З павагай да зямлі і да людзей... [Міхась Зарэмба] (fb2) читать постранично, страница - 2

- З павагай да зямлі і да людзей... (и.с. Школьная бібліятэка) 1.18 Мб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Міхась Зарэмба - Алесь Масарэнка - Алесь Пальчэўскі

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

фаце...»

Праз пяць дзён, так сказала знахарка, Вера панесла пасмачку Паўлікавых валасоў на могілкі. Маці хацела правесці яе хоць да могілкавай агароджы, але Вера запярэчыла:

— Пайду адна, як раіла бабка. Каб толькі дапамагло Паўліку. За мяне не бойся...

Была ціхая цёмная ноч, і неба аж мігцела мірыядамі далёкіх зорак. Такі неабсяжны, таямнічы сусвет.

«Адкуль яны свецяць? I дзе ён, край свету? — Вера не ўпершыню задумвалася, а цяпер, па дарозе на могілкі, гэтыя думкі мелі нейкі асаблівы, нават магічны сэнс. — I няўжо Паўлікава збавенне прыляціць адтуль, з бязмежнай вышыні, якую нават нельга ўявіць?»

Вера падыходзіла да могілак усё бліжэй і бліжэй, а ногі, здавалася, вось-вось здранцвеюць, стануць — і ні з месца. У цемры ўжо праступалі абрысы бяроз і соснаў, што ўзвышаліся за нізкай драўлянай агароджай над каменнымі і гранітнымі помнікамі.

«Не бойся, не бойся, — яна шаптала гэтыя два словы як заклінанне. — Ты ідзеш, каб выратаваць Паўліка ад чараў нячыстай сілы. Толькі ты, толькі ты... Алеся цябе не пакрыўдзіць...»

Калі Вера апынулася каля ўвахода на могілкі, раптам цішыня трэснула ад нейкіх аглушальных гукаў, быццам у жалезную бочку сыпанулі каменне. Дзяўчынка аж прысела, ледзьве не выпусціўшы з правай рукі пасмачку Паўлікавых валасоў. Дзіўныя гукі адразу ж сціхлі, як і пачуліся. I зноў наступіла глухая вусцішнасць...

Як Вера прабегла да сярэдзіны могілак, як спынілася тварам на ўсход (толькі ці правільна вызначыла ўсход у цемры?), як кінула правай рукой праз левае плячо Паўлікавы валасы і тройчы прашаптала: «Злітуйся, Божа!» — яна не помніць. Усё адбывалася ў нейкім паўзабыцці: бегла назад па вузкім праходзе паміж магіл, за нешта зачапілася, упала, балюча ўдарыўшы голыя калені, хуценька паднялася, бо якраз у гэта імгненне белая здань мільганула за высокім помнікам...

I як жа Вера ўзрадавалася, калі за могілкавай агароджай сутыкнулася са сваёй маці! Кінулася ёй на рукі і заплакала наўзрыд і закалацілася ўся, быццам у ліхаманцы:

— Алеся! Я бачыла Алесю!

— Ну, што ты, дачушка, ну што ты? Супакойся! Табе здалося, нідзе нікога няма. Я з табой, не бойся...

Вера трызніла ўсю ноч, ускрыквала, плакала ў сне. Раніцой выклікалі ўрача. Урач доўга выслухоўваў дзяўчынку, распытваў але пра начны візіт на могілкі яму не расказалі. Ён прызнаў глыбокае нервовае ўзрушэнне, выпісаў лекі.

Вера цэлы тыдзень не выходзіла на вуліцу, у яе трывожных снах іншы раз з'яўлялася Алеся... Маўклівая, самотная... Вера нікому не расказвала пра свае сны, нават маці. Непакоілі яе і тыя таямнічыя гукі, што так уразілі там, на начных могілках. I толькі праз тыдзень, калі яна пасля хваробы выйшла на вуліцу і ішла паўз могілак, яна раптам зразумела ўсё. I вельмі абрадавалася сваёй адгадцы.

Пасярод могілак стаяла велізарная сасна, а на самай яе макушцы вось ужо каторы год жылі буслы, змайстраваўшы прасторнае гняздо. I тады, ноччу, Веру напалохаў бусліны клёкат, такі нечаканы і патаемны, нібы голас з іншага свету.

Пасля Верынага начнога візіту на могілкі мінула амаль год, але Паўлік па-ранейшаму не ўмеў хадзіць і гаварыць. Бабчына варажба не спраўдзілася, не дапамог і «фокус» з Паўлікавымі валасамі...

«А можа, я зрабіла што-небудзь не так? — сумнявалася Вера. — Можа, тварам стаяла не на ўсход?» Дзяўчынка шкадавала свайго браціка, аддавала яму ўвесь свой вольны час, забаўляла, вучыла гаварыць і хадзіць. Толькі Паўлік працягваў зацята гугнявіць розныя там «ве-ве», «да-да», «пі-пі», «м-м»... А ў яго ножках чамусьці не з'яўлялася моц. Як пракляцце, як непазбежнасць горкага лёсу...

— I чым я ўгнявіла бога? — уздыхала маці.

Гэта яшчэ больш прыгнятала Веру, прымушала яе непакоіцца, перажываць. Яна разумела, што маці хвалюецца не толькі за Паўліка, што бацькава хвароба ёй таксама прыносіць пакуты. Ва ўсім — невядомасць. Як і Паўлікава няўменне гаварыць, як бацькава ачмурэнне, як чуткі пра Алесю...


Вера карміла Паўліка наліснікамі са смятанай і ўсё пазірала ў акно: ці хутка вернецца маці з фермы? А тут яшчэ Сярожка забавіўся каля ракі. Пайшоў на рыбалку раным-рана і быццам у лесе заблудзіўся. Ды яго ад ракі і за вушы не адцягнеш. Верын адзінаццацігадовы брат Сярожка — заядлы рыбак. Гэта ўжо факт! Вось толькі б ён не напаткаў Боўдзілу — з ім лепш не сустракацца. Прыдурак з прыдуркаў. I помслівы — такія міма не пройдуць, усё прыпомняць. I на слабейшым адыграюцца...

Учора надвячоркам Вера ўбачыла каля пясчанага кар'ера Боўдзілу. Ён якраз падбіраўся да гнёздаў беражанак, што густа абляпілі круты бераг кар'ера.

Здалёк жоўты абрыў (адсюль бралі пясок некалькі гадоў назад на будаўніцтва дарогі да райцэнтра) быў падобны на агромністую мішэнь, да якой прыстраляліся з буйнакалібернага кулямёта. Чорныя дзіркі на жоўтым фоне.

Іх было вельмі шмат. I адкуль толькі з'явіліся гэтыя жвавыя, крыклівыя птушкі? Здаецца, раней яны не гняздзіліся ў тутэйшых мясцінах. Ці, можа, Вера не заўважала іх? Вось жа нагледзелі кар'ер, аблюбавалі сабе такое дзівотнае месцажыхарства ў норах. I