Выбраная проза [Іван Бунін] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Выбраная проза (пер. Янка Скрыган, ...) (а.с. Скарбы сусветнай літаратуры) (и.с. Скарбы сусветнай літаратуры) 2.02 Мб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Іван Бунін - Аляксандр Купрын

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

няшчасці, пакуты, хваробы, здрады каханых і горкія крыўды сяброўства — і наставаў час разлукі з усім, з чым зрадніўся. І, сабраўшыся з духам, зноў браў я ў рукі свой падарожны кій. А пад'ёмы да новага шчасця былі высокія і цяжкія, ноч, туман і бура сустракалі мяне на вышыні, жудасная адзінота абступала на перавалах... Але — хадзем, хадзем!

Спатыкаючыся, я валакуся як у сне. Да раніцы далёка. Цэлую ноч давядзецца спускацца к далінам і толькі на золку ўдасца, магчыма, заснуць дзе-небудзь мёртвым сном, — сціснуцца і адчуваць толькі адно — асалоду цяпла.

Дзень зноў абрадуе мяне людзьмі і сонцам і зноў надоўга падманіць мяне... Недзе ўпаду я і ўжо назаўсёды астануся сярод ночы і завірухі на голых і ад веку пустэльных гарах?


1892-1898


Антонаўскія яблыкі

I

...Успамінаецца мне ранняя пагодлівая восень. Жнівень быў з цёплымі дожджыкамі, што ўсё роўна як назнарок выпадалі на сяўбу, — з дожджыкамі ў самую пару, пасярод месяца, перад святам Лаўрэна. А «восень і зіма ў дабры жывуць, калі на Лаўрэна вада ціхая з дожджыкам». Потым у бабіна лета павуціння многа села на поле. Гэта таксама добры знак: «Многа цянётнікаў на бабіна лета — восень ядраная»... Памятаю свежую, ціхую раніцу... Памятаю вялікі, увесь залаты, падсохлы і парадзелы сад, памятаю кляновыя прысады, тонкі водар паападаных лістоў і — пах антонаўскіх яблыкаў, пах мёду і восеньскай свежасці. Паветра такое чыстае, як бы яго зусім няма, па ўсім садзе чуюцца галасы і рыпяць калёсы. Гэта тархане, мяшчане-садоўнікі, нанялі мужыкоў і насыпаюць яблыкі, каб уночы адпраўляць іх у горад — абавязкова ўночы, калі гэтак хочацца ляжаць на возе, глядзець у зорнае неба, адчуваць пах дзёгцю ў свежым паветры і слухаць, як ціхенька парыпвае ў цемры доўгі абоз па вялікай дарозе. Мужык, што насыпае яблыкі, есць іх з сакавітым хрустам адно за адным, але ўжо такая завядзёнка — ніколі мешчанін не абарве яго, а яшчэ скажа:

— Еш, еш, колькі хочаш — чаго там! Калі выбіраюць мёд — усе яго п'юць.

І халаднаватую цішыню раніцы парушае толькі раздабрэлае квахтанне драздоў на каралавых рабінах у гушчыні саду, галасы ды гулкі грукат яблыкаў, якіх насыпаюць у дзежкі і паўасьмінкі. У парадзелым садзе далёка відна дарога да вялікага будана, усыпаная саломаю, і сам будан, каля якога мяшчане завялі за лета цэлую гаспадарку. Усюды моцна пахне яблыкамі, тут — асабліва. У будане змайстраваны пасцелі, стаіць стрэльба паядынка, пазелянелы самавар, у кутку — пасудак. Каля будана валяюцца рагожы, скрыні, усялякія старыя манаткі, выкапана земляная печ. У поўдзень на ёй варыцца найлепшы кулеш з салам, увечары грэецца самавар, і па садзе, паміж дрэвамі, рассцілаецца доўгаю палосаю блакітнаваты дым. У святочныя ж дні каля будана — цэлы кірмаш, і за дрэвамі сюд-туд мільгаюць жаночыя святочныя ўборы. Тоўпяцца бойкія дзеўкі-аднадворкі ў сукенках, якія моцна пахнуць фарбаю, прыходзяць «панскія» ў сваіх прыгожых і грубых, дзікунскіх гарнітурах, маладая старасціха, цяжарная, з шырокім сонным тварам і важная, як халмагорская карова. На галаве ў яе «рагі» — косы вылажаны з бакоў макаўкі і завязаны некалькімі хусткамі, так што галава здаецца вялізная; ногі ў чаравіках з падкоўкамі, стаяць тупа і моцна; безрукаўка — плісавая, фартух — доўгі, а андарак — чорна-ліловы з палоскамі цаглянага колеру і аблямаваны ў падоле шырокім залатым «празументам»...

— Гаспадарлівая кабеціна! — кажа пра яе мешчанін, ківаючы галавою. — Пераводзяцца цяпер такія...

А хлапчукі ў белых кужэльных кашулях і ў кароценькіх портачках, з белымі голымі галовамі, усё падыходзяць. Ідуць па двое, па трое, дробна перабіраючы босымі ножкамі, і косяцца на калматага сабаку, прывязанага да яблыні. Купляе, вядома, адзін, бо і куплі тае ўсяго на капейку або на яйка, але пакупнікоў многа, гандаль ідзе бойка, і сухотлівы мешчанін у доўгім сурдуце і ў рыжых ботах — вясёлы. Разам з братам, картавым, шустрым блазнам, які жыве ў яго «з ласкі», ён гандлюе з жартамі, з прымаўкамі і нават часамі «тне» на тульскім гармоніку. І да вечара ў садзе тоўпіцца народ, чуецца каля будана гамана і смех, а часамі і тупат скокаў...

Пад ноч у пагоду робіцца вельмі холадна і росна. Надыхаўшыся на гумнішчы жытнёвымі пахамі новай саломы і мякіны, бадзёра ідзеш дадому на вячэру паўз садовы вал. Галасы на вёсцы або рыпенне варотаў чуюцца ў халаднаватым змярканні вельмі ясна. Цямнее. І вось яшчэ пахі: у садзе — вогнішча, і моцна цягне духмяным дымам вішнёвага сучча. У цемрыве, у глыбіні саду — казачная карціна: нібы ў куточку пекла, палае каля будана барвовае полымя, акружанае цемраю, і нечыя чорныя, быдта выразаныя з чорнага дрэва сілуэты ходзяць вакол вогнішча, між тым як велічэзныя цені ад іх слізгочуць па яблынях. То па ўсім дрэве ляжа чорная рука на некалькі аршынаў, то вельмі ярка нарысуюцца дзве нагі — два чорныя слупы. І раптам усё гэта слізгане з яблыні — і цень упадзе па ўсіх прысадах, ад будана да самай брамкі...

Позна ўночы, калі