галасіста, на ўвесь луг, нешта палескае, бо яна чыстая паляшучка, з Турава родам, смуглявая, скуластая, яе і дражняць у вёсцы Тураўкай...
Седзячы цяпер на ўслончыку, пазіраючы на гэтае жоўтае матчына паліто, на самую маці, Антон адчуў, як у сярэдзіне ў ім нешта вось-вось збіраецца абарвацца, а вочы пачынае шчыпаць. Адкуль узялася, ад чаго гэтая віна перад ёю?! Што цяпер яна ўжо не спявае? Што не можа ён вярнуць яе ў той летні дзень, калі пчолы гудзелі на красках, і ліплі да пальцаў смолкі, і песня плыла над рэчкаю, лугам, аддавалася ў лесе?..
Вось што цяпер яму казаць? Што выгналі мяне, але нічога страшнага, галоўнае, я люблю цябе, шкадую, буду слухацца, памагаць? Ды не трэба ёй ніякай помачы! Гэтая праца — адзінае, што ў яе асталося. Яна прывыкла жыць адна, есці абы-як, мала, не паліць у грубе, шкадуючы дроў, мерзці вечна, — але яна шчаслівая, бо жыве не для сябе, ведае: адзін, старэйшы сын — у блізкім горадзе, сямейны, другі вучыцца ў Мінску, гэта для іх ёй трэба недаядаць, недасыпаць... І вось заяўляецца ён, каб памагаць ёй — адбіраць занятак, які для яе само існаванне.
Гэты момант, калі Антон ледзь не заплакаў ад жалю, гледзячы на матку і яе жоўтае асенняе халоднае паліто, ясна паказаў яму: калі ён сапраўды так моцна любіць і шкадуе яе, лепш за ўсё яму не паказваць гэтага. Трэба быць або строга ўпэўненым, або насмешлівым, як з Пульсам у лесе, трэба казаць і рабіць выгляд, што яму на ўсё напляваць, у жыцці бывае не такое, ён, урэшце, жывы-здаровы, малады, і не прападзе. Расслабляцца не трэба было.
Ён сказаў:
— Сядзь ты за стол ды паеж па-людску. Зараз картоплі зварацца.
— Я не хачу, — але паслухалася, села, падперла рукою галаву, гледзячы на яго. — Ну, выгналі? Дапіўся? Ай-яй...
— Ніхто мяне не выганяў. Я заваліў экзамены і ўзяў... на год ці на паўгода акадэмічны водпуск.
— Не брашы, сынок, ты два гады вучыўся на круглыя пяць.
— Скажы лепш, — схамянуўся ён, — чаму ты раструбіла па ўсёй вёсцы, што мяне выгналі за п'янку?
— Я раструбіла?! Я маўчала, як тая рыба ў пельцы! Гэта ж тая, на пошце, прачытала тваё пісьмо! (Маці мела зуб на Надзю-паштальёнку, некалі сама хацела прыстроіцца насіць газеты, але ўзялі Надзю як больш «граматную».)
— Як прачытала? Чужы ліст?
— Так, разадрала канверт і прачытала! Яна што хочаш можа! І пісьмы чужыя чытае, і што хочаш... Пабач на сам, — маці дастала з шуфлядкі тумбачкі пісьмо, падала.
Праўда, добра было відаць, як няўмела, грубавата падклейваўся ў другі раз верх канверта. Васкевіч пакруціў канверт у руках — «А раптам гэта не Надзя?» — падумаў ён і знаёмы з Мінска халадок варухнуўся ў грудзях, каля сэрца.
— А я ўжо як пабачыла, — казала далей маці, — што яе рук гэта не мінула, тады ўжо і я ў магазіне — як то сказаць, прабалтала, што, можа, Антон мой хутка прыедзе. Што, можа, ён там у Мінску трохі выпівае. А так — я ж маўчала, як рыба!
Антон абгарнуў ручніком чыгунчык, сцадзіў у вядро, паклаў у талерку некалькі гарачых бульбін, падсунуў да маткі. Але тая не стала есці, усхапілася, выцягнула з печы вялізны чыгун са «свінячай» ежаю, у вядро з адцэджанай вадою сыпнула мукі, укінула паўкулідкі хлеба, пачала мяшаць рукою...
— І што ты думаеш рабіць цяпер? Адзін, як гаворыцца, на ўсе дзярэўні?
— Нічога... жыць.
— Ну жыві. Ідзі ў які калхоз, калі шчэ возьмуць, ды сядзі тут з маткаю... Будзеце піць з Пульсам, бо той тожэ адзін сядзіць, дык той дурны, а ты ж разумны...
Панесла вядро на двор, а Васкевіч зноў прысеў перад грубкаю, у якой даўно ўжо ўсё патухла, і паўтараў сам сабе, бы зацыклены: «Не Надзя, гэта не Надзя...»
Вяртаючыся, маці заскочыла ў поргаб
[3], прынесла ў хату кош, выставіла з яго слоік гуркоў, слоік памідораў, слоік белых марынаваных грыбкоў, міску квашанай капусты, пабегла ў калідор, падсмажыла хутка на газе мяса з яечняю — застаўлены аказаўся ўвесь стол. Паелі моўчкі. Раней, калі Антон прыязджаў з Мінска, заўсёды пытала, ці не вьп'е, і калі згаджаўся, ставіла пляшку куплёнай гарэлкі — цяпер нават не папыталася. Хутка Антон падзякаваў, выбраўся з-за стала, накінуў на плечы кухвайку, выйшаў на двор пакурыць. Марозу амаль не было, ледзь-ледзь мігцелі над галавой слабыя зоры. Усё навокал цёмнае, чорнае — нават плот і дрывотня здаюцца нечым чужым, фантастычным... Моцна пахла начным адліжным снегам, і проста рука не паднялася закурыць, перабіваць гэты пах. «Нічога, цяпер усё ясна. Чысты перад Богам і людзьмі».
Спаць ляглі рана. Ціха ішоў тэлевізар. Антон пачаў быў ужо засынаць, як зусім бяссонным голасам азвалася маці:
— Нашто ты піў?
— Мама, я не піў. Гэта доўга расказваць. Мяне выгналі за тое, што я гаварыў так, як вы. Як у вёсцы гавораць. Па-беларуску.
— Не брашы. За гэтае нікога не выганяюць!
— Мяне ж выгналі.
— А яшчэ каго? — з надзеяй спытала маці.
— Нікога больш.
— Хіба ты адзін так гаварыў?
— Чалавек дзесяць.
— А цябе аднаго выгналі? Чаму?
«Хацеў бы я гэта і сам ведаць...» Антону раптам падалося, што маці разумее нашмат больш,
Последние комментарии
13 часов 58 минут назад
14 часов 16 минут назад
14 часов 25 минут назад
14 часов 26 минут назад
14 часов 29 минут назад
14 часов 47 минут назад