туманам вiсеў у паветры, сонца было ярка-чырвонае, як свежая кроў. Цэлы дзень неба сеяла пыл на зямлю i наступны дзень таксама. Зямля ўкрылася гладкай шэрай коўдрай. Пыл апусцiўся на кукурузу, асеў кучкамi на слупах агароджаў, на правадах, заслаў сабой дахi, траву, абсыпаў дрэвы.
Людзi выходзiлi з дамоў i, удыхнуўшы пякучае, як жар, паветра, паспешлiва прыкрывалi чым-небудзь нос. Дзецi таксама выбягалi на двор, але не насiлiся з крыкам па iм, як гэта бывала пасля дажджу. Мужчыны застылi каля агароджаў i пазiралi на звялую кукурузу, якая хутка сохла i Толькi дзе-нiдзе вызiрала зелянiнай скрозь пласт пылу. Мужчыны маўчалi, амаль не адыходзячы ад агароджаў. I жанчыны выходзiлi з дамоў i стаялi каля мужоў, стараючыся вызнаць, цi хопiць сiлы ў мужчын вытрываць усё гэта. Жанчыны крадком прыглядалiся да iх твараў - кукуруза, што ж, няхай прападае, абы засталося ўсё астатняе. Дзецi стаялi побач, выводзячы пальцамi босых ног узоры на пыле, i таксама старалiся чуццём выведаць, цi хопiць сiлы ў гэтых мужчын i жанчын. Дзецi кiдалi косыя позiркi на дарослых i асцярожна чыркалi па пыле нагамi. Конi падыходзiлi да вадапойных карытаў i, матаючы мордамi, разганялi налёт пылу на паверхнi вады. Нарэшце з твараў мужчын сышла роспачная атарапеласць i ўступiла месца злосцi, лютасцi i ўпартасцi. I тады жанчыны зразумелi, што ўсё абышлося, што мужчыны не зламаюцца. Яны пыталiся ў iх: што ж цяпер рабiць? Мужчыны адказвалi: самi не ведаем. Але цяпер было ўжо не страшна, i дзецi таксама зразумелi - не так страшна. Жанчыны i дзецi цвёрда ведалi: няма такой бяды, якую нельга сцярпець, абы толькi мужчын яна не зламала. Жонкi вярнулiся да хатнiх спраў, дзецi занялiся гульнёй, але напачатку не вельмi дурэлi. На працягу дня сонца з кожнай гадзiнай рабiлася ўсё менш чырвоным. Яно палiвала спёкай укрытую пылам зямлю. Мужчыны сядзелi на ганках сваiх дамоў - хто круцiў у руках пруток, хто падкiдваў i лавiў далонню каменьчык. Сядзелi моўчкi... думалi... разважалi...
РАЗДЗЕЛ ДРУГI
Каля прыдарожнага рэстаранчыка-бара стаяў вялiзны грузавы аўтафургон. Вертыкальная выхлапная труба глуха вуркатала, над ёю слаўся ледзь бачны воку шызаваты дымок. Зусiм новенькi грузавiк паблiскваў свежай чырванню, футавыя лiтары па баках абвяшчалi: ТРАНСПАРТНАЯ КАМПАНIЯ АКЛАХОМА-СIЦI. Шыны на падвойных колах былi новыя, на засаўцы шырокiх заднiх дзверцаў стаяў тарчком медны вiсячы замок. За загароджанымi сеткамi дзвярыма i вокнамi бара iграла радыё - спакойная танцавальная музыка, уключаная зусiм цiха, як бывае, калi няма каму слухаць. Маленькi вентылятар бязгучна круцiўся ў круглым гняздзе над уваходам, мухi зласлiва гулi, б'ючыся аб металiчныя сеткi. У бары быў толькi адзiн наведнiк - вадзiцель грузавога фургона. Ён сядзеў на табурэце каля стойкi, абапершыся на яе локцямi, i паўзверх шклянкi з кавай глядзеў на хударлявую буфетчыцу, якая нудзiлася ад самоты. Ён вяла перакiдваўся з ёю словамi, пераскокваючы з аднаго на другое, - такiя гутаркi часта заводзяцца мiж людзьмi ў прыдарожных барах. Шафёр сказаў:
- Я стрэў яго месяцы тры назад. Пасля аперацыi. Яму там нешта выразалi. Запамятаваў што.
А яна:
- Толькi ж на тым тыднi яго бачыла. Здаровы быў з выгляду. Хлапец нядрэнны, пакуль не набярэцца.
Мухi раз-пораз з цiхiм гудзеннем наляталi на металiчную сетку дзвярэй. Кававы агрэгат за спiнай буфетчыцы запыхкаў парай, i жанчына, не азiраючыся, працягнула руку назад i выключыла яго.
Па абочыне шашы iшоў чалавек. Убачыўшы грузавiк, павярнуў да яго. Не спяшаючыся, падышоў, крануў рукой блiскучае крыло i зiрнуў на наклейку на ветравым шкле: "Пасажыраў браць забаронена". Ён намерыўся ўжо iсцi далей сваёй дарогай, але раптам перадумаў i сеў на падножку грузавiка, якая была схавана ад бара кабiнай. З выгляду яму было не болей за трыццаць. Цёмна-карыя вочы з жаўтаватымi бялкамi, рэзкiя шырокiя скулы, дзве глыбокiя маршчыны на шчоках i па кутках рота. Верхняя губа ў яго выцягнулася, бо зубы выдавалiся наперад, а ён стараўся трымаць рот закрытым. Рукi былi агрубелыя, з шырокiмi пальцамi i тоўстымi, цвёрдымi, як створкi ракавiнак, пазногцямi. На западзiне памiж вялiкiм i ўказальным пальцамi i на падушачках далоняў святлелi мазалi.
На iм было ўсё новае - новае i таннае. Брылёк шэрай кепкi не паспеў яшчэ пагнуцца, гузiк на ёй яшчэ не адарваўся. Кепка не страцiла формы, не абвiсла, як бывае, калi служыць дадаткова яшчэ i сумкай, i ручнiком, i насоўкай. Танны гарнiтур з шэрай шорсткай баваўнянай тканiны таксама быў такi новы, што на штанах трымалася складка. Сiняя кашуля была гладкая i каляная ад яшчэ не вымытага крухмалу. Пiнжак мехавата вiсеў на iм, штаны былi не па росце, кароткiя, а ён чалавек быў высокi. Плечавыя швы апускалiся занiзка, але рукавы ўсё роўна не даставалi да запясцяў, а крыссе пiнжака матлялася на жываце. На нагах у яго былi новыя карычневыя чаравiкi апошняга армейскага ўзору, падбiтыя цвiкамi i з жалезнымi падкоўкамi на абцасах. Седзячы на падножцы, ён зняў з галавы кепку, выцер ёю твар, зноў надзеў, пацягнуў за брылёк, i з гэтага моманту пачала наблiжацца пагiбель яго галаўнога ўбору. Потым ён глянуў на свае чаравiкi, нахiлiўся, аслабiў
Последние комментарии
13 часов 52 минут назад
14 часов 10 минут назад
14 часов 19 минут назад
14 часов 20 минут назад
14 часов 23 минут назад
14 часов 41 минут назад