Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ [Віктар Казько] (fb2) читать постранично, страница - 3

- Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ 1.85 Мб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Віктар Казько

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

прыехаў сюды, у вёску, у няўчассе, калі яшчэ ні ягады, ні грыба і цяпла сапраўднага няма... За якой даўнінай усё гэта, у магазінах у той час, здаецца, не прадавалі яшчэ нічога салодкага, толькі хлеб, і то не кожны дзень, і ў лесе мін і снарадаў ляжала больш, чым сёння цукерак у тых магазінах, больш, чым расло кветак. Мы, хлапчукі-пастухі, пілі гэты бярозавік бочкамі, каб спатоліць смагу і ў запас, выбіралі самыя тоўстыя бярозы, якія раслі на лясных палянах, на сонечным прыпёку. То быў хоць і строгі, але вясёлы час. Мы раслі не на малацэ, а на бярозавіку, на бярозавай кашы. I ніколі не хварэлі. I гэтай вясной мне захацелася апынуцца ў тым часе, вярнуць яго, акунуцца ў яго, каб ён зноў напоўніў горкай слодыччу дзяцінства, паехаць на бярозавік, як ездзяць на кумыс ці нарзан. Чамусьці верылася: пап'ю я гэтага бярозавіку тыдзень-два — і да мяне вернуцца былая бесклапотнасць, дзіцячая радасць і лёгкасць. Прыгожы падман. Але як цяжка ўстояць перад такім ашуканствам, ашуканствам, якім ты атручаны з дзяцінства. Мне іншым разам нават здаецца, што, пакуль існуюць такія падманы, жывём і мы. Але бярозавік у тую вясну паказаўся мне горкім. Не тыя, пэўна, пайшлі бярозы, падумаў я, дзіцячыя паўсыхалі, а з новых капае новы, невядомы мне бярозавік, я не прывык да яго. Але тут, каля дзетдома, роднай сваёй хаты, мне здалося, што я нарэшце знайшоў тое, што шукаў, адзіную маю бярозу, якая адорыць мяне дзяцінствам. Прыгадаў, што гэта я пасадзіў яе тут, толькі вось якую. Хапатліва прабег вачыма па беластволай шарэнзе дрэў. I брыдка стала маім вачам. На кожнай бярозе вісела па ацынкаваным вядры, нібыта па ваду да калодзежа ішлі бярозы. Госпадзі, ды каму ж столькі патрэбна вады, слана паіць. I хто гэта, хто наважыўся, паквапіўся на дзетдомаўскія сіроцкія бярозы? Мы ж пасадзілі іх у Дзень Перамогі. Мы ветру не давалі дыхнуць на іх, па тры разы на дзень давалі ім піць, палівалі, люта зайздросцілі тым, чые дрэвы раслі хутчэй, за вушы цягнулі ў неба свае. Партызанскай алеяй паіменаваў гэтыя бярозы Мар'ян Іванавіч Знавец. I хутчэй адпадзе ў мяне рука, чым я здолею падняць яе, параніць хоць адно дрэўца. Не здолею я пракаўтнуць і кроплі іх бярозавіку. Гэта ж кроў.

Мужчына тым часам зняў вядро з сучка, нахіліўся, выцягнуў з халявы чорны штык-цясак. Я здрыгануўся і агледзеўся, мімаволі шукаючы месца, дзе б схавацца: у якую б небудзь шчыліну, акоп, траншэю, бліндаж, за вугал хаты. Але ногі няўмольна неслі мяне, здавалася, прама на вастрыё гэтага штыка-цесака. Я бачыў яго ўвесь цалкам і вельмі востра, за выключэннем толькі таго, што было заціснута ў кулаку мужчыны. Бачыў сур'ёзную заклапочанасць мужчыны, што напружанай зморшчынкай прарэзала яго лоб, яго толькі што паголены, шырокі і, на першы погляд, добразычлівы падбародак. I ён не мог не бачыць мяне, не мог не чуць, што я іду. Але я, пэўна, не існаваў для яго. Мужчына крышачку падаўся наперад, хіжае, шчупаковае цела цесака ўпілося ў бярозу, выкрышыла амярцвелы сукравічны накіп, а потым ужо і забурэлую плоць дрэва. Мне стала балюча, і боль быў не такі, які можна адхіліць, які бывае пры суперажыванні. Гэта быў мой боль. I чым глыбей цясак уваходзіў у дрэва, тым больш пакутаваў я, тым пранізлівей балела мне. Я ведаў гэты боль, перажыў яго некалі, і таксама ад нямецкага штыка-цесака. Стругаў лучыну, каб распаліць печ. Хваёвы асмолак ніяк не паддаваўся. Я ўзяў цясак аберуч, пальцы правай рукі якраз сышліся на лязе. Увагнаў цясак у асмолак, адчуў, як тоненька, нібыта ад гадзючага джала, расстругваецца скура на сярэднім пальцы. Толькі і клопату было — адхапіць руку, зняць яе з цесака, расціснуць пальцы і адштурхнуць асмолак. Але я не здолеў, не мог зрабіць гэтага. Смешна, недарэчна, але я нават пачаў націскаць на цясак з яшчэ большай сілай, як у здранцвенні, утрапенні нейкім: брэшаш, фашысцкая сука, мяне табе не ўзяць, ты ўжо здыхляк. Не той ужо дзень на зямлі. I сонца вунь якое. Ды каб пры такім сонцы мне чагосьці баяцца, вужака ты дохлы, гад падкалодны. Але і пад сонцам нямецкі штык, які, пэўна, што добрая п'яўка, пацягнуў рускай крыві, штык, які я знайшоў у траншэі за нашым гародам, помсціў усяму свету за свайго гаспадара, які, магчыма, ужо даўно сатлеў, быў ён бязлітасны і да мяне. I я, ледзь стрымліваючы агіду і слёзы, усё глыбей і глыбей уганяў яго ў дрэва і ў свой уласны палец, паспяваў пры гэтым скрозь боль прыкідваць, ці далёка яму яшчэ застаецца да сухажылля і костак. А менавіта да сухажылля і костак пракрадвалася лязо. I красціся яму заставаліся міліметры. Мне не шкада ўжо было пальца, я ўжо бьгў гатовы ахвяраваць ім, але ў той жа час верыў: будзе жыць мой палец. Я апярэджу цясак; раней, на імгненне, але раней, я адшчыпну лучыну. А па лучыне ўжо скрозь сцягнутыя сутаргай пальцы, не затрымліваючыся на жывіцы, прасочвалася кроў. I асмолак, нібы напалоханы гэтай крывёю, не вытрываў, шчоўкнула, адскочыла лучына, бразнуў, выпаў з анямелых пальцаў цясак, грымнуў на падлогу. Застагнала пада мной лаўка. Здранцвенне прайшло, насланнё кончылася. Я нагою адштурхнуў цясак к печы. Засмяяўся, як ён круціцца, што