзе, а пасярэдзіне ўзвышалася сінагога. Міжвольна вяскоўцы сабраліся ля царквы, бо колькасна пераважала тут беларускае насельніцтва, меркавалі: чаго можна чакаць ад перамен. Адны, багацейшыя (у сялянскім разуменні), усцешыліся прыходу немцаў, што ўжо Саветы не вывезуць іх у Сібір, бо некаторыя ведалі і рыхтаваліся да страшнай і нежаданай вандроўкі. Іншыя, наадварот, баяліся ўладарання немцаў, бо чулі, што гітлераўцы вынішчаюць камуністаў і прыхільнікаў Саветаў, а таксама габрэяў. Спрачаліся да хрыпаты, кожны даводзіў сваю думку. Усе помнілі немцаў, якія з’явіліся ў 1939 годзе. Гэта былі акуратныя і выхаваныя рыцары, якія на рынку раздавалі дзецям цукеркі, нікога не крыўдзілі, быццам завіталі паглядзець, як тут людзі жывуць, ды падаліся дамоў. А пасля прыйшлі на Беласточчыну Саветы, прынеслі новыя парадкі, вывезлі васямнаццаць мужчын з вёскі невядома куды. Пры Польшчы таксама беларусу не соладка жылося, але хоць ніхто не збыткаваў, не разбураў гаспадарку, не разлучаў сем’і.

Стары Мацей прыгладзіў сівую бараду і падвёў рысу спрэчцы:

– Ужо каго мы на сваім вяку ні бачылі, хто тут толькі ні хадзіў з цацанкамі-абяцанкамі, але ніхто нічога добрага не прынёс, а ўсе глядзяць, каб нашым дабром пакарыстацца. А нам, як той вароне, дзе б ні лятаць, усё адно гной кляваць…

Людзі згодна заківалі галовамі, разважаючы пра тое, што пры ўсялякім рэжыме, хто пры ўладзе ды пасадзе, той мае грошы і зямлю сабе можа купіць, а гарапашны селянін мусіць сваім гарбом хлеб здабываць ды вялікія падаткі плаціць, каб утрымліваць хеўру дзяржаўных служак.

Каля дарослых таўкліся падлеткі: Тадзік Сапранецкі, Монік Бляхар, Яська Вайновіч ды Мішка Пятручык. Калі вяскоўцы пачалі разыходзіцца, хлопцы пераміргнуліся і падаліся ў бок Альхоўкі, каб на свае вочы ўбачыць, што там дзеецца цяпер, дзе ноччу грымелі гарматы. У гэтым гурце верхаводзіў Тадзік. Быў ён узбуджана вясёлы, імкліва ішоў наперадзе, насвістваў мелодыю песенькі пра бацяноў, вядомую ўсім са школы. Міналі высокія платы, зробленыя з лазы, за якімі туліліся шэрыя хаткі. Менавіта гэтым і адрознівалася вёска Лазнякі ад навакольных, што стаяла яна за колькі вёрст ад пушчы, дзе было мала лесу, затое абапал раўчука расло шмат лазы, з якой сяляне плялі розныя кошыкі, майстравалі мэблю, ладзілі лазні. Іншы бядняк дык і хату сабе ўзводзіў з лазы, уцяпляў саломаю, абмазваў глінаю – і стаяла будыніна, якой па беднасці іншы раз яшчэ і ўнукам магло хапіць.

Хлопцы ішлі размашыста, з узгорка нават рванулі подбегам, так былі захопленыя мэтаю, што не зважалі на палеткі, падзеленыя на рознакаляровыя палоскі, засеяныя жытам, ячменем,