Родам са Слонімшчыны [Сяргей Чыгрын] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Родам са Слонімшчыны 253 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Сяргей Чыгрын

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

сям’і голад, Багданчук уперш прасіў, каб яго, калеку, не нішчылі, каб не забіралі ў яго дзетак апошняга куска. Аднак дарма! І збожжа, і рэчы цяпер у гміне, а самога пакрыўджанага Багданчука цягаюць цяпер яшчэ за “абразу ўлады”. Ужо ад пракурора ёсць паперка, што Багданчука будзе судзіць Акружны Суд, і прапануюць яму паставіць сведкаў ад сябе і наняць адваката. Але беднаму сляпому няма за што. Ён пачарнеў ад голаду, апусціў рукі і без надзеі жджэ, каб хоць хутчэй крапіўка вырасла, а на розныя папяровыя “всказувкі” і тэрміны не звяртае увагі. Хай будзе, што будзе!”.[2]

У наступным допісе Максім Бурсевіч паведамляў аб тым, што “25 снежня 1925 года звольнены з астрога жыхар вёскі Чамяры Слонімскага павета Якаў Пракапчук, 60 гадоў. Ён прасядзеў у астрозе ажно тры месяцы і звольнены без ніякага акту абвінавачання і без залогу. Пры “баданнях” не знайшлі ніякай віны, якая была б падставай для абвінавачання. Ці ж гэта не здзекі над беларускай люднасцяй?!”.[3]

З пачатку 1920-х гадоў Максім Бурсевіч падтрымліваў сувязь з беларускімі арганізацыямі ў Вільні. А праз пэўны час яго кандыдатура была вылучана Беларускім цэнтральным выбарчым камітэтам на пасла ў польскі сейм. У чэрвені 1925 года ён увайшоў у 1-ы актыў Беларускага пасольскага клуба, а праз год быў залічаны ў склад ЦК Беларускай сялянска-работніцкай Грамады (БСРГ) і абраны кіраўніком яе Цэнтральнага Сакратарыята.

Максім Бурсевіч загадваў фінансавымі сродкамі БСРГ, ствараў яе мясцовыя камітэты, наладжваў іх работу. У яго рукі аддалі ўсе фінансавыя сродкі — не інакш, мелі да яго бязмежны давер, як да чалавека сумленнага. Высока ацэньвалі яго здольнасці і ведалі, што ён адолее ўсе праблемы. Хоць гэта і была для Бурсевіча незвычайная справа: з вёскі ў горад, і адразу за руль вялікай і ўвесь час растучай арганізацыі. Але справіўся ён дастойна. Аб гэтым сведчыць і рашэнне апеляцыйнага суда, які ўсім паслам з 12 гадоў зняволення зменшыў тэрмін напалову, а Максіму Бурсевічу зменшыў толькі на 2 гады.

Пакаранне наш зямляк адбываў у турмах Лукішкі, Вронкі, Каранова. У 1931 годзе, у выніку абмену палітычнымі зняволенымі, ён трапіў у БССР. Жыў у Мінску. З’яўляўся членам прэзідыума і выконваў абавязкі кіраўніка аддзела культуры і навукі Дзяржплана БССР. Удзельнічаў у рабоце камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР.

У другой палавіне 1933 года Максім Бурсевіч быў беспадстаўна абвінавачаны ў арганізацыі антысавецкага цэнтра, “заснаванага для аддзялення Беларусі ад СССР на карысць Польшчы”. А 9 студзеня 1934 года яго асудзілі да найвышэйшай меры пакарання, якая была заменена 10 гадамі зняволення. Пакаранне Максім Бурсевіч адбываў на Салаўках і на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала.

9 кастрычніка 1937 года тройкай УНКУС па Ленінградскай вобласці наш зямляк быў асуджаны да расстрэлу. 3 лістапада 1937 года прыгавор быў выкананы. І толькі ў 1956 годзе Бурсевіч быў пасмяротна апраўданы па абодвух прысудах.

Максім Бурсевіч — выбітная постаць ў гісторыі Беларусі, таксама як Браніслаў Тарашкевіч і Сымон Рак-Міхайлоўскі. І калі пра іх напісаны кнігі, выдадзены іх творы і выступленні, адкрыты мемарыяльныя шыльды, дык Максім Бурсевіч зусім забыты. Няма ні помніка, ні шыльды. Не выдадзены яго выступленні і літаратурныя творы (пісаў гумарэскі, фельетоны, байкі, інфармацыі, друкаваўся ў “Беларускай долі”, “Змаганні”, “Сялянскай праўдзе”, “Беларускай ніве”, “Беларускай справе”, “Загоне”, “Савецкай Беларусі”). Наогул, пра яго мала хто ведае. Хіба толькі гісторыкі...


АНДРЭЙ ПРАКАПЧУК (1896-1970)


Да славутых чамяроўцаў належыць і доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі нашай рэспублікі Андрэй Якаўлевіч Пракапчук.

Нарадзіўся Андрэй Пракапчук у 1896 годзе ў Чамярах, дзе і прайшло яго дзяцінства. Скончыў Слонімскую гарадскую вучэльню, пасля настаўніцкія курсы, якія знаходзіліся ў мястэчку Свянцяны Віленскай губерні.

Час на курсах прайшоў хутка, і неўзабаве Андрэй Пракапчук апынуўся ў Жыкморах Трокскага павета, дзе ўладкаваўся працаваць настаўнікам. У Жыкморскай школе было пяцігадовае навучанне, таму дасталіся яму пачатковыя класы. Школа была нішто сабе, і настаўнікі — людзі неблагія, акрамя загадчыка школы Лабанава. Гэта быў чарнасоценец, член "Саюза рускага народу", ён выпісваў чарнасоценную газету "Земшчина". Аднак працаваць Андрэю Пракапчуку загадчык не вельмі перашкаджаў, і клас яго быў не з горшых: калі школу правяраў інспектар народных вучэльняў, ён звярнуў на яго ўвагу і нават запрасіў настаўнік да сябе ў Трокі. У Троках, калі яны пазнаёміліся бліжэй, інспектар сказаў, што будзе рэкамендаваць Андрэя ў Пецярбург на Фрэбелеўскія курсы. Пракапчук, вядома, узрадаваўся, але на курсы не паехаў, бо пачалася Першая Сусветная вайна.

У жніўні 1914 года Андрэя Пракапчука прызвалі ў войска. Служыў салдатам у першай роце лейб-гвардыі