Бяздоннае багацце: легенды, паданні, сказы [Антон Іванавіч Гурскі] (fb2) читать постранично, страница - 65

- Бяздоннае багацце: легенды, паданні, сказы 653 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Антон Іванавіч Гурскі

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

была пакрываўлена. Мыла я кашулю тую і слязамі і вадой.

Яму можна было ўцячы, і гаварыла я яму пра гэта, дык ён казаў:

— Вы, матуля, не ведаеце, чым я займаюся. Каб я быў злодзей, уцёк бы, а як я змагаюся за праўду народную, уцякаць мне не трэба. Уцёк бы я, а вы ўсе забітыя праз мяне былі б.

Пасля суда прывялі папа, каб ён спавядаў. Андрэй мой адмовіўся. Прыгаварылі сыночка, яго таварышаў, усяго адзінаццаць чалавек, да расстрэлу, іншых на вечную катаргу асудзілі.

Хацелі расстраляць іх уначы, але ноччу быў дождж страшэнны, быццам слёзы людскія ліліся. Павялі іх раніцою, закавалі ў кайданы па два чалавекі і ў пушчы расстралялі.

Казалі людзі, якія магілу капалі, што ім вочы пазавязвалі, а перад гэтым яшчэ раз папа прывялі, а тады пабілі, пастралялі, некаторых жывымі закапалі ў магілу.

Як яго пахавалі, я хадзіла шэсць начэй на могілкі, не магла дахаты пайсці, сына свайго аплаквала. Казала я сама сабе:

«Папухнеце вы, белапалякі, а мы сыноў сваіх дастанем».

Аднойчы ўначы я была ля могілак, чую, ідзе польскі патруль.

Гавораць яны між сабой:

— Тут нехта бывае, злапім, будзе яшчэ адна магіла.

Уцякла я адтуль, як на голубу ляцела.

Хадзіла тры разы тапіцца — не магла гора перажыць, але людзі стрымалі мяне.

Белапалякі магілу зраўнялі з зямлёю, каб і знаку не было. Але скора ворагі ўцяклі, і праз тры дні прыйшла папера, каб магілу адкрыць. Чырвоная Армія пахавала нашых дзяцей з музыкай.

Кожны год на могілках свята наладжваецца ў гонар дзяцей нашых; усе ідуць — і старыя і малыя — з чырвонымі сцягамі і мяне вядуць на пачэснае месца.

Я сама жыла ў бядзе і ў горы, мой бацька быў бядняк з беднякоў, толькі на дзеці і быў багаты — у яго было трынаццаць душ. Елі мы мякіну, мяшаную з грэчкаю, і так гадаваліся. А як Андрэй падрос мой, дык казаў:

— Маці дарагая, не бядуйце, скора будзе шчаслівае і добрае жыццё для ўсяго народа.

Я адна цяпер жыву, уся сям’я мая загінула, а савецкая ўлада дала мне пенсію.

Дзеці мае, чатыры душы, памерлі праз пабоі белапалякаў, і муж мой, пасля таго як сына расстралялі, счарнеў ўвесь, так перажываў, знясілеў і хутка памёр. ......

Дзеці мае рабочыя людзі былі — і касілі, і малацілі, усякую работу рабіць маглі, але не дажылі яны да нашага часу.

Але цешыць сэрца тое, што сын мой, якога я выхавала, за народ змагаўся; хоць кроў сваю праліў, але ўнукі нашыя знайшлі долю на вольнай ад панскай нечысці зямлі.

САМАЕ МОЦНАЕ СЛОВА Ў СВЕЦЕ


Калі немцы ў Беларусь улезлі, як збродлівыя свінні ў чужы агарод, пачаў самы галоўны іхні, Гітлер, выхваляцца на ўвесь свет — і па радыё гаварыць, і ў газетах пісаць:

— Няма такой сілы, каб маю сілу змагла адолець, і народа такога, якога б я не сагнуў у тры пагібелі.

А ў нашым сяле пастух быў. Не сказаць каб асілак які: і росту сярэдняга, і ў плячах не надта шырокі. Праўда, бычка-трацячка за рогі на калені ставіў. Слухаў ён, слухаў Гітлера дый кажа:

— Каб ты на свеце так жыў! Хто многа хваліцца, той хутка паваліцца. Хваліўся і воўк, што ў жывога каня падковы з ног здзярэ, але сам дамоў без зубоў прыйшоў. Будзе гэтак і табе.

Дайшло яго слова да Гітлера, загадаў ён схапіць пастуха і прывесці да сябе.

— Ты,— кажа,— у маю сілу не верыш?

А пастух — яму:

— Дзед мой і бацька ўсім праўду ў вочы казалі і мне так загадалі. Не веру!

— А чаму? — пытаецца Гітлер. — Ці ж ты не чуў, што я — другі Напалеон?

— Не ведаю,— адказвае пастух,— можа, на полі ён і быў, а толькі на Бярозе ў нас ад яго шапка ды рукавіцы засталіся. Дзед мой яго там цэпам біў.

— Я мацней за Вільгельма! — упёрся Гітлер.

— Гэтага не ведаю,— кажа пастух.— Не быў я, калі вы з Вільгельмам дужаліся. Але мой бацька і Вільгельма біў.

— А ты сам маю сілу бачыў?

Паскроб пастух патыліцу:

— Бачыць-то бачыў... Толькі да сілы яшчэ розум трэба, а вось розуму я і не бачыў.

Зарагатаў Гітлер:

— На чорта мне той розум? Без яго я ўсю Еўропу згроб і палову Расіі ўжо ўзяў.

— Узяў, ды не панёс...

— А чым жа вы такія моцныя? — пытаецца Гітлер.

— А мы слова адно ведаем: калі скажаш яго, дык у ворага сілы ўбавіцца, а ў нас прыбавіцца.

— Скажы мне гэта слова,— пачаў прасіць Гітлер,— можа, яно і мне прыдасца.

— На пятлю хіба? Ад гэтага слова ты скапыцішся. Ад яго рэкі разліваюцца, пушчы з месца кранаюцца, віхры ды мяцеліцы ўзнімаюцца і ўсё на ворага рушыць. Яно крэпасці разбурае. Гэта самае моцнае слова ў свеце.— I, не чакаючы больш, як крыкне: «За Радзіму!»

У Гітлера адразу палова цела аднялася, вочы на лоб палезлі. А на ўсёй Беларусі пушчы ажылі — і лес, і людзі на немца пайшлі. Зямля пад нагамі ў ворага загарэлася. I ўсё таму, што нашы людзі самае моцнае слова ў свеце ведалі.