Багун [Вінцэсь Мудроў] (fb2) читать постранично, страница - 4

- Багун 847 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Вінцэсь Мудроў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Дану, і пра... — рука цягнецца да Чэся, ды той гучна чхае і Цыба незадаволена трасе галавою.

На другім уроку Зьмітрака цягне на сон. Хлопец сядзіць, прыкрыўшы рот — Цыба ня любіць, калі хто зяхае — і асавела глядзіць на мапу Савецкага Саюзу, па якой шнарыць канец настаўніцкай указкі. Да вушэй далятаюць толькі асобныя сказы.

— ... А там, за бацюхнам-Уралам, ляжыць суворы і казачна багаты край — край вячыстых лясоў, магутных рэк, высокіх гор, якія хаваюць у сваіх нетрах незьлічоныя багацьці...

Зьмітрок употай пазяхае і зялёная, пакрытая атожылкамі рэк, Заходне-Сыбірская раўніна паволі расплываецца ўваччу.

— ... Сталінскія пяцігодкі непазнавальна зьмянілі гэты край... Там, дзе зусім нядаўна шумела тайга і блукалі непалоханыя мядзьведзі, сёньня паўсталі новыя гарады і пасёлкі, леглі сталёвыя рэйкі чыгунак, загулі турбіны заводаў і фабрык... Пройдзе зусім няшмат часу, вы станеце дарослымі і, магчыма, хтосьці з вас паедзе ў далёкую Сыбір, працаваць на будоўлях камунізму...

У калідоры грукаюць дровы – гэта цётка Агата прынесла да печы апошні абярэмак; дзесьці знадворку, нібыта абуджаныя грукатам дроваў, пырхаюць коні, і Зьмітрок з Чэсем прыбіваюць насы да марознай шыбы.

Па вуліцы едзе абоз. Схуднелыя коні цягнуць шырокія развалкі, на якіх сядзяць людзі ў сьпічастых шапках.

— Жаўнеры, — выдыхае Чэсь, і настаўніца, адсунуўшыся ад акна, папраўляе: — Не жаўнеры, а байцы Чырвонай Арміі.

Цыба стукае ўказкай па падаконьніку, заклікаючы вучняў сесьці, ды тут брынкае званок – цётка Агата чамусьці зазваніла раней часу.

За палякамі ўсе вучыліся разам, у школе-сямігодцы. Цяпер малечу адасобілі; школка, дзе займаюцца Зьмітрок з Чэсем, называецца пачатковай і месьціцца на ўскрайку мястэчка, у былой габрэйскай краме. Да сямігодкі паўвярсты хады, аднак хлопцы маюць завядзёнку: бегаць туды пад час вялікай пярэрвы. Цікава ж пакруціцца сярод старэйшых мальцаў, паслухаць іхныя размовы. Ну а сёньня і пагатоў: абоз з жаўнерамі прыехаў... Ці ўседзіш тут у школе.

Цётка Агата яшчэ бомкала званком, а Зьмітрок з Чэсем, на хаду насоўваючы кажухі, ужо бухнулі плечукамі ў дзьверы. Бухнулі раз, другі, і толькі тады зразумелі, што дзьверы зачыненыя.

— Мароз... на вулку ніхто ня пойдзе, — азвалася Цыба. Расьпіхваючы вучняў, што высыпалі з клясы, настаўніца падбегла да акна ў канцы калідора. З дапамогаю цёткі Агаты ўзьлезла на падаконьнік, расчыніла фортку.

— Товарищи, куда поехали красноармейцы? — крыкнула, пусьціўшы марозную аблачынку, Цыба, і ў гэты момант у дзьверы пастукалі.

Цётка Агата хуценька іх адчыніла, хлопцы памкнуліся скочыць на двор, ды ўбачылі на парозе заінелага вайскоўца.

— Младший политрук Сергиеня, — адрэкамэндаваўся вайсковец, пераступіў парог і цётка Агата — ці то зь перапуду, ці то зь якой іншай прычыны, ізноўку дачасна бомкнула званком.

Настаўніца таропка пісала на дошцы. Крэйда крышылася, сыпалася долу і літары атрымліваліся пахілымі і нязграбнымі. “Да 17 верасьня 1939 года беларускія сяляне... — слова “сяляне” атрымалася зусім нечытэльным, таму Цыба сьцёрла яго і напісала па-новай, — …сяляне... стагналі ў ярме польскіх паноў і капіталістаў”.

Дрогкая рука кранулася лобу, пазначыўшы яго белай мецінай.

— Перапішыце сказ, запісаўшы лічэбнікі пропісьсю, — настаўніца перавяла дыханьне, падышла да клясных дзьвярэй і ўжо з калідору задыхана прамовіла: — Сядзець ціха, я зараз вярнуся.

“Да сямнаццатага... — напісаў Зьмітрок, тыцнуў асадку ў каламар. “Сямнаццатага ці семнаццатага?” — падумаў хлопец, скасіў вока ў Ленчын сшытак, але суседка закрыла сшытак бібулай. Чэсь таксама памкнуўся зірнуць цераз Ленчын плячук, але атрымаў чытанкай па галаве.

— Выдатніца сраная, — буркнуў Чэсь, а Ленка, не азіраючыся, выдыхнула яшчэ больш абразьлівае: — Асаднік недабіты.

У Чэся па пісьму адны двойкі: беларуская мова яму даецца цяжка.

Рыплівае пёрка выводзіць слова “стагналі” і на паперы расплываецца невялічкая клякса. Зьмітрок незадаволена крывіцца, прыкусвае ніжнюю вусну, міжволі задумваецца над сэнсам напісанага. Цыба піша, што сяляне стагналі, але ж гэта лухта. Стагнала толькі іхная бабця Наста. Паўгода адляжала, хворая, на печы і памерла на яблычны Спас.

Пад драбы тыцнула асадка і Зьмітрок азірнуўся. Чэсь, што сядзеў за ягонай сьпінай, шматзначна таргануў галавой. Пудка ступаючы па рыпучай падлозе, хлопцы высьлізнулі з кляса, агледзеліся. Цётка Агата, відаць, выйшла на падворак: калідор быў пусты і браты, ня чуючы ўласных ног, падкраліся да дзьвярэй настаўніцкай.

— Вы тут всех знаете, а потому должны нам помочь, — басіў за дзьвярыма малодшы палітрук. У настаўніцкай чыркнулі запалкай, аддзьмухліся і вайсковец, нібыта згадаўшы пра штосьці, спытаў: — Да, кстати, сколько у вас детей осадников?

— Двое — мальчик и девочка, — адказала Цыба, — мальчик трудный... демонстративно ходит в польской шапке...

У настаўніцкай затупалі, дзьверы тузануліся (вайсковец, відаць, хацеў пераканацца — ці шчыльна яны