Калі расцвітуць чорныя ружы [Кацярына Мядзведзева] (fb2) читать постранично, страница - 15

- Калі расцвітуць чорныя ружы 342 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Кацярына Мядзведзева

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

што рыхтаваліся расцвісці, і неяк вельмі знаёма хмурыў бровы.

— Летні гатунак? — спытаў Валянцін.

— Позневясновы, — не паварочваючы галавы, адказаў хлопчык.

— Тут кіслая зямля. Падкормліваеш?

— Вапна і попел, — гэтак жа хутка і нібы нехаця адказаў ён.

— А гатунак які? Бялянка? Рубінавае сэрца?

Тут хлопчык нарэшце павярнуўся і падняўся з кукішак. У вачах яго чыталася паблажлівасць да дурнога незнаёмца, што прыстае з дзіцячымі пытаннямі і замінае працаваць.

— Гэта блакітны цюльпан, — растлумачыў ён.

— Але такіх не бывае! — засмяяўся Валянцін.

— Пра чорную ружу таксама так казалі, — парыраваў хлопчык.

Валянцін здрыгануўся.

— Чорныя ружы? — паўтарыў ён. — Адкуль ты пра гэта чуў? Цябе ў тыя гады наогул на свеце не было! Няўжо тая гісторыя стала вядомай усім?

— Якая яшчэ гісторыя? — нецярпліва запытаў хлопчык і махнуў рукой. — Вунь яны, там.

— Хто?

— Ды чорныя ружы! — ён пакруціў галавой і пабег дадому, насустрач Лізе, што стаяла ў дзвярах і рабіла выгляд, што вельмі-вельмі сярдуе.

З цяжкім сэрцам, хвалюючыся, Валянцін паплёўся ў паказаным кірунку. Ён убачыў абгароджаную белымі каменьчыкамі клумбу, вялікую, круглую, у самым цэнтры саду. І там, на высокіх падпорках, клапатліва падвязаныя вяровачкамі, пышна квітнелі чорныя ружы. Няўжо тыя самыя? Валянцін не рызыкнуў набліжацца да іх, але яшчэ на адлегласці пачуў — і нямала здзівіўся, — што гэтыя ружы пахнуць. Нясмела і баязліва, ледзь-ледзь выпускаючы водар з тугіх скручаных пялёсткаў, нібы пытаючы дазволу — ці можна ім быць такімі ж, як іншыя кветкі?

Захоўваючы дыстанцыю, Валянцін разглядаў іх недаверліва. Бач ты, пахнуць. Але ён выдатна памятае, на што здольны гэтыя нявінныя з выгляду стварэнні. Тут трэба быць напагатове!

Нячутна да яго падышла Ліза.

— Як вас разумець? — спытаў Валянцін злосна і гучна. — Гэтая ружа загубіла маё жыццё, звяла мяне з розуму, Ліза! Яе трэба выкарчаваць, спаліць, знішчыць! Каб ніводнага семечка, ніводнага чаранка! Не, нездарма тады я шпурнуў пакуначак у смеццевы кошык! Я прадчуваў, што там адныя беды і няшчасці! Калі б не адвечная жаночая цікаўнасць. — і ён разышоўся, і гаварыў усё гучней, і ўзяў Лізу за рукі, і, здаецца, трохі яе страсянуў, каб яна лепш яго пачула і зразумела.

І адразу аднекуль з-за ружавых кустоў з'явіўся Густаў, нязменны, высачэзны, пануры. Ён устаў у Лізы за спінай, гаспадарскім жэстам паклаў рукі ёй на плечы. На яго безыменным пальцы таксама пабліскваў пярсцёнак. «Ах, вось як?» — ашаломлена падумаў Валянцін. Гэтага ён не чакаў. Каб дурыла Густаў ажаніўся, хай нават з крываножкай? Ну, ведаеце. Дык атрымліваецца, гэты юны батанік — іх сын? Кемлівы хлапчук. З яго выйдзе талковы садоўнік. І зноў Валянцін адчуў сябе лішнім. Ён вяртаўся дадому, ён хацеў застацца — але ці варта?— Ты спазніўся, — усміхнулася Ліза. — Ва ўсіх гарадскіх садах ужо квітнее «чорная ружа ад Валянціна». Праўда, гэта цуд? А тая старая прымаўка пра чорныя ружы выйшла з моды. Цяпер яе кажуць толькі, каб паказаць чыюсьці дурасць. І чаму ты так зненавідзеў гэтую бедную квет­ку? Яна не вінаватая, што чорная.

— Ты не разумееш, Ліза! — з горыччу сказаў Валянцін. — Яна небяспечная! Яна забівае жаданне жыць, пазбаўляе надзеі! У маім сэрцы не засталося нічога светлага: усё забрала чорная ружа! А ты трымаеш яе ў садзе і прадаеш людзям! Яна загубіць увесь горад, як загубіла мяне!

— Ты сам сябе загубіў, — адказала Ліза ціха, але Валянцін як быццам бы не пачуў яе.

— Я доўгія гады бадзяўся, пазбягаў вяртання ў горад, баяўся, што гэта гісторыя будзе ва ўсіх на вуснах, што мяне выставяць на смех, упякуць за краты ці абвесцяць ведзьмаком. Гэта мой страх, мая ганьба! А вы тут іх калочкамі падпіраеце?! Не чакаў я ад вас такога! Вырошчваць чорную ружу пасля ўсяго, што яна мне прычыніла! Гэта не робіць вам гонару! — і Валянцін замоўк, дакорліва круцячы галавой.

Ліза ціха ўздыхнула. Густаў нахмурыўся. У цішыні пачулася дзелавітае гудзенне. Тоўстая пчала прызямлілася на паслужліва раскрытыя пялёсткі, папаўзла ў сярэдзінку, і задаволеная ружа запахла мацней.

— Нам не робяць гонару чорныя думкі, — задуменна сказала Ліза. — А чорная кветка — гэта проста чорная кветка.



Акварэль Ксеніі Лакоткі