Мой дзядзька Лунеш [Кацярына Мядзведзева] (fb2) читать постранично, страница - 12

- Мой дзядзька Лунеш 101 Кб, 31с. скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Кацярына Мядзведзева

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

вольная. Хо­чаш — едзь з ім, хочаш — вяртайся дахаты. А ты што робіш?

Іза памаўчала і мірна, неяк па-сталаму ласкава прагаварыла:

— Пасля смерці тваёй жонкі мінула ўжо шмат гадоў. Чаму ты баішся прызнацца, што зноў закаханы?

— Гэта мае і толькі мае справы! Я не збіраюся пускацца ў тлумачэнні, — раззлаваўся дзядзька.

— Не збіраешся? Але ж прыйдзецца! Зрабі міласць, растлумач! — ускіпела яна. — Я ж бачу, што ты кахаеш мяне! Адчуваю!

— Няпраўда, — запярэчыў ён неяк непераканаўча.

— Кахаеш! — выгукнула Іза. — Не можаш не кахаць!

— Ах, сапраўды, — успомніў дзядзька. — Спадзяешся на тое прываротнае зелле, што падсыпала мне ў настойку?

Яна збянтэжылася.

— Адкуль я ведаю? — Лунеш не тоячыся весяліўся. — А ты разгледзела твар злавеснага ведзьмака ў чорным плашчы,у якога купіла парашок?

Іза пакруціла галавой.

— «In Amor via sine lingua latina invia est» — злавесна прабубніў дзядзька i зрабіў пальцамі магічныя пасы.

— Дык гэта быў ты! — зашыпеўшы, як раззлаваная кошка, Іза кінулася на яго. Вядома, Лу­неш мог з лёгкасцю адбіць гэтую смешную атаку. Але, мабыць, вырашыў злёгку паддацца. Я не стаў чакаць, пакуль замест штурхалёў і шчыпкоў яны прымуцца ўзнагароджваць адзін аднаго пацалункамі. Паціху падняўся і на зацёклых нагах паплёўся ў сваю спальню. Думкі ў галаве бурлілі і ўскіпалі, грукочучы вечкам. Іза кахае дзядзьку Лунеша, а мяне лічыць жаўтаротым птушанём. Яна смяялася з мяне!

Я вагаўся. Вярнуцца туды і ўчыніць скандал? Кінуцца тварам у падушку і разраўціся, як дзяўчынка? Прыкінуцца, што нічога не здарылася, і з вясёлай усмешкай выйсці да сняданку? Не, ізноў не то.

Дом выдатна адчуваў мой настрой: сабраныя валізкі стаялі на парозе. Не развітваючыся, — шчыра кажучы, каму я тут патрэбны? — я паплёўся на станцыю. Што ж, прызнаю: паездка скончылася правалам і ганебнымі ўцёкамі. Замест блаславення і добрай парады я атрымаў ад дзядзькі сумленны, але які ж непрыемны дыягназ: няўдачнік. Моцны ўдар, які разбіў мае грандыёзныя надзеі.

I што цяпер? Вярнуцца дахаты і да канца жыцця трываць насмешкі братоў і спагадлівыя погляды сясцёр? Заняцца пляценнем кошыкаў ці адкрыць пякарню, назаўжды забыўшыся пра чараўніцтва? Я ўявіў, як дзядзька Лунеш з Ізай прыедуць у наша мястэчка і захочуць адведаць пляменніка Петэра, парушальніка сямейныхтрадыцый, небараку, зусім пазбаўленага здольнасцяў. Я, у белым пякарскім каўпаку і фартуху, перапэцканы мукой, вынесу ім пернікі і крэндзелі. Іза ветліва адшчыкне кавалачак, а дзядзька паляпае мяне па плячы: «Нічога, нічога».

Я ў шаленстве спыніўся і шпурнуў валізкі на сцяжынку. Ну не! Я не зусім пазбаўлены здольнасцяў! «Як кот наплакаў», — сказаў дзядзька, а значыць, хоць бы мізэрны шанц маецца! А астатняе — гэта праца, вучоба і напруга. А я ўседлівы, з добрай памяццю, і цярпення мне не пазычаць! Здолею, змагу! Знарок паступлю на самы складаны факультэт, суткамі буду займацца, закапаюся ў кнігі — і вывучуся на чараўніка!

Слава пра мяне пойдзе з краіны ў краіну, і як-небудзь раніцай за кубачкам кавы дзядзь­ка Лунеш задуменна скажа пастарэлай, патаўсцелай і ўжо не такой прыгожай Ізе: «А ведаеш, я памыляўся ў Петэры. Гэты хлапчук чартоўскі здольны! Ён перасягнуў нават мяне!» Іза расплачацца горкімі слязьмі, раскайваючыся, што неабдумана абрала пасрэднага дзядзьку, не разгледзеўшы геніяльныя задаткі ў пляменніку. Прымецца дасылаць мне любоўныя лісты, якія пахнуць нязменнымі ванільнымі духамі, а я, не чытаючы, пушчу іх на падпалку каміна. Бо я вялікі, я ўсёмагутны, і ўсе дзяўчаты свету — мае...

Суцяшаючы сябе гэткімі фантазіямі, на досвітку я прыцягнуўся, нарэшце, на станцыю. Да цягніка заставалася больш за гадзіну. Перон быў пусты, паміж шпаламі падрыгвалі ад ветрыку дробныя рамонкі, а на лавачцы каля білетнай касы сядзеў Іосіф і змрочна еў сланечнік. Выкалупліваючы пульхнымі пальцамі семкі і злосна сплёўваючы пад ногі шалупінне, ён выглядаў жудасна кіслым і неадпаведным майму прыўзнятаму настрою. Як выявілася, пасля сытнага абеду ў станцыйным буфеце няўдачліваму пасажыру не хапіла грошай на праезд у першым класе, а падарожнічаць другім — ніжэй за ягоную годнасць. Расшчодрыўшыся, я купіў яму квіток.

— Ды ты проста чараўнік! — выгукнуў Іосіф.

Я кіўнуў і загадкава ўсміхнуўся.

Жыццё пачынала ўваходзіць у каляіну.